Текст книги "Блакит"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 21 страниц)
Гэтаксама ж адразу ж, як толькі зайшлі ў хату, бацька ўпадабаў, прыняў за свайго і Сяргея Законьнікава. Генадзь і Сяргей заўсёды перадавалі яму прывітаньні і ён з радасьцю прымаў іх, перадаваў ім свае, запрашаў прыехаць на грыбы ці проста так, а ў апошнія гады кожны раз недаўменна пытаўся: чаму іх стала не відно, як раней, па тэлевізары, не чутно па радыё, нават калі песьні іхнія пяюць, чамусьці не называюць, як іншых?..
З бацькам дружылі і да апошняга дня дапамагалі, скрашвалі ягонае жыцьцё мае школьныя таварышы Толік Бадак і Коля Ключнік, якія часта давалі яму тое, што мусілі даваць мы з братам...
Яны з маці ведалі: для мяне і сястры няма вяртаньня ў родную хату, а ехаць у горад, калі занядужаюць, ні за якія грошы не зьбіраліся, дый не было патрэбы. Дажываць свой век зьбіраліся з малодшым Віктарам і ягонай жонкай Валяй, добрай, увішнай кабетай родам з Берагоўцаў з-пад Нёмана. Яны жылі ў Шчучыне, працавалі на заводзе, аднак кожныя выхадныя і водпускі бывалі тут, ня толькі памагалі па гаспадарцы, але і мелі свае соткі, свой гарод, свае пчолы. Зьбіраліся, як толькі выйдуць на пенсію, назусім пераехаць сюды. Ды на вялікі жаль і смутак абое сталі браць лішнюю чарку, абсаромлівацца самім і абсаромліваць, больш таго – крыўдзіць старых... Што толькі ні рабілі мы з сястрой – не памагала. А потым ці то па п’яні застудзіў лёгкія, ці то далі знаць чарнобыльскія кюры, якіх наглытаўся вышэй завязкі, возячы будматэрыялы для саркафагу, а мо тое і другое, але яшчэ ў зусім маладыя леты практычна нічога ня мог рабіць, задыхаючыся. Гэта была найвялікшая бацькава бяда, трагедыя, яна, безумоўна, паскорыла ягоны адыход. Ужо зусім нямоглы ён з ранку да вечара аходваўся па гаспадарцы – рэзаў на сячкарні сечку, карміў, даіў карову, варыў корм сьвіням, летам дабаўляючы накошанай і прапушчанай праз сячкарню травы, даглядаў пчол. Сагнутая ў крук маці была яму слабым памочнікам – толькі наглытаўшыся абязбольвальных лекаў яна сяк-так “выязджала” на кіёчку ў двор пакарміць курэй, сабаку ці прыгледзяць пчолы, гукнуць бацьку, калі яны ўздумаюць раіцца. Наколькі гэта магчыма, мы стараліся аблегчыць іхнюю працу: Віктар прыладзіў электраматор да сячкарні, дровы пілавалі бензапілой, асабліва выгоду займелі, калі я прывёз і прыладзіў у студні электрапомпачку, якой можна было падаваць ваду хоць у хату. Бацька, як і маці, і не задумваўся, навошта яму гэтак ўлягаць з апошніх сілаў. Для яго ніколі нават не ўзьнікала такога пытаньня. Штодзённыя спрадвечныя сялянскія клопаты былі для яго абсалютна натуральным спосабам існаваньня, іншага яны з маці сабе і не ўяўлялі. І нават не крыўда, а вялікае неразуменьне аглытвала іхнія душы, калі Віктар з жонкай, перабраўшыся, каб прадоўжыць іхнюю сялянскую справу, як толькі атрымаюць пенсію альбо плату за прададзенае калгасу малако ці сабраныя для нарыхтоўшчыкаў грыбы, губляюць галовы, забываюць на ўсё, на тыдзень-два ўпадаючы ў запой ці ў Шчучыне, ці з панаехалымі ў вёску дый сваёй гадоўлі алкашамі...
Кожны год бацька гадаваў двух кабанчыкаў, аднаго сьвежавалі перад калядамі, а другога – перад вялікаднем, і заўсёды наказваў прыехаць памагчы ўправіцца, узяць сьвежаніны, зробленых сямейнай талакой пальцам пханых каўбасак, а мусіць, галоўнае – пабачыць у роднай хаце нас усіх разам. Я прыязджаў не заўсёды, зрэдку – дарога пад трыста кіламетраў не жартачкі, аднак бацька ўсё роўна дзяліў сьвежаніну, каўбасы на чатыры часткі, настойліва загадваў сястры пазваніць мне, каб хутчэй прыехаў і забраў сваю долю. Ня столькі патрэбна была тая сьвежаніна, колькі боязь пакрыўдзіць бацьку, пабачыцца ў рэшце рэшт. Ну во, пэўна, апошні раз вас частую, кожны раз гаварыў ён, сілаў няма... Аднак не праходзіла і тыдня, як у апусьцелым хляве весела парохквала-папісквала парачка парасятак. Да апошняга ён трымаў карову, якой, па словах маці, колькі жылі не мелі, і Бог даў напаследак – летам бацька надойваў па тры вядры за дзень, і ня ведалі куды падзець тое малако, асабліва – калі нейкі час перасталі прымаць у калгас. Ад пуза пілі парасяты, сабака, напаўдзікія каты, якія галоднай зграяй хаўрусіліся ля хлява ледзь толькі ў вядро ўдаралі першыя струменьчыкі.
Звычайна, дома бываў я наездам, толькі летам прыязджаў на нейкі больш-менш працяглы час, каб нарыхтаваць сена на зіму, абкасіць межы, падрамантаваць платы, страху ці яшчэ што, памагчы па гаспадарцы, проста пабыць з бацькам і маці, па пераездзе ў Менск з якімі бачыўся радзей і радзей. У апошнія тры гады асабліва відно было, што ўпраўляцца з гаспадаркай бацьку ўсё цяжэй і цяжэй, і мы ўгаворвалі збыць карову, махнуць рукой на парасяты – вунь куды маладзейшыя і здаравейшыя не трымаюць. Ён нібыта і згаджаўся, што і, праўда, сілы ўжо не тыя, здавалася, усур’ёз намерыўся адмовіцца ад дзялкі сенакосу. Аднак назаўтра заглядваў брыгадзір з пытаннем: колькі вам пракосаў, Максімавіч? Бацька нейкі час думаў і рашуча казаў: пяць, а потым, нібы вінавацячыся за нястрыманае слова, патлумачваў: апошняя гэта справа жыць у вёсцы і купляць малако, дый не магу чужога, ад чужой каровы... Трымаў удалую сваю да апошняга, рашыўшыся прадаць усяго за колькі дзён да сьмерці, калі малодшы з нявесткай зьехалі ў Шчучын і больш за месяц не паказвалі носу...
Прыкметней і прыкметней занемагаючы, ён у свае амаль дзевяноста заставаўся пры абсалютна сьветлым розуме і незатуманенай, вострай памяці. У апошнія гады ўсё больш і больш выклікаў трывогу і нядобрае прадчуваньне ягоны незнаёмы самотна-тужлівы, трохі адчужаны, скіраваны ў далячынь доўгі пагляд: ат, мне ўжо ўсё роўна, сваё я адгаспадарыў... Бы знарок кідалася ў вочы, кранаючы халадком душу, што на ўсім тут, пачынаючы з варот, плоту, вуллёў, канчаючы хлеўчыкам, разгалістымі яблынямі, самой хатай, неяк раптам стала выразна праяўляцца старэньне, струхленьне, запусьценьне – прыкмета паміраньня...
Шчасьлівы лёс дараваў мне не адчуваць сябе сіратой да шасьці з паловай дзесяткаў гадоў, а значыць – і свайго ўзросту, бо пакуль жывыя бацькі, дзеці заўсёды адчуваюць сябе маладымі. Розумам разумеў, а сэрцам ня верылася, не хацелася верыць, што так будзе ня вечна... На ўсе нашы, асабліва маёй жонкі-урача прапановы легчы ў бальніцу палячыцца ці то ў Шчучыне, ці то ў Гродне, ці то ў нас у Менску толькі махаў рукою: і нікуды я не паеду, і хто гэта мяне ўжо вылечыць...
У пачатку сакавіка, не чакаючы вялікадня, нечакана бацька склікаў усіх нас на сьвежаваньне кабанчыка. Я кепска сябе адчуваў, здаецца, грыпаваў, і не паехаў, рашыўшы, што як заўсёды, управяцца без мяне. Вярнуўшыся з вёскі, пазваніла сястра і перадала бацькаву просьбу хутчэй прыехаць, і паведаміла: пакуль што трымаецца малайцом, хоць суседка Жэня – медсястра, якая ці не штодня заходзіць зрабіць яму ўкол, папярэджвае, што трэба быць гатовымі да самага горшага. Асьцерагаючыся ўводзіць суседзяў у траты, ён амаль ніколі не званіў мне ў Менск, я сам час ад часу набіраў Жэнін нумар, прасіў паклікаць ці проста даведацца, як пачувае бацька, перадаць яму прывітаньне, а тут патэлефанаваў сам і настойліва папрасіў хутчэй прыехаць і забраць падрыхтаваны гасьцінец. Толькі як праз колькі дзён здарылася непапраўнае, да мяне дайшло: мусіць, адчуваў, што канчаецца адлік ягоных дзён, і меў патрэбу пабачыцца са мной апошні раз, мо сказаць нешта самае важнае перад тым, як назаўжды разьвітацца... Некалі напаўжарт дамовіліся: ён нізашто не дазволіць сабе адыйсьці, не разьвітаўшыся са мною. Шчыра кажучы, па ягоным голасе чуў, што ён вельмі чакае мяне, але нешта падсьвядома змушала адкласьці паездку да трохі цяплейшых дзён, цешачы надзею: само чаканьне надасць яму сілы трымацца, дачакацца выхаду з вульлёў у першы аблёт ягоных пчол, а там ўжо, як заўсёды па вясьне, ажыве душою... Каб жа ведаў! Пехам пайшоў бы...
Бог яму даў лёгкую сьмерць. Прыселі з маці на цёплы мурачак перад тэлевізарам глядзець чарговую серыю бясконцага серыялу. Да пачатку заставалася хвілінаў пятнаццаць, і маці папрасіла, каб перасеў на канапу, яна ж трохі пагрэе сьпіну лежачы. Ён перасеў, раптам застагнаў, асунуўся – і...
Мы з жонкай дабраліся а другой палове наступнага дня, калі ён спакойны, зусім не падобны на нябожчыка ўжо ляжаў пасярод хаты ў труне... Пастаяўшы, пасядзеўшы ля бацькі, выйшаў уняць сьлёзы на вуліцу. Пахадзіў ля гумна, зайшоў у агарод – і застыў, бы токам працяты: ад вульля да вульля на яшчэ не зусім уляжалым сьнезе ягоныя зусім-зусім сьвежыя сьляды...
Пахавалі яго на старых дзембраўскіх могілках, дзе ўжо амаль нікога не хаваюць, побач з магілай дзеда Максіма. Такое было ягонае жаданьне. Ён даўно абгарадзіў выбранае месца жэрдачкамі і кожны год хадзіў з сякеркаю высякаць дужа агрэсіўны кустоўнік... Не прайшло і паўгоду, як сюды побач, пакінуўшы месца для маці, лёг і Віктар, каб недалёка было прасіць дараваньня ў бацькі, якога не пасьпеў папрасіць на гэтым сьвеце...
Пасьля памінак мы з жонкай і сястра з мужам ад’язджалі разам, на іхняй машыне – яны рабілі кругаля, каб падкінуць нас да Шчучына на менскі аўтобус. Сядаючы ў машыну, механічна павярнулі галовы, і ўпершыню за многія гады ня ўбачылі ля варот самотную бацькаву постаць, ягонага доўгага журботна-пранізьлівага разьвітальнага позірку...
Я ня надта веру ў розную містыку, хоць часам цяжка патлумачыць нейкія дзіўныя рэчы. Тым летам, як заўсёды, я наведаўся на колькі дзён у вёску. Выбраўся схадзіць у Дзембрава да бацькі на магілку. Ва двары падзівіўся, убачыўшы на страсе маладога цыбатага бусла, што самавіта аглядваў хату, нібы цікуючы сабе месца для будучага жытла. У нас на вёсцы яны ніколі не вяліся, вялізная буслянка колісь была толькі ў Дзембраве ля касьцёлу, пакуль старую падгнілую прысаду не зваліла бура. Угледзеўшы мяне, бусел скокнуў на комін, а як я накіраваўся праз вёску ў дарогу, узьляцеў і стаў кружыць і кружыць пада мною. Пасярод вёскі мяне пераняў трохі ўжо вясёленькі Коля Ключнік, чый двор аж кішэў ад дзятвы – зьехаліся дзеці з унукамі адсьвяткаваць юбілей гаспадыні, увішнай і спрытнай Эмы, немкі па нацыянальнасьці, якую колісь прывёз з цаліны Коля. Эму адразу ж упадабалі, прынялі за сваю ў вёсцы. Мо за тое, што амаль адразу ж, а праз нейкі час і без аніякага акцэнту загаварыла па-нашаму, а мо за дабрыню, працавітасьць і акуратнасьць – павучыцца кожнай мясцовай гаспадыні. Адмовіцца завярнуць ва двор, павіншаваць, узяць чарку за здароўе юбіляркі я проста не мог, і калі заўважыў, што бусел на радасьць дзятвы, сеў на слуп перад Колевай хатай, нібыта цярпліва чакае мяне, – бы токам працяло. Падзякаваўшы гасцінным гаспадарам, паспяшаўся пакінуць устаўлены прысмакамі стол ва двары. Бусел адразу ж узьляцеў са слупа, працягваў кружыць нада мной аж да самых могілак. І толькі там, зрабіўшы апошні круг, растварыўся ў паднябесьсі...
І не павер пасьля гэтага, што добрая бацькава душа ўсялілася ў гэтую сьвятую белую птушку...
Пэўна ж, белым буслом лунае над Беларусяй і светлая душа аўтара пранікнёнай “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча, з кім мне пашчасьціла знацца пры ягоным жыцьці. Пазнаёмілся мы недзе ў сямідзясятых, калі ён ад Саюзу пісьменьнікаў прыязджаў у Гародню на нейкі семінар з маладымі аўтарамі, які праводзіла абласное аддзяленьне. Ня ведаю, як у яго, а ў мяне першае знаёмства пакінула ня надта добрае ўражаньне – Уладзімір Сямёнавіч увесь час быў на добрым падпітку, і гэта шакавала нават мяне, не кажучы пра вялікага цьвярозьніка Карпюка. Уведаўшы, што мае прыехаць Караткевіч, Быкаў і Карпюк прапанавалі арганізаваць выезд з менскім госьцем у народ. Карпюк настойліва падбухторваў наведацца па суседству ў Скідзель, дзе ён ня быў, як яшчэ езьдзіў выступаць разам з Васільком, і любіў расказваць, як яму і гаварыць не давалі, патрабуючы слухаць толькі Васілька. І зараз яго дужа займала, цікавіла, як успрымуць яго, вядомага, у нечым скандальна вядомага, скідзельцы сёньня. Дый мне таксама хацелася пабыць у роднай школе, прывезьці туды вядомых пісьменьнікаў і ў першую чаргу, канечне, вельмі папулярнага ў моладзі Уладзіміра Караткевіча, аўтара раману “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Пазваніў сакратару Гарадзенскага сельскага райкаму Уладзіміру Мацкевічу: ёсьць такая прапанова... А прапановы з вышэйшых па рангу партыйных інстанцыяў тады было прынята ўспрымаць як дырэктывы...
У прызначаны час на абкамаўскай машыне выехалі за дваццаць сем кіламетраў у Скідзель. Спачатку наведаліся ў маю, а па-сутнасьці ўжо не маю, зусім незнаёмую, наноў пабудаваную ў зусім іншым месцы трохпавярховую школу пад нумарам адзін. Мая някідкая, маленькая месьцілася сярод прысадаў на ранейшым месцы на скрыжаваньні гарадзенскай шашы з дарогай на Лунна і насіла менш ганаровы нумар 2. На жаль дзеці былі ўжо на канікулах, і мы сустрэліся проста пагаварыць, як кажуць, за жыцьцё з настаўнікамі, а потым ужо меўся адбыцца агульнагарадскі літаратурны вечар у былым РДК, а зараз ГДК. І хоць Караткевіч быў ня надта ў форме, але як толькі пераступілі парог школы, хмель з яго, як рукой зьняло. Атрымалася добрая, нефармальная гаворка, якая доўжылася за дзьве гадзіны, і каб не падціскаў час сустрэчы ў ГДК, працягвалася б, пэўна, яшчэ столькі. Караткевіч быў гаваркі, раскаваны, падавалася, што з яго проста фантануюць разумныя думкі, дасьціпныя словы і жарты. Ён быў у цэнтры ўвагі, трымаў гаворку ў сваіх руках. Падумаў: бедны Карпюк, зноў табе, мусіць, не давядзецца пакупацца ў праменьнях увагі і славы... З былых маіх настаўнікаў працавала на паўстаўкі яшчэ толькі матэматычка Ася Яўсеена Кемель, яно і зразумела – прайшло амаль два дзесяцігоддзі. Затое ў строгіх, сур’ёзных настаўніцах пазнаваў былых вучаніц, адна з якіх Люба Буцвілоўская з паралельнага “А” класу.
У Доме культуры сабралася столькі народу, што мы ледзьве прабіліся да сцэны. Я прадставіў і першаму даў слова менскаму госьцю. Караткевіч быў беспадобны – узьнёсла-рамантычны, дасьціпны, ён нібыта заражаўся ўвагай залы, з новай і новай энергіяй расказваў, адказваў на пытаньні, чытаў свае вершы. Але ішла другая гадзіна і Карпюк стаў трохі хвалявацца, нагадваць мне, вядучаму, пра нейкі рэгламент. Караткевіч, мусіць, нейкім чынам атрымаў ягоныя флюіды, бо на канцы другой гадзіны пакланіўся зале і сеў. Быкаў сарыентаваўся і адчытаў сваю падрыхтаваную на ўсе выпадкі прамову ў зусім скарочаным выглядзе, коратка адказаў на колькі дзяжурных пытаньняў, і трыбунай завалодаў Карпюк. Што-што, а выступаць ён умеў, і атрымаў апладысментаў, пэўна, ня менш, чым менскі госьць.
А потым была абавязковая ў такіх выпадках пачостка ў прасторным доме дырэктара саўгасу на ўскрайку гораду пасярод старога зарослага панскага парку. Міма гэтага парку мы колісь штодня езьдзілі на веласіпедах у школу і са школы. Апроч нас, гасьцей, тут прысутнічалі людзі з кіраўніцтва гораду, саўгасу, нікога з іх я ня ведаў. Стол быў па вышэйшым класе, нават бочка са сьвежым півам у пакоі пры ўваходзе, і ніхто не адмовіўся ўзяць па куфлю з духаты ў зале ГДК. А потым гаспадыня паклікала за стол, і рэй адразу ж павёў Караткевіч. Ён расказваў вясёлыя гісторыі, анекдоты, практычна ніхто ня мог і слова ўставіць, і, як сёньня сказалі б, даваў майстар-клас, як трэба піць. Прадстаўнікоў мясцовай улады, дый усіх нас ахапіў жах, калі той разбаўляў куфаль піва фужэрам гарэлкі і піў гэта чарка ў чарку з усімі. Ня памятаю, як мы выбраліся адтуль, прыпамінаю толькі, што дзякуючы намаганьням цьвярозага, як шкельца, Карпюка, і тое, што было ўжо даволі позна...
Наступны раз сустрэліся, а калі дакладней – перазнаёміліся з Уладзімірам Караткевічам больш чым праз дзесяць гадоў, калі я пераехаў у Менск. Да таго часу ў яго прайшоў той буйны шал – браў рэдка, пераважна адну-другую чарачку віна для падтрымкі кампаніі, аджартоўваючыся, што свой ліміт вычарпаў, і толькі сяды-тады з нейкай важнай нагоды ці ў кампаніі старых “разакоў” “узмахваў сярэбраным крылом”. Нас прадставіў адзін аднаму Генадзь Бураўкін на нейкім мерапрыемстве ў Доме літаратара. Уладзімір Сямёнавіч пазнаў мяне, але нейкай зацікаўленай агульнай тэмы не знайшлося, яго абступілі іншыя людзі. У наступны раз пабачыў яго ў купалаўскім скверыку, дзе ён сядзеў на першай ад уваходу з прасьпекту лаўцы, і было падобна, што некага чакаў. Я паздароўкаўся, выказаў сваё захапленьне ягоным выступам на нядаўнім зьезьдзе пісьменьнікаў, ён прапанаваў мне, калі не сьпяшаюся, прысесьці, і з найвялікшай зацікаўленасьцю, нават болем пачаў разьвіваць, паглыбляць тое, пра што гаварыў на зьезьдзе і што ня ўсім прыйшлося даспадобы і было ўспрынята. А ён заклікаў: для таго, каб павярнуць чытача да нашай літаратуры і роднай мовы, давайце пісаць цікава і займальна, дбаць пра сюжэт, не цурацца дэтэктыўнасьці, авантурнасьці, як гэта сьвядома рабілі колісь чэшскія пісьменьнікі, практычна з нуля адраджаючы родную мову. Адчувалася, гэтая праблема яго дужа хвалюе, ён працягвае жыць ёю і па пісьменьніцкім зьезьдзе. Пасьля той п’янаватай сустрэчы ў Гродне і Скідзелі я і ўявіць сабе ня мог, наколькі ён насамрэч шчыры, далікатны і тактоўны чалавек.
Потым неяк пад канец лета мы сустрэліся ў Васіля Быкава. Яны сем’ямі адпачывалі разам у Піцундзе. А па вяртаньні з нейкіх вандровак Васіль Уладзіміравіч, звычайна, зьбіраў нашу кампанію, каб расказаць, што бачыў, што чуў, як правёў час, паслухаць, што адбылося-надарылася тут у ягоную адсутнасьць. На гэты раз “справаздачу” трымалі абодва вясёлыя, у добрым гуморы вандроўнікі. Яны як ніколі добра адпачылі, былі вельмі задаволеныя, расказвалі розныя сьмешныя гісторыі, што надараліся з імі. А найперш пра свае паходы ў горныя аулы на пошукі сапраўднага самаробнага абхазскага віна, і цяжка было зразумець, асабліва ў Караткевіча, дзе тут праўда жыцьця, дзе прыпраўлены паўднёвым гумарам літаратурны вымысел. Мы за жываты браліся, яны таксама пасьмейваліся, дабаўляючы ці папраўляючы адзін аднаго, ад чаго намаляваныя сітуацыі падаваліся яшчэ больш камічнымі. Прысутнічалі тады, добра памятаю, Генадзь Бураўкін, Мікалай Матукоўскі, здаецца, ня буду сьцьвярджаць дакладна, і Ніл Гілевіч... (...)
Тады з-за адсутнасьці па нейкай прычыне Сяргея Законьнікава ў кампаніі аказаліся толькі два заядлыя курцы – Караткевіч і я. Ён быў ужо зусім не пітак, прыгубляў толькі за кампанію чарачку з віном, я гэтаксама ніколі не вылучаўся імпэтам да чаркі, і мы даволі часта адлучаліся на балкон праз гаспадароў кабінет, дзе дымілі на сьвежым паветры. Балкон рукамі Васіля Уладзіміравіча быў абсталяваны, але без зашкленьня, атрымалася ўтульнае месьцейка з маладым дзікім вінаградам зьнізу даверху ды яшчэ нейкай расьлінай з буйнымі цёмна-чырвонымі кветкамі. Сьцены акуратненька пафарбаваныя ў прыемны сьветлы колер, ніз засланы дывановай дарожкай. Шчыльна зачынялі дзьверы, каб дым не трапляў у памяшканьне, Караткевіч па старой звычцы аддаваў перавагу папяросам, а я смактаў адну за другой цыгарэты. Завязваліся розныя гаворкі. Адна асабліва запомнілася. Узгадалі Івана Пятровіча Шамякіна, ягонае ўменьне закруціць і раскруціць сюжэт, што вельмі цаніў у ім Уладзімір Сямёнавіч. Я запярэчыў: усё роўна па майстэрству закруціць сюжэт, захапіць чытача Шамякіну далёка да Караткевіча і ўвогуле па майстэрству, а найперш культуры мовы Караткевіч куды больш маштабная велічыня. Сказаў гэта зусім не для таго, каб падпусьціць лёстачку, капнуць бальзам на душу суразмоўцы, а зусім шчыра, у чым быў абсалютна перакананы, не падазраючы, як гэта зьбянтэжыць Караткевіча. Уладзімір Сямёнавіч спалохана, ледзь ці не адчайна замахаў рукамі: ну што ты, ну што ты!.. І гэта ў яго было так шчыра і непасрэдна, што я аж зьбянтэжыўся ад нечаканкі. Відаць было, што падобныя самаацэнкі яму і насамрэч не прыходзілі ў галаву, хоць ня думаю, што сказанае мною не спадабалася яму. Але ён быў чалавек гранічна сьціплы, не разбэшчаны ўвагай і не расьпешчаны славай... Нават пасьля сьвяткаваньня свайго пяцідзесяцігоддзя ў перапоўненай зале Дома літаратара, дзе ён з толькі што ўручаным ордэнам на грудзях у ганаровым прэзідыуме побач з высокімі цэкоўскімі і ўрадавымі чынамі, мусіць, упершыню наслухаўся такіх хваласьпеваў, пасьля якіх нельга было, ну, хоць трошачкі, не паверыць у сваю геніяльнасьць і вялікасьць. А ён пачуваў сябе ніякавата, няўтульна за сталом з высокім начальствам, раз-по-раз, мнучы папяросіну, выходзіў пакурыць за кулісы. Я прыгадаў яму той вечар, і ён патлумачыў, што ставіцца да юбілейных хваласьпеваў па-філасофску, як да нечага непазьбежнага, і даволі іранічна – толькі юбіляраў і нябожчыкаў заведзена абкуродымліваць на поўнае кадзіла...
Тым ня менш, думаецца, той юбілейны вечар з масавым паломніцтвам моладзі да Караткевіча, узнагароджаньне яго ордэнам не апошняй пробы шмат каму адкрыў вочы на адметную фігуру гэтага расхрыстанага чалавека і пісьменьніка, які жыў, як хацеў, пісаў, як умеў – часьцей за ўсё пад натхненьне, на адным дыханьні, пераважна начыставую, без аніякіх правак і паправак, менш за ўсё дбаючы пра славу, узнагароды, званьні і пра тое, што яго тут абыходзяць на паваротах меней таленавітыя, але болей спрытныя калегі. Удумлівыя чытачы ведалі цану кожнаму, не давалі залежвацца кнігам Караткевіча, якія разыходзіліся па-беларуску нечуванымі тады накладамі. У адрозненне ад многіх калег ён не шукаў прызнання, ня гнаўся за славай, яна даганяла і знаходзіла яго...
На жаль, сышліся блізка мы з Уладзімірам Сямёнавічам толькі ў апошнія гады, мо нават месяцы ягонага жыцьця. Са сваім падарваным здароўем ён ледзь ці ня цераз месяц трапляў у бальніцу, дзе нудзіўся, і быў вельмі рады, калі мы наведваліся да яго ў палату. Караткевічава здароўе і лячэньне трымаў пад пільным асабістым кантролем АТК. Ён распарадзіўся Караткевіча без аніякіх ганаровых званьняў і лаўрэатцкіх медалёў прыпісаць да лечкамісіі, а галоўурач ледзь ці не штодня дакладваў яму пра стан здароўя пісьменьніка. Раз-два на тыдзень сакратар па ідэалогіі ЦК бываў у хворага, дзе падоўгу вялі нетаропкія гаворкі пра жыцьцё альбо слухалі розныя вясёлыя і павучальныя гісторыі, на якія абодва былі вялікія мастакі. Выпісаўшыся з бальніцы, Уладзімір Сямёнавіч у цёплы час і добрае надвор’е любіў выходзіць у купалаўскі сквер побач з домам, сядаў на адну і тую ж лаўку непадалёк ад старога фантану, абкладваўся кнігамі, чытаў ці проста адпачываў пад прыемны пошум водных струменьчыкаў, чакаў, калі мы з Сяргеем Законьнікавым і Генадзем Бураўкіным, насьпех адабедаўшы ў цэкоўскай сталоўцы, на хвілінаў сорак, а то і на добрую гадзіну далучымся да яго разам пабавіць час. Заўсёды гэта былі вельмі цікавыя гаворкі. Часьцей за ўсё нешта займальнае расказваў Караткевіч, а мы слухалі ці жартавалі наперабой. А каля дзьвюх ці ў дзьве роўна разьбягаліся, разьвітваючыся да наступнага дня. А ў тое апошняе лета мы амаль увесь чэрвень правялі з ім разам. Мяне тады трохі прыціснула сэрца, і дактары на месяц уклалі ў бальніцу. Праз дзень усё ўляглося, аднак працягвалі лячыць. Урачэбны абход і працэдуры заканчваліся да адзінаццаці. Пасьля іх нацягваў спартыўны касцюм і накіроўваўся ў купалаўскі скверык да Караткевіча, які амаль заўсёды чакаў мяне на адной і той жа лаўцы непадалёк ад фантану. Побач праходзілі сур’ёзныя, заклапочаныя людзі да будынку ЦК, прабягалі чародкі студэнтачак і студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ на Чырвонаармейскай, і ніхто не зважаў на старога чалавека з кніжкамі на лавачцы, а хутчэй за ўсе проста не пазнавалі яго. Ён вельмі і вельмі здаў пасьля сьмерці жонкі Валянціны, і тым, хто ведаў Караткевіча па ранейшых сустрэчах і фотакартках, насамрэч няпроста было ўгледзець у пагрузьнелым, непазнавальна і не па гадах пастарэлым чалавеку рамантыка і летуценьніка, маладзёвага куміра Уладзіміра Караткевіча, убачыўшы на лаўцы ў скверы. Ён без усялякага шкадаваньня адкладваў кніжку, і пачыналася наша доўгая гаворка пра ўсё на сьвеце, што толькі прыдзе ў галаву. Кідалася ў вочы, што браў з сабою ў сквер ён пераважна кнігі пазнавальнага зьместу – па гісторыі, прыродазнаўстве, краязнаўстве, пра розныя займальныя падарожжы і вельмі рэдка томікі паэзіі ці мастацкай прозы. Я і сёньня не магу зразумець, чаму Уладзімір Сямёнавіч гэтак лёгка перапыняў чытаньне, адкладваў кніжку ўбок, аддаючы перавагу бавеньню часу ў гаворках са мною. Ці то па сваёй далікатнасьці і тактоўнасьці, ці то яму ўжо хацелася болей выказацца, чым пра нешта ўведаць з кніжак, ці то ён, гранічна кампанейскі па натуры, калі здароўе не дазволіла браць ані грама, пачуваў сябе самотным, забытым сябрамі-прыяцелямі і быў вельмі рады тым кароткім пасьляабеддзенным сустрэчам з намі, а мо знайшоў у маёй асобе ўважлівага і ўдзячнага слухача. Сам ён быў цудоўны суразмоўца, выдатны з насамрэч энцыклапедычным кругаглядам апавядальнік. Не пасьпявалі і агледзецца, як падыходзіў абед і да нас далучаліся Сяргей з Генадзем. А калі іх клікала служба, наступала нашая чарга – Уладзімір Сямёнавіч паціху рухаўся дадому, а я бег у бальнічную сталоўку, каб праз гадзіну-другую зноўку сустрэцца на тым жа месцы.
Ён мог з захапленьнем бясконца расказваць пра свае часам вельмі незвычайныя сьветапоглядныя ўяўленьні, філасофскія бачаньні. Самае цікавае, што па ўспрыняцьці сьвету ён быў бліжэй да пантэізму, чым да матэрыялізму, тым больш атэізму. Па ягоным перакананьні, Бог ёсьць сама прырода, ён раствораны ў ёй, дапускаў, што жывая і нежывая прырода, нават сама Зямля надзеленыя ня толькі органамі адчуваньня, але і розумам. Сьцьвярджаў, што ўмее размаўляць з дрэвамі, падзараджацца ад іх жыцьцёвай энергіяй, вывучыў іхнюю мову, пераконваў і мяне, і ўсіх нас, што гэта зусім проста – варта толькі ў цішыні і без усялякай сьпешкі прытуліцца да дрэва сьпіною, заплюшчыць вочы і вельмі пажадаць слухаць яго. Мы часта не прымалі ўсур’ёз прыгожыя мроі і фантазіі вялікага рамантыка, а ён на поўным сур’ёзе, з найвялікшым перакананьнем адстойваў сваё бачаньне Бога і Прыроды. Уладзімір Сямёнавіч сьцьвярджаў, што ніколечкі не баіцца сьмерці, казаў, адчувае, што яна недзе зусім блізка, непадалёк, і выразна ўяўляе іхнюю сустрэчу...
А праз нейкі час у яго зьявілася ледзь ці не ідэя-фікс прайсьці ўсім нам учацьвярых, мо прыхапіўшы за кампанію яшчэ каго, на баркасе з Гомелю па Сажы, а далей уверх па Прыпяці, дзе яму хочацца разьвітацца, паказаць і перадаць нам вядомыя яму незямной прыгажосьці палескія мясьціны, чысьцюткія крынічныя рэчачкі ў гранітных ложах, з перакатамі, якія кішаць тарпедападобнымі прыгажунямі стронгамі і хапаюць нават голы кручок, няходжаныя дубровы, бары, гаі, дзе растуць вялізныя грыбы, якіх мы ніколі яшчэ ня бачылі. Падарожжа на баркасе было і насамрэч заманьлівым, але Генадзь адразу спасаваў – ён, як звычайна, на пачатку восені намерваўся лячыць ныркі ў Трускаўцы, а потым на дзён дзесяць бязвылазна засесьці на лецішчы ды адпісацца за ўвесь год. Мы ж з Сяргеем дамовіліся разам адпачыць у Юрмале і заказалі на пачатак ліпеня пуцёўкі. Ледзь ці не штодня Уладзімір Сямёнавіч настойліва адгаворваў: ды кіньце вы, хлопцы, гэтую Юрмалу, тут вы пабачыце і адпачнеце ў тысячу разоў лепей. Яно падобна было, што так, але ў нас былі ўжо на руках пуцёўкі, і ў рэшце рэшт прыйшлі да кампраміснай высновы: напачатку ўсё ж едзем у Юрмалу, але вяртаемся на дзень-два раней тэрміну і ў нас застанецца яшчэ добры тыдзень на сумеснае воднае падарожжа ў глыбіню Палесься. Я сказаў, што пазваню Аляксею Камаю, які быў першым сакратаром абкаму ў Гомелі, дамоўлюся наконт добрага плаўсродку, у іх, здаецца, меліся быстраходныя кацяркі на падводных крылах, але Уладзімір Сямёнавіч запярэчыў: ай, навошта зьвязвацца, дурыць гававу начальству, калі ў мяне ў Гомелі добры сябра, на чыім баркасе ледзь ці ня кожны год ходзім у тыя запаведныя мясьціны. На тым і дамовіліся...
Надвор’е ў Прыбалтыцы ў той год было цёплае, нават гарачае, ласкавае мора, і мы выдатна адпачылі. На два дні раней заканчэньня тэрміну загадзя купілі білеты на вячэрні цягнік, каб праз дзень накіравацца з Караткевічам ў тыднёвае падарожжа па Прыпяці. За два дні да ад’езду ледзьве вярнуліся з Сяргеем з пляжу, як у вестыбюлі дзяжурная паведаміла: званілі з Менскуа, прасілі перадаць, што памёр нейкі пісьменьнік.
– А хто? Прозьвішча не называлі?
– Называць то называлі, але не запомніла. Пачынаецца на “К”...
Грэшнай справай падумалі, што стары Крапіва, пра Караткевіча ж і ў галаву не магло прыйсьці. Разьмянялі ў дзяжурнай папяровыя рублі на капейкі і кінуліся да міжгародняга тэлефону-аўтамату, які ўмеў бесцырымонна глытаць дваццацікапеечныя манеты, ня надта дбаючы з першага ці другога разу злучаць з абанентам ў Менску. На дзіва ўдалося дазваніцца адразу... Калі сказаць, што гэта было нешта накшталт грому сярод яснага дня ці ўдару абухам па галаве – гэта і блізка нельга параўнаць з тым шокам, які здарыўся з намі ад паведамленьня пра сьмерць Караткевіча. Ачомаўшыся, сталі сьпешна зьбірацца, а найперш вырашаць пытанне з білетамі на Менск. Ні на сёньняшні вячэрні, ні на заўтрашнія цягнікі ніводнага месца не было, і нічога не заставалася, як на шэсьць раніцы выклікаць таксі і ехаць у аэрапорт, спадзеючыся ўбіцца на які-небудзь рэйс калі не да Менску, то хоць да Вільні, адкуль дабрацца прасьцей. Ні на Менск, ні на Вільню білетаў не было, адна маленькая надзея, што нехта адмовіцца ад палёту... І тут пацьвердзілася старая ісьціна пра цесны сьвет – у залу зайшоў у суправаджэньні генерала і двух палкоўнікаў мой даўні добры знаёмы па Жалудку брат Валодзі Фядотава Міхаіл, зараз генерал, кіраўнік транспартнай міліцыі Беларусі, з якім мы даўным-даўно ня бачыліся. Абняліся і я сказаў пра свае праблемы з білетамі, і яны тут жа, амаль імгненна былі вырашаныя – ляцім да Менску разам з ім напаўпасажырскім, напаўгрузавым сьпецрэйсам. Ягоныя латышкія калегі-праважатыя павялі ўсіх нас ў нейкі пакойчык з сервіраваным пад фуршэт сталом, узялі па пару чарак за знаёмства і на разьвітанне, і праз якіх паўгадзіны АН-24 падняў нас разам з Міхаілам у паветра, узяў курс на Менск...
Пахаваньне Караткевіча было прызначанае на заўтра, і мы, а найперш Сяргей як загадчык сектаруа літаратуры, пасьпелі яшчэ прыняць удзел у арганізацыі і правядзеньні жалобных мерапрыемстваў. Разьвітаньне адбывалася ў вялікай зале Дома літаратара пры вялізным наплыве народу. Труна была ўбраная сьціплымі палявымі валошкамі і рамонкамі і нахіленымі, гатовымі пад серп сасьпелымі ўжо каласамі. У зале ўвесь час гучала музыка, але не жалобная, а, як таго пажадаў нябожчык, задумліва-журботныя народныя мелодыі...
Высьветліліся абставіны ягонай сьмерці. І было загадкай, і не было загадкі, чаму Уладзімір Сямёнавіч не дачакаўся, як было дамоўлена, нас з Юрмалы, чаму за пяць дзён да нашага вяртаньня накіраваўся ў тое падарожа са сваім даўнім сябрам – мастаком Пятром Драчовым? Магчыма, адчуў, што канчаюцца ягоныя дні, іх ужо ня хопіць, каб дачакацца нас і пасьпець разьвітацца назаўсёды з запаветнымі, дарагімі і любымі яму мясьцінамі. А мо аберагаў нас ад маральнай адказнасьці перад людзьмі і самімі сабой за тое, што магло ці нават мусіла здарыцца ў тым апошнім ягоным падарожжы... Хто ж яго ведае... Усё роўна спазьніўся – не даплыў... А нам не наканавана было пабачыць ягоныя райскія мясьціны з празрыстымі крынічнымі рэчкамі ў гранітных ложах, дзе кішма кішаць элегантныя, празваныя царскай рыбай стронгі, гаі, бары, дубровы, у якіх растуць аж паўмятровыя баравікі, чырвонагаловікі... І па сёньня не пакідае сумненьне: а мо і варта было паслухацца Караткевіча і адмовіцца ад той паездкі ў Юрмалу? Хто ж яго ведае...