Текст книги "Тры жыцці княгіні Рагнеды"
Автор книги: Кастусь Тарасаў
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 9 страниц)
3
Непрыкметна падышоў месяц квецень з яркім россыпам дзьмухаўцу па абноўленай посцілцы зямлі. Спакойна жыў Полацак, не ведаючы пра новае бедства. Пеўні сваёй пераклічкай абрывалі начныя пяшчоты і сны, услед іхным спевам пачыналі курыцца дымамі хаты, каровы выходзілі з двароў, і вялікі статак гналі на выпас; на беразе Дзвіны смалілі лодкі; зямля падсыхала, рыхтуючыся прыняць зерне...
Блізіўся прызначаны час і для Рагнеды; ужо глядзелі на яе як на кіяўлянку, не сваю; ужо пры сустрэчах старыя цёткі і бабы казалі ёй развітальнымі галасамі: хутка табе ад нас, апошнія дні на бацькаўшчыне, на роднай зямлі. І Рута прыплаківала, сумуючы аб непазбежным расстанні. Рагнеда супакойвала сяброўку абяцаннем узяць яе з сабой. Яна скажа Яраполку, каб залічыў Руцінага мужа ў сваю дружыну, і будзе Рута жыць у Кіеве паблізу княжага двара – кожны дзень будуць бачыцца, як і раней. Тут на крылах уяўлення пераносілася Рагнеда ў невядомы палянскі горад і казала сяброўцы пра блізкую будучыню – іх сумесныя вандроўкі ўздоўж Дняпра, цішыню ракі, смех іхных дзетак, зімовыя вячоркі, калі ўсе будуць прасці, а які-небудзь стары лірнік будзе спяваць пра даўнія дні і славутых людзей. Рута слухала, верыла, і абедзве яны грэліся гэтымі простымі летуценнямі...
Іншым днём хадзіла Рагнеда ўздоўж Палаты, назіраючы ціхі бег ракі па апушанаму аерам рэчышчу, – заварожваў яе гэты рух вады ў невядомасць, не цярпелася і самой вырушыць у дарогу. Праплывала якая-небудзь зламаная навальніцай галінка, і Рагнеда праводзіла яе вачыма, бачачы і сябе ў лодцы ва ўсё новых і прыгожых мясцінах... Аднойчы з'явіўся ёй у рацэ дзіўны, уразіўшы яе прывід. Яна стаяла на беразе: рачная плынь мякка калыхала водарасці; раптам ёй здалося, што Палата нясе шырокія крывавыя струмяні і нейкіх людзей. Яна зірнула – ні людзей, ні крыві. Яна ўгледзелася – і ўбачыла глыбока ў вадзе трох бабуль аднолькавай знешнасці, але і непадобных: першая неяк хітравата ўсміхалася, другая нібыта плакала, а твар трэцяй быў па-мёртваму беспачуццёвы. Кароткі міг прастаялі старыя перад Рагнедай і растварыліся ў вадзе да ранейшай нябачнасці. Знік прывід і быццам уцягнуў за сабой з душы радасць. З таго дня прыйшла да Рагнеды трывога, нейкая вялікая небяспека адчулася ёй наперадзе. Нават у снах асаджалася на сэрцы тужлівая горыч. Той светлы юначы вобраз, што раней хваляваў, цяпер набыў непрыемную грубасць, звузіліся да памераў звычайнай клеці жаданыя Яраполкавы пакоі; паветра згусцілася да духаты, як перад залевай, і таямнічымі бедствамі пужаў ад'езд у незнаёмы горад пад волю ніколі не бачанага чалавека. «Цесната чакае мяне, страшна мне», – скардзілася яна маці, а тая адказвала: «Ах, дачушка, так і мусіць быць, нездарма ж перад вяселлем дзяўчына плача». І разбытая, з прыкметнай ужо цяжарнасцю, Рута згадвала, што таксама страшылася ў апошні месяц дзявоцтва. А цяпер – іншыя страхі. Так заведзена. «Не, – пярэчыла Рагнеда, – я чую: гэта няшчасце!» – «І я так думала, – усміхалася Рута, – а ўсё інакш пайшло»...
