355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)

I з падвойнай настойлiвасцю безупынна частуе асавелых ад п'янага дурману разбойнiкаў вiном, а сам не п'е. I, клянуся Геркулесам, у мяне з'явiлася падазрэнне, што ён iм падмяшаў у келiхi нейкага соннага зелля. Нарэшце ўсе, зусiм ап'янеўшы, звалiлiся з ног i паляглi як нежывыя. Тады ён пазвязваў iх без нiякай цяжкасцi моцнымi вяроўкамi, скруцiў iх па-свойму i, пасадзiўшы мне на спiну сваю дзяўчыну, накiраваўся ў родны горад.

13. Ледзь толькi мы пад'ехалi да дома, як усе гараджане высыпалi на вулiцу, каб убачыць доўгачаканае вiдовiшча. Выбеглi бацькi, родзiчы, суседзi, выхаванцы, слугi – усе з вясёлымi, радаснымi тварамi. Сапраўды, малюнак быў для ўсякага полу i ўзросту небывалы i, клянуся Геркулесам, запамiнальны, як дзева трыумфальна i ўрачыста ўязджае ў горад на асле. Я сам у меру сваiх сiл павесялеў i, каб не палiчылi, што я тут нi пры чым, навастрыў вушы, раздзьмуў ноздры i гучна зароў, напоўнiўшы грамовым крыкам усё наваколле.

Бацькi забралi дзяўчыну ў вясельны пакой i акружылi яе ласкай i клопатам, а мяне, i вялiкую колькасць уючнай жывёлы, i людзей Тлепалем вярнуў назад. Я не меў нiчога супраць, бо наогул вызначаўся дапытлiвасцю i цяпер вельмi хацеў пабачыць, як будуць лавiць разбойнiкаў.

Мы засталi iх звязанымi больш вiном, чым вяроўкамi. Знайшоўшы i павыцягваўшы з пячоры ўсё дабро, нагрузiлi нас золатам, серабром i iншымi багаццямi. А разбойнiкаў так, як былi яны звязаныя, падкацiлi да абрыву i кiнулi ў прорву, iншых жа, пабiтых iх уласнымi мячамi, пакiнулi на месцы. Радуючыся з гэтакай помсты, у добрым настроi вярнулiся мы ў горад. Багацце разбойнiкаў было складзена ў грамадскае сховiшча, а вернутая дзяўчына была паводле закону перададзена Тлепалему.

14. Ад той хвiлiны маладая матрона, абвясцiўшы мяне сваiм выратавальнiкам, пачала вельмi пра мяне клапацiцца i ў дзень вяселля загадала насыпаць мне ў яслi аж па берагi ячменю i даць столькi сена, што хапiла б яго i бактрыйскаму вярблюду. Але якiя ж заслужаныя праклёны слаў я Фацiдзе, што перамянiла мяне ў асла, а не ў сабаку, калi бачыў, як вартаўнiкi дома да адвалу наядалiся рэшткамi багатых пачастункаў, украдзенымi цi атрыманымi ў якасцi падачак!

Пасля першай ночы i гуляў па падказцы Венеры нявеста не пераставала з вялiкай удзячнасцзю напамiнаць сваiм бацькам i мужу пра мяне, пакуль тыя не паабяцалi ёй, што мне будзе дадзена найлепшая апека. Сабралi нараду з найбольш паважаных сяброў, каб абмеркаваць, якiм спосабам найлепш мне аддзякаваць. Аднаму з iх здавалася сама лепей пакiнуць мяне пры доме i, не займаючы нiякай працай, кармiць адборным ячменем, бобам i вiкай. Але ўзяла верх думка другога якi, клапоцячыся аб маёй свабодзе, радзiў выпусцiць мяне гуляць у табунах на сельскiх прасторах, каб гаспадары кабыл атрымалi ад майго высакароднага пакрыцця прыплод – мноства мулаў.

15. Тады адразу з'яўляецца табуншчык, дык, даўшы яму шмат наказаў, загадваюць забраць мяне. Вельмi задаволены, пабег я наперад, думаючы, што ўжо не буду мець справы нi з цюкамi, нi з iншай паклажай, i спадзеючыся, што ў пачатку вясны ўдасца мне знайсцi дзе-небудзь на лугах ружы. Думалася мне таксама, што калi мне ў аслiнай постацi аказваецца такая ўдзячнасць i пашана, дык, стаўшы чалавекам, буду мець яшчэ больш павагi. Але як толькi апынулiся мы за горадам, аказалася, што не толькi нiякiя прыемнасцi, нават i намёку на свабоду мяне не чакала. Пастухова жонка, скупая, нягодная жанчына, адразу прыставiла мяне круцiць жорны i, падбадзёрваючы мяне дубцом з яшчэ зялёнымi лiстамi, за кошт маёй скуры рыхтавала хлеб для сябе i сваёй сям'i. Мала таго, што вымотвала мае сiлы, мелючы муку сабе, яна маёй працай малола за плату збожжа суседзям, а мяне пасля гэтакiх пакут пазбаўляла прызначанага мне корму. Ячмень, якi атрымоўвала на мяне, яна таксама пускала ў памол i, змолаты маiм стараннем, прадавала суседзям, а мне пасля цэлага дня цяжкой працы толькi пад вечар давала бруднага непрасеянага вотруб'я, у якiм было поўна пяску.

16. Дзеля цяжэйшага прыгнёту бязлiтасны лёс абрынуў на мяне новыя пакуты, вядома, на тое, каб я, як кажуць, i дома, i на людзях мог праславiцца адважнымi подзвiгамi. Здарылася так, што мой паважаны пастух, запознена выконваючы гаспадарскi загад, надумаўся пусцiць мяне ў табун кабылiц. I вось я, нарэшце свабодны вослiк, весела падскокваючы, млявым крокам наблiжаюся да кабыл i выбiраю, каторая з iх найбольш здатная да злучкi. Аднак гэтай захапляючай надзеi пачала пагражаць смяротная небяспека.

Самцы, якiх доўга i шчодра адкормлiвалi спецыяльна для службы Венеры, яны наогул страшныя i да таго ж, вядома, дужэйшыя за любога асла, баючыся майго сапернiцтва i не жадаючы разводзiць мяшанцаў, пагрэбавалi запаветамi Зеўса Гасцiннага i, ашалеўшы, пачалi мяне ганяць са страшнай нянавiсцю. Адзiн, уздыбiўшы магутныя грудзi, узняўшы галаву i выцягнуўшы шыю, таптаў мяне пярэднiмi нагамi, другi, адвярнуўшыся ад мяне тоўстым азадкам, бiў заднiмi капытамi, а трэцi, пагражаючы злосным iржаннем, утулiўшы вушы i вышчарыўшы два рады блiскуючых зубоў, моцна мяне пакусаў. Усё гэта напомнiла мне чытаную калiсьцi гiсторыю пра фракiйскага цара, якi сваiх няшчасных гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. Гэты магутны тыран настолькi быў скупы, што голад сваiх ненажэрных кабылiц, замест ячменю, шчодра наталяў чалавечым мясам!

17. Гэтак i я быў знявечаны ўдарамi i ўкусамi жарабцоў i з сумам марыў аб тым, каб зноў вярнуцца да тых праклятых жорнаў. Аднак Фартуна, яшчэ канчаткова не здаволiўшыся маiмi пакутамi, паслала мне яшчэ адно выпрабаванне. Паставiлi мяне вазiць дровы з гары i вызначылi мне за паганятага хлопца, сама паганага з усiх хлапцоў. Ён не толькi прымушаў мяне ўзбiрацца па крутым схiле на высокую гару i ўшчэнт збiваць на гэтай дарозе капыты, але, апроч гэтага, як сапраўдны злачынец, без стомы лупiў мне бакi дубiнкай так, што боль ад гэтых пабояў i ран працiнаў мяне наскрозь. Прытым ён заўсёды трапляў па адным i тым самым месцы, бiў па правым сцягне, дзе раздзёр мне скуру, i балячка ўвесь час шырэла, з малой раны ператварылася ў вялiкую дзiру. А ён не пераставаў мясiць па гэтай ране, нягледзячы на тое, што з яе сачылася кроў. А столькi ўзвальваў ён на мяне дроў, што можна было падумаць, быццам тыя вязанкi збiралiся вазiць не на асле, а на слане. Апроч таго, кожны раз, як паклажа перацягвала на адзiн бок, ён, замест таго каб зняць некалькi пален i зменшыць трохi цяжар, даць мне лягчэй дыхнуць цi, прынамсi, пераклаўшы частку грузу на другi бок, ураўнаважыць яго, наадварот, прывязваў да лягчэйшага боку каменне i такiм чынам па-свойму захоўваў раўнавагу.

18. Не здаволiўшыся маiмi пакутамi пад непамерным грузам, калi мы пераходзiлi рэчку, якая сустракалася па дарозе, ён, каб не замачыць абутку, яшчэ i сам ускокваў мне на спiну – нязначны дадатак да грузу, цi ж не праўда? А калi пад такiм непасiльным цяжарам здаралася мне, паслiзнуўшыся на глiнiстай сцежцы, упасцi, ён i не думаў, як належыць добраму паганятаму, выцягнуць у мой бок руку, пацягнуць за аброць, падняць за хвост або скiнўць частку грузу, каб я хоць мог устаць на ногi. Нiякай дапамогi знясiленаму аслу ён не даваў, а пачынаючы з галавы, ад вушэй, паласаваў мяне сваёй дубiнкай па ўсiм целе, пакуль гэты супакойлiвы сродак не прымушаў мяне падняцца. I вось што прыдумаў ён мне на загубу: скруцiць вострыя калючкi з ядавiтымi iголкамi ў пучок i прывяжа мне да хваста вiсячай прыладай катавання, каб, матляючыся, яна балюча калола мяне пры хадзьбе сваiмi забойчымi шыпамi.

19. Так пакутаваў я ад падвойнай бяды, бо калi пушчуся бегчы, каб пазбегнуць уколаў, тады яшчэ мацней раняць мяне тыя калючкi, а калi спынюся, каб суцiшыць боль, тады ўдары прымушаюць бегчы. Выходзiла, што гэты паганы хлапец вырашыў так цi iнакш звесцi мяне са свету, чым ён мне не раз i пагражаў. А неяк здарылася, што, калi маё цярпенне лопнула, я моцна ўбрыкнуў яго капытамi. Тады ён прыдумаў супраць мяне такую подласць. Навалiўшы на мяне цэлую гару пакулля i моцна ўвязаўшы яго вяроўкай, пагнаў мяне наперад, а сам падхапiў у блiзкай сялiбе гарачы вугаль i ўсунуў яго ўсярэдзiну паклажы. I вось агонь, знайшоўшы сабе адпаведную спажыву, пачынае разгарацца, тлее i нарэшце выбухае полымем. Мяне пачало пякельна смалiць, i я не бачыў у гэтай бядзе нiякага ратунку.

Не было нiякай надзеi на выратаванне, а страшны пажар не дапускаў найменшага замаруджвання i выбiў у мяне з галавы ўсякую здольнасць да разумнага дзеяння.

20. Аднак у тых жорсткiх абставiнах Фартуна ласкава да мяне ўсмiхнулася (магчыма, каб захаваць мяне для яшчэ большых пакут) i выратавала ад немiнучай смерцi, якая ўжо стаяла ў мяне перад вачыма. Убачыўшы лужыну, што засталася ад учарашняга лiўня, я кiнуўся ў брудную ваду i ўвесь у яе апусцiўся.

Затушыўшы такiм спосабам полымя i вызвалiўшыся ад грузу i смерцi, выходжу на дарогу. Але i тут гэты паганы хлопец звалiў усю вiну на мяне i змог пераканаць усiх пастухоў, што я, праходзячы каля запаленых лаўжоў, наўмысна паслiзнуўся i запалiў пакулле. А ў канцы дабавiў: "Дакуль жа мы будзем дарма кармiць гэтага агняносца?"

Праз некалькi дзён пасля таго ён прыдумаў на маю бяду яшчэ падлейшую хiтрасць. Прадаўшы каля першай напатканай хаты дровы, якiя я вёз, i прыгнаўшы мяне ўлегцы, пачаў жалiцца, што не можа даць рады майму гнюснаму нораву i адмаўляецца ад няшчаснай службы пры мне. А для свайго апраўдання склаў такую выдумку:

21. "Зiрнiце на гэтага непаваротлiвага гультая, двойчы асла! Апрача ўсякiх iншых правiнак ён пачаў дапякаць мяне новымi небяспечнымi выбрыкамi. Як толькi ўбачыць, што нехта праходзiць, цi гэта будзе прыгожанькая маладзiчка, цi дзяўчына на выданнi, або сцiплы падлетак, у той жа момант скiне паклажу, а часам нават i гуньку, i пусцiцца, як вар'ят, даганяць, а дагнаўшы, накiнецца, павалiць i стараецца задаволiць сваю надзвычайную похаць, iмкнучыся даць выйсце сваiм жывёльным ненармальным захапленням. Хочучы пацалаваць, тыцкае бруднай пысай i кусаецца. З гэтакiх спраў могуць узнiкнуць у нас вялiкiя непрыемнасцi i спрэчкi i можа нават дайсцi да крымiнальнага злачынства. Вось i цяпер, убачыўшы на дарозе нейкую маладую прыстойнага выгляду дзяўчыну, звалiў з сябе дровы, параскiдаў iх на ўсе бакi, а сам шалёна напаў на яе i, як спрактыкаваны самец, на вачах ва ўсiх стараўся ўзлезцi на яе, распасцёртую ў бруднай лужы. I каб на крык i лямант жанчыны не збеглiся на дапамогу прахожыя i не вырвалi яе з аслiных абдымкаў, няшчасная была б растрапаная i парваная i скончыла б жыццё ў пакутах, а нам давялося б галавой адказваць перад законам".

22. Дапаўняючы гэту ману i iншымi выдумкамi, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзiн са слухачоў выкрыкнуў: "А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносiн, гэтага прынароднага самца цi, дакладней кажучы, вельмi небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кiшкi кiнь нашым сабакам, мяса прыхавай работнiкам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясi гаспадарам, без цяжкасцi звалiўшы вiну на ваўка".

I вось тут жа няўрымслiвы мой абвiнаваўца i ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маiм няшчасцем i не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.

23. Але тут адзiн з вясковай кампанii гаворыць: "Не выпадае дарма губiць такога вынослiвага асла толькi за тое, што ён абвiнавачваецца ў празмернай мужчынскай сiле i любоўнай нясталасцi. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работнiка, калi толькi варта вылегчаць яго, i ён не толькi не зможа распальвацца, а зробiцца гладзейшым i сыцейшым, i вам не трэба будзе баяцца нiякiх непрыемнасцяў. Даводзiлася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але i дзiкiх, вельмi гарачых жарабцоў, якiя пасля лягчання рабiлiся спакойнымi, рахманымi, здатнымi да перавозкi грузаў i да любой iншай працы. Дык калi вы не супраць маёй прапановы, тады трохi пачакайце, мне трэба схадзiць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы iнструменты i зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўнiку ляжкi, я вылегчаю яго, i ён зробiцца спакайнейшым за ягня".

24. Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў i пачаў аплакваць страту крайняй часткi свайго цела як поўную сваю пагiбель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай цi скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такiм спосабам я, вядома, загiну, але хоць не зазнаю абразлiвага калецтва.

Пакуль я так у думках выбiраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўраннi звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нiзкай галiны вялiкага дуба, адышоўся трохi далей, каб насекчы сукоў, якiя трэба было яму везцi. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля i ўся вылезла вялiкая мядзведзiха. Як толькi я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога вiдовiшча страху, усiм цяжарам цела асеў на заднiя ногi, задраў высока галаву i, парваўшы рэмень, якiм быў прывязаны, кiнуўся з усiх ног на ўцёкi, пусцiўшы ў ход не толькi капыты, але i ўсiм целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полi, якое рассцiлалася пад гарой, iмчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькi ад страшнай мядзведзiхi, але i ад горшага за яе паганага падлетка.

25. А тут нейкi прахожы, убачыўшы, што я бягу адзiн без нагляду, злавiў мяне i, спрытна ўскочыўшы мне на спiну, кiем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавiў кроку, аддаляючыся ад бязлiтаснага нажа, якi пагражаў мне пазбаўленнем мужчынскасцi. А што датычыць удараў, дык яны не вельмi мяне, прызвычаенага ў аслiнай службе да пабояў, трывожылi.

Аднак Фартуна, якая настойлiва мяне праследавала, надзiва хутка павярнула мне на шкоду магчымасць выратавання i пачала рыхтаваць новыя падкопы. У маiх пастухоў прапала цялушка, i яны ў пошуках яе, абыходзячы наваколле, выпадкова натрапiлi на нас. Яны пазналi мяне i, схапiўшы за аброць, пачынаюць цягнуць у свой бок. Але мой новы гаспадар напорыста пярэчыць, заклiкае багоў i людзей у сведкi: "Чаму хапаеце мяне? Чаго на мяне нападаеце?" "А мы з табой, адказваюць яму, – так няветлiва абыходзiмся таму, што ты ўкраў нашага асла i зводзiш яго. Лепш скажы, куды ты падзеў хлапчука, яго паганятага. Можа, ты яго забiў?"

Зараз жа сцягнулi яго на зямлю i пачалi акладваць кулакамi, таўхаць нагамi, а ён клянецца i божыцца, што нiякага паганятага не бачыў, а сустрэўшы мяне нестрыножанага i без нагляду, хацеў, спадзеючыся на ўзнагароду, вярнуць законнаму ўладальнiку. "Ах, каб гэты асёл, – сказаў ён, – валодаў людской мовай! Лепш бы нiколi мне з iм не сустрэцца! Ён апраўдаў бы маю невiнаватасць, i вам было б сорамна за такое абыходжанне са мной".

Аднак усе яго апраўданнi яму не памаглi. Незгаворлiвыя пастухi накiнулi яму на шыю пятлю i павялi ў той лес на гару, адкуль звычайна хлапец вазiў дровы.

26. Нiдзе яго не ўбачылi, а толькi знайшлi параскiданыя кавалкi цела. Я разумеў, што гэта работа мядзведзiхi, i, клянуся Геркулесам, каб мог гаварыць, дык расказаў бы ўсё, што ведаў. Толькi адно мог я рабiць – моўчкi радавацца хоць i запозненай адплаце. Тым часам параскiданыя часткi трупа былi сабраны, састаўлены i тут жа пахаваныя. А майго Белерафонта, канакрадства якога не выклiкала нiякiх сумненняў i якога, апроч таго, абвiнавацiлi ў крывавым забойстве, пастухi павялi звязанага да сваiх буданоў, каб назаўтра зранку завесцi, як казалi, уладам на пакаранне.

У тым часе, пакуль бацькi хлапчука бедавалi, плачучы i галосячы, з'яўляецца той селянiн, верны свайму абяцанню, i патрабуе, каб была зроблена мне прысуджаная раней аперацыя. Але нехта яму адказвае: "Не, сягоння напаткала нас бяда, i асёл тут нi пры чым. А вось заўтра, калi ласка, можаш адрэзаць гэтаму праклятаму аслу не толькi мужчынскiя прылады, але i галаву. I памочнiкi табе ў гэтай справе знойдуцца".

27. Гэтым было дасягнута тое, што маё акалечванне адклалi на другi дзень. I я быў удзячны добраму хлапчуку за тое, што ён сваёй смерцю адтэрмiнаваў на адзiн дзянёк маю пакуту. Але нават i такога кароткага часу, каб парадавацца i адпачыць, мне не далi. Мацi падлетка, аплакваючы трагiчную смерць свайго сына, аблiваючыся горкiмi слязьмi, апранутая ў жалобнае адзенне, раздзiраючы рукамi пасыпаныя попелам сiвыя валасы, з галашэннем i крыкамi, б'ючы сябе ў грудзi, урываецца ў маё стойла i пачынае:

"А гэты вось, зiрнiце на яго, у поўнай бяспецы ўпёрся ў яслi i толькi ведае, што набiваць сваё ненажэрнае бяздонне трыбуха, не спачувае майму гору i пра свайго нябожчыка гаспадара нават i не ўспомнiць. Не, ён насмiхаецца з маёй старасцi i беднасцi i думае, што дарма яму пройдзе гэта злачынства! Ён, вiдаць, не лiчыць сябе вiнаватым, злачынцам уласцiва пасля сама цяжкiх учынкаў, нягледзячы на папрокi нячыстага сумлення, спадзявацца на беспакаранасць. Заклiкаю багоў у сведкi, паганая ты жывёлiна, што каб ты на нейкi час мог загаварыць, дык нiкога не пераканаў бы, што ты тут нi пры чым. Якi дурань паверыў бы табе, што ты ўдарамi капытоў цi кусаннем не мог адагнаць ад майго хлопчыка таго ворага? Ты павiнен быў узяць яго на свой хрыбет i ўцячы з iм ад гэтага крыважэрнага разбойнiка, ты не павiнен быў, кiнуўшы свайго таварыша, спадарожнiка, пастыра, уцякаць. Цi ж ты не ведаеш, хто адмаўляецца дапамагчы таму, хто памiрае, падлягае пакаранню за зганьбаванне добрых нораваў? Але не доўга будзеш ты, забойца, цешыцца з майго гора! Зараз я дам табе адчуць, якой сiлай надзяляе прырода няшчасных пакутнiкаў!.."

28. Сказаўшы гэта, яна распусцiла пад грудзьмi сваю павязку i, звязаўшы ёю мае ногi, сцягнуўшы моцна заднюю з задняй i пярэднюю з пярэдняй, каб не даць мне абараняцца, схапiла кол, якiм звычайна падпiралi дзверы хлява, i пачала дубасiць мяне, пакуль сiлы яе не скончылiся i палка сама не вывалiлася з яе рук. А тады, шкадуючы, што так хутка аслабелi яе пальцы, падбегла да вогнiшча i, выхапiўшы галавешку з агню, пачала сунуць мне яе ў пахвiну. У мяне не было iншага спосабу абароны, як толькi пусцiць ёй у твар i ў вочы струмень рэдкага калу. Ледзь не аслепленая, задыхаючыся ад смуроду, адстала нарэшце ад мяне гэта зараза, а то загiнуў бы аслiны Мелеагр ад галавешкi звар'яцелай Алфеi.

КНIГА ВОСЬМАЯ

1. Досвiткам, з першымi пеўнямi, прыйшоў нейкi юнак з горада, як мне здалося, слуга Харыты, той дзяўчыны, якая разам са мной пакутавала ў разбойнiкаў. Ён прынёс дзiўныя i жудасныя звесткi пра смерць Харыты i пра гора, якое напаткала яе сям'ю. Падсеўшы да агню, акружаны прысутнымi, ён казаў так:

"Вы, конюхi, аўчары i валапасы! Няма ўжо ў нас Харыты. Страшнай смерцю загiнула нябога i не без спадарожнiкаў пайшла на той свет. Але, каб усё было вам ясна, пачну спачатку. А здарэнне гэта такое, што каб даведалiся пра яго людзi адукаваныя, якiх лёс надзялiў пiсьменнiцкiмi здольнасцямi, дык яны маглi б напiсаць пра гэта цэлую аповесць.

У суседнiм горадзе жыў малады чалавек высакароднага паходжання, багацце якога было роўнае яго славутасцi, якi, аднак, з'яўляўся прыхiльнiкам распусты, разбэшчанасцi i п'янства. Таму не дзiва, што ён звязаўся з разбойнiцкай шайкай i нават быў замешаны ў забойстве. Зваўся ён Тразiл. Як ён сябе паводзiў, такая iшла аб iм слава.

2. Як толькi Харыта даспела да замужжа, ён апынуўся ў лiку сама настойлiвых шукальнiкаў яе рукi i з вялiкай настырнасцю дамагаўся сваёй мэты. Аднак, хоць ён далёка за сабой пакiнуў сваiх сапернiкаў i багатымi падарункамi стараўся схiлiць бацькоў на згоду, благая слава шкодзiла яго справе, i ён, на вялiкую сваю крыўду, атрымаў адмову. А калi гаспадарская дачка выйшла за добрага Тлепалема, Тразiл, не перастаючы падтрымоўваць у сабе страчанае для яго каханне, да якога дамяшалася пачуццё рэўнасцi, задумаў крывавае злачынства. Знайшоўшы магчымасць пранiкнуць у дом, ён распачаў здзяйсненне свайго даўно абдуманага плана. У той дзень, калi дзяўчына дзякуючы спрыту i адвазе свайго жанiха была вызвалена ад крыважэрных разбойнiкаў, Тразiл, выказваннем радасцi звяртаючы на сябе ўвагу, умяшаўся ў натоўп вiншавальнiкаў. Быццам вельмi рады шчасцю маладых i iхняму будучаму патомству, ён быў з увагi да яго знакамiтага паходжання прыняты ў доме побач з сама ганаровымi гасцямi. Тым часам, схаваўшы свой злачынны намер, ён рабiў выгляд, што напоўнены найлепшымi сяброўскiмi пачуццямi. Бясконцымi гутаркамi i сустрэчамi, а таксама ўдзелам у застоллях i банкетах ён зблiзiўся з сям'ёй i непрыкметна самому сабе штораз глыбей апускаўся ў бездань кахання. I праўда, цi ж полымя палкага кахання не саграе нас першым сваiм цяплом, а пасля, калi знаёмства, прыносячы толькi часовае палягчэнне, раздзьмухае пачуццi, цi ж не спапяляе яно нас сваiм жарам?

3. Шмат часу страцiў Тразiл на свае думкi, не ведаючы, што рабiць яму далей. Магчымасцi пагаварыць сам-насам не надаралася, усё меншай станавiлася надзея на прыхiльнасць жанчыны, i, маючы на сваiм шляху шматлiкую варту, не знаходзiў ён спосабу супакоiць сваё ўвесь час свежае i штораз мацнейшае пачуццё. Дый нявiннасць i недасведчанасць маладой жанчыны, калi б яна i згадзiлася на тое, на што згадзiцца не магла, служылi б немалой перашкодай у парушэннi яе жаночай вернасцi.

I ўсё ж, не зважаючы нi на што, са згубнай упартасцю iмкнуўся ён да немагчымага, як быццам было яно магчымым. Калi захапленне авалодвае намi ўсё мацней i мацней, дык тое, што звычайна лiчым мы цяжкай справай, пачынае здавацца зусiм магчымым i лёгкiм. Дык вось, звярнiце ўвагу i пiльна паслухайце, на якiя крайнасцi аказалася здольным раз'юшанае пачуццё.

4. Аднойчы Тлепалем, узяўшы з сабой Тразiла, адправiўся на паляванне з надзеяй высачыць дзiкага звера, калi дзiкiмi могуць быць названыя сарны. Справа ў тым, што Харыта не дазваляла свайму мужу ганяцца за звяр'ём, якое ўзброена клыкамi або рагамi. I вось яны ўжо ля падножжа лясiстага ўзгорка, дзе ў ценi цесна пераплеценага голля хавалiся ад вачэй паляўнiчых сарны. Каб выгнаць зверыну з яе логава, выпускаюць адмыслова натрэнiраваных сабак, якiя разбiваюцца на зграi i займаюць усе выхады, перш толькi глухiм вурчаннем, а пасля раптам узнiмаюць моцны брэх.

Але выскоквае зусiм не сарна, не нясмелая козачка, не сама сцiплая з усiх звяроў лань, а велiчэзны, незвычайных памераў дзiк з напятымi пад тоўстай скурай мускуламi, калматы ад узнятага на хрыбце шчацiння, ляскаючы запененымi зубамi, з полымем у грозных вачах, злосна равучы, увесь у сваiм дзiкiм парыве, як неўтаймаваны пярун. Найперш ударамi клыкоў направа i налева ён успароў жываты некалькiх сабак, якiя заблiзка падбеглi да яго, пасля растаптаў нашы кволыя сетачкi i пабег далей.

5. Мы ўсе ў жаху, непрывычныя да такiх небяспечных паляванняў i прытым бяззбройныя i нiчым не ахаваныя, шылiся глыбей у гушчар. А ў той час падступны Тразiл, убачыўшы зручны для сябе выпадак, звяртаецца да Тлепалема з такой хiтрай гутаркай: "Няўжо мы за прыкладам гэтай подлай чэлядзi спужаемся i выпусцiм з рук такую каштоўную здабычу? Мы ж не бабы? Чаму б нам не ўскочыць на коней i не пусцiцца наўздагон? Хапай вунь рагацiну, а я вазьму дзiду!"

I вось праз хвiлiну яны селi на коней i паскакалi ўслед за зверам. А той, не забыўшыся пра сваю прыродную сiлу, адварочваецца i, палаючы страшнай лютасцю, ашчэрыўшы клыкi, на момант спыняецца i азiраецца, выбiраючы, на каго першага накiнуцца. Перш Тлепалем усадзiў сваю зброю ў спiну зверу, а Тразiл, мiнаючы вепра, падразае кап'ём паджылкi заднiх ног каню, на якiм ехаў Тлепалем. Сцякаючы крывёй, конь перакулiўся, скiнуўшы ездака. А раз'юшаны звер не марудзiць, кiнуўшыся на ляжачага, раздзiрае на iм перш вопратку, а калi той хацеў прыўзняцца, наносiць яму клыком глыбокую рану. Аднак добрага сябра не збянтэжыў гэты злачынны пачатак, наадварот, яму здавалася, што такое небяспечнае становiшча не можа задаволiць яго нянавiсцi, дык калi Тлепалем у адчаi стараўся ўберагчы ад удараў параненыя ногi i клiкаў на дапамогу, ён прабiў кап'ём яго правае бядро з упэўненасцю, што рана ад зброi вельмi падобная да слядоў ад звярыных клыкоў. Пасля таго тут жа прыкончыў звера.

6. Гэтак расправiўся ён з юнаком, а тут мы збягаемся, кожны вылезшы са сваёй схованкi. А Тразiл, хоць у душы цешыўся, што здзейснiў сваё запаветнае жаданне i знiшчыў ворага, не даў твару паказацца вясёлым, а наморшчыў лоб, прыняў сумны выгляд i, абняўшы цела таго, каго сам загубiў, вельмi ўмела прыкiдваўся чалавекам, прыбiтым горам. Вось толькi слёзы не былi паслухмяныя яму i не паказвалiся на вачах. Напусцiўшы на сябе збедаваны выгляд, каб стаць падобным да тых, хто шчыра гараваў, усю вiну сваiх рук ён звалiў на звера.

Ледзь толькi здарылася гэта злачынства, чутка аб iм даляцела да дома Тлепалема i тут жа даходзiць да слыху няшчаснай жонкi. Пачуўшы гэту вестку, страшнейшай за якую не суджана было пачуць нiколi ў жыццi, як апантаная, страцiўшы розум, шалёна кiнулася яна бегчы па гарадскiх вулiцах, па вясковых палях, галосячы не сваiм голасам i выкрыкваючы аб няшчасцi свайго мужа. Збягаюцца да яе спагадлiвыя суседзi, да iх далучаюцца сустрэчныя, падзяляючы яе бяду, горад пусцее – усiх ахапiла жаданне ўбачыць, што здарылася. I вось яна падбягае да забiтага i, непрытомная, валiцца на мёртвае цела. У той момант ледзь не аддала душу свайму мужу, якому даўно яе прысвяцiла. З вялiкай цяжкасцю ўгаворваюць i падымаюць яе родзiчы, i яна, насуперак сваёй волi, застаецца жывая, а пахавальная працэсiя ў суправаджэннi ўсяго народа накiроўваецца да магiльнага склепа.

7. А Тразiл не пераставаў лямантаваць, плакаў надзвычайна i пралiваў слёзы, якiя ў першыя хвiлiны скрухi не хацелi паказвацца, а цяпер, вядома, ад усё большай радасцi пацяклi. Ён ашукваў саму багiню Iсцiны, абсыпаючы ласкавымi словамi i найменнямi нябожчыка. Жаласлiвым голасам называў яго i сябрам, i аднагодкам, i таварышам, i нават братам, а тым часам стараўся паўстрымаць рукi Харыты, якая бiла сябе ў грудзi, супакойваў яе роспач, стрымлiваў ад ляманту, ласкавымi словамi змякчаў джала гора, выказваючы суцяшэннi шматлiкiмi прыкладамi розных няшчасцяў. I з усiмi гэтымi няшчырымi клопатамi не прапускаў магчымасцi дакрануцца да жанчыны, стараючыся крадзенымi прыемнасцямi здаволiць свой ненавiсны юр.

Як толькi скончылiся пахавальныя абрады, маладая жанчына пачала думаць, як ёй чым хутчэй сысцi ўслед за мужам у магiлу, i, перабраўшы розныя спосабы, спынiлася на сама лёгкiм, спакойным, якi не патрабаваў нiякiх прылад – яна зусiм адмовiлася ад ежы, перастала пра сябе клапацiцца i, развiтаўшыся з дзённым святлом, зачынiлася ў сама цёмным пакоi.

Аднак Тразiл з напорам i настойлiвасцю, дзе ўласнымi довадамi, дзе праз сваякоў маладой жанчыны, дабiўся таго, што яна згадзiлася асвяжыць лазняй сваё цела i падмацаваць свае сiлы ежай. Яна, з увагi на бацькоў, хоць i супраць сваёй волi, падпарадкавалася святой неабходнасцi i, вядома, з невясёлым тварам, але ўжо трохi праясненым, вяртаецца, на агульнае патрабаванне, да жыццёвых звычак. Толькi ў яе ў грудзях, у сама патаемнай глыбiнi сэрца, цяснiлася скруха, i няўцешная туга нi ўдзень, нi ўночы не давала спакою. Акружыўшы сябе статуямi, якiя выяўлялi нябожчыка ў выглядзе бога Лiбера, у няспынным служэннi аддавала яму боскую пашану, мучаючы сябе гэтым суцяшэннем.

8. Тым часам Тразiл, чалавек наогул парывiсты i, як падказвае яго iмя, безразважны, не дачакаўшыся, каб журба спатолiлася слязьмi, супакоiлася шаленства ў разбiтым розуме, каб аслабела празмернасць гора i каб яно само сябе зжыло, пачаў без сарамлiвасцi гаварыць пра шлюб з жанчынай, якая яшчэ няспынна аплаквала свайго мужа, раздзiрала адзенне, iрвала на сабе валасы. З брудным нахабствам выдаў ён таямнiцу сваёй душы i неймавернае сваё каварства.

Пры гэтай прапанове напаў на Харыту жах, яна адчула агiду i, быццам ад перуна, сонечнага ўдару цi ад маланкi самога Юпiтэра, падае, страцiўшы прытомнасць. Праз нейкi час, апрытомнеўшы, яна некалькi разоў амаль па-звярынаму завыла, да канца зразумеўшы i ўявiўшы сабе ўсю подласць Тразiла, але папрасiла пачакаць адказу на яго просьбу, пакуль яна добра не абдумае. А ўночы з'яўляецца ёй у сне цень забiтага Тлепалема з перамененым бледнасцю i залiтым сукравiцай тварам i звяртаецца да яе так:

"Жонка мая, няхай нiкому не будзе дазволена называць цябе гэтым iмем. Але калi памяць пра мяне ў грудзях тваiх занiкла цi мая горкая смерць разбурыла нашу любоў, выходзь замуж, за каго ўздумаеш, толькi не трапляй у святатацкiя рукi Тразiла, гутаркай з iм не баўся, ежы з iм не падзяляй, на пасцелi не спачывай. Цурайся крывавай рукi майго забойцы, не выходзь замуж за злачынца. Тыя раны, з якiх твае слёзы змылi маю кроў, не ўсе ад клыкоў звера. Дзiда злога Тразiла разлучыла нас з табой". I, дадаючы да гэтых слоў iншыя, расказаў, як было зроблена злачынства.

9. А яна, як i раней, у глыбiнi свайго душэўнага болю, тварам у падушку, не прачынаючыся, аблiваецца слязьмi, iрве на сабе кашулю, доўга енчыць i бязлiтасна б'е сама сябе далонямi па плячах. Не расказаўшы нiкому пра начную з'яву, старанна ўтаiўшы ўсё, што стала ёй вядома пра злачынства, пастанавiла пакараць нягоднiка i пазбавiцца ад свайго гаротнага жыцця.

Вось зноў з'яўляецца гнюсны шукальнiк прыемнасцяў, дакучаючы ёй, хоць яна не мае ахвоты слухаць, гутаркамi пра жанiцьбу. Тады яна, перапынiўшы гугарку Тразiла i з дзiвоснай хiтрасцю выконваючы сваю ролю, у адказ на дакучлiвую балбатню i прынiжаныя просьбы кажа:

"Усё яшчэ стаiць у маiх вачах цудоўны вобраз твайго брата i майго любiмага мужа, яшчэ дагэтуль мой нос ловiць пах кiнамону ад яго боскага цела, усё яшчэ цудоўны Тлепалем жыве ў маiм сэрцы. Добра будзе, калi ты дасi няшчаснай жанчыне час закончыць жалобу. Няхай пройдуць тыя месяцы, якiя завяршаюць гадавiну, што будзе адпавядаць не толькi маёй цнатлiвасцi, але будзе карысным для твайго спакою, каб заўчаснай жанiцьбай не падняць нам з магiлы на тваю загубу цень майго мужа, ахоплены справядлiвым абурэннем".

10. Аднак такiя словы не ацвярозiлi Тразiла. Нягледзячы на абяцанне, якое павiнна было ў хуткiм часе здзейснiцца, зноў i зноў з яго вуснаў выляталi нячыстыя намаўленнi, аж пакуль Харыта не зрабiла выгляду, што ён яе пераканаў i не сказала яму: "Хоць у адным прыйдзецца табе, Тразiл, уступiць: трэба, пакуль не мiнуць апошнiя днi гадавога тэрмiну, сустракацца нам так цiха i асцярожна, каб нiхто з хатнiх пра гэта не ведаў".

Перакананы ў праўдзiвасцi хлуслiвых абяцанняў жанчыны, Тразiл ахвотна згадзiўся на тайнае сужыццё. Ён адразу пачаў марыць аб ночы i аб ахутаўшым зямлю змроку, паставiўшы над усё адно сваё жаданне – авалодаць.

"Але слухай, – кажа Харыта, – захiнiся як найшчыльней у плашч i без нiякiх спадарожнiкаў, цiха прыходзь у першую начную варту да маiх дзвярэй, свiснi адзiн раз i чакай маёй кармiцелькi, якая будзе сустракаць цябе каля ўвахода. Але i ўпусцiўшы цябе, яна не запалiць лямпы, а ў цемры прывядзе цябе ў маю спальню".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю