355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Тарасаў » Тры жыцці княгіні Рагнеды » Текст книги (страница 4)
Тры жыцці княгіні Рагнеды
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 22:20

Текст книги "Тры жыцці княгіні Рагнеды"


Автор книги: Кастусь Тарасаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 9 страниц)

– Апраніся, – пачула яна хрыплы голас Уладзіміра. – Твая чарга!

Сабраўшы сваё адзенне, ён выйшаў з хаты. Рагнеда паднялася, няспешна надзела кашулю, спадніцу, абулася ў боты і прайшла ў пакой, дзе спалі дзеці. Кожнага пацалавала ў цёплую скронь, агледзела ўсіх пяцёх, ужо сіротак; зашчаміла ёй сэрца, слёзы жалю пакаціліся па шчацэ. Яе развітальны пацалунак абудзіў Ізяслава. «Што, мамка?» – спалохана запытаў малы. «Спі, сынок, – супакоіла Рагнеда. – Усё добра. Спі!» Яна вярнулася ў спальню і села на ложак, чакаючы князя ці князевых катаў. Горкая была хвіліна – помста не спраўдзілася, дзеці асірацеюць, сама яна памрэ. Але і жыць ужо немагчыма. Раптам увайшоў Ізяслаў і стаў перад ёю: «Мама, што?» Жаласна глядзелі яго вочы, мучылася прадчуваннем нейкай бяды нявіннае дзіцячае сэрца. Рагнеда абняла сына, прытуліла, удыхала салодкі пах яго валасоў, лашчыла худую спіну і шкадавала пра недарэчны свой промах... «Ах, сынок мой, сынок мой, – шаптала яна, – бедны мой сынок!» – «Што, мама? – хваляваўся Ізяслаў, пачынаючы плакаць. – Чаму плачаш?» – «Зараз твой бацька заб'е мяне, – адказвала яна. – Не забудзь гэты час!» Наказаўшы «не забудзь гэты час», яна дакладна ўзгадала апошнія словы свайго бацькі. Вось што ён крычаў ёй, верачы, што яе не заб'юць: «Не забудзь гэты час, Рагнеда!» Не забудзь – значыць, адпомсці. І во як павярнулася яе помста. Колькі гадоў не помніла, а як зрабіла – дык на сваю смерць. Забудзе і ён, пакуль дарасце да сілы. «Не забудзь гэты час!» – паўтарыла яна безнадзейна.

Адчыніліся ўваходныя дзверы, хутка ўвайшоў Уладзімір з аголеным мечам. За ім стаялі, свецячы паходнямі, двое кметаў. Рагнеда паднялася. Нечакана Ізяслаў ступіў наперад і сказаў:

– Раней забі мяне, тата. Не хачу бачыць смерці матулі.

Князь доўга глядзеў на сына, і яго рашучасць да помсты захісталася. Позірк яго пацверазеў, ён цяжка і скорана ўздыхнуў.

– Усе мы жорсткія, – сказаў ён з горыччу і нібы ў апраўданне. – Не заўсёды па ўласнай волі. Вырасцеш – зразумееш.

Ён з дакорам паглядзеў на Рагнеду і пайшоў. Зашумеў крыкамі двор, прарыпелі вароты, і тупат дзесятка коней паведаміў, што князя ў двары ўжо няма. І ніколі больш не будзе, зразумела Рагнеда. Яна абняла сына: «Сыночак мой, любы, выратоўца ты мой!» З'явілася Рута; нічога не пытаючы, зняла скрываўленую прасціну, пасцяліла чыстую. Ізяслаў не хацеў ісці спаць. «Баюся, матуля, – прасіўся ён. – Хачу з табой». Ён лёг на Ўладзімірава месца і, трымаючы руку Рагнеды, хутка заснуў.

– Што ж будзе, княгіня? – запыталася Рута.

– Што будзе, тое будзе, – адказала Рагнеда. – Горай, чым было, не будзе.

– Крыві пралілося, – з прыкметнай нязгодай сказала Рута. – Не даруе князь. Не будзе па-ранейшаму.

– Лепш памерці мне, чым жыць па-ранейшаму, – вызначыла Рагнеда.

Прайшло два дні. Рагнеда правяла іх з дзецьмі, лашчачы кожнага, і кожнаму дагаджала. Няведанне лёсу болей не займала яе; яна падрыхтавалася прыняць любыя змены. Нават думка пра пакаранне смерцю, якім зноў можа запаліцца Ўладзімір, цяпер яе не страшыла. Яшчэ ён мог замкнуць яе ў парубе, але і магчымая адзінота ў астрозе не адгукалася горыччу. Сваю будучыню яна праверыла яго ўдачамі; ён будзе жыць, і таму яе лёс не мог быць шчаслівым – чаго ж баяцца? Справа зроблена, зваротнага шляху няма, тым больш што яе засцерагалі – старыя палачанскія багіні падавалі ёй знак адмовіцца ад замаху; яны заўсёды з'яўляюцца перад бядой; калі яны паказваюцца на вочы – значыць чакай няўдачы, крыві, смерці.

Яны ведалі, што Ўладзіміру абыдзецца; яны прыйшлі нагадаць ёй пра яе асуджанасць; яна не паслухалася; гэта яе віна, яе паражэнне, і цяпер трэба дажываць свае дні з гонарам. Тое, што залежала ад яе, яна здзейсніла, наперад сумленне не будзе прыпальваць яе за боязь, хістанні, нерашучасць, пакорлівасць. Так, шкада, яна не здолела забіць яго, бо за яго ягоныя багі, ды кінжальным ударам яна разбіла хлусню, і кроў Уладзіміра зняла з яе ганьбу сямігадовай пакоры. Князь ведае, што літасці яна не папросіць, і таму як ён пажадае, так і спраўдзіцца. Чаго ж хвалявацца пра тое, што ад нас не залежыць?

На трэці дзень апоўдні прыбыў у двор блізкі Ўладзіміраў баярын па прозвішчу Бедавей. Сур'ёзнасць яго позірку, значнасць маўчання падказалі Рагнедзе, што ён прывёз княжае рашэнне, вельмі нядобрае. Абразай была ўжо прысылка да яе менавіта Бедавея – аднаго з ноўгарадцаў, якія былі ў княжай хаце на полацкім дзядзінцы, калі гвалціў яе Ўладзімір і рэзалі князя Рагвалода і яго сям'ю; можа, сам Бедавей і біў нажом у сэрца яе братоў і маці. Для яго ўсё проста; ужо самое яго прозвішча – рысак – паказальна; сапраўдны конь гэты Бедавей, добра слухае княжую пугу. І морда ў яго сціснутая з бакоў і падоўжаная ўніз, як у каня, і валасы вісяць падобна конскай грыве, і ў вачах заўсёдная гатоўнасць убрыкнуць капытом.

– Што, Бедавей, – прыспешыла яго Рагнеда. – Адразу кажы, не ў госці ж прыехаў.

– Можна і адразу, – згадзіўся баярын. – Даецца Ізяславу горад, і будзеш ты там жыць разам з сынам. Астатнія дзеці застануцца пры бацьку. Заўтра ад'едзеце.

– Куды? – запытала Рагнеда.

– Далёка, княгіня, – усміхнуўся Бедавей. – На дрыгавіцкія межы, ёсць там горад Няміга на Свіслачы, а лепш не скажу – сам там не быў. Прыедзем – пабачым.

– Адкажы, Бедавей, – нахілілася да яго Рагнеда. – Уладзімір сам вырашыў ці Дабрыня парадзіў?

– Усе баяры рашалі, – сказаў Бедавей шчыра. – Ды і што табе – хто? – дадаў ён. – Магло і горш быць. Многім хацелася, каб табе галаву адсеклі. Ты радуйся, даравалі табе.

Рагнеда не адгукнулася. Баярын пасядзеў яшчэ хвіліну, не знайшоў, што сказаць, і паехаў.

Адну ноч адпусцілі ёй на развітанне з дзецьмі, а на золку – вечнае расстанне. Так ацаніў Уладзімір сваю кроў і рану, такую браў плату: хацела пакінуць дзяцей без бацькі, без сябе – хай здзейсніцца, не чуць ім больш твайго голасу... Гэтую апошнюю кіеўскую ноч Рагнеда прасядзела з дзецьмі. Спалі, паклаўшы пухленькія шчочкі на маленькія кулачкі, яе дочкі – Прадслава і Прамаслава; на бацькоўскі лад, закінуўшы за галаву рукі, ляжалі тры сына – Ізяслаў, Яраслаў, Усевалад, і яна галубіла іх, убірала ў памяць іх твары, згадвала нараджэнне кожнага, прагныя губкі на грудзях, іх першыя песенькі, першыя крокі і першыя іх словы, іх любоў да яе, якую непазбежна загасіць гэтая вечная разлука...

Заняўся новы дзень, двор прачнуўся, пачаліся зборы. Пад наглядам Руты чаляднікі выносілі скарб. Селі ў апошні раз сумесна снедаць – яна, дзеці, варта, дваровыя. Нехта нясмела сказаў пра віно, Рагнеда ўхваліла. З'явіўся і пайшоў па кругу карэц; усе выпілі, але нічога не гаварылі. «Як пасля пахавання, – падумала Рагнеда. – Трызна і ёсць: дзеці маці сваю хаваюць. Усе дарослыя гэта разумеюць і маўчаць». Не паспелі паесці, як прыехаў Бедавей з чатырма вазкамі. Вось і настаў час самага цяжкага выпрабавання – пацалаваць апошні раз дзетак, схлусіць ім, стрымліваючы слёзы і крык, што едзе ў далёкую вандроўку, няхай яны яе чакаюць, яна прывязе жаданыя гасцінцы. Яраслаў захацеў птушку, Усевалад – нож, Прадслава – шкатулку, а меншая, Прамаслава, няшмат ведаючы словаў, сваё жаданне не акрэсліла. Нічога ёй яшчэ не хацелася, апроч мацярынскай пяшчоты. І гэтак моцна яны верылі ў неразлучнасць з маці, што не зразумелі свайго блізкага гора, не заплакалі, а Ізяслаў нічога не сказаў братам і сёстрам, падвучаны маўчаць...

Рагнеда з сынам і Рута пакланіліся былому свайму прыстанку, рэчцы Лыбедзь, людзям, з якімі пражылі побач сем гадоў, і пакаціў маленькі абоз, ачолены маўклівым Бедавеем, да дняпроўскай прыстані. Тут пераселі яны ў стругі, вёслы ўдарылі па вадзе, і паціху знік з поля зроку стольны горад Кіеў, горад палону і пакуты.

Марудна, з доўгімі прыпынкамі праходзіла плаванне па Дняпры, потым па Бярэзіне, па лукавінах і выгінах Свіслачы да вусця дробнай рэчкі Нямігі, дзе стаяў горад Няміга. Тут заначавалі, а ранкам коламі пацягнуліся сярод балот па зыбкай дарозе ў нейкі горад, аддадзены Ўладзімірам сыну як ягоны ўдзел. Прыцемкамі дабраліся да месца; ніякага горада не ўбачылі, а была гэта застава – блізка Свіслачы высіўся насыпны пагорак, на ім быў дзядзінец, а навокал цясніліся хаты пасада – вось дзе меліся жыць сасланыя маці і сын. Вазы ўехалі на дзядзінец, скарб перанеслі ў невялічкую хату, і пачалі ўладкоўвацца. Рута запаліла печ, накрылі стол, каб адсвяткаваць пачатак жыцця ў згубленым сярод балот горадзе Ізяслава.



4

Малое места Ізяслаўль, ды сваё, і Рагнеда хутка прызвычаілася да нескладанага жыцця ў сынавым удзеле. Аднастайна праходзілі тут дні, але з полацкіх часоў не адчувала Рагнеда такога спакою на душы, як у цесным заслаўскім дварцы. Нават ранішні крык пеўняў, што ў Кіеве абвяшчаў новы дзень тугі, тут адгукаўся бадзёрасцю і весялосцю. Абдымаючы соннага Ізяслава, яна слухала пеўневы спевы, адзначаючы ўдачлівых і няўмелых пеюноў. І ў птушыным племені былі свае малайцы, зухі, свае галасістыя князі з правам на першы крык і розная драбяза, накшталт Бедавея, што паўтарала песню слабымі галасамі, былі нейкія ізгоі, якія заяўлялі пра сябе, калі ўсе іншыя заціхалі. Гэтае падабенства з чалавечымі адносінамі смяшыла Рагнеду. Калі немату ночы прарэзвала першая кукарэканне, яна казала сабе: «Вось князь Уладзімір запяяў!» Другі крыкун называўся Дабрынем, а ўжо ўвесь хор быў «баярствам», «кметамі», «карнікамі». «Баяры гарлапаняць!» – казала Рагнеда і падымалася. Сябе яна адносіла да анямелых людзей. Чаго лямантаваць, калі ўсё сказана. Неяк яна запыталася ў прызначанага ім ахоўніка Рудога, ці ёсць у горадзе пеўні, якія зусім не пяюць. Руды здзівіўся такой цікаўнасці і паабяцаў дазнацца. Распытаў людзей – аказалася, ёсць нямы пеўнік у Заслаўі, кінуў спяваць пасля бойкі з суседскім пеўнем. Рагнеда папрасіла паказаць ёй маўчуна. Здагадлівы быў Руды: калі прыйшлі на патрэбны двор, гаспадыня ўжо ведала пра магчымых гасцей, і вогненнай масці певень стаяў прывязаны за нагу. «Вось ён, княгінька, – казала баба, нібы вінавацячыся. – Так ён працавіты, але не крычыць, хоць ты яго забі. Можа, яму горла прабіў той дзюбай». – «Няхай жыве, – усміхнулася Рагнеда і дадала, на здзіўленне бабы: – Ён разумнейшы!»

З тых наведкаў безыменны ў жыхарах горад пачаў адкрывацца, завяліся знаёмыя, павяліся размовы. Загасла пакрысе пачатковая цікаўнасць, пільная ўвага ў вачах, якой сустрэлі Рагнеду насельнікі места. Ды і як магло не дзівавацца жыхарства свіслацкага паселішча? Хто з іх бачыў князя Ўладзіміра, яго жонак, яго сыноў, толькі імёны іх прыносіла пагалоска. І раптам прывозяць да іх яго сына. Яго жонку, былую полацкую князёўну, пра якую перадаюцца чуткі, што ўначы скалола вялікага князя нажом і ледзь не сплыў князь крывёю насмерць. Розныя, зразумела, склаліся меркаванні пра гэты ўчынак: бабы спачувалі Рагнедзе – усё ж чатырох дзетак адняў князь, цяжка цярпець такую страту; мужыкі, наадварот, ганьбавалі князеву літасць – вінен быў, на іхні розум, забіць такую змяю, бо гэтак кожная шалёная баба пачне дзіравіць мужа нажом, калі даверліва спіш з ёю побач. Але нават знаку шаленства не прыкмячалі ў княгіні назіральныя вочы; прасвятлеў у Заслаўі яе твар, спадабалася ёй у гэтым глухім балотным куце, а туга па сваіх стратах адбівалася добразычлівай увагай да ўсіх сустрэчных дзяцей.

Знявагай быў пільны нагляд, які ўсчаў за ёю заслаўскі цівун. Пэўна, атрымаў цівун Серада адпаведны загад праз Бедавея не дапусціць уцёкаў княгіні; таму хадзілі за Рагнедай пачаргова два вартаўнікі. Як цені, следавалі яны разам з Рагнедай у лес і на луг за зёлкамі, і на прагулянках уздоўж Свіслачы абавязкова цягнулася ззаду, за крокаў сорак, апаясаная мячом, з лукам цераз плячо маўклівая насцярожаная постаць. Каб не збегла. Толькі куды ўцякаць? І нашто? Дзе будзе лепш? Рагнеда ўсё ж запыталася ў цівуна: чаму нагляд? нашто ёй чалавека за сабой вадзіць, як сабаку на вяроўцы? Серада пабегаў вачыма і знайшоў тлумачэнне: нагляду няма, а ёсць ахова, каб які ліхі чалавек не пакрыўдзіў княжыча ці жонку князя Ўладзіміра; калі яе пакрыўдзяць – яму галаву знясуць. Але і да аховы сваёй прызвычаілася Рагнеда, тым больш, што рупіўся назіраць адзін, прозвішчам Сыч, а Руды нейк і саромеўся свайго абавязку. Ахвота Сычу дбайна наглядаць – няхай дбае, прыняла Рагнеда; нават і цікавей, ёсць з кім у хованкі згуляць: затоіцца ў кустах і сочыць, як дзяцюк носіцца кругамі, бы той выжал. Магла мець горшы канчатак начная кіеўская няўдача; здзіўляла яе ў іншыя хвіліны, што так проста адпусціў яе Ўладзімір. Ужо потым, над усімі падзеямі разважаючы, зразумела яна, што не меўся ён абысціся з ёю інакш: забіўшы маці пяцёх сваіх дзяцей, страціў бы ён славу ў вачах дружыны і людзей. А гэтак усім добра: і ён задаволены, і яна пакараная – сядзець ёй у балотах да скону. Але і старэйшага сына мог адлучыць – хто б запярэчыў? Аднак саслаў разам, пакінуў ёй Ізяслава для суцяшэння. Ці таму разам саслаў, што зненавідзеў сына за абарону маткі, прагнаў прэч з вачэй, каб не бачыць сведку сваёй ганьбы. Так, сорамна яму перад сынам, што паказаўся як кат – з узнятым мечам, з воўчым выскалам. Не печанежскага хана, які п'е з бацькавага чэрапа, не роднага брата чужымі рукамі, не, не гэтых, што могуць бараніцца, – бяззбройную, слабую бабу, сваю жонку прыйшоў забіць. Брыдкая справа, не захочацца трымаць яе ў памяці...

Але ў іншыя вечары, у шэрыя прыцемкі, калі падымаліся над балотамі вакол Заслаўя густыя туманы, здавалася Рагнедзе, што Ўладзімір любіў яе; таму і не здолеў забіць, што любіў; тросся, шалеў, а нож не схапіў. І меч прынёс не для забойства, а каб засведчылі кметы, што хацеў забіць, ды перамог мужчынскі свой гонар. І выскачыў на двор, каб дзецьмі закрылася. Калі б моцна хацеў забіць – адразу і засек бы мечам, на поясе вісеў. Якая розніца, голая, адзетая, калі прагнеш крыві. Ці не любіў? Не, не любіў – пашкадаваў: разумеў, што нешчаслівая, і злітаваўся. Вось і сына аддаў. Дзякуй яму за гэта; Заслаўе – не поруб, і тут людзі жывуць.

Прыжылася ў Заслаўі і Рута; падобна было, што лёс абяцае ёй змены – стаў заглядацца на яе Руды, ды не з той юрлівасцю ў вачах, як кіеўская ахова. У яго летась памерла жонка, і трох дзетак пільнавала старая, нямоглая маці – шукаў Руды гаспадыню. Лагодны яго позірк запаляў Руту шчаслівай спадзеяй. Зарасло быллём даўняе разбуранае шчасце, хацелася Руце, каб зацерла жыццё сляды тых стратаў і шматгадовай адзіноты. Хутка яна адкрылася княгіні, што кліча яе Руды ў жонкі; ці стане крыўдаваць Рагнеда, калі яна пойдзе? «Парадуюся за цябе, – адказала Рагнеда. – Што табе са мной векаваць?» З Рагнеды гэтая сардэчная ўдача Руты зняла віну перад ёй; хоць нейкая карысць атрымалася ад пераезду ў Заслаўе...

З адыходам Руты хата апусцела. Ізяслава цягнула да аднагодкаў, увесь светлы дзень ён праводзіў у гурце падлеткаў; цяпер Рагнеда падоўгу заставалася адна. Хоць цяперашні стан жыцця задавальняў яе, міжволі думка сягала з мінуўшчыны ў будучыню і назад, параўноўваючы аджылае з магчымым. Неакрэслены сэнс будучыні прымусіў яе ўглядацца ў цьмяныя знакі сваёй і сынавай долі. Не радавацца ж ім усе дні пазасталых гадоў цішыні і спакою гэтага малога балотнага ўдзелу. Ужо без горычы і мукі Рагнеда адзначала, што абрабаваў яе Ўладзімір начыста; бацькоў забіў, Рагвалодаў род вынішчыў, полацкія землі прыхапіў сабе, сем год пратрымаў яе ў палоне, дзеці пра яе забудуць, можа, ужо сказалі ім, што маці памерла; так, старэйшы сын аддадзены ёй на выхаванне, ды Заслаўе – замалы ўдзел для ўнука Рагвалода. А тут ім векаваць. Уладзімір жывы; колькі гадоў ён будзе княжыць у Кіеве, столькі гадоў ёй сядзець тут. Што ж рабіць? Што ж рабіў бы князь Уладзімір, думала Рагнеда, калі б апынуўся на маім месцы? Наўрад ці парадаваўся супакаенню душы. Можна і тут упасці ў дрымоту, праспаць гады, як было тое ў Кіеве. Але адроджаную душу князь не забіў, і гэтым разам яму не ўдасца; цяпер ёй не пятнаццаць гадоў, цяпер яна паспрабуе абараніць сябе; ёй дваццаць два, у яе пяцёра дзетак, яна не павінна растаць для іх у паветры, як прывід.

І Рагнеда зачасціла на капішча, дзе стары вяшчун запальваў у пагодныя дні агонь перад ідалам Рода. І агонь, і бажаство менш займалі Рагнеду; прывабліваў яе стары – ён ведаў законы лёсу і ўмеў прачытаць яго знакі на людзях. Яна адчувала ў ім непахісную стойкасць і таямніцу адважнасці. Стары стаяў ля агню такі ж суровы і мудры, як Род, і праніклівы, шчыры яго позірк адкрываў у языках полымя нешта невядомае людзям.

Іншым днём Рагнеда прыносіла ахвяру – старую курыцу ці куранё. Вяшчун моўчкі рэзаў ім горла і кідаў у вогнішча. Аднойчы ён спытаў:

– Чаго просіш у багоў, княгіня?

– Здароўя аднятым дзеткам, – адказала яна.

Вяшчун не ўхваліў.

– Няўжо думаешь, багам ёсць справа да вас? Што мы, што дрэвы – роўна жывём, а яны не просяць.

– Нашто ж ахвяра? – здзівілася Рагнеда.

– Каб яны бачылі, што вы не ведаеце лёсу.

– А калі я ведаю свой лёс? – спытала яна. – Тады як?

– Ніхто не ведае, – сказаў вяшчун. – Наш лёс – напалову чужая воля. Рабі сваё, княгіня, а нехта даробіць астатняе...

А што сваё рабіць, думала Рагнеда. Што я рабіла? Што я спраўдзіла як княгіня? Нараджала дзяцей – вось уся мая справа. Потым спрабавала забіць мужа. За гэта страціла дзяцей. А да іншага Ўладзімір не дачыняў. Яшчэ – пакутавала. Пакуты – не справа, у разлік не ідуць. Людзям патрэбна княгіня, а не пакутніца. Кожны сам церпіць свае пакуты. Княгіні нельга жаліцца на свае бедствы ці радавацца малой вольнасці. Народ, зямля, разбураны Полацак – вось клопат княгіні; яна – дарадца князю, а калі князя няма – княжыць сама. Як бабка, княгіня Прадслава. Як бабка Ўладзіміра, княгіня Вольга. Яна, Рагнеда, павінна княжыць крывічамі, яна абавязана сесці на бацькоўскае месца. Больш няма каму. Яна вернецца ў Полацак на правах дачкі Рагвалода, выганіць кіеўскага цівуна, абудзіць народ, адбудуе гародні, Ізяслаў возьме ў жонкі літоўскую ці яцвяжскую князёўну. Сем гадоў – невялікі час, нішто Ўладзіміру не забылася. Помняць у Полацку і пра яе. Яна ўзняла нож на забойцу, гэта ёй залічаць, ёй павераць... Але як пайсці? Хоць бы адна няўдача прыйшла да Ўладзіміра і скавала яму рукі. Чаму ніхто не звяжа яго цяжкай войной?

Чаму грэкі змірыліся са стратамі ў Таўрыі? Чаму ніхто не адолее яго ў полі? Чаму ўсе падпарадкуюцца яму? Што робяць суседнія князі? Дзе зараз сам Уладзімір? Куды цяпер павядзе ён свае палкі?.. І вось тут, калі захацелася дакладна ведаць, што робіцца ў Кіеве і на кіеўскіх межах, уразумела Рагнеда, у якую глухату саслаў яе Ўладзімір: за ўсю доўгую зіму ніхто не выязджаў з Заслаўя і ніхто дасведчаны сюды не патрапіў. Толькі напрадвесні прабіўся ў горад вястун з княжым загадам выправіць у Кіеў належную ўдзелу паўсотню ваяроў. Мала што ведаў і мог ведаць гэты малады вястун, прыняты Рагнедай ад імя княжыча Ізяслава. Пачаставаўшы стомленага хлопца, выслухала Рагнеда ягоныя пераказы кіеўскага жыцця і нічога суцяшальнага для сябе не пачула. У грэкаў нехта паўстаў супраць кесара, там рэжуцца між сабой, імператару Васілю зараз цяжка, ваяваць з Кіевам не мае сілы – сам просіць посілкаў, ездзяць ад яго да князя Ўладзіміра паслы. Будзе летам паход, але куды і на каго – гэта заўсёды таямніца...

Вось і вярніся ў Полацак такой гадзінай, думала Рагнеда. Не, не ўтрымаецца зараз Полацак сваімі людзьмі, зноў самне яго Ўладзімір у адзін дзень. Прыйдуць палкі і зруйнуюць дашчэнту. Што ж рабіць, думала Рагнеда, як Полацку ўзмацніцца? Адзінае ёсць выйсце – злучацца з суседзямі. Трэба запрасіць летаў на іх умовах, меркавала яна, дамовіцца з літвой, з яцвягамі, на якіх цісне Ўладзімір; дзядзька Тур нешта заціх у сваіх гарадах; можа ён насмеліцца прыйсці ў Полацак; павінен жа ён разумець, што за чужымі спінамі не адседзішся, дойдзе і да яго чарга, а тады чакае яго лёс Рагвалода... А калі дамовяцца палачане, літва, яцвягі, дрыгавічы аб'яднацца, тады заняць волакі на Дзвіне і Дняпры. І атрымае Полацак некалькі спакойных гадоў на адраджэнне сваёй моцы...

І бачыўся ёй на дзвінскім беразе новы горад – з дубовымі гароднямі на высокім вале, з надваротнымі вежамі, з вялікім пасадам, шэрагі коннага войска акаляюць горад, сцвярджаючы мір і спакой на роднай зямлі... Ці зноў падманвае мяне вераломніца Мара, палохалася Рагнеда, адварочвалася ад сваіх прыгожых прывідаў і бачыла сябе ў хаце на маленькім замчышчы дробнага нядужага гарадка, абкружанага непраходнымі балотамі і непралазнымі гушчарамі, дзе гаспадарылі воўчыя зграі.



5

Аднаго ранку паглядзела Рагнеда на сына з цвярозай увагай, як на чужога хлопца: што ў ім добрага, чаго не мае. Знешнасць Ізяслаў атрымаў ад бацькі; лепш, канечне, было б, каб пайшоў у дзеда, але гэта не паправіць; затое душу, сэрца, памяць дасць яму яна. Боль дзеда і бабкі павінна жыць у яго сэрцы, іх перадсмяротны крык будзе распаляць кроў княжыча. Яна верне яго ў Полацак, княжай нагой наступіць ён на тое месца, дзе зачынаў яго, як халопа, Уладзімір, яна выцягне сына з гэтай глухамані, узімку закіданай снегам, а ўлетку закрытай ад усяго свету камарынымі хмарамі. І Рагнеда вырашыла вучыць сына: ніхто, акрамя яе, не абудзіць у ім княжы розум, гордасць, моц жаданняў... Магчыма, Уладзімір і разумеў, на што асуджае Ізяслава; можа, ён вытанчана помсціў ёй, ссылаючы разам з заступнікам у балотны кут, – кім вырасце тут Ізяслаў, не бачачы княжага жыцця, не чуючы разумных развагаў, цвёрдага княскага слова, не ўмеючы адрозніць кмета ад баярына, не ведаючы, як трэба трымаць уладу. Яна пачала ставіцца да сына з паважлівасцю і суровасцю настаўніка, які прадбачыць за княжычам вялікія справы. Усе яе размовы з сынам набылі сэнс павучанняў. Увечары, калі Ізяслаў клаўся спаць, ціха гучаў над ім голас маці, урэзваючы ў памяць вобразы дзеда і бабкі, іх жыцця, адносінаў, поспехаў і надзей. Гэтае мястэчка, казала яна, – малая частка твайго княства, ты – крывіцкі князь, ты пасталееш і вернешся ў Полацак. У цябе шмат братоў, кожны з іх атрымае княжанне, але ты вернешся ў Полацак, хто б у ім ні сядзеў. Так табе наказана. Мы загінулі, казала яна, калі прыспалі, супакоеныя дробнай радасцю. Дамова, нейкія словы, сваты: мяне спыталі, я адказала «так», бо бацька навучыў сказаць «так», – і здалося, што галоўнае зроблена. Але справу можна лічыць зробленай, калі яна зроблена, калі задума здзейснілася наяве, а не ў думках. Князь бачыць наперад праз гады, жыццё малое для яго, ён спяшаецца выканаць усё, яму не дазволена гультаяваць, адпачынак князя наступае са смерцю... Князь адным вокам смяецца, а другім бачыць недзе далёка цёмнае воблака – невядомую небяспеку – і думае, як яе перамагчы. А перамагаюць, сынок, казала Рагнеда, толькі сілай. У князя гэтая сіла ў душы, бо яго мусяць слухацца тысячы. Але і рука павінна быць моцная, бо ён – вышэй за ўсіх, ён наперадзе, водзіць у бой палкі, на яго адважнасць раўняюцца простыя ваяры...

Па яе просьбе Руды пачаў прывучаць Ізяслава да зброі. Дзіцячая рука хутка стамлялася махаць цяжкаватым паўмечам, але падабаўся Ізяславу гэты мужчынскі занятак; не пужаліся яго вочы, калі мільгатаў перад імі меч Рудога. Цяпер ён не расставаўся з сваёй зброяй; неяк нават пасталеў, нават у хадзе дадалося пэўнасці. «Што, Руды, – пыталася Рагнеда, – будзе з яго добры ваяр?» Так, яшчэ гадоў восем, дзевяць, думала Рагнеда, і будзе з Ізяслава сапраўдны князь. Ды дзевяць гадоў! Пражыць трэба гэтыя гады. Іншыя дзевяць гадоў даўжэйшыя за век. Назад таму дзевяць гадоў яны з Рутай дзяўчынкамі бегалі, кветачкі збіралі, наперадзе адно шчасце ўяўлялася; ніхто б не разгадаў, якія наканаваны ім пакуты. І лёс Ізяслава праз цемру дзевяці гадоў не ўбачыш; праўду кажа вяшчун: наш лёс чужой воляй ствараецца. Што за дзевяць гадоў з рознымі людзьмі адбудзецца? Можа, гэтага і багі не ведаюць. Можа, Дабрыню лоўкі печанег зарэжа ў полі і зробіць сабе кубак з яго галавы; можа, Уладзіміра адшукае страла; можа, грэкі нарэшце пойдуць прыбіваць шчыт на кіеўскія вароты, як на іхнія Алег прыбіваў. Можа, нічога не зменіцца. Хто скажа? Жыць трэба, чакаць; так трэба жыць, быццам Ізяславу заўтра княжы сталец займаць... І так паўплывалі яе новыя адносіны да сына, што ўсе ім падпарадкаваліся; ужо і цівун Серада кланяўся княжычу пры сустрэчы. Рабіў цівун тое, што належала, – горадам уладарыў Ізяслаў, ён быў тут князь, але ж у першыя месяцы не гнуў цівун спіны; цяпер даўмеўся: з малога княжыча з часам князь вырасце. Дружыну складзе, полк будзе склікаць, можа і прыпомніць старую непавагу. Праз дзевяць гадоў ён Полацак возьме, і паглядзім тады, князь Уладзімір, ці здолееш ты паўтарыць полацкі разгром...

Ізяслаў падрастае – яна старыцца. Калі ўсе дзевяць гадоў тут адбыць, прымервалася Рагнеда, старой прыедзе яна ў Полацак, ніхто не пазнае яе, непатрэбнай нікому стане яна за гэтыя гады, хіба толькі ўнукаў гадаваць. Вось у адзіноце і працячэ жыццё... Паклаўшы Ізяслава, паведаўшы яму нешта з полацкай даўніны, Рагнеда гасіла лучыну і страчаным адчувала ў цемрадзі сваё цела, тужлівую цішыню на свеце, дзе ніхто пра яе не думаў і па ёй не сумаваў.

Туга захліствала яе, і, стомленая, знясіленая адзінотай, патанала яна ў нудны, бяспамятны сон. Але зрэдку, у нейкі таямнічы час, ёй сніўся любімы. Ён выходзіў з цемры, знешнасць яго не выяўлялася, імя ў яго не было. Неяк раптоўна ён аказваўся побач; яна адчувала моц яго жадання; яе пакаралі ягоны позірк, дотык гарачых вуснаў, у яго абдымках яна губляла памяць, усё жыццё цьмянела перад яго любоўю, усё забывалася, знікала, і цела знемагала ад прагі яго любові. Яна прачыналася; крывяныя палкія токі яшчэ білі ў лона і сэрца, але падманна – адна ляжала яна на сваім ложку ў цёмнай хаце... так, князь ёй патрэбны, муж, дарадца, абаронца... Ды дзе знайсці – не было і не магло ўзяцца такога князя ў глухім Заслаўі, усе тут былі з ёй няроўныя...

Двойчы на тыдзень збіраліся да Рагнеды бабы з кудзеляй, пяялі за калаўротамі, іншым вечарам дзяліліся плёткамі ці абгаворвалі мужыкоў. Апавядаючы розныя прыгоды, казалі бабы «а мой», і Рута ўжо казала пры выпадку «а мой»; адна Рагнеда на гэтых вячорках была бязмужняя, не магла яна сказаць «мой», не было ў яе «майго»; адарваная ад дзяцей маці, цяпер ні жонка ні ўдава, сядзела яна сярод жанчын з пакутлівым пачуццём, што Заслаўе і бедная хата гэтак жа абразлівыя для яе гонару, як будан з галля для простай бабы, выштурханай за вароты раз'юшаным мужыком. Жорстка вырашыў князь, адкрывалася Рагнедзе. Ці думаў ён такім чынам прынізіць яе і зламаць яе гонар? Ці лагодзіць яго злая думка, што нуда і пажадлівасць кінуць яе ў абдымкі якога смерда? Але не, не! Дарэмнае чаканне... І ўвайшло ва ўсе разлікі на бліжэйшы час жаданне адпомсціць князю замужжам. Хутка выспела і разуменне магчымага дастойнага мужа – хто-небудзь з паморскіх князёў, з люцічаў, хто мае дружыну, хто здолее бараніць яе пасаг – полацкія землі. Гэты не жартамі Мары створаны начны госць, а ўласнай воляй вызначаны муж надаў ёй пэўнасці. Але як ім звязацца, калі прывядзе сваю дружыну, як адгукнецца такая змена на будучыні Ізяслава – вір такіх думак Рагнеда старанна абыходзіла; запаліла яна спадзеўную зорку, і веданне, што гэтая зорка гарыць над нудой заслаўскага існавання і абяцае лепшыя дні, мацавала і галубіла душу. Абнадзееная, Рагнеда лёгка і шчыра пачала казаць на вячорках «а мой былы»...

Вясной, калі сышоў лёд, выправілася заслаўская паўсотня на чале з цівуном у Кіеў. І Сыча ўзялі ў гэты паход. Настала поўная воля – ідзі куды цягне: хоць у Полацак, хоць да памаранаў. Але далей за пяць вёрст ад дзядзінца Рагнеда не хадзіла. Куды ісці? Удваіх з сынам, з торбай на спіне? Так старцаў водзяць павадыры, ім хлеб даюць, шануючы невідушчасць. А хто яе з шасцігадовым сынам уважыць? Княгіня, княжыч! Дзе ахова твая, калі ты княгіня? Дзе ваяры, коні, скарб, грыўні? Дзе твае землі? Няма нічога, галота, усё табе трэба адваяваць у твайго былога мужа. Няўжо так дорага каштуеш? І ў Полацку не лепшы будзе прыём. Вось і воля: ніхто не трымае, у любы бок можна ісці, але нідзе іх не чакаюць, не прымуць, для ўсіх яны чужынцы, бо не маюць сілы. Выседжваць сілу трэба тут, у заслаўскім гняздзе; не ўцякаць, страціўшы розум, а цярпець, рыхтавацца. Жыццё не канчаецца, невядома яшчэ, якія змены летні паход прынясе. Раптам заб'юць князя Ўладзіміра ў паходзе – ніхто не загавораны; забілі ж яго бацьку печанегі; дзякуючы той смерці і Ўладзімір выйшаў на прастору, а пры жывым Святаславе сядзеў бы ў Ноўгарадзе па сённяшні дзень... Трэба чакаць, пераконвала сябе Рагнеда, трэба сэрца ў цуглях трымаць, яно кліча наперад ад нецярплівасці – і завядзе ў твань... Вось вернуцца ваяры, паслухаем, дзе што робіцца, жывыя ці ўжо мёртвыя кіеўскі князь і ягоны дзядзька, – вось тады і праясніцца, як жыць наступны год...

Пасля русалля вярнуўся ў горад цівун і прывёз ашаламляльную вестку: князь Уладзімір замірыўся з рамеямі, прыняў грэчаскую веру, і плыве да яго з Царгорада новая жонка – сястра кесара Васіля. А за гэтую новую жонку Ўладзімір паслаў Васілю шасцітысячнае войска – задушыць нейкае там паўстанне. І заслаўскія ваяры ўжо ваююць у Царгорадзе... Рагнеда памятала Вользіну царкву ў Кіеве, хадзілі туды грэчаскія купцы. У грэкаў толькі адзін бог, і хто на яго моліцца, больш адной жонкі мець не можа. Калі дзве – лічыцца вялікі грэх. А Ўладзімір меў шэсць! Вось гэтая недарэчнасць і захапіла думкі Рагнеды. Кім жа цяпер сталі гэтыя жонкі? Свабоднымі? Ад'едуць на радзіму? Алова да сваіх варагаў? Мілаліка ў Балгарыю? Адэля да чэхаў? А ёй, выходзіць, можна ў Полацак? А з дзецьмі як? Іх з маткамі на радзіму? Рагнеда паклікала да сябе сведкаў хрышчэння для падрабязных роспытаў. Аказалася, што хрысціцца іх прымусілі сілай; бачылі яны, як сустракаў Уладзімір грэчаскіх папоў; затым загадалі ўсім схадзіцца да Пачайны; у першы дзень мала прыйшло, тады князь прыгразіў. Былі бойкі нязгодных з дружыннікамі, шмат людзей загінула ў тых бойках, але сабралася ўсё ж кіеўскае насельніцтва на бераг. Тут грэкі загадалі ўваходзіць у раку разам з дзецьмі, махалі крыжамі, курыльніцамі; хто ў вадзе быў, таму далі крыжык, каб на грудзях насіць. Грэчаскі бог мае імя Ісус. Ранейшых сваіх багоў на капішчы пасеклі, а Перуна прывязалі пастронкамі да клячы, правалаклі з гары і кінулі ў Днепр... А царгарадская жонка? А ранейшыя жонкі? – пыталася Рагнеда пра самае важнае для сябе. Пра іх хрышчоныя заслаўцы нічога не ведалі...

Зноў апынулася яна ў невядомасці лёсу, а шчыра думаць, як бальшыня заслаўскага жыхарства, што багі пакараюць кіеўскага князя за здраду дзедаўскай веры, не дазваляла ёй веданне князя. Калі і дружына з ім, і стары Дабрыня ахрысціўся, і залезлі ў Днепр кіеўскія баяры, і ўзяў ён жонкай рамейскую цароўну, значыць усё ім пралічана, абдумана, узважана і нішто яму не пагражае. Любіць яго ўдача, нават ад нажа, ад пэўнай смерці засцярог яго лёс. Не, не будзе помсты багоў. Зламаў ён іхную сілу. Дзёрзкі, адважны чалавек князь! Вырашыў – і пасеклі багоў на трэскі тыя ж людзі, што мінулым днём ім маліліся. Тысячу гадоў ім ахвяры насілі, ніхто не мысліў адрынуць ці адарвацца. А ён насмеліўся. Дык гэта ж багі! Яны жыцці ў руках трымаюць! Калі іх не пабаяўся, дык што для яго людзі, што для яго яна... Ужо, пэўна, вырашыў, як з ёй абысціся. Цяпер яна для яго нават не былая жонка, яна – маці заслаўскага князя... Цьмяная трывога, прадчуванне новай бяды апавілі яе: князь жорстка распраўляўся з мінулым, а яна была яго мінулым, яна марыла паўстаць, яна хацела вярнуць сваю даўніну. А ёсць і незабыўнае: яна замахвалася на яго жыццё, да смерці будзе на ім знак яе жадання. І новая жонка, грэчаская цароўна, запытае: скуль гэтая рана? печанегі, яцвягі, балгары нанеслі? А ён мусіць адказаць: не, жонка. А зараз дзе яна, гэтая твая жонка? Не, не можа князь даць ёй поўную волю. Услед за ідаламі Сварога, Перуна, Мокашы, Хорса павінны загінуць людзі... Выходзіла, што ён прыедзе і растопча яе. «Калі? Як? – думала яна. – Што ён зробіць з Ізяславам?» Гэтая думка, боязь за лёс сына пазбаўлялі яе спакою. Гадзінамі хадзіла яна ўздоўж ручаіны, намагаючыся разгадаць прынятае князем рашэнне. Неяк у хвіліну такога роздуму ёй зноў паказаліся тры старыя, яны глядзелі на яе з мутнай свіслацкай вады са звычнай сваёй абыякавасцю. У Рагнеды не засталося сумніву: гэтым разам Уладзімір яе заб'е.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю