355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Жадан » Дэпэш Мод » Текст книги (страница 8)
Дэпэш Мод
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 21:25

Текст книги "Дэпэш Мод"


Автор книги: Сергей Жадан



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 11 страниц)

Мы знаходзім прыкольную радыёлу, у мяне такая была ў дзяцінстве – на чатырох высокіх ножках, у драўляным корпусе, са шкляным экранам, на якім чырвоным напісаны назвы ўсіх паднябесных гарадоў, якія мне ў маім дзяцінстве сьніліся і якія мяне маглі пачуць – Прага, Варшава, Бялград, Усходні Бэрлін, на такой прыкольнай радыёле можна было слухаць вініл і радыё, у дзяцінстве я слухаў падрапаны вініл, але ў гэтага підара вінілу няма, ёсьць, праўда, нейкі занюханы саўковы бітлз, ну, але што мы з Васем – лохі, бітлз слухаць, ды яшчэ ў такім хімэрным стане, калі рэчы рассейваюцца, а пахі наадварот – склейваюцца і разабрацца ва ўсім гэтым проста немагчыма, мы пачынаем круціць радыё, прыкольная радыёла сумна пахрыпвае, і мы чуем адразу тагасьветны голас:

Добры вечар, паважаныя радыёслухачы. Няхай лагода прыйдзе ў вашыя мірныя хаты.

– Хто прыйдзе? – пытаецца Вася.

– Лагода, – кажу. – У хаты.

– А, – кажа Вася.

Сёньня з вамі ў гэты цудоўны вечар,

– Ага, – гаворыць Вася, – цудоўны вечар: дождж цэлы дзень хуячыць.

як заўсёды па суботах а 22.00 маладзёжная праграма «Музычная талака» і я – яе вядучы хрррррррр хрррррррр – дадае ад сябе радыёла. – Сёньняшні выпуск нашай праграмы будзе цалкам прысьвечаны творчасьці папулярнага ірляндзкага гурта, вядомага ня толькі ў нас, але і ў іншых краінах Эўропы – ансабля «Дэпэш Мод». Свае пытаньні, а таксама думкі вы можаце выказаць па тэлефоне хррррр хррррррр хрррррррррр – гаворыць вядучы.

– Якая прыкольная праграма, – кажу я.

– Да, – кажа Вася, – лепш, чым бітлз.

І пакуль вы будзеце задаваць свае пытаньні, гучыць інструмэнтальная кампазыцыя сьцяпана галябарды «Ліст да мамы».

Кампазыцыя сапраўды пачынае гучаць, і нас адразу пачынае ад гэтага развозіць, гэты сьцяпан галябарда ўкладвае ў сваю іёніку столькі галюцынагену, настолькі ўсё гэта стромна гучыць, што цябе ня можа не развезьці, іх на радыё, мабыць, па гэтым прынцыпе і на працу бяруць, так, каб яны ўрубалі, і народ ахуяваў на пятай сэкундзе іхных музычных кампазыцый, так, каб ён – гэты неімаверны і нерэальны сьцяпан галябарда – толькі кранаў сваімі пухлымі валасатымі пальчыкамі плястмасавыя клавішы іёнікі – і бац – цябе перамыкае, і ты ператвараешся ў прыладу боскага промыслу і ўжо не адпаўзаеш ад радыёпрыёмніка, аж пакуль не перададуць прагноз надвор’я на заўтра; мы сядзім пад нашай прыкольнай радыёлай, абапёршыся сьпінамі на яе і прываліўшыся адзін да аднаго, каб нас ня зьнесла ў бок, разглядаем крэслы, шафы і канапы, ты адчуваеш, кажу я, як тут пахне цытрынамі? адчуваю, кажа Вася, цытрынамі і кашацінай. Не кашацінай, кажу, не кашацінай – кетчупам. Кашацінай, не згаджаецца ён. І кетчупам, дадаю я.

Гэта была інструмэнтальная кампазыцыя сьцяпана галябарды «Ліст да мамы», – гаворыць касьмічны радыёвядучы. – Выконваў аўтар. А наша сёньняшняя праграма, нагадваю, прысьвечана творчасьці вядомага ірляндзкага калектыву «Дэпэш Мод». Асновай для праграмы стала дакумэнтальнае дасьледаваньне Дэвіда Баскомба «Бог як разнавіднасьць гераіну», выдадзенае ў гэтым годзе на вялікабрытанскіх выспах і ласкава перакладзенае і дасланае нам нашай лёнданскай рэдакцыяй. Вось жа, «Дэпэш Мод» (гучыць меладычная застаўка, падазраю, таго ж такі сьцяпана галябарды, таму што мы зноў замбуемся.) Сярод нашай моладзі ўжо даўно карыстаецца папулярнасьцю творчасьць гэтых парубкаў з Ольстэру. У чым жа сакрэт такога посьпеху нікому не вядомых хлопцаў, што вырасьлі ў самым сэрцы ірляндзкіх клаакаў? Паспрабуйма разам з вамі, паважаныя радыёслухачы, разабрацца ў гэтым. Як сьцьвярджаюць біёграфы, адным шэрым восеньскім ранкам 1962 году (сьцяпан галябарда дадае сваёй іёніцы трагічнасьці, цяжка ціснучы на плястмасу пухленькімі пальчыкамі) у партовым Ольстэры, акупаваным брытанскімі калянізатарамі, у сям’і простага ірляндзкага марака і машыністкі, Бэна і Марыі Ганаў неспадзявана нарадзіўся хлопчык. Бацькі досыць насьцярожана паставіліся да малога, паколькі гэта было ўжо пятае іхнае дзіцё, папярэднія чацьвёра, як сьцьвярджае містэр Баскомб, памерлі раптоўнай сьмерцю ў раньнім дзяцінстве ад цяжкай формы ўнутрыкішэчнай інфэкцыі, вельмі распаўсюджанай у найбольш бедных прыпартовых кварталах Ольстэру. Натуральна, што такі незайздросны лёс быў вызначаны і пятаму сыну Ганаў – цяжкія ўмовы акупацыйнага побыту не давалі ягоным бацькам падставаў чакаць сьветлай будучыні для свайго гаротнага першанца. Хлопчыка вырашылі назваць Дэйвам – у гонар сьвятога Дэйва, які, як вядома, ёсьць патронам ірляндзкіх партызанаў і пэўным сымбалем невялічкага, у параўнаньні з нашым, народу ў яго барацьбе з брытанскімі калянізатарамі. Са сьвятым Дэйвам зьвязана шмат народных легендаў і паданьняў карэннага ірляндзкага насельніцтва, у прыватнасьці, ў даўнім ірляндскім эпасе ён лічыцца богам жывёлагадоўлі, мяса-малочнай вытворчасьці і проста апладненьня. Яшчэ і цяпер ірляндзкія футбольныя фанаты, ідучы на спартыўныя арэны і падтрымліваючы сваіх улюбёнцаў, дружна напяваюць: «Сьвяты Дэйве, адтрахай сёньня гэтых чортавых каталікоў». Бацька Дэйва, стары вірлавокі Бэн, здаўна славіўся сваёй прыхільнасьцю да дзейнасьці ІРА і рэгулярна пералічваў у кантар на рахунак арміі частку свайго мізэрнага марацкага заробку.

– Гэта ўжо бітлз? – перапытвае Вася.

Мама Дэйва працавала ў партовай канторы машыністакай і, рызыкуючы сваім жыцьцём і рэпутацыяй, час ад часу дапамагала паўстанцам выпраўляць іхныя кіравецкія і шлюбныя пасьведчаньні. Такім чынам, юны Дэйв падрастаў у атмасфэры нацыянальнай сьвядомасьці і нянавісьці да каралевы-мамы, прынца Чарльза і ўсіх яго малалетніх выблядкаў, ва ўсялякім разе так сьцьвярджае містэр Баскомб. Першым эмацыйным узрушэньнем для будучага артыста эстрады стаўся выпадак, калі падчас разгону традыцыйнай для ірляндзкіх сэпаратыстаў першамайскай дэманстрацыі праз каталіцкія раёны Ольстэру конныя брытанскія паліцэйскія згвалцілі Дэйвава тату... не, – раптам запінаецца вядучы, – ня тату. Маму. Так – Дэйваву маму. Перапрашаю, паважаныя радыёслухачы, – гэтую інфармацыю для нас пераклалі нашыя калегі зь лёнданскай рэдакцыі, таму магчымыя некаторыя стылістычныя недакладнасьці. Такім чынам, Дэйваву маму. Проста на вачах будучай зоркі шоў-бізнэсу. Гэта, бясспрэчна, стала не абы якім стымулам... то бок не абы якім узрушэньнем для маладога хлопца, які ня меў дагэтуль падобнага досьведу, і асновай для яго будучага першага дыску, які адразу стаў платынавым. Але пра гэтыя і іншыя прыемныя рэчы – пасьля невялічкай музычнай паўзы. (Вядучы робіць паўзу.) Музыка і словы сьцяпана галябарды. «Мая мама». Выконвае аўтар.

сьцяпан галябарда цяжка кранае сваімі валасатымі пальчыкамі клявіятуру, я скурай адчуваю гэтае ягонае варушэньне тоўстымі валасатымі ,чырвонымі адросткамі, робіць пройгрыш на сваёй плястмасавай іёніцы і пачынае сьпяваць. «Я спытаў у ветра, каля брамы, – сьпявае ён, – ці ня бачыў ты, та-ра-рам, маёй мамы. Ты схадзі, штосьці там та-ра-ра-рам, за тую браму, там я бачыў, та-ра-ра-рам, тваю маму». «Тваю маму, тваю маму», – хмура ўступае хор.

– Гэта што – хор? – пытаюся я, павярнуўшыся.

– Хор, – няўпэўнена адказвае Вася.

– Да? А я думаў, што сьцяпан галябарда сам сьпявае.

– Гэта хор.

– Што хор?

– сьцяпан галябарда – гэта хор, – кажа Вася.

– Як гэта?

– Так. Вось паслухай.

«Тваю маму, тваю маму», – сумна падтаквае сьцяпан галябарда з касьмічных глыбіняў.

– Ты ведаеш, – кажу я, – калі гэта і хор, то нейкі нядобры хор. Нейкі злы хор. Чуеш, як яны пра маму?

«Тваю маму», яшчэ раз пагрозьліва адгукаецца сьцяпан галябарда.

– Мне здаецца, – кажа Вася, – яны нас падслухваюць.

– Ага, здаецца, яны насьцярожыліся, чуеш – змоўклі?

– Яны нас пасуць.

– Наўрад ці. Навошта гэта ім?

– Ня ведаю. Можа, яны зь міліцыі.

– Да, нейкія яны нядобрыя.

– Я кажу табе – больш упэўнена гаворыць Вася, – мянтура, сто пудоў мянтура. Чуеш – змоўклі, сукі.

– Пачакай, – кажу я, – не завадзіся. Якая ж гэта мянтура? Мянтура не сьпявае.

– Ага, не сьпявае. Сьпявае. Ты глядзеў калі-небудзь навіны?

– Што?

– Навіны.

– А. Не, не глядзеў.

– А я, – кажа Вася, – глядзеў. Там паказвалі мангольскіх міліцыянтаў. У іх быў дзень незалежнасьці, і яны сьпявалі.

– Што – усе?

– Ну, не, ня ўсе. Хор. Вось таксама як тут, – паказвае Вася на прыкольную радыёлу. – Стаялі, гады, і сьпявалі.

– Ну, і што?

– Ну, і тут тое самае. Гэта мянтура, павер мне.

– Ды ладна.

– Я табе кажу.

Хрррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррр

– Чуеш? – зашаптаў Вася. – Мусарня.

Я ўяўляю сабе як з таго боку радыёпрасторы, недзе ў Манголіі, стаіць хор міліцыянтаў на конях, сьціскаючы ў руках нагайкі, і трывожна ўслухваецца ў эфір, намагаючыся злавіць наш шэпт. Мяне аж прашыбае халодны пот, о-о-о, – думаю.

– Пачакай, – кажу, – але ж вядучы сказаў, што гэта сьцяпан галябарда.

– А ты ведаеш, – пытаецца Вася, – што гэта значыць?

– Што значыць?

– Ну, вось гэтая «галябарда» што значыць?

– Ну, і што?

– Гэта і значыць мянтура.

– Ды йдзі ты.

– Я табе кажу. Гэта мянтура. Гэта хор мангольскіх міліцыянтаў.

– сьцяпан галябарда – гэта хор мангольскіх міліцыянтаў?

– Так.

– сьцяпан галябарда?

– Сто пудоў.

– Ну, добра, – кажу я. – Я яшчэ магу пагадзіцца з тым, што іх там сапраўды шмат, нават з тым, што яны зь міліцыі.

– З мангольскай міліцыі, – удакладняе Вася.

– Добра – з мангольскай міліцыі. Але чаму яны называюцца сьцяпан галябарда?

– Дык гэта ж па-мангольскаму і значыць – «Хор мангольскіх міліцыянтаў»!

– сьцяпан галябарда – гэта «хор мангольскіх міліцыянтаў»?

– Так. Па-мангольскаму.

– Значыць сьцяпан галябарда – гэта множны лік?

– Так. Гэта множны лік, – упэўнена кажа Вася.

– Ой, бля.

Дваццаць другая гадзіна дваццаць хвілін. У эфіры – «Музычная талака»! – радасна ўрываецца ў пакой голас вядучага. Працягваем наш аповед пра творчасьць легендарнага ірляндзкага народнага калектыву «Дэпэш Мод». Як кажуць у народзе – бяда ідзе, бяду вядзе .Увосень 1970 году, халодным верасьнёўскім вечарам, бацька Дэйва – вірлавокі Бэн, пасьля працяглай цяжкай агоніі, зьвязанай зь цяжкімі цялеснымі болямі і маральнымі перажываньнямі, шчасьліва памёр, пакінуўшы сіротамі жонку-пакрытку і малога хваравітага Дэйва. Паміраючы, стары марак сказаў сыну: «Усё сваё жыцьцё я аддаў барацьбе за незалежнасьць Ірляндыі, не забывай гэтага, Дэйве. Годна нясі праз усё жыцьцё імя ірляндца, не давай гэтым сукам, гэтым факін-каталікам узяць цябе за геніталіі, памятай, бляха-муха, што ты з гордага роду Ганаў, а Ганы, бля, дадаў ён моцнае марацкае слоўца, – ніколі не прагіналіся пад гэтымі факін-каталікамі, зразумеў, ты, ублюдак малалетні?» – сказаў ён і з тым памёр. Малому Дэйву засталіся ад яго ў спадчыну толькі жэтон на рыбалавецкі човен і стары губны гармонік. Жэтон малы Дэйв адразу ж згубіў, гармонік, у прынцыпе, таксама, што не зашкодзіла яму, аднак, стаць у будучым зоркай шоў-бізнэсу.

Пачатак музычнай кар’еры біёграфы Дэйва зьвязваюць з тым сямейным бязладзьдзем, што ўзнікла ў дружнай сям’і Ганаў пасьля сьмерці бацькі. Дэйвава мама, ня маючы сілаў для супраціву і далейшай барацьбы, устае на шлях калябаранства, проста ў сваёй канторы аддаючыся афіцэрам вялікабрытанскіх ваенна-марскіх сілаў. Малы Дэйв балюча перажывае маральнае падзеньне бізкага яму чалавека... ну, то бок я так разумею мамы, – дадае ад сябе вядучы. Тады ж ён упершыню знаёміцца з наркакультурай, і гэта – паводле сьпевака – робіцца адным з найбольш прыемных адкрыцьцяў у ягоным жыцьці... Не, – раптам папраўляецца вядучы, – мабыць, усё-ткі не наркакультурай. Проста – культурай. А, тваю маму, – зрэшты ён абламваецца выпраўляць сваіх калегаў зь лёнданскай рэдакцыі, і далей ужо чытае з аркуша, што там ёсьць. – Менавіта ў гэты момант свайго жыцьця і ў такім стане малады Дэйв Ган пачынае займацца музыкай. Спачатку ён яе слухае, але зь цягам часу яму гэтага робіцца недастаткова і Дэйв вырашае стварыць уласны музычны калектыў, каб праз музыку выславіць свае пачуцьці, якія яны там у яго былі. Халодным восеньскім вечарам 1980 году, у адным з партовых ольстэрскіх бардэляў, Дэйв сустракае сымпатычную бляндынку, якую звалі Гор. Гор, – перачытвае вядучы, – ну да: якую звалі Марцін Гор.

– Во яго прэ, – кажа Вася.

– Ціха, – кажу, – а то зараз зноў пачнецца.

У жыцьці юнага Дэйва зьяўляецца першае сур’ёзнае захапленьне. Разам з сымпатычнай бляндынкай Марцін Гор яны зьбіраюць першы склад «Дэпэш Мод». Абавязкі ў калектыве дзеляць пароўну – Дэйв сьпявае ірляндзкія песьні, грае на некалькіх музычных інструмэнтах, а яго сымпатычная бляндынка танчыць на сцэне і займаецца фінансавым бокам справы. Неўзабаве ў іх нарадзілася дзіця.

– У каго нарадзілася дзіця? – пытае Вася.

– У «Дэпэш Мод».

– Да? – Вася зьдзіўляецца. – Цікава, ад каго.

– Ад сьцяпана галябарды, – кажу.

... То бок не, не дзіця, – зноў папраўляецца вядучы, – дзецішча, у іх зьяўляецца першае дзецішча – альбом «Гавары і запісвай», які адразу ж робіцца плятынавым. А зараз, – ён змучана пераводзіць дых, канчаткова, здаецца, заблытаўшыся ў сцэнарыі, – мы яшчэ раз зробім музычную паўзу і паслухаем наступную музычную кампазыцыю. «Маміны вочы». Сьпявае сьцяпан галябарда.

«Маміны сінія вочы, – адразу ж бяруцца за справу сьцяпан галябарда, – бачу вас як на далоні я – усе вы па-ра-рам смуткам апавітыя і трошкі ад сьлёзаў салёныя». «Трошкі ад сьлёзаў, трошкі ад сьлёзаў», – назадаволена зацягвае хор.

Трошкі салёныя, – думаю я, – гэта добра ці дрэнна? Мабыць, усё-ткі, дрэнна, было б лепш, каб іх нармальна пасалілі, калі я ўсё правільна разумею.

– Да, – гаворыць Вася. – Ну і жукі.

– Дзе жукі? – не разумею я. – Ты пра што?

– Пра маму.

– Што пра маму?

– Зах а валі маму, – задаволена кажа Вася, так, нібы спраўдзіліся нейкія ягоныя падазрэньні наконт гэтага сьвету.

– Хто зах а ваў?

– Ну, гэтыя – сьцяпан галябарда.

– Ды ладна. Гэта ж яны так проста.

– Нічога ня проста. Чуеш, што кажуць – трошачкі салёныя.

«Па-ра-рам толькі вуснамі да Вас дакрануся», – працягваюць сьцяпан галябарда...

– Смакуюць, гады, – каментуе Вася.

– Перастань, – кажу. – Гэта проста сьмешна.

– Вуснамі, – кажа Вася. – Дакрануся. Гурманы херавы.

– Перастань. Яны ж пра іншае.

– Да? І пра што? Зах а валі сваю вялікую мангольскую маму, а ты кажаш – пра іншае.

– Ды ніхто іхную маму ня х а ваў. Як ты наагул гэта сабе ўяўляеш? Як можна вочы есьці? Вось як вочы ядуць?

– Маміны? – перапытвае Вася.

– Якія маміны? Маміны вочы ніхто ня есьць, – нэрвуюся я.

– сьцяпан галябарда – ядуць, – настойвае Вася.

– Ну, добра, – пагаджаюся. – Няхай маміны. Але лепш усё-ткі ня маміны. Там, вочы жывёлаў, напрыклад, як ядуць? Або вочы рыбаў?

– У рыбаў маленькія вочы, іх ніяк не ядуць, – гаворыць Вася.

– Гэта ў маленькіх рыбаў маленькія. А у вялікіх – вялікія. У акулаў, прыкладам.

– Акулы – гэта ня рыбы.

– А хто гэта, па-твойму?

– Па-мойму, гэта ня рыбы.

Я лёгка пагаджаюся, усё можа быць – магчыма, у ягонай пэрсанальнай карціне сьвету акулы – гэта ня рыбы, чаму я павінен пераконваць яго ў чымсьці супрацьлеглым.

– Ну, добра, – кажу, – добра. Хай не акулы. Ну, гэтыя, як іх? Ск а ты!

– Скаты? – зь недаверам пытаецца Вася.

– Так, – кажу. – Скаты. Як іх вочы гатуюць?

– У іх няма вачэй.

– Як няма?

– Так. Няма. Яны жывуць на такой глыбіні, дзе сьвятло расьсейваецца і вочы ім не патрэбныя.

– А як жа яны рухаюцца?

– Хто?

– Скаты. Электрычныя.

– А яны ня рухаюцца.

– Як гэта ня рухаюцца? А што ж яны жаруць?

– Плянктон.

– Плянктон?

– Плянктон. Плянктон таксама ня рухаецца. І скаты ня рухаюцца. Так яны і жывуць.

– Ну, добра, – кажу я зноў, – добра. А як яны трахаюцца?

– Хто? Скаты?

– Так, – кажу. – Электрычныя скаты.

– Навобмацак, – кажа Вася.

Я спрабую ўявіць сабе палавы акт электрычных скатаў. Выходзіць кашмарна – па-першае, у вадзе, па-другое – навобмацак, а па-трэцяе – цябе пры гэтым увесь час б’е токам!

– Вочы, мабыць, марынуюць, – кажу я, падумаўшы. – Закатваюць у слоікі і прадаюць як кансэрвы.

– Ага, – кажа Вася. – Уяўляеш, у іх ва Ўлан-Удэ, у гастраномах, мабыць, можна купіць кансэрвы, на якіх па-мангольску напісана: «Вочы маміны. Марынавныя».

– Да, – кажу, – а ўнізе, драбней, дапісана – «трошкі салёныя».

А для тых, хто ў гэты позьні час яшчэ пакуль ня сьпіць, мы працягваем наш расповед пра імклівы ўзьлёт сямейнага дуэту «Дэпэш Мод». У лютым гэтага году выйшаў новы сынгл калектыву, «I feel you», у якім, у прыватнасьці, гаворыцца:

I feel you

Your sun it shines

I feel you

Within my mind

You take me there

You take me where

The kindom comes

You take me to

And lead me throuhg Babylon

што прыблізна перакладаецца так: «Прабач мяне, мама, прыблуднага сына, я ўжо далёка ня той, якім быў тады, у часы нашага бестурботнага дзяцінства, злая цэнтрабежная сіла наркаманіі і пэдэрастыі засмактала мяне ў свае глыбіні і жыцьцё маё – руская рулетка, без канца і без пачатку. Але, – працягвае вядучы, здаецца, ужо ад сябе, – я веру, мама, што мы яшчэ сустрэнемся у нашым старым-добрым Ольстэры, і надаем разам, – ты чуеш, мама? – абавязкова разам, надаем па задніцы факін-каталіцкім акупантам, наматаем іхныя языкі і геніталіі на магутны махавік ірляндзкае грамадзкае думкі, як таго прагнуў наш няшчасны бацька – вірлавокі Бэн, і як вучыў таварыш Троцкі, Леў Давыдавіч, і як заклікаў нас сьвяты Дэйв і беззаганная панна – старая партызанская курва!» Вядучы робіць паўзу, пэўна, думае, ці не запусьціць яму яшчэ раз сьцяпана галябарду, гуляць дык гуляць, але зрэшты абламваецца і вядзе далей: Ужо сёньня, з дыстанцыі столькіх гадоў, можна сказаць, што творчы лёс калектыву склаўся найлепшым чынам, і што такой музычнай кар’еры можна толькі пазайздросьціць – гурт працягвае пасьпяхова гастраляваць, выпускае час ад часу новыя альбомы, якія імгненна апынаюцца на вяршынях разнастайных гіт-парадаў, гаротнік Дэйв шчасьліва сядзіць на гераіне і злазіць зь яго не зьбіраецца, ды і навошта, дарагія радыёслухачы, яму зь яго злазіць? было б у вас, – кажа вядучы, – столькі бабла, вы б таксама ні пра што, акрамя гераіну, ня думалі. Сядзелі б і ўтыкалі, і сраць хацелі б на крызіс духоўнасьці і падзеньне валавага прадукту, бо нахера табе валавы прадукт, калі ты ўжо зранку зараджаны і дакладна ведаеш, што на вечар у цябе таксама нешта ёсьць, сядзі сабе і ўтыкай, ні пра што ня думай, а тут ябошышся-ябошышся, гнеш хрыбет на гэтых гандонаў тлустых, якія вучаць цябе як табе жыць, нажываеш гемарой на іхным дзёўбаным радыё і ніводная сука табе ня скажа дзякуй, адны мудакі навокал, мудакі і прыдуркі, тэкст, сукі, нармальна перакласьці ня могуць, сядзяць у сваім траханым Лёндане, на сваім, бля, туманным альбіёне, і ня могуць нармальна перакласьці тэкст пра гэтую дзёўбаную бляндынку Марцін Гор, што за бляндынка такая? трахаў я такіх бляндынак, касьцюма няма нармальнага, у госьці ўжо некалькі гадоў не хадзіў, зубы, сука, гніюць, а гэтая падла на гераіне, разам са сваёй бляндынкай, сука, ненавіджу, падла, гэта была праграма «Музычная талака» і я яе вядучы хрррррр хрррррр, дзякуй вам, паважаныя радыёслухачы, што былі з намі ў гэты позьні час і хай вам заўжды ўсьміхаецца лёс.

А наш маладзёжны канал працягвае сваю работу і калі вам ёсьць што сказаць, можаце зрабіць гэта па тэлефоне хррр хр хр.

– Запісваю, – раптам кажа Вася, – стоп: запісваю.

Ён сапраўды дастае з кішэні джынсаў пакусаную шарыкавую асадку і піша ў сябе на левай далоні нумар. Навошта табе гэта? кажу, перастань, тут тэлефону, мабыць, няма, як няма? гаворыць Вася, устае і няцьвёрда рушыць у бок спальні, трымаючы перад сабой выцягнутую левую далонь с запісаным на ёй нумарам. Дзьверы ў спальню зачыненыя, але Вася пачынае стукаць, што табе? нарэшце адгукаецца адтуль наш сябра, здаецца, мы іх там ад чагосьці адрываем, мужык, дай тэлефон, крычыць Вася, наш сябар змаўкае, пэўна думае, ці да яго гэта зьвяртаюцца, Вася працягвае стукаць, ну, мужык, крычыць ён, хопіць ужо трахацца, дай тэлефон, а мы і не трахаемся, хутка адказвае наш сябар, дзьверы неадкладна адчыняюць, у іх прасоўваецца голая валасатая рука (вось яно, думаю я, сьцяпан галябарда з намі), што трымае тэлефон, Вася на ўсялякі выпадак прасоўвае ў дзьверы сваю левую руку з нумарам, каб там і ня сумняваліся, што яму патрэбны тэлефон, хутка забірае апарат, за якім цягнецца доўгі-доўгі шнур, дзьверы адразу ж зачыняюцца і Вася ідзе назад, зараз, – кажа, – я гэтаму чортаваму вядучаму патэлефаную, навошта? пытаю, зараз-зараз, пабачыш, Вася ставіць апарат па падлогу, і, спраўджваючы лічбы на левай руцэ, правай пачынае накручваць дыск, прыціскаючы слухаўку вухам і гаворачы, зараз-зараз, я гэтаму підару

гэта былі апошнія навіны, ласкава перакладзеныя і перададзеныя нам нашай лёнданскай рэдакцыяй. А я прапаную вам, паважаныя радыёслухачы, зрабіць яшчэ адну музычную паўзу, ага, – раптам кажа вядучы, – у нас, здаецца, тэлефонны званок, паслухаем хто гэта

усё скажу, алё, – гаворыць Вася, – алё.

ня сьпіць гэтай позьняй парой. Гаварыце...

я гэтаму підару зараз усё скажу, зараз-зараз

гаварыце-гаварыце, вы ў эфіры

там нехта ёсьць, – Вася разгублена працягвае мне слухаўку

ну, яшчэ б, – кажу

а хто гэта? – спалохана пытаецца Вася

підар, – кажу я, – якому ты ўсё хацеў сказаць. Так што давай.

– Я слухаю вас, – трохі нэрвова гаворыць вядучы, ён заўважна стаміўся ад такой работы, ну, але, мае даседзець, дзявацца няма куды.

– Алё, – кажа Вася на ўсялякі выпадак.

– Вы ў эфіры, – кажа вядучы.

– Што? – не разуме Вася.

– Гаварыце-гаварыце.

– Што яму сказаць? –пытаецца ў мяне Вася шэптам.

– Ня ведаю, – шапчу ў адказ. – Пра музыку што-небудзь запытай.

– Пра музыку?

– Пра «Дэпэш Мод». Ведаеш што-небудзь пра «Дэпэш Мод»?

– Ня ведаю.

– Ну, тады што-небудзь пра музыку ўвогуле. Пацягні час, каб ён не зарыентаваўся. Гэта галоўнае.

– Добра, – напружана кажа Вася і прыкладвае слухаўку да вуха. – Добры вечар.

– Як вас завуць? – цярпліва пытаецца вядучы.

– А навошта вы пытаеце?

– Ну, я ўсіх пытаю, калі хто дазвоніцца – як вас завуць.

– Праўда ўсіх? – удакладняе Вася.

– Усіх-усіх, – заспакойвае яго вядучы. – То як вас завуць?

– Ну, – пачынае гандлявацца Вася, – мяне завуць... А вас як завуць?

– Мяне?

– Так, вас.

– Ну, мяне, – какетнічае вядучы. – А, ладна, Бог зь ім. Што вы наагул хацелі?

– Ад каго?– зноў не разумее Вася.

– Ну, ад мяне.

– Што? – шэпча мне Вася.

– А я ведаю? – адказваю. – пагавары зь ім пра музыку. Галоўнае – пацягнуць час, разумееш?

– Разумею, – кажа Вася. – На, сам пацягні.

Ён тыцкае мне ў морду слухаўку, я ўдыхаю паветра і адчуваю як моцна слухаўка пахне кетчупам, так, нібы яе нехта доўга пхаў у вядзерца са спэцыямі, кетчуп проста сьцякае па ёй, мяне адразу ж пачынае выварочваць.

– Слухай, – кажу я Васю, – ты тут патрымайся, я пайду адалью. Галоўнае – сачы за мовай, не кажы лішняга! Ты зразумеў? – сачы за мовай! Не кажы лішняга! Сачы за мовай! – крычу я ўжо з сарціру.

– Алё, – нагадвае пра сябе вядучы. – Вы там яшчэ жывыя?

– Сачы за мовай, – хмура кажа яму Вася.

– Прабачце?

– І не кажы лішняга! – дадае Вася.

– То пра што вы хацелі пагаварыць?

– Ну, ня ведаю, – кажа Вася, – пра музыку.

– Пра музыку?

– Так. Пра «Дэпэш Мод».

– Цудоўна.

– Так? – зь недаверам перапытвае Вася.

– Цудоўна, – запэўнівае яго вядучы. – Вам спадабалася нашая праграма?

– Не, – гаворыць Вася.

– Чаму? – пытаецца вядучы.

– Мне, – спрабуе патлумачыць Вася, – не спадабалася пра шоў-бізнэс.

– Так-так, – гаворыць вядучы.

– Вы разумееце, – Вася доўга падбірае словы, цягнучы час, – я ня тое, што не люблю шоў-бізнэс, хоць, мабыць, усё-ткі не люблю.

– А «Дэпэш Мод» вы любіце? – здаецца, вядучы таксама вырашыў пацягнуць час.

– «Дэпэш Мод»?

– «Дэпэш Мод».

– Не, не люблю.

– Ну, то, можа, раскажыце нам якую-небудзь гісторыю? – ня хоча яго адпускаць вядучы.

– Гісторыю?

– Так. Якую-небудзь гісторыю.

– Добра, – згаджаецца Вася, – раскажыце.

– Не, – нэрвуецца вядучы, – гэта вы раскажыце.

– А чаму я? – насьцярожваецца Вася.

Тут і я вяртаюся, што там? паказваю на слухаўку, а, кажа Вася, мужык гісторыі расказвае, прыкольна, слухай, кажа ён мне, давай дадому правядзем тэлефон, такія рэчы можна рабіць.

– То як? – адгукаецца вядучы. – Як там з гісторыяй?

Вася запытальна глядзіць на мяне.

– Ды раскажы ты яму якую-небудзь гісторыю, – шапчу я, – а то ён не адчэпіцца.

– Пра «Дэпэш Мод»? – пытаецца Вася ў слухаўкі.

– Пра «Дэпэш Мод», – пагаджаецца вядучы.

– Добра, – кажа Вася, – я магу вам распавесьці адну гісторыю, але яна, як бы гэта сказаць...

– Ня надта прыстойная? – хіхікае вядучы.

– Не, – павольна кажа Вася. – Яна проста сумная. Расказаць вам сумную гісторыю?

– Але яна пра «Дэпэш Мод»? – на ўсялякі выпадак перапытвае вядучы.

– Ды пра «Дэпэш Мод», пра «Дэпэш Мод», – кажа Вася, – не хвалюйцеся. З чаго б я вам распавядаў не пра «Дэпэш Мод»? Але сумная.

– Ну, добра, – згаджаецца вядучы, – давайце вашую сумную гісторыю. Толькі каб пра «Дэпэш Мод», – строга дадае ён.

– Да, – кажа Вася, – пра «Дэпэш Мод». Я, калі вучыўся ў дзясятай клясе, у Чаркасах, то ў мяне быў сябра, не, ня так каб сябра, хутчэй проста аднаклясьнік, разумееце?

– Разумею, – проста кажа вядучы.

– І ён у прынцыпе нармальны чувак быў, нічым такім асаблівым не адрозьніваўся, вы разумееце пра што я?

– ...........

– Але ў яго фішка была.

– Фішка?

– Ну, да – фішка. Ён, разумееце, як бы гэта сказаць – вось вы тут казалі шоў-бізнэс – шоў-бізнэс, плятынавыя дзялы і так далей, ну, карацей, мы ўсе тады слухалі «Дэпэш Мод»...

– О, – радасна адгукаецца вядучы, здаецца, ён кроўна зацікаўлены ў публічнай любові да «Дэпэш Мод».

– Зьбіралі іхныя запісы, фоткі, плякаты, памятаеце?

– Так-так-так, – радасна квакае вядучы.

– І вось нехта з нас, я ўжо ня памятаю хто менавіта, падарыў яму на дзень народзінаў плякат Гэхана, разумееце?

Вядучы зноў радасна квакае.

– І вось ён, разумееце, ён у прынцыпе нармальны быў чувак, але ён павесіў у сябе ў сарціры гэты плякат і пачаў драчыць на Гэхана, уяўляеце?

– Як драчыць? – разгублена пытаецца вядучы. Відаць, ён не чакаў, што гісторыя будзе аж настолькі сумнай.

– Ну, так, – Вася ня ведае, як яму па тэлефоне паказаць, – пачаў ананізаваць на плякат Гэхана, уяўляеце?

– Які жах, – кажа вядучы. – А вы спрабавалі растлумачыць яму, што гэтага рабіць нельга?

– Спрабавалі, – кажа Вася, – але ў яго фішка была, разумееце? Ён гэтага нават ня ўтойваў – прыходзіў са школы, кідаў партфель у калідоры – і ў сарцір.

– А вы?

– Мы – не.

– Не, я не пра гэта.

– А, ну, што мы? Мы думалі, можа чувак так музыку любіць, можа яму гэты ваш «Дэпэш Мод» так падабаецца, што ён стрымацца ня можа, у прынцыпе што ж дрэннага, пагадзіцеся.

– Хрррррррррр, – хрыпіць вядучы.

– Але, разумееце, у чым справа – мы яму на нейкае наступнае сьвята прынесьлі запісы «Дэпэш Мод», думалі, ён усьцешыцца, падзякуе. А ён, ведаеце, што? Ён уключыў гэтыя запісы і гаворыць – што за гаўно вы прынесьлі? Гэта ж, кажам, той чувак, на якога ты штодня дрочыш, гэта ён сьпявае. Табе што, пытаемся, не падабаецца? Не, кажа ён, не падабаецца. І выключыў магнітафон. І больш ніколі «Дэпэш Мод» ня слухаў. Уяўляеце?

– Да, – разгублена гаворыць вядучы. Адчуваецца, што ён перавёў бы размову на нешта іншае, але на што ж ты яе пасьля ўсяго гэтага перавядзеш. – Ну, а далей што было? – пытае ён урэшце.

– З кім? – не разумее Вася.

– Ну, з гэтым вашым драчуном... перапрашаю – зь сябрам вашым.

– Пайшоў у бізнэс, – коратка кажа Вася, – адкрыў у Чаркасах сетку аптэк. Гандляваў трамадолам. Год таму памёр ад дыябету.

– Драчыць трэба менш, – злосна кажа вядучы.

На нейкі час павісае маўчаньне. Кожны думае пра сваё. У вядучага, здаецца, свайго было ня так шмат, бо ён не вытрымлівае першы.

– Вось такую павучальную гісторыю, паважаныя радыёслухачы, распавёў нам наш паўночны незнаёмец. Але, мушу адзначыць, што сёньня гэты ваш знаёмы, – чуеце? – сёньня ён наўрад ці адважыўся б на такі крок.

– Гэта яшчэ чаму? – абражана пытаецца Вася.

– Ну, хоць бы таму, што цяпер Гэхан ужо ня той, каб на яго, як вы тут нам распавядалі, ананізаваць.

– Вы пра што?

– Ну, Гэхан вельмі зьмяніўся. Ён зьмяніў імідж.

– Што?

– Ну, выгляд.

– Чуеш? – Вася зноў разгублена тыцкае мне ў твар слухаўкай. – Ён кажа, што Гэхан зьмяніўся.

– Запытай, ці дужа, – раю я.

– І што, – кажа Вася ў слухаўку, – Дужа зьмяніўся?

– Так, вы не паверыце, ягоныя старыя прыхільнікі яго не пазнаюць. Кажуць, гэта ў яго ад гераіну.

– У яго што, – гаворыць Вася, – адвалілася нешта?

– Наадварот, – радасна кажа вядучы.

Вася роспачна глядзіць на мяне. Ой, бля, – думаю.

– У яго штосьці вырасла?

– Так! – пераможна выгукае вядучы.

– Што? – пытае Вася.

– Здагадайцеся.

– Рука?

– Не, не рука.

– Нага, – пачынае гадаць Вася.

– Не, не нага!

– Нават думаць пра гэта не хачу.

– Барада! – выгукае вядучы, вытрымаўшы эфэктную паўзу.

Васю перасмыквае.

– І што – вялікая барада?

– Нармальная.

– І на каго... прабачце – на каго ён цяпер падобны?

– Ну, ня ведаю, – трохі манерна гаворыць вядучы, – гледзячы, з кім параўноўваць. Вось каго зь вядомых асобаў з барадой вы ведаеце?

– Санта Кляўса, – гаворыць Вася.

– Ну, не, – крыўдуе вядучы. – Я вам кажу пра рэальных асобаў. Пра тых, хто сапраўды ёсьць.

– А Санта Кляўса што – няма?

– Няма, канешне.

– Да, мужык? – зьдзекліва кажа Вася. – Гэта ты сам прыдумаў?

– Што прыдумаў? – не разумее вядучы.

– Пра Санта Кляўса. Гэта ж трэба прыдумаць такое – Санта Кляўса няма. Гэта, хутчэй, цябе з тваім дзёўбаным радыё і ўсімі мангольскімі міліцыянтамі, разам узятымі, няма.

– Якімі міліцыянтамі? – не разумее вядучы.

– Мангольскімі, – гаворыць Вася.

З таго боку эфіру павісае цяжкая паўза. Я паказваю Васю – маўляў, дай мне слухаўку, дай я паспрабую, а то ў цябе нешта не выходзіць, што ты прычапіўся да гэтага Санта Кляўса, ну, ня ведае чувак, што Санта Кляўс ёсьць, што ж цяпер, можа, ён старавер які-небудзь, можа, ў яго дзяцінства цяжкае было, можа, у яго тата афіцэр і мама настаўніца матэматыкі, а ты яго грузіш, дай сюды слухаўку, карацей.

– Алё, – кажу я, – вы мяне чуеце?

– Так, – жвава рэагуе вядучы, – а вы мяне?

– Ужо другую гадзіну, – кажу. – Тут мой сябра, на жаль, адышоў і ня змог да канца даслухаць ваш захапляльны аповед. Так што там у вас з Дэйвам? На каго ён цяпер падобны?

– Ага, – гаворыць вядучы, відаць, ён нават не заўважыў, што зь ім размаўляе нехта іншы, – ну, называйце далей вядомых барадачоў.

– Леў Давідавіч Троцкі, – кажу я, падумаўшы. – ці можа вы скажаце, што Троцкага таксама няма?

– Не, – крыху разгублена кажа вядучы, – чаго ж – Троцкі ёсьць.

– Ага, бачыце, – кажу, – усё-ткі хоць штосьці сьвятое для вас засталося.

– Так, – гаворыць вядучы – засталося. Але Дэйв на яго не падобны.

– Не падобны?

– Анітрошачкі.

– Зі зі топ, – кажу.

– Міма.

– Ну, добра, – кажу, – Кастра.

– Што?

– Кастра. Фідэль Кастра. Падобны ён на Фідэля?

– На Фідэля? Так, – гаворыць нарэшце вядучы, – на Фідэля трошкі падобны. На маладога, канешне ж, – адразу папраўляецца ён. – Так, на маладога Фідэля – трошачкі падобны. Я тут нядаўна глядзеў відэазапіс іхняга канцэрту – нам калегі перадалі зь лёнданскай рэдакцыі, і вось там ён сапраўды – чымсьці нагадвае маладога Фідэля. Фантастычнае відовішча, вы ўяўляеце – зьбіраюцца некалькі дзясяткаў тысячаў прыхільнікаў «Дэпэш Мод», а да іх выходзіць Фідэль і пачынае сьпяваць голасам Гэхана. Уяўляеце?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю