Текст книги "Тры жыцці княгіні Рагнеды"
Автор книги: Кастусь Тарасаў
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)
Жыццё другое
1
На шостым годзе кіеўскага існавання здарылася з Рагнедай падзея, якая крута змяніла яе жыццё. Пазней, калі ўсё расставілася па адпаведных месцах, калі ў бяссонныя ночы ўся даўніна была перагледжана і ўзважана на цвярозы патрабавальны розум, змагла Рагнеда растлумачыць сабе, што адбылося з ёй апоўдні летняга дня, у час дрымотнага адпачынку пад вішняй. Новая душа ўвайшла ў яе ў той гарачы час – вось як вызначала Рагнеда сваёй сяброўцы Руце перажытае пачуццё, і ўвайшла новая душа з раптоўным болем праз сонечны блік. Ніхто не бачыў, не прыкмеціў, не перашкодзіў, бо ў няўлоўнае імгненне набыла яна новы дух, ды і хто мог прыкмеціць і перашкодзіць, калі ёй самой спатрэбіліся месяцы, каб асэнсаваць нутраную змену. Здарылася гэтае ўваходжанне пры такіх абставінах. Яна скрозь дрымоту назірала, як старэйшы сын Ізяслаў вучыў малодшага, Яраслава, дужацца; абодва малыя, баючыся маці, тузаліся ціха; меншая за братоў Прадслава рабіла ў траве схованку для лялькі; і больш нікога, ні малых, ні дарослых, на двары не было. Толькі каля варот размораны спякотай прываротнік тачыў нож, бавячы такім заняткам свой вартоўны час. Рагнеда на стражніка не зважала, і ціхі шоргат каменя па жалезе не закранаў яе слыху. І раптам шырокі нож вартаўніка ўспыхнуў, сонечны прамень трапіў у вочы Рагнедзе, і на імгненне яна аслепла, і за гэты міг невідушчасці яркае вастрыё промня спыніла шматгадовы сон думкі; быццам рассыпалася нейкая тайная камора, дзе хаваліся самыя галоўныя пачуцці жыцця.
Яе напужаў гэты нечаканы ўдар, нанесены бляскам наточанага жалеза, бо ўслед выявілася і ажыла куча паўмёртвых страшных вобразаў. Рагнеда жахліва ўскрыкнула, але дзеці толькі здзіўлена зірнулі на маці і вярнуліся да сваіх забаваў. «Кім жа мяне зрабілі?» – спытала сябе Рагнеда, збянтэжана аглядаючы двор, дзяцей, прываротніка. Адказ і паследаваў з бязлітаснай прастатой адкрыцця: ніякая я не жонка, не кіеўская княгіня, а спутаная паланянка, палюбоўніца, княжая жывёліна, прыбітая істота.
І застаўся ў душы пакутлівай плямай святла гэты востры кінжальны блік, завіснуў сонечным аскепкам дзеля выспялення ісціны. Уся зляжалая, пакрытая пылам пакоры груда дзён, што асыпаліся пасля полацкага пагрому, раптам разляцелася, падкінутая нечаканым ветрам, і на кожным былі чорныя знакі, якія цяпер прагна адшукваў адноўлены зрок. Зімовай, прамерзлаю пустэчай зеўралі цяпер кіеўскія гады, і праз гэтую шчыліну выразна бачыліся перадсмяротныя твары братоў, маці, бацькі, чорны дым над дзядзінцам, нажы кметаў, пасечаныя людзі ўздоўж вуліцы, якой вялі яе ў намёт, апусканне ў вогнішча пахавальнай ладдзі. Усё прыкмечанае ў тыя дні зараз дачакалася свайго часу, ажывала ў прасветленай памяці і прыпякала новую душу да нясцерпнага болю, як распаленае кляймо. Горкі дым віўся над яе апёкамі, над кляймом, што паставіў Уладзімір. Што атрымала яна замест сваіх страт? Чым перакрыў князь той крывавы ручай у Палату? Якімі справамі спрабаваў ён сцерці з яе памяці забойства родных? Рагнеда ўзіралася – і не магла прыгадаць за Ўладзімірам ніводнага вартага павагі ўчынку. Ён усё адразу забыў, да яе мінулага, яе памяці заўжды быў абыякавы, ейны боль быў занадта дробны для яго ўвагі на тле княжацкага клопату і нястрымнай весялосці.
Шэсць гадоў прайшло, ды нічога не здзейснілася для яе з дзявочых мрояў: ні любові, ні мужа, ні пашаны, ні вартага яе, кіеўскай княгіні, месца. У чым жа мая княжацкая ўлада, пыталася сябе Рагнеда. Хто чуе мяне апроч Руты, нянек і прываротніка? Вечная парадзіха – вось хто яна. Стала маткай чацвярых дзетак і ўжо адчувае прысутнасць пятага. Так, дзеці – адзіны яе занятак і адзіная радасць. Ягоныя дзеці, унукі зарэзанага ім князя Рагвалода. Але дзе ён сам, іхны бацька, ейны муж? З'явіцца раз на год, занясе яго ветрам на адну ночку – і зноў няма ад Каляд да Купалля. Як стагамі пожня, абкружаны Кіеў дварамі іншых яго жонак. На адным варажка Алова гадуе Вышаслава, на другім нудзіцца былая жонка забітага Яраполка, а зараз яна жонка Ўладзіміра, на трэцім сядзіць чэшка Мальфрыда, а яшчэ ёсць двор Адэлі і нядаўна прывёз князь ад балгараў Мілаліку, яна нарадзіла яму двайнят. Усе яны роўныя, усіх ён аб'язджае па кругу, раздаючы, як ялмужну, сваю начную любоў. Што, гэтак і далей жыць? Чакаць, пакуль Уладзімір успомніць пра яе і заедзе пасля родаў, каб заняць ёй наступны год наступнай цяжарнасцю? Дык нават у Руты жыццё цікавейшае. Яна ключніца, вядзе гаспадарку, заляцаюцца да яе конюхі і варта, цягнуцца за ёю ў прыцемак варыўні ці клеці, адтуль яна выходзіць памятая, пацісканая, ды вясёлая, і не нараджае яна ад забойцы, не кроіць ёй сэрца сорам прыніжанасці.
Але чаго саромецца, калі была нежывая. Забітую прывёз сюды князь Уладзімір. Ці можна лічыць за жывую: ногі ходзяць, вочы глядзяць, язык варушыцца, а душы няма – аднялі. Таму і давялося пражыць гэтыя шэсць гадоў, нарадзіць дзяцей, што душу вынялі з цела. Звонку нібы чалавек: зацяжарвае, носіць, корміць грудзьмі, даглядае. Усе думаюць: княгіня, жонка вялікага князя, матка многіх ягоных дзетак, а гэта не яна, гэта лічына ейная, жывы мярцвяк, наўя. Ва ўсіх родных і душу, і кроў узялі, а ў яе толькі душу, кроў не выпусцілі. Таму і не кінулася ў вір, не пхнула сабе ў чэрава нож, не кінулася ў лес, каб звяры разадралі, што мёртвую везлі – зледзянела кроў у бяздушным целе. Як дзве нябожчыцы, абмывалі яны з Рутай адна адну мёртвымі слязьмі. Крыху ачуняла, калі дзіця ў лоне ножкамі забіла. Яшчэ і здзівілася, пытала ў старых: нешта б'е мяне там, што гэта? Тыя адказвалі: «Радуйся, дзіця пад сэрцам стучыць». «Вось і дзіцёнак ягоны мяне б'е», – скардзілася яна ў снах маці. Тая спачувальна слухала. І Ўладзімір тады знік, толькі пагалоска даносіла, што жывы і заняты: брата забіў, з ягонай жонкай ажаніўся, варагаў, што абдзіралі Кіеў, нейкімі хітрыкамі выправіў да візантыйцаў, пакараў Яраполкавых баяраў, сваіх адорваў; не ў галаве яму была Рагнеда з рухлівым дзіцёнкам у жываце. А яна чакала яго, старалася думаць, што ён кахае яе; ён жа горад пасек і спаліў, каб узяць яе сабе, вайной на Яраполка рушыў, прывёз яе ў Кіеў... Было такое зацямненне, прыгнятала нізкая думка: прыняць што зрабілася, няхай абернецца дабром сабачае вяселле, іх пазначаны крывёй бацькоў і братоў шлюбны дзень...
Нарэшце нагадаў пра яе; увесь двор усхваляваўся, Рута прыбегла – князь у варотах. Сэрца забілася: як прымаць? ці выходзіць? плакаць? узрадавацца? – і хутка змякла: усё роўна ўвойдзе – трэба сустрэць. Яна выйшла з хаты, пакланілася. Не нізка, але ж сагнула-такі спіну; ды і не тое важна, якой глыбіні паклон, хоць галавой кіўні – прывітанне, павага госцю. Цяпер той далёкі паклон калоў Рагнеду прызнаннем сваёй знявагі. Нашто было кланяцца? За што? Ды хоць бы на тым скончылася. Не, ні ў чым яму не пярэчыла, слухала яго жарты, падпарадкавалася. Ён не проста ў госці заехаў, ён запрашае да сябе, будзе вяселле, яна ягоная жонка, Кіеў павінен пагуляць, дружына выпіць, народу трэба ведаць, хто Ўладзіміру сыноў нараджае...
Вось коціцца іх убраны стужкамі вазок па кіеўскіх пагорках. Народ іх разглядае, князь вясёлы, усім весела, і нават ёй нейкае задавальненне: вялікі Кіеў, шмат тут добрых двароў, такі ён, як снілася ў зімовых снах, і едзе яна па стромкіх адхонах, як некалі марыла, у княжыя палаты міма старадаўняга свяцілішча. Толькі не Яраполк побач – Уладзімір, з дружак – адна Рута, з полацкай дружыны – нікога, быццам у пустыні знайшоў яе жаніх. Але так і ёсць: пустка цяпер замест Полацка, ды пра тое лепш не думаць...
Вось уваходзяць яны ў палату – ад сцяны да сцяны сто крокаў, а ў шырыню сорак, сталы застаўлены пачастункам; князь садзіцца на сваё высокае месца, яна садзіцца з левай яго рукі, віно льецца ў чары, іх вітаюць, крычаць пра дзетак і шчасце, грыўні звіняць аб паднос...
Шчыльна сядзяць за сталамі баяры, грыдзі, кметы – усе тыя, хто ў Полацку біў, гвалціў, рабаваў, паліў; можа, і дораць маладым здабытыя ў Полацку грыўні. Нават і тых запрасіў князь на вяселле, хто бацьку, маці, Усяслава і Брачыслава калоў нажамі, разглядаў яе голую пад Уладзімірам, – яны таксама князевы госці, разам з усімі ёй здароўя жадаюць. А з правай рукі Ўладзіміра сядзіць Дабрыня; вось ён добра адпіў з братчыны, прасушыў рукавом вусы і ўхапіў нажом кавалак лябяжай грудкі. Ап'янелы, лагодны, рагоча, лёгка яму на сэрцы, усім адпомсціў: Вользіны любімыя ўнукі Яраполк і Алег зжыты са свету, а князя Мала ўнук – вялікі князь, а дамогся гэтага ён – сваёй воляй і парадамі. Вось так, Вольгушка; была б жывая, дык здохла б цяпер ад злосці...
Раптам зараўлі ў сто галасоў – горка ім стала. Вось цалуе яе Ўладзімір... так, прыгожыя ў яго вочы, але чужыя, п'яныя, далёкія... Стаіць яна пасля гэтага пацалунка, чуе смех, чуе патрэбнае па звычаю пытанне Ўладзіміра: як называць яе наперад мужу і людзям; Рагнеда – імя дзявочае, а ў замужжы – хто? Застолле сцішылася, чакаючы яе адказу. Адны мужчыны сядзелі за вясельным сталом, зрэдку траплялі між імі невядомыя Рагнедзе жанчыны, і ўсе яны былі Ўладзіміравы людзі, выканаўцы яго жаданняў: загадалі ім рэзаць палачанаў – яны рэзалі, сказалі б зараз забіць яе – забілі б, а вось сказалі гуляць – гуляюць... Усё ж не да канца яны забілі яе, знайшоўся правільны адказ. Якое імя ў замужжы? – Гарыслава! Няхай такое будзе імя... Так, кіеўская княгіня Гарыслава! Згарэлі слава роду і яе добрая слава... А яны не зразумелі ці не прынялі і п'янымі крыкамі патлумачылі інакш, прыемна для князя: гары, гары славай, княгіня, славай Уладзіміра! Так ім хацелася: каб Уладзімір славіўся, а яна гарэла. Так і ёсць...
2
Багі мае, палачанскія багі, шаптала ў пустату ночы Рагнеда, і ты, вечная насмешніца Мара, табе адной дадзена ўсыпляць душы, вярні мне ранейшае забыццё. Хай любоў да дзетак задушыць безадказныя пытанні; баліць ад іх сэрца, няма сну, і прыходзяць у начной цемры дакараць за доўгую цярплівасць дарагія людзі, якіх вынішчыла бязлітасная рука. Ён звёў іх, бацька яе дзяцей; была яна полацкая князёўна, стала княгінькай на вёсачцы, гаспадыняй глухога двара на беразе рэчкі Лыбедзь. Жыла тут, кажуць, у даўнія часы няшчасная Лыбедзь, сумавала ля ціхай вады, у тую ваду і кінулася; а зараз ходзіць па яе слядах другая няўдачніца, носіць ачунялую крыўду. За што такі лёс? Рута стараецца суцяшальна ўтлумачыць: з усімі жонкамі Ўладзімір гэтак, усе пакрыўджаныя; няма сэнсу бедаваць: жывыя, дзеці гадуюцца, што нам яшчэ? «Усе пакрыўджаныя!» Не, не ўсе. Хіба Адэля, Алова, Мілаліка вытрымалі столькі, колькі ёй выпала? Каго гвалцілі на вачах бацькоў, пад поглядамі кметаў? У каго зарэзалі маці і братоў? І хто яны, гэтыя іншыя жонкі? Невядома, хто яны. Любоўю Ўладзіміра ўзнесены яны з невядомасці, з малых, слабых, простых родаў. А яна – полацкая князёўна, дачка крывіцкага князя, ва ўсім роўная Ўладзіміру; але ён зраўняў яе з імі, уціснуў у іхні гурт; яна прыніжана яго любоўю. Што ж гэта такое – ягоная ўлада? Чаму ёй цярпець гэтую ўладарнасць? Ён прагнуў улады і дзеля ўлады забіў старэйшага брата, разбурыў Полацак, забіў князя Рагвалода, абяскровіў Смаленск. Так, улада патрабуе цвёрдасці. Ды калі заўтра нехта іншы пажадае захапіць уладу – што стане? Зноў бойкі, кроў, вогнішчы, мерцвякі! Уладзімір! Яму хочацца перайначыць сэнс свайго імя – уладарыць светам, а не мірам. Чаго ж дзівіцца, што нагэтулькі таннае для яго чалавечае жыццё. А кроў? А што яму чужая кроў, яна ў зямлю прасочыцца, дажджы яе змыюць, курганы зарастуць палыном, а трызна на свежых курганах – адпачынак дружыны.
«Ён Кіеўскую дзяржаву мацуе!» Быццам гэта нехта другі аддзяляў Ноўгарад. За што Яраполк хадзіў на яго вайной, за што пасварыліся яны насмерць, загубілі тысячы людзей за перамогу ў сваёй сварцы? Хто варагаў вёў паліць Полацак, разбураць Смаленск, рабаваць кіеўскія двары? «Русь! Магутная Русь!» Люблю Русь, калі мая, а не мая – дык агнём яе і сякерай. Гэта Адэлі ці Мальфрыдзе можна расказваць пра любоў да Кіева і Русі – яны, можа, і павераць. А яна гадавалася ў княжацкай сям'і, яшчэ размаўляць не ўмела, а ўжо слухала расклад княжых справаў і клопатаў, бачыла верх абавязкаў над жаданнямі. Не дзяржаву, а ўладу ён любіў. Ну, а цяпер, трымаючы ўладу, можна і дзяржаву любіць, пашыраць яе і ўзбагачаць наездамі на суседзяў. Чаму ж яе не любіць; уся яна ягоная, ён усярэдзіне. «Дужа князь заняты!» Вяцічаў падпарадкаваў, яцвягаў выціскае з Буга і Ясельды, усе павінны быць пад яго рукой, злуе ён на тых, хто трымаецца незалежна. Вось розных багоў сабраў на адным капішчы побач з княжым дваром – усім адначасна можна маліцца. Але на пупку капішча ягоны ідал, бажаство вайны Пярун. Галаву з срэбра зрабілі, вусы з золата, у вачніцах зіхацяць крывавым святлом чырвоныя каменьчыкі. А іншых ідалаў зрабілі з дубу, яны і ніжэйшыя, і ўсе на Перуна глядзяць. Пастаўлены паўколам у яго за спінай, як дружына за князем. Галоўнае Ўладзімірава жаданне: каб і жыццё падобна ўладкавалася – усе на яго глядзяць, баяцца і славяць.
А хто перад ім не схіліцца, таго дружына схіліць. Піць ды біць – іншага занятку не маюць. Князю прага ўлады спакойна жыць не дае, гэтым – сквапнасць. Срэбра насыпае ім з торбы. Ды адкуль важкія грыўні бяруцца? Не з Дняпра ж іх сеткай цягаюць. Падпарадкаваць некага трэба, застрашыць, прыціснуць данінай. Ад сваіх адымі – аддай князю Ўладзіміру, баярам яго, кметам, отракам – безліч іх. Калі равуць: «Слава князю!» – пэўна, серабро раздаваў. Па восем дзён цягнуцца бяседы, па трыста бочак мёду наварваюць, п'яныя пластом ляжаць, можна па іх спінах, як па масніцах, гарадскую вуліцу прайсці. На дурную галаву і крычаць «Слава!». Уладай ён ні з кім не падзеліцца, а мёд што? – новага бортнікі прывязуць.
Яму ўлада, а што ёй? Хіба можна параўнаць: ён – вялікі князь, – «сонейка яснае», «месяц светлы», «дзяржаўны волат», як толькі ні праслаўляюць яго лісліўцы, яна – палец ад рукі адсечаны. Дык за кім праўда?.. Забыцца зноў, але адступілася вераломная Мара, не цікавіць яе новая насцярожаная душа; не паверыць ўжо Мары княгіня Гарыслава так, як верыла шэсць гадоў назад князёўна Рагнеда, адразу ўбачыць немудрагелісты падман, усміхнецца і развее дурманлівы дымок над гаркотай праўды...
Прачнулася памяць, і разбурыўся спакой ціхага шматгадовага вар'яцтва. Вось і хадзіць Рагнедзе ўздоўж Лыбедзі, ахалоджваючы свае палкія думкі. Збоку глядзець – добрае ў яе жыццё, зайздросцяць ёй тутэйшыя смерды; не трэба ёй жаць, даіць, прасці, гатаваць; хочацца – сядзіць на прызбе, захочацца – гуляе з дзецьмі, не захочацца – іх нянькі даглядаюць, захочацца сумнай песні – варта паскача, схопіць дзе старца, прывязе – ён спявае; што яна скажа – тое згатуюць; захоча на свяцілішча – ёй вазок падаюць; захоча спаць увесь дзень – ніхто не ўпікне. Лепшага жыцця і быць не можа, чараўнік лепшага не дасць, бо і прасіць няма чаго, усё мае княгіня, адно, можа, няма залатых яблыкаў і птушынага малака; нібы сказка, такое жыццё: пальцам паварушы – і ўсё быццам само сабой зробіцца. Вось што яны думаюць, а яшчэ думаюць: каму ўсё дадзена, таму і дабро не ў радасць, ужо не ведаюць, што пажадаць, толькі і застаецца гуляць дзень за днём уздоўж рэчкі...
Так, усё ёсць, думае Рагнеда, усё маю, толькі радасці не маю. Ім і ў галаву не прыходзіць, што яна больш ім зайздросціць, чым яны ейнаму шчасцю. Цяжка ім жыць, ды весялейшае ў іх жыццё – муж у хаце, ёсць з кім пасварыцца і памірыцца, ён паб'е, ён жа і пашкадуе; і радуюцца яны шчыра, і вяселлі ў іх іншыя, і не становяцца іх мужамі забойцы бацькоў, ды рэдка бывае, каб у хвіліну выбілі ўсю сям'ю. Далёка ўнізе яны ад яе, а шчасця ў іх болей. Вось яна і кіеўская княгіня, жонка Ўладзіміра, маці княжычаў, і не пужае яе неўраджай, голад, вайна, але не ўсе захацелі б памяняцца з ёю лёсам – стаць жонкай карніка, забойцы, ката бацькоў... Дык чым жыццё Ўладзіміра даражэйшае за жыццё князя Рагвалода, думае Рагнеда. Ці Ўсяслава і Брачыслава? Даўно кліча яго ў магілу чужая кроў, цягне ў пахавальны агонь, а ён адбіваецца, бароняць яго срэбралюбцы ад удару мсціўцы. Не адкупіўся ад Ягі, але жыве. Заўсёды акаляюць яго ўзброеныя малайцы. Ведае князь Уладзімір, як лёгка ўваходзіць у чалавечае цела наточаны каменем нож...
І складваліся гэтыя думкі ў гарачкавае жаданне вярнуць гонар. Ці рана, ці позна жыццё скончыцца, а гонар праз вякі жыве, ён разам з душой на той свет сыходзіць. Пойдзе душа, сустрэнуць яе людкі, убачаць, што без гонару, – і пакінуць адну: памерці, скажуць, памерла, не баялася, а вярнуць гонар пабаялася – і не прымуць да сябе, і зноў цярпець пакуты адзіноцтва, як і тут. Не выпадкам жа бліснуў святлом, выводзячы з зачараванай невідушчасці, нож прываротніка. Папрасілі багоў даць знак пакрыўджаныя людкі – забітыя маці і бацька; чакалі, пакуль дачка сама прасвятлее, не дачакаліся і самі далі падказку. Трэба звесці Ўладзіміра з гэтага свету. А потым яе звядуць. Дабрыня ўласнай рукой засячэ. Але ўсё роўна трэба забіць. Просяць бацькі і браты. Здаецца, яны і крычалі тады: «Адпомсці, Рагнеда! Адпомсці!» Яна – даўжніца за іхныя жыцці і за сотні іншых палачанскіх жыццяў. З ёю павязалася іх смерць. Клічуць крывіцкія багі праліць кроў за кроў па святому закону адплаты.
Удзень Рагнеда намагалася не думаць пра Ўладзіміра, каб дзеці не адчулі змрочнага яе клопату ці вока прызначаных Уладзімірам ахоўнікаў не разгадала сэнс яе роздуму. У таямніцы рыхтуецца помста; нечакана абрушваецца яна на злачынцу; ужо забылася чорная душа пра свае грахі, ужо лёгка ёй, нястрашна сярод парослых травой магілаў, ужо лічыць яна сябе чыстай, дараванай багамі – вось тут і знішчае яе помста, і ўспыхвае ў вачах злачынцы жах гібелі – тут і прыходзіць свята для людкаў, супакойваюцца яны там, на сваім свеце. Галоўнае, каб таямніча, нечакана, гэта найбольш пужае – навучыў Уладзімір воўчым сваім скокам на Полацак. Як ён, так яму...
Уночы ж, калі ніхто не мог падгледзець бляску злой радасці ў вачах, адчуць жорсткую сілу помслівай думкі, Рагнеда ўяўляла ў дакладнасці некалькіх рухаў блізкую адплату князю. Яна згадвала звычкі Ўладзіміра, яго п'яны юрлівы позірк, маўклівае – кіўком – запрашэнне ў ложак, стук меча, кінутага на стол, а на поясе разам з мечам вісіць нож. Меч яна не возьме – не па руце ёй цяжкі меч князя, а нож – шырокі, навостраны з абодвух бакоў – мякка ўлезе ў княжае сэрца... Свечка будзе гарэць на стале, праз адчыненыя дзверы спальні яна будзе глядзець на мігатлівы агеньчык. Князь хутка засынае; кроў у яго гарачая, у сне ён скідвае накрыўку, спіць ён на спіне ў расшпіленай кашулі... Яна дачакаецца, пакуль ён моцна засне. Тады яна падымецца, пройдзе да стала, выцягне з похвы кінжал і вернецца да ложка... Ён спіць, лёгка дыхаюць яго грудзі, і ў прыцемках спальні яна ўбачыць цёмную плямку над сэрцам. У гэтую плямку і ўдарыць вастрыё кінжала, і пойдзе, пойдзе ўглыбіню, у сярэдзіну сэрца, а праз вузкую кінжальную дзірку выляціць заплямленая злачынствамі душа... Потым яна прыйдзе да дзетак, і каля іх будзе чакаць раніцы. Абудзяцца пеўні, падымецца сонца, вось тады яна выйдзе з хаты і скажа заспанай варце: «Гэй, ваяры, зірніце, нешта зледзянела ваша яснае сонейка – князь Уладзімір Святаславіч». І яны кінуцца глядзець, не павераць сваім вачам, будуць клікаць: «Князь! Князь!», ашалеюць і пасякуць яе мячамі, і смерць для яе будзе лёгкая, бо грэх жыцця з забойцам бацькоў ёй даруецца...
Цяпер, маючы мэту і ведаючы сваю будучыню, Рагнеда ўпершыню за кіеўскія гады развесялілася. Прагна лавіла яна кожную хвіліну радасці, а радасць сама пайшла да яе – усё навокал пераўтварылася, ажыло, нібы абмытае доўгачаканым дажджом, жывой вадой. У хаце загучаў смех, не адыходзілі ад Рагнеды дзеці, у прыцемкі збіраўся вакол яе ўвесь двор, і доўга цягнуліся вясёлыя вячоркі, нагадваючы Рагнедзе полацкія вечары. Толькі Рута дзівілася на Рагнеду, не разумеючы прычыны такой крутой змены настрояў. Але не хацелася Рагнедзе адкрыць сваю таямніцу. Дазнаюцца. Прыйдзе дзень, помста здзейсніцца – усе зразумеюць, што азначала ейная весялосць – вяртанне да сябе. З увагай пачала Рагнеда слухаць чуткі пра Ўладзіміра, пра ўдачы новага яго паходу. Найбольш займала яе адно – ці хутка вернецца войска і разам з ім Уладзімір, каб прылегчы адпачыць з жонкай. Пасля вяртання ён будзе гуляць з дружынай у Бераставе; пасля гулянкі наведае ён па чарзе ўсіх свіх жонак; заедзе падараваць кароткую ласку і ёй. Таму няхай вяртаецца хутчэй і з перамогай – тым мацнейшым будзе яго апошні сон. Усё, завяршаюцца зямныя справы князя Ўладзіміра; ён, пэўна, не адчувае блізкасці конавай хвіліны; яму, відаць, здаецца, што наперадзе ў яго дзесяткі гадоў жыцця, што ён толькі падступіўся да галоўнага, толькі распачаў вялізную сваю справу – ён ужо адымае ў грэкаў нейкую Таўрыю, ужо дапамагае балгарам супроць імператара Васіля, і замірыліся з ім грэкі, няма ў іх сілы адбівацца. Ён прыгожы, разумны, можна было б ганарыцца такім князем і такім мужам – але на ім кроў, ён запырсканы крывёю з галавы да пятак. Ды што найгорш, яму гэта даспадобы. Крывавай ручаінай ён у Кіеў прыплыў. Такая любоў у яго ад бабкі, што зарэзала пяць тысяч драўлянаў, ад бацькі, Святаслава, які дзесяць тысяч балгараў пасадзіў на кол. Добра, што яго печанегі забілі. А Ўладзімір адну кроў змываў другой. «Так трэба. Дзяржава павінна ламаць непакорныя храбты...» І што – бласлаўляць яго за паходы, за ўдачу? Ці мусіць яе ўтрымаць пашырэнне дзяржаўных межаў, скоранасць разбітых суседзяў? Што ёй з таго, што яшчэ тысячы людзей падпарадкаваліся ягонай волі? Для яе ён гвалтаўнік. Яна для яго – схопленая крывіцкая самка...
Перабіраючы свае ночы з Уладзімірам, Рагнеда адзначала, што ніколі ён не шаптаў «Любімая!» ці «Люблю!», ніколі не спытаў, што ў яе на сэрцы, і жаласлівага слова, уважлівага дотыку рукі не магла яна згадаць. Не было добрай памяці, нішто не стрымлівала яе. Няхай славіць яго дружына, няхай служаць яму прывечаныя ім вяшчуны, няхай яго любяць тыя, каго ён любіць. А палонныя, прыдушаныя, падманутыя не павінны любіць, баяцца, цярпець. Цярплівасць – гэта смерць наяве.
3
Усё мае канчатак, скончылася і доўгае чаканне. Кіеўскае войска захапіла Корсунь, князь з высокага берага агледзеў таямнічую прастору мора, паслухаў тужлівыя крыкі чаек, у знак заваёвы Таўрыі зачарпнуў сваім шлемам марской вады, правёў каня па пеннай хвалі прыбою – і павярнуў палкі ў зваротны шлях, да Кіева... Вось ён у горадзе, ужо сустрэлі яго, ужо гуляе княжы двор у Бераставе, загулі там дуды, льецца ў братчыны віно, лашчаць княжых ваяроў разбэшчаныя дзеўкі – значыцца, неўзабаве наведае князь сваю жонку Гарыславу. Наслухаецца здравіцаў, стоміцца ад буйной весялосці і ў нейкі пахмельны ранак узгадае пра нудны абавязак – тужыць па ім на беразе Лыбедзі рахманая Рагнеда з чарадой дзетак, трэба і на іх паглядзець, парадаваць сваёй усмешкай... Цяпер лік ішоў на дні. Рагнеда казала сабе: вось сёння паехаў ён да Мілалікі і зараз лашчыць яе; вось на золку ён ад'язджае. І зноў ноч – сёння ён у готкі Адэлі... Вось ён спіць, раскінуўшы рукі; сонца паднялося і развяло іх... А сёння ён будзе з Аловай, сваёй першай жонкай, якую далі яму варагі, каб ён, выбіты Яраполкам з Ноўгарада, не дужа нудзіўся ў выгнані, а яшчэ дзеля таго, каб заўжды памятаў іхны клопат, прыхільнасць, дапамогу і запрашаў на непакорлівыя гарады, аддаючы з кожнага ўзятага двара баб і дзевак і па дзве грыўні платы. Ён прадаў ім Полацак, Смаленск, кіеўскія прадмесці, і Яраполка забілі таксама яны, а калі ўсё гэта яны выканалі, ён пазбавіўся іх, выправіў на Візантыю, дзе, відаць, усіх іх парэзалі і пасеклі. І ніхто аб гэтым не пашкадуе. А бедная Алова засталася пры ім, і не надта ён зважае на яе, бо за дзевяць год зачала аднойчы і княжычаў у ягоны гурт не прыносіць... Так, цяпер Уладзімір зазірне да Аловы, пагладзіць па галоўцы свайго першынца Вышаслава, які аказаўся нядужым і кволым, быццам адбіліся на ім тагачасныя няўдачы бацькі, а потым сядзе з Аловай вячэраць, і будзе наліваць сабе, і піць, піць, піць, пакуль не прыйдзе ноч, і тады ён пакажа Алове на ложак... Ды яна памылілася – князь прыехаў у наведкі да яе.
Пад вечар узнікла пыльнае воблака на кіеўскай дарозе; прыкмеціўшы яго, узбадзёрыўся прываротнік, павылазіла з розных куткоў ахова, забегалі бабы – едзе! Мчыцца Ўладзімір Святаславіч да жонкі! Хутка адзелі ў чыстае дзяцей, сама Рагнеда апранулася ў святочны строй. У ім, як ёй думалася, сустрэне яна ранкам сваю смерць. Ніколі яна так шчыра не вітала князя, як у гэтую сустрэчу; выйшла за вароты, нізка пакланілася, кранаючыся рукой зямлі – дзякуй, маці-зямля, што прывяла князя да смяротнага ложка! Уладзімір лоўка саскочыў з каня, падышоў, крыху здзіўлены такой нечаканай пашанай, і раптам весела засмяяўся – ох, ладны Ўладзімір, прыгожая ў ім сіла; нават жаль коратка ўкалоў Рагнеду, што не дадзена ім злюбіцца, – ён засмяяўся, абняў і пацалаваў яе. Але халодныя былі яго губы, жаль выпырхнуў ад гэтага холаду, і спатканне пайшло звычным ладам.
Ён пагуляў з дзецьмі, потым селі да стала, Рагнеда наліла і паднесла мужу чару, ён адпіў і вярнуў ёй – адпіць за радасць сустрэчы пасля паходу. Напачатку яму і гаварыць было неяк цяжка, зусім не ў ахвоту – нагаварыўся на папярэдніх гулянках, нудна, здавалася, пераказваць усё для жонкі, ды пасля некалькіх чарак князь запаліўся і падрабязна гаварыў пра паход, асаду і ўзяцце Корсуні, пра далёкія выгады перамогі: захвалюецца кесар Васіль, задумаюцца яго радцы, атрымаем саступкі, узмоцніцца паўднёвая кіеўская мяжа, сцішацца печанегі... Рагнеда слухала, згаджалася; князь разважаў пераканаўча, гэтак, відаць, усё і будзе, як ён гаворыць, у дзяржаўных справах ён стаў разумны; ды і ён не ўсё ведае – не ведае ён, што далёкіх выгадаў яму не ўбачыць, а роўна і блізкіх; наўрад ці падымецца ён на досвітку. Вось прыцемкі падышлі, сонца закацілася, а разам з ім коцяцца да канца жыццё князя і ейнае жыццё... Гэтая неадхільнасць, непазбежнасць яго пагібелі, яе смерці, немінучыя бедствы і пакуты дзяцей, асуджаных на сіроцтва, засмучалі яе; хацелася ёй, каб ён адчуў незвычайнасць гэтага вечара, угледзеўся ёй у вочы, убачыў яе боль, суровасць, тугу, узгадаў свае грахі, неадмытую кроў і павініўся, сказаў хоць бы слова суцяшэння, шчырага жалю... І яна даруе, у яе рука не падымецца, калі яна ўбачыць у ім раскаянне і спагаду.
Рагнеда чакала гэтых выратавальных словаў, у думках яна прасіла: «Абудзіся, князь! Не губі сябе і мяне праз грубасць! Пачуй мяне!»; аднаго пяшчотнага слова, чуйнага позірку было б дастаткова, каб зламаць яе рашучасць. Але ён, захоплены ўдачамі сваёй справы, гаварыў пра ралляў, балгар, печанегаў, кесара, пра новы вялікі паход на вяцічаў і голядзь, і нішто іншае не закранала яго душу...
Нечакана ён успомніў аб дзецях і схадзіў пагладзіць іх. Але зноўку сеўшы за стол, адразу пра іх забыўся і пачаў старое, больш для сябе важкае: вяцічы бунтуюць, балгары хітруюць, даніны не хапае, Царгорад хістаецца, Таўрыя мая. Потым зірнуў на Рагнеду, пажадліва ўсміхнуўся, выпіў апошнюю чару і кіўнуў на ложак: «Спаць?» Яна паднялася: «Так, самы час!» Князь сам імкнуўся насустрач смерці... Вось ён зняў пояс і паклаў на стол меч і нож. Вось яна ідзе да ложка; скідае на падлогу спадніцу... Ох, як труна, халодная іх сямейная пасцель. І нашто прымаць гэта апошняе катаванне спарваннем. Ды ніяк не абысціся без гэтай пакуты, і муку сваю трэба стрываць. О, багі, дайце сцярпець холад ягоных рук, груз яго цела! Тахкае, б'ецца яго сэрца за панцырам рэбраў. Варта палашчыць іх, выбіраючы зручны ўваход для нажа. Вось яны, лагчынкі між рэбрамі... Так, усе прыступныя, не толькі князь Рагвалод, яго жонка і сыны! У вялікага князя кіеўскага такая ж тонкая скура... Вось блішчаць яго вочы; у іх бурліць юр; аслеплены князь Уладзімір юрам, агідна глядзець зараз на яго твар; лепш заплюшчыць вочы і перачакаць хвілі яго шаленства, нічога не бачачы... Вось ён дыхае стомленымі ўздыхамі пераможцы. Пэўна, прыемна князю, што ён аддаў гадавую даніну Гарыславе і цяпер ужо будзе вольны ад яе да наступнага лета, і ўжо бачацца яму новыя людзі, новыя землі, радасць дзяржаўных загадаў. Вось рука яго лянівым сонным рухам прапаўзла па яе целу, кранула грудзі і схавалася пад уласную галаву. Усё, ён закінуў рукі – змарыў яго сон. Спі, князюшка, спі! Лёгкая будзе табе смерць, без тых жахаў, што прымусіў ты зведаць маіх бацьку і маці, не ўбачыш ты сваю дачку на бруднай саломе пад насільнікам, не пырскне па тваіх вачах кроў тваіх сыноў, і сам ты не ўбачыш смяротнага цёсу. Лёгка табе ўсё давалася, нават смерць у цябе прасцейшая, чым у іншых...
Ціха ў хаце, у суседнім пакоі дагарае свечка. Трэба новую запаліць, думае Рагнеда, без святла не патраплю я ў сэрца. Яна падымаецца, Уладзімір скрозь сон нешта мармыча, ёй здаецца: «Куды ты?» – «Свечку змяніць, – ціха гаворыць яна. – Не бачна цябе». Рагнеда падыходзіць да стала, запальвае ад слабенькага агеньчыка другую свечку, капае на стол воскам і мацуе свечку каля нажа. Злавесна блішчаць яго пазалочаныя тронкі. Схапіць бы яго... Не, нельга спяшацца, яшчэ не час, не ўцячэ Ўладзімір, у пастцы ён, капішчам стане іхняя пасцель, а ён ахвярай – чакаюць багі яго крыві, атрымаюць яны вялікую асалоду. Вось дагарыць тонкая свечка – тады і кон; няхай жыве, няхай сніць сны пра рамеяў і Таўрыю, пакуль свеціць трапяткі агеньчык...
І ўвесь час, пакуль свечка аплывала васковымі слязьмі, калыхаліся перад вачыма Рагнеды нейкія барвовыя плямы, цьмяна праглядаліся скрозь іх знаёмыя постаці – яна разумела, што яны мацуюць яе руку... Раптоўна ўбачыла яна ў куце трох старых з Палаты, нерухома назіралі яны за ёю, і ад іхнай уважнасці тужліва замерла сэрца; нашто яны тут; прыносяць яны з сабой няўдачу; заўжды перад новай бядою заглядаюць яны ёй у вочы. А-а, здагадалася Рагнеда, – ёй жа памерці сённяшнім ранкам, яны развітваюцца. І не стала старых, нібы трапна разгадала яна гэта прывід...
Вось свечка дагарае. Рагнеда кранула князя локцем. Уладзімір не адчуў. Яна ўзнялася і, не азіраючыся, пайшла да стала. Лёгка, з гатоўнасцю, выпаўз з похвы матавы клінок. Рагнеда заціснула нож у руцэ – пад вялікім пальцам аказалася круглае наверша з камянём. Моцна сціскаючы прыладу смерці, яна ціха наблізілася да ложка. Уладзімір не паварушыўся. «Спіць як забіты, – падумала яна. – Мёртвым сном». Яна прыглядзелася да яго грудзей, шукаючы абранае для ўдару месца. «Толькі бы ён не закрычаў», – падумала яна, згадаўшы дзяцей. Нож ужо ляцеў уніз, але гэтая раптоўная і нечаканая думка скрывіла руку і лязо трапіла не ў сасок, а ў рабрыну і пайшло па ім, узрэзваючы скуру...
Князь прыўскочыў і прачнуўся; яшчэ не зразумеўшы, што з ім, ён, па чуццю небяспекі, збіў Рагнеду з ног ударам кулака. Грукнуў аб падлогу нож. Боль раны, мокрая ад крыві кашуля, варожы, раз'юшаны позірк жонкі імгненна растлумачылі князю, што адбылося. У яго вачах мільгануў страх – ён адчуў, як блізка стаяла смерць; Рагнеду гэты кароткі княжы жах суцешыў – Уладзімір быў жывы, ён выратаваўся, ёй зноў не пашчасціла, цяпер ужо назаўсёды. Яна бачыла, як ён ускочыў, прыціснуў руку да раны і ўтаропіўся ў нож, на якім засталіся кроплі крыві. З абыякавасцю да наступнай сваёй хвіліны яна глядзела на Ўладзіміра. Вось ён схапіў нож і падступіў да яе. З вялізнай клямай крыві на кашулі стаяў ён над Рагнедай, і напружана дрыжэў ва ўзнятай яго руцэ кінжал. Лютасць адняла ў яго мову; нейкім воўчым рыкам выходзілі з яго вуснаў словы прысуду – але ўсадзіць у жонку нож ён устрымаўся, малой здалася яму такая адплата. Раптам усвядоміўшы, што галоўны яе губіцель, першы яе вораг жывы і будзе жыць, Рагнеда зарыдала; сціскаючы галаву рукамі, ківаючыся, яна адчайна пытала лёс: «Чаму ён жывы? Чаму жывы?»