355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Блакит » Текст книги (страница 18)
Блакит
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 04:11

Текст книги "Блакит"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 21 страниц)

Моцныя і мудрыя кіраўнікі заўсёды трымалі ў сваім атачэньні людзей разумных, таленавітых, сьмелых, яршыстых, ініцыятыўных. Яны зусім не баяліся падавацца на іхнім фоне ня надта самастойнымі і яркімі. Слабыя і недалёкія розумам акружаюць сябе яшчэ слабейшымі і дурнейшымі. Іх кожны дзень гняце, раўніва сочаць: як бы хто ў людскіх вачах не падаваўся разумнейшым, ня кідаў тым самым цень на яго, першакіраўніка, на ягоны аўтарытэт, не надумаў стаць з ім на адну дошку, а там, глядзіш, і пасквапіўся на ягонае крэсла. Магчымых пратэндэнтаў яны “адстрэльваюць” яшчэ на падлёце, трымаюць як мага далей ад кіраўнічага стырна... Сьлюнькоўска-сакалоўска-малафееўскі партыйны арэапаг за адносна нядоўгі час настолькі здрабнеў, зьмізарнеў, вырадзіўся, што калі наступіла гадзіна “Ч” – усьлед за Масквой наш Вярхоўны Савет, у якім яшчэ ледзь ці ня восемдзясят адсоткаў дэпутацкага корпусу складалі партфункцыянеры рознага ўзроўню і члены партыі, прадубляваў і заканадаўча аформіў забарону КПСС з рэквізацыяй усёй ейнай маёмасьці. І ніхто – ні абраны на зьезьдзе першы сакратар ЦК Малафееў, ні нехта з кіруючага сінкліту не рашыўся ўзяць на сябе ініцыятыву і адказнасьць. Альбо ўсё яшчэ аглядваліся на Малафеева, баяліся пераступіць цераз яго, альбо перасталі верыць... Сьмелых і ініцыятыўных не знайшлося ня толькі ў першым, але і ў другім абкамаўскага ўзроўню партэшалоне... Тым часам, бачачы поўную бездапаможнасьць і бяздзейнасьць вярхоў, у трэцім і чацьвёртым эшалонах знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе ініцыятыву па ратаваньні астаткаў дэмаралізаванай і разгромленай партыі. Сакратар па ідэалогіі сталічнага гаркаму, артадокс і сталініст Чыкін пачаў зьбіраць пад свае сьцягі закасьцянелую, кансерватыўную частку, а першы сакратар сталічнага Савецкага райкаму Калякін – інтэлектуальную, рэфарматарскую, схільную да сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў. Уласна кажучы, адбылося тое, што павінна было адбыцца, калі ўсім стала ясна: няма, як пэўна, і ніколі не было адзінай і маналітнай партыі, трэба глянуць праўдзе ў вочы, прызнацца ў відавочным, рэфармавацца, адмежавацца ад дагматычнай мерцьвякоўшчыны і крочыць наперад. Аднак партыя настолькі закасьцянела ў догмах, што ўжо была няздольная на хоць якія рэформы і нестандартныя дзеяньні, а таму і асуджаная на такі фінал...

З закатам партыі закацілася і палітычная зорка Мікалая Іванавіча Дземянцея. Па ініцыятыве БНФ яго бесцырымонна папрасілі з пасады за беспрынцыповую пазіцыю і шашні з гэкэчэпістамі. Пачаўся новы, цяжкі, складаны і супярэчлівы пошук нацыянальнага лідэра. (...)

Добрую, калі не большую палову дэпутатцкага корпусу я ведаў альбо па партыйнай, альбо ўжо журналісцкай рабоце, а са многімі пазнаёміўся ці мяне пазнаёмілі ў кулуарах сесій, дзе я меў акрэдытацыю і любіў бываць, калі дазвалялі рэдакцыйныя клопаты. Цікава было ня толькі паназіраць “ужывую” (тэлекамера, не кажучы пра радыйны мікрафон, ня ў стане паказаць усе ньюансы, рэакцыю ў зале) за бурным абмеркаваньнем, але і патусавацца з дэпутамі, калегамі-журналістамі ці то ў прасторным вестыбюлі, ці ля стойкі альбо за столікам у буфеце, ці ў прэс-цэнтры, уведаць апошнія і тыя, што павінны адбыцца, навіны, розныя меркаваньні, здагадкі, кулуарныя інтрыжкі. Была ў тых тусоўках і практычная патрэба: прааналізаваць бачанае і пачутае, падзяліцца назіраннямі, навінамі з Генадзем Бураўкіным, які нудзіўся, пакутаваў у Нью-Ёрку ад настальгіі, а больш дык ад недахопу інфармацыі з дому, якая па ягоным прызнаньні, па-ранейшаму даходзіла да яго, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, толькі як слабое і адрэагаванае ў кабінетах МЗС водгульле палітычных і іншых падзеяў, а ён ні на дзень не хацеў адрываць сваю душу ад рэальнасьцяў Радзімы. Ледзь ці ня ў кожным сваім пісьме з-за акіяну ён дзякаваў “за інфармацыю, якая была для яго ўнікальнай і без якой ня меў бы ўяўленьня пра многае што адбылося і адбываецца дома”, настойліва прасіў штодня, як хроніку, запісваць падрабязна пра ўсё, што дзеецца, паколькі “зразумеў адно: акіян, які раздзяляе нас, – павелічальнае шкло, і тое, што дробнае дома, выглядае тут значным, а тое, што значнае тут, можа здавацца дробным дома”. І пры кожнай аказіі ў Нью-Ёрк, а яны надараліся тады даволі часта, разам з дыпламатычнай поштай ці нейкімі візіцёрамі перасякалі акіян і мае, Міколы Матукоскага пакеты. Я дык адпраўляў доўгія, часам на старонак 15-20 лісты, а Матукоўскі больш сачыў і выразаў з розных выданьняў публікацыі, якія зацікавяць Генадзя. З тымі ж “паштарамі” з Нью-Ёрка прыходзілі Генадзевы лісты з падзякай, ягонымі развагамі і пытаньнямі, просьбай новай порцыі інфармавацыі з першай жа аказіяй, часам дакладна паведамляў, калі і хто будзе ехаць. А як доўга не надаралася аказіі, адпраўляў пісьмы поштай, але гэта была вельмі ненадзейная сувязь: пасланьні даходзілі праз тыдні два, а то і месяц, а часам і бясьсьледна зьнікалі.

Апроч усяго мяне вельмі займалі, часам забаўлялі паводзіны, зьмены ў псіхалогіі людзей, якія сталі адчуваць, уваходзіць у смак казытлівай слодычы рэальнай Вярхоўнай дзяржаўнай улады, сваёй далучанасьці да яе, сваёй дзяржаўнай значнасьці. У шмат каго аж дых займала ад усьведамленьня, што мае права ў любы час прапаноўваць і патрабаваць неадкладна паставіць на абмеркаваньне і галасаваньне любую прапанову, нават калі яна супярэчыць Канстытуцыі і раней прынятым законам, сабраць канстытуцыйную большасьць і памяняць любое канстытуцыйнае палажэньне, націскам кнопкі ўхваліць ці заблакаваць любое рашэнне. Наменклатуршчыкаў і дэмакратаў можна было адрозьніць адразу. Для першых нават непараўнальна поўная і рэальная дэмакратычная ўлада была ў прынцыпе рэч даволі звыклая, мусіць, таму паводзілі сябе пачціва, сьціпла і дэмакратычна. Тыя ж (пераважна з так званага дэмакратычнага лагеру), хто ўпершыню паспрабаваў яе ап’яняльную слодыч, ненатуральна важнічалі, надзімалі шчокі, асобныя дык перастававалі заўважаць і пазнаваць знаёмых, здароўкаліся, быццам робяць табе вялікую ласку. У адных гэта з часам прайшло, у іншых так і засталося, што ў рэшце рэшт і загубіла іх... Погляды, палітычная арыентацыя народных абраньнікаў розьніліся, часам дыяметральна, несумяшчальна, аднадушна галасавалі толькі за прамую трансьляцыю з залы, ніколечкі не клапоцячыся, у якую капеечку гэта вылятае. Многія пасяджэньні насамрэч нагадвалі захапляльнае шоў. На трыбуну, да мікрафонаў у зале выстройваліся чэргі, як за самымі дэфіцытнымі дэфіцытамі, сёй-той увачавідкі рваўся зусім ня дзеля таго, каб сказаць нешта разумнае, а проста лішні раз засьвяціцца на ўсю рэспубліку. Многіх нават у радыёэфіры ўжо сталі пазнаваць па галасах, найперш – маладых юрыстаў Ганчара і Булахава, гаваркіх бэнэфаўцаў Голубева, Грыбанава, Сямдзянаву, нашага вожыкаўца Сяргея Навумчыка, для каго само месца працы ў папулярным сатырычным выданьні паспрыяла ў заваяваньні дэпутацкага мандату. Пазнавалі і Пазьняка, а найбольш дык шклоўскага дырэктара саўгаса Лукашэнку з характэрным і запамінальным хрыплавата-эмацыянальным голасам, які часам па дзесяць-пятнаццаць раз на дзень прарываўся да мікрафону, важка і ўпэўнена выказваўся ледзь ці не па ўсіх пастаўленых на абмеркаваньне пытаньнях, праўда, іншы раз цяжка было зразумець, што ён хоча сказаць па сутнасьці, і, здаецца, яго ўсур’ёз не прымалі. А ў перапынках на дзіва мірна і прыязна вялі гаворку непрымірымыя ідэйныя праціўнікі, якія толькі што з трыбуны ці ад мікрафонаў палівалі адзін аднаго апошнімі словамі. У кулуарах пастаянна вяліся перамовы, гандаль, складваліся і распадаліся самыя нечаканыя і неверагодныя альянсы і кааліцыі. Групы, плыні, клубы, аб’яднаньні распадаліся, дзяліліся, ледзь ці не штодня ўзьнікалі новыя. Уласна кажучы, нараджаўся, праходзіў станаўленьне звычайны, нармальны, цывілізаваны парламентарызм. Спроба наладзіць сярод дэпутатаў нейкі парадак і дысцыпліну ўвядзеньнем строгага тэрытарыяльна-абласнога рэгуляваньня, дзе за лідэра выступала вызначаная высокая службовая асоба, не давала належнага выніку. Абласныя лідэры ў час галасаваньня хто ўмоўнымі сігналамі, хто сакавітым басам, як галасісты магілёўскі Грынёў, падавалі каманды, што чутно было ледзь ці не на ўсю залу, але дэпутаты ўжо разбрыліся па розных апазіцыйных, напаўапазіцыйных групах, клубах, фракцыях, не ўсе слухалі строгія каманды, галасавалі, як лічылі патрэбным. Пасьля забароны партыі часам цяжка было зразумець, хто каму апазіцыя. Неразмытасьцю сваіх пазіцый вылучалася толькі групка цьвёрдакаменных артадоксаў з ліку ветэранскіх і інвалідскіх арганізацыяў, абраных па асобных квотах, ды БНФ.

Сацыялагічныя замеры між тым засьведчвалі, што рэйтынг БНФ у буйных гарадах падбіраўся, а то часам і перавальваў за пяцьдзесят адсоткаў, і для дэмаралізаванай, разгубленай наменклатуры гэта быў яшчэ адзін званочак, яшчэ адна прычына для галаўнога болю, сігнал арганізоўвацца, дзейнічаць. І для не пазбаўленага тонкай інтуіцыі палітыка Пазьняка гэта таксама быў сігнал да яшчэ больш рашучых дзеяньняў – куй жалеза, пакуль гарачае, ці як справядліва заўважыў вялікі стратэг і тактык «промедление смерти подобно”. Ён ня раз у авальнай зале агучваў прапанову аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і прызначэньні новых выбараў, але яна ўсур’ёз не прымалася, расцэньвалася як альбо папулісцкая, альбо экстрэмісцкая. Цяпер, калі расстаноўка палітычных сілаў у грамадстве стала прынцыпова іншая і БНФ займеў гэтакую салідную электаральную падтрымку, можна дзейнічаць энергічней, напорысьцей, з пазіцыі сілы. Пазьняк двойчы выходзіў з прапановай аб рэферэндуме па роспуску парламенту і двойчы яе дружна правальвалі. У тым ліку і галасамі многіх старых і новых дэмакратаў, саюзьнікаў БНФ. Але Пазьняк з таварышамі не здаваліся – мабілізавалі сваіх прыхільнікаў і за кароткі час сабралі больш за 450 тысячаў подпісаў за правядзеньне рэферэндуму, і ў адпаведнасьці з нядаўна прынятым законам Вярхоўны Савет абавязаны аўтаматычна прызначыць ягоную дату. Наменклатурную бальшыню ахапіў панічны страх, і тут на выручку ёй прыйшоў Шушкевіч. Са свайго сьпікерскага крэсла ён ня толькі выступіў супраць рэферэндуму, але і з вясны да позьняй восені, на паўгода абвясьціў перапынак у рабоце сесійных пасяджэньняў. За гэты час, адыйшоўшы ад шоку, арганізаваўшыся і кансалідаваўшыся, наменклатура пасьпела шмат што зрабіць па дыскрыдацыі і нейтралізацыі БНФ. Словам, да восені шмат вады сьцякло, а калі ў канцы кастрычніка сабраліся на сесію, то ўжо не асабліва цырымонячыся пахавалі ідэю рэферэндуму, праігнараваўшы думку і патрабаваньне амаль паўмільёна грамадзянаў, груба парушыўшы іхняе права і самімі ж прыняты закон, на якім яшчэ і не пасьпелі высахнуць чарнілы. Здаецца, толькі 30 ці 35 чалавек прагаласавала за рэферэндум па роспуску парламенту. Ня думаю, што тут нейкая палітыка – проста кожны хваляваўся за сваю шкуру: дзе гарантыя, што зноў выбяруць?.. І яшчэ дэталька: усьлед за Булахавым найбольш апантана выступаў супраць рэферэндуму дэпутат Лукашэнка. Канечне ж, ужо тады ў яго былі свае з далёкім прыцэлам напалеонаўскія планы. Як, дарэчы, і ў Шушкевіча, які па наіўнасьці сваёй спадзяваўся, што антынезалежніцкая, антыбеларуская па сваёй сутнасьці наменклатура належным чынам ацэніць ягоную памяркоўнасьць, паразуменьне, згаворлівасьць, дэ-юрэ і дэ-факта прызнае яго сваім законным лідэрам, для чаго ён быў гатовы ледзь ці не на любыя кампрамісы, нават зрабіць сваім першым намесьнікам Кузьняцова, які і сесіі ня мог па-людску весьці... Але ў сваёй бальшыні дэнацыялізаваная наменклатура ўжо вызначылася – паставіла на блізкага і зразумелага свайго гадаванца, энергічнага гаспадарніка з трывалымі сувязямі ў Маскве прэм’ер-міністра Кебіча. Чужак з сумніўнымі нацыянальнымі прынцыпамі Шушкевіч ёй патрэбен быў чыста па тактычных меркаваньнях – супакоіць грамадскую думку, не даць кансалідавацца апазіцыі, спыніць Пазьняка, а калі стане праяўляць залішнюю самастойнасьць і непаслушэнства, ці “адыграе сваю ролю”, можна будзе лёгка і без праблемаў пазбавіцца, як ад баласту. Так яно ў рэшце рэшт і сталася...

Калі напачатку ледзь ці не штодзённыя і на ўвесь дзень у прамым эфіры тэле-радыйныя шоў на чале з першай службовай асобай рэспублікі выклікалі пэўную цікавасьць і захапленьне ў людзей, то па меры пагаршэньня эканамічнага становішча, зьяўленьня талонаў, татальнага дэфіцыту сталі выклікаць недаўменьне і злосьць – не ўкладвалася ў галовы, што галоўны начальнік Шушкевіч займаецца ня справай, а дні напралёт ладзіць з дэпутатамі не заўсёды зразумелыя спрэчкі і пустую балбатню, быццам кіраваць гэтым не могуць ягоныя намеснікі ці старшыні пастаянных камісій. Кемлівая наменклатура выдатна выкарыстоўвала і незайздроснае эканамічнае становішча, да якога нібыта давялі дэмакраты на чале з Шушкевічам, каб паступова і мэтанакіравана ўбіваць у грамадскую сьвядомасьць: парламенская рэспубліка, на якой настойвае апазіцыя і палова дэпутацкага корпусу, – шлях у нікуды. Патрэбная цьвёрдая рука, моцны прэзідэнт з царскімі паўнамоцтвамі. Але зацятыя шматмесячныя спрэчкі, шматлікія пайменныя і непайменныя галасаваньні і перагаласаваньні не давалі канстытуцыйнай большасьці. І наменклатура пайшла на адчайны крок – галасаваньне імяннымі бюлетэнямі. І ўздыхнула з палёгкай: нарэшце, удалося...

Адразу ж пад відавочных і магчымых кандыдатаў у прэзідэнты сталі стварацца партыі, рухі, клубы, дэпутацкія групы, складвацца нейкія кааліцыі. Пад Кебіча арганізавалі магутную дэпутацкую групу “Беларусь”, якая склала парламенцкую большасьць і магла заблакаваць любое рашэньне. Не хаваў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і Шушкевіч, які меў магчымасьць хоць псіхалагічна пакарыстацца адміністратыўным рэсурсам, адцягнуць галасы ад Кебіча, таму наменклатура вырашыла, што наступіў час – і з другога заходу пры сітуацыі, калі БНФ устрымалася ад галасаваньня, адправіла яго ў адстаўку – хай адбірае галасы ў Пазьняка. А зачэпкай абралі анекдатычную скрынку цьвікоў, якую выкрыла антыкарупцыйная камісія, старшынём якой па ініцыятыве і настойлівай прапанове Шушкевіча ў свой час абралі дэпутата Лукашэнку. Пасьля эмацыянальнага выступленьня ў прамым тэлеэфіры з сенсацыйным дакладам аб карумпаванасьці ў вышэйшых эшалонах улады ён праславіўся на ўсю рэспубліку як самы сьмелы, самы прынцыповы і непахісны народны заступнік і барацьбіт з карупцыйнай гідрай. Пасьля эфектнай дэманстрацыі з трыбуны пухлых папак з кампраматам да яго кінуліся журналісты ўведаць яшчэ якую сенсацыю. Я гэтаксама злавіў яго ў вестыбюлі, прапанаваў падрыхтаваць серыю фельетонаў, на што ён ахвотна пагадзіўся, але калі гаворка зайшла пра характар нейкіх канкрэтных матэрыялаў, адказваў ухіліста, агульнымі словамі і фразамі, а больш дык лозунговымі прапіснымі ісьцінамі, і маё журналісцкае чуцьцё падказвала: ды няма ў яго ніякіх нявыкарыстаных ці новых, невядомых матэрыялаў, а дэманстрацыя пухлых папак – блеф, ці як сёньня сказалі б, чысты піяр. Гэтая здагадка ўзмацнілася пасьля гаворак з калегамі-журналістамі, нікому з якіх таксама не ўдалося вывудзіць хоць нейкі невядомы яшчэ матэрыял. А калі неўзабаве Лукашэнка ў прэс-цэнтры перад журналістамі, дзе і я прысутнічаў, наколькі памятаю, нават задаў нейкае ня дужа зручнае пытаньне, упершыню заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і пра тое, што пачынае перадвыбарную кампанію, навіна, здаецца, трапіла не буйным шрыфтам на першыя палосы газетаў, а ў разрад кур’ёзаў, нараўне з самавылучэньнем журналісткі Масьлюковай, нейкага беспрацоўнага і нікому невядомага дробнага прадпрымальніка. Калегі-дэпутаты, журналісты іранічна і паблажліва пасьмейваліся, падахвочваючы: давай, Саша, давай, толькі нас пасьля не забудзь... Праўду кажуць, што сьмяецца той, хто сьмяецца апошні...

З абвяшчэньнем даты і афіцыйным пачаткам перадвыбарнай кампаніі высьветлілася, што за прэзідэнцкае крэсла, апроч Кебіча, Шушкевіча, Пазьняка, на левым фланзе будзе змагацца кандыдат ад камуністаў і нехта з аграрнага саюзу, мо нават ягоны кіраўнік старшыня знакамітага вярцялішкаўскага калгасу, Герой, лаўрэат Дубко, а таксама малады, энергічны барацьбіт з карупцыяй Лукашэнка, які можа трохі патаптацца па ўсіх дзялянках, і вельмі папулярны маладзечанскі мэр, былы дырэктар вядомага прадпрыемства парашковай металургіі акадэмік Карпенка, пад якога арганізавалася партыя Народнай згоды. Карпенку падтрымлівала значная частка наменклатуры і дэмакратычна настроенай грамадскасьці, бальшыня навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі. На той час, на думку многіх, гэта была, бадай, самая прыймальная і самая рэальная для перамогі кандыдатура, здольная згуртаваць вакол сябе самыя прагрэсіўныя і інтэлектуальныя сілы, адцягнуць значную колькасць выбаршчыкаў літаральна ад усіх прэтэндэнтаў, а найбольш дык у Кебіча, Шушкевіча і, вядома, Лукашэнкі. Карпенка для сваёй рэгістрацыі вырашыў пайсьці самым простым і лёгкім шляхам – заручыцца подпісамі калегаў-дэпутатаў, што было прадугледжана ў Законе аб выбарах, і махнуць рукой на збор подпісаў сярод выбаршчыкаў. І ў тым была ягоная найвялікшая памылка. Напярэдадні рэгістрацыі пачался паддывановыя гульні-інтрыжкі, і 8 дэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі, сярод якіх былі вядомыя інтэлектуалы Анатоль Вярцінскі, Алег Трусаў, адклікалі свае подпісы, тым самым з-за недахопу літаральна некалькіх дэпутацкіх галасоў найбольш рэальны кандыдат быў зьняты з рэгістрацыі, выведзены з гульні. Электаральныя сімпатыі на той час складваліся прыкладна так: ні Кебіч, ні Шушкевіч яўна былі непраханжэ – з імі атаясамлівалася бяздарнае кіраўніцтва апошняга часу з гіперінфляцыяй, татальным дэфіцытам, зьбядненьнем асноўнай масы насельніцтва і зьяўленьнем класу нахабных нуворышаў. Шэранькі і бязьлікі камуніст Новікаў, як і другі пракамуністычны вылучэнец Дубко, таксама ня мелі шанцаў. Пазьняк сваімі заявамі наконт расійскага імперыялізму, абразьлівых выказваньняў пра Леніна і асабліва пра неабходнасьць люстрацыі камуністаў насьцярожыў недасьпелую ўспрымаць такія думкі і ідэі грамадскасьць, зводзіў свае шанцы на нішто. Рэальны выбар такім чынам мог ісьці паміж разважлівым, вопытным, адукаваным адміністратарам Карпенкам, які меў за плячыма неблагія дасягненьні ў Маладзечне, і маладым гаваркім барацьбітом з карупцыяй Лукашэнкам... Гістарычны народны вопыт, мудрая ментальная ўзважанасьць і разважлівасьць, у рэшце рэшт інстынкт, пэўна ж, аддалі б перавагу першаму... З выбыцьцём Карпенкі Лукашэнка практычна застаўся без альтэрнатывы. Менавіта да яго перайшлі дапамагаць здабыць перамогу многія Карпенкавы памочнікі, у тым ліку і ягоны бліжэйшы спадзьвіжнік па будаўніцтве гораду-сонца Маладзечна Віктар Ганчар, спадзеючыся займець рэальныя рычагі ўлады, маніпуляаваць маладым і нявопытным прэзідэнтам. Чым гэта скончылася – усім вядома...

Працяг будзе.

Беларусь зрабіла свой выбар. Гэта былі апошнія вольныя, дэмакратычныя выбары. Пра тое магу засьведчыць і як намесьнік старшыні па этыцы пры Цэнтрвыбаркаме, у якую ўваходзілі вельмі аўтарытэнныя, прынцыповыя і незалежныя ад чыйго б там ні было ўплыву, нават ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Абрамовіча, які вельмі лічыўся з нашай думкай. З выбарам першага прэзідэнта, несумненна, узяла пачатак найноўшая гісторыя шматпакутнай Беларусі. Пра гэты перыяд напісаны ўжо палітыкамі, гісторыкамі, сур’ёзнымі і ня надта сур’ёзнымі палітолагамі, сацыёлагамі, журналістамі дзесяткі салідных кніг, дзе даволі поўна і ўсебакова даследуюцца вядомыя і малавядомыя факты, прычынна-пасьледкавыя сувязі, адкрытыя і скрытныя спружыны, якія прадвызначалі і вызначалі ход падзеяў. Апалагетамі розных палітычных сілаў выдадзена на гара тысячы, мо і дзесяткі, сотні тысячаў розных публікацыяў, супастаўляючы аргументы і факты з якіх удумліваму і разумнаму чытачу можна адшукаць ісьціну. Ну і для старэйшага, сярэдняга, дый маладзейшага пакаленьня найноўшая гісторыя яшчэ на памяці і на слыху, таму мае нейкія прыпамінкі, ацэнкі палітычнага і грамадскага жыцьця наўрад ці могуць дадаць нешта новае, невядомае. Мусіць, лепш хоць кораценька, пункцірна, фрагментарьна прыгадаць нейкія падзеі, зьвязаныя з літаратурным і культурніцкім побытам, з блізкімі і ня надта блізкімі, але дарагімі мне людзьмі, з кім шчасьлівы лёс зьвёў у гэтым жыцьці і каго так не хапае ня толькі мне і маім сябрам, але найперш маці-Беларусі...

Паэта Пімена Панчанку я адкрыў для сябе – дакладна памятаю – у год заканчэньня дзесяцігодкі і пачатку работы ў рэдакцыі раённай газеты ў 1956, калі прачытаў у “ЛіМе” падборку пад агульнай назвай “Прыстасаванцы”. Вершы настолькі ўразілі, што дастаткова было прачытаць іх два ці тры разы, каб назаўсёды засталіся ў памяці. І сёньня праз паўстагоддзя, пабудзі хоць пасярод ночы, магу прыгадаць амаль без запіначкі. З таго часу стаў пільна сачыць за ўсім, што выходзіла з-пад пяра любімага паэта. Вучыўся, пераймаў ягоны стыль, пакуль сам займаўся вершаваньнем. Мо і свайго паэтычнага Пегаса адпусьціў на волю, цьвяроза ацаніўшы, які ён нягегленькі і клоленькі ў параўнаньні ў Панчанкавым.

Калі ў “Маладосці” рыхтавалі да друку маю першую аповесьць “Час прылёту журавоў”, давалі, як мне казалі, чытаць яе і члену рэдкалегіі Пімену Панчатку. Ня ведаю, якое ўражаньне аповесьць зрабіла на шаноўнага Пімена Емельянавіча, але ж, пэўна, неблагое, інакш бы не маглі не палічыцца з думкай свайго былога галоўнага рэдактара. Адно, што ён не ўхваліў – гэта мой псеўданім, сказаў Бураўкіну: гэта ж такое ў хлопца прыгожае беларускае прозьвішча, чаго гэта ён надумаў... У мяне нават і ня надта пыталіся, і аповесьць выйшла пад маім сапраўдным прозьвішчам. Вельмі шкадую, што не паслухаўся, і надалей вярнуўся да псеўданіма.

Потым, калі мы ўжо былі асабіста знаёмыя, Пімен Емельянавіч прызнаўся, што ўважліва сачыў за маім творчым ростам, чытаў кожную новую аповесьць і радаваўся, колькі раз намерваўся напісаць мне ліст, але пачуваў нейкую ніякаватаць, адкладваў да знаёмства.

Пазнаёміў нас Генадзь Бураўкін, калі я ўжо перабраўся ў Менск і займеў членства ў Саюзе пісьменьнікаў. На тым пасяджэньні прэзідыуму Пімен Емельянавіч адсутнічаў – прыхварэў, але яму, як і Кандрату Крапіве, бюлетэні для тайнага галасаваньня вазілі на кватэру. Знаёмства адбылося на некім тлумным зборы ў Доме літаратара – ці то пленуме, ці то нейкім вечары. Але яно было чыста візуальным, як кажуць, шапачным. Неўзабаве Генадзь прапанаваў разам наведаць Пімена Емельянавіча дома. Я быў рады такой магчымасьці, але выказаў сумненьне: а ці тактоўна будзе з майго боку гэтак раптам уваліцца без запрашэньня. Генадзь супакоіў: ён гаварыў з Піменам Емельянавічам і той чакае нас разам... Узялі з сабою, што трэба, каб не рабіць лішніх клопатаў гаспадарам, і вечарам пасьля працы накіраваліся на вуліцу Пуліхава, дзе на чацьвёртым паверсе цэкоўскага дому жыў Панчанка. З ласкі Машэрава ў гэтым жа доме, у суседніх пад’ездах мелі такія ж чатырохпакаёвыя палепшанай планіроўкі кватэры Янка Брыль, Кастусь Кірэенка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Павел Місько. Я добра ведаў і гэты раён, і дом – тут жыла ці не бальшыня нашых цэкоўскіх работнікаў, і часьцяком мы зьбягаліся ў каго-небудзь па нейкай нагодзе, а то і без усялякай нагоды – тады яшчэ заставалася завядзёнка заглядваць да калегаў без усялякіх цырымоніяў, тым больш, што ўсе жонкі былі знаёмыя па дачным сезоне ў Атоліне.

На званок адчыніў дзьверы сам Пімен Емельянавіч з добрай, прыязнай усьмешкай на твары, прадставіў мяне гаспадыні Зоі Кірылаўне, а Генадзь пачуваў сябе тут, амаль як свой. Гаспадыня прапанавала накрыць стол у зале, але Генадзь папрасіў яе не турбавацца, бо мы ня будзем заседжвацца, забеглі на хвілінку пабачыцца, пагаманіць з Піменам Емельянавічам, во і пасядзім у ягоным кабінеце. Атабарыліся за нізкім журнальным столікам, і пакуль Зоя Кірылоўна зьбірала на стол, гаворка вырулілася на розныя бытавыя тэмы. Пачуўшы, што неўзабаве я, магчыма, і Генадзь перабярэмся ў новы цэкоўскі дом насупраць, дзе ўжо манціравалася сантэхніка і вяліся аддзелачныя работы, Пімен Емельянавіч заўважыў: ну, во і добра, будзем у адным двары, лічы, аднавяскоўцы і з лёгкім гумарком расказаў, што ўсё жыцьцё марыў займець кватэру з балконам. Хоць з якім малюсенькім, але каб можна выйсьці за межы кватэры, хоць стоячы падыхаць сьвежым паветрам, паназіраць з вышыні, ня кажучы пра раскошу пасядзець, пагойдацца ў крэсьле-качалцы, пачытаць, падумаць... І заліўся гарэзьлівым сьмехам: а во ў канцы жыцьця, нарэшце, дачакаўся – можна ня тое, што пасядзець, а пры жаданьні і паляжаць ці паспаць, хочаш на сонейку, хочаш бяз сонейка – балконы з двух бакоў... А потым ён надзвычай жыва і зацікаўлена пытаўся пра некаторыя моманты маёй біяграфіі, мае заходнебеларускія мясціны, характэрныя слоўцы і гаворкі, якія ён сям-там заўважыў у маіх аповесьцях, але хацелася б больш, як у Адамчыка, Карпюка. Потым схамянуўся: зрэшты, гэта заўсёды справа самога пісьменьніка, ніхто ня мае права ўказваць, як яму пісаць. Абы гэта была паэзія дык паэзія, проза дык проза, а не як часам – заштампаваная газетчына альбо элементарная непісьменнасьць выдаецца за літаратуру... Цікавую для мяне літаратурную тэму, якую актыўна ўзяўся падтрымліваць і Генадзь, перарвала гаспадыня, якая стала насіць і ставіць на столік талеркі з закусьсю і ўсё, што да яе належала, аднак застацца з намі адмовілася. Потым я ня раз і ня два бываў і ў пісьменьніцкай кампаніі, і адзін у іхняй гасьціннай хаце і не памятаю, каб Зоя Кірылаўна хоць раз заставалася ў мужчынскай кампаніі, унікала ў гаворкі. Толькі ледзь ці ня ўмольна прасіла, калі ня чуў гаспадар: хлопчыкі, вы ж Пімену шмат не налівайце... Узялі па кілішку, і Пімен Емельянавіч прыкметна павесялеў, палагаднеў, у лірычна-задумлівым гуморы пачаў прыгадваць свае маладыя гады, Бягомлю, сваё настаўніцтва. Па радыё, тэлебачаньні я ня раз слухаў невялічкія і больш-менш пашыраныя гутаркі з ім, а найперш – як ён чытаў свае вершы. Шчыра кажучы, яны не рабілі ўражаньня – чытаць вершы было цікавей, чым яны гучалі ў аўтарскім выкананьні, ва ўсякім разе не ішлі ні ў якое параўнаньне з Максімам Танкам, які літаральна “сьпяваў” свае творы, узьнёсла, натхнёна, як, дарэчы, і ўсе свае выступленьні, прамовы за трыбунай. Тады ж ня толькі я, а, здаецца, і Генадзь былі страшэнна і прыемна зьдзіўленыя, як ярка, вобразна, са сьветлым смуткам і лёгкім гумарком апавядаў ён, і што асабліва ўражвала – кожны эпізод, фрагмент нават па кампазіцыйнай завершанасьці нагадваў гатовую маленькую навэлку. Загіпнатызаваныя заварожана слухалі сапраўдную паэзію ў прозе і, як потым высьветлілася, абодва думалі-шкадавалі аб адным і тым жа: эх, няма непрыкметнага мікрафончыка, каб зафіксаваць гэты цуд! А ён (о жах!) можа больш на гэтакім душэўна-паэтычным уздыме і не паўтарыцца, надарыцца толькі экспромтам, толькі аднойчы...

Потым ён ці то сам трохі стаміўся, ці далікатна палічыў, што досыць частаваць і стамляць доўгім расповедам нас, рашуча спыніўся і перавёў гаворку на нейкую іншую датычную нас усіх тэму. Генадзь з усёй сваёй рашучасьцю настойліва стаў раіць гаспадару занатаваць пачутае намі на паперы, больш таго – прапанаваў прыслаць чалавека з “Рэпарцёрам”, каб нагаварыў у мікрафон, потым расшыфруецца на паперы, зробіць, якія палічыць патрэбнымі, папраўкі. Я гэтаксама падтрымаў, аднак Пімен Емельянавіч не прыняў усур’ёз і блізка нашых прапаноў, аднекнуўшыся з усьмешкай, што ня ўмее гаварыць у мікрафон, а пра гэта і шмат што іншае абавязкова напіша, калі кіне пісаць вершы... У тое, што Панчанка некалі можа кінуць пісаць вершы, слаба верылася нават мне, ня кажучы пра Генадзя, які не адзін год добра ведаў Пімена Емельянавіча. Калі мы ледзь ужо ці ня позьнім вечарам вышлі ад Панчанкі, Генадзь мовіў і да мяне, і больш да самога сябе: такое трэба запісваць, ведаючы, што дзёньнікі ня піша ні ён, ні я, і разумеючы, што запісаць, захаваўшы непаўторныя Панчанкавы інтанацыі, тоны, ягоную яркую, вобразную мову нават па самай свежай памяці немагчыма.

Тэма напісаньня ўспамінаў узьнікала заўсёды ў розных і вузкіх, і больш пашыраных гаворках, калі Пімен Емельянавіч быў у добрым гуморы і выдаваў чарговую порцыю сваіх цікавых, яркіх, дасьціпных згадак пра сустрэчы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, пра страшныя хапуны ў канцы трыццатых, пра армейскія ваенныя, цяжкія, але вясёлыя пасьляваенныя гады. І ўсе аднадушна ледзь ці ня ўпрошвалі яго напісаць, пакінуць для нашчадкаў. Панчанка аднекваўся ў сваёй звычайнай манеры: ды я ўжо пра шмат што напісаў, калі гадоў дзесяць назад добра пісаліся розныя артыкулы па заяўках і просьбах рэдакцыяў, выдавецтваў, сяброў, дый па сваёй ініцыятыве, вазьмуся ўсур’ёз, як толькі закончу апошнюю паэтычную кнігу і ўвогуле перастану пісаць вершы. Мусіць, праўда, што кропля і камень крышыць, бо з гадамі ён, здаецца, і сам адчуў патрэбу напісаць прозу, а найперш павесьці расповед пра свае бягомельскія юначыя гады. Асабліва ў апошні перыяд жыцьця, калі ўжо не выходзіў на вуліцу, як любіў пажартаваць, “да маіх дзевак” – бабулек з суседніх двароў, якія імгненна акружалі яго, як толькі зьяўляўся на лавачцы ў скверыку непадалёк ад свайго пад’езду, каб паслухаць ягоныя вясёлыя баечкі і мудрыя жыцьцёвыя развагі. Пра тое, што больш ня будзе пісаць вершы, а займецца толькі прозай ён усё настойлівей, нібы пераконваючы самога сябе, стаў гаварыць ня толькі на сяброўскіх бяседах, але і публічна ў прэсе, аднак праходзіў нейкі час – і ў “Полымі” ці “ЛІМе” зьяўляліся ягоныя выдатныя паэтычныя нізкі. Мусіць, яно так і ёсьць: паэзія для сапраўднага вялікага паэта непадуладная ягоным жаданьням і намерам, яна для яго і крыніца натхненьня, і сэнс быцьця, і само жыцьцё, і своеасаблівы спосаб духоўнага існаваньня...

Хваробы даймалі яго, як нейкае насланьнё. Падымаўся ранкам, закружылася галава, упаў, пашкодзіў пазваночнік, пасьля чаго з паўгоду мусіў ляжаць на мулкіх дошках. Трымаўся мужна, жартаваў: гэта пакараньне за непаслушэнства... Гарэзьліва ўсьміхаўся і тлумачыў: гэта ж колькі разоў і Максіма, і мяне папярэджваў Кандрат – не забывайце, хлопцы, на свае гады, прачнуўся, то не сьпяшай ускокваць з ложку, як малады жарабок, а нагамі паварушы, сядзь, спусьціўшы іх долу, рукою прытрымайся, інакш закружыцца галава і – у лепшым разе давядзецца тлумачыць знаёмым паходжаньне гузака ці ліхтара... А для мяне дык во чым скончылася...

Кандрата Крапіву, Максіма Танка, Пімена Панчанку зьвязвала доўгая шчырая мужчынская дружба. Яшчэ з вайны. Блізкімі, адной кампаніі з імі былі Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў. Пімен Емельянавіч у сваіх артыкулах, якія надзвычай плённа пісаў у 1976-77 гадах і якія потым склалі ледзь ці ня ўвесь том ягонага чатырохтомніка, пакінуў цікавыя ўспаміны пра сваіх сяброў пераважна ў ваенныя гады. Але гэта было пра сур’ёзнае, саліднае, грамадска-значнае, іншага тады ў адносінах да такіх людзей і не дапускалася. А ў гаворках з намі ён любіў згадваць бытавыя, сьмешныя, часам кур’ёзныя гісторыі і эпізоды, у якія яны патраплялі альбо само па сабе, альбо дзякуючы нечыім дасьціпным розыгрышам, на што былі ўсе мастакі. Згадаю толькі адну, расказаную Піменам Емельянавічам, якая нейкім чынам характарызавала іхнія стасункі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю