Текст книги "Блакит"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 21 страниц)
Чамусьці атрымліваецца, што ў круглыя мае даты адбываюцца нейкія важныя, часам нават лёсавызначальныя падзеі, якія пакідаюць сьлед альбо робяць круты паварот у маім жыцьці. Выразна запомніўся 1948 год, калі яшчэ ня ведаў ні рыфмы, ні правілаў вершаскладаньня, напісаў свой першы наіўны і бездапаможны, але надзвычай крамольны верш. Ня памятаю з рыфмай ці бяз рыфмы апавядаў, як пускаю ў вясновыя ручаінкі папяровыя караблікі, і яны даплывуць да рова, а з рова па Спушанцы, Котры да Нёмана, па Нёмане – да сіняга мора, пераплывуць на той бераг і раскажуць, што жыве тут Сталін-зьвер. Свой “твор” не паказаў нікому, схаваў у гумне пад падрубу, дзе паперчыну струшчылі мышы. Потым гады два нічога не пісаў, але то быў, пэўна, першы падсьвядомы покліч да творчасьці. 1958 год стаўся літаральна пераломным у маім армейскім і, вядома, ня толькі армейскім жыцьці, калі на валаску вісела: альбо трыбунал за ўзброены напад на камандзіра, альбо нейкае амаль нерэальнае выратаваньне, пра што амаль з дакументальнай дакладнасьцю напісаў пазьней у аповесьці “Вяртаньне на Саарэмаа”. А 1968 год крута павярнуў маю журналісцкую біяграфію – нечакана і неспадзявана патрапіў на партыйную работу, думаў на які год-два, а яна ўсё доўжылася і доўжылася. Нешта мусіла адбыцца і ў чарговы юбілейны 1978 год. Яно і насамрэч адбылося, якраз напярэдадні саракагоддзя...
Пад канец лета наш цэкоўскі санаторый “Місхор” у Крыме, звычайна, нагадваў сход рэспубліканскага партыйна-гаспадарчага актыву. Хто ў люксе-бункеры з усімі дамачадцамі, хто ўдвух з жонкай ці мужам, але больш уадзіночкі. Тут завязваліся ці ўмацоўваліся прыяцельскія стасункі, у неафіцыйных, нефармальных абставінах на прагулцы, на пляжы ці за чаркай у нечыяй палаце рашаліся важныя службовыя пытаньні, прызначэньні, вылучэньні, на выхадзе са сталоўкі можна было даведацца самыя сьвежыя навіны з Беларусі, у тым ліку і тыя, што яшчэ павінны адбыцца. У першы ж дзень прыезду на вялікае зьдзіўленьне даведаўся, што мяне пераводзяць у ЦК, і нават прычыну гэтага пераводу: нібыта з пашырэньнем зоны ўпэўненага прыёму тэлебачаньне стала іграць першую скрыпку сярод сродкаў ідэалагічнага ўзьдзеяньня на масы, таму пачалося ягонае кадравае ўмацаваньне – дырэктарам праграмаў нядаўна кінулі аднаго з намесьнікаў Паўлава Каваленку, а старшынём Дзяржтэлерадыё толькі што прызначаны вядомы паэт, галоўны рэдактар “Маладосці”, былы ўласны карэспандэнт “Правды” па Беларусі Генадзь Бураўкін, перад якім пастаўлена задача карэнным чынам павысіць ідэйны і творчы ўзровень тэлеперадачаў. У зьвязку з гэтым узьнікла партэба мець у ЦК куратарам тэлерадыё чалавека творчага і адначасова вопытнага партыйнага работніка, кампетэнтнага ў пытаньнях тэлебачаньня, радыё, літаратуры і мастацтва. Лепшай за маю кандыдатуру, быццам бы не знайшлі...
Усё гэта нібыта і было падобна на праўду, але я ня надта даваў веры, каб прымаць усур’ёз – колькі гэтакай інфармацыі так і застаецца на ўзроўні плётак-пагалосак!.. Апроч усяго, шчыра кажучы, яшчэ ня ведаў, ці хачу, ці варта пераязджаць у Менск. Праз колькі дзён у Місхор прыехаў Міхаіл Вырвіч, інструктар аддзелу прапаганды ЦК, з якім мы даўно добра зналіся як журналісты, і адразу ж сталі бавіць час у адной кампаніі. Ён прывёз сякую-такую цікавую для мяне канфідэцыйную інфармацыю аб перамовах Паўлава і Кузьміна з Емяльянавай і Кляцковым аб маім пераводзе ў Менск, нібыта дайшло да Машэрава, які сказаў: як сам вырашыць – так і будзе. Міхаіл па-сяброўску параіў добра падумаць, перш, чым прыняць рашэньне. У мяне склаліся даверлівыя, нават прыяцельскія стасункі са многімі работнікамі аддзелу прапаганды, і быў добра наслуханы пра цяжкі характар Паўлава, хоць мае асабістыя сустрэчы і гаворкі з ім пакінулі вельмі прыстойнае ўражаньне аб ім, перш за ўсё як аб чалавеку дзелавым, рашучым. У час прагулак тэт-а-тэт Міхаіл прыадкрыў мне шмат якія таямніцы аддзельскага “мадрыдскага двара” і я падумаў: насамрэч варта агледзецца і ня лезьці на скрут галавы...
Тыдзень адпачынку, што яшчэ заставаўся пасьля санаторыю, я намерыўся правесьці дома ў вёсцы – калі пройдуць дажджы, то патраплю на самыя грыбы, а лепшага адпачынку для душы, чым пахадзіць з кашом па запаведных баравіковых мясьцінах, ніколі для мяне не існавала і не існуе. Ды, як кажуць, не загадвай наперад. Не пасьпеў вярнуцца з Місхору, як паступіла каманда – тэрмінова быць у ЦК, у Паўлава. Еўдакія Яфімаўна Емяльянава расказала пра перамовы наконт мяне з Паўлавым і Кузьміным. Амаль нічога новага яна не паведаміла, апроч службовай персьпектывы, якая чакае мяне, калі адмоўлюся і застануся ў Гародні: праз год-два – пасада загадчыка аддзелу, а праз нейкі час з ейным выхадам на пенсію – сакратарская. Першае, канешне ж, магло быць рэальным, а другое – чыстай вады фантастыка: ніхто не дапусьціць дээмансіпацыю ідэалагічных кадраў. Але самае галоўнае – партыйна-чыноўная кар’ера мяне зусім перастала цікавіць, задавальняла цалкам цяперашняя пасада, якая добра сумяшчалася з літаратурнай працай, таму зьязджаць з Гародні, дзе так хораша пішацца-працуецца не хацелася. Але спакваля даймалі і іншыя: а чаму гэтак жа хораша пісацца-працавацца не павінна ў Менску? Там літаратурны асяродак, там усе выданьні, у рэшце рэшт туды толькі што перабраўся Быкаў, пачувае сябе някепска. І яшчэ вельмі цікавым, заманлівым падаваўся тэлерадыётандэм з няўрымсьлівым рупліўцам беларусчыны Генадзем Бураўкіным, з кім пасьпеў добра падружыцца... Адно насьцярожвала, палохала – невядома, як з маім характарам складуцца стасункі з Паўлавым. Але супакойваў сябе: а што Паўлаў! Атрымаю кватэру ў Менску, а там – што будзе то будзе... У рэшце рэшт, калі наскочыць каса на камень, – плюнуць на ўсё ды падацца ў якую-небудзь газету ці часопіс. А куды ў Гародні падасіся, калі надыйдзе час разьвітвацца з абкамам...
Ехаў у ЦК начным гарадзенскім цягніком, канчаткова і адназначна не вырашыўшы для сябе: згаджацца ці адмаўляцца. Як кажуць, і хочацца, і колецца, і мамка не дазваляе. Цягнік прыбываў у Менск раненька, і ўжо да дзевяці я быў у прыёмнай загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК Савелія (за вочы ўсе звалі яго Саўкам) Яфімавіча Паўлава. Сакратарка падміргнула з разуменьнем: што, у нашым палку прыбыло? І без усялякіх удакладненьняў прапусьціла ў шэфаў кабінет. Масіўная фігура Паўлава аж выпраменьвала прыязнасьць, зычлівасьць, дэмакратычнасьць, і я зноў засумняваўся, што ўсё чутае пра ягонае самадурства, праўда. Ён адразу ж адклаў убок сьвежыя газеты, стоячы павітаўся, і калі я сеў ля прыстаўнога століка, пачаў без усялякага ўступу, ледзь ці не па-сяброўску:
– Я вельмі хачу, каб вы згадзіліся і прыйшлі ў аддзел...
Словам, неўзабаве мы былі разам паверхам вышэй у сакратара па ідэалогіі Кузьміна, якога ня раз слухаў на розных нарадах, семінарах. У ягоным кабінеце, зрабіў для сябе адкрыцьцё: аказваецца, ён надзвычай цікавы, разумны, уважлівы суразмоўца. Кузьмін літаральна зачараваў і сваёй простасьцю, даступнасьцю, і жывымі, маладымі, дапытлівымі з лёгкай хітрынкай вачамі, і ўменьнем слухаць суразмоўцу, і незвычайнай мяккай тактоўнасьцю.
Тады я і не здагадваўся, якую ролю адыграе гэты чалавек у маім лёсе...
Належала яшчэ пабыць на гаворцы ў загадчыка аддзелу аргпартработы Якушава, другога сакратара ЦК Аксёнава і, нарэшце, заручыўшыся іхнімі візамі, ісьці да самога Машэрава. Да Якушава і Аксёнава мусіў суправаджаць па рангу хто-небудзь з намесьнікаў Паўлава, аднак на гэты даволі фармальны абавязак ня надта зважалі і суправаджаць з дакументамі ў папачцы даручылі інструктару Міхаілу Вырвічу. Да Машэрава, канешне ж, мусіў весьці як мінімум сам Паўлаў. Аднак адбывалася ўсё чамусьці не ў планавы кадравы дзень, калі гутаркі з вылучэнцамі праходзяць першым чынам у начальства, таму прыёму ў Аксёнава давялося чакаць ледзь ці не да самага вечару. З Аксёнавым да гэтага давялося дзіўным чынам двойчы сутыкацца ў жыцьці, хоць пра тое ён, канешне ж, ня мог і здагадвацца. Першы раз, здаецца, у пятым ці шостым класе ў нашай вясковай бібліятэцы, калі нейкі прыезджы дзядзька дужа зьдзівіўся, што я прынёс здаваць “Железный поток” Серафімовіча, які прачытаць мне парэкамендаваў прыблудны сусед-грамацей Ягор Ціханаў. Незнаёмец тут жа ўчыніў мне экзамен па прачытанай кнізе і, пераканаўшыся, што насамрэч прачытаў і ўсё зразумеў, вельмі пахваліў. Ад бібліятэкаркі потым даведаўся, што гэта быў сакратар абкаму камсамолу Аксёнаў. А праз нейкіх пяць гадоў ён падпісваў мне, маладому супрацоўніку шчучынскай раёнкі, пуцёўку на Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, вядома ж, і не здагадваючыся, што перад ім той самы вясковы хлапчучок, які ў пятым класе асіліў “Железный поток”. Канешне ж, і зараз ён ня мог здагадвацца, а нагадваць пра тое ў гэтых варунках з майго боку было б крайняй бестактоўнасьцю. На гэты раз Аксёнаў, палымяныя прамовы якога я ня раз слухаў з захапленьнем, расчараваў, пакінуў непрыемны астой на душы, хоць гаварыў мне правільныя і разумныя рэчы, асабліва, калі стаў даваць характарыстыку з надзвычай высокімі ацэнкамі Генадзю Бураўкіну, які, на ягоную думку, унікальна і шчасьліва спалучае ў сабе паэтычны дар, высокія маральныя, чалавечыя якасьці, усебаковы інтэлект і выдатныя арганізатарскія здольнасьці аналітыка і палітыка буйнога маштабу, што надзвычай рэдка сустракаецца ў творчым асяроддзі. З гэтым я быў цалкам згодзен, як і з тым, што неабходна нам з ім працаваць у поўным паразуменьні і адным тандэме, дапамагаючы яму і аберагаючы ад розных зласьліўцаў, зайздросьнікаў, непрызнаных геніяў, якіх аж занадта сярод творчага люду.
Ад’езд у Менск супаў з маім саракагоддзем, і гэтыя дзьве падзеі адзначылі разам, у адзін прысяд. Гарадзенскія калегі падарылі мне на той час шыкоўны транзістарны радыёпрыёмнік рыжскай вытворчасьці, які спраўна служыць па сёньняшні дзень, і акуратна выгравіраваны цёплы надпіс на нікіліраванай аблямовачцы сагравае душу, выклікаючы добрыя і ўдзячныя ўспаміны і аб працы ў Гарадзенскім абкаме на Замкавай гары, і аб сябрах-таварышах, шмат каго з якіх ужо, як і самога абкаму, няма на гэтым сьвеце...
Разьвіталіся шчыра, у шумным сяброўскім застольлі, хоць яшчэ амаль два гады быў павязаны з Гародняй, пакуль там заставалася сям’я – чакалі і, каб сын Сяргей закончыў на месцы дзесяцігодку, і здачы цэкоўскага дому па Пуліхава, каб атрымаць кватэру ў новым доме. Можна было і чакаць, маючы ладную страху над галавой у цэкоўскім інтэрнаце, празванага начлежкай. “Начлежка” была зусім побач – на спуску вуліцы Карла Маркса да Янкі Купалы ў квартале старых дамоў, пабудаваных яшчэ палоннымі немцамі, уяўляла сабой прасторную пяціпакаёвую двухузроўневую кватэру з асобным уваходам са двара. На першым паверсе, дзе была кухня, ванная, душ, туалет, у трох пакоях маглі пражываць па два-тры чалавекі, а на другім былі два аднамесныя пакойчыкі, адзін з якіх займаў галоўурач лечкамісіі Мікалай Міхайлавіч Макарэвіч з маладзенькай мілай і сімпатычнай жонкай Валечкай і маленькім сынам, другі – дастаўся мне, каму належала глядзець тэлевізар ня дзеля свайго задавальненьня, а ў сілу службовых абавязкаў. Хто больш, хто менш, але праз “начлежку” праходзілі ледзь ці ня ўсе работнікі ЦК, прызваныя ў Менск з перыферыі. Іншы раз яна амаль пуставала, іншы раз не было ніводнага месца, і тады некаму даводзілася перабівацца ў тлумным інтэрнаце ВПШ. Але гэта ня надта хвалявала часова бяздомных адказных работнікаў, паколькі кожны меў права на мэбліраваную аднапакаёўку з невялічкай куханькай і ўсімі іншымі камунальнымі выгодамі ды некалькімі соткамі для саду і градак за горадам у Атоліне, дзе быў прафілакторый ЦК. З раньняй вясны да позьняй восені сюды спачатку зусім бясплатна, а потым за сімвалічную плату курсіравалі цэкоўскія аўтобусы, пад вечар адвозячы, а раніцай дастаўляючы насельнікаў прафілакторыя і іхніх сямейнікаў у горад на работу. Летам рэдка хто заставаўся ў душным горадзе.
Ніякіх складанасьцяў у пераходзе на цэкоўскі рэжым работы не было – тая ж, што і ў абкаме, чыноўніцкая служба, толькі звужаная па службовых абавязках і адказнасьці да дыяпазону дзейнасьці Дзяржтэлерадыё. Гэта і лепш, што гранічна вызначана парафія, але паколькі тэлебачаньне і радыё займаюцца літаральна ўсім сьпектарам сацыяльна-эканамічнага, культурніцка-ідэалагічнага жыцьця грамадства, значыць, немагчыма было абмяжоўвацца нейкімі ведамаснымі рамкамі, вузкай сьпецыялізацыяй, і гэта таксама было добра. Кінулася ў вочы, што ў адрозьненьне ад абкаму ў калідорах ЦК надаецца куды большае значэньне розным субардынацыйным умоўнасьцям, ад чаго стасункі між работнікамі рознага ўзроўню і розных аддзелаў больш складаныя, чым у абкаме, зафармалізаваныя, ім часта нестае шчырасьці, непасрэднасьці, звычайнай чалавечай цеплыні і ўзаемавыручкі. Магчыма, мне, правінцыялу, гэта толькі напачатку падавалася, бо потым тое перастала заўважацца – ці то першае ўражаньне было памылковым, ці то чалавеку дадзена да ўсяго прызвычайвацца. Асабліва збліжала, ледзь ці не радніла жыцьцё-быцьцё ў Атоліне – і клопатамі на градках, і лазьняй па суботах, і рыбалкай на сажалках, і спаборніцтвамі на спартыўнай пляцоўцы, шахматнымі турнірамі, лыжнымі кросамі зімою, і, чаго ўтойваць, застольлямі па інтарэсах... Практычна з усімі работнікамі свайго аддзелу я быў знаёмы яшчэ з Гародні, а з некаторымі, як Коля Шоба, Міша Вырвіч, Міхал Дубянецкі, Міхась Парахневіч, якога больш чым каго еў поедам Паўлаў, аж пакуль ня выжыў у “Вячэрні Мінск”, і таго раней. Са многімі з іх меў прыяцельскія, мо нават сяброўскія стасункі. Ну і, канешне ж, наш гарадзенскі Мікола Жылінскі, які пасьля Мітронаўскай слабады асеў у сектары друку. У аддзеле аргпартработы працаваў мой паплечнік па мітронаўцы Жэня Рабко, а трохі пазьней і Валянцін Жвалеўскі, які ў свой час зьмяніў мяне ў абкаме на пасадзе загадчыка сектару, а потым з намесьніка рэдактара “Гродненской правды” падаўся па маіх сьлядах у Маскву.
Неяк адразу ж сышліся з непасрэдным шэфам Васілём Аляксандравічам Каленчыцам, былым рэдактарам брэсцкай абласной “Зари”, якога спачатку прызначылі загадчыкам сектару газетаў, часопісаў, выдавецтваў, а потым – намесьнікам загадчыка аддзелу. Ён ня надта трымаў нейкую службова-паказную дыстанцыю з падначаленымі, быў просты, адкрыты, непасрэдны, аўтарытэтны ў журналісцкім асяроддзі, са сваёй пазіцыяй, якую без аглядкі, часам ня надта цырымонячыся і зважаючы на пасады, мог выказаць кожнаму. Ён ведаў сабе цану і стаўленьне да сябе Машэрава. Васіль Аляксандравіч быў сьпецыялістам экстра-класу, узначальваў групу, якая даводзіла да ладу, рабіла апошнія філігранныя штрышкі самых адказных дакументаў, і перш за ўсё прамоваў, дакладаў, артыкулаў Машэрава, які без ухваленьня групы ня браўся ні чытаць прамовы, ні падпісваць артыкулы і іншыя дакументы. У групу, ці як яе звалі, мазгавы цэнтр, апроч Каленчыца, пастаянна ўваходзілі загадчык аддзелу планавых і фінансавых органаў Рыгор Вячорка, кіраўнік лектарскай групы Сіман Ходас, у якасьці эксьпертаў маглі прыцягваць каго заўгодна. Ні Каленчыца, ні Вячорку і Ходаса ад выкананьня сваіх непасрэдных службовых абавязкаў ніхто не вызваляў, і рэдка калі ім удавалася пакідаць будынак ЦК раней дзесяці вечару ці мець вольнымі выхадныя. Каленчыц стаў прыглядвацца да мяне і даручаць сёе-тое... Ня ведаю, якім чынам дайшло да Аляксандра Трыфанавіча аб спробе і мяне прыцягнуць да так званага мазгавога цэнтру, але неяк без аніякай патрэбы паклікаў мяне, запрасіў у пакой адпачынку, што лічылася найвялікшым даверам, прапанаваў кубачак кавы, цыгарэты і гэтак хітранька запытаў:
– А ты ўмееш пісаць левай нагой?..
– Ды-ы... – зьбянтэжыўся, разгубіўся я, не разумеючы, куды хіліць, што мае на ўвазе сакратар ЦК – ці не спадабалася яму падрыхтаваная мною нейкая паперчына?
Ён усьміхнуўся сам сабе, між іншым, як ён часта умеў сказаць нешта важнае ледзь ці не падтэкстам, працягваў:
– А ты паспрабуй іншы раз пісаць і левай нагой, каб адчапіліся, інакш – неба падасца з аўчынку... Пішы свае аповесьці і не сушы мазгі на... – Ён ня стаў даказваць, спадзяючыся на маю здагадлівасьць, і перавёў гаворку на нешта іншае...
Я ўсёк, і хоць гэта давалася няпроста, але... Ня мог толькі дазволіць сабе пісаць левай нагой, што мела непасрэднае дачыненьне да маіх службовых справаў і, канешне ж, для Кузьміна. Калі з першымі спраўляўся даволі проста, то з другім... Рабіць нейкі матэрыял ці дакумент для АТК (так, па першых літарах ледзь ці ня ўсе за вочы звалі Аляксандра Трыфанавіча) заўсёды было выпрабаваньнем. Асабліва па першым часе, пакуль ня ўведаеш ягонай методы і звычкі. Як бы ты ні выкладваўся, як бы не адшліфоўваў кожнае слоўца, кожны сказ мо ўжо ў дзясятым варыянце, можна было не сумнявацца, што гэта яшчэ ня ўсё, хоць ён вельмі пахваліў і падзякаваў. Не праходзіць і гадзіны, як імчыць памочнік Зіновій Прыгодзіч, якога потым зьмяніў мой аднакашнік па Мітронаўскай слабадзе Лёня Анішчанка з пакрэсьленым, сьпісаным ня дужа разборлівым почыркам АТК толькі што ўхваленым тэкстам. Расшыфроўваем, разумеем, што гэта ўсё куды горш, чым было, але воля аўтара ёсьць воля аўтара. Разам нешта апускаем, нешта выпраўлям, амаль упэўненыя, што гэта яшчэ не апошні варыянт. Бывала, ужо ля пад’езду чакае машына адвезьці АТК у аэрапорт ці ехаць некуды выступаць, а ён усё крэмсае тэкст, каб пасьля, як выйдзе за трыбуну заблытацца канчаткова ў сваіх праўках-папраўках, і нічога не застанецца, як адкласьці паперчыну і выступаць без шпаргалкі. Тым ня меней змушаў рыхтаваць кожнае сваё выступленьне, нават калі гэта было нейкае звычайнае вітаньне. У адрозьненьне ад большасьці начальнікаў ён зусім спакойна ставіўся, калі правілі ці зусім выкідвалі напісанае ім, а праўкі, на ягоную думку, паляпшалі тэкст. Але гэтая думка трымалася нядоўга, і ён зноў мо ў дзясяты раз пачынаў перакрэмзваць, каб урэшце рэшт пагоршыць ці зрабіць зусім непрыдатным альбо непатрэбным, чаму аддадзена столькі чужых і ягоных нерваў, часу. АТК усё гэта разумеў, амаль заўсёды пачуваў сябе ніякавата перад тымі, чыя работа і час былі марна патрачаны па ягонай волі, але нічога ня мог зрабіць са сваім характарам, сваім глыбокім перакананьнем, што на сьвеце не існуе нічога абсалютна дасканалага, абсалютна ідэальнага, ня раз пры мне казаў, што нізашто ня можа прыпадобіцца тым, хто спакойна выходзіць за трыбуну, нават не прачытаўшы папярэдне падрыхтаваны падначаленымі ці памочнікамі тэкст. І вельмі любіў прыгадваць колішняга першага сакратара сталічнага гаркаму партыі Варвашэню – чалавека самабытнага, яркага, гаспадарлівага, сапраўднага народнага самародка, пры якім ён служыў загадчыкам аддзелу прапаганды і адначасова быў галоўным пісарам ягоных самых адказных дакладаў і прамоваў. Варвашэня амаль ніколі да выхаду за трыбуну не чытаў падрыхтаваныя яму прамовы, аж пакуль...
АТК у добрым гуморы любіў расказаць амаль анедактычную гісторыю, якая з ягонай ласкі адбылася з Варвашэнем на знакамітым пленуме ЦК КПБ, дзе неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна па ініцыятыве Берыі абмяркоўваліся перагібы ў бок вялікадзяржаўнага рускага шавінізму, неадкладнай карэнізацыі нацыянальных кадраў у саюзных рэспубліках і пераходзе на нацыянальныя мовы, усталяваньні ленінскіх нормаў у нацыянальнай палітыцы. У сувязі з гэтым было намечана замяніць на пасадзе першага сакратара ЦК рускага Патолічава на беларуса Зімяніна. Ініцыятыва з Масквы сталася настолькі нечаканай, настолькі ня ўкладвалася ні ў якія звыклыя рамкі і ўяўленьні зрусіфікаванага, сьмяротна напалоханага нацыяналістычнымі жупеламі беларускага чынавенства, што яно анямела, разгубілася, ня верачы сваім вушам, успрымала ўсё гэта, як нейкі палітычны выверт. Толькі адчайныя аптымісты-летуценьнікі паверылі ў вяртаньне да задушанай у канцы дваццатых – пачатку трыццатых гадоў беларусізацыі, у тое, што насамрэч адкрываецца гістарычная персьпектыва наладзіць у рэспубліцы сваё нацыянальна-культурнае жыцьцё. Але большасьць кансерватыўнага па сваім менталітэце, ня схільнага да пераменаў беларускага чынавенства ўспрымала кампанію насьцярожана, нават варожа. Разам з тым не магло, ня ў стане было аслухацца першапрэстольную, тым больш, што ініцыятыва сыходзіла ад самога ўсясільнага Лаўрэнція Паўлавіча, каго аслухвацца да нядаўняга часу мог толькі адзін чалавек – таварыш Сталін.
Патолічаў у рэспубліцы меў аўтарытэт і добрую рэпутацыю. Ён вывучыў беларускую мову, прыязна і з павагай ставіўся да нацыянальных і культурных традыцыяў народу, у вялікадзяржаўных шавіністычных замашках куды больш можна выло вінаваціць кіраўнікоў беларусаў па нацыянальнасьці, чым гэтага рускага. Таму да пленуму рыхтаваліся ўсур’ёз і грунтоўна. Абгаварылі, расьпісалі, хто павінен выступіць, што сказаць. Натуральна, запеўку павінен зрабіць кіраўнік самай буйной – сталічнай партыйнай арганізацыі Варвашэня, адзін з вядомых кіраўнікоў камуністычнага падпольля і партызанскага руху на Меншчыне. Ён атрымаў абсалютна канкрэтныя ўстаноўкі, якія давёў свайму загадчыку аддзелу прапаганды і агітацыі Кузьміну, а той начыста праігнараваў усе, на ягоную думку, сумніўныя шэфавы ўстаноўкі, скляпаў самае што ні ёсьць кандовае выступленьне пра посьпехі і дасягненьні сталіцы, нафаршыраваўшы сотнямі лічбаў і прозьвішчаў перадавікоў, наватараў вытворчасьці. Як заўсёды, Варвашэня пайшоў за трыбуну, папярэдне не зазірнуўшы ў тэкст. Пад зьдзіўленыя, недаўменныя позіркі прысутных зачытаў падрыхтаваны банальны тэкст, дзе не было нават упамінку пра сутнасьць пастаўленага на абмеркаваньне пленуму вострага пытаньня. Вушлым партыйным чынавенствам гэта ўспрынялося як намёк, як нейкі сігнал. І іншыя сталі выступаць з аглядкай, а калі дайшло да галасаваньня – не хапіла галасоў вызваліць Патолічава. Гэта быў нечуваны скандал, нечаканы выклік Маскве. Варвашэню тут жа паклікалі на цугундзер: як гэта разумець?! Вы што, забыліся, пра што дамаўляліся?.. Гэта папахвае правакацыяй...
Учарнелы, разьятраны Варвашэня вярнуўся ў гаркам, паклікаў Кузьміна, выліў на яго ўсю сваю злосьць і тут жа падпісаў рашэньне аб звальненьні неслуха без прадастаўленьня нейкай іншай работы...
Ды зусім нядоўга прабыў беспрацоўным апальны Кузьмін – роўна столькі, колькі доўжылася тая нечаканая і дзіўная беларусізацыя: Берыю арыштавалі, абвясьціўшы ворагам народу, агентам замежных выведак, і ўсё вярнулася на кругі свая... У сталыя гады, пазнаёміўшыся з абнародаванымі дакументамі пра бурную рэфарматарскую дзейнасьць крывавага Лаўрэнція пасьля сьмерці Сталіна, так і не магу сабе адназначна адказаць, што гэта было: ці насамрэч празарлівае бачаньне, спроба перавесьці стрэлкі з тупіку, куды кацілася краіна, на больш-менш цывілізаваныя рэйкі, ці проста каварная і хітрая палітычная гульня з адзінай мэтай – запалучыць абсалютную ўладу, а потым ужо вядомымі, адладжанымі метадамі ўправіцца і з рэфарматарамі, і з засьвечанымі нацыяналістамі? Хто ж яго ведае, як і куды магло павярнуцца...
Заўзятых беларусіфікатараў тады, канешне ж, не судзілі і не растрэльвалі, а проста паціху адных пазасоўвалі на наменклатурныя задворкі тут на месцы, другіх разам з прэтэндэнтам на першую ролю ў рэспубліцы Зімяніным забралі на малапрыкметныя пасады ў Маскву, а самога прэтэндэнта саслалі на дыпламатычную работу ў Манголію, трэціх адправілі на заслужаны адпачынак. Ніхто з іх так і не падняўся, хіба толькі Зімянін праз колькі дзесяцігоддзяў ужо ў шаноўным узросьце ўсплыў на саюзным партыйным алімпе на нейкіх дзясятых ролях, без членства і кандыдацтва ў палітбюро. А тады беларускую кампартыю, якая адзінай сярод саюзных рэспублік ня вызваліла свайго рускага першага сакратара, абвясьцілі ўзорам палітычнай сьпеласьці і інтэрнацыяналізму, а наймудрэйшым стратэгам і тактыкам прызналі сталічнага першага сакратара Варвашэню. Празарлівага Кузьміна той, вядома ж, вярнуў на ранейшае месца, адкуль і пачалося ягонае службовае ўзыходжаньне. А тая кароценькая, дзіўная беларусізацыя пакінула свой злавесны сьлед. Рускага Патолічава неўзабаве забралі на міністэрскую пасаду ў Маскву, і першай асобай у рэспубліцы ўпершыню стаў беларус па нацыянальнасьці Мазураў, пры якім вышэйшая школа стала цалкам рускамоўнай, а ў гарадах, раённых пасёлках, нават невялікіх мястэчках практычна вынішчана беларускае школьніцтва.
АТК любіў прыгадваць той павучальны эпізод у сваёй біяграфіі, калі трэба было падкрэсьліць неабходнасьць абачлівага стаўленьня да далікатных, непрадказальных і сьлізкіх нацыянальных пытаньняў і праблемаў, дзе асабліва чуйна трэба трымаць нос па ветры.
– Што меў бы, хто ведаў бы сёньня Варвашэню, каб ня тое дурное выступленьне на пленуме? – усьміхаўся пераможна. – А вось навечна займеў вуліцу ў самым цэнтры Менску. Ні адзін з менскіх першых сакратароў пакуль што не ўдастойваўся такога гонару...
У публічных і нават што ні ёсьць прыватных выказваньнях па нацыянальных праблемах, палітыцы і практычных дзеяньнях маскоўскага кіраўніцтва АТК заўсёды быў крайне асьцярожны і абачлівы, зашпілены на ўсе гузікі. Ён пільна сачыў, каб у сваіх, дый ня толькі сваіх, выступленьнях, нейкіх дакументах з выхадам на Маскву прысутнічала дарэчы і недарэчы ўдзячнасьць вялікаму рускаму народу, старэйшаму брату за помач і падтрымку, ня менш пяці цытатаў, вернападданых кіўкоў і паклонаў у адрас “мудрага ленінскага Палітбюро на чале з верным ленінцам, правадыром сусьветнага пралетарыяту на сучасным этапе Леанідам Ільічом Брэжневым”, а потым Юрыем Уладзіміравічам, Канстанцінам Усьцінавічам. Хоць, здаецца, як чалавек разумны, дасьведчаны ён ведаў цану кожнаму гэтаму “вернаму ленінцу”, але не дазваляў сабе і паўнамёкам усумніцца ў прысутнасьці нават тых, каго любіў і каму давяраў. Пэўна, здагадваўся, а мо і ведаў, якія гаворкі пра геніяльнасьць састарэлых і амаразьмелых маскоўскіх правадыроў вядуцца ня толькі ў творчым, навуковым асяроддзі, але і ў калідорах, кабінетах ЦК, выключаючы, хіба, пяты паверх, дзе атабарваліся сакратары ЦК, іхнія памочнікі і сакратаркі і агульны аддзел, які ў бытнасьць Чарненкі непамерна разбух, надзьмуў шчокі, пачаў рэальна прэтэндаваць на пальму першынства ў партыйнай іерархіі. Іншы раз я, а часьцей непасрэдны і эмацыянальны Сяргей Законьнікаў, загадчык сектару літаратуры, “забываліся”, дзе знаходзімся, і выдавалі ў кабінеце АТК тое, да чаго прызвычаіліся ўжо нашы вушы, і тады сакратар ЦК напалохана глядзеў па баках і папярэджваў, што нас слухае Нікулкін (тады старшыня КДБ). Мы недаўменна паціскалі плячыма: а што такога крамольнага, антыпартыйнага, антысавецкага мы гаворым?.. АТК незласьліва гразіўся пальчыкам, казаў, што з КДБ лепш ня мець справы. Перад гэтай арганізацыяй у яго жыў нейкі містычны страх, хоць былы баявы штурман і ў вайну, і ў мірны час на сваёй высокай пасадзе быў не з палахлівага дзясятку, бадай, адзін з кіраўнікоў рэспубліканскага ўзроўню, членаў бюро ЦК, асьмельваўся апаніраваць, часам вельмі рэзка і жорстка самому Машэраву, выказвацца пра яго, ня дужа хвалюючыся, што праслухоўвае Нікулкін, сьведкам чаго міжволі і не міжволі быў і я. Асабліва, калі на два месяцы стаў ягоным памочнікам заместа Зіновія Прыгодзіча, прызванага на камандзірскія курсы ў так званую Мардасаўскую (па імені начальніка гэтых курсаў) дывізію, праз якую мусіў прайсьці кожны вайсковаабязаны наменклатуршчык ва ўзросьце, здаецца, да сарака пяці гадоў. Яна разьмяшчалася ў мікрараёне Зялёны луг на скрыжаваньні вуліцаў Славінскага і Каліноўскага, дзе зараз атабарылася прэстыжная вайсковая вучэльня. У свой час, калі быў яшчэ ў Гарадзенскім абкаме, і я весела пракантаваўся тут два вясновыя месяцы...
У памочнікаўскія абавязкі ўваходзіла быць заўжды пад рукою ў шэфа, штораніцы ўзгадняць і планаваць ягоны працоўны дзень: нагадаць, што засталося “вісець” з учарашняга, пазаўчарашняга, дзе яму абавязкова трэба быць сёньня, прадстаўляць сьпіс, хто і з чым рвецца на прыём, узгадніць, каго паклікаць, з кім пагаварыць і што каму сказаць па тэлефоне ці пры сустрэчы ад ягонага імені, каго дапусьціць, а каго і блізка не падпускаць да ягонага кабінету, прыдумваючы розныя, аж да фантастычных прычынаў, і перш за ўсё спасылаючыся на неймаверную занятасьць сакратара ЦК. Ну і, канешне ж, даводка да кандыцыі розных дакументаў і бясконцых варыянтаў ягоных важных і зусім дзяжурных выступленьняў. Прыходзіў ён, звычайна, у восем-палове дзявятай і адразу ж клікаў мяне: ну што там у нас на сёньня? Неяк толькі распачаў дакладваць, як рэзка і патрабавальна завурчэў тэлефон, голас якога ня зблытаеш ні з якім іншым – прамы ад Машэрава. Адразу ж у іх пачалася гаворка на даволі высокіх танах, і я палічыў тактоўным хуценька рэціравацца з кабінету, аднак АТК рашучым жэстам спыніў, паказваючы пальцам на крэсла ля прыстаўнога століка: сядзі! Я не зусім разумеў сутнасьць іхняй гэтакай нярвовай гаворкі, але быў зьдзіўлены, уражаны, што АТК здольны так пярэчыць самому Машэраву – ня проста пярэчыць, а зацята брацца з ім у рожкі. Неўзабаве пачуўся характэрны гук і частыя кароткія гудкі, што сьведчыла – Машэраў на паўслове паклаў трубку. АТК выразна, бы шукаючы падтрымкі, разьвёў рукамі: во, бачыш і прыпаліў чарговую цыгарэту. А праз хвіліну шумна адчыніліся дзьверы і ў кабінет рашучым, лёгкім крокам нават не зайшоў, а ўляцеў пачырванелы ад узбуджэньня Машэраў – высокі, стройны, як заўсёды, элегантна апрануты. Не паздароўкаўшыся, ён глянуў на мяне выразна, і мяне бы ветрам выдзьмула з кабінету. Шчыльна прыкрыў за сабой двайныя дзьверы, аднак яны толькі скажалі, а не глушылі іхнія галасы на высокіх нотах. Гаспадыня прасторнай прыёмнай Алена Фёдараўна затрывожана пыталася вачыма: з-за чаго гэта яны там? Што ж здарылася?! Я ведаў ня больш, чым яна, паціснуў плячыма... Не хвалюйся, супакоіла яна, ці першы раз яны так!.. І насамрэч неўзабаве галасы сталі аціхаць, а праз нейкі час адчыніліся дзьверы і ў прыёмную выйшаў Машэраў у суправаджэньні АТК. Яны прыпыніліся, спакойна і памяркоўна працягваючы гаворку, нібы атрасаючы рэшткі нядаўняга ўзбуджэньня...
І ўвогуле тады ніяк ня мог зразумець і па сёньня ня маю адказу, чаму надзвычай асьцярожны і абачлівы ў характарыстыцы маскоўскіх правадыроў АТК дазваляў сабе незалежныя, часам зусім крамольныя ацэнкі менскіх высокіх чыноў, не выключаючы і самога Машэрава, якога любіў і паважаў, аднак гэта не замінала апаніраваць яму. Нават пры падначаленых, сьведкам чаго я быў неаднаразова, АТК не хаваў свайго скептычнага стаўленьня да многіх пачынаньняў Машэрава – як усчатая масавая нарыхтоўка галінкавага корму, як татальнае вынішчэньне балотаў, як так званая матыльковая дыпламатыя з верталётнымі палётамі і пералётамі і г.д. І тут чамусьці ня надта клапаціўся пра вынікі ад магчымых вушэй Нікулкіна ці ад нечыіх даносаў. Пэўна, усё гэта ён выказваў у вочы Пятру Міронавічу. Памятаю, неяк у добрым гуморы ён нечакана завёў са мной даволі філасофскую гаворку пра чалавечыя слабасьці, найзаганьнейшымі з якіх лічыў угодніцтва, лізаблюдства. А потым на маё зьдзіўленьне задумліва і скрушліва сказаў: страшная гэта рэч... Во Пётр Міронавіч, нашто ўжо, здаецца, моцны, прынцыповы, разумны, а часам клюе, з ходу заглытвае самы што ні ёсьць прымітыўны, пячорны падхалімаж... Ці ўзяць тваіх пісьменьнікаў... Аднак нехта зайшоў у кабінет, і гаворка перапынілася. Вельмі шкада, бо ніколі больш да гэтай тэмы Аляксандр Трыфанавіч не вярнуўся, хоць я ня раз рабіў такія спробы – АТК быў чалавек настрою, у ягонай галаве ўвесь час раіліся думкі, ідэі, ён лёгка губляў усялякі інтарэс да таго, што яшчэ зусім нядаўна дужа хвалявала і клапаціла яго ці здавалася надзвычай важным, адметным і дасканалым. Ад таго, пэўна, і ягоныя бясконцыя праўкі і варыянты сваіх і чужых тэкстаў. Гэтыя бясконцыя і бясплённыя стылёвыя пошукі дасканаласьці, мусіць, і не далі магчымасьці напісаць свае, думаю, вельмі цікавыя і карысныя ўспаміны, за якія ня раз браўся, крэмзаў, выкідваў, зноў браўся, зноў заходзіў у тупік.