355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Клайв Льюіс » Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка » Текст книги (страница 6)
Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка
  • Текст добавлен: 24 мая 2017, 21:00

Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"


Автор книги: Клайв Льюіс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)

У Дыгары і яго дзядзькі непрыемнасці

Вы можаце падумаць, што жывёлы былі не надта разумныя, бо не адразу зразумелі, што дзядзька Эндру – істота такога ж кшталту, як і двое дзяцей ды вознік. Але вы мусіце памятаць, што жывёлы нічога не ведалі пра адзенне. Яны думалі, што сукенка Полі, строй Дыгары і кацялок возніка – такія ж самыя іх часткі, як для звяроў поўсць альбо пер’е. Жывёлы нават не здагадаліся б, што тыя трое былі аднаго віду, калі б такога меркавання не быў Агрэст і калі б тыя не загаварылі да іх. Дзядзька Эндру быў значна вышэйшы за дзяцей і значна худзейшы за возніка. Ён быў увесь у чорным, акрамя белай камізэлькі (ужо не вельмі белай), і вялікая сівая капа ягоных валасоў зусім не была падобная да таго, што яны бачылі ў трох іншых людзей. Таму, натуральна, яны вельмі збянтэжыліся. Горш за ўсё было тое, што ён відавочна не ўмеў размаўляць.

Хаця дзядзька Эндру намагаўся нешта сказаць. Калі Бульдог звярнуўся да яго (ці, як здалося дзядзьку Эндру,– спачатку ашчэрыўся, а пасля зарыкаў), ён выцягнуў дрыжачыя рукі і, задыхаючыся, прамямліў: “Добры сабачка, добры”. Але звяры разумелі яго не больш, чым ён разумеў іх. Яны не чулі ніякіх словаў – толькі дзіўнае шыпенне. Магчыма, гэта было й да лепшага, бо ніводзін сабака з тых, якіх я ведаю,– і Гаваркі Сабака Нарніі тым больш,– не любіць, калі яго называюць “добры сабачка”. Гэта ўсё роўна, як бы, напрыклад, вас назвалі “мой малыш”.

I тут дзядзька Эндру паваліўся непрытомны.

– Ну вось! – сказаў Дзік.– Гэта проста дрэва. Я заўсёды так думаў. (Памятайце, што звяры яшчэ не бачылі, як нехта падае ў непрытомнасці.)

Бульдог, абнюхаўшы ўсяго дзядзьку Эндру, падняў галаву і выказаўся:

– Гэта жывёла. Дакладна жывёла. I напэўна аднаго віду з тымі іншымі.

– Мне так не здаецца,– сказаў адзін з Мядзведзяў.– Жывёлы так не падаюць. Мы – жывёлы, і мы не падаем. Мы стаім. Вось так.

Ён падняўся на заднія ногі, зрабіў крок назад, спатыкнуўся аб нізкую галінку і зваліўся на спіну.

– Трэці Жарт, Трэці Жарт, Трэці Жарт! – захоплена закрычала Галка.

– Я ўсё адно думаю, што гэта штосьці накшталт дрэва,– сказаў Дзік.

– Калі гэта дрэва,– запярэчыў Мядзведзь,– на ім мае быць пчалінае гняздо.

– Я ўпэўнены, што гэта не дрэва,– сказаў Барсук.– Мне здалося, яно спрабавала размаўляць, перш чым перакулілася.

– Гэта быў вецер у яго галінах,– адказаў Дзік.

– Ты ж не думаеш,– сказала Галка Барсуку,– што гэта Гаваркая Істота? Яно не сказала ні слова.

– I ўсё ж, вы ведаеце,– прамовіла Сланіха (яе мужа, як вы памятаеце, Аслан паклікаў за сабой),– гэта можа быць нейкая жывёла. Магчыма, белаватая шышка на гэтым канцы – гэта твар? I, можа, гэтыя дзіркі – рот і вочы? Носа, вядома, у яго няма. Але... гмм... не буду дачэплівацца. Сярод нас вельмі мала хто мае сапраўдны Нос.

Яна са справядлівым гонарам узняла свой хобат.

– Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай,– мовіў Бульдог.

– Сланіха мае рацыю,– сказаў Тапір.

– Слухайце,– натхнёна прагаварыў Асёл.– Магчыма, гэта жывёла, якая не можа размаўляць, але думае, што можа.

– Ці можна зрабіць так, каб яно стаяла? – задуменна запыталася Сланіха. Яна пяшчотна абвіла хобатам бязвольнае цела дзядзькі Эндру і паставіла яго на адзін з канцоў: на жаль, дагары нагамі, і з яго кішэняў пасыпаліся манеты. Але дзядзька Эндру зноў паваліўся.

– Вось! – сказалі некалькі галасоў.– Гэта зусім не жывёла, яно не жывое.

– Кажу вам, гэта жывёла,– настойваў Бульдог.– Абнюхайце яго самі.

– Нельга спадзявацца толькі на нюх,– сказала Сланіха.

– Але ж,– запярэчыў Бульдог,– калі нельга давяраць свайму носу, то што тады вартае даверу?

– Магчыма, розум,– мякка прамовіла Сланіха.

– Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай,– адказаў Бульдог.

– Мы мусім з гэтым нешта зрабіць,– сказала Сланіха.– Бо гэта можа быць Жазло, і мы мусім паказаць яго Аслану. Дык што вы ўсё-такі думаеце: гэта жывёла ці нейкае дрэва?

– Дрэва! Дрэва! – пракрычаў тузін галасоў.

– Цудоўна,– сказала Сланіха.– Калі гэта дрэва, яго трэба пасадзіць. Давайце выкапаем яму.

Двое Кратоў выкапалі яе вельмі хутка. Потым адбылося нядоўгае абмеркаванне, якім бокам трэба саджаць дзядзьку Эндру, і ён ледзь пазбегнуў лёсу быць пасаджаным галавой уніз. Некаторыя жывёлы казалі, што ягоныя ногі – гэта галіны, і, адпаведна, шэрае пухнатае нешта (яны мелі на ўвазе яго валасы) – гэта карэнне. Але потым іншыя сказалі, што яго падвоеная частка больш брудная і больш раскінутая, як належыць караням. Такім чынам, яны пасадзілі яго галавой угору. Калі жывёлы ўтрамбавалі зямлю навокал, яна была вышэй за дзядзькавы калені.

– Нейкае яно зусім засохлае,– сказаў Асёл.

– Вядома ж, яго патрэбна паліць,– прамовіла Сланіха.– Думаю, я магу сказаць (не хачу пакрыўдзіць нікога з тут прысутных), што для падобнай працы такі нос, як у мяне...

– Я катэгарычна не згодны з гэтай заўвагай,– запярэчыў Бульдог.

Але Сланіха спакойна пайшла да ракі, набрала хобатам вады і вярнулася назад, каб паклапаціцца пра дзядзьку Эндру. Разумная жывёла працягвала так рабіць, пакуль не выліла на яго дзясяткі літраў. Вада струмянямі сцякала па ягоным фраку, нібыта ён у адзенні прымаў ванну. Урэшце гэта яго ажывіла. Ён ачуняў. Што гэта было за абуджэнне! Але зараз мы мусім пакінуць яго, каб ён падумаў пра свае кепскія ўчынкі (калі ён быў здольны пра гэта задумацца), і вярнуцца да больш істотных рэчаў.

Агрэст рысіў з Дыгары на спіне, пакуль гоман іншых жывёлаў не знік удалечыні. Цяпер невялікі гурток з Аслана і абраных сябраў Рады быў даволі блізка. Дыгары ведаў, што ён ніколі не здолеў бы перапыніць такую ўрачыстую сустрэчу, але ў гэтым не было неабходнасці. Паводле слова Аслана Слон, Крумкачы і астатнія расступіліся. Дыгары саслізнуў са спіны каня і апынуўся твар да твару з Асланам. I Аслан быў больш вялікі, і больш прыгожы, і больш ззяюча-залаты, і больш грозны, чым думаў Дыгары. Хлопчык не наважваўся зірнуць у вялікія вочы.

– Калі ласка... Містар Леў... Аслан... Сэр... – сказаў Дыгары.– Ці маглі б вы... можна мне... калі ласка, ці не дадзіце вы мне які-небудзь чароўны плод з гэтай краіны, каб мая маці ачуняла?

Ён адчайна спадзяваўся, што Леў адкажа: “Так”, і жудасна баяўся, што той можа сказаць: “Не”. Але ён разгубіўся, калі Леў не сказаў ні “так”, ні “не”.

– Гэта той хлопец,– сказаў Аслан, гледзячы не на Дыгары, а на сяброў Рады.– Той, які гэта зрабіў.

“Ой,– падумаў Дыгары.– Што я цяпер нарабіў?”

– Сын Адама,– прамовіў Леў,– у маёй новай зямлі Нарніі апынулася злая Вядзьмарка. Распавядзі добрым звярам, як гэта здарылася.

Самыя розныя варыянты адказу пранесліся ў галаве Дыгары, але ў яго хапіла розуму сказаць толькі праўду.

– Я прывёў яе сюды, Аслан,– адказаў ён ціха.

– Для чаго?

– Я хацеў перанесці яе з майго свету назад, у яе ўласны. Я думаў, што пераношу яе ў ейны свет.

– Як яна апынулася ў тваім свеце, сын Адама?

– Праз... праз магію.

Леў нічога не сказаў, і Дыгары ведаў, што адказаў не цалкам.

– Гэта ўсё мой дзядзька Эндру,– патлумачыў хлопчык.– Ён паслаў нас прэч з нашага ўласнага свету з дапамогай чароўных пярсцёнкаў. Прынамсі, я быў змушаны пайсці, бо ён спачатку паслаў Полі, і потым мы сустрэлі Вядзьмарку ў месцы пад назвай Чарн, і яна проста ўхапілася за нас, калі...

– Вы сустрэлі Вядзьмарку? – перапытаў Аслан ціхім голасам, у якім адчуўся рык.

– Яна прачнулася,– у роспачы сказаў Дыгары. А потым, збялеўшы, дадаў: – У сэнсе, я абудзіў яе. Бо я хацеў даведацца, што адбудзецца, калі стукнуць у звон. Полі не хацела, каб я так рабіў. Яна не вінаватая. Я... я змагаўся з ёй. Я ведаю, што не мусіў так рабіць. Думаю, я быў крыху зачараваны надпісам пад звонам.

– Сапраўды? – запытаўся Аслан, усё яшчэ гаворачы вельмі ціхім і глыбокім голасам.

– Не,– сказаў Дыгары.– Цяпер я разумею, што не быў зачараваны. Я толькі прыкідваўся, што гэты надпіс мяне зацікавіў.

Павісла доўгая паўза. І Дыгары ўвесь час думаў: “Я ўсё сапсаваў. Цяпер няма ніякага шанцу здабыць штосьці для маці”.

Калі Леў ізноў загаварыў, ён звяртаўся не да Дыгары.

– Сябры,– сказаў ён.– Новаму чыстаму свету, які я даў вам, няма яшчэ і сямі гадзін, а сілы зла ўжо ўвайшлі ў яго, абуджаныя і перанесеныя сюды сынам Адама.

Усе звяры, нават Агрэст, так паглядзелі на Дыгары, што яму захацелася праваліцца скрозь зямлю.

– Але не бядуйце,– працягнуў Аслан, усё яшчэ звяртаючыся да жывёлаў.– Зло прыйдзе ад гэтага зла, але да таго часу яшчэ далёка, і я прасачу, каб найгоршае ўпала на мяне самога. А пакуль на многія стагоддзі гэта будзе вясёлая зямля і вясёлы свет. I як род Адама зрабіў шкоду, так род Адама дапаможа выправіць яе. Падыдзіце бліжэй, іншыя двое.

Апошнія словы ён сказаў Полі і возніку, якія якраз прыйшлі. Полі, шырока расплюшчыўшы вочы і адкрыўшы рот, узіралася ў Аслана і моцна трымалася за руку возніка. Вознік паглядзеў на Льва і зняў свой кацялок: ніхто дагэтуль такім яго не бачыў. Цяпер ён стаў больш малады і прыгожы на выгляд. I быў падобны да вясковага жыхара, а не да лонданскага возніка.

– Сыне,– звярнуўся Аслан да возьніка.– Я даўно ведаю цябе. Ці ведаеш ты мяне?

– Э-гм, не, сэр,– адказаў вознік.– Прынамсі, не ў звычайным сэнсе гэных словаў. Але нейкім чынам я адчуваю, калі мне дазволена так сказаць, нібыта мы сустракаліся раней.

– Гэта добра,– сказаў Леў.– Ты ведаеш мяне лепей, чым табе здаецца, і з часам ты пазнаёмішся са мной яшчэ бліжэй. Табе падабаецца гэтая краіна?

– Гэта выдатнае месца, сэр,– прамовіў вознік.

– Ты хацеў бы жыць тут заўсёды?

– Разумееце, сэр, я жанаты чалавек,– сказаў вознік.– Калі б мая жонка была тут, ніхто з нас ніколі больш не захацеў бы вярнуцца назад у гэны Лондан. Мы абодва вясковыя людзі.

Аслан ускінуў грывастую галаву, раскрыў рот і выдаў адну доўгую, нягучную, але поўную сілы ноту. Поліна сэрца падскочыла, і яна была перакананая ў тым, што гэта покліч, і той, хто пачуе яго, захоча і (больш за тое) здолее яго паслухацца, незалежна ад таго, колькі сусветаў і стагоддзяў пралягло паміж імі. Яна не была агаломшаная, калі раптоўна зніадкуль з’явілася маладая жанчына з добрым шчырым тварам і стала побач з ёй. Полі адразу зразумела, што гэта жонка возніка, перанесеная з нашага свету– толькі не абрыдлым магічным пярсцёнкам, а хутка, проста і пяшчотна, як птушка ляціць да свайго гнязда. Відаць, маладую жанчыну адарвалі ад мыцця бялізны, бо на ёй быў фартух, рукавы былі закасаныя да локцяў, і на руках была мыльная пена. Калі б у яе быў час апрануць сваю добрую вопратку (яе лепшы капялюш аздаблялі штучныя вішні), яна б выглядала жахліва. А ў тым, у чым яна была зараз, яна глядзелася даволі прыгожа.

Вядома ж, яна падумала, што спіць. Таму не паспяшалася адразу ж да мужа, каб запытацца, што такое з імі здарылася. Але, зірнуўшы на Льва, яна не была настолькі ўпэўненая, што гэта сон. Аднак з нейкай прычыны ёй не было страшна. Пасля яна зрабіла маленькі паўрэверанс, бо ў тыя дні некаторыя вясковыя дзяўчаты яшчэ ведалі, як яго рабіць. Потым пайшла, узяўшы возніка за руку, стала побач з ім, крыху сарамліва азіраючыся навокал.

– Дзеці мае,– сказаў Аслан, пільна гледзячы на іх дваіх.– Вы станеце першымі Каралём і Каралевай Нарніі.

Вознік адкрыў рот ад здзіўлення, а яго жонка моцна пачырванела.

– Вы будзеце валадарыць і дасцё імёны ўсім гэтым стварэнням, і будзеце чыніць справядлівасць сярод іх, і абараняць ад ворагаў, калі тыя з’явяцца. А ворагі з’явяцца, бо ў гэтым свеце ёсць злая Вядзьмарка.

Вознік з цяжкасцю зглытнуў два ці тры разы і прачысціў горла.

– Вельмі перапрашаю, сэр,– вымавіў ён.– І вельмі дзякую вам, вядома (і мая жонка таксама), але я не надаюся да такой працы. У мяне няма адукацыі, разумееце.

– Гм,– сказаў Аслан.– Ты ўмееш працаваць рыдлёўкай і плугам і вырошчваць ежу?

– Так, сэр, гэна я ўмею рабіць: мяне так выхоўвалі.

– Ці можаш ты кіраваць гэтымі стварэннямі добра і справядліва, памятаючы, што яны не рабы, як нямыя жывёлы ў свеце, дзе ты нарадзіўся, але Гаваркія Істоты і вольныя асобы?

– Я разумею, сэр,– адказаў вознік.– Я паспрабую рабіць тое, што справядліва.

– I ці навучыш ты сваіх дзяцей і ўнукаў дзеіць гэтаксама?

– Паспрабую, сэр. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Так, Нэлі?

– I ў цябе не будзе ўлюбёнцаў ні сярод сваіх дзяцей, ні сярод звяроў, і ты нікому не дазволіш прыніжаць бліжняга альбо абыходзіцца з іншым несправядліва?

– Я ніколі не мог змірыцца, калі такое адбывалася, сэр, і гэна праўда. Яны атрымаюць па заслугах, калі я штосьці такое заўважу,– сказаў вознік. (Цягам размовы ягоны голас рабіўся больш павольны і насычаны, а гаворка пазбаўлялася гарадской рэзкасці і хуткасці і нагадвала вясковую – так вознік размаўляў у дзяцінстве.)

– I калі ворагі пойдуць супраць гэтай краіны (бо ворагі з’явяцца), і пачнецца вайна, ці будзеш ты ў першых шэрагах тых, хто наступае, і апошнім з тых, хто адступае?

– Ведаеце, сэр,– вельмі павольна прамовіў вознік,– чалавек не можа дакладна ведаць гэна, пакуль не паспытае. Наважуся сказаць, што я магу апынуцца такім чалавекам. (Хто ведае, раптам збаюся?) Ніколі не біўся, акрамя толькі як на кулаках. Я паспрабую – у сэнсе, я спадзяюся, што паспрабую,– зрабіць тое, што ад мяне залежыць.

– Тады,– сказаў Аслан,– ты зробіш усё, што мусіць зрабіць Кароль. Вашая каранацыя адбудзецца ў хуткім часе. I вы, і вашыя дзеці і ўнукі будзеце дабраславёныя. I некаторыя будуць Каралямі Нарніі, а іншыя будуць каралямі Архэнлэнда, які ляжыць далей, за Паўднёвымі гарамі. А цябе, маленькая дачка (тут ён павярнуўся да Полі), вітаю. Ці даравала ты хлопчыку тую крыўду, якую ён учыніў табе ў Зале Выяваў у пакінутым палацы праклятага Чарна?

– Так, Аслан, мы памірыліся,– адказала Полі.

– Гэта добра,– сказаў Аслан.– А зараз– слухай, хлопчык.

Прыгоды Агрэста

Дыгары сціснуў зубы. Яму рабілася ўсё больш і больш няёмка. Ён спадзяваўся, што не расплачацца і не зробіць штосьці недарэчнае.

– Сын Адама,– мовіў Аслан,– ці ты гатовы выправіць тое кепскае, што зрабіў маёй добрай краіне Нарніі ў самы дзень яе нараджэння?

– Не зусім разумею, што я магу зрабіць,– адказаў Дыгары.– Каралева ўцякла і...

– Я запытаўся: ці ты гатовы? – сказаў Леў.

– Так,– адказаў Дыгары. На імгненне ў яго з’явілася вар’яцкая ідэя сказаць: “Я паспрабую, калі вы паабяцаеце дапамагчы маёй маме”,– аднак ён своечасова зразумеў, што Леў зусім не належаў да тых, з кім можна паспрабаваць заключыць здзелку. Але, сказаўшы “Так”, ён падумаў пра сваю маці і пра вялікія спадзяванні, якія ў яго былі, і пра тое, як яны ўсе зніклі. Яго горла сціснула, на вачах выступілі слёзы, і ён выпаліў:

– Калі ласка, калі ласка, ці не дадзіце вы... ці не маглі б вы даць мне штосьці, што аздаравіць маю маму?

Да гэтага моманту ён глядзеў на вялікія лапы Льва і велізарныя кіпцюры, але цяпер, у адчаі, ён паглядзеў на аблічча. Тое, што ён пабачыў, здзівіла яго больш, чым што іншае за ўсё яго жыццё. Бо карычнева-руды твар нахіліўся блізка да яго ўласнага твару, і (цуд з цудаў!) у вачах Ільва стаялі вялікія ззяючыя слёзы. Яны былі такія вялікія і яскравыя ў параўнанні са слязьмі Дыгары, што на імгненне ён адчуў, нібыта Льву насамрэч больш шкада яго маці, чым яму самому.

– Мой сыне, мой сыне,– сказаў Аслан.– Я ведаю. Гора – моцнае пачуццё. Пакуль толькі ты і я ў гэтай краіне ведаем, што гэта такое. Будзьма добрымі адно да аднаго. Але я мушу падумаць пра будучыя стагоддзі ў жыцці Нарніі. Вядзьмарка, якую ты перанёс у гэты свет, ізноў вернецца. Ды час гэтаму яшчэ не настаў. Я хачу пасадзіць у Нарніі дрэва, да якога яна не наважыцца наблізіцца, і гэтае дрэва будзе абараняць ад яе Нарнію шмат год. Такім чынам, на гэтай зямлі будзе доўгі светлы ранак, пакуль аблокі закрыюць сонца. Ты мусіш прынесці мне зярнятка, з якога вырасце гэтае дрэва.

– Добра, сэр,– адказаў Дыгары.

I хоць ён не ведаў, якім чынам, але цяпер быў упэўнены, што здолее гэта зрабіць. Леў глыбока ўздыхнуў, нахіліў галаву яшчэ ніжэй і пацалаваў яго Львіным пацалункам. I Дыгары адразу ж адчуў, што ў яго з’явіліся новыя сілы і смеласць.

– Дарагі сыне,– мовіў Аслан,– я скажу табе, што рабіць. Павярніся, паглядзі на захад і скажы мне, што ты бачыш.

– Я бачу неверагодна вялікія горы, Аслан,– адказаў Дыгары.– Раку, якая падае ўніз са скалаў і ўтварае вадаспад. А за скаламі – высокія зялёныя ўзгоркі, пакрытыя лесам. А за імі – зноў узгоркі, вышэйшыя, якія выглядаюць амаль чорнымі. Потым, далёка,– вялікія заснежаныя горы, згуртаваныя разам, як Альпы на малюнках. А за імі няма нічога, акрамя неба.

– Ты добра бачыш,– сказаў Леў.– Краіна Нарнія заканчваецца там, дзе вадаспад, і, дасягнуўшы вяршыні скалаў, ты пакінеш Нарнію і апынешся ў Заходняй Пустэчы. Ты мусіш ісці праз тыя горы, пакуль не знойдзеш зялёную даліну з блакітным возерам, аточаную сцяной ледзяных гор. За возерам – круты зялёны ўзгорак. На вяршыні гэтага ўзгорка – сад. У цэнтры гэтага саду расце дрэва, Сарві з яго яблык і прынясі мне.

– Добра, сэр,– ізноў адказаў Дыгары.

У яго не было ніякага ўяўлення аб тым, як ён забярэцца на скалу і знойдзе шлях пасярод гор, але ён не захацеў гэтага казаць, бо баяўся, што ягоныя словы прагучаць як апраўданні. Ён прагаварыў:

– Спадзяюся, Аслан, вы не спяшаецеся. У мяне не атрымаецца хутка дабрацца туды і вярнуцца.

– Маленькі сын Адама, у цябе будзе дапамога,– сказаў Аслан.

Ён павярнуўся да Каня, які ўвесь гэты час ціха стаяў побач з імі, абмахваючыся хвастом, каб адагнаць мух, і слухаў, нахіліўшы галаву на адзін бок, як быццам яму было цяжкавата зразумець, пра што ідзе размова.

– Мой дружа,– сказаў Аслан Каню.– Ці хацеў бы ты стаць Крылатым Канём?

Трэба было бачыць, як Конь страсянуў грывай, як раздзьмуліся яго ноздры і як ён прытупнуў адной з задніх ног. Відавочна, ён вельмі б хацеў быць Крылатым Канём. Але вымавіў толькі:

– Калі ты хочаш, Аслан... калі ты сапраўды маеш на ўвазе... не разумею, чаму я... я не надта разумны конь.

– Станься бацькам усіх коней, што лётаюць,– прарыкаў Аслан голасам, які страсянуў зямлю.– Цяпер тваё імя – Крылаты.

Конь шугануўся, як, напэўна, ён шугаўся ў старыя нешчаслівыя дні, калі цягаў экіпаж. Потым заржаў і выгнуў шыю назад, нібыта муха кусала яго за плечы і ён хацеў іх пачухаць. А потым гэтак жа, як звяры з’явіліся з зямлі, з плячэй Крылатага праклюнуліся крылы, якія выпростваліся і раслі, больш за арліныя, больш за лебядзіныя, больш за крылы анёлаў на царкоўных вітражах.

Пер’е ззяла гнядым і медным колерам. Ён магутна ўзмахнуў імі і ўзняўся ў паветра.

У пяці метрах над Асланам і Дыгары ён захроп, заржаў і зрабіў заліхвацкі кулёк у паветры. Потым, абляцеўшы наўкол іх яшчэ раз, ён зваліўся на зямлю, усімі чатырма капытамі разам, выглядаючы надзвычай збянтэжаным і здзіўленым, але вельмі задаволеным.

– Табе падабаецца, Крылаты? – спытаў Аслан.

– Вельмі, Аслан,– адказаў Конь.

– Ты аднясеш сына Адама на сваёй спіне ў тую горную даліну, пра якую я казаў?

– Што? Цяпер? Зараз жа? – узрадаваўся Агрэст, ці Крылаты, як мы мусім цяпер яго называць.– Ура! Хадзі сюды, малы. Я насіў такіх, як ты, на сваёй спіне раней. Даўным-даўно. Калі былі зялёныя палі. I цукар.

– Пра што шэпчуцца дзве дачкі Евы? – запытаўся Аслан, раптоўна павярнуўшыся да Полі і жонкі возніка, якія паспелі пасябраваць.

– Калі на тое вашая ласка, сэр,– прамовіла Каралева Хэлен (бо цяпер Нэлі, жонка возніка, была каралевай),– я мяркую, дзяўчынка таксама хацела б далучыцца, калі гэта не створыць нязручнасцяў.

– Што ты пра гэта думаеш, Крылаты? – запытаўся Леў.

– О, я не супраць дваіх, тым больш, калі яны маленькія,– адказаў Крылаты.– Самае галоўнае, каб Слон таксама не захацеў паляцець.

Слон не хацеў, і новы Кароль Нарніі дапамог абодвум дзецям узлезці: гэта азначала, што ён без цырымоній закінуў Дыгары і так далікатна і асцярожна пасадзіў на конскую спіну Полі, нібыта яна была з парцаляны і магла разбіцца.

– Вось, яны ўселіся, Агрэст... Крылаты, я меў на ўвазе. Але ж і нечаканы паварот!

– Не ляці занадта высока,– папярэдзіў Аслан.– Не спрабуй падняцца над вяршынямі вялікіх ледзяных гор. Шукай даліны, зялёныя месцы і ляці праз іх. Там заўсёды можна будзе праляцець. А цяпер выпраўляйцеся з маім дабраславеннем.

– О, Крылаты! – сказаў Дыгары, нахіляючыся, каб паляпаць па блішчастай конскай шыі.– Гэта цудоўна! Моцна трымайся за мяне, Полі.

У наступнае імгненне зямля засталася далёка знізу, круцячыся, бо Крылаты, як вялізны голуб, зрабіў кола ці два, перш чым выправіцца ў далёкі палёт на захад. Гледзячы ўніз, Полі ледзь бачыла Караля і Каралеву, і нават сам Аслан быў усяго толькі зыркай жоўтай кропкай на зялёнай траве. Хутка вецер пачаў дзьмуць ім у твар, і Конь прыстасаваўся рытмічна ўзмахваць крыламі.

Уся Нарнія, рознакаляровая, з лужкамі і скаламі, верасам і рознымі дрэвамі, плыла ўнізе. Рака вілася скрозь яе, нібы срэбная стужка. Яны ўжо маглі бачыць, што было за вяршынямі нізкіх узгоркаў, якія ляжалі на поўначы справа ад іх. За тымі ўзгоркамі да самага далягляду распасціралася велізарная верасовая пустка. Злева ад іх горы былі значна вышэйшыя, але раз-пораз сустракалася пустое месца, калі можна было паміж высачэзнымі сасновымі лясамі мімаходзь пабачыць блакітныя і далёкія паўднёвыя землі.

– Там Архэнлэнд,– сказала Полі.

– Так, але зірні наперад!

Бо цяпер перад імі высачэзным бар’ерам паўсталі скалы, і сонечнае святло, што танчыла на велічным вадаспадзе, асляпіла іх. Рака з ровам і ззяннем абрыналася ў Нарнію з высокіх заходніх земляў, дзе былі яе вытокі.

Яны ўжо ляцелі так высока, што рокат вады чуўся як ціхі і слабы гук, але яшчэ недастаткова высока, каб пераляцець праз вяршыні скал.

– Тут давядзецца крыху палётаць зігзагамі,– зазначыў Крылаты.– Добра трымайцеся.

Ён пачаў лятаць узад-уперад, падымаючыся вышэй пры кожным павароце. Паветра стала больш сцюдзёнае, і далёка ўнізе дзеці пачулі крыкі арлоў.

– Паслухайце, азірніцеся! Азірніцеся! – сказала Полі.

Яны бачылі ўсю даліну Нарніі, распасцёртую да самага небасхілу на ўсходзе. Там блішчэла мора. Цяпер вандроўнікі былі так высока, што змаглі разгледзець маленечкія вострыя горы, што паказаліся за паўночна-заходнімі верасовымі пусткамі, і шмат нечага, што нагадвала пясок, далёка на поўдні.

– Як бы я хацеў, каб хтосьці распавёў нам, што гэта за мясціны,– вымавіў Дыгары.

– Я не думаю, што там нешта ёсць,– адказала Полі.– У сэнсе, там няма нікога і нічога не адбываецца. Свет з’явіўся толькі сёння.

– Вядома, але людзі дабяруцца туды,– сказаў Дыгары.– А потым у іх з’явяцца гісторыі.

– I гэта проста цудоўна, што цяпер іх няма,– зазначыла Полі.– Бо пакуль нікога не прымушаюць усё гэта вучыць. Бітвы, і даты, і ўсю гэтую лухту.

Цяпер яны пераляцелі праз вяршыню скалы, і праз некалькі хвілін раўнінная краіна Нарнія знікла з вачэй. Яны ляцелі па-над дзікай зямлёй з крутымі ўзгоркамі і цёмнымі лясамі, працягваючы трымацца ракі. Наперадзе былі высачэзныя горы. Але зараз сонца біла вандроўнікам проста ў вочы, і яны не маглі выразна бачыць у тым кірунку. Сонца апускалася ніжэй і ніжэй, пакуль заходняе неба не стала як адзін вялікі горан, напоўнены вадкім золатам. Нарэшце сонца села за востры пік, які на яркім фоне выглядаў такім вострым і плоскім, нібыта быў выразаны з кардону.

– Тут не горача,– сказала Полі.

– I ў мяне пачынаюць балець крылы,– адказаў Крылаты.– Я не бачу даліны з возерам, пра якую казаў Аслан. Прапаную спусціцца і знайсці прыдатнае месца для начлегу. Мы не дабярэмся да таго саду сёння.

– Так, і, пэўна, ужо час павячэраць? – запытаўся Дыгары.

Такім чынам, Крылаты спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Чым больш яны набліжаліся да зямлі і наўкол паўставалі ўзгоркі, тым цяплейшым рабілася паветра. I пасля шматгадзіннай вандроўкі, падчас якой не было чуваць нічога, акрамя ўзмахаў крылаў, было прыемна ізноў пачуць знаёмыя і зямныя гукі – шэпт ракі ў каменным рэчышчы, парыпванне дрэваў на лёгкім ветрыку. Ад нагрэтай сонцам зямлі, травы і кветак падымаўся цёплы прыемны пах. Нарэшце Крылаты прызямліўся. Дыгары скаціўся ўніз і дапамог спусціцца Полі. Абодва радаваліся магчымасці размяць здранцвелыя ногі.

Даліна, у якой яны апынуліся, была ў самым сэрцы гор; заснежаныя вяршыні, адна з якіх здавалася ружова-чырвонай у адбітку захаду, узвышаліся над імі.

– Я хачу есці,– сказаў Дыгары.

– Ну дык частуйся,– прапанаваў Крылаты, набіўшы поўны рот травы. Потым ён падняў галаву, усё яшчэ жуючы, з травінкамі, што тырчалі з абодвух бакоў яго рота, як вусы, і прамовіў:

– Давайце, вы двое. Не саромцеся. Тут на ўсіх хопіць.

– Але мы не ямо траву,– адказаў Дыгары.

– Гм, гм,– сказаў Крылаты праз набіты рот.– Тады, гм, не ведаю, што вы будзеце рабіць. Тут вельмі смачная трава.

Полі і Дыгары збянтэжана паглядзелі адно на аднаго.

– Ведаеш, я думаю, хтосьці мусіў паклапаціцца, каб у нас была ежа,– вымавіў Дыгары.

– Упэўнены, Аслан зрабіў бы гэта, калі б вы яго папрасілі,– сказаў Крылаты.

– Хіба ён не ведаў, што нам спатрэбіцца ежа, нават калі мы яго не папрасілі? – сказала Полі.

– Не сумняваюся, што ведаў,– адказаў Конь (усё яшчэ з поўным ротам).– Аднак мне здаецца, што яму падабаецца, калі яго аб нечым просяць.

– Але што нам цяпер рабіць? – запытаўся Дыгары.

– Я не ведаю...– прамовіў Крылаты.– Хіба што пакаштуйце травы. Вам яна можа спадабацца больш, чым вы думаеце.

– Ну, не будзь дурнем,– сказала Полі, тупнуўшы нагой.– Вядома ж, людзі не ядуць траву, як ты не ясі адбіўныя з бараніны.

– Дзеля ўсяго святога, не кажы пра адбіўныя і падобныя рэчы,– папрасіў Дыгары.– Ад гэтага робіцца толькі горш.

Дыгары сказаў, што Полі варта перанесціся дадому з дапамогай пярсцёнка і ўзяць паесці; ён сам не мог гэтага зрабіць, бо мусіць выканаць тое, што паабяцаў Аслану, і калі ён ізноў з явіцца дома, можа здарыцца штосьці такое, з-за чаго ён не зможа вярнуцца. Але Полі сказала, што не пакіне яго, і Дыгары зазначыў, што гэта вельмі высакародна з яе боку.

– Ведаеш што? – сказала Полі.– У мяне засталося крыху ірысак у пакеціку ў куртцы. Гэта лепш, чым нічога.

– Нашмат лепш,– пагадзіўся Дыгары.– Але будзь асцярожнай, каб не дакрануцца да пярсцёнка, калі будзеш апускаць руку ў кішэню.

Гэта была складаная і далікатная справа, але ўрэшце ў іх атрымалася. Папяровы пакуначак быў моцна пакамечаны і ліпкі, калі яны нарэшце вынялі яго, таму хутчэй трэба было аддзіраць паперу ад ірысак, чым даставаць іх адтуль. Некаторыя дарослыя (вы ведаеце, які вэрхал яны, бывае, падымаюць з-за справаў кшталту гэтай) лепей бы абышліся зусім без вячэры, чым з’елі тыя ірыскі. Усяго іх было дзевяць. Дыгары прыйшла ў галаву геніяльная ідэя: кожнаму з’есці па чатыры і пасадзіць дзявятую. Бо, як ён сказаў: “Калі прут ад ліхтара ператварыўся ў маленькае ліхтарнае дрэва, чаму ірыска не можа ператварыцца ў ірыскавае дрэва?”

Таму яны выкапалі невялікую ямку і закапалі адну ірыску. Потым з’елі астатнія, спрабуючы есці як мага павольней. Гэта была сціплая вячэра, нават з улікам усёй прыліплай паперы, якую ім таксама давялося праглынуць.

Крылаты лёг, скончыўшы свой шыкоўны банкет. Дзеці падышлі і селі па баках, прытуліўшыся да яго цёплага цела, а калі ён распасцёр над кожным з іх крылы, ім стала сапраўды ўтульна. Пакуль з’яўляліся яскравыя маладыя зоры гэтага свету, падарожнікі ўсё абгаварылі: як Дыгары спадзяваўся атрымаць нешта для маці і як замест гэтага яго паслалі на заданне. I яны паўтарылі адно аднаму ўсе прыкметы, паводле якіх можна пазнаць месца, якое шукаюць: блакітнае возера і ўзгорак з садам на вяршыне. Размова якраз стала запавольвацца, бо яны пачалі засынаць, калі раптам Полі села, цалкам прачнуўшыся, і сказала:

– Ціха!

Усе прыслухоўваліся так старанна, як толькі маглі.

– Магчыма, гэта быў вецер у галінах дрэваў, – праз некаторы час вымавіў Дыгары.

– Я не ўпэўнены,– сказаў Крылаты.– У любым выпадку... чакай! Вось ізноў. Клянуся Асланам, там нешта ёсць.

Конь шумна ўзняўся на ногі; дзеці таксама падняліся. Крылаты рысіў узад-уперад з пахрапваннем і ржаннем. Дзеці на дыбачках абышлі ўсё навокал, зазіраючы за кожны куст і дрэва. Ім усё здавалася, што яны нешта бачаць, і адзін раз Полі была дакладна ўпэўненая, што заўважыла высокую цьмяную постаць, якая рухалася ў заходнім кірунку. Але яны нічога не знайшлі, і ўрэшце Крылаты зноў лёг, і дзеці ўладкаваліся пад яго крыламі. Яны адразу ж праваліліся ў сон. Крылаты яшчэ доўгі час не спаў, насцярожана прыслухоўваючыся ў цемры, і часам па яго скуры прабягалі дрыжыкі, нібыта на яго села муха. Але ўрэшце ён таксама заснуў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю