355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)

Але надыходзiў ужо вечар, i Псiхея паспешлiва рыхтуецца да бязбожнага злачынства. Вось i ноч прыйшла, з'явiўся муж i, аддаўшыся спярша любоўнаму змаганню, праз некаторы час упаў у глыбокi сон.

22. Тут Псiхея адольвае сваю слабасць i кволасць, збiраецца з сiламi i, дастаўшы свяцiльнiк i ўзяўшы ў рукi брытву, рашуча перамагае жаночую нясмеласць.

Але, як толькi ад адкрытага агню асвяцiлася таямнiца пасцелi, яна бачыць найдалiкатнейшае i найпрыгажэйшае за ўсе на свеце iстоты вiдовiшча, бачыць самога Купiдона, цудоўнага бога, якi спакойна адпачываў, ад выгляду якога ярчэй пачала свяцiць лямпа i мацней блiснула лязо святатацкай зброi...

I Псiхея, збянтэжаная ўбачаным, не можа авалодаць сабой, пакрываецца смяротнай бледнасцю i з трымценнем апускаецца на каленi, збiраючыся ўтапiць зброю ў сваiх грудзях. Яна i зрабiла б гэта, каб зброя ад страху перад гэтакiм злачынствам не выпала з яе дрыготкiх рук. Знясiленая, страцiўшы ўсякую надзею, чым больш углядаецца яна ў прыгажосць боскага твару, тым больш падбадзёрваецца. Вось бачыць яна залатую галаву з пышнымi, пахучымi ад амброзii валасамi, якiя акружаюць малочную шыю i ружовыя шчокi, глядзiць на прыгожа распушчаныя завiткi, што спускаюцца з патылiцы i з iлба. Ад незвычайна прамянiстага бляску твару аж закалыхалася святло ў лямпе. За плячамi лятаючага бога беллю кветкi рдзелi пёры, i хоць крылы былi ў супакоi, кончыкi кволых i тоненькiх пярынак неспакойна трапяталi. Усё цела было гладкiм i зiхатлiвым,. так што Венера не магла каяцца, што пусцiла яго на свет. Каля пасцелi на падлозе ляжалi лук i калчан са стрэламi – благаслаўлёная зброя вялiкага бога.

23. Нястрымнае жаданне ахоплiвае Псiхею. З цiкавасцю глядзiць яна на мужава ўзбраенне, абмацвае яго, вымае з калчана адну стралу i кончыкам пальца прабуе вастрыню, але, зрабiўшы мацнейшы рух дрыготкiм суставам, глыбока наколвае сябе, аж на паверхнi скуры выступаюць кропелькi крывi. Такiм чынам, сама таго не ведаючы, загарэлася Псiхея каханнем да бога кахання. Распальваючыся ўсё большай i большай страсцю да бога страсцi, яна, поўная пажадлiвасцi, схiлiлася над iм i пачала паспешлiва абсыпаць яго гарачымi i доўгiмi пацалункамi, баючыся пры тым, каб не разбудзiць. I пакуль яна, ахопленая такой асалодай, не валодаючы сваiм розумам, хвалюецца, лямпа яе цi то ад здрады, цi з зайздрасцi, цi мо сама захацела дакрануцца i пацалаваць такое пышнае цела, пырскае з канца кнота гарачым алеем богу на правае плячо. Ох ты, нахабная i бязглуздая лямпа, прыслужнiца кахання! Ты апякла бога, якi сам з'яўляецца валадаром усяго агню! А стварыў цябе напэўна нейкi закаханы, каб даўжэй карыстацца прадметам сваiх жаданняў.

Апечаны бог ускочыў, i, убачыўшы парушанай прысягу, хутка вызвалiўся з жаночых абдымкаў i пацалункаў, i, не сказаўшы нi слова, узняўся ў паветра.

24. А Псiхея, як толькi ён уздымаўся, хапiлася абедзвюма рукамi за яго правую нагу, аднак, стамiўшыся вiсець у захмарных вышынях, звалiлася на зямлю. Закаханы бог не пакiдае яе ляжаць на зямлi, а, зляцеўшы на блiзкi кiпарыс, з яго высокай вяршынi ўсхвалявана гаворыць: "Гэта ж я, прастадушная Псiхея, насуперак волi сваёй мацi Венеры, якая загадала мне закахаць цябе ў сама нiкчэмнага, апошняга з смяротных i аддаць цябе замуж за бедняка, сам зрабiў легкадумна, але, знакамiты стралок, я сам сябе паранiў уласнай зброяй i зрабiў цябе сваёй жонкай цi ж для таго, каб ты палiчыла мяне пачварай i хацела брытвай адрэзаць галаву за тое, што ў ёй знаходзяцца гэтыя закаханыя ў цябе вочы. Я ж неаднойчы пераконваў цябе асцерагацца, заўсёды па-сяброўску ўгаворваў. Твае паважаныя дарадчыцы неўзабаве адкажуць мне за сваю пачварную выдумку, а цябе пакараю сваiм знiкненнем". I, закончыўшы гутарку, узняўся ў вышыню.

25. А Псiхея, распасцёртая на зямлi, сачыла, пакуль было даступна зроку, за палётам мужа, надрываючы сабе душу балючым галашэннем. Калi ж далечыня схавала з вачэй каханага, якi хутка адлятаў на крылах, рынулася да блiзкай ракi i кiнулася з берага ўнiз. Але сцiплая рака, несумненна, у гонар бога, якi мог нават ваду ўспалымняць, а таксама з боязi за свой лёс, зараз жа вынесла яе на сваёй хвалi на бераг, пакрыты зелянiнай i квеценню. А на другiм беразе якраз сядзеў вясковы бог Пан, абняўшы горную багiню Эхо, якую вучыў спяваць на розныя галасы. Паблiзу вады на шырокiм лузе падбрыквалi козачкi, скубучы прыбярэжную травiцу. Казлiны бог ласкава клiча стомленую ўсхваляваную Псiхею i дзеля таго, што яе гора было яму вядома, супакойвае ветлiвымi словамi: "Мiлая дзяўчынка, я вясковы жыхар, пасу статак, але дзякуючы сваёй глыбокай старасцi маю вялiкi вопыт. Дык вось, калi я мяркую правiльна, а гэта разумныя людзi называюць дарам прадбачання, дык твая няроўная хiсткая паходка, асаблiвая бледнасць, частыя ўздыхi, а галоўнае, твае заплаканыя вочы гавораць, што ты пакутуеш ад празмернага кахання. Паслухай мяне i старайся надалей сябе не губiць, кiнуўшыся ў ваду зноў або iншым спосабам самагубства. Пакiнь сум, адкiнь скруху i звярнiся са сваiмi малiтвамi да Купiдона, аднаго з найвялiкшых багоў. А паколькi ён юнак распешчаны i капрызны, дык пастарайся ласкай i ветлiвасцю выклiкаць да сябе яго прыхiльнасць".

26. Нiчога не адказаўшы на словы бога пастухоў, Псiхея пакланiлася яму i рушыла ў дарогу. Пад вечар, прайшоўшы даволi доўгую дарогу, стомленным крокам дайшла яна па нейкай сцяжынцы да таго горада, дзе быў каралём муж адной з яе сёстраў. Даведаўшыся аб гэтым, Псiхея захацела з ёй убачыцца. Як толькi сустрэлiся, пасля радасных абдымкаў i прывiтанняў на пытанне, якi шчаслiвы выпадак прывёў яе, яна адказала: "Ты помнiш вашу параду, каб я тое страшыдла, што пад зманлiвым iмем бавiла са мной ночы, перш чым яно мяне зжарэ, зарэзала двухбаковавострай брытвай? Але як толькi пры святле лямпы зiрнула я ў яго твар, бачу дзiўнае i сапраўды боскае вiдовiшча – самога слаўнага сына Венеры, самога, паўтараю, Купiдона, якi спаў салодкiм сном. I пакуль я, захопленая гэтай прыгажосцю, збянтэжаная, пакутавала ад невымоўнах папрокаў сумлення, у той час па нейкай благой выпадковасцi запаленая лямпа пырснула гарачым алеем на яго плячо. Прачнуўшыся ад болю i ўбачыўшы мяне з лямпай i брытвай у руках, ён кажа: "За такое цяжкае злачынства ты неадкладна пакiнь мой ложак i забяры свае рэчы, а я з'яднаюся ўрачыстым шлюбам з тваёй сястрой" i назваў тваё iмя. Пасля таго загадаў Зефiру выдзьмуць мяне з дому".

27. Не паспела Псiхея закончыць сваёй гутаркi, як тая, успалымнеўшы парывам безразважнага юру i згубнай зайздрасцi, ашукаўшы мужа тут жа прыдуманай хлуснёй, быццам атрымала паведамленне аб смерцi бацькоў, зараз жа села на карабель i накiравалася да вядомага скальнага абрыву. I хоць дзьмуў зусiм не той вецер, усё ж яна, ахопленая сляпой надзеяй, крыкнула: "Прымай мяне, Купiдон, тваю дастойную жонку, а ты, Зефiр, падтрымай сваю паню!" I з усяго маху кiнулася ў бездань. Аднак да месца прызначэння не дабралася нават у выглядзе трупа. Падаючы на каменне скал, цела яе разбiлася i развалiлася на кавалкi, рассыпаўшыся ў розныя бакi, i яна загiнула, як таго i заслужыла, стаўшы лёгкай здабычай птушак i звяроў.

Не замарудзiла i наступная кара. Пусцiўшыся зноў у вандраванне, Псiхея дайшла да другога горада, дзе так, як i першая, каралевай была другая сястра. I гэта паддалася на прынаду роднай сястры, i сапернiца Псiхеi памчалася да вядомай скалы на злачынны шлюб, але таксама звалiлася, здабыўшы сабе немiнучую смерць.

28. Тым часам, пакуль занятая пошукам Купiдона Псiхея абыходзiла розныя краiны, ён сам, пакутуючы ад апёку, ляжаў i стагнаў у спальнi сваёй мацi. Тады беласнежная птушка чайка, якая плавае на крылах па марскiх хвалях, паспешлiва дае нырца ў глыбiнi акiяна. Там, стаўшы ўмомант перад Венерай, якая купалася i плёскалася, дакладвае ёй, што яе сын апечаны, стогне ад болю, якi прычыняе яму рана, ляжыць i невядома, цi ачуняе. А ў народаў вакол чуецца нараканне на Венеру i на ўсю яе радню, маўляў, сынок, займаючыся на паверхнi каханнем, а яна сама, купаючыся ў акiяне, забылiся пра свае абавязкi. Праз гэта няма нiякай прыхiльнасцi, нi чароўнасцi, нi вабнасцi, а ўсё зрабiлася несамавiтым, грубым i дзiкiм. Няма нi шлюбаў, нi сяброўскiх яднанняў, нi пашаны ад дзяцей, а толькi агульная няслава, горыч i агiда ад брудных сувязяў.

Гэтак верашчала балбатлiвая птушка ў Венерыны вушы i чарнiла добрае iмя яе сына. А Венера, моцна загневаўшыся, раптам запытала: "Дык, можа, у мiлага майго сынка завялася якая-небудзь сяброўка? Ну, ты, якая толькi адна мне верна служыш, скажы, як завецца тая, што спакусiла майго высакароднага i чыстага хлопчыка? Можа, яна з роду Нiмфаў, цi з лiку Ораў, цi з карагоду Музаў або Грацыяў, маiх прыслужнiц?"

Не змаўчала балбатлiвая птушка i кажа: "Не ведаю, панi, але мне здаецца, што ён мае вялiкi iнтэрас да дзяўчыны, а калi не памыляюся, завецца яна Псiхея". Тут Венера крыкнула ў абурэннi: "Дык ён праўда любiць Псiхею, маю сапернiцу па прыгажосцi, рабаўнiцу майго iмя? Можа, гэты шалапут нават лiчыць мяне зводнiцай, бо я расказала яму пра гэту абрыдлую мне дзяўчыну!"

29. Сказаўшы гэта, хутка выплывае яна з глыбiняў мора i накiроўваецца ў сваю залатую спальню. Убачыўшы там, як ужо было сказана, хворага сына, яна проста з парога загаманiла на ўвесь голас: "Вельмi гэта прыстойна i варта нашага паходжання i тваiх добрых паводзiн, што ты, не паслухаўшы павучанняў сваёй мацi i панi, замест таго, каб на пакаранне маёй варагiнi абудзiць у ёй ганебную схiльнасць, сам хлапчук яшчэ, бярэш яе ў свае распусныя i няспелыя абдымкi. Ты думаеш, я змiруся з нявесткай, якую ненавiджу? Цi, можа, ты, пустадомак i паганы бадзяга, лiчыш, што толькi ты адзiн можаш прадаўжаць наш род, а я ўжо састарэла i не магу зачаць? Дык жа ведай, нараджу другога сына, шмат лепшага за цябе, цi для большага твайго прынiжэння ўсынаўлю якога-небудзь нявольнiка i перадам яму i гэтыя крылы, i факел, i гэтыя стрэлы, i ўвесь гэты рыштунак, якi я дала табе не на такi ўжытак, бо нiчога не было ўзята на гэта ўзбраенне з маёмасцi твайго бацькi.

30. Зрэшты, ты з малых дзён кепска выхаваны, на руку шустры, старэйшых крыўдзiў без нiякай пашаны, нават мяне, сваю мацi, мяне, кажу, ты, забойца, кожны дзень крыўдзiш i часта ранiш, не лiчачы за мацi, быццам удаву якую, не саромеючыся свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. Мала таго, ты на шкоду маёй з iм сувязi ўзяў моду раз за разам дастаўляць яму ў наложнiцы дзяўчат. Але я змушу цябе пакаяцца за гэтае свавольства, убачыш, якая цяжкая i горкая будзе твая жанiцьба! Цяпер, пасля такiх здзекаў, што мне рабiць? Куды падзецца? Якiмi спосабамi абразумiць гэтага прайдзiсвета? Няўжо звярнуцца мне да варожай Устрыманасцi, якую я гэтак часта з прычыны распуснасцi гэтага хлапца абражала? Але як мне гаварыць з гэтай вясковай неачэсанай бабай! Адна думка пра гэта наганяе на мяне жах! Аднак адкуль бы помста нi прыходзiла, грэбаваць ёю не варта. Якраз Устрыманасць, i нiхто iншы, можа быць мне найбольш карыснай у сама строгiм пакараннi гэтага пустамелi: забраць калчан, стрэлы, аслабiць лук, факел патушыць ды ўтаймаваць яго цела надзейнымi сродкамi. Тады толькi палiчу адпомшчанай сваю крыўду, калi яна кучары, зiхатлiвае золата якiх я так часта церабiла, яму зголiць, а крылы, што я на сваiх грудзях нектарам акрапляла, абрэжа".

31. Пасля гэтага маналога яна гнеўна рынулася з дому, але жоўць яе яшчэ не супакоiлася. Тут жа сустрэла Цэрэру з Юнонай, а яны, убачыўшы яе надзьмуты твар, пытаюцца, чаму азмрочваюць ссунутыя бровы прыгажосць яе блiскучых вачэй? А яна: "Вось дарэчы я вас сустрэла, i вы выканаеце жаданне майго распаленага сэрца. Малю вас, пастарайцеся знайсцi мне ўцякачку Псiхею. Да вас, я спадзяюся, дайшло, што здарылася ў маiм доме. I гэта натварыў той, якога не магу больш называць сваiм сынам!"

А багiнi, якiм усё, што здарылася, было вядома, каб суцiшыць палымяны гнеў Венеры, пачынаюць так: "А што ж, панi, благое зрабiў твой сын, што ты гэтак упарцiшся ягонаму шчасцю i хочаш загубiць дзяўчыну, якую ён любiць? Што за грэх, калi ён радасна ўсмiхаецца да прыгожай дзяўчыны? Цi ж ты не бачыш, што ён ужо дарослы юнак, цi мо забылася, колькi яму гадоў? Цi мо таму, што ён выглядае маладзей як на свой узрост, дык да гэтага часу здаецца табе хлопчыкам? Ты мацi,i прытым жанчына разважлiвая, а ўсё стараешся разведаць пра ўсе свавольствы свайго сына, абвiнавачваеш яго ў распусце, умешваешся ў яго любоўныя справы i ганiш у сваiм цудоўным сыне свае ўласныя хiтрыкi i ўцехi. Хто ж з багоў цi з смяротных дапусцiць, каб ты паўсюль сеяла юрлiвасць, калi ты са свайго ўласнага дому выжываеш каханне i наглуха замыкаеш доступ да жаночых слабасцяў?"

Гэтак яны, баючыся Купiдонавых стрэл, старалiся дагадзiць яму сваiм прыхiльным заступнiцтвам. Але Венера, абурыўшыся тым, што яны зводзяць прычыненыя ёй крыўды на дробязь, апярэдзiўшы iх, хуткiм крокам накiравалася ў другi бок – да мора.

КНIГА ШОСТАЯ

1. Тым часам Псiхея, пераходзячы з месца на месца, шукаючы ўдзень i ўночы свайго мужа, усё мацней жадала калi не ласкамi жонкi, дык хоць просьбамi астудзiць яго гнеў. I вось, убачыўшы на гары нейкi хорам, падумала: "Хто ведае, можа, тут знаходзiцца мой уладар!" I адразу кiруе ў той бок свае шпаркiя крокi. Надзея i жаданне сустрэчы вярнулi ёй страчаную бадзёрасць. Падняўшыся па крутым адхоне, падыходзiць упэўненай ступою да святынi i бачыць там наваленыя ў кучу i сплеценыя ў вянкi каласы пшанiцы i ячменю. Заўважыла таксама там сярпы i iншыя прылады жнiва, але ўсё гэта ляжала абы-як i абы-дзе ў беспарадку i без нагляду, як гэта бывае, калi работнiкi ў спёку ўсё параскiдаюць.

Псiхея разабрала старанна ўсе прылады i, як належыць спарадкаваўшы, думала пра тое, што нельга ёй грэбаваць нiякай святыняй, нi абрадамi любога з багоў, а ў кожнага з iх шукаць лiтасцi i спагады.

2. За гэтай працай застае яе кармiцелька Цэрэра i яшчэ здалёк гукае: "Ах, вартая жалю Псiхея! Па ўсiм свеце шукае цябе да крайнасцi разгневаная Венера, якая рыхтуе табе лютую кару, усю сваю боскую сiлу хоча абрынуць на помсту табе, а ты клапоцiшся тут аб маiх рэчах i нiчога не робiш для свайго ратунку!"

Тут Псiхея кiнулася ў ногi багiнi, аблiваючы iх горкiмi слязьмi. Падмятае багiнiны сляды валасамi i ўмольвае яе сардэчнымi просьбамi: "Заклiнаю цябе тваёй пладаноснай правай рукой, радаснымi абрадамi жнiва, запаветнымi тайнамi кашоў, крылатай каляснiцай тваiх прыслужнiкаў драконаў, баразной сiцылiйскай зямлi, драпежнай каляснiцай, зямлёй-кармiцелькай, сыходжаннем да беспрасветнага шлюбу Празерпiны, светлым вяртаннем знойдзенай дачкi i ўсiм, акружаным маўклiвасцю ў святынi атычнага Элеўсiна, – зрабi ласку душы Псiхеi, якая ўмольвае тваёй апекi! Дазволь мне схавацца ў гэтай капе калосся хоць на некалькi дзянькоў, да той пары, пакуль страшны гнеў велiчнай багiнi памалу не астыне, цi хоць на той час, пакуль мае аслабленыя доўгiмi пакутамi сiлы адновяцца ў цiхiм супачынку".

3. Адказвае ёй Цэрэра: "Узрушана я тваiмi слёзнымi просьбамi, аднак не магу выклiкаць незадаволенасцi маёй сваячкi, добрай жанчыны, з якой я злучана повязямi даўняй дружбы. Дык зараз жа пакiнь гэта памяшканне i будзь рада, што я цябе не затрымала i не пасадзiла пад варту".

Атрымаўшы такi нечаканы адказ, прыгнечаная падвойнай скрухай, зноў пускаецца Псiхея ў дарогу i праз нейкi час бачыць у глыбокай далiне сярод панурага гаю вельмi дыхтоўна збудаваную святыню. Стараючыся не прапусцiць нiякай магчымасцi палепшыць свой лёс, яна была гатова заслужыць лiтасць у любога з багоў, таму наблiжаецца да святых варот. Бачыць тут дарагiя прынашэннi i палотнiшчы з залатымi надпiсамi, развешаныя на галiнах дрэў i на вушаках дзвярэй. Адначасова з выказваннем удзячнасцi напiсана было i iмя багiнi, якой усё гэта прысвячалася. Перш за ўсё, выцершы слёзы, становiцца Псiхея на каленi, абдымае рукамi яшчэ не астылы алтар i ўзносiць такую малiтву:

4. "Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра, цi ёсць ты ў старадаўняй святынi Самоса, якая славiцца як адзiны сведка твайго нараджэння, немаўлячага крыку i ранняга дзяцiнства, цi знаходзiшся ў блажэнным прыстанку высокага Карфагена, дзе ўшаноўваюць цябе як дзеву, што на льве рухаецца па небе, альбо паблiзу берагоў Iнаха, якi славiць цябе як жонку Грамавержца i каралеву багiняў. Ты ахоўваеш слаўныя аргоскiя сцены, ты, якую ўвесь Усход ушаноўвае як Зiгiю, а ўвесь Захад называе Люцынай, будзь мне ў маёй пiльнай патрэбе Юнонай-апякункай i, зняможаную ў гэтулькiх перажытых мною пакутах, ад страху навiслых нада мною небяспек вызвалi! Мне ж вядома, што ты ахвотна дапамагаеш цяжарным жанчынам, якiм пагражае небяспека".

Калi яна такiм чынам вымольвала злiтавання, раптам з'явiлася перад ёй ува ўсёй сваёй красе i велiчы Юнона, як гэта належыць такой магутнай багiнi, i тут жа гаворыць: "Павер мне, што я ахвотна выканала б тваю просьбу, але дзейнiчаць супраць волi маёй нявесткi Венеры, якую я заўсёды любiла як дачку, не дазваляе мне сумленне. Апроч таго, спыняе мяне i закон, якi забараняе аказваць апеку i дапамогу чужым беглым нявольнiкам без згоды iх гаспадароў".

5. Збянтэжаная новым крушэннем сваiх надзей, не маючы магчымасцi знайсцi свайго крылатага мужа, Псiхея страцiла надзею на выратаванне i пачала разважаць так: "Хто ж яшчэ зможа падтрымаць мяне, хто адважыцца даць мне дапамогу, калi нiводная з багiнь, нават пры жаданнi, не выканала маiх просьбаў? Куды ж мне цяпер падацца, калi я з усiх бакоў акружаная пасткамi? Пад чыiм дахам змагу, хоць бы затаiўшыся ў змроку, схавацца ад вачэй магутнай Венеры? Узбройся па-мужчынску адвагай духу, смела адрачыся ад дарэмнай надзеi, аддайся добраахвотна ў рукi сваёй уладарнiцы, i, магчыма, хоць спозненай пакорлiвасцю ты ўтаймуеш яе бязлiтаснае праследаванне. Хто ведае, можа здарыцца, што i таго, каго ты так доўга шукаеш, знойдзеш у доме яго мацi". I вось, гатовая скарыцца, але без надзеi на поспех i больш падрыхтаваная да канчатковай загубы, пачала яна меркаваць, з чаго пачаць сваю просьбу.

6. А Венера, убачыўшы, што наземнымi спосабамi знайсцi яе немагчыма, кiруецца на неба. Там загадвае, каб нарыхтавалi ёй каляснiцу, якую ў якасцi шлюбнага падарунка вельмi густоўна змайстраваў для яе бог залатых рамёстваў Вулкан. Выгладзiўшы тонкiм напiльнiкам, ён прыдаў ёй такую прыгажосць, што нават страта некаторай часткi золата зрабiла яе яшчэ больш каштоўнай.

З таго боку пакояў уладарнiцы, дзе жыло мноства галубак, аддзяляюцца дзве беласнежныя пары. У вясёлым палёце паварочваюць яны свае блiскатлiвыя шыйкi, упрагаюцца ў абсыпаную каштоўным каменнем вупраж i, прыняўшы багiню, радасна ўзлятаюць у паветра. Побач з каляснiцай уладарнiцы пырхаюць з шумным шчабятаннем верабейкi i розныя iншыя звонкагалосыя птушкi, запаўняючы далiкатнымi спевамi паветра i абвяшчаючы прыбыццё багiнi. Хмары расступаюцца, неба перад сваёй дачкой адчыняецца, вышэйшы эфiр радасна сустракае багiню, а пеўчая свiта вялiкай Венеры не баiцца нi сустрэчных арлоў, нi каршуноў.

7. Яна накiроўваецца адразу ў каралеўскi палац Юпiтэра i напышлiвым тонам заяўляе, што ёй неабходная дапамога звонкагалосага бога Меркурыя. Не адмовiлi цёмныя бровы Юпiтэра. I вось Венера ў суправаджэннi Меркурыя спускаецца з неба i ўсхвалявана гаворыць: "Браток мой Аркадзiец, ты ведаеш, што твая сястра Венера нiколi нiчога ўпотай ад Меркурыя не распачынала, i вядома табе таксама, што ўжо доўгi час не магу я знайсцi служанку, якая ад мяне хаваецца. I мне нiчога больш не застаецца, як праз тваё ўсенароднае вяшчанне аб'явiць, што за паведамленне, дзе яна знаходзiцца, будзе выдадзена ўзнагарода. Дык вось, паспяшайся з маiм даручэннем, прытым дакладна падай прыкметы, па якiх можна будзе яе пазнаць, каб той, хто акажацца вiнаватым ва ўкрывальнiцтве, не мог адгаворвацца, што яе не пазнаў".

Пры гэтым яна перадае яму лiст, дзе пазначана iмя Псiхеi i ўсё iншае. Пасля гэтага вяртаецца дамоў.

8. Меркурый адразу ўзяўся выконваць заданне. Па ўсiх мясцовасцях i ўсiм народам ён абвяшчаў: "Калi хто верне з уцёкаў цi зможа паказаць, дзе хаваецца каралеўская дачка, служанка Венеры Псiхея, i данясе аб гэтым вешчуну Меркурыю за муртыйскiмi калонамi, дык атрымае ў якасцi ўзнагароды ад самой Венеры сем салодкiх пацалункаў i, апрача таго, яшчэ адзiн мядовы з ласкавым дотыкам языка".

Пасля такой Меркурыевай аб'явы жаданне незвычайнай узнагароды заахвоцiла ўсiх людзей наперабой кiнуцца ў пошукi.

Усё гэта прымусiла Псiхею не марудзiць. Яна ўжо наблiжалася да варот сваёй уладарнiцы, калi насустрач ёй выбегла Прывычка, адна з Венерыных чаляднiц, i пачала на ўсю моц крычаць: "Нарэшце ты, нягодная служанка, зразумела, што ў цябе ёсць панi! Няўжо, па характэрнай табе нахабнасцi, ты будзеш прыкiдвацца, што не ведаеш, якога клопату каштавалi нам пошукi цябе? Добра, што ты трапiла ў мае рукi, быццам у самыя кiпцюры Орка ўскочыла, дык i кара за тваю ўпартасць напаткае цябе неадкладна!"

9. I, учапiўшыся моцна за валасы, пацягнула за сабой, хоць тая зусiм не супрацiўлялася. Як толькi ўбачыла Венера, што прывялi i паставiлi перад ёй Псiхею, яна пачала рагатаць, як чалавек, даведзены гневам да вар'яцтва. Затрэсла галавой, пачала часаць правае вуха i кажа: "Нарэшце ты ўдастоiла свякруху сваiм наведаннем! Цi, можа, ты прыйшла сустрэцца з мужам, якi пакутуе ад нанесенай табой раны? Не хвалюйся, я магу абысцiся з табой так, як гэтага добрая нявестка заслугоўвае!" А пасля крычыць: "Дзе тут мае служанкi Турбота i Журба?" А калi яны на поклiч з'явiлiся, перадала яе iм на пакаранне. Тыя ж, паслухмяныя загаду гаспадынi, адлупцавалi бедную Псiхею бiзунамi i, памучыўшы iншымi спосабамi, зноў прывялi яе да панi.

Венера зноў разрагаталася i кажа: "Напэўна, ты думаеш, што выклiча ў мяне спачуванне твой уздуты жывот, плод якога збiраецца ашчаслiвiць мяне званнем бабулi? Сапраўды, вялiкi гэта гонар мне ў самым росквiце гадоў называцца бабуляй i слухаць, як сына нiзкай служанкi называюць унукам Венеры. Зрэшты, я надарма кажу "сын". Шлюб быў не роўны, прытым адбыўся ў загароднiм памяшканнi без сведкаў i без бацькавай згоды, дык не можа лiчыцца сапраўдным, i дзiця народзiцца, калi я наогул дазволю табе яго данасiць, незаконным".

10. Сказаўшы гэта, налятае на маладзiцу, iрве яе сукенку, цягае за валасы, трасе яе галаву i бязлiтасна б'е, а пасля бярэ жыта, ячмень, проса, мак, гарох, сачавiцу, боб – усё гэта перамешвае i, згарнуўшы ў адну вялiкую кучу, кажа: "Я думаю, што такая бесталковая служанка не магла нiчым iншым дагадзiць сваiм палюбоўнiкам, як толькi стараннай службай, дык вось i я хачу праверыць тваё ўмельства. Разбяры вось гэту кучу i разлажы асобна кожны вiд зерня, падрыхтуй мне гэта на праверку да заўтрашняга вечара".

Пасля падалася на вясельны банкет. А Псiхея нават не дакранулася да гэтай бязладнай кучы. Прыгнечаная такiм бязлiтасным загадам, сядзела моўчкi i нерухома. Раптам нейкая дробненькая вясковая мурашка, якая разумела, наколькi цяжкая гэта праца, злiтавалася над сужыцелькай вялiкага бога i, абураная бесчалавечнасцю свекрывi, пачала бегаць туды i сюды i старанна склiкаць усе саслоўi мурашак з акругi i так упрошваць: "Злiтуйцеся, жывыя жыхары зямлi, якая кормiць усiх, злiтуйцеся над маладзенькай прыгажуняй, жонкай Амура, прыйдзiце як мага хутчэй на дапамогу ў яе бядзе!"

Заварушылiся хвалi шасцiногiх iстот, разбiраюць яны ўсю кучу па зернетку i, асобна пасартаваўшы кожны вiд, хутка знiкаюць з вачэй.

11. Калi настала ноч, з'явiлася Венера з вясельнага банкету. Была яна ап'янелая ад вiна, пахла бальзамам у гiрляндах з найпрыгажэйшых ружаў. Убачыўшы так дакладна выкананую работу, яна выкрыквае: "Не твая, нягоднiца, гэта праца! Не ты яе рабiла. Гэта зрабiў той, каму ты на сваё i ягонае няшчасце спадабалася!" I, кiнуўшы ёй скарынку хлеба, пайшла ў сваю адпачывальню спаць.

А тым часам Купiдон, самотны вязень, замкнёны ва ўнутраных пакоях дома, знаходзiўся пад пiльнай аховай, часткова дзеля таго, каб лiшняй жвавасцю не развярэдзiў сабе раны, а таксама i таму, каб не сустрэўся са сваёй жаданай. Так мiнула пакутлiвая для разлучаных ноч, якую прабылi пад адным дахам. А як толькi Аўрора ўзышла на каляснiцу, Венера паклiкала да сябе Псiхею i сказала ёй так: "Вунь бачыш гай, якi цягнецца па беразе рэчкi? Кусты на ўскрайку растуць па-над крынiцай. Там пасвяцца без нагляду адкормленыя авечкi, пакрытыя залатым руном. Я загадваю табе неадкладна прынесцi мне жмут гэтай каштоўнай воўны, здабыўшы яе якiм хочаш спосабам".

12. Псiхея ахвотна пайшла туды, але не для таго, каб выканаць загад, а каб, кiнуўшыся з берага ў раку, пазбыцца ўсiх сваiх бедаў. Але раптам з лёгкiм пошумам ветрыку адазвалася з рэчкi сцiплая зялёная трысцiнка i меладычным голасам сказала:

"Бедная гаротнiца Псiхея, не заплям гэтай благаславёнай вады сваёй смерцю i не падыходзь у гэту часiну да тых жудасных авечак, бо, пакуль пячэ iх сонечная спёка, на iх нападае шал, i яны могуць забiць цябе цi вострымi рагамi, цi сваiмi каменнымi лбамi, цi ядавiтымi ўкусамi. А як папаўднi трохi схаладае i прыемны рачны ветрык супакоiць iх, тады ты схавайся пад тым вунь шырокiм платанам, якi чэрпае сабе вiльгаць з той самай, што i я, ракi. I калi авечкi супакояцца i вернуцца да свайго нармальнага стану, ты зможаш знайсцi залатую воўну, заблытаную ўсюды памiж густога голля – досыць толькi страсянуць кусты".

13. Гэтак навучала яе сцiплая мiласэрная трысцiнка, каб выратаваць ад загубы.

Псiхея ўважлiва выслухала парады трысцiнкi, i ёй не прыйшлося раскайвацца. Зрабiўшы ўсё, як было сказана, яна набiрае тайком поўную пазуху воўны i прыносiць яе Венеры. Аднак i гэтым другiм выкананнем небяспечнага даручэння не зарабiла ў багiнi пахвалы. Нахмурыўшы бровы i з'едлiва ўсмiхнуўшыся, яна гаворыць: "Ведаю i гэтага шалапутнага твайго памочнiка! Але вось я праверу як след, цi поўнасцю валодаеш ты прысутнасцю духу i дастатковай кемлiвасцю. Бачыш вунь там над высачэзнай скалой вяршыню крутой гары, адкуль выцякаюць цёмныя воды змрочнай крынiцы? Даплыўшы да памястоўнай, закрытай з усiх бакоў катлавiны, яны абвадняюць стыгiйскiя балоты, а пасля становяцца бурлiвымi хвалямi Кацыта. Адтуль, з самага вытоку крынiцы, з глыбiняў, зачэрпнуўшы ледзяной вады, ты адразу прынясеш мне яе ў гэтай вось шкляначцы".

Сказаўшы гэта, зноў са страшнымi пагрозамi перадае ёй гранёную крышталёвую судзiнку.

14. А тая хуткiмi крокамi iдзе да вяршынi гары, спадзеючыся там знайсцi канец свайму гаротнаму жыццю. Аднак, дабраўшыся да месца, блiзкага ад вызначанай мэты, бачыць, што загад выканаць немагчыма. Бясконца высокая i безнадзейна недаступная скала выкiдала з камянiстых шчылiн мноства жудасных крынiц, якiя абрывалiся з кручаў i, схаваныя ў вузкiм рэчышчы, непрыкметныя воку, бурлiва iмчалiся ў суседнюю далiну. Направа i налева са скальных трэшчын высоўвалi свае даўжэзныя шыi раз'юшаныя драконы, вочы якiх нiколi не сплюшчвалiся, i зрэнкi iх няспынна глядзелi на свет.

Апроч таго, воды, якiя валодалi дарам мовы, штохвiлiны выкрыквалi: "Назад! Што робiш? Што ты надумала? Сцеражыся! Уцякай! Загiнеш!"

Псiхея стаяла як скамянелая, i хоць целам была там, душою адсутнiчала, i, цалкам прыгнечаная цяжарам свайго становiшча, пазбавiлася нават свайго апошняга суцяшэння – слёз.

15. Але не схавалiся ад вачэй справядлiвага лёсу пакуты нявiннай душы. Каралеўскi птах, арол, слуга ўсявышняга Юпiтэра, з'явiўся раптам i распасцёр свае крылы. Ён прыпомнiў сваю даўнюю паслугу, калi па падказцы Купiдона схапiў для Юпiтэра фрыгiйскага падчашага, i падумаў, што, аказаўшы своечасовую дапамогу жонцы Купiдона, ушануе гэтым i самога бога, дык, пакiнуўшы вышынi Юпiтэравых шляхоў, пачаў кружыцца над галавой у маладой жанчыны i так сказаў: "I ты, недасведчаная ў такiх справах прасцячка, спадзяешся дастаць хоць кроплю вады цi нават наблiзiцца да гэтай наколькi святой, настолькi i грознай крынiцы? Цi ты нiколi не чула, што гэтыя стыгiйскiя воды страшныя не толькi меншым братам, а нават i самому Юпiтэру? А гэта таму, што так, як вы прысягаеце на высокую волю багоў, так жыхары неба клянуцца велiччу Стыкса. Але дай мне сваю шкляначку".

I хутка схапiўшы ў свае кiпцюры тую пасудзiнку i выпрастаўшы крылы, пачаў узнiмацца, адхiляючыся то ўправа, то ўлева ад чарады драконавых пашчаў з вышчаранымi зубамi i пакручастымi трайнымi языкамi, штораз вышэй да грозных водаў, якiя з шумам крычалi яму, каб, пакуль цэлы, вяртаўся. Тады ён iм сказаў, што ляцiць па загаду Венеры, выконвае яе даручэнне, i гэта выдумка крыху дапамагла яму дабрацца да мэты.

16. Атрымаўшы напоўненую шкляначку, з вялiкай радасцю чым хутчэй панесла яе Псiхея Венеры. Аднак i цяпер не змагла яна атрымаць ухвалы разгневанай багiнi. Са злавеснай усмешкай, якая прадвяшчала яшчэ большыя вымаганнi i цяжэйшыя беды, звяртаецца свякруха да яе: "Як я зразумела, ты вялiкая i вопытная ведзьма, калi так выконваеш усе нялёгкiя даручэннi. Дык вось што, мая ты лялечка, павiнна мне зрабiць. Вазьмi гэту скрыначку i хутчэй накiроўвайся ў пекла, у замагiльнае царства самога Орка. Там аддасi скрыначку Празерпiне i скажаш: "Венера просiць прыслаць ёй крыху тваёй прыгажосцi хоць на адзiн дзянёк, бо сваю ўласную яна цалкам растрацiла, апякуючыся сваiм хворым сынам. Толькi ж вяртайся хутчэй, бо мне зараз жа неабходна нацерцiся, каб пайсцi на сход багоў".

17. Тут лепш чым калi адчула i зразумела Псiхея, што выпраўляюць яе на верную загубу i што настала яе апошняя часiна. Чаго ж болей чакаць, калi выпраўляюць яе iсцi добраахвотна сваiмi нагамi ў Тартар, у краiну памерлых.

Не думаючы доўга, паднялася яна i пайшла ў бок нейкай высачэзнай вежы, збiраючыся адтуль кiнуцца ўнiз, каб такiм чынам хутка i найбольш пэўна трапiць у замагiльнае царства.

Але вежа раптам загаварыла: "Навошта табе, нябога, шукаць пагiбелi ў безданi? Чаму новыя цяжкасцi i небяспекi так цябе палохаюць? Як твой дух аддзелiцца ад цела, дык, вядома, сыдзеш ты ў глыбокi Тартар, але назад адтуль нiколi ўжо не вернешся. Вось лепш паслухай мяне.

18. Непадалёку адгэтуль знаходзiцца горад Ахаi, славуты Лакедэман. У суседстве з iм знайдзi закiнуты сярод бязлюднай мясцовасцi Танар. Там ёсць расколiна Дзiта, i праз яе зiхатлiвыя вароты вiднеецца непраходная дарога. Калi ты там пераступiш парог i пойдзеш па ёй, дык дабярэшся да Оркавага царства. Аднак у той змрок ты павiнна ўступiць не з пустымi рукамi, а ў кожнай трымай па ячменным праснаку, замешаным на вiне i мёдзе, а ў роце нясi дзве манеты.

Прайшоўшы значную частку той смертаноснай дарогi, ты сустрэнеш кульгавага асла, нагружанага дрывамi, а з iм кульгавага паганятага, якi будзе прасiць цябе падняць некалькi паленаў, што вывалiлiся з вязанкi, але ты не адказвай яму i моўчкi iдзi далей. Неўзабаве дойдзеш да ракi памерлых, над якой валадарыць Харон. Ён патрабуе ад кожнага за перавоз на чоўне на другi бераг грашовую плату. Гэта значыць, што i ў асяроддзi памерлых працвiтае карысталюбства, бо нават такi бог, як Харон, збiральнiк падаткаў ад Дзiта, нiчога дарма не робiць, i бядняк, памiраючы, павiнен запасцiся грашыма, а калi няма ў яго медзi, дык яму i не дазволяць памерцi. Гэтаму бруднаму старому ты i заплацiш за перавоз адзiн з медзякоў, якiя будзеш мець з сабой, толькi няхай ён сам сваёй рукой выме яго ў цябе з рота. Ды гэта яшчэ не ўсё. Як будзеш перапраўляцца праз тую павольную рэчку, выплыве на паверхню мёртвы стары i, працягнуўшы да цябе гнiлую руку, будзе прасiць узяць яго ў лодку, але ты не паддавайся недазволенай табе лiтасцi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю