Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)
Льюіс Клайв Стэйплз
Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка
Cям’і Кілмер прысвячаецца
Пра галоўнага героя гэтай кнігі
«... Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі – пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі – мой адказ. Нарнія – свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:
A) Леў лічыцца царом звяроў.
Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.
B) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.
Кожная з кніг раскрывае сваю частку:
“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;
“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” – пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;
“Прынц Каспіян” – пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;
“Конь і яго хлопчык” – пра пакліканне і навяртанне паганца;
“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” – духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);
“Срэбнае крэсла” – працяглая вайна з сіламі цемры;
“Апошняя бітва” – прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».
Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.
Не тыя дзверы
Гэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.
У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы[1]1
Бэстаблы – сям’я з прыгодніцкіх кніг ангельскай аўтаркі Эдзіт Нэсбіт.
[Закрыть] яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. I ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.
Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.
– Вітаю,– прамовіла Полі.
– Вітаю,– азваўся хлопчык.– Як цябе клічуць?
– Полі,– сказала Полі,– А цябе?
– Дыгары,– адказаў хлопчык.
– Ого, якое смешнае імя,– хіхікнула Полі.
– А Полі – яшчэ больш смешнае,– заўважыў Дыгары.
– Няпраўда,– запярэчыла Полі.
– Праўда,– адказаў Дыгары.
– Прынамсі, я ўмываюся,– сказала Полі.– Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля...– тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.
– Так, я плакаў! – сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны.– Ты б таксама плакала,– працягнуў ён,– калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.
– Лондан – зусім не дзірка! – абурылася Полі.
Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:
– ... і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і... і... памірае.– Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.
– Я не ведала, прабач...– сказала Полі. I потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:
– Містар Кэтэрлі насамрэч вар’ят?
– Ну, ён ці з глузду з’ехаў,– адказаў Дыгары,– ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. I вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду,– а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць,– цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, або: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”
– А што ён спрабуе сказаць?
– Я не ведаю. Ён ніколі не паспявае сказаць шмат. Але гэта яшчэ не ўсё. Учора ўвечары, калі я ішоў спаць, то праходзіў міма лесвіцы на гарышча. I мне здалося, што я пачуў ускрык.
– Магчыма, ён замкнуў там звар’яцелую жонку.
– Так, я пра гэта ўжо думаў.
– Або друкуе фальшывыя грошы.
– Ці, можа, ён былы пірат, як той чалавек у пачатку “Выспы Скарбаў”, і ўвесь час хаваецца ад сваіх былых сяброў-піратаў.
– Як цікава! – сказала Полі.– Ніколі не думала, што твой дом такі незвычайны.
– Табе, можа, ён і здаецца цікавым,– адказаў Дыгары.– Але ты б так не думала, калі б табе давялося там спаць. Як бы табе спадабалася ляжаць без сну і прыслухоўвацца да крокаў дзядзькі Эндру, які крадзецца да дзвярэй твайго пакоя? I ў яго такія жудасныя вочы.
Так Полі і Дыгары пазнаёміліся. Быў пачатак летніх вакацыяў, ніхто з іх не паехаў на мора, і яны бачыліся ледзь не кожны дзень.
Іх прыгоды пачаліся перш за ўсё таму, што тое лета было адным з самых дажджлівых і халодных за апошнія гады. Таму дзеці даследавалі будынак. Проста дзіва, як шмат можна дазнацца з дапамогай свечкі ў вялікім доме ці ў двух суседніх дамах. Полі ўжо даўно разведала: калі адчыніць невялічкія дзверы ў каморы на гарышчы яе дома, пабачыш бак для вады і цёмны прагал за ім, у які можна асцярожна залезці. Гэты цёмны прагал нагадваў тунэль з цагляным мурам з аднаго боку і схілам даху з іншага. У даху былі невялічкія шчыліны паміж лістамі шыферу, праз якія прабівалася святло. Падлогі ў тунэля не было, даводзілася пераступаць з бэлькі на бэльку, а паміж імі быў толькі гіпс. I калі наступіш на яго, то правалішся наўпрост у пакой.
Прастора за бакам была кантрабандысцкай пячорай Полі. Яна прынесла туды рэшткі скрыняў, сядзенні ад старых крэслаў, іншыя рэчы такога ж кшталту і зрабіла паміж бэлькамі нейкае падабенства падлогі. Тут яна трымала скрынку з рознымі скарбамі, аповед, які яна пісала, і, само сабою, пару яблыкаў. Полі часта піла тут імбірны ліманад: старыя бутэлькі рабілі гэтае месца яшчэ больш падобным да пячоры кантрабандыстаў.
Дыгары спадабалася пячора (свой аповед Полі яму не паказала), але больш яго зацікавіў тунэль.
– Як ты думаеш,– запытаўся ён,– ці доўгі гэты тунэль? У сэнсе – ці ён сканчаецца там, дзе й твой дом?
– Не,– адказала Полі.– Ён цягнецца далей, не ведаю на колькі.
– Тады мы можам прабрацца ўздоўж усяго шэрагу дамоў.
– Так,– сказала Полі.– I... ого, неверагодна!
– Што?
– Мы можам трапіць у іншыя дамы.
– I нас схопяць як злодзеяў! Ну не, дзякуй.
– Разумнік. Я думала пра наступны дом пасля твайго.
– А што ў ім такога?
– Ён пусты. Тата кажа, што, колькі мы тут жывём, ён заўсёды быў пусты.
– Слухай, давай паглядзім, што там,– сказаў Дыгары. Ён быў значна больш узрушаны, чым можна было б меркаваць па яго голасе. Вядома ж, ён (як і вы на яго месцы) думаў пра розныя прычыны, чаму гэты дом так доўга стаяў пусты. Полі таксама разважала пра гэта. Ніхто з іх не вымавіў словаў “дом з прывідамі”, і абодва адчувалі: калі ўжо ўзнікла ідэя паглядзець, што ў гэтым доме, было б ганьбай адступіць.
– Як наконт прабрацца туды зараз? – запытаўся Дыгары.
– Давай,– пагадзілася Полі.
– Можам не ісці, калі не хочаш,– сказаў Дыгары.
– Я пайду, калі ты пойдзеш,– адказала яна.
– А як мы даведаемся, што мы менавіта ў тым доме?
Яны вырашылі, што вернуцца на гарышча і памераюць крокамі яго, а таксама адлегласць ад адной бэлькі да наступнай. Так яны даведаюцца, колькі бэлек над адным пакоем. Пасля трэба будзе дадаць яшчэ прыкладна чатыры крокі на адлегласць паміж двума гарышчамі і столькі ж на спальню абслугі. Такім чынам атрымаецца даўжыня аднаго дома. Калі прайсці такую адлегласць двойчы, яны будуць у канцы дома Дыгары. Пасля любыя дзверы прывядуць іх у пусты дом.
– Але я не думаю, што ён сапраўды пусты,– сказаў Дыгары.
– А што ты думаеш?
– Мяркую, там нехта таемна жыве і выходзіць толькі ўначы з ліхтаром. А раптам мы выкрыем банду злачынцаў і атрымаем узнагароду? Не можа быць, каб дом пуставаў усе гэтыя гады. У ім павінна быць нейкая таямніца.
– Тата казаў, што гэта, магчыма, з-за каналізацыі,– прамовіла Полі.
– Пфф! Дарослыя заўсёды знаходзяць нецікавыя тлумачэнні,– сказаў Дыгары.
Цяпер, калі яны размаўлялі пры дзённым святле, а не пры свечках у Кантрабандысцкай Пячоры, ім здавалася значна менш верагодным, што ў пустым доме жывуць прывіды.
Яны памералі крокамі гарышча, узялі аловак і склалі, што ў іх атрымалася. Напачатку ў іх выйшлі розныя адказы, і нават калі яны нарэшце вынайшлі агульны, я не ўпэўнены, што ён быў слушны. Але дзеці спяшаліся распачаць экспедыцыю.
– Трэба ісці ціха,– сказала Полі, пакуль яны ізноў прабіраліся за бак з вадой. Паколькі справа была сур’ёзнай, кожны з іх узяў свечку (у Полінай пячоры іх захоўвалася шмат).
У тунэлі было вельмі цёмна, пыльна, а таксама цягнула пройма. Яны пераступалі з бэлькі на бэльку моўчкі і толькі шапталі адно адному: “Мы прайшлі вашае гарышча”, або: “Тут павінна быць сярэдзіна нашага дома”. Ніхто з іх не спатыкнуўся, свечкі не згаслі, і нарэшце яны дабраліся да маленькіх дзвярэй справа ад іх. Вядома, дзверы былі без ручкі ці засаўкі на гэтым баку, бо яны былі зробленыя, каб выходзіць, а не заходзіць. Але меўся шпінгалет (як у гардэробах), і дзеці не сумняваліся, што патрапяць унутр.
– Адчыняць? – запытаўся Дыгары.
– Я пайду, калі ты пойдзеш,– паўтарыла Полі.
Абое адчувалі, што ўсё вельмі сур’ёзна, але ніхто з іх не павярнуў назад. Дыгары з намаганнем адсунуў шпінгалет. Дзверы расчыніліся, і дзеці заміргалі ад нечаканага святла, з вялікім здзіўленнем зразумеўшы, што яны не на закінутым гарышчы, а ў пакоі з мэбляй.
Зрэшты, мэблі тут было няшмат. Панавала ціша. Зацікаўленая пабачаным, Полі задзьмула свечку і бязгучна, як мыш, зайшла ў дзіўны пакой.
Па форме ён быў, вядома, як гарышча, але абстаўлены як гасцёўня. Кожны сантыметр сцен быў заняты паліцамі, і кожны сантыметр паліц быў застаўлены кнігамі. У каміне гарэў агонь (вы памятаеце, што лета ў тым годзе было вельмі вільготнае і халоднае), перад камінам стаяў фатэль з высокай спінкай. Паміж фатэлем і Полі месціўся, займаючы амаль усю сярэдзіну пакоя, вялікі стол, завалены самымі рознымі рэчамі. Там былі кнігі, нататнікі, бутэлечкі з атрамантам, пёры для пісання, воск і мікраскоп. Але першае, што кінулася ў вочы,– ярка-чырвоны драўляны паднос, на якім ляжалі некалькі пярсцёнкаў. Яны былі парныя: адзін зялёны і адзін жоўты разам, пасля крыху месца, пасля яшчэ адзін жоўты і адзін зялёны. Памерам яны былі як і звычайныя пярсцёнкі. Іх нельга было не заўважыць: так зырка яны блішчалі. Гэта былі самыя цудоўна-бліскучыя дробныя рэчы, якія толькі можна ўявіць. Калі б Полі была крыху меншай, ёй захацелася б пакласці адзін з іх у рот.
У пакоі было настолькі ціха, што чулася, як цікае гадзіннік. Але суцэльнай цішыні не было. Аднекуль даносілася слабое – вельмі-вельмі слабое – гудзенне. Калі б у тыя дні ўжо вынайшлі пыласосы, Полі падумала б, што гэта далёкі гул пыласоса – некалькімі пакоямі далей і некалькімі паверхамі ніжэй. Але гук быў больш прыемны і больш музыкальны, адно што ледзь чутны.
– Усё ў парадку, тут нікога няма,– сказала Полі. Яна ўжо не шаптала. Дыгары, вельмі брудны, як, дарэчы, і Полі, міргаючы, зайшоў у пакой.
– Кепска,– адказаў ён.– Гэты дом зусім не пусты. Лепей нам сысці, пакуль ніхто не прыйшоў.
– Як ты думаеш, што гэта? – запыталася Полі, паказваючы на рознакаляровыя пярсцёнкі.
– Ды кінь ты,– сказаў Дыгары.– Чым хутчэй...
Ён так і не скончыў фразы, бо ў гэты момант нешта адбылося. Фатэль з высокай спінкай, які стаяў перад агнём, раптоўна павярнуўся, і з яго, як дэман у спектаклі, паднялася вусцішная постаць дзядзькі Эндру. Яны былі зусім не ў пустым доме, а ў тым самым кабінеце ў доме Дыгары, куды яму было забаронена заходзіць! Дзеці разам выгукнулі: “Во-о-ой!”, зразумеўшы сваю жахлівую памылку. Трэба было раней здагадацца, што яны прайшлі недастаткова!
Дзядзька Эндру быў высокі і вельмі худы. У яго быў доўгі добра паголены твар, востры нос, вельмі яскравыя вочы і зблытаная кучма сівых валасоў.
Дыгары заняло мову, бо цяпер дзядзька Эндру выглядаў у тысячы разоў больш небяспечным, чым калі-небудзь. Полі пакуль што не настолькі спужалася, але хутка ёй стала страшна. Таму што дзядзька Эндру перасёк пакой і замкнуў дзверы на ключ. Потым павярнуўся, паглядзеў на дзяцей сваімі яскравымі вачыма і ўсміхнуўся, паказваючы ўсе зубы.
– Вось так! – сказаў ён.– Цяпер мая бязглуздая сястра не зможа да вас дабрацца!
Звычайна дарослыя так сябе не паводзяць. Сэрца Полі скокнула ў горла, і яны з Дыгары пачалі адступаць да маленькіх дзвярэй, праз якія сюды трапілі. Але дзядзька Эндру быў хутчэйшы. Ён зайшоў ззаду, замкнуў тыя дзверы і стаў перад імі. Потым ён пацёр рукі і храбуснуў костачкамі. У яго былі вельмі доўгія прыгожыя белыя пальцы.
– Рады вас бачыць,– прамовіў ён.– Двое дзяцей – якраз тое, што мне трэба.
– Калі ласка, містар Кэтэрлі,– сказала Полі.– Ужо амаль час абедаць, і мне трэба ісці дадому. Адпусціце нас, калі ласка.
– Не зараз,– адказаў дзядзька Эндру.– Я не магу страціць такую цудоўную магчымасць. Мне якраз не хапала дваіх дзяцей. Разумееце, я праводжу вялікі эксперымент. Я спрабаваў на марскіх свінках, і ўсё спрацавала. Але марскія свінкі нічога не могуць распавесці. Ім не растлумачыш, як вярнуцца.
– Паслухайце, дзязька Эндру,– сказаў Дыгары.– Ужо сапраўды час абедаць, і нас пачнуць шукаць у любы момант. Вы мусіце адпусціць нас.
– Мушу? – запытаўся ён.
Дыгары і Полі паглядзелі адно на аднаго. Яны не наважыліся нічога сказаць, але погляды азначалі: “Гэта жахліва!” і: “Нам трэба яго неяк улагодзіць”.
– Калі вы зараз адпусціце нас на абед,– сказала Полі,– мы вернемся пасля.
– Так, але як вы дакажаце, што вернецеся? – запытаўся дзядзька Эндру з хітрай усмешкай. Ды раптам ён нібыта перадумаў.
– Добра,– пагадзіўся ён.– Калі вам сапраўды трэба ісці, то ідзіце. Не думаю, што двум маладым людзям будзе цікава размаўляць з такім старым дурнем, як я.– Ён уздыхнуў і працягнуў: – Вы нават не ўяўляеце, якім самотным я часам пачуваюся. Аднак неістотна... Ідзіце абедайце. Але я хачу падарыць вам нешта, перш чым вы пойдзеце. Не кожны дзень я бачу ў маім затхлым старым кабінеце маленькіх дзяўчат. Асабліва, калі мне дазволена так казаць, такіх прыгожых маленькіх лэдзі, як вы.
Полі пачала думаць, што, магчыма, не такі ўжо ён, урэшце, і вар’ят.
– Падарыць табе пярсцёнак, мая даражэнькая? – спытаў дзядзька Эндру.
– Вы маеце на ўвазе адзін з гэтых жоўтых і зялёных пярсцёнкаў? – усклікнула Полі.– Як цудоўна!
– Толькі не зялёны,– сказаў дзядзька Эндру.– Баюся, зялёны я падарыць не магу. Але я з задавальненнем і любоўю аддам табе любы жоўты пярсцёнак. Хадзі сюды і надзень адзін з іх.
Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар’ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.
– Нішто сабе! Мне здаецца,– сказала яна,– што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.
– Якая дзіўная думка,– адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
– Полі! Стой! – крыкнуў ён.– Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
Дыгары і яго дзядзька
Гэта было настолькі нечакана і страшна, нават горш ад начнога кашмару, што Дыгары ўскрыкнуў. Рука дзядзькі Эндру імгненна закрыла яму рот.
– Ціха! – прашыпеў ён на вуха хлопчыку.– Калі ты пачнеш шумець, твая маці пачуе, а ты ведаеш, што з ёй можа здарыцца, калі яна спалохаецца.
Як Дыгары казаў пасля, яму ледзь не стала млосна ад такой жудаснай подласці. Але ён, вядома, больш не крычаў.
– Вось так,– сказаў дзядзька Эндру.– Зрэшты, я цябе разумею. Упершыню пабачыць, як нехта знікае,– гэта сапраўды шок. Нават я ўразіўся, калі марская свінка знікла ўчора вечарам.
– Дык гэта вы тады ўскрыкнулі? – запытаўся Дыгары.
– Ты пачуў? Спадзяюся, ты не шпіёніў за мной?
– Не,– гнеўна адказаў Дыгары.– Але што здарылася з Полі?
– Павіншуй мяне, мой дарагі хлопчык,– мовіў дзядзька Эндру, паціраючы рукі.– Мой эксперымент атрымаўся. Нашая маленькая дзяўчынка знікла з гэтага свету.
– Што вы з ёй зрабілі?
– Адправіў яе, так бы мовіць, у іншае месца.
– Што вы маеце на ўвазе?
Дзядзька Эндру сеў і сказаў:
– Я распавяду табе. Ты чуў калі-небудзь пра старую місіс Лефэй?
– Яна была маёй стрыечнай бабуляй? – запытаўся Дыгары.
– Не зусім,– адказаў дзядзька Эндру.– Яна была мая хросная. Гэта яе партрэт там, на сцяне.
Дыгары паглядзеў і ўбачыў выцвілы фотаздымак старой жанчыны ў каптуры. I цяпер ён узгадаў, што аднойчы бачыў здымак гэтай жа самай жанчыны дома, у старасвецкай камодзе. Ён запытаўся ў маці, хто гэта, але маці не надта хацела пра яе гаварыць. Твар у жанчыны быў непрыемны, падумаў Дыгары. Але па старых фотаздымках ніколі нельга сказаць з упэўненасцю.
– А хіба... Мне здавалася, з ёй было нешта не так? – запытаўся Дыгары.
– Ну,– сказаў дзядзька Эндру,– гэта залежыць ад таго, што ты называеш “не так”. Людзі не ўмеюць мысліць шырока. Яна, вядома, стала вельмі дзіўнай у старасці. Рабіла вельмі неразумныя рэчы. Таму яе і замкнулі.
– У вар’ятні, вы маеце на ўвазе?
– О не-не,– адказаў дзядзька Эндру,– зусім не. Яе проста пасадзілі ў турму.
– Ого! – усклікнуў Дыгары.– Што яна зрабіла?
– Бедная жанчына,– уздыхнуў дзядзька Эндру.– Паводзіла сябе вельмі неабачліва. Шмат было рознага, не мае сэнсу корпацца ва ўсім. Яна заўсёды была вельмі добрай да мяне.
– Але паслухайце, якое дачыненне гэта мае да Полі? Я б вельмі хацеў, каб...
– Усё ў свой час, мой хлопчык,– сказаў дзядзька Эндру.– Старая місіс Лефэй выйшла з турмы перад смерцю, і я быў сярод тых нямногіх, каго яна прымала. Яна не любіла звычайных, прымітыўных людзей, разумееш. Я сам іх не люблю. Нас з ёй цікавілі адны і тыя ж рэчы. За некалькі дзён да смерці яна загадала мне падысці да старой камоды, адчыніць патаемную шуфлядку і дастаць куфэрачак, які там быў. Як толькі я ўзяў яго, у мяне закалола ў пальцах, і я зразумеў, што трымаю ў руках нейкую вялікую таямніцу. Яна аддала куфэрак мне і змусіла паабяцаць, што я не буду заглядаць унутр і спалю яго, як толькі яна памрэ. Я не стрымаў гэтае абяцанне.
– Ведаеце, вы зрабілі кепска,– зазначыў Дыгары.
– Кепска? – перапытаў дзядзька Эндру, збянтэжана глянуўшы на хлопца.– А, зразумеў. Ты маеш на ўвазе, што маленькія хлопчыкі мусяць выконваць абяцанні. Вельмі слушна, і я рады, што цябе гэтаму навучылі. Але ты павінен зразумець, што правілы такога кшталту, якімі б высакароднымі яны ні здаваліся маленькім хлопчыкам, ці слугам, ці жанчынам, ці нават людзям наогул, не могуць стасавацца да выбітных навукоўцаў, вялікіх мысляроў і мудрацоў. Не, Дыгары. Такія, як я, што валодаюць таемнымі ведамі, вольныя ад агульных правілаў і адрэзаныя ад агульных радасцяў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс, мой хлопчык.
Сказаўшы гэта, ён уздыхнуў, выглядаючы так урачыста, высакародна і загадкава, што на секунду Дыгары падумаў: дзядзька Эндру сапраўды сказаў нешта слушнае. Але потым хлопец узгадаў агідны выраз на дзядзькавым твары за імгненне да таго, як знікла Полі, і адразу зразумеў, што хавалася за пафаснымі словамі. “Гэта азначае,– сказаў Дыгары сам сабе,– што ён думае, нібыта яму дазволена рабіць усё, каб атрымаць, што ён хоча”.
– Вядома,– працягваў дзядзька Эндру,– я доўгі час не наважваўся адчыніць той куфэрачак, бо ведаў, што ў ім можа быць нешта вельмі небяспечнае. Мая хросная была асаблівай жанчынай. Рэч у тым, што яна была адной з апошніх смяротных у гэтай краіне, якія мелі ў сваім родзе фей. Яна казала, што ў яе час было яшчэ дзве такіх. Адна – герцагіня, а другая – прыбіральшчыца. Насамрэч, Дыгары, ты зараз размаўляеш з апошнім чалавекам, у каго хросная была фея. Вось так! Табе будзе што ўзгадаць, калі станеш стары.
“Яна была злая фея”,– падумаў Дыгары і прамовіў:
– Але што наконт Полі?
– Ды што ты прычапіўся да гэтай тэмы! – усклікнуў дзядзька Эндру.– Гэта ж неістотна! Спярша я, вядома, вывучыў сам куфэрак. Ён быў вельмі старажытны. Ужо тады я ведаў дастаткова, каб зразумець, што ён не з Грэцыі, не са старажытнага Егіпта, Вавілона, Хецкай дзяржавы ці Кітая. Ён быў куды старэйшы за ўсе гэтыя нацыі. О, гэта быў вялікі дзень, калі я спазнаў праўду. Куфэрак быў са зніклай выспы Атлантыда. Гэта азначала, што ён існаваў на стагоддзі раней за любыя рэчы з каменнага веку. I ён не быў падобны да гэтых грубых недасканалых вырабаў. Бо на пачатку часоў Атлантыда ўжо была вялікім горадам з палацамі, храмамі і адукаванымі людзьмі.
Ён спыніўся на імгненне, нібыта чакаючы, што пляменнік нешта скажа. Але дзядзька Эндру з кожнай хвілінай падабаўся Дыгары ўсё меней і меней, таму ён нічога не сказаў.
– Прайшоў час,– працягваў дзядзька Эндру,– і рознымі шляхамі (было б няправільна адкрываць іх дзіцяці) я даведаўся пра Магію агулам. Гэта значыць, што я меў даволі выразнае ўяўленне пра тое, што магло быць у куфэрку. Праводзячы розныя эксперыменты, я змог звузіць колькасць варыянтаў. Мне давялося пазнаёміцца з некаторымі, ну... некаторымі надзвычай дзіўнымі людзьмі і прайсці праз некаторыя страшэнна непрыемныя рэчы. Ад гэтага ў мяне пасівелі валасы. Бо нельга проста так узяць і стаць чараўніком. У выніку маё здароўе было падарванае. Але я ачуняў. I вось урэшце я пра ўсё даведаўся.
I хаця ніхто не мог іх пачуць, ён нахіліўся і амаль прашаптаў:
– У скарбонцы з Атлантыды было штосьці з іншага свету, прынесенае тады, калі наш свет толькі пачынаўся.
– Што? – запытаўся Дыгары, які нечакана для сябе моцна зацікавіўся.
– Толькі пыл,– адказаў дзядзька Эндру.– Дробны сухі пыл. Нічога асаблівага. Але калі я паглядзеў на яго (я прыклаў усе намаганні, каб да яго не дакранацца) і падумаў, што кожная пылінка была ў іншым свеце,– я не маю на ўвазе іншую планету, ведаеш, бо яны – частка нашага свету і да іх можна дабрацца, калі паляцець дастаткова далёка,– у сапраўдным Іншым Свеце, іншай Прыродзе, недзе, куды б ты не здолеў дабрацца, нават калі б ляцеў скрозь космас вечна; у свеце, куды можна трапіць толькі з дапамогай чараўніцтва,– вось!
Тут дзядзька Эндру пацёр рукі так, што костачкі затрашчалі, як феерверк.
– Я ведаў,– працягнуў ён,– што гэты пыл перанясе цябе туды, адкуль ён быў узяты, калі надаць яму належную форму. Але належную форму было цяжка знайсці. Усе мае ранейшыя эксперыменты ляснулі. Я спрабаваў на марскіх свінках. Некаторыя з іх проста памерлі. Некаторыя выбухалі, як маленькія бомбачкі...
– Гэта вельмі жорстка,– сказаў Дыгары, у якога некалі была марская свінка.
– Не перапыняй! – абурыўся дзядзька Эндру.– Жывёлы існуюць для гэтага. Я сам іх набываў. Так, пра што я казаў? А, вось. Нарэшце ў мяне атрымалася зрабіць жоўтыя пярсцёнкі. Але з явілася новая праблема. Цяпер я быў упэўнены, што жоўты пярсцёнак адашле любое стварэнне, якое да яго дакранецца, у Іншае Месца. Аднак якая з гэтага карысць, калі адтуль ніхто не вернецца, каб распавесці мне, што там?
– А як жа тыя, што апынаюцца ў Іншым Месцы? – сказаў Дыгары.– У добрую ж сітуацыю яны трапляюць, калі не могуць вярнуцца!
– Ты ўсё яшчэ глядзіш на рэчы з няправільнага боку,– прамовіў дзядзька Эндру нецярпліва.– Ці ты не разумееш, што гэта выбітны эксперымент? Я хачу даведацца, якое яно, Іншае Месца. Таму неабходна кагосьці туды паслаць.
– У такім выпадку чаму вы самі не адправіцеся туды?
Дыгары ніколі не бачыў, каб некага так здзівіла і абразіла такое простае пытанне.
– Я? Я сам?! – усклікнуў дзядзька Эндру.– Ты, напэўна, звар’яцеў! Чалавеку майго ўзросту і стану здароўя зведаць шок ды небяспеку раптоўнага перанясення ў адрозны ад нашага свет? Ніколі ў жыцці не чуў такой бязглуздзіцы! Ты разумееш, што кажаш?
Падумай, што азначае Іншы Свет: ты можаш сустрэць там усё, што заўгодна. Што заўгодна!
– I толькі што вы адправілі туды Полі,– вымавіў Дыгары. Яго шчокі палалі ад гневу. – Нават нягледзячы на тое, што вы мой дзядзька,– дадаў ён,– я магу сказаць толькі адно: адправіць дзяўчыну замест сябе можа толькі баязлівец.
– А ну змоўкніце, малады чалавек! – сказаў дзядзька Эндру, апусціўшы рукі на стол.– Я не збіраюся трываць такога абыходжання ад маленькага мурзатага школьніка. Ты не разумееш! Я – выбітны навуковец, чараўнік, майстар, які праводзіць дослед! Вядома ж, мне патрэбныя суб’екты, на якіх яго праводзіць. Гляньце на яго! Ты яшчэ скажы, што мне трэба было запытацца дазволу ў марскіх свінак, перш чым іх выкарыстоўваць! Нельга дасягнуць вялікай мудрасці без ахвяраў. Але ідэя пайсці самому – гэта бязглуздзіца. Гэта як прасіць генерала біцца замест звычайнага жаўнера. А калі мяне заб’юць, што стане са справай усяго майго жыцця?
– Ды хопіць ужо,– сказаў Дыгары.– Вы збіраецеся вярнуць Полі?
– Я збіраўся сказаць табе, але ў той момант ты груба мяне перапыніў,– адказаў дзядзька Эндру.– Нарэшце я знайшоў спосаб вярнуцца. Зялёныя пярсцёнкі вяртаюць назад.
– Але ў Полі няма зялёнага пярсцёнка.
– Няма,– прамовіў дзядзька Эндру з бязлітаснай усмешкай.
– Тады яна не зможа вярнуцца! – крыкнуў Дыгары.– Гэта ўсё адно, што вы забілі б яе!
– Яна можа вярнуцца,– адказаў дзядзька Эндру,– калі нехта іншы, надзеўшы жоўты пярсцёнак, пойдзе за ёю і возьме два зялёныя: адзін, каб вярнуцца самому, і адзін, каб вярнуць яе.
Цяпер Дыгары, вядома, зразумеў пастку, у якую яго злавілі. I ён вырачыўся на дзядзьку Эндру, нічога не кажучы і шырока адкрыўшы рот. Яго шчокі збялелі.
– Спадзяюся,– сказаў дзядзька Эндру вельмі важным і ўладарным голасам, нібыта ён быў узорным дзядзькам, які толькі што даў некаму каштоўную падказку і добрую параду,– спадзяюся, Дыгары, што ты не баязлівец. Мне будзе вельмі непрыемна думаць, што нехта з нашай сям’і не мае дастаткова годнасці і высакароднасці, каб прыйсці на дапамогу – э-гм – даме ў небяспецы.
– Хопіць ужо! – адказаў Дыгары.– Калі б вы мелі хоць які-колечы гонар, вы пайшлі б самі. Але я ведаю, што вы гэтага не зробіце. Добра. Відаць, мне давядзецца пайсці. Вы сапраўдны мярзотнік. Вы ўсё гэта спланавалі, каб яна, не ведаючы, пайшла, і каб пасля я быў вымушаны адправіцца за ёю.
– Вядома,– сказаў дзядзька Эндру з гнюснай усмешкай.
– Выдатна. Я пайду. Але ёсць адна рэч, якую я скажу спярша. Да сённяшняга дня я не верыў у чарадзейства. Цяпер бачу, што яно ёсць. Калі так, значыць, усе старыя казкі больш-менш праўдзівыя, і якраз вы – той зламысны, бязлітасны чараўнік, як у казках. I ведаеце, я ніколі не чытаў гісторыі, у якой такія людзі ў канцы не атрымалі б па заслугах. Магу паспрачацца, што вы таксама атрымаеце. I так вам і трэба.
З усяго, што выказаў Дыгары, гэта сапраўды закранула дзядзьку Эндру. Ён здрыгануўся, і на яго твары з’явіўся такі жах, што, хаця ён і быў страшэннай пачварай, яго амаль што хацелася пашкадаваць. Але праз імгненне ён узяў сябе ў рукі і з даволі-такі змушаным смяшком мовіў:
– Так, так, мяркую, такая думка натуральная для дзіцяці, якога гадавалі жанчыны. Жаночая балбатня, га? Дыгары, не думаю, што табе трэба хвалявацца аб пакаранні, якое пагражае мне. Ці не лепей падумаць пра небяспеку, у якой знаходзіцца твая сяброўка? Яна знікла ўжо даволі даўно. Калі Там ёсць нейкая пагроза, ведаеш, будзе крыўдна спазніцца на імгненне.
– Нібыта вас гэта моцна турбуе,– агрызнуўся Дыгары.– Але мне ўжо да смерці надакучылі гэтыя размовы. Што трэба рабіць?
– Табе сапраўды варта навучыцца кантраляваць свой тэмперамент, хлопчык мой,– халодна сказаў дзядзька Эндру.– Інакш вырасцеш такім жа, як твая цётка Лэці. Так. Хадзі сюды.
Ён падняўся, надзеў пальчаткі і падышоў да падноса, на якім ляжалі пярсцёнкі.
– Яны працуюць толькі тады,– патлумачыў ён,– калі датыкаюцца непасрэдна тваёй скуры. У пальчатках я магу браць іх – вось так,– і нічога не адбываецца. Калі такі пярсцёнак ляжыць у цябе ў кішэні, нічога не здарыцца. Але, вядома ж, тады трэба быць асцярожным, каб не апусціць руку ў кішэню і выпадкова не дакрануцца да яго. Ты знікнеш з гэтага свету ў той момант, калі дакранешся да жоўтага пярсцёнка. Калі ты будзеш у Іншым Свеце, я мяркую... вядома, гэта яшчэ не даказана, але я мяркую, як толькі ты дакранешся да зялёнага пярсцёнка, ты знікнеш з Таго Свету і зноў з’явішся ў гэтым. Цяпер я бяру два зялёныя пярсцёнкі і кладу іх у тваю правую кішэню. Добра запомні, у якую. Адзін для цябе і адзін для дзяўчынкі. А зараз вазьмі адзін жоўты пярсцёнак сабе. На тваім месцы я надзеў бы яго на палец. Каб не згубіць.
Дыгары ўжо амаль узяў жоўты пярсцёнак, але раптам узгадаў адну рэч.
– Паслухайце,– сказаў ён.– А як жа мама? Раптам яна запытаецца, дзе я?
– Чым хутчэй ты выправішся, тым хутчэй вернешся,– бадзёра адказаў дзядзька Эндру.
– Але вы не можаце дакладна сказаць, ці змагу я вярнуцца.
Дзядзька Эндру перасмыкнуў плячыма, перасёк пакой, расчыніў дзверы і сказаў:
– Як сабе хочаш. Можаш спускацца ўніз на абед. Пакінь дзяўчынку на з’ядзенне дзікім звярам. Ці хай яна патоне, ці памрэ з голаду, ці згубіцца, калі ты так вырашыў. Мне ўсё адно. Магчыма, перад гарбатай ты можаш забегчы да місіс Пламэр і патлумачыць, што яна ніколі больш не пабачыць сваёй дачкі, бо ты збаяўся надзець пярсцёнак.
– Каб вы толькі ведалі,– сказаў Дыгары,– як бы я хацеў быць дарослым, каб даць вам у нос!
Потым зашпіліўся, глыбока ўздыхнуў і ўзяў пярсцёнак. I падумаў (як заўсёды думаў і пазней), што іншага годнага выйсця не было.