355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)

27. I вось бязлiтасны лёс аднавiў i нават павялiчыў маё няшчасце. Прыснiлася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў i нават са спальнi, апынулася ў пустынi i клiчу па iмю свайго няшчаснага мужа, якi так i не пацешыўся маiмi абдымкамi i яшчэ вiльготны ад нацiранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. I пакуль ён бяжыць i роспачна крычыць, каб людзi памаглi яму адабраць жонку-прыгажуню, нейкi з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапiўшы з-пад ног вялiкi камень, кiдае ў майго беднага маладзенькага мужа i забiвае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялiкiм жаху ўсхапiлася ад злавеснага сну".

Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямi, старая гаворыць так: "Не трывожся, дзiця маё, i не палохайся пустых прывiдаў. Не кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык i начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад, саснiць слёзы, пабоi i нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца i наядацца смачнай ежай; i наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць i iншыя непрыемнасцi. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай". I пачала так:

28. "У адной дзяржаве жылi цар з царыцай, i было ў iх тры дачкi-прыгажунi. Аднак, хоць старэйшыя былi вельмi прыгожыя, яны, як у ценi, знiкалi перад прыгажосцю малодшай, якой красу апiсаць не хапiла б у людской мове слоў. Шмат хто з мясцовых грамадзян i мноства чужаземцаў, якiх прагнымi натоўпамi збiрала чутка пра небывалае вiдовiшча, здзiўленыя i ўсхваляваныя недасягальнай прыгажосцю, прыкрывалi рот правай рукой, палажыўшы свой указальны палец на выцягнуты вялiкi, быццам аддавалi пашану самой Венеры. I па ўсёй акрузе панеслася чутка, што багiня, якую нарадзiла марская стыхiя i ўзняла пенiстая хваля, па сваёй добрай волi выяўляе сваю прыхiльнасць да народа, зносiцца з людзьмi. А мо зноў з новага насення нябесных свяцiлаў не мора, а зямля нарадзiла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасцi.

29. Такая думка штораз умацоўвалася, i пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах i па блiжэйшых правiнцыях.

Натоўпы людзей, не баючыся нi далёкай дарогi, нi марской стыхii, збягалiся да знакамiтага цуду. Людзi перасталi ездзiць у Пафас, каб пакланiцца Венеры, не падарожнiчалi ў Кнiд i нават на выспу Кiферу. Ахвяры станавiлiся радзейшымi, святынi заняпалi – святыя падушкi параскiданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гiрляндамi, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малiтвамi i пад смяротнымi рысамi ўшаноўваць велiч несмяротнай магутнай багiнi. Калi з'яўлялася дзяўчына, людзi прыносiлi ёй дары i ахвяры ў iмя адсутнай Венеры. А калi яна праходзiла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамi i кветкамi.

Гэта залiшняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплiвым абурэннi, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:

30. "Як я, старажытная мацi прыроды, родапачынальнiца стыхiяў, мацi ўсяго свету, Венера, зношу такое абыходжанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной каралеўскую пашану i маё iмя, запiсанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Цi ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступнiцай, якая пад маiм iмем прымае збаўчыя ахвяры? Цi ж магу згадзiцца, каб смяротная жанчына насiла мой вобраз? Цi ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога i справядлiвасць пацвердзiў сам Юпiтэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць мiж iншых цудоўных багiнь? Ды не на радасць сабе прысвоiла тая самазванка, хто б яна нi была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосцi!"

I тут жа клiча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмi смелага хлапца, якi, згодна са сваiм норавам, грэбуючы ўсталяванымi парадкамi, узброены стрэламi i паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем'i i беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нiчым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды i неўтаймаванага, пабуджае нагаворамi, вядзе ў той горад i паказвае яму Псiхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гiсторыю аб спаборнiцтве ў прыгажосцi i, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:

31. "Заклiнаю цябе повязямi матчынай любовi, сцiплымi ранамi тваiх стрэл, салодкiмi апёкамi твайго факела, адпомсцi за сваю мацi. Аддай поўнай мерай i жорстка адплацi нахабнай прыгажунi. Зрабi тое адзiнае, чаго мне больш за ўсё хочацца: няхай гэтая дзяўчына палымяна закахаецца ў апошняга з людзей, якому лёс адмовiў у паходжаннi, i ў маёмасцi, i ўва ўсiм iншым, у такую мiзэрнасць, што большай не знойдзеш на ўсiм свеце".

Сказаўшы гэта, яна доўга i моцна цалуе сына i iдзе да блiзкага берага, абмыванага морам. I ледзь толькi ступiла ружовымi ступнямi ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на цiхай вадзе глыбокага мора. I ледзь толькi пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з'явiлася марская свiта: дочкi Нерэя, спяваючы хорам, i Партун з ускалмачанай сiняй барадой, i Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамi, i маленькi фурман дэльфiнаў Палемон. Тут i там скачуць па моры трытоны, адзiн далiкатна трубiць у ракавiну, другi распасцiрае ад сонечнай спёкi шаўковае пакрывала, трэцi падносiць да вачэй валадарнiцы люстэрка, а iншыя плаваюць на двухконных каляснiцах. Гэтакi натоўп праводзiў Венеру, калi яна рушыла ў бок Акiяна.

32. Тым часам Псiхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе нiякай карысцi. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але нiякi цар, нi каралевiч, нi нават хто-небудзь з простага люду не iдзе да яе ў сваты. Дзiвяцца толькi на яе, як на боскую статую цi няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якiя не вельмi славяцца прыгажосцю, даўно выйшлi замуж за прадстаўнiкоў царскага роду, а Псiхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзiноту, недамагаючы целам, з болем у душы i зненавiдзеўшы сваю прыгажосць, якая так усiх вабiла.

Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхiльнасцi i баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мiлецкага бога i просiць у вялiкай святынi малiтвамi i ахвярамi мужа сваёй абяздоленай дачушцы. I вось Апалон, хоць i грэк i нават iанiец, дае прароцтва, з увагi на складальнiка мiлецкага апавядання, на лацiнскай мове:

33. "Пастаў няшчасную дачку на ўскрай скалы высокай

I, як на пахаванне, на вяселле апранi.

Не знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны,

Ён будзе дзiкi i надзвычай люты, як дракон.

На крылах аблятае ён эфiр i ўсiх стамляе,

Наносiць раны ўсiм i полымем гарачым палiць.

Дрыжыць Юпiтэр перад iм, багi яго баяцца,

Наводзiць страх ён i на Стыкс, на змрочную падземную раку".

Пачуўшы такi адказ найсвяцейшага прадказальнiка, раней шчаслiвы кароль едзе назад незадаволены, сумны i расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны i плачуць даволi доўгi час. Аднак нiчога не зробiш, даводзiцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.

Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць i чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзiць у жалобны лiдыйскi напеў, i вясёлыя гiменеi канчаюцца жаллiвымi выкрыкамi, а маладая выцiрае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долi збедаванай сям'i, i з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.

34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волi неба заклiкае бедную Псiхею да наканаванай пакуты. А калi ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсiм народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. I заплаканую Псiхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. I калi збедаваныя i згараваныя бацькi замаруджвалi шэсце, сама дачка падбадзёрвае iх такiмi словамi: "Навошта стамляеце сваю старасць доўгiм плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссiльныя слёзы, якiмi аблiваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабiце болю маiм вачам праз шкоду сваiм. Паберажыце свае сiвыя валасы i вашы такiя мне дарагiя грудзi. Iншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглi. Позна апомнiлiся вы, прабiтыя смяротнымi ўдарамi ганебнай зайздрасцi. Калi народы i краiны выказалi нам боскую пашану, калi ўсе ў адзiн голас называлi мяне Венерай, тады трэба было лiць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загiнуўшую. Бачу i адчуваю, што загубiла мяне iмя Венеры. Вядзiце мяне на скалу i пакiньце там, як прысудзiў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзiць, адцягваць прыход таго, што павiнна адбыцца?"

35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала i цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, якi яе суправаджаў. Iдуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакiнуўшы вясельныя факелы, што асвятлялi дарогу, а цяпер пацямнелi i тухлi ад слёз i, спусцiўшы галовы, разыходзяцца па сваiх дамах. I няшчасныя бацькi, прыгнечаныя такой бядой, пагрузiлiся ў змрочную жалобу.

Тым часам Псiхея стаяла высока на вяршынi скалы зусiм адна i ў напружаннi чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу i страху, калi ў нейкую хвiлiну адчула, што мякка ляцiць над зямлёю. Лёгкi подых Зефiра, ускалыхнуўшы адзенне, далiкатна падымае яе i спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую далiну, памалу кладзе на ўлоне квяцiстага лугу.

КНIГА ПЯТАЯ

1. Тут у адзiн момант пакiнулi Псiхею ўсе яе пакуты сумненняў i неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелi з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлiвага сну прачнулася i ўстала весялейшая. Якi ж цудоўны вiд паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзiлася ў гаi, парослым рознымi высокiмi цянiстымi дрэвамi, памiж якiмi, ападаючы са скал i вывiваючыся, далiкатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымi рукамi, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы i чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй i слановай косцю, абапiралася на залатыя калоны, усе сцены былi абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзiкiх звяроў i розных жывёлiн, якiя быццам выбягалi насустрач. О, гэта быў не паўбог, а сапраўдны бог, што так па-мастацку гэтулькi серабра ператварыў у звяроў! Падлога ззяе каштоўнымi камянямi, якiя ствараюць рознакаляровыя цудоўныя малюнкi. Сапраўды, двойчы, а то i болей шчаслiвыя тыя, што ступаюць па золаце i дарагiх камянях! Такое ж невыказнае багацце вiдаць ва ўсiх частках гэтага вялiзнага будынка – усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такiм бляскам, што каб нават сонца перастала свяцiць, дык яны б залiлi ўвесь дом дзённым святлом, бо зiхацiць у iм кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.

I ўсе iншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, i можна падумаць, што сам вялiкi Юпiтэр стварыў гэтыя пакоi нябесныя для сваiх сустрэч са смяротнымi.

2. Захапiўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзiць Псiхея блiжэй, адважыўшыся, пераступае парог i неўзабаве з вялiкай цiкавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёмiцца з багаццем, якое знаходзiцца ў збудаваным за домам вялiкiм свiрне. Няма таго на зямлi, чаго б там не было!

Але найдзiўнейшым было тое, што нiхто гэтага багацця не пiльнаваў, не было там нiякiх ланцугоў, нiякiх засавак i нiякiх вартаўнiкоў. I калi яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасцi, аднекуль пачуўся голас, хоць нiдзе нiкога не было вiдаць: "Што дзiвiшся, панi, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Iдзi ў спальню i адпачнi ад стомы ў пасцелi, а калi жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкi, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькi будзеш гатова, перад табой з'явiцца багаты стол".

3. Псiхея адчула вялiкую асалоду ад такiх прыветлiвых слоў i, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, а пасля купаннем зняла з сябе рэшткi стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. I ў той жа час розныя, быццам нектар, вiны i сама далiкатныя i смачныя стравы падаюцца ёй нiбы на хвалях ветру, а слуг зусiм не вiдаць. Яна чула толькi iхнiя галасы. Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось i заспяваў, а другi зайграў на кiфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, i, хоць нiхто з людзей не з'яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.

4. Пасля гэтых забаў i заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псiхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзiць яе нейкi лёгкi шолах. Вельмi баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. I вось увайшоў яе таямнiчы муж, узышоў да яе на ложак i стаў яе сапраўдным мужам. Ранiцай перад усходам сонца ён моўчкi падняўся i пакiнуў спальню. I ў тую самую хвiлiну ветлiвыя галасы акружаюць маладую, што страцiла цнатлiвасць...

Так працягвалася доўгi час. Псiхея пачала прывыкаць да новых абставiн. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканнi становяцца ёй штораз прыямнейшымi. Гутаркi з нябачным мужам былi ў яе самоце вялiкай уцехай.

Тым часам яе бацькi старэлi ў сваiм няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псiхея, пакiнулi свае хатнiя агнiшчы i, змрочныя i затурбаваныя, падалiся адна за адной парадзiцца з бацькамi.

5. А ў тую ж ноч муж Псiхеi, якi быў недаступны толькi зроку, а не слыху i дотыку, казаў так: "Дарагая мая Псiхея, наймiлейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялiкай небяспекай, да якой павiнна ты аднесцiся з найвялiкшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерцi. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваiх слядоў. Калi часам пачуеш iхнiя галашэннi, не адказвай iм i старайся нават не глядзець у той бок, бо наклiчаш на мяне вялiкую непрыемнасць, а на сябе немiнучую загубу".

Яна кiўнула галавой на знак згоды i абяцала рабiць так, як раiў муж. Але як толькi ён з канцом ночы знiк, яна ўвесь дзень праплакала i прагаласiла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загiне, замкнёная ў богаслаўлёную цямнiцу, без сувязi з людзьмi, дзе нават сёстрам, якiя па ёй гаруюць, не можа дапамагчы цi хоць на кароткi час з iмi ўбачыцца. Так, не еўшы i не пiўшы i нi да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.

6. Праз момант на ложку побач з ёй з'явiўся яе муж i, абняўшы заплаканую, пытаецца: "Цi ж гэта ты мне, мая Псiхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, чаго спадзявацца? Нi ўдзень, нi ўночы, нi нават у мужавых абдымках не сцiхаюць твае пакуты. Што ж, рабi як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калi надыдзе запозненае нараканне, прыпомнi мае сур'ёзныя папярэджаннi". Тады яна просьбамi i пагрозамi, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамi, каб зменшыць iхнюю журбу i пагутарыць з iмi. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкi, а нават дазволiў ёй падараваць iм з залатых упрыгожанняў цi з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна i не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамi, што калi яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цiкавасцю скiне сябе з вяршынi свайго шчасця i назаўсёды пазбавiцца яго абдымкаў. Яна падзякавала мужу i сказала:

"Лепш мне сто разоў памерцi, чым цябе, мой найдаражэйшы, пазбавiцца! Бо хто б ты нi быў, я вельмi цябе кахаю, так, як сваю душу, i не змянiла б цябе нават на Купiдона. Але малю цябе, выканай яшчэ адну маю просьбу: загадай слузе свайму Зефiру знесцi iх сюды такiм самым спосабам, як даставiў ён мяне". Пасля таго, абняўшы яго лiлейна белымi ручкамi i моцна пацалаваўшы, прытулiлася спакуслiва ўсiм целам i дадае: "Муж ты мой, мядовенькi мой, тваёй Псiхеi далiкатная душачка!"

Супроць сваёй волi мусiў муж уступiць, паддаўшыся сiле i ўладзе любоўных прыёмаў, i абяцаў, што выканае ўсе яе просьбы. А як толькi пачало свiтаць, развiтаўся з ёй i знiк.

7. А сёстры, распытаўшыся, дзе знаходзiцца тая скала i тое месца, на якiм была пакiнута Псiхея, спяшаюцца туды i гатовы выплакаць свае вочы, б'юць сябе ў грудзi, ажно скалы адклiкаюцца рэхам на iх выкрыкi i стогны. Клiчуць яны сваю няшчасную сястру па iмi, пакуль на пранiзлiвыя жальбы iхнiх галашэнняў, што неслiся з гары, не выбегла з дому ўсхваляваная Псiхея i не адазвалася: "Навошта забiваеце сябе пакутлiвымi крыкамi? Вось я, па якой вы плачаце. Спынiце сумныя крыкi, вытрыце мокрыя ад слёз твары, калi ў вашай волi абняць тую, якую вы аплакваеце".

I зараз жа, паклiкаўшы Зефiра, перадае яму загад мужа. З'явiўшыся ўмомант на поклiч, спакойным подыхам пераносiць ён iх нанiз. Вось яны ўжо абменьваюцца абдымкамi i паспешлiвымi пацалункамi, i слёзы iхнiя, што на момант былi спынiлiся, цякуць цяпер ад радасцi.

"Дык увайдзiце ж, – кажа Псiхея, – пад наш дах, да нашага агнiшча, уцешце са мной разам вашы збалелыя душы".

8. Сказаўшы гэта, пачынае паказваць iм незлiчоныя багаццi залатога дома i звяртае iх увагу на мноства галасоў, што iм прыслугоўваюць. Падмацоўвае iх сiлы цудоўным купаннем i раскошаю вартага несмяротных стала. Задаволеных прыёмам i ўсiм бачаным пачынае даймаць зайздрасць. Тады адна з iх вельмi настойлiва пачынае дапытвацца, хто такi i чым займаецца яе муж. Але Псiхея, помнячы мужавы перасцярогi, не выдае таямнiцы, а прыдумвае наспех, што ён чалавек малады, прыгожы, твар яго пакрыты толькi першым пушком, заняты ён галоўным чынам паляваннем па палях i лясах. Аднак, баючыся, каб у далейшай гутарцы не выдаць таямнiцы, нагружае сёстраў залатымi рэчамi i нашыйнiкамi з каштоўных камянёў, выклiкае Зефiра i перадае iх яму, каб перанёс назад на скалу.

9. Калi гэты загад быў выкананы, добрыя сёстры па дарозе дамоў напаўнялiся жоўцю ўсё большай зайздрасцi i шмат мiж сабой усхвалявана гаварылi. I вось адна з iх сказала: "Якi сляпы, непрыхiльны i несправядлiвы лёс! Як табе падабаецца, што мы, народжаныя ад аднаго бацькi i адной мацi, атрымалi такую розную долю? Мы старэйшыя гадамi, аддадзеныя чужаземным мужам за служанак, адарваныя ад роднага дому, ад радзiмы, далёка ад бацькоў гiбеем на выгнаннi, тады як наймаладзейшая сястра, апошнi плод стомленага дзетародства, валодае такiм багаццем i боскiм мужам, а сама не ўмее гэтым мноствам даброт карыстацца. Ты бачыла, сястрыца, колькi ў доме скарбаў, якое адзенне, якiя блiскучыя перлы, колькi валяецца пад нагамi параскiданага золата. А калi яе муж такi прыгожы, як яна кажа, дык няма на свеце шчаслiвейшай за яе жанчыны. Зусiм магчыма, што калi яе боскi муж яшчэ больш да яе прывяжацца, дык i яе зробiць багiняй. Клянуся Геркулесам, што да гэтага ўсё iдзе! Ты заўважыла, як яна сябе паводзiла, як перад намi трымалася? Так, яна цаляе ў неба. Яна трымаецца, як багiня, калi мае нябачных служанак i нават загадвае вятрам. А што дасталося на маю няшчасную долю? Мой муж мог бы быць маiм бацькам, ён лысейшы за гарбуз, складам цела драбнейшы за хлапчука i ўсё ў доме трымае пад замкамi!"

10. А другая працягвае: "А як мне цярпець майго мужа? Скурчаны, згорблены ад падагры i з гэтай прычыны вельмi рэдка бывае са мной у каханнi. Большасць часу я расцiраю яго пакрыўленыя, як камень зацвярдзелыя пальцы i апякаю свае рукi смярдзючымi прыпаркамi, бруднымi анучамi ды пластырамi, быццам я не законная жонка, а нанятая сядзелка. Вiдаць, ты, сястра, скажу адкрыта, пераносiш гэта з рабскай цярплiвасцю. А што да мяне, дык я не магу трываць далей, каб гэтакi лёс дастаўся нявартай. Даволi ўспомнiць, як ганарыста, як высакамерна трымалася яна з намi. Ужо тое самахвальства, выяўленае так празмерна, даказвае фанабэрыстасць яе душы. Шкадуючы, кiнула нам па крошцы ад свайго бязмернага багацця i, грэбуючы нашай прысутнасцю, загадала выправiць нас. Не быць мне жанчынай, не дыхаць, калi я не скiну яе з вяршынь таго багацця. Калi i цябе абурыла, у чым не сумняваюся, такое абразлiвае абыходжанне, давай абмяркуем разам i вырашым, што нам рабiць далей. Падарункаў, якiя мы нясём, не будзем паказваць нi бацькам, нi каму iншаму i не будзем прызнавацца, што нам вядома аб яе выратаваннi. Хопiць, што мы самi бачылi тое, чаго б нам лепш не бачыць, дык не скажам бацькам i наогул нiкому пра такое яе багацце. Не могуць быць шчаслiвымi тыя, пра багацце якiх нiхто не ведае. Хай яна зразумее, што мы не служанкi яе, а старэйшыя сёстры. Цяпер кiруймася да сваiх мужоў i да не багатых, але сумленна запрацаваных нашых набыткаў. Не спяшаючыся i ўсё добра абмеркаваўшы, мы вернемся, каб пакараць ганарлiўку".

11. Пагадзiлiся зладзейкi на злачынны план, дык схаваўшы багатыя падарункi, iрвучы на сабе валасы i раздзiраючы твар, чаго яны i заслугоўвалi, зноў пачынаюць прытворна плакаць. I так напалохаўшы бацькоў, рана якiх адкрылася нанова, ашалелыя ад зайздрасцi, адпраўляюцца дадому, складаючы злачынны, сапраўды небывалай гнюснасцi план супроць сваёй нявiннай сястры.

А тым часам нябачны для Псiхеi муж зноў пераконвае яе ў начных гутарках: "Цi разумееш ты, што табе пагражае? Лёс пачаў з табой барацьбу здалёк, i калi ты не прымеш супраць яго вельмi моцных мер, дык ён у хуткiм часе пачне з табой змагацца твар у твар. Як злыя ваўчыцы, усiмi сiламi рыхтуюць супроць цябе злыя бабы згубныя падкопы, а галоўная iх мэта – угаварыць цябе ўбачыць маё аблiчча, а я папярэджваў цябе ўжо, што калi ўбачыш, дык гэта будзе апошнi раз. Дык вось, калi гэтыя нягодныя ламii, поўныя злачынных намераў, прыйдуць сюды зноў, я ведаю, што прыйдуць, дык нiчога iм не кажы. А як па сваёй прастаце i душэўнай кволасцi зрабiць гэтага не зможаш, дык не слухай нiякай iхняй балбатнi пра свайго мужа i не адказвай iм. У хуткiм часе сям'я наша павiнна павялiчыцца, тваё яшчэ дзiцячае чэрава носiць наша боскае дзiця. Калi маўчаннем зберажэш нашу таямнiцу, яно будзе бессмяротным, а калi парушыш сакрэт – смяротным".

12. Ад гэтай весткi Псiхея расцвiла i, вельмi ўцешаная, запляскала ў далонi, узрадаваўшыся будучым сваiм плодам i пачэсным iмем мацi. Нецярплiва лiчыць яна днi i месяцы, дзiвiцца з незвычайнага цяжару i паступовага росту пладаноснага чэрава ад такога нязначнага ўколу.

А тыя дзве заразы, праклятыя фурыi, дыхаючы ядам гадзюкi, збiраюцца зноў пусцiцца ў плаванне са злачыннай паспешлiвасцю. Зноў на кароткi час з'яўляецца муж Псiхеi i пераконвае яе:

"Вось настаў апошнi дзень, асаблiвы выпадак: варожы полк i кроўны вораг узяўся за зброю, выступiў з лагера, пастроiўся i затрубiў сiгнал. Ужо з нарыхтаваным мячом падступаюць да твайго горла твае злачынныя сёстры. Вялiкiя беды пагражаюць нам, найдаражэйшая Псiхея! Аднак пашкадуй сябе, пашкадуй нас i святым устрыманнем выратуй дом, мужа, сябе i наша немаўля ад блiзкай загубы. О, каб табе не давялося нi бачыць, нi чуць гэтых жанчын (якiх за смяртэльную да цябе нянавiсць i пасля зганьбавання кроўных сувязяў нельга называць сёстрамi), калi яны будуць, быццам сiрэны, клiкаць цябе з высокай гары".

13. З плачам i ўсхлiпваннем адказала яму Псiхея: "Наколькi ведаю, ты ўжо меў час пераканацца ў маёй адданасцi i маўклiвасцi, а цяпер я дам табе не меншы доказ маёй духоўнай моцы. Толькi ты загадай нашаму Зефiру выканаць яго абавязак i на замену немагчымасцi бачыць твой твар дазволь мне ўбачыцца з маiмi дарагiмi сёстрамi.

Заклiнаю цябе гэтымi пахучымi, што ападаюць абапал твару, тваiмi кучаравымi валасамi, тваiмi далiкатнымi, закругленымi, падобнымi да маiх шчокамi, тваiмi грудзьмi, напоўненымi нейкiм таямнiчым агнём, няхай я хоць у нашым дзiцяцi ўбачу твой вобраз! I ў адказ на мае пакорлiвыя просьбы i маленнi дай мне радасць абняць сваiх сёстраў, i душу вернай i адданай табе Псiхеi ўцеш гэтым шчасцем. Анi разу больш не запытаюся я пра твой твар, бо ў тваiх абдымках сама чорная цемра становiцца мне святлом".

Зачараваны гэтай мовай i салодкiмi абдымкамi, яе муж, выцершы слёзы сваiмi валасамi, абяцаў усё выканаць i перад пачаткам новага дня знiк.

14. А тым часам сёстры, звязаныя злачыннай змовай, не пабачыўшыся нават з бацькамi, проста з караблёў паспешлiва накiроўваюцца да абрыву i, нават не дачакаўшыся ветру, якi iх пераносiў, з нахабнай безразважнасцю кiдаюцца ў глыбiню. Але Зефiр, помнячы загады ўладара, хоць i неахвотна, прыняў iх на сваё ўлонне i лёгкiм подыхам апусцiў на зямлю. I яны, не марудзячы, хуткiм крокам уваходзяць у дом, абдымаць сваю ахвяру, крывадушна прыкрываючыся iмем сёстраў i хаваючы пад радасным выразам глыбока затоены намер ашуканства, звяртаюцца да яе лiслiва: "Вось, Псiхея, ты цяпер ужо не дзяўчынка i хутка станеш мацi. Цi ведаеш ты, якое дабро носiш у гэтым мяшочку? Якой радасцю ўсцешыш нашу сям'ю? Нам вялiкае шчасце, што будзем няньчыць гэта залатое дзiцятка. Калi толькi, як i трэба думаць, дзiця пойдзе па бацьках, дык ты напэўна народзiш Купiдона".

15. Так пры дапамозе паказной любовi яны памалу авалодалi душой наiўнай сястры.

Калi яны адпачылi з дарогi i асвяжылiся ў лазнi, Псiхея пачала iх частаваць у пышнай сталовай дзiўнай небывалай ежай. Дасць яна знак, i зайграе кiфара, загадае флейце – гучыць, хору – пяе. Гэтыя цудоўныя мелодыi былi тым дзiўнейшыя, што нiхто не бачыў выканаўцаў. Аднак i ад гэтых песняў злачынныя пачуццi нягоднiц не змякчалiся. Верныя свайму падступнаму намыслу, яны з хiтрасцю пачынаюць дапытвацца, хто яе муж, адкуль родам i чым займаецца. А яна ў сваёй нявiннай прастаце, забыўшыся, што гаварыла першы раз, прыдумвае нанава i расказвае, што яе муж родам з суседняй правiнцыi, што займаецца буйнымi гандлёвымi справамi, што чалавек ён сярэдняга ўзросту, з ледзь прыкметнай сiвiзной на скронях. I, не спыняючыся на гэтай тэме даўжэй, нагружае iх зноў багатымi падарункамi i перадае да адпраўкi ветру.

16. Паднятыя спакойным подыхам эфiра, вяртаюцца яны дамоў i такую вядуць гутарку: "Што ты думаеш, сястра, – кажа адна, – пра такую несусветную хлусню гэтай пустышкi, якая стараецца нас абдурыць. То муж яе юнак, шчокi якога пакрывае першы пушок, то гэта чалавек сярэдняга веку, у якога паказваецца сiвiзна. Хто ж гэта такi, што за той кароткi час мог зрабiцца старым i пасiвелым?"

"Мне, сястра, – адказвае другая, – здаецца, што альбо нягоднiца нам нахлусiла, альбо не бачыла свайго мужа ў вочы. Як бы нi было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калi яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога i рыхтуецца нарадзiць боскае дзiця. А калi яна (няхай гэта не здзейснiцца) праславiцца маткай боскага дзiцяцi, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў i ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркi спляцём адпаведную хлусню".

17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамi, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны ранiцай да скалы i адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўнiз. Пры сустрэчы з сястрой выцiскаюць з сябе слёзы i пачынаюць казаць так: "Вось ты, шчаслiвая, сядзiш i не ведаеш, якая навiсла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялi вачэй, думаючы пра твае справы, i горка пакутавалi ад тваёй бяды. Мы даведалiся напэўна i не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спiць з табой уночы велiчэзны змей, вывiваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крывi згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомнi прадказанне пiфiйскага аракула, якi вываражыў табе шлюб з дзiкай пачварай. I вось шмат якiя паляўнiчыя i сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылi, як ён пад вечар вяртаўся з пашы i перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.

18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормлiваць цябе, лiслiва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне. Цяпер выбiрай: альбо паслухаешся сваiх сёстраў, якiя клапоцяцца пра твой ратунак, i, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намi ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлiтаснага гада. А калi табе падабаецца адзiнота, напоўненая толькi нябачнымi галасамi, цi тайныя спалучэннi прасмердлага кахання i абдымкi гэтага ядавiтага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскi абавязак выканалi".

Бедную, простую душой i кволую Псiхею ахапiла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, i вылецелi з галавы ўсе павучаннi мужа. Забылiся i ўсе яе абяцаннi, яна гатова была кiнуцца ў бездань i, запалоханая, збялелая, трасучыся i заiкаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:

19. "Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як i трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, i тыя, хто вам аб гэтым паведамiў, напэўна не схлусiлi. Я ж нiколi свайго мужа не бачыла, зусiм не ведаю, як ён выглядае, толькi начамi чую яго голас, i мне даводзiцца мiрыцца з тым, што перад свiтаннем ён уцякае. Такiм чынам, я цалкам магу згадзiцца з вамi, што ён нейкая пачвара. Ён часта i сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць i пагражаў вялiкай бядой, калi я пацiкаўлюся яго выглядам. Калi вы можаце зрабiць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнiчайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знiшчыла вынiкаў пачатковай прадбачлiвасцi".

Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наiўнай сястры, злачынныя бабы адкiдаюць усякае прыкрыванне тайных хiтрыкаў i, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлiвае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.

20. Адна з iх гаворыць: "Дзеля таго што кроўныя повязi змушаюць нас забыцца пра якую б нi было небяспеку, мы даўно прыдумалi для твайго выратавання адзiн спосаб. Вазьмi навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, i з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялiкiм сакрэце, а тады, як ён, вывiваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца i засне глыбокiм сном, ссунься з ложка босая, i, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, i пры святле высока ўзнiмi правую руку з двухбаковавострай брытвай, i моцным ударам адсячы галаву ненавiснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькi выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбiраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як i ты".

21. Гэтымi палымянымi словамi распальваюць яны душу збянтэжанай сястры i, баючыся аказацца занадта блiзка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешлiва ўцякаюць i тут жа, сеўшы на караблi, адплываюць.

А Псiхея, застаўшыся адна, праўда, злыя фурыi не пакiдалi яе ўвесь час i вельмi трывожылi, хвалюецца ў скрусе, як бурлiвае мора. I хоць настаўленне зроблена i душа непахiсная, усё ж, рыхтуючыся да злачынства, яна яшчэ вагаецца ў няўпэўненасцi, i супярэчлiвыя пачуццi адцягваюць яе ад благога ўчынку. Яна спяшаецца, адкладвае, адважваецца, дрыжыць, рашаецца, гневаецца i, нарэшце, у адным i тым жа целе ненавiдзiць пачвару i любiць мужа...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю