355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

3. "Я цябе, мой Луцый, – працягвала яна, – выняньчыла вось гэтымi рукамi. Бо як жа iнакш? Я не толькi сваячка, а i малочная сястра тваёй мацi. Абедзьве мы з роду Плутарха, адна была ў нас кармiцелька, i выраслi мы разам, як дзве сястры. Рознiца мiж намi толькi ў становiшчы: яна выйшла замуж за вельмi знакамiтага чалавека, а я за землеўласнiка. Я тая Бiрэна, iмя якой ты напэўна не раз чуў ад сваiх выхавальнiкаў i напэўна запамятаў. Прымi ж з даверам маю гасцiннасць, цi iнакш, лiчы мой дом сваiм". Перастаўшы ў часе гэтай прамовы чырванець, я адказваю: "Не будзе прыгожа, цётачка, без прычыны адмаўляцца ад гасцiннасцi Мiлона. Але я буду наведваць цябе так часта, як мне дазволяць мае справы. Iншым разам, калi б сюды нi прыехаў, нiдзе, апроч цябе, не спынюся".

Тым часам, абменьваючыся камплiментамi, мы апынулiся каля дома Бiрэны, якi быў за некалькi дзесяткаў крокаў.

4. У цудоўным атрыуме, у кожным з чатырох яго кутоў узнiмалася па калоне, упрыгожанай выявай багiнi з пальмавай галiнкай. Распусцiўшы крылы, багiнi заставалiся нерухомымi, i здавалася, што, ледзь дакранаючыся кволай ступнёй да няўстойлiвай апоры – рухомага шара, яны толькi на iмгненне спынiлiся на ёй i гатовыя зноў падняцца ў паветра. Сярэдзiну пакоя займала Дыяна, цудоўна высечаная з пароскага каменю, у вопратцы, якая, магло здацца, развявалася ў iмклiвым руху насустрач тым, што ўваходзяць, наводзячы iм сваёй велiччу пашану. З абодвух бакоў акружалi яе, таксама каменныя, сабакi. Вочы iх гараць, вушы настаўленыя, ноздры раздзьмутыя, зубы вышчараныя. Калi дзе-небудзь паблiзу пачуецца брэх, дык здасца, што ён выходзiць з тых каменных горлаў. Выдатны скульптар выявiў сваё майстэрства найярчэй у тым, што пярэднiя лапы сабак ускiнулiся ў паветра разам з высока паднятымi грудзьмi, i яны як быццам бягуць, хоць iх заднiя лапы абапёртыя на зямлi. За плячамi багiнi ўзвышалася скала ў выглядзе грота, упрыгожаная мохам, травой, лiстамi, галiнкамi, то вiнаградам, то кустамi на камянёх. Цень, якi адкiдае статуя ў пячору, рассейваецца бляскам мармуру. Па ўскраi скалы вiселi выдатна вырабленыя яблыкi i вiнаград, у якiх мастацтва спаборнiчала з прыродай. Здавалася, што iх можна будзе сарваць i з'есцi, калi парой вiнаграднага збору пазалоцiць iх восень спелым колерам.

Калi нахiлiшся да струменьчыка, якi выбягае з-пад ног багiнi i цурчыць звонкай плынню, паверыш, што гэтым гронкам апроч iншай праўдападобнасцi дабаўлена трапяткая жывасць руху, як быццам яны вiсяць на сапраўднай лазе.

Сярод гушчару – Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя. Ён уважлiва глядзiць на багiню – сочыць, калi Дыяна пачне купацца, i яго адлюстраванне адбiваецца i ў мармуры грота, i ў басейне.

5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялiкай прыемнасцю, Бiрэна кажа: "Усё, што бачыш, лiчы сваiм". Пасля гэтага адпраўляе ўсiх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.

Калi мы засталiся адны, яна сказала: "Гэта багiня, дарагi Луцый, зарука, што я за цябе вельмi трывожуся i баюся i як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекi. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства i злачынных чараў гэтай Памфiлы, жонкi Мiлона, якi, як кажаш, з'яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славiцца першай ведзьмай, якая ўмее выклiкаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык цi на якую iншую дробязь, i ўсё зорнае скляпенне скiне ў пекла, i ўвесь свет апусцiцца ў спрадвечны хаос. Як толькi ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам i прыкоўваецца да яго душой i вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам i навек звязвае яго ланцугамi ненасытнага кахання. А калi хто супрацiвiцца i пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або i зусiм знiшчае.

Вось дзеля чаго я хвалююся i баюся за цябе i раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту i прыгажосцi ёй падыходзiш..."

Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бiрэна.

6. А я, i так поўны цiкаўнасцi, як толькi пачуў даўно жаданае слова "магiя", дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфiлы, пачаў усёй душой iмкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кiнуцца ў бездань. Не помнячы сябе ад нецярплiвасцi, я вырываюся з рук Бiрэны, як з кайданоў i, хутка сказаўшы "бывай", iмчуся ў дом Мiлона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: "Дзейнiчай, Луцый, не будзь разявакам i трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволiцца даўно чаканымi цудоўнымi казкамi. Адкiнь дзiцячыя страхi i горача бярыся за справу, толькi ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадынi i лiчы свяшчэнным ложак сумленнага Мiлона! Аднак трэба асаблiва пастарацца каля служанкi Фацiды! Яна ж i з твару прынадная, i рэзвага нораву, i вострая на язык. Учора вечарам, калi ты валiўся ад сну, як жа клапатлiва правяла яна цябе ў спальню, ветлiва ўклала ў пасцель, добра i старанна накрыла i, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькi разоў азiрнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацiдай!"

7. Так разважаючы, дайшоў я да Мiлонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю нi Мiлона, нi яго жонкi, а толькi маю дарагую Фацiду. Яна рыхтавала сваiм гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную тунiку, падперазаную высока пад грудзьмi прыгожым чырвоным поясам, i спрытнымi ручкамi размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухi суправаджалiся частымi ўздрыгваннямi, i ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхвалiся, а спiна яе цудоўна хвалявалася i хiсталася. Захоплены гэтым вiдовiшчам, я аслупянеў, стаю i дзiўлюся; узрушылiся i мае члены, якiя былi дагэтуль у супакоi. Нарэшце я звяртаюся да яе: "Як цудоўна, як мiла патрасаеш ты, прыгожая Фацiда, гэтым рондалем i сваiмi ягадзiцамi! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслiвы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволiш!" На гэта дзяўчына, наколькi прыгожая, настолькi развязная, кажа: "Адыдзiся ад майго агню, бядак, бо калi нават найменшая мая iскра цябе запалiць, дык ушчэнт згарыш! Тады нiхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькi рондалi, але i ложак патрасаць умею!"

8. Сказаўшы гэта, глянула на мяне i засмяялася. Аднак я не адышоўся, пакуль усю яе не агледзеў, прытым найбольш мяне цiкавiлi яе твар i валасы. На iх глядзеў я раней хцiвымi вачамi пры людзях, iмi цешыўся пасля ў сваiм пакоi. Прычына гэтай маёй асаблiвай увагi ясная i зразумелая, бо гэта частка цела заўсёды адкрытая i найперш трапляе нам на вочы, i чым для рэшты цела служаць расквечаныя вопраткi, тым для твару валасы – яго прыроднае ўпрыгожванне. Часта жанчыны, каб паказаць усю сваю красу, скiдаюць адзежу або ўзнiмаюць яе, адхiнаючы голую прыгажосць, аддаючы перавагу ружоваму колеру цела перад залатым бляскам адзення. Аднак калi б (жудаснае ўяўленне, няхай нас багi бароняць ад намёкаў нават на яго здзяйсненне), калi б у сама прыгожых жанчын зняць з галавы валасы i пазбавiць iхнi твар прыроднай красы, то няхай любая будзе хоць самой Венерай, акружанай грацыямi i купiдонамi, падперазанай сваiм поясам, хай пахне кiнамонам i струменiць бальзам, калi будзе лысая, дык нават свайму Вулкану не зможа падабацца.

9. А што скажаш, калi валасы маюць прыемны колер i бляск i пад праменнем сонца мацней пачнуць праяўляць ззянне або спакойны водблiск i мяняць свой чароўны выгляд – то палымнець золатам, то апускацца ў далiкатны мядовы цень, то крумкачовай чарнатой спаборнiчаць з апярэннем галубiных грудзей? Што скажаш, калi напамаджаныя арабскiмi мазямi, раздзеленыя зубамi вострага грэбеня на дробныя пасмы i сабраныя назад, пачнуць прыцягваць зрок каханага, адбiваючы яго аблiчча накшталт люстэрка цi яшчэ мiлей? Што скажаш, калi, заплеценыя ў мноства кос, яны раскладваюцца на галаве або, адкiнутыя, шырокай хваляй ападаюць па плячах? Адным словам, прычоска мае такое вялiкае значэнне, што ў якую б дарагую вопратку з золатам i каштоўнасцямi жанчына нi апранулася, чым бы нi ўпрыгожылася, калi не спарадкавала сваiх валасоў, прыбранай назвацца не можа.

Мая Фацiда апранена не вычварна, а натуральны непарадак валасоў надаваў ёй прывабнасцi, бо пышныя пасмы, злёгку распушчаныя, звiсалi з патылiцы, рассыпалiся ўздоўж шыi i, ледзь-ледзь завiваючыся, ляжалi на аблямаваннi тунiкi. На канцах былi яны сабраныя, а на версе галавы сцягнутыя вузлом.

10. Я ўжо не мог цярпець далей пакут палкай пажадлiвасцi i, прытулiўшыся да дзяўчыны ў месца, адкуль яе валасы былi зачасаныя на верх галавы, паклаў сама салодкi пацалунак.

Тады яна трохi адсунулася, павярнулася да мяне i, скоса глянуўшы, кажа: "Гэй, ты, шкаляр! За кiсла-салодкую закуску хапаешся! Глядзi, каб, аб'еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўцi".

"Ну што ж, мая радасць, – кажу, – калi я да таго дайшоў, што за адзiн твой жыватворны пацалунак гатоў спячыся, расцягнуўшыся на гэтым агнi!" I з гэтымi словамi пачаў яе яшчэ мацней цалаваць. I вось яна ўжо спаборнiчае са мной у палкасцi i аднолькавую ступень кахання дзелiць пароўну. Вось ужо, мяркуючы па духмяным дыханнi паўраскрытага рота, па сустрэчных ударах салодкага языка, ап'янелая прагнасцю аддання, яна гатова ёй паступiцца.

"Гiну! – крыкнуў я. – Ужо цалкам загiну, калi ты не злiтуешся нада мной!" На гэта яна, пацалаваўшы мяне, кажа: "Супакойся. Мяне зрабiла тваёй наша ўзаемнае жаданне, дык нашы ўцехi адкладаюцца ненадоўга. Як толькi сцямнее, я прыйду да цябе ў спальню. А цяпер iдзi i збярыся з сiламi, бо я ўсю ноч буду з табой змагацца".

11. Яшчэ доўга абменьвалiся мы такiмi i падобнымi словамi i нарэшце разышлiся.

Як толькi надышла паўдзённая пара, Бiрэва прыслала мне ў падарунак свiнiны, пяць куранят i вялiкi збан добрага дарагога вiна. Я паклiкаў тады Фацiду i кажу: "Вось i Лiбер, узбуджальнiк Венеры i яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта вiно, каб яно прагнала сарамлiвую слабасць i прыбавiла жаданню вясёлай сiлы. На судне Венеры толькi такiя патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапiла ў лямпе алею, а ў кубку вiна".

Астатак дня быў прысвечаны лазнi i ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мiлона я раздзялiў з iм даволi прыстойную вячэру i стараўся, маючы ў памяцi перасцярогi Бiрэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нiбы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацiдай, якая нам прыслугоўвала, я трохi ўзбадзёрыўся. Раптам Памфiла, зiрнуўшы на запаленую лямпу, кажа: "О, якая моцная залева будзе заўтра!" I на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мiлон, засмяяўшыся, гаворыць: "Вялiкую Сiвiлу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышынi сваёй падстаўкi сочыць за ўсiмi нябеснымi справамi i нават за самiм сонцам".

12. Тут я ўмяшаўся ў гутарку i кажу: "Гэта толькi першыя крокi ў такiх прароцтвах, i няма нiчога дзiўнага, што гэты агеньчык, хоць i сцiплы i запалены рукамi чалавека, памятае ўсё ж пра той вялiкi нябесны агонь, як пра свайго бацьку; боскi празорца ведае i нам паведамляе, што збiраецца зрабiць той вялiкi агонь. Вось i цяпер у нас у Карынфе гасцюе праездам нейкi халдзей, якi сваiмi дзiўнымi адказамi даводзiць увесь горад да вар'яцтва i зарабляе грошы, адкрываючы любому таямнiцы лёсу: у якi дзень найлепш спраўляць вяселлi, у якi рабiць закладзiны будынкаў, якi найбольш прыдатны для здзелак, якi выгаднейшы для падарожжа па сушы, якi – па моры.

Так i мне, калi я ў яго запытаўся, чым закончыцца маё падарожжа, ён сказаў шмат сама дзiўных i сама розных рэчаў. Сказаў, што мяне чакае гучнагалосая слава i вялiкiя прыгоды, якiя трапяць у кнiгi".

13. У адказ на гэта Мiлон, ухмыльнуўшыся, кажа: "А якi з выгляду той халдзей i як ён завецца?" "Доўгi, – кажу, – i чарнявы. Завецца Дыяфан". "Гэта той самы! – выкрыкнуў гаспадар. – Нiхто iншы! Ён i ў нас падобным спосабам шмат каму прарокаваў за немалыя грошы i, дабiўшыся вялiкiх прыбыткаў, апынуўся, бядак, ва ўбостве i мiзэрнасцi.

Аднаго дня, калi народ абступiў яго цесным колам, а ён прарокаваў, падышоў да яго нейкi купец па iмю Кердон, жадаючы даведацца, якi найбольш спрыяльны для яго дзень адплыцця. Той назваў яму дзень, з'явiўся кашалёк, высыпалi грошы i адлiчылi сотню дынараў – дамоўленую плату за прадказанне, як раптам ззаду працiскаецца нейкi малады чалавек знакамiтага роду, хапае яго за крысо, а як той адвярнуўся, моцна яго абдымае i цалуе. А халдзей, адказаўшы на яго пацалунак, пасадзiў яго побач з сабой i, ашаломлены нечаканай сустрэчай, забыўшыся пра справу, якой быў заняты, пытаецца: "Калi ж ты, доўгачаканы, тут з'явiўся?" А той яму адказвае: "Учора пад вечар. А цяпер ты раскажы, як вандраваў ты па сушы i па моры з той пары, як паспешлiва выехаў з выспы Эўбэi?"

14. На гэта Дыяфан, той знакамiты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзiўлення, кажа: "Усiм ворагам i непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улiсавага вандравання. Наш карабель, на якiм мы плылi, патрапаны навальнiцамi, страцiў абодва стырны, прыбiўся да берага i, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубiўшы, ледзь выплылi. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей цi прыхiльнасцi сяброў, трапiла ў рукi разбойнiкаў. Майго адзiнага брата Арыгнота, якi задумаў супрацiўляцца iх нахабству, на маiх вачах зарэзалi..."

Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлiвае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. I толькi тады той Дыяфан, апомнiўшыся, зразумеў, якую зрабiў прамашку, калi ўсе мы, што яго акружалi, выбухнулi гучным смехам.

"Вiдаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей i сказаў праўду. Дык будзь шчаслiвы i няхай будзе ўдачлiвы твой шлях!"

15. Пакуль Мiлон такiм чынам вёў гутарку, я моўчкi пакутаваў i злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй вiне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткi вечара i найлепшых яго вынiкаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мiлону: "Пакiньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, i няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца – на моры цi на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць".

Пасля гэтага я iду ў свой пакой i застаю там усё падрыхтаванае да вельмi прыемнай бяседы. Пасцелi слуг былi вынесены i пастаўлены далей ад дзвярэй, вiдаць, дзеля таго, каб нiхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столiк, застаўлены посудам з вячэрай, i два вялiкiя келiхi з вiном толькi чакалi, каб далiць у iх вады. Побач стаяў буталь з шырокiм горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.

16. Толькi лёг я ў ложак, як вось i мая Фацiда, завёўшы на спачын гаспадыню, з'яўляеццца з букетам ружаў i з гiрляндамi ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамi i абсыпала пялёсткамi кветак. Пасля схапiла келiх i, падлiўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я пiў. Аднак перш чым я яго апаражнiў, далiкатна забрала ад мяне i, памалу пацягваючы губкамi, не зводзячы з мяне вачэй, маленькiмi глыточкамi з асалодай дакончыла. За першым келiхам надышоў другi i трэцi, i часта пераходзiлi ў нас келiхi з рук у рукi.

Тады я, разагрэты вiном i не толькi душой, але i целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага i ўжо пакутлiвага жадання, адхiнуў сваё адзенне i, паказваючы сваёй Фацiдзе, з якiм нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: "Злiтуйся, хутчэй хадзi мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб'явiла без законнага папярэджання. Ледзь толькi атрымаў я ад бязлiтаснага Купiдона ўдар стралы ў самыя грудзi, як таксама нацягнуў свой лук i цяпер вельмi баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цецiва. Але калi ты хочаш па-сапраўднаму дагадзiць мне, дык распусцi косы i пад покрывам расхваляваных валасоў расхiнi свае абдымкi".

17. Не марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне i распусцiўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленнi ў марскiя хвалi, i, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцянiць, чым сарамлiва прыкрыць, кажа: "На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся i не ўцяку. Калi ты мужчына, то атакуй з фронту i нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бiтва праводзiцца бязлiтасна!"

З гэтымi словамi яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна i гуллiва пачынае варушыцца ўдоўж i ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступенi, пасля чаго мы, амаль страцiўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогi.

У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.

18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: "Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку".

"Не трывожся, – кажу, – мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi".

Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.

19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных – цвет горада. Пышныя сталы блiшчаць туяй i слановай косцю, софы засланыя дарагiмi тканiнамi, высяцца вялiкiя келiхi, розныя ў сваёй прыгажосцi, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другiм блiскучае золата i дзiвосна выразаны бурштын запрашае вусны да пiцця. I каштоўныя камянi, а нават тое, чаго не можа быць, там было.

Шматлiкiя вытанчана апранутыя слугi бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукi ў прыгожых тунiках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамi бакалах старыя вiны. I вось прыносяць свяцiльнiкi, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымi слоўцамi...

Тут Бiрэна звяртаецца да мяне: "Цi добра табе жывецца ў нашых родных мясцiнах? Наколькi мне вядома, мы далёка апярэдзiлi ўсе гарады нашымi палацамi, лазнямi i iншымi будынкамi, прытым у нас недахопу няма нi ў чым неабходным. Хто б да нас нi прыехаў – цi чалавек, якi хоча адпачыць, цi камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сцiплы госць атрымае сельскi спакой. Адным словам, у нас знайшлi прыстанiшча ўсе зручнасцi i прыемнасцi правiнцыi".

20. На гэта я адказваю: "Праўду кажаш, нi ў якай iншай краiне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмi баюся тайных падкопаў магiчнай навукi, якiх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкi ў магiлах не застаюцца недакранальнымi i з папялiшчаў i скляпоў здабываюцца нейкiя рэшткi i шматкi трупаў на загубу жывым. А старыя чараўнiцы ў хвiлiны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерцi".

Пасля гэтых маiх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: "Тут i жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзiн чалавек, з якiм здарылася падобная гiсторыя, яму так увесь твар знявечылi, што не пазнаць чалавека".

Тут усе госцi пачалi смяяцца, а iхнiя твары i вочы звярнулiся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калi той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьцi прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бiрэна кажа яму: "Не хвалюйся, мой Тэлiфрон, застанься i раскажы, калi ласка, яшчэ раз сваю гiсторыю, каб i сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!" А ён адказвае: "Ты, панi, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзi, нахабства якiх немагчыма сцярпець!" Ён быў абураны насмешкамi. Аднак настойлiвасць Бiрэны, якая клялася сваiм жыццём, прымусiла яго, хоць i супраць волi, здацца.

21. Тады зрабiўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы i абапёршыся на локаць, Тэлiфрон прасцiрае правую руку i, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнiя пальцы i два наставiўшы ўперад, а вялiкi пагрозлiва апусцiўшы, пачынае:

"Быўшы яшчэ непаўналетнiм, накiраваўся я з Мiлета на Алiмпiйскiя гульнi. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правiнцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалiю, у благi час прыбыў я ў Ларысу. Мае дарожныя грошы разышлiся, i я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасцi. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, якi стаяў на каменi i зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўнiком да нябожчыка, дамовiцца аб цане.

Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: "Што я чую? Няўжо тут нябожчыкi маюць звычай уцякаць?" "Памаўчы, – адказвае той, – ты чалавек нетутэйшы i яшчэ вельмi малады i, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзiшся ў Фесалii, дзе чараўнiцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваiх магiчных мэт часткi твару".

22. "А цi не можаце мне сказаць, – працягваю я, – якiя абавязкi гэтага магiльнага вартаўнiка?"

"Найперш, – адказвае той, – усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымi вачамi, якiя б не ведалi сну, глядзець на труп, не адводзячы позiрку, i нi на хвiлiну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакi могуць абярнуцца любой жывёлiнай i стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлiвасцi могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак цi мышэй, а часам нават у мух. А тады ад iхнiх чараў нападае на вартаўнiка сон. Нiхто не можа назваць тых хiтрыкаў, якiмi карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваiх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не большая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калi вартаўнiк не ўпiльнуе цела, калi пры здачы выявiцца нейкi недахоп, тады ён тое, што прапала, павiнен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару".

23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальнiка i кажу: "Досыць табе крычаць. Вось вартаўнiк, пагаворым пра цану". "Тысяча нумаў вызначаецца табе, – кажа той, – толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!" "Глупства, – кажу, – ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!"

Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: "Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа".

Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: "Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу". "Не турбуйся, – адказваю ёй, – толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду".

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. "Вось, – кажа, – нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi". Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: "Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы". "А што менавiта?" – пытаецца. "Лямпу, – кажу, – алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры". Тут яна пакiвала галавой i кажа: "Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!" Пасля гэтага звярнулася да служанкi: "Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся".

25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: "Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!" Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.

26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску – нiчога не было пашкоджана. Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: "Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому". На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: "Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!"

Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу...

Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.

27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.

Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: "Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!"

Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.

28. Нарэшце стары кажа: "Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё". З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукi i абдымаючы за каленi, ён кажа: "Злiтуйся, служка багоў, злiтуйся дзеля нябесных свяцiлаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхiяў, дзеля начной цiшынi, дзеля Копцкiх святыняў, дзеля Нiльскiх паводак, дзеля Мемфiскiх тайнаў i Фароскiх сiстраў. Дай на кароткi момант выкарыстаць сонечнае ззянне i ў навек заплюшчаныя вочы ўлi частку святла. Мы не наракаем i не адымаем ад зямлi таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просiм кароткага вяртання да жыцця".

Прарок, якога ўзрушылi гэткiя ўмольваннi, палажыў нейкую травiцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзi. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў малiцца да святога Сонца, што ўзнiмалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмi добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.

Я ўцiскаюся ў натоўп i, стаўшы на высокiм каменi за катафалкам, сачу за ўсiм цiкаўным вокам. I вось пачынаюць узнiмацца грудзi, вены пачынаюць бiцца, напаўняецца духам цела, i нябожчык падняўся i загаварыў: "Навошта, скажыце мне, навошта таго, хто прыняў летэйскi напiтак, плыў ужо па стыгiйскiх балотах, вяртаеце да спраў мiмалётнага жыцця? Спынiся, малю цябе, спынiся i адпусцi мяне ў мой супакой!"

Вось што сказаў голас, якi выйшаў з цела.

Аднак прарок з яшчэ большым жарам гаворыць: "Чаму ж ты не раскажаш народу па парадку, з чаго ты памёр? Цi ты не ведаеш, што я магу паклiкаць фурыяў сваiмi заклiнаннямi, i яны пачнуць цябе мучыць?" Той слухае са свайго ложа i, глыбока ўздыхнуўшы, паведамляе: "Злымi чарамi маладой жонкi загублены я i змушаны прыняць смяртэльны келiх. Сваё вясельнае неастылае яшчэ ложа саступiў я пралюбадзею".

Тут гэта знакамiтая жонка, зусiм набраўшыся нахабства, задалася блюзнерскай думкай адмаўляць вiдавочныя доказы мужа. Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягоднiца была жывая пахаваная разам з мужам, а другiя даказваюць, што не трэба верыць iлжывым словам трупа.

30. Аднак гэтыя спрэчкi былi спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: "Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзiвасцi i выкрыю тое, пра што, апроч мяне, нiхто не ведае i не здагадваецца". I тут, паказваючы на мяне пальцам: "Калi пры маiм целе быў гэты пiльны вартаўнiк i цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкi, прымаючы з гэтай прычыны розныя постацi, неаднаразова старалiся ашукаць яго руплiвасць i ўрэшце, напусцiўшы соннага туману, акунулi яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клiкалi мяне па iмю. I вось ужо мае застылыя суставы i пахаладзелыя часткi цела намагаюцца адказаць павольнымi рухамi на загады магiчнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасцi жывы, але толькi да амярцвення сонны, без нiякага падазрэння ўстае, адклiкаецца на сваё iмя, бо мы з iм аднолькава завёмся, i самахоць iдзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былi моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтулiна, праз якую адрэзалi яму спярша нос, а пасля i вушы. Такiм чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесцi сляды, ашуканкi прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, i падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з вамi; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю