355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Тарасаў » Тры жыцці княгіні Рагнеды » Текст книги (страница 1)
Тры жыцці княгіні Рагнеды
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 22:20

Текст книги "Тры жыцці княгіні Рагнеды"


Автор книги: Кастусь Тарасаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 9 страниц)

Кастусь Тарасаў

Тры жыцці княгіні Рагнеды



Л.Ч.


* * *

Лёсы людзей, якія паўстануць у аповесці, здзейсніліся тысячу гадоў назад. Але галоўныя дзеячы таго часу ўсім вядомыя: Уладзімір, Яраполк, Дабрыня, Святаполк, Яраслаў Мудры... Ёсць і менш вядомыя: у летапісным аповядзе пра жыццё князя Ўладзіміра праходзяць яны беглымі ўзгадкамі, як нейкія тычкі яго бурлівага веку. Для князя сустрэча з імі – выпадковая падзея, для іх сустрэча з ім – фатальны заварот лёсу. Менавіта такімі сталіся адносіны Ўладзіміра з Рагнедай – полацкай князёўнай і адной з жонак князя ў «дахрысціянскія» яго гады. Уладзімір гвалтам злучаў у адзінае гаспадарства асобныя плямёны, пашыраў дзяржаўныя межы, радніўся з Візантыяй, прымаў хрышчэнне і хрысціў Русь, разбураў старую і мацаваў новую свядомасць – ён пражыў яскравае, насычанае, як мы зараз гаворым, выдатнае жыццё. І побач з ім у чарадзе шасці жонак – Рагнеда: па правах паходжання яна мае быць дастойнай удзельніцай усіх дзяржаўных спраў і здзяйсненняў, у рэальнасці ёй пакінуты адзіны абавязак – нараджаць, у іншай якасьці яна князю непатрэбная. Жыццё падпарадкаванай істоты не можа быць бліскучым, нават цікавым; яно здзяйсняе не сябе, не сваё – чужое. Гэта шэрае, разбітае жыццё, яно разбурана разрывам паміж жаданым і магчымым. Але Рагнеда паўстала, і гэта ярка асвятліла яе мяцежны дух, натуру, характар. Не ўзніміся яна ад слёз і нараканняў да бунту – і канула б яна ў невядомасць, як іншыя жонкі князя, ад якіх захаваліся толькі скажоныя імёны...

Адным часам гісторыя жыцця Рагнеды здавалася аўтару зразумелай; потым адназначнасць прынятых тлумачэнняў («рэўнасць», «гонар») неяк расплылася з-за недакладнасці і неакрэсленасці сэнсу. І аднойчы ў Полацку ў сонечны чэрвеньскі дзень, калі з густатой завеі нёсся па горадзе тапалёвы пух, раптам мінулае сышлося з цяперашнім і быццам расчынілася акно з відам на Дзвіну і Палату, дзе стаяў у дзесятым стагоддзі сталічны крывіцкі дзядзінец і дзе нарадзілася дзяўчынка, якой было наканавана прайсці ўсе кругі бедстваў...

А яшчэ бліз Менска і штучнага Менскага мора знаходзіцца мястэчка, а ў даўніну сталіца ўдзельнага княства – Заслаўе, ці, як менавалі яго першыя летапісы, – Ізяслаўль. Тут захаваліся курган Рагнеды, ручаі, названыя старажытнымі насельнікамі ў памяць пра Рагнеду, – Княгінька і Чарніца, ёсць тут паблізу Свіслачы пагорак на месцы старадаўняга дзядзінца і высокі, зарослы травой вал былога замка. Чарніца і Княгінька ўпадаюць у Свіслач – у Бярэзіну, тая – у Днепр, а Днепр у той час быў галоўнай магістраллю. Вось па гэтых рэках і прыбыла Рагнеда ў Заслаўе з Кіева пасля замаху на жыццё мужа. Неўзабаве пасля таго Ўладзімір ахрысціўся, ажаніўся, і Рагнеда, па словах царкоўнага храніста, «испечалясь», прыняла манаства. І ўсё – болей пра яе ні слова. Быццам дванаццаць наступных гадоў, пражытых у Заслаўі, Рагнеда адно толькі і рабіла, што малілася. Што ж мелася яна замольваць? Якая горыч прымусіла яе кінуць на чужы клопат пяцёх сваіх дзетак і замкнуцца? Ці не толькі малілася? Ці наогул не малілася, і не гаворыць пра маркоты яе адзінокага жыцця чарнец-летапісец дзеля большай славы праваслаўнай царквы, у якой Рагнеда лічыцца першай на Русі манашкай. Не па сваёй, аднак, волі...

Лёс наш нараджаецца раней за нас; яшчэ не загукаў чалавек аб сваім з'яўленні на белы свет, а ўжо ён стаіць напагатове. Нябачны ён; наперад глядзяць людзі, а лёс за спінай, – кіруе, як вознік, запрэжкай нашых жаданняў; ужо потым, калі позна і непапраўна, здагадваемся, чый няпэўны рух чуўся ззаду і чый неадчэпны позірк ляжаў на патыліцы... Так і з Рагнедай. Ніколі не бачыла яна князя Ігара, княгіні Вольгі, Святаслава, але іхныя справы і клопаты моцна яе закранулі. Таму абысці ўвагай гэтую лінію ніяк немагчыма. Пра князя Алега, дзякуючы Пушкіну, усе ведаюць, што ён «на череп коня наступил и молвил: «Спи, друг одинокий... Не ты под секирой ковыль обагришь и жаркою кровью мой прах напоишь». Але здзейснілася слова чараўніка, і сканаў «внезапно ужаленный князь». Здарылася гэта ў 912 годзе, а падзеі нашай аповесці адбываюцца гадоў на семдзесят пазней. Крыху раней наканаванай пагібелі Алег правёў паход на Царгорад, дзе прыбіў свой шчыт да брамы візантыйскай сталіцы. Хадзіў «на грэкаў» і Алегаў наступнік на кіеўскім пасадзе князь Ігар у 941 і 944 гадах.

Ён таксама скончыў «жывот свой» не сваёй смерцю; узлаваныя яго празмернай сквапнасцю драўляне забілі князя, і здарылася гэта ў існуючым і сёння горадзе Малін, у якім княжыў тады драўлянскі князь Мал. А потым драўлянаў пакарала княгіня Вольга. Выказала яна цвёрдасць жаночага сэрца, моц любові да мужа, безлітаснасць вярхоўнай улады, і згарэлі драўлянскія баяры ў вогненнай яме жыўцом. Вогнішча тое па сённяшні дзень гарыць на летапісных старонках, пазначаючы крутасць гістарычных пераменаў. Ні над кім не злітавалася Вольга з драўлянскіх баяраў – як птушыныя спевы, слухала яна іхныя крыкі з ахвярнага агню; ды ўсё ж памілавала дачку і сына забітага Мала. Таму, відаць, злітавалася над імі, што былі яны ў самых малых гадах. Наўрад ці Дабрыня навучыўся добра хадзіць, а сястра ягоная Малуша вырасла з пялёнак. З цягам часу стала княжна Малуша ключніцай на Вользіным двары. І можна думаць, што весялела на сэрцы княгіні Вольгі, калі назірала яна, як дачка князя Мала выконвае халопскую службу, а сын ягоны стаіць прываротнікам – расчыняе і зачыняе ўязную браму. Ды жыццё – дзіўны распарадчык: ціхая ключніца спадабалася сыну Вольгі князю Святаславу, і нарадзіўся ад іх любові князь Уладзімір, названы потым рускай царквой «роўнаапостальным» за хрышчэнне Кіева.

Апроч пабочнага Ўладзіміра, былі ў Святаслава сыны Яраполк і Алег – ад «законных» жонак. Тут да месца ўявіць, што князь Святаслаў любіў сваіх дзетак, як любіць кожны бацька сваіх сыноў, і яны любілі тату, увіхаліся каля яго, калі сыходзіў ён з каня пасля пераможных паходаў; што браты любілі адзін аднаго, гулялі разам, гарэзнічалі, вучыліся, слухалі бацькава слова, і прыемна было Святаславу глядзець на тройцу малайцоў, якія ў будучыні павядуць далей ягоную справу. Але да братоў яшчэ вернемся; перамогі князя Святаслава таксама патрабуюць ўпаміну. Гэта ён прайшоў да Каспійскага мора, разбіў хазараў. І печанегі, якія выцеснілі з Прычарнамор'я мадзьяраў да Дунаю, гэтаксама паспыталі сілу яго мяча. Святаславу абавязаны ўзнікненнем Белгарад на Чорным моры ў Днястроўскай губе. Гэта ён быў неадольны ў бітвах, але і ён жа з лютай жорсткасцю пакараў пераможаных балгараў – дваццаць тысяч палонных былі ці распятыя на крыжы, ці пасаджаны на палі...

Не ведаў той век літасці...

На сілу ёсць хітрасць. У 972 годзе на дняпроўскіх парогах асадзілі малую дружыну Святаслава палкі печанегаў, і загінуў адважны князь, а печанежскі хан Курэй загадаў зрабіць з чэрапа ворага чару. Піў хан з гэтай золатам аздобленай ёмістай чары, верачы, што сіла Святаслава пераходзіць у яго разам з віном. Ці не піў, а трымаў чару ў руцэ, разважаючы пра кароткасць жыцця і крохкасць славы, – хто ведае!..

Тры згаданыя сыны Святаслава, на той час падрослыя, атрымалі па старшынству гарады для княжання: Яраполк, пераняўшы вярхоўную ўладу, застаўся ў Кіеве, Алегу дасталася драўлянская зямля, Уладзімір разам са стрыем сваім Дабрынем ад'ехаў у Ноўгарад... Жывуць Святаслававы сыны па сваіх кутах, думаюць кожны сваю думу, і пакрысе блізіцца пачатковая дата нашай аповесці – 980 год. Што яшчэ адбылося паблізу гэтага памятнага вузельчыка на нітцы часу? А вось што: браты пасварыліся, пачалася вайна малодшых са старэйшым за аддзяленне. Загінуў на гэтай вайне князь Алег, а Ўладзімір быў выгнаны з Ноўгарада і ўцёк да варагаў. Праз два гады ён вярнуўся, ноўгарадцы яго прынялі, і, такім чынам, Кіеў і Ноўгарад зноў пайшлі да сутычкі.

Трэцім значным горадам таго часу была сталіца крывічоў Полацак, які стаяў на шляху з варагаў у грэкі. Валадарыў у ім князь Рагвалод. І вось конавы збег абставінаў: Уладзіміру мінула васемнаццаць гадоў, Яраполку – дваццаць, а дачка Рагвалода полацкая князёўна Рагнеда дасягнула ўзросту нявесты.

Выданніца ў даўніну істотна рознілася ад сённяшніх – дзяўчына чатырнаццаці гадоў лічылася спелай нявестай. Вось на час вайны братоў Святаславічаў настала пара замужжа і для Рагнеды. Даспелая дачка крывіцкага князя, безумоўна, прымалася ў разлік малайцамі, што мелі правы дасылаць сватоў на княжы двор. Думалі пра яе Яраполк са сваімі баярамі і Ўладзімір са сваімі. Не па любові сваталіся да Рагнеды браты; лепш сказаць – з нянавісці адзін да аднаго; за кім дачка – за тым і цесцева войска, той і мацнейшы, і лягчэй яму зламаць роднаму брату хрыбет...

Вось, бадай што, і ўсё, чым хацелася папярэдзіць аповесць. Нічога, праўда, не моўлена пра Рагнеду, апроч узросту. Але няма нічога больш красамоўнага, як пражытыя гады; дзесяць... трыццаць... семдзесят... Усё за лічбай: выгляд, сіла, захапленні, клопаты. А Рагнедзе – чатырнаццаць. Б'ецца ейнае сэрца жаданнем любові, радасці, шчасця, прагне таямнічага дарослага жыцця... Хто не згадае светлыя сны, смутак і малітвы закаханага сэрца, дзіўныя малюнкі мары, пасля якіх робіцца нясцерпна нуднай будзённая ява! У глухі начны час абыходзіць не бітае жыццём юнацтва самая вераломная з багіняў – багіня наслання Мара; як толькі яе лёгкі позірк дакранецца чыстай, не мудрай яшчэ душы – снуецца летуценны сон, узыходзіць сонейкам недасяжная мара... І хочацца жыць, жыць вечна! Гэткім, здаецца, цудоўным будзе тваё жыццё...



Жыццё першае


1

Восенню ў барвовую пару, калі загудзелі полацкія двары шматдзённымі вяселлямі, прыйшла і да Рагнеды падманлівая Мара, адымаючы спакой нявінных сноў. У адну ноч свет раздвоіўся на жаночае і мужчынскае, і адчула Рагнеда, якая сіла зводзіць гэтыя пачаткі. Раптам пачалі прыпякаць учэпістыя позіркі сустрэчных хлопцаў: ацэньвалі яны мужчынскім вокам прывабнасць князёўны, і яна скурай адчувала таямніцу іхнай увагі. Раптоўна ўзнік у снах таемны вобраз – грудзі сціскала салодкая боязь, гарачымі кругамі бегла па целе кроў, калі з'яўляўся светлы юнак і браў за руку, і прытуляў да шырокіх грудзей, дзе пад белай кашуляй білася моцнае з уладарнай сілай сэрца. Шапталі яго губы нейкія загадкавыя словы, і самое варушэнне ягоных губ было жаданае. Удзень гарачкавае хваляванне крыху прыгасала, твар незнаёмца цьмяна бачыўся на святле, і начныя сустрэчы ператвараліся ў таемную мару пра прыезд сватоў, розгляды, прыбыццё жаніха і вясельны поезд, з якім яна панясецца да бясконцых гадоў шчасця.

Прыцемкамі, калі Рагнеда сядзела разам з маці пры кудзеллі, а каля бацькі садзіліся браты Ўсяслаў і Брачыслаў, і збіраліся ў нагрэтую хату матчыны і бацькавы людзі, марылася Рагнедзе пад ціхае журчанне верацяна пра свае такія ж пакоі, чуўся скрозь голас бацькі, які забаўляў маці вясёлым ці журботным аповядам, голас свайго суджанага, ласкавы голас клопату, і прасякала яе нецярплівасць любові... Прыйшоў час: Рагнеда жадала адгадаць галоўныя загадкі жыцця...

Пасля Калядаў у колкі марозны дзень прымчаў на запененым кані стражнік з блізкай заставы і прывёз князю Рагвалоду перададзеную па ланцугу вестку, што едуць людзі Яраполка і хутка прыбудуць. Хваляванне ахапіла полацкі дзядзінец, а з яго панеслася пагалоска па ўсіх гарадскіх дварах. Бабы сходзіліся і гадалі, колькі пасагу павязе з сабой князёўна ў далёкі Кіеў і каго з дзевак выбера княгіня ў дружкі сваёй дачцэ на вяселле, а прызнаныя пяюхі ўжо бачылі сябе на будучым свяце на чале карагодаў, што праводзяць нявесту ў лазню і з лазні, і на жаласных спевах дзявочніка, і ў вясёлай грамадзе ля вясельнага стала, а разважлівыя мужыкі меркавалі пра карысць, якую дасць Полацку гэты саюз, бо ўсе карагоды і спевы, і кубельцы з дабром, што займаюць кароткі бабскі розум, нічога не вартыя, а мае важкасць на княжацкім вяселлі адзінае – умовы, на якіх князь Рагвалод пагодзіцца аддаць на ўцеху Яраполку сваю дачку.

Так, умовы... Адказная настала хвіліна, вырашалася будучыня на многія гады, і сышліся ў княскі дом блізкія Рагвалоду баяры абмеркаваць, чаго пажадае Кіеў для сваёй выгады, на чым трымацца для карысці Полацка, дзе зарубіць Полацка-Кіеўскія межы, чыімі будуць волакі паміж Дзвіной і Дняпром. Яраполку, казалі баяры, вялікай веры даваць нельга; гэта зараз ён лагодны, пакуль церпіць няпросты час – са стэпу печанегі падціскаюць, хазары не трымаюцца мяжы, Уладзімір з ноўгарадцамі гэтаксама не пустая пагроза. Зразумела, нашто Яраполку Рагнеда, – паўстае паміж Кіевам і Полацкам трывалы мір. Аднак і нам карысны роўны саюз: мага іншыя важныя справы зрабіць – умацавацца на Прыпяці, пасунуць полацкія прыгарады на літоўскіх землях і ўніз па Дзвіне...

Сядзелі сталыя баяры, параўноўвалі магчымае з лепшым, і калі б сказала ім Рагнеда пра свае турботы: ці прыгожы Яраполк, якога ён росту, якія ў яго вочы, да чаго прызвычаены, – пасмяяліся б яны ёй у вочы. Не дачыняюцца да ейнага замужжа ягоныя прыгажосць і характар. Няхай ён да ваўка падобны, гэты кіеўскі Яраполк, – усё роўна аддадуць яму Рагнеду. Калі будзе яна з Яраполкам – дарма тое прыйдзе, што зброяй цяжка ўзяць. Цяпер пра Рагнеду адзіны клопат – замкнуць у хаце і берагчы ад псоты, сурокаў, ліхой рукі. Столькі можа выгадаць Полацак на княскай дачцэ, што ўсё войска полацкіх зямель таго не здабудзе...

Як сустрэлі сватоў, як іх прымалі, не бачыла Рагнеда, седзячы з бабамі і дзеўкамі пад наглядам. Часам заходзіла маці, абдымала Рагнеду і прыплаквала: што чакае князёўну ў далёкім тым Кіеве? Добра, спадабаецца яна Яраполку, а калі не палюбіцца – ці лёгка нуду і адзіноту цярпець? Адно – жыццё дзявочае, іншае – за мужам, нездарма і новае імя абірае сабе жонка. Заканчваецца адно жыццё на дзявочніку, пачынаецца другое ранкам пасля вяселля... А Рагнедзе і страшна, і радасна. Прыехалі сваты, заўтра паклічуць да іх даць адказ, і ўсе будуць глядзець на яе... А неўзабаве прыедзе Яраполк, іх звядуць, пасадзяць за стол, а потым праводзяць у шлюбны пакой, ён сядзе на лаўку, яна сцягне з яго боты, і ён задзьме свечку... Нікога да яе не пускалі, але дамаглася Рагнеда, каб прапускалі да яе Руту – аднагодку і першую сяброўку. З восені Рута была замужам за князёвым дружыннікам, ужо яна зацяжарала, і Рагнеда, зайздросцячы некаторым ейным ведам, давярала яе слову болей, чым навучанням старых бабак і старых цётак, што здабывалі з памяці свае даўнія маладыя перажыванні. Гадзінамі шамацеў таямнічы іхны шэпт, і сілу запаветнай таямніцы набывала для Рагнеды блізкасць з мужам, якая наступала па згасанні свечкі... А бацька навучаў, як трэба выйсці да сватоў, калі паклічуць, дзе стаяць, як пакланіцца, якімі словамі адказаць...

Вось і падышла пераломная хвіліна – Рагнеда дрэнчылася каля дзвярэй, слухаючы вясёлую гамонку знаёмых і незнаёмых галасоў за сцяной. Раптам гаворка змоўкла, пачуліся крокі, дзверы расчыніліся, і бацька сказаў: «Уваходзь!» і падбадзёрыў усмешкай. Замерла на імгненне сэрца, адзначаючы першы крок у новае жыццё, і Рагнеда пераступіла парог. Кінуўся ў вочы новы вышываны абрус на стале, а за сталом сядзелі тры дабрадушныя, барадатыя дзядзькі – сваты. Яна прайшла на сярэдзіну пакоя і пакланілася ім. «Князёўна нашая – Рагнеда!» – прагучаў голас бацькі. Сваты ўзрадавана заківалі, быццам раней ім было няўцям, каго паставілі перад імі, утаропіліся на князёўну, і Рагнеда засаромелася ад іхных пільных позіркаў. Усё, што рыхтавалася бацькам і прыбылымі кіяўлянамі, вяло да вяселля, да нараджэння дзіцяці, і Рагнедзе здавалася, што людзі, якія ўважліва аглядаюць яе, чуюць палкія ўдары крывяных струмянёў у лона, чытаюць яе пужлівыя думкі пра сустрэчу з жаніхом, пра першую іх ноч у цемры шлюбнага пакоя: нібыта голая, стаяла Рагнеда перад Яраполкавымі сватамі...

Князь Рагвалод, даўшы час дачцэ асвоіцца, а гасцям прыгледзецца, сказаў з падкрэсленай адчужанасцю, быццам не надта яго датычыла і ад ягонай волі не залежала:

– Вось, Рагнеда, прыехалі сваты ад князя Яраполка. Ці пойдзеш за кіеўскага князя?

На памяць ведала яна бацькоўскае павучанне, з лёгкасцю магло зляцець яно з языка, але перасохла ў роце ад боязі, сораму і хвалявання, сэрца адчайна білася, адчувала Рагнеда, у якую цану ставіцца зараз яе згоднае слова, і не магла растуліць як бы склееныя ў гэты момант губы. Маўчанне зацягвалася; прыкрасць прамільгнула па бацькавым твары і зламала дзіўную і для самой Рагнеды яе немату.

– За Яраполка – пайду! – адказала яна, падымаючы вочы на кіяўлянаў, і тыя, задаволеныя, па звычаю пакланіліся...

Многа часу сплыло, пакуль зразумела Рагнеда тое запалае ў памяць здзіўленне на тварах сватоў у хвіліну яе маўклівага выйсця з пакоя. Што ўбачылі яны? Выйшла дзяўчынка, апранутая ў добры строй, блішчэлі на ёй залатыя падвескі, ляжалі ў тры ніткі на белай кашулі пацеркі з бурштыну. Што асаблівага ў гэтай дзяўчынцы? Ёсць і прыгажэйшыя. Адна вартасць – дачка князя Рагвалода, полацкага роду дзіця. І дзеля аднаго слова ехалі яны скрозь завеі, цярпелі мароз, слухалі выццё галодных ваўкоў, спалі дзе прыйдзецца, елі іншым днём прамерзлы хлеб з прамерзлым мясам – і ўсё гэта, каб пачуць вымаўленае няпэўным голасам «пайду!», хоць і ў час выезду з Кіева не мелі сумніву, што іншага адказу не пачуюць. Але мусіла прагучаць гэтае слова ўслых і завіснуць у паветры клятвеннай непарушнасцю. Стане пасля гэтага Рагвалодава дачка кіеўскай княгіней, а калі здолее зачараваць Яраполка, дык ад яе слова жыцці будуць залежаць, магчыма, і іхныя баярскія жыцці, іх няўдачы ці поспех. Вялікую моц набудзе тады гэтая зграбная, сарамлівая яшчэ дзяўчынка; ніякай працай і заслугамі не здабыць ім такой улады, а вось яна вымавіць «пайду!» і адразу падымецца вышэй іхных галоваў – ужо ім і кланяцца ёй першым. І нічога больш у гэтай дзяўчынцы зараз няма. І наогул нічога ў ёй асаблівага – дзеўка як дзеўка; але гадамі падыходзіць – вось і нагода ўзмацніцца Кіеву і ўзмацніцца Полацку. Выпадак паставіў яе на сярэдзіну пакоя, каб сказаць неабходныя для дамовы словы «за Яраполка!» Шмат жонак можа набраць сабе князь Яраполк; і ёсць у яго жонка – расстрыжаная грэчаская манашка, ды з яе нічога, акрамя начной уцехі, а з полацкай князёўны і Кіеву, і князю карысць: у небяспечны час дзве сілы будуць яднацца. Дзеля гэтай мэты і прыедзе сюды летам Яраполк, і павязуць чаўны гэтае крохкае дзяўчо ў Кіеў, на княскі двор, і пераселіцца ў якое-небудзь сяльцо ў кіеўскіх прадмесцях смуглявая, чарнавокая грачанка. І будзе вяселле, і пойдуць гулянкі ў Высокім горадзе, а потым, праз адмераны багамі час, пачне гэтая дзяўчынка дараваць князю дзетак. А як загамоніць у хаце чарада княжычаў – ператворыцца сарамлівая Рагнеда ў жорсткую, як меч, вялікую княгіню, і хто скажа, ці не выпадзе ёй кіраваць дзяржавай, як кіравала Кіевам Вольга, а Полацкам бабка гэтай Рагнеды, маці Рагвалода, княгіня Прадслава, калі засталася ўдавой? Нікому не дадзена ведаць наперад ні свайго, ні чужога жыцця. Таму і трэба нахіліць галаву, прызнаючы сілу і таямніцу лёсу...



2

Сказала Рагнеда «пайду», ад'ехалі кіеўскія сваты, і пабегла полацкае жыццё далей з ранейшым раскладам дзённых справаў і звычнымі вячоркамі. Нішто, здавалася, не мела парушыць спакойнага чакання радаснага лета, як неспадзявана абвясціла пра сябе, ствараючы сумятню, пабочная сіла... Аднаго дня прымчаў да князя вястун з ноўгарадскага сумежжа і здзівіў Рагвалода навіной – едуць да Рагнеды сваты з Ноўгарада, ад князя Ўладзіміра. І зноў пабегла па дварах полацкага пасада пагалоска, гэтым разам трывожная: не быць дабру, калі два браты да адной дзеўкі падступаюцца... Зноў сышліся ў княжай хаце блізкія Рагвалоду баяры; нічым не рознілася іх меркаванне ад пасадскага – пагражае бедства, непазбежная ўлетку вайна. Калі Ўладзімір не чуў пра сватанне Яраполка, дык разлічвае ўзмацніцца полацкім палком, запалохаць брата такім узмацненнем. Калі ж ведае пра сватаўство і пра згоду Рагнеды, то ноўгарадскія сваты – выклік Кіеву і абраза Яраполку: насмеліўся малодшы брат памерацца мечам са старэйшым. Аднак, калі ведае – то выклік і Полацку. Адмовіць яму – ворагі назаўжды. Ды, хутчэй, невядома Ўладзіміру, інакш не наважыўся б: за Яраполкам вялікая кіеўская сіла, а што за Ноўгарадам? Не, не ведаў Уладзімір; здаецца яму, што апярэджвае брата, ужо, відаць, радуецца поспеху простай сваёй хітрасці, а на яве цягнецца за хвастом Яраполка – малодшы і ёсць малодшы. Радніцца ж Рагвалоду з Уладзімірам, Полацку з Ноўгарадам – карысці небагата: не сцерпіць Яраполк братаву самастойнасць, небяспечнае ноўгарадскае аддзяленне. І чаго варты Ўладзімір? Мала што яму хочацца; усім многа хочацца, ды абраным даецца. А ісці з Уладзімірам на Яраполка – усё роўна ісці на Кіеў, бо туды памкнецца малодшы Святаславіч; пэўна, спіць і бачыць сябе на кіеўскіх горах, на бацькавым месцы. У любым выпадку б'юцца браты за кіеўскі сталец. Што ж выходзіць: ці з Яраполкам сцішаць Уладзіміра ў Ноўгарадзе, ці з Уладзімірам здабываць Кіеў. Дык якая Полацку выгада – мяняць старэйшага брата на малодшага? Не, вырашылі князь Рагвалод і баяры, трэба адмовіць слабейшаму ноўгарадскаму князю. Не на сваё месца нацэліліся малады рабыніч і дзядзька ягоны, былы халоп, прываротнік. Радаваўся б, што даў бацька княжанне, ды сядзеў бы ціхай мышшу на сваім Ільмені... І яшчэ вазкі ноўгарадцаў не з'явіліся на Дзвіне, а ўжо складзены быў адказ, і завучыла яго Рагнеда. Тое мусіць яна казаць, што бацькам абдумана: яго розум, яе вусны...

Сустрэлі ноўгарадцаў прыветна, нібы не ўцяміўшы мэты прыезду, далі адагрэцца і пачаставалі – ды і чаму злаваць на іх? Ні ў чым гэтыя людзі, што з паўмесяца мерзлі ў дарозе, не вінаватыя – не ўласнае жаданне пасадзіла іх у вазкі і пагнала за тысячу вёрст. Наступным ранкам выспаныя госці абвясцілі сваю пасольскую справу. У вас ёсць птушка, а ў нас ёсць лавец, казалі сваты, у вас – князёўна-выданніца, а ў нас малады князь, мо, яны адзін аднаму – суджаныя... Рагвалод адказваў, што ёсць у іх дачка, але малая гадамі, слабая на здароўе, яшчэ пры маці сядзіць, лаўцоў пакуль што баіцца, а да каго яе сэрца пакліча, не бацькам вырашаць, тут яна сама сабе загадчыца... Нарэшце паклікалі Рагнеду. І зноўку апынулася яна пасярод хаты, і ноўгарадскія сваты разглядалі яе, а яна пакланілася ім і апусціла вочы, ды ўжо не ад сораму, як было перад кіяўлянамі, а з-за шчымлівай няёмкасці, што праз хвіліну пачуюць яны крыўднае слова. Усе тыя бацькавы дарадцы, што сведчылі першае сватанне, зараз глядзелі з няшчырай цікаўнасцю, і смуткам адклікалася ў душы Рагнеды разлічаная і ўскладзеная на яе хлусня гэтай сустрэчы з прыбыльцамі і абвяшчэння нібыта ўласнага сардэчнага пачуцця нібыта самой падабранымі словамі. Без увагі выслухала яна бацькава пытанне: ці жадае яна стаць жонкаю ноўгарадскага князя Ўладзіміра?

– Не! – рэзка адказала Рагнеда. – Не хачу разуць рабыніча! Пайду за Яраполка! – пакланілася аслупелым сватам і пакінула пакой з палёгкай на сэрцы ад скінутага прыкрага абавязку.

Ноўгарадцы, сцяўшы зубы, адкланяліся, выйшлі на двор, моўчкі дачакаліся, пакуль запрагуць коней, пасядалі ў вазкі і паімчалі прэч. Маркотна рыпелі па лёдзе палазы, і чулася ў пакрыўджаным сціхаючым рыпе нейкая цьмяная пагроза. Але пагнаў вецер замець, закружыліся на Дзвіне снежныя віхуры, і ўсё знікла з вачэй – быццам і не прыязджаў ніхто. А крыўдна ноўгарадцам ды іхняму князю – дык што, не дагодзіш кожнаму на белым свеце. Ды і хто не крыўдзіцель? Кожная птушка свайго гнязда пільнуе. Хоць крыўдным словам адмоўся, хоць лагодным – не мяняецца вынік адказу. Яднаюцца Кіеў з Полацкам, а Ўладзімір у Ноўгарадзе застаецца адзін супроць двух; прыйдзецца яму перад братам схіліцца...

Слепіць удача. Пахмельным туманам ахутвае яна розум. Хоць і паслаў князь Рагвалод вестуна да Яраполка з паведамленнем аб ноўгарадскім суперніцтве, аднак нядоўга разважаў пра наступствы. Не было за Ўладзімірам слыннай справы, каб устрывожыцца і думаць пра яго ўсур'ёз. Ну, відаць, упарты і дзёрзкі, калі вярнуўся ў Ноўгарад пасля выгнання і двухгадовага жыцця сярод варагаў. Ды неяк ціха адсядзеўся ён у іх; падобна, і не займаўся нічым, толькі ажаніўся з нейкай варажкай, яна сына нарадзіла. Невялікі патрэбен для гэтага розум. Але каб быў і разумнейшы – усё адно не трымаць яму верх. Злучаць свае палкі Яраполк і Рагвалод, ды Рагвалодаў брат Тур прывядзе дружыны з дрыгавіцкіх зямляў – пыл застанецца ад Уладзіміра. Ён і сам павінен разумець сваю дробнасць. Так што, няма падставы хвалявацца. І князь Рагвалод супакоена чакаў Ярылава дня, калі прыедзе па Рагнеду кіеўскі жаніх.

Мяркуючы іншым днём пра летні паход на Ноўгарад, пра выдаткі і выгады гэтага паходу для Полацка, князь нагэтулькі быў перакананы ў яго непазбежнасці, асадзе і разбурэнні ноўгарадскага дзядзінца, што не бачыў для Ўладзіміра іншага выратавання, апроч новых уцёкаў за мора, у варажскія селішчы. Калі-нікалі ўсё ж турбавала неспакойная думка, што Ўладзімір па маці рабыніч, а па бацьку – князь, і, магчыма, у яго не менш волі, жорсткасці і здольнасцяў, чым меў бацька. І калі хоча вайны, дык, пэўна, думае, як узяць перамогу. Але – дзе возьме войскі? Чым будзе плаціць? Хто адгукнецца на ягоны заклік? Заварожваў князя прывід незлічонага мноства чаўноў, на якіх прывядзе сваё войска Яраполк, вырашаючы дзве справы – вяселле і наступнае хуткае скарэнне непаслухмянага брата. Таму Рагвалод сваю вайсковую гатоўнасць прымеркаваў да лета – загадана было гарадскім і вясковым ваярам збірацца ў полк на Купалле. Раней купальскага тыдня сумесны паход не пачнецца – трэба і маладым пасля вяселля пацешыцца, каб зачалося наступнае княжацкае калена...

Бадай што, толькі адна непрыемная думка выспела ў князя з роздуму пра Ўладзіміра і Яраполка, і датычыла гэтая думка ўласных сыноў, якім выпадзе па ягонай смерці ці гібелі княжыць у Полацкай зямлі, і зразумела, што старэйшы, Усяслаў, возьме вярхоўную ўладу, а Брачыславу прыйдзецца слухаць братава слова. Аднак братава воля – не бацькоўская. Раптам пажадае ён адлучыцца з сваім удзелам, і тады развядзе братоў нянавісць, і пачнецца вайна, як было ў Яраполка з Алегам, а цяпер – з Уладзімірам. Князь, сумуючы, паклікаў сыноў і растлумачыў сваю апаску.

– Ці бачылі вы, – сказаў ён, змрочна разглядаючы сваіх наступнікаў, – як перайначваецца чалавек, які болей за другіх адпіў з бражнай чары. Ці ён, як свіння, падае ў лужыну пасярод вуліцы на смех людзям, ці вар'яцее, буяніць і суседзі ўтаймоўваюць яго кулакамі. Хто прывучаны да чары, той ужо не саромеецца і разам з свіннямі спаць, і згодны быць збітым...

Сыны, хоць і нарадзіліся з розніцай у год, былі падобныя, як блізняты: абодвы рослыя, сінявокія, русявыя, толькі ва Ўсяслава плечы шырэйшыя і першы пушок ужо прыкметна цямнеў над верхняй губой. Абодва, слухаючы бацьку, дружна і быццам кемліва ківалі, але менавіта падобнасць іхнай увагі і аднолькавасць іх позіркаў і кіўкоў не падабаліся князю Рагвалоду; ён думаў, што аднолькавыя душы запатрабуюць пазней і роўнай улады, ды за адным сталом два князі не гаспадараць – непазбежна пачнуць піхацца...

– Вось і ўлада – падобная на віно, – казаў Рагвалод, – дурманіць слабую, маладую галаву, і хочацца ёй яшчэ, болей, болей... Ды ўлада – гэта кроў! Таму і трымаю вас пры сабе, хоць мог бы пасадзіць для княжацкага вопыту ў Менск, Крэва, Нямігу, Лагойск. Але там хутка пачуеце вы смак загадаў, аблытаюць вас хітруны, ачарсцвееце і пачняце зайздросціць адзін аднаму пры поспехах, а потым ты, Брачыслаў, адмовішся слухацца Ўсяслава, і захочацца вам, каб рассудзіў вас меч...

Тут браты дазволілі сабе рух нязгоды з бацькам, але ён рашучым узмахам рукі прымусіў іх не пярэчыць.

– Мудрасць гэта не новая і не мая, – сказаў Рагвалод. – У кожным калене выпрабоўвалася, і ўсе пра яе забываюць. Вунь, Яраполк, Алег, Уладзімір таксама разам пад дажджом бегалі, а сёння над адным ужо курган насыпаны, а два другія мараць адзін аднаму горла перагрызці, як воўк сабаку. Па-іншаму яны і не вырашаць. Так і для кожнага з вас братаў кадык можа стаць прывабнейшым за варожы... І тады ўсё забудзецца, усё знікне з памяці: бацька, маці, вашыя гульні, гэтая хата, дзе разам раслі, – усё раструшчыце...

Князь утаропіўся на сыноў цяжкім праніклівым позіркам, і браты застылі, баючыся нейкага нечаканага жорсткага рашэння.

– Як жа быць? – спытаў Рагвалод. Сыны маўчалі, гатовыя па першаму дазволу паклясціся ў вечнай дружбе.

– Не кляніцеся! – апярэдзіў іх бацька. – Клятва – хлусня! Дзе клятва – там ужо недавер. Не ў словах вашых рашэнне: сілай прагу ніхто не адолее. Марыць трэба не аб сабе і не аб сваёй славе. Падумайце пра гэта! – і ён стомлена махнуў ім ісці.

Апынуўшыся на двары, браты здзіўлена пераглянуліся. Сумнаю здалася ім бацькоўская апаска; на хвіліну абодва задумаліся пра змрочную засцярогу, і тут думкі іх страцілі падабенства. Старэйшы падумаў: бацька праўду сказаў; што добрага будзе, калі мы пачнём спрэчкі? – абодва знядужаем. Малодшы ж падумаў: відаць, лёс мне такі – усё жыццё лічыцца малодшым, ззаду брата хадзіць. Можа, так і трэба, а можа, і не. Мільганулі ў кожнага нейкія ўяўленні наступных гадоў, калі абарвецца іх сённяшняя роўнасць, але далёка тое будзе, не прыйшоў яшчэ для іх час крыўдзіць і крыўдаваць. Браты ўсміхнуліся, абняліся і паспяшаліся да сястры, каб пасядзець разам з яе дзеўкамі і сяброўкамі...

Праз месяц пасля ноўгарадскіх сватоў спаўзла на Полацак пошасць, нібы ноўгарадцы яе і паслалі: за некалькі дзён вымерлі два дзесяткі двароў; таму вырашылі прынесці патрэбныя ахвяры багіні смерці. За гарадской сцяной у полі вешчуны зрабілі відарыс Ягі даўжынёй у сорак крокаў з раскінутымі сквапнымі рукамі, старэчымі грудзямі, утапталі пасярэдзіне снег, нанеслі галля, смалістых плахаў, зверху пластом паклалі мерцвякоў, а потым доўга рэзалі курэй і авечак, ахвяраваных кожным дваром, і аблівалі мерцвякоў жывою крывёй. Кроў – душа існага; барвовымі струменьчыкамі выцякала яна з перарэзаных горлаў, і абяскроўленыя тушкі клаліся на акрываўленых мерцвякоў, аддаючы ім сваё апошняе цяпло... Раптам вогнішча ўспыхнула, забуркатала, заклубілася густым чорным дымам; пацягнула паленым мясам, скрозь трэск смалы і шолах агню пачулася сквапнае чвяканне і сапенне – гэта багіня пачала жэрці сваю спажыву...

Рагнеда, тулячыся да маці, заварожана шукала ў чорных клубах вогнішча страшнае аблічча бязлітаснай да ўсяго жывога старой. Раптам успыхваў іскрамі шалёны позірк, і Рагнеда адчувала тады беглы дотык ледзяных кастлявых пальцаў – знак невядомасці, у якой праходзяць жыцці. Сэрца на міг абмірала, а потым білася з падвоенай сілай, нібы насуперак адчутаму страху...

Адстаялі палачане ля змрочнага вогнішча, акурыліся цяжкім, смуродным ахвярным дымам – і скончылася пошасць, злітасцівілася Яга, адляцела выкошваць народ у другой мясцовасці дзеля паўсюднай роўнасці перад смерцю...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю