355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Блакит » Текст книги (страница 6)
Блакит
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 04:11

Текст книги "Блакит"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 21 страниц)

Праз дзень паклікаў Мікуловіч і пачаў здалёку, распытваючы, як пачуваю сябе на партыйнай рабоце, а потым, сьвідруючы пранізьлівым позіркам, прапанаваў перайсьці да яго памочнікам. Як і раіў Грышкевіч, я шчыра падзякаваў за высокі давер і пачаў адмаўляцца, аргументуючы пункт за пунктам. Ніводзін з маіх аргументаў ён не прыняў усур’ёз, працягваў дапытвацца, чаму ж усё-ткі адмаўляюся быць ягоным дарадцам і памочнікам, нібы здагадваючыся, што нечага не дагаворваю. Крыць было больш нечым, і без усялякай дыпламатыі, шчыра і непасрэдна рубануў:

– Не па мне гэтая халуйская работа, Іван Фёдаравіч...

Ён аж прыўстаў, зьдзіўлены, нават разгублены і, падалося, ня ведаў, як паставіцца, як адрэагаваць на маю ці то недаравальную дзёрзкасьць, ці то недапушчальную нетактоўнасьць.

– Значыць, маё даручэньне чытаць і правіць выступленьні, артыкулы ты лічыш халуйствам? – Ён паглядзеў дапытліва сваімі шэрымі прыжмуранымі вачыма, і для мяне не засталося незаўважаным, што ў іх не было ні асуджэньня, ні злосьці, хіба толькі пульсавала нейкая задзірлівая цікавасьць, а на ягоным трохі асіметрычным твары сьвяцілася лёгкая гарэзна-паблажлівая ўсьмешачка...

Я быў зьбіты з тропу і нечакана павернутым пытаньнем, і гэтай усьмешачкай, мармытаў нешта, што гэтак не лічу, бо ўспрымаю ягоныя даручэньні як свой непасрэдны службовы абавязак, стараюся выконваць іх як мага лепш, як толькі ўмею, і надалей буду рабіць з найвялікшай адказнасьцю, але толькі пакіньце ля журналістыкі, дзе я свой, і для справы карысьць будзе большая...

Ягоныя вочы палагаднелі, было відаць, што мая шчыра-ўмольная непасрэднасьць зрабіла ўражаньне. Усьміхнуўся загадкава і сказаў:

– Ладна, давай дамовімся так: альбо ты знаходзіш мне лепшую, чым сам, кандыдатуру журналіста, альбо, даруй, давядзецца ўпрагацца, як ты лічыш, у халуйскую пасаду... – І паўшчуваў: – Гэта ж трэба, гэта ж трэба... Словам, тры дні на пошукі і роздум...

З Міколам Жылінскім, якога з падачы Грышкевіча я парэкамендаваў Мікуловічу ў памочнікі, у нас на доўгія гады склаліся добрыя прыяцельскія стасункі. З лёгкае Грышкевічавай рукі мы ў абкаме сталі Ільфам і Пятровым, паколькі ледзь ці не над усімі Мікуловічавымі артыкуламі і выступленьнямі сядзелі ўдвух, і потым доўгія гады жартам зьвярталіся адзін да аднаго імёнамі вялікіх сатырыкаў. Што праўда, то праўда, але дысертацыю шэфу пісаў Мікола без аніякага майго ўдзелу, спачатку нават не прызнаваўся – надта ж канфідэцыйна-сакрэтнае меў даручэньне. У яго быў пісьменьніцкі дар, самабытная вобразная беларуская мова, аднак рашыў усьлед за шэфам падацца ў навуку. Не памяняў свайго рашэньня нават тады, як прызначылі намесьнікам рэдактара “Гродненскай правды”, дзе было, канешне, не да дысертацыі. Потым я сагітаваў яго ехаць на вучобу ў Маскву ў ВПШ, дзе ёсьць усе ўмовы і для здачы кандыдацкага мінімуму, і для напісаньня дысертацыі. А праз колькі гадоў сустрэліся з ім калегамі ў аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК: ён загадваў сектарам газетаў, часопісаў і выдавецтваў, я – тэлебачаньня і радыё. Прабыў на сектары ён нядоўга – не сьцярпеў прыдзірак загадчыка аддзелу Паўлава і, маючы вучоную ступень, перайшоў у Інстытут гісторыі партыі. Пасьля адыходу ў нябыт КПСС, а з ёй і Інстытуту яе гісторыі, дзе сумленна зарабляў свой кавалак хлеба, перабіваўся ў розных малапрыкметных выданьнях, пераважна артадаксальнага накірунку кшталту сумнавядомага камароўска-базарнага “Славянского набата”, дзе быў адным з кіраўнікоў. Потым, калі газетка загадала доўга жыць, разьмяняў добрую кватэру ў прэстыжным былым цэкоўскім доме па вуліцы Пуліхава і некуды зьехаў, ні з кім больш ня мае ніякіх стасункаў, а ягонае прозьвішча, здаецца, зьнікла з прэсы пэўнага кшталту, як і са сьпісаў актывістаў абодвух кампартыяў.

І як чалавек, і як кіраўнік гэтакага рангу Мікуловіч быў арыгінал і трохі дзівак. Прыехаўшы ў раён, ён мог спыніцца ня ў так званым люксе мясцовай гасьцініцы, нават ня ў першага сакратара ці нейкага старшыні калгасу, а выбраць наўгад вясковую хату і напрасіцца туды на начлег. Гаспадары прымалі яго за ня надта важнецкага начальніка, паколькі сур’ёзнае начальства па вёсках не начуе, а калі і начуе, то ня меней, як у старшыні калгасу; і за звычайнай вясковай вячэрай з кубкам сырадою, а то і чаркай самагонкі вялі гаворкі за жыцьцё, а раненька, да сонца падкатвала “Волга” і госьць, зьеўшы наскора яечню, запіўшы малаком, дзякаваў гаспадарам і ехаў у кантору альбо адразу ў поле да камбайнаў, на зерняток ці на ферму. І калі потым гаспадарам казалі, што ў іх начаваў сам Мікуловіч, нізашто не хацелі даваць веры – надта ж просты і мужыцкі быў кватарант. Ён апантана ўкараняў брыгадны падрад – першыя зародкі рынкавай эканомікі, а паколькі пра ніякі падрад ня згадвалася ў рашэньнях зьездаў і пленумаў ЦК КПСС, ну аніяк ён не стасаваўся з падручнікамі па палітэканоміі сацыялізму, нават з самымі найноўшымі, таму Мікуловіч меў нямала апанентаў і праціўнікаў сваіх сумніўных у тэарэтычным плане эксьперыментаў. Між тым новая арганізацыя працы без аніякіх капітальных укладаньняў адразу ж давала фенаменальныя практычныя вынікі, таму адкрыта і ўлабавую праціўнікі выступаць не адважваліся, дзейнічалі апрабаваным метадам – спадцішка сеялі скепсіс, ставілі палкі ў калёсы, намагаючыся скампраментаваць усе Мікуловічавы пачынаньні. Гэта былі вельмі ўплывовыя людзі, сярод якіх і сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы Уладзімір Фёдаравіч Міцкевіч, Мікуловічаў папярэднік на пасадзе першага сакратара абкаму, які вельмі раўніва ставіўся да нечаканых посьпехаў Гарадзеншчыны, а Мікуловіч, бы знарок, правакаваў гэтую рэўнасьць, падкрэсьліваючы і ў выступленьнях, і ў шматлікіх артыкулах, пачынаючы з “Правды”, “Коммуниста”, канчаючы аграрнымі маскоўскімі выданьнямі, пра пачатак імклівага росту з году ягонага прыходу да ўлады. У рэдакцыях не разумелі, чаму бярэцца адлік не з пачатку пяцігодкі, а нейкага невядомага году, выкрэсьлівалі, аднак у дасланых на візу гранках аўтар аднаўляў, расшыфроўваючы, што з памянёнага году пачалося ўкараненьне брыгаднага падраду. Апанентам Мікуловічу і ягонаму падраду ў вобласьці быў старшыня аблвыканкаму Малочка. Пэўна, Міцкевіч ня раз пашкадаваў, што ў свой час памыліўся ці не настаяў, каб ягоным натуральным пераемнікам стаў Малочка, а не Мікуловіч...

У адпаведнасьці з самымі элементарнымі законамі журналістыкі мы з Міколам Жылінскім не маглі дапусьціць, каб адны і тыя ж слоўныя канструкцыі пераходзілі з артыкулу ў артыкул, з выступленьня ў выступленьне. Аднак Мікуловіч і слухаць не хацеў пра нейкія незразумелыя яму журналісцкія законы і не дазваляў “псаваць”, як яму здавалася, вельмі дакладна і ўдала сфармуляваныя раней думкі. Ён учэпіста помніў запалыя ў душу ранейшыя стылёва-слоўныя канструкцыі і патрабаваў, каб яны непарушна да апошняй косачкі заставаліся хоць у пяты, хоць у дзясяты раз у ягоных артыкулах і выступленьнях. Гэта добра ведалі загадчыкі аддзелаў, рыхтуючы так званыя балванкі і ўстаўкі для Мікуловіча. Неўзабаве і мы з Міколам зьмікіцілі, што можна і не абцяжарваць сябе лішняй мазгавой дзейнасьцю – з дапамогай ножніцаў і клею зварганіць з ранейшых выступленьняў і артыкулаў хоць куды прамовіну ці артыкульчык, клапоцячыся толькі пра “мосьцікі” і “пераходы” паміж разьдзеламі і абзацамі ды на гэтых “ мосьціках-пераходзіках” сфармуляваць нешта новае, сугучнае тэме і месцы выступленьня і, вядома ж, падмацаваць патрабаваньнямі найноўшых партыйных дырэктыў, каб потым эксплуатаваць іх на ўсю поўніцу...

Гэтакім жа адналюбам Мікуловіч заставаўся і ў стасунках з людзьмі, перш за ўсё кіруючымі кадрамі. Спадабаецца нехта – і ўжо амаль немагчыма парушыць ягоную веру і перакананьне, што гэта вельмі прыстойны і варты ўсялякай падтрымкі чалавек. І гора таму, хто сваімі дзеяньнямі дасьць падставу першаму зрабіць адкрыцьцё, што падвёў яго, ашукаў у самых лепшых ягоных пачуцьцях і памкненьнях – не чакай літасьці, сатрэ ў парашок. Гэта ведалі ўсе і намагаліся працаваць сумленна, не дазвалялі сабе ўцягвацца ў нейкія авантуры і непрыстойныя справы.

Мусіць, і праўду казалі, што патрапіў я Мікуловічу на ласкавае вока, бо праз два з невялікім хвосьцікам гады сеў у кабінет намесьніка загадчыка аддзелу...

А на кар’ернай лесьвіцы, як і ў побыце: чым вышэй падымаешся – тым далей і больш відно. На новай пасадзе адразу ж кінулася ў вочы, чаго раней пры сваёй прыналежнасьці да нечынапачытальнай, трохі анархічнай журналісцкай браціі не заўважаў ці мо не зважаў, не надаваў ніякага значэньня таму, з чым цяпер нельга было не лічыцца. Перш за ўсё – строга структураваным субардынацыйным стасункам ва ўсёй дзейнасьці апарату абкаму. Зрабіў адкрыцьцё, што пры агульным маналіце тут існуе як мінімум чатыры слаі, і кожны са сваімі інтарэсамі, правіламі паводзінаў, сваёй карпаратыўнай, ледзь не каставай салідарнасьцю, сваімі правамі і абавязкамі, сваімі прывілеямі. Самым нешматлікім (пяціасабовым), але найважнейшым слоем былі, натуральна, сакратары абкаму. Трапіўшы ў сваю наменклатурную абойму, яны абавязаны былі трымацца адзін аднаго, ня толькі калегаваць, але і таварышаваць. Яны не маглі не запрасіць ці не прыняць запрашэньня адзін аднаго на нейкую сямейную ці іншую ўрачыстасьць, паколькі гэта лічылася верхам нетактоўнасьці, вялікай абразай. Трохі асабняком стаяў другі і ўжо зусім над усімі – першы сакратар. Сакратары мелі персанальныя службовыя машыны з вадзіцелямі, маглі выклікаць іх у любы час. Да галоўных дзяржаўных сьвятаў ім прывозілі на кватэры падабраныя па першым класе наборы харчовых далікатэсаў і напояў па даступных цэнах.

Ніжэй ішла кампактная і самая арганізаваная загадчыцка-аддзелаўская праслойка. Тры з адзінаццаці загадчыкаў аддзелаў – аргпартработы, прапаганды і сельскагаспадарчы – мелі намесьнікаў, якія на час адпачынку, камандзіровак аўтаматычна выконвалі іхнія абавязкі, а калі загадчыка аддзелу забіралі на павышэньне, амаль заўсёды ягоны кабінет пераходзіў да намесьніка. Адны намесьнікі, перш за ўсё сельгасаддзелу, як правіла, узначальвалі раёны, другія – падымаліся на прыступку альбо ачольвалі важныя абласныя службы, таму былі дапушчаныя да памянёнай кампаніі ці як жартам звалі “прафсаюзу”, куды і мне прадстаяла ўступаць з першай палучкі. За выключэньнем загадчыка аддзелу аргпартработы (член бюро абкаму) і фінансава-гаспадарчага (свая рука ўладыка) ніхто персанальных машынаў ня меў, карысталіся дзяжурнымі, але паколькі тады пра ніякія ліміты і гаворкі не было, кожны выклікаў “Волгу” з ведамымі кожнаму даішніку абнулёўленымі нумарамі і езьдзіў. Да сьвятаў членам гэтага “прафсаюзу” завозілі ў буфет куды сьціплейшыя, чым сакратарам, пакункі з дэфіцытам, якія яны аплочвалі і дастаўлялі дамоў.

Найбольш шматлікім, мо таму і найменш арганізаваным і дасьведчаным слоем былі так званыя адказныя работнікі – загадчыкі сектараў, інструктары і прыраўняныя да іх. Яны карысталіся грамадскім транспартам, аднак, калі выдаралася нешта тэрміновае, неадкладнае, загадчык альбо намесьнік мог выклікаць машыну, каб падкінуць інструктара ці загадчыка сектару на месца. Але гэта ня надта ўхвалялася, паколькі машынаў па розных прычынах заўсёды было менш, чым тых, хто меў права выклікаць і карыстацца імі, таму часам утвараліся заторы і нярвовыя сітуацыі. Для інструктарскага саслоўя да сьвятаў завозілі ў буфет даволі сьціплы дэфіцыт, які па норме ўзважвала і брала плату буфетчыца Зіна альбо работніца базы. Заўсёды тут трэба было адстаяць у чарзе, паколькі адначасова і па той жа норме абслугоўваліся тэхнічныя работнікі – сакратаркі сакратароў, машыністкі, вадзіцелі, прыбіральшчыцы і г.д., хоць у службовых стасунках яны і адказныя трымаліся, як правіла, на пэўнай дыстанцыі.

Да гэтага ніколі не надаваў значэньня, ня надта ўнікаў у субардынацыйныя перапетыі, ведаючы, што кругом, нават нашто ўжо дэмакратычных рэдакцыйных калектывах начальнікі рознага рангу і ўзроўню маюць адпаведныя перавагі і прывілеі, у чым ня бачыў нічога кепскага і несправядлівага – з каго большае патрабаваньне, таму і належыць мець большае... Так заўсёды было, так ёсьць і так будзе... Хіба толькі пры камунізме ўсе ўраўняюцца, але сьветлая будучыня чалавецтва ў практычным плане ўяўлялася вельмі цьмяна і няпэўна... Абкамаўскую няроўнасьць можна было параўнаць з армейскай – усе слаі выразна абазначаныя, дакладна структураваныя, і ў кожным была свая асаблівая службовая мараль, свая каставая салідарнасьць, свая этыка паводзінаў і зносінаў. Рашуча асуджалася, напрыклад, калі нехта прызвычайваўся бавіць час ды яшчэ за чаркай з падначаленымі ці ніжэйшымі па рангу, што кваліфікавалася як службовая непрыстойнасьць, недапушчальнае запанібрацтва, нават здрада сваім кланавым інтарэсам. Бывала, што з нейкай нагоды нехта выпадкова трапляў у больш высокую кампанію, і заўсёды адчуваў сябе там няўтульна, не ў сваёй талерцы. Падобнае расслаеньне назіралася паўсюдна, але тут, у галоўным кіруючым доме вобласьці на кручы Нёману ў старадаўнім Новым замку, дзе некалі засядаў знакаміты маўклівы сейм, які паклаў канец Рэчы Паспалітай, яно вызначалася неяк асабліва падкрэсьлена, рэльефна і фатальна: ня сунь носа не ў сваё проса. І рэдка хто з зайздрасьцю, больш дык з найвялікшым разуменьнем і спачуваньнем ставіліся да загадчыка аргпартаддзелу Леаніда Сікоры, які як член бюро боўтаўся паміж сакратарскай і загадчыка-аддзелаўскай кампаніямі. Пад чаркай па сакрэце ён прызнаваўся, што пакутуе, пачувае сябе чужаком, ніяк ня можа пазбавіцца ад гнятлівай непаўнацэннасьці ў сакратарскай і пачувае самім сабой, адпачывае душою толькі ў сваім родным і блізкім “прафсаюзе”.

Дагэтуль я меў службовыя справы, пазаслужбовыя стасункі ў асноўным з творчай браціяй. Яна мяне прымала за свайго, я яе таксама, і адчуваў у журналісцкіх дэмакратычных, трошкі багемных кампаніях раскавана і камфортна. І сталася, што больш чым за год работы ў абкаме ні з кім з калегаў абкамаўцаў не сышоўся блізка, па душах. Мо толькі трохі з вечна занятым Міколам Жылінскім, з кім ільфапятровілі над чарговымі творамі шэфа. Розныя службовыя справы ўзгадняў і рашаў з Грышкевічам, а калі яго не было – ішоў напрамую да Ульяновіча, абмінаючы намесьніка загадчыка Уладзіміра Паўлавіча Філіпчыка, якога і не прымаў за сваё начальства, і ён ня крыўдзіўся, разумеючы, што ў газетных і тэлерадыйных справах мала што кумекае. У свой час прызначаючы загадчыкам аддзелу Грышкевіча, які практычна ня меў вопыту партыйнай работы, у тандэм яму паставілі аргпартаддзельца Філіпчыка. Ён узяў на сябе палітасьвету, лектараў, агітатараў, у блізкія Грышкевічу сферы ня надта соваўся і ўнікаў. З ад’ездам Грышкевіча ў ЦК КПСС сітуацыя амаль што паўтарылася, і для новага тандэму на месцы пад рукой аказаўся я і стаў курыраваць сродкі масавай інфармацыі, культуру, творчыя саюзы, як і Грышкевіч...

З першай зарплаты мы з Філіпчыкам замочвалі свае новыя пасады, а для мяне гэта было прадстаўленьне і прыём у “прафсаюз” – загадчыка-аддзелаўскую кампанію. Філіпчык са сваёй звычайнай добрай стрыманай усьмешкай, якая час ад часу перарываецца вясёлым сьмехам з характэрнымі жэстамі, расказаў, як гэта робіцца і супакоіў: не хвалюйся...

Напярэдадні заглянулі да загадчыка фінансава-гаспадарчага аддзелу Піліпа Пятровіча Дайнэкі, а потым да буфетчыцы Зіны – разьбітной, ветлай і адначасова нахабнаватай кабеціны, якая была тут з незапамятных часоў, ведала ўсё і ўся, умела да каго хочаш пад’ехаць. Расказвалі, калі ў Гародні наведваўся, каб рашыць на месцы шматмільённае будаўніцтва заводу па выпуску капралактаму, саюзны прэм’ер Касыгін з кіраўнікамі Дяржплану, Дзяржснабу, саюзнымі міністрамі, кіраўнікамі рэспублікі Машэравым і Кісялёвым у сьвіце, абед высокім гасьцям рашылі арганізаваць у толькі што адрамантаванай, адрэстаўраванай абкамаўскай сталоўцы ў круглай зале на першым паверсе, над якой такая ж, дзе некалі маўклівы сейм падзяліў Польшчу, а цяпер засядала бюро абкаму. Заслалі сталы сьвежымі бялюсенькімі абрусамі, завезьлі з лепшага рэстарану прыгатаваныя кухарамі экстра-класу па вышэйшым разрадзе стравы. Вопытныя афіцыянткі з рэстарану пад наглядам аховы да прызначанага часу сервіравалі сталы, аднак стравы стынуць, а госьці ўсё не ідуць, гаворка паверхам вышэй доўжыцца і доўжыцца, і ніхто не асьмеліцца ўтыркнуцца туды, запрасіць на абед. І тут Зіна ў бялюткім фартушку ўрываецца з залу, на віду анямелых удзельнікаў рашуча накіроўваецца да Касыгіна:

– Аляксей Мікалаевіч, абед стыне. Прашу... Дагаворыце пасьля...

Той ад нечаканкі запнуўся на паўслове, вытрымаў паўзу і нечакана па ягоным суровым, змрачнаватым твары праплыла добрая гарэзная ўсьмешачка, зьвярнуўся да прысутных:

– Што ж, зробім перапынак на абед! Нельга, каб прастыла... – Устаў і першы пайшоў за Зінай...

Нашая з Філіпчыкам, як цяпер сказалі б, прэзентацыя новых пасадаў і “прыём” мяне ў прафсаюз, натуральна, з прастаўкай і замочкай адбылася ў пятніцу пасьля работы ў бакавушцы, дзе абедалі загадчыкі аддзелаў і намесьнікі, маючы кожны сваё месца, і абслугоўваліся адразу ж, якая б чарга ні была ў агульнай зале. З гэтага дня і я атрымліваў тут сваё законнае месца...

Існавала завядзёнка зьбірацца сваёй кампаніяй, як правіла, напярэдадні Новага году, майскіх і кастрычніцкіх сьвятаў і, канешне ж, 23 лютага – у дзень Савецкай арміі і флоту, калі сьвята выпадала не на выхадныя. Ну і, натуральна, зрэдку з нагоды прыёму некага ў “прафсаюз” ці адзначкі чыйгосьці круглага альбо паўкруглага юбілею, калі таго хацеў юбіляр. Гэтыя зборкі збліжалі, спрошчвалі чалавечыя і службовыя стасункі. Можна было запроста зайсьці да любога загадчыка аддзелу і без усялякай цеганіны і ўзгадненьняў па-свойску вырашыць любое пытаньне. Ініцыятарам збораў часьцей за ўсё быў Піліп Пятровіч, які вельмі любіў і чарку ўзяць, і пагаманіць у кампаніі, альбо вясёлы, імпульсіўны, таварысцкі Васіль Сурмач, загадчык прамысловага аддзелу. Яны з Філіпчыкам былі родам з Мастоўскага раёну, дружылі сем’ямі, і неяк неўпрыкмет, бадай што адразу і мы з ім сталі добрымі прыяцелямі. А потым нашы службовыя лёсы пайшлі паралельна – амаль адначасова перабраліся ў Менск у ЦК, жылі ў дамах па суседстве, разам гаспадарнічалі ў Атоліна (загарадны цэкоўскі прафілакторый), і нас заўсёды збліжала, радніла гарадзенскае зямляцтва і абкамаўскае мінулае. З ЦК яго прызначылі нафта-газавым міністрам. А неўзабаве пачалося татальнае раскраданьне краіны. Сурмач быў чалавек старой закваскі – не дазваляў сабе і другім не даваў цягнуць, словам, замінаў, і неўзабаве з нечае падачы быў пасьпешліва прагнаны тымчасовым прэм’ерам Кебічам без прад’яўленьня нейкіх сур’ёзных прэтэнзіяў і прадастаўленьня яшчэ не ў пенсійным узросьце іншай работы. Васіль Васільевіч пачуваў сябе страшэнна абражаным, і калі пачалася першая дэмакратычная прэзідэнцкая кампанія, дзе прэтэндэнтам пад нумарам адзін, натуральна, ішоў Кебіч, Сурмач, дзе толькі мог і як толькі мог, агітаваў супраць яго, сьвяткаваў як сваю асабістую перамогу, калі той пацярпеў сакрушальную паразу ад малавядомага дырэктара саўгасу. Аднак і пасьля перамогі апанента Кебіча Васіль Васільевіч аказаўся незапатрабаваным – яму ня толькі ніхто не прапанаваў ніякай работы, яго дэманстратыўна, бесцырымонна, выкінулі з лечкамісіі, дзе ён меў пільную патрэбу ў пастаянным назіраньні ўрачоў. Такога бессаромства, абразы заслужаных людзей, былых членаў Ураду не дазваляла сабе ні адна ранейшая ўлада. Васіль Васільевіч перажываў выгнаньне з лечкамісіі мо нават больш балюча, чым беспадстаўнае звальненьне з міністэрскай пасады. Памёр ён раптоўна ў яшчэ адносна маладым веку і амаль што ў галечы. Пра ягоную сьмерць не палічыла патрэбным паведаміць ніводная ўрадавая газета... Але я ўжо надта забягаю наперад.

Хоць мы, тры намесьнікі, фармальна ўваходзілі ў склад загадчыцкага “прафсаюзу”, насамрэч роўнасьці, канешне, не было і быць не магло – для таго кожнаму з нас трэба было падняцца яшчэ на адну службовую прыступку. Роўнымі не маглі быць і загадчыкі, паколькі розную сацыяльную і палітычную вагу мелі сферы, якія яны курыравалі. І сярод нас траіх пранырлівы і хітры аргпартаддзелавец Станіслаў Андрыеўскі пастаянна намагаўся даць зразумець, падкрэсьліць, што ён першы сярод роўных. Мо таму шчырасьці, дружбы з ім не завязвалася ні ў мяне, ні ў аграрыя Аляксея Яновіча, з якім мы сышліся адразу ж. І, мусіць, ня толькі таму, што былі амаль аднагодкі і не задумваліся, хто з нас важнейшы. Мне вельмі імпанавала, што Аляксей жыва цікавіўся ўсім, што тычылася культуры, найперш – літаратуры, імкнуўся як мага больш уведаць, пазнаць дасканала, не саромеючыся пытацца пра самыя элементарныя рэчы, і хапаў усё на ляту. Раней ён кантактаваў з Грышкевічам, а зараз ледзь ці не штодня забягаў да мяне пагаманіць пра розныя навіны і праблемы літаратуры, культуры, гісторыі. Занятыя праблемамі сваіх сфераў кіраўнікі галіновых, дый і іншых аддзелаў мала, а то і зусім не цікавіліся перапетыямі сусьветнай палітыкі, прытрымліваючыся, мусіць, надзейнага старога прынцыпу: чым менш ведаеш – тым лепш сьпіцца. Толькі аграрнік Яновіч сістэматычна адсочваў міжнародныя і ўнутраныя падзеі, аналізаваў, выяўляў іхнія яўныя і тайныя спружыны, арыентаваўся ня горш за прафесійнага лектара-міжнародніка. Перад абедам ён забягаў да мяне, і мы разам, перадаючы адзін аднаму старонкі, чыталі сьвежую, толькі-толькі атрыманую па тэлетайпе інфармацыю ТАСС для службовага карыстаньня, частка якой зьявіцца вечарам у інфармацыйных выпусках тэлебачаньня і радыё, у заўтрашніх газетах, але шмат што не патрапіць у адкрытую прэсу. І яшчэ, звычайна, Аляксей перачытваў ад першай да апошняй старонкі ўзяты ў мяне аналітычны бюлетэнь АПН для службовага карыстаньня. Забясьпечваў яго я і радыёперахватам беларускай “Свабоды”, які на бланку Дзяржтэлерадыё БССР пад грыфам “Сакрэтна” прысылалі ў абкам партыі для арыенціроўкі і наладжваньня дзейснай контрпрапандысцкай дзейнасьці. З запісаў забугорных галасоў яго больш за ўсё цікавілі перадачы па гісторыі, а найперш – нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Праўда, тады ён і не заікнуўся, што паходзіць з роду Дварчанінаў...

Яновіч усё больш і больш выклікаў сімпатыю няўрымсьлівай дапытлівасьцю, настойлівым імкненьнем пашыраць і паглыбляць свой інтэлектуальны кругагляд, і ў мяне не было сумненьня, што ў Аляксеевай асобе неўзабаве будзем мець разумнага, усебакова дасьведчанага кіраўніка вельмі і вельмі высокага рангу. Неўзабаве гэта стала спраўджвацца – трыццацігадовага Яновіча паслалі ўзначаліць самы эканамічна моцны Карэліцкі раён, дзе на ўрадлівых глебах, як нідзе, расьлі Героі, ардэнаносцы высокай пробы і, натуральна, кіраўнікі высокага палёту. Адсюль, дарэчы, стартаваў на сваю высокую арбіту і Мікуловіч...

Пасьля пераезду ў Карэлічы, адкуль павінен быў адбыцца ягоны вялікі кар’ерны ўзлёт, сустракацца мы сталі рэдка, пераважна на розных нарадах і сходах. Аляксей намагаўся дэманстраваць, што ў нашых прыяцельскіх стасунках нічога не перамяніліся, але яму цяжка было хаваць, а мне не заўважыць, што на іх патыхнула халадком іншаўзроўневага “прафсаюзу”, выветрываючы астаткі шчырасьці і душэўнай цеплыні. Я ўжо збольшага ўведаў законы, правілы, звычкі наменклатурных калідораў, таму не было ў тым ні нечаканкі, ні нейкай крыўды альбо зларадства, хіба толькі зьдзіўленьне, што Аляксей гэтак хутка захварэў на патрыцыянства. Тым ня менш, забягаючы наперад, калі ў Маскве ў ВПШ сярод нашага беларускага зямляцтва заходзілі спрэчкі-гаворкі, хто з маладых разумных кадраў мае патэнцыял і рэальны шанц у бліжэйшай ці аддаленай персьпектыве зазьзяць на кіроўным небасхіле рэспублікі ў сонме зорак першай велічыні, я заўсёды сьцьвярджаў і даказваў, што сярод іх абавязкова будзе Яновіч, а мой калега Яўген Рабко, родам з Карэлічаў, катэгарычна не згаджаўся: для таго трэба быць асобай, а Яновіч – проста чыноўнік-служака сярэдняй рукі, а я надта забольшваю ягоныя якасьці. Спрачаліся мы да хрыпаты і, магчыма, абодва мелі рацыю: я ведаў Аляксея болей з параднага боку, Яўген – трохі з іншага...

Тым ня менш Аляксей зрабіў неблагую кар’еру, праўда, далёка не такую, якую яму прарочылі, дый, пэўна, сам спадзяваўся. Ягоным эпагеем і найвышэйшым узьлётам стала пасада старшыні аблвыканкаму ў эканамічна слабенькай Магілёўскай вобласьці, адкуль, выдатна разумеў, уехаць у стольны Менск на белым кані – персьпектыва прывідная. Куды больш рэальным быў пераможны ад’езд з Масквы, і ён даў згоду на ня надта прыкметную чыноўнічую пасаду ў першапрэстольнай. Спадзяваўся, пэўна, што там заўважаць, ацэняць, прасунуць на стартавыя пазіцыі. Ня ведаю, наколькі гэта дакладна, але кажуць, што ў Маскве ён зрабіў вялікую прамашку, адмовіўшыся ад высокай пасады ў адным з аддаленых рэгіёнаў Расіі, пасьля чаго на ягонай кар’еры быў пастаўлены крыж, і нічога не заставалася, як у рэшце рэшт вяртацца ў рэспубліку на вельмі і вельмі сьціплае месца начальніка ўпраўленьня саўміну, дзе і прасядзеў да пенсіі. Праўда, калі пайшла мода і ўшчаўся вялізны попыт на магілёўскія кадры, яму дазволілі вылучыцца ў дэпутаты і аднаму з нямногіх у парадку выключэньня сумяшчаць чыноўніцкую работу з дэпутацкай дзейнасьцю. Але ненадоўга...

Не магу не сказаць колькі словаў пра Івана Аўсейчыка, які тады з ад’ездам Яновіча ў Карэлічы прыйшоў на ягонае месца ў абкаме. У адрозьненьне ад свайго папярэдніка Іван ня надта цікавіўся перапетыямі высокай міжнароднай палітыкі, праблемамі літаратуры і мастацтва, аднак мы адразу ж, з першага знаёмства, сышліся як землякі – абое паходзілі ня толькі з аднаго раёну, але і з аднаго калгасу. Ягоныя Шынкаўцы былі побач з Астрыной, дзе ён канчаў школу, таму раней не сустракаліся і ня зналіся. Іван быў сьветлы, рэдкай абаяльнасьці чалавек, здаецца, аж сьвяціўся шчырай дабрынёй, спакоем і разважлівасьцю. У ім жыла натуральная, глыбінная сялянская самавітасьць, якая з першага ж знаёмства выклікала давер і надзейнасьць. Па сабе заўважаў, што ўсе, хто трапляў у наменклатуру, памалу, неўпрыкмет заражаліся кар’ернымі бацыламі, неўласьцівым раней прагматызмам, пачыналі ня толькі зрэдку задумвацца, але і ледзь ці не штодня клапаціцца: а што ж будзе далей? Вяртацца, адкуль прыйшоў, пабыўшы ў начальніках, ужо неяк няёмка і перад знаёмымі, і перад самім сабой. Застаецца толькі верна і аддана служыць, не гнявіць начальства, каб не апраставалосіцца, аскандаліцца ды патрапіць у разрад бесперсьпектыўных. На дзіва ўсё гэта Івана аніколечкі не хвалявала і не клапаціла. Напачатку я не хацеў даваць веры, думаў трохі выпендрываецца землячок, але і не паверыць было немагчыма, калі ён адкрыта казаў начальству, што чыноўнічая служба яму не па душы, прыгнечвае, прасіўся адпусьціць ў які-небудзь хай сабе і дабіты да ручкі калгас старшынём альбо аграномам. На партыйную работу ён трапіў выпадкова: сказалі цягнуць воз – і цягнуў надзейна, перапрагалі – і ён зноў цягнуў, падымаючыся з прыступкі на прыступку, аж пакуль не дапяў да ненавіснай канцылярска-папяровай работкі ў абкаме партыі. У гэтым плане ён быў белай варонай, але ў адрозьненьне ад бальшыні нас ягонае амаль абсалютнае ігнараваньне кар’ерных памкненьняў рабіла яго куды больш свабодным, незалежным, самім сабой. Іван мог без аглядкі на начальства казаць, што думае, што лічыць патрэбным сказаць, часам дзёрзка, у піку нейкай чарговай дурноце зьверху. У Мікуловіча насуперак элементарнай наменклатурнай логіцы часам такія яршыстыя непачціўцы выклікалі не раздражненьне, а давер і сімпатыю. Не мінула і году, як Іван паехаў першым у Смаргонь, адкуль званіў мне ледзь ці не штодня параіцца ці пракансультавацца па ідэалагічных пытаньнях, а часьцей дык перакінуцца слоўцам, падзяліцца сваімі клопатамі, выслухаць маё меркаваньне і, канешне ж, чарговы раз запрасіць прыехаць ці то на пленум райкаму, ці то на нейкае іншае мерапрыемства альбо проста пабыць на прыродзе, пагаманіць ад душы. І я заўсёды выбіраў самы далёкі Смаргонскі раён, калі пасылалі прадстаўляць абкам на нейкіх важных раённых мерапрыемствах і як не было нейкіх неадкладных справаў у іншых месцах. Іван ніколі, што звычайна мелі за правіла ў іншых раёнах, не вазіў мяне на пачостку да некага ў калгас, а прымаў сам альбо на прыродзе, альбо ў сваёй трохпакаёўцы ў звычайным шматкватэрным панельным доме – ён быў адзін сярод першых сакратароў, які адмовіўся ад раскошнага сакратарскага асабняку за высокім парканам, загадаўшы аддаць яго шматдзетнай сям’і, пажадаў жыць не выдзяляючыся абсалютна натуральна і шчыра, без усялякага папулізму і выпендражу. Ці то ў яго, ці то ў мяне, калі ён іншы раз заставаўся нанач у Гародні, мы заўсёды пад сьціплую чарачку заседжваліся за добрай сяброўскай гаворкай да позьняй ночы.

Мяне заўсёды зьдзіўляла, захапляла ягонае ўменьне гаварыць з людзьмі, у тым ліку даваць некаму наганяй – спакойна, не павышаючы голас, не зрываючыся, і заўсёды з павагай да субяседніка, нават калі той праштрафіўся, зрабіў непрыгожы ўчынак. Ня раз сам назіраў, чуў ад іншых, з якой павагай ставіліся да свайго першага і кадры розных узроўняў, і простыя людзі. На вялікі жаль лёс гэтага добрага, няўрымсьлівага чалавека склаўся вельмі трагічна. Здавалася, яму, невысокаму, каржакаватаму мацаку, век зносу ня будзе, а тут нечакана прычапілася страшная хвароба, якую ён пераносіў з незвычайнай мужнасьцю і аптымізмам. Па настаяньні медыцыны вымушаны быў пакінуць Смаргонь, адкуль яго ніяк не хацелі адпускаць, і пераехаць у Гародню на пасільную работу. Апошні год ён ляжаў зусім спаралізаваны, многа чытаў, а потым, нібы на злосьць сваёй немачы, пачаў пісаць вельмі вясёлыя, надзвычай аптымістычныя апавяданьні і гумарэскі. Я быў літаральна ўражаны, прачытаўшы прысланыя мне ў “Вожык” два невялічкія апавяданьні з кароценькім, напісаным з вясёлым гумарком, пісьмом аб сваіх нечаканых творчых памкненьнях і просьбай ацаніць, што з гэтага атрымліваецца. Без усялякага перабольшаньня і скідак: і тут у яго выходзіла таленавіта. Адразу ж сёе-тое падправіў па стылі і мове, аддаў у друк, а Івану напісаў ліст з ухвалай і падтрымкай, прапанаваў, каб усё, што напішацца, дасылаў мне і назваў нумар часопісу, у якім будуць надрукаваныя ягоныя першыя творы. Неўзабаве атрымаў ад яго шчыры радасны ліст з падзякай за вельмі важную для яго зараз маральную падтрымку і яшчэ адну гумарэску. Потым дасылаў яшчэ і яшчэ, часам ледзь ці ня кожны тыдзень. На жаль, ня ўсё была магчымасьць надрукаваць, аднак на працягу больш чым году Іванава прозьвішча не сыходзіла са старонак “Вожыка”, нават калі яго ўжо ня стала на гэтым сьвеце...

Прайшлі гады, дзесяцігоддзі, а тыя абкамаўскія “прафсаюзныя” сходкі прыгадваюцца з цеплынёй і ўдзячнасьцю. Рэдкія выпадковыя і невыпадковыя сустрэчы з былымі калегамі заўсёды выклікаюць добрыя, прыемныя пачуцьці, нібыта на нейкія хвілі вяртаешся ў даўнюю адшумелую маладосьць. На жаль, усё менш і менш іх застаецца на гэтым сьвеце. Адны ляжаць немаведама дзе, як мілы Іван Аўсейчык на запушчаных могілках амаль што вымерлай ягонай роднай вёскі Шынкаўцы, другія, як Грышкевіч, Русаковіч, – на розных Маскоўскіх могілках, а больш за ўсё – у Гродне, на так званай алеі вядомых людзей, якую пачалі ў пачатку сямідзясятых з рана памерлага вельмі папулярнага старшыні аблвыканкаму Рыгора Філатавіча Фамічова. І добра тады зрабілі, адкрыўшы гэтую ганаровую дзялянку – можна прыйсьці і аднаму за адным пакланіцца. Ад Фамічова да непадалёк Надзеі Андрэеўны Быкавай. І канешне ж, Аляксею Нічыпаравічу Карпюку...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю