355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:28

Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 9 страниц)

Я паглядзеў унiз i ўбачыў, што хлапчукi, вылупiўшы вочы, разглядваюць брудныя сляды, якiя я пакiнуў на свежавыбеленых прыступках. Прахожыя груба штурхалi iх, але яны, зацiкаўленыя сваiм адкрыццём, працягвалi стаяць каля мяне. "Бум, бум, бум, калi, бум, убачым мы, бум, яго лiк, бум, бум..." "Праўду табе кажу, хтосьцi ўзышоў басанож на гэты ганак, – сказаў адзiн. – А ўнiз не спускаўся, i з нагi кроў iшла".

Шэсце ўжо хавалася з вачэй. "Глядзi, Тэд, глядзi!" – крыкнуў малодшы з пiльных сышчыкаў у вялiкiм здзiўленнi, паказваючы на мае ногi. Я зiрнуў унiз i адразу заўважыў цьмяныя абрысы сваiх ног, абмаляваныя гразёй. На хвiлiну я аслупянеў.

"Ах, чорт! – усклiкнуў старэйшы. – Вось дык штука! Як прывiд, далiбог!" – Пасля некаторай развагi ён падышоў да мяне блiжэй i працягнуў руку. Нейкi чалавек крута спынiўся, каб паглядзець, што гэта ён ловiць, потым падышла дзяўчына. Яшчэ секунда, i хлапчук датыкнуўся б да мяне. Тут я скемiў, што мне рабiць. Ступiўшы наперад, – хлапчук з крыкам адскочыў убок, – я хутка пералез цераз агароджу на ганак суседняга дома. Але малодшы хлапчук прыкмецiў мой рух, i, перш чым я паспеў спусцiцца на тратуар, ён ачомаўся ад часовай збянтэжанасцi i стаў крычаць, што ногi пераскочылi цераз агароджу.

Усе кiнулiся туды i ўбачылi, як на нiжняй прыступцы i на тратуары з хуткасцю маланкi з'яўляюцца новыя сляды ног. "У чым справа?" – спытаўся хтосьцi. "Ногi! Глядзiце. Бягуць ногi!"

Увесь народ на вулiцы, акрамя маiх трох праследавацеляў, спяшаўся за Армiяй выратавання, i гэтая плынь затрымлiвала не толькi мяне, але i пагоню. З усiх бакоў сыпалiся пытаннi i чулiся воклiчы здзiўлення. Я збiў з ног нейкага юнака i кiнуўся бегчы вакол Рэсел-сквер, а чалавек шэсць цi сем здзiўленых прахожых iмчалi па майму следу. Тлумачыць, на шчасце, iм не было калi, а iнакш, напэўна, увесь натоўп кiнуўся б за мной.

Я мяняў кiрунак уцёкаў, тройчы пераходзiў цераз вулiцу i вяртаўся назад той жа дарогай; ногi мае сагрэлiся i высахлi i ўжо не пакiдалi мокрых слядоў. Нарэшце, падлавiўшы свабодную хвiлiну, я начыста выцер ногi рукамi i такiм чынам канчаткова схаваўся. Апошняе, што я бачыў з пагонi, былi чалавек дзесяць, якiя збiлiся кучкай i ў бязмежным неўразуменнi разглядвалi паволi высыхаючы адбiтак нагi, якая трапiла ў лужыну на Тавiсток-сквер – адзiны адбiтак, такi ж незразумелы, як той, на якi натрапiў Рабiнзон Круза.

Мае ўцёкi крыху сагрэлi мяне, i я стаў прабiрацца цераз сетку малалюдных вулачак i завулкаў ужо ў больш бадзёрым настроi. Спiну ламала, пад вухам ныла ад пальцаў рамiзнiка, скура была разадрана яго пазногцямi, ногi моцна балелi, i з-за парэзанай ступнi я накульгваў. Да мяне наблiзiўся нейкi сляпы, але я своечасова прыкмецiў яго i кiнуўся ўбок, асцерагаючыся яго тонкага слыху. Раз цi два я выпадкова сутыкаўся з прахожымi, i яны спынялiся ў неўразуменнi, аглушаныя лаянкай, якая немаведама адкуль пачулася. Потым я адчуў на твары штосьцi мяккае, i плошча стала пакрывацца тонкiм слоем снегу, якi паволi падаў зверху. Я, напэўна, прастудзiўся i не мог утрымацца, каб час ад часу не чхнуць. А кожны сабака, якi трапляўся мне на шляху i, выцягнуўшы морду, пачынаў з цiкаўнасцю абнюхваць мае ногi, выклiкаў у мяне жах.

Потым мiма мяне з крыкам прабег чалавек, за iм другi, трэцi, а цераз хвiлiну цэлы натоўп дарослых i хлапчукоў стаў абганяць мяне. Дзесьцi быў пажар. Натоўп бег у напрамку да майго дома. Зазiрнуўшы ў завулак, я ўбачыў густое воблака чорнага дыму, якое падымалася над дахамi i тэлефоннымi правадамi. Я не сумняваўся, што гэта гарыць мая кватэра. Уся мая вопратка, апараты, уся мая маёмасць засталiся там, за выключэннем чэкавай кнiжкi i трох тамоў запiсаў, якiя чакалi мяне на Грэйт-Портленд-стрыт. Я спалiў свае караблi – сапраўды так! Увесь дом гарэў.

Невiдзiмка замоўк i задумаўся. Кемп з трывогай паглядзеў у акно.

– Ну! – сказаў ён. – Працягвайце!

Раздзел XXII

ВА ЎНIВЕРСАЛЬНЫМ МАГАЗIНЕ

– Дык вось, у студзенi, у снег i мяцелiцу, – а варта снегу пакрыць мяне, i я быў бы выяўлены! – змораны, прастужаны, з ламатой ва ўсiм целе, невыказна няшчасны i ўсё яшчэ амаль напалову перакананы ў сваёй нябачнасцi, пачаў я новае жыццё, на якое сам сябе асудзiў. У мяне не было нi прыстанiшча, нi сродкаў да iснавання, не было нiводнага чалавека ва ўсiм свеце, якому я мог бы даверыцца. Раскрыць сваю таямнiцу азначала б адмовiцца ад сваiх шырокiх планаў на будучае – мяне проста сталi б паказваць як дзiва. Тым не менш я было амаль адважыўся падысцi да якога-небудзь прахожага i прызнацца ва ўсiм. Але я занадта добра разумеў, якi жах i якую нечалавечую жорсткасць абудзiла б такая спроба. Пакуль што мне было не да новых планаў. Я хацеў толькi схавацца ад снегу, захутацца i сагрэцца, – тады можна было б падумаць i пра будучае. Але нават для мяне, чалавека-невiдзiмкi, рады лонданскiх дамоў стаялi замкнёныя i непрыступныя.

Толькi адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць i пакуты блiзкай ночы сярод снежнай завiрухi.

I раптам мяне натхнiла блiскучая думка. Я звярнуў на вулiцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, i апынуўся перад вялiзным магазiнам "Omnium"– вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсiм – мясам, бакалеяй, бялiзнай, мэбляй, вопраткай, нават карцiнамi. Гэта хутчэй гiганцкi лабiрынт разнастайных крамаў, чым адзiн магазiн. Я спадзяваўся заспець дзверы магазiна адчыненымi, але яны былi закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокiм уваходам, пад'ехала карэта, i швейцар у лiўрэi, з надпiсам "Omnium" на фуражцы расчынiў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзiну, i, прайшоўшы першы пакой – гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох i да таго падобнага, – я трапiў у больш прасторнае памяшканне, дзе прадавалiся кошыкi i плеценая мэбля.

Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўклiся пакупнiкi. Я стаў бадзяцца па магазiне, пакуль не трапiў у вялiзнае аддзяленне на верхнiм паверсе, якi быў увесь застаўлены ложкамi. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велiзарнай кучы складзеных матрацаў. У магазiне запалiлi ўжо святло, было вельмi цёпла; я вырашыў застацца ў сваiм сховiшчы i, уважлiва сочачы за групамi прыказчыкаў i пакупнiкоў, якiя сноўдалiся па мэблевым аддзяленнi, стаў чакаць час, калi магазiн зачыняць. "Тады ўсе пойдуць, – думаў я, – i я здабуду сабе ежу i вопратку, абыду ўвесь магазiн, абследую яго запасы i, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў". Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фiгуру, якая ўсё ж не выклiкае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнiгi i прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой i распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагi над маiмi блiзкiмi, што – як я ўсё яшчэ ўяўляў – давала мне мая нябачнасць.

Час закрыцця магазiна наступiў даволi хутка. Прайшло не больш гадзiны, як я забраўся на кучу матрацаў, i вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошнiх пакупнiкоў выправаджваюць. Потым некалькi жвавых маладых людзей узялiся з незвычайнай хуткасцю збiраць тавары, якiя ляжалi на прылаўках. Калi натоўп парадзеў, я пакiнуў сваё логава i асцярожна прабраўся блiжэй да цэнтральных аддзяленняў магазiна. Мяне ўразiла хуткасць, з якой цэлая армiя юнакоў i дзяўчат прымалi тавары, што былi выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкi, развешаныя тканiны, гiрлянды карункаў, скрынкi з ласункамi ў бакалейным аддзяленнi, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, – усё гэта ўбiралася, згортвалася i складвалася ў спецыяльныя сховiшчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць i схаваць, прыкрывалася чахламi з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусiны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкi, на падлозе не засталося нiчога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсцi з выразам такога натхнення на твары, якога я нiколi яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явiлася плойма падлеткаў з апiлкамi, вёдрамi i шчоткамi. Мне даводзiлася раз-пораз ухiляцца ад iх, але ўсё ж апiлкi траплялi мне на ногi. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволi доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзiну з лiшнiм пасля закрыцця магазiна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цiшыня, i я застаўся адзiн у вялiзным лабiрынце аддзяленняў i калiдораў. Было вельмi цiха – помню, як, праходзячы мiма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.

Спачатку я накiраваўся ў памяшканне, у якiм я бачыў панчохi i пальчаткi. Было цёмна, i я ледзьве адшукаў запалкi ў скрынцы невялiкай канторкi. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы i шнарыць па скрынках i каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкi ляжалi ў скрынцы, на якой быў надпiс: "Шарсцяныя панталоны i фуфайкi". Потым я ўзяў шкарпэткi i тоўсты шалiк, пасля чаго накiраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткi, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, палiто i капялюш з загнутымi ўнiз палямi, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам i найперш усяго падумаў пра ежу.

На верхнiм паверсе аказалася закусачная, i там я знайшоў халоднае мяса. У кафейнiку засталося крыху кавы, я запалiў газ i падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусiм няблага. Затым я накiраваўся на пошукi коўдры – мне давялося задаволiцца пуховымi пярынамi, – i натрапiў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада i зацукраваных фруктаў, якiмi я ледзьве не аб'еўся, i некалькi бутэлек бургундскага. А побач знаходзiўся аддзел цацак, якi навёў мяне на блiскучую думку: я знайшоў некалькi штучных насоў, – ведаеце, з пап'е-машэ, – i тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у "Omnium" не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках i так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмi цёпла i зручна.

Яшчэ нi разу з моманту незвычайнай перамены я не адчуваў сябе так добра, як у той вечар, засынаючы. Я знаходзiўся ў стане поўнай цiхамiрнасцi i быў у вельмi аптымiстычным настроi. Я спадзяваўся, што ранiцай непрыкметна выберуся з магазiна, апрануўшыся i захутаўшы твар белым шалiкам; затым куплю акуляры на ўкрадзеныя мною грошы, i такiм чынам пераапрананне маё будзе закончана. Ноччу мне снiлiся ўперамежку ўсе фантастычныя прыгоды, якiя здарылiся са мной за апошнiя некалькi дзён. Я бачыў раззлаванага жыда-домагаспадара, яго неўразумелых пасынкаў, зморшчаны твар старой, якая пыталася пра сваю кошку. Я зноў зведаў дзiўнае адчуванне пры з'яўленнi белай тканiны, якая знiкла. Затым мне ўявiўся родны гарадок i прастужаны дзядок вiкарый, якi шамкае над магiлай майго бацькi: "З зямлi ўзяты, у зямлю адыдзеш..."

"I ты", – сказаў чыйсьцi голас, i раптам мяне пацягнулi да магiлы. Я вырываўся, крычаў, упрошваў магiльшчыкаў, але яны стаялi нерухома i слухалi адпяванне; дзядок вiкарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малiтвы i перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць i не чуюць i што я ва ўладзе сiл, якiя адолелi мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кiнулi ў магiлу, i я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталi засыпаць зямлёй. Нiхто не заўважаў мяне, нiхто не падазраваў аб маiм iснаваннi. Я сутаргава завалтузiўся i прачнуўся.

Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчылiны памiж аконнымi шторамi пранiкала халоднае шэрае святло. Я сеў i доўга не мог уцямiць, што гэта за велiзарнае памяшканне з жалезнымi слупамi, з прылаўкамi, грудамi згорнутых матэрый, кучай коўдраў i падушак. Затым успомнiў усё i тут жа пачулiся нечыя галасы.

Здалёку, з пакоя, дзе было святлей, таму што шторы былi там падняты, да мяне прыблiжалiся двое. Я ўскочыў, думаючы, куды схавацца, i гэты рух выдаў iм маю прысутнасць. Я думаю, што яны паспелi заўважыць толькi фiгуру, якая шпарка аддалялася. "Хто гэта?" – крыкнуў адзiн. "Стой!" – закрычаў другi. Я завярнуў за вугал i сутыкнуўся з худым хлапчуком гадоў пятнаццацi. Не забудзьце, я быў фiгурай без твару! Ён завiшчаў, а я збiў яго з ног, кiнуўся далей, завярнуў за другi вугал, i тут у мяне мiльганула шчаслiвая думка: я распластаўся за прылаўкам. Яшчэ хвiлiна, i я пачуў крокi людзей, якiя беглi, адусюль неслiся крыкi: "Дзверы зачынiце, дзверы!" – "Што здарылася?" – i з усiх бакоў пасыпалiся парады, як злавiць мяне.

Я ляжаў на падлозе, перапалоханы насмерць. Як нi дзiўна, у тую хвiлiну мне не прыйшло ў галаву, што трэба распрануцца, а мiж тым гэта было б самае простае. Як бачна, ува мне занадта глыбока засела ранейшае рашэнне пайсцi адсюль апранутым. А потым па доўгiм праходзе памiж прылаўкамi разнёсся крык: "Вось ён!"

Я ўскочыў, схапiў стул з прылаўка i, запусцiўшы iм у боўдзiлу, якi выкрыкнуў гэта, пабег, наткнуўся за вуглом на другога, адкiнуў яго i кiнуўся ўверх па лесвiцы. Ён утрымаўся на нагах i з улюлюканнем пагнаўся за мной. Наверсе лесвiцы былi нагрувашчаны кучы гэтых квяцiстых размаляваных пасудзiн, – ведаеце?

– Вазоны для кветак, – падказаў Кемп.

– Вось, вось. На верхняй прыступцы я спынiўся, павярнуўся, выхапiў з кучы адзiн вазон i кiнуў у галаву боўдзiлы, якi падбег. Уся куча вазонаў рухнула, пачулiся крыкi, i з усiх бакоў сталi збягацца служачыя. Я з усiх ног кiнуўся ў закусачную, але там быў нейкi чалавек у белым, накшталт повара, i ён таксама пагнаўся за мной. Я зрабiў апошнi адчайны паварот i апынуўся ў аддзяленнi лямпаў i скабяных тавараў. Я забег за прылавак i стаў чакаць повара. Як толькi ён з'явiўся – першы з усiх маiх праследавацеляў, я запусцiў у яго лямпай. Ён упаў, а я, скорчыўшыся за прылаўкам, пачаў паспешна скiдваць з сябе вопратку. Куртка, штаны, башмакi – усё гэта ўдалося скiнуць даволi хутка; але гэтыя праклятыя фуфайкi прыстаюць да цела, як асабiстая скура. Повар ляжаў нерухома на другiм баку прылаўка, аглушаны ўдарам цi перапалоханы да страты прытомнасцi, але я чуў тупат ног, пагоня прыблiжалася, – i я павiнен быў зноў ратавацца ўцёкамi, быццам трус, якога выгналi з кучы хворасту.

"Сюды, палiсмен!" – крыкнуў хтосьцi. Я зноў апынуўся ў аддзяленнi ложкаў, у канцы якога стаяў цэлы лес адзежных шафаў. Я забраўся ў самую гушчу, лёг на падлогу i, звiваючыся як вугар, вызвалiўся нарэшце ад фуфайкi. Калi з-за вугла з'явiўся палiсмен i трое служачых, я стаяў ужо голы, задыхаючыся i дрыжучы ад страху. Яны накiнулiся на камiзэльку i кальсоны i ўчапiлiся за штаны. "Ён кiдае сваю здабычу, – сказаў адзiн з прыказчыкаў. Ён, напэўна, дзе-небудзь тут".

Але ўсё ж яны мяне не знайшлi.

Я стаяў, назiраючы, як яны шукаюць мяне, i праклiнаў лёс за сваю няўдачу, таму што я застаўся без адзення. Потым я накiраваўся ў закусачную, выпiў крыху малака i прысеўшы ля камiна, стаў абдумваць сваё становiшча.

Неўзабаве прыйшлi два прыказчыкi i сталi вельмi горача абмяркоўваць здарэнне. Якую лухту яны гаварылi! Я пачуў занадта перабольшаны расказ аб праведзеных мною спусташэннях i самыя розныя здагадкi аб маiм месцазнаходжаннi. Потым я зноў стаў абдумваць план дзеянняў. Сцягнуць што-небудзь у магазiне, асаблiва пасля ўсёй гэтай мiтуснi, было зусiм немагчыма. Я спусцiўся ў склад – паглядзець, цi не пашанцуе запакаваць i адправiць пакет, але я не зразумеў iх сiстэмы кантролю. Каля адзiнаццацi гадзiн я вырашыў, што ў магазiне заставацца няма сэнсу, i ўжо снег растаяў i было цяплей, чым напярэдаднi, i я выйшаў на вулiцу. Я быў у роспачы ад сваёй няўдачы, а адносна будучага планы мае былi самыя смутныя.

Раздзел ХХIII

НА ДРУРЫ-ЛЕЙН

– Цяпер вы пачынаеце разумець, – працягваў Невiдзiмка, – усю нязручнасць майго становiшча. У мяне не было нi прыстанiшча, нi вопраткi, а апрануцца – значыць адмовiцца ад усiх маiх пераваг, ператварыцца ў нешта дзiўнае i страшнае. Я нiчога не еў, таму што прымаць ежу, гэта значыць, напаўняць сябе непразрыстым рэчывам i стаць агiдна бачным.

– Аб гэтым я i не падумаў, – сказаў Кемп.

– Так, i я таксама. А снег адкрыў мне вочы на iншую небяспеку. Я не змог выходзiць на вулiцу, калi iшоў снег: ён аблеплiваў i такiм чынам выдаваў. Дождж таксама выдаваў бы маю прысутнасць, абводзячы мяне вадзяным контурам i ператвараючы мяне ў паблiскваючую паверхнасць чалавека – у пузыр. А туман? Пры тумане я ператвараўся б у мутны пузыр, у вiльготны абрыс чалавека. Акрамя таго, бадзяючыся па вулiцах у лонданскай атмасферы, я пэцкаў ногi, а на скуры асядалi сажа i пыл. Я не ведаў, колькi спатрэбiцца часу, каб гразь выдала мяне; але я ясна разумеў, што гэта не за гарамi, паколькi размова iшла аб Лондане. Я накiраваўся да трушчобаў каля Грэйт-Портленд-стрыт i апынуўся ў канцы вулiцы, дзе жыў раней. Я не пайшоў гэтай дарогай, таму што насупраць яшчэ дымных руiн дома, якi я падпалiў, стаяў густы натоўп. Мне трэба было знайсцi вопратку. Тут мне кiнулася ў вочы адна з тых карчомак, дзе прадаецца ўсё: газеты, ласункi, цацкi, канцылярскiя прылады, ёлачныя ўпрыгожаннi i так далей; у вiтрыне я заўважыў цэлую выстаўку масак i насоў – i гэта зноў падказала мне тую ж думку, што i цацкi ў "Omnium". Я павярнуў назад, ужо з акрэсленай мэтай, i пазбягаючы шматлюдных вулiц, накiраваўся да глухiх кварталаў на поўнач ад Стрэнда: я ўспомнiў, што дзесьцi ў гэтых месцах гандлююць вырабамi два цi тры тэатральныя касцюмеры.

Дзень быў халодны, уздоўж вулiц дзьмуў пранiзлiвы паўночны вецер. Я iшоў хутка, каб на мяне не натыкалiся ззаду. Кожнае скрыжаванне ўяўляла для мяне небяспеку, за кожным прахожым я павiнен быў пiльна сачыць. У канцы Бедфорд-стрыт нейкi чалавек, мiма якога я праходзiў, нечакана павярнуўся i, наляцеўшы прама на мяне, збiў мяне на маставую, дзе я ледзьве не трапiў пад колы пралёткi. Рамiзнiкi, якiя тут знаходзiлiся, вырашылi, што з iм адбылося нешта накшталт удара. Гэта сутыкненне так падзейнiчала на мяне, што я зайшоў на рынак Ковент-Тардэн i там сеў у куток, каля латка з фiялкамi, задыхаючыся i дрыжучы ад страху. Я, мусiць, моцна прастудзiўся i вымушаны быў неўзабаве пайсцi адтуль, каб не прыцягнуць увагу сваiм чханнем.

Нарэшце я дасягнуў мэты сваiх пошукаў, – гэта была брудная, заседажаная мухамi крама ў завулку каля Друры-Лейн, з акном, поўным тэатральных касцюмаў, фальшывых каштоўнасцяў, парыкоў, туфляў, дамiно i фотаздымкаў акцёраў. Крама была старая, нiзкая i цёмная, а над ёю высiлiся яшчэ чатыры паверхi змрочнага, панурага дома. Я зазiрнуў у акно i, не заўважыўшы нiкога ў краме, увайшоў. Падвешаны да дзвярэй званочак бразнуў. Я пакiнуў дзверы адчыненымi, а сам шмыгнуў мiма пустога манекена i схаваўся ў кутку за вялiкiм трумо. З хвiлiну нiхто не з'яўляўся. Потым я пачуў у краме нечыя цяжкiя крокi.

Я паспеў ужо скласцi план дзеянняў. Я думаў прабрацца ў дом, схавацца дзе-небудзь наверсе, дачакацца зручнай хвiлiны i, калi ўсё сцiхне, падабраць сабе парык, маску, акуляры i касцюм, а там непрыкметна выслiзнуць на вулiцу, магчыма ў вельмi недарэчным, але ўсё ж праўдападобным выглядзе. Мiж iншым, я спадзяваўся ўзяць i грошы, якiя трапяцца пад руку.

Чалавек, якi зайшоў у краму, быў маленькi гарбун з нахмураным лбом, доўгiмi рукамi i вельмi кароткiмi крывымi нагамi. Мусiць, мой званок застаў яго за ядой. Ён запытальна агледзеў краму, потым чаканне на яго твары змянiлася здзiўленнем i нарэшце гневам, калi ён пераканаўся, што ў краме нiкога няма. "Чорт бы ўзяў гэтых хлапчукоў!" – прагаварыў ён. Ён выйшаў на вулiцу i паглядзеў направа i налева. Праз хвiлiну ён вярнуўся, са злосцю зачынiў дзверы нагой i, бармочучы штосьцi сам сабе, накiраваўся да дзвярэй, адкуль выйшаў упершыню.

Я выбраўся са сваёй схованкi, каб iсцi за iм, але, пачуўшы мой рух, ён спынiўся як укапаны. Спынiўся i я, уражаны тонкасцю яго слыху. Ён зачынiў дзверы перад самым маiм носам.

Я быў у нерашучасцi. Раптам я зноў пачуў яго хуткiя крокi, i дзверы зноў адчынiлiся. Ён стаў аглядваць краму з выглядам чалавека, чые падазрэннi яшчэ не рассеялiся. Затым, па-ранейшаму бармочучы, агледзеў з абодвух бакоў прылавак, зазiрнуў пад мэблю, якая стаяла ў краме. Пасля гэтага ён спынiўся, насцярожана азiраючыся. Таму што ён пакiнуў дзверы адчыненымi, я шмыгнуў у суседнi пакой.

Гэта была дзiўная каморка, бедна абсталяваная, з кучай масак у кутку. На стале стаяла астылае снеданне гаспадара. Паверце, Кемп, нялёгка мне было стаяць тут, удыхаючы пах кавы, i глядзець, як ён прымаецца за яду. А еў ён вельмi неапетытна. У пакоi было трое дзвярэй, з якiх адны вялi наверх, iншыя – унiз, але ўсе яны былi зачынены. Я не мог выйсцi з пакоя, пакуль ён у iм знаходзiўся, я не мог нават сысцi з месца з-за яго чартоўскай чуйнасцi, а ў спiну мне дзьмула. Два разы я ледзьве не чхнуў.

Адчуваннi мае былi незвычайныя i цiкавыя, але разам з тым я адчуваў невыносную стомленасць i ледзьве дачакаўся, пакуль ён справiўся са сваiм снеданнем. Нарэшце ён пад'еў, паставiў свой нiкчэмны посуд на чорны бляшаны паднос, на якiм стаяў кафейнiк, i, згарнуўшы крошкi з запэцканага гарчыцай абруса, пайшоў з падносам да дзвярэй. Таму што рукi яго былi заняты, ён не мог зачынiць за сабой дзверы, хаця яму, вiдаць, гэта хацелася зрабiць. Нiколi ў жыццi я не бачыў чалавека, якi б так любiў зачыняць дзверы! Я пайшоў за iм у падвал, у брудную, цёмную кухню. Там я з задавальненнем назiраў, як ён пачаў мыць посуд, а затым, не чакаючы нiякага толку ад майго знаходжання ўнiзе, дзе да ўсяго мае босыя ногi стылi на цаглянай падлозе, я вярнуўся i сеў у яго крэсла перад камiнам. Таму што агонь згасаў, я, не падумаўшы, падкiнуў вуглёў. Гэты шум зараз жа прыцягнуў увагу гаспадара, ён прыбег усхваляваны i пачаў абшукваць пакой, прычым адзiн раз ледзьве не закрануў мяне. Але i гэты старанны агляд, вiдаць, мала задаволiў яго. Ён спынiўся на парозе i, перш чым спусцiўся ўнiз, яшчэ раз уважлiва агледзеў увесь пакой.

Я прасядзеў у гэтай маленькай гасцiнай цэлую вечнасць. Нарэшце ён вярнуўся i адчынiў дзверы наверх. Мне ўдалося працiснуцца следам за iм.

На лесвiцы ён раптам спынiўся, так што я ледзьве не наскочыў на яго. Ён стаяў, павярнуўшы галаву, гледзячы мне прама ў твар i ўважлiва прыслухоўваючыся. "Я гатовы паклясцiся..." – сказаў ён. Доўгай валасатай рукой ён пашчыпваў нiжнюю губу, i позiрк яго слiзгаў па лесвiцы. Штосьцi прабурчэўшы, ён стаў падымацца наверх.

Ужо ўзяўшыся за ручку дзвярэй, ён зноў спынiўся з выразам таго ж сярдзiтага неразумення на твары. Ён вiдавочна ўлоўлiваў шорах маiх рухаў. Як бачна, у гэтага чалавека быў незвычайна тонкi слых. Раптам iм авалодала шаленства. "Калi хто-небудзь забраўся ў дом..." – закрычаў ён, моцна вылаяўся i, не закончыўшы пагрозы, сунуў руку ў кiшэню. Не знайшоўшы там таго, што шукаў, ён шумна i сярдзiта кiнуўся мiма мяне ўнiз. Але я за iм не паследаваў, а ўсеўся на верхняй прыступцы лесвiцы i стаў чакаць яго вяртання.

Неўзабаве ён з'явiўся зноў, усё яшчэ штосьцi мармычучы. Ён адчынiў дзверы, але перш чым я паспеў увайсцi, ён зачынiў iх перад маiм носам.

Я вырашыў агледзець дом i патрацiў на гэта нейкi час, стараючыся рухацца як мага цiшэй. Дом быў зусiм стары, ды такi сыры, што шпалеры адсталi ад сцен, i поўны пацукоў. Амаль усе дзвярныя ручкi паварочвалiся вельмi туга, i я баяўся чапаць iх. Некаторыя пакоi былi зусiм без мэблi, а iншыя завалены тэатральным хламам, якi быў куплены – калi меркаваць па яго знешнiм выглядзе – з другiх рук. У пакоi побач са спальняй я знайшоў кучу старой вопраткi. Я стаў нецярплiва капацца ў ёй i, захапiўшыся, забыўся пра тонкi слых гаспадара. Я пачуў асцярожныя крокi i падняў галаву якраз своечасова: гаспадар з'явiўся на парозе са старым рэвальверам у руцэ i ўтаропiўся на раскiданую кучу вопраткi. Я стаяў, не варушачыся, увесь час, пакуль ён з разяўленым ротам падазрона аглядваў пакой. "Напэўна яна! паволi вымавiў ён. – Чорт бы яе ўзяў!"

Ён бясшумна зачынiў дзверы i тут жа замкнуў iх на ключ. Я пачуў яго крокi, якiя аддалялiся. I раптам я зразумеў, што замкнуты. У першую хвiлiну я разгубiўся. Прайшоў ад дзвярэй да акна i назад i спынiўся, не ведаючы, што рабiць. Мяне ахапiла шаленства. Але я вырашыў перш за ўсё агледзець вопратку, i першая ж мая спроба сцягнуць вузел з верхняй палiцы, зноў устрывожыла гаспадара. Ён з'явiўся яшчэ больш змрочны, чым раней. На гэты раз ён зачапiў мяне, адскочыў i, уражаны, спынiўся, разявiўшы рот, пасярод пакоя.

Неўзабаве ён крыху заспакоiўся. "Пацукi", – сказаў ён напаўголасу, прыклаўшы палец да губ. Ён вiдавочна быў некалькi напалоханы. Я бясшумна выйшаў з пакоя. Але пры гэтым рыпнула маснiца. Тады гэты д'ябал стаў хадзiць па ўсiм доме, з рэвальверам напагатове, замыкаючы ўсе дзверы i хаваючы ключы ў кiшэню. Уцямiўшы, што ён задумаў, я прыйшоў у такое шаленства, што ледзьве было не прапусцiў зручны момант. Я цяпер дакладна ведаў, што ён адзiн ва ўсiм доме. Таму я без усялякiх цырымонiй стукнуў яго па галаве.

– Стукнулi па галаве?! – усклiкнуў Кемп.

– Так, аглушыў яго, калi ён iшоў унiз. Стукнуў яго стулам, якi стаяў на пляцоўцы лесвiцы. Ён пакацiўся ўнiз, як мех са старым абуткам.

– Але, дазвольце, простая гуманнасць...

– Простая гуманнасць падыходзiць для звычайных людзей. Вы зразумейце, Кемп, мне трэба было выбрацца з гэтага дома апранутым – i так, каб ён мяне не ўбачыў. Iншага спосаба я не мог прыдумаць. Потым я заткнуў яму рот камзолам эпохi Людовiка Чатырнаццатага i завязаў яго ў прасцiну.

– Завязалi ў прасцiну?

– Зрабiў з яго нешта накшталт вузла. Добры сродак, каб напалохаць гэтага iдыёта i пазбавiць яго магчымасцi крычаць i рухацца, а выбрацца з гэтага вузла было б не так проста. Дарагi Кемп, нечага сядзець i глядзець на мяне, як на забойцу. У яго ж быў рэвальвер. Калi б ён убачыў мяне, ён мог бы апiсаць маю знешнасць...

– Але ўсё ж, – сказаў Кемп, – у Англii, у наш час... I чалавек жа гэты быў у сябе дома, а вы... вы ўчынiлi грабеж!

– Грабеж? Чорт ведае што такое! Вы яшчэ, бадай, назавеце мяне злодзеем. Спадзяюся, Кемп, вы не настолькi неразумны, каб скакаць пад старую дудку. Няўжо вы не можаце зразумець, як мне было?

– Магу. Але як было яму! – сказаў Кемп.

Невiдзiмка ўскочыў.

– Што вы хочаце сказаць? – спытаўся ён.

Твар Кемпа прыняў некалькi суровы выгляд. Ён хацеў было загаварыць, але ўстрымаўся.

– Урэшце, – сказаў ён, раптам мяняючы тон, – я думаю, што нiчога другога вам не заставалася. Ваша становiшча было бязвыхаднае. А ўсё ж...

– Вядома, я быў у бязвыхадным становiшчы... у жудасным становiшчы! Ды i стары давёў мяне да шаленства – ганяўся за мной па ўсiм доме, пагражаў сваiм дурацкiм рэвальверам i адчыняў i замыкаў дзверы... Гэта было невыносна! Вы ж не вiнавацiце мяне, праўда? Не вiнавацiце?

– Я нiколi нiкога не вiнавачу, – адказаў Кемп. – Гэта зусiм выйшла з моды. Ну, а што вы зрабiлi потым?

– Я быў галодны. Унiзе я знайшоў бохан хлеба i крыху прагорклага сыру, гэта было больш чым дастаткова, каб прагнаць голад. Затым я выпiў крыху брэндзi з вадой i накiраваўся мiма майго iмправiзаванага вузла – ён ляжаў не варушачыся – у пакой са старой вопраткай. Акно гэтага пакоя, завешанае бруднай карункавай фiранкай, выходзiла на вулiцу. Я асцярожна выглянуў. Дзень быў яркi, асляпляльна яркi ў параўнаннi са змрокам панурага дома, у якiм я знаходзiўся. Вулiца была вельмi ажыўленая: каляска з фруктамi, пралёткi, ламавiк з кучай скрынак, павозка гандляра рыбай. У мяне замiтусiлася ў вачах, i я вярнуўся да паўцёмных палiц. Узбуджэнне маё ўляглося, мной зноў авалодала цвярозае ўсведамленне майго становiшча. У пакоi стаяў слабы пах бензiну, якi ўжываўся, вiдавочна, для чысткi вопраткi.

Я пачаў старанна аглядваць пакой за пакоем. Напэўна, гарбун ужо даўно жыў у гэтым доме адзiн. Цiкавая асоба... Усё, што толькi магло мне спатрэбiцца, я сабраў у пакой, дзе ляжалi касцюмы, потым стаў прыдзiрлiва ўсё перабiраць. Я знайшоў сакваяж, якi мог аказацца мне вельмi карысным, пудру, румяны i лiпкi пластыр.

Спачатку я прыдумаў было нафарбаваць i напудрыць твар, каб зрабiць яго бачным, але тут жа ўцямiў, што ў гэтым ёсць вялiкая нязручнасць: для таго, каб зноў знiкнуць, мне спатрэбiўся б шкiпiнар i некаторыя iншыя сродкi, i гэта забiрала б шмат часу. Нарэшце я выбраў маску, злёгку карыкатурную, але не ў большай ступенi, чым многiя чалавечыя твары, цёмныя акуляры, бакенбарды з сiвiзной i парык. Бялiзну я не знайшоў, але яе можна было купiць пазней, а пакуль што я захутаўся ў каленкоравае дамiно i белы шарсцяны шалiк; шкарпэтак не было, затое чаравiкi гарбуна падышлi амаль якраз. У касе аказалася тры савярэны i на трыццаць шылiнгаў срэбра, а ўзламаўшы шафу, я знайшоў восем фунтаў золатам. Забяспечаны такiм чынам, я змог зноў выйсцi на белы свет.

Тут мяне апанавала сумненне: цi сапраўды мая знешнасць праўдападобная? Я ўважлiва агледзеў сябе ў маленькiм туалетным люстэрку, паварочваючыся то так, то гэтак, правяраючы, цi не ўпусцiў я чаго-небудзь, – не, як быццам усё ў парадку: фiгура гратэскавая, штосьцi накшталт жабрака са сцэны тэатра, але агульны выгляд нiштаваты, бываюць i такiя людзi. Крыху супакоiўшыся, я спусцiўся з люстэркам у краму, апусцiў фiранкi i зноў агледзеў сябе з усiх бакоў у трумо.

Некалькi хвiлiн я збiраўся з духам, потым адчынiў дзверы i выйшаў на вулiцу, дазволiўшы маленькаму гарбуну сваiмi сiламi выбiрацца з прасцiны. У блiжэйшыя пяць хвiлiн я зварочваў за вугал на кожным скрыжаваннi. Мой выгляд не прыцягваў нiякай увагi. Здавалася, я пераступiў цераз апошнюю перашкоду.

Ён замоўк.

– А гарбуна вы так i пакiнулi на волю лёсу? – спытаўся Кемп.

– Так, – сказаў Невiдзiмка. – Не ведаю, што з iм сталася. Напэўна, ён развязаў прасцiну, дакладней разарваў яе. Вузлы былi моцныя.

Ён зноў замоўк, падняўся i стаў глядзець у акно.

– Ну, а потым вы выйшлi на Стрэнд – i далей што?

– О, зноў расчараванне! Я думаў, што нягоды мае закончылiся i цяпер я магу беспакарана рабiць усё, што ўздумаецца, калi толькi захаваю сваю тайну. Так мне здавалася. Я мог рабiць усё, што хацеў, i не лiчыцца з вынiкам: варта толькi скiнуць вопратку, каб знiкнуць. Затрымаць мяне нiхто не мог. Грошы можна браць дзе захочаш. Я вырашыў даць сабе раскошны пiр, пасялiцца ў лепшым гатэлi i абзавесцiся новай маёмасцю. Самаўпэўненасць мая не ведала гранiц, нават непрыемна ўспамiнаць, якiм я быў аслом. Я зайшоў у рэстаран, стаў заказваць абед i раптам уцямiў, што, не адкрыўшы твару, не змагу пачаць есцi. Я заказаў абед i выйшаў разгневаны, сказаўшы афiцыянту, што вярнуся праз дзесяць хвiлiн. Не ведаю, цi даводзiлася вам, Кемп, галоднаму, як воўк, зведаць такое расчараванне?

– Такое – нiколi, – сказаў Кемп, – але я цалкам сабе гэта ўяўляю.

– Я гатовы быў забiць iх, гэтых крэцiнаў. Нарэшце зусiм змучаны голадам, я зайшоў у другi рэстаран i запатрабаваў асобны пакой. "Я знявечаны, – сказаў я, – атрымаў моцныя раненнi". Афiцыянты паглядзелi на мяне з цiкаўнасцю, але распытваць, зразумела, не асмелiлiся, i я нарэшце паабедаў. Сервiроўка магла быць i лепшай, але я добра пад'еў i, зацягнуўшыся цыгарай, стаў абдумваць, як быць далей. На двары пачыналася завiруха.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю