Текст книги "Тры жыцці княгіні Рагнеды"
Автор книги: Кастусь Тарасаў
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 9 страниц)
«А што ў Полацку князю Ізяславу будзеце пець?» – спытала Анастасся. «Пра бацьку, князя Ўладзіміра песня ёсць...» – «А пра дзеда, князя Рагвалода?» – спытала Анастасся... «Калі скажа князь, спяем і пра дзеда. Мы ўсё ведаем». – «А пра маці яго, княгіню Гарыславу?» – пацікавілася Анастасся... «А што пра яе можна пець?» – адказалі старыя. І праўда, падумала маці Анастасся, не ідзе яна ў песню: вяцічаў не прылучала, рамеяў не перамагала, дружыне серабром не сыпала; цярпела і цярпела – што за песня будзе з двух словаў?
У прыцемках згубілася дарога – прывяла на луг і знікла ў высокай траве; адшукаць яе Анастасся не здолела. Яна павяла старых на пагорак, пасадзіла і занялася вогнішчам. Сляпцы супакойвалі яе – знойдзецца сцежка. У нас усе простыя сцежкі старцамі пратаптаныя, казалі яны; князі, ваяры, усе відушчыя – па вадзе могуць, а нам не бачна, дзе горш, дзе лепш – мы прасцяком. Толькі добрую сцежку не праб'еш малым лікам ды босымі нагамі. Але ранкам адчуюць яны стары след... Так, яны сляпыя, не бачаць знешняга, ды адчуваюць лепш за відушчых. Замест зроку багі ім чуццё даюць. Відушчы часам больш сляпы за іх, бо толькі знешняе бачыць, яны – нутраное, сэнс... «Які ж у нашым жыцці сэнс?» – спытала Анастасся. «Кожны свой мае», – адказвалі старцы. У іх такі: ходзяць яны па зямлі, глядзяць на іх людзі, баяцца такой бяды, спачуваюць, дабрэюць – даюць есці, даюць прытулак. Адно блага – трэба хадзіць; каб свая воля – сядзелі б увосень і зіму ля печы, а вясной і ўлетку – на прызбе. Але ж няма дзе; хоць дождж, хоць мароз, хоць разводдзе – хадзі ад вёскі да вёскі, пакуль не сканаеш...
Паціху напаўзаў на іх сівы вячэрні туман, закрываючы луг, кусты, сцяну блізкага лесу. Знік свет у гушчыні туманаў, быццам і не было нікога, апроч маці Анастассі і трох старцаў, што грэліся ля агню. Раптоўна лёгкі шолах пачуўся ўверсе, Анастасся ўзняла вочы і ўбачыла – плыве над імі сівая, як і туман, птушка; хутка і знікла яна ў тумане, нібы была прывід; і хутка прагучаў рэзкі, гаротны крык, быццам дзесьці блізка за туманнай заслонай абарвалася жыццё.
– Лунь! – сказалі старцы. – Памёр нехта. Ён заўсёды на смерць крычыць.
Смутак ахапіў маці Анастассю. Усіх серабрыць жыццё, пазначае гады цярпення, падумала яна. Можа, па смерці душа абяртаецца ў сівую птушку і ляціць скрозь туманы, як лунь, да нейкага памятнага месца і з гаротным крыкам рассейваецца над ім празрыстым, як сляза, пылам...
Ранкам сцежка аб'явілася. Старцы выстраіліся гужам, паклалі адзін аднаму на плячо руку і пацягнуліся за Анастассяй па лесе, ціха пастукваючы кійкамі. Як розна людзі свой век жывуць, думала Анастасся. Адны ў палатах мяркуюць, каго б яшчэ далучыць, прыціснуць, пабіць, другія ходзяць з кійкамі па сцежках, каб людзі баяліся далучаць, прыціскаць, біць, бачачы такія вынікі. А маё жыццё і не такое, і не гэтакае. Сляпцы хоць свае быліны нясуць людзям, а я з чым іду – са скаргай. Не, сын мой Ізяслаў, вось невідушчыя, але ж міласціны не просяць – вячэрай і начлегам ім дзякуюць, а мяне забівалі, у самоце пратрымалі дзесяць гадоў, і мая быліна – гэта начныя стогны. Чаму ж старцам пра гэта не ведаць? Вяцічаў князь Уладзімір пабіў – ратны подзвіг. А мяне забіваў – як назваць? Няхай спяюць старцы ў Полацку – дзеля праўды і вяртаюся. Але аповяд свой маці Анастасся адклала да начлегу. Прыцемкамі прыйшлі яны ў вёску. Каля старцаў сабраліся людзі, прынеслі лаўку, старыя селі, пра нешта пашапталіся і запяялі. Хрыплыя слабыя галасы нібы плакалі, ламаліся на канчатках словаў, няспешлівыя ўздыхі зліваліся ў сіплы гуд. Пустыя вачніцы сляпцоў быццам прасякалі час і прастору; здавалася, што людкі апавядаюць пра чалавечую нядолю...
Пад ранак маці Анастассі прысніўся сон, што Бедавей і Дабрыня ў заслаўскай царкве выпалілі ёй вочы. Яна апынулася ў цемры і не рухалася, ведаючы, што яе паставілі на беразе Свіслачы, ля віру; калі зробіць крок – патоне. Раптам чыясьці рука павяла яе ад віру. Яна дакранулася выратавальнай рукі і пазнала руку Ізяслава. Нічога не бачачы, яна ўсё чула і разумела. Ён вадзіў яе па гарадах, дзе жылі яго браты і сёстры. Начнымі палямі пад крыкі драчоў прыйшлі яны ў Ноўгарад. Яна не ўяўляла, які гэта горад, але ведала, што недзе блізка Яраслаў, і адчувала маўклівую зачараванасць натоўпу, які глядзеў на пустыя яе вачніцы. Яе пасадзілі на лаўку, яна пачала пець пра трох старых, якія абяцаюць, падманваюць і руйнуюць. Нехта падышоў і пацалаваў яе ў скронь. Яна зразумела, што гэта Яраслаў і што ён просіць дараваць яму. Яна даравала... Цяпер яны ішлі зімовай дарогай; яна трымала руку на сынавым плячы, а навокал былі ваўкі... Яны апынуліся ў нейкім невядомым горадзе, у атачэнні чужых, варожых людзей, сярод якіх нехта моўчкі плакаў. Яна здагадалася, што плача, спачуваючы ёй, дачка Прадслава. Раптам сляза ўпала ёй на шчаку і сцякла па зморшчынах на губы. Яна адчула гаркоту слязы і сама наўзрыд зайшлася...
Маці Анастасся прачнулася і, крануўшы вочы, пераканалася, што плакала ў сне, і плакала, відаць, даўно... Чаго ж было плакаць, калі вёў яе Ізяслаў, думала яна. Што сурочыць ёй гэты сон? Усё хутка адкрыецца, супакойвала сябе маці Анастасся, ужо недалёка да запаветнага месца...
Праз тыдзень выйшлі яны да Дзвіны. Вось і споўнілася мара, яна на святой рацэ бацькаўшчыны; дваццаць год чакала яна гэтай хвіліны, сніла яе, уяўляла, дзеля яе цярпела і жыла. Маці Анастасся ступіла ў Дзвіну і ішла ў глыбіню, пакуль вада не падступіла да горла. Невідушчыя яе спадарожнікі моўчкі сядзелі на беразе, шануючы яе свята. А яна зачэрпвала прыгаршчамі ваду і абмывала твар і вочы, кажучы сабе, што змывае жывой вадой пыл пражытага па-за радзімай часу і прыйдзе ў Полацак, на бацькоўскі курган, абмытая, ачышчаная, прабачаная...
Цяпер дзвінская плынь вяла іх да Полацка, і ўдзень Анастасся ўбачыла ўдалечыні на пагорках супрацьлеглага берага горад і сказала старцам: «Прыйшлі!» Яны спыніліся насупраць вусця Палаты. Над ім стаяў новы дзядзінец. На тым беразе хадзілі палачане, там былі Ізяслаў, унукі... Маці Анастасся пачала махаць хусткай, заклікаючы перавозчыка. Нарэшце іх заўважылі, і нейкі чалавек да іх паплыў. Але пакуль ён вёў лодку, маці Анастасся зразумела, што не можа прайсці Дзвіну без папярэджання сына, яна павінна пашкадаваць яго, даць яму хоць нейкі час на зборы, на сустрэчу, на захаванне годнасці перад горадам. Яна сказала перавозчыку:
– Перадай князю Ізяславу, што тут яго чакае маці.
Здзіўлены чалавек кіўнуў, і лодка пайшла назад. Яна сачыла, як чалавек пабег па сцежцы на дзядзінец. Неўзабаве па гэтай сцежцы збеглі ўніз шасцёра кметаў, селі ў струг, паставілі вёслы, і струг таропкімі рыўкамі рушыў да яе.
8
Вось блізіцца бераг, і сын Ізяслаў чакае яе на тым месцы, адкуль павезлі яе ў Кіеў. Ён стаіць ля вады, святло радасных успамінаў асвечвае малады твар. Лодка з шоргатам напаўзла на пясок, сын узяў Анастассю на рукі і паставіў на бераг. Яны абняліся. Як даўно мы разлучыліся, думала Рагнеда, тады я атуляла яго, а цяпер у яго дужыя рукі, ён прытуляе мяне. Сын сказаў ёй ціха: «Паглядзі на сваіх унукаў, маці!» Яна ўбачыла яго жонку і двух хлопчыкаў, падобных на яго. Яна ступіла да іх, апусцілася на калені, абняла. Але ўнукі глядзелі міма яе, яна зразумела куды – і азірнулася. Старцаў ужо знялі з струга, яны стаялі, чакаючы клопату...
Потым Ізяслаў праводзіў яе да кургана. Яна ўбачыла невялікі ўзгорак, парослы жорсткай травой. Маці Анастасся лягла на ўзгорак, прыціснулася тварам да зямлі. Нешта шапацела там, у глыбіні, ёй здалося, што яна чуе галасы бацькоў. «Вось і я, – шаптала яна, – я заўжды думала пра вас і шкадавала. Усё што магла я зрабіла, а чаго не зрабіла – за тое даруйце!» Вось і гэтае жаданне, гэты свой абавязак – абмыць слязьмі бацькоўскую магілку – яна выканала; упалі яе слёзы на курган, даведаюцца бацькі, што яна па іх сумавала.
Потым яна сядзела ля кургана, паглынутая ўспамінамі даўніны; сын прысеў побач.
– Шкада, што ты не бачыў дзеда і бабку, – сказала яна. – Ты крыху падобны на дзеда... Ну, а як ты жыў? – запытала яна пра галоўнае. – Што было з табой у гэтыя гады?
Сын памаўчаў, вяртаючыся памяццю на дванаццаць гадоў назад, у дзень разлукі, калі яму абвясцілі, што ён – полацкі князь. Ён прыбыў сюды з Дабрынем і айцом Кірылам, і княжанне яго пачалося з хрышчэння горада. Як і ў Заслаўі, зрубілі царкву, яна і зараз стаіць. Потым Дабрыня рушыў на Ноўгарад, айцец Кірыла застаўся тут, вучыў яго чытаць і пісьму. І жывы ён быў пяць гадоў... Тут маці Анастасся здрыганулася, зразумеўшы, што за пяць гадоў шмат затаптаў у душы сына пракляты поп з таго, што вырошчвала яна дзеля ісціны... А тры гады дзядзькам яму быў Бедавей, настаўляў ён княжацкаму разуменню... І зноў дыхнула на Анастассю сцюдзёным ветрыкам, бо чаму добраму мог вучыць княжыча дробны Ўладзіміраў баярын. Але як мог супрацьстаяць двум жорсткім мужчынам васьмігадовы хлопчык? Усе яе наказы, сам яе вобраз мусілі заглухнуць пад такім наглядам.
– Што ж казалі табе Кірыла і Бедавей пра мяне?
– Казалі, што адмовілася ты ад дзяцей, палюбіўся табе новы бог і молішся ты яму дзеля свайго вечнага выратавання.
– І ты верыў? – спытала яна, разумеючы, як балюча разбуралі яго памяць.
– Верыў, маці, – кіўнуў Ізяслаў.
Ды чаму ж было яму не паверыць, думала яна. Кірыла, відаць, кляўся Хрыстом, што кажа праўду. Якая ж крыўда нарастала ў Ізяслава, пэўна, многа ён паплакаў у свае адзінокія ночы, пакуль не размылі вобраз маці тужлівыя слёзы і не змірылася душа з вечнай адсутнасцю маці. Вось і ягоную душу забілі яны, і невінаваты ён, што нешта ў ім змярцвела. Тут збянтэжыла яе здагадка.
– І зараз верыш? – спытала Анастасся.
– Зараз не веру, – адказаў Ізяслаў, але яна прыкмеціла ў яго словах цень няпраўды; сумненне жыло ў ім, ён дапускаў, што яна магла адмовіцца. Гэтая несправядлівасць апаліла Анастассю... «Слухай жа, як было!» – прашаптала яна і пачала распавядаць, як заломлівалі ёй рукі, як прайшоў па валасах нож, як гвалтам распранулі і пасялілі ў келлю, як абавязвала сябе жыць любоўю да яго, надзеяй на гэтую сустрэчу... Не, яна нічога не ўтоіць ад яго, ён павінен ведаць усё пра князя Ўладзіміра, пра Дабрыню, грэка Кірылу, пра заслаўскую вежу, пра цярпенне, пра памяць, якая ператварыла яе ў саляны слуп...
Апавядаючы пра свае дні, маці Анастасся бачыла ў вачах сына жаласлівую ўвагу, але адчувала, што яе словы не памяншаюць яго адчужанасці: ён разумее, шкадуе, але не баліць яму сэрца. Позірк сына, шчыры і добры, раптам цвярдзеў, холад княжага разліку бачыўся ёй тады ў гэтым позірку, нагадваючы князёў Рагвалода і Ўладзіміра, у якіх гэтак сама прыжмурваліся вочы ў адказныя хвіліны, быццам далей адкрывалася ім нешта схаванае ад усіх, глыбіня часу, дзе вузлы падзеяў развязваліся інакш, чым меркавалі другія людзі. Што ж ён бачыць, думала маці Анастасся, што ён бачыць, князь Ізяслаў, прымерваючы яе аповяд да сваёй памяці пра дзяцінства і да наступнага часу? Мусіць жа ён разумець, чаго яна хоча і чакае, бо яе аповяд – не просьба спачування, яна адкрывае яму сутнасць свайго жыцця – ціск абставінаў, цярпенне, прагу пераменаў... І раптам яна зразумела, па якім коле ідзе цяпер яго сумніў. Ён – старэйшы сын; пасля смерці Вышаслава – ён першы наступнік князя Ўладзіміра; для яго пашырыцца прастора, адкрыюцца ўсе гарады, ён прыме ўладу і клопат вялікага князя. Ён бачыць Кіеў, валадарства над усімі землямі ад Ноўгарада да балгарскіх межаў, сваё вяршэнства над братамі, яму мроіцца вялікая ўлада, усе свае дзеянні ён звярае з магчымасцю заняць галоўнае месца. Паміж яго полацкай уладай і кіеўскім стальцом ляжаць гады, што засталіся Ўладзіміру, – дзесяць? пяць? Ці, можа, заўтра сканае кіеўскі князь...
І тады Ізяслаў па праву старэйшага сына прыме ўладу і прыйдзе ў Кіеў з полацкай дружынай, якая забеспечыць яму ахову. Для поспеху ў той напружаны час яму патрэбны ваяры, спакой, сяброўства з бацькам. Яна ж не можа падтрымаць яго ў гэтых разліках, яна не любіць Кіеў, яна ненавідзіць Уладзіміра, яе не было на святле дзесяць год, яна стаяла па-за ўсімі разлікамі, і раптам яна ўзнікае на полацкім дзядзінцы... Як назваць яе заўтра? Зараз ён кажа ёй «маці». Проста «маці» – нарадзіўшая яго жанчына. Але ж хутка яму прыйдзецца акрэсліць для ўсіх, хто яна: Анастасся, Гарыслава, Рагнеда. Якое з ейных жыццяў шануе, у якой якасці прымае.
Таму ён не прыязджаў, падумала яна. Ён пазбягаў злаваць Уладзіміра, ён не ведае, як Уладзімір успрыме яе вяртанне. Раптам пачне сердаваць і пакарае сына няміласцю, адмовіцца ад яго. І што тады?.. Багі, багі! Прывучылі яго хлуслівы ўладыка і нізкародны Бедавей да паслухмянства і боязі. Ці, падумала яна, ён нясмелы ад нараджэння? З першай хвіліны, з таго праклятага дня, калі гвалтам зачынаў яго Ўладзімір у зруйнаваным полацкім дзядзінцы і паміралі пад нажамі яго дзед, бабка, дзядзькі? Магчыма, ён разумны, нязлы, няжорсткі, але няма ў яго адважнасці... Безумоўна, яму хацелася пабачыцца з ёй, і ён наведаў бы Заслаўе, але не цяпер, а потым, па смерці Ўладзіміра. Вось тады, калі б яна дачакалася і не сканала, ён з'явіўся б – яе сын, яе збавіцель, і адвёз бы яе ў Полацак ці Кіеў, куды б ёй захацелася. Але цяпер яна прыйшла зарана і стварыла яму непажаданы клопат. Ён слухае, маўчыць, абдумвае – і не ведае, на што рашыцца. Ну што ж, яна зноў дапаможа яму захаваць годнасць.
– Паклапаціся пра сляпцоў, князь Ізяслаў. Няхай пажывуць тут, пакуль не знойдзецца павадыр.
– Будзе, – уздыхнуў сын. – Сіротаў хапае.
– Пойдзем, – паднялася Анастасся. – Хачу да ўнукаў.
Яны ўбачылі дзяцей па Палаце. Ужо Ўсяслава і Брачыслава пераапранулі ў будзённае, босыя, у запэцканых кашулях, ішлі яны беражком услед зялёнай галінцы, якую плынь зносіла ў невядомасць. Тут у прасвечаным паветры паказалася Анастассі празрыстая цень – гэта Мара падкрадвалася да шчырых, даверлівых сэрцаў, адкрываючы ім краявіды сваёй недасягальнай старонкі. Маці Анастасся перанеслася на трыццаць год назад, у сваё мінулае, і ўбачыла сябе на гэтым беражку ў такой жа зачараванасці таямніцай бягучай вады – ды вось якім стаўся яе лёс! А цяпер унукі выходзяць на тую ж сцяжыну.
Што чакае іх на непраглядных пуцявінах будучыні?.. Усяслаў і Брачыслаў паціху аддаляліся, занятыя сваёй простай яшчэ марай, зірнулі на бацьку і бабку і забыліся пра іх... Ды і хто ім яна, падумала Анастасся, каб яны кінулі сваю гульню і прыбеглі з радасцю ў вачах. Невядомая чужая жанчына ў непрываблівай чорнай расе – не чулі яны ад яе казак, не закалыхвалі іх яе песні, не галубілі іх яе рукі – нейкая сівая старая, якую бацька і маці загадалі называць бабуляй... Няма на вачах – няма ў памяці, падумала яна. Як памятаць тое, чаго не бачыў і чаго не адчуваў? Не бывае так. Вось і з Ізяславам у іх розныя пачуцці; не зразумець ім адзін аднаго. Не пакрыўдзіў яго Ўладзімір, а калі пакрыўдзіў, дык не больш, чым іншых сваіх сыноў; за што яму не любіць бацьку? Яму нават можа і пашчасціць – першым ідзе па слядах Уладзіміра. Цяжкім было для яго дзяцінства; але ж Яраслаў, Усевалад, сёстры раслі зусім без маці. Не паліць Ізяслава даўні боль; слухаў ён яе аповяд з вышыні княжага месца. Ды і ці проста разабрацца: дзеда забіў бацька, бацьку намагалася забіць маці – а ўсе родныя. Чаму дзеда і маці так ацэньваць, каб пайсці супроць бацькі? За пакуты чарніцы Анастассі? Жывая – значыць, выцерпныя былі гэтыя пакуты...
– Ты ідзі, я з імі пабуду, – сказала яна сыну і пайшла наўздагон унукам.
Ноччу яна прыйшла пасядзець каля іх – хацелася ёй зведаць і такую радасць. Салодкім моцным сном спалі Ўсяслаў і Брачыслаў. Маці Анастасся пацалавала ўнукаў, паслухала ціхае дыханне, паправіла коўдру... Ці даўно вось гэтак жа плячо ў плячо засыналі яе браты? Што чакае гэтых Усяслава і Брачыслава? Што накавана ім ў наступаючых гадах? Так, ідуць наперад пакаленні, і таму слабне мінулае перад наступным, як нядужыя старыя супроць маладых; кароткія правы мае мінулае, не трывожаць жывых незнаёмыя цені даўніх пакутнікаў. Спяць гэтыя малечы, сняцца ім свае сны, няма і не будзе ім спагады да яе няшчасцяў. Нашто ім няшчасная бабка? Як ганарыцца дзедам, які сам упусціў удачу? Чаго сам не зрабіў, наступнікі за цябе не зробяць – у іх свая мэта. Вось і гэтыя дзеткі абяруць сабе мэту, яны будуць імкнуцца да яе, цярпець, радавацца, біцца – магчыма, ім пашчасціць... А зараз у іх няма мэты, зараз яны жывуць самае лепшае жыццё – сваё, і калі глядзіш на іх, калі кранаеш іх, здаецца, што кранаеш далёкі будучы час, у які прыйдзеш гэтым пяшчотным датыкненнем... А мая маці, падумала Анастасся, такой радасці не пазнала. Не пабачыла яна сваіх унукаў, няма на іх следу яе вуснаў. Я шчаслівейшая, я зведала, вось сяджу каля ўнукаў...
Удзень яна пайшла з імі ў лес, на запаветныя паляны. А праз дзень павезла іх на луг, дзе гуляла з бабкай Прадславай у забыты ўсімі час... І ніякай іншай справы, апроч прагулянак з дзецьмі, у яе не было; пра іншае з ёй размову не заводзілі; маці Анастасся зразумела, што яна для ўсіх часовая госця. Вось пацешыцца ўспамінамі, пагасцюе і збярэцца ў зваротны шлях. Кожны вечар Анастасся чакала, што сын скажа: «Маці, здымі расу. Ты нарадзілася тут, жыві годна!» Але ён, сустракаючы яе, памоўчваў.
Вычакаўшы два тыдні, ён усё ж прыйшоў да яе з прапановай. Яна адчула, што ён прыняў рашэнне. Гледзячы неяк ўбок, сын спытаў:
– Дзе зрубіць табе келлю, маці?
– Келля ў мяне ёсць, – адказала яна. – У Заслаўі. А тут нашто мне келля?
– Хто ж вызваліць цябе ад зароку служыць Хрысту? – спытаў ён, надаючы пытанню значнасць.
– Хіба я сама пастрыглася? – спытала яна. – Калі раздзенуць чалавека злодзеі, ды што, яму ўсё жыццё голым хадзіць? Зарок за мяне грэк Кірыла даваў, я новаму богу не служу. Вось і мне ад цябе не келля патрэбна.
Сын уздыхнуў.
– Я падумаю, – сказала яна, каб не цягнуць дарэмную размову. – Падумаю і адкажу.
Ды пра што думаць пасля такога зняважлівага пытання? Што рабіць у Полацку чарніцы Анастассі? Хадзіць на бацькоўскі курган? Дык усе яны, што ляжаць там, жывыя ў яе памяці. Хадзіць перад унукамі прыкладам пакоры – не дадасць ім гордасці такі прыклад. Хадзіць перад палачанамі сведчаннем перамогі новага бога над старымі – новая пакута. Келля ў Полацку – гэта і будзе адварот ад сябе, ад сваіх жыццяў. «Час мне ісці!» – вырашыла маці Анастасся.
Ранкам яна зайшла развітацца да Руты. Не вернецца яна ў Полацак, і Рута не вернецца ў Заслаўе; апошні раз бачыліся яны ў гэтым жыцці.
– Вяртаюся, – сказала Анастасся, углядаючыся ў твар даўняй сяброўкі. – Больш нам не сустрэцца.
– Так, княгіня, вяртайся, – кіўнула Рута. – Нашто табе тут? Бяда за табой ходзіць. Два мае мужы праз цябе загінулі. Я ведаю – ты Рудога пасылала. Не вінавачу цябе, – яна ўздыхнула, перамогшы, можа, сваю крыўду. – Але баюся... Бывай!
Вось і яшчэ адзін чалавек – некалі самы блізкі і любімы – адарваўся ад яе назаўсёды.
– Бывай! – сказала маці Анастасся.
Потым зайшла яна ў камору да сляпцоў.
– Бывайце, людзі! – развіталася Анастасся. – Адыходжу сёння.
– Ды і мы з табой, – адказалі сляпцы. – Павядзі нас.
– Я назад, у сваю келлю, – сказала яна. – Трапіце ў Ноўгарад, пакліча вас князь Яраслаў – нагадайце пра мяне.
Потым наведала яна курган, развіталася з бацькамі і ўзяла для вечнага яднання з імі жменьку зямлі.
І ўсё гэта зрабіўшы, Анастасся прыйшла да сына.
– Я падумала, князь Ізяслаў. Вяртаюся ў Заслаўе.
Ён памаўчаў, вагаючыся, але пагадзіўся:
– Няхай так. Я скажу, маці, цябе адвязуць.
– Не, сын, – запярэчыла яна. – Князь Уладзімір мяне адвозіў. Бедавей адвозіў. Нашто табе? Ці не... перавязі мяне цераз Дзвіну. Сам. Я хачу.
– Калі? – спытаў ён.
– Зараз.
Вось сыходзяць яны да ракі. З кожным крокам аддаляецца ад Анастассі бацькаўшчына, неспраўджанае чацвёртае жыццё. Вось і апошняя мяжа. Яны плывуць па Дзвіне, маці Анастасся трымае руку ў вадзе, і рака адымае ўсе былыя яе мары, няздзейсненыя надзеі, боль і пакуты; яны застаюцца ў вадзе, і плынь адносіць іх у невядомасць, і ўжо іх не вярнуць, не сабраць, не ажывіць. Лодка ткнулася ў бераг – усё, старыя ніткі парваліся. Яна ў адзін бок, ён – у другі. Назаўжды.
9
Багі, старыя крывіцкія багі! Нашто было нараджаць дзяцей, калі робішся для іх непатрэбнай? Нашто было радзіцца князёўнай, калі твая радасць прыходзіць да цябе ў беднасці! Вось адзіная воля – ісці лясной сцежкай, якую праклалі сляпцы, і не азірацца назад, інакш абернешся ў саляны стоўп. Ісці вольнай хадой, не падлічваючы пройдзеных і наступных вёрстаў, як ходзяць старцы, – іх нідзе не чакаюць, аднолькавыя для іх усе шляхі... Але яе чакаюць, думае пра яе айцец Сымон, да яго яна і вяртаецца. Калі ён спытае: «Скарылася?» – яна адкажа: «Не!» Калі б скарылася – засталася б там; зрубілі б ёй келлю паблізу царквы, але хто б стукаў у акенца, хто б пытаўся: «Маці Анастасся! Што робіш, маці Анастасся?» Не, айцец Сымон, я вярнулася, бо тут мая воля, мая любоў...
Раптам здалося Анастассі, што наперадзе стаяць людзі. Яна паглядзела – нікога, яна ўгледзелася і прыкмеціла пад намётам елкі трох старых, трох вястунак сваіх бедстваў. Няўжо не ўсё, здзівілася маці Анастасся, няўжо яшчэ нешта падрыхтавалі яны для мяне? Ці развітваюцца, ведаючы, што цяпер не маюць нада мной сілы; усё зведана, выцерплена, страчана, толькі жыццё застаецца пры мне. Хіба толькі смерць падсцерагае. Ды смерць – не лёс, яна да ўсіх прыходзіць, ёй спадарожніцы непатрэбны. Што ж, бывайце, сказала Анастасся, але старыя зніклі раней.
Уначы, калі маці Анастасся спала ля вогнішча, паліў дождж. Агонь згас, маці Анастасся чакала ранку ў дрымотнай здранцвеласці. Раптам ёй падалося, што міма едуць коннікі, пакрытыя апанчамі, вада сцякае па дзідах, чвякае гразь пад капытамі коней, нечакана яе гукнуў знаёмы голас – перад ёю спыніўся і сышоў з каня Ўладзімір. Па яго знаку прывезлі і ўваткнулі калы, зрабілі намёт. Гэта быў той самы намёт, дзе яе трымалі пасля захопу Полацка. Яны ўвайшлі ў намёт, трава тут была заслана дываном, а на ім ляжалі два сядлы. Яны прыселі, і маўчаць, і ўглядаюцца адзін ў аднаго: ён – з любоўю і жалем, яна – з жалем і здзіўленнем. Шамаціць па намёце дождж, і самотна гарыць агеньчык лучыны, высвятляючы твар князя.
– Ведаеш, Рагнеда, – кажа князь, – часта думаю пра цябе. Шкада мне, што сустрэліся мы ў часе вайны. Нам бы зараз пасябраваць...
– Позна, Уладзімір, – кажа яна. – Быў час, калі я любіла цябе. Любіла і ненавідзела. Усё даравала і ўсё помніла. Але чакала, марыла пра такі добры позірк, якім цяпер глядзіш... А ты, усё адабраўшы, нічога не даваў...
– Так, вінаваты я перад табой, – кажа ён. – Горыч у мяне на сэрцы.
– Нават сына я страціла, – кажа яна. – Баіцца ён, ці даруеш яму клопат аба мне. Напужаўся ён, калі мы зачыналі яго там, у лужыне крыві...
– Скажы, чаго хацелася б табе, – кажа ён. – Я выканаю. Мітусня – маё жыццё. Я ствараў, час зруйнуе. Хочаш – адвязу ў Ноўгарад да Яраслава. Ці сама будзь княгіня...
– Позна, Уладзімір, – кажа яна. – Няма жаданняў. Усе сілы аддала на цярпенне. Чакала – нічога не змянілася...
– Даруй мне, – кажа ён. – І я падмануўся. І я адзін.
– Дарую, – кажа яна. – Добра, што сустрэліся, што бачу цябе. Ды сышла наша даўніна. З трох сваіх жыццяў два пражыла з табой. Абодва – без шчасця. А чацвёртае пачну без цябе. Толькі ты не перашкаджай. Не мучай мяне больш. Вось мая просьба. Выканаеш?
– Выканаю, – кажа ён. – Бывай!
І выйшаў, і ўсё знікла разам з ім – намёт, дыван, вершнікі ў апанчах, агеньчык...
Пачынала світаць. Маці Анастасся рушыла па раскіслай сцежцы, разважаючы пра дзіўны сон. Чацвёртага жыцця хочацца мне, сапраўднага, свайго, думала яна. Жыцця па ўласнай волі. Але воля, воля – не на сцежках яна. У старцаў не воля – доля. Куды прыкласці сваю волю? Хадзіць па зямлі, чуючы сябе птушкай? Дык і птушкі маюць занятак – выводзяць птушанятаў. Вось ім і радасць; таму і пяюць з ранку да ночы. Вось бы і ёй зараз дзіця на рукі. Яно будзе крычаць, усміхацца, хварэць, падаць, любіць і чакаць любові. А ўсё іншае бессэнсоўнае. Вось што асвеціць яе чацвёртае жыццё – дзеці, клопат пра іх; яны – галоўныя багі, яна будзе служыць ім, прысвеціць ім свае сілы, веру, пяшчотнасць. Хіба яна старая? Яна сівая, сэрца нацярпелася шмат крыўды, а душа ў яе новая, яна будзе жыць доўга, выгадуе сваіх дзяцей. Яны будуць дастойныя, не здрадзяць і не забудуць яе... Так, яна вернецца ў Заслаўе, і яны зачнуць з айцом Сымонам такіх дзяцей; ён любіць яе, душы іх парадніліся, цяпер нішто не стаіць паміж імі, зніклі перашкоды, яна будзе яго жонкай... Чаму ад жорсткага князя, ад нялюбага мужа нараджала, а з любімым, жаданым нельга? Толькі ад яго і трэба. Хто забароніць ім? Яна стане маці... не маці Анастасся, заслаўская чарніца, няшчасная княгінька, з вечнай тугой у вачах; няма гэтага: знікла туга, вычарпаны няшчасці. Яна возьме новае імя, чацвёрты раз народзіцца яна на свет, і айцец Сымон, і людзі, і дзеці будуць называть яе па-новаму. Муж дасць ёй новае імя, яе Сымон, апошняе імя, з якім і скончыць яна свой век... Яна будзе любіць новае імя, яно будзе песціць ёй сэрца. Спадзеі, прыгнёт, цярпенне – вось існасць ранейшых яе імёнаў. Абрабаваныя, нудныя гады, глухі туман, у якім яна прастаяла, чакаючы сынаў кліч з Полацка. А гэты кліч прыйшоў да яе праз акенца, сябра быў побач, яго словы суцяшэння і любові дапамагалі жыць. Яна стане яго таварышам, яна жыццё аддасць за яго, бо любоў – асаблівы дарунак багоў, без яе жыццё – пярэдадзень смерці...
Цяпер маці Анастасся ішла шпарка, цяпер кожны крок набліжаў яе да шчасця. Душа яе святкавала: яна ідзе да любага, да мужа, ён чакае яе, яны злучацца ў сям'ю і будуць глядзець наперад, а не азірацца назад, на спаленыя ранейшыя жыцці... Маці Анастасся ляцела знаёмай сцежкай, уздоўж узлескаў, ад броду да броду, ад вёскі да вёскі, дзе зноў давалі ёй прытулак знаёмыя людзі...
Вось ужо перавезлі яе цераз Бярэзіну, вось за спінай Цна, Гайна, Усяжа і Пліса, вось на сутоках Свіслачы і Нямігі бачыць яна нямігскі дзядзінец, і сцежка прыводзіць яе на пагорак, дзе развітвалася з айцом Сымонам, вось і Заслаўе – замчышча, надваротная вежа і стаіць на вежы Сыч... Маці Анастасся ўваходзіць у царкву. Там пуста, і не гарыць перад абразом Хрыста лампадка. Яна ідзе да хаты айца Сымона, адчыняе дзверы, кліча з парожка: «Айцец Сымон!» Няма водгуку.
Анастасся азіраецца і садзіцца ў кут чакаць. Вось ён, яе агмень, яе новы дом! Тут пражыла яна свой добры год з Ізяславам, тут будзе яна жыць з айцом Сымонам. Яна ўяўляе калыску, у якой будзе калыхаць іх дзіця, – ёй шчасліва.
Трэба было б падняцца і запаліць печ, але Анастасся не варушыцца, яна чакае, яна прагне пачуць рып дзвярэй і родны голас, які запытае: «Маці Анастасся! Ты прыйшла, маці Анастасся?» А яна адкажа: «Не маці Анастасся, айцец Сымон, – твая жонка!» І падымецца, і абдыме яго, і запросіць: «Садзіся, Сымон, я разую цябе!»
Цягнулася гэтае апаляючае чаканне, пакуль не зарыпеў за сцяной пясок – яна пазнала нагу Сыча. «Уваходзь, Сыч!» – крыкнула яна. Той увайшоў, замяўся каля парога. «Вярнулася, княгіня», – сказаў ён, і яна здзівілася, бо ніколі раней брамнік так яе не называў. «Блага табе будзе тут», – сказаў Сыч. «Чаму ж блага?» – не згадзілася яна. «Няма папа Сымона!», – адказаў ён і ўздыхнуў, нібы скінуў з сябе ношу. «Дзе ж ён?» – запыталася маці Анастасся. «Вешчуны нажамі зарэзалі, – адказаў Сыч. – Пойдзем, княгіня, пакажу магілку...»
Ён прывёў яе да ракі. Блізка ад крыжа яна ўбачыла свежы магільны пагорак. «Вось, – кіўнуў Сыч. – Тут ён...» Маці Анастасся ўпала на магілу. Сыч пастаяў і пайшоў на вежу...
Ён вярнуўся за ёй у цемры. Анастасся сядзела каля магілкі, разгладжваючы халодны пясок. Ён праводзіў яе да келлі, з'явіліся Праскоўя і Ефрасіння, пачалі плач. Пачуўшы рыданні, маці Анастасся ацвярэзела. «Ідзіце, людзі, – спакойна сказала яна. – Я хачу адзіноты». Манашкі і Сыч выйшлі. Яна закрылася на зачэпку і легла на лаўку. Толькі тут яна прыкмеціла, што гарыць лучына. Маці Анастасся загасіла аганёк і зноў паклалася. Цемра агарнула яе. Яна прыгадала лес, у якім паказаліся ёй старыя, – вось калі забілі айца Сымона; у тую хвіліну, калі яны прынеслі ёй вестку. Ды яна не зразумела. Яна пакінула Полацак, ішла да Сымона, марыла жыць з ім, а ён, пакінуты, адзінокі, пайшоў прасвятляць людзей, і вешчуны сустрэлі яго і зарэзалі, як некалі кметы Ўладзіміра зарэзалі яе бацькоў. Тады нож адабраў бацьку і маці, цяпер – мужа. Яна спяшалася сюды ўжо да нежывога. Няма айца Сымона, памёр яе сябра і абраннік, не будзе чацвёртага жыцця. Таму і сказаў Уладзімір, што выканае. Яму няма чаго выконваць, усё споўніцца без яго клопату і загаду... Пустата і маўчанне. Чорная пустка, па якой няма куды ісці. Курган у Полацку, магіла тут – і між імі пакрытая попелам дарога. Яна рухалася па ёй дваццаць год, паўзком, па гразі, у крыві, паміраючы, мяняючы душу і імёны. А лёс сачыў за ёю, і толькі падымалася яна на ўвесь рост, каб уздыхнуць, дакрануцца да радасці, – ён біў яе ў спіну і дзівіўся, што не насмерць, што ахвяра зноў ачомалася, паўзе, хрыпіць і верыць, што дасягне свайго шчасця. І вось яна ў конавай мяжы – ля магілы, а далей бясконцая пустэча, зацягнутая мёртвымі туманамі. Цяпер любое слова, любая думка пазбаўлены сэнсу. Айца Сымона няма, няма жыцця, а скруха, памяць, галашэнне – гэта і ёсць пустата. Ён там, яна тут. Нашто ён там, нашто яна тут?..
Раптоўна ў келлю прасачыўся скрозь слюдзяное акенца родны трапяткі голас: «Маці Анастасся! Ты не спішь, маці Анастасся?»
– Не! – выгукнула яна і кінулася да дзвярэй. І за тыя некалькі імгненняў, пакуль адкідвала яна зачэпку, маці Анастасся паспела зноўку ажыць, ажывіць любоў і мару аб дзецях... Яна расчыніла дзверы і працягнула рукі насустрач... сырая пустата дыхнула на яе; яна ступіла на парог – ні шолаху, ні цені, чорная празрыстасць ночы абкружала келлю. Усё ажылае спапялілася, і сэрца скурчылася ў халодны камок. Маці Анастасся зняможана прыхінулася да сцяны. Потым ёй стала цяжка стаяць, яна апусцілася на парожак.
Яна бачыла постаць айца Сымона, іх вячэрнія спрэчкі ў келлі, чытанне з Бібліі, бачыла яго вочы, чула суцяшальны шэпт, а са Свіслачы напаўзаў туман і зацягваў будовы дзядзінца, гусцеў, абвалакваў яе, і сівыя яго пласты пачалі падымаць яе, аддаляючы ад зямлі... Яна ўбачыла сябе над келляй, над хатай Сымона, над царквой у непрагляднасці начнога туману: яна ляцела ў гэтым тумане сівой птушкай лунь, адшуквала свой памятны знак апошняга прыстанку – пясчаную магілу паблізу крыжа, распазнала яго і пачала апускацца, каб зведаць спакой. Апусцілася, закрыла вочы... Кароткі ўскрык прарэзаў цішыню і загас у тумане...