Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"
Автор книги: Герберт Джордж Уэллс
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 9 страниц)
– Пачакаем лета, – пераконвала мужа мiсiс Хол. – Пачнуць з'язджацца мастакi, тады паглядзiм. Ён, канечне, нахабнiк, затое акуратна, разлiчваецца па рахунках, гэтага ў яго адняць нельга, што нi кажыце.
Пастаялец у царкву не хадзiў i не рабiў нiякай рознiцы памiж нядзеляй i буднямi, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы мiсiс Хол, вельмi нерэгулярна. У некаторыя днi ён спускаўся рана i доўга карпеў над сваiмi даследаваннямi. У другiя ж уставаў позна, хадзiў па пакоi, цэлымi гадзiнамi гучна бурчэў, курыў цi драмаў у крэсле каля камiна. Зносiн са знешнiм светам у яго не было нiякiх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, якi знаходзiцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былi прыпадкi шалёнай злосцi, i ён кiдаў, рваў i ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самiм сабою ўсё ўзмацнялася, але мiсiс Хол нiчога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця i старалася падслухоўваць.
Днём ён рэдка выходзiў з дому i прагульваўся толькi ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, – усё роўна, было на двары холадна, цi цёпла, i выбiраў для прагулак самыя зацiшныя сцяжынкi, зацененыя дрэвамi або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры i страшны забiнтаваны твар пад шыракаполым капелюшом iншы раз палохалi ў цемры рабочых, якiя вярталiся дадому з работы; а Тэдзi Хенфры, якi выйшаў аднойчы, пахiстваючыся, з карчмы "Чырвоны камзол" у палавiне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калi ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якiя бачылi яго ў прыцемку, ноччу снiлiся страшныя сны. Хлапчукi яго не маглi цярпець, ён iх – таксама, i цяжка сказаць, хто каго больш не любiў, але ва ўсякiм выпадку непрыязнасць была ўзаемная i вельмi вострая.
Няма нiчога дзiўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду i такiх дзiўных паводзiн даваў багатую пажыву для размоў у Айпiнгу. Адносна характару яго заняткаў думкi разыходзiлiся. Мiсiс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялiкай важнасцю, што ён праводзiць "эксперыментальныя даследваннi", – гэтыя словы яна вымаўляла павольна i асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калi ж у яе пыталiся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагi, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, i паясняла: "Ён робiць розныя адкрыццi". З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, – расказвала яна, – i рукi i твар яго згубiлi свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллiвы не можа паказвацца ў такiм выглядзе на людзях.
Але за спiной мiсiс Хол распаўсюджвалiся ўпартыя чуткi, што яе пастаялец – крымiнальны злачынца, якi хаваецца ад правасуддзя i стараецца з дапамогай свайго дзiўнага ўбору схавацца ад палiцыi. Упершыню гэтая здагадка ўзнiкла ў галаве мiстэра Тэдзi Хенфры. Дарэчы, нi пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзiне цi канцы лютага, не было вядома. Таму мiстэр Гоўлд, школьны настаўнiк, некалькi змянiў гэтую здагадку: згодна з яго версiяй пастаялец мiсiс Хол быў анархiстам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; i ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам мiстэр Гоўлд глядзеў на яго вельмi пiльна i распытваў пра незнаёмца людзей, якiя нiколi яго не бачылi. Тым не менш мiстэру Гоўлду не ўдалося нiчога даведацца.
Было многа прыхiльнiкаў версii, якую прапанаваў Фiрэнсайд, што незнаёмец – пярэсты цi што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калi б незнаёмец адважыўся паказвацца на кiрмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бiблii выпадак з чалавекам, якi закапаў свой талент у зямлю. Iншыя лiчылi, што незнаёмец пакутуе цiхiм вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.
Акрамя стойкiх паслядоўнiкаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпiнга, былi людзi, якiя сумнявалiся i маглi пайсцi на ўступкi.
Жыхары графства Сэсекс былi мала схiльны да забабонаў, i першыя здагадкi пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явiлiся толькi пасля красавiцкiх падзей, ды i то гэтаму паверылi адны жанчыны.
Але як бы там нi думалi пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпiнга, непрыязь да яго была ўсеагульнай i аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанiн, якi займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскiх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, iмклiвая паходка, гэтыя начныя прагулкi, калi ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых цiхiх, бязлюдных месцах, няветлiвае спыненне ўсiх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамi, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкi i лямпы – хто мог бы прымiрыцца з гэтым? Калi незнаёмец праходзiў па вулiцы, сустрэчныя саступалi ў бок, а за яго спiной мясцовыя жартаўнiкi, падняўшы каўнер палiто i апусцiўшы палi капелюша, iмiтавалi яго нервовую паходку i загадкавыя паводзiны. У той час карысталася папулярнасцю песенька "Чалавек-прывiд". Мiсiс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе – збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькi на вулiцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто-небудзь пачынаў насвiстваць – гучна цi цiха – матыў гэтай песенькi. Нават запозненыя дзецi, якiя спяшалiся вечарам дадому, крычалi яму ўслед: "Прывiд!" – i iмчалi далей, замiраючы ад страху i захаплення.
Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цiкаўнасцi. Забiнтаваная галава выклiкала ў iм чыста прафесiйны iнтарэс; чуткi ж пра тысячу i адну бутэльку ўзбударажылi яго зайздросную павагу. Увесь красавiк i ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў i напярэдаднi сёмухi вырашыў пайсцi да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпiсаць лiст на карысць сядзелкi мясцовай бальнiцы. Са здзiўленнем ён пераканаўся, што мiсiс Хол не ведае iмя свайго пастаяльца.
– Ён назваў сябе, – сказала мiсiс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), – але я не дачула.
Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец i не думаў называць сябе.
Кас пастукаў у дзверы гасцiнай i ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлiвая лаянка.
– Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, – прамовiў Кас, пасля чаго дзверы зачынiлiся i далейшай размовы мiсiс Хол ужо не чула.
На працягу дзесяцi хвiлiн да яе далятаў толькi няясны шум галасоў; затым пачуўся воклiч здзiўлення, шорганне ног, грохат адкiнутага стула, адрывiсты смех, хуткiя крокi, – i на парозе з'явiўся Кас; ён быў бледны i аглядваўся, вылупiўшы вочы. Не зачынiўшы за сабой дзверы i не зiрнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калiдоры, спусцiўся з ганка i хутка закрочыў па вулiцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Мiсiс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазiрнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокi. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцiнай зачынiлiся з трэскам i ўсё зацiхла. Кас накiраваўся проста да вiкарыя Банцiнга.
– Я звар'яцеў? – вымавiў ён адрывiста, як толькi ўвайшоў у пыльны кабiнет вiкарыя. – Я падобны на вар'ята?
– Што здарылася? – спытаў вiкарый, кладучы ракавiну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзi.
– Гэты суб'ект, пастаялец Холаў...
– Ну?
– Дайце мне выпiць чаго-небудзь, – сказаў Кас i апусцiўся на стул.
Калi Кас некалькi заспакоiўся з дапамогай таннага херэса – другiх напiткаў у найдабрэйшага вiкарыя не бывала, – ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.
– Заходжу, – пачаў ён, задыхаючыся, – i прашу падпiсацца на карысць сядзелкi. Як толькi я ўвайшоў, ён засунуў рукi ў кiшэнi i плюхнуўся ў крэсла. Сядзiць i фыркае носам. "Вы цiкавiцеся навукай, я чуў?" – пачаў я. "Так", – адказаў ён i зноў фыркнуў. Увесь час фыркаў. Прастудзiўся, можа. Ды i што дзiўнага, раз чалавек так хутаецца. Я стаў гаварыць наконт сядзелкi, а сам азiраюся па баках. Усюды бутэлькi, хiмiчныя прэпараты, тут жа вагi, прабiркi i пахне начнымi фiялкамi. Падпiшацца ён на колькi-небудзь? "Падумаю", – кажа. Тут я проста спытаў яго, цi займаецца ён навуковымi даследаваннямi. "Так", – сказаў ён. "Доўгiя даследаваннi?" Тады яго быццам прарвала. "Страшэнна доўгiя", – адказаў ён. "Вось як?" – сказаў я. Вось тут i пайшло. У iм ужо раней усё так i кiпела, i маё пытанне было апошняй кропляй. Ён атрымаў ад кагосьцi рэцэпт – надзвычай каштоўны рэцэпт; для якой мэты – гэта ён не можа сказаць. "Медыцынскi?" – "Каб яго чорт узяў, а вам якая справа?" Я папрасiў прабачэння. Ён спагадлiва фыркнуў, адкашляўся i працягваў. Рэцэпт ён прачытаў. Пяць iнгрэдыентаў. Паклаў на стол, адвярнуўся. Раптам шорах: паперку падхоплiвае скразняком. Ён працаваў у пакоi з адкрытым камiнам. Успыхнула полымя, i не паспеў ён азiрнуцца, як рэцэпт згарэў i попел вылецеў у трубу. Ён кiнуўся да камiна, – позна! Вось! Тут ён безнадзейна махнуў рукой.
– Ну?
– А рукi i няма. Пусты рукаў. "Божа, – падумаў я, – вось жа калека. Напэўна, у яго пробкавая рука i ён яе зняў. I ўсё-такi, – думаў я, – тут штосьцi няладнае. Як жа гэта рукаў не мнецца i не абвiсае, калi ў iм нiчога няма?" А ў iм нiчога не было, запэўнiваю вас. Зусiм пусты рукаў, да самага згiбу. Я бачыў, што ён пусты да самага локця, i акрамя таго, у прарэху праходзiла святло. "Божа мiласэрны!" – усклiкнуў я. Тады ён замоўк. Утаропiўся акулярамi спачатку на мяне, потым на свой рукаў.
– Ну?
– Толькi i ўсяго. Не сказаў нi слова, толькi глянуў на мяне i хутка засунуў рукаў у кiшэню: "Я, здаецца, спынiўся на тым, як рэцэпт згарэў?" Ён запытальна кашлянуў. "Як гэта вы ўмудраецеся рухаць пустым рукавом?" спытаўся я. "Пустым рукавом?" – "Ну так, – сказаў я, – пустым рукавом". "Дык гэта, па-вашаму, пусты рукаў? Вы самi бачылi, што рукаў пусты?" Ён падняўся з крэсла. Я таксама ўстаў. Тады ён паволi зрабiў тры крокi, падышоў да мяне i стаў зусiм блiзка. З'едлiва фыркнуў. Я стаяў як стаяў, хаця, чэснае слова, гэта забiнтаванае страшыдла з цёмнымi акулярамi напалохала б каго хочаш. "Дык вы кажаце, рукаў пусты?" – сказаў ён. "Вядома", – адказаў я. Тады ён iмклiва, утаропiўшыся на мяне сваiмi акулярамi, вынуў рукаў з кiшэнi i працягнуў яго да мяне, як быццам бы хацеў зноў паказаць.
Усё гэта ён зрабiў вельмi павольна. Я паглядзеў на рукаў. Здавалася, прайшла цэлая вечнасць. "Ну, – сказаў я, з цяжкасцю вымаўляючы словы, – у iм нiчога няма". Штосьцi трэба ж было сказаць. Мне станавiлася страшна. Я бачыў увесь рукаў наскрозь. Ён выцягнуў яго павольна, павольна – вось так, пакуль абшлаг не апынуўся ў цалях шасцi ад майго твару. Дзiўнае гэта адчуванне, як наблiжаецца пусты рукаў... А потым...
– Ну?
– Штосьцi – мне падалося, вялiкi i ўказальны палец – пацягнула мяне за нос.
Банцiнг засмяяўся.
– Але там не было нiчога! – сказаў Кас, ледзьве не ўскрыкнуўшы на слове "нiчога". – Добра вам смяяцца, а я быў так ашаломлены, што стукнуў па абшлагу рукава, павярнуўся i выбег з пакоя...
Кас замоўк. У непрытворнасцi яго спалоху нельга было сумнявацца. Ён бездапаможна павярнуўся i выпiў яшчэ шклянку кепскага херэса, якiм частаваў яго дастойнейшы вiкарый.
– Калi я стукнуў яго па рукаве, – сказаў ён, – то, запэўнiваю вас, я адчуў, што б'ю па руцэ. А рукi там не было. I намёку на руку не было!
Мiстэр Банцiнг задумаўся. Потым падазрона паглядзеў на Каса.
– Гэта ў вышэйшай ступенi цiкавая гiсторыя, – сказаў ён з вельмi глыбакадумным i сур'ёзным выглядам. – Безумоўна, гiсторыя ў вышэйшай ступенi цiкавая, – паўтарыў ён яшчэ больш важна.
Раздзел V
КРАДЗЕЖ З УЗЛОМАМ У ДОМЕ ВIКАРЫЯ
Аб крадзяжы з узломам у доме вiкарыя мы даведалiся галоўным чынам з расказаў самога вiкарыя i яго жонкi. Айпiнгскi клуб праводзiць штогадовыя святкаваннi. Мiсiс Банцiнг раптам прачнулася ў перадсвiтальнай цiшынi з выразным адчуваннем, што дзверы спальнi бразнулi. Спачатку яна вырашыла не будзiць мужа, а села на ложак i прыслухалася. Яна выразна распазнала шлёпанне босых ног, быццам хтосьцi выйшаў з суседняга пакоя i накiраваўся па калiдоры да лесвiцы. Тады яна з вялiкай асцярожнасцю разбудзiла мiстэра Банцiнга. Мiстэр Банцiнг, прачнуўшыся i даведаўшыся ў чым справа, вырашыў не запальваць агню, але, адзеўшы акуляры, капот жонкi i свае купальныя туфлi, выйшаў на пляцоўку. Ён зусiм ясна пачуў валтузню ў сваiм кабiнеце ўнiзе, потым там хтосьцi гучна чхнуў.
Тады ён вярнуўся ў спальню, запасся самай надзейнай зброяй, якая знайшлася, – качаргой i сышоў з лесвiцы, стараючыся рухацца як можна цiшэй. Мiсiс Банцiнг выйшла на пляцоўку.
Было каля чатырох гадзiн. Начны змрок радзеў. У холе ўжо развiднiвалася, але дзверы кабiнета зеўрылi чорнай прорвай. У поўнай цiшынi чутна было толькi слабае рыпенне прыступак пад нагамi мiстэра Банцiнга i лёгкi рух у кабiнеце. Потым штосьцi шчоўкнула, пачулася, як адчынiлася скрынка i зашамацелi паперы. Потым пачулася лаянка, чыркнула запалка, i кабiнет асвяцiўся жоўтым святлом. У гэты час мiстэр Банцiнг быў ужо ў холе i ў прачыненыя дзверы разгледзеў пiсьмовы стол, высунутую скрынку i свечку, што гарэла на стале. Але злодзея ён не ўбачыў. Ён стаяў у холе, не ведаючы, што рабiць, а ззаду яго павольна спускалася з лесвiцы бледная напалоханая мiсiс Банцiнг. Адна акалiчнасць падтрымлiвала мужнасць мiстэра Банцiнга: упэўненасць, што злодзей належыць да лiку мясцовых жыхароў.
Затым яны пачулi звон манет i зразумелi, што злодзей знайшоў грошы, адкладзеныя на гаспадарку, – два фунты дзесяць шылiнгаў паўсавярэнамi. Звон манет iмгненна вывеў мiстэра Банцiнга са стану нерашучасцi. Моцна сцiснуўшы ў руцэ качаргу, ён уварваўся ў кабiнет; мiсiс Банцiнг iшла за iм па пятах.
– Здавайся! – раз'юшана крыкнуў мiстэр Банцiнг i спынiўся ўражаны: у пакоi нiкога не было.
I аднак, без усякага сумнення, хвiлiну назад тут хтосьцi рухаўся. З паўхвiлiны супругi стаялi, разявiўшы раты, потым мiсiс Банцiнг зазiрнула за шырмы, а мiстэр Банцiнг, з тымi ж намерамi, паглядзеў пад стол. Затым мiсiс Банцiнг адгарнула ваконныя фiранкi, а мiстэр Банцiнг агледзеў камiн i пашнарыў у трубе качаргой. Затым мiсiс Банцiнг перарыла карзiну для смецця, а мiстэр Банцiнг адчынiў скрынку з вугалем. Прарабiўшы ўсё гэта, яны спынiлiся i з неўразуменнем утаропiлiся адно на аднаго.
– Я гатовы паклясцiся... – сказаў мiстэр Банцiнг. – А свечка! усклiкнуў ён. – Хто запалiў свечку?
– А скрынка! – сказала мiсiс Банцiнг. – Куды падзелiся грошы?
Яна паспешна пайшла да дзвярэй.
– У жыццi сваiм нiчога падобнага...
У калiдоры хтосьцi гучна чхнуў. Яны выбеглi з пакоя i тут жа пачулi, як стукнулi дзверы, што вялi на кухню.
– Прынясi свечку, – сказаў мiстэр Банцiнг i пайшоў наперад. Абое ясна чулi стук, з якiм паспешлiва адсоўвалiся засовы.
Адкрываючы дзверы на кухню, мiстэр Банцiнг убачыў, што дзверы на вулiцу адчыняюцца, i ў слабым ранiшнiм святле мiльганула цёмная зелянiна сада. Але ён запэўнiвае, што ў дзверы нiхто не выйшаў. Яны адчынiлiся, пабылi адчыненымi, потым са стукам зачынiлiся. Полымя свечкi, якую несла мiсiс Банцiнг, замiгала i ўспыхнула ярчэй. Прайшла хвiлiна цi некалькi больш, перш, чым яны ўвайшлi на кухню.
Там нiкога не было. Яны зноў зачынiлi на засоў уваходныя дзверы, старанна абшукалi кухню, чулан, кладовую i, нарэшце, спусцiлiся ў склеп. Але, нягледзячы на самыя пiльныя пошукi, яны нiчога не выявiлi.
Ранiца застала вiкарыя i яго жонку ў вельмi дзiўным убраннi; яны ўсё яшчэ сядзелi на нiжнiм паверсе свайго домiка пры непатрэбным ужо святле дагараючай свечкi i гублялiся ў здагадках.
– У жыццi сваiм нiчога падобнага... – у дваццаты раз раз пачынаў вiкарый.
– Дарагi мой, – перапынiла яго мiсiс Банцiнг, – вось ужо iдзе Сьюзi. Няхай яна пройдзе на кухню, а мы пойдзем хутчэй апранемся.
Раздзел VI
МЭБЛЯ, ЯКАЯ ЎЗ'ЮШЫЛАСЯ
Той жа ранiцай, на досвiтку духава дня, калi нават служанка Мiлi яшчэ спала, мiстэр i мiсiс Хол усталi з ложка i бясшумна спусцiлiся ў склеп. Там у iх была справа зусiм асабiстага характару, якая мела некаторыя адносiны да спецыфiчнай моцы iх пiва.
Не паспелi яны ўвайсцi ў склеп, як мiсiс Хол успомнiла, што забылася ўзяць бутэлечку з сарсапарэллю, якая стаяла ў iх у спальнi. Таму што галоўным знатаком i майстрам справы, якая павiнна адбыцца, была яна, то наверх за бутэлькай адправiўся Хол.
На пляцоўцы лесвiцы ён са здзiўленнем заўважыў, што дзверы ў пакой пастаяльца прыадкрыты. Прайшоўшы ў спальню, ён знайшоў бутэльку на месцы, якое назвала жонка.
Але, вяртаючыся назад у склеп, ён заўважыў, што засаўкi выхадных дзвярэй адсунуты i што дзверы закрыты проста на клямку. Асенены раптоўным натхненнем, ён параўнаў гэтую акалiчнасць з адкрытымi дзвярыма ў пакой пастаяльца i са здагадкамi мiстэра Тэдзi Хенфры. Ён ясна помнiў, што сам трымаў свечку, калi мiсiс Хол засоўвала засаўку на ноч. Ён спынiўся ўражаны; затым, усё яшчэ трымаючы бутэльку ў руцэ, зноў падняўся наверх i пастукаў у дзверы пастаяльца. Адказу не было. Ён зноў пастукаў, затым адчынiў дзверы насцеж i ўвайшоў у пакой.
Усё выявiлася так, як ён i чакаў. Пакой быў пусты i пасцель некранутая. На крэсле i на спiнцы ложка была раскiнута ўся вопратка пастаяльца i яго бiнты; шыракаполы капялюш – i той хвацка тырчэў на слупку ложка. Гэта акалiчнасць падалася надзвычай дзiўнай нават не вельмi кемлiваму Холу, тым больш што iншай вопраткi, наколькi ён ведаў, у пастаяльца не было.
У страшнейшай разгубленасцi, стоячы пасярод пакоя, ён пачуў знiзу, са склепа, голас сваёй жонкi, якi выказваў усе прыкметы моцнага нецярпення.
– Джордж! – крычала яна. – Ты знайшоў, што трэба?
Ён павярнуўся i паспяшаўся ўнiз да жонкi.
– Джэнi! – крыкнуў ён ёй, нагiнаючыся над лесвiцай, што вяла ў склеп. А Хенфры казаў праўду. Кватаранта ў пакоi няма. I парадныя дзверы адчынены.
Спачатку мiсiс Хол не зразумела, пра што ён кажа. Але, уцямiўшы ў чым справа, яна вырашыла сама агледзець пусты пакой. Хол, усё яшчэ з бутэлькай у руцэ, пайшоў наперад.
– Яго самога няма, а вопратка яго тут, – сказаў ён. – Дзе ён бадзяецца без вопраткi? Дзiўна.
Калi яны падымалiся па лесвiцы са склепа, iм абоiм, як потым было ўстаноўлена, падалося, што хтосьцi адчынiў i зноў зачынiў парадныя дзверы; але ж яны бачылi iх зашчэпленымi, таму ў тую хвiлiну яны пра гэта нiчога адзiн аднаму не сказалi. У калiдоры мiсiс Хол апярэдзiла свайго мужа i ўзбегла па лесвiцы першая. У гэты час на лесвiцы хтосьцi чхнуў. Хол, якi адстаў ад сваёй жонкi на шэсць прыступкаў, падумаў, што гэта яна чхнула; яна ж была ўпэўнена, што гэта чхнуў ён. Падняўшыся наверх, яна расчынiла дзверы i стала аглядваць пакой пастаяльца.
– Зроду нiчога падобнага не бачыла! – сказала яна.
У гэты момант ззаду, над самым яе вухам, хтосьцi фыркнуў, яна павярнулася i, да вялiкага яе здзiўлення, убачыла, што Хол стаiць за крокаў дванаццаць ад яе, на верхняй прыступцы лесвiцы. Ён адразу ж падышоў да яе. Яна нахiлiлася i стала абмацваць падушку i бялiзну.
– Халодная, – сказала яна. – Яго няма ўжо з гадзiну, а можа, i больш.
Не паспела яна дагаварыць, як адбылося нешта надзвычай дзiўнае. Пасцельная бялiзна згарнулася ў вузел, якi тут жа пераскочыў цераз спiнку ложка. Здавалася, быццам чыясьцi рука скамячыла коўдру i прасцiны i кiнула на падлогу. Услед за гэтым капялюш незнаёмца саскочыў са свайго месца, зрабiў у паветры дугу i ляпнуў проста ў твар мiсiс Хол. Затым з такой жа хуткасцю паляцела з умывальнiка губка; затым крэсла, нядбайна скiнуўшы з сябе пiнжак i штаны незнаёмца i хiхiкнуўшы сухiм смяшком, вельмi падобным на смех незнаёмца, павярнулася ўсiмi чатырма ножкамi да мiсiс Хол i, нацэлiўшыся iмi, кiнулася на яе. Яна ўсклiкнула i павярнулася да дзвярэй, а ножкi крэсла асцярожна, але рашуча ўперлiся ў яе спiну i выштурхнулi яе разам з Холам з пакоя. Дзверы са стукам зачынiлiся, шчоўкнуў замок. Крэсла i ложак, вiдаць, яшчэ паскакалi трохi, нiбы святкуючы перамогу, i раптам усё сцiхла.
Мiсiс Хол амаль непрытомная павiсла на руках мужа. З вялiкiм намаганнем мiстэру Холу ўдалося з дапамогай Мiлi, якая паспела прачнуцца ад крыку i шуму, знесцi яе ўнiз i даць ёй заспакаяльных кропель.
– Гэта духi, – сказала мiсiс Хол, нарэшце апрытомнеўшы. – Я ведаю, гэта духi. Я чытала пра iх у газетах. Сталы i крэслы пачынаюць скакаць i танчыць...
– Выпi яшчэ крышку, Джэнi, – перапынiў Хол, – гэта падмацуе цябе.
– Зачынi дзверы, – сказала мiсiс Хол, – i не пускай яго больш. Я ўвесь час падазравала... Як гэта я не здагадалася! Вачэй не вiдаць, галава забiнтаваная, i ў царкву па нядзелях не ходзiць. А колькi бутэлек... Для чаго прыстойнаму чалавеку столькi бутэлек! Ён напусцiў духаў у мэблю... Мая мiлая старая мэбля! У гэтым самым крэсле любiла сядзець мая дарагая матушка, калi я была яшчэ маленькай дзяўчынкай. I падумайце, яно паднялося цяпер супраць мяне...
– Выпi яшчэ кропель, Джэнi, – сказаў Хол, – у цябе нервы зусiм расстроены.
Было ўжо пяць гадзiн, залатыя промнi ранiшняга сонца залiвалi вулiцу. Супругi паслалi Мiлi разбудзiць мiстэра Сэндзi Ўоджарса, каваля, якi жыў насупраць.
– Гаспадар вам кланяецца, – паведамiла яму Мiлi. – I ў нас штосьцi здарылася з мэбляй, яна зусiм раз'юшылася. Можа, вы зойдзеце, паглядзiце?
Мiстэр Уоджэрс быў чалавек вельмi дасведчаны i разумны. Ён аднёсся з найвялiкшай сур'ёзнасцю да просьбы Мiлi.
– Гэта вядзьмарства, галавой ручаюся, – сказаў ён. – Такому пастаяльцу толькi капытоў не хапае.
Ён прыйшоў моцна заклапочаны. Мiстэр i мiсiс Хол жадалi было падняцца з iм наверх, але ён, мусiць, з гэтым не спяшаўся i лiчыў за лепшае працягваць размову ў калiдоры. З тытунёвай крамы Хакстэрса выйшаў прыказчык i пачаў адчыняць аканiцы. Яго запрасiлi прыняць удзел у абмеркаваннi здарэння. За iм праз некалькi хвiлiн падышоў, вядома, i сам мiстэр Хакстэрс. Англасаксонскi парламенцкi дух выявiўся тут поўнасцю: гаварылi многа, але за справу не бралiся.
– Установiм спачатку факты, – настойваў мiстэр Сэндзi Ўоджэрс. Абмяркуем, цi будзе правiльна з нашага боку ўзламаць дзверы яго пакоя. Замкнутыя дзверы заўсёды можна ўзламаць, але раз дзверы ўзломаны, iх ужо не зробiш няўзломанымi.
Але раптам, да ўсеагульнага здзiўлення, дзверы пакоя пастаяльца адчынiлiся самi, i, зiрнуўшы наверх, яны ўбачылi захутаную фiгуру незнаёмца; ён спускаўся па лесвiцы i пiльна глядзеў на iх злавесным позiркам сваiх незвычайных шкляных вачэй. Павольна, драўлянай паходкай ён спусцiўся з лесвiцы, прайшоў калiдор i спынiўся.
– Глядзiце, – сказаў ён, выцягнуўшы палец у пальчатцы.
Глянуўшы ў паказаным кiрунку, яны ўбачылi ля самых дзвярэй склепа бутэльку з сарсапарэллю. Тут ён увайшоў у гасцiную i нечакана хутка са злосцю зачынiў дзверы перад самым iх носам.
Нiхто не вымавiў нi слова, пакуль не зацiх гук зачыненых дзвярэй. Усе маўклiва пераглядвалiся.
– Прызнаюся, гэта ўжо верх... – пачаў мiстэр Уоджэрс i не закончыў фразу.
– Я на вашым месцы пайшоў бы i спытаў яго наконт усяго гэтага, – сказаў ён затым Холу. – Я патрабаваў бы тлумачэння.
Спатрэбiўся некаторы час, каб пераканаць гаспадара адважыцца на гэта. Нарэшце ён пастукаўся ў дзверы, адчынiў iх i пачаў:
– Прабачце...
– Iдзiце к чорту! – крыкнуў у шаленстве незнаёмец. – Зачынiце дзверы!
На гэтым тлумачэнне i закончылася.
Раздзел VII
ВЫКРЫЦЦЁ НЕЗНАЁМЦА
Незнаёмец увайшоў у гасцiную карчмы "Кучар i конi" каля паловы шостай ранiцы i заставаўся там прыблiзна да паўдня; шторы ў пакоi былi апушчаны, дзверы зачынены, i пасля няўдачы, якая напаткала Хола, нiхто не адважваўся ўвайсцi туды.
Увесь гэты час ён, вiдавочна, нiчога не еў. Тры разы ён званiў, прычым трэцi раз доўга i сярдзiта, але нiхто не адклiкнуўся.
– Добра, я яму пакажу "iдзiце к чорту", – бурчала мiсiс Хол. Чуткi пра начное здарэнне ў доме вiкарыя паспелi ўжо распаўсюдзiцца, памiж дзвюма падзеямi бачылi нейкую сувязь. Хол у суправаджэннi Ўоджэрса накiраваўся да суддзi, мiстэра Шэклфорса, каб з iм параiцца. Наверх падняцца нiхто не адважваўся. Чым займаўся ўвесь гэты час незнаёмец – невядома. Калi-нiкалi ён нецярплiва крочыў з кута ў кут, два разы з яго пакоя даносiлася лаянка, шамаценне разрываемай паперы i звон разбiваемых бутэлек.
Кучка напалоханых людзей, якiя згаралi ад цiкаўнасцi, усё павялiчвалася. Прыйшла мiсiс Хакстэрс. Падышлi некалькi бойкiх маладых хлопцаў, якiя прыбралiся з нагоды духава дня ў чорныя пiнжакi i гальштукi з белага пiке, i сталi задаваць недарэчныя пытаннi. Арчы Гаркер аказаўся самым смелым; ён зайшоў у двор i пастараўся зазiрнуць пад апушчаную штору. Бачыць ён не мог нiчога, але даў зразумець, што бачыць, i яшчэ той-сёй з айпiнгскага маладога пакалення далучыўся да яго.
Дзень для свята выдаўся на славу – цёплы i ясны; на вясковай вулiцы выстраiлася з дзесятак ларкоў i цiр для стральбы, а на лужку перад кузняй стаялi тры паласатыя жоўта-карычневыя фургоны, а нейкiя людзi ў маляўнiчых касцюмах наладжвалi прылады для кiдання какосавых арэхаў. Мужчыны былi ў сiнiх свiтэрах, дамы – у белых пярэднiках i модных капелюшах з вялiкiмi пёрамi. Вiдайер з "Чырвонай ланi" i мiстэр Джэгерс, шавец, якi таксама гандляваў старымi веласiпедамi, працягвалi папярок вулiцы гiрлянду з нацыянальных флагаў i каралеўскiх штандараў (яны засталiся пасля святкавання шасцiдзесяцiгадовага юбiлею каралевы Вiкторыi).
А ў паўцёмнай гасцiнай з занавешанымi вокнамi, куды трапляў толькi слабы прамень сонечнага святла, незнаёмец, напэўна, галодны i злосны, задыхаючыся ад гарачынi ў сваiх павязках, глядзеў праз цёмныя акуляры на аркуш паперы, пабразгваў бруднымi пляшачкамi i час ад часу страшэнна лаяў хлапчукоў, якiя шумелi пад акном. У кутку ля камiна валялiся асколкi паўтузiна разбiтых бутэлек, а ў паветры стаяў пах хлора. Вось усё, што нам вядома па расказах вiдавочцаў i па таму, у якiм выглядзе быў пакой, калi ў яго ўвайшлi.
Каля паўдня незнаёмец раптоўна адчынiў дзверы гасцiнай i спынiўся на парозе, пiльна ўзiраючыся на трох-чатырох чалавек, якiя стаялi каля стойкi.
– Мiсiс Хол! – крыкнуў ён.
Нехта неахвотна выйшаў з пакоя, каб паклiкаць гаспадыню.
З'явiлася мiсiс Хол, некалькi задыхаючыся, але даволi рашучая. Мiстэр Хол яшчэ не вярнуўся. Яна ўсё ўжо абдумала i з'явiлася з невялiкiм падносiкам у руках, на якiм ляжаў неаплачаны рахунак.
– Вы хочаце заплацiць па рахунку? – спытала яна.
– Чаму мне не прынеслi сняданак? Чаму вы не згатавалi мне паесцi i не адказвалi на званкi? Вы думаеце, што я магу абыходзiцца без ежы?
– А чаму вы не заплацiлi па рахунку? – адказала мiсiс Хол. – Вось што я жадала б ведаць.
– Яшчэ тры днi таму я сказаў вам, што чакаю перавода...
– А я яшчэ тры днi таму сказала вам, што не буду чакаць нiякiх пераводаў. Нечага бурчэць, што сняданак познiцца, калi па рахунку пяць дзён не аплачана.
Незнаёмец коратка, але энергiчна вылаяўся.
– Лягчэй, лягчэй! – пачулася з распiвачнай.
– Я папрашу вас, спадар, трымаць сваю лаянку пры сабе, – сказала мiсiс Хол.
Незнаёмец замоўк i стаяў на парозе, падобны на раззлаванага вадалаза. Усе наведвальнiкi карчмы адчувалi, што перавага на баку мiсiс Хол: наступныя словы незнаёмца пацвердзiлi гэта.
– Паслухайце, галубка... – пачаў ён.
– Я вам не галубка, – сказала мiсiс Хол.
– Я сказаў вам, што не атрымлiваў яшчэ перавода...
– Ды якi там перавод, – сказала мiсiс Хол.
– Але ў кiшэнi ў мяне...
– Тры днi таму вы сказалi, што ў вас i савярэна не набярэцца.
– Ну, а цяпер я знайшоў пабольш.
– Ого! – пачулася з распiвачнай.
– Хацела б я ведаць, дзе ж гэта вы знайшлi грошы? – сказала мiсiс Хол.
Гэта заўвага, мусiць, вельмi не спадабалася незнаёмцу. Ён тупнуў нагой.
– Што вы хочаце гэтым сказаць? – спытаўся ён.
– Толькi тое, што я хацела б ведаць, дзе вы знайшлi грошы, – сказала мiсiс Хол. – I перш чым падаваць вам рахункi, гатаваць сняданак i ўвогуле штосьцi рабiць для вас, я папрашу вас растлумачыць некаторыя рэчы, якiх я не разумею i нiхто не разумее, але якiя мы ўсе хочам зразумець. Я жадаю ведаць, што вы рабiлi наверсе з маiм крэслам; я хачу ведаць, як гэта ваш пакой аказаўся пусты i як вы зноў туды трапiлi. Мае пастаяльцы ўваходзяць i выходзяць праз дзверы – такое ў мяне правiла; вы ж робiце па-другому, i я хачу ведаць, як вы гэта робiце. I яшчэ...
Незнаёмец раптам падняў сцiснутыя кулакi ў пальчатках, тупнуў нагой i крыкнуў: "Стойце!" – так шалёна, што мiсiс Хол адразу ж замоўкла.
– Вы не разумееце, – сказаў ён, – хто я i што я такое. Я пакажу вам. Як бог свят, я пакажу вам! – З гэтымi словамi ён прыклаў адкрытую далонь да твару i тут жа адняў яе. На месцы сярэдняй часткi твару зеўрала пустая ямiна. – Трымайце, – сказаў ён i, ступiўшы да мiсiс Хол, падаў ёй штосьцi. Не адводзячы вачэй ад яго твару, якi так змянiўся, мiсiс Хол машынальна ўзяла працягнутую рэч. Затым, разгледзеўшы гэтую рэч, гучна ўскрыкнула, кiнула яе на падлогу i адступiла назад. Па падлозе, стукаючы, як пустая кардонка, пакацiўся нос – нос незнаёмца, чырвоны i блiскучы!
Потым ён зняў акуляры, i ўсе вылупiлi вочы ад здзiўлення. Ён зняў капялюш i шалёна пачаў зрываць бакенбарды i бiнты. Яны не адразу паддалiся яго намаганням. Усе замерлi ад жаху.
– О госпадзi! – вымавiў хтосьцi.
Нарэшце бiнты былi сарваны.
Тое, што ўбачылi прысутныя, проста ашаламiла iх. Мiсiс Хол, якая стаяла з разiнутым ртом, дзiка ўскрыкнула i пабегла да дзвярэй. Усе ўскочылi з месцаў. Чакалi раны, калецтва, адчувальны жах, а тут – нiчога! Бiнты i парык паляцелi ў распiвачную – такога нiхто не чакаў. Усе кiнулiся ўнiз з ганка, натыкаючыся адзiн на аднаго, таму што на парозе гасцiнай, выкрыкваючы бязладныя тлумачэннi i размахваючы рукамi, стаяла фiгура, падобная на чалавека аж да каўняра палiто, – а вышэй не было нiчога, зусiм нiчога!
Жыхары Айпiнга пачулi крыкi i шум, якiя даляталi з карчмы "Кучар i конi", i ўбачылi, як адтуль iмклiва выбягаюць наведвальнiкi. Яны ўбачылi, як мiсiс Хол упала i як мiстэр Тэдзi Хенфры падскочыў, каб не спатыкнуцца аб яе. Потым яны пачулi немы крык Мiлi, якая, выскачыўшы з кухнi на шум, нечакана наткнулася на безгаловага незнаёмца. Крык адразу ж абарваўся.
Пасля гэтага ўсе, хто знаходзiўся на вулiцы – прадавец прысмакаў, уладальнiк балагана для кiдання ў цэль i яго памочнiк, гаспадар арэляў, хлапчукi i дзяўчынкi, вясковыя франты, мясцовыя прыгажунi, старыя ў блузах i цыганы ў фартуках, – усе пабеглi да карчмы. Не прайшло i хвiлiны, як перад домам мiсiс Хол сабралася чалавек сорак, натоўп хутка рос, усе шумелi, штурхалiся, ускрыквалi, задавалi пытаннi, рабiлi здