355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)

19. Калi ты пераправiшся цераз раку i пройдзеш трохi далей, убачыш старых, якiя ткуць на кроснах. Яны будуць прасiць, каб ты памагла iм, але ты не звяртай на iх увагi.

Усё гэта i шмат iншага будзе ўзнiкаць праз каварства Венеры, каб ты выпусцiла з рук хоць адзiн праснак. А страцiць гэтыя праснакi справа не пустая, бо, калi выпусцiш з рук хоць адзiн, свету больш не ўбачыш. Агромнiсты сабака з трыма вялiкiмi галовамi, якi брэша громападобна i палохае памерлых, хоць iнакш шкодзiць iм не можа, ляжыць каля самага парога чорных пакояў Празерпiны i пiльна сцеражэ шырокае ўладанне Дзiта.

Даўшы яму адзiн з двух сваiх праснакоў, ты лёгка пройдзеш ля яго i ў хуткiм часе дойдзеш да Празерпiны, якая прыме цябе вельмi ветлiва, прапануе мяккае сядзенне i запросiць на пышны пачастунак. Але ты сядзь на зямлi i вазьмi толькi скiбку простага хлеба, пасля скажы, чаго прыйшла, i, узяўшы тое, што дадуць, вяртайся назад. Злосць сабакi спынi тым праснаком, што ў цябе застанецца, заплацi скупому перавозчыку манету i, пераправiўшыся праз раку, зноў узыдзi на ранейшую дарогу, адкуль убачыш карагод зорак. Толькi хачу цябе папярэдзiць, каб ты нi ў якiм разе не адчыняла скрыначкi, не заглядала ў яе i не цiкавiлася сакрэтнымi скарбамi захаванай у ёй прыгажосцi".

20. Гэтак празорлiвая вежа выявiла ёй сваё прароцтва. Забраўшы з сабой манеты i праснакi, выпраўляецца Псiхея ў Тартар i пускаецца ў замагiльны шлях. Моўчкi мiнуўшы паганятага аслоў, даўшы манету перавозчыку, пакiнуўшы без увагi просьбы нябожчыка, што выплываў, i назойлiвых ткачых i супакоiўшы праснаком страшную раз'юшанасць сабакi, трапляе ў памяшканне Празерпiны. Не паквапiўшыся на прапанаванае гаспадыняй мяккае сядзенне i салодкi пачастунак, а сеўшы каля яе ног i задаволiўшыся адным хлебам, перадала яна даручэнне Венеры. Схавала напоўненую i зачыненую скрыначку, утаймавала раз'юшанасць сабакi другiм праснаком i, заплацiўшы перавозчыку манетай, што ў яе заставалася, выбралася яна з цёмнага каралеўства ў шмат лепшым настроi, чым iшла туды. А ўбачыўшы белы свет, пакланiлася яму.

Аднак, хоць i спяшалася яна чым хутчэй выканаць даручэнне, авалодала ёю нястрымная цiкавасць. "Якая я дурная, – сказала яна сама сабе, – нясу з сабой боскую прыгажосць i не вазьму з яе хоць трошачкi сабе, каб яшчэ больш падабацца свайму каханаму".

21. Сказаўшы гэта, адчыняе скрыначку, а там няма нiякай прыгажосцi, толькi падземны сон. Вырваўшыся з-пад накрыўкi, ён адразу находзiць на яе. Па ўсiм яе целе расплываецца густая аблачына безуладнасцi i ахутвае яе. У той жа момант яна падае на той сцежцы, па якой iшла, i адразу засынае. I ляжала яна там нерухома, нiбы мёртвая.

А Купiдон, ачуняўшы ад сваёй раны i не могучы перанесцi такой доўгай разлукi з Псiхеяй, вышмыгнуў праз высокае акно пакоя, у якiм сядзеў замкнёны, i з падвоенай хуткасцю на адпачыўшых крылах памчаўся да сваёй Псiхеi. Тут ён старанна знiмае з яе сон i хавае яго на тое самае месца, у скрыначку. Будзiць Псiхею бяспечным уколам стралы i кажа: "Вось ты, нябога, зноў ледзь не загiнула праз сваю цiкаўнасць. Але пакуль што выканай дакладна даручэнне маёй мацi, а пра астатняе паклапачуся я сам".

З гэтымi словамi ўзляцеў на крыллях боскi каханак, а Псiхея пайшла да Венеры, каб аддаць ёй Празерпiнiн падарунак.

22. Тым часам Купiдон пад уплывам моцнага кахання i баючыся суровасцi сваёй мацi хапаецца за даўнейшыя хiтрыкi. Дасягнуўшы на сваiх хуткiх крылах самай нябеснай вышынi, звяртаецца з пакорлiвым тварам да Юпiтэра i малiтоўна выкладвае яму сутнасць сваёй справы. На гэта Юпiтэр, паляпаўшы Купiдона па шчацэ i прыўзняўшы да твару яго руку, так кажа: "Хоць ты, сынок, пане мой, не выказваў нiколi належнай мне пашаны, прысуджанай мне на зборы багоў, а нават мае грудзi, дзе ствараюцца законы стыхiяў i чаргаваннi свяцiлаў, часта прабiваў ударамi стралы i нярэдка зневажаў грахамi зямной пажадлiвасцi i такiм чынам плямiў мой гонар i добрае iмя, змушаючы парушаць законы, асаблiва закон Юлiя, i грамадзянскую мараль ганебнымi пралюбадзействамi. Ты прымушаў мяне мяняць маё светлае аблiчча на выгляд гадзюк, агню, звяроў, птушак i свойскай жывёлы. Аднак помнячы пра сваю паблажлiвасць, а таксама пра тое, што ты вырас на маiх руках, я выканаю твае пажаданнi, абы толькi ты здолеў аберагчыся ад сваiх нядобразычлiўцаў. А яшчэ ў аддзяку за гэту маю спагаднасць ты павiнен, калi ёсць на зямлi ў гэты час якая-небудзь непараўнанай прыгажосцi дзяўчына, аддаць яе мне".

23. Сказаўшы гэта, загадвае Меркурыю склiкаць усiх багоў на сход i аб'явiць, што на тых, хто не з'явiцца, будзе накладзены штраф дзесяць тысяч нумаў. Настрашаныя такой пагрозай, багi хутка запаўняюць пакой, i Юпiтэр, седзячы на ўзнятым вышэй за iншыя сядзеннi, робiць такую абвестку:

"Багi, занесеныя ў нашы спiсы Музамi, усе вы ведаеце гэтага юнака, якога я выгадаваў гэтымi рукамi. Я вырашыў спынiць бурныя парываннi яго квяцiстага юнацтва якой-небудзь вуздэчкай. Хопiць таго, што кожны дзень абвiнавачваюць яго ў пралюбадзействе i розных iншых праступках. Трэба лiквiдаваць падставы для гэтага i звязаць яго распушчанасць шлюбнымi повязямi. Ён выбраў сабе дзяўчыну i пазбавiў яе нявiннасцi, дык няхай яна застанецца з iм, няхай ён валодае ёю i няхай у абдымках Псiхеi цешыцца каханнем". I, звярнуўшыся да Венеры, працягвае:

"А ты, дачка, адкiнь усю скруху i не бойся, што твой знакамiты род i тваё становiшча пацерпяць ад шлюбу сына са смяротнай жанчынай. Я зраблю так, што шлюб не будзе няроўным i стане законным, якi адпавядае грамадзянскiм пастановам".

Тут ён загадвае Меркурыю неадкладна даставiць на неба Псiхею i, падаўшы ёй келiх з амброзiяй, кажа: "Прымi, Псiхея, станься несмяротнай. Няхай нiколi не адлучаецца Купiдон з тваiх абдымкаў i няхай гэта сувязь застанецца на векi вечныя".

24. Неўзабаве накрываюць багаты вясельны стол. На ганаровым месцы разлеглiся жанiх з прытуленай да яго грудзей Псiхеяй, побач з iмi Юпiтэр са сваёй Юнонай, а за iмi парадкам усе багi. Келiх з нектарам, якi замяняе багам вiно, падаваў Юпiтэру падчашы, слаўны сельскi юнак, а iншым падносiў Лiбер. Ежу рыхтаваў Вулкан, Оры абсыпалi ўсiх ружамi i iншымi кветкамi, Грацыi апырсквалi духмянасцямi, Музы напаўнялi паветра спевам, Апалон спяваў пад кiфару, а цудоўная Венера танцавала ў такт прыгожай музыкi ў такiм суправаджэннi: Музы спявалi хорам, Сатыр iграў на флейце, а Панiск дзьмуў у свiсцёлку. Так належным чынам была перададзена Псiхея ва ўладу Купiдона. А як прыйшоў тэрмiн, нарадзiлася ў iх дачка, якую мы называем Асалодай".

25. Так расказвала палоннай дзяўчыне п'яная бабулька, якая выжыла з розуму, а я, стоячы воддаль, клянуся Геркулесам, шкадаваў, што не было пры мнё таблiчкi i ражончыка, каб запiсаць такую цудоўную аповесць.

I вось у той час, пасля нейкай небяспечнай сутычкi, вяртаюцца разбойнiкi са здабычай, але некаторыя з iх, больш задзiрыстыя, параненыя. Гэтых яны пакiдаюць дома лячыцца, а самi вяртаюцца па тую частку здабычы, якая ў iх, як яны казалi, ляжыць прыхаваная дзесьцi ў пячоры. Хутка праглынулi абед i, падганяючы кiямi, выводзяць мяне i каня на дарогу, каб выкарыстаць нас як уючную сiлу. Вельмi стомленыя шматлiкiмi пераваламi i кручамi, дабiраемся пад вечар да нейкай пячоры. Там навальваюць на нас мноства ўсякай паклажы i, не даўшы хвiлiны адпачынку, адразу гоняць назад, прытым вельмi спяшаюцца i так б'юць мяне кiямi i таўхаюць, што я павалiўся на прыдарожны камень. Тут зноў пасыпалiся на мяне ўдары, каб я падняўся, хоць у мяне была паранена правая галёнка i пашкоджаны левы капыт.

26. Адзiн з разбойнiкаў гаворыць: "Цi доўга мы будзем дарма кармiць гэтага нi на што не здатнага асла, якi цяпер яшчэ закульгаў?" А другi: "Як толькi завёўся ў нас гэты пракляты асёл, нi ў чым няма ў нас удачы, сама адважных то раняць, то забiваюць". А яшчэ iншы: "Як ён сабе хоча цi не хоча, а данясе гэту паклажу, я буду не я, калi не скiну яго са скалы ўнiз галавой, няхай дзяўбуць яго ястрабы".

Пакуль гэтыя добрыя людзi вялi гаворку пра маю смерць, мы дабралiся дамоў. А ў мяне ад страху быццам выраслi крылы. Звалiўшы з нас той груз i забыўшыся пра нас i нават пра маю смерць, выклiкаюць тых, што заставалiся ў пячоры, параненых сяброў i спяшаюцца назад, каб рэшту здабычы перанесцi на руках, бо, як казалi, надакучыла iм наша марудлiвасць. А мяне ахапiў вялiкi неспакой пры думцы аб рыхтаванай мне загубе. Дык я так сам сабе думаў: "Ну чаго ты, Луцый, стаiш i чаго яшчэ горшага чакаеш? Смерць, i прытым сама бязлiтасная, прысуджана табе на нарадзе разбойнiкаў. Выканаць iм iхняе рашэнне зусiм проста: бачыш вунь тыя блiзкiя скалы, абсыпаныя вострымi камянямi, якiя ўрэжуцца ў тваё цела i разарвуць цябе на кавалкi, перш чым ты паспееш памерцi. Бо гэта твая магiя, зрабiўшы цябе аслом, надзялiла цябе не аслiнай скурай, а тоненькай скуркай, як у п'яўкi. Чаму ж ты не адважышся i не падумаеш аб сваiм выратаваннi, пакуль яшчэ не позна? Пакуль няма разбойнiкаў, усё складваецца на тваю карысць. Цi, можа, ты баiшся нагляду гэтай ледзь жывой бабулi? Убрыкнуць яе разок нават гэтай хворай нагой, i будуць ёй капцы! Але куды мне бегчы i хто акажа мне гасцiннасць? Ну вось бязглуздае аслiнае меркаванне! Ды любы падарожны ахвотна прыхопiць з сабой транспартны сродак".

27. I праз момант, моцна рвануўшы повад, якiм быў я прывязаны да плота, пускаюся з усiх чатырох наўцёкi. Аднак не змог я вышмыгнуць з-пад каршуновага вока хiтрай старой. Як толькi ўбачыла яна, што я адарваўся, дык з неўласцiвай свайму полу i ўзросту жвавасцю ўхапiлася за мой повад i пачала цягнуць мяне назад. А я, помнячы аб злавесным намеры разбойнiкаў, не паддаюся ёй, а ўдарам заднiх ног валю яе на зямлю.

Аднак яна i паваленая моцна трымалася за повад, i я, бегучы, працягнуў яе па зямлi некалькi крокаў. А ў той час яна пачала крычаць i клiкаць каго-небудзь на дапамогу. Толькi дарма ўзнiмала трывогу, бо нiкога навокал не было, апроч той палоннай дзяўчыны, якая, прыбегшы на крык, убачыла, клянуся Геркулесам, вартае памяцi вiдовiшча – старую ў вобразе Дырцэi, што вiсела не на быку, а на асле.

Тады яна, узброiўшыся мужчынскай стойкасцю, адважылася на цудоўны ўчынак. Выхапiўшы з рук у старой повад i супакоiўшы мяне сваiм шчабятаннем, спрытна ўскоквае на мой хрыбет i пускае мяне ў бег.

28. Натхнёны адначасова сваiм рашэннем уцячы i жаданнем вызвалiць дзяўчыну, а да таго падганяны ўдарамi, якiмi яна мяне падбадзёрвала, я з конскай хуткасцю застукаў па зямлi капытамi, спрабуючы нават у адказ на яе панукi заржаць. Не раз, павярнуўшы шыю, як быццам для таго, каб пачомхаць спiну, я цалаваў яе прыгожыя дзявочыя ногi. А яна, глыбока ўздыхаючы i павяртаючы ў бок неба свой усхваляваны твар, малiлася:

"Вы, усявышнiя багi, памажыце ж мне ў гэтай небяспецы, а ты, суровы лёс, перастань быць да мяне такiм варожым. Гэтых вартых спачування пакут хопiць, каб цябе ўласкавiць. А ты, апора маёй свабоды i выратавання, калi прывязеш мяне дамоў i вернеш мяне маiм бацькам i жанiху майму дарагому, дык я цябе без аддзякi не пакiну, будзеш мець i найвышэйшую пашану, i найсмачнейшы корм! Найперш, расчасаўшы сваiмi дзявочымi рукамi тваю грыву, упрыгожу яе каштоўнасцямi, чубок, спачатку завiўшы, прыгожа раздзялю на дзве пасмы, а твой калматы, зваляны i даўно не мыты хвост старанна разгладжу. Упрыгожаны залатымi шарыкамi, заблiшчыш ты, як ад нябесных зорак, i будзеш прывiтаны шматгалоссем радаснага натоўпу. Насыпаўшы ў шаўковую торбу мiндалю i розных прысмакаў, кожны дзень буду цябе, свайго выратавальнiка, кармiць да адвалу".

29. I працягвала: "Апроч смачнай ежы, поўнага супакою i асалоды праз усё жыццё не будзе табе недахопу ў пашане. Памяць аб маiм шчасцi i боскай апецы замацую вечным пасведчаннем: у атрыуме свайго дома павешу малюнак, у якiм будуць адлюстраваныя гэтыя мае ўцёкi. I ўсе будуць бачыць, i слухаць у казках, i чытаць запiсаную палачкамi вучоных гiсторыю пра тое, як дзяўчына царскай крывi ўцякла з палону на асле. Ты будзеш залiчаны да старажытных цудаў, i твой жывы прыклад змусiць паверыць i ў Фрыкса, якi пераплыў мора на баране, i ў Арыёна, што кiраваў дэльфiнам, i ў Эўропу, якая ляжала на быку.

Калi праўда, што Юпiтэр роў па-бычынаму, ператварыўшыся ў быка, дык можа быць, што i ў маiм асле хаваецца якi-небудзь чалавек цi боская асоба..."

Пакуль дзяўчына паўтарала гэта некалькi разоў i перапыняла свае абяцаннi цяжкiмi ўздыхамi, мы дабралiся да нейкага скрыжавання, адкуль, схапiўшы за павады, яна з усёй сiлы старалася скiраваць мяне направа, дзе, на яе думку, iшла дарога да яе бацькоў. Але я, ведаючы, што па ёй падалiся разбойнiкi па рэшту сваёй здабычы, моцна заўпiраўся i так моўчкi звяртаўся да яе ў сваёй душы: "Што ты, няшчасная дзяўчына, робiш? Навошта спяшаешся да Орка? Навошта сiлай стараешся скiраваць мае крокi. Ты ж вядзеш нас не толькi на сваю загубу, але i на маю!"

Пакуль мы цягнулi ў розныя бакi i спрачалiся, быццам на судзе за размежаванне зямельных плошчаў цi, лепш сказаць, за падзел дарогi, раптам з'яўляюцца разбойнiкi, абладаваныя сваёй здабычай, i, яшчэ здалёк убачыўшы нас пры святле месяца, вiтаюць нас зларадным смехам.

30. Адзiн з iх так да нас звяртаецца: "Што ж гэта вы па такой дарозе па начы цягаецеся, не баючыся ў глухую поўнач нi манаў, нi злых духаў? Цi, можа, ты, сумленная дзяўчына, спяшаешся ўбачыцца са сваiмi бацькамi? Дык мы ў тваёй адзiноце будзем табе аховай i пакажам да тваiх бацькоў найкарацейшы шлях".

За словам прыйшла справа. Схапiўшы за повад, ён павярнуў мяне назад, не шкадуючы на мае бакi таго вузлаватага кiя, якi быў у яго ў руках. Тут я мiжволi ўспомнiў пра назначаную мне загубу i пра боль у капыце, дык, махаючы галавой, пачынаю кульгаць. А той, што цягнуў мяне назад, крычыць: "Вось як! Зноў ты пачаў кульгаць i кiвацца? Твае гнiлыя ногi бегчы могуць, а iсцi не ўмеюць? Ты ж нядаўна iмчаўся хутчэй за крылатага Пегаса!" I пакуль мой лiтасцiвы пагоншчык вёў са мной, махаючы кiем, гутарку, мы дабралiся да першай агароджы нашага жылля i вось бачым, што на галiне высокага кiпарыса вiсiць старая. Зараз жа яе знялi i так з вяроўкай на шыi ўкiнулi ў прорву. Пасля таго закавалi дзяўчыну i, быццам звяры, накiнулiся на вячэру – пасмяротны плён клапатлiвасцi няшчаснай старой.

31. Пакуль яны ўсё, што было, з прагаю пхалi ў свае страўнiкi, узнiкла ў iх пытанне, якую прыдумаць нам у помсту за спробу ўцячы смерць. Але так, як i на кожным бурным сходзе, думкi iх не супадалi. Адзiн лiчыў, што трэба спалiць дзяўчыну жыўцом, другi даказваў, што лепш аддаць яе дзiкiм звярам, трэцi прапанаваў укрыжаваць, а чацвёрты радзiў замучыць катаваннямi. Толькi ў адным былi ўсе згодныя, што яна вартая смерцi. Пасля таго як агульны гоман прыцiх, адзiн з бандытаў звярнуўся да сабраных з такой прамовай: "Не стасуецца нi са звычаем нашага таварыства, нi з лiтасцю кожнага з нас, нi, нарэшце, з маёй памяркоўнасцю, каб дапускаць нам празмерную лютасць, караючы за злачынства, i каб пры дапамозе дзiкiх звяроў, крыжа або катаванняў i якой бы нi было хуткай смерцi мы наблiзiлi яе зыход у царства змроку. Дык, калi будзеце згодныя на маю прапанову, то мы даруем дзяўчыне жыццё, але такое, якога яна ў нас заслужыла. Вы ж памятаеце, што ўжо раней пастанавiлi мы наконт гэтага вельмi гультаяватага i вельмi абжорлiвага асла, якi цяпер прыкiдваецца калекам, тады як аказаўся пасрэднiкам i памочнiкам дзяўчыны ў яе ўцёках. Лепш за ўсё зарэжам яго заўтра i, вытрыбушыўшы, зашыем у ягонае бруха голую дзяўчыну, якую ён прызнаў лепшай за нас, так, каб толькi галава яе заставалася зверху, а рэшта цела была ў шкуры жывёлiны. Пасля таго паставiм гэтага раскормленага, нафаршыраванага асла на якую-небудзь скалу i пакiнем на сонечнай спёцы.

32. Такiм чынам яны абое атрымаюць тое, што вы справядлiва прапанавалi. Асёл атрымае даўно ўжо заслужаную смерць, а яна будзе i звярамi з'едзена, бо цела яе абгрызуць чэрвi, i агнём спалена, бо сонца будзе смалiць аслiнае бруха, i на крыжы будзе пакутаваць, калi сабакi i каршуны будуць выцягваць з яе вантробы. Прытым заўважце, колькi яшчэ пакут i мук дастанецца на яе долю: яна жывая апынецца ў пузе дохлай жывёлiны, яе будзе мучыць невыносны смурод, калi гарачыня будзе мацнець, яна будзе пакутаваць ад голаду i смагi i не зможа нават сама сабе зрабiць смерць, бо яе рукi не будуць свабодныя".

Пасля такой прамовы разбойнiкi не рукамi, а ўсёй душой прагаласавалi за гэту прапанову. А што заставалася рабiць мне, якi ўсё гэта чуў сваiмi аслiнымi вушамi? Як аплакваць сябе аслу, якi заўтра будзе не чым iншым, як смярдзючай падлай?

КНIГА СЁМАЯ

1. Ледзь толькi, разагнаўшы цемру, зардзеў дзень i блiскучая каляснiца сонца асвятлiла наваколле, з'явiўся нейкi чалавек з лiку разбойнiкаў, аб чым сведчыла яго прывiтанне з сябрамi, сеў ля ўвахода ў пячору, перавёў дух i расказаў прысутным наступнае: "Што да Мiлона Гiпацкага, дом якога мы гэтымi днямi абрабавалi, дык можна, кiнуўшы трывогу, супакоiцца. Пасля таго як вы з вялiкай смеласцю расцягалi ўсю яго маёмасць i вярнулiся ў лагер, я змяшаўся з натоўпам мясцовых жыхароў i, выказваючы то жаль, то абурэнне, стараўся даведацца, якi будзе выкарыстаны спосаб пошуку разбойнiкаў i якiм чынам пра ўсё вам данесцi, як мне было даручана. На падставе няпэўных здагадак i на аснове праўдападобных меркаванняў увесь натоўп аднадушна сходзiцца на тым, што вiноўнiкам злачынства з'яўляецца нейкi Луцый, якi некалькi дзён таму назад пры дапамозе фальшывых рэкамендацыйных пiсьмаў, выдаўшы сябе Мiлону за прыстойнага чалавека, дамогся таго, што яму была аказана гасцiннасць i што яго ўвялi ў сама цесны сямейны круг. Пражыўшы там некалькi дзён, ён збаламуцiў Мiлонаву служанку, прыкiнуўшыся закаханым, разгледзеў усе засаўкi i завалы i месцы, дзе захоўвалася гаспадарскае дабро.

2. Як немалаважны доказ ягонага злачынства прыводзiлася тое, што ў тую самую ноч, за хвiлiну да нападу, ён кудысьцi ўцёк i не вяртаецца да гэтай пары. Да таго ж яму лёгка было знайсцi i сродак для ўцёкаў, каб хутчэй i далей схавацца, бо ён забраў з сабой свайго белага каня. Дома застаўся яго слуга, дык яго схапiлi i зачынiлi ў гарадскую турму. Аднак, амаль да смерцi закатаваны, ён нi ў чым не прызнаўся. Тады выправiлi на радзiму гэтага самага Луцыя ўпаўнаважаных, каб яны знайшлi вiноўнiка, якi павiнен адказаць за зробленае iм злачынства".

У час яго расказу я прыраўняў сваё шчаслiвае жыццё да цяперашняга злашчаснага лёсу асла, уздыхнуў з глыбiнi душы i падумаў, што невыпадкова грэцкiя мудрацы лiчылi Фартуну сляпой i паказвалi яе зусiм бязвокай. Яна заўсёды абсыпае сваiмi дабротамi людзей нявартых, благiх i нiколi не кiруецца розумам, выбiраючы сабе пестуноў памiж смяротных, i з тымi найчасцей важдаецца, ад якiх, каб не была сляпая, павiнна была б уцякаць. А горш за ўсё тое, што стварае iлжывыя i супярэчлiвыя меркаваннi аб рэчаiснасцi, i такiм чынам нягоднiк бывае ўпрыгожаны вянком сумленнага чалавека, а нi ў чым не вiнаватыя становяцца здабычай згубнага нагаверу.

3. Зрэшты, я сам, каго люты нацiск ператварыў у жывёлiну i давёў да лёсу пагарджанага чатырохногага, да долi, якая можа выклiкаць спачуванне i жаль, цяпер узвалiў на сябе яшчэ i абвiнавачанне ў злачынстве супраць свайго любiмага гаспадара. Гэтакi ўчынак правiльней назваць не проста бандыцкiм, а сапраўды бацьказабойчым. I не было ў мяне магчымасцi не толькi абараняцца, але нават i пярэчыць. Дык каб маё маўчанне перад тварам нiкчэмнага абвiнавачання не было растлумачана як знак згоды i прыкмета нячыстага сумлення, я, страцiўшы ўсякую цярплiвасць, хацеў толькi выкрыкнуць: "Не вiнаваты!" Але няспынна вымаўляў толькi першы склад, а наступных нiяк не мог вымавiць, спынiўшыся на месца i равучы: "Не, не!" Не памагло старанне як мага акруглiць свае адвiслыя губы. Ды што за карысць скардзiцца на бязлiтаснасць лёсу, калi ён не пасаромеўся зраўняць мяне з маiм уласным канём, з маiм слугой, на якiм раней я ездзiў верхам?

4. Аднак сярод гэтых скрушлiвых думак адзiн клопат турбаваў мяне больш за ўсё. Як толькi ўспамiнаў, што рашэннем разбойнiкаў павiнен буду стаць пахавальнай ахвярай для закатавання дзяўчыны, кожны раз аглядаў свой жывот, i мне здавалася, што я ўжо быў гатоў вызвалiць з сябе гэту няшчасную дзяўчыну.

А тым часам той чалавек, якi толькi што паведамляў пра мяне iлжывыя весткi, выцягнуў тысячу залатых, што былi ў крысе ягонай апранахi, забраныя, як ён казаў, у розных сустрэчных, i, як чалавек справядлiвы, здаў iх у агульную касу. Пасля таго пачаў распытваць пра здароўе сваiх таварышаў. Даведаўшыся, што некалькi з iх, прытым сама адважных, загiнулi па-геройску ў розных абставiнах, пачаў угаворваць даць на нейкi час спакой дарогам i спынiць крывавыя сутычкi, каб заняцца папаўненнем атрада да ранейшага лiку за кошт новых маладых, здаровых i адважных мужчын. Тых, якiя будуць адмаўляцца, можна запалохаць, а iншых завабiць узнагародамi. Ды нямала знойдзецца людзей, якiя, зненавiдзеўшы парадкi паднявольнага жыцця, ахвотна прыйдуць у нашу шайку, бо тут у нас усе роўныя i кожны мае ледзь не тыранiчную ўладу. Сам ён даўно ўжо знайшоў аднаго чалавека i высокага ростам, i маладога гадамi, i моцнага целам, i на руку спрытнага, якога доўга пераконваў i нарэшце пераканаў, каб той прыклаў свае аслабелыя ад бяздзейнасцi рукi да якой-небудзь карыснай справы, напрыклад, пакуль ёсць магчымасць, здабываць золата, а не выцягваць рукi па мiласцiну.

5. Усе згаджаюцца з яго словамi i пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства iншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвiлiну i прыводзiць нейкага, як i абяцаў, высокага юнака, з якiм наўрад цi мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. Не гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсiх, хоць на яго твары ледзь толькi прабiваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якiя прасвечвалiся магутныя грудзi i жывот. I вось гэты новы знаёмы гаворыць: "Прывiтанне вам, клiенты наймацнейшага бога Марса, якiя сталi мне ўжо вернымi паплечнiкамi. Мужа велiкадушнага i палкага, якi з радасцю да вас прыходзiць, з радасцю прымiце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзi пад удары, чым здабываю золата, i сама смерць, якая палохае iншых, мне толькi дадае адвагi. Не лiчыце мяне жабраком цi даведзеным да адчаю i не мяркуйце аб маiх якасцях па гэтых лахманах. Я стаяў на чале магутнай шайкi i пустошыў усю Македонiю. Я – славуты рабаўнiк, той самы Гем, чыё iмя наводзiць страх на ўсе правiнцыi. Я парастак бацькi Ферона, у сваю чаргу праслаўленага разбойнiка, успоены чалавечай крывёй, выхаваны на ўлоннi шайкi, нашчадак i сапернiк бацькавай доблесцi.

6. Аднак усё мноства маiх даўнейшых адважных сяброў i ўсё маё вялiкае багацце было страчана мною за кароткi час. Здарылася так, што я зрабiў напад на iмператарскага пракуратара, якi атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэрцыяў, але пазней яго справы пахiснулiся, i ён апынуўся ў беднасцi. Боскi гнеў скрыжаваў нашы шляхi... зрэшты, дзеля таго, што гэта гiсторыя вам невядомая, пачну па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмi вядомы сваiм высокiм становiшчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамi некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плацiна, жанчына рэдкай вернасцi i выключнай цнатлiвасцi, нарадзiўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамi сталiчнага жыцця i зненавiдзеўшы раскошу, гэта паплечнiца ў выгнаннi i сяброўка ў няшчасцi абстрыгла валасы, змянiла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якiм былi зашытыя каштоўныя нашыйнiкi i залатыя манеты, i пераносiла небяспекi i нязручнасцi сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку i выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так i на сушы, наблiжалiся яны да Закiнфа, дзе бязлiтасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.

7. Але, як толькi дабралiся яны да актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македонii, былi на здабычы, i з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкi, размясцiлiся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблiзу свайго карабля, мы напалi на iх i ўсё забралi. Аднак нельга сказаць, што мы адплацiлiся нязначнай рызыкай. Як толькi пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоi, клiчучы сваiх слуг i вартаўнiкоў, i сваiм крыкам усiх напалохала так, што, каб яны не пахавалiся хто куды, мы не выйшлi б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлiвасць, годная жанчына, якая сваiмi выключнымi якасцямi заслужыла прыхiльнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай i дабiлася для свайго мужа хуткага вяртання i загаду на помсту за напад. I як толькi Цэзар пажадаў, каб перастала iснаваць брацтва разбойнiка Гема, адразу яго не стала – такую ўладу мае адзiн узмах рукi iмператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамi вексiларыяў, аказалася рассеянай i выбiтай, i толькi я адзiн, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.

8. Апрануўшы квяцiстую жаночую сукню, якая ападала незлiчонымi складкамi, накрыўшы галаву тонкай хусцiнкай, абуўшыся ў белыя далiкатныя жаночыя туфлi i схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, i праехаў праз самую сярэдзiну варожага атрада. Жаўнеры палiчылi мяне за паганятага аслоў i прапусцiлi без нiякай затрымкi. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым i мае шчокi ззялi юнацкай свежасцю. Пры ўсiм гэтым я не зганьбiў нi бацькавай славы, нi сваёй доблесцi, хоць i давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.

I ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзiночку нападаў на двары i сёлы i змог назбiраць сабе грошыкаў на дарогу".

I, расхiнуўшы свае лахманы, ён дастаў з iх дзве тысячы залатых. "Вось, кажа, – ад усяго сэрца падарунак вашай кампанii, цi, правiльней кажучы, мая доля, i адначасова прапаную вам сябе самога, калi вы не супраць, у сама верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмi кароткi час зраблю гэта ваша каменнае жытло залатым".

9. Без затрымкi i прамаруджвання разбойнiкi аднагалосна выбралi яго сваiм важаком i прынеслi яму даволi багатую прыгожую вопратку, якую ён апрануў, скiнуўшы свае лахманы. Перамянiўшыся такiм чынам, ён пацалаваўся з усiмi i разлёгся на ганаровым месцы ля стала. Яго выбранне было адсвяткавана вячэрай са шчодрай выпiўкай.

Даведаўшыся з гутаркi разбойнiкаў, якую яны вялi мiж сабой, пра спробу паланянкi ўцячы, i пра маё хаўруснiцтва, i аб прызначанай нам жахлiвай смерцi, ён запытаўся, дзе знаходзiцца дзяўчына. Калi яе прывялi i ён убачыў яе закаванай, то, зморшчыўшы незадаволена нос, гаворыць: "Вядома, я не такi нявыхаваны i самавольны, каб спыняць вас ад выканання вашага прысуду, аднак лiчыў бы бессаромным, меўшы сваю думку, схаваць ад вас тое, што мне здаецца правiльным. Перш за ўсё прашу мне верыць, што кiруе мною выключна ваша карысць, прытым, калi мая думка вам не спадабаецца, вы зноў можаце вярнуцца да свайго намеру. Я лiчу, што для разбойнiкаў, для тых, хто ясна разумее сваю справу, вышэй за ўсё павiнен стаяць прыбытак, нават вышэй, чым жаданне помсты, здзяйсненне якой бывае звязана са стратамi. Калi вы загубiце гэту дзяўчыну ў гэтым асле, дык вы толькi заспакоiце сваё пачуццё абурэння без нiякай кампенсацыi. Таму я думаю, што яе трэба завезцi ў якi-небудзь горад i там прадаць. Дзяўчына ў яе гадах не можа пайсцi па нiзкай цане. У мяне самога, калi я яшчэ вадзiўся са зводнiкамi, быў знаёмы, якi, думаю, не мала даў бы талантаў за такую дзяўчыну з высокага роду, каб далучыць яе да рамяства распуснiцы. Ад яго ўжо яна не ўцякла б, а ваша жаданне помсты было б у нейкай ступенi задаволеным, калi б яна трапiла ў публiчны дом. Я вам выказваю тое, што мне прыйшло ў галаву, а вы ў сваiх намерах i ўчынках свабодныя".

10. Так гэты руплiвец аб разбойнiцкiм прыбытку баранiў i нашу справу ратаваў асла i дзяўчыну. Пасля доўгага абмеркавання, якое выматала мне ўсю душу, усе ахвотна далучылiся да думкi разбойнiка-навiчка i зараз жа вызвалiлi дзяўчыну ад кайданоў.

А тая, убачыўшы гэтага юнака i пачуўшы гутарку пра распуснiц i зводнiкаў, пачала радасна смяяцца, што прымусiла мяне асудзiць увесь жаночы пол: гэта ж на маiх вачах разыгрывала дзяўчына каханне да маладога жанiха i iмкненне да святынi чыстага шлюбу, i вось пры адным успамiне пра публiчны дом яна прыходзiць у захапленне. Такiм чынам, у той момант увесь жаночы род i ягоны нораў залежалi ад аслiнага асуджэння.

А малады чалавек зноў гаворыць да разбойнiкаў: "Чаму б нам не наладзiць малебства Марсу Паплечнiку, каб ён дапамог нам i дзяўчыну прадаць, i набраць новых сяброў? Ды, як бачу, няма ў нас нiякай жывёлiны, каб прынесцi ахвяру, i столькi вiна, каб можна было ўдосталь выпiць. Дайце мне з дзесятак спадарожнiкаў, гэтулькi мне хопiць, i я пайду ў блiжэйшую сялiбу i навалаку вам адтуль харчоў i вiна на цэлы салiйскi банкет".

I ён пайшоў, а тыя, што засталiся, расклалi вялiкае вогнiшча i нарыхтавалi з зялёнага дзёрну богу Марсу алтар.

11. Неўзабаве тыя, што пайшлi, вяртаюцца, несучы мяхi з вiном i гонячы перад сабой цэлы статак жывёлы. Выбраўшы вялiкага старога калматага казла, прыносяць яго на ахвяру Марсу Паплечнiку i Спадарожнiку i тут жа рыхтуюць багаты банкет.

А той новы кажа: "Вы павiнны пераканацца, што атаман не толькi ў вылазках i захопе здабычы спрытны, але ўмее i павесялiцца". I, узяўшыся за работу, усё вельмi ўмела рыхтуе. Ён мяце, накрывае, варыць, смажыць каўбасу, прыгожа падае на стол, а галоўнае, усiх поiць вялiкiмi чаркамi вiна. У той жа час, робячы выгляд, што яшчэ нешта трэба прынесцi, штораз заходзiць да дзяўчыны i то дасць ёй узятую са стала ежу, то з вясёлым выглядам паднясе вiна, памачыўшы перш у той жа чарцы губы. Дзяўчына ўсё гэта прымала з прагнасцю i, здаралася, калi той хацеў яе пацалаваць, сама хуткiмi пацалункамi папярэджвала гэта жаданне.

Такiя яе паводзiны мне зусiм не спадабалiся. Ах, нявiнная дзяўчына, як магла ты забыцца пра свой шлюб i пра свайго жаданага жанiха? Як магла ты аддаць перавагу гэтаму прыблуду i крываваму забойцу перад такiм, якi толькi што стаў тваiм мужам, прыгожым знатным невядомым мне юнаком? Няўжо не мучыць цябе сумленне i ахвота табе, забыўшыся пра пачуццi, аддацца блуду сярод гэтых мячоў i пiк? А што будзе, як iншыя разбойнiкi пра гэта знюхаюць? Зноў тады да асла вернешся, зноў падвядзеш мяне пад смяртэльны ўдар! Праўду сказаць, ты адыгрываешся на чужой спiне...

12. Пакуль я з вялiкiм абурэннем узводзiў на яе паклёп i прыпiсваў ёй усякiя нiзкiя матывы, раптам з некаторых iхнiх намёкаў, дастаткова ясных для кемлiвага асла, пазнаю, што гэта не славуты разбойнiк Гем, а Тлепалем, жанiх гэтай самай дзяўчыны. I сапраўды, у ходзе гутаркi пачынае ён выказвацца ўсё ясней, не зважаючы на маю прысутнасць, быццам я нежывы: "Будзь спакойная, Харыта дарагая, у хуткiм часе ўсе гэтыя твае ворагi будуць тваiмi палоннымi".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю