355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 14)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 14 страниц)

Вось вялiкае Сонца, прайшоўшы ўвесь круг Задыяка, ужо закончыла свой гадавы шлях, як раптам нядрэмны клопат дабрадзейнага боства зноў перарывае мой супакой, зноў напамiнае мне аб пасвячаннi, зноў аб таямнiцах. Я вельмi здзiвiўся: у чым справа? што прадказваюць словы багiнi? Ды як жа не дзiвiцца? Я ж лiчыў сябе даўно пасвячоным.

27. Пакуль я разбiраў сваiм розумам гэтыя рэлiгiйныя сумненнi, часткова асуджаючы служыцеляў святынi, пазнаю зусiм нечаканую для сябе навiну, што я быў пасвячоны толькi ў таямнiцы багiнi, а вось з абрадамi непераможнага Азiрыса, вялiкага i вярхоўнага бацькi багоў, азнаёмлены нiколi не быў. I хоць сутнасцi гэтых багоў i iх вучэнняў цесна з сабой сутыкаюцца i нават тоесныя, але ў пасвячэннях захоўваецца велiчэзная рознiца. Дзеля гэтага я павiнен зразумець, што мне трэба стаць служыцелем гэтага вялiкага бога. У няясным становiшчы справа заставалася не доўга. Блiжэйшай ноччу ўбачыў я нейкага жраца ў палатняным адзеннi. У яго ў руках былi тырсы, плюшч i яшчэ нешта, чаго не маю права называць. Усё гэта ён кладзе перада мной, а сам, заняўшы маё сядзенне, загадвае мне падрыхтаваць багаты пачастунак. I для таго, каб я мог яго лепш пазнаць, ён выдзяляецца адной асаблiвасцю, а менавiта, левая яго пята была крыху выкрыўлена, дык у час хады ў яго кроках заўважалася лёгкая няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волi ўсякi цень неакрэсленасцi знiк, i я зразумеў, у чым справа, i адразу пасля ранiшнiх малiтваў багiнi пачаў уважлiва назiраць за кожным жрацом, цi няма ў яго такой паходкi, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькi паходка, але на дадатак i стан, i знешнасць якраз супадалi з маёй начной з'явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азiнiем Марцэлам, i гэта iмя не было чужым у маiх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзiць i падышоў да яго, а ён i сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку i даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямнiцы. Перад гэтым яму прыснiлася ўночы, што, калi ён ускладаў вянкi на статую вялiкага бога, з яго вуснаў, якiя прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмi бедны, над якiм трэба неадкладна правесцi свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волi i пасвячоны праславiцца сваiмi подзвiгамi, i пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.

28. Прызначаны такiм чынам для боскага пасвячэння, я марудзiў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнiя рэшткi маёй спадчыны разышлiся на падарожжа, ды i сталiчныя выдаткi значна перавышалi расходы тых дзён, калi я жыў у правiнцыi. У сувязi з тым, што на маiм шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялi, дык я апынуўся, паводле прыказкi, "памiж молатам i кавадлам". Усё часцей i часцей пабуджаны боствам, я трацiў супакой, урэшце намовы перайшлi ў загады. Тады я, распрадаўшы даволi сцiплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. "Няўжо ты, – было мне сказана, – пашкадаваў бы сваёй адзежы, калi б справа датычыла якiх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такiх цырымонiй, ты не адважваешся застацца ў беднасцi, у якой раскайвацца не будзеш?"

I вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасцi, iзноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы i на дадатак нават абгалiў галаву. Нарэшце настаўлены начнымi бяссоннямi, аддаўся я з усiм даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлiгii. Яна не толькi служыла мне вялiкiм суцяшэннем у маiм становiшчы iншаземца, а нават здабыла мне даволi значныя сродкi для жыцця. На самай справе, кiм, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкi заробак, якi я атрымаў, ведучы справы на лацiнскай мове?

29. I вось мiнула ўсяго некалькi дзён, як нечакана, на вялiкае маё здзiўленне, iзноў аклiкнуўся голас з вышыняў, якi загадваў мне паддацца пасвячэнню трэцi раз. Занепакоены немалым коштам i моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хiлiцца гэты новы i нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? "Тут, – думаў я, – i той i другi жрацы дапусцiлi якую-небудзь памылку цi нечага недавыканалi". I, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў iхняй сумленнасцi. Начное з'яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якiя выглядалi, як разважаннi вар'ята.

"Няма чаго табе, – было мне сказана, – баяцца шматлiкiх пасвячэнняў i думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай мiласэрнасцi да цябе i цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго iншыя бываюць удастоены толькi адзiн раз. А ты з самой колькасцi пасвячэнняў павiнен набыць пэўнасць у сваiм вечным шчасцi. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклiкана крайняй неабходнасцю. Успомнi толькi, што адзенне багiнi, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правiнцыi, там i засталася ляжаць, i ў Рыме ты не зможаш удзельнiчаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калi патрэбнае гэта адзенне, i не ўпрыгожыш сябе той шчаслiвай рызай, калi атрымаеш такi загад. Дык з радаснай душой прыступай з волi вялiкiх багоў да новага пасвячэння, i няхай будзе яно табе на дабро, шчасце i збаўленне".

30. А потым боская з'ява, мой вялiкi настаўнiк, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабiць. I адразу пасля гэтага, не адкладваючы i не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасцi добраахвотна павялiчыўшы дзесяцiдзённы тэрмiн посту, вызначаны вечным законам, i, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кiруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.

I, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў i выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхiльнасцi багоў, выступленнi ў судзе пачалi прыносiць мне значны даход. Нарэшце праз некалькi дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азiрыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваiм уласным боскiм выглядзе ўшанаваў мяне сваiм з'яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна працягваў свае слаўныя заняткi ў судзе, не баючыся плётак нядобразычлiўцаў, якiя выклiканы маёй стараннасцю i вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам iншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегiю сваiх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцiгадовых дэкурыёнаў.

Зноў агалiўшы галаву, я ўступiў у гэту старадаўную калегiю, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, i хаджу цяпер, нiчым не засланяючы сваёй пляшывасцi, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.

КАМЕНТАРЫ

КНIГА ПЕРШАЯ

Мiлецкiя казкi – Мiлецкiмi называлiся зборнiкi любоўных i авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты лiтаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборнiка Арыстыда Мiлецкага (канец II ст. да н.э.).

Папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. – Востра адточаная трысцiнка служыла старажытным за пяро.

Гiмет – невысокая гара паблiзу Афiн.

Эфiрэйскi перашыек – тое самае, што i Карынфскi перашыек. Эфiра старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан – мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квiрыды – паўнапраўныя рымскiя грамадзяне.

Плутарх – грэчаскi пiсьменнiк, фiлосаф-маралiст (канец I – пач. II ст. н.э.).

Секст – фiлосаф II ст. н.э., настаўнiк iмператара Антанiна Пiя.

Пярэсты порцiк у Афiнах упрыгожаны насценнымi малюнкамi знакамiтага мастака V ст. да н.э. Палiгнета.

Змяя бога лекараў. – Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвiтай вакол яго змяёй.

Эгiна – выспа у Саранiцкай затоцы паблiзу Афiн.

Ларыса – вялiкi горад у Фесалii.

Каля трэцяй варты... – Ноч дзялiлася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблiзна каля поўначы.

Эндзiмiён – паводле падання, укаханы багiнi Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

..пакiнутая Калiпса... – Адысей пакiнуў нiмфу Калiпса па загаду багоў ("Адысея", V).

Ламii – казачныя злыя духi, якiя ўночы жаруць целы маладых хлопцаў i п'юць iхнюю кроў.

Фурыi – рымскiя багiнi праклёну, помсты i кары.

Этолiя – вобласць у Сярэдняй Грэцыi на паўночны захад ад Атыкi.

Тэзея, ...якi не пагрэбаваў гасцiннасцю старой Гекалы. – Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькi Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветлiва i гасцiнна.

КНIГА ДРУГАЯ

Актэон – паводле мiфу, паляўнiчы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багiняй у аленя i разарваны ўласнымi сабакамi.

Грацыi – багiнi прыгожасцi, весялосцi, радасцi.

Кiнамон – дрэва, з якога здабывалi пахучы алей з той самай назвай.

Бальзамам называлi пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.

Лiнцэй – герой шматлiкiх грэцкiх мiфаў, якi мог бачыць скрозь зямлю.

Аргус – казачны стовокi герой, якога раўнiвая Гера прыставiла да ператворанай у карову Iо, каханкi Зеўса.

Аанiйскi юнак – Пенфей, кароль горада Фiвы ў Беоцыi. (Аанiя – паэтычная назва Беоцыi).

Сын пiплейскай музы – легендарны фракiйскi спявак Арфей. (Пiпла або Пiмпла – горад у Фракii). Расшматаны жанчынамi за адмову прыняць удзел у вакхiчнай оргii.

Сiстр – музычны iнструмент.

Лета i Стыкс – рака i возера ў краiне памерлых.

Герыён – казачны герой з трыма тулавамi i трыма галовамi. Геракл захапiў статак Герыёна i забiў яго самога ў баi.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

Фалеры – металёвыя бляхi, якiя ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра – паўкруглая роўная плошча ўсярэдзiне амфiтэатра.

Орк – рымскi бог падземнага царства (у грэкаў – Плутон).

Маны – душы памерлых.

Аякс. – Мiф пра Аякса, сына Тэламона, вялiкага грэцкага героя, якi ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калi пасля смерцi Ахiла, камандзiра ахайцаў, аддалi яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страцiў розум i ў шаленстве перабiў статак авечак, уяўляючы, што забiвае сваiх крыўдзiцеляў.

Цэрбер – казачны трохгаловы сабака, вартаўнiк падземнага царства. Геркулес, спусцiўшыся ў краiну памерлых, звязаў Цэрбера i вынес яго наверх.

Эпона – багiня, патронка коней, аслоў i мулаў. Яе выявы ставiлiся ў стайнях.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Платэя – невялiкi горад у Беоцыi.

Салii – танцоры, калегiя жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалi таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькi дзён, яны з танцамi праходзiлi па ўсiм Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць i багацце якога сталi прымаўкай.

Ацiс, поводле падання, аскапiў сябе на сваiм вяселлi.

Пратазiлай – легендарны цар горада Фiлака ў Фесалii, першы з грэкаў, якiя загiнулi пад Трояй; пакiнуў маладую жонку, з якой прабыў толькi адзiн дзень.

Пафас – горад на выспе Кiпр.

Кнiд – прыморскi горад у Малой Азii.

Кiфера – выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцiнах знаходзiлiся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Слаўны пастыр – Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благiмi прыкметамi, i бацька загадаў кiнуць немаўля на гары Iдзе, але яго падабраў пастух i выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афiны i Афрадыты аб тым, каторая з iх найпрыгажэйшая.

Нерэiды – марскiя нiмфы, дочкi марскога цара Нерэя.

Партун – рымскi бог портаў i прыстаняў.

Салацыя – багiня бурнага мора.

Фурман дэльфiнаў Палемон. – Мiф расказвае, што цар Атамант, якога багiня Гера пазбавiла розуму, хацеў забiць сваю жонку Iно, але яна разам з сынам Мелiкертам кiнулася ў мора. Абое ўшаноўвалiся як марскiя багi-выратавальнiкi, Мелiкерт – пад iмем Палемона. Фурманам дэльфiнаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфiнам.

Трытоны – другарадныя марскiя багi, якiх уяўлялi ў выглядзе паўлюдзей-паўрыб.

Акiян – паводле ўяўлення старажытных людзей, велiчэзная рака, якая акружае ўвесь свет.

Мiлецкi бог – Апалон, адзiн з аракулаў якога знаходзiўся ў мясцовасцi Дзiдзiм паблiзу Мiлета.

КНIГА ПЯТАЯ

Пiфiйскi аракул. – Аракул у Дзiдзiме названы тут пiфiйскiм, таму што сама знакамiтым аракулам Апалона была прадказальня пры храме Апалона Пiфiйскага ў Дэльфах (горад на паўночны захад ад Афiн), i сам Апалон часта называецца Пiфiйцам.

Пан – бог лясоў i гаёў, апякун пастухоў, рыбакоў i паляўнiчых. Уяўляўся з казлiнымi рагамi, з барадой, з капытамi на нагах i з хвастом.

Нiмфы – багiнi нiжэйшага разраду, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; былi нiмфы марскiя (нерэiды), рачныя (наяды), горныя (арэады), нiмфы дрэў (дрыяды) i iншыя.

Оры (або Горы) – багiнi пор года, увасабленне парадку ў прыродзе.

...свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. – Маецца на ўвазе Марс. Аднак Марс не муж, а толькi каханак Венеры, у якiм яна бачыць, як вiдаць, апекуна больш магутнага, чым яе законны муж Вулкан, i называе палюбоўнiка айчымам свайго сына.

КНIГА ШОСТАЯ

...убачыўшы на гары нейкi хорам... – Псiхея знаходзiцца перад храмам Цэрэры-Дэметры, багiнi-апякункi земляробства.

...беспрасветнага шлюбу Празерпiны... – Паводле некаторых мiфаў, дачка Дэметры Персефона (Празерпiна) была ўкрадзена Аiдам (Плутонам) у Сiцылii.

Элеўсiнскiя мiстэрыi – культ Дэметры i Персефоны ў атычным гарадку Элеўсiне (недалёка ад Афiн).

...маёй сваячкi... – Афрадыта – дачка Зеўса, а Дэметра яго сястра.

Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра – Юнона (Гера).

Святыня Самоса – выспа Самос (каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азii) была, паводле мясцовых мiфаў, месцам нараджэння Геры. На выспе знаходзiўся славуты храм багiнi.

Аргоскiя сцены – Аргос у Пелапанэсе, галоўны цэнтр культу Геры.

Меркурый (Гермес) – сын Зеўса i нiмфы Маi, якая нарадзiла яго на гары Кiлене ў Аркадыi.

Кацыт – рака ў краiне памерлых.

Дзiт – бог падземнай краiны.

Харон – стары перавозчык у краiне памерлых. Рака, праз якую ён перапраўляе душы – Стыкс. Старажытныя верылi, што Харон бярэ са сваiх пасажыраў плату за перавоз, i ўкладалi нябожчыку ў рот медную манету.

Сатыры – сельскiя багi, якiя ўвасаблялi творчую сiлу прыроды. Вонкава нiчым не адрознiвалiся ад бога Пана.

Панiскi – тое самае, што i сатыры (маленькiя Паны).

Дырцэя (або Дырка) – жонка фiванскага цара Лiка. Мiф расказвае, што Дырцэя i Лiк жорстка прыцяснялi сваю палоннiцу Анцiопу, мацi Зета i Амфiёна, народжаных ад Зеўса, якiя выхоўвалiся ў пастухоў. Каб адпомсцiць за мацi, яны забiлi Лiка, а Дырцэю прывязалi да рагоў быка, якi растрапаў яе.

Фрыкс – сын багiнi аблокаў Няфелы i смяротнага – цара Атаманта, жонка якога ўгаварыла прынесцi зненавiджанага пасынка багам на ахвяру. Аднак Няфела выратавала сына, выправiўшы залатаруннага барана, якi вывез Фрыкса за мора ў Калхiду. Разам з Фрыксам уцякла i яго сястра, Гела, якая па дарозе ўтапiлася. Той пралiў, дзе Гела саслiзнула са спiны барана, атрымаў, паводле падання, назву Гелеспонта (мора Гелы).

Арыён – грэцкi паэт i музыкант VII ст. да н.э. З яго творчасцi нiчога не захавалася. Герадот у сваёй "Гiсторыi" перадае легенду, што аднойчы ў час падарожжа матросы вырашылi абрабаваць i забiць Арыёна. Паэт папрасiў у iх дазволу заспяваць перад смерцю i, закончыўшы спевы, кiнуўся ў мора. Але зачараваны яго песняй дэльфiн прыняў яго на сваю спiну i вынес на бераг.

...Эўропу, якая ляжала на быку. – Зеўс, закахаўшыся ў фiнiкiйскую царэўну Эўропу, ператварыўся ў быка i перавёз яе на сваёй спiне праз мора на выспу Крыт.

Пегас – казачны крылаты конь.

КНIГА СЁМАЯ

Iмператарскi пракуратар. – Пракуратамi называлiся ўрадаўцы, якiя загадвалi галоўным чынам фiнансамi. Iмператарскiя пракуратары ў правiнцыях збiралi падаткi ў асабiстую касу iмператара.

Закiнф – выспа ў Iанiйскiм моры каля заходняга берага Пелапанэса, цяпер Зантэ.

Актыйскае ўзбярэжжа – Акцыум, мыс ля ўвахода ў Амбракiйскi залiў на заходнiм беразе сярэдняй Грэцыi.

Вексiларыi – ветэраны, якiя праслужылi 16 (альбо 20) гадоў i ў чаканнi адстаўкi працягвалi службу ў спецыяльных вайсковых часцях, дзе былi вызвалены ад усiх дапаможных лагерных работ.

Талант – буйная грэцкая грашовая адзiнка.

Бактрыйскi вярблюд. – Бактрыя – адна з паўночных сатрапiяў персiдскай дзяржавы (на тэрыторыi Афганiстана). Бактрыйскiмi называлiся двухгорбыя вярблюды. (Аднагорбыя звалiся арабскiмi.)

...гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. – Такую "гасцiннасць" аказваў падарожным, паводле падання, фракiйскi цар Дыямед. Ён быў пераможаны Гераклам i падзялiў лёс сваiх ахвяр.

Белерафонт – казачны герой, якi пры дапамозе крылатага каня Пегаса перамог Хiмеру – трохгаловае страшыдла, якое вывяргала агонь. Асёл iранiчна параўноўваецца з Пегасам, а коннiк з Белерафонтам.

Мелеагр – герой многiх грэцкiх мiфаў. Калi яму было 7 дзён, у дом яго бацькi прыйшлi багiнi лёсу i сказалi, што Мелеагр памрэ, як толькi згарыць палена, якое ляжыць на агнi. Мацi Мелеагра Алфея выняла палена з печы i схавала яго. Праз шмат гадоў Мелеагр пасварыўся з братамi сваёй мацi i забiў iх. Тады Алфея спалiла схаванае палена, i Мелеагр адразу памёр.

КНIГА ВОСЬМАЯ

Багiня Iсцiны – дачка Зеўса, мацi Дабрачыннасцi, кармiцелька Апалона.

Сiрыйская багiня. – Цэнтрам культу гэтай багiнi быў Гiераполь у Сiрыi. Iмя яе дакладна не ўстаноўлена, лiчаць, што звалася яна Атаргацiс. Святкаваннi ў гонар гэтай багiнi мелi характар оргiяў, у часе якiх многiя наносiлi сабе раны мячамi, бiчавалiся i нават сябе аскаплялi. Скапцамi былi i жрацы багiнi, якiя апраналiся ў жаночае адзенне. Называлi iх галамi. Гэтыя галы з выявай багiнi, жабруючы, бадзялiся па ўсёй рымскай iмперыi.

Сабадзi – азiяцкi бог, якi атаясамлiваецца з Дыянiсам, а таксама з Ацiсам, любiмым жрацом Кiбелы.

Белона – кападакiйская багiня, фанатычны i крывавы культ якой перанесены ў Рым.

Iдэйская мацi – Рэя, жонка Кронаса, мацi алiмпiйскiх багоў. Была атаясамленая з азiяцкай Кiбелай, культ якой напамiнаў культ Сiрыйскай багiнi.

Адонiс. – Мiф расказвае, што прыгожага юнака Адонiса кахалi Афрадыта i Персефона. Зеўс загадаў, каб Адонiс частку года праводзiў у краiне памерлых з Персефонай, а частку ў надземным свеце з Афрадытай. Адонiс – бог усходняга паходжання, ён сiмвалiзуе памiранне i абуджэнне прыроды.

...дзева падменена ланню... – Намёк на мiф аб Iфiгенii, якая павiнна была быць прынесена на ахвяру багам (без гэтага багi не давалi спадарожнага ветру, i грэкi, якiмi камандаваў бацька Iфiгенii Агамемнан, не маглi распачаць паход на Трою). Але ў самы момант складання ахвяры багiня Артэмiда замянiла дзяўчыну ланню.

КНIГА ДЗЕВЯТАЯ

Тулiанум – падземная частка дзяржаўнай турмы ў Рыме. Апулей выкарыстоўвае гэту назву ў якасцi сiнонiма турмы наогул.

...апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках... – Апулей мае на ўвазе Адысея, якога ўславiў Гамер.

Дэкурыёнамi называлiся сябры мясцовых сенатаў, якiя ў часы iмператараў былi заснаваныя ўжо амаль ва ўсiх правiнцыях у вялiкiх гарадах.

...год пачаў хiлiцца ў бок Казярога. – Сонца ўступае ў сузор'е Казярога на пачатку зiмы.

КНIГА ДЗЕСЯТАЯ

Трыбун. – Ваенныя трыбуны камандавалi легiёнамi. Пры кожным легiёне было 6 трыбунаў, якiя неслi службу па чарзе.

Этыокл i Палiнiк – сыны Эдыпа, мiж якiмi трывала непрымiрымая варожасць за ўладу над Фiвамi. Iх барацьба закончылася смерцю абодвух. Гэты мiф паслужыў сюжэтам трагедыi Эсхiла "Сямёра супраць Фiваў".

Фiней – легендарны фракiйскi кароль, якi па падказцы злой мачыхi асляпiў сваiх сыноў ад першай жонкi. У пакаранне за гэта гарпii (крылатыя страшыдлы з дзявочымi тварамi) вырывалi ад яго ежу i паганiлi сваiмi нечыстотамi ўсё, чаго не маглi панесцi з сабой.

Аслiная Пасiфея. – Бог Пасейдон, загневаўшыся на крыцкага цара Мiноса, змусiў яго жонку Пасiфею закахацца ў быка. Плодам гэтага захаплення быў чалавекабык Мiнатаўр.

Iдэйская гара. – Iда – горны хрыбет у Малой Азii, ля падножжа якога знаходзiлася старажытная Траянская дзяржава.

Эфебы – афiнскiя юнакi ва ўзросце 18-20 гадоў, якiя неслi пагранiчную службу. Стаўшы эфебам, юнак апранаў хламiду (адмысловага пакрою плашч).

Кадуцэй – жазло вяшчальнiка, выразанае з дрэва ў форме стрыжня, абвiтага дзвюма змеямi, Меркурый – вяшчальнiк багоў, дзеля таго ягоным атрыбутам з'яўляецца кадуцэй, а таксама крылы.

Кастар i Палукс (Палiдзеўк) – блiзняты, сыны Леды. Бацькам Кастара быў смяротны, а бацькам Палукса – Зеўс.

Паламед – адзiн з герояў Траянскай вайны. Адысей i Агамемнан, пазайздросцiўшы яго хiтрасцi i розуму, падкiнулi ў яго палатку золата i падробленае пiсьмо, як быццам ад Прыяма, i абвiнавацiлi ў здрадзе. Народ забiў яго каменнем.

...пераносiў ганеннi за разбэшчванне моладзi... – Маецца на ўвазе Сакрат, якога абвiнавацiлi ў бясчэсцi i ў разбэшчваннi моладзi i асудзiлi на смерць.

Кянхрэй (цяпер Кенхрыес) – галоўная гавань Карынфа. Апулей называе морам Саранiцкi (Эгiнскi) залiў Эгейскага мора.

КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ

Сястра Феба (Апалона) – Артэмiда, якая лiчылася, мiж iншым, апякункай парадзiх. Эфес у Малой Азii быў галоўным цэнтрам яе культу.

Гiпербарэйскiя грыфы, народжаныя iншым светам. – Старажытныя размяшчалi казачны край гiпербарэяў на крайняй поўначы (туды не далятае халодны вецер Барэй), на мяжы гэтага свету са светам антыподаў.

Аўгустава гавань – Острыя ў вусцi Тыбра, марскi порт Рыма.

Тырс – жазло, абвiтае плюшчом i лiстамi вiнаграду i ўвянчанае сасновай шышкай. Тырс i плюшч – эмблемы Дыянiса, атаясамленага з Азiрысам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю