355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:28

Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 9 страниц)

– Я паспрабую. Калi ён упусцiць мяне, вы абяцаеце не ўрывацца за мной у дом?

– З вамi я не сварыўся, – адказаў Голас.

Кемп, выпусцiўшы Эдая, паспяшаўся наверх; асцярожна ступаючы па асколках, ён падкраўся да акна кабiнета, зазiрнуў ўнiз i ўбачыў Эдая, якi размаўляў з Невiдзiмкам.

– Што ж ён не страляе? – прамармытаў Кемп.

Тут рэвальвер перамясцiўся i заблiшчэў на сонцы.

Засланiўшы вочы, Кемп стараўся прасачыць рух асляпляльнага промня.

– Так i ёсць! – усклiкнуў ён. – Эдай аддаў рэвальвер.

– Абяцаеце не ўрывацца за мной, – казаў у гэты час Эдай. – Не захапляйцеся сваёй удачай. Уступiце ў чым-небудзь.

– Вяртайцеся ў дом. Кажу вам прама: я нiчога не абяцаю.

Эдай, мусiць, раптам прыняў рашэнне! Ён павярнуўся да дома i павольна пайшоў наперад, заклаўшы рукi за спiну. Кемп з неўразуменнем назiраў за iм. Рэвальвер знiк, потым зноў блiснуў, зноў знiк, i зноў Кемп, напружваючы зрок, разгледзеў яго: маленькi цёмны прадмет, што следаваў за Эдаем. Далей усё адбылося маланкава: Эдай зрабiў скачок назад, крута павярнуўся, хацеў схапiць рэвальвер, не злавiў яго, падняў рукi i ўпаў нiцма, пакiнуўшы над сабою сiняе воблачка дыму. Стрэла Кемп не пачуў. Эдай зрабiў некалькi сутаргавых рухаў, прыўзняўся, апiраючыся на руку, зноў упаў i застаўся ляжаць нерухома.

Кемп пастаяў крыху, уважлiва гледзячы на цiхамiрную спакойную позу Эдая. Дзень быў гарачы i бязветраны, здавалася, увесь свет зацiх, толькi ў кустах памiж домам i веснiчкамi два жоўтыя матылькi ганялiся адзiн за адным. Эдай ляжаў на поплаве каля веснiчак. Ва ўсiх дачах на ўзгорку шторы былi спушчаны, толькi ў зялёнай альтанцы можна было заўважыць белую фiгуру мусiць, старога, якi мiрна драмаў. Кемп уважлiва ўглядваўся, шукаючы ў паветры паблiзу ад дома рэвальвер, але ён знiк. Кемп зноў паглядзеў на Эдая. Iгра пачалася сур'ёзная.

Хтосьцi пачаў званiць i стукаць ва ўваходныя дзверы, усё больш гучна, настойлiва, але ўся прыслуга, павiнуючыся распараджэнню Кемпа, сядзела запёршыся ў сваiх пакоях. Нарэшце ўсё сцiхла. Кемп пасядзеў крыху, услухоўваючыся, потым асцярожна выглянуў па чарзе ў кожнае з трох вокнаў. Потым выйшаў на лесвiцу i зноў з трывогай прыслухаўся. Затым узброiўся качаргой, якую ўзяў у спальнi, i зноў пайшоў правяраць унутраныя засаўкi вокнаў на нiжнiм паверсе. Усё было трывала i надзейна. Ён вярнуўся наверх. Эдай па-ранейшаму нерухома ляжаў ля краю пасыпанай гравiем дарожкi. Па дарозе, мiма дач, iшлi пакаёўка i двое палiсменаў.

Стаяла мёртвая цiшыня. Кемпу здавалася, што трое людзей наблiжаюцца вельмi павольна. Ён пытаўся ў сябе, што робiць яго працiўнiк.

Раптам ён уздрыгнуў. Знiзу пачуўся трэск. Пасля некаторага вагання Кемп спусцiўся ўнiз. Нечакана ўвесь дом напоўнiўся цяжкiмi ўдарамi i трэскам дрэва, якое шчапалi. Звiнелi i бразгалi жалезныя засаўкi на аканiцах. Ён павярнуў ключ, адчынiў дзверы ў кухню, i ў гэтую хвiлiну ў пакой паляцелi пасечаныя i разламаныя аканiцы. Кемп спынiўся, здранцвеўшы ад жаху. Аконная рама, акрамя адной перакладзiны, была яшчэ цэлая, але ад шкла засталася толькi зубчатая аблямоўка. Аканiцы былi пасечаны сякерай, якая цяпер з усяго размаху бiла па раме i жалезных кратах, што засцерагалi акно. Але раптам сякера адскочыла ўбок i знiкла.

Кемп убачыў рэвальвер, якi ляжаў на дарожцы каля дома, i тут жа рэвальвер узляцеў у паветра. Кемп падаўся назад. Яшчэ секунда – i пачуўся стрэл; шчэпка, адарваная ад зачыняемых Кемпам дзвярэй, праляцела над яго галавой. Ён зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i тут жа пачуў крыкi i смех Грыфiна. Потым зноў затрашчала дрэва пад скрышальнымi ўдарамi сякеры.

Кемп стаяў у калiдоры, збiраючыся з думкамi. Цераз хвiлiну Невiдзiмка будзе на кухнi. Гэтыя дзверы затрымаюць яго ненадоўга, i тады...

Каля ўваходных дзвярэй пазванiлi. Магчыма, палiсмены. Кемп пабег у прыхожую, умацаваў ланцуг i адсунуў засаўку. Толькi аклiкнуўшы пакаёўку i пачуўшы яе голас, ён зняў ланцуг, усе трое гурбой увалiлiся ў дом, i Кемп зноў зачынiў дзверы.

– Невiдзiмка! – сказаў Кемп. – У яго рэвальвер. Засталося два зарады. Ён забiў Эдая. Ва ўсялякiм выпадку падстрэлiў яго. Вы не бачылi яго на лужку? Ён там ляжыць.

– Хто? – спытаўся адзiн з палiцэйскiх.

– Эдай, – сказаў Кемп.

– Мы прайшлi задворкамi, – сказала пакаёўка.

– Што гэта за трэск? – спытаўся другi палiсмен.

– Ён на кухнi... цi хутка будзе там. Ён знайшоў сякеру...

Раптам на ўвесь дом загучалi ўдары сякеры па кухонных дзвярах. Пакаёўка зiрнула на дзверы i адступiла ў сталовую. Кемп адрывiста растлумачыў сiтуацыю. Яны пачулi, як паддалiся кухонныя дзверы.

– Сюды! – крыкнуў Кемп, лiхаманкава ўпiхваючы палiцэйскiх у сталовую. Яго раптам захапiла прага дзейнасцi.

– Качаргу! – крыкнуў Кемп i кiнуўся да камiна. Качаргу, якую ён прынёс са спальнi, ён аддаў аднаму з палiсменаў, а качаргу са сталовай – другому. Нечакана ён адскочыў назад.

Адзiн з палiсменаў хутка прыгнуўся i, крактануўшы, зачапiў сякеру качаргой. Рэвальвер выпусцiў апошнi зарад, прарваўшы каштоўнае палатно пэндзля Сiднея Купера. Другi палiсмен стукнуў сваёй качаргой па маленькай смертаноснай зброi, нiбы хацеў забiць асу, i рэвальвер са стукам упаў на падлогу.

Як толькi пачалася схватка, пакаёўка ўскрыкнула, пастаяла з хвiлiну каля камiна i кiнулася адчыняць аканiцы, думаючы, мусiць, выратавацца цераз разбiтае акно.

Сякера выбралася ў калiдор i спынiлася фута за два ад падлогi. Чуваць было цяжкае дыханне Невiдзiмкi.

– Вы абодва адыдзiце, – сказаў ён. – Мне патрэбны Кемп.

– А нам патрэбны вы, – сказаў першы палiсмен i, рэзка ступiўшы наперад, ударыў качаргой у напрамку Голаса. Але Невiдзiмку ўдалося ўхiлiцца ад удару, i качарга трапiла ў стойку для парасонаў.

Палiсмен ледзьве ўтрымаўся на нагах, i ў тую ж хвiлiну сякера стукнула яго па галаве, скамячыўшы каску, быццам яна была з паперы, i ён кулём вылецеў на кухонную лесвiцу. Але другi палiсмен ударыў качаргой ззаду сякеры i трапiў на штосьцi мяккае. Пачуўся крык болю, i сякера ўпала на падлогу. Палiсмен зноў размахнуўся, але ўдар патрапiў у пустату; потым ён наступiў нагой на сякеру i яшчэ раз ударыў. Затым, трымаючы качаргу напагатове, ён стаў уважлiва прыслухоўвацца, стараючыся ўлавiць якi-небудзь рух.

Ён пачуў, як адчынiлася акно ў сталовай i затым прагучалi хуткiя крокi. Таварыш яго падняўся i сеў; кроў цякла па ягонай шчацэ.

– Дзе ён? – спытаўся ранены.

– Не ведаю. Я трапiў у яго. Стаiць дзе-небудзь у прыхожай, калi толькi не прашмыгнуў мiма цябе. Доктар Кемп! Сэр!..

Нiякага адказу.

– Доктар Кемп! – зноў паклiкаў палiцэйскi.

Ранены стаў марудна падымацца на ногi. Нарэшце яму гэта ўдалося. Раптам з кухоннай лесвiцы данеслася шлёпанне босых ног.

– Гоп! – крыкнуў палiцэйскi, якi трымаў качаргу, i кiнуў яе; яна разбiла газавы ражок.

Палiцэйскi пачаў было праследаваць Невiдзiмку. Але потым перадумаў i ўвайшоў у сталовую.

– Доктар Кемп... – пачаў ён i адразу спынiўся. – Храбры хлопец гэты доктар Кемп, – сказаў ён, звяртаючыся да таварыша, якi зазiрнуў цераз яго плячо.

Акно ў сталовай было расчынена насцеж. Нi пакаёўкi, нi Кемпа.

Сваю думку пра доктара Кемпа другi палiсмен выказаў коратка i энергiчна.

Раздзел XXVIII

ЦКАВАННЕ ПАЛЯЎНIЧАГА

Мiстэр Хiлас, гаспадар суседняй дачы, спаў у сваёй альтанцы, калi пачалася асада дома Кемпа. Мiстэр Хiлас належаў да той упартай меншасцi, якая нiяк не жадала верыць "недарэчным байкам" пра Невiдзiмку. Жонка яго, аднак, чуткам верыла i не раз потым напамiнала аб гэтым мужу. Ён выйшаў пагуляць па свайму саду, як нiчога i не было, а пасля абеду, па даўно заведзенай звычцы, лёг спаць. Увесь час, пакуль Невiдзiмка бiў вокны ў доме Кемпа, мiстэр Хiлас спакойна спаў, але раптам прачнуўся з такiм адчуваннем, быццам навокал штосьцi нядобра. Ён зiрнуў на дом Кемпа, працёр вочы i зноў глянуў. Потым ён спусцiў ногi i сеў, прыслухоўваючыся. Ён памянуў чорта, але дзiўнае вiдовiшча не знiкла. Дом выглядзеў так, як быццам яго пакiнулi з месяц назад пасля моцнага пагрому. Усё шкло было разбiта, а ўсе вокны, акрамя вокнаў кабiнета на вышцы, былi знутры пазакрываны аканiцамi.

– Я гатовы паклясцiся, – мiстэр Хiлас паглядзеў на гадзiннiк, – што дваццаць хвiлiн таму назад усё было ў парадку.

Здалёку чулiся мерныя ўдары i звон шкла. А затым, пакуль ён сядзеў з разяўленым ртом, адбылося нешта яшчэ больш дзiўнае. Аканiцы сталовай расчынiлiся, i пакаёўка ў капелюшы i палiто з'явiлася ў акне, сутаргава стараючыся падняць раму. Раптам каля яе з'явiўся яшчэ нехта i стаў памагаць. Доктар Кемп! Яшчэ хвiлiна – акно расчынiлася, i пакаёўка вылезла з яго; яна кiнулася ўцякаць i схавалася ў кустах. Мiстэр Хiлас устаў, невыразнымi воклiчамi выказваючы сваё хваляванне з нагоды такiх надзвычайных падзей. Ён убачыў, як Кемп узлез на падаконнiк, выскачыў у акно i ў тую ж хвiлiну з'явiўся на дарожцы, абсаджанай кустамi; ён бег, прыгнуўшыся, нiбы хаваючыся ад кагосьцi. Ён знiк за ракiтавым кустом, потым паказаўся зноў на агароджы, якая выходзiла ў адкрытае поле. У адно iмгненне ён пералез цераз агароджу i кiнуўся бегчы ўнiз па адхону, прама да альтанкi мiстэра Хiласа.

– Госпадзi! – усклiкнуў уражаны страшнай здагадкай мiстэр Хiлас. – Гэта той нягоднiк, Невiдзiмка! Значыць, усё праўда!

Для мiстэра Хiласа падумаць так азначала – дзейнiчаць неадкладна, i кухарка яго, якая назiрала за iм з акна верхняга паверха, са здзiўленнем убачыла, як ён кiнуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяцi мiль у гадзiну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка i голас мiстэра Хiласа, якi крычаў на ўсё горла:

– Зачынiце дзверы! Зачынiце вокны! Зачынiце ўсё! Невiдзiмка iдзе!

Увесь дом адразу ж напоўнiўся крыкамi, загадамi i тупатам бягучых ног. Мiстэр Хiлас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, i тут з-за агароджы паказалася галава, плечы i калена доктара Кемпа. Яшчэ хвiлiна – i Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паiмчаў па тэнiснай пляцоўцы да дома.

– Нельга, – сказаў мiстэр Хiлас, засоўваючы завалу. – Мне вельмi шкада, калi ён гонiцца за вамi, але ўвайсцi сюды нельга.

Да шкла прыцiснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы i шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад i пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснiчкi, абагнуў дом i кiнуўся бегчы па дарозе. I ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй мiстэра Хiласа, якi ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлiтасна змялi нябачныя ногi. Тут мiстэр Хiлас памчаўся па лесвiцы наверх, i далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы мiма акна, ён пачуў, як грукнулi бакавыя веснiчкi.

Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такiм чынам, яму давялося самому здзейснiць той жа самы прабег, за якiм ён сачыў такiм крытычным позiркам з акна свайго кабiнета ўсяго толькi чатыры днi таму назад. Для чалавека, якi даўно не трэнiраваўся, ён бег нядрэнна, i хаця ён пабляднеў i аблiваўся потам, думка яго працавала спакойна i цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю i, калi траплялiся нязручныя мясцiны, рознае каменне цi асколкi разбiтага шкла, якiя ярка блiшчалi на сонцы, бег прама па iх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбiраць шлях па асабiстаму жаданню.

Упершыню ў сваiм жыццi Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як нi дзiўна, вельмi доўгая i бязлюдная i што ўскраiна горада там, ля падножжа гары, знаходзiцца занадта далёка. Нiколi яшчэ не iснавала больш цяжкага i марудлiвага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы i дачы, што драмалi пад паўдзённым сонцам, вiдавочна, былi замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былi замкнуты i зачынены па яго асабiстым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякi выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знiкла з поля зроку, унiзе былi людзi. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там палiцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокi? Ходу!

Людзi знiзу глядзелi на яго; некалькi чалавек кiнулiся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусiм блiзка, у шынку "Вясёлыя крыкетысты" шумна зачынялiся дзверы. За конкай былi слупы i груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мiльганула была думка ўскочыць у вагон конкi i зачынiць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накiравацца прама ў палiцыю. Праз хвiлiну ён мiнуў "Вясёлых крыкетыстаў" i апынуўся ў канцы вулiцы, сярод людзей. Кучар конкi i яго памочнiк перасталi выпрагаць коней i глядзелi на яго, разявiўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалi здзiўленыя землякопы.

Кемп крыху суцiшыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткi тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавiў хаду.

– Невiдзiмка! – крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, i, па шчаслiваму натхненню, пераскочыў канаву, так што памiж iм i Невiдзiмкам апынулася некалькi дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў палiцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся мiма каляскi зяленшчыка, прамарудзiў iмгненне каля дзвярэй каланiяльнай карчмы i пабег па бульвары, якi выходзiў на галоўную вулiцу. Дзецi, што гулялi пад дрэвамi, з крыкам разбеглiся пры яго з'яўленнi; расчынiлася некалькi вокнаў, i разгневаныя мацi штосьцi крычалi яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хiл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыi конкi, i тут жа ўбачыў натоўп людзей, якiя крычалi i беглi.

Ён зiрнуў уверх па вулiцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццацi ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся i адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за iм iмчаў, сцiснуўшы кулакi, кандуктар конкi. За iмi беглi яшчэ людзi, гучна крычалi i замахвалiся на кагосьцi. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшалiся мужчыны i жанчыны, i Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.

– Акружайце яго! – крыкнуў хтосьцi.

Кемп раптам зразумеў, наколькi змянiлася сiтуацыя. Ён спынiўся i агледзеўся, ледзьве пераводзячы дух.

– Ён дзесьцi тут! – крыкнуў ён. – Ачапiце...

Кемп атрымаў страшэнны ўдар па вуху i захiстаўся; ён паспрабаваў абярнуцца да нябачнага працiўнiка, але ледзьве ўстаяў на нагах i ўдарыў па пустой прасторы. Потым ён атрымаў моцны ўдар у скiвiцу i звалiўся на зямлю. Праз секунду ў жывот яму ўперлася калена, i дзве рукi моцна схапiлi яго за горла, але адна з iх была слабейшая. Кемпу ўдалося сцiснуць кiсцi рук Невiдзiмкi; пачуўся гучны стогн, i раптам над галавой Кемпа ўзвiлася рыдлёўка землякопа i з глухiм стукам апусцiлася на нешта. На твар Кемпа штосьцi капнула. Рукi, якiя трымалi яго за горла, раптам аслабелi; сутаргавым намаганнем ён вызвалiўся, ухапiўся за абмяклае плячо свайго працiўнiка i навалiўся на яго, прыцiскаючы да зямлi нябачныя локцi.

– Я злавiў яго! – завiшчаў Кемп. – Памажыце! Ён тут! Трымайце яго за ногi.

Секунда – i да месца бойкi рынуўся ўвесь натоўп. Выпадковы глядач мог бы падумаць, што тут разыгрываецца нейкi асаблiва бескампрамiсны футбольны матч. Пасля выкрыкаў Кемпа нiхто ўжо не сказаў нi слова, – чуўся толькi шум удараў, тупат ног i цяжкае дыханне.

Невiдзiмку ўдалося нечалавечым намаганнем скiнуць з сябе некалькi працiўнiкаў i падняцца на ногi. Кемп учапiўся ў яго, як гончая ў аленя, i дзесяткi рук хапалi, калацiлi i рвалi нябачную iстоту. Кандуктар конкi злавiў яго за шыю i зноў павалiў на зямлю.

Зноўку ўтварылася груда раз'юшаных людзей. Бiлi, трэба прызнацца, немiласэрна. Раптам пачуўся дзiкi лямант: "Злiтуйцеся, злiтуйцеся!" – i хутка зацiх у прыдушаным стогне.

– Пакiньце яго, дурнi! – крыкнуў Кемп глухiм голасам, i натоўп адступiў назад. – Ён ранены, гавораць вам. Адыдзiце!

Нарэшце ўдалося крыху адцяснiць людзей, якiх згрудзiла i разгарачыла схватка, i ўсе ўбачылi доктара Кемпа, якi быў нiбы прыўзняты цаляў на пятнаццаць у паветры i прыцiскаў да зямлi нябачныя рукi. Ззаду яго палiсмен трымаў нябачныя ногi.

– Не выпускайце яго! – крыкнуў рослы землякоп, размахваючы скрываўленай рыдлёўкай. – Прытвараецца.

– Ён не прытвараецца, – сказаў Кемп, асцярожна прыўзнiмаючы сваё калена, – а мiж тым, я яго трымаю. – Твар у Кемпа быў разбiты i ўжо пачынаў апухаць; ён гаварыў з цяжкасцю, з губы цякла кроў. Ён падняў адну руку i, вiдаць, стаў абмацваць твар ляжачага. – Рот увесь мокры, – сказаў ён i раптам усклiкнуў: – Божа праведны!

Кемп хутка падняўся i зноў апусцiўся на каленi каля нябачнай iстоты. Зноў пачалася штурханiна i таўкатня, чуўся тупат падбягаючых цiкаўных. З усiх дамоў выбягалi людзi. Дзверы "Вясёлых крыкетыстаў" расчынiлiся насцеж. Гаварылi мала.

Кемп вадзiў рукой, быццам абмацваючы пустое паветра.

– Не дыхае, – сказаў ён. – I сэрца не б'ецца. Як яго... ох!

Нейкая старая, якая выглядвала з-пад локця рослага землякопа, раптам гучна ўскрыкнула:

– Глядзiце, – сказала яна, выцягнуўшы маршчынiсты палец.

I, глянуўшы ў паказаным напрамку, усе ўбачылi бледныя абрысы рукi, якая бяссiльна ляжала на зямлi; рука была быццам шкляная, можна было разгледзець усе вены i артэрыi, усе косцi i нервы. Яна губляла празрыстасць i мутнела на вачах.

– Ого! – усклiкнуў канстэбль. – А вось i ногi паказваюцца.

I так павольна, пачынаючы з рук i ног, паступова распаўзаючыся па ўсiх членах да жыццёвых цэнтраў, працягваўся гэты дзiўны пераход да бачнай цялеснасцi. Гэта было як павольнае распаўсюджанне яда. Спачатку выяўлялiся тонкiя белыя нервы, утвараючы быццам бы слабы малюнак цела, затым шклопадобныя косцi i разгалiнаваныя артэрыi, затым мышцы i скура, якiя прымалi спачатку выгляд лёгкай туманнасцi, але хутка цямнелi i цвярдзелi. Неўзабаве можна было ўжо распазнаць раздушаныя грудзi, плечы i цьмяна праяўлялiся рысы знявечанага i разбiтага твару.

Калi нарэшце натоўп расступiўся i Кемпу ўдалося падняцца на ногi, усе прысутныя ўбачылi распасцёртае на зямлi голае, вартае жалю, збiтае i скалечанае цела чалавека гадоў трыццацi. Валасы i бровы ў яго былi белыя, не сiвыя, як у старых, а белыя, як у альбiносаў, вочы чырвоныя, як гранаты. Рукi былi сутаргава сцiснуты, вочы шырока раскрыты, а на твары застыў выраз гневу i адчаю.

– Закрыйце яму твар! – крыкнуў хтосьцi. – Дзеля ўсяго святога, закрыйце твар!

Цела накрылi прасцiной, якую ўзялi ў шынку "Вясёлыя крыкетысты", i перанеслi ў дом. Там, на ўбогай пасцелi, у бедным паўцёмным пакоi, сярод недасведчанага, узбуджанага здарэннем натоўпу, збiты i зранены, якому здрадзiлi i якога бязлiтасна замучылi, закончыў свой дзiўны i страшны жыццёвы шлях Грыфiн – першы з людзей, якi змог стаць нябачным, Грыфiн таленавiты фiзiк, роўнага якому яшчэ не бачыў свет.

ЭПIЛОГ

Так заканчваецца аповесць аб незвычайным i згубным эксперыменце Невiдзiмкi. А калi вы жадаеце даведацца пра яго больш, то зазiрнiце ў невялiкую карчму каля Порт-Стоў i пагаварыце з гаспадаром. Шыльда гэтай карчмы – пустая дошка, уверсе якой намаляваны капялюш, унiзе – чаравiкi, а назва яе – загаловак гэтай кнiгi. Гаспадар – нiзенькi, тоўсценькi чалавечак з доўгiм тоўстым носам, шчацiнiстымi валасамi i тварам у чырвоных плямах. Выпiце пабольш, i ён не прамiне падрабязна расказаць вам аб усiм, што здарылася з iм пасля апiсаных вышэй падзей, i пра тое, як суд спрабаваў адабраць у яго знойдзеныя пры iм грошы.

– Калi яны пераканалiся, што нельга вызначыць, чые гэта грошы, дык яны сталi гаварыць – вы толькi падумайце! – быццам са мной трэба абысцiся як са скарбам. Ну, скажыце самi, хiба я падобны на скарб? А потым адзiн пан плацiў мне па гiнеi кожны вечар за тое, што я расказваў гэтую гiсторыю ў мюзiк-холе.

Калi ж вы пажадаеце адразу спынiць паток яго ўспамiнаў, дык вам варта толькi спытаць яго, цi не сыгралi сваю ролю ў гэтай гiсторыi нейкiя рукапiсныя кнiгi. Ён адкажа, што кнiгi сапраўды былi, i пачне клятвенна сцвярджаць, што дарэмна ўсе чамусьцi лiчаць, быццам яны i дагэтуль у яго, няпраўда гэта, у яго iх няма!

– Невiдзiмка сам забраў iх у мяне, схаваў дзесьцi, яшчэ калi я ўцёк ад яго i схаваўся ў Порт-Стоў. Гэта ўсё мiстэр Кемп выдумляе, нiбы гэтыя кнiгi ў мяне.

Пасля гэтага ён задумваецца, крадком назiрае за вамi, нервова перацiрае шклянкi i, нарэшце, выходзiць з пакоя.

Ён стары халасцяк, у яго здаўна халасцяцкiя густы, i ў доме няма нiводнай жанчыны. Знешнiя часткi свайго касцюма ён зашпiльвае пры дапамозе гузiкаў – гэтага патрабуе яго становiшча, – але калi справа даходзiць да падцяжак i iншых iнтымных частак туалету, ён усё яшчэ карыстаецца вяровачкамi. У справах ён не вельмi прадпрымальны, але дужа клапоцiцца аб рэспектабельнасцi сваёй установы. Рухi яго павольныя, i ён схiльны да роздуму. У вёсцы ён лiчыцца разумным чалавекам, яго беражлiвасць выклiкае ва ўсiх павагу, а пра дарогi Паўднёвай Англii ён паведамiць вам больш звестак, чым любы даведнiк.

У нядзелю ранiцай – кожную нядзелю ў любую пару года – i кожны вечар пасля дзесяцi гадзiн ён адпраўляецца ў гасцiную карчмы, прыхапiўшы шклянку джына, ледзь разбаўленага вадой, i, адставiўшы яе, зачыняе дзверы, аглядвае шторы i нават заглядвае пад стол. Пераканаўшыся ў поўнай сваёй адзiноце, ён адчыняе шафу, затым скрынку ў шафе, вымае адтуль тры кнiгi ў карычневых скураных пераплётах i ўрачыста кладзе iх на сярэдзiну стала. Пераплёты патрапаныя i пакрыты налётам зялёнай цвiлi, – таму што аднойчы гэтыя кнiгi начавалi ў канаве, – а некаторыя старонкi зусiм размыты бруднай вадой. Гаспадар сядае ў крэсла, павольна набiвае глiняную люльку, не адводзячы зачараванага позiрку ад кнiг. Потым ён падсоўвае да сябе адну з iх i пачынае вывучаць яе, перагортваючы старонкi ад пачатку да канца, або ад канца да пачатку.

Бровы яго ссунуты, i губы варушацца ад намаганняў.

– Шэсць, маленькае два зверху, крыжык i кручок. Госпадзi, вось галава была!

Праз некаторы час стараннасць яго слабее, ён адкiдваецца на спiнку крэсла i глядзiць скрозь клубы дыму ў глыбiню пакоя, быццам бачыць там нешта, не даступнае воку простых смертных.

– Колькi тут таямнiц, – гаворыць ён, – дзiўных таямнiц... Эх, дазнацца б толькi! Я ўжо б не так зрабiў, як ён. Я б... эх! – зацягваецца люлькай.

Потым ён пачынае марыць, iм авалодвае неўмiручая чароўная мара яго жыцця. I, нягледзячы на ўсе пошукi, якiя вядзе нястомны Кемп, нi адзiн чалавек на свеце, акрамя гаспадара карчмы, не ведае, дзе знаходзяцца гэтыя кнiгi, у якiх схавана тайна нябачнасцi i шмат iншых дзiўных таямнiц. I нiхто гэтага не даведаецца да самай яго смерцi.

1897


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю