355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:28

Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 9 страниц)

Чым больш я думаў, Кемп, тым ясней разумеў, якi бездапаможны i недарэчны нябачны чалавек у сырым i халодным клiмаце, у вялiзным цывiлiзаваным горадзе. Да майго безразважнага вопыту мне малявалiся ўсялякiя прывiлеi; цяпер я не бачыў у iм нiчога добрага. Я перабраў у думках усё, чаго можа жадаць чалавек. Праўда, нябачнасць дазваляла многага дасягнуць, але не дазваляла карыстацца дасягнутым. Славалюбства? Але што ў высокiм званнi, калi ўладальнiк яго вымушаны хавацца? Якi толк у каханнi жанчыны, калi яна павiнна быць Далiлай? Мяне не цiкавiць нi палiтыка, нi фiлантропiя, нi спорт. Што ж мне заставалася? Дзеля чаго я звярнуўся ў спавiтую тайну, у захутаную i забiнтаваную пародыю чалавека?

Ён замоўк i, здаецца, паглядзеў у акно.

– А як вы апынулiся ў Айпiнгу? – спытаўся Кемп, каб не даць спынiцца размове.

– Я паехаў туды працаваць. У мяне тады мiльганула смутная надзея, цяпер гэта думка саспела: вярнуцца ў ранейшы стан. Вярнуцца, калi мне гэта спатрэбiцца, калi я невiдзiмкам зраблю ўсё што хачу. Аб гэтым перш за ўсё мне i трэба пагаварыць з вамi.

– Вы прама паехалi ў Айпiнг?

– Так. Атрымаў свае заметкi i чэкавую кнiжку, набыў бялiзну i ўсё неабходнае, заказаў рэактывы, з дапамогай якiх хацеў ажыццявiць сваю задуму (як толькi атрымаю кнiгi, пакажу вам свае падлiкi), i паехаў. Божа, якая была завiруха, i як цяжка было зберагчы пракляты кардонны нос, каб ён не размок ад снегу!

– Калi меркаваць па газетах, – сказаў Кемп, – трэцяга дня, як вас выявiлi, вы крыху...

– Так, я крыху... Укакошыў я гэтага боўдзiлу палiсмена?

– Не, – сказаў Кемп, – кажуць, ён папраўляецца.

– Ну, значыць, яму пашанцавала. Я зусiм ашалеў. Вось дурнi! Чаго яны прычапiлiся да мяне? Ну, а ёлупень крамнiк?

– Смяротных выпадкаў не прадбачыцца, – сказаў Кемп.

– Што тычыцца майго валацугi, – сказаў Невiдзiмка, злавесна пасмейваючыся, – дык гэта яшчэ невядома. Далiбог, Кемп, вам, з вашым характарам, не зразумець, што такое шаленства! Працуеш доўгiя гады, прыдумваеш, будуеш планы, – а потым якi-небудзь бязмозглы, тупы iдыёт становiцца табе ўпоперак дарогi! Дурнi ўсiх гатункаў, якiя толькi iснуюць на свеце, старалiся перашкодзiць мне. Калi так будзе працягвацца, я ашалею канчаткова i пачну крышыць iх направа i налева. З-за iх цяпер усё стала ў тысячу разоў цяжэй.

Раздзел XXIV

ПЛАН, ЯКI НЕ ЎДАЎСЯ

– Ну, – сказаў Кемп, паглядзеўшы ў акно, – што ж мы цяпер будзем рабiць?

Ён падсунуўся блiжэй да Невiдзiмкi, каб засланiць ад яго трох людзей, што, як падалося Кемпу, вельмi ўжо павольна падымалiся па ўзгорку.

– Што вы збiралiся рабiць у Порт-Бэрдоку? У вас быў якi-небудзь план?

– Я хацеў уцячы за гранiцу. Але, сустрэўшы вас, я змянiў сваё рашэнне. Таму што стала цяплей i мне лягчэй заставацца нябачным, я думаў, што лешп усяго мне адправiцца на поўдзень. Таямнiца ж мая раскрыта, i тут усе будуць шукаць захутанага чалавека ў масцы. А адсюль ёсць параходныя зносiны з Францыяй. Я думаў, што можна рызыкнуць пераправiцца на якiм-небудзь параходзе. А з Францыi я мог бы па чыгунцы паехаць у Iспанiю цi нават адправiцца ў Алжыр. Гэта было б лёгка ажыццявiць. Там можна круглы год заставацца невiдзiмкам i не мерзнуць, i рабiць што хочаш. Валацугу гэтага я ператварыў бы ў перасовачны склад маiх грошай i кнiг, пакуль не ўладкаваўся б з перасылкай таго i другога па пошце.

– Зразумела.

– I раптам гэтай жывёлiне ўздумалася пажывiцца маёй маёмасцю. Ён украў мае кнiгi, Кемп! Мае кнiгi! Няхай ён толькi мне пападзецца!..

– Але спачатку трэба атрымаць у яго кнiгi.

– Дык дзе ж ён? Хiба вы ведаеце?

– Ён сядзiць у гарадскiм палiцэйскiм упраўленнi, у самай глухой турэмнай камеры, якая толькi знайшлася, – ён сам аб гэтым папрасiў.

– Нягоднiк! – сказаў Невiдзiмка.

– Гэта некалькi мяняе нашы планы.

– Трэба здабыць кнiгi, кнiгi вельмi патрэбны.

– Вядома, – паспешна згадзiўся Кемп, якому пачулiся крокi ў двары. Вядома, кнiгi абавязкова трэба здабыць. Але гэта будзе няцяжка, калi толькi ён не даведаецца, што iх патрабуюць для вас.

– Правiльна, – сказаў Невiдзiмка i задумаўся.

Кемп беспаспяхова стараўся што-небудзь прыдумаць, каб падтрымаць размову, але Невiдзiмка загаварыў сам.

– Цяпер, калi я апынуўся ў вас, Кемп, усе мае планы мяняюцца. Вы чалавек здольны зразумець мяне. Яшчэ можна зрабiць многае, вельмi многае, нягледзячы на страту кнiг, на агалоску, нягледзячы на ўсё, што здарылася i што я вытрываў... Вы нiкому не казалi пра мяне? – спытаўся ён раптам.

Кемп на iмгненне сумеўся.

– Мы ж дамовiлiся, – сказаў ён.

– Нiкому? – паўтарыў Грыфiн.

– Нiводнай душы.

– Ну, тады... – Невiдзiмка падняўся i, сунуўшы рукi ў кiшэнi, закрочыў па пакоi.

– Так, гэта была памылка, Кемп, вялiкая памылка, што я ўзяўся адзiн за гэтую справу. Дарэмна змарнаваны сiлы, час, магчымасцi. Адзiн... дзiўна, як мала можа зрабiць чалавек, калi ён адзiн! Дробны крадзеж, бойка – i ўсё.

Я шукаю прытулак, Кемп, мне патрэбны чалавек, якi памог бы мне, схаваў мяне, мне патрэбна месца, дзе я мог бы спакойна, не выклiкаючы нiякiх падазрэнняў, есцi, спаць i адпачываць. Словам, мне патрэбны саўдзельнiк. Тады магчыма ўсё. Да гэтага часу я дзейнiчаў наўздагад. Цяпер мы абмяркуем усе выгады, якiя дае нябачнасць, i ўсе звязаныя з ёю цяжкасцi. Для падслухоўвання i таму падобнага ў ёй мала карысцi: цябе таксама чуваць. Красцi яна памагае, але мала. Хаця злавiць мяне цяжка, але, злавiўшы, лёгка пасадзiць у турму. Нябачнасць карысная, калi трэба бегчы цi, наадварот, падкрадвацца. Значыць, яна карысная i пры забойстве. Як бы чалавек нi быў ўзброены, я лёгка магу выбраць найменш ахаванае месца, ударыць, схавацца i ўцячы, як i куды жадаю.

Кемп пагладзiў вусы. Здаецца, хтосьцi рухаецца ўнiзе.

– Мы павiнны заняцца забойствам, Кемп.

– Мы павiнны заняцца забойствам, – паўтарыў Кемп. – Я слухаю вас, Грыфiн, але гэта не значыць, што я згаджаюся з вамi. Для чаго мы павiнны забiваць?

– Не бяссэнсава забiваць, а разумна аднiмаць жыццё. Справа бачыцца такiм чынам: яны ведаюць, што ёсць Невiдзiмка, ведаюць не горш нас з вамi, i гэты Невiдзiмка, Кемп, павiнен устанавiць царства тэрору. Невiдзiмка павiнен захапiць якi-небудзь горад, хаця б гэты ваш Бэрдак, тэрарызаваць насельнiцтва i падпарадкаваць сваёй волi ўсiх i кожнага. Ён выдае свае загады. Ажыццявiць гэта можна тысячу спосабамi, скажам, падсоўваць пад дзверы лiсткi паперы. I хто асмелiцца не паслухацца, будзе забiты таксама, як будуць забiты i яго заступнiкi.

– Гм, – прамармытаў Кемп, прыслухоўваючыся больш да рыпення дзвярэй унiзе, якiя адчынялiся, чым да слоў Грыфiна. – Я думаю, Грыфiн, – сказаў ён, стараючыся здавацца ўважлiвым, – што становiшча вашага саўдзельнiка было б не з лёгкiх.

– Нiхто не будзе ведаць, што ён мой саўдзельнiк, – горача запярэчыў Невiдзiмка i раптам насцярожыўся. – Стойце! Што там адбываецца?

– Нiчога, – сказаў Кемп i раптам загаварыў гучна i хутка: – Я не магу згадзiцца з вамi, Грыфiн. Зразумейце ж, не магу. Для чаго весцi заведама прайграную гульню? Хiба гэта можа даць вам шчасце? Не станавiцеся адзiнокiм ваўком. Апублiкуйце ваша адкрыццё; калi не хочаце расказаць пра яго ўсяму свету, то даверце яго ў крайнiм выпадку сваёй краiне. Падумайце, чаго вы маглi дабiцца з мiльёнам памочнiкаў...

Невiдзiмка перапынiў Кемпа.

– Крокi на лесвiцы, – сказаў ён, падняўшы руку.

– Не можа быць, – запярэчыў Кемп.

– Зараз паглядзiм, – сказаў Невiдзiмка i, усё яшчэ з узнятай рукой, ступiў да дзвярэй.

Далей усё разыгралася iмклiва. Секунду разважыўшы, Кемп кiнуўся яму наперарэз. Невiдзiмка ўздрыгнуў, спынiўся.

– Здраднiк! – крыкнуў Голас.

Халат, расхiнуўшыся, апусцiўся ў крэсла: Невiдзiмка распранаўся. Кемп зрабiў некалькi паспешных крокаў да дзвярэй, i тут жа Невiдзiмка – ног яго ўжо не было – з крыкам ускочыў. Кемп расчынiў дзверы насцеж.

Знiзу выразна даносiлiся галасы i тупат бягучых ног.

Кемп адштурхнуў Невiдзiмку, выскачыў у калiдор i зачынiў за сабой дзверы. Ключ быў загадзя ўстаўлены знадворку. Яшчэ iмгненне – i Грыфiн застаўся б у кабiнеце адзiн, пад замком, ды перашкодзiла выпадковасць: паспешна ўстаўлены ранiцою ключ ад штуршка выскачыў i са стукам упаў на дыван.

Кемп памярцвеў. Схапiўшыся дзвюма рукамi за ручку, ён з усяе сiлы стараўся ўтрымаць дзверы. Некалькi iмгненняў яму гэта ўдавалася. Потым дзверы прыадчынiлiся цаляў на шэсць, але ён iх зноў зачынiў. У другi раз яны рыўком адкрылiся на фут, i ў шчылiну стаў працiскацца чырвоны халат. Нябачныя пальцы схапiлi Кемпа за горла, i яму давялося выпусцiць ручку дзвярэй, каб абараняцца. Ён быў адцiснуты, перакулены i з сiлай адкiнуты ў кут пляцоўкi. Пусты халат адляцеў ад яго.

На лесвiцы стаяў палкоўнiк Эдай, начальнiк бэрдакскай палiцыi, якому Кемп напiсаў пiсьмо. Ён з жахам глядзеў на нечаканае з'яўленне Кемпа i на пустыя прадметы вопраткi, якiя матлялiся ў паветры. Ён бачыў, як Кемп быў перакулены, як ён з цяжкасцю падняўся, хiстаючыся, зрабiў крок наперад i зноў упаў на падлогу.

I раптам яго самога штосьцi ўдарыла. Удар з пустаты! Быццам на яго навалiўся вялiзны цяжар. Нечыя пальцы сцiснулi яму горла, чыёсьцi калена ўдарыла яго ў пахавiну, i ён кулём скацiўся з лесвiцы. Нябачная нага наступiла яму на спiну, хтосьцi зашлёпаў па лесвiцы босымi нагамi; унiзе, у прыхожай абодва палiцэйскiя ўскрыкнулi i пабеглi, i ўваходныя дзверы з шумам зачынiлiся.

Палкоўнiк Эдай прыўзняўся i сеў, няўцямна азiраючыся. Зверху, хiстаючыся, сыходзiў Кемп, растрапаны i выпэцканы. Адна шчака ў яго пабялела ад удару, з разбiтай губы цякла кроў, у руках ён трымаў чырвоны халат i iншыя часткi туалета.

– О чорт! – крыкнуў Кемп. – Дрэнь справа! Уцёк-такi!

Раздзел XXV

ПАЛЯВАННЕ НА НЕВIДЗIМКУ

Спачатку Эдай нiчога не мог зразумець з бязладных выкрыкаў Кемпа. Яны абодва стаялi на пляцоўцы лесвiцы, i Кемп усё яшчэ трымаў у руках вопратку Грыфiна. Нарэшце Эдай пачаў праясняць сутнасць здарэння.

– Ён з'ехаў з глузду, – паспешна казаў Кемп, – гэта не чалавек, а звер. Думае толькi пра сябе. Не лiчыцца нi з чым, акрамя асабiстай выгады i бяспекi. Я яго выслухаў сягоння – гэта жудасны эгаiст. Пакуль ён толькi нявечыў людзей. Ён будзе забiваць, калi мы яго не схопiм. Ён выклiча панiку. Ён нi перад чым не спынiцца. I ён цяпер на волi i ашалеў ад лютасцi!

– Ясна адно: яго трэба злавiць, – сказаў Эдай.

– Але як? – усклiкнуў Кемп i раптам выбухнуў патокам слоў: – Трэба зараз жа прыняць меры, трэба ўсiх падняць на ногi, каб Грыфiн не ўцёк з гэтых месц. Iнакш ён будзе калясiць па краiне, нявечыць i забiваць людзей. Ён марыць пра царства тэрору! Цi разумееце вы – тэрору! Вы павiнны наладзiць нагляд на чыгунцы, на шашы, на судах. Выклiкайце войскi. Дайце звесткi па тэлеграфе, што патрэбна дапамога. Адна надзея – што ён не знiкне, пакуль не знойдзе свае заметкi, якiмi ён вельмi даражыць. Я потым растлумачу вам. У вас у палiцэйскiм упраўленнi сядзiць нейкi Марвел...

– Ведаю, – сказаў Эдай. – Кнiгi, так, так. Але ж гэты валацуга...

– Не прызнаецца, што кнiгi ў яго. Але Невiдзiмка ўпэўнены, што Марвел iх схаваў. А галоўнае, трэба не даваць Невiдзiмку нi есцi, нi спаць. Дзень i ноч людзi павiнны быць пiльнымi. Усё павiнна быць на замку, крамы, пякарнi усё. Трэба пiльнаваць, каб ён не мог дастаць нiякай ежы. Усе дамы на запор! Добра, калi будуць халады i дажджы! Усе ад малога да вялiкага павiнны ўдзельнiчаць у паляваннi. Зразумейце, Эдай, яго трэба злавiць у любым выпадку! Iнакш нам пагражаюць вялiкiя непрыемнасцi, падумаць – i то страшна.

– Менавiта так мы i павiнны дзейнiчаць, – сказаў Эдай. – Цяпер жа пайду i вазьмуся за справу. А можа, i вы пойдзеце са мной? Пайшлi! Мы наладзiм ваенны савет, запросiм Хопса, адмiнiстрацыю чыгункi. Нельга губляць нi хвiлiны. А па дарозе вы раскажаце мне ўсё падрабязна. Што ж зрабiць яшчэ?.. Ды кiньце вы гэты халат!

Цераз хвiлiну Эдай i Кемп былi ўжо ўнiзе. Дзверы стаялi адчыненыя насцеж, i двое палiцэйскiх усё яшчэ глядзелi ў пустату.

– Уцёк, сэр, – паведамiў адзiн з iх.

– Мы зараз жа iдзём у цэнтральнае ўпраўленне, – сказаў Эдай. – Адзiн з вас няхай знойдзе рамiзнiка i скажа яму даганяць нас. Ды паспяшайцеся! Дык вось, Кемп, што ж далей?

– Сабак трэба, – сказаў Кемп. – Знайдзiце сабак. Яны яго не бачаць, але чуюць. Знайдзiце сабак.

– Добра, – сказаў Эдай. – Скажу вам па сакрэту, у турэмнага начальства ў Холстэдзе ёсць чалавек, якi трымае сабак-сышчыкаў. Дык вось, сабакi. Далей.

– Не забудзьце, – сказаў Кемп, – ежа, якую ён праглыне, будзе бачна. Яна бачна, пакуль засвойваецца арганiзмам. Значыць, пасля яды ён павiнен хавацца. Трэба абшукаць кожны кусцiк, кожны куток. Трэба схаваць усю зброю. Усё, што можа служыць зброяй. Ён нiчога не можа доўга насiць з сабой. Усё, што ён можа выкарыстаць, каб нанесцi ўдар, трэба схаваць далей.

– Зробiм i гэта, – сказаў Эдай. – Ён не ўцячэ ад нас, дайце тэрмiн.

– А па дарогах... – пачаў Кемп i запнуўся.

– Што? – спытаўся Эдай.

– Насыпаць тоўчанага шкла. Гэта, вядома, жорстка, але калi падумаць, што ён можа натварыць...

Эдай свiснуў:

– Цi не занадта гэта? Несумленная гульня. Урэшце, загадаю падрыхтаваць на выпадак, калi ён вельмi зарвецца.

– Кажу вам, гэта ўжо не чалавек, а звер, – сказаў Кемп. – Я нi хвiлiны не сумняваюся, што ён здзейснiць сваю мару аб тэроры, – варта яму толькi акрыяць пасля ўцёкаў. Мы павiнны яго апярэдзiць. Ён сам кiнуў выклiк чалавецтву, дык няхай яго кроў пральецца на яго галаву!

Раздзел XXVI

ЗАБОЙСТВА ЎIКСЦIДА

Невiдзiмка, па ўсiх прыкметах, выбег з дома Кемпа ў дзiкiм шаленстве. Маленькае дзiця, якое гуляла ля веснiчак, было паднята ў паветра i з такой сiлай адкiнута ў бок, што зламала ножку. Пасля гэтага Невiдзiмка на некалькi гадзiн знiк. Так нiхто i не даведаўся, куды ён накiраваўся i што рабiў. Але лёгка можна было ўявiць, як ён бег у гарачы чэрвеньскi поўдзень пад гару i далей, па мелавых узгорках за Порт-Бэрдакам, раз'юшана праклiнаючы свой лёс – i, нарэшце, замораны i змучаны, знайшоў прытулак у хмызняках Хiнтандзiна, дзе разлiчваў перачакаць небяспеку i занава абдумаць свае планы барацьбы супраць сабе падобных. Хутчэй за ўсё ён схаваўся менавiта ў гэтай мясцовасцi, бо каля дзвюх гадзiн папаўднi ён выявiў тут сваю прысутнасць, i прытым самым злавесным, трагiчным чынам.

Якiм жа быў тады яго настрой i што ён задумаў, можна толькi здагадвацца. Несумненна, ён быў да крайнасцi раз'юшаны прадажнiцтвам Кемпа i хаця зусiм зразумелыя матывы, якiя кiравалi Кемпам, усё ж няцяжка ўявiць сабе гнеў, што павiнна была выклiкаць такая нечаканая здрада, i нават часткова апраўдаць яго. Магчыма, Невiдзiмку зноў ахапiла тое пачуццё разгубленасцi, якое ён зведаў у час падзей на Оксфард-стрыт, ён жа вiдавочна вельмi разлiчваў, што Кемп паможа яму ажыццявiць жорсткую задуму падвергнуць чалавецтва тэрору. Як бы там нi было, каля паўдня ён знiк – i нiводзiн чалавек не бачыў яго. Нiводная жывая iстота не ведае, што ён рабiў да паловы трэцяй. Для чалавецтва гэта, магчыма, i лепш, але для яго самога такая бяздзейнасць аказалася пагiбельнай.

У гэтыя дзве з паловай гадзiны за справу ўзялося мноства людзей, рассеяных па ўсёй акрузе. Ранiцай Невiдзiмка быў яшчэ проста казкай, пудзiлам; у поўдзень жа, дзякуючы сухому, але выразнаму заклiку Кемпа, ён стаў ужо цалкам рэальным працiўнiкам, якога трэба было паранiць, схапiць жывым цi мёртвым, – i ўсё насельнiцтва з надзвычайнай хуткасцю стала рыхтавацца да барацьбы. Нават у дзве гадзiны Невiдзiмка яшчэ мог выратавацца, забраўшыся ў цягнiк, але пасля дзвюх гэта стала ўжо немагчымым: па ўсiх чыгуначных лiнiях, на прасторы вялiзнага паралелаграма, памiж Саўтхемптанам, Вiнчэстэрам, Брайтанам i Хоршэмам, пасажырскiя цягнiкi iшлi з закрытымi дзвярамi, а таварны рух амаль спынiўся. У вялiкiм крузе, радыусам мiль у дваццаць вакол Порт-Бэрдака, па дарогах i палях хадзiлi групы па тры, па чатыры чалавекi са стрэльбамi, дубiнкамi i сабакамi.

Конныя палiцэйскiя аб'язджалi навакольныя сёлы, спынялiся каля кожнага дома i папярэджвалi жыхароў, каб яны замыкалi дзверы i не выходзiлi з дому без зброi. У тры гадзiны зачынiлiся школы i напалоханыя дзецi цеснымi групкамi беглi дадому. Гадзiн да чатырох заклiк, складзены Кемпам, але падпiсаны Эдаем, быў ужо расклеены па ўсёй акрузе. У iм коратка, але ясна былi ўказаны ўсе меры барацьбы: не даваць Невiдзiмку есцi i спаць, быць увесь час напагатове, каб прыняць рашучыя меры, калi ў чым-небудзь выявiцца яго прысутнасць. Дзеяннi ўладаў былi такiмi хуткiмi i энергiчнымi, усеагульная вера ў страшную iстоту такой моцнай, што да наступлення ночы на прасторы ў некалькi сот квадратных мiляў быў уведзены стан аблогi. I яшчэ ў той жа вечар па ўсiм напалоханым i насцярожаным краi пранёсся цiхi жах: з вуснаў у вусны перадавалася чутка, маланкавая i верагодная, аб забойстве мiстэра Ўiксцiда.

Калi наша здагадка, што Невiдзiмка схаваўся ў хмызняках Хiнтандзiна, правiльная, то, напэўна, неўзабаве пасля паўдня ён выйшаў адтуль з нейкiм намерам, для выканання якога патрэбна была зброя. Што гэта быў за намер, устанавiць нельга, але ён быў – гэта, на мой погляд, бясспрэчна, не выпадкова ж яшчэ да сутычкi з Уiксцiдам Невiдзiмка дзесьцi здабыў жалезны прут.

Аб падрабязнасцях гэтай сутычкi мы, зразумела, нiчога не ведаем. Адбылася яна на краю пясчанага кар'ера ярдаў за двесце ад варот вiлы лорда Бэрдака. Усё паказвае на адчайную схватку: утаптаная зямля, шматлiкiя раны Ўiксцiда, яго зламаная палка; але што магло стаць прычынай нападу, акрамя манii забойства, цяжка сабе ўявiць.

Думка аб вар'яцтве напрошваецца сама сабой. Мiстэр Уiксцiд, кiраўнiк спраў лорда Бэрдака, чалавек гадоў сарака пяцi, быў самай бяскрыўднай iстотай на свеце i ўжо, вядома ж, нiколi першым не нападаў бы на такога страшнага ворага. Раны, вiдаць, былi нанесены мiстэру Ўiксцiду жалезным прутом, выцягнутым са зламанай агароджы. Невiдзiмка спынiў гэтага мiрнага чалавека, напаў на яго, хутка зламаў яго слабае супрацiўленне, перабiў яму руку, павалiў яго на зямлю i размаджэрыў яму галаву.

Жалезны прут ён, напэўна, выцягнуў з агароджы да сустрэчы са сваёй ахвярай, – мусiць, ён трымаў яго напагатове. Яшчэ дзве падрабязнасцi пралiваюць некаторае святло на гэтае здарэнне. Па-першае, пясчаны кар'ер знаходзiўся не зусiм на дарозе мiстэра Ўiксцiда да дома, а ярдаў на дзвесце ў бок. Па-другое, па сведчанню маленькай дзяўчынкi, якая вярталася пасля абеду ў школу, яна бачыла, што нябожчык нейкай дзiўнай паходкай "трухаў" цераз поле ў напрамку да кар'ера. Па тым, як яна гэта паказала, можна было заключыць, што ён быццам гнаўся за чымсьцi, што рухалася па зямлi, час ад часу замахваючыся палкай. Дзяўчынка была апошняй, хто бачыў Уiксцiда жывым. Ён iшоў проста насустрач смерцi; ён спусцiўся ў лагчынку, i рэдкiя дрэвы, якiя там раслi, схавалi ад вачэй дзяўчынкi апошнюю схватку.

Гэтыя падрабязнасцi, несумненна, прынамсi ў вачах аўтара гэтых радкоў, робяць забойства Ўiксцiда не такiм ужо беспрычынным i бессэнсоўным. Можна ўявiць сабе, што Грыфiн прыхапiў жалезны прут, канечне, як зброю, але без намеру здзейснiць забойства. Тут мог трапiцца на дарозе Ўiксцiд i заўважыць прут, якi незразумелым чынам рухаўся па паветры. Нiколькi не думаючы пра Невiдзiмку, – ад гэтых жа мясцiн да Йорт-Бэрдака дзесяць мiляў, – ён мог паследаваць за прутам. Вельмi верагодна, што ён нават i не чуў пра Невiдзiмку. Лёгка далей уявiць, што Невiдзiмка стаў пацiху аддаляцца, не жадаючы выявiць сваю прысутнасць, а Ўiксцiд, узбуджаны i зацiкаўлены, не адставаў ад дзiўнага прадмета, якi сам рухаўся, i нарэшце ўдарыў па iм.

Вядома, пры звычайных абставiнах Невiдзiмка мог бы без асаблiвых намаганняў уцячы ад свайго ўжо немаладога праследавацеля, але становiшча цела забiтага Ўiксцiда дае падставу думаць, што ён меў няшчасце загнаць свайго працiўнiка ў куток памiж густым зараснiкам крапiвы i пясчаным кар'ерам. Тым, хто помнiць незвычайную раздражняльнасць Невiдзiмкi, няцяжка ўявiць усё астатняе.

Усё гэта, урэшце, адны здагадкi. Адзiныя несумненныя факты (бо сведчанням дзяцей не заўсёды можна давяраць) – гэта цела забiтага Ўiксцiда i акрываўлены жалезны прут, якi валяўся ў крапiве. Вiдавочна, Грыфiн кiнуў прут таму, што, захоплены хваляваннем, забыўся пра мэту, для якой iм узброiўся, калi спачатку такая мэта была. Вядома, ён быў вялiкi эгаiст i чалавек бяздушны, але выгляд ахвяры, яго першай ахвяры, акрываўленай i няшчаснай, распасцёртай каля яго ног, мог абудзiць у iм заглухлую крынiцу пакаяння i адвярнуць яго на нейкi час ад злачынных намераў.

Пасля забойства мiстэра Ўiксцiда Невiдзiмка, вiдаць, пабег у бок узгоркаў. Расказваюць, што два работнiкi на полi ў Ферн Боттам чулi вечарам нейкi таямнiчы голас. Хтосьцi плакаў i смяяўся, ахаў i стагнаў, а часам гучна ўскрыкваў. Напэўна, дзiўна было слухаць яго. Голас пранёсся над полем канюшыны i зацiх удалечынi, каля ўзгоркаў.

У гэты вечар Невiдзiмку, напэўна, давялося даведацца, як хутка выкарыстаў Кемп яго шчырасць. Напэўна, ён знайшоў усе дзверы на замку; i блукаў па чыгуначных станцыях, падкрадваўся да гасцiнiц i, без сумнення, прачытаў расклееныя ўсюды заклiкi i зразумеў, якi задуманы супраць яго паход. З наступленнем вечара па палях разышлiся групы ўзброеных людзей i чуўся сабачы брэх. Гэтыя паляўнiчыя на чалавека атрымалi спецыяльныя ўказаннi, як памагаць адзiн аднаму ў выпадку сустрэчы з ворагам. Але Невiдзiмку давялося пазбегнуць сустрэчы з iмi. Мы можам часткова зразумець яго шаленства, калi ўспомнiць, што ён сам паведамiў усе звесткi, якiя так бязлiтасна павярнулiся цяпер супраць яго. У гэты дзень ён заняпаў духам; амаль цэлыя суткi, калi не лiчыць сутычкi з Уiксцiдам, ён адчуваў сябе як упаляваны звер. Ноччу яму ўдалося, напэўна, i паесцi i паспаць, бо ранiцай да яго зноў вярнулася прысутнасць духу: ён зноў стаў моцным, актыўным, хiтрым i злосным, гатовым да сваёй апошняй вялiкай схваткi з усiм светам.

Раздзел XXVII

У АСАДЖАНЫМ ДОМЕ

Кемп атрымаў дзiўнае пасланне, напiсанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.

"Вы праявiлi дзiвосную энергiю i кемлiвасць, – сказана было ў пiсьме, хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалi на мяне, вы хацелi пазбавiць мяне адпачынку i ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, i гульня яшчэ толькi пачынаецца. Гульня яшчэ толькi пачынаецца! Мне нiчога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пiсьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальнiку палiцыi i яго шайцы, – ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашнi дзень – першы дзень першага года новай эры – Эры Невiдзiмкi. Я Невiдзiмка Першы. Спачатку маё праўленне будзе мiласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па iменi Кемп. Сёння смерць спасцiгне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калi захоча, – смерць, нябачная смерць наблiжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогi – тым большае ўражанне яго смерць выклiча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкi сёння ў поўдзень. Пiсьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна – i – у дарогу! Гульня пачалася. Смерць наблiжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцiгла смерць i цябе. Сёння Кемп павiнен памерцi".

Кемп двойчы прачытаў пiсьмо.

– Гэта не жарты, – сказаў ён. – Гэта ён! I ён будзе дзейнiчаць.

Ён перавярнуў лiсток i ўбачыў на адрасе штэмпель "Хiнтандзiн" i празаiчную прыпiску: "даплацiць 2 пенсы".

Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, – пiсьмо прыйшло ў гадзiну дня, – i падняўся ў свой кабiнет. Ён пазванiў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысцi ўвесь дом, агледзець усе засаўкi i зачынiць усе аканiцы.

У кабiнеце ён зачынiў аканiцы сам. З замкнутай скрынкi стала ў спальнi ён выняў невялiкi рэвальвер, пiльна агледзеў яго i паклаў у кiшэню хатняй курткi. Затым ён напiсаў некалькi запiсак, у тым лiку i палкоўнiку Эдаю, i даручыў служанцы аднесцi iх. Кемп параiў ёй пры гэтым, як выйсцi з дому.

– Небяспекi няма нiякай, – сказаў ён i дадаў сам сабе: "Для вас". Пасля гэтага ён нейкi час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.

Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкi. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.

– Мы яго зловiм! – усклiкнуў ён. – I прынадай буду я. Ён зарвецца.

Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.

– Гэта гульня, – сказаў ён. – Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маiм баку, мiстэр Грыфiн, хаця вы i нябачныя i смелыя таксама. Грыфiн contra mundum...* Скажыце калi ласка!

* Супраць усяго свету (лат.).

Ён стаяў каля акна, гледзячы на залiты сонцам схiл гары.

– Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А цi праўда, што мiнулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам i ў такiм месцы, дзе нiхто не мог на яго натрапiць... Вось калi б замест гэтай гарачынi наступiлi халады i халепа... А ён жа, можа, у гэтую самую хвiлiну назiрае за мной.

Кемп ушчыльную падышоў да акна i раптам спалохана адскочыў: штосьцi моцна стукнула ў сцяну над рамай.

– Аднак нервы ў мяне расхадзiлiся, – прамовiў ён сам сабе. Але добрых пяць хвiлiн ён не адважваўся зноў падысцi да акна. – Верабей, можа, – сказаў ён.

Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй i паспяшаўся ўнiз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго i асцярожна прачынiў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклiкнуў яго. Гэта быў палкоўнiк Эдай.

– На вашу пакаёўку напалi, – сказаў Эдай з-за дзвярэй.

– Што?! – усклiкнуў Кемп.

– Вашу запiску ў яе адабралi. Ён недзе паблiзу. Упусцiце мяне.

Кемп зняў ланцуг, i Эдай сяк-так працiснуўся ў вузкую шчылiну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калi Кемп зноў налажыў засаўку.

– Запiску вырвалi ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маiм участку. З ёй iстэрыка. Ён дзесьцi паблiзу. Што было ў запiсцы?

Кемп вылаяўся.

– Дурань жа я! – сказаў ён. – Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хiнтандзiна менш гадзiны хады. Ужо!

– У чым справа? – спытаўся Эдай.

– Вось паглядзiце! – сказаў Кемп i павёў Эдая ў кабiнет. Ён падаў яму пiсьмо Невiдзiмкi. Эдай прачытаў i цiхенька свiснуў.

– А вы?.. – спытаўся ён.

– Падстроiў пастку, – сказаў Кемп, – i як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукi.

Эдай цярплiва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:

– Ён уцячэ.

– Не, не, – адказаў Кемп.

Зверху пачуўся звон i трэск разбiтага шкла. Эдай заўважыў маленькi рэвальвер, якi тырчаў з кiшэнi Кемпа.

– Гэта ў кабiнеце! – сказаў Кемп i першы стаў падымацца па лесвiцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзiны яе, яны зноў пачулi трэск.

У кабiнеце яны ўбачылi, што два вакны з трох разбiты, падлога засыпана асколкамi, а на пiсьмовым стале ляжыць вялiкi камень. Абодва спынiлiся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, i ў тую ж хвiлiну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлiлi з пiсталета, i на падлогу са звонам пасыпалiся асколкi.

– Навошта гэта? – сказаў Эдай.

– Гэта пачатак, – адказаў Кемп.

– А залезцi сюды няма нiякай магчымасцi?

– Нават кошка не залезе, – адказаў Кемп.

– Аканiц няма?

– Тут няма. Ва ўсiх нiжнiх пакоях... Ого!

Знiзу данёсся звон разбiтага шкла i трэск дошак пад цяжкiм ударам.

– Каб яго чорт узяў, – сказаў Кемп. – Гэта, напэўна... так, гэта ў спальнi. Ён збiраецца апрацаваць увесь дом. Дурань ён. Аканiцы зачынены, i шкло будзе падаць знадворку. Ён парэжа сабе ногi.

Яшчэ адно акно абвясцiла аб сваiм разбурэннi. Кемп i Эдай стаялi на пляцоўцы, не ведаючы, што рабiць.

– Вось што, – сказаў Эдай, – дайце мне палку цi што-небудзь падобнае: я схаджу ва ўпраўленне i загадаю прыслаць сабак. Тады мы яго зловiм.

Яшчэ адно акно разбiлася на друзачкi.

– Цi няма ў вас рэвальвера? – спытаўся Эдай.

Кемп сунуў руку ў кiшэнь i сумеўся.

– Не, – адказаў ён, – ва ўсялякiм выпадку няма лiшняга.

– Я прынясу яго назад, – сказаў Эдай. – Вы ж тут у бяспецы.

Кемп, прысаромлены, аддаў рэвальвер.

– Цяпер пойдзем адчыняць дзверы, – сказаў Эдай.

Пакуль яны стаялi ў прыхожай, не адважваючыся падысцi да дзвярэй, адно з вакон у спальнi першага паверха затрашчала i загрымела. Кемп падышоў да дзвярэй i пачаў як мага асцярожней адсоўваць завалу, твар яго быў некалькi бляднейшы, чым звычайна.

– Выходзьце хутка, – сказаў Кемп.

Яшчэ секунда, i Эдай быў ужо на ганку, а Кемп зноў засунуў завалу. Эдай памарудзiў крыху: стаяць, прысланiўшыся спiной да дзвярэй, было ўсё-такi спакайней, потым выпрастаўся i цвёрда закрочыў унiз па прыступках. Ён перасек поплаў i прыблiзiўся да веснiчак. Здавалася, па траве пранёсся ветрык. Штосьцi зашавялiлася побач з iм.

– Пачакайце хвiлiну, – вымавiў Голас.

Эдай спынiўся як укопаны, рука яго моцна сцiснула рэвальвер.

– У чым справа? – сказаў Эдай, бледны i пануры; кожны нерв яго быў напружаны.

– Вы зробiце мне вялiкую ласку, калi вернецеся ў дом, – сказаў Голас таксама панура i напружана, як i Эдай.

– Вельмi шкадую, – сказаў Эдай некалькi ахрыплым голасам i правёў языком па перасохлых губах. Голас быў, як яму здавалася, злева ад яго. А што, калi паспрабаваць шчасця i стрэлiць?

– Куды вы iдзеце? – спытаўся Голас. Яны абодва зрабiлi рэзкi рух, i з расхiнутай кiшэнi Эдая блiснуў на сонцы рэвальвер.

Эдай адмовiўся ад свайго намеру i задумаўся.

– Куды я iду, – прамовiў ён павольна, – гэта мая справа.

Не паспеў ён вымавiць гэтыя словы, як нябачная рука абхапiла яго за шыю, у спiну ўперлася калена, i ён упаў дагары. Выцягнуўшы неяк рэвальвёр, ён стрэлiў наўздагад; у тую ж секунду ён атрымаў моцны ўдар у зубы i рэвальвер вырвалi ў яго з рук. Ён зрабiў марную спробу ўхапiцца за нябачную нагу, якая адразу ж выслiзнула, паспрабаваў устаць i зноў упаў.

– Чорт! – сказаў Эдай.

Голас рассмяяўся.

– Я забiў бы вас, ды шкада трацiць кулю, – сказаў ён.

Эдай убачыў у паветры перад сабою, футаў за шэсць, дула рэвальвера.

– Ну? – сказаў Эдай.

– Устаньце, – сказаў Голас.

Эдай падняўся.

– Смiрна! – загадаў Голас i працягваў цвёрда: – Кiньце ўсе свае намеры. Помнiце, што я ваш твар добра бачу, а вы мяне не бачыце. Вярнiцеся ў дом.

– Ён мне не адчынiць дзверы, – сказаў Эдай.

– Вельмi шкада, – сказаў Невiдзiмка. – З вамi я не спрачаўся.

Эдай зноў лiзнуў языком па вуснах. Ён адвёў позiрк ад рэвальвера, убачыў воддаль мора, вельмi сiняе i цёмнае ў бляску паўдзённага сонца, шаўкавiстыя зялёныя ўзгоркi, белы скалiсты мыс, шматлюдны горад, – i раптам адчуў, якое цудоўнае жыццё. Ён перавёў позiрк на маленькi металiчны прадмет, якi вiсеў памiж небам i зямлёй за шэсць футаў ад яго.

– Што ж мне рабiць? – змрочна спытаўся ён.

– А мне што рабiць? – спытаўся Невiдзiмка. – Вы прывядзеце падмогу. Не, давядзецца вам вярнуцца назад.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю