Текст книги "Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка"
Автор книги: Клайв Льюіс
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 8 страниц)
Што здарылася ля ўваходных дзвярэй
Колькі я мушу чакаць на сваю калясніцу, раб? – загрымела Вядзьмарка. Дзядзька Эндру адступіў. Цяпер, калі яна стаяла тут, усе дурныя думкі, што былі ў яго, калі ён глядзеўся ў люстэрка, выветрыліся. Але цётка Лэці адразу паднялася з каленяў і выйшла на сярэдзіну пакоя.
– Хто гэтая маладая асоба, магу я запытацца, Эндру? – сказала цётка Лэці халодным тонам.
– Відная замежніца, в-вельмі важная асоба,– запыкаў той.
– Бязглуздзіца! – адказала цётка Лэці і, павярнуўшыся да Вядзьмаркі, загадала:
– Зараз жа прэч з майго дому, бессаромная дзеўка, інакш я паклічу паліцыю!
Яна падумала, што Вядзьмарка, напэўна, з цырку, і ёй вельмі не падабаліся аголеныя рукі.
– Што гэта за жанчына? – запыталася Джадзіс.– На калені, нягодніца, пакуль я цябе не пракляла!
– Ніякай кляцьбы ў гэтым доме, юная лэдзі,– сказала цётка.
Як падалося дзядзьку Эндру, Каралева імгненна стала яшчэ вышэй ростам. Агонь жахаў з яе вачэй; яна выпрастала руку з тым жа самым жэстам і жахлівымі словамі, якія нядаўна ператварылі ў пыл брамы палаца ў Чарне. Але нічога не адбылося. Толькі цётка Лэці, мяркуючы, што тыя страшэнныя словы мусілі быць звычайныя, зазначыла:
– Я так і думала. Гэтая жанчына п’яная. П’яная! Яна нават не можа разборліва гаварыць.
Напэўна, гэта быў жахлівы момант для Вядзьмаркі. Яна раптоўна зразумела, што яе ўменне ператвараць людзей у пыл, якое дзейнічала ў яе свеце, не працуе ў нашым. Але яна не разгубілася. Джадзіс рынулася наперад, схапіла цётку Лэці за шыю і калені, падняла над галавой, нібыта яна была не цяжэйшая за ляльку, і кінула яе праз пакой. Цётка Лэці ўсё яшчэ ляцела, калі служанка (у якой выдалася на дзіва захапляльная раніца) прасунула галаву ў дзверы і сказала:
– Выбачайце, сэр, экіпаж прыбыў.
– Вядзі, раб,– загадала Вядзьмарка дзядзьку Эндру. Ён пачаў мармытаць нешта накшталт “недаравальны гвалт... мушу выказаць глыбокую заклапочанасць”, але ад адзінага позірку Джадзіс у яго заняло мову. Каралева рушыла наперад, дзядзька Эндру затэпаў за ёй; Дыгары збягаў па лесвіцы менавіта ў час, калі за імі зачыніліся дзверы.
– Нішто сабе! – сказаў ён.– Яна гуляе па Лондане! З дзядзькам Эндру. Што ж цяпер будзе?
– Ой,– сказала служанка (у якой сапраўды быў надзвычайны дзень).– Здаецца, міс Кэтэрлі выцялася.
Таму яны абодва паспяшаліся ў гасцёўню, каб паглядзець, што адбылося.
Калі б цётка Лэці звалілася на голыя дошкі ці нават на дыван, я мяркую, усе яе косткі былі б пераламаныя, але дзякуючы неверагодна шчасліваму выпадку яна ўпала на матрац. Цётка Лэці была вельмі моцнай старой: цёткі часта былі такія ў тыя дні. Панюхаўшы нашатырнага спірту і пасядзеўшы спакойна пару хвілін, яна сказала, што ў яе ўсё добра, акрамя некалькіх сінякоў. Вельмі хутка яна ўзяла сітуацыю пад кантроль.
– Сара,– загадала яна служанцы (у якой ніколі не было такога цікавага дня). – Зараз жа пайдзі ў паліцыю і скажы, што на свабодзе разгульвае небяспечная звар’яцелая асоба. Я сама занясу абед місіс Кёрк.
Місіс Кёрк была, вядома, мамай Дыгары.
Пасля таго як ёй занеслі абед, хлопец і цётка Лэці паелі самі. Потым Дыгары моцна задумаўся.
Праблема была ў тым, як вярнуць Вядзьмарку ў яе ўласны свет або, прынамсі, прыбраць яе з нашага свету як мага хутчэй. Што б ні адбылося, нельга дазволіць ёй шалець у доме. Нельга дапусіць, каб маці яе пабачыла.
I калі магчыма, нельга дапусціць, каб яна разнесла Лондан. Дыгары не было ў гасцёўні, калі Вядзьмарка спрабавала праклясці цётку Лэці, але ён бачыў, як яна зруйнавала брамы ў Чарне. Ён усвядоміў яе жудасную моц і не ведаў, што яна яе страціла, з'явіўшыся ў нашым свеце. I ён дакладна ведаў, што Вядзьмарка збіралася захапіць наш свет. У гэты момант яна, напэўна, ужо магла знішчаць Букінгемскі Палац ці Дом Парламента, і можна не сумнявацца, што вялікая колькасць паліцэйскіх паспела ператварыцца ў маленькія купкі пылу. I выглядала на тое, што ён нічога не можа з гэтым зрабіць. “Але пярсцёнкі, здаецца, працуюць як магніты,– думаў Дыгары.– Калі б я толькі мог дакрануцца да яе і надзець мой жоўты пярсцёнак, тады б мы абодва апынуліся ў Лесе Паміж Сусветамі. Цікава, яна там ізноў саслабне? На яе так дзейнічае тое месца ці гэта адбываецца толькі таму, што яе вырвалі з яе ўласнага свету? Мяркую, давядзецца рызыкнуць. I як знайсці гэтую пачвару? Не думаю, што цётка Лэці дазволіць мне сысці, пакуль я не скажу, куды іду. I ў мяне ёсць толькі два пенсы. Не ведаю, колькі спатрэбіцца грошай на аўтобусы і трамваі, калі я збіраюся шукаць па ўсім Лондане. У любым выпадку, у мяне няма ніякай ідэі, дзе шукаць. Цікава, дзядзька Эндру яшчэ з ёй?”
Такім чынам, яму заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што дзядзька Эндру і Вядзьмарка вернуцца. Тады ён выбежыць, учэпіцца за Вядзьмарку і надзене свой жоўты пярсцёнак, перш чым яна паспее зайсці ў дом. Гэта азначала, што Дыгары мусіў пільнаваць галоўныя дзверы, як котка пільнуе каля мышынай нары; нельга пакідаць свой пост ні на хвіліну. Таму ён пайшоў у гасцёўню і, як кажуць, прыляпіўся да акна. Акно было паўкруглым, і з яго можна было пабачыць прыступкі ля ўваходных дзвярэй і ўсю вуліцу. Такім чынам, ніхто не мог падысці да ўваходу незаўважаным. “Цікава, што робіць Полі?” – спрабаваў здагадацца Дыгары.
Ён шмат разважаў пра гэта першыя паўгадзіны, якія ішлі вельмі марудна. Але вам не трэба здагадвацца, бо я распавяду. Полі спазнілася на абед, прыйшла з наскрозь прамоклымі чаравікамі й панчохамі. I калі яе запыталіся, дзе яна была і што ж такое яна рабіла, дзяўчынка адказала, што гуляла з Дыгары Кёркам. У адказ на наступныя пытанні яна сказала, што прамачыла ногі ў азярцы і што азярцо было ў лесе. Калі яе запыталіся, дзе той лес, яна сказала, што не ведае. Калі яе запыталіся, ці быў гэта адзін з паркаў, яна даволі праўдзіва адказала, што, магчыма, гэта можна назваць паркам. З усяго гэтага Поліна маці зразумела, што Полі, не паведаміўшы нікому, пайшла ў невядомую ёй частку Лондана, трапіла ў незнаёмы парк і бавіла там час, скокаючы па лужынах. У выніку ёй сказалі, што яна кепска сябе паводзіла і што ёй больш не дазволяць гуляць з “гэтым Кёркам”, калі штосьці падобнае калі-небудзь адбудзецца яшчэ раз. Потым ёй далі абед, але без аніякіх прысмакаў, і адправілі на цэлыя дзве гадзіны ў ложак. У тыя дні такое здаралася даволі часта.
Такім чынам, пакуль Дыгары назіраў за вуліцай з акна ў гасцёўні, Полі ляжала ў ложку, і абодва думалі, як жахліва павольна можа ісці час. Мяркую, асабіста мне было б лепей на месцы Полі. Ёй толькі трэба было дачакацца канца сваіх дзвюх гадзінаў, а Дыгары кожныя некалькі хвілін чуў за рогам ці фурманку, ці фургон булачніка або мясніка і думаў: “Вось яна”,– а пасля высвятлялася, што гэта не так. А паміж гэтымі фальшывымі трывогамі, здавалася, бясконца цікаў гадзіннік, і вялікая муха, вышэй, чым можна было яе дастаць, білася аб шкло. Гэта быў адзін з тых дамоў, у якіх пасля абеду бывае вельмі ціха і дзе заўсёды пахне варанай баранінай.
Падчас гэтага доўгага ўзірання і чакання адбылося маленькае здарэнне, пра якое варта распавесці, бо праз яго нешта істотнае адбылося пазней. Прыйшла лэдзі з вінаградам для маці Дыгары, і паколькі дзверы ў абедзенную залу былі адчыненыя, Дыгары ненаўмысна падслухаў, як цётка Лэці і тая жанчына размаўлялі ў вітальні.
– Які цудоўны вінаград! – пачуўся голас цёткі Лэці.– Ён будзе ёй карысны. Бедная дарагая Мэйбл!
Баюся, ёй цяпер дапамаглі б толькі плады з краю вечнай маладосці. У гэтым свеце ўжо нішто не...
Тут яны абедзве панізілі голас і гаварылі далей, але ўжо не было чуваць.
Калі б Дыгары пачуў словы пра край вечнай маладосці яшчэ пару дзён таму, ён падумаў бы, што цётка Лэці проста кажа, не маючы на ўвазе анічога дакладнага, у стылі дарослых, і гэта яго не зацікавіла б. Ён амаль так жа паставіўся да гэтага і зараз. Але раптоўна ў яго галаве ўспыхнула думка: цяпер ён ведаў (нават калі цётка Лэці не ведала), што іншыя сусветы сапраўды існуюць. I ён нават быў у адным з іх. Такім чынам, дзесьці можа існаваць сапраўдны Край Вечнай Маладосці. Там можа быць усё, што заўгодна. У нейкім іншым свеце могуць расці плады, здольныя ацаліць яго маці. I – ну, вы ведаеце, як гэта бывае, калі вы пачынаеце спадзявацца атрымаць штосьці, чаго вы адчайна прагнеце, і змагаецеся са спадзяваннем, бо так часта расчароўваліся раней. Вось як адчуваў сябе Дыгары. Але задушыць надзею не атрымлівалася. А раптам гэта можа стаць праўдай? Так шмат дзіўных рэчаў ужо адбылося. I ў яго былі чароўныя пярсцёнкі. Праз азёры ў лесе можна трапіць у іншыя сусветы. Ён мог паспытаць іх усе. I потым з маці ўсё ізноў будзе добра. Усё ізноў будзе правільна. Ён і думаць забыў аб паляванні на Вядзьмарку. Яго рука ўжо цягнулася да кішэні, дзе быў жоўты пярсцёнак, калі ён раптоўна пачуў пошчак капытоў.
“Гэй, што гэта? – падумаў Дыгары.– Пажарныя? Цікава, які дом загарэўся. Не, гук набліжаецца сюды... Вох, гэта яна”.
Мне не трэба казаць вам, каго ён меў на ўвазе.
Спачатку паказалася двухколка. На месцы фурмана нікога не было. На даху – не седзячы, а стоячы,– нахіліўшыся з зайздросным пачуццём раўнавагі, калі двухколка на поўнай хуткасці павярнула з-за рога так, што адно кола апынулася ў паветры, была Джадзіс, Каралева каралеў і Жах Чарна. Яна ашчэрыла зубы, яе вочы ззялі як полымя, а доўгія валасы трапяталіся за спінай, як хвост каметы. Вядзьмарка бязлітасна хвастала каня пугай, яго чырвоныя ноздры шырока раздзімаліся, а бакі былі пакрытыя пенай. Абмінуўшы ліхтар на некалькі сантыметраў, конь шалёна падляцеў да дзвярэй і ўзняўся на дыбкі. Двухколка ўдарылася ў ліхтар і разляцелася. Вядзьмарка так, што ва ўсіх захапіла дых, саскочыла з двухколкі якраз у час і апынулася на спіне каня. Яна ўладкавалася верхам і нахілілася, нашэптваючы нешта ў яго вуха. Напэўна, тое, што яна сказала, было не для таго, каб супакоіць, але каб раз’юшыць. Праз імгненне конь ізноў быў на задніх нагах, і яго іржанне было падобным да крыку; ён быў адным шалёным клубком капытоў, зубоў, вачэй і растрапанай грывы. Толькі выбітны вершнік здолеў бы ўседзець у яго на спіне.
Не паспеў Дыгары перавесці дух, як адбылося шмат іншага. Другая двухколка з разлёту спынілася ля першай: адтуль выскачылі тоўсты мужчына ў фраку і паліцэйскі. Потым прымчала трэцяя двухколка з яшчэ двума паліцэйскімі. Пасля з’явілася каля дваццаці чалавек на роварах (збольшага рассыльныя). Усе яны званілі ў званкі, крычалі і свісталі. Апошнім з явіўся натоўп пешых людзей: усе вельмі разгарачыліся ад бегу, але, відавочна, атрымлівалі асалоду. Ва ўсіх дамах на вуліцы зачыніліся вокны, і служанкі ці дварэцкія ўзніклі ля кожных дзвярэй. Яны хацелі паглядзець на шоу.
Тым часам з-пад абломкаў першай двухколкі пачаў выбірацца стары джэнтльмен, Некалькі чалавек кінуліся яму дапамагаць, але паколькі хтосьці цягнуў яго ў адзін бок, а хтосьці – у іншы, то ён хутчэй бы выбраўся сам. Дыгары падумаў, што стары джэнтльмен – гэта, пэўна, дзядзька Эндру. Але аблічча таго не было відаць; яго высокі капялюш быў насунуты на твар.
Дыгары выбег і далучыўся да натоўпу.
– Гэта тая жанчына, гэта яна! – крычаў тоўсты чалавек, паказваючы на Джадзіс.– Рабіце вашую працу, канстэбль! Яна скрала з маёй крамы рэчы, якія каштуюць тысячы фунтаў. Паглядзіце на перлавыя пацеркі вакол яе шыі. Яны мае! А яшчэ яна ўдарыла мяне ў вока, і там цяпер сіняк.
– Сапраўды, начальнік,– прамовіў нехта з натоўпу.– Выдатны сіняк. Файны мусіў быць удар. Такая моц!
– Вам варта прыкласці да яго сыры біфштэкс, містар, вось што трэба зрабіць,– параіў хлопец з крамкі мясніка.
– Так,– сказаў самы галоўны з паліцэйскіх.– Што тут адбываецца?
– Я распавяду вам, яна...– пачаў таўстун, але нехта крыкнуў:
– Не дайце таму старому тыпу ўцячы! Гэта ён падбухторыў яе.
Стары джэнтльмен, які дакладна быў дзядзькам Эндру, толькі што здолеў падняцца і цёр сінякі.
– Слухайце,– мовіў паліцэйскі, павярнуўшыся да яго.– Што тут адбываецца?
– Вомфі-помфі-шомф,– пачуўся голас дзядзькі Эндру знутры капелюша.
– Хопіць,– строга сказаў паліцэйскі.– Тут вам не жартачкі. Здыміце гэты капялюш.
Гэта было прасцей сказаць, чым зрабіць. Але праз некалькі хвілін няўдалага змагання з капелюшом два іншыя паліцэйскія сцягнулі яго, ухапіўшыся па краях.
– Дзякую, дзякую,– прагаварыў дзядзька Эндру слабым голасам.– Дзякую. Я жудасна пацярпеў. Калі б нехта наліў мне невялічкую шкляначку брэндзі...
– Падыдзіце да мяне, зрабіце ласку,– сказаў паліцэйскі і дастаў вельмі вялікі нататнік і вельмі маленькі аловак.– Ці вы адказваеце за гэтую маладую жанчыну?
– Асцярожна! – крыкнула некалькі галасоў, і паліцэйскі паспеў адскочыць назад. Конь спрабаваў пацэліць у яго і брыкнуць, што, магчыма, забіла б паліцэйскага. Потым Вядзьмарка развярнула каня так, каб быць тварам да натоўпу. У яе ў руцэ быў доўгі бліскучы нож, якім яна абсякала з каня рэшткі вупражы.
У гэты час Дыгары спрабаваў прабрацца туды, дзе б ён змог дакрануцца да Вядзьмаркі. Было складана, бо перашкаджаў натоўп. А каб падысці з іншага боку, яму давялося б праціснуцца паміж конскімі капытамі і агароджай вакол дома. Калі вы хоць штосьці ведаеце пра коней, і асабліва калі б вы пабачылі, які раз’ятраны быў конь у той момант, вы б зразумелі, наколькі рызыкоўна было так рабіць. Дыгары шмат ведаў пра коней, але ён сцяў зубы і рыхтаваўся рвануць наперад, як толькі будзе зручны момант.
Чырванатвары мужчына ў кацялку пракладваў сабе дарогу праз натоўп.
– Добрага здароўечка! – сказаў ён паліцэйскаму.– Гэна мой конь, і гэна маю брычку яна разнесла ўшчэнт.
– Хвіліначку, калі ласка, хвіліначку! – адказаў паліцэйскі.
– Але хвіліначкі няма,– сказаў вознік.– Я ведаю гэнага каня лепей за вас. Ягоны родны бацька быў баявым канём ахвіцэра кавалерыі, ага. I калі гэная кабеціна і далей будзе злаваць яго, тут станецца забойства. Пусціце мяне туды.
Паліцэйскі быў толькі рады скарыстацца момантам, каб адысці ад каня. Вознік падышоў бліжэй, паглядзеў на Джадзіс і мовіў спакойным голасам:
– Слухайце, паненка, дайце я яго патрымаю, а вы злазьце. Вы ж, відаць, з культурнай сям’і. I нашто вам увесь гэны вэрхал, га? Ідзіце вы лепш дадому, запарце сабе гарбаткі з варэннем, адпачніце – вам адразу палягчэе.
Ён працягнуў руку да галавы каня і прашаптаў:
– Ціха, Агрэсцік, косю. Супакойся.
Тут Вядзьмарка ўпершыню загаварыла.
– Сабака! – яе ледзяны голас зазвінеў над вуліцай.– Сабака, прыбяры рукі ад каралеўскага баявога каня! Я – імператрыца Джадзіс!
Бітва каля ліхтара
Глядзі ты, Яе Імператарская Вялікасць! – крыкнуў нехта.
Іншы голас выгукнуў:
– Тройчы “ура” Імператрыцы!
I даволі шмат галасоў далучылася. Твар Вядзьмаркі крыху паружавеў, і яна ледзь заўважна пакланілася. Але вітальныя крыкі раптам замяніла хваля смеху, і яна зразумела, што з яе проста здзекуюцца. Выраз яе аблічча змяніўся, і яна перакінула нож у левую руку. Потым, без папярэджання, яна зрабіла нешта зусім нечаканае. Лёгка, без высілкаў, нібыта гэта была самая звычайная рэч у свеце, Вядзьмарка выцягнула правую руку і адарвала адзін з прутоў ад ліхтарнага слупа. Калі яна і страціла чароўную сілу ў нашым свеце, дык не страціла сваёй уласнай і магла зламаць жалезны прут, нібыта трысціну.
Яна падкінула сваю новую зброю ў паветра і злавіла яе.
“Вось мой шанец”,– падумаў Дыгары.
Ён пачаў прабірацца паміж канём і агароджай. Калі б толькі шалёная жывёла імгненне пастаяла спакойна, каб можна было ўхапіцца за пяту Вядзьмаркі! Пакуль ён прабіраўся, пачуўся агідны трэск і цяжкі глухі ўдар. Вядзьмарка апусціла прут на шалом галоўнага паліцэйскага: той зваліўся, як кегля.
– Хутчэй, Дыгары! Гэта трэба спыніць,– пачуўся голас за ім. Гэта была Полі, якая, як толькі ёй дазволілі ўстаць з ложка, паспяшалася сюды.
– На цябе заўсёды можна спадзявацца,– сказаў Дыгары.– Трымайся побач. Табе трэба будзе паклапаціцца пра пярсцёнак. Жоўты, не забудзься. I не надзявай яго, пакуль я не крыкну.
Трэск пачуўся яшчэ раз, яшчэ адзін паліцэйскі быў скрышаны. Натоўп узняў раз’юшаны роў: “Сцягніце яе ўніз! Бярыце камяні! Выклічце вайскоўцаў!” Але большасць людзей уцякала як мага далей. Вознік аказаўся самым адважным з прысутных, ён заставаўся побач з канём, ухіляючыся ад прута і спрабуючы ўхапіць Агрэста за галаву.
Натоўп свістаў і лямантаваў. Над галавой Дыгары пранёсся камень. Потым пачуўся голас Вядзьмаркі, зычны, як вялікі звон, які гучаў так, нібыта яна была амаль шчаслівай.
– Вы, смецце! Вы дорага заплаціце за гэта, калі я захаплю ваш свет. Ад вашага гораду не застанецца ні каменя! Ён будзе як Чарн, як Фэлінда, як Сэрлой, як Брэмэндын.
Дыгары нарэшце ўхапіў яе за шчыкалатку. Яна адпіхнулася пятой і ўдарыла яго ў вусны. Ад болю ён адпусціў яе. Вусны былі разбітыя, а рот поўны крыві. Недзе блізка пачуўся голас дзядзькі Эндру: “Мадам, мая дарагая юная лэдзі, малю вас, вазьміце сябе ў рукі!”
Дыгары зноў схапіў Вядзьмарку і зноў быў адкінуты. Усё больш людзей падала ад удараў жалезнага прута. Дыгары паспрабаваў у трэці раз, учапіўся за яе пяту як клешч і крыкнуў Полі: “Давай!”. Потым злыя спалоханыя твары зніклі. Злыя спалоханыя галасы сціхлі. Усе, акрамя голасу дзядзькі Эндру. Ён скуголіў зусім побач з Дыгары: “Вох, вох, гэта што, трызненне? Ці гэта канец? Я не магу гэтага вынесці. Гэта несправядліва. Я ніколі не хацеў быць чараўніком. Гэта ўсё непаразуменне. Гэта ўсё мая хросная, я буду гэта аспрэчваць. I пры маім стане здароўя. Вельмі старая сям’я з Дорсетшыра”.
“Толькі дзядзькі тут не хапала! – падумаў Дыгары.– Мы не збіраліся яго браць. Вось дык пікнічок атрымаецца”.
– Полі, ты тут? – запытаў ён.
– Так, тут. Перастань піхацца.
– Я не піхаюся... – пачаў Дыгары, але не паспеў ён нічога дадаць, як іх галовы з’явіліся ў цёплым зялёным сонечным святле лесу.
I калі яны выбраліся з азярка, Полі закрычала:
– Глядзі! Мы перанеслі сюды і каня. I містара Кэтэрлі! I возніка! Добры ўлоў атрымаўся!
Як толькі Вядзьмарка пабачыла, што яна ізноў у лесе, яна пабялела і нахілілася, уткнуўшыся ў грыву каня. Было відавочна, што ёй смяротна кепска. Дзядзьку Эндру біла дрыготка. Але Агрэст страсянуў галавой, вясёла заржаў і, здавалася, выдатна пачуваўся. Ён супакоіўся ўпершыню з таго часу, як яго пабачыў Дыгары. Яго вушы, якія былі шчыльна прыціснутыя да галавы, выпрасталіся, а з вачэй знік агонь.
– Вось так, хлопча,– мовіў вознік, паляпваючы Агрэста па шыі.– Вось так лепей. Супакойся.
Агрэст зрабіў самую натуральную рэч у свеце. Ён моцна хацеў піць (што не дзіўна) і таму павольна пайшоў да бліжэйшага азярка ды ступіў у яго, каб папіць. Дыгары ўсё яшчэ трымаўся за пяту Вядзьмаркі, а Полі трымалася за яго руку. Вознік дакранаўся адной рукой да Агрэста, а дзядзька Эндру, усё яшчэ моцна дрыжучы, проста ўчапіўся за яго другую руку.
– Хутчэй,– сказала Полі, зірнуўшы на Дыгары.– Зялёныя!
Такім чынам, у каня не атрымалася папіць. Замест гэтага ўсю кампанію зацягнула ў цемру. Агрэст іржаў, дзядзька Эндру хныкаў. Дыгары сказаў: “Нам проста пашанцавала”.
На кароткі час стала ціха. Потым Полі сказала:
– Ці мы не павінны былі ўжо апынуцца там?
– Здаецца, мы ўсё-такі недзе апынуліся,– сказаў Дыгары.– Прынамсі, я стаю на нечым цвёрдым.
– О, я таксама! Цяпер я гэта адчуваю,– адказала Полі.– Але чаму тут так цёмна? Ты думаеш, мы патрапілі не ў тое азярко?
– Магчыма, гэта Чарн,– сказаў Дыгары.– Толькі мы вярнуліся ў сярэдзіне ночы.
– Гэта не Чарн,– пачуўся голас Вядзьмаркі.– Гэта пусты свет. Гэта Нічога.
I сапраўды, гэтае месца вельмі моцна нагадвала Нішто. Не было зор. Было так цёмна, што яны не бачылі адно аднаго і не было розніцы, расплюшчыў ты вочы ці заплюшчыў. Пад іх нагамі было сцюдзёнае плоскае нешта, што магло быць глебай, але дакладна не было травой. Паветра было астылым і сухім, ветру не было.
– Мяне напаткаў мой лёс,– жудасна спакойным голасам сказала Вядзьмарка.
– О, не кажыце так,– прабулькатаў дзядзька Эндру.– Мая дарагая юная лэдзі, малю, не кажыце такіх рэчаў. Усё не можа быць так кепска. Ах, вознік, дружа мой, ці няма ў цябе з сабой біклажкі? Кропля брэндзі – якраз тое, што мне трэба.
– Гэй, гэй,– пачуўся голас возніка, добры, цвёрды, смелы голас.– Усе супакойцеся. Ніхто нічога не зламаў? Добра. Ну, хаця б за гэна можна падзякаваць. Пасля такога падзення большага нельга і пажадаць. Цяпер, калі мы зваліліся ў нешта выкапанае,– можа, у новую станцыю метро,– хтосьці хутка прыйдзе і выцягне нас! А калі мы памерлі, што, вядома, магло здарыцца, ну, вы мусіце... памятаць, што ў моры яшчэ горшыя рэчы здараюцца... Ды і ўсе калі-небудзь паміраюць. Няма чаго гэтага баяцца, калі вы пражылі прыстойнае жыццё. Як на мяне, лепшае, што мы можам зрабіць, каб заняць час, гэта заспяваць хваласпеў.
Вознік так і зрабіў. Ён адразу ж заспяваў гімн падзякі, які спяваюць падчас збору ўраджаю, пра плады зямлі, “ужо сабраныя з палёў”. Гімн не вельмі пасаваў да месца, у якім, здавалася, ад пачатку часоў ніколі нічога не расло. Але гэта быў спеў, які вознік памятаў найлепей. У яго быў прыемны голас, і дзеці далучыліся: гэта вельмі падбадзёрвала. Дзядзька Эндру і Вядзьмарка маўчалі.
Бліжэй да канца гімна Дыгары адчуў, як хтосьці торгае яго за локаць, і па паху брэндзі, цыгар і парфумы ён зразумеў, што гэта дзядзька Эндру. Дзядзька Эндру асцярожна пацягнуў яго ўбок ад іншых. Калі яны крыху адышлі, стары прашаптаў у самае вуха Дыгары:
– Слухай, хлопчык мой, надзень свой пярсцёнак. Давай адсюль выбірацца.
Але ў Вядзьмаркі быў вельмі добры слых.
– Дурань! – пачуўся яе голас, і яна саскочыла з каня.– Ты забыўся, што я магу пачуць думкі? Адпусці хлопца. Калі ты паспрабуеш здрадзіць мне, мая помста будзе такой, пра якую не чулі ў ніводным сусвеце ад пачатку часоў.
– I,– дадаў Дыгары,– калі вы думаеце, што я такая гнюсная свіння, што магу знікнуць, пакінуўшы Полі, і возніка, і каня ў такім месцы, вы моцна памыляецеся.
– Ты вельмі непаслухмяны і дзёрзкі маленькі хлопчык,– сказаў дзядзька Эндру.
– Ціха! – мовіў вознік. Яны ўсе прыслухаліся.
У цемры нешта адбывалася. Чыйсьці голас заспяваў. Ён быў вельмі далёка, і Дыгары не мог разабрацца, адкуль ён ішоў. Здавалася, што гук чуецца адразу адусюль. Часам Дыгары думаў, што спеў ішоў ад зямлі пад іх нагамі. Ніжэйшыя ноты былі дастаткова глыбокія, каб быць голасам самой зямлі. Словаў не было. Нават мелодыі амаль не было. Але гэта быў непараўнальны, найпрыгажэйшы гук, які ён калі-небудзь чуў. Ён быў такі прыгожы, што Дыгары ледзь мог яго вытрымаць. Каню, здавалася, спеў таксама падабаўся; ён заржаў так, як заржаў бы конь, які, адпрацаваўшы гады ў двухколцы, вярнуўся назад, на старое поле, дзе ён забаўляўся, калі быў жарабём, і пабачыў, як той, каго ён памятаў і любіў, ідзе да яго праз поле і нясе яму кавалак цукру.
– Уга! – сказаў вознік.– Ці ж не прыгажосць?
Потым адначасова здарылася два цуды. Спачатку да першага голасу раптоўна далучыліся іншыя. Загучала столькі галасоў, што іх немагчыма было палічыць. Яны былі ў гармоніі з першым, але значна вышэйшыя: звонкія, трапяткія, срэбныя галасы. Другім цудам было тое, што чарната над галавой, уся адразу, зазіхацела зоркамі. Яны з’явіліся ў адно імгненне. Толькі што не было нічога – і раптам узніклі тысячы і тысячы кропак святла: зоркі, сузор’і і планеты, ярчэйшыя і большыя за любую ў нашым свеце. Аблокаў не было. Калі б вы бачылі і чулі гэта, як бачыў і чуў Дыгары, вы былі б упэўненыя, што гэта спявалі самі зоры і што менавіта той, глыбокі Першы Голас зрабіў так, каб яны заззялі і заспявалі.
– Вось дык штука! – усклікнуў вознік.– Я б намагаўся пражыць лепшае жыццё, калі б ведаў, што такое існуе.
Першы голас станавіўся грамчэйшы, іншыя галасы пачалі сціхаць. Але цуды не скончыліся.
Далёка, ля самага краю, неба пакрыху шарэла. Пачаў дзьмуць лёгкі, свежы ветрык. Неба павольна і паступова святлела, і на яго фоне вымалёўваліся абрысы ўзгоркаў. Увесь час Голас працягваў спяваць.
У хуткім часе яны ўжо маглі бачыць твары адзін аднаго. Дзеці і вознік стаялі з раскрытымі ратамі, іх вочы ззялі. Яны быццам пілі гук і выглядалі так, нібыта гэты спеў ім штосьці нагадваў. Рот дзядзькі Эндру таксама быў адкрыты, але не ад радасці. У яго проста адвісла сківіца. Ён згорбіўся, а калені дрыжалі. Яму не падабаўся Голас. Калі б дзядзька мог схавацца ад яго, залезшы ў нейкую нару, ён бы так і зрабіў. А Вядзьмарка выглядала так, нібыта яна, у нейкім сэнсе, разумела гэтыя гукі лепш за ўсіх астатніх. Яе рот быў закрыты, вусны сцятыя і кулакі сціснутыя.
Як толькі спеў пачаўся, яна адчула, што ўвесь гэты свет напоўніўся Магіяй, адрознай і мацнейшай за ейную. Джадзіс ненавідзела гэтую Магію. Яна разнесла б увесь гэты сусвет ці ўсе сусветы, каб толькі спеў спыніўся. А конь стрыг вушамі. Раз-пораз ён пырхаў і біў нагой па зямлі. Ён больш не выглядаў як стомлены, стары конь возніка; цяпер бы вы лёгка паверылі, што яго бацька быў баявым канём.
На ўсходзе неба з белага стала ружовым, а пасля залатым. Голас грамчэў і грамчэў, пакуль ад яго не задрыжэла паветра. I калі ён узнёсся да невыразна цудоўнага і найбольш велічнага гуку з усіх, якія чуліся дагэтуль, узышло сонца.
Дыгары ніколі не бачыў такога сонца. Сонца над руінамі Чарна выглядала старэйшым за нашае, а гэтае глядзелася маладзейшым. Можна было ўявіць, што яно, узыходзячы, смяецца ад радасці. I калі яго праменне рассыпалася па-над зямлёй, вандроўнікі ўпершыню пабачылі, да чаго падобнае месца, у якім яны знаходзіліся. Гэта была даліна, праз якую на ўсход, да сонца, вілася шырокая хуткая рака.
На поўдні былі горы, на поўначы – узгоркі. Але ў даліне былі толькі глеба, скалы і вада – ані дрэва, ані кустоўя, ані травінкі. Глеба была розных колераў; яны былі свежыя, яскравыя і жывыя. Гэты краявід захапіў бы вас, але толькі да той пары, пакуль бы вы не пабачылі Таго, Хто Спяваў, бо пасля вы забыліся б на ўсё ў свеце.
Гэта быў Леў. Велізарны, з пышнай грывай, светлы, ён стаяў, павярнуўшыся да сонца. Яго пашча была шырока адкрытая ў спеве. Ён быў прыкладна ў трохстах метрах.
– Гэта жахлівы свет,– прамовіла Вядзьмарка.– Трэба зараз жа ўцякаць. Падрыхтуйце заклёны.
– Я цалкам згодны з вамі, мадам,– зазначыў дзядзька Эндру.– Наймярзотнейшае месца. Ніякай цывілізацыі. Калі б я быў маладзейшым і меў бы стрэльбу...
– Вы сур’ёзна? – здзівіўся вознік.– Вы ж не думаеце, што змаглі б застрэліць яго?
– Хто ж гэта наважыцца,– сказала Полі.
– Давай, чаруй, стары дурань,– загадала Джадзіс.
– Вядома, мадам,– хітра сказаў дзядзька Эндру.– Трэба, каб дзеці даткнуліся да мяне. Дыгары, надзень пярсцёнак, які прывядзе нас дадому.
Ён хацеў знікнуць без Вядзьмаркі.
– Дык гэта пярсцёнкі, так? – ускрыкнула Джадзіс. Яна б засунула рукі ў кішэні Дыгары хутчэй, чым вы пікнулі, але Дыгары схапіў Полі і закрычаў:
– Назад! Калі нехта з вас дваіх падыдзе хоць на сантыметр бліжэй, мы двое знікнем, і вы назаўсёды застанецеся тут. Так, у мяне ў кішэні пярсцёнак, які перанясе мяне і Полі дадому. I зірніце! Я гатовы ў любы момант гэта зрабіць. Таму трымайцеся падалей. Мне шкада вас (ён паглядзеў на возніка) і каня, але я не магу нічога зрабіць. А што тычыцца вас дваіх (ён паглядзеў на дзядзьку Эндру і Каралеву), вы абодва чараўнікі, таму вам спадабаецца кампанія адно аднаго.
– Ціха вы ўсе,– сказаў вознік.– Я хачу паслухаць музыку.
Бо цяпер спеў змяніўся.