Разбураюцца прадчуванні чужымі супакойлівымі словамі. Ды і хто правядзе тонкую рысу паміж цьмянымі прадчуваннямі і тугой? Калі споўняцца, скажуць – прадчуванне, калі абыдзецца, скажуць – туга. Ды і як адгукнуцца на прадчуванні, калі няма вопыту? Тлумачаць іх з мінулага, а яны пра будучыню, пра тое, што чуе сэрца. Хто зразумее, калі самой няўцям, чаму ў хмарах бачыцца табе ваўкалак, чаму ніхто не зважае, а ты чуеш, як страшна рыпіць асіна ў цябе за спінай, чаму плывуць па Палаце нікому акрамя цябе не бачныя крывавыя струмяні, чаму менавіта на тваёй сцежцы кот упаляваў дразда і раздзірае кіпцюрамі цёплую тушку, а потым ноч у ноч табе сняцца рассыпаныя чорныя пёры, што азначае смерць... Чаму цесна душы ў целе, чаму так мала бачыць вока ў сонечны дзень? Няма адказу. Няма нікога, хто раскрыў бы таямніцу тваёй маркоты. Толькі распаляюць яе недарэчныя адказы: было, чакай, пройдзе! Усё загадкава і невыразна; непраглядным туманам зацягнута пустка паміж першым, пражытым, ужо беззваротным жыццём і новым, якое паціху набліжаецца з Яраполкам на чаўнах, што адольваюць дняпроўскую плынь...
Знянацку ўсё абрынулася; аднаго ранку запалымнеў на лысых пагорках ланцуг вогнішчаў, якія распальвалі ў адзіным выпадку – калі Полацку пагражала вайна. І княжыя вестуны пацвердзілі: рухаецца па Ловаці з-за волакаў ноўгарадскае войска. І не засталося часу раздумваць і рыхтавацца – нічога за тыдзень не зробіш. Князь Рагвалод паслаў людзей паведаміць Яраполку і паспяшаўся збіраць полацкі полк.
Перад выйсцем войска стала вакол капішча на высокім дзвінскім беразе, дзе векам пазней збудуюць Сафійскую царкву. Сем валуноў атачалі тут круглую пляцоўку з падрыхтаваным ахвярным кастром. Прывялі на жалезных ланцугах буйнага быка, які роспачна роў, чуючы блізкую смерць. Да быка павольным поступам наблізіўся дужы скатабой і выцяў яго па лобе між рагоў пудовым молатам. Аглушанага быка звязалі, вяшчун доўгім нажом правёў па яго шыі, і гарачая кроў сышла ў вялізную жалезную місу. Чэрпаючы прыгаршчамі, вяшчун апырскаў крывёю натоўп, потым падпаліў галлё пад быком. Пацягнуўся да неба ахвярны дым. Ваяры ж падыходзілі да місы, прыгублівалі крыві. Доўга палала вогнішча, задобрываючы багоў. Калі агонь загас, вяшчун выбраў з попелу некалькі неперагарэлых костак. Не ўсё прынялі багі, цяжка прыйдзецца палачанам у бойцы.
Полк выступіў, і пачаў свой адлік для сем'яў і ваяроў час нямой невядомасці. Князь шпарка вёў войска да вярхоўя Ловаці, ды хісталі цвёрдасць яго рашэння весткі дазорцаў пра мноства праціўніка. Смутак асуджанасці прачытваўся Рагвалодам у вачах дазорцаў, і войска, чуючы сваю няўдачу, сцішыла крокі. Дык ці трэба біцца пры вядомай няроўнасці? Ці лепш будзе закрыцца ў горадзе і вытрымаць аблогу, пакуль не прыйдзе Яраполк? Але калі ён прыйдзе? Мелася і трэцяя магчымасць – ісці на дняпроўскія волакі, сустрэць Яраполка, дачакацца Тура з дрыгавічамі; запрасіць за плату ці якія саступкі Літву і ўжо тады прымаць бой. І што з таго, што Ўладзімір возьме і спаліць дзядзінец, – новы прасцей зрубіць, чым страціць усё. Але разумная гэтая развага ўпіралася ў простую перашкоду – а людзей куды? Не з сабой жа вадзіць сем'і да Дняпра, а потым назад. Ды і хто пойдзе за князем, які пакідае горад на разгром і гвалт! Ды і сорамна ўцякаць ад юнака, якім кіруе прываротнік Дабрыня. І няма гонару для Рагвалода імчаць пад крыло Яраполка – няхай будзе як будзе.
Толькі на полі, калі палкі сышліся, стала зразумела, каго і колькі прывёў ноўгарадскі князь. Апроч ноўгарадцаў, што займалі сярэдзіну, стаялі з левай рукі дружыны чудзі, меры, весі – на траціну вярсты і ў глыбіню дзесяткам радоў. З правай рукі не меншым лікам блішчэлі каванымі шлемамі варагі. А наперадзе войска застылі на конях Уладзімір і мядзведжага аблічча ягоны дзядзька Дабрыня. Так, бачыў Рагвалод, па трох прыходзілася на аднаго палачаніна: яшчэ не пачаўшы бойку, князь зразумеў, што яго паб'юць. Помсцілі багі за легкадумства, прывялі на пагібель. Ды ўжо не стала зваротнай дарогі. Дык нашто цягнуць час? Не большала ў яго людзей ад чакання. Рагвалод узняў меч, і полацкія шэрагі скрануліся ўслед за князем – у сваю смяротную сечу. Хацелася князю сустрэць першым і засекчы ўдачлівага рабыніча. На яго і вёў ён каня. Але сустрэў яго Дабрыня з роўнай па сіле рукой, і абодва абрушвалі адзін на аднаго мячы, прыкрэктваючы для цяжкасці ўдару. Але не вырашылася іхная бойка, развяло іх клінамі пешых ваяроў, і ўжо сякуць яны галовы ў простых шлемах. Ды і не да сечы хутка стала князю Рагвалоду – гінула ягонае войска, хоць частку мусіў ён вярнуць у Полацак для непазбежнай цяпер абароны. Князь павярнуў дружыну, а за імі паспяшаліся бегчы астатнія ратнікі. Загрымела ім услед абразамі зборнае разнамоўнае Ўладзімірава войска, ды секчы ў спіну не кінулася – не прыжыўся яшчэ на поўначы гэты стэпавы звычай...
Прапусцілі полацкія вароты разбітае войска, і пачаўся ў горадзе плач – хто не вернуўся з князем, таго дзяўблі ўжо груганы на полі над Ловаццю. І пайшлі па дварах злосныя абгаворы. Чаму ў бітве не перамаглі – лёгка прыняць: на аднаго трое – хто вытрымае; таму нельга вінаваціць князя за паводзіны ў полі. Але сама бітва чаму здарылася? Нашто ідуць ноўгарадцы з Уладзімірам і вядуць варагаў ды чудзь? Абразу прыйшоў змываць Уладзімір, гаварылі па хатах, хто ж не помсціць за крыўду? Вось і адгукнулася ліхам нашая ганарлівасць; някемлівая князёўна дурное слова выгукне, а кроў ліць усім. «Рабыніч!». Вось табе і рабыніч. Ну, а дзе ж ваш Кіеў, дзе кіеўскі жаніх? Не надта спяшаецца па нявесту гэты Кіеў... Ахапіла гэта незадаволенне ўвесь горад, але ўслых, у вочы князю яго не выказвалі. Толькі не ўсё маўклівае маўчыць; хадзіла Рагнеда па горадзе і чытала людскія дакорлівыя думкі: слухай, князёўна, як стогнуць жонкі і галосяць маткі; для цябе князь – непрыстойны, а ваярам за гэта давялося з смерцю жаніцца. За ўсё цяжэй перажывала Рагнеда гора Руты, якая пасля бітвы аўдавела. Пра Соха дакладна ведалі, што нежывы, – былі сярод дружыннікаў відавочцы Сохавай смерці пад варажскай сякерай. Як патрабаваў звычай, прыйшлі ягоныя сябры на Сохаў двор, знялі магеркі і сказалі бацькам і жонцы: «Трэба вам галасіць – забілі Соха ноўгарадцы». А ў Руты дзіцёнак у жываце ножкамі б'е, яму яшчэ на свет выйсці, а ён ужо сірата. Плача Рута, а Рагнеда спрабуе яе суцешыць і слухае папрокі: ад твайго злога слова пачалося, табе добра – не Яраполк, дык Уладзімір возьме; а мне як жыць з дзіцем, куды ісці, якога шчасця чакаць?.. Плача і Рагнеда, шкадуючы сяброўку і не разумеючы сваёй віны: не яна думала, не яна выбірала, не яна пралічылася...
4
У горад перачакаць нашэсце шчыльна набіваўся народ. Князь разлічыў, што да падыходу Яраполка прыйдзецца трываць асаду не менш за месяц, і загадаў сабраць усю навакольную скаціну і харчы; усё гэта шпарка гналі і везлі ў Полацак, каб хоць крыху забяспечыцца да з'яўлення ноўгарадскага войска. І сапраўды, не прымусіла яно сябе чакаць, паведаўшы пра сваю блізкасць слупамі дымоў над вёскамі. Хутка, як гнаныя ветрам, гэтыя вынішчальныя дымы наблізіліся, потым узніклі на палях і дарогах вершнікі, а за імі – аддзелы пешых – і вось ужо атачылі горад тысячы чужакоў. І з дзесятак стругоў прыплылі па Дзвіне, увайшлі ў вусце Палаты і замкнулі кола. Звычна, без поспеху ўладкоўвалі палкі Ўладзіміра свой стан; будаваліся павеці, падалі ў лесе сухастоіны, хадзілі па полацкіх выпасах стрыножаныя коні, павіслі над вогнішчамі ёмістыя катлы, нешта ўжо і гатавалі, вясёлым шумком даляталі знаёмыя і незразумелыя словы – усё проста, будзённа, нават быццам з лагоднай увагай да палачанаў, якія сачылі пачатак асады з горадзен... Бліжэй да ночы вогнішчаў пабольшала; яркім сярпом абнялі яны Полацак, і барвовае зарыва асвятляла прыціхлы, насцярожаны горад. Ахвяраю на вялізным агні здаўся Рагнедзе ў гэтую ноч Полацак; білі ў неба злавесныя, крывавыя водбліскі, шугалі роем іскры і праглыналіся цемраддзю, як прарочы знак сканчэння жыццяў...
Ранкам, калі адспявалі полацкія пеўні, загулі рагі і дудкі ва Ўладзіміравым стане, ваярства атрэслася ад сну, апранулася ў даспехі, пастроілася няроўнымі шэрагамі і, падсцёбнутае нецярплівым княжым загадам, рушыла па роснай траве браць горад. Бліжэй да сцяны захопнікі перайшлі на бег, грымнуў баявы кліч, і зараз жа выпырхнулі са сцен стрэлы, прасвісталі сваю ліхую песню, і каму было суджана, паваліўся пад ногі сябрукоў... Але вось дабеглі, прыставілі драбіны, палезлі, паказаліся над гароднямі рагатыя шлемы варагаў, шышакі ноўгарадцаў, круглыя, плеценыя з вяровак шлемы чудзінаў – і застукалі сякеры і мячы палачанаў, адсякаючы рукі, крышачы чарапы... Пацягнуліся доўгія дні гэтага ўзаемнага нішчэння і забівання. Параненых разбіралі па хатах, хутка запоўнілася і княжая даміна; забітых зносілі на плошчу для развітання, начамі тут палала пахавальнае вогнішча. І ў стане Ўладзіміра дымілі такія ж вогнішчы і множыліся могілкавыя курганы. Часам збіралася над Полацкам навальніца, грымеў у небе Пярун, ліў дождж, абмываючы мерцвякоў перад спаленнем, і страшна было Рагнедзе глядзець, як б'юць па здзервянелых, скажоных тварах буйныя дажджавыя кроплі...
Напрыканцы трэцяга тыдня асады варагі здолелі ўзайсці на гародні, адбілі вароты, раскідалі завал – і азлобленае Ўладзімірава войска ўварвалася ў горад. Тут стала зразумела, за якую цану наняў ноўгарадскі князь варажскую дапамогу: атрымалі варагі ўсе полацкія двары; ашалела накінуліся на сваю здабычу. Захрабусцелі пад сякерамі касцякі безабароннага жыхарства, крычалі дзеці, вылі згвалчаныя дзеўкі. Нікому не давалі літасці; на тое была князя Ўладзіміра і дзядзькі яго Дабрыні згода – рэзаць і біць, пакуль не абрыдне. Але і ноўгарадцы імкнуліся не адстаць ад варагаў, а чудзіны і весь ад ноўгарадцаў. Разбурала горад пераможная рука з такой жорсткасцю і стараннем, нібы мела на мэце бясследна сцерці яго з берагоў Палаты...
Рагнеда з маці і дваровыя бабы замкнуліся ў тым самым пакоі, дзе зімой прымалі сватоў. За сценамі сцішаўся шум бітвы – там радчэла кола абаронцаў. Калі стала зусім ціха, маці неяк адлучана, развітальна вымавіла: «Забілі нашых!» – і ўсе ў хаце зразумелі, што хутка заб'юць і іх. Гулка ўдарыла бервяно ў зачыненыя дзверы – тыя рассыпаліся. Увайшлі некалькі ноўгарадцаў і загадалі бабам вынесці з пакоя параненых. Маці ж сказалі: «А ты сядзі». Маці і Рагнеда абняліся і доўга чакалі ў невядомасці. Нарэшце пачуліся крокі купкі людзей, і ў пакой увайшлі дужы сінявокі хлопец з ліхім позіркам і карчакаваты сталы мужчына. Рагнеда здагадалася: ноўгарадскі князь з дзядзькам. Услед прывялі павязаных бацьку і братоў; жывая засталася іх сям'я, жывыя стаялі яны цяпер усе разам, і зацеплілася надзея на нейкі добры зыход.
– Старую звяжыце, – сказаў Дабрыня кметам.
Два дзецюкі заламалі княгіні рукі і сцягнулі шнуром.
Уладзімір уважліва разглядаў Рагвалода і яго сыноў, быццам хацеў прасякнуць у іхныя думкі. Потым ягоны позірк перайшоў на Рагнеду, у гэты міг убачыла Рагнеда за спінай Уладзіміра трох старых, што з'яўляліся ёй у Палаце. Празрыстыя, трымаліся яны ззаду пераможцаў, як іх цені, як сведкі бяды, што мела тут здзейсніцца.
– Што, князёўна, – пачула яна голас Уладзіміра, – не перадумала? Можа, зараз разуеш мяне? – і князь зірнуў на свае брудныя боты.
Рагнеда не адказала.
– Што ж, – усміхнуўся Ўладзімір, – твая воля, – можна і не разувацца! – і ступіў да яе.
Яна адсунулася і ўперлася ў сцяну. Ён схапіў яе за плечы, яна намагалася адбіцца; адчайна, жалобна закрычала маці – і гэты крык знясіліў Рагнеду, усё паплыло перад вачыма, рассыпалася ў аскепкі, яна адчувала, як ён рве на ёй кашулю, валіць на падлогу, на стаптаную, брудную салому, дзе раней ляжалі параненыя, навальваецца на яе, убачыла шаленства яру ў яго вачах і заплюшчыла вочы, каб яго не бачыць. Недзе далёка крычалі бацька, браты, маці, і пад іхныя праклёны гвалтаўніку, пад смех Дабрыні і кметаў яна зведала мужа і зачала ад яго...
Потым Уладзімір усхапіўся, завязаў пояс і падышоў да полацкага князя.
– Ну што, князь Рагвалод, – спытаў ён задаволена, – хто наверсе: ты ці рабыніч?
Князь плюнуў яму ў твар.
Дабрыня кіўнуў кметам, тыя дасталі нажы і пайшлі на князя. Рагнеда ўбачыла, як гэтымі бліскучымі нажамі б'юць у грудзі бацьку, братам і маці. Яна звар'яцела, па-жывёльнаму закрычала. Кметы падхапілі яе і панеслі на двор. Скамянелая, у разадранай кашулі з крывавымі адзнакамі, цягнулася Рагнеда, акружаная вартаўнікамі, цераз Полацак, міма знаёмых двароў, дзе гвалцілі, рэзалі, рабавалі ноўгарадскія пераможцы. Выйшлі з горада, прайшлі полем і апынуліся ў намёце Ўладзіміра, дзе нічога не было апроч воўчай шкуры. Пакінутая ў адзіноце, Рагнеда звалілася на шкуру, скурчылася, як падбіты звярок, і ляжала ў паўзабыцці, баючыся паварушыцца. Уначы прыйшоў да яе Ўладзімір: насільна лашчыў яе, любіў, дакараў за крыўду і, змучыўшы, пакінуў. Яна заснула, ёй прысніўся адзін з ранейшых сноў пра белага вершніка, цяпер вершнік набыў знешнасць Уладзіміра, але ў сне ён ёй падабаўся. Прачнуўшыся, яна не магла ўцяміць, што з ёю, чаму яна ў намёце, чый гэта намёт, чаму яна адна і чаму ёй страшна? Памалу памяць сабралася і нагадала ўсю паслядоўнасць вынішчальных падзей: разгром Полацка, гвалт над сабой на саламянай пацярусе, смерць родных над нажамі ноўгарадскіх кметаў, свой паход праз горад у кашулі з дзявочай крывёй – яна і цяпер была ў гэтай кашулі. Усё гэта бачылася як даўняе і чужое, не адгукаючыся ні болем за сябе, ні пакутамі за боль родных; сляза не выкацілася з вачэй, стогн не вырваўся з вуснаў – пустэча абкружала Рагнеду; яна глядзела на шчыліну ў полагу, праз якую прарэзваў змрок намёта вузкі сонечны прамень, але свет за шэрым палатном, нацягнутым на слупы, здаваўся Рагнедзе жудаснай цемрай – не было там для яе ні месца, ні занятку; і хацелася памерці, каб нічога не помніць і не бачыць перад вачыма забітых і крыві. Ды памяталі пра яе: прыйшлі кімсьці сабраныя ацалелыя старыя нянькі, прынеслі хусцё і адзенне, потым цабэрак цёплай вады – Рагнеду памылі і адзелі. Потым старыя сядзелі каля Рагнеды і пералічвалі, хто з мужчынаў забіты, хто з жанчын забіты, каго кінулі ў Дзвіну, каго ў Палату, каго ўзялі палонам варагі ці ноўгарадцы.
Днём старыя сказалі Рагнедзе, што гарыць дзядзінец, – паліў Уладзімір старажытную палачанскую апору. Але і гэтая вестка не закранула Рагнеду. Яна спытала, як абышліся забойцы з яе бацькамі-нябожчыкамі; куды іх кінулі – у Дзвіну ці ў яміну? Старыя адказалі, што для іх ноўгарадцы рыхтуюць вогнішча. Увечары зайшоў у намёт Уладзімір, зірнуў на Рагнеду, на старых і, не прамовіўшы слова, выйшаў. Ён з'явіўся зноў раніцай і паклікаў Рагнеду развітацца з роднымі. Яна ішла за князем, а за ёй цягнуліся старыя. Пахавальнае вогнішча было падрыхтавана на стромістым беразе над Дзвіной. На бярвёнах стаяў струг, а ў ім убачыла Рагнеда бацьку, Усяслава, Брачыслава, маці – былі яны стойма прымацаваны да калоў. Некалькі забітых бацькавых дружыннікаў ляжалі ля бартоў. Рагнеда несвядома, як у сне, паднялася па галлю і плахах да струга, пацалавала халодныя пасінелыя ілбы бацькі і маці, кранула ледзяныя рукі братоў і сышла на траву. Запалілася галлё, загуло пад лёгкім вятрыскам полымя, і сівы дым ахутаў падарожнікаў у краіну Вырай, дзе жывуць людкі – душы людзей... Абкружаючы вогнішча, стаялі ў жальбе ацалелыя палачане, усе старыя і жанчыны; ні моладзі, ні мужчын у гэтым натоўпе Рагнеда не заўважыла. Маўкліва назіралі спаленне ноўгарадскія ваяры, убачыліся Рагнедзе сярод іх Уладзімір і яго стрый, але іхная прысутнасць не кранула яе... Струг ахоплівала агнём, шуганулі языкі полымя, скрозь іх праглядаліся, ахутаныя дымам, бацькі. Ёй успомніўся далёкі дзень, можа, зімовы, напаленая была печ – чырванеў там жар, яна сядзела на лаўцы паміж братоў, і яны чакалі ласунку – паранай рэпы... А калі маці садзілася за кросны, дык і яна сядала побач. За кроснамі маці заўжды напявала, ціха, сама сабе; гэтая песня і зараз загучала для Рагнеды, нібы маці запяяла яе з вогнішча на развітанне... Раптам струг пачаў асядаць, паглыбляцца ў агонь і знік у ім. Праз гадзіну дагарэлае кастрышча пачалі засыпаць зямлёй. Ледзь быў прысыпаны попел, як Дабрыня сказаў: «Досыць!», і ягоныя кметы паспяшаліся штурхаць людзей: «Усё, усё! Па хатах! Пайшлі, пайшлі». А днём Рагнеду адвялі на вялікі княжацкі струг, весляры паднялі і апусцілі вёслы, і разбураны Полацак пачаў аддаляцца, паціху адыходзячы ў даўніну...
Рагнеда і дзве прызначаныя да яе старыя сядзелі на кармавой лаўцы, ззаду іх ціха сапеў стырнавы, а тварам да іх гайдаліся ў аднастайным вяслярскім руху дзесяць ноўгарадцаў і, пазіраючы на згвалтаваную Ўладзімірам полацкую князёўну, вялі гутарку пра поспехі і няўдачы мінулага дня. Нейкага Бела ці Белага зарэзала нажом баба, калі ён прылёг на яе дачку... Хтосьці здабыў пяць грыўняў, хтосьці дзве, хтосьці добрую вопратку... Камусьці недабіты сабака пагрыз нагу... Нехта вязе ў абозе ладную дзеўку, і варагі набралі дзевак для ўцехі і продажу... Рагнеда намагалася ўспомніць, якія словы выгукнуў бацька, калі яе паваліў і гвалціў Уладзімір. Нешта важнае крычаў князь Рагвалод, нейкі свой запавет спяшаўся ён укласці ёй у памяць, аднак толькі імя сваё запомніла яна з бацькоўскага наказу, астатнія словы не захаваліся ў цэласці сэнсу; яна хацела сабраць аскепкі; здавалася, калі злучыць іх, адкрыецца нейкая таямніца, прыйдзе выратаванне... Ды не даваліся гэтыя словы, а падказаць іх маглі Ўладзімір, Дабрыня ды некалькі баяраў і кметаў, што чакалі тады загаду забіць нажамі полацкі княжацкі род. Яны не скажуць, яны будуць хлусіць; таму не маглі забыцца і знікнуць словы перадсмяротнага наказу бацькі, яны тояцца на дне памяці, трэба іх адшукаць. І Рагнеда адшуквала іх, перабірала ўспаміны, ствараючы ў бессэнсоўнасці пакінутага ёй жыцця хоць нейкі сэнс сваёй прысутнасці на гэтым свеце...
Праз тыдзень плавання дасягнулі волакаў; тут стругі паставілі на каткі і пацягнулі цераз пустку да Дняпра. Наперадзе рухаўся абоз з нарабаваным дабром і палонам; у гэтым абозе ехала Рагнеда. Старыя, што хадзілі ўздоўж абозу, адшукваючы сярод палону знаёмых, паведалі Рагнедзе, што бачылі Рутку, – ляжыць яна ў чудзінаў, і яны яе па чарзе гвалцяць, не шкадуючы, што цяжарная. Что ж рабіць, жахнулася Рагнеда. Скажы князю, навучалі старыя, хай табе аддасць. Рагнеда гукнула стражніка, сказала, каб пазваў князя. Хутка прыскакаў вясёлы Ўладзімір, выслухаў просьбу, згадзіўся, і праз гадзіну няшчасная Рута ляжала пры Рагнедзе і выла ад перажытага жаху і радасці выратавання. А ўначы ў яе пачаліся схваткі, і выкінула яна, змучаная чудзінамі, мёртвае дзіця; нічога не засталося ў яе ад кароткага шчасця з Сохам: ён забіты, дзіця задушылі, бацькоў пасеклі. Асірацелыя мы, шаптала ёй Рагнеда, сёстры мы цяпер. Абняўшыся, плачучы, трэсліся яны на волаку ў цемру будучыні...
Цьмяным быў і самы блізкі час, ніхто не ведаў, куды паверне князь па Дняпры: ці ўніз – на Кіеў, ці ўверх – на смалянаў. Нечакана здарылася затрымка руху; знянацку абоз спынілі, уся стража паскакала наперад, да войска, ніякага дагляду – ідзі куды вочы глядзяць; некаторыя паланянкі і пабеглі ў блізкі лес. Пазней, ва ўсе пражытыя гады, Рагнеда, як аб самай недаравальнай памылцы, шкадавала, што не наважылася вырвацца на свабоду ў тую гадзіну. Праседзелі з Рутай на калёсах, бачылі ўцёкі баб і дзевак, але нават думка бегчы ўслед за імі, схавацца ў нетрах лесу, паспытаць удачы, не прыйшла ў галаву. Давалі ім выйсце літасцівыя багі, хто зразумеў – уратаваўся, а яны прагледзелі, і другога выпадку ўжо не можа быць: не любяць багі някемлівых, адварочваюцца ад іх назаўжды. Схавалася б тады ў лесе, здолела б дабрацца да бацькавага брата князя Тура, і ўсё жыццё пайшло б іншай каляінай: не сталася б жонкай Уладзіміра, не лічыў бы ён ейным пасагам полацкія землі, адрадзіў бы Полацак і сеў княжыць Тур, і хто ведае – мо, здрадзіла б тады Ўладзіміру ўдача...
Але ж сядзелі, як заварожаныя. А потым пабеглі ў хвост абозу іншыя ўцекачы – з Уладзімірава войска, і даведаліся з іх кароткіх слоў, што б'юцца Ўладзімір з Яраполкам і кіяўляне зломліваюць ноўгарадскі полк – хутка перамогуць. І так моцна ў гэта паверылі, так захацелася ўбачыць перамогу, здзейсненую помсту, што дрыжэлі ад нецярпення. Здавалася, вось зараз пачуецца тупат коней, з'явіцца Яраполк, выратуе і скажа: «Уладзімір забіты! Дабрыня курчыцца на калу! Вяртаемся ў Полацак!» Абоз паверне назад, яны паплывуць па Дзвіне, убачаць Полацак, насыплюць дастойны курган...
Ды цягнуўся час, сонца пайшло на захад, вярнулася ранейшая стража, дзівячыся, што мала людзей збегла ад сваёй нядолі, і абоз рушыў далей. Выяснілася, праўда, што не падманвалі ўцекачы з поля бітвы: сапраўды сустрэў брата войскам князь Яраполк, і была сеча, і перамагалі кіяўляне ноўгарадцаў і чудзь, і Ўладзімір разгубіўся, ужо паварочваў каня ратавацца – так, на крок ад свабоды былі палонныя палачане.
Але Дабрыня стрымаў Уладзіміра, загадаў паабяцаць варагам Смаленск, усё, што захочуць. Тыя захацелі па дзве грыўні з кожнага смаленскага і кіеўскага двара, князь пагадзіўся – варагі кінуліся ў бойку як ашалелыя, зламалі Яраполкаву дружыну – і кіяўляне пабеглі да сваіх стругаў і Дняпром адышлі... Рагнеда адчула, што здарылася непапраўнае: не выратуе яе Яраполк, не выратавацца ўжо і яму самому – ён, як і бацька, страціў час, не скарыстаўся выпадкам, не знайшоў памагатых, чакае яго лёс князя Рагвалода; усё ў іх падобнае: бітва, уцёкі... А потым асада – і нож у грудзях. У полі Яраполк Уладзіміра не адужаў; таму кароткі час аддзяляе яго ад смерці. А яна была ж ягонай нявестай, марыла пра яго, чакала, дзеля яго гонару абразіла Ўладзіміра, яе згвалцілі за гэта, і вось ён прамарудзіў, памыліўся, вырашыў, што ўсё падпарадкуецца яму, як паслухмяная варта, а Ўладзімір адважыўся, разбіў паасобку бацьку і кіяўлянаў, узяў яе, вязе ў Кіеў, вызначыў ёй лёс...
Стругі плывуць па Дняпры, нясуць на гора палянам ноўгарадцаў, варагаў, чудзь, меру, весь, сагравае іх блізкасць важкіх кіеўскіх грыўняў, ззяе Ўладзіміру слава вялікакняжацкага стальца, ён усміхаецца, абнадзеяны сваёй удачай, усміхаецца і Дабрыня непазбежнай ужо пагібелі законнага Вользінага ўнука, адраджэнню драўлянскага кораня... Перамога, улада чакаюць іх, прыгожая для іх зямля, сам Днепр ужо служыць ім, дапамагаючы веслярам сваёй хуткай плынню... Цячэ Днепр, уліваюцца ў яго Сож, Прыпяць, Рось, шырока рассоўваючы ўзгорыстыя і нізінныя берагі, зіхаціць пад чэрвеньскім сонцам глыбокая цёмная вада, блішчыць жамчужны асыпак з цяжкіх вёслаў...
Вось ужо за спінай землі радзімічаў, і землі северанаў з горадам Любеч на зялёных схілах, і ўсё бліжэй, бліжэй Кіеў, што раскінуўся на сямі горах, куды нацэліўся сесці на бацькава месца князь Уладзімір... Вось ужо праваруч і прыціхлы Кіеў, і радасна крычаць варагі, бачачы мноства хат, палаты, гародні без абаронцаў, але струг з Рагнедай не заходзіць у Пагойну, кіеўскую прыстань; плыве ён далей, да рэчкі Лыбедзь, і ўверх па ёй да нейкай маленькай вёскі. Рагнеда сходзіць на бераг, бачыць у далечыні, у марыве спякотнага дня, кіеўскія ўзгоркі, а перад сабой агароджаны двор, вароты яго расчынены, за імі стаіць хата з саламяным дахам, старыя вішні атачаюць гэтую хату. Гэта яе новы прытулак.
Рагнеда спыняецца ў варотах, ёй дзіўна і сумна – з наступным крокам пачынаецца для яе другое жыццё, адсечанае ад першага ноўгарадскімі і варажскімі мечамі. Бацькаўшчына, родныя, памяць, радасныя спадзяванні і светлыя мары – усё згінула ў ручаінах крыві. А наперадзе распасціралася цемрадзь невядомасці, і ў гэтую невядомасць віхурамі чужой волі гнала Рагнеду – малы ліст, сіратлівы, апалены агнём княжацкіх звадак і барацьбы.