355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Жадан » Дэпэш Мод » Текст книги (страница 5)
Дэпэш Мод
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 21:25

Текст книги "Дэпэш Мод"


Автор книги: Сергей Жадан



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 11 страниц)

Зноў жа-такі, для чаго я гэта ўсё кажу? Дырэктар пагадзіўся ўзяць яго на працу, яны нешта там выправілі ў ягоных дакумэнтах, паколькі Чапай школу яшчэ ня скончыў і рабіць гэтага не зьбіраўся, дырэктар проста забраў яго ў цэх і ўсё. Дазволіў яму жыць у адной з майстэрняў, дакладней у капцёрцы, на прамасьленых робах, і сказаў ні пра што не турбавацца. Дырэктар у іх, тыпу, таксама быў з дынастыі, калі можна ўявіць сабе дынастыю чырвоных дырэктараў, хаця – чаму б і не. Завод на той час пачаў здаваць пазыцыі на рынку вытворчасьці шахцёрскіх аксэсуараў, ці як гэта назваць, ну, то бок там і рынку як такога не было, яны лічыліся адзіным профільным прадпрыемствам у рэспубліцы, завод развальваўся, як і усё ў краіне, што можна было скрасьці – дырэктар скраў, што было нельга – сапсаваў, карацей дзейнічаў па старых інструкцыях па грамадзянскай абароне і, прадугледжваючы наступленьне падступнага, хоць і нябачнага, ворага, станкі, вадаправод і радыёрубку на ўсякі выпадак падарваў, не ў прамым сэнсе, канешне, штосьці там і надалей працавала, некалькі майстэрняў плюс аўтапарк неяк і далей круціліся, толькі агульны энтузіязм зьнік і работнікі распаўзьліся па прыватным сэктары. А Чапай з дырэктарам засталіся. Зь цягам часу дырэктар расслабіўся і вырашыў рэанімаваць хаця б часткова сваё эксклюзіўнае дзецішча, пэўна прывіды памерлых чырвоных дырэктараў прыляталі да яго па начох і размахвалі перад вачыма шахцёрскімі лямпамі, не даючы старому спаць, таму ён зноў пачаў рабіць бізнэс, знайшоў нейкіх інвэстараў, нешта яны там такі запусьцілі на рынак па новай, і хоць большасьць завадской тэрыторыі па-ранейшаму ляжала ў гаўне і руінах, агульнае ўражаньне было такім, што завод працуе. І ўласна, я ўсё гэта гавару да таго, што Чапай па-ранейшаму жыў у сваёй майстэрні, адбіў сабе два пакойчыкі, працаваў аўтасьлесарам, шабашыў налева і направа, дырэктар яго нават любіў, ну, у сэнсе як спэцыяліста. Яшчэ Чапай, паколькі часу ў яго было больш чым дастаткова, вадзіўся з панкамі на раёне і меў сапраўдны самагонны апарат, які ён змантаваў па схемах з абломкаў нейкай абаронкі, сабранай ім па цэхах і майстэрнях, нават знак якасьці на яго прыкруціў, уся гэтая д’ябальская машына зьзяла нікелем, медзьдзю і засакрэчаным авіяцыйным дзюралюмініем, дырэктар ня меў нічога супраць, хай, казаў ён, хай займаецца, калі душа ляжыць да тэхнікі, ён, здаецца, не зусім разумеў, што менавіта пераганяе там па колбах Чапай, але бляск нікелевых змеевікоў яго заспакойваў, тым больш, што за электрычнасьць Чапай плаціў сам, тут галоўнае ўмець лічыць працоўную капейку, там прафсаюзы, самаакупляльнасьць, дзяржаўныя датацыі, ніколі гэтай хуйні не разумеў. І вось чаму я пра гэта кажу – недзе праз панкаў, што куплялі ў Чапая свае наркамаўскія сто грамаў, зь ім пазнаёміўся Саша Карбюратар, Саша ня быў панкам, больш за тое – ён панкаў не любіў, ён любіў тэхніку, ну, я казаў ужо, здаецца, пра гэта, але так выйшла, што яны пазнаёміліся – Саша і Чапай, і Саша час ад часу заходзіў да Чапая ў майстэрню, разглядаў бліскучыя і запацелыя ад перагонкі трубы зьмеевіка, разьбіраў разам з Чапаем схемы танкаў, піў зь літровага кубка яшчэ не настаяную брагу, ну, адным словам – гэта было ягонае, у сэнсе ня брага, а вось усё гэта – станкі, зьмеевікі, цяжкая і машынная прамысловасьць, Карбюратару гэтага не хапала, а ў Чапая гэтага гаўна быў цэлы завод плюс ваколіцы. Таму, калі нашага Карбюратара і можна недзе зараз знайсьці, то хіба што там – у завадскіх майстэрнях, вось, што я думаю і выкладаю ўсё гэта сваім сябрам, так, напраўду ня так ужо і шмат месцаў, дзе нашага брата могуць прапусьціць, вось Карбюратар адно такое месца дакладна меў, і мы павольна зьбіраемся і ўжо выходзім, і раптам ужо на выхадзе трапляем на Какаву, Какава стаіць перад пад’ездам увесь нейкі разьмяклы й апухлы, бачыць нас, о, – кажа, – здароў, вы куды? мы, – гаворыць Вася, – па справах, так што валі спаць. Можна я з вамі? – пытаецца Какава, выціраючы пот рукавом пінжака, мудак тоўсты, давай-давай, – кажа рэзка Вася, – спаць, я не хачу спаць, – зноў просіцца Какава, – вазьміце мяне з сабой, пайшоў на хуй, – нэрвуецца Вася, – цябе нам толькі не хапае. Ну, а куды вы хоць? – жаласна пытае Какава, Какава, – адказвае яму Вася, – у нас справы, бачыш? мы Карбюратара шукаем, Карбюратара? праўда? дык паслухайце, – крычыць Какава, усё, – адразае Вася, – спаць, ну сябры, – разгублена гаворыць Какава, я ж магу вам..., валі давай, дабранач, і мы ідзем, а ён застаецца, прыдурак тоўсты.

12.00

Зеляніна, што наліпае, як вільготная папера, чырвоныя будынкі, мы неяк так не зусім удала выехалі, прапхаліся амаль праз паўгорада, заехалі на плошчу, так, нібы хочам знайсьці нашага сябра недзе на вуліцы, у рэшце рэшт нас выштурхоўваюць з тралейбуса кантралёры, і мы ідзем далей пешкі, пераходзім плошчу, ідзем, разглядаем афішы, разглядаем рэкламу, больш і разглядаць намя чаго, Сабака цягне заплечнік з бухлом, каля булачнай таўчэцца хіпота кончаная, спаўзліся, як шчуры на сьвежае паветра, стаяць, п’юць сабе нешта, зь імі побач нейкія вядомыя твары, стаіць Саша Чарнецкі, яшчэ нехта ў скуранцы з ардэнамі і мэдалямі, Сашу мы ведаем, мы нават хадзілі з Сабакам пару тыдняў таму на ягоны канцэрт у дк каля стадыёну, нас там заламала ахова – нехта поруч з намі шпурнуў у залю пэтарду, яны падумалі, што гэта мы, ледзь адмазаліся, навокал Сашы стаіць хіпота кончаная, добры ранак добрага дня.

– Нефармалаў трэба расстрэльваць, – кажа Вася.

– Троцкі сказаў? – пытаюся.

– Пры чым тут Троцкі. Глядзі – стаяць, сукі.

– Ну і што?

– Не люблю, – кажа Вася і далей ідзе моўчкі.

За паўгадзіны мы пераходзім праз мост, знаходзім завадскі паркан і празь дзірку ў ім пралазім на падворак.

12.30

У Чапая мы былі некалькі разоў, ён спэцыяльна для сяброў пазначыў сваю майстэрню, бо іх там некалькі стаіць амаль падобных – напаўразваленых яшчэ з часоў першай расійскай рэвалюцыі 1905-га году, шэрых буданоў. На чапаевым зялёнай фарбай напісана «сацыялізм» і дамаляваная трохі рахітычная зорка, падобная да мэдузы, ну, маецца на ўвазе, колерам, Чапай у прынцыпе, тыпу Васі, таксама спэцыяліст па дыялектыцы, яны паважаюць адзін аднаго, гэта мы з Сабакам тут чужыя – я не люблю Маркса проста так, ну, а Сабака мае да старога свае прэтэнзыі, тут усё зразумела.

Чапай нас адразу пазнае, прывітаньне, – кажа, – заходзьце, прапускае нас у капцёрку, высоўвае галаву вонкі, асьцярожна азіраецца ва ўсе бакі і зачыняе за сабой дзьверы. Мы праходзім унутр. Чапай, як і прынята сярод пралетарыяў, на побыт кладзе, пакой у яго амаль пусты, пасярэдзіне стаіць згаданы мной апарат і трывожна гудзе, пад апаратам валяецца пара колбаў, я нарэшце прыгадваю, якія яны на выгляд, на падваконьні ляжаць кнігі, я бяру адну – пятнаццаты том чагосьці, чаго менавіта, я разабраць не магу, але яўна нешта партыйнае, са штэмпелем завадской бібліятэкі, сур’ёзны пацан гэты Чапай, ён старэйшы за нас на пару гадоў, яму ўжо за дваццаць, да таго ж, і працоўны стаж – гэта вам ня проста так, ён праходзіць за намі ў пакой, сядайце, – кажа, у пакоі некалькі табурэтаў, як справы, – пытаецца? нармальна, – кажа Вася, – вось Карбюратара шукаем, даўно яго бачыў? даўно, – кажа Чапай, сядае на табурэт, закідвае нагу на нагу і запальвае беламор.

Чапай худы і засяроджаны, на нас ён увагі амаль не зьвяртае, сядзіць сабе, нага на нагу, чытае нейкую партыйную прапаганду, на ім старая майка, кеды і спартыўныя штаны, да таго ж ён носіць акуляры, сярод нашых знаёмых ня так і шмат людзей, што носяць акуляры, хоць, можа, ён гэта для понту, ня ведаю.

– А дзе ён можа быць, ня ведаеш? – пытаюся я.

– Ня ведаю.

– Ён табе нічога не казаў?

– Не казаў.

– Хуёва, – кажу я. – у яго бацька загінуў.

– Айчым, – папраўляе мяне Сабака.

Чапай маўчыць.

– А ён у цябе сваіх рэчаў не забываў? – працягваю роспыты.

– Не забываў.

Так можна гаварыць бясконца, ён мантрамі нейкімі гаворыць, начытаўся Энгельса і не ўспрымае нармальнай інфармацыі, гэтыя новыя камуністы, у іх свой замарочаны дзэн, так вось проста ня ўедзеш, а ўедзеш – ня выедзеш, будзеш прабуксоўваць у глыбокай раз’ябанай каляіне марксызму-ленінізму, не разумеючы, што да чаго.

– Чытаеш нешта? – раптам пытаецца ў яго Вася.

– Ды так, – адказвае Чапай. – Падкінулі тут пару кніжак. Перачытваю.

– Угу, – кажа Вася, усё ж такі яны аднадумцы, мы тут намагаемся не перашкаджаць.

– Можна мы яго ў цябе пачакаем?

– Можна.

– У нас бухло ёсьць.

– У мяне таксама, – паказвае Чапай на свой апарат. – Толькі я зараз ня п’ю.

– Што так?

– Трыпер.

– Напраўду? – я вяртаю кнігу на падваконьне. – Дзе ж гэта ты?

– Ды проста тут, на заводзе, – спакойна адказвае Чапай.

– На заводзе?

– Ага.

– Што – проста ў цэху?

– Ага.

– У вас жа тут адны мужыкі.

– Ну.

– Хто ж гэта цябе? – пытаюся. – То бок, прабач – каго гэта ты?

– Што – каго? – не разумее Чапай.

– Ну, – кажу, – ты ведаеш ад каго гэта ў цябе?

– А, – кажа Чапай, – ні ад каго. У мяне бытавы трыпер.

– Як бытавы?

– Так. Бытавы. Я ж ня трахаюся наагул. Проста сэканд грузілі, вось і падхапіў.

– Ясна, – кажу. – Вы, марксысты, проста як анёлы – ня трахаецеся, ня п’еце.

– Сэканд грузіце, – дадае Сабака.

– Слухайце, – гаворыць Чапай, пэўна для таго, каб зьмяніць тэму, – а ў вас бабкі ёсьць?

– А што? – насьцярожваецца Вася.

– Можам зьезьдзіць да цыганоў, узяць травы. Пасядзім, пачакаем вашага Карбюратара. А то так без пантоў сядзець, я ж ня п’ю.

– Ну, – кажа Вася, – можна і зьезьдзіць. Думаеш, ён зьявіцца?

– Хто яго ведае, – кажа Чапай. – Можа, зьявіцца, можа, не. Вам, дарэчы, шмоткі не патрэбныя? Там джынсы, красоўкі. Праўда, з сэканду...

14.00

За таксоўку пагаджаецца башляць Вася, ён, здаецца, канчаткова абламаўся рабіць бізнэс на вадзяры, не такі ён, вядома, чалавек, ня можа рабіць грошы на сьвятым, таму мы выходзім за Чапаем – Чапай, Вася і я, Сабаку пакідаем каля апарату, тыпу падтрымліваць агонь, каб ён вартаваў і час ад часу падстаўляў пад зьмеявік новую колбу, Чапай паказаў яму, як, але строга загадаў з колбы ня піць, маўляў, негігіенічна, ты б маўчаў ужо, – кажа яму Сабака, – трыпераносец хераў, яны заводзяцца, але мы іх расьцягваем, дакладней мы выцягваем Чапая на вуліцу, а там ён і сам супакойваецца – трыпер-та ў яго і сапраўды ёсьць, што ж тут запярэчыш. У прынцыпе ў гэтым раёне таксоўкі не водзяцца, тут водзяцца экскаватары, ды і тое зрэдку, таму мы пізьдзячым аж да цырку, каля цырку пуста, скрозь шэрыя пліты прарастае трава, добрае лета, здаецца, яшчэ б Карбюратара на хаўтуры адправіць – наагул было б здорава, Чапай ловіць машыну, кіроўцы пужаюцца ягоных сініх штаноў, ніхто не спыняецца, нарэшце ён штосьці там спыняе, і мы пхаемся ў сярэдзіну і едзем да цыганоў, аб’яжджаючы вясёлкавыя калюжыны.

14.40

Цыганы жывуць на іншым краі горада, за іншай рэчкай, у іх там цэлае паселішча, харкаўскія цыганы па-свойму ўвасобілі спрадвечную цыганскую мару пра сьвяшчэнны цыганскі мегаполіс, яны ня сталі асабліва задрочвацца і там, ня ведаю – ваяваць за незалежнасьць, адбіваць тэрыторыі, папраўляць межы, проста пасяліліся масава, але разам з тым кампактна, па-над рэчкай, акапаліся як маглі і фактычна растварыліся ў варожай усходняй сталіцы, такі прымроены Горад Сонца ў іх атрымаўся, горад у горадзе можна сказаць, празь іхні раён праходзілі цывільныя трамвайныя маршруты і нават побач цягнулася ветка мэтро, але насамрэч, акрамя цыганоў у гэтым раёне амаль ніхто ня жыў, таму калі ты сюды трапляў (хаця чаго б ты сюды трапляў) і ня ведаў, дзе ты знаходзішся, ты бы мог толькі зьдзіўляцца такой колькасьці цыганоў на вуліцах, то бок ня тое, каб іх на вуліцах сапраўды было шмат, проста там акрамя іх на вуліцах няма нікога, таму ты адразу заўважаў, што нешта тут ня тое, але ня мог зразумець – што менавіта. Цыганы жылі дружна, у горадзе акапаліся надоўга – будавалі моцныя, невысокія будынкі зь белай цэглы і з гэтай самай цэглы выкладвалі навокал будынкаў парканы, падобна было да цаглянага складу, цяжка было нават здагадацца што там робіцца – за гэтымі белымі цаглянымі гарамі, рэкламы ў раёне таксама амаль не было, нейкі такі сярэднявечны раён, я мяркую, што парканы такія высокія былі, каб чума не прасачылася празь іх на іхныя падворкі, я наагул іх не разумеў ніколі, гэтых цыганоў, а вось у Чапая тут быў знаёмы дылер, на глухой бакавой вуліцы, трэба было спачатку павярнуць направа і ўжо там спыніцца. Кіроўца высаджвае нас, доўга круціць у руках расійскія грошы, пералічвае па курсе, колькі мы яму вінныя, загінае пры гэтым пальцы правай рукі, я, напрыклад, так лічыць ня ўмею, потым кажа добра, хопіць, мы выходзім, а ён хутка ўцякае.

15.10

І вось мы стаім пасярод узгоркаў белай цэглы, дрэваў амаль няма, сырая зямля пад нагамі, з-пад парканаў выбіваецца едкая трава, наверсе за хмаркамі час ад часу зьяўляецца сонца, і ніводнага табе цыгана навокал. Трэба ж так, думаю, жывуць сабе людзі – без антэнаў, без перадатчыкаў, без савецкай улады, нават без нумароў на будынках, цікава, як Чапай знойдзе свайго дылера. Але Чапай добра арыентуецца ў такіх умовах, ён папраўляе акуляры, нешта там сабе вынюхвае і нарэшце кажа – гэта тут, знайшоў. Мы падыходзім да іржавай брамы, і Чапай пачынае грукаць кулакамі па іржавай набухлай паверхні, па дарозе апавядаючы, што дылер ягоны – Юрык – па-свойму прыкольны мужык, ён недзе тут нарадзіўся, праўда, быў няўдалым цыганом, пасьля школы пайшоў рабіць кар’еру па партыйнай лініі, і цыганы яго праклялі, натаўклі грызла і выгналі з раёну, хоць ён і сам бы адтуль зваліў, паколькі яму далі добрую кватэру ў цэнтры, ён працаваў у Кіеўскім, здаецца, райкаме. Для цыгана ён рабіў неблагія посьпехі, і яго ўжо зьбіраліся перацягнуць у абкам, але тут гены ў ім узялі верх, і ён – кажа Чапай – ці то нешта скраў, ці то кагосьці трахнуў, карацей, аблажаўся, з райкаму яго папёрлі, але ў партыі пакінулі, ня так ужо і шмат цыганоў у партыі было, направілі па той жа партыйнай лініі на чапаеўскі завод загклюбам, ён там граў на баяне і вёў шахматную сэкцыю. Калі завод пачаў развальвацца, Юрык трымаў клюб да апошняга, ён жа бязбожна бухаў, зранку прыходзіў у клюб, браў баян і граў нешта з Кабзона, дадаючы да кожнай мэлёдыі нешта сваё, цыганскае. Па словах Чапая, Юрык дэградаваў маральна і фізычна, сцаўся ў штаны проста на сцэне клюбу, спаў ва ўласных рыгаках, заматаўшыся ў нейкія агітацыйныя транспаранты, так трывала ажно пакуль дырэктар заводу не забраў у яго баян і не прадаў яго на рынку, пералічыўшы атрыманую, даволі мізэрную, паводле Чапая, суму ў залік зьнешняга завадскога доўгу. Юрык зашыўся, кватэру ў яго яшчэ перад гэтым забраў нейкі акцыянэрны банк, аддаўшы яму ў якасьці кампэнсацыі левыя акцыі, Юрык спрабаваў іх недзе сплавіць, але іх, вядома ж, ніхто ня браў, адным словам, жыцьцё зрабіла поўнае кола, і Юрыку не заставалася нічога іншага, як вяртацца ў свой сярэднявечны раён, зь яго белай цэглай і суворай іерархіяй. На дзіва, Юрыка прынялі як роднага, цыганы народ камунікабельны, яшчэ раз далі яму ў лыч і прабачылі ўсё, заадно забралі ягоныя левыя акцыі і недзе іх усё ж прадалі, уцюхалі нейкім лохам-фэрмэрам, хоць зь Юрыкам грашыма не падзяліліся, ну гэта ўжо іхныя справы, яны лепш ведаюць. Юрык спакойна зажыў у адным з цагляных будынкаў за белым цагляным плотам, у цэнтр больш не імкнуўся, нават хацеў ажаніцца, але не знайшоў нявесты – пэўна, іхныя сярэднявечныя законы забаранялі ім выходзіць замуж за камуністаў, добра, што яго наагул на вогнішчы не спалілі, ён патроху падключыўся да жыцьця грамады, спачатку гандляваў жуйкамі ў кіёску, потым пайшоў угору і пачаў гандляваць вадзярай у краме, потым – па нарастальнай – перайшоў на траву, і проста ўжо сядзеў дома, каму трэба – прадаваў лекавае зельле, каму ня трэба – таго пасылаў на хуй і страляў зь бярданкі з-за цаглянага плота, падняўшы мост і затапіўшы ірвы вадой, Чапая ён памятаў яшчэ з часоў работы ў клюбе, Чапай быў пастаянным кліентам, хоць ён нам чагосьці яўна не дагаворваў, прынамсі мне так здалося, вось.

15.15

Празь нейкіх пяць хвілін брама рыпіць, і зьяўляецца галава дылера. Юрык не падобны да цыгана, ва ўсялякім выпадку я сабе цыганоў звычайна іншымі ўяўляў, я, канешне, не чакаў, што выйдзе чувак у чырвонай кашулі ў буйны гарох з фанэрнай гітарай у руках, ну, але нешта ж нам у школе пра цыганоў апавядалі, ці як, а тут выходзіць нейкі худы альбінос у шэрым паношаным касьцюме і зь бяльмом на левым воку, недаверліва нас разглядае, яны з Чапаем пачынаюць пра нешта шаптацца, прыглядацца, ледзь не абнюхваць адзін аднаго, нарэшце дылер махае нам рукой, і мы ідзем за ім. Мне цікава, што можа быць за байніцамі – гарматы, алебарды, прылады катаваньняў, але ўсё спакойна, на падворку стаіць невялічкі хлеўчык зь белай цэглы, каля ганку сабачая будка, таксама зь белай цэглы, у будцы ляжаць куры, адна залезла на будку і стаіць там, о – куры, – думаю я, – уласна гэта і ўсё, што я думаю, і мы заходзім у хату. У пакоі стаіць стол і больш няма нічога. Сьцены голыя, на адной, праўда, вісіць дарагі кілім, прыхуячаны па баках цьвікамі, цьвікі добра відаць, нічога так – нармальныя, добрыя цьвікі. Юрык кажа нам пачакаць тут і, блішчучы бяльмом, выходзіць у суседні пакой, Чапай чамусьці нэрвуецца, хоць паказвае нам, што ўсё ок, зараз возьмем, я разглядаю цьвікі ў кіліме і раптам бачу на падваконьні вялікую рыбіну, нават ня ведаю, што за рыбіна, я іх ніколі ня мог адрозьніць, ну, там, рыбы, жабы – і ўсё, фортка адчыненая, і вакол рыбіны лётае некалькі пчол, ляніва кружляюць, адкуль яны толькі ўзяліся па такім надвор’і, сонныя і зусім не агрэсіўныя, хоць, можа, менавіта так і павінна быць. Сядаюць на цела рыбіны, поўзаюць па ім, я падыходжу бліжэй, спрабую перавярнуць нябожчыцу і адразу атторгваю руку – рыба зь сярэдзіны проста выжрана гэтымі драпежнікамі, іх там цэлы рой, калі я дакранаюся да рыбіны, яны вылятаюць адтуль і круцяцца над тушай, але хутка супакойваюцца і зноў залятаюць у сярэдзіну, якая брыдота, думаю я, мёртвая рыба, мёртвая цыганская рыба, выжраная зь сярэдзіны, які жах.

Заходзіць Юрык з пакункам травы, бачыць мяне каля рыбіны і таксама ня можа ад яе адарвацца, пчолы зноў запаўзаюць у сярэдзіну, і ёсьць у гэтым нешта настолькі моташнае, што мы ўсе глядзім і ня можам адвесьці ад гэтай чортавай рыбіны вачэй – і я, і Вася, і Чапай, і Юрык, і нават Ісус на ягоным расьпяцьці, што выбіваецца з-пад ягонай кашулі, пільна-пільна глядзіць на выжраную пчоламі цыганскую рыбіну, і нават адвярнуцца ня можа. Юрык нарэшце кладзе пакунак на стол, і мы пачынаем яго нюхаць, мацаць, разглядаць на сьвятло, карацей, усім сваім выглядам паказваем, што нам вядома, як выглядае добрая трава, і што нас не наябеш, хай ты нават тройчы цыган і колішні загклюбам, мы цябе бачым наскрозь, хоць напраўду ні хера мы ня бачым, Вася дастае пачак грошай, адлічвае, Юрык сьвідруе яго сваім бяльмом, Ісус глядзіць пільна-пільна, Юрык скардзіцца, што будзе мець праблемы з рублямі, гэта ж па курсе трэба лічыць, невядома, што там з баксам, з баксам усё нармальна, – кажа Вася, – бакс стаіць, хуй у цябе стаіць, – кажа яму Юрык, але грошы бярэ і выводзіць нас на вуліцу, я яшчэ чую, як пчолы ціха перабіраюць лапкамі ў рыбіным чэраве, хоць, можа, гэта мне толькі здаецца.

На вуліцы Юрык холадна з намі разьвітваецца, мы праходзім зь дзясятак мэтраў, Юрык па-ранейшаму стаіць ля брамы, не заходзячы ў двор, і тут нарэшце Чапай выдае, ён раптам спыняецца, стойце, кажа нам, можам узяць яго на понт, ты што, кажу я, навошта? ён там усё адно адзін, вы ж самі бачылі, нічога ня зробіць, перастань, палохаецца Вася, пайшлі адсюль, усё ж нармальна, ды ладна, кажа Чапай, ня сцыце, зараз я яго разьвяду, ён дастае пакунак з травой, чагосьці ў ім калупаеца, так, нібы правярае, засоўвае назад у кішэню, паварочваецца і ідзе да Юрыка, за некалькі мэтраў ад яго спыняецца і крычыць:

– А трава ў цябе – гаўно!

Во, бля, – думаю я, – бля.

– Гаўно! – паўтарае Чапай больш упэўнна.

І тут Юрык раптам зрываецца і зьнікае ў двары, мы ня ведаем, што рабіць, ну, то бок мы з Васем Камуністам, толькі не Чапай, той, здаецца, у курсе, што яго чакае, напэўна, ён ужо ня першы раз так бярэ на понт свайго дылера, таму ён хутка вяртаецца і крычыць нам рвем адсюль, і мы сапраўды рвем і, трэба сказаць, не дарэмна, таму што брама за намі зноў адчыняецца і адтуль выскоквае Юрык зь бярданкай, з вачэй ляцяць іскры, нават з таго, што зь бяльмом – таксама ляцяць, хоць і ня так моцна, мы бяжым, нам галоўнае дацягнуць да рогу, а там ужо цывілізацыя, трамваі, мэтро, такія-сякія нармальныя стасункі між людзьмі, а за нашымі сьпінамі – Юрык зь бярданкай і ягоны сярэднявечны замак з курамі і пчоламі-кілерамі, нам ёсьць, ад чаго ўцякаць, і мы ўжо выкладваемся, Васю горш – ён бяз паса, трымае рукамі джынсы, каб не згубіць іх, Юрык пры гэтым зводзіць куркі і страляе ў неба над нашымі галовамі, раз, потым другі, у нас ён, дзякаваць богу, нават ня цэліць, а то невядома, чым бы ўсё скончылася, ён страляе ў неба і весела сьмяецца, я гэта досыць добра чую, калі паварочваю за белы цагляны рог, нам у твар б’е сьвежы летні вецер, уздымаючы ў паветра папяровае сьмецьце, пыл і пер’е, і гэтае пер’е круціцца над нашымі галовамі, таму што я нават ня ведаю, каму яно належыць – птушкам з цаглянага палацу ці толькі што падстрэленым анёлам, што прыляцелі вось да Юрыка, скажам, каб палегчыць ягоную сярэднявечную адзіноту, а ён, дэбіл, адагнаў іхную беласьнежную дружную зграю назад у дажджыстае неба і застаўся адзін – застаўся і стаіць сабе там – пасярод пустога цыганскага мегаполісу, самотны-самотны дылер, абдураны лёсам прадаўнік радасьці, якому няма нават з кім пагаварыць, толькі Ісус на ягоным распяцьці сумна хістаецца – зьлева направа, справа налева, зьлева направа.

17.00 – 20.00

– Вы ў гэтым проста не разьбіраецеся. Вы проста гаворыце марксызм-марксызм, і не разумееце, што гэта.

– Ну, так, адзін ты ў нас усё разумееш.

– Пры чым тут я. Гаворка не пра мяне. Вось вы гаворыце марксызм. Насамрэч марксызм перамагае, разумееце?

– Ну, вядома. І дзе ж ён перамагае?

– Марксызм перамаге нідзе. Ён перамаге ў прынцыпе.

– Ну, да.

– Моц марксызму ў ягонай самадастатковасьці. Скажам, Троцкі.

– Троцкі – жыд.

– Так. Вы ведаеце дзеля чаго Троцкі паехаў ў Мэксыку?

– Па-мойму, яму Коба даў трындзюль.

– Коба таксама жыд

– Коба?

– Так. Ільліч таксама.

– Ільліч – казах.

– Татарын.

– Казах.

– Якая розьніца?

– У казахаў няма пісьмовасьці.

– А ў татараў?

– І ў татараў таксама няма.

– Не, Коба ня жыд. Коба – рускі. У яго прозьвішча расійскае – Сталін.

– Гэта не ягонае прозьвішча.

– А чыё?

– Гэта прозьвішча ягонага сына. Васі Сталіна. Ён быў футбалістам.

– Ага, а Троцкі – баскетбалістам. Працоўныя Рэзэрвы.

– Пры чым тут Троцкі, – гаворыць Чапай ужо знаёмую мне фразу, седзячы на табурэце і распальваючы папяросу. – Троцкі тут ні пры чым. Ты, – кажа ён Васю, перадаючы яму папяросу, – мусіў бы гэта разумець. Яны, – ён выдыхае дым у наш бок, – гэтага ніколі не зразумеюць, іх заразілі бацыламі капіталу, але ты, – ён забірае ў Васі папяросу, яшчэ раз зацягваецца і вяртае папяросу Васю, – павінен гэта разумець. Ты ведаеш пра тэорыю пэрманэнтнага пахуізму?

– Што? – закашліваецца Вася і перадае папяросу мне. – Якога пахуізму?

– Пэрманэнтнага, – папраўляе акуляры Чапай. – Ну, гэта я яе так называю. Напраўду яна завецца тэорыя пэрманэнтнага распаду капітала. Але мне больш падабаецца называць яе тэорыяй пэрманэнтнага пахуізму.

– Да, – устаўляе Сабака, забіраючы ў мяне папяросу, – пэрманэнтнага пахуізму – больш прыкольна.

– А што гэта за тэорыя? – пытаюся я, зноў у чаканьні сваёй чаргі.

– Тэорыя простая, – кажа Чапай, выпускаючы дым і перадаючы папяросу далей па коле. – Яе распрацавалі таварышы з данецкага абкаму.

– О, – кажу, – гэтыя зробяць.

Чапай глядзіць на мяне запытальна.

– Землякі, – тлумачу.

Ён адабральна ківае галавой, дастае з-пад стала трохлітровы слоік зь нейкім морсам, адпівае зь яго і працягвае мне. Не-не, адмоўна махаю рукой – я лепш папалю.

– Вось, – працягвае Чапай, абцёршы рукавом крывавыя памідорныя разводы. – Тэорыя ў прынцыпе рэвізыянісцкая. Базуецца на пераглядзе асноўнай ідэі Маркса. Ідэі пра самадастатковасьць пралетарыяту як такога. Ты чытаў, – пытаецца ён у мяне, бо Вася схаваўся недзе за дымамі, – ліставаньне Маркса і Энгельса?

– Не, – кажу, – але я ведаю, што яны сябравалі.

– Правільна, – кажа Вася, – яны сябравалі. Па-харошаму сябравалі, ты ня думай.

– Ясна, – кажу, – па-харошаму.

– У іх, – працягвае Чапай, – было прыкольнае ліставаньне, па-свойму прыкальнейшае за «Капітал».

– Што можа быць прыкальнейшым за «Капітал»? – трохі ня ў тэму ўстаўляе Сабака, але я перадаю яму папяросу, і ён змаўкае.

– У саўку, – гаворыць Чапай, – базавым прызналі менавіта «Капітал». У гэтым, як на мяне, галоўная трагічная памылка савецкай ідэалёгіі. Увагу трэба было зьвяртаць на ліставаньне. На ліставаньне Маркса і Энгельса. Таварышы з данецкага абкаму гэта давялі, – упэўнена гаворыць ён і дабівае пятку.

Нейкіх дваццаць-трыццаць хвілін усе маўчаць, думаючы пра таварышаў з данецкага абкаму. Нарэшце Чапай аддупляецца і ладзіць новую папяросу.

– У адным зь лістоў, – кажа Чапай, зацягваючыся і перадаючы папяросу непрытомнаму Васю, – гэта з раньняга ліставаньня, – тлумачыць ён, – так званага гамбургскага пэрыяду...

– Проста бітлз нейкі, – кажу я.

– Маркс тады шмат экспэрымэнтаваў з грамадскай сьвядомасьцю.

– Што? – на гэтых словах Вася прачынаецца.

– Тут, – тлумачу, – Чапай кажа, што ў свой час твой улюбёны Маркс у Гамбургу, на Рэпэрбане, эксперыментаваў з пашырэньнем сьвядомасьці.

– Кіслату жэр, – Сабака ніяк ня можа дачакацца сваёй чаргі, таму заўважна нэрвуецца.

– У выніку гэтых экспэрымэнтаў, – працягвае Чапай, – яму адкрыўся прынцып БЛЯ.

– Што-што?

– Базысная левая ячэйка, – гаворыць Чапай. – Ідэя простая – нам ад самага пачатку паказваюць непраўдзівую карціну вытворчых адносінаў. Непраўдзівасць яе, – працягвае Чапай, – палягае насамперш у нібыта неабходнасьці пэрманэнтнага разрастаньня капіталу. Гэта – фікцыя, – рашуча кажа Чапай, выхоплівае ў мяне паза чаргой папяросу і глыбока зацягваецца.

– Што – фікцыя? – не разумею я, спрабуючы адабраць папяросу.

–Усё фікцыя, – падумаўшы, адказвае Чапай. – Пралетарыят самадастатковы. Таму ідэальным і ідэалягічна правільным ёсьць прынцып базысных левых ячэек, так званых БЛЯ. Базысная левая ячэйка, сама па сабе, таксама самадастатковая.

– Слухай, – кажу, – твой Маркс, ён жа проста Будда нейкі.

– Ужо не кажучы пра Энгельса, – устаўляе Вася скрозь сон.

– Вось. Кожная БЛЯ фарміруецца па прынцыпе мурашніка. Асновай такога фарміраваньня зьяўляецца асобна ўзятае прадпрыемства, там, завод, фабрыка, ці яшчэ нейкая байда. І вось вакол гэтай байды зьбіраецца БЛЯ, як мурашы вакол мурашніка.

– Да? – пытаюся. – А хто выконвае ролю мурашынае каралевы?

– Парткам, – упэўнена кажа Вася.

– Ага, – кажу. – Значыць трахаць усе будуць парткам?

– Парткам, – упэўнена паўтарае Чапай.

– Добра, – пагаджаюся. – Ну, а далей?

– І гэта ўсё, – гаворыць Чапай. – Па гэтым прынцыпе будуецца жыцьцё грамадства, калі верыць Марксу.

– А ўлада? – пытаюся я.

– Улада не патрэбная. Улада ў гэтай сыстэме лішняя. Улада – гэта таксама фікцыя. Вось табе, – зьвяртаецца Чапай да Сабакі, спрабуючы выманіць у яго папяросу, – улада патрэбная?

– Не, – адказвае Сабака, – мне не патрэбная.

– А табе? – Чапай зьвяртаецца да мяне, не спускаючы пры гэтым аднаго вока з папяросы.

– Ну, нейкая першасная, – адказваю, – мінімальная...

– Вось, – урачыста прамаўляе Чапай і вырывае папяросу ў Сабакі. – Вось. Першасная. Менавіта пра гэта я і кажу. Неабходная толькі першасная ўлада, улада, збудаваная па аўтаномным прынцыпе. Усё іншае – фікцыя. Уся іншая, больш структураваная ўлада, не функцыянуе. Адпаведна, яна і не патрэбная, – і ён перадае мне папяросу як нейкі, толькі што выйграны мной, прыз глядацкіх сымпатый. На Васю мы ўсе забываемся, ён на нас – таксама. Наагул, – працягвае Чапай, – непатрэбныя і большасьць структураў і інстытуцый, таму належыць усё гэтае гаўно раздрабніць і паступова зьнішчыць.

– І што твой Маркс прапануе Энгельсу ў замен? – пытаюся я.

– Прынцып ПыХ, – кажа Чапай.

– Як-як? – нават Сабака перапытвае.

– Пралетарская Хартыя, – гаворыць Чапай.

– Пралетарская Хартыя – гэта ПХ, а ня ПыХ, – кажу я.

– Так, я ведаю, – адказвае Чапай. – Гэта для мілагучнасьці. Прынцып ПыХ дае ўсяму гэтаму ход, Хартыя пры гэтым выконвае ролю элементарнага яднальнага мэханізму. Прыпыняецца ўсё далейшае накапленьне капіталу і пачынаецца ягоны паступовы распад.

– Як гэта?

– Усё вельмі проста, – Чапай зноў прыкладаецца да крывавага слоіка. – У прынцыпе, у выніку папярэдняга беспрычыннага і маламатываванага накапленьня капіталу адбылося перанасычэньне сродкамі жыцьцядзейнасьці, і як вынік – адзіным лягічным варыянтам у гэтай сытуацыі выступае распад існуючых запасаў.

– Гэта як?

– Ну, – спрабуе патлумачыць нам Чапай, – карацей, насамрэч нічога вырабляць ня трэба. Кожная асобна ўзятая БЛЯ можа вольна жыць некалькі дзясяткаў год за кошт ужо існуючага патэнцыялу. Гэта значна спрашчае сам мэханізм функцыянаваньня грамадства. На практыцы гэта адбываецца прыблізна так – вось, скажам, наш завод. Вакол яго ўтвараецца БЛЯ, якая, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца гарадской ПыХ, кожная БЛЯ бярэ на сябе пэўную колькасьць аб’ектаў агульнагарадской інфраструктуры, захоплівае ўладу і ўсё гэта расхуячвае.

– Навошта? – не разумею я.

– У гэтым і палягае сутнасьць прынцыпу пэрманэнтнага пахуізму, – кажа Чапай. – Мы нішчым структуру і харчуемся атрыманай сыравінай. Напрыклад, захопліваем банк і бабкі выдаткоўваем на жыцьцё ды функцыянаваньне БЛЯ, захопліваем гандлёвыя цэнтры і ўсе шмоткі раўнамерна разьмяркоўваем сярод чальцоў БЛЯ, захопліваем канторы і ўсю бытавую апаратуру забіраем сабе, захопліваем тачкі і пускаем іх на патрэбы ячэйкі.

– Захопліваеце фэрму і раздаеце ўсім па карове, – раптам устаўляе Сабака.

– Так, – гаворыць Чапай, – так. Адным словам, таварышы з данецкага абкаму падвялі пад усё гэта эканамічную базу, пералічылі ўсё, зрабілі сур’ёзныя маніторынгавыя апытаньні, – Чапай дастае нейкія сшыткі і размахвае імі ў паветры, – выходзіць так, што існуючая грамадская інфраструктура, уся цяперашняя база капіталу, здатная пракарміць сябе саму, як мінімум, на працягу бліжэйшых 67 гадоў.

– А пасьля?

– Ну, што пасьля? – разгублена кажа Чапай. – Пасьля штосьці прыдумаем. Тэорыя, у прынцыпе, новая, яшчэ не апрабаваная на практыцы, у яе рэальна ўнесьці нейкія карэктывы. Але цалкам, – паўтарае ён, – ня трэба замарочвацца на далейшым нарошчваньні вытворчасьці, наадварот – вытворчасьць належыць максымальна скараціць, закансэрваваць, адным словам, а прыродныя рэсурсы – максымальна эканоміць, паколькі на бліжэйшыя 67 год хопіць і таго, што ёсьць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю