Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)
Непапраўнае Слова
Дзеці ўсё стаялі насупраць адно аднаго каля калоны, над якой, усё яшчэ дрыжучы, але без аніякага гуку, вісеў звон. Раптам яны пачулі ціхі гук з непашкоджанага канца пакоя. З хуткасцю маланкі яны азірнуліся, каб паглядзець, што гэта.
Адна з постацяў у мантыі, самая далёкая, жанчына, якая падалася Дыгары такой прыгожай, падымалася з крэсла. Калі яна паднялася, дзеці ўбачылі, што яна нават вышэйшая, чым здавалася напачатку. I было зразумела, не толькі з-за кароны і мантыі, але па ззянні вачэй і выгіне вуснаў, што гэта каралева. Яна агледзела пакой, пабачыла дзяцей, але па яе твары немагчыма было здагадацца, што яна падумала і ці здзівілася. Каралева шырокімі крокамі падышла бліжэй.
– Хто пабудзіў мяне? Хто зняў заклён? – запыталася яна.
– Гэта, напэўна, я,– прамовіў Дыгары.
– Ты! – сказала Каралева, паклаўшы рукі яму на плечы – белыя, прыгожыя рукі, але Дыгары адчуў, што яны моцныя, як сталёвыя абцугі.– Ты? Але ж ты толькі дзіця, звычайнае дзіця. Любому зразумела, што ў тваіх жылах няма і кроплі каралеўскай ці шляхецкай крыві. Як ты наважыўся ўвайсці ў гэты дом?
– Мы прыйшлі з іншага свету дзякуючы магіі,– патлумачыла Полі, якая вырашыла, што Каралеве ўжо час звярнуць увагу і на яе, а не толькі на Дыгары.
– Гэта праўда? – запыталася Каралева, працягваючы глядзець на Дыгары і нават не зірнуўшы на Полі.
– Так, праўда,– адказаў ён.
Каралева ўзяла яго за падбароддзе, каб лепей бачыць ягоны твар. Дыгары паспрабаваў таксама глядзець на яе, але адразу апусціў вочы. У ёй было нешта мацнейшае за яго. Уважліва разгледзеўшы твар Дыгары, Каралева адпусціла яго падбароддзе і вымавіла:
– Ты не чараўнік. На табе няма пазнакі. Ты, пэўна, толькі служка чараўніка. Вы трапілі сюды праз магію кагосьці іншага.
– Гэта быў мой дзядзька Эндру,– сказаў Дыгары.
У гэтае імгненне не ў самім пакоі, але дзесьці зусім блізка пачуўся спачатку грукат, пасля скрыгат, а потым роў падаючых камянёў, і падлога задрыжала.
– Тут небяспечна,– сказала Каралева.– Палац рассыпаецца. Калі мы не выберамся адсюль, то праз пару хвілін будзем пахаваныя пад руінамі.
Казала яна пра гэта вельмі спакойна. “Хадзем”,– дадала яна і ўзяла дзяцей за рукі. Полі, якой Каралева не падабалася, не хацела, каб яе бралі за руку. Але, нягледзячы на тое, што Каралева гаварыла спакойна, рухалася яна вельмі хутка. Раней, чым Полі зразумела, што адбываецца, моцная рука схапіла яе.
“Жудасная жанчына,– падумала Полі.– Яна, калі захоча, зломіць маю руку адным рухам. I цяпер, калі яна трымае мяне за левую руку, я не магу дастаць жоўты пярсцёнак. Калі я паспрабую дацягнуцца да левай кішэні правай рукой, яна адразу заўважыць і запытаецца, што я раблю. Ні ў якім разе нельга, каб яна даведалася пра пярсцёнкі. Вельмі спадзяюся, што ў Дыгары хопіць розуму маўчаць... Калі б толькі ў мяне быў шанец перамовіцца з ім”.
Каралева вывела іх з Залы Постацяў у доўгі калідор і павяла праз лабірынт залаў, лесвіц і двароў. Зноў і зноў яны чулі, як абрынаюцца часткі вялікага палаца, часам даволі блізка ад іх. Адна з велізарных арак з громападобным грукатам абвалілася, як толькі яны прайшлі праз яе.
Каралева ішла хутка – дзецям даводзілася бегчы, каб паспяваць. Але па ёй было відаць, што яна не баіцца. Дыгары падумаў: “Яна неверагодна смелая. I моцная. Сапраўдная каралева! Я вельмі спадзяюся, што яна распавядзе нам гісторыю гэтага месца”.
I яна сапраўды распавядала ім некаторыя рэчы, пакуль яны ішлі.
“Гэтыя дзверы вядуць ў сутарэнні,– казала яна.– Гэты праход вядзе да галоўных камер катаванняў”, або: “Тут была старая банкетная зала, куды мой прадзед запрасіў сямсот шляхцічаў на банкет і забіў іх усіх яшчэ да таго, як яны напіліся. У іх быў намер падняць паўстанне”.
Нарэшце яны прыйшлі ў найвялікшую і найвышэйшую залю з усіх, якія дзеці дагэтуль бачылі. З-за яе памераў і вялікіх дзвярэй у дальнім канцы Дыгары падумаў, што яны прыйшлі да галоўнага ўваходу. I ён меў рацыю. Дзверы былі цьмяна-чорныя, з чорнага дрэва ці з нейкага чорнага металу, якога ў нашым свеце няма. Яны былі замкнёныя на таўшчэзныя засаўкі, большасць якіх была занадта высока, каб дастаць. “Як жа яны адчыняюцца?” – падумаў Дыгары.
У гэты час Каралева адпусціла іх рукі і падняла свае. Яна выцягнулася ва ўвесь рост і застыла нерухома. Потым сказала штосьці, чаго яны не зразумелі (але гучалі тыя словы жахліва), і зрабіла рух, быццам нешта кінула ў бок дзвярэй. Высокія і цяжкія дзверы на секунду задрыжалі, а пасля рассыпаліся ўшчэнт, і ад іх не засталося нічога, акрамя купкі пылу на парозе.
Дыгары прысвіснуў.
– Ці мае твой гаспадар чараўнік, твой дзядзька, сілу, як мая? – запыталася Каралева, ізноў моцна схапіўшы Дыгары за руку.– Гэта я дазнаюся пазней. А пакуль запомніце, што вы пабачылі. Так здараецца з рэчамі і людзьмі, якія заступаюць мне дарогу.
Праз дзвярны праём, цяпер пусты, лілося святло, і калі Каралева правяла дзяцей скрозь брамы, яны не здзівіліся таму, што апынуліся на вуліцы. Вецер, сцюдзёны і затхлы, дзьмуў у твар. Яны сталі на высокай тэрасе, а ўнізе ляжала дзівоснае наваколле.
Над самым даляглядам вісела аграмаднае чырвонае сонца, нашмат большае і старэйшае за нашае. Яно быццам бы дажывала свой век, стомленае ад гэтага свету. Злева ад сонца і значна вышэй яскрава свяціла вялікая зорка. Толькі гэтыя дзве рэчы былі на цёмным небе; яны выглядалі гнятліва. А на зямлі ва ўсе бакі, наколькі хапала зроку, раскінуўся велізарны горад, у якім не было заўважна ніводнай жывой душы. I ўсе храмы, вежы, палацы, піраміды і масты адкідвалі доўгія вусцішныя цені. Некалі праз горад цякла вялікая рака, але цяпер гэта быў проста шырокі канал з шэрым пылам.
– Глядзіце ўважліва на тое, чаго ніхто больш ніколі не ўбачыць,– сказала Каралева.– Гэта быў Чарн, магутны горад, горад Цара Цароў, з якога дзівіўся ўвесь свет, магчыма, усе сусветы. Хлопчык, твой дзядзька кіруе горадам, такім жа вялікім, як гэты?
– Не,– адказаў Дыгары. Ён збіраўся патлумачыць, што дзядзька Эндру не кіруе аніякім горадам, але Каралева працягвала:
– Цяпер тут цішыня. Але я стаяла тут, калі ўсё паветра поўнілася гукамі Чарна: тупатам ног, рыпеннем колаў, шчоўканнем бізуноў і стогнамі рабоў, громам калясніц і боем барабанаў, калі ў храмах прыносіліся ахвяры. Я была тут (гэта быў амаль канец), калі роў бітвы падымаўся над кожнай вуліцай і рака Чарна сталася чырвонай.– Яна замаўчала і дадала: – Але адна жанчына знішчыла ўсё навечна.
– Хто? – запытаўся Дыгары слабым голасам; але ён ужо здагадаўся.
– Я,– адказала Каралева.– Я, Джадзіс, апошняя Каралева, Каралева Свету.
Двое дзяцей стаялі моўчкі, дрыжучы ад сцюдзёнага ветру.
– У гэтым вінаватая мая сястра,– сказала Каралева.– Яна вымусіла мяне гэта зрабіць. Хай праклён усіх сілаў будзе на ёй назаўжды! Я была гатовая да міру ў любы момант! Я нават была гатовая захаваць яе жыццё, калі б яна толькі пакінула мне трон. Але яна не захацела. Яе гонар загубіў увесь свет. З пачаткам вайны было заключана пагадненне, што ніводзін з бакоў не будзе выкарыстоўваць Магію. Але яна парушыла абяцанне, што я магла зрабіць? Дурніца! Нібыта яна не ведала, што ў мяне больш Магіі, чым у яе! Яна нават ведала, што я валодаю сакрэтам Непапраўнага Слова. Ці яна думала, што я не скарыстаю яго?
– А што гэта такое? – запытаўся Дыгары.
– Таямніца з таямніц,– сказала Каралева Джадзіс.– Вялікія каралі нашага роду даўно ведалі, што ёсць слова, якое, калі сказаць яго з патрэбнымі абрадамі, знішчыць усё жывое, акрамя таго, хто яго вымавіў. Але старажытныя каралі былі занадта слабымі ды мяккімі, яны звязалі сябе і нашчадкаў страшнай клятвай: ніколі не шукаць ведання гэтага слова. Я даведалася яго ў таемным месцы і заплаціла за гэта жахлівым коштам. Я не выкарыстоўвала яго, пакуль сястра не змусіла мяне. Я змагалася супраць яе ўсімі іншымі сродкамі. Кроў маіх войскаў лілася, як вада...
“Пачвара!” – падумала Полі.
– Апошняя вялікая бітва,– сказала Каралева,– кіпела тры дні. Тут, у самім Чарне. Тры дні я глядзела на яе якраз адсюль. Я не выкарыстоўвала сваю сілу, пакуль апошні мой жаўнер не загінуў і тая праклятая жанчына, мая сястра, на чале сваіх паўстанцаў не паднялася да сярэдзіны вялікай лесвіцы, якая вяла ад горада да гэтай тэрасы. Яна наблізілася да мяне, зірнула сваімі жудаснымі, подлымі вачыма і сказала: “Перамога!” “Так,– сказалая.– Толькі не твая”. I тады я прамовіла Непапраўнае Слова. У той жа момант я засталася адзінай жывой істотай пад сонцам.
– А як жа людзі? – выдыхнуў Дыгары.
– Якія людзі, хлопчык? – запыталася Каралева.
– Усе простыя людзі,– сказала Полі,– якія нічога ніколі вам не зрабілі: жанчыны, дзеці... I жывёлы.
– Ты не разумееш? – перапытала Каралева (працягваючы размаўляць з Дыгары).– Я была Каралевай. Яны – мае падданыя. Навошта ж яшчэ яны былі, акрамя таго, як спаўняць маю волю?
– Усё ж ім не пашанцавала,– сказаў Дыгары.
– Я забылася, што ты толькі звычайны хлопчык. Ты не ведаеш, што такое дзяржаўныя справы. Ты мусіш зразумець, дзіця: што непрымальнае для цябе ці для іншага звычайнага чалавека, прымальнае для такой вялікай Каралевы, як я. На нашых плячах цяжар свету. Мы мусім быць вольныя ад усіх правілаў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс.
Дыгары раптам узгадаў, што дзядзька Эндру ўжыў менавіта такія ж словы. Але яны гучалі значна больш пераканаўча, калі іх вымавіла Каралева Джадзіс. Магчыма, таму, што дзядзька Эндру не быў так асляпляльна велічны.
– I што вы тады зрабілі? – запытаўся Дыгары.
– Я наклала моцны заклён на залу, у якой знаходзяцца постаці маіх продкаў. Таму я заснула сярод іх і магла спаць, хаця б прайшла тысяча год да таго, як нехта прыйдзе, ударыць у звон і абудзіць мяне.
– Гэта Непапраўнае Слова зрабіла сонца такім? – запытаўся Дыгары.
– Якім “такім”? – мовіла Джадзіс.
– Вялікім, чырвоным і халодным.
– Яно заўсёды такое,– адказала Джадзіс.– Прынамсі, сотні тысяч год. Ці ў вашым свеце сонца іншае?
– Так, яно меншае і жаўцейшае. I ад яго нашмат больш цеплыні.
– А-а-а,– працягнула Каралева. I Дыгары заўважыў на яе твары такі ж самы прагны выраз, які нядаўна бачыў на твары дзядзькі Эндру.– Значыцца,– сказала яна,– ваш свет маладзейшы.
Яна замаўчала на імгненне, каб яшчэ раз паглядзець на спустошаны горад. Калі яна і шкадавала пра тое зло, якое зрабіла, то зусім не паказвала гэтага. Затым сказала:
– Цяпер давайце выпраўляцца. Тут, напрыканцы ўсіх вякоў, занадта халодна.
– Выпраўляцца куды? – удваіх запыталіся дзеці.
– Куды? – здзіўлена перапытала Джадзіс.– У ваш свет, вядома.
Полі і Дыгары ў жаху зірнулі адно на аднаго. Полі з самага пачатку не спадабалася Каралева, і нават Дыгары, пасля таго як пачуў усю гісторыю, адчуваў, што ўжо дастаткова даведаўся пра гэтую дзіўную жанчыну. Ён ніколі не запрасіў бы такога чалавека дадому. Яны хацелі выбрацца самі, але Полі не магла дацягнуцца да свайго пярсцёнка, і, вядома, Дыгары не мог выправіцца без яе. Ён моцна пачырванеў і пачаў заікацца.
– Н-н-наш свет? Я не ведаў, што вы захочаце адправіцца туды.
– А для чаго яшчэ вас паслалі сюды, як не прывесці мяне? – запыталася Джадзіс.
– Я ўпэўнены, вам зусім не спадабаецца наш свет,– сказаў Дыгары.– Так, Полі? Там вельмі сумна, няма на што паглядзець, праўда.
– Хутка там будзе на што паглядзець, калі я стану кіраваць ім,– адказала Джадзіс.
– Але вы не можаце,– сказаў Дыгары.– У нас усё не так. Вам не дазволяць, ведаеце.
Каралева пагардліва ўсміхнулася:
– Шмат якія каралі думалі, што здолеюць выстаяць супраць Дому Чарна. Але яны ўсе палі, і нават іх імёны забытыя. Дурны хлопец! Не міне і года, як я, з маёй прыгажосцю і Магіяй, пакладу ўвесь ваш свет да сваіх ног! Рыхтуйце свае заклёны і перанясіце мяне туды зараз жа.
– Гэта проста жах,– сказаў Дыгары Полі.
– Магчыма, ты баішся за свайго дзядзьку,– адказала Джадзіс.– Але калі ён ушануе мяне, то захавае жыццё і трон. Я не збіраюся змагацца з ім. Ён, відаць, вельмі магутны чараўнік, калі знайшоў, як даслаць вас сюды. Ён кароль усяго вашага свету ці толькі яго часткі?
– Ён увогуле не кароль,– вымавіў Дыгары.
– Ты хлусіш,– сказала Каралева.– Магія заўсёды перадаецца з каралеўскай крывёй. Звычайны чалавек не можа быць чараўніком. Значыць, твой дзядзька – вялікі кароль і вялікі чараўнік твайго свету. Дзякуючы свайму майстэрству ён пабачыў мой твар у нейкім магічным люстры ці зачараваным возеры і, захоплены маёй прыгажосцю, стварыў магутны заклён, які скалануў ваш свет да самых падвалінаў. Ён даслаў вас сюды, праз бездань паміж сусветамі, каб знайсці маю прыхільнасць і прывесці мяне да яго. Адказвай: так і было?
– Ну, не зусім,– сказаў Дыгары.
– Не зусім?! – крыкнула Полі.– Ты што? Гэта ж суцэльная лухта ад пачатку да канца!
– Нягодніца! – закрычала раз’юшаная Каралева, павярнуўшыся да Полі і схапіўшы яе за валасы, блізка да каранёў, дзе найбольш балюча. Але, зрабіўшы так, яна выпусціла рукі абодвух дзяцей.
– Давай! – гукнуў Дыгары, і Полі крыкнула:
– Хутчэй!
Яны засунулі рукі ў левыя кішэні. Як толькі дзеці дакрануліся да пярсцёнкаў, увесь гэты вусцішны свет знік з вачэй. Яны імкліва несліся ўверх, і цёплае зялёнае святло над іх галовамі набліжалася.
У дзядзькі Эндру пачынаюцца непрыемнасці
Пусці! Пусці! – крычала Полі.
– Я цябе не чапаю! – адказаў Дыгары.
Іх галовы паказаліся на паверхні. Наўкол ізноў была сонечная цішыня Лесу Паміж Сусветамі. Пасля руінаў палаца, якія яны толькі што пакінулі, лес выглядаў яшчэ больш цёплым і мірным. Я думаю, калі б у дзяцей была магчымасць, яны б зноў забыліся, хто яны і адкуль, прылеглі і, напалову заснуўшы, з асалодай слухалі, як растуць дрэвы. Але гэтым разам адна рэч прымусіла іх адкінуць супакой і дрымоту: яны зразумелі, што не адны. Каралева, ці Вядзьмарка (называйце яе, як вам падабаецца), перанеслася з імі, учапіўшыся за валасы Полі. Вось таму дзяўчынка і крычала: “Пусці!”
Дарэчы, гэта выявіла яшчэ адну якасць пярсцёнкаў, пра якую дзядзька Эндру не сказаў Дыгары, бо сам не ведаў. Каб пераскокваць са свету ў свет, не абавязкова самому надзяваць пярсцёнак ці датыкацца да яго. Дастаткова дакрануцца да таго, хто кранаецца пярсцёнка. У гэтым сэнсе яны спрацоўвалі як магніты. Усім вядома: калі падчапіць шпільку магнітам, любая іншая шпілька, якая датыкнецца да першай, таксама прычэпіцца.
Цяпер, у лесе, Каралева Джадзіс выглядала інакш. Яна была значна бялейшая, чым раней. Настолькі, што ад яе прыгажосці амаль нічога не засталося. Яна згорбілася, і, здавалася, ёй было цяжка дыхаць, нібыта паветра гэтага месца душыла яе. Ніхто з дзяцей цяпер зусім яе не баяўся.
– Пусціце! Пусціце мае валасы,– сказала Полі.– Чаго вы за мяне ўхапіліся?
– Так! Пусціце яе валасы! Зараз жа,– загадаў Дыгары.
Яны абодва павярнуліся і пачалі змагацца з ёй. Тут, у гэтым месцы, яны былі мацнейшымі за яе і праз некалькі секунд змусілі яе выпусціць Поліны валасы. Вядзьмарка адхіснулася, цяжка дыхаючы, і ў яе вачах была жудасць.
– Хутчэй, Дыгары! – сказала Полі.– Мяняй пярсцёнак і скочым у азярко, што вядзе дамоў.
– Памажыце! Памажыце! Злітуйцеся! – слабым голасам усклікнула Вядзьмарка, пахістваючыся і спрабуючы ісці за імі.– Забярыце мяне з сабой... Вы не можаце пакінуць мяне ў гэтым месцы... Яно мяне забівае.
– Гэта дзяржаўная справа,– з’едліва адказала Полі.– Як тады, калі вы забілі ўсіх тых людзей у сваім свеце. Давай хутчэй, Дыгары.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, але Дыгары прамовіў:
– Ну вось! Што нам рабіць? – Яму было крыху шкада Каралевы.
– Не будзь такім даверлівым! – сказала Полі.– Яна толькі прыкідваецца. Пайшлі!
I дзеці скочылі ў азярко, што вяло ў наш свет. “Добра, што мы пакінулі гэтую адзнаку”,– падумала Полі. Але калі яны скочылі, Дыгары адчуў, як вялікія халодныя пальцы схапілі яго за вуха. I чым далей яны занурваліся і чым больш дакладнымі рабіліся размытыя абрысы нашага свету, тым больш мацнела хватка гэтых пальцаў. Сілы вярталіся да Вядзьмаркі. Дыгары вырываўся і брыкаўся, але ад гэтага не было ніякага толку. Праз імгненне яны ўжо былі ў кабінеце дзядзькі Эндру. Там быў сам дзядзька; ён утаропіўся ў дзіўнае стварэнне, якое Дыгары прынёс з месца, што па-за гэтым светам.
I ён нездарма ўтаропіўся. Дыгары і Полі таксама. Вядзьмарка, без сумніву, ачуняла. Цяпер, калі яна апынулася ў нашым свеце, ад яе выгляду літаральна захоплівала дух. У Чарне яна выглядала небяспечнай; у Лондане пры позірку на яе мурашкі беглі па скуры.
Напрыклад, да гэтага моманту яны не разумелі, наколькі высачэзнай яна была. “Наўрад ці яна чалавек”,– падумаў Дыгары, гледзячы на яе. I, магчыма, ён меў рацыю, бо некаторыя казалі, што ў жылах каралеўскага дому Чарна цячэ кроў веліканаў. Але яе рост быў нішто ў параўнанні з яе прыгажосцю і лютасцю. Яна выглядала ў дзесяць разоў жывейшай за большасць людзей у Лондане. Дзядзька Эндру кланяўся, паціраў рукі і быў, папраўдзе, да крайнасці напужаны. Побач з Каралевай Джадзіс ён нагадваў кузурку.
I ў той жа час, як Полі казала пасля, іх твары былі чымсьці падобныя. Яны мелі нейкі аднолькавы выраз. Гэта быў выгляд, які маюць усе злыя чараўнікі, “адзнака”, якую Джадзіс не змагла знайсці на твары Дыгары. Ад таго, што яны апынуліся побач, была толькі адна выгада: дзеці ўжо ніколі больш не пабаяліся б дзядзькі Эндру. Як вы не баяліся б чарвяка пасля таго, як пабачылі гадзюку; ці каровы, сустрэўшыся спачатку з шалёным быком.
“Пффф! – падумаў сам сабе Дыгары.– Які з яго чараўнік! А вось яна – сапраўдная вядзьмарка”.
Дзядзька Эндру працягваў паціраць рукі і кланяцца. Ён намагаўся сказаць штосьці вельмі ветлівае, але ў яго зусім перасохла горла. Яго “эксперымент” з пярсцёнкамі, як ён гэта называў, аказаўся больш паспяховым, чым яму хацелася, бо, хоць ён і забаўляўся магіяй гадамі, ён заўсёды пакідаў усю небяспеку (наколькі было магчыма) іншым людзям. Нічога нават блізка падобнага да гэтага з ім ніколі раней не здаралася.
Джадзіс загаварыла, не вельмі гучна, але ў яе голасе было штосьці, ад чаго ўвесь пакой задрыжаў.
– Дзе чараўнік, які паклікаў мяне ў гэты свет?
– Э... э... Мадам,– задыхнуўся дзядзька Эндру.– Які вялікі гонар... я неверагодна ўсцешаны... такая нечаканая ласка... я... я...
– Дзе Чараўнік, дурань? – паўтарыла Джадзіс.
– Гэта... гэта я, Мадам. Спадзяюся, вы даруеце... эм... гэтым шкадлівым дзецям. Хачу вас запэўніць, што я не меў і намеру...
– Ты – Чараўнік? – запыталася Каралева яшчэ больш страшным голасам. Потым, адным крокам перасекшы пакой, яна схапіла жменю сівых валасоў дзядзькі Эндру і рэзка пацягнула яго галаву назад, каб яго твар глядзеў на яе. Яна пачала вывучаць яго твар, як вывучала твар Дыгары ў палацы Чарна. Дзядзька Эндру ўвесь час міргаў і нервова аблізваў вусны. Нарэшце яна адпусціла яго так раптоўна, што ён адляцеў да сцяны.
– Зразумела,– мовіла яна пагардліва.– Ты чараўнік... у пэўным родзе. Падыміся, сабака, і не развальвайся так, нібыта размаўляеш з роўнымі табе. Як ты авалодаў Магіяй? У табе няма каралеўскай крыві.
– Ну... эм... магчыма, не зусім каралеўская...– стаў заікацца дзядзька Эндру.– Тым не менш, Кэтэрлі – вельмі старажытны род. Старажытны род з Дорсетшыра, мадам.
– Ціха,– сказала Вядзьмарка.– Я бачу, што ты такое. Ты маленькі нязначны чараўнік, які працуе паводле правілаў і кніг. У тваёй крыві і сэрцы няма сапраўднай Магіі. У маім свеце з такімі, як ты, было скончана тысячу год таму. Але тут я літасціва дазволю табе быць маім слугой.
– Я буду надзвычай усцешаны... быць карысным любым чынам... для мяне гэта задавальненне, паверце.
– Ціха! Ты зашмат размаўляеш. Слухай сваё першае заданне. Я бачу, мы ў вялікім горадзе. Зараз жа знайдзі для мяне калясніцу, ці кілім-самалёт, ці добра навучанага дракона, ці што там выкарыстоўваюць каралеўскія і шляхетныя асобы ў вашай зямлі. А затым адвязі мяне туды, дзе я змагу знайсці адзенне, упрыгожанні і рабоў адпаведна майму статусу. Заўтра я пачну захопліваць гэты свет.
– Я-я-я... пайду і закажу брычку,– задыхаючыся прамовіў дзядзька Эндру.
– Стаяць, – сказала Вядзьмарка, якраз калі ён дайшоў да дзвярэй.– Нават і не думай аб здрадзе. Мае вочы бачаць скрозь сцены і сягаюць у розумы людзей. Мой позірк будзе на табе, куды б ты ні пайшоў. Пры першым жа знаку непадпарадкавання я нашлю на цябе такі заклён, што ўсё, на што ты сядзеш, будзе як гарачае жалеза, а калі ты пакладзешся ў ложак, каля тваіх ног будуць нябачныя глыбы лёду. А цяпер пайшоў.
Стары выйшаў, нагадваючы сабаку, што падціснуў хвост.
Цяпер дзеці спужаліся: раптам Джадзіс скажа ім штосьці наконт таго, што адбылося ў лесе. Але, як аказалася, яна ніколі не ўзгадвала пра гэта – ні тады, ні пасля. Я думаю (і Дыгары таксама), што розум Вядзьмаркі быў так уладкаваны, што яна не магла ўвогуле запомніць тое ціхае месца. I не важна, як часта і як доўга яна б там была,– яна ўсё адно нічога пра гэта не ўзгадае. Цяпер, калі Вядзьмарка засталася адна з дзецьмі, яна не звяртала на іх аніякай увагі. I гэта таксама было ёй уласціва. У Чарне яна не звяртала ўвагі на Полі (да самага канца), бо хацела скарыстацца Дыгары. Цяпер, калі ў яе быў дзядзька Эндру, яна не заўважала Дыгары. Думаю, большасць вядзьмарак такія. Ім цікавыя рэчы ці людзі, толькі калі іх можна выкарыстаць; вядзьмаркі неверагодна прагматычныя. Таму хвіліну ці дзве ў пакоі стаяла цішыня. Але па тым, як Джадзіс пастуквала нагой, можна было сказаць, што яна траціць цярплівасць.
Праз нейкі час яна сказала, нібыта сама сабе: “Што гэты стары дурань робіць? Трэба было ўзяць бізун”. Не кінуўшы нават позірку на дзяцей, яна выйшла з пакоя.
– Фух! – з палёгкай выдыхнула Полі.– А цяпер я мушу ісці дамоў. Позна ўжо. Ну і дастанецца мне!
– Калі ласка, вельмі цябе прашу, вярніся, як толькі здолееш,– узмаліўся Дыгары.– Гэта проста катастрофа. Нам трэба прыдумаць нейкі план.
– Цяпер гэта справа твайго дзядзькі,– сказала Полі.– Гэта ён усё пачаў. Дагуляўся з магіяй.
– Але ты ўсё адно вернешся, так? Каб гэта ўсё правалілася... Ты не можаш пакінуць мяне аднаго.
– Я пайду дамоў праз тунэль,– даволі халодна адказала Полі.– Так будзе найхутчэй. I калі ты хочаш, каб я вярнулася, думаю, табе варта папрасіць прабачэння.
– Папрасіць прабачэння? – усклікнуў Дыгары.– Вы толькі паглядзіце, ну і хіба гэта не па-дзявочаму? Што я зрабіў?
– О, вядома ж, нічога,– саркастычна прамовіла Полі.– Толькі ледзь не адкруціў мне руку ў пакоі з васкавымі фігурамі, як палахлівы хуліган. Проста стукнуў у звон тым малатком, як поўны дурань. Проста павярнуўся назад, калі мы былі ў лесе, так што яна паспела схапіцца за цябе, перш чым мы скочылі ў азярко. Толькі і ўсяго.
– А-а-а...– вельмі здзіўлена сказаў Дыгары.– Ну, добра, я перапрашаю. Я сапраўды прашу прабачэння за тое, што адбылося ў пакоі з васкавымі фігурамі.
Бось, я папрасіў прабачэння. А цяпер, прашу цябе, зрабі ласку, вяртайся. Я апынуся ў жахлівай сітуацыі, калі ты не вернешся.
– Не разумею, што можа з табой здарыцца. Гэта ж містар Кэтэрлі будзе сядзець на гарачых крэслах і спаць у ледзяным ложку, ці не так?
– Я не пра гэта,– сказаў Дыгары.– Я турбуюся за маму. Што, калі гэтая істота зойдзе ў яе пакой? Яна можа да смерці яе спужаць.
– Вох, разумею,– адказала Полі ўжо іншым голасам.– Добра. Абвесцім перамір’е. Я вярнуся, калі атрымаецца. Але цяпер я мушу ісці.– I яна пралезла праз маленькія дзверы ў тунэль. Гэтае цёмнае месца сярод бэлек, якое выглядала такім таямнічым некалькі гадзінаў таму, цяпер было звычайным і знаёмым.
Зараз мы мусім вярнуцца да дзядзькі Эндру. Яго беднае старое сэрца шпарка білася, пакуль ён, пахістваючыся, спускаўся па лесвіцы з гарышча. Ён увесь час выціраў лоб насоўкай. Урэшце дабраўшыся да сваёй спальні, якая была паверхам ніжэй, ён зачыніўся і перш за ўсё адшукаў у шафе бутэльку і келіх, якія заўсёды хаваў там, дзе цётка Лэці не магла іх знайсці. Дзядзька Эндру наліў поўны келіх нейкага агіднага напою, які п’юць дарослыя, і праглынуў усё адным глытком. Потым глыбока ўздыхнуў.
– Шчыра кажучы,– сказаў ён сабе,– я жудасна дрыжу. Гэта вельмі шкодна! У маім веку!
Ён наліў другі келіх і таксама выпіў; потым пачаў пераапранацца. Вы ніколі не бачылі такога адзення, але я яго памятаю. Ён апрануў вельмі высокі, бліскучы, цвёрды каўнер, які прымушаў увесь час высока трымаць падбароддзе. Надзеў белую камізэльку з узорам і ўладкаваў залаты ланцуг для гадзінніка ўпоперак грудзей. Потым апрануў лепшы фрак, які трымаў для вяселляў і пахаванняў. Дастаў лепшы высокі капялюш і пачысціў яго. На туалетным століку стаяла ваза з кветкамі (пастаўленая цёткай Лэці), і ён выцягнуў адну кветку і ўваткнуў яе ў пятліцу. Затым дастаў з маленькай шуфлядкі чыстую насоўку (добрую, зараз такіх не набыць) і крапнуў на яе парфумы. Ён узяў манокль на шырокай чорнай стужцы і ўставіў яго ў вока; пасля паглядзеў на сябе ў люстэрка.
У дзяцей, як вы ведаеце, свая дурнота, у дарослых – свая. У гэты момант дзядзька Эндру пачаў паводзіць сябе па-дурному ў вельмі характэрнай для дарослых манеры. Цяпер, калі ён больш не знаходзіўся ў адным пакоі з Вядзьмаркай, ён забыўся, як яна яго спалохала, і ўсё больш і больш думаў аб яе дзівоснай прыгажосці. Ён паўтараў і паўтараў сабе: “Шалёна прыгожая жанчына, сэр, шалёна прыгожая жанчына. Выбітнае стварэнне”. Таксама ён нейкім чынам забыўся, што гэта дзеці спрычыніліся да з’яўлення тут “выбітнага стварэння”: ён пачуваўся, нібыта ён сам з дапамогай сваёй Магіі выклікаў яе з невядомых сусветаў.
– Эндру, даражэнькі,– сказаў ён сам сабе, гледзячы ў люстэрка.– Ты пякельна добра выглядаеш для чалавека твайго ўзросту. Вы – мужчына, які выглядае выключна, сэр.
Бачыце, гэты неразумны стары чалавек сапраўды пачынаў уяўляць, што Вядзьмарка закахаецца ў яго. Напэўна, да гэтага мелі дачыненне два выпітыя келіхі, а таксама яго найлепшая вопратка. Але, так ці іначай, ён быў надзьмуты ад самазахаплення, як паўлін. Менавіта таму ён і стаў чараўніком.
Ён адамкнуў дзверы, спусціўся ўніз, паслаў пакаёўку па экіпаж (усе мелі шмат прыслугі ў тыя дні) і зазірнуў у гасцёўню. Там, як ён і чакаў, была цётка Лэці. Яна засяроджана зашывала матрац, што ляжаў на падлозе ля акна.
– Ах, Летыцыя, мая дарагая,– сказаў дзядзька Эндру.– Мне, э-гм, трэба з’ездзіць у горад. Пазыч мне фунтаў пяць ці каля таго, будзь добрай дзічынкай (так ён вымаўляў “дзяўчынка”).
– Не, дарагі Эндру,– адказала цётка Лэці цвёрдым, але ціхім голасам, не падымаючы вачэй ад працы.– Я ўжо безліч разоў паўтарала, што не буду пазычаць грошы.
– Малю цябе, не стварай праблемы, мая дарагая дзічынка,– мовіў дзядзька Эндру.– Гэта вельмі важная справа. Ты паставіш мяне ў жудасна няёмкае становішча, калі не пазычыш.
– Эндру,– прагаварыла цётка Лэці, гледзячы проста яму ў твар.– Я дзіўлюся, што табе не сорамна прасіць у мяне грошы.
За гэтымі словамі хавалася доўгая нецікавая гісторыя ў стылі дарослых. Калі каротка, то дзядзька Эндру “вёў справы дарагой Лэці”, ніколі не працаваў і часта выстаўляў вялікія рахункі на брэндзі і цыгары (якія цётка Лэці аплочвала зноў і зноў). Гэтым ён зрабіў яе значна бяднейшай, чым трыццаць год таму.
– Мая дарагая дзічынка,– сказаў дзядзька Эндру.– Ты не разумееш. У мяне сёння даволі непрадбачаныя выдаткі. Мне трэба зладзіць невялікую забаву. Ну давай, не будзь занудай.
– I каго ж ты збіраешся забаўляць, Эндру? – запыталася цётка Лэці.
– Эм... эм... толькі што да мяне прыбыў надзвычайны госць.
– Надзвычайная лухта! – сказала цётка Лэці.– У дзверы за апошнюю гадзіну ніхто не званіў.
У гэты момант дзверы раптоўна расчыніліся. Цётка Лэці азірнулася і са здзіўленнем пабачыла, што на парозе стаіць высачэзная жанчына, багата і пышна апранутая, рукі аголеныя, вочы гараць. Гэта была Вядзьмарка.