355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Блакит » Текст книги (страница 3)
Блакит
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 04:11

Текст книги "Блакит"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 21 страниц)

...Канечне ж, у заключным слове мяне “паправілі”, пасьля чаго можна было лічыць, што на маёй журналісцкай кар’еры пастаўлены крыж... А тут гэткі нечаканы кульбіт: узялі на працу ў абкам загадчыкам сектару друку... Праўда, ні Быкаў, ні хто іншы ня ведаў, што пасьля той нарады паклікаў мяне сакратар абкаму Ульяновіч і, не заходзячы ў кабінет, у калідоры амаль прыязна, але па-бацькоўску строга сказаў: “Ты – нармальны і таленавіты хлопец і мая табе парада – ніколі ня лезь на ражон з адкрытым забралам, бо так можна і шыю зламаць. Зразумеў?”.. Тады зразумеў толькі адно: мусіць, пранесла...

Многія чакалі, дый сам Васіль Уладзіміравіч па натуры ніколі ня быў вялікім аптымістам, што чэхаславацкія падзеі нададуць новае дыханьне антыбыкаўскай кампаніі, якая і без таго ўдосталь напсавала яму крыві і нерваў; і ён усур’ёз стаў падумваць аб пераезьдзе ў Вільню, куды клікалі літоўскія сябры: Прыбалтыка ёсьць Прыбалтыка... Аднак, мусіць, заўсёды ўсялякая кампанія разьвіваецца па сваіх унутраных законах: нараджаецца, разьвіваецца, дасягае кульмінацыі, ідзе на спад, канае, ператвараецца ў сваю супрацьлегласьць. Іншага лёсу не магло быць і ў кампаніі па шальмаваньню Быкава. К таму часу, калі воляю выпадку ці лёсу я апынуўся ў абласных калідорах улады, яна ўжо выдыхалася, набывала камічнафарсавыя адценьні і нават ідэалагічна вострыя чэхаславацкія падзеі ўжо ня ў стане былі надаць ёй новае дыханьне... Першае, што мяне ўразіла: у абкаме ніхто, за выключэньнем хіба некалькіх састарэлых артадоксаў з парткамісіі, усур’ёз ворагамі, ідэалагічнымі дыверсантамі Быкава і Карпюка не лічыў. Ні Грышкевіч, ні Ульяновіч, ні Мікуловіч. Дзіўна тады: чаму на кожным пленуме абкаму, гаркаму, райкаму, кожным партгасактыве, кожнай нарадзе, незалежна, што на іх абмяркоўваецца, пляжаць Карпюка і Быкава? Карпюк заўсёды фігураваў першы, паколькі быў членам партыі і з яго больш патрабавалі, хоць амаль усе прэтэнзіі тычыліся твораў

Быкава. Было ўражаньне, што гэта ледзь ці ня нейкае заклінаньне, шаманскарытуальнае дзейства. І па лініі партыі, і па лініі Саветаў, камсамолу, прафсаюзаў... І яшчэ ў мяне, сьвежага чалавека, было ўражаньне, што ўсе разумеюць недарэчнасьць гэтага дзейства, але ніхто не рашыцца перапыніць яго...

Рыхтаваўся пленум па сельскай гаспадарцы, дакладней – пленум па выкананьні рашэньняў чарговага пленуму ЦК КПСС. Пасьля таго, як першаму сакратару абкамуМікуловічу спадабаўся падрыхтаваны мною тэкст пасланьня нашчадкам, якое ён зьбіраўся закласьці ў капсулу на Кургане славы з наказам ускрыць у сотыя ўгодкі Вялікага Кастрычніка, а таксама ягонага артыкулу для “Полымя” без адзінай заўвагі і паправачкі, ён распарадзіўся, каб усе падрыхтаваныя яму даклады і ягоныя выступленьні на пленумах, розных іншых важных мерапрыемствах у Менску і Маскве чытаў і правіў я. Загад першага ёсьць закон, і нават член бюро загадчыца арганізацыйна-партыйнага аддзелу Чагіна, заўсёды трохі ніякавеючы, прыносіла на чытку і праўку матэрыялы для Мікуловіча. Дык вось загадчык сельгасаддзелу Рэпкін напярэдадні пленуму прынёс мне сельскагаспадарчы даклад на старонак 60, у якім пасьля праблемаў штучнага асемяньненьня кароў і пастаноўкі задачаў агітатарам, лектарам, рэдакцыям газетаў і радыё па прапагандзе перадавога вопыту – як заўсёды, два абзацы прыкладна такога сэнсу: у той час, як пад кіраўніцтвам мудрай ленінскай партыі калгаснае сялянства ардэнаноснай Гарадзеншчыны праяўляе небывалы гераізм і працоўны энтузіязм, так званыя пісьменьнікі Карпюк і Быкаў сеюць песімізм і нявер’е ў стваральню сілу і высокі маральны дух будаўнікоў камунізму, займаюцца ачарніцельствам, льюць ваду на млын нашых ворагаў і г.д і т.п.

Во напісаў і падумаў: да якога ж сьмяхоцьця, да якога маразму даходзіла тая антыбыкаўская кампанія! І міжволі прыйшло параўнаньне з апошняй, рэанімаванай больш чым праз трыццаць гадоў тымі ж пабітымі мольлю, але з брэндамі “сучасныя паліттэхнолагі” людзьмі адносна ўжо сусьветна вядомага, Народнага, адзначанага самымі высокімі ўзнагародамі і рэгаліямі Быкава, што змусіла старога, хворага чалавека пакінуць родны кут і чэзнуць на чужыне. У несусьветнай лухце, якую гналі тады, у шасьцідзясятыя гады, на Быкава, можна было ўгледзець хоць нейкі, хоць у самым зародку пробліск хай сабе і скажонай, але нейкай логікі з прыкметамі інтэлекту. А паспрабуй адшукаць хоць самыя што ні ёсьць кволенькія проблескі інтэлекту, тым больш элементарнай логікі ў аўтараў лухты кшталту: “Гэта ня той Быкаў. Таго Быкава, удзельніка вайны, выкрала амерыканская разьведка, калі служыў на Далёкім Усходзе, і падмяніла сваім шпіёнам, у задачу якому паставіла ўзарваць наш лад знутры...” Гэткую чысьцейшай вады шызафранічную туфту на пачатку 21-га стагоддзя на паўнейшым сур’ёзе гнала ў эфір дзяржаўнае радыё... Незаўсёды, аказваецца, розум, у тым ліку і дзяржаўны, разьвіваецца па дыялектычнай сьпіралі...

Рашуча выкрасьліў з дакладу тыя два “карпюкоўска-быкаўскія” абзацы, даправіў з улікам Мікуловічавых стылёвых схільнасьцяў тэкст да канца, аддаў Рэпкіну і стаў чакаць, якая ж будзе рэакцыя. Той пайшоў удакладняць пазіцыю майго

шэфа – загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Грышкевіча, але асьцярожны і хітраваты Анатоль Аляксандравіч ухіліўся ад прамога адказу, паслаў яго да Мікуловіча: ён дакладчык, хай сам і вырашае... Далажылі першаму. Той паклікаў мяне, нахмурыўся, спытаў строга:

– А чаго ты крытыку Карпюка і Быкава выкінуў?

– Якая ж гэта крытыка, Іван Фёдаравіч? Ды ўсё гэта падобна на конскае брыканьне. Колькі ж можна выстаўляцца людзям на сьмех!..

Першы паглядзеў уважліва, падумаў і нечакана сказаў:

– Ладна, і праўда, ляганьне... Ты і з майго выступленьня ў ЦК выкрасьлі таксама...

Адсутнасьць у дакладзе нават упамінку Карпюка і Быкава ў чыноўнага люду выклікала лёгкае зьдзіўленьне і ўспрынята... У чым-чым, а ў такой справе спрактыкаванаму, чуйнаму на павевы і нюансы ў настроях начальства чынавенству ня трэба паўтараць, разжоўваць, даказваць – усё хапае на лёце. І я з усьмешкай назіраў, як вопытныя выступоўцы з райкамаў, райвыканкамаў, вучоныя-аграрыі, нават разумныя старшыні калгасаў пачалі сьпешна выкрэсьліваць са сваіх тэкстаў абзацы. Карпюка і Быкава па-ранейшаму грамілі толькі радавыя прадстаўнікі калгаснага сялянства, выступленьні якім, звычайна, рыхтавалі інструктары райкамаў партыі і выступоўцы мелі строгае ўказаньне: ні на слова не адступаць ад тэксту... З таго пленуму ў вобласьці фактычна спынілася дурная рытуальна-шаманская сьвістапляска вакол пісьменьнікаў. І на рэспубліканскім пленуме было заўважана і ўспрынята адпаведным чынам выступленьне гарадзенскага першага... Не хачу прыпісваць сабе нейкія асаблівыя заслугі, проста – спантанна, кіруючыся здаровым сэнсам, не пасьпеўшы добра ўведаць чыноўныя прамудрасьці, згодна якім высоўвацца з падобнага кшталту ініцыятывамі рызыкоўна і небясьпечна, па сваёй наіўнасьці патрапіў у самую кропку, зрабіў тое, да чаго ўжо было гатова начальства. Гэта праз гады пацьвердзіў мне і сам Мікуловіч, калі прыгадваў той выпадак з хітраватай усьмешкай:

– А я і ведаў, што ты выкінеш... Думаеш, мне не дакладвалі, што ты яшкаешся з Быкавым?

Мяне гэта страшэнна ўразіла. Паашываўшыся трошкі ва ўладных калідорах, многа чаго пабачыўшы, тым ня менш я ня мог і думкі дапусьціць, што тады ў Гродне за Быкавым так пільна сачылі і дакладвалі на самы верх, хто з ім сустракаецца і, пэўна ж, якія гаворкі вядзе... І прыгадалася, як неяк у тыя часы Васіль Уладзіміравіч са шчырай заклапочанасьцю запытаўся, ці не баюся я гэтак адкрыта, на людзях сустракацца з ім? Я недаўменна і абсалютна шчыра зьдзівіўся: а што тут страшнага і незаконнага – мы ж ня змову супроць Савецкай улады ўчыняем? Ён нічога не сказаў, толькі ўсьміхнуўся неяк сумна і трохі загадкава. Па сваёй наіўнасьці я тады не даваў веры Быкаву, што да яго гэтак па-дурному чапляецца цэнзура. У мяне ў сейфе быў той знакаміты сакрэтны “Перечень” – салідны фаліянт, змацаваны пячаткай і подпісам галоўнага маскоўскага “літчыка”, дзе тое, што забаронена друкаваць, даходліва і акуратна раскладзена па палічках, а ўсе аператыўныя зьмены прыкладваліся на асобных паперках з той жа пячаткай і тым жа подпісам. Таго, за што, па словах Быкава, чапляліся да яго, ні ў “Перечне”, ні ў ягоных дадатках і блізка не было. Васіль Уладзіміравіч толькі ўсьміхаўся маёй наіўнасьці, а я паверыў значна пазьней, калі самому давялося сутыкнуцца... Аказалася, “перечень перечнем”, а “літаўскія” жанчынкі, кіруючыся нейкім іншым, тайна спушчаным ім “перачнем”, праяўляюць куды большую ідэйную вытрымку і рэвалюцыйную пільнасьць, чым аўтар, які ў Маскве стацыянарам з чырвоным дыпломам закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і займае пасаду загадчыка сектару ЦК. Ды што казаць пра мяне ці Быкава, калі яны “літавалі” нават самога Машэрава. Насамрэч нейкая д’ябальская сіла стаяла за гэтымі “літаўскімі” жанчынкамі...

Памаленьку, са скрыпам ня толькі ў Гродне, а і ў Менску пасьля рашучых пісьменьніцкіх выступленьняў у абарону Быкава кампанія па цкаваньні пісьменьніка губляла энергію, глухла, выраджалася, хаця сям-там па інерцыі адыёзныя артадоксы і форменныя прыдуркі працягвалі “бараніць сьвяшчэнныя прынцыпы сацрэалізму ад Быкава і яму падобных”. Аднак гэта быў ужо фарс. Быкава на нейкі час пакінулі ў спакоі, бы забыліся, потым сталі зьяўляцца стрымана-асьцярожныя артыкулы, у якіх ужо была спроба аб’ектыўна прааналізаваць ягоныя творы, ягоныя філасофскія, этычныя і эстэтычныя прынцыпы. Тым больш, што была добрая зачэпка для такой гаворкі і сур’ёзнага аналізу – амаль штогод і ў арыгінале, і ў перакладзе на рускую мову выходзілі ў Менску ў “Маладосьці” і ў Маскве ў “Новом мире” новыя аповесьці Васіля Быкава, якія заўсёды мелі шырокі чытацкі розгалас.

А потым... А потым паступова і, канечне ж, заканамерна антыбыкаўская кампанія паціху-памалу пераходзіла, праз няпоўныя два гады перайшла ў сваю супрацьлегласьць. Спакваля, нясьмела, бы вінавацячыся перад пісьменьнікам, сталі гаварыць, пісаць пра станоўчае ў ягонай творчасьці, а неўзабаве ўсё тое, што яшчэ зусім нядаўна шальмавалася, пачало прызнававцца, падавацца як сьмелае наватарства, як найвялікшае дасягненьне Быкава-празаіка. І гэта была праўда. Аднак, як заўсёды ў нас, не абыходзілася без шараханьняў у крайнасьці, перасолаў і перасалодаў, казённай алілуйшчыны, якая так цешыць вушы і душы абласканых уладай творцаў, а сьціпламу, цкаванаму гэтулькі год уладамі і аглабельнай крытыкай Васілю Уладзіміравічу ад гэткай увагі і хваласьпеваў часта хацелася скрозь зямлю праваліцца. Пра гэта ён з поўнай шчырасьцю сказаў у “Доўгай дарозе дадому”, апісваючы свой душэўны стан на ўрачыстым сьвяткаваньні пяцідзесяцігадовага юбілею ў Гродне. Я назіраў за ім тады з сярэдзіны вялізнай залы самага сучаснага і раскошнага на той час Палацу хімікаў. Што я толькі-толькі вярнуўся з Масквы і знаходжуся ў зале – ён і не здагадваўся. Рабіў спробу раніцой пазваніць, павіншаваць, але марна. Мы даўнавата ня бачыліся, я ня мог не прыйсьці на ягоны вечар, пра які даведаўся з абвесткі, як толькі ступіў на прывакзальную плошчу. Шчыра кажучы, было вельмі цікава на свае вочы пабачыць, як адаптуецца ён да грамадскай увагі, да свайго заслужанага прызнаньня, парадавацца за яго. Ад хлопцаў даведаўся, што Быкаў, як толькі мог, упарціўся, адбіваўся ад грандыёзнага публічнага сьвяткаваньня, але не ўстаяў пад напорам абкама, менскіх сяброў, а перш за ўсё Карпюка, які зрабіў сваёй вялікай саюзьніцай жонку Васіля Уладзіміравіча Надзею Андрэеўну.

Гэта быў першы ягоны выхад на такую агромістую аўдыторыю. Кідалася ў вочы, што ў вялізным з пазалотаю крэсьле, падобным на царскі ці каралеўскі трон, у якое ўсадзілі яго на сцэне, ды яшчэ пад уласным партрэтам юбіляр пачувае сябе дужа няўтульна. Ён то здымаў, то навешваў акуляры, то вымаў, то зноў клаў у бакавую кішэню нейкія складзеныя папалам паперкі.

Даклад Алеся Адамовіча, які сьпецыяльна прыехаў з Менску расказаць гарадзенцам, хто такі Быкаў, Васіль Уладзіміравіч выслухаў даволі спакойна, нават абыякава, толькі сяды-тады, калі дакладчык даваў надта ж ужо нязвыкла-высокія, падобныя на лёсткі ацэнкі, круціўся на тым крэсьле, як на гарачай патэльні, усё больш змрачнеючы. А як пачаліся доўгія, падобныя на панегірыкі па нябожчыку, віншаваньні ад рабочага класу, калгаснага сялянства, працоўнай інтэлігенцыі, моладзі і студэнцтва, зачытваньне прывітальных адрасоў ад розных арганізацыяў і працоўных калектываў, панурыў галаву і глядзеў у адну кропку, уцягнуўшы шыю ў плечы, быццам яго ня славілі на ўсе лады, а лупцавалі бізунамі. Ну і калі прарэктар педінстытуту прафесар Барыс Фіх усім даў фору, заявіўшы пад апладысьменты залы, што ў Гродна, як і ў Ясную Паляну да магілы Талстога, будуць езьдзіць пілігрымы з усяго сьвету, здалося, што юбіляру хочацца залезьці пад столік, які стаяў перад ім. Нарэшце, больш чым двухгадзіннае выпрабаваньне дыфірамбамі скончылася і пад апладысьменты далі слова юбіляру. Неяк нязвыкла сутуліўшыся, Быкаў падыйшоў да мікрафону, выняў з бакавой кішэні напісаны тэкст, здранцьвелым голасам прачытаў першы абзац, мусіць, зразумеў, што гэта зусім ня тое, што трэба гаварыць у такой сітуацыі, адарваўся ад паперкі, склаў яе і сунуў у кішэнь,

падзякаваў прысутным за тое, што прыйшлі, сказалі добрае слова, пакланіўся зале – на тым і закончылася першая ўрачыстая частка...

Прывыкаў ён да сваёй славы, дакладней – непазьбежных атрыбутаў і ўмоўнасьцяў па абслугоўваньні яе, цяжка і пакутліва, здаецца, так і не прывык да канца дзён сваіх. Канечне ж, ён ведаў сабе цану і самыя высокія прэміі, званьні, узнагароды, іншыя знакі ўвагі прымаў як належнае, як заслужанае, але ніколі, ні пры якіх абставінах не дазваляў сабе, як гэта рабілі многія, шукаць нейкія крывыя сьцежкі, каб атрымаць яшчэ адзін знак увагі. Ён быў горды і адначасова абсалютна просты, даступны чалавек, арганічна не выносіў пыхі, фанабэрыі, гульні ў геніяльнасьць. Я ня ведаю ніводнага чалавека, хто выстаўляў напаказ сваю нібыта абранасьць і геніяльнасьць, з кім таварышаваў Быкаў, але ведаю нямала блізкіх ці сімпатычных яму людзей, з якімі разыходзіўся рашуча і беззваротна, як толькі тыя захворвалі на фанабэрыю і месіянства, хваробу, якую мы ўжарт назвалі іменем аднаго вядомага літаратара, які сваім галоўным недахопам лічыў няўменьне пісаць кепска і, калі даймалі зайздросьнікі, нібыта сьпецыяльна пачынаў шрайбаць левай нагою, як усе, але прачынаўся раніцай, перачытваў – і атрымлівалася, што напісанае зноў

геніяльнае. Жарт жартам, але гэтая хвароба, як іржа, разьядала і разьядае многія пісьменьніцкія душы. У Быкава да гэтага “ізму” быў абсалютны імунітэт, катэгарычны маральны імператыў, які, чаго там хаваць, нярэдка ўскладняў і без таго няпростае ягонае, у тым ліку і асабістае, жыцьцё. Так, па вялікім рахунку Быкаў быў чалавекам прынцыпу, але калі казаць па шчырасьці, не заўсёды яму хапала прынцыпу і мужнасьці пасылаць к чортавай матары людзей яму несімпатычных, што заўсёды таўкліся-круціліся каля яго, цану якім ён выдатна ведаў. Нейкі ледзь ні гіпертрафіраваны душэўны такт замінаў яму некаму ў нечым адмовіць, праз што часам трапляў у складаныя, нават камічныя сітуацыі. Асабліва напачатку сваёй славы. Прыгадваецца, як пасьля адзначэньня юбілею на афіцыйным узроўні з узнагароджаньнем трэцім па рангу ордэнам напісаць, зьняць на кіна– і відэа стужку Быкава, узяць інтэрв’ю ў нядаўна апальнага пісьменьніка захацелі сотні айчынных і замежных тэле-радыёкампаніяў, студыяў кінахронікі, рэдакцыяў газетаў. Яму званілі, дамаўляліся, а то і без усялякай дамовы (падумаеш, правінцыя!) ехала ў Гродна Бог ведае адкуль пішучая і здымаючая брація. Яму, негаваркому па натуры, трохі каснаязыкаму кожнае інтэрв’ю, асабліва відэазапіс даваўся надзвычай цяжка, патрабаваў душэўных сілаў і часу. Словам, для Васіля Уладзіміравіча пачаўся суцэльны кашмар. Не падымаў тэлефонную трубку, прасіў жонку казаць, што яго няма дома і невядома, калі будзе, прыкідваўся хворым, але ня так проста ўлізнуць ад вопытных “акулаў пяра”. Хаваўся ў сяброў, выязджаў на прыроду. Але ж трэба было карпець над новай аповесьцю, а пісалася толькі за сваім сталом. Неяк пад вечар Быкаў пазваніў мне і папрасіў тэрмінова сустрэцца. Ён быў змрочны, здавалася, аж учарнеў, нават схуднеў за тыя тыдні два-тры, як ня бачыліся. Неяк асуджана сказаў, што ўспамінае, як рай нябесны, часы, калі яго лупцавалі з усіх бакоў: тады хоць можна было працаваць, а зараз няма ніякага ратунку ад розных інтэрв’юераў, распытвальшчыкаў, здымальшчыкаў, запрашальшчыкаў.

З ранку да позьняга вечару – і ніякага канца не відно...

– А што рабіць, Васіль Уладзіміравіч? – пажартаваў я. – Як кажуць, цярпі Зося, так прышлося – слава, як і прыгажосьць, патрабуе ахвяраў... – І дадаў сур’ёзна: – Ды пасылайце вы сяго-таго к чортавай матары...

– Яно, канечне, так... – згадзіўся Быкаў і замоўк. Адчувалася, у яго ёсьць нейкая справа-просьба да мяне. Ён не любіў такіх спраў, зьвяртаўся толькі ў крайнім выпадку, пры гэтым пачуваў сябе заўсёды нейк вінавата, бы намерваўся

ўзваліць на цябе свае нямаведама якія цяжкія клопаты. Пасьля паўзы сказаў:

– Слухай, а ці ня мог бы ты памагчы мне па-сяброўску адбівацца хоць ад самых нахрапістых праныраў? – І злавіўшы мой трохі зьдзіўлены погляд, патлумачыў:

– Ня будзеш вельмі супраць, калі жонка званкі пачне скіроўваць на цябе? А ты сам рашыш, каго варта ўважыць, каго – ты ведаеш куды пасылаць... Дый з тваёй пасады лягчэй адганяць ...

Канечне ж, я ня мог адмовіць Васілю Уладзіміравічу і, пэўна, месяцы два-тры, пакуль трошкі не ўляглося, выконваў абавязкі “дысьпетчара-рэгуліроўшчыка” ў ягоных стасунках-дачыненьнях з прэсай і грамадскасьцю. Ды і пасьля даводзілася ня раз рашуча аберагаць занятага творчай справай пісьменьніка ад занадта рашучых і назойлівых аматараў “пакалякаць” з Быкавым ці займець яго ў якасьці вясельнага генерала. Ён ведаў гэта і заўжды плаціў удзячнасьцю.

Мяне заўсёды зьдзіўляла, як Быкаў пры сваёй сусьветнай вядомасьці, з кім лічылі за гонар сустрэцца-пазнацца найслыньнейшыя людзі нашага часу, змог заставацца такім жа сьціплым, далікатным, уважлівым, простым у абыходжаньні, якім быў у тыя “гарадзенскія” часы, калі яшчэ ня ўведаў слодычы і горычы славы. Хіба толькі з гадамі стаў мудрэйшым, стрыманейшым, памяркоўнейшым, навучыўся дароўваць людзям шмат што з таго, чаго нізашто не дараваў бы ў маладосьці, стаў глядзець на сьвет, на людзей, нейкія іхнія слабасьці вачыма мудрага філосафа – трошачкі паблажліва, трошачкі з разуменьнем. Канечне ж, прайсьці выпрабаваньне гэтакай славай і заставацца самім сабой магла толькі Асоба, цэласны ва ўсіх сваіх супярэчнасьцях характар, з высокім духоўным стрыжнем характар, які ўзрос на спрадвечнай сялянскай мудрасьці, беларускай ментальнасьці і меў той перасьцярагальны механізм, што дазваляў яму з гонарам і годнасьцю абмінаць тысячы спакусаў, дапамагаў і разумную, заслужанаю пахвалу, і дылетанскія, часам прыдуркаватыя дыфірамбы, і нават выпады зласьліўцаў успрымаць як нешта фатальна-непазбежнае, да тых і іншых ставіцца з пэўнай іроніяй, не зважаць і не абвяргаць, незалежна ад каго яны сыходзяць, нават калі і ад блізкіх людзей, паводзіць сябе абсалютна абыякава, быццам усё гэта ня мае ніякага дачыненьня да яго, звычайнага жывога чалавека па імені Васіль Быкаў. Ён і ў Гродне, калі яшчэ ня быў такім знакамітым, і ў Менску на вяршыні сваёй славы не любіў і, як мог, пазбягаў выстаўляцца ў цэнтр увагі, на першыя ролі, весьці рэй, нават тады, калі рабіць гэта было амаль немагчыма, як, напрыклад, на ўласных днях нараджэньня, вечарынах з нагоды прысваеньня Героя працы, званьня Народнага пісьменьніка, Ленінскай прэміі і г.д., дзе рэй звычайна вёў востры на язык Генадзь

Бураўкін, часам ня надта цырымонечыся перапыняў, падпускаў віноўцу урачыстасьці кепікі, іншы раз і добранька падперчаныя, і той першы сьмяяўся, ніколі ня крыўдзіўся, любіў яго яшчэ больш як роднасную душу. У любой бяседзе ён неяк неўпрыкмет умудраўся сьціпла адыходзіць у цень, дзе адчуваў сябе натуральна і больш камфортна.

Разам з тым пры ўсёй сьціпласьці, абсалютна натуральнай простасьці і даступнасьці ў абыходжаньні з людзьмі ў ім была нейкая незразумелая ўнутраная сіла, якая ўтрымлівала, не дазваляла нават блізкім сябрам гэтак па-просту, запанібрата паляпваць яго па плячы, а я дык і ня змог перайсьці з ім на “ты”, хоць ня раз і ў Гродне, і ў Менску, ён настойваў, патрабаваў, нават злаваўся, пагражаючы, што і ён да мяне “завыкае” афіцыёзна, але я яго лавіў на слове:

– А вы хіба “тыкаеце” старэйшым па ўзросьце Танку, Брылю, Панчанку, нават амаль равесьніку Шамякіну?

– Ага, так... Ну да-а... – неяк скрушліва ўсьміхаўся Васіль Уладзіміравіч. – Ды, так сказаць, я не гаджуся ва ўзорна-паказальныя, з якіх варта рабіць жыцьцё, так сказаць, браць прыклад...

Цяжэй за ўсё напачатку яму давалася тое, чаго не ставала ці не было ў характары, чаго трошкі не дадала прырода – ну ніяк ён ня ўмеў выступаць: хваляваўся, губляўся, зьбіваўся, часам увогуле ня ведаў, што гаварыць. А яго запрашалі ў розныя аўдыторыі, хацелі бачыць, хацелі слухаць, і ён разумеў, што бяз гэтага ну ніяк не абыйсьціся, асабліва, калі ўзначаліў абласную пісьменьніцкую арганізацыю. Ён па-добраму зайздросьціў Карпюку, які трымаўся ў любой аўдыторыі, як рыба ў вадзе. Таго хлебам не кармі, а дай трыбуну. Гэта пасьля Васіль Уладзіміравіч сваім ня надта пастаўленым, глухаватым, манатонным голасам умеў гадзінамі заварожана трымаць тысячныя аўдыторыі, ды так, што муха праляціць – чутно. А тады самае што ні ёсьць ардынарнае выступленьне дзе-небудзь перад вучнямі і настаўнікамі патрабавала ад яго неймаверных душэўных высілкаў. Неўзабаве ён даўмеўся напісаць прыдатны для любой аўдыторыі выратавальны тэкст хвілінаў на пятнаццаць – аб Гарадзеншчыне літаратурнай, пачынаючы ад Адама Міцкевіча, канчаючы Юркам Голубам і Валянцінам Блакітам. Цікавае пачыналася толькі тады, калі задаваліся нейкія вартыя ўвагі пытаньні, і ён абсалютна шчыра і адкрыта пачынаў адказваць, ніколькі не клапоцячыся, што яго ня так могуць зразумець, ня так успрыняць. Ён агарошваў аўдыторыю, заяўляючы, што яму не падабаюцца ледзь

ці ня ўсе фільмы па ягоных творах, а больш за ўсё – “Альпійская балада”, што ён ня любіць тэатр, што для яго найлепшая музыка – цішыня, уяўленьня ня мае, што такое каханьне і г.д. Праз некаторы час ён выкінуў тую выратавальную паперчыну, на ўласным вопыце зразумеўшы: ня мае асаблівага значэньня, як сказаць, важней за ўсё – што сказаць. А сказаць што – у яго заўсёды было...

Мы тады даволі часта езьдзілі разам па вобласьці, і я шчыра радаваўся, што з кожным выступленьнем Васіль Уладзіміравіч набывае ўпэўненасьць, без аніякіх аратарскіх прыёмаў завалодвае любой аўдыторыяй. Здаецца, менавіта ў гэты час нашы добрыя, цёплыя таварысцкія адносіны перарасьлі ў прыязныя, сяброўскія. Спрыялі таму і нашы агульныя службовыя інтарэсы – працуючы намесьнікам загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі абкаму, я курыраваў аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, якое ён узначальваў, і нейкім чынам творчыя: я пачаў актыўна пісаць апавяданьні і гумарэскі, якія ахвотна друкаваў “Вожык”, і неўзабаве выдаў іх асобнай кніжачкай.

– Ага, аказваецца, мы з табой пачыналі, так сказаць, аднолькава, – шчыра павіншаваў ён. – Мая ж першая кніжка таксама выйшла ў “Бібліятэцы Вожыка”...

Я гэтага ня ведаў, быў вельмі зьдзіўлены, што пра тое нідзе ніхто не пісаў, першай кнігай Васіля Быкава лічылі “Жураўліны крык”. Аказваецца, ягоная сатырычна-гумарыстычная кніжачка “Ход канём” выйшла таксама ў 1961 годзе, але трошачкі раней.

– Ну, а цяпер, так сказаць, за табою аповесьць... – зусім сур’ёзна і зычліва сказаў ён.

Неўзабаве і насамрэч напісалася першая аповесьць “Час прылёту журавоў”, ухваленая Васілём Уладзіміравічам і надрукаваная ў “Маладосьці”. Так што Быкаў, можна сказаць, быў маім “ стариком Державиным”. А потым даваў рэкамендацыю ў Саюз пісьменьнікаў, прадстаўляў у “Литературной газете,” напісаў прадмову для першай кніжкі ў перакладзе на рускую мову, што выходзіла ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия”.

Сустракацца мы сталі даволі часта – і па справе, і проста так, пасядзець-пагаманіць за чаркаю ці ў яго, ці ў мяне, ці дзе-небудзь на “нейтральнай” тэрыторыі, каб не рабіць лішніх клопатаў жонкам. Часам заседжваліся дапазна і ён заставаўся начаваць у мяне, ледзь сьвет прачынаўся і званіў Надзеі Андрэеўне, каб не хвалявалася, атрымліваў на арэхі па тэлефоне, цяжка ўздыхаў і пакорна ішоў

“здавацца”.

У адрозьненьне ад Карпюка ён не любіў хадзіць па начальстве, нават у памяшканьне абкаму заходзіў надзвычай неахвотна. Звычайна, званіў і далікатна пытаўся: “Ты калі будзеш выходзіць з работы?” Гэта значыла, што яму нешта трэба абгаварыць. Сустракаліся часьцей за ўсё ля выхаду з абкаму на Замкавай, калі спрыяла надвор’е – спускаліся па сходках да Нёману, гулялі па наберажнай, абмяркоўваючы нейкія пытаньні – ці то арганізацыю сустрэч харошымі хлопцамі з Менску, што маюць намер прыехаць у Гродна групай альбо паасобку, ці прыняць нейкую замежную пісьменьніцкую дэлегацыю, ці абгаварыць нейкія дэталі па арганізацыі дзён беларускай літаратуры, якія мы рэгулярна праводзілі ў вобласьці, ці проста так, пагаманіць, абмяняцца нейкай цікавай для нас абодвух інфармацыяй. Калі ў мяне не было неадкладных службовых спраў і ў яго быў настрой трохі адарвацца ад пісьмовага стала, дамаўляліся выехаць у людзі. Я сазвоньваўся з нейкім раёнам, выклікаў з абкамаўскага гаража машыну...

Быў не адзін дзесятак такіх паездак – і на літаратурныя вечары-сустрэчы, і на запросіны пабываць на нейкіх мерапрыемствах, як адкрыцьцё партазанскіх зямлянак у Ліпічанскай пушчы, нейкіх зьвязаных з вайной помнікаў і памятных знакаў, раённыя сьвяты і фестывалі, і проста адпачыць-пагасьцяваць. Васіль Уладзіміравіч нейк адразу ж сыходзіўся з многімі першымі сакратарамі райкамаў, зачароўваў іх дэмакратычнасьцю, простасьцю, даступнасьцю, уменьнем і пажартаваць, і падтрымаць любую гаворку, і чарку ўзяць, не трацячы розуму. Ня раз яны мне, як калегу, казалі з захапленьнем пра Быкава: во мужык!

Мы мелі моду па дарозе зьвярнуць дзе-небудзь з трасы, дабрацца да нейкай забытай Богам і начальствам вёсачкі, пагутарыць з тамтэйшымі дзядзькамі і цёткамі, а потым выкласьці пачутае і ўбачанае раённаму начальству, якое пачувала сябе страшэнна няёмка ня столькі перада мною, як прадстаўніком вышэйстаячай інстанцыі, колькі перад пісьменьнікам Быкавым, які можа ўставіць убачанае і пачутае ў свой новы твор ці якае выступленьне ў прысутнасьці высокага начальства, “зьняславіць” на ўвесь сьвет, таму клялося тут жа неадкладна накруціць каму трэба хваста, выправіць становішча. Я намякаў, што праз нейкі месяц мы можам прыехаць і праверыць, на што Васіль Уладзіміравіч згодна, хітравата падміргваючы, хітаў галавою: “ Ну да...” Так што гэтыя паездкі часам прыносілі практычную карысьць ня толькі нам, але і простым людзям. Гэтая карысьць асабліва была відавочнай пры падрыхтоўцы і правядзеньні масавых літаратурна-мастацкіх мерапрыемстваў, калі ва ўсе раёны вобласьці выязджалі вялікія групы найбольш вядомых беларускіх пісьменьнікаў, якія дабіраліся да самых аддаленых вёсак. Усё гэта рыхтавалася на ўзроўні абласнога кіраўніцтва, кіраўнікоў гарадоў і раёнаў, як сапраўднае сьвята. Да прыезду пісьменьнікаў мясцовае начальства, каб ня ляснуць тварам у гразь, шмат што рабіла па ўладкаваньню быту людзей, навядзеньні парадку ў клубах, бібліятэках, школах, добраўпарадкаваньні гарадоў і вёсак. Памятаю, пасьля сьвяткаваньня стагоддзя Цёткі, якое па прызнаньні кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў было першым такім цёплым, шчырым і маштабным народным сьвятам, прысьвечаным беларускаму літаратару і беларускай літаратуры, да нас з Быкавым падыйшоў старшыня мясцовага калгасу (здаецца, ягонае прозьвішча было Вітко) і сказаў: “Усе нашы людзі, і я ў першую чаргу, у пояс кланяемся і Цётцы, і вам, і ўсім беларускім пісьменьнікам, бо шчыра скажу: не дакумекаў бы, рукі не дайшлі б навесьці парадак у вёсках, адрамантаваць хаты і платы, увогуле глянуць на сябе крытычна наконт культуры”. Я бачыў шчырае задавальненьне ў вачах Васіля Уладзіміравіча – нямарна прапалі нашыя высілкі па арганізацыі сьвята, шматлікія паездкі ў Шчучын, Астрыну, па прылеглых вёсках, на магілу Цёткі, дзе ўсё прыводзілі ў парадак, зьбівалі з дошак эстраду, устанаўлівалі лаўкі і ларкі... Нават тое, што ў тыя часы толькі на Гарадзеншчыне дарожныя знакі, назвы населеных пунктаў выконваліся па-беларуску, быў вынік і нашых з ім паездак, і частых прыездаў да нас менскіх пісьменьнікаў. (...)

Калі воляю лёсу мы з Быкавым аказаліся суседзямі, то ў яго адпала ўсялякая патрэба званіць мне на работу, сустракаць на шляху з работы, калі спатрэбіцца нешта абгаварыць. Званіў вечарком дадому, падымаўся да мяне ці я

спускаўся двумя паверхамі ніжэй да яго альбо дамаўляліся пагуляць па старажытных вузкіх вулічках – ён вельмі любіў і гэтыя вулічкі, і вячэрнія прагулкі па іх. Колькі гаворана-перагаворана пад час гэтых прагулак па амаль бязлюдных

старых вулічках! Многае забылася, многае прыпамінаецца зусім сьвежа, з усімі характэрнымі інтанацыямі ягонага голасу. Я ніколі не запісваў, ня вёў ніякіх дзёньнікаў – і, што тычыцца стасункаў з Быкавым, ня надта шкадую, бо ўсё

гэта было б ня надта вялікім адкрыцьцём, ня надта значным дадаткам да таго, чым ён жыў, якія жыцьцёвыя, маральныя, палітычныя, літаратурна-эстэтычныя праблемы яго хвалявалі: усё гэта ёсьць у ягоных мастацкіх творах, грунтоўнай публіцыстыцы, якая дзякаваць Богу выдадзеная ў некалькіх кніжках, і нарэшце – у ягонай мемуарнай кнізе.

Васіль Уладзіміравіч ніколі не гаварыў, над чым канктэтна працуе, баючыся сурочыць. У нейкай меры ён быў не свабодны ад пэўных сялянскіх прымхаў і забабонаў. А што тычыцца рэлігіі – ня быў ні пасьлядоўным прыхільнікам нейкай

адной канфесіі, ні заўзятым вернікам, ні актыўным атэістам – Бог жыў у ягонай душы. З ім іншы раз рабіліся незразумелыя, сапраўды нейкія містычныя рэчы. Прыгадаю ўсяго адну, злавесны сэнс якой высьветліўся толькі пасьля... Васіль Уладзіміравіч ня раз расказваў: амаль заўсёды, едучы за рулём на Вушачы ці з Вушачаў, ля Бараўлянаў з ягонай машынай нешта здаралася – ці матор пойдзе ўразнос, бы нейкая нячыстая сіла раптам пасялілася ў карбюратары, ці наадварот – глухне і ні з месца. Варта адбуксіраваць з кіламетр – і ўсё ў парадку. Ён меркаваў, што ля Бараўлянаў з ім нешта мусіць здарыцца – магчыма якая аўтааварыя... Мо гэта яму падаваў сігнал ягоны знак бяды – хто ведае, бо менавіта ў Бараўлянах закончыўся ягоны жыцьцёвы шлях... Але пра некаторыя свае планы і задумы Васіль Уладзіміравіч гаварыў ахвотна. Многія з іх ён рэалізаваў, іншыя так і засталіся задумамі. Ён неяк казаў мне, што


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю