355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Блакит » Текст книги (страница 8)
Блакит
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 04:11

Текст книги "Блакит"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 21 страниц)

А тым часам праходзілі тыдні, месяцы, Карпюковая ж справа нібы завісла, ня рухалася з месца. Гэта магло азначаць: альбо органы працягваюць капаць ушыр і ўглыб, каб зусім закапаць Карпюка, альбо недзе ў высокіх сферах узважваюць палітычныя вынікі гэтай справы, альбо і насамрэч адбываецца нейкі цуд... Тады, як і пазьней, для мяне ўсё гэта было незразумелым, загадкавым, нават дзіўным. Толькі праз гады заслону на закулісьсе Карпюковай справы трохі прыадчыніў былы першы сакратар абкаму партыі Іван Фёдаравіч Мікуловіч... Аказваецца, і насамрэч тады на Карпюковую справу ўзьдзейнічалі і названыя вышэй фактары, і іншыя нябачныя падводныя плыні ў няпростых стасунках і інтарэсах моцных гэтага сьвету. І перш за ўсё – між Міцкевічам і Мікуловічам, старым і новым гаспадарамі вобласьці. Новы насуперак скепсісу старога энергічна правёў пад выглядам эксьперыменту рэарганізацыю сельгасвытворчасьці на аснове брыгаднага падраду, зрабіўшы стаўку на павышэньне матэрыяльнай зацікаўленасьці ў канчатковых выніках працы – і за год-паўтара вобласьць па ўсіх паказчыках стабільна замацавалася на першым месцы ў рэспубліцы, набірала і набірала рост. Вопыт гарадзенцаў загрымеў па ўсім Саюзе. Ва ўсіх сваіх выступленьнях, шматлікіх артыкулах Мікуловіч не прамінаў прыгадваць, што было раней і што стала цяпер, а Міцкевіч усё гэта ўспрымаў як злосныя выпады персанальна ў свой адрас, дзе толькі мог і як толькі мог рабіў падножкі “няўдзячнаму выскачку,” а той адплочваў адпаведным чынам. Іхнія інтарэсы і па Карпюковай справе разышліся дыяметральна: сакратар ЦК Міцкевіч хацеў правучыць, адпомсьціць непачціўцу, які ў Гродне папсаваў яму столькі крыві, а першы сакратар абкаму Мікуловіч менш за ўсё жадаў мець у сваёй прагрэсіўнай парафіі сумніўны палітычны працэс над вядомым пісьменьнікам з магчымым гучным міжнародным скандалам і непрадказальнымі вынікамі. Са сталінскіх часоў санкцыю-адмашку на такія справы давалі першыя партыйныя асобы абласьцей, рэспублік. Мікуловіч, калі да яго прыйшлі абласны пракурор і кіраўнік мясцовага КДБ па санкцыю на ўзбуджэньне крымінальнай справы і арышт Карпюка з папярэднім выключэньнем з партыі, згоды ня даў, вырашыў не пароць гарачку, выказаў пэўныя сумненьні, загадаўшы капнуць глыбей, знайсьці доказы правакатарскай і здрадніцкай дзейнасьці Карпюка ня толькі ў канцлагеры, але і ў бытнасьць камандзірам партызанскага атраду, у час службы ў Чырвонай арміі. Адшукаць, накапаць стала справай прафесійнага гонару чэкістаў і на пошук былі кінуты вялікія сілы. Калупаліся ў нямецкіх, польскіх, партызанскіх, архівах Савецкай арміі ў Падольску, з пэўнай накіраванасьцю апытвалі былых партызанаў, тысячы людзей на тэрыторыі дзеяньня Карпюковага партызанскага атраду – і ўсё безвынікова, ніводнай зачэпачкі... А тым часам узьніклі сумненьні іншага кшталту: ва ўладзе яшчэ заставаліся былыя партызаны на чале з Машэравым, роля партызанскага руху яўна перабольшвалася, ідэалізавалася і нехта выказаў думку: а ці ня ляжа чорнай плямай на ўвесь доблесны партызанскі рух і ягоных кіраўнікоў, як паставіцца Пётр Міронавіч, калі абнародаваць, што сярод здраднікаў і фашыстоўскіх паслугачоў былі ня толькі нейкія адкіды грамадства, а нават камандзіры партызанскіх атрадаў? Наколькі і каму ад гэтага будзе выгадна? Але і спусьціць на тармазах атрымалую розгалас справу – значыць, прызнаць паражэньне, кінуць цень на доблесных чэкістаў... Прыкінулі, што найлепшы варыянт – увогуле адлучыць Карпюка ад партызанкі, абвясьціць самазванцам, і закруцілася ўсё ў гэтым накірунку. З партызанскіх архіваў альбо зусім прыбралі, альбо схавалі далей зьвесткі пра атрад Карпюка, у справу падшылі напісаныя пад дыктоўку сьведчаньні былых партызанаў, нібыта яны ведаць ня ведаюць ні такога камандзіра, ні такога партызана. І канешне ж, вянцом усяго было сьведчаньне былога камбрыга Вайцяхоўскага, які пісьмова засьведчыў, што ў ягонай брыгадзе не было ні такога атраду, ні такога камандзіра. Калі гэта паказалі Карпюку – у таго аж вочы на лоб палезьлі, тут жа сабраўся і памчаўся на ленінградскі цягнік, дзе ў горадзе на Няве жыў былы камбрыг, з якім яны падтрымлівалі добрыя стасункі. “Даруй, Лёша, мяне змусілі, нагаварылі на цябе чорт ведае чаго, – прызнаўся той, ледзьве ўбачыўшы ў сябе дома былога баявога таварыша. – Але я хачу памерці сумленным чалавекам, і ўласнаручна засьведчу табе, што было і як было”... Ён тут жа ўсеўся за стол і напісаў і пра сьмелы гераічны атрад, і пра ягонага адчайнага камандзіра Карпюка...

Проста з вакзалу акрылены, узбуджаны Карпюк памчаў у гаркам партыі, пераможна працягнуў першаму сакратару ўласнаручна напісанае і заверанае натарыусам сьведчаньне былога камбрыга, а той і слухаць-бачыць не жадае: у нас ужо ёсьць дакумент, падпісаны Вайцяхоўскім...

Тады ні я, ні хто-небудзь, ні сам Карпюк ня ведалі, маглі толькі здагадвацца пра тыя супярэчлівыя закулісныя інтрыгі. Памятаю сваё поўнае недаўменьне, калі (быў яшчэ загадчык сектару друку) сакратар абкаму Ульяновіч загадаў тэрмінова на ягонай машыне ехаць у рэдакцыю на партыйны сход з разглядам персанальнай справа Карпюка, хоць яшчэ паўгадзіны назад рашылі не пасылаць прадстаўніка абкаму. Аляксандр Іосіфавіч строга наказаў, нічога не тлумачачы, ня ўмешвацца, не выступаць, ніякім чынам і не пры якіх абставінах не выказваць сваёй думкі і пазіцыі, устрымацца ад якіх бы там не было і каму б там ні было каментароў. Дадаў толькі, што справай Карпюка займаецца гаркам партыі, чыім органам таксама з’яўляецца абласная газета, а мая задача паглядзець, як усё будзе праходзіць і падрабязна праінфармаваць яго. З удзячнасьцю падумаў, што ён здымае і цяжар з маёй душы, і аберагае маю чалавечую рэпутацыю. Але навошта тады пасылаць? Праінфармаваць можа і рэдактар... Нешта за гэтым было, а што – не разумеў...

З Карпюком сутыкнуўся адразу ж у калідоры на першым паверсе. Ён нярвова хадзіў узад-уперад, заклапочана паглядваючы на дзьверы, падобна, чакаў некага. Моўчкі паручкаліся. Агледзеў сваім вострым позіркам з пад калматых брывоў, насьцярожана, недружалюбна запытаў:

– І ты прыйшоў мяне тапіць?

Не ўпаўнаважаны на большае, я сказаў толькі, што і ня думаю яго тапіць, падбадзёрвальна паціснуў яму руку вышэй локця і хуценька пайшоў на другі паверх, дзе на пляцоўцы перад залай пасяджэньняў ужо табуніліся, дымілі курцы, заклапочаныя, засяроджаныя. Дружна кінуліся да мяне, сьвідруючы запытальнымі позіркамі. Але што я мог сказаць маім нядаўнім сябрам-калегам!..

З інфармацыяй пра Карпюкову персанальную справу выступіў прадстаўнік гаркаму партыі, які нічога новага да таго, што ўжо ведала журналісцкая брація, не дадаў, прапанаваўшы выключыць Карпюка з партыі. Прапанову ўспрынялі моўчкі, ніхто нават не задаў ніякага пытаньня. Нешта спрабавалі ўдакладняць у Карпюка, які, апроч сапраўднасьці свайго подпісу ў невядомай яму ведамасьці, рашуча адрынаў усе высунутыя яму абвінавачаньні. Трэба сказаць, што гэта было ня з лепшых ягоных публічных выступленьняў, якія мне даводзілася чуць. Першымі ў абмеркаваньні выступілі два адстаўнікі, якія дамагліся стаяць на партуліку не ў домакіраўніцтве па месцы пражываньня, а ў рэдакцыі на той падставе, што сяды-тады друкавалі ў газеце патрыятычныя вершы да рэвалюцыйных сьвятаў, розных знамянальных датаў і падзеяў кшталту чарговых гістарычных партыйных зьездаў, пленумаў і г.д. Яны з належным пафасам дружна кляймілі “здрадніка і фашыстоўскага паслугача, які падманным шляхам пранік у рады ленінскай партыі”, патрабавалі выключэньня і адданьня пад суд. Аднак нехта спакойна і разважліва падаў кампрамісную прапанову: паколькі ў справе многа няяснага, то да поўнага высьвятленьня абмежавацца вымовай з занясеньнем ва ўліковую картку. Яму тут жа запярэчылі: а чаму з занясеньнем? А калі не пацьвердзіцца, то што тады? Дастаткова абмежавацца вымовай. Павісла насьцярожанае маўчаньне. Як ні ўгаворваў загадчык сельгасаддзелу Уладзімір Толкач, які вёў сход, браць слова, ніхто выступаць не хацеў, прапанавалі падвесьці рысу і галасаваць. Як гэта заведзена, у канцы для падвядзеньня вынікаў і дырэктыўных указаньняў старшынствуючы прадставіў слова мне, прадстаўніку абкаму партыі. Мая катэгарычная адмова выступаць, як потым казалі, была ўспрынятая і як акт самаспаленьня, і як празрысты намёк... За выключэньне паднялі рукі, наколькі памятаю, усяго пяць чалавек – у асноўным адстаўнікі і ветэраны. Узьніклі спрэчкі: вымова строгая ці звычайная, з занясеньнем ці без занясеньня, абмежавацца заўвагай альбо проста абмеркаваньнем? Аднак усе разумелі, што яўным пераборам можна нашкодзіць і Карпюку, і самім сабе, дружна прагаласавалі за строгую вымову без занясеньня, якую можна, калі ўсё праясьніцца, зьняць без усялякіх наступстваў. Задаволеныя прынятым рашэньнем тут жа пераключыліся на абмеркаваньне нейкага іншага пытаньня, а я хуценька зьнік, каб далажыць, як усё было, Ульяновічу. Уважліва выслухаўшы мяне, ён зусім не засмуціўся...

Потым Карпюк прызнаваўся, што з таго сходу вельмі запаважаў мяне, і слухаць не хацеў, што не было ніякага майго ўчынку, бо паводзіць так меў загад ад Ульяновіча. Аляксей Нічыпаравіч ставіўся прадузята і не заўсёды справядліва да гэтага чалавека.

Рашэньне партыйнага сходу выклікала прыкрасьць у арганізатараў і натхняльнікаў судзілішча над Карпюком, але ў іх была магчымасьць абысьціся і без пярвічнай партарганізацыі – бюро гаркаму не пагадзілася і сваім рашэньнем выключыла Карпюка. Аднак выключаны па статуту партыі меў права на апеляцыю ў вышэйшыя інстанцыі, аж да ЦК КПСС, якое, натуральна, ня мог не скарыстаць Карпюк, каб выйграць час і нейкім чынам дапяць да тых канцлагераўскіх архіваў у Польшчы. Прайшоўшы абкам, ягоная справа пасьля праверкі і заключэньня рэспубліканскай парткамісіі лягла на стол Машэрава, пры кім у адрозьненьне ад іншых рэспублік у Беларусі на пісьменьнікаў і іншых вольнадумцаў-дысідэнтаў не было ніводнай гучнай карнай акцыі. І гэтая, Карпюкоўская, яму была яўна не даспадобы – усё адкладваў і адкладваў, даручаючы яшчэ і яшчэ раз праверыць і пераправерыць. Тым часам ня спаў у шапку і Карпюк. Акольнымі шляхамі, з захаваньнем колішняй строгай партызанскай кансьпірацыі выйшаў на вядомага польскага пісьменьніка-дакументаліста, папрасіў тэрмінова знайсьці ў архіве, зрабіць бяз выняткаў фотакопію той зласчаснай ведамасьці. І неўзабаве пасланец з Польшчы перадаў з рук у рукі Карпюку... Глянуў – і тут жа ўспомніў, як педантычныя немцы змушалі вязьняў расьпісвацца за пасылкі і грашовыя пераводы з дому і тут жа канфіскоўвалі. І ён некалі расьпісаўся за прысланыя бацькам грошы...

Словам, сфабрыкаваная Карпюкова справа, на якую патрацілі столькі сіл, грошай, нерваў, рассыпалася імгненна, як картачны домік, скончылася вялікім канфузам для ейных арганізатараў. Сьцяўшы зубы, фальсіфікатараў звольнілі з органаў, Карпюку вярнулі партбілет, аднак, нягледзячы на поўную рэабілітацыю, шлейф падазронасьці цягнуўся за ім не адзін і ня два гады, як ў тым анекдоце: ці то ён, ці то ў яго ўкралі кажух, але нешта было... Апошні раз сфабрыкаваная брудная гісторыя адрыгнулася на старонках сумнавядомага пагромнага “Политического собеседника” ўжо ў гады перабудовы. Карпюк падаў у суд, рэдакцыя была вымушаная надрукаваць абвяржэньне, публічна папрасіць прабачэньня і выплаціць яму запатрабаваную маральную кампенсацыю ў памеры... аднаго сімвалічнага рубля! Гэта быў першы ў Беларусі судовы працэс па адстойваньні гонару і годнасьці. Бедны Аляксей Нічыпаравіч у труне перавярнуўся б, каб уведаў, што наступяць часы, калі схоплены за руку з украдзенымі сотнямі тысячаў даляраў чыноўнік высокага рангу, ужо седзячы за кратамі, можа запатрабаваць праз суд ад несімпатычнай уладам газеты і аўтараў, у тым ліку былой падначаленай яму пенсіянеркі, якая ў інтэрв’ю сказала, што ён заваліў работу, маральнай кампенсацыі ў дзясяткі мільёнаў “за падрыў дзелавой рэпутацыі”, і суд задаволіць апетыты арыштаванага злодзея... Што ж, для ўсіх – суддзі тут не выключэньне – рана ці позна, а наступае час Божага суда... Як некалі наступіў для сакратара ЦК Міцкевіча. Захварэўшы на цяжкую невылечную хваробу, ён сьпецыяльна прыехаў у Гродна да Карпюка пакаяцца за свой грэх, папрасіць прабачэньня і дараваньня. Аляксей Нічыпаравіч быў чалавек адыходлівы, незлапамятны, у ім дзіўным чынам ужываліся непахісная воля трымацца сваіх максімалісцкіх маральных прынцыпаў, дамагацца, каб па іх жылі ўсе, хто побач, і нейкая наіўнавата-безабаронная дабрыня, мяккасьць, гатоўнасьць кідацца на дапамогу кожнаму, нават тым, хто кідаў у яго каменьні. Ён з гатоўнасьцю прызнаваў свае памылкі, калі бачыў, што гэта насамрэч памылкі, і высока цаніў людзей, якія таксама ўмелі рабіць тое ж.

А што тычыцца Уладзіміра Фёдаравіча Міцкевіча, то незалежна быў гэта Божы суд ці суд сумленьня, што па сутнасьці адно і тое ж, але ягоны ўчынак выклікае павагу. І зноў, і зноў наводзіць на роздум: а мусіць, праўда, што ўсялякае зло не застаецца ў рэшце рэшт беспакараным...

Усе, хто больш-менш ведаў Карпюка, не сумняваліся: калі б не пайшоў ён у прыгожае пісьменства – яго б чакала бліскучая кар’ера ў адміністратыўна-кіруючых сферах... Мяне даўно займала гэтае ня дужа далікатнае пытаньне, і неяк падабраўшы момант, калі Аляксей Нічыпаравіч быў у лагодным настроі, напаўжарт-напаўсур’ёз запытаў, як кажуць, у лоб: чаму ён гэтак апрыёры ня любіць усялякае начальства? І тут жа выказаў здагадку: мо таму, што начальства аніяк ня хоча заўважаць ягоныя арганізатарска-кіраўнічыя таленты, не дае праявіцца, разгарнуцца? Карпюк зьдзіўлена глянуў з-пад ілба, ніякавеючы, нібыта яго нечакана злавілі на нечым ня надта прыстойным, зыркнуў ваўкавата з-пад калматых брывоў, усьміхнуўся сам сабе, падумаў і пакінуў пытаньне без адказу.

– А ўсё ж?.. – настойваў я.

– А за што яго любіць, начальства?.. – няпэўна, пытаньнем на пытаньне адказаў ён і хуценька пераключыўся на нешта іншае.

Пры ўсёй нелюбові да начальства ён увесь час хадзіў па высокіх кабінетах, каб нешта зрабіць, нешта прабіць, некаму памагчы, нешта паправіць у гэтым недасканалым сьвеце. І менш за ўсё думаў нешта займець, нешта прабіць для сябе асабіста. Я ня ведаю выпадка, каб ён хоць памкнуўся займець нейкую выгоду для сябе.

Што тычыцца арганізатарскіх талентаў, то ў яго былі найпершыя і, бадай, найгалоўнейшыя для пасьпяховага кіраўніка тых часоў якасьці – энергія, напорыстасьць і прабіўная сіла. Самае цікавае: Карпюк ніколі ні ў кога нічога не прасіў, ён патрабаваў, ды з такой наступальнай перакананасьцю і ўпэўненасьцю, што яму проста нельга было адмовіць, перад ім не маглі ўстаяць самыя мацёрыя бюракраты-валыншчыкі. У тым я пераканаўся, і калі ён займаўся рэстаўрацыяй дому Ажэшкі, і калі “выбіваў” для пісьменьнікаў кватэры, ды не абы-якія і не-абы дзе, а ў цэнтры гораду, у дамах з найноўшай планіроўкай, і каб абавязкова быў лішні пакой пад рабочы кабінет. Але асабліва – як упрогся ў арганізацыю музею... Але пра тое варта сказаць асобна...

Пачалося ўсё з пастановы ЦК, якой “з мэтай усебаковага пашырэньня і паглыбленьня матэрыялістычнага сьветапогляду, павышэньня ўзроўню і далейшага ўзмацненьня наступальнасьці антырэлігійнай прапаганды” ў Гродне ствараўся рэспубліканскі музей атэізму. Адказнасьць за ягоную арганізацыю ўскладвалася на абкам партыі і Міністэрства культуры. Гародню выбралі месцам разьмяшчэньня рэспубліканскага музею таму, што, па-першае, тут самы шматканфесійны рэгіён, а па-другое, і самае важнае – тут, як нідзе ў рэспубліцы, захаваліся культавыя пабудовы, адну з якіх, натуральна, меркавалася перадаць пад музей. Была пастанова, але адсутнічала хоць нейкая канкрэтызаваная канцэпцыя будучага музею. Ня кажучы, што не было ні кадраў, ні яшчэ не аддадзенага пад гаспадарчыя патрэбы нядзеючага культавага збудаваньня – царквы, касьцёлу, сінагогі. І тут пашкадавалі, што колькі гадоў назад узарвалі ў гістарычным цэнтры гораду царкву і знакамітую Фару Вітаўта – вялізны чырвоны касьцёл, які дамінаваў над горадам. На месцы царквы планавалася ў персьпектыве, зьняўшы бугор, “пасадзіць” новы будынак абласнога драматычнага тэатру, а замест велічнага касьцёлу побач з аблсаўпрофам разьбілі худасочны скверык з круглай клумбай пасярэдзіне. Пад музей у рэшце рэшт выбралі цэркаўку з па-жывому абламанай наўскось вершалінай, дзе ў комплексе з прыбудаванымі манастырскімі кельлямі разьмяшчаліся дтсаафаўскія тэхнічныя службы, майстэрні, розныя складскія памяшканьні.

Але, перш за ўсё, трэба было знайсьці дырэктара, каб быў і добры гаспадарнік-арганізатар, і кеміў, што за музей стварае, і каб згадзіўся пачынаць усё з нуля. Тыя, хто мог згадзіцца, нічога, апроч змаганьня “з опіумам для народу”, і то пераважна ў тэарэтычным плане, ня ўмелі, а тыя, хто ўмеў і мог “пацягнуць”, ведалі, што за работка чакае, і катэгарычна адмаўляліся. Перабіралі магчымыя і немагчымыя кандыдатуры, аж раптам мне ў галаве цюкнула: Карпюк! Арганізатар – што трэба, валодае праблемай – толькі што на мясцовым матэрыяле напісаў раман антырэлігійнага накірунку і зьместу “Вершалінскі рай”. Яму і карты ў рукі!

Сакратар абкаму партыі па ідэалогіі Еўдакія Яфімаўна Емяльянава, рашуча падтрымала, даручыла мне неадкладна сустрэцца з Карпюком, пагаварыць, угаварыць, калі спатрэбіцца, папрасіць помачы ў Быкава. Трэба сказаць, у адрозьненьне ад многіх жанчын-вылучэнак, што ледзь ці ня масава прыйшлі на высокія ідэалагічныя пасады, і перш за ўсё, параўноўваючы з ідэалагінямі іншых абласьцей, гарадзенцам вельмі пашэньціла, у чым неўзабаве, перайшоўшы на работу ў ЦК, змог пераканацца.

Карпюк тады працаваў прадстаўніком камітэту па аўтарскіх правах па Гарадзенскай і Брэсцкай абласьцях, спраўляўся, але адчувалася, што справа яму ня надта па душы. Распытаўшы, што і да чаго, ён адразу ж згадзіўся, выказаўшы, праўда, сумненьне, што ягоную кандыдатуру прапусьціць Ульяновіч, які са сваёй пасады першага намесьніка міністра культуры, паколькі музей будзе падначальвацца ня толькі абкаму, але і міністэрству. Аднак насуперак ягоным песімістычным прагнозам усё прайшло без аніякіх ускладненьняў, і Аляксей Нічыпаравіч з імпэтам узяўся за справу.

Дтсаафаўцы, не ўступаючы ў канфлікт, сьціснуўшы зубы, уступілі дзьве кельлі будучаму музею, спадзеючыся, што намечанае будаўніцтва іхніх гаражоў, майстэрняў, складоў на ўскрайку гораду зацягнецца на многія гады, і яны, палкоўнікі, маёры, да часу, як спатрэбіцца перабірацца з цэнтру гораду да чорта на выселкі, пасьпеюць выйсьці на пенсію, а там, як кажуць, хоць патоп. Аднак неўзабаве спахапіліся, якога далі маху, упусьціўшы Карпюка на сваю тэрыторыю, усчалі бамбардзіроўку ўсіх магчымых і немагчымых, аж да Міністэрства абароны, інстанцыяў, даказваючы, што перадыслакацыя дтсаафаўскіх тэхнічных службаў падарве абароназдольнасьць краіны, і патрабуючы выкурыць Карпюка з тых дзьвюх кельляў. Ды кепска яны ведалі, з кім маюць справу. Месяцы праз два ў абкам да мяне ў кабінет уляцеў разьнерваваны, рукі трасуцца палкоўнік і істэрычна закрычаў:

– Остановите Карпюка! Уберите Карпюка! – Трохі супакоіўся, выпіўшы прапанаваную мною ваду. – Представляете, я уже боюсь появляться на своей собственной территории. Он затерроризировал всех. Представляете: заставляет меня, атеиста, советского офицера, чинить церковную крышу! Может ты и крест прикажешь воодрузить, спрашиваю? И крыж поставить на место сьледует, отвечает. Да это же издевательство, форменное издевательство!..

Выкурыць Карпюка, канешне ж, палкоўніку не ўдалося, і ён днямі стаў прападаць на сваёй будоўлі за горадам, каб як мага хутчэй разысьціся з настырным музейшчыкам. Карпюк тым часам таксама не даваў драмаць будаўнікам, што ўзводзілі дтсаафаўскую базу, абыходзячы абкамаўскія, аблвыканкамаўскія кабінеты, адкуль маглі падштурхнуць вырашэньне пытаньняў з забесьпячэньнем іх будматэрыяламі, ні на дзень не пакідаў у спакоі дырэктара будтрэсту. На дзіва, будоўлю закончылі ледзь ці не ўдвая раней, чым намячалі самымі аптымістычнымі планамі. Не пасьпелі вайскоўцы забраць свае пажыткі, як Карпюк разгарнуў рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы. Ягонай энергіі хапала на ўсё – і прыдзірліва сачыць за рамонтнікамі і рэстаўратарамі, каб не схалтурылі, і калясіць па ўсёй рэспубліцы, прыглядваючыся ці адразу прывозячы экспанаты для музею. І тут узьнікла закавыка: назва “музей атэізму” ну ніяк ня можа адпавядаць магчымай экспазіцыі, паколькі атэізм не існуе асобна ад рэлігіі, і Карпюкова прапанова дадаць у назву музея слова “рэлігіі” была прынятая.

Даючы згоду ўзначаліць музей, Аляксей Нічыпаравіч паставіў умову: ніхто ня будзе ўмешвацца ў падбор і прызначэньне супрацоўнікаў, арганізацыю экспазіцыі. Згадзіліся, папрасіўшы, каб, як гэта належыць, узгадняў кандыдатуры свайго намесьніка, загадчыкаў аддзелаў, гарантуючы поўную падтрымку. Ён набраў сабе ў штат толькі моладзь – пераважна выпускнікоў педінстытуту, да якіх прыглядваўся, уважліва вывучаў на працягу амаль двух гадоў. Дзяўчаткі і хлопцы пад ягоным кіраўніцтвам працавалі, як мурашачкі, сьцягваючы матэрыялы і экспанаты з ўсёй рэспублікі. Ён радаваўся, як дзіця, калі траплялася нешта арыгінальнае, чаму і цаны няма, заўсёды заходзіў ці званіў таемным голасам: прыходзь – нешта пакажу... За многія гады дтсаафаўцы са сваёй тэхнікай так навандалілі і насьвінячылі ў манастырскіх пабудовах, асабліва ў царкве, што даводзілася траціць месяцы на ачыстку квадратнага метра прамасьленых сьценаў, падлогі. Карпюк сам ня спаў начамі і нікому не даваў спакою, намагаючыся як мага хутчэй зрабіць свой музей дзеючым. Яшчэ не закончыліся рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, як у кельлях разгарнулі часовую экспазіцыю, куды вадзілі студэнтаў, вучняў старэйшых класаў, і супрацоўніцы музею набывалі вопыт, атточвалі сваё экскурсаводчае і лекцыйнае майстэрства.

Нельга не сказаць колькі слоў пра адзін экспанат – гонар і гордасьць Карпюка, вяршыню ягонай кіпучай арганізатарскай дзейнасьці. Трэба быць Карпюком, каб за няпоўны камандзіровачны дзень у Маскве дапяць аж да самога прэзідэнта Акадэміі Навук, знакамітага акадэміка Аляксандрава і без адзінай капеечкі выцыганіць экспанатам для музею найноўшы тады, астранамічна дарагі касьмічны апарат “Пратон” ды яшчэ з бясплатнай дастаўкай у Гародню з Амерыкі, дзе той знаходзіўся на міжнароднай касьмічнай выставе. Везьлі яго спачатку марскім шляхам, а потым з Ленінграду да месца прызначэньня – на сьпецыяльнай чыгуначнай платформе. Выгрузілі на сарціровачнай станцыі Аульс пад Гародняй і магутным аўтацягачом у суправаджэньні міліцыі, якая скіроўвала патокі машынаў на іншыя вуліцы, павезьлі да месца прызначэньня. І тут высьветлілася, што аграмадзіна ня толькі ў царкву, а нават на цесную пляцоўку перад ён ня лезе. Сталі сьпешна маракаваць, што рабіць, і ўрэшце рэшт паставілі ў двары педінстытуту, дзе агромісты, прыгожы “Пратон” і сёньня стаіць помнікам Карпюковай гаспадарча-арганізатарскай дзейнасьці...

Адрэстаўраваная, пафарбаваная ў яркія бела-сінія колеры раней усіх намечаных тэрмінаў цэркаўка-музей цацачкай, цешыла вока, упрыгожыла старадаўнюю Замкавую вуліцу і прылеглы гістарычны квартал з вузенькімі крывымі вулічкамі. Толькі незразумелы жалезны прэнт заместа крыжа выглядаў недарэчна, пачварна, псаваў архітэктурны выгляд і царквы, і акаляючага асяроддзя наогул. У рэшце рэшт паставілі на вежу-цыбуліну ажурны крыж – і ўсё стала на сваё месца...

І ў зьвязку з арганізацыяй музею гісторыі рэлігіі і атэізму Карпюк ня мог не пазнаёміцца і не наладзіць кантакты з Патрыяршым экзархам у Беларусі, які ставіўся да яго паважна, прыязна. А тут прыехаў новы – Філарэт, малады, імпазантны, увесь час у разьездах, і Аляксей Нічыпаравіч, жывучы ў Гародні, усё ніяк ня можа даступіцца да яго. Угаварыў Алеся Адамовіча папрасіць у Філарэта аўдыенцыю на дваіх і пабыць у яго як пісьменьнікі, паколькі ён, Карпюк, як дырэктар музею з атэістычным ухілам, ня дужа зручны субяседнік для маладога Экзарха. Філарэт гасьцінна прыняў іх у сваёй рэзідэнцыі, прапанаваў прычасьціцца каньячком, але на ягонае зьдзіўленьне абодва пісьменьнікі аказаліся поўнымі цьвярозьнікамі. Тым ня менш, завязалася і пацякла гутарка на філасофскія тэмы. Канешне ж, Карпюк не прамінуў пацікавіцца перамовамі Рускай праваслаўнай царквы з Ватыканам, на што гаспадар, зрабіў зьдзіўленыя вочы: першы раз чую пра такія перамовы... Карпюк пераможна “прасьвяціў” яго ня толькі пра ход, але і пра зьмест тых перамоваў, пра што ўведаў з польскай прэсы. Філарэт слухаў надзвычай уважліва, зацікаўлена, вельмі дзякаваў за цікавую і патрэбную яму інфармацыю, а на разьвітаньне папрасіў Карпюка, калі гэта таму ня надта клопатна, паведамляць усё, што зьявіцца ў польскай прэсе пра перамовы.

– Слабак! Пра элементарныя рэчы ня ў курсе... – зрабіў заключэньне Карпюк, калі выйшлі ад Філарэта.

– Слабак! – пагадзіўся Адамовіч.

І няўцям было абодвум знаўцам, што менавіта Філарэт, як тады адначасова і кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Маскоўскага патрыярхату, асабіста вядзе тыя перамовы з Ватыканам...

І калі ўсё было адладжана, увайшло ў нетаропкі, разьмераны рытм музейнага існаваньня, нечакана для ўсіх Карпюк прынёс заяву на звальненьне: маўляў, што ад мяне патрабавалася – зрабіў, сядзець далей – нецікава, зараз дзяўчаткі лепей за мяне ўправяцца, а мне час засесьці за новую аповесьць... На ўгаворы пабыць яшчэ хоць паўгоду, падрыхтаваць сабе дастойную замену, рашуча адказаў: замена гатовая – намесьніца, лепшай ня знойдзеце... На тым і закрылася яркая старонка ягонай арганізатарскай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасьці, якая на жаль не прынесла яму ні славы, ні добрай памяці. Прыйшлі іншыя часы, і музей са словам “атэізм” у назове набыў адыёзна-атавістычнае гучаньне, яго новыя ўлады сарамліва прыкрылі, перадаўшы экспанаты абласному краязнаўчаму музею, а цэркаўку – па прызначэньні, вернікам...

Некалі ў разгар антыбыкаўска-карпюкоўскіх кампаній, і пазьней, дый цяпер час ад часу ў мяне ўзьнікае крамольная думка: а ці не знарок гэтак неразважліва, падкрэсьлена-дэманстратыўна кідаўся ў бой, лез на ражон Карпюк? Мо гэта было нечым кшталту выкліку агню на сябе, кіданьне на амбразуру, каб прыкрыць Быкава, свайго найбліжэйшага таварыша і паплечніка, памкненьне не пакідаць яго самотным, і калі ўжо ісьці на Галгофу, то разам, у зьвязцы? Калі гэта можна было, шукаў і не знаходзіў зручнага моманту, каб па шчырасьці намёкам, паўнамёкам, напаўжартам спытацца ў самога Аляксея Нічыпаравіча, але разумеў усю нетактоўнасьць такога пытаньня і тое, што наўрад ці ён захоча адказваць. Сёньня ўжо няма каму адказаць, таму можна рабіць толькі нейкія здагадкі...

Яны хораша таварышавалі, дружылі больш за два дзесяцігоддзі, хоць мелі абсалютна розныя характары: непапраўны аптыміст і жыцьцялюб, ярка выражаны халерык па натуры Карпюк і гэтакі ж непапраўны песіміст і скептык, заўсёды спакойны і вытрыманы Быкаў – і насамрэч адзінства супрацьлегласьцяў. Тым ня менш я ўстрымаўся б ад слова “сябравалі”, бо гэтае высокае пачуцьцё ўсё ж, мусіць, патрабуе нейкай большай блізкасьці і характараў, і звычак, і няўлоўнай духоўнай энергіі. Зьядноўвалі іх, самых вядомых на Гарадзеншчыне людзей, канешне ж, агульныя літаратурныя інтарэсы, заўсёдная ўзаемавыручка і ўзаемападтрымка, розныя сямейна-бытавыя праблемы. Ня ведаю, ці заўсёды і ўсё яны чыталі, абмяркоўвалі, раіліся, прыслухоўвалі да думкі адзін аднаго перад здачай сваіх новых твораў у друк, а вось абмеркаваньне надрукаванага адбывалася заўсёды, часам даволі крытычна, асабліва з боку Карпюка. Часьцей за ўсё Быкаў не пагаджаўся ці рабіў выгляд, што не пагаджаецца, але ў спрэчкі не кідаўся. Памятаю, неяк у машыне Карпюк са сваёй звычайнай экстравагантнасьцю раптам заявіў:

– Васіль, канешне, ты неблагі пісьменьнік, але і ў цябе ёсьць буйныя недахопы і пралікі...

– Ага... І што ж гэта за недахопы і пралікі? – пацікавіўся Быкаў.

– Сексу ў цябе малавата...

Абодва мы, нават шафёр, аж пакаціліся ад сьмеху. Адзін Карпюк заставаўся сур’ёзны, працягваў:

– Ну хіба “Альпійскую баладу”, а хто, як франтавікі вымруць, усё тваё іншае пра баі і акопы будзе чытаць, каму гэта будзе цікава?

– М-да-а, м-да-а... – перастаў сьмяяцца Быкаў. – Які там секс, калі вакол сьмерць, кроў, гразь...

– Мо хочаш сказаць, што на фронце ніякага сексу не было? – наступаў Карпюк. – Альбо вазьмі партызанку... – І пачаў расказваць розныя гісторыі...

Ня ведаю, ці паймела нейкае ўзьдзеяньне на Быкава тая гаворка, магчыма, тады ён сам ужо выношваў задуму, але новай ягонай аповесьцю была “Пайсьці і не вярнуцца”...

На іхнія стасункі патыхнула халадком толькі на самым-самым канцы гарадзенскага перыяду Быкава, калі Карпюк з найлепшымі памкненьнямі, на правах старой дружбы са звычайнай сваёй напорыстасьцю, ня надта зважаючы на далікатнасьць, шчыра і самааддана ратаваў сямейны човен Быкава, працягваў адчайна змагацца нават тады, калі было відавочна, што човен ня проста даў цечу, а рассыпаўся, пайшоў да дна. Васіль Уладзіміравіч страшэнна не любіў выстаўляць напаказ свае асабістыя справы, не выносіў, калі нехта бяз спросу і такту мкнуўся совацца ў іх, таму празьмерная Карпюкова актыўнасьць з уцягваньнем усіх, хто мог і ня мог паўзьдзейнічаць на Быкава, выклікала ў яго прыкрасьць, пратэст, злосьць і раздражненьне, і ўсё гэта не магло не адбіцца на іхніх стасунках...

Аляксей Нічыпаравіч вельмі перажываў усё гэта, бліжэйшага за Быкава чалавека ў яго не было ў Гародні, ён сумаваў, яму вельмі не хапала Быкава, калі той пераехаў у Менск. Карпюк прыкметна стаў хінуцца да мяне, але я, вядома ж, ня мог замяніць яму Быкава – па-першае, Быкаў ёсьць Быкаў, па-другое, мы былі людзьмі розных пакаленьняў: яму падбіралася пад шэсьцьдзесят, а мне не было і сарака, і па-трэцяе, мусіць і праўда, што пад шэсьцьдзесят ужо не знаходзяць новых сяброў-прыяцеляў, а толькі губляюць старых...

Вестка пра сьмерць Карпюка летам 1992 году напачатку падалася неверагоднай, нейкай недарэчнай памылкай. Яшчэ зусім нядаўна ён прыязджаў у Менск, быў, як заўсёды, поўны энергіі, значна маладзейшы на свае гады, якія нібыта ня мелі ўлады над ім... Я праводзіў яго да самага апошняга ягонага зямнога рубяжу на алеі заслужаных людзей новых гарадзенскіх могілак, пакінуўшы і свае сімвалічныя жменькі жвіру на ягонай дамавіне... Тым ня менш і сёньня кепска сабе магу ўявіць Гародню, вузенькія вулачкі ў ягонай гістарычнай часцы без самабытнай, каларытнай Карпюковай постаці, роўна як і сьціплай Быкаўскай. Для мяне яны дык працягваюць жыць тут у гэтых старажытных мурах, гэтай адшліфаванай нагамі столькіх пакаленьняў старой, але па-ранейшаму надзейнай брукаванцы. Мо таму, што даводзіцца бываць тут, як кажуць, рады ў гады і цяжка прывыкнуць... Ідзеш сярод незнаёмага люду і міжволі паглядваеш, чакаеш насуперак усяму: вось-вось дзе-небудзь з-за павароту на вуліцу Ажэшкі альбо з вечнага натоўпу ля галоўнага ўнівермагу па Савецкай узьнікуць насустрач іхнія знаёмыя постаці, Быкаў усьміхнецца здаля сваёй добрай прыязнай усьмешкай, а Карпюк таропка працягне руку, коратка і энергічна павітаецца: ну, здароў!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю