Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
Канец гэтай гісторыі і пачатак усіх астатніх
Вам не спатрэбяцца пярсцёнкі, калі я з вамі,– мовіў голас Аслана.
Дзеці міргнулі і азірнуліся. Яны зноў апынуліся ў Лесе Паміж Сусветамі. Дзядзька Эндру ляжаў на траве і ўсё яшчэ спаў; Аслан стаяў побач з імі.
– Хадзем,– сказаў Аслан.– Вам час вярнуцца назад. Але спачатку я хачу паказаць вам дзве рэчы: засцярогу і прыказанне. Паглядзіце сюды, дзеці.
Яны паглядзелі і ўбачылі ямінку з сухім дном, зарослым травой.
– Калі вы апошні раз былі тут,– загаварыў Аслан,– гэтае паглыбленне было азярком, і, скокнуўшы ў яго, вы трапілі ў свет, дзе паміраючае сонца ззяла над руінамі Чарна. Цяпер азярка няма. Гэтаму свету прыйшоў канец, нібыта ён ніколі і не існаваў. Хай нашчадкі Адама і Евы сцерагуцца.
– Добра, Аслан,– адказалі дзеці.
Полі дадала:
– Але наш свет не такі кепскі, як той, праўда, Аслан?
– Пакуль не, дачка Евы,– сказаў ён.– Пакуль не. Але вы робіцеся ўсё больш падобнымі да яго. I нельга выключыць, што нейкі злодзей з вашай расы вынайдзе сакрэт, такі ж жахлівы, як Непапраўнае Слова, і выкарыстае яго, каб знішчыць усё жывое. I хутка, вельмі хутка, да таго, як вы пастарэеце, вялікімі народамі ў вашым свеце будуць кіраваць тыраны, якіх шчасце, справядлівасць і літасць турбуюць не больш, чым імператрыцу Джадзіс. Хай ваш свет сцеражэцца. А цяпер прыказанне. Так хутка, як толькі здолееце, забярыце ў свайго дзядзькі магічныя пярсцёнкі і закапайце іх, каб ніхто не змог ізноў імі скарыстацца.
Пакуль Леў казаў гэтыя словы, дзеці глядзелі яму ў твар. I раптоўна (яны так ніколі і не зразумелі, як гэта адбылося) ягоны твар стаў падобным да залатога мора, у якім яны плылі. I гэткая ласка і магутнасць ахінулі і напоўнілі іх, што дзеці адчулі, быццам ніколі дагэтуль яны не былі насамрэч шчаслівыя, ці мудрыя, ці добрыя, ці нават жывыя і прытомныя. Успамін пра той момант застаўся з імі назаўсёды. Таму ўсё сваё жыццё, калі яны былі засмучаныя, ці напалоханыя, ці злосныя, яны думалі пра гэтую залатую дабрыню. I адчуванне, што яна ўсё яшчэ тут, зусім побач, дзесьці за паваротам ці за нейкімі дзвярыма, вярталася, і глыбока ўнутры яны ўпэўніваліся, што ўсё добра. У наступную хвіліну ўсе трое (дзядзька Эндру якраз прачнуўся) зваліліся ў шум, гарачыню і рэзкія пахі Лондана.
Яны стаялі на ходніку каля дзвярэй дома Кэтэрлі, і, за выключэннем таго, што Вядзьмаркі, возніка і каня больш не было, усё было дакладна такім жа, як і ў момант іх знікнення. Стаяў ліхтар без аднаго прута, валяліся рэшткі двухколкі, і заставаўся натоўп. Усе яшчэ размаўлялі, і людзі станавіліся на калені побач з параненым паліцэйскім, кажучы ўсялякія рэчы кшталту: “Ён зараз ачуняе”, ці “Як ты, сябра?” ці “Доктар будзе тут вось-вось”.
“Неверагодна! – падумаў Дыгары.– Уся прыгода зусім не заняла часу”.
Большасць людзей шалёна азіраліся навокал, спрабуючы знайсці Джадзіс і каня. Ніхто не звярнуў аніякай увагі на дзяцей, бо ніхто не бачыў, як яны зніклі, і ніхто не заўважыў, як яны вярнуліся. Што да дзядзькі Эндру, з-за стану яго вопраткі і мёду на твары яго ніхто не мог бы пазнаць. На шчасце, уваходныя дзверы ў дом былі адчыненыя, і ў іх стаяла служанка, якая назірала за відовішчам (ну і дзень быў у гэтай дзяўчыны!), таму дзецям было няцяжка запхнуць дзядзьку Эндру ўнутр яшчэ да таго, як хтосьці пачаў задаваць нейкія пытанні.
Дзядзька панёсся наверх па лесвіцы, і спачатку дзеці вельмі спужаліся, што ён адразу пойдзе на гарышча і захоча схаваць астатнія пярсцёнкі. Але ім не варта было хвалявацца. Ён думаў пра бутэльку, што была ў яго шафе, і адразу ж знік у сваім пакоі, замкнуўшы дзверы. Дзядзька Эндру зноў выйшаў адтуль у халаце (варта зазначыць, вельмі няхутка) і пайшоў наўпрост у ванную.
– Можаш узяць астатнія пярсцёнкі, Полі? – запытаўся Дыгары.– Я хачу пайсці да маці.
– Добра. Пабачымся пазней,– сказала Полі і загрукатала абцасамі па лесвіцы на гарышча.
Дыгары пачакаў хвілінку, каб аддыхацца, і ціха зайшоў у матчын пакой. Яна ляжала такая, як ён бачыў яе шмат разоў, абапіраючыся на падушкі, з тонкім, бледным тварам, гледзячы на які хацелася плакаць. Дыгары дастаў з кішэні Яблык Жыцця.
I дакладна як Джадзіс у нашым свеце выглядала не так, як у сваім, так і садавіна з горнага саду таксама выглядала інакш. Вядома, у пакоі было шмат каляровых рэчаў: каляровая капа на ложку, шпалеры, сонечнае святло з вакна і матчына прыгожая блакітная начная кашуля. Але ў той момант, калі Дыгары выняў Яблык з кішэні, здалося, што ўсе рэчы ў параўнанні з ім зусім бляклыя. Усё, нават сонечнае святло, выглядала слабым і цьмяным. Яблык адкідваў зайчыкі на столь. Нішто іншае проста не было вартае ўвагі. I пах Яблыка Жыцця быў такі, нібыта ў пакоі было акно, што адчынялася ў Нябёсы.
– О, дарагі мой, які цудоўны яблык,– усміхнулася маці Дыгары.
– Ты з’ясі яго, праўда? Калі ласка,– сказаў Дыгары.
– Я не ведаю, што сказаў бы доктар,– адказала яна.– Але, думаю... ён бы дазволіў.
Дыгары пачысціў яблык, парэзаў і стаў даваць маці лустачку за лустачкай. I, толькі з’еўшы яго, яна ўсміхнулася, адкінулася назад на падушку і заснула: сапраўдным, лагодным сном, якога яна прагнула больш за ўсё на свеце, без усялякіх гэтых агідных таблетак. I цяпер Дыгары быў упэўнены, што яе твар выглядаў крыху па-іншаму. Ён нахіліўся, вельмі асцярожна пацалаваў яе і выслізнуў з пакоя, забраўшы сарцавіну яблыка з сабой. Усю рэшту дня, калі ён глядзеў на рэчы навокал і бачыў, якія звычайныя і нечароўныя яны былі, ён амаль траціў надзею, але калі ўзгадваў твар Аслана, надзея вярталася да яго.
У той вечар ён закапаў сарцавіну ад Яблыка ў садзе за домам.
Наступнай раніцай, калі доктар прыйшоў на звычайны агляд, Дыгары перагнуўся праз парэнчы, каб паслухаць. Ён пачуў, як доктар выйшаў з цёткай Лэці і сказаў:
– Міс Кэтэрлі, гэта самы незвычайны выпадак, які я сустракаў за ўсю сваю медыцынскую практыку. Гэта... гэта як цуд. Зараз я нічога не буду казаць хлопчыку, не трэба абуджаць марных спадзяванняў. Але як на мяне...– тут яго голас стаў занадта ціхім, каб яго можна было пачуць.
Пасля абеду Дыгары спусціўся ў сад і прасвістаў сакрэтны сігнал, пра які яны дамовіліся з Полі (у яе не атрымалася вярнуцца ўчора).
– Як маецеся? – спыталася Полі, гледзячы паверх мура.– Я маю на ўвазе тваю маці.
– Я думаю, усё будзе добра,– адказаў Дыгары.– Але, калі ты не супраць, я не хацеў бы пакуль гаварыць пра гэта... А што з пярсцёнкамі?
– Я забрала ўсе,– сказала Полі.– Глядзі, усё добра, я ў пальчатках. Давай закапаем іх.
– Так, давай. Я пазначыў месца, дзе закапаў учора сарцавіну ад Яблыка.
Полі пералезла праз мур, і яны разам пайшлі туды. Але, як высветлілася, Дыгары не трэба было нават пазначаць месца. Там нешта праклюнулася. Яно не расло так хутка, як новыя дрэвы ў Нарніі, але ўжо добра паднялося над зямлёй. Яны ўзялі рыдлёўку і закапалі ўсе чароўныя пярсцёнкі, разам са сваімі, вакол дрэва.
Прыкладна праз тыдзень пасля гэтага стала дакладна зразумела, што маці Дыгары становіцца лепш. Праз два тыдні яна магла сядзець у садзе. А праз месяц увесь дом стаўся іншым. Цётка Лэці рабіла ўсё, што падабалася маці Дыгары: вокны расчынілі, затхлыя фіранкі адсунулі, каб асвятліць пакоі, паўсюль былі новыя кветкі, на абед гатавалі смачныя стравы, старое фартэп’яна наладзілі, і маці ізноў пачала спяваць і так гуляла з Дыгары і Полі, што цётка Лэці казала:
– Кажу табе, Мэйбл, з вас траіх ты найбольшае дзіця!
Калі справы ідуць кепска, вы заўважаеце, што звычайна яны ідуць усё горш і горш на працягу пэўнага часу, але, калі аднойчы справы пачынаюць ісці добра, яны часта становяцца ўсё лепей і лепей, не абмяжоўваючыся ў часе. Недзе праз шэсць тыдняў такога цудоўнага жыцця прыйшоў доўгі ліст ад бацькі з Індыі, у якім былі дзівосныя навіны. Стары стрыечны дзед Кёрк памёр, і гэта азначала, што бацька зрабіўся вельмі заможны. Ён збіраўся сысці на пенсію і назаўжды вярнуцца з Індыі дадому. I цяпер старажытны вялікі дом за горадам, пра які Дыгары чуў усё сваё жыццё, але ніколі не бачыў, будзе належаць ім; вялікі дом з рыцарскімі даспехамі, стайнямі, псярнямі, ракой, паркам, аранжарэямі, вінаграднікамі, лясамі і гарамі за імі. Так што Дыгары адчуваў, як адчуваў бы і кожны на яго месцы, што жыць яны цяпер будуць доўга і шчасліва. Але, магчыма, вы хацелі б даведацца яшчэ пра тое-сёе.
Полі і Дыгары заўсёды заставаліся добрымі сябрамі, і амаль кожныя вакацыі Полі прыязджала ў цудоўны загарадны дом Кёркаў; там яна навучылася ездзіць верхам, плаваць, даіць кароў, пячы і лазіць па дрэвах.
У Нарніі звяры жылі ў вялікім супакоі і радасці, і ані Вядзьмарка, ані які іншы вораг не турбаваў гэтую добрую зямлю шмат стагоддзяў. Кароль Фрэнк, Каралева Хэлен і іх дзеці шчасліва жылі ў Нарніі, і іх другі сын стаў Каралём Архэнлэнда.
Хлопцы жаніліся з німфамі, а дзяўчаты выходзілі замуж за лясных і рачных багоў.
Ліхтар, які пасадзіла Вядзьмарка (не ведаючы пра тое), ззяў у нарнійскім лесе дзень і ноч, таму тое месца, дзе ён рос, сталі называць Ліхтарнай Прагалінай, і калі праз шмат год іншая дзяўчынка з нашага свету трапіла ў Нарнію снежным вечарам, ліхтар усё яшчэ гарэў. I гэтая прыгода была ў нейкім сэнсе звязаная з тымі, пра якія я вам толькі што распавёў.
Гэта было так. Дрэва, якое вырасла з Яблыка, што пасадзіў Дыгары ў садзе за домам, стала вялікае і прыгожае. Яно расло ў глебе нашага свету, далёка ад гуку голасу Аслана і маладога паветра Нарніі, таму не прынесла яблыкаў, што маглі б вярнуць да жыцця смяротна хворую жанчыну, як гэта адбылося з маці Дыгары. Тым не менш, яго яблыкі былі прыгажэйшымі за ўсе іншыя яблыкі ў Брытаніі і былі надзвычай карысныя, нягледзячы на тое, што не былі цалкам чароўныя. Але ўнутры, у самай сваёй сарцавіне, дрэва (калі можна так сказаць) ніколі не забывалася на тое іншае дрэва ў Нарніі, ад якога яно паходзіла. Часам яно загадкава варушылася, калі не было ветру. Я мяркую, гэта здаралася тады, калі ў Нарніі дзьмулі моцныя вятры, і ангельскае дрэва дрыжэла, бо нарнійскае дрэва гайдалася і гнулася пад моцным паўднёва-заходнім штармавым ветрам. Як бы там ні было, пазней высветлілася, што ў яго драўніне ўсё яшчэ была магія. Бо калі Дыгары быў даволі-такі сталага ўзросту (да таго часу ён стаў вядомым навукоўцам, прафесарам і вялікім вандроўнікам) і стары дом Кэтэрлі стаў належаць яму, па ўсім поўдні Ангельшчыны быў моцны шторм, які зламаў дрэва. Дыгары не мог дапусціць, каб яблыню проста пасеклі на дровы, таму зрабіў з часткі дрэва шафу, якую паставіў у сваім вялікім доме. I хаця ён сам не адкрыў чароўныя якасці той шафы, гэта зрабіў нехта іншы. Вось такі быў пачатак усіх вандровак туды і назад паміж Нарніяй і нашым светам, пра якія вы можаце прачытаць у іншых кнігах.
Пераехаўшы жыць у вялікі дом за горадам, Дыгары і яго сям’я забралі з сабой дзядзьку Эндру, бо бацька Дыгары сказаў: “Мы мусім паспрабаваць утрымаць старога ад шкоды, і гэта несправядліва, што бедная Лэці заўсёды мусіць клапаціцца пра яго”. Дзядзька Эндру ніколі больш не спрабаваў аніякай магіі да канца свайго жыцця. Ён вывучыў урок і ў старым узросце стаў больш прыемным і менш эгаістычным чалавекам, чым раней. Але ён заўсёды любіў завесці гасцей у більярдны пакой і распавядаць ім гісторыі пра загадкавую лэдзі, замежную каралеўскую асобу, з якой ён ездзіў па Лондане.
– У яе быў д’ябальскі характар,– казаў ён.– Але яна была шалёна прыгожай жанчынай, сэр, шалёна прыгожай жанчынай.