Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)
Лес Паміж Сусветамі
Дзядзька Эндру і кабінет адразу ж зніклі. Потым на імгненне ўсё змяшалася. Пасля Дыгары ўсвядоміў мяккае зялёнае святло, якое тачылася зверху, і цемру ўнізе. Выглядала на тое, што ён ні на чым не стаяў, не сядзеў і не ляжаў. Ён ні да чаго не дакранаўся.
“Думаю, я ў вадзе,– сказаў сам сабе Дыгары.– Ці пад вадой”. На секунду гэтая думка спалохала яго, але амаль адразу ён адчуў, што хутка падымаецца наверх. Затым раптоўна вынырнуў і пачаў караскацца на роўны ўтравелы бераг.
Падняўшыся на ногі, ён заўважыў, што з яго не капае вада і ён не аддыхваецца, чаго варта было чакаць. Адзенне было сухое. Ён стаяў у лесе, на краі невялічкага азярка, не больш чым тры метры ад аднаго берага да іншага. Дрэвы раслі блізка адно да аднаго, і на іх было так шмат лістоты, што неба не праглядалася. Святло было зялёнае, бо праходзіла праз лісце, і сонца мусіла быць вельмі моцным, бо святло было яскравае і цёплае. Гэта быў самы ціхі лес, які толькі можна сабе ўявіць. У ім не было ані птушак, ані кузурак, ані жывёлаў, ані ветру. Здавалася, можна было пачуць, як растуць дрэвы. Азярко, з якога ён толькі што вынырнуў, было не адзінае. Навокал такіх былі дзясяткі: праз кожныя некалькі метраў – наколькі хапала зроку. Можна было амаль адчуць, як дрэвы п’юць ваду каранямі. Гэты лес быў жывы. Калі Дыгары спрабаваў апісаць тое месца пасля, ён заўсёды казаў: “Яно было насычанае, як слівавы пірог”.
Але самае дзіўнае было тое, што, нават як след не агледзеўшыся, хлопчык забыўся, чаму сюды трапіў. Прынамсі, ён дакладна не думаў ні пра Полі, ні пра дзядзьку Эндру, ні нават пра маму. Ён не адчуваў ні страху, ні хвалявання, ані цікавасці. Калі б у яго запыталіся: “Адкуль ты?” – ён напэўна сказаў бы: “Я заўсёды тут быў”. У гэтым месцы ты адчуваў бы сябе так, нібыта заўжды знаходзіўся тут і табе ніколі не было сумна, хаця тут ніколі нічога не адбывалася. Як казаў Дыгары значна пазней: “Гэта не тое месца, дзе нешта адбываецца. Дрэвы растуць, вось і ўсё”.
Пасля таго як Дыгары доўгі час глядзеў на лес, ён заўважыў дзяўчынку, што ляжала на спіне каля дрэва. Яе вочы былі прымружаныя, нібыта яна знаходзілася паміж сном і явай. Ён доўга моўчкі глядзеў на яе. Нарэшце дзяўчынка расплюшчыла вочы і нейкі час глядзела на Дыгары, таксама моўчкі. Потым яна прамовіла сонным і задаволеным голасам:
– Мне здаецца, я бачыла цябе раней.
– Мне таксама так здаецца,– зазначыў Дыгары.– Ты даўно тут?
– О, вечнасць,– сказала дзяўчынка.– Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.
– I я таксама,– адказаў Дыгары.
– Няпраўда,– сказала яна.– Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.
– I сапраўды,– збянтэжана пагадзіўся Дыгары.– Я й забыўся.
Потым яны абодва доўга маўчалі.
– Слухай,– сказала дзяўчынка праз некаторы час.– Цікава, мы сапраўды некалі бачыліся? Я ўзгадваю – нібыта малюнак у галаве – хлопчыка і дзяўчынку, падобных да нас, якія жывуць недзе ў зусім іншым месцы і робяць розныя рэчы. Магчыма, гэта проста сон.
– Думаю, мне сніўся такі ж сон,– адказаў Дыгары.– Пра хлопчыка і дзяўчынку, якія жылі ў суседніх дамах... і пра нейкае поўзанне сярод бэлек. Я памятаю, што ў дзяўчынкі быў брудны твар.
– А ты нічога не блытаеш? У маім сне брудны твар быў у хлопчыка.
– Я не памятаю яго твару,– сказаў Дыгары і потым дадаў: – Што гэта там?
– Нішто сабе! Гэта марская свінка,– здзівілася дзяўчынка. I сапраўды – гэта была тлустая марская свінка, якая нешта вынюхвала ў траве. Пасярэдзіне тулава яна была пераматаная стужкай з замацаваным яскравым жоўтым пярсцёнкам.
– Глядзі! Глядзі! – закрычаў Дыгары. – Пярсцёнак! I зірні! У цябе на пальцы такі ж. I ў мяне таксама.
Цяпер дзяўчынка села, нарэшце сапраўды зацікавіўшыся. Яны вельмі пільна паглядзелі адно на аднаго, спрабуючы ўзгадаць. I потым, у адзін і той жа момант, яна ўсклікнула: “Містар Кэтэрлі!” а ён: “Дзядзька Эндру!” – і дзеці зразумелі, хто яны, і пачалі прыгадваць усю гісторыю. Праз некалькі хвілін жвавай гутаркі ўсё было высветлена. Дыгары распавёў, якім бесчалавечным аказаўся дзядзька Эндру.
– Што будзем рабіць? – запыталася Полі.– Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?
– Нам няма куды спяшацца,– сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.
– Думаю, ёсць,– адказала Полі.– Тут занадта ціха. Тут так... так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.
– Тут вельмі добра,– запярэчыў Дыгары.
– Так,– пагадзілася Полі.– Але нам трэба вяртацца.
Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.
– Лепей пакінем яе тут,– сказала Полі.– Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.
– Не сумняваюся,– адказаў Дыгары.– Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?
– Скокнуць назад у возера, думаю.
Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.
– У нас няма ў чым плаваць,– сказала Полі.
– А нам нічога і не трэба,– адказаў Дыгары.– Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?
– А ты ўмееш плаваць?
– Крыху. А ты?
– Ну, не зусім добра.
– Не думаю, што давядзецца плысці,– сказаў Дыгары.– Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?
Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін – два – тры – давай!” – і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.
– Чаму ў нас нічога не атрымалася? – спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.
– Зразумеў! – сказаў Дыгары.– Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”
– Што здарылася? – запыталася Полі.
– Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя,– сказаў Дыгары.– А што ва ўсіх іншых азярках?
– Што ты маеш на ўвазе?
– Глядзі: калі мы можам вярнуцца ў наш свет, скокнуўшы ў гэтае возера, мы, пэўна, патрапім куды-небудзь яшчэ, калі скокнем у іншае. Што, калі на дне кожнага возера знаходзіцца іншы свет?
– Але я думала, што мы ўжо ў тым Іншым Свеце, пра які казаў твой дзядзька Эндру, ці Іншым Месцы – як там ён яго называў? Ты хочаш сказаць, што...
– Забудзься на дзядзьку Эндру,– перапыніў Дыгары.– Не думаю, што ён нешта пра гэта ведае. У яго ніколі не хапала мужнасці перанесціся сюды самому. Ён казаў толькі пра адзін Іншы Свет. А што, калі іх дзясяткі?
– Ты думаеш, гэты лес можа быць толькі адным з іх?
– Не, я думаю, што гэты лес – зусім не свет. Мяркую, гэта проста нейкае месца паміж сусветамі.
Полі выглядала збянтэжанай.
– Няўжо ты не разумееш? – сказаў Дыгары.– Паслухай. Узгадай пра наш тунэль пад дахам. Ён не з’яўляецца пакоем аніводнага з дамоў. Яго нават цяжка назваць часткай якога-небудзь дома. Але можна хадзіць па ім і трапляць у розныя дамы. Гэты лес можа быць чымсьці падобным. Месца, якое не знаходзіцца ні ў адным з сусветаў, але вядзе ва ўсе сусветы!
– Нават калі так...– пачала Полі, але Дыгары працягваў, нібыта яе не чуў.
– I тады гэта ўсё тлумачыць,– сказаў ён.– Таму тут так ціха і сонна. Тут ніколі нічога не адбываецца. Як і там, у нас. Людзі ў дамах размаўляюць, робяць свае справы, ядуць. Нічога не адбываецца толькі ў месцах, якія знаходзяцца паміж нечым: паміж сценамі, па-над столлю, пад падлогай ці ў нашым тунэлі. Але калі ты выходзіш з яго, патрапляеш у той ці іншы дом. Я думаю, адсюль мы можам перанесціся куды заўгодна! Мы не абавязаны зараз скокаць у тое ж азярко, праз якое апынуліся тут. Давай паспрабуем іншае.
– Лес Паміж Сусветамі,– сказала Полі з выглядам чалавека, які лунае ў сваіх марах.– Гучыць даволі прывабна.
– Хадзем,– прапанаваў Дыгары.– Якое выберам?
– Слухай,– сказала Полі.– Я не збіраюся скокаць ні ў якое іншае возера, пакуль мы не ўпэўнімся, што можам вярнуцца назад праз гэтае. Мы нават не ведаем, ці гэта ўвогуле працуе.
– Ага,– адказаў Дыгары,– каб нас злавіў дзядзька Эндру і адабраў пярсцёнкі, а мы нават павесяліцца не паспелі. Ну, дзякуй.
– А ці не лепш нам нырнуць часткова, не да канца? – мовіла Полі.– Толькі каб паглядзець, ці атрымаецца. А калі так, мы памяняем пярсцёнкі ды зноў падымемся сюды, перш чым цалкам вярнуцца ў кабінет містара Кэтэрлі.
– А ці зможам мы нырнуць не да канца?
– Ну, спатрэбіўся ж нейкі час, каб падняцца сюды. Мяркую, у нас будзе час і на тое, каб вярнуцца.
Дыгары доўга супраціўляўся гэтай ідэі, але ўрэшце яму давялося пагадзіцца, бо Полі наадрэз адмовілася даследаваць іншыя сусветы, пакуль не пераканаецца, што можна вярнуцца ў іх уласны. Яна была амаль такой жа смелай, як Дыгары, калі справа тычылася небяспекі (напрыклад, восаў), але яе мала прываблівала ідэя даследаваць рэчы, пра якія ніхто раней не чуў. Дыгары ж быў з тых людзей, якія хочуць ведаць усё, і, пасталеўшы, ён стаў знакамітым прафесарам Кёркам, з якім мы сустрэнемся ў іншых нашых кнігах.
Пасля даволі зацятых спрэчак яны пагадзіліся надзець зялёныя пярсцёнкі (“Зялёны азначае бяспеку,– сказаў Дыгары,– таму ты не пераблытаеш”), узяцца за рукі і скочыць. Як толькі яны заўважаць, што вяртаюцца ў кабінет дзядзькі Эндру ці нават толькі ў іх уласны сусвет, Полі мусіла крыкнуць: “Мяняем!” – і тады яны здымуць зялёныя і надзенуць жоўтыя пярсцёнкі. Дыгары сам хацеў крычаць “мяняем”, але Полі не згадзілася.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, узяліся за рукі і яшчэ раз крыкнулі: “Адзін – два – тры – давай!” Гэтым разам усё атрымалася. Вельмі складана апісаць, як усё адбылося, бо адбылося гэта вельмі хутка. Спачатку з’явіліся зыркія агеньчыкі, якія рухаліся па чорным небе. Дыгары заўсёды думаў, што гэта былі зоры, і нават кляўся, што даволі блізка бачыў Юпітар – настолькі блізка, што мог разгледзець яго спадарожнікі. I амаль адразу пасля гэтага з’явіліся шэрагі дахаў і комінаў, яны пабачылі сабор Святога Паўла і зразумелі, што глядзяць на Лондан. Дзеці бачылі скрозь муры дамоў. Потым яны заўважылі дзядзьку Эндру. Яго цьмяная постаць з кожным імгненнем рабілася ўсё больш выразнай і больш рэальнай, нібыта на яе наводзілі фокус фотакамеры. Але, перш чым дзядзька Эндру зрабіўся зусім сапраўдным, Полі закрычала: “Мяняем!” – і яны памянялі пярсцёнкі. Наш сусвет развеяўся, як сон, а зялёнае святло зверху пачало рабіцца ўсё мацнейшым і мацнейшым, пакуль іх галовы не апынуліся на паверхні азярка і дзеці не выбраліся на бераг. Усё гэта заняло менш за хвіліну.
– Вось так! – сказаў Дыгары.– Усё працуе. А зараз – прыгоды. Можам выбраць любое возера. Хадзем. Давай паспрабуем тое.
– Стой! – крыкнула Полі.– Можа, трэба пазначыць гэтае, наша?
Яны паглядзелі адно на аднаго і збялелі ад разумення той страшнай рэчы, якую Дыгары толькі што збіраўся зрабіць. Бо ў лесе была бясконцая колькасць азёр, яны ўсе былі аднолькавыя, і ўсе дрэвы былі аднолькавыя. Такім чынам, калі б яны аднойчы пакінулі тое азярко, што вядзе ў наш сусвет, без аніякай адзнакі, у іх наўрад ці атрымалася б знайсці дарогу дадому.
Дрыготкай рукой Дыгары дастаў кішэнны нож і выразаў доўгую палоску дзірвану на беразе. Зямля смачна пахла, і яе чырванавата-карычневы колер быў добра бачны на зялёным.
– Добра, што адзін з нас мае крыху розуму,– сказала Полі.
– Толькі не надумай увесь час пра гэта ўзгадваць,– адмахнуўся Дыгары.– Хадзем. Я хачу паглядзець, што ў іншых азёрках.
Полі рэзка адказала яму, а ён сказаў нешта ў адказ, яшчэ больш з’едліва. Спрэчка доўжылася некалькі хвілін, але цалкам прыводзіць яе нецікава. Давайце прапусцім яе і пяройдзем да моманту, калі яны, усхваляваныя, з засяроджанымі тварамі, стаялі на беразе незнаёмага азярка, надзеўшы жоўтыя пярсцёнкі і трымаючыся за рукі. Яны зноў сказалі: “Адзін – два – тры – давай!”
Плюх! Ізноў не спрацавала. Гэтае азярко таксама аказалася лужынай. Замест таго, каб апынуцца ў новым сусвеце, яны толькі намачылі ногі другі раз за раніцу (калі гэта была раніца: падобна, у Лесе Паміж Сусветамі заўсёды быў адзін і той жа час).
– Ах ты! – усклікнуў Дыгары.– Што не так гэтым разам? Мы надзелі жоўтыя пярсцёнкі. Ён жа сказаў, што жоўтыя – для вандровак у іншы свет.
Але насамрэч дзядзька Эндру, які нічога не ведаў пра Лес Паміж Сусветамі, меў няправільнае ўяўленне пра пярсцёнкі. Жоўтыя не пераносілі ў іншы свет, і зялёныя не пераносілі дамоў. Прынамсі, не ў тым сэнсе, як ён разумеў. Рэчыва, з якога былі зроблены пярсцёнкі, паходзіла адсюль, з лесу. Рэчыва жоўтых пераносіла ў лес. Яно імкнулася вярнуцца назад, у сваё месца, што знаходзіцца пасярод сусветаў. А рэчыва зялёных пярсцёнкаў намагалася пакінуць гэтае месца і пераносіла вас з лесу ў іншы сусвет. Разумееце, дзядзька Эндру працаваў з тым, у чым не да канца быў абазнаны; большасць чараўнікоў такія. Вядома, Дыгары таксама да канца не ўсведамляў праўды, прынамсі, да пэўнага часу. Але, абмеркаваўшы ўсё, дзеці вырашылі паспрабаваць скокнуць у новае азярко, надзеўшы зялёныя пярсцёнкі,– проста каб паглядзець, што адбудзецца.
– Я пайду, калі ты пойдзеш,– сказала Полі. Але насамрэч яна сказала так, бо цяпер адчувала, што ніякія пярсцёнкі не спрацуюць на новым азярцы, і ў самым горшым выпадку атрымаецца яшчэ адзін плюх. Я не ўпэўнены, што Дыгары не пачуваўся гэтак жа. У любым выпадку, яны абое надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да беражка. Цяпер, ізноў узяўшыся за рукі, яны былі значна весялейшыя і менш урачыстыя, чым у першы раз.
– Адзін – два – тры – давай! – сказаў Дыгары.
I яны скочылі.
Звон і малаток
Гэтым разам не было ніякага сумніву, што творыцца Магія. Яны падалі ніжэй і ніжэй, спачатку скрозь цемру, а пасля скрозь шматлікія размытыя формы, якія круціліся і маглі быць чым заўгодна. Рабілася святлей. Потым яны раптам адчулі, што стаяць на нечым цвёрдым. У наступны момант усё навокал перастала быць размытым, і яны змаглі агледзецца.
– Якое дзіўнае месца! – сказаў Дыгары.
– Мне тут не падабаецца,– мовіла Полі і здрыганулася.
Перадусім яны звярнулі ўвагу на святло. Яно не было падобным да сонечнага ці электрычнага святла, ці святла ад лямпы або свечак, ці да любога іншага святла, якое яны калі-небудзь бачылі. Гэта было прыглушанае, чырванаватае, невясёлае святло. Яно было роўным і не давала бляску.
Дзеці стаялі на брукаванай пляцоўцы, вакол высіліся будынкі. Над галавой не было даху; месца нагадвала ўнутраны двор. Неба было надзвычай цёмнае: сіняга, амаль чорнага колеру. Пабачыўшы такое неба, вы б здзівіліся, што ўвогуле ёсць нейкае святло.
– Якое тут дзіўнае надвор’е,– сказаў Дыгары.– Быццам зараз будзе навальніца ці сонечнае зацьменне.
– Мне тут не падабаецца,– паўтарыла Полі.
Яна абодва, самі не ведаючы чаму, размаўлялі шэптам. I нягледзячы на тое, што больш не было патрэбы трымацца за рукі, яны не адпусцілі адно аднаго.
Муры вакол двара былі вельмі высокія, з вялікімі вокнамі без шыбаў, скрозь якія не было бачна нічога, акрамя цемры. Ніжэй, зеўраючы чарнатою, як уваходы ў чыгуначныя тунэлі, стаялі вялікія аркі на слупах. Было даволі халодна.
Здавалася, што камяні, з якіх збудавана ўсё навокал,– чырвоныя, але так магло толькі здавацца з-за незвычайнага святла. Яны, відавочна, былі вельмі старыя. Шмат якія з плоскіх камянёў у брукаванцы раскалоліся. Ніводзін з іх не прылягаў да іншага шчыльна, і ўсе вострыя вуглы сцерліся. Адзін арачны ўваход быў напалову завалены бітым каменем. Дыгары і Полі ўвесь час паварочваліся, каб бачыць розныя бакі двара. Яны баяліся, што нехта – ці нешта – глядзіць на іх з вокнаў, калі яны паварочваюцца спінай.
– Як думаеш, тут хто-небудзь жыве? – сказаў нарэшце Дыгары, усё яшчэ шэптам.
– Не,– адказала Полі.– Усё зруйнавана. Мы не чулі ні гуку з таго самага моманту, як трапілі сюды.
– Давай крыху пастаім ціха і паслухаем,– прапанаваў Дыгары.
Яны замерлі і прыслухаліся, але пачулі толькі грукат уласных сэрцаў. Гэтае месца было, прынамсі, такім жа ціхім, як Лес Паміж Сусветамі. Але цішыня тут была іншага кшталту. Цішыня лесу была насычаная, цёплая (амаль можна было пачуць, як растуць дрэвы) і поўнілася жыццём. А тут цішыня была мёртвая, сцюдзёная і пустая. Немагчыма было ўявіць, каб у гэтым месцы нешта расло.
– Давай вернемся дамоў,– сказала Полі.
– Але мы яшчэ нічога не пабачылі,– мовіў Дыгары.– Калі ўжо мы тут, мы проста мусім агледзецца.
– Тут няма абсалютна нічога цікавага.
– Які сэнс знайсці чароўныя пярсцёнкі, якія перанясуць цябе ў іншы свет, а потым баяцца паглядзець на яго?
– Хто сказаў, што я баюся? – запярэчыла Полі, адпускаючы руку Дыгары.
– Мне проста здалося, што табе не вельмі падабаецца ідэя агледзець гэтае месца.
– Я пайду паўсюль, куды ты пойдзеш.
– Мы можам вярнуцца ў любы момант, калі пажадаем,– сказаў Дыгары.– Давай здымем зялёныя пярсцёнкі і пакладзем іх у правыя кішэні. Трэба толькі памятаць, што жоўтыя пярсцёнкі – у левых кішэнях, Трымай руку побач з кішэняй, але толькі не ўнутры, а то кранешся жоўтага пярсцёнка і знікнеш.
Яны паклалі пярсцёнкі і ціха пайшлі да адной з вялікіх арак, што вялі ў будынак. Стоячы на парозе, дзеці зазірнулі ўнутр і пабачылі, што там было не настолькі цёмна, як спачатку здавалася. Уваход вёў у вялікую, змрочную залю, якая аказалася пустой. Але ў далёкім канцы быў шэраг слупоў, злучаных аркамі, і праз гэтыя аркі тачылася такое ж бляклае святло. Дзеці перасяклі залю, ідучы павольна, бо пільнаваліся дзірак у падлозе ці чагосьці, што магло б ляжаць на шляху і аб што можна было спатыкнуцца. Ім здавалася, што ішлі яны вельмі доўга. Калі ж урэшце прайшлі скрозь аркі, то апынуліся ў іншым, большым двары.
– Тут трэба асцярожна,– сказала Полі, паказваючы на месца, дзе мур нахіліўся і выглядаў так, нібы вось-вось абрынецца ў двор. У адным месцы паміж дзвюма аркамі не хапала слупа, і тая частка, дзе аркі судакраналіся, ледзь трымалася без апірышча. Было зразумела, што гэтае месца пакінулі сотні, а можа і тысячы год таму.
– Калі яно прастаяла дагэтуль, мяркую, пастаіць яшчэ крыху,– зазначыў Дыгары.– Але мы мусім паводзіць сябе вельмі ціха. Часам шум можа нешта абрынуць – ведаеш, як лавіну ў Альпах.
Яны падняліся па высокіх прыступках і прайшлі праз анфіладу велізарных пакояў, такіх велізарных, што ад іх аграмаднасці круцілася галава. Час ад часу дзецям здавалася, што зараз яны выйдуць на адкрытую пляцоўку і пабачаць, што ж за краіна ляжыць навокал гіганцкага палаца. Але кожны раз яны траплялі толькі ў чарговы ўнутраны двор. Пэўна, калі людзі яшчэ жылі тут, гэтыя двары былі велічнымі і пышнымі. У адным з іх калісьці быў фантан. Агромністая каменная пачвара стаяла з распасцёртымі крыламі і разяўленай пашчай. У яе горле ўсё яшчэ тырчэў кавалак трубы, праз якую некалі лілася вада. Цяпер басейн быў сухі, як костка. У іншых месцах можна было заўважыць сцябліны нейкай паўзучай расліны, якая абвілася вакол слупоў і даўно ўжо засохла. Тут не было ні мурашоў, ні павукоў, ані якіх іншых жывых істотаў, якія звычайна жывуць у руінах. У шчылінах паміж камянямі не было моху ці травы: толькі сухая зямля.
Усё навокал было такім панурым і аднолькавым, што Дыгары падумваў, ці не лепей ім надзець жоўтыя пярсцёнкі і вярнуцца ў цёплы, зялёны, жывы Лес Паміж Сусветамі. Але тут яны падышлі да велічных дзвюхстворкавых дзвярэй, зробленых з нейкага металу, магчыма, золата. Адна створка была прыадчыненая. Дзеці зайшлі ўнутр і застылі ад здзіўлення.
На секунду ім здалося, што пакой поўны людзей – соцень людзей,– якія сядзелі і зусім не рухаліся. Полі і Дыгары, як вы маглі здагадацца, таксама стаялі нерухома. Але праз нейкі час яны вырашылі, што тыя, на каго яны глядзяць, не могуць быць сапраўднымі людзьмі. Ніхто не варухнуўся, і не чулася дыхання. Гэта былі найбольш дасканалыя васкавыя фігуры, якія камусьці толькі даводзілася бачыць.
Гэтым разам Полі рушыла першай. У пакоі было штосьці, што зацікавіла яе: усе постаці былі апранутыя ў неверагодна прыгожае адзенне. Яскравасць фарбаў гэтага адзення рабіла пакой не тое каб радасным, але, прынамсі, багатым і пышным пасля пылу і пустэчы іншых пакояў. Таксама ў ім было больш вокнаў, а таму нашмат святлей.
Апісаць адзенне даволі складана. Усе фігуры былі апранутыя ў мантыі, і ў кожнай на галаве была карона. Барвовыя, срэбна-шэрыя, насычана-пурпуровыя і яскрава-зялёныя мантыі былі расшытыя ўзорамі, выявамі кветак і дзівосных звяроў. Каштоўныя камяні неверагодных памераў і зыркасці ззялі на каронах, звісалі на ланцужках з шыяў, выблісквалі адусюль, дзе былі зашпількі.
– Чаму гэтае адзенне даўным-даўно не спарахнела? – запыталася Полі.
– Магія,– прашаптаў Дыгары.– Ты не адчуваеш яе? Магу паспрачацца, што ўвесь гэты пакой проста напоўнены заклёнамі. Я адчуў гэта адразу, як мы ўвайшлі.
– Любы з гэтых строяў каштуе вялізных грошай,– сказала Полі.
Але Дыгары больш цікавілі абліччы. А яны сапраўды былі вартыя ўвагі. Людзі сядзелі на каменных крэслах уздоўж сцен пакоя, а ў сярэдзіне было вольнае месца. Можна было прайсці і разгледзець усе твары па чарзе.
– Думаю, яны былі добрыя людзі,– сказаў Дыгары.
Полі кіўнула. Усе твары, якія яны бачылі, былі, безумоўна, прыемнымі. I мужчыны, і жанчыны выглядалі добрымі і мудрымі, і, відаць, яны былі з прыгожага народу. Але, прайшоўшы некалькі крокаў, дзеці пабачылі твары, якія выглядалі крыху па-іншаму. Яны былі вельмі ўрачыстымі. Сустрэўшы жывых людзей з такімі тварамі, вы адчулі б, што вам трэба сачыць за сваімі паводзінамі. Яшчэ крыху далей дзеці пабачылі абліччы, якія ім не спадабаліся: гэта было дзесьці пасярэдзіне пакоя. Тут твары людзей выглядалі ганарыстымі, задаволенымі і жорсткімі. Далей яны сталі яшчэ больш жорсткія. А потым твары сталі выглядаць зусім бязлітаснымі і ўжо нешчаслівымі. Хутчэй на іх была роспач, нібыта гэтыя людзі рабілі жудасныя ўчынкі і прайшлі праз жахлівыя рэчы. Апошняя постаць была найцікавейшай: жанчына, апранутая багацей за іншых, вельмі высокая (а кожны чалавек у гэтым пакоі быў вышэйшы за людзей у нашым свеце), з такім лютым і ганарыстым тварам, што захоплівала дух. I ў той жа час яна была прыгожая. Шмат гадоў пазней, ужо стары, Дыгары сцвярджаў, што ніколі ў сваім жыцці не бачыў такой прыгожай жанчыны. Застаецца толькі дадаць, што Полі заўсёды казала, нібыта не бачыла ў ёй нічога асабліва прыгожага.
Гэтая жанчына, як я сказаў, была апошняя, але за ёю было шмат пустых крэслаў, нібыта пакой быў разлічаны на куды большую колькасць постацяў.
– Як бы мне хацелася ведаць гісторыю ўсяго гэтага,– сказаў Дыгары.– Давай вернемся і паглядзім на тую штуку накшталт стала ў сярэдзіне пакоя.
Рэч тая аказалася не зусім сталом. Гэта быў квадратны слуп прыблізна ў метр вышынёй. На ім стаяла маленькая залатая арка, у якой вісеў невялічкі залаты звон; а побач з ім ляжаў маленькі залаты малаток, каб званіць.
– Цікава... цікава...– прамовіў Дыгары.
– Здаецца, тут нешта напісана,– заўважыла Полі, нахіліўшыся і разглядаючы бок слупа.
– Нішто сабе, сапраўды! – сказаў Дыгары.– Але, вядома, мы гэтага не прачытаем.
– А можа, і атрымаецца,– адказала Полі.
Яны абодва ўважліва паглядзелі на выразаныя ў камені незнаёмыя літары. I тут здарылася нешта незвычайнае: пакуль яны разглядалі надпіс, хаця форма незнаёмых літар не памянялася, дзеці зразумелі, што могуць прачытаць яго. Калі б Дыгары ўзгадаў свае словы пра тое, што гэты пакой быў зачараваны, ён бы здагадаўся, што заклёны пачалі дзейнічаць. Але Дыгары быў настолькі захоплены, што не думаў пра гэта. Яму ўсё больш і больш карцела даведацца, што напісана на слупе. I хутка яны абодва даведаліся. Там было напісана вось што – прынамсі, агульны сэнс, хаця ў арыгінале верш быў больш паэтычны:
Абірай, чужак вандроўны:
Біць у звон – сцягнуць праклёны —
Ці да вар’яцтва з думкай жыць,
Што будзе, калі так зрабіць.
– Яшчэ чаго! – сказала Полі.– Не трэба нам ніякіх праклёнаў.
– Хіба ты не разумееш, што не ўсё так проста? – прамовіў Дыгары.– Мы не можам вось так сысці. Мы заўсёды будзем думаць, што адбылося б, калі б мы пазванілі ў звон. Я не збіраюся вярнуцца дамоў і звар’яцець ад гэтага. Нават і не прасі!
– Не будзь такім дурнем,– запярэчыла Полі.– Нібыта нехта на гэта купіцца! Якая розніца, што адбылося б?
– Думаю, той, хто дайшоў да гэтага моманту, проста асуджаны працягваць гадаць, што здарылася б, пакуль не страціць розум. Тут дзейнічае магія, зразумей. Я пачынаю адчуваць, што яна ўжо на мяне ўплывае.
– А я не адчуваю,– раздражнёна азвалася Полі.– I не веру, што яна дзейнічае на цябе. Ты проста прыкідваешся.
– Нічога іншага я ад цябе і не чакаў,– сказаў Дыгары.– Гэта таму, што ты дзяўчынка. Дзяўчынкі ніколі нічога не хочуць ведаць, акрамя плётак і розных бздураў кшталту хто з кім заручыўся.
– Ты зараз выглядаеш дакладна як твой дзядзька Эндру,– зазначыла Полі.
– Чаму ты ўвесь час пераводзіш размову? – сказаў Дыгары.– Мы казалі пра...
– Тыповы мужчына! – мовіла Полі дарослым голасам, але хутка дадала сваім звычайным тонам: – Толькі не кажы, што я тыповая жанчына, бо гэта будзе звычайным малпаваннем.
– Я і не падумаў бы назваць жанчынай такое дзіця як ты,– фанабэрыста сказаў Дыгары.
– Я – дзіця, так? – вымавіла Полі, якая зараз была сапраўды раз’юшаная.– Ведаеш, тады гэтае дзіця больш не будзе турбаваць цябе сваёй прысутнасцю. З мяне хопіць. З мяне дастаткова гэтага месца. I цябе з мяне таксама хопіць, ты, агідная, ганарыстая, упартая свіння!
– А ну кінь! – сказаў Дыгары голасам, які прагучаў больш пагрозліва, чым ён таго жадаў, бо пабачыў, як Полі пацягнулася да кішэні, каб надзець жоўты пярсцёнак.
Я не магу апраўдаць тое, што ён зрабіў пасля. Мушу хіба адзначыць, што ён вельмі шкадаваў пра гэта потым (і даволі шмат іншых людзей таксама). Раней, чым Полі дацягнулася да кішэні, ён схапіў яе запясце, нахіліўшыся наперад, спінай да яе. Потым, трымаючы другую руку Полі локцем, ён узяў малаток і стукнуў у залаты звон лёгкім спрытным ударам. Затым ён адпусціў Полі, і яны адскочылі адно ад аднаго, пільна гледзячы вочы ў вочы і цяжка дыхаючы. Полі пачала плакаць. Не ад страху і нават не таму, што ён зрабіў ёй балюча, а ад лютай злосці. Але праз дзве секунды яны ўжо не думалі пра сварку, бо здарылася яшчэ адна незвычайная рэч.
Як толькі ў звон ударылі, ён выдаў ноту. Салодкую, як можна было б чакаць, і не вельмі гучную. Але замест таго, каб сціхнуць, яна працягвалася. I чым даўжэй яна гучала, тым мацнейшай рабілася. Не прайшло і хвіліны, як яна стала ўдвая грамчэйшай, чым у пачатку. I хутка гук стаў настолькі моцным, што, калі б дзеці паспрабавалі нешта сказаць (але яны не думалі пра тое, каб нешта сказаць, проста стаялі з раскрытымі ратамі), то не пачулі б адно аднаго. Вельмі хутка гук стаў такі аглушальны, што дзеці не пачулі б адно аднаго, нават калі б крычалі. I ён рабіўся ўсё мацнейшым – на адной ноце, бясконцы салодкі гук, хаця ў яго салодкасці было штосьці жудаснае. Паветра ў гэтым велізарным пакоі пачало пульсаваць, дзеці адчулі, як каменная падлога дрыжыць пад нагамі.
Потым нарэшце ён пачаў змешвацца з іншым гукам: няясным шумам, які спачатку нагадваў грукат далёкага цягніка, а пасля – гук падаючага дрэва. Тое, што яны чулі, сапраўды было падобна да гуку падзення вельмі цяжкіх рэчаў. Урэшце раптоўна, хутка, з грукатам, скалануўшы ўсё так, што дзеці ледзь утрымаліся на нагах, частка даху ў адным з канцоў пакоя абрынулася ўнутр, агромністыя кавалкі паляцелі на зямлю, сцены задрыжалі. Звон перастаў гучаць. Аблокі пылу развеяліся. Усё зноў сціхла.
Ці дах абрынуўся праз магію, ці праз тое, што гучны звон патрапіў у такую ноту, якую гэтыя спарахнелыя сцены не змаглі вытрымаць, так і засталося загадкай.
– Выдатна! Спадзяюся, цяпер ты задаволены,– выдыхнула Полі.
– У любым выпадку, усё скончылася,– сказаў Дыгары.
I абодва падумалі, што так і ёсць. Але яны ніколі яшчэ так не памыляліся.