355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:28

Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 9 страниц)

– Гэта няварта, – сказаў палiцэйскi. – Гэта ж можа быць забойства.

– Я ведаю, у якой краiне знаходжуся, – запярэчыў чорнабароды. – Я буду цэлiцца ў ногi. Адсуньце завалу.

– А калi вы трапiце мне ў спiну? – сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фiранкi на вулiцу.

– Добра, – сказаў чорнабароды i, нахiлiўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размiзнiк i палiсмен павярнулiся да дзвярэй.

– Уваходзьце, – нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок i гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спiной. Але нiхто не ўвайшоў i дзверы не адчынiлiся. Калi праз пяць хвiлiн другi рамiзнiк асцярожна зазiрнуў у шынок, усе яны стаялi ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фiзiяномiя.

– Цi ўсе дзверы ў доме зачынены? – спытаўся Марвел. – Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хiтры як чорт.

– Бог ты мой! – усклiкнуў гаспадар. – А заднiя дзверы! Вы тут папiльнуйце. Вось жа... – Ён бездапаможна азiрнуўся. Дзверы ў суседнi пакой зачынiлiся, i ключ шчоўкнуў у замку. – А асобны ход! I дзверы ў двор...

Ён выбег з пакоя.

Праз хвiлiну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.

– Дзверы ў двор адчынены! – сказаў ён, i яго тоўстая нiжняя губа адвiсла.

– Можа, ён ужо ў доме, – сказаў першы рамiзнiк.

– У кухнi яго няма, – сказаў гаспадар. – Там дзве служанкi, i я па ўсёй кухнi прайшоў вось з гэтым нажом, нiводнага кутка не прапусцiў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзiў. Яны нiчога не заўважылi...

– Вы замкнулi дзверы? – спытаўся першы рамiзнiк.

– Не маленькi, слава богу, – адказаў гаспадар.

Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду i стукнула адкiдная дошка стойкi, загрымела засаўка, гучна заскрыгатаў замок, i дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся насцеж. Яны пачулi, як Марвел завiшчэў, быццам злоўлены заяц, i кiнулiся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстралiў, люстэрка ў суседнiм пакоi трэснула, асколкi са звонам разляцелiся па падлозе.

Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца i боўтаецца перад дзвярамi, якiя вялi цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасцi, дзверы адчынiлiся, i Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачулiся крыкi i стук каструль, якiя падалi. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.

Палiсмен, працiснуўшыся мiма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамiзнiкам, i схапiў кiсць нябачнай рукi, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахiснуўся i адступiў. Дзверы расчынiлiся, i Марвел зрабiў адчайную спробу схавацца за iмi. У гэты час рамiзнiк штосьцi схапiў.

– Я трымаю яго! – закрычаў рамiзнiк.

– Злавiў! – крыкнуў ён.

Мiстэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу i паспрабаваў прапаўзцi пад нагамi людзей, якiя барукалiся. Схватка перамясцiлася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невiдзiмкi – ён гучна ўскрыкнуў, таму што палiсмен наступiў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, i Невiдзiмка запрацаваў кулакамi, нiбы цапамi. Рамiзнiк раптам завыў i скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавiцу. Дзверы, што вялi ў пакой, зачынiлiся i прыкрылi адступленне мiстэра Марвела. Людзi тапталiся ў цеснай кухнi, пакуль не заўважылi, што яны змагаюцца з пустатой.

– Куды ён збег? – крыкнуў чорнабароды.

– Сюды, – сказаў палiсмен, выходзячы на двор, i спынiўся.

Кавалак чарапiцы праляцеў над самым яго вухам i ўпаў на кухонны стол, якi быў застаўлены пасудай.

– Я яму пакажу! – крыкнуў чорнабароды. Над плячом палiсмена блiснула сталь, i ў змрок, у той бок, адкуль была кiнута чарапiца, вылецелi адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апiсваў рукой дугу па гарызанталi, таму кулi веерам клалiся ў цесным дворыку.

Наступiла цiшыня.

– Пяць куль, – сказаў чорнабароды. – Казырная гульня! Дайце лiхтар i пойдзем шукаць цела.

Раздзел XVII

НАВЕДВАЛЬНIК ДОКТАРА КЕМПА

Доктар Кемп працягваў пiсаць у сваiм кабiнеце, пакуль гукi стрэлаў не прыцягнулi яго ўвагу. "Паф, паф, паф", – шчоўкалi яны адзiн за адным.

– Ого! – усклiкнуў доктар Кемп, зноў прыкусiўшы ручку, якой толькi што пiсаў, прыслухоўваючыся! – Хто гэта ў Бэрдоку палiць з рэвальвера? Што яшчэ гэтыя аслы выдумалi?

Ён падышоў да паўднёвага акна, адчынiў яго i, высунуўшыся, стаў узiрацца ў начны горад – сетку асветленых вокнаў, газавых лiхтароў i вiтрын з чорнымi прамежкамi дахаў i двароў.

– Як быццам там, пад узгоркам, каля "Крыкетыстаў", сабраўся натоўп, сказаў ён, узiраючыся. Потым позiрк яго скiраваўся ўдалечыню, дзе свяцiлiся агнi судоў i прыстань, – невялiкi, ярка асветлены будынак зiхацеў, нiбы жоўты алмаз. Малады месяц узыходзiў над заходнiм бокам узгорка, а яркiя зоркi амаль ззялi што як над тропiкамi.

Хвiлiн праз пяць, на працягу якiх думкi яго неслiся да сацыяльных умоваў будучынi i блукалi ў нетрах бязмежнасцi часоў, доктар Кемп уздыхнуў, зноў зачынiў акно i вярнуўся да пiсьмовага стала.

Прыкладна праз гадзiну пасля гэтага каля ўваходных дзвярэй пазванiлi. З таго часу як Кемп пачуў стрэлы, работа яго iшла вяла, i ён раз-пораз адхiляўся i задумваўся. Калi пачуўся званок, ён пакiнуў работу i стаў прыслухоўвацца. Ён чуў, як служанка пайшла адчыняць дзверы, i чакаў яе крокаў на лесвiцы, але яна не вярнулася.

– Хто б гэта мог быць? – сказаў Кемп.

Ён паспрабаваў зноў узяцца за работу, але штосьцi яму перашкаджала. Тады ён устаў, выйшаў з кабiнета i спусцiўся па лесвiцы на пляцоўку; там ён пазванiў i, калi ў холе, унiзе, з'явiлася пакаёўка, спытаўся ў яе, перагнуўшыся цераз парэнчы:

– Пiсьмо прынеслi?

– Не, выпадковы званок, сэр, – адказала пакаёўка.

"Я чамусьцi нервуюся сёння", – сказаў Кемп сам сабе.

Ён вярнуўся ў кабiнет, рашуча ўзяўся за работу i праз некалькi хвiлiн быў ужо ўвесь захоплены ёю. Цiшыню ў пакоi парушала толькi цiканне гадзiннiка ды парыпванне пяра, якое рухалася па паперы ў самым цэнтры светлага круга, якi ўтварала настольная лямпа.

Было дзве гадзiны ночы, калi доктар Кемп вырашыў на сёння закончыць работу. Ён падняўся, пазяхнуў i спусцiўся ўнiз, у сваю спальню. Ён ужо зняў пiнжак i камiзэльку, як раптам адчуў, што яму хочацца пiць. Узяўшы свечку, ён спусцiўся ў сталовую, каб пашукаць там сельцерскай i вiскi.

Навуковыя заняткi зрабiлi доктара Кемпа вельмi назiральным чалавекам; вяртаючыся са сталовай, ён заўважыў цёмную пляму на лiнолеуме побач з цынкоўкай, каля самай лесвiцы. Ён падняўся ўжо наверх, як раптам задаў сабе пытанне, адкуль магла з'явiцца гэтая пляма. Гэта была, вiдавочна, падсвядомая думка. Але як бы там нi было, ён вярнуўся ў хол, паставiў сiфон i вiскi на столiк i, нагнуўшыся, стаў даследаваць пляму. Без асаблiвага здзiўлення ён пераканаўся, што яна лiпкая i барвовая, зусiм як падсыхаючая кроў.

Прыхапiўшы сiфон i бутэльку з вiскi, ён падняўся наверх, уважлiва прыглядаючыся па баках i спрабуючы растлумачыць сабе, адкуль магла з'явiцца крывавая пляма. На пляцоўцы ён спынiўся i ў здзiўленнi ўтаропiўся на дзверы свайго пакоя: ручка дзвярэй была ў крывi.

Ён зiрнуў на сваю руку. Яна была зусiм чыстая. I тут ён успомнiў, што калi ён выйшаў з кабiнета, дзверы ў яго спальню былi адчынены, – значыць, ён да ручкi дзвярэй i не датыкаўся. Ён цвёрдым крокам увайшоў у спальню; ягоны твар быў зусiм спакойны, хiба што некалькi больш рашучы, чым звычайна. Позiрк яго, уважлiва аглядаючы пакой, спынiўся на ложку. На коўдры цямнела лужына крывi, а прасцiна была разарвана. Калi ён першы раз увайшоў у пакой, ён гэтага не заўважыў, таму што накiраваўся проста да туалетнага столiка. У адным месцы пасцель была скамечана, як быццам бы хтосьцi толькi што сядзеў на ёй.

Тут яму падалося, што чыйсьцi голас нягучна ўсклiкнуў: "Дык гэта ж Кемп!" Але доктар Кемп не верыў у таямнiчыя галасы.

Ён стаяў i глядзеў на скамечаную пасцель. Можа, яму проста здалося? Ён зноў агледзеўся, але не заўважыў нiчога падазронага, акрамя скамечанай i запэцканай крывёй пасцелi. Тут ён ясна пачуў нейкi рух у кутку пакоя, каля ўмывальнiка. У любога чалавека, нават самага адукаванага, захоўваюцца нейкiя няўлоўныя рэшткi забабонаў. Жудаснае пачуццё апанавала доктара Кемпа. Ён зачынiў дзверы спальнi, падышоў да столiка i паставiў на яго сiфон. Раптам ён уздрыгнуў: у паветры, памiж iм i ўмывальнiкам, вiсела акрываўленая павязка з палатнянай анучы.

Уражаны, ён стаў углядацца. Гэта была пустая павязка – акуратна зробленая, але зусiм пустая. Ён хацеў падысцi i схапiць яе, але нечы дотык спынiў яго, i ён пачуў голас, якi прагучаў зусiм побач.

– Кемп! – сказаў Голас.

– А? – сказаў Кемп, разiнуўшы рот.

– Не палохайцеся, – працягваў Голас. – Я невiдзiмка.

Кемп нейкi час нiчога не адказваў, толькi глядзеў на павязку.

– Невiдзiмка? – сказаў ён нарэшце.

– Невiдзiмка, – паўтарыў Голас.

Кемпу прыпомнiлася гiсторыя, якую ён так старанна высмейваў усяго толькi сёння ранiцай. Але, у гэтую хвiлiну ён, мусiць, не вельмi спалохаўся i здзiвiўся. Толькi пазней ён змог усвядомiць свае пачуццi.

– Я лiчыў, што ўсё гэта выдумка, – сказаў ён. Хаця ў яго ў галаве круцiлiся доказы, якiя ён прыводзiў ранiцай. – Вы ў павязцы? – спытаўся ён.

– Так, – адказаў Невiдзiмка.

– О! – усхвалявана сказаў Кемп. – Вось дык штука. – Але тут жа схамянуўся. – Глупства. Фокус якi-небудзь. – Ён хутка ступiў наперад, i рука яго, працягнутая да павязкi, сустрэла нябачныя пальцы.

Пры гэтым дотыку ён адскочыў i змянiўся ў твары.

– Богам прашу, Кемп, не палохайцеся. Мне так патрэбна дапамога! Пачакайце!

Нябачная рука схапiла Кемпа за локаць. Кемп стукнуў па ёй.

– Кемп! – крыкнуў Голас. – Кемп, супакойцеся! – I нябачная рука яшчэ мацней сцiснула локаць Кемпа.

Шалёнае жаданне вызвалiцца апанавала Кемпа. Перавязаная рука ўчапiлася яму ў плячо, i раптам Кемп быў збiты з ног i кiнуты дагары на ложак. Ён адкрыў рот, каб крыкнуць, але ў тую ж секунду край прасцiны апынуўся ў яго памiж зубамi. Невiдзiмка трымаў яго моцна, але рукi Кемпа былi свабодныя, i ён шалёна бiў iмi без разбору.

– Будзьце разважнымi, – сказаў Невiдзiмка, моцна трымаючы Кемпа, нягледзячы на ўдары, што сыпалiся на яго. – О чорт, не выводзьце мяне з цярплiвасцi! Ляжыце смiрна, боўдзiла вы гэтакi! – раўкнуў Невiдзiмка ў самае вуха Кемпа.

Яшчэ з хвiлiну Кемп працягваў выкручвацца, потым зацiх.

– Калi вы крыкнеце, я разаб'ю вам галаву, – сказаў Невiдзiмка, вымаючы прасцiну з рота Кемпа. – Я – Невiдзiмка. Гэта не выдумка i не фокус. Я сапраўды Невiдзiмка. I мне патрэбна ваша дапамога. Я не зраблю вам нiчога шкоднага, калi вы не будзеце паводзiць сябе, як ачмурэлая дзеравеншчына. Няўжо вы мяне не помнiце, Кемп? Я – Грыфiн, мы ж разам вучылiся ва ўнiверсiтэце.

– Дайце мне падняцца, – сказаў Кемп. – Я нiкуды не збягу. I дайце мне хвiлiну пасядзець спакойна.

Ён сеў на ложак i памацаў патылiцу.

– Я – Грыфiн, вучыўся ва ўнiверсiтэце разам з вамi. Я зрабiў сябе нябачным. Я – самы звычайны чалавек, якога вы ведалi, але толькi нябачны.

– Грыфiн? – перапытаў Кемп.

– Так, Грыфiн, – адказаў Голас. – Ва ўнiверсiтэце быў на курс маладзей за вас, амаль альбiнос, шэсць футаў ростам i плячысты, з бела-ружовым тварам i чырвонымi вачыма. Атрымаў узнагароду за работу па хiмii.

– Нiчога не разумею, – сказаў Кемп, – у галаве ў мяне зусiм памутнела. Пры чым тут Грыфiн?

– Грыфiн – гэта я.

Кемп задумаўся.

– Гэта жахлiва, – сказаў ён. – Але якая чартаўшчына можа зрабiць чалавека нябачным?

– Нiякай чартаўшчыны. Гэта зусiм лагiчны i даволi нескладаны працэс...

– Гэта жахлiва! – сказаў Кемп. – Якiм чынам?..

– Жахлiва, сапраўды. Але я паранены, мне балюча, i я змарыўся. О госпадзi, Кемп, будзьце мужчынам! Аднясiцеся да гэтага спакойна. Дайце мне паесцi i напiцца, а пакуль я прысяду.

Кемп глядзеў на павязку, якая рухалася па пакоi; потым ён убачыў, як плеценае крэсла працягнулася па падлозе i спынiлася каля ложка. Яно затрашчала, i сядзенне апусцiлася на чвэрць цаля. Кемп працёр вочы i зноў памацаў патылiцу.

– Гэта цiкавей за ўсялякiя прывiды, – сказаў ён i недарэчна расмяяўся.

– Вось так лепш. Слава богу, вы становiцеся разважлiвымi.

– Альбо дурнею, – сказаў Кемп i зноў працёр вочы.

– Дайце мне вiскi: я ледзьве дыхаю.

– Гэтага я не сказаў бы. Дзе вы? Калi я ўстану, я не наткнуся на вас? Ага, вы тут. Добра. Вiскi... Калi ласка. Куды ж мне паднесцi яго вам?

Крэсла затрашчала, i Кемп адчуў, што шклянку бяруць у яго з рук. Ён выпусцiў яе не зусiм ахвотна, неўсвядомлена асцерагаючыся, што шклянка ўпадзе i разаб'ецца. Але шклянка спынiлася ў паветры, цалях у дваццацi над пярэднiм краем крэсла. Кемп глядзеў на шклянку ў страшэнным неўразуменнi...

– Гэта... ну, вядома, гэта – гiпноз... Вы, магчыма, унушылi мне, што вы нябачны.

– Лухта! – сказаў Голас.

– Але ж гэта вар'яцтва!

– Выслухайце мяне.

– Толькi сёння ранiцай я прывёў бясспрэчныя доказы, – пачаў Кемп, – што нябачнасць...

– Плюньце на ўсе доказы, – перапынiў яго Голас. – Я памiраю ад голаду, i для чалавека, зусiм распранутага, тут даволi прахладна.

– Ён адчувае голад! – сказаў Кемп.

Шклянка вiскi перакулiлася.

– Так, – сказаў Невiдзiмка, са стукам адстаўляючы шклянку. – Цi няма ў вас халата?

Кемп прамармытаў штосьцi незразумелае i, падышоўшы да адзежнай шафы, выняў адтуль цёмна-чырвоны халат.

– Падыдзе? – спытаў ён.

Халат узялi ў яго з рук. З хвiлiну ён вiсеў нерухома ў паветры, потым дзiўна загайдаўся, выцягнуўся ва ўсю даўжыню i, зашпiлiўшыся, як трэба, апусцiўся ў крэсла.

– Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткi i туфлi, – адрывiста вымавiў Невiдзiмка. – I паесцi.

– Калi ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыццi не надаралася нiчога больш недарэчнага.

Кемп дастаў з камода ўсё, што прасiў Невiдзiмка, i спусцiўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымi катлетамi i хлебам i, падсунуўшы невялiкi столiк, расставiў усё гэта перад госцем.

– Абыдуся i без нажа, – сказаў Невiдзiмка, i катлета павiсла ў паветры. Пачулася жаванне.

– Я заўсёды лiчыў за лепшае спачатку апрануцца, а потым ужо есцi, сказаў Невiдзiмка з поўным ротам, прагна глытаючы хлеб з катлетай. – Дзiўны капрыз!

– Рука, здаецца, дзейнiчае? – сказаў Кемп.

– Будзьце спакойныя, – сказаў Невiдзiмка.

– Але як усё-такi дзiўна...

– Менавiта так. Але самае дзiўнае тое, што я трапiў менавiта да вас, калi мне спатрэбiлася зрабiць перавязку. Гэта мая першая ўдача! Урэшце, я i так вырашыў пераначаваць у гэтым доме. Нiчога вам не дапаможа! Страшна няёмка, што кроў маю бачна, праўда? Цэлая лужына нацякла. Мусiць, яна становiцца бачнай, калi згусае. Мне давялося змянiць толькi жывую тканку, i я нябачны толькi пакуль жывы... Ужо тры гадзiны, як я тут.

– Але як вы гэта зрабiлi? – пачаў Кемп раздражнёна. – Чорт ведае што! Уся гэтая гiсторыя ад пачатку да канца – суцэльная бязглуздзiца.

– Дарэмна вы так думаеце, – сказаў Невiдзiмка. – Усё гэта цалкам разумна.

Ён пацягнуўся i ўзяў бутэльку з вiскi. Кемп здзiўлена глядзеў на халат, якi паглынаў вiскi. Святло ад свечкi, праходзячы скрозь дзiрку на правым плячы халата, утварыла светлы трохвугольнiк пад левымi рэбрамi.

– Што гэта былi за стрэлы? – спытаўся Кемп. – Як пачалася стралянiна?

– Там быў адзiн дурань, мой выпадковы кампаньён, каб яго чорт узяў, якi хацеў украсцi мае грошы. I ўкраў-такi.

– Таксама невiдзiмка?

– Не.

– Ну, а што далей?

– Цi нельга мне яшчэ чаго-небудзь паесцi, га? Потым я ўсё раскажу па парадку. Я галодны, i рука балiць. А вы хочаце, каб я вам расказваў!

Кемп падняўся.

– Значыць, гэта не вы стралялi? – спытаўся ён.

– Не, – адказаў госць. – Страляў наўздагад нейкi iдыёт, якога я раней нiколi не бачыў. Яны ўсе перапалохалiся. Мяне ўсе палохаюцца. Каб iх чорт узяў! Ну вось што, Кемп: я есцi хачу.

– Пайду пашукаю, цi няма ўнiзе яшчэ чаго-небудзь з ежы, – сказаў Кемп. – Баюся, што знойдзецца не шмат.

Закончыўшы з ежай, – а паеў ён грунтоўна, – Невiдзiмка папрасiў цыгару.

Ён прагна адкусiў кончык, перш чым Кемп паспеў адшукаць нож, i вылаяўся, калi адстаў вонкавы лiсток.

Дзiўна было бачыць яго з цыгарай: рот, горла, зеў i ноздры выступалi, быццам злепак, зроблены з дыму, якi клубiўся.

– Слаўная штука тытунь! – сказаў ён, моцна зацягнуўшыся. – Мне вельмi пашанцавала, што я трапiў да вас, Кемп. Вы павiнны памагчы мне. Падумаць толькi – якраз цяпер натрапiў на вас! Я ў адчайным становiшчы. Я быў як звар'яцелы. Чаго толькi я не перажыў! Але цяпер у нас справа пойдзе, ужо паверце...

Ён выпiў яшчэ вiскi з содай. Кемп устаў, агледзеўся i прынёс з суседняга пакоя яшчэ шклянку для сябе.

– Усё гэта дзiка... але, напэўна, я таксама вып'ю.

– Вы амаль не змянiлiся, Кемп, за гэтыя дванаццаць гадоў. Вы, бландзiны, мала мяняецеся. Усё такi ж стрыманы i метадычны... Я павiнен вам усё растлумачыць. Мы будзем працаваць разам!

– Але як гэта адбылося? – спытаў Кемп. – Як вы сталi такiм?

– Богам прашу, дайце мне спакойна пакурыць, потым я вам усё раскажу.

Але ў гэтую ноч ён не расказаў нiчога. У яго разбалелася рука i пачалася гарачка, ён вельмi аслабеў. Яго хворае ўяўленне ўсё вярталася да пагонi на ўзгорку i да бойкi каля шынка. Ён пачаў было расказваць, але адразу пераходзiў на iншае. Ён няскладна гаварыў пра Марвела, сутаргава зацягваўся, i ў голасе яго чулася раздражненне. Кемп стараўся атрымаць з яго расказу ўсё, што мог.

– Ён мяне баяўся... я бачыў, што ён мяне баiцца, – зноў i зноў паўтараў Невiдзiмка. – Ён хацеў уцячы ад мяне, толькi пра гэта i думаў. Якое я зрабiў глупства! Трэба было забiць яго...

– Дзе вы ўзялi грошы? – раптам спытаўся Кемп.

Невiдзiмка прамаўчаў.

– Сёння я не магу вам сказаць, – адказаў ён.

Раптам ён застагнаў i нагнуўся наперад, схапiўшыся нябачнымi рукамi за нябачную галаву.

– Кемп, – сказаў ён, – я не сплю ўжо трэцiя суткi, за ўвесь гэты час мне ўдалося задрамаць гадзiну-другую, не больш. Я павiнен выспацца.

– Добра, – адказаў Кемп. – Адпачывайце тут, у маiм пакоi.

– Але як я магу спаць? Калi я засну, ён уцячэ. Эх! Цi не ўсё роўна!

– Рана сур'ёзная? – адрывiста спытаўся Кемп.

– Дробязi – драпiна. Госпадзi, як мне спаць хочацца!

– Дык кладзiцеся.

Невiдзiмка, здавалася, глядзеў на Кемпа.

– У мяне ёсць асаблiвыя прычыны не жадаць быць злоўленым маiмi блiзкiмi, – павольна прагаварыў ён.

Кемп уздрыгнуў.

– I дурань жа я! – усклiкнуў Невiдзiмка, стукнуўшы кулаком па стале. Я сам падаў вам гэтую думку.

Раздзел ХVIII

НЕВIДЗIМКА СПIЦЬ

Нягледзячы на стомленасць i раненне, Невiдзiмка ўсё ж не паверыў слову Кемпа, што на свабоду яго не будзе зроблена нiякага замаху. Ён агледзеў абодва вакны спальнi, падняў шторы i адчынiў аканiцы, каб пераканацца, што гэтым шляхам можна ўцякаць у выпадку неабходнасцi. За вокнамi стаяла мiрная начная цiшыня. Над узгоркамi заходзiў малады месяц. Потым Невiдзiмка агледзеў замок спальнi i дзверы прыбiральнi i ваннай, каб пераканацца, што i адсюль ён зможа ўцячы. Нарэшце ён заявiў, што задаволены. Ён стаяў перад камiнам, i Кемп пачуў гук пазяхання.

– Мне вельмi шкада, – сказаў Невiдзiмка, – што я не магу цяпер расказаць вам аб усiм, што я зрабiў. Але я сапраўды выбiўся з сiл. Гэта недарэчна, бясспрэчна. Гэта жахлiва. Але, верце мне, Кемп, што б вы ранiцай там нi даказвалi, а гэта цалкам магчыма. Я зрабiў адкрыццё. Я думаў захаваць яго ўпотайкi. Але гэта немагчыма. Мне патрэбны памочнiк. А вы... чаго толькi мы не зможам зрабiць!.. Урэшце, пакiнем усё гэта да заўтра. Цяпер, Кемп, я павiнен заснуць – iнакш я памру.

Кемп стаяў пасярод пакоя, гледзячы на безгаловы халат.

– Дык я пакiну вас, – сказаў ён. – Але гэта неверагодна... Яшчэ тры такiя здарэннi, якiя пераварочваюць уверх дном усе мае тэорыi, i я звар'яцею. I ўсё ж, бачна, гэта так! Цi патрэбна вам яшчэ чаго-небудзь?

– Толькi каб вы пажадалi мне спакойнай ночы, – сказаў Грыфiн.

– Спакойнай ночы, – сказаў Кемп i пацiснуў нябачную руку.

Ён бокам накiраваўся да дзвярэй. Раптам халат хутка падышоў да яго.

– Помнiце, – вымавiў халат. – Нiякiх спробаў злавiць цi затрымаць мяне. Iнакш...

Кемп злёгку змянiўся ў твары.

– Я ж, здаецца, даў вам слова, – сказаў ён.

Кемп выйшаў, цiха прычынiў за сабой дзверы, i ключ зараз жа шчоўкнуў у замку. Пакуль Кемп стаяў, не рухаючыся, з выглядам пакорлiвага здзiўлення на твары, пачулiся паспешныя крокi, i дзверы ванны таксама аказалiся зачыненымi. Кемп стукнуў сябе рукой па лбе.

– Сплю я, цi што? Увесь свет звар'яцеў, цi гэта я з глузду з'ехаў? – Ён засмяяўся i злёгку тузануў рукою замкнутыя дзверы. – Выгнаны з уласнай спальнi i кiм? Страшэннай бязглуздзiцай!

Ён падышоў да верхняй прыступкi лесвiцы, азiрнуўся i зноў паглядзеў на замкнёныя дзверы.

– Бясспрэчны факт, – вымавiў ён, дакранаючыся да патылiцы, якая ныла. Так, бясспрэчны факт. Але... – Ён безнадзейна пакiваў галавой, павярнуўся i спусцiўся ўнiз.

Ён запалiў лямпу ў сталовай, дастаў цыгару i пачаў хадзiць па пакоi, то бязладна мармычучы, то гучна спрачаючыся сам з сабою.

– Невiдзiмка! – сказаў ён. – Цi можа iснаваць нябачная жывёлiна? У моры – так. Там тысячы, мiльёны! Усе лiчынкi, усе мiкраарганiзмы... а медузы! У моры нябачных iстотаў больш, чым бачных! Раней я нiколi пра гэта не думаў... А ў сажалках! Усе гэтыя малюсенькiя арганiзмы, якiя жывуць у сажалках, – кавалачкi бясколернай, празрыстай слiзi... Але ў паветры? Не! Гэта немагчыма. А ўрэшце – чаму б i не? Калi б чалавек быў бы зроблены са шкла – i то ён быў бы бачны.

Кемп глыбока задумаўся. Тры цыгары ператварылiся ў белы попел, якi рассыпаўся па дыване, перш чым ён загаварыў зноў. Дакладней проста ўскрыкнуў. Потым ён выйшаў з пакоя, прайшоў у сваю прыёмную i запалiў там газ. Гэта быў маленькi пакой, таму што доктар Кемп не займаўся практыкай; там ляжалi газеты. Ранiшнi нумар, разгорнуты, валяўся на стале. Ён схапiў газету, перагарнуў яе i пачаў чытаць паведамленне аб "Незвычайным здарэннi ў Айпiнгу", якое з такой шчырасцю прачытаў Марвелу матрос у Порт-Стоў. Кемп хутка прабег гэтыя радкi.

– Захутаны! – усклiкнуў Кемп. – Пераапрануты! Хавае сваю тайну! Мусiць, нiхто не ведаў пра яго няшчасце. Што ў яго, каб яго чорт узяў, у галаве?

Ён кiнуў газету i пашукаў вачыма на стале.

– Ага! – сказаў ён i схапiў "Сент-Джэмс газэт", якая была яшчэ не разгорнута. – Зараз даведаемся ўсю праўду, – сказаў ён i разгарнуў газету. У вочы яму кiнулiся дзве калонкi: "Цэлая вёска ў Сэсексе звар'яцела!" паведамляў загаловак. – Божа лiтасцiвы! – усклiкнуў Кемп, прагна чытаючы скептычную справаздачу пра ўчарашнiя падзеi ў Айпiнгу, якiя апiсаны намi вышэй. Заметцы папярэднiчала паведамленне, перадрукаванае з ранiшняй газеты.

Кемп перачытаў усё з самага пачатку. "Бег па вулiцы, сыплючы ўдарамi направа i налева. Джаферс у непрытомным стане. Мiстэр Хакстэрс атрымаў сур'ёзныя калецтвы i не можа нiчога паведамiць з таго, што бачыў. Цяжкая знявага вiкарыя. Жанчына захварэла ад страху. Вокны перабiты. Уся гэтая незвычайная гiсторыя, напэўна, выдумка, але ўжо занадта цiкавая, каб можна было яе не надрукаваць".

Кемп упусцiў газету i тупа ўтаропiўся ў адну кропку.

– Напэўна, выдумка! – паўтарыў ён.

Потым схапiў газету i яшчэ раз прачытаў усё з пачатку i да канца.

– Але адкуль узяўся валацуга? Якога чорта ён гнаўся за валацугам?

Кемп бездапаможна апусцiўся ў хiрургiчнае крэсла.

– Гэта не толькi Невiдзiмка, – сказаў ён, – але i звар'яцелы! У яго манiя забойства!..

Калi ўзышла зара i бледныя промнi яе змяшалiся са святлом газа i цыгарэтным дымам у сталовай, Кемп усё яшчэ крочыў з кута ў кут, стараючыся зразумець незразумелае.

Ён быў занадта ўсхваляваны, каб думаць пра сон. Заспаныя слугi, якiя засталi яго ранiцай у такiм выглядзе, падумалi, што на яго дрэнна падзейнiчалi празмерныя заняткi. Ён аддаў незвычайнае, але зусiм яснае распараджэнне згатаваць сняданне на дваiх у кабiнеце наверсе, а потым спусцiцца ўнiз i больш наверсе не паказвацца. Ён працягваў крочыць па сталовай з кута ў кут, пакуль не прынеслi ранiшнюю газету. Пра Невiдзiмку гаварылася шматслоўна, але новым было толькi вельмi бесталковае паведамленне аб учарашнiх падзеях у шынку "Вясёлыя крыкетысты"; тут Кемпу ўпершыню трапiлася iмя Марвела. "Ён сiлай трымаў мяне пры сябе цэлыя дваццаць чатыры гадзiны", – заявiў Марвел. Справаздача аб айпiнгскiх падзеях была дапоўнена некаторымi дробнымi фактамi, у прыватнасцi ўпамiналася аб пашкоджаннi тэлеграфнага провада. Але ва ўсiх гэтых паведамленнях не было нiчога, што пралiвала б святло на ўзаемаадносiны памiж Невiдзiмкам i валацугам, бо мiстэр Марвел прамаўчаў аб трох кнiгах i аб грашах, якiмi ён быў набiты. Скептычнага тону як i не было, i цэлая армiя рэпарцёраў ужо ўзялася за стараннае абследаванне.

Кемп уважлiва прачытаў паведамленне ад радка да радка i паслаў пакаёўку купiць усе ранiшнiя газеты, якiя толькi яна зможа дастаць. Потым праглынуў i iх.

– Ён нябачны! – сказаў Кемп. – I калi меркаваць па газетах, то гаворка iдзе аб раз'юшанасцi, якая пераходзiць у вар'яцтва. Чаго толькi ён не натворыць! Чаго толькi не натворыць! А ён там, наверсе, у мяне ў спальнi, i вольны як вецер. Што ж мне рабiць? Цi можна назваць здрадай, калi... Не!

Ён падышоў да маленькага, заваленага паперамi столiка ў кутку i пачаў пiсаць запiску. Напiсаўшы некалькi радкоў, ён разарваў яе i напiсаў другую. Перачытаў яе i задумаўся. Потым узяў канверт i надпiсаў адрас: "Палкоўнiку Эдаю, Порт-Бэрдок".

Невiдзiмка прачнуўся якраз у тую хвiлiну, калi Кемп запячатваў пiсьмо. Ён прачнуўся ў дрэнным настроi, i Кемп, якi чуйна прыслухоўваўся да самага нязначнага шорагу, пачуў злоснае шлёпанне ног у спальнi наверсе. Потым пачуўся грукат стула, якi ўпаў, i звон разбiтага шкла. Кемп паспяшаўся наверх i нецярплiва пастукаў у дзверы спальнi.

Раздзел XIX

НЕКАТОРЫЯ АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ

– Што здарылася? – спытаўся Кемп, калi Невiдзiмка ўпусцiў яго ў пакой.

– Ды нiчога, – быў адказ.

– А шум чаму?

– Прыпадак раздражняльнасцi, – сказаў Невiдзiмка. – Забыўся пра сваю руку, а яна балiць.

– Вы, як бачна, схiльны да такiх успышак?

– Так.

Кемп прайшоў цераз пакой i падабраў асколкi разбiтага шкла.

– Усе факты пра вас сталi вядомымi, – сказаў ён, выпростваючыся. – Усё, што здарылася ў Айпiнгу i ўнiзе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзянiна. Але нiхто не ведае, што вы тут.

Невiдзiмка вылаяўся.

– Тайна раскрыта, – працягваў Кемп. – Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабiць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.

Невiдзiмка сеў на ложак.

– Наверсе пададзена снеданне, – паведамiў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, i з задавальненнем убачыў, што яго дзiўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвiцы наверх.

– Перш чым мы з вамi што-небудзь распачнём, – сказаў Кемп, – я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталi нябачны. – I, кiнуўшы iмгненны насцярожаны позiрк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая i грунтоўная размова. У яго зноў прамiльгнула думка, што ўся гэтая гiсторыя – бязглуздзiца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знiкла, калi ён зiрнуў цераз стол на Грыфiна: безгаловы, бязрукi халат сядзеў за снеданнем i выцiраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.

– Гэта вельмi проста i зусiм праўдападобна, – сказаў Грыфiн, адклаўшы ў бок сурвэтку.

– Для вас, вядома, але... – Кемп засмяяўся.

– Ну так, i мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер... Божа лiтасцiвы! Нас чакаюць вялiкiя справы! Упершыню гэта iдэя ўзнiкла ў мяне ў Чэзiлстоў.

– У Чэзiлстоў?

– Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кiнуў медыцыну i заняўся фiзiкай. Не ведалi? Ну, дык вось: я заняўся фiзiкай. Мяне захапiла праблема святла.

– А-а!..

– Аптычная непранiкальнасць! Усё гэтае пытанне – суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмi цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, i я быў энтузiяст, вось я i сказаў сабе: "Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць". Вы ж ведаеце, якiм бываеш дурнем у дваццаць два гады.

– Яшчэ невядома, цi не дурней мы цяпер, – сказаў Кемп.

– Як быццам веды могуць задаволiць чалавека! Але я ўзяўся за работу i працаваў як катаржны. Мiнула паўгода ўзмоцненай працы i роздуму – i вось скрозь туманную заслону блiснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пiгментаў i праламленняў святла – формулу, геаметрычны выраз, якi ўключае чатыры вымярэннi. Дурнi, звычайныя людзi, нават звычайныя матэматыкi i не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фiзiку, якi-небудзь агульны выраз. У кнiгах – кнiгах, якiя ўкраў гэты валацуга, – ёсць цуды, магiчныя лiчбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была iдэя, якая магла навесцi на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявiлася б магчымасць, не змяняючы ўласцiвасцi матэрыi, – за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, – практычна звесцi каэфiцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых цi вадкiх, да каэфiцыента праламлення паветра.

Кемп прысвiснуў.

– Гэта цiкава. Але ўсё ж для мяне не зусiм ясна... Я разумею, што такiм шляхам вы маглi б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабiць чалавека нябачным – да гэтага яшчэ далёка.

– Безумоўна, – сказаў Грыфiн. – Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбiвае, альбо праламляе яго, а можа, i ўсё разам. Калi цела не адбiвае, не праламляе i не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла i адбiвае астатняе, а менавiта усе чырвоныя промнi. Калi б скрынка не паглынала некаторай часткi святла, а адбiвала б яго ўсяго, то яна была бы блiскучай белай скрынкай. Успомнiце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, i яе паверхнасць таксама адбiвала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасцi ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбiвалася б i праламлялася, i мы б бачылi блiскучую павуцiну адлюстраванняў i празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкiлета. Шкляная скрынка не такая блiскучая i не настолькi выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў i праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункi шкла больш бачныя, чым астатнiя. Хрустальная скрынка блiшчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмi тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленнi, таму што яна не паглынае амаль нiякiх промняў i адбiвае i праламляе зусiм мала святла. Калi вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду цi, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусiм не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца i адбiваецца вельмi слаба i ўвогуле не трапляе амаль нi пад якое ўздзеянне. Шкло ў такiм выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струменi вуглекiслаты цi вадарода ў паветры. I па гэтай жа прычыне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю