355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Клайв Льюіс » Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка » Текст книги (страница 7)
Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка
  • Текст добавлен: 24 мая 2017, 21:00

Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"


Автор книги: Клайв Льюіс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

Нечаканая сустрэча

Прачынайся, Дыгары, прачынайся, Крылаты,– пачуўся голас Полі.– Вырасла ірыскавае дрэва! I раніца проста найцудоўнейшая.

Нізкае святло ранішняга сонца бруілася праз лес, трава пашарэла ад расы, і павуцінне было нібыта срэбра. Зусім блізка ад іх расло маленькае дрэўца памерам з яблыню, з вельмі цёмнай карой. Яго белаватае лісце моцна нагадвала паперу і было як у расліны, што называецца “луннік”, а шмат дробных карычневых пладоў на ім выглядалі амаль як фінікі.

– Ура! – выгукнуў Дыгары.– Але спачатку я збіраюся акунуцца.

Праз усыпаныя кветкамі зарасці ён пабег да берагу ракі. Ці купаліся вы калі-небудзь у горнай рацэ, плыткія воды якой коцяцца над чырвонымі, блакітнымі і жоўтымі камянямі, што блішчаць на сонцы? У ёй гэтак жа добра, як у моры; у некаторым сэнсе нават лепей. Вядома, Дыгары давялося зноў апрануцца не абсохнуўшы, але гэта было таго вартае. Калі ён вярнуўся, Полі пайшла да ракі купацца; прынамсі, яна сказала, што купалася, але мы ведаем, што яна не асабліва добра плавала, і, магчыма, лепей не задаваць зашмат пытанняў. Крылаты таксама наведаў раку, але ён толькі пастаяў у сярэдзіне плыні і, нахіліўшыся, доўга піў, а потым патрос грывай ды некалькі разоў заржаў.

Полі і Дыгары падышлі да ірыскавага дрэва. Плады былі вельмі смачныя: не зусім як ірыскі – больш мяккія і сакавітыя,– але нагадвалі іх. Крылаты таксама выдатна паснедаў: ён пакаштаваў адзін з пладоў ірыскавага дрэва, і яму спадабалася. Але Конь сказаў, што ў гэты час яму больш даспадобы трава. Потым, з некаторымі цяжкасцямі, дзеці ўзлезлі яму на спіну, і другая вандроўка пачалася.

Яна была нават лепшай за ўчарашнюю, часткова таму, што кожны пачуваўся такім бадзёрым, а часткова таму, што сонца, якое толькі што ўзышло, было за іх спінамі, і, вядома, усё выглядае прыгажэйшым, калі святло ззаду цябе. Гэта была цудоўная паездка. Вялікія заснежаныя горы высіліся над імі з усіх бакоў. Даліны, нізка пад імі, былі такія зялёныя, і ўсе ручаі, якія цяклі ад ледавікоў да галоўнай ракі, былі такія блакітныя, што здавалася, быццам яны ляцяць над гіганцкім пано, зробленым з найкаштоўнейшых камянёў. Ім хацелася б, каб гэтая частка прыгоды працягвалася як мага даўжэй. У хуткім часе яны адчулі нейкі пах і сталі пытацца адзін у аднаго: “Што гэта?”, “Ты адчуваеш гэты пах?” “Адкуль ён?” Бо нябесны водар, цёплы і залаты, нібыта пах усіх найсмачнейшых пладоў і кветак у свеце, далятаў да іх аднекуль спераду.

– Ён ідзе вунь з той даліны з возерам,– сказаў Крылаты.

– Так,– адказаў Дыгары.– I зірніце! Там, за возерам,– зялёны ўзгорак. I паглядзіце, якая блакітная вада.

– Гэта мусіць быць тое самае Месца,– сказалі ўсе трое.

Крылаты шырокімі коламі спускаўся ніжэй і ніжэй. Абледзянелыя пікі падымаліся ўсё вышэй і вышэй над імі. Паветра з кожным імгненнем рабілася ўсё больш цёплае і духмянае, такое салодкае, што ад яго амаль наварочваліся слёзы. Цяпер Крылаты ляцеў з нерухома распасцёртымі крыламі і шукаў капытамі зямлю. Стромы зялёны ўзгорак хутка набліжаўся. Праз імгненне Конь крыху нязграбна прызямліўся на ягоны схіл. Дзеці скаціліся з конскай спіны, упалі, не выцяўшыся, на цёплую невысокую траву і падняліся, пераводзячы дух.

Яны былі ў трох чвэрцях шляху да вяршыні ўзгорка і адразу ж пачалі ўзбірацца далей. (Я не думаю, што Крылаты змог бы падымацца, калі б у яго не было крылаў для раўнавагі – іх узмахамі ён раз-пораз сабе дапамагаў.) Самую вяршыню ўзгорка атачала высокая агароджа. Унутры раслі дрэвы. Галіны звісалі над агароджай, іх лісце было не толькі зялёнае, але таксама блакітнае і срэбнае, што было відаць, калі вецер гойдаў галінкі. Дабраўшыся да вяршыні, вандроўнікі абышлі наўкол амаль што ўсю агароджу, перш чым знайшлі браму: высокую браму з золата, моцна замкнёную, звернутую на ўсход.

Да гэтага часу, я мяркую, Крылаты і Полі думалі, што зойдуць у сад разам з Дыгары. Але цяпер яны ўжо так не думалі. Вы ніколі не бачылі месца, якое было б настолькі відавочна адасобленым, асабістым. З першага позірку можна было пераканацца, што сад належыць камусьці іншаму. Дыгары адразу зразумеў, што астатнія не пойдуць ды й не маглі б пайсці з ім. Ён рушыў да брамы адзін.

Падышоўшы зусім блізка, Дыгары пабачыў словы, напісаныя на золаце срэбнымі літарамі, нешта накшталт такога:

 
Заходзь у сад праз браму – ці не заходзь зусім,
Хутчэй вазьмі для іншых – не для сябе – мой плод.
Бо знойдзе ўсё, што хоча,– і роспач разам з тым —
Той, хто крадзе падступна і лезе цераз плот.
 

“Хутчэй вазьмі для іншых,– сказаў пра сябе Дыгары.– Якраз гэта я збіраюся зрабіць. Значыць, я не мушу есці сам. Не ведаю, пра што гэтае балбатанне ў перадапошнім радку. Заходзь у сад праз браму. Хто захоча лезці праз агароджу, калі можна ўвайсці праз браму? Але як яна адчыняецца?”

Ён дакрануўся да брамы, і яна адразу ж шырока расхінулася ўнутр, павярнуўшыся на завесах без адзінага гуку.

Цяпер, калі ён мог зазірнуць за агароджу, гэтае месца выглядала яшчэ больш прывабным. Ён увайшоў вельмі ўрачыста, азіраючыся навокал. Унутры было надзвычай ціха. Нават ад фантана, які біў амаль у сярэдзіне саду, далятаў толькі ледзь чутны гук. Навокал разлягаўся цудоўны водар: гэта было радаснае месца, але вельмі сур’ёзнае.

Ён адразу пазнаў патрэбнае дрэва. Часткова таму, што яно стаяла ў самай сярэдзіне, а часткова таму, што яно было абсыпана вялікімі срэбнымі яблыкамі, якія ззялі і адкідвалі святло ўніз на цяністыя месцы, куды не сягала сонца. Дыгары падышоў наўпрост да дрэва, сарваў яблык і паклаў яго ў нагрудную кішэнь. Але ён не ўтрымаўся, разгледзеў і панюхаў яго перад тым, як схаваць.

Лепей бы ён так не рабіў. Яго ахапілі жудасная смага, голад і прагненне пакаштаваць гэты плод. Ён хутка паклаў яго ў кішэню. Але ж на дрэве было яшчэ шмат яблыкаў. Няўжо ён зробіць кепска, калі пакаштуе адзін? Урэшце, падумаў ён, надпіс на браме можа быць і не зусім загадам; гэта можа быць толькі парада – а каму ёсць справа да парады? А нават калі гэта загад, ці ён парушыць яго, калі з’есць яблык? Ён ужо споўніў частку, у якой кажацца пра тое, каб браць “для іншых”.

Разважаючы пра ўсё гэта, Дыгары выпадкова паглядзеў скрозь галіны ў кірунку верхавіны дрэва. Там, на галіне над яго галавой, сядзела, уладкаваўшыся нібыта на седале для сну, цудоўная птушка. Я кажу так, бо здавалася, што яна заснула; магчыма, праўда, не да канца. Адно вока было ледзь прыкметна расплюшчана. Птушка была большая за арла, спераду жоўта-памаранчавая, на галаве пунсовы чубок, а хвост быў пурпуровы.

“I гэта сведчыць,– казаў Дыгары пасля, калі распавядаў сваю гісторыю іншым,– што трэба быць вельмі асцярожнымі ў чароўных месцах. Ты ніколі не ведаеш, хто можа за табой назіраць”. Але я думаю, Дыгары не ўзяў бы сабе яблык у любым выпадку. У тыя часы рэчы кшталту “не крадзі” сядзелі ў галовах хлопцаў значна больш надзейна, чым зараз. Хаця, зрэшты, мы не можам быць упэўненыя да канца.

Дыгары якраз разварочваўся, каб ісці да брамы, але спыніўся, апошні раз разглядаючыся навокал. I застыў ад жаху. Ён быў не адзін. Усяго ў некалькіх метрах ад яго стаяла Вядзьмарка. Яна выкінула агрызак толькі што з’едзенага яблыка. Ягоны сок быў цямнейшым, чым можна было б чакаць, і ад яго вакол Вядзьмарчыных вуснаў з’явілася страшная пляма. Дыгары адразу здагадаўся, што яна, пэўна, пералезла праз агароджу. I ён пачаў разумець, што ў радку, які казаў, што той, хто знойдзе, што хоча, атрымае разам з тым роспач, быў сэнс. Бо Вядзьмарка выглядала больш моцнай і ганарыстай, чым калі-небудзь раней. У нейкім сэнсе нават пераможнай; але яе твар быў змярцвела-белы, як соль.

Усё гэта ў імгненне пранеслася ў галаве Дыгары; затым ён пабег прэч і нёсся да брамы так хутка, як толькі мог; Вядзьмарка кінулася наўздагон. Як толькі ён выбег з саду, брама сама зачынілася за ім. Гэта дало яму фору, але ненадоўга. Да таго моманту, як ён падбег да сяброў і крыкнуў: “Хутчэй, заскоквай, Полі! Падымайся, Крылаты!” – Вядзьмарка пераскочыла праз агароджу і зноў была блізка.

– Стойце там, дзе стаіце! – закрычаў Дыгары, павярнуўшыся тварам да яе.– Ці мы ўсе знікнем. Не падыходзьце ні на крок бліжэй.

– Дурны хлопчык,– сказала Вядзьмарка.– Чаму ты ўцякаеш ад мяне? Я не зраблю табе нічога кепскага. Калі ты не спынішся і не выслухаеш мяне зараз, ты не здабудзеш веды, якія змаглі б зрабіць цябе шчаслівым да канца жыцця.

– Не, я не хачу гэтага чуць, дзякую,– сказаў Дыгары.

Але насамрэч ён хацеў.

– Я ведаю, з якім заданнем ты прыляцеў сюды,– працягвала Вядзьмарка.– Бо гэта я была побач з вамі ў лесе мінулай ноччу і чула ўсе вашыя нарады. Ты сарваў плод у гэтым садзе. Цяпер ён у цябе ў кішэні. I ты, не пакаштаваўшы, збіраешся адвезці яго назад Ільву – каб ён яго з’еў, каб ён ім скарыстаўся. Ты прасцяк! Ты ведаеш, што гэта за плод? Я распавяду табе. Гэта яблык маладосці, яблык жыцця. Я ведаю, бо пакаштавала яго. I я ўжо адчуваю перамены ў сабе, я ведаю, што ніколі не састарэю і не памру. З’еш яго, хлопец, з’еш яго; і мы абодва будзем жыць вечна і будзем каралём і каралевай усяго гэтага свету – ці твайго свету, калі вырашым вярнуцца туды.

– Не, дзякую,– сказаў Дыгары.– Не думаю, што вельмі захачу жыць і жыць, пасля таго як усе, каго я ведаю, згінуць. Я лепей пражыву звычайны час, памру і пайду на Нябёсы.

– Але як жа твая маці, якую ты быццам бы так моцна любіш?

– Якое дачыненне яна мае да гэтага?

– Ці ты не разумееш, дурань, што адзін кавалачак гэтага яблыка ацаліць яе? Яно ў тваёй кішэні. Мы тут адны, і Леў далёка. Выкарыстай сваю магію і вярніся ў свой свет. Праз хвіліну ты будзеш каля ложка маці і аддасі ёй плод. Праз пяць хвілін ты пабачыш, як колеры вяртаюцца на яе твар. Яна скажа табе, што боль знік, што пачуваецца лепей. Потым яна засне – падумай пра гэта: гадзіны салодкага сапраўднага сну, без болю, без лекаў. Назаўтра ўсе будуць казаць, як цудоўна яна паправілася. Хутка яна будзе зноў здаровая. Усё зноў будзе добра. У тваім доме зноў будзе радасць. Ты будзеш як іншыя хлопчыкі.

– Ох! – выдыхнуў Дыгары, нібыта яго паранілі, і паклаў руку на сэрца. Ён зразумеў, што перад ім ляжыць найжахлівейшы выбар.

– Што для цябе зрабіў Леў, каб ты быў яго рабом? – запытался Вядзьмарка.– Што ён зможа табе зрабіць, калі ты вернешся ў свой уласны свет? I што падумала б твая маці, калі б ведала, што ты мог спыніць яе боль, вярнуць ёй жыццё і ўратаваць сэрца твайго бацькі ад роспачы, а ты вырашыў заняцца справамі дзікай жывёлы ў дзіўным свеце, да якога не маеш ніякага дачынення?

– Я... я не думаю, што ён – дзікая жывёла,– вымавіў Дыгары голасам, які бывае, калі ў вас перасохла горла.– Ён... я не ведаю...

– Тады ён нешта горшае,– сказала Вядзьмарка.– Паглядзі, што ён ужо табе зрабіў: паглядзі, якім неміласэрным ты стаў. Так ён робіць з кожным, хто слухае яго. Ты – жорсткі, бязлітасны хлопчык! Дазволіш сваёй маці памерці, замест таго каб...

– О, замаўчыце! – адказаў Дыгары ў роспачы, тым жа голасам.– Ці вы думаеце, што я не разумею? Але я... я паабяцаў.

– Але ты не ведаў, што абяцаў. I ніхто тут не змог цябе папярэдзіць.

– Маці самой,– сказаў Дыгары, з цяжкасцю вымаўляючы словы,– не спадабалася б гэта – яна неверагодна строгая наконт стрымлівання абяцанняў... і крадзяжоў... і ўсялякіх такіх рэчаў. Яна б сказала мне не рабіць гэтага – адразу ж, калі б была тут.

– Але ёй не абавязкова пра гэта ведаць,– словы Вядзьмаркі прагучалі больш салодка, чым можна было б чакаць ад кагосьці з такім жорсткім тварам.– Ты не скажаш ёй, як здабыў яблык. Твайму бацьку няма неабходнасці гэта ведаць. Нікому ў тваім свеце не трэба нічога ведаць пра ўсю гэтую гісторыю. I табе не абавязкова браць з сабой назад гэтую дзяўчынку.

Тут Вядзьмарка зрабіла фатальную памылку. Вядома, Дыгары ведаў, што Полі можа вярнуцца з дапамогай уласнага пярсцёнка гэтаксама проста, як ён мог вярнуцца з дапамогай свайго. Але Вядзьмарка гэтага не ведала. I ганебнасць гэтай прапановы – пакінуць Полі – раптоўна зрабіла ўсе астатнія рэчы, якія Вядзьмарка казала яму, няправільнымі і пустымі. I нават пасярод усёй роспачы яго розум раптам прасвятліўся, і Дыгары сказаў (іншым і значна гучнейшым голасам):

– Паслухайце, а калі гэта ўсё пачало вас цікавіць? Чаму вы раптам так моцна сталі клапаціцца пра маю маці? Якая вам да гэтага справа? Што ў вас за гульня?

– Малайчына, Дыг,– прашаптала Полі яму на вуха.– Хутчэй! Уцякаем.

Яна не наважвалася нічога сказаць на працягу ўсёй размовы, бо, разумееце, гэта не яе маці памірала.

– Тады забірайся,– мовіў Дыгары, падсаджваючы яе на спіну Крылатага, а затым ускараскаўся сам – так хутка, як мог. Конь распасцёр крылы.

– Уцякайце, дурні,– крыкнула Вядзьмарка.– Падумай пра мяне, хлопчык, калі будзеш ляжаць, стары і слабы, і паміраць. Узгадай, як ты адкінуў шанец на бясконцую маладосць! Больш яго не будзе!

Яны былі ўжо так высока, што ледзь-ледзь яе чулі. Вядзьмарка таксама не губляла часу на тое, каб глядзець на іх; яны пабачылі, як яна пайшла на поўнач, уніз па схіле ўзгорка.

У той дзень яны ўсталі вельмі рана, і тое, што адбылося ў садзе, цягнулася нядоўга, таму Крылаты і Полі абодва сказалі, што будзе лёгка вярнуцца назад у Нарнію да ночы. Дыгары нічога не казаў на зваротным шляху, а іншыя саромеліся размаўляць з ім. Вельмі засмучаны, ён не быў цалкам упэўнены, што зрабіў правільна. Але, узгадваючы слёзы ў вачах Аслана, умацоўваўся ў сваім рашэнні.

Увесь дзень Крылаты нёс іх на ўсход. Крылы яго не стамляліся, а рака паказвала яму шлях праз горы. Яны ляцелі над дзікімі лясістымі ўзгоркамі і потым над вялікім вадаспадам і далей, далей, туды, дзе на лясы Нарніі падаў цёмны цень магутнай скалы. Калі неба пачырванела ад сонца, якое ўжо заходзіла, Крылаты пабачыў месца, дзе каля ракі сабралася шмат істотаў. I хутка ён змог заўважыць пасярод іх самога Аслана. Крылаты слізнуў уніз, расправіў усе чатыры нагі, склаў крылы і прызямліўся лёгкім галопам. Потым ён спыніўся. Дзеці спешыліся. Дыгары пабачыў, як звяры, гномы, сатыры, німфы і іншыя расступіліся ўлева і ўправа, каб даць яму прайсці. Ён падышоў да Аслана, аддаў яму яблык і сказаў:

– Я прынёс вам яблык, які вы прасілі, сэр.

Пра тое, як пасадзілі дрэва

Выдатная праца,– прамовіў Аслан голасам, ад якога здрыганулася зямля.

I Дыгары зразумеў, што ўсе нарнійцы пачулі словы Аслана і што гэтая гісторыя будзе перадавацца ад бацькі сыну ў новым свеце сотні год і, магчыма, вечна. Але яму не пагражала заганарыцца, бо ён зусім не думаў пра гэта цяпер, калі апынуўся твар у твар з Асланам. Гэтым разам ён адчуў, што можа глядзець Ільву проста ў вочы. Ён забыўся на ўсе трывогі і пачуваўся цалкам задаволеным.

– Выдатна, сын Адама,– сказаў Леў ізноў.– Гэты плод каштаваў табе голаду, смагі і слёз. Толькі твае рукі мусяць пасадзіць зярнятка Дрэва, якое стане абаронай Нарніі. Кінь яблык у бок ракі, дзе глеба мяккая.

Дыгары зрабіў, як яму было сказана. Усе так сцішыліся, што можна было пачуць мяккі гук, з якім яблык упаў у глебу.

– I кінуў ты добра,– мовіў Аслан.– А цяпер пяройдзем да каранацыі Караля Фрэнка Нарнійскага і Хэлен, яго Каралевы.

Дзеці ўпершыню звярнулі ўвагу на гэтых дваіх. Тыя былі апранутыя ў дзіўныя і прыгожыя строі: з іх плячэй бруіліся багатыя мантыі, і чатыры гномы трымалі шлейф Караля, а чатыры рачныя німфы – Каралевы. На галовах у іх нічога не было. Хэлен распусціла валасы і ад гэтага стала выглядаць нашмат прыгажэйшай. Ды не валасы і не вопратка зрабілі іх такімі адрознымі ад тых, якімі яны былі раней. Іх твары мелі новыя выразы, асабліва твар Караля. Уся вастрыня, хітрасць і звадлівасць, якія прысталі да яго, калі ён быў лонданскім вознікам, здавалася, былі змытыя, і стала прасцей пабачыць адважнасць і дабрыню, якія ў яго былі заўсёды. Магчыма, на яго паўплывала паветра маладога свету ці размова з Асланам, ці тое і іншае.

– Шчыра скажу,– прашаптаў Крылаты на вуха Полі,– мой стары гаспадар змяніўся гэтак жа, як я! Зірніце толькі, цяпер ён сапраўдны гаспадар!

– Так, але не шапчы мне ў вуха,– сказала Полі.– Бо гэта вельмі казытна.

– Зараз,– загадаў Аслан,– хто-небудзь развяжыце вузел, які вы сплялі з тых дрэваў, і давайце паглядзім, што там.

Цяпер Дыгары пабачыў, што непадалёк шчыльна адно да аднаго раслі чатыры дрэвы, і іх галіны перапляліся паміж сабой такім чынам, што ўтварылася нешта накшталт клеткі. Двое Сланоў з дапамогай хобатаў і некалькі гномаў з дапамогай маленькіх сякер хутка ўсё разблыталі. Унутры было тры рэчы. Першая – маладое дрэўца, нібыта з золата, другая – маладое дрэўца, нібыта са срэбра, а трэцяй быў варты жалю суб’ект у бруднай вопратцы, які згорбіўшыся сядзеў паміж тымі дрэўцамі.

– Нішто сабе! – прашаптаў Дыгары.– Дзядзька Эндру!

Каб патлумачыць тое, што здарылася, трэба вярнуцца крыху назад. Звяры, як вы памятаеце, спрабавалі пасадзіць і паліць яго. Вада вярнула дзядзьку да прытомнасці, ён пабачыў, што наскрозь прамоклы, па сцёгны закапаны ў зямлю (якая хутка ператваралася ў бруд) і акружаны большай колькасцю дзікіх звяроў, чым калі-небудзь мог уявіць у сваім жыцці. Таму і не дзіўна, што ён пачаў крычаць і выць. У пэўным сэнсе гэта было добра, бо нарэшце ўсе пераканаліся (нават Дзік), што ён жывы. Таму жывёлы зноў адкапалі яго (штаны былі ў сапраўды жудасным стане). Як толькі дзядзькавы ногі былі вызваленыя, ён паспрабаваў уцячы, але Сланіха адным хуткім рухам абвіла хобат вакол яго таліі. Цяпер усе лічылі, што дзядзьку Эндру варта дзесьці захаваць да таго часу, пакуль у Аслана будзе магчымасць прыйсці паглядзець на яго і сказаць, што з ім рабіць. Таму звяры сплялі навокал яго нешта кшталту клеткі ці сеткі. Потым яны прапанавалі яму ўсё, што, на іх погляд, было ядомае.

Асёл сабраў вялікі ахапак калючак і кінуў унутр, але не было падобна на тое, што дзядзьку Эндру яны цікавілі. Вавёркі закідвалі яго градам арэхаў, але ён толькі закрываў галаву рукамі і намагаўся схавацца. Птушкі лёталі туды-сюды, старанна скідваючы на яго чарвякоў. Самы шчодры быў Мядзведзь. Днём ён знайшоў гняздо дзікіх пчолаў, і замест таго, каб самому з’есці тое, што там было (а яму вельмі хацелася!), шляхетная істота прынесла гняздо да дзядзькі Эндру. Але гэта была найгоршая памылка. Мядзведзь перакінуў усю ліпкую масу праз вяршыню клеткі, і, на жаль, яна трапіла дзядзьку Эндру проста ў твар (там яшчэ былі жывыя пчолы). Мядзведзь, які зусім не быў бы супраць, калі б яго самога пляснулі сотамі па твары, не мог зразумець, чаму дзядзька Эндру адхіснуўся назад, паслізнуўся і сеў. I дзядзьку проста не пашчасціла, што ён сеў на купу калючак.

– Як бы там ні было,– сказаў Дзік,– шмат мёду трапіла ў рот гэтай істоты. Гэта мусіць прынесці ёй нейкую карысць.

Жывёлам пачынаў сапраўды падабацца іх дзіўны гадаванец, і яны спадзяваліся, што Аслан дазволіць ім пакінуць яго. Самыя разумныя цяпер былі амаль упэўненыя, што некаторыя гукі, якія выляталі з яго рота, мелі значэнне. Яны ахрысцілі яго “Брэндзі”, бо гэта ён паўтараў найчасцей.

Урэшце ім давялося пакінуць яго там на ноч. Аслан быў заняты ўвесь дзень, даючы ўказанні новым Каралю і Каралеве, займаючыся іншымі важнымі рэчамі, і не мог наведаць “беднага старога Брэндзі”. З усіх арэхаў, персікаў, яблыкаў і бананаў, якія яму накідалі, атрымалася някепская вячэра, але нельга сказаць, што ён добра правёў ноч.

– Прывядзіце гэтую істоту,– загадаў Аслан. Адзін са Сланоў падняў дзядзьку Эндру хобатам і паклаў яго да лап Ільва. Дзядзька Эндру быў занадта спалоханы, каб варушыцца.

– Калі ласка, Аслан,– папрасіла Полі.– Ці можаш ты сказаць штосьці, каб ён... каб ён перастаў баяцца? I потым – ці мог бы ты сказаць штосьці, каб ён ніколі больш сюды не вярнуўся?

– Ты думаеш, ён захоча? – спытаўся Аслан.

– Ведаеш, Аслан,– сказала Полі,– ён можа паслаць кагосьці яшчэ. Яго так захапіла, што прут ад ліхтара вырас у дрэва-ліхтар, і ён думае...

– Яго думкі – вялікае глупства, дзіця,– мовіў Аслан.– Гэты новы свет пакуль што напаўняецца жыццём, бо спеў, якім я абудзіў яго, усё яшчэ лунае ў паветры і грукоча ў зямлі. Так будзе нядоўга. Але я не магу гэтага сказаць старому грэшніку, і я таксама не магу яго суцешыць; ён сам зрабіў так, што не здольны чуць мой голас. Калі я загавару з ім, ён пачуе толькі рык і роў. О, сыны Адама, як спрытна вы адгароджваецеся ад усяго, што можа пайсці вам на карысць! Але я дам яму адзіны дар, які ён яшчэ можа прыняць.

Леў засмучана нахіліў вялікую галаву і выдыхнуў у скрыўлены страхам твар чараўніка.

– Спі,– сказаў ён.– Спі і на некалькі гадзін адпачні ад усіх пакутаў, якія ты сам сабе стварыў.

Дзядзька Эндру імгненна перакаціўся на спіну, заплюшчыў вочы і спакойна засоп.

– Аднясіце яго ўбок і пакладзіце,– загадаў Аслан.– Цяпер, гномы, пакажыце сваё кавальскае майстэрства! Зрабіце дзве кароны для вашых Караля і Каралевы.

Больш гномаў, чым вы маглі б сабе ўявіць, паспяшаліся да Залатога Дрэва. Яны ў імгненне вока сарвалі ўсё лісце і адламалі некалькі галінак. Цяпер дзеці пабачылі, што дрэва не проста выглядала залатым, але было з сапраўднага мяккага золата. Вядома ж, яно вырасла з дзвюх залатых манетак, якія выпалі з кішэні дзядзькі Эндру, калі яго перавярнулі дагары нагамі; гэтаксама і срэбнае дрэва вырасла са срэбных. Здавалася, з ніадкуль узяліся кучы сухога галля для распальвання, маленькія кавадлы, молаты, абцугі і мяхі. У наступнае імгненне (як гэтыя гномы любілі сваю працу!) палаў агонь, мяхі раўлі, золата плавілася, малаткі грукаталі. Два Краты, якіх Аслан перад тым адправіў капаць (што яны любілі больш за ўсё), высыпалі да ног гномаў горку каштоўных камянёў. Пад спрытнымі пальцамі маленькіх кавалёў дзве кароны набылі форму абручоў, але яны былі не такія пачварныя і цяжкія, як сучасныя еўрапейскія кароны, а лёгкія, далікатныя, дасканалай формы. Яны сапраўды ўпрыгожвалі тых, хто іх надзяваў. Карона Караля была аздобленая рубінамі, а Каралевы – смарагдамі.

Калі кароны астудзілі ў рацэ, Аслан загадаў Фрэнку і Хэлен апусціцца перад ім на калені і ўсклаў кароны на іх галовы. Потым ён сказаў:

– Падыміцеся, Кароль і Каралева Нарніі, бацька і маці шматлікіх каралёў, якія будуць кіраваць Нарніяй, Выспамі і Архэнлэндам. Будзьце справядлівымі, літасцівымі і мужнымі. Хай з вамі будзе дабраславенне.

Тут усе закрычалі: “Ура!” забрахалі, заржалі, затрубілі і залопалі крыламі, а каралеўская пара стаяла, выглядаючы ўрачыста і крыху сарамяжліва, што рабіла іх яшчэ больш высакароднымі. I калі Дыгары яшчэ вітаў Караля і Каралеву, ён пачуў, як глыбокі голас Аслана побач з ім прамовіў:

– Глядзіце!

Усе ў натоўпе павярнулі галовы і выдыхнулі ад здзіўлення і радасці. Непадалёк яны пабачылі дрэва, што ўзносілася над іх галовамі. Раней яго тут дакладна не было. Мусіць, пакуль усе былі занятыя каранацыяй, яно вырасла – ціха, але хутка, як сцяг, калі яго падымаюць на флагшток. Здавалася, што яго разложыстыя галіны адкідваюць святло, а не цень, і пад кожным лістом, нібы зорка, зіхацеў срэбны яблык. Але нават не ад выгляду, а ад паху, які ад яго ішоў, ва ўсіх заняло дыханне. Нейкі час ніхто не мог думаць ні пра што іншае.

– Сын Адама,– сказаў Аслан.– Ты добра пасеяў. А для вас, нарнійцы, абарона гэтага Дрэва будзе вашым першым абавязкам, бо гэта ваш Шчыт. Вядзьмарка, пра якую я вам казаў, уцякла далёка на поўнач свету, яна будзе жыць там, і яе цёмная магія будзе набіраць моц. Але пакуль гэтае Дрэва буяе, яна ніколі не прыйдзе ў Нарнію. Яна не наважыцца падысці да Дрэва бліжэй, чым на сотні кіламетраў, бо яго пах, які ёсць радасць, жыццё і здароўе для вас,– смерць, жах і адчай для яе.

Усе ўрачыста глядзелі на Дрэва. Раптоўна Аслан павярнуў галаву (калі ён зрабіў гэта, ад яго грывы ўпалі сонечныя блікі святла) і паглядзеў на дзяцей сваімі вялікімі вачыма.

– Што такое, дзеці? – спытаўся ён, бо ўбачыў, што яны перашэптваюцца і штурхаюць адно аднаго.

– О, Аслан, сэр,– адказаў Дыгары, чырванеючы.– Я забыўся сказаць табе. Вядзьмарка ўжо з’ела адзін з такіх яблыкаў, з якіх расце Дрэва.

Ён насамрэч не сказаў усяго, пра што думаў, але Полі адразу ж вымавіла гэта за яго (Дыгары заўсёды значна больш за яе баяўся падацца дурнем).

– Таму мы падумалі, Аслан,– сказала яна,– што тут мусіць быць нейкая памылка, і не можа быць, каб яна сапраўды не выносіла пах гэтых яблыкаў.

– Чаму ты так думаеш, дачка Евы? – запытаўся Аслан.

– Ну, яна з’ела адзін.

– Дзіця,– адказаў ён,– менавіта таму ўсе астатнія цяпер выклікаюць у яе жах. Так адбываецца з тымі, хто зрывае і есць яблыкі ў неналежны час і неналежным чынам. Плод добры, але потым ён выклікае агіду.

– Зразумела,– сказала Полі.– I раз яна сарвала яго не ў час, ён не спрацуе для яе. У сэнсе, не зробіць яе вечна маладой і ўсё такое?

– На жаль,– мовіў Аслан, хітаючы галавой,– зробіць. Рэчы заўсёды працуюць адпаведна іх прыродзе. Яна атрымала тое, чаго прагнула яе сэрца: цяпер яе сіла не паменшыцца, а дні не скончацца, як у багіні. Але калі ў цябе злое сэрца, бясконцыя гады толькі падаўжаюць роспач, і яна пачынае гэта разумець. Усе атрымліваюць тое, чаго прагнуць, і ім не заўсёды гэта падабаецца.

– Я... я сам ледзь не з’еў адно, Аслан,– прызнўся Дыгары.– Ці я б...

– Так, дзіця,– сказаў Аслан.– Бо плады заўсёды дзейнічаюць, як мусяць дзейнічаць, але яны не ідуць на дабро нікому, хто зрывае іх, ідучы за ўласнымі жаданнямі. Калі б любы нарніец, без просьбы, скраў яблык і пасадзіў яго тут, каб абараніць Нарнію, ён бы абараніў. Але ператварыў бы Нарнію ў яшчэ адну моцную і жорсткую імперыю, як Чарн. I тады Нарнія не была б той добрай зямлёй, якой я яе задумаў. I Вядзьмарка спакушала цябе зрабіць інакш, сынок, ці не так?

– Так, Аслан. Яна хацела, каб я ўзяў яблык дадому, для маці.

– Зразумей, тады б яно ацаліла яе, але ні ты, ні яна не былі б шчаслівыя. Прыйшоў бы дзень, калі вы абодва азірнуліся б назад і сказалі б, што лепей бы яна памерла ад той хваробы.

I Дыгары не мог адказаць нічога, бо яго душылі слёзы, і ён пакінуў усе спадзяванні на тое, што можа захаваць жыццё сваёй маці; але ў той жа час ён разумеў: Леў ведаў, што магло б здарыцца і што могуць быць рэчы, больш жахлівыя за смерць дарагога чалавека. Але цяпер Аслан ізноў загаварыў, амаль шэптам:

– Вось што здарылася б, дзіця, калі б ты скраў яблык. Але зараз такога не адбудзецца. Тое, што я дам табе, прынясе радасць. У тваім свеце яно не дасць бясконцага жыцця, але дасць ацаленне. Ідзі. Сарві для яе яблык з Дрэва.

На секунду ўсе думкі Дыгары зблыталіся. Ён пачуваўся так, нібыта ўвесь свет перавярнуўся дагары нагамі. А потым, быццам у сне, ён пайшоў да Дрэва. Кароль і Каралева і астатнія стварэнні падбадзёрвалі яго. Ён сарваў яблык і паклаў у кішэню. Потым вярнуўся да Аслана.

– А ці можам мы цяпер адправіцца дамоў? – запытаўся ён.

Ён забыўся сказаць: “Дзякую”,– але ён меў гэта на ўвазе, і Аслан зразумеў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю