Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)
Узнікненне Нарніі
Леў хадзіў узад-уперад па пустой зямлі і спяваў новую песню. Яна была цішэйшай і мілагучнейшай за тую, якой ён выклікаў зоры і сонца; гэта была пяшчотная бруістая музыка. I падчас таго, як ён хадзіў і спяваў, даліна пакрывалася зялёнай травой. Трава расцякалася ад Ільва, як вада. Нібыта хвалі, яна дасягнула спачатку маленькіх узгоркаў, а затым – ніжніх схілаў далёкіх гор, з кожным імгненнем робячы гэты малады свет усё больш прывабным. Цяпер было чуваць, як лёгкі вецер гойдае траву. Хутка апроч яе з’явіліся іншыя рэчы. Вышэйшыя схілы гор пацямнелі ад верасу. У даліне ўзніклі выспачкі больш шорсткай і шчаціністай зеляніны. Дыгары не разумеў, што гэта, пакуль такая выспачка не пачала з’яўляцца каля іх. Гэта было маленькае завостранае нешта, што раскідвала дзясяткі атожылкаў, якія пакрываліся зелянінай, і расло з хуткасцю прыкладна некалькі сантыметраў кожныя пару секундаў. Цяпер вакол Дыгары было некалькі тузінаў такіх штук. Калі яны сталі прыкладна ростам з яго, ён зразумеў, што гэта.
– Дрэвы! – усклікнуў ён.
Было шкада, як пасля казала Полі, што ім не далі спакойна на гэта ўсё паглядзець. Як толькі Дыгары сказаў: “Дрэвы!” – яму адразу давялося адскочыць, бо дзядзька Эндру падбіраўся да яго, каб залезці ў кішэню. Нават калі б манеўр атрымаўся, гэта не вельмі б дапамагло. Дзядзька Эндру хацеў залезці ў правую кішэню Дыгары, бо ўсё яшчэ думаў, што зялёныя пярсцёнкі пераносяць дадому. Але Дыгары, вядома, увогуле не хацеў, каб іх скралі.
– Стаяць! – крыкнула Вядзьмарка.– Назад! Не, яшчэ далей. Калі хто-небудзь падыдзе да дзяцей бліжэй чым на дзесяць крокаў, я разнясу яму галаву.
Яна ўзняла жалезны прут, падрыхтаваўшыся кінуць яго. Ніхто не сумняваўся, што яна не спудлуе.
– Дык што,– сказала яна,– ты збіраўся вышмыгнуць у свой свет разам з хлопцам і пакінуць мяне тут?
Нарэшце абурэнне дзядзькі Эндру ўзяло верх над страхам.
– Так, мадам,– адказаў ён.– Вядома, я б так і зрабіў. Я маю на гэта поўнае права. Са мной абыходзіліся самым ганебным, самым агідным чынам. Я зрабіў усё, што мог, каб аказаць вам тыя паслугі, якія былі ў маёй уладзе. I чым мне адплацілі? Вы абрабавалі – я паўтараю, абрабавалі – вельмі паважанага ювеліра. Вы змусілі мяне пачаставаць вас вельмі дарагім, калі не сказаць выхвальным, абедам, так што мне давялося пакінуць пад заклад мой гадзіннік і ланцужок, каб разлічыцца (і дазвольце вам сказаць, мадам, што ніхто з нашай сям’і не меў звычкі быць частым наведвальнікам ламбардаў, акрамя майго стрыечнага брата Эдварда, а ён быў гусарам). I падчас гэтага невыноснага абеду – цяпер, калі я гэта ўзгадваю, мне яшчэ больш непрыемна – вашыя паводзіны і размовы выклікалі нядобразычлівую ўвагу ўсіх прысутных. Я быў прылюдна асаромлены. Я ніколі больш не змагу паказацца ў той рэстарацыі. Вы напалі на паліцыю. Вы скралі...
– Ды супакойцеся вы ўжо,– сказаў вознік.– Зараз трэба глядзець і слухаць, а не балбатаць.
Навокал дакладна было на што паглядзець і што паслухаць. Дрэва, якое бачыў Дыгары, цяпер стала вялікім разложыстым букам. На прахалоднай зялёнай траве, дзе яны стаялі, рассыпаліся рамонкі і люцікі. Непадалёк, уздоўж рачнога берагу, раслі вербы. З іншага боку іх шчыльна абступалі кусты бэзу, чырвонай парэчкі і шыпшыны. Конь шчыпаў смачную маладую траву.
Увесь гэты час Леў працягваў спяваць і велічна хадзіць узад-уперад. З кожным паваротам ён крыху набліжаўся. Полі ўсё больш і больш захаплялася спевам, бо пачала разумець сувязь паміж музыкай і тым, што дзеецца навокал.
Калі на гары прыкладна ў ста метрах ад іх выпрастаўся шэраг цёмных елак, яна адчула, што іх выклікалі да жыцця глыбокія, доўгія ноты, якія за секунду да гэтага праспяваў Леў. А калі ён паслядоўна ўзяў некалькі вышэйшых нот, яна не здзівілася, пабачыўшы, як паўсюль з’явіліся першацветы. У невымоўным захапленні яна была амаль упэўненая, што ўсё з’яўлялася (як яна сказала) “з галавы Льва”. У яго спеве можна было пачуць рэчы, якія ён выдумляў. Азірнуўшыся навокал, іх можна было пабачыць. Гэта так узрушыла Полі, што ў яе не было часу палохацца. Але Дыгары і вознік адчувалі сябе крыху неспакойна, бо, шпацыруючы ўзад-уперад, Леў пакрысе падыходзіў. Што да дзядзькі Эндру, ён ляскаў зубамі, але калені ў яго так дрыжалі, што ён не мог уцячы.
Раптам Вядзьмарка рушыла насустрач Ільву. Не спыняючы спеў, ён набліжаўся павольнай цяжкой хадой. Ён быў усяго ў дзесяці метрах. Яна падняла руку і шпурнула жалезны прут у яго галаву.
Ніхто, і асабліва Джадзіс, не мог бы прамахнуцца з такой адлегласці. Прут ударыў Ільва наўпрост паміж вачэй і з глухім гукам упаў на зямлю. Леў набліжаўся. Яго хада не стала ані хутчэйшай, ані павальнейшай; нельга было сказаць, ці ён заўважыў, што яго нешта ўдарыла. Хаця яго мяккія лапы ступалі бязгучна, можна было адчуць, як зямля дрыжыць пад яго вагой.
Вядзьмарка завішчала і пабегла; праз некалькі імгненняў яна знікла за дрэвамі. Дзядзька Эндру павярнуўся, каб зрабіць тое ж, спатыкнуўся аб корань і зваліўся тварам уніз у маленькі ручай, што збягаў да ракі. Дзеці не маглі варухнуцца. Яны нават не былі ўпэўненыя, ці хацелі яны варушыцца. Леў не звярнуў на іх увагі. Яго вялікая чырвоная пашча была адкрытая, але ён спяваў, а не рыкаў. Ён прайшоў так блізка каля іх, што яны маглі б дакрануцца да яго грывы. Дзеці вельмі баяліся, што ён паверне галаву і паглядзіць на іх. I ў той жа час ім чамусьці вельмі хацелася, каб ён так і зрабіў. Але ён не звярнуў на іх увагі, нібыта яны былі нябачныя і не мелі паху. Мінуўшы іх і прайшоўшы некалькі крокаў далей, ён павярнуўся, абмінуў іх яшчэ раз і працягнуў свой шлях на ўсход.
З ручая, перхаючы, падняўся дзядзька Эндру.
– Слухай, Дыгары,– сказаў ён.– Цяпер мы пазбавіліся гэтай жанчыны і гэты страшэнны леў сышоў. Бярыся за мяне і надзявай пярсцёнак.
– Адыдзіце,– вымавіў Дыгары, адступаючы ад яго.– Трымайся далей ад яго, Полі. Хадзі сюды, стань побач са мной. Цяпер слухайце, дзядзька Эндру, я вас папярэджваю: не падыходзьце нават на крок бліжэй, ці мы проста знікнем.
– Рабі, што табе было сказана! – загадаў дзядзька Эндру.– Ты проста неверагодна непаслухмяны і кепска выхаваны маленькі хлопчык.
– Не,– адказаў Дыгары.– Мы застанемся і паглядзім, што будзе. Я думаў, вы хочаце даведацца пра іншыя сусветы. Ці вам тут не падабаецца?
– Падабаецца? – усклікнуў дзядзька Эндру.– Зірні толькі, у якім я выглядзе! Гэта быў мой лепшы фрак і лепшая камізэлька!
Зараз ён сапраўды ўяўляў сабою нікчэмнае відовішча – бо, зразумела, чым больш святочна вы апранутыя першапачаткова, тым горш выглядаеце пасля таго, як выберацеся з раструшчанай фурманкі і ўваліцеся ў брудны ручай.
– Я не кажу,– дадаў дзядзька Эндру,– што гэта нецікавае месца. Калі б я быў маладзейшы, то... напэўна, спярша варта было б даставіць сюды якогась спрытнага паляўнічага. З гэтай краіны, можа, нешта і атрымаецца. Клімат тут цудоўны. Ніколі не дыхаў такім паветрам. Думаю, яно пайшло б мне на карысць, калі б... калі б абставіны былі больш спрыяльныя. Калі б у нас была стрэльба.
– Ды кіньце вы гэныя размовы пра стрэльбу,– сказаў вознік.– Пайду я лепш пагляджу, ці не расцерці мне Агрэста. Гэны конь мае больш розуму, чымся некаторыя людзі, я б сказаў.
Ён пайшоў назад да Агрэста, і адтуль пачуўся шоргат, які бывае, калі конюхі расціраюць коней.
– Вы ўсё яшчэ думаеце, што гэтага Льва можна застрэліць? – запытаўся Дыгары.– Ён не асабліва звярнуў увагу на жалезны прут.
– Пры ўсіх яе недахопах,– сказаў дзядзька Эндру,– яна смелая дзічынка, мой хлопчык. Гэта быў мужны ўчынак.
Ён пацёр рукі і шчоўкнуў костачкамі, нібыта ўжо забыўся, як баяўся Вядзьмаркі.
– Гэта быў агідны ўчынак,– зазначыла Полі.– Што кепскага Леў ёй зрабіў?
– Вой, што гэта? – здзівіўся Дыгары. Ён кінуўся наперад, каб разгледзець нешта ўсяго толькі ў некалькіх кроках ад яго.
– Ого, Полі,– паклікаў ён.– Табе варта падысці і паглядзець.
Дзядзька Эндру падышоў разам з ёю. Не таму, што хацеў паглядзець, а таму што хацеў быць бліжэй да дзяцей, бо раптам будзе шанец скрасці іх пярсцёнкі. Але калі ён пабачыў, што разглядаў Дыгары, нават яму стала цікава. Гэта была дакладная маленькая копія ліхтара, каля метра вышынёй, якая выцягвалася і павялічвалася, пакуль яны глядзелі на яе. Насамрэч, яна расла дакладна гэтаксама, як і дрэвы выраслі навокал.
– Ён таксама жывы... у сэнсе, ён гарыць,– сказаў Дыгары.
I гэта сапраўды было так. Хаця, натуральна, маленькі агеньчык унутры ліхтара было цяжка разгледзець пры сонечным святле, але ён быў заўважны, калі на яго падаў цень.
– Неверагодна, проста неверагодна,– прамармытаў дзядзька Эндру.– Нават я ніколі не марыў пра такую магію. Мы ў такім свеце, дзе ўсё, нават ліхтар, ажывае і расце. Цікава, з якога зерня растуць ліхтары?
– Вы не разумееце? – запытаўся Дыгары.– Тут упаў прут, які яна адарвала ад ліхтара. Ён утыркнуўся ў зямлю, і цяпер з яго расце маленькі ліхтар. (Ліхтар, аднак, быў ужо не такі і маленькі; калі Дыгары гэта казаў, той ужо быў ростам з яго.)
– Дакладна! Цудоўна, цудоўна,– сказаў дзядзька Эндру, паціраючы рукі яшчэ мацней.– Хо-хо! Яны смяяліся з майго чараўніцтва. Мая дурная сястрыца думае, што я вар’ят. Цікава, што яны цяпер скажуць? Я знайшоў свет, у якім усё поўніцца жыццём і расце. Яны там захапляюцца Калумбам! Але што такое Амерыка ў параўнанні з гэтым? Камерцыйны патэнцыял гэтай краіны бязмежны. Трэба толькі даставіць сюды старыя кавалкі жалезнага лому, закапаць – і з іх вырастуць новенькія рухавікі для цягнікоў, баявыя караблі, усё, што пажадаеце. Яны не будуць каштаваць мне нічога, а я змагу прадаваць іх у Англіі. Я зраблюся мільярдэрам. А яшчэ ж клімат! Я пачуваюся на шмат год маладзейшым. Трэба будзе адчыніць тут курорт. Добры санаторый можа прыносіць шалёныя грошы. Вядома, мне давядзецца адкрыць сакрэт некаторым людзям. Але перш-наперш трэба застрэліць гэтага монстра.
– Вы такі ж самы, як і Вядзьмарка,– мовіла Полі.– Вы толькі і можаце думаць, што пра забойства.
– А што тычыцца мяне,– працягнуў шчаслівыя мары дзядзька Эндру,– хто ведае, колькі я пражыву, калі пасялюся тут. А гэта вельмі істотнае пытанне, калі вам ужо пераваліла за шэсцьдзесят. Я не здзіўлюся, калі тут я ні на дзень не пастарэю! Неверагодна! Край вечнай маладосці!
– Вох! – усклікнуў Дыгары.– Край маладосці! Вы сапраўды думаеце, што гэта ён?
Бо Дыгары ўзгадаў словы, якія цётка Лэці казала той жанчыне, што прыносіла вінаград. I надзея зноў напоўніла яго.
– Дзядзька Эндру,– сказаў ён.– Як вы думаеце, ці ёсць тут што-небудзь, што магло б ацаліць маці?
– Што ты маеш на ўвазе? – буркнуў дзядзька Эндру.– Гэта табе не аптэка. Але, як я казаў...
– Вам на яе напляваць,– раз’юшана вымавіў Дыгары.– Я думаў, вас хоць крыху гэта турбуе. Яна ж не толькі мая маці, але і вашая сястра, урэшце. Ну, неістотна. Я запытаюся ў самога Льва, ці зможа ён мне дапамагчы.
Ён павярнуўся і хутка пайшоў прэч. Полі пачакала імгненне і пайшла за ім.
– Гэй! Стаяць! Вярніцеся! Гэты хлопец страціў розум,– сказаў дзядзька Эндру.
Ён пайшоў за дзецьмі на бяспечнай адлегласці, бо не хацеў ані занадта аддаліцца ад зялёных пярсцёнкаў, ані занадта наблізіцца да Льва.
Праз некалькі хвілін Дыгары выйшаў на край лесу і спыніўся. Леў усё яшчэ спяваў. Але спеў ізноў памяняўся. Цяпер ён абуджаў жаданне бегаць, скакаць і караскацца. Хацелася крычаць, падбегчы да іншых людзей і ці абняць іх, ці пабіцца з імі. Ад яго Дыгары стала горача, і ён пачырванеў. Спеў меў нейкае ўздзеянне і на дзядзьку Эндру, бо Дыгары пачуў, як той сказаў: “Адважная дзічынка. Шкада, што ў яе такі характар, але яна ўсё адно шалёна прыгожая жанчына, шалёна прыгожая”
Але ўздзеянне спеву на двух людзей не магло і параўнацца з тым, як ён дзейнічаў на краіну.
Ці можаце вы ўявіць парослы травой кавалак зямлі, які булькоча, як вада ў рондалі? Бо гэта сапраўды найлепш апісвае тое, што адбывалася. З усіх бакоў зямля выбухала купінамі. Яны былі разнастайных памераў, некаторыя не большыя за горку, якая застаецца ад крата, некаторыя памерам з бочку, а дзве нагадвалі невялікія дамы. Купіны варушыліся і раслі, а затым пачалі лопацца, і ва ўсе бакі паляцелі груды зямлі. З кожнай такой купіны з’явілася па жывёле. Краты вылезлі так, як і ў Англіі. Потым узніклі сабакі, якія забрахалі, як толькі іх галовы вызваліліся. Яны варушыліся, як звычайна варушацца сабакі, калі лезуць праз вузкую дзірку ў плоце.
Цікавей за ўсё было глядзець на аленяў, бо рогі было відаць раней за іх саміх, таму спачатку Дыгары падумаў, што гэта дрэвы. Жабы, якія ўзніклі побач з ракой, паскакалі ў ваду з шлёпаннем і гучным кваканнем. Пантэры, леапарды і падобныя да іх адразу ж уселіся вылізваць камякі зямлі з задніх лап і пасля сталі перад дрэвамі, абапершыся на іх, каб навастрыць кіпцюры на пярэдніх лапах. Незлічоныя птушкі зашчабяталі ў дрэвах. Лёталі матылькі. Пчолы пачалі працаваць над кветкамі, нібыта нельга было губляць і секунды. Але самае цікавае адбылося, калі развалілася найвялікшая купіна: з яе паказалася спачатку пахілая спіна, потым вялікая мудрая галава, і ўрэшце – зморшчаныя ногі слана. Цяпер спеў Ільва быў ледзь чутны: так шмат было каркання, буркавання, кукарэкання, гікання, іржання, брахання, рыкання, бляяння і трубных гукаў сланоў.
I хаця Дыгары больш не мог чуць Ільва, ён яго бачыў. Леў быў такім вялікім і такім заўважным, што хлопец не мог адарваць ад яго вачэй. Іншыя звяры зусім не баяліся яго. Акурат у гэты самы момант Дыгары пачуў за сабой грукат капытоў, а праз секунду стары конь возніка рыссю прабег зусім побач і далучыўся да іншых жывёлаў. (Паветра відавочна ішло каню на карысць, як і дзядзьку Эндру. Конь больш не выглядаў як бедны стары нявольнік, якім быў у Лондане. Ён ускідваў ногі і высока трымаў галаву.)
I цяпер упершыню Леў змоўк. Ён хадзіў туды-сюды паміж жывёл. Раз-пораз ён падыходзіў да нейкай пары (заўсёды да адной пары за раз) і дакранаўся сваім носам да іх насоў. Ён дакрануўся да двух баброў сярод усіх баброў, да двух леапардаў сярод усіх леапардаў, да аленя і аленіхі сярод усіх аленяў і пакінуў астатніх. Некаторыя віды жывёл ён цалкам прапускаў. Але тыя пары, да якіх ён дакрануўся, імгненна аддзяліліся ад сваіх суродзічаў і пайшлі за ім. Нарэшце ён спыніўся, і ўсе стварэнні, да якіх ён дакрануўся, прыйшлі і сталі наўкол яго. Іншыя, да якіх ён не дакранаўся, пачалі разыходзіцца. Іх галасы паступова сціхлі ў далечыні. Абраныя звяры, што засталіся, цяпер цалкам суцішыліся. Яны ўсе пільна ўглядаліся ў Ільва. Коткі зрэдку ўзмахвалі хвастамі, але акрамя гэтага ніхто не варушыўся. Упершыню за ўвесь дзень настала поўная цішыня, толькі шумела вада. Сэрца Дыгары шалёна калацілася; ён разумеў, што павінна адбыцца штосьці вельмі ўрачыстае. Ён не забыўся на маці, але выдатна ведаў, што нават дзеля яе не змог бы ўмяшацца ў такое.
Леў, які ні разу не міргнуў, углядаўся ў жывёл так пільна, нібыта збіраўся спаліць іх адным толькі позіркам. I паступова яны сталі змяняцца. Найменшыя – зайцы, краты, і падобныя да іх – вельмі моцна выраслі. Агромністыя жывёлы – асабліва гэта было заўважна са сланамі – крыху паменшалі. Шмат жывёлаў паднялося на заднія ногі. Большасць з іх нахіліла галовы на адзін бок, нібыта яны вельмі намагаліся нешта зразумець. Леў адкрыў пашчу, але з яе не вылецела ані гуку; ён выдыхаў – гэта быў доўгі цёплы выдых. Яго подых ускалыхнуў жывёлаў, як вецер калыша дрэвы.
Высока над іх галовамі, за покрывам блакітных нябёсаў, ізноў заспявалі нябачныя цяпер зоркі: чысты, халодны, складаны спеў. Потым з’явіўся хуткі выбліск нібыта агню (але ён нікога не апаліў), ці з неба, ці ад самога Льва, кожная кропля крыві ў целах дзяцей задрыжала, і самы глыбокі і дзівосны голас з усіх, якія яны калі-небудзь чулі, прамовіў:
– Нарнія, Нарнія, Нарнія, прачніся! Любі. Думай. Размаўляй. Хай ходзяць дрэвы. Хай гавораць жывёлы. Хай будуць жывымі твае воды.
Першы жарт ды іншыя рэчы
Гэта быў, вядома ж, голас Ільва. Дзеці даўно былі ўпэўненыя, што ён можа размаўляць, і тым не менш моцна здзівіліся, калі ён загаварыў.
З-за дрэваў выступілі лесуны і лясныя феі, з імі прыйшлі фаўны, сатыры і гномы. З ракі падняліся вадзяныя німфы – наяды. I ўсе яны, і звяры, і птушкі рознымі галасамі – нізкімі, высокімі, глухімі і звонкімі – адказалі:
– Вітаем, Аслан! Мы чуем і слухаемся. Мы прачнуліся. Мы любім. Мы размаўляем. Мы ведаем.
– Але пакуль мы зусім мала ведаем,– вымавіў цікаўны, з пахрапваннем голас. I тут дзеці сапраўды падскочылі, бо гэта загаварыў конь возніка.
– Добры стары Агрэст,– сказала Полі.– Я рада, што ён абраны стаць Гаваркой Істотай.
I вознік, які цяпер стаяў побач з дзецьмі, прызнаўся:
– Каб мне праваліцца. Я заўсёды ведаў, што гэты конь вельмі разумны.
– Стварэнні, вы належыце самі сабе,– зноў загучаў моцны, шчаслівы голас Аслана.– Я навечна аддаю вам гэтую зямлю – Нарнію. Аддаю вам лясы, пладовыя дрэвы, рэкі. Даю вам зоры, і даю вам сябе. Нямыя Істоты, якіх я не абраў, таксама вашыя. Абыходзьцеся з імі ласкава і клапаціцеся пра іх, але не рабіце, як яны, каб вам не перастаць быць Гаваркімі Істотамі. Бо вы былі абраныя з іх і можаце вярнуцца да іх. Не рабіце так.
– Не, Аслан, мы не будзем! Мы не будзем! – загаманілі ўсе.
I адна жвавая Галка дадала гучным голасам: “Не хвалюйся!” – а ўсе астатнія змоўклі якраз перад тым, як яна сказала гэта, таму яе словы прагучалі вельмі звонка ў поўнай цішыні. Магчыма, вы ведаеце, наколькі гэта бывае няёмка, скажам, на вечарыне. Галка так разгубілася, што схавала галаву пад крыло, нібыта збіралася спаць. А ўсе астатнія жывёлы пачалі выдаваць разнастайныя дзіўныя гукі, якія былі іх смехам і якія, вядома, ніхто ніколі не чуў у нашым свеце. Спачатку яны спрабавалі гэтыя гукі схаваць, але Аслан абвясціў:
– Смейцеся і не бойцеся, стварэнні! Цяпер, калі вы ўжо разумныя, няма патрэбы заўсёды быць сур’ёзнымі. Бо жарты, як і справядлівасць, з’яўляюцца разам з уменнем гаварыць.
Таму яны ўсе разняволіліся і пачалі смяяцца. I стала так весела, што нават Галка ізноў пасмялела, уселася на галаве каня, паміж яго вушамі, і, лопаючы крыламі, сказала:
– Аслан! Аслан! Гэта ў мяне атрымаўся першы жарт? I ўсім заўсёды будуць распавядаць, як у мяне атрымаўся першы жарт?
– Не, маленькае стварэнне,– адказаў Леў.– Гэта не ў цябе атрымаўся першы жарт, ты сама – першы жарт.
Тут усе рассмяяліся яшчэ больш. Але Галка не была супраць і смяялася гэтак жа гучна, пакуль конь не патрос галавой. Яна страціла раўнавагу і звалілася, але ўзгадала пра свае крылы (яны ўсё яшчэ былі новымі для яе), перш чым даляцела да зямлі.
– Нарнія заснаваная,– сказаў Аслан.– І мы мусім падумаць, як зрабіць яе бяспечнай. Я збяру некаторых з вас на маю Раду. Падыдзіце да мяне: ты, галоўны Гном, ты, Вадзянік, ты, Дуб, ты, Сава, абодва Крумкачы і Слон. Нам трэба паразмаўляць. Гэтаму свету яшчэ няма і пяці гадзінаў, аднак жа зло паспела ўжо з’явіцца ў ім.
Тыя стварэнні, якіх ён назваў, выступілі наперад і пайшлі з ім на ўсход. Астатнія пачалі размаўляць, кажучы рэчы кшталту: “Што, ён сказаў, з’явілася ў свеце? – Ён сказаў: “Аднак Жазло з’явілася”.– А што такое Жазло? – Не, ён сказаў не “Жазло”, а “аднак жа Слон”.
– Слухай,– Дыгары павярнуўся да Полі.– Я мушу пайсці за ім, за Асланам. У сэнсе, за Львом. Мне трэба паразмаўляць з ім.
– Думаеш, нам можна з ім размаўляць? Я б не наважылася.
– Я мушу пайсці,– сказаў Дыгары.– Гэта дзеля маці. Калі нехта і можа даць мне тое, што б ёй дапамагло, дык гэта ён.
– Я пайду з табой,– мовіў вознік.– Мне ён падабаецца. I я не думаю, што іншыя жывёлы нападуць на нас. I я хачу паразмаўляць са сваім старым сябрам Агрэстам.
Такім чынам яны ўтрох – настолькі смела, наколькі маглі – рушылі да групы жывёлаў. Стварэнні былі так занятыя размовамі адно з адным і пачаткам сяброўства, што не заўважылі трох людзей, пакуль тыя не падышлі вельмі блізка; таксама яны не чулі дзядзьку Эндру, які стаяў даволі далёка ад іх і крычаў (але не надта гучна):
– Дыгары! Вярніся! Вярніся зараз жа, табе кажуць! Я забараняю табе ісці далей нават на крок!
Калі яны нарэшце апынуліся сярод жывёлаў, тыя перасталі размаўляць і ўтаропіліся ў іх.
– Ну? – вымавіў нарэшце Бабёр.– Хто, у імя Аслана, гэта такія?
– Калі ласка,– пачаў Дыгары даволі-такі слабым голасам, калі Трус сказаў:
– Я мяркую, што яны – проста вялікая капуста.
– Не, мы не капуста, праўда,– хутка прамовіла Полі.– Мы зусім не надаемся на ежу.
– Ого! – сказаў Крот.– Яны могуць размаўляць. Ці бывае капуста, якая ўмее размаўляць?
– Магчыма, яны – Другі Жарт,– выказалася Галка.
Пантэра, якая ўмывалася, спынілася на імгненне, каб сказаць:
– Ну, калі яны – Другі Жарт, ён нават і блізка не такі добры, як першы. Прынамсі, я не бачу ў іх нічога вельмі смешнага.
Яна пазяхнула і працягнула ўмыванне.
– Калі ласка,– папрасіў Дыгары.– Я так спяшаюся. Я хачу пабачыць Ільва.
Увесь гэты час вознік спрабаваў злавіць позірк Агрэста. Нарэшце ў яго атрымалася.
– Агрэст, сябра,– сказаў ён.– Ты ж мяне ведаеш.
Ты ж не будзеш стаяць і рабіць выгляд, што гэта не так.
– Конь, што кажа гэтая Штука? – запыталася некалькі галасоў.
– Ну,– мовіў Агрэст вельмі павольна.– Я дакладна не ведаю. Мяркую, большасць з нас пакуль шмат чаго не ведае. Але мне здаецца, я бачыў падобных істотаў раней. У мяне такое адчуванне, што я жыў у нейкім іншым месцы – ці быў якімсьці іншым – перад тым, як Аслан абудзіў усіх нас некалькі хвілін таму. Усё вельмі зблытана, нібы сон. Але ў гэтым сне былі такія Штукі, як гэтыя тры.
– Што?– сказаў вознік.– Не ведаеш мяне? Мяне, які прыносіў табе гарачую кашу ў тыя вечары, калі ты хварэў? Мяне, які дасуха цябе расціраў? Мяне, які ніколі не забываўся накрываць цябе гунькай, калі ты стаяў на холадзе? Я ад цябе такога не чакаў, Агрэст.
– Я сапраўды пачынаю ўзгадваць,– задуменна прагаварыў Конь.– Так. Дайце падумаць, дайце падумаць. Так, ты прывязваў ззаду мяне жудасную чорную рэч, а потым хвастаў мяне, каб прымусіць бегчы, і няважна, як далёка я бег, тая чорная рэч заўсёды з грукатам пераследавала мяне.
– Нам трэба было зарабляць на жыццё, разумееш,– сказаў вознік.– I на тваё, і на маё. I калі б не было працы і пугі, не было б ні стайні, ні сена, ні кашы, ні аўса. А ты заўсёды меў авёс, калі ў мяне былі на яго грошы.
– Авёс? – вымавіў Конь, застрыгшы вушамі.– Так, я нешта памятаю. Так, я ўзгадваю больш і больш. Ты сядзеў недзе ззаду, а я бег наперадзе, цягнуў цябе і тую чорную штуку. Я рабіў усю працу.
– Улетку так,– адказаў вознік.– Гарачая праца для цябе і прахалоднае месца для мяне. А ўзімку, дружа? Табе было цёпла, а я сядзеў там наверсе з нагамі, замёрзлымі як лёд, і мой нос амаль адвальваўся ад ветру, а рукі так нямелі, што я ледзь трымаў лейцы!
– Гэта была жорсткая краіна, там было цяжка,– уздыхнуў Агрэст. – Там не было травы. Толькі цвёрдыя камяні.
– Дакладна, сябра, дакладна! – сказаў вознік.– То быў суворы свет. Я заўсёды казаў, што гэная брукаванка кепская для любога каня. I гэны горад – там такая цяснота! I смурод—не прадыхнуць... Я не люблю горад гэтак жа, як і ты. Ты не гарадскі конь, а я – не гарадскі чалавек. Раней я спяваў у хоры, ага, дома, у вёсцы. Але там для мяне не было працы.
– Калі ласка, калі ласка,– папрасіў Дыгары.– Дазвольце нам прайсці. Леў адыходзіць усё далей і далей. А я вельмі хачу паразмаўляць з ім, гэта проста неабходна.
– Слухай, Агрэст,– сказаў вознік.– Хлопец хоча пра нешта паразмаўляць з Ільвом; вы клічаце яго Асланам. Можа, ты дазволіш яму праехаць на табе (за што ён будзе вельмі ўдзячны) і давязеш да Льва? А мы з маленькай дзяўчынкай пойдзем за вамі.
– Праехаць? – перапытаў Агрэст.– О, цяпер я ўзгадаў. Гэта азначае, што нехта сядзіць на маёй спіне. Я памятаю, што нейкі маленькі двухногі, як вы, даўным-даўно так рабіў. У яго былі цвёрдыя, квадратныя кавалкі нечага белага, якія ён мне даваў. Па смаку яны былі – о, цудоўныя, саладзейшыя за траву.
– А, гэта быў цукар,– сказаў вознік.
– Калі ласка, Агрэст,– маліў Дыгары.– Вельмі прашу цябе, адвязі мяне да Аслана.
– Ну, я не супраць,– сказаў Конь.– Прынамсі, адзін раз можна. Забірайся.
– Добры стары Агрэст,– мовіў вознік.– Хадзі сюды, хлопча, я цябе падсаджу.
Неўзабаве Дыгары сядзеў на спіне Каня, і яму было даволі зручна, бо раней ён ездзіў без сядла на ўласным поні.
– А цяпер пайшоў, Агрэст,– сказаў ён.
– У цябе выпадкова няма кавалачка той белай штукі, а? – запытаўся Конь.
– Не, на жаль, няма,– адказаў Дыгары.
– Ну, нічога не паробіш,– сказаў Агрэст, і яны выправіліся.
У гэты момант вялікі Бульдог, які вельмі напружана прынюхваўся і прыглядаўся, прагаварыў:
– Глядзіце, здаецца, там, каля ракі, пад дрэвамі, яшчэ адно з гэтых дзіўных стварэнняў.
Усе жывёлы паглядзелі туды і пабачылі дзядзьку Эндру, які сцішана стаяў сярод рададэндранаў і спадзяваўся, што яго не заўважаць.
– Хадзем! – сказала некалькі галасоў.– Давайце пойдзем даведаемся, хто гэта.
Такім чынам, пакуль Агрэст з Дыгары на спіне жвава рысіў у адным кірунку (а Полі і вознік ішлі за імі пехам), большасць жывёлаў з ровам, браханнем, рохканнем і разнастайнымі гукамі, якія выказвалі вясёлую цікаўнасць, паспяшалася да дзядзькі Эндру.
Цяпер я мушу крыху вярнуцца назад і патлумачыць, як уся гэтая сцэна выглядала з гледзішча дзядзькі Эндру. Яна зрабіла на яго зусім іншае ўражанне, чым на возніка і дзяцей. Бо тое, што ты бачыш і чуеш, шмат у чым залежыць ад таго, якія ў цябе перакананні, а таксама ад таго, што ты за чалавек.
З таго самага моманту, як з явіліся жывёлы, дзядзька Эндру ўсё больш і больш адступаў у кустоўе. Вядома, ён вельмі ўважліва назіраў за імі, але яго не надта цікавіла, што яны робяць, затое цікавіла, ці збіраюцца яны на яго накінуцца.
Як і Вядзьмарка, ён быў да агіды практычны. Ён не заўважыў, што Аслан выбіраў па адной пары з кожнага віду жывёл. Усё, што ён бачыў,– гэта мноства небяспечных дзікіх звяроў, якія бадзяюцца навокал. I ён здзіўляўся, чаму іншыя жывёлы не ўцякаюць ад агромністага Льва.
Калі настаў вялікі момант і Звяры загаварылі, ён ўсё прапусціў з даволі цікавай прычыны. Калі Леў толькі пачаў спяваць, даўным-даўно, калі было яшчэ цёмна, дзядзька Эндру зразумеў, што гэта спеў. I ён яму вельмі не спадабаўся. Спеў прымусіў яго думаць пра некаторыя рэчы, пра якія ён не хацеў думаць, і адчуваць нешта, чаго ён не хацеў адчуваць. Потым, калі ўзышло сонца і дзядзька Эндру ўбачыў, што гэта спявае леў (“проста леў”, як ён сказаў сам сабе), ён з усяе моцы паспрабаваў прымусіць сябе паверыць, што той не спявае – і ніколі не спяваў, а толькі рыкаў, як любы леў у заапарку ў нашым свеце.
“Вядома ж, ён не можа сапраўды спяваць,– думаў ён.– Мне гэта, пэўна, падалося. Я дазволіў нервам расхістацца. Ці хто калі-небудзь чуў, каб леў спяваў?”
I чым даўжэй і прыгажэй Леў спяваў, тым больш намаганняў прыкладаў дзядзька Эндру, каб прымусіць сябе паверыць, што ён чуе рыканне, і нічога больш. Праблема ў тым, што, калі ты спрабуеш быць менш разумным, чым ты ёсць, гэта вельмі часта атрымліваецца. У дзядзькі Эндру атрымалася. Хутка ён не чуў у спеве Аслана нічога, акрамя рыкання. Праз нейкі час ён не змог бы пачуць нічога іншага, нават калі б пажадаў. I калі нарэшце Леў загаварыў і мовіў: ”Нарнія, прачніся”,– ён пачуў не словы, а толькі рык. I калі Звяры загаварылі ў адказ, ён пачуў браханне, рохканне і выццё. А калі яны засмяяліся – ну, вы можаце ўявіць. Для дзядзькі Эндру гэта было горшым за ўсё, што адбылося да гэтага моманту. Такога жудаснага крыважэрнага шуму галодных і злых звяроў ён не чуў ніколі ў жыцці. Потым, у дадатак да свайго страху ды злосці, ён пабачыў, як трое іншых людзей пайшлі жывёлам насустрач.
“Дурні! – сказаў ён сам сабе.– Цяпер гэтыя монстры з’ядуць пярсцёнкі разам з дзецьмі, і я ніколі не змагу зноў трапіць дамоў. Што за эгаіст гэты Дыгары! I іншыя не лепей. Калі яны хочуць згубіць свае жыцці, гэта іх справа. Але як наконт мяне? Не падобна, каб яны пра гэта думалі. Ніхто ніколі не думае пра мяне”.
Нарэшце, калі ўся грамада жывёл пабегла да яго, ён павярнуўся і панёсся прэч, ратуючы сваё жыццё. I цяпер было дакладна зразумела, што паветра гэтага маладога свету сапраўды пайшло на карысць старому джэнтльмену. У Лондане ён быў занадта стары, каб бегаць; цяпер ён нёсся з хуткасцю, якой было б дастаткова, каб перамагчы ў стометровым забегу ў любой сярэдняй школе. Хвасты фрака, што матляліся ў яго за спінай, стваралі файнае відовішча. Але, вядома ж, уцёкі не мелі шанцу на поспех. Многія з жывёлаў, што беглі за ім, былі вельмі хуткімі; гэта быў першы бег у іх жыцці, і яны ўсе прагнулі выпрабаваць свае новыя мускулы.
– За ім!За ім! – крычалі яны.– Магчыма, ён і ёсць тое самае Жазло! Хапайце яго! Ва ўсе ногі! Адрэжце яму шлях! Атачайце яго! Так трымаць! Ура!
Праз некалькі хвілін некаторыя з іх ужо апынуліся наперадзе яго. Яны пашыхтаваліся і перагарадзілі яму дарогу. Іншыя атачылі яго ззаду. Ён бачыў пагрозу, куды б ні паглядзеў. Над ім вежамі ўзносіліся рогі велізарных Ласёў і вялікая галава Слана. Цяжкія, сур’ёзныя Мядзведзі і Дзікі бурчалі ў яго за спінай. Вонкава спакойныя Леапарды і Пантэры з саркастычным (як яму здавалася) выглядам узіраліся ў яго і матлялі хвастамі. Больш за ўсё яго ўразіла колькасць разяўленых пашчаў. Насамрэч жывёлы адкрылі пашчы, каб аддыхацца; ён падумаў, што яны збіраюцца яго з’есці.
Дзядзька Эндру стаяў, дрыжучы і хістаючыся то ў адзін, то ў другі бок. Ён ніколі, нават у лепшыя часы, не любіў жывёл, бо баяўся іх. I, вядома ж, пасля столькіх год жорсткіх эксперыментаў над жывёламі ён стаў ненавідзець і баяцца іх яшчэ больш.
– А цяпер, сэр,– сказаў Бульдог дзелавітым голасам,– адказвайце: вы жывёла, гародніна альбо мінерал?
Вось што ён насамрэч сказаў, але дзядзька Эндру пачуў толькі: “Гр-р-раррх-аў!”