355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Луций Апулей » Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 23:09

Текст книги "Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)"


Автор книги: Луций Апулей


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)

34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзiва, якое ўсiх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якiм былi яшчэ рэшткi снедання, расчынiлася зямля, i з глыбiнi зафантанiла кроў i ажно запырскала ўвесь стол.

У тую ж хвiлiну, калi ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца i дзiвяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьцi з вiннага склепа i дакладвае, што вiно, даўно паразлiванае ў бочкi, нагрэлася, забурлiла i пачало кiпець, быццам на моцным агнi. Заўважылi таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнiчага сабакi выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накiнуўся баран, якi быў непадалёку, схапiў яго за горла i адразу задушыў.

Гэтулькi розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара i ўсiх жыхароў дома, яны не ведалi, што рабiць, якога бога прасiць больш, якога менш, каб адхiлiць iм пагрозы, колькi i якiх ахвяр трэба прынесцi?

35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалi сама страшнага няшчасця, прыбягае нейкi нявольнiк i дакладвае аб вялiкiх страшных бедах, якiя звалiлiся на ўладальнiка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былi тры дарослыя сыны, сцiплыя i адукаваныя. Гэтыя юнакi сябравалi здаўна з адным бедным чалавекам, якi жыў у маленькай хацiне. Гэта хатка межавала з шырокiмi ўгоддзямi ўплывовага i багатага суседа, якi, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабiў у акрузе, што толькi хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхiльнiкаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа i разбураў яго ўбогую сялiбу, забiваў дробную жывёлу, забiраў валоў, нiшчыў яго няспелае збожжа.

Селянiн быў чалавекам сцiплым, але, калi прагавiтасць багацея пазбавiла яго ўсёй маёмасцi, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магiлы на родным полi, у вялiкiм страху паклiкаў сваiх сяброў у сведкi па справе размежавання зямлi. Сярод iншых прыйшлi i гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.

36. Але той шаленец зусiм не спалохаўся i нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькi грамадзян, i не толькi не адмовiўся ад сваiх разбойнiцкiх намераў, а нават не пажадаў спынiць свой язык.

Калi тыя спакойна выказалi сваё жаданне i мiрнымi словамi старалiся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсiмi багамi i жыццём дарагiх яму асоб, што яму няма нiякай справы да прысутнасцi гэтулькiх пасрэднiкаў, а свайго суседа загадвае нявольнiкам узяць за вушы i як найдалей выкiнуць з ягонай халупы.

Гэтыя словы вельмi абурылi ўсiх прысутных. Адзiн з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багаццi, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо i бедакi знаходзяць абарону ў справядлiвых законах. Яго словы аказалiся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, бiч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступенi вар'яцтва, ён закрычаў, што загадае павесiць усiх сабраных i разам з iмi ўсе законы. I тут жа загадаў спусцiць з ланцугоў велiчэзных, кормленых падлай аўчарак, якiя не раз нападалi на падарожных, i пусцiць iх на сабраных.

Як толькi пачулi сабакi прывычнае цкаванне пастухоў, раз'юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кiдаюцца на людзей i рвуць iх на кавалкi, наносячы крывавыя раны, не мiлуючы i тых, хто ратуецца ўцёкамi, а наадварот, праследуюць iх з яшчэ большым шаленствам.

37. У самай сярэдзiне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збiўшы пальцы ног, падае на зямлю i становiцца ахвярай раз'юшанай зграi. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалi няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкi, кiнулiся яму на ратунак i, закруцiўшы левую руку крысом плашча, старалiся каменнем адбiць брата ў сабак i адагнаць iх. Але нi суцiшыць раз'юшаных сабак, нi разагнаць iх iм не ўдалося, i няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцiлi багацею за яго смерць, гiне, разарваны на кавалкi. I браты, што засталiся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькi зняверыўшыся ў сваiм выратаваннi, колькi не дбаючы аб iм, кiдаюцца на багацея ў палкiм безразважным парыве i абсыпаюць яго каменнямi. Але гэты крыважэрны разбойнiк, якi i раней нарабiў нямала злачынстваў, ударам дзiды ўсярэдзiну грудзей прабiвае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап'ё, прабiўшы яго i выйшаўшы праз спiну, уваткнулася ў зямлю i, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокi i дужы нявольнiк прыскочыў забойцу на дапамогу i, размахнуўшыся, запусцiў у трэцяга юнака каменем, аднак камень закрануў яму толькi пальцы i ўпаў, не зрабiўшы нiякай шкоды.

38. Гэты зручны момант даў кемлiваму маладому чалавеку нейкую надзею на выратаванне цi на адплату. Прыкiнуўшыся, што рука ў яго пашкоджана, гаворыць ён таму бязлiтаснаму чалавеку: "Цешся загубай нашай сям'i, насычай сваю бясконцую лютасць крывёй трох братоў, праслаўляйся забойствам сваiх аднасяльчан, усё роўна, наколькi б ты нi расшыраў свае межы, колькi б зямлi нi адбiраў ты ў беднаты, нейкi сусед у цябе знойдзецца. О, каб гэта рука па несправядлiвасцi лёсу не выйшла са строю, яна б табе хутка знесла тваю галаву!"

Яшчэ горш азвярэўшы ад гэтых слоў, звар'яцелы разбойнiк схапiў меч i з жарам кiнуўся на юнака. Аднак трапiў не на слабейшага за сябе. Зусiм нечакана малады чалавек, схапiўшы яго за правую руку i вырваўшы меч, аказаў дастойнае супрацiўленне. Моцнымi ўдарамi мяча ён прымусiў яго развiтацца з гнюсным жыццём; а сам, каб не трапiць у рукi чэлядзi, якая падбягала, перарэзаў сабе горла скрываўленым варожай крывёю лязом.

Вось што прадвяшчалi тыя цуды няшчаснаму гаспадару. Але стары, на якога навалiлася столькi гора, не сказаў нi слова, не пралiў нават слязы. Ён схапiў нож, якiм разразаў для сваiх субяседнiкаў сыр i iншую ежу, i, за прыкладам свайго бяздольнага сына, наносiць сабе некалькi ран у шыю, пасля чаго валiцца на стол i змывае сваёй крывёю тыя злашчасныя плямы.

39. Расхваляваныя гiбеллю ў адну хвiлiну цэлага дому i ўздыхаючы з прычыны ўласнай няўдачы, агароднiк падзякаваў за снеданне слязьмi, i, часта ўспляскваючы пустымi рукамi, сядае на мяне, i вяртаецца дамоў па дарозе, якой мы сюды прыбылi. Аднак вяртанне не адбылося без непрыемнасцi. Сустрэўся нам нейкi бамбiза, мяркуючы з вопраткi i з выгляду салдат-легiянер, i напышлiва-нахабна пытаецца: "Куды вядзеш асла без паклажы?" А мой гаспадар, яшчэ не супакоены ад гора ды i не разумеючы лацiнскай мовы, едзе далей, нiчога не адказаўшы. Тады салдат са злосцi, палiчыўшы абразай яго маўчанне i не стрымаўшы свайго жаўнерскага нахабства, стукнуў гаспадара па галаве кiем з вiнаграднай лазы i скiнуў яго з мяне.

Агароднiк пакорлiва апраўдваецца, што не ведае лацiнскай мовы i не можа зразумець, што ён кажа. Тады салдат паўтарае па-грэцку: "Куды вядзеш гэтага асла?" Агароднiк кажа, што накiроўваецца ў суседнi горад. "А мне, – кажа той, – патрэбна яго дапамога. Трэба, каб ён разам з iншай уючнай жывёлай перавёз з суседняй крэпасцi рэчы майго камандзiра". I ўраз хапае мяне за повад i цягне за сабой. Аднак агароднiк, абцёршы з твару кроў, якая пацякла ў яго з раны на галаве пасля ўдару, пачынае ўпрошваць служаку быць ласкавым i лiтасцiвым, заклiнаючы надзеямi на шчаслiвы лёс.

"Вослiк жа гэты, – кажа ён, – ледзь ходзiць ды ад нейкай паганай хваробы штораз падае i ледзь дацягне з суседняга сяла некалькi бярэмаў гароднiны. Ён задыхаецца i ад такой працы, а каб вазiць што-небудзь, дык не можа быць пра гэта i мовы".

40. Убачыўшы, што не ўламае салдата нiякiмi просьбамi, а яму самому пагражае яшчэ большая небяспека, бо салдат зусiм раз'юшыўся i, павярнуўшы кiй таўсцейшым канцом наперад, можа вось-вось расшчапiць галаву, ён зрабiў выгляд, што нахiляецца да яго калень, каб вымалiць сабе спагаду. I ў той жа момант хапае яго за абедзве нагi, падымае iх высока ўгору, i салдат валiцца з грукатам на зямлю. А тады мой гаспадар пачынае лупцаваць яго па твары, па руках, па баках, працуючы кулакамi, локцямi i зубамi i падхопленым з дарогi каменем.

А той, апынуўшыся на зямлi, не мог адбiвацца цi нават баранiцца, а толькi няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкi. Агароднiк не прапусцiў пагрозы мiма вушэй, а адабраўшы i адкiнуўшы чым далей ягоны шырокi меч, зноў нападае на яго i дубасiць яшчэ мацней.

Салдат, лежачы дагары i знясiлеўшы ад пабояў, не бачыць iншага выйсця, як прыкiнуцца мёртвым. Тады агароднiк, захапiўшы з сабой меч, ускоквае на мяне i хуткiм крокам накiроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.

Там спыняецца ў свайго сябра i расказвае яму ўсю гiсторыю. Адначасова просiць аказаць яму ў такiх жудасных умовах дапамогу – схаваць на некалькi дзён яго i асла, каб прабыць у схове, пакуль мiне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства i ахвотна згадзiўся яму памагчы. Мне падагнулi ногi i зацягнулi па драбiне на другi паверх, а сам агароднiк нанiзе ў будане запоўз у нейкi кош i схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.

41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялiкага пахмелля i, кiваючыся, пакутуючы ад мноства ран i апiраючыся на палку, накiраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нiкому не расказаў пра здарэнне, моўчкi праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкiх сваiх сяброў, паведамiў iм аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзiлi яны, што пацярпелы будзе нейкi час хавацца ў казармах, бо апроч асабiстай абразы ён баяўся яшчэ адказнасцi за страту мяча, за абразу Генiя, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалi ўсе намаганнi, каб адшукаць нас i расплацiцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднiк, якi нас выдаў i паказаў, дзе мы знаходзiмся. Тады салдатавы сябры звярнулiся да ўладаў i зрабiлi iлжывую заяву, быццам яны страцiлi на дарозе вельмi дарагi сярэбраны келiх свайго начальнiка, а нейкi агароднiк яго знайшоў i не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блiзкага знаёмага.

На гэтай падставе чыноўнiкi, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлi да варот нашага сховiшча i голасна пачалi патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якiх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма нiякага сумнення, выдаў, бо iнакш уся вiна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусiм не спалохаўшыся i стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, нi ў чым не прызнаецца i кажа, што ўжо некалькi дзён не бачыў таго агароднiка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалi, кленучыся Генiем iмператара, што вiноўнiк хаваецца тут, а не ў iншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылi зрабiць у чалавека, якi рашуча адпiраўся, вобыск. Выпраўленым з гэтай мэтай лiктарам i iншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткi. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што нi жувой душы i нiякага асла яны ў доме не знайшлi.

42. Тут разгарэлася яшчэ гарачэйшая спрэчка. Салдаты даказвалi, што мы тут, што гэта iм дакладна вядома, i клялiся iмем Цэзара, а той заклiкаў багоў у сведкi i адмаўляў.

Пачуўшы гэту спрэчку, шум i крык, я, як асёл цiкаўны, неспакойны i дакучлiвы, выцягнуўшы i схiлiўшы набок шыю, стараюся глянуць праз акенца, што значыць гэты гоман. I раптам адзiн з салдатаў кiнуў выпадкова вокам у бок майго ценю i клiча ўсiх на яго зiрнуць. Адразу ўзняўся страшны крык, i праз хвiлiну нейкiя людзi, узлезшы па драбiне, хапаюць мяне i, як палоннага, цягнуць нанiз. А тады, не марудзячы, яшчэ больш уважлiва аглядаюць кожную шчылiну, адкрываюць той кош i знаходзяць няшчаснага агароднiка. Яго выводзяць, перадаюць у рукi ўладам, а тыя вядуць у гарадскую турму, пэўне, на тое, каб у хуткiм часе пакараць смерцю.

А з майго з'яўлення ў якасцi наглядальнiка не перастаюць рагатаць i кпiць. Адтуль i пайшла пашыраная прымаўка пра позiрк i цень асла.

КНIГА ДЗЕСЯТАЯ

1. Не ведаю, што сталася з маiм гаспадаром агароднiкам, а на наступны дзень прыйшоў той самы салдат, якi моцна паплацiўся за сваё слабасiлле, забраў мяне са стойла i, не сустрэўшы нiякага пярэчання, прывёў мяне ў сваю казарму. Тут нагрузiў мяне сваiмi манаткамi, узброiўшы i прыбраўшы цалкам па-ваеннаму, пагнаў па дарозе. Нёс я на сабе блiскучы шлем i яшчэ ярчэйшы шчыт i на завяршэнне кап'ё з даўжэзным, здалёк бачным дрэўкам. Усё гэта ён вылажыў старанна, як належыць у баявым паходзе, зверху, зразумела, не столькi дзеля ваеннай доблесцi, колькi для запалохвання бедных прахожых. Дарога iшла полем, i, прайшоўшы не вельмi цяжкi шлях, мы дабралiся да нейкага гарадка i спынiлiся не ў карчме, а ў доме нейкага дэкурыёна. Салдат здаў мяне адразу нейкаму прыслужнiку, а сам паспешлiва накiраваўся да свайго начальнiка, пад камандай якога знаходзiлася тысяча жаўнераў.

2. Праз некалькi дзён у гэтай мясцовасцi здарылася жудаснае злачынства. Яно засталося ў маёй памяцi, i я ўношу яго ў кнiгу, каб вы маглi пра яго даведацца. У гаспадара дома быў малады сын, вельмi добра выхаваны, вельмi сцiплы, пачцiвы, такi, якога б i ты, чытач, напэўна захацеў бы мець. Мацi яго даўно памерла, i бацька ажанiўся зноў. I ад другой жонкi быў у яго сын, якому ў той час iшоў трынаццаты год. Мачыха камандавала ў доме, вiдаць, больш дзякуючы сваёй знешнасцi, чым iншым якасцям.

Цi то ад прыроднай бессаромнасцi, цi кiраваная лёсам да нечуванага сораму, звярнула сваю асаблiвую ўвагу на пасынка. Ды ведай, шаноўны чытач, што я расказваю табе не казачкi, а трагiчную гiсторыю, дык заменьма камедыйныя чаравiкi на катурны. Гэта жанчына, пакуль першай сваёй ежай кармiўся немаўля Купiдон, магла супрацьстаяць яго слабым сiлам, моўчкi заглушаючы лёгкi агонь. А калi шалёны Амур пачаў бязлiтасна смалiць яе нутро, напоўнiўшы яго вар'яцкiм полымем, скарылася яна раз'юшанаму бажку i, каб схаваць душэўную рану, прыкiнулася хворай. Усiм вядома, што рэзкiя змены ў выглядзе i стане здароўя ў хворых i закаханых дакладна супадаюць. Тыя ж у iх мярцвяцкая бледнасць, стомленыя вочы, слабасць у каленях, трывожны сон i цяжкiя ўздыхi, тым больш пакутлiвыя, што праз сiлу вырываюцца з грудзей. Можна было падумаць, што i гэтай жанчыне не дае спакою толькi гарачка, каб не яе слёзы. Якiя ж невукi лекары, калi яны не разумеюць, што значыць, калi ў чалавека паскораны пульс, часта мяняецца колер твару, прыспешанае дыханне i хворы ўвесь час, не знаходзячы сабе месца, варочаецца з боку на бок! О добрыя багi, навошта быць умелым доктарам? Досыць мець хоць нейкае ўяўленне аб каханнi, каб зразумець, што творыцца з чалавекам, якi палымнее без гарачкi.

3. Нарэшце, даведзеная невыносным пачуццём да страшэннага ўзбуджэння, парушае захованую да таго часу маўклiвасць i загадвае паклiкаць да сябе сына. З якой радасцю пазбавiла б яна яго гэтага звання, каб, успамiнаючы пра ганьбу, не прыйшлося чырванець! Малады чалавек неадкладна выконвае волю мачыхi i, па-старэчы наморшчыўшы лоб, iдзе ў яе спальню, выказваючы належную паслухмянасць жонцы свайго бацькi i братавай мацi. А тая, стомленая доўгiм маўчаннем, i цяпер марудзiць, быццам сеўшы на мель сумнення. Яшчэ не зусiм страчаны сорам не дае ёй вымавiць нi аднаго слова з тых, якiя яна лiчыла найбольш для пачатку размовы адпаведнымi. А юнак, усё яшчэ не падазраючы нiчога благога, апусцiўшы вочы, сам ветлiва пытаецца аб прычыне яе хваробы. Тады яна, выкарыстаўшы iхнюю сустрэчу сам-насам, набралася адвагi i, залiваючыся слязьмi, закрыўшы твар крысом адзення, кажа яму дрыготкiм голасам:

"Уся прычына i ўся крынiца маiх цяперашнiх пакут i адначасова лякарства i адзiнае маё збаўленне – гэта ты!..

Твае вочы пранiклi ў мае вочы да глыбiнi душы i распалiлi ў маiм сэрцы жудасны пажар. Злiтуйся над той, якая праз цябе гiне! Няхай не бянтэжыць цябе пашана да бацькi, ты захаваеш жыццё яго жонкi, якая цвёрда вырашыла памерцi. У тваiм аблiччы прызнаўшы ягоны вобраз, я па закону кахаю цябе. Даверся мне! Мы адны, i часу, каб усё зрабiць, дастаткова. Тое, пра што нiхто не ведае, амаль зусiм не iснуе".

4. Гэта нечаканая прапанова збянтэжыла маладога чалавека, аднак, хоць у першую хвiлiну яго апанаваў жах ад такога ганебнага ўчынку, ён вырашыў не даводзiць мачыхi суровай адмовай да адчаю, а супакоiць яе асцярожнай прапановай адтэрмiноўкi. Ён ветлiва абяцае ёй, аднак горача ўгаворвае сабрацца з духам, ачуняць, памацнець, пакуль якая-небудзь бацькава адлучка не дасць iм магчымасцi заспакоiць гарачае пачуццё. I, пазбягаючы далейшай небяспечнай размовы, хутка пакiдае спальню мачыхi. Разумеючы, што такая сямейная бяда заслугоўвае стараннага абмеркавання, ён накiроўваецца да свайго старога выхавацеля, паважанага i разумнага чалавека.

Пасля доўгага абмеркавання справы яны вырашылi, што яму трэба чым хутчэй уцякаць ад буры, выклiканай жаночым намерам.

Але жанчына, не могучы выцерпець нават найменшай адтэрмiноўкi, прыдумала зачэпку i надзiва спрытна ўгаварыла мужа неадкладна адправiцца ў сваю найдалейшую вотчыну. Пасля гэтага, ап'янелая ад блiзкай да здзяйснення надзеi, яна патрабуе, каб юнак, як абяцаў, прыйшоў да яе i даў доказ свайго палкага пачуцця.

А малады чалавек пад рознымi прычынамi пачаў ухiляцца ад гэтай гнюснай сустрэчы.

Тады яна, зразумеўшы з яго няпэўных адказаў, што абяцанага не атрымае, iмклiва змянiла сваё злачыннае каханне ў вельмi небяспечную нянавiсць. Бярэ сабе ў хаўруснiкi паганага нявольнiка, якога атрымала некалi з пасагам, гатовага на ўсякую брудную справу, i адкрывае яму свае вераломныя планы. Яны не прыдумалi нiчога лепшага, чым загубiць беднага юнака. I вось гэты падлюга быў зараз жа пасланы на здабычу моцнай атруты, пасля чаго, падлiўшы смяротнага зелля ў вiно, мачыха рыхтуе бязвiннаму пасынку загубу.

5. Пакуль зладзюгi радзiлiся, калi i як паднесцi атруту, здарылася, што меншы хлопчык, родны сын гэтай нягоднай жанчыны, вярнуўшыся пасля ранiшнiх заняткаў дамоў i паснедаўшы, захацеў пiць. Ён знайшоў келiх з вiном i, не ведаючы пра атруту, якая ў iм была, залпам выпiў. I як толькi выпiў ён смяротны, падрыхтаваны брату, напiтак, адразу валiцца без духу на зямлю, а дзядзька, уражаны раптоўнай смерцю хлапчука, пачынае крычаць i клiкаць мацi i ўсiх хатнiх.

Хутка ўцямiлi ўсе, што хлопчык загiнуў ад яду, i вось пачалi снаваць розныя здагадкi, хто б мог зрабiць такое мярзотнае злачынства. Але гэта жорсткая жанчына, рэдкi прыклад вераломства мачыхi, не ўзрушылася нi лютай смерцю сына, нi сваiм нячыстым сумленнем, нi няшчасцем усяго дому, нi скрухай мужа, нi нават жалобай пахавання. Яна выкарыстала сямейнае гора як вельмi зручны выпадак для помсты. Неадкладна выпраўляе наўздагон за мужам, якi быў у дарозе, каб паведамiць яму пра бяду, што ўварвалася ў iхнi дом.

I не паспеў ён вярнуцца, як яна, набраўшыся небывалага нахабства, пачынае абвiнавачваць пасынка ў тым, што ён атруцiў яе сына. У сцвярджэннi гэтым была доля праўды, бо хлопчык папярэдзiў сваёй пагiбеллю тую смерць, якая прызначалася маладому чалавеку. А мачыха даказвала, нiбыта пасынак пайшоў на злачынства i загубiў малодшага брата за тое, што яна не згадзiлася на гнюснае сужыццё, да якога ён яе змушаў. Не спыняючыся на гэтай подлай iлжы, яна дабавiла, што ён пагражаў ёй мячом за тое, што яна выкрыла яго злачынства. Няшчасны муж, прыгнечаны стратай абодвух сыноў, быў зламаны цяжарам бедаў, якiя на яго навалiлiся. Ён бачыў на смяротным ложы цела малодшага сына i ведаў, што за кровазмяшэнне i забойства смяротны прыгавор пагражае i старэйшаму. А да таго крывадушны лямант вельмi каханай жонкi абуджаў у iм лютую нянавiсць да роднага сына.

6. Ледзь толькi закончылiся пахавальнае шэсце i абрады над целам яго сына, проста ад магiлы хлапчука няшчасны стары са слязамi на вачах i пасыпаючы попелам сiвыя валасы паспешлiва iдзе на гарадскую плошчу. Не ведаючы пра ашуканства нягоднай жонкi, ён плача i молiць, прыпадае нават да каленяў дэкурыёнаў, дамагаючыся асуджэння сына, якi апаганiў бацькоўскае ложа, забойцу роднага брата, злодзея, якi зрабiў замах на жыццё сваёй мачыхi. У сваёй скрусе ён выклiкаў такое спачуванне i абурэнне ў сенаце i нават у натоўпе, што ўсе выказвалiся за тое, каб, адкiнуўшы судовую валакiту, пагрэбаваўшы строгiм доказам абвiнавачання i зараней падрыхтаванымi выкрутамi абароны, тут, на месцы, зрабiць смерць укаменаваннем гэтай язвы на здаровым грамадскiм целе.

Тым часам улады зразумелi, якая небяспека пагражае iм самiм, калi слабыя iскры абурэння выклiчуць крушэнне грамадскага парадку i мяцеж. Яны ўгаворваюць дэкурыёнаў не спяшацца, уцiхамiрваюць натоўп i дабiваюцца таго, каб судаводства праходзiла належным чынам i паводле звычаю продкаў, каб прыгавор быў вынесены юрыдычна правiльна.

Павiнны быць выслуханы абодва бакi, нi адзiн чалавек не можа быць асуджаны так, як у варварскiх краiнах, дзе пануюць лютасць i тыранская самаволя, без прыняцця пад увагу яго выказвання. Нельга даць прыкладу будучым стагоддзям такой дзiкай з'явай у мiрны час.

7. Разумная думка перамагла, i зараз жа было загадана вяшчальнiку, каб ён склiкаў сенатараў i курыю. Калi яны занялi свае месцы паводле чыну i звычаю, зноў праносiцца голас вяшчальнiка, i першы выступае абвiнаваўца. Тут жа выклiкалi i ўвялi абвiнавачанага, i, паводле закону Атыкi i Марсавага судзiлiшча, вяшчальнiк аб'яўляе абаронцам, каб яны паўстрымалiся ад выступленняў i не заклiкалi да лiтасцi.

Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якiя людзi вялi памiж сабой. Аднак у якiх выразах нападаў абвiнаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвiнавачаны i, наогул, якiя былi спрэчкi бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запiсваю толькi тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусiя юрыстаў, было вырашана, што справядлiвасць абвiнавачання павiнна быць пацверджана цвёрдымi доказамi i што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклiкаць таго нявольнiка, якi адзiн толькi напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга анi не быў збянтэжаны нi сумненнямi ў ходзе гэтай справы, нi вiдам сената ў поўным зборы, нi нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесцi свае выдумкi, нiбы чыстую праўду.

Ён казаў, што яго паклiкаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхi, i, каб адпомсцiць за абразу, даручыў яму забiць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплацiць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакiнуў пасудзiну як рэчавы доказ, i пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзiва падобнае на праўду, i пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.

8. Не было мiж дэкурыёнаў нi аднаго, хто б застаўся прыхiльным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана i прыгавор можа быць толькi адзiн: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусцiць у урну свае аднолькавыя рашэннi, бо кожны напiсаў тое самае. А калi галасы сабраныя – лёс падсуднага вырашаны, нiчога змянiць нельга, i ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукi ката.

I раптам адзiн са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлiвасцi, якi карыстаўся вялiкiм уплывам, закрыў рукой адтулiну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважлiва свайго прысуду, i звярнуўся да сената з такой прамовай:

"Я ганаруся, што за ўсё сваё жыццё здабыў ваша прызнанне, i не магу дапусцiць, каб, асудзiўшы абылганага падсуднага, мы здзейснiлi яўнае забойства i каб вы, звязаныя прысягай судзiць справядлiва, будучы ўведзенымi ў зман iлжывым рабом, зрабiлiся клятвапарушальнiкамi. I я сам, вынесшы заведама несправядлiвы прысуд, патаптаў бы сваю пашану да багоў i саграшыў бы супраць свайго сумлення. Дык даведайцеся ж ад мяне, як усё адбылося.

9. Не вельмi даўно гэты нягоднiк прыйшоў да мяне, каб купiць моцнай атруты, I прапанаваў мне ў плату сто наважкiх залатых. Ён мне тлумачыў, што яд патрэбен для нейкага хворага, якi знемагае ад цяжкой невылечнай хваробы i хоча пазбавiцца ад пакутлiвага iснавання. Балбатня гэтага падлюгi i яго няскладныя тлумачэннi выклiкалi ў мяне падазрэнне, дык, зразумеўшы, што рыхтуецца нейкае злачынства, атруту я даў, але ў прадбачаннi ў будучым магчымасцi допыту прапанаваную плату ўзяў не адразу, а сказаў яму: "Каб памiж тых залатнiкоў, якiя ты мне даеш, не аказалася фальшывых, ты пакладзi iх у гэту торбачку i запячатай сваiм пярсцёнкам, а заўтра мы iх у якога-небудзь мянялы праверым". Ён згадзiўся i запячатаў грошы. Як толькi прывялi яго ў суд, я адразу выправiў аднаго свайго слугу конна дахаты па тыя грошы. Цяпер iх прынеслi, i я магу вам iх паказаць. Скажыце, як можна абвiнавачваць брата ў гатаваннi атруты, якую купляў гэты подлы раб?"

10. Тут на гэтага нягоднiка нападае немалы страх, натуральны колер твару зменьваецца смяротнай бледнасцю, па ўсiм целе выступае халодны пот. А ён то няўпэўнена пераступае з нагi на нагу, то чэша лоб, то патылiцу, мармыча праз зубы нейкiя незразумелыя словы...

Цяпер ужо нi ў кога не заставалася сумнення, што ён замяшаны ў злачынстве.

Аднак хутка загаварыла ў iм хiтрасць, i ён напорыста пачаў ад усяго адмаўляцца i даказваць, што сведчаннi лекара iлжывыя. А той, убачыўшы, як нiшчыцца годнасць правасуддзя i ўсенародна плямiцца ягоны гонар, з падвоенай энергiяй пачаў абвяргаць нягоднiка, пакуль па загаду начальства службовыя асобы не агледзелi рук подлага раба, не адабралi ў яго жалезнага пярсцёнка i не зверылi яго з пячаткай на торбачцы. Гэта параўнанне ўмацавала папярэдняе падазрэнне. Не пазбегнуў ён нi кола, нi дыбы, аднак з небывалай цярплiвасцю вытрымаў усе ўдары i нават муку агнём.

11. Тады доктар кажа: "Не дапушчу, каб, клянуся Геркулесам, вы насуперак боскiм устанаўленням пакаралi гэтага нi ў чым не вiнаватага юнака, а таксама, каб раб здзекаваўся з нашага судаводства i пазбегнуў пакарання за сваё гнюснае злачынства. Зараз я дам вам вiдавочны доказ яго вiны. Калi гэты падлюга хацеў купiць у мяне смяротны яд, я падумаў, што несумяшчальна з маёй прафесiяй каму б нi было шкодзiць, бо цвёрда ведаю, што медыцына заклiкана ратаваць людзей, а не губiць iх. Аднак, баючыся, што калi я не згаджуся выканаць яго просьбу, дык нехта iншы дасць яму смяротны напiтак i я сваёй адмовай адкрыю шлях да злачынства або ён сам выкарыстае для забойства меч цi iншую зброю, я даў яму зелле, але соннае, вядомую мандрагору, якая выклiкае глыбокi сон, падобны на смерць. Нiчога дзiўнага, што гэты разбойнiк, даведзены да мяжы адчаю, выцерпеў мукi, якiя здалiся яму лягчэйшымi за тую непазбежную кару, што паводле старога закону яму пагражае.

Калi хлопчык выпiў напiтак, падрыхтаваны маiмi рукамi, дык ён жывы, спачывае, спiць i ў хуткiм часе, скiнуўшы млявасць, вернецца на белы свет. А калi ён загiнуў, калi яго панесла смерць, тады прычыну ягонай загубы трэба будзе шукаць у iншым месцы".

12. Гэта прамова старога лекара здалася ўсiм вельмi пераканаўчай, дык адразу з вялiкай паспешлiвасцю накiроўваюцца да грабнiцы, у якой было пакладзена цела хлапчука.

Не было нi аднаго чалавека з сенатараў, са знакамiтасцяў, нi з простага народу, хто б з цiкавасцю не паспяшаўся на тое месца. Вось бацька адчыняе века труны якраз у тую самую хвiлiну, калi сын, стросшы з сябе смяротную нерухомасць, вяртаецца з краiны смерцi, моцна абымае хлопчыка i, не знаходзячы слоў, вартых гэткай радасцi, выводзiць яго да народу. I як быў хлопец абвiты пахавальнымi палотнамi, так i нясуць яго ў судзiлiшча. Злачынства паганага раба i гнюснейшай за яго жанчыны было ясна даказана, рэчаiснасць паўстае ва ўсiм сваiм непрыкрытым выглядзе.

Суд вынес прыгавор: мачысе вечнае выгнанне, а раба прыбiваюць да крыжа. Грошы, паводле аднадушнага рашэння, былi пакiнуты лекару як плата за такое цудоўнае соннае зелле.

Такi канец атрымала гэта знамянальная гiсторыя старога чалавека, якi за вельмi кароткi час, ледзь не за нязначны момант, перажыўшы пагрозу застацца бяздзетным, нечакана стаў бацькам двух сыноў.

13. А мяне тым часам вось як кiдалi хвалi лёсу. Той салдат, што мяне купiў, не пытаючыся ў прадаўца, i прысвоiў без нiякай платы, па загаду свайго трыбуна, выконваючы службовы абавязак, павiнен быў завезцi пiсьмы важнаму начальнiку ў Рым. Ён прадаў мяне за адзiнаццаць дынараў суседзям, нейкiм двум братам, якiя былi нявольнiкамi вельмi багатага пана. Адзiн з iх быў кандытарам i выпякаў хлеб i розных сартоў мядовае пячэнне, а другi быў кухарам, якi ўмеў рыхтаваць сакавiтыя мясныя стравы з надзвычай смачнымi прыправамi. Жылi яны разам, вялi агульную гаспадарку, а я павiнен быў вазiць розны посуд, якi неабходны быў iхняму гаспадару ў яго шматлiкiх падарожжах.

Так я ўступiў у гэта таварыства двух братоў у якасцi трэцяга, i нiколi дагэтуль лёс не быў да мяне такi прыхiльны. Мае гаспадары мелi звычку прыносiць у сваю каморку кожны вечар мноства ўсякiх астаткаў ад шчодрых i багатых банкетаў. Адзiн прыносiў вялiкiя кавалкi свiнiны, курацiны, рыбы i iншых страў гэтага гатунку, а другi – хлеб, пiражкi, блiны, булачкi, пячэнне i мноства мядовых прысмакаў.

Замкнуўшы сваё памяшканне, яны iшлi ў лазню асвяжыцца, а я дасыта наядаўся ежай, якая быццам звалiлася мне з неба. Бо не быў жа я такiм дурным аслом, каб, не дакрануўшыся да гэтых прысмакаў, вячэраць калючым сенам.

14. Даволi доўга мне гэтыя махлярскiя хiтрыкi ўдавалiся, бо з'ядаў я не так многа з вялiкiх запасаў i гаспадары не маглi западозрыць асла ў такiх штуках. Аднак я, цвёрда перакананы ў немагчымасцi выкрыцця, пачаў павялiчваць сваю порцыю, выбiраў сама найлепшае, з'ядаючы тлусцейшыя кавалкi i ласуючыся салодкiмi прысмакамi.

Братоў пачало трывожыць моцнае падазрэнне, i хоць iм на думку не прыходзiла, каб я быў да нечага падобнага здатны, яны пастаралiся высачыць вiноўнiка штодзённых прапажаў. Пачалi падазраваць адзiн аднаго ў гнюсным крадзяжы, узмацнiлi сачэнне, падвоiлi пiльнасць i нават пералiчылi кавалкi. Нарэшце адзiн з iх перастаў саромецца i кажа другому:

"З твайго боку так рабiць не вельмi справядлiва i чалавечна – красцi лепшыя часткi i, прадаўшы iх, цiшком збiраць грошыкi, а пасля патрабаваць, каб тое, што застанецца, дзялiць пароўну. Калi табе не падабаецца весцi супольную гаспадарку, дык можна ў гэтым пункце раздзялiцца, а ў астатнiм захаваць братнiя адносiны. Бо калi мы будзем так доўга дзьмуцца адзiн на аднаго з-за гэтых прапажаў, дык можам зусiм пасварыцца". А другi адказвае: "Клянуся Геркулесам, мне падабаецца такое нахабства, ты ў мяне з языка сарваў гэтыя скаргi на штодзённыя крадзяжы. Хоць я i быў засмучаны, але маўчаў увесь час, бо мне было сорамна вiнавацiць роднага брата ў дробным зладзействе. Выдатна выказалi мы абодва свае думкi, а цяпер трэба шукаць спосабу, як памагчы бядзе, каб наша маўклiвая варожасць не давяла нас да баёў Этэокла i Палiнiка".

15. Абмяняўшыся такiмi папрокамi, абодва паклялiся, што не займалiся ашуканствам, не кралi, i пастанавiлi агульнымi сiламi знайсцi шкоднiка, якi прычыняе iм страты. Нельга было падумаць, каб асёл, якi толькi адзiн заставаўся дома, мог харчавацца такой ежай цi каб у iхнюю каморку заляталi гарпii такой велiчынi, як гарпii, што выкрадалi некалi ежу ў Фiнея. А вось лепшыя кавалкi штодня знiкалi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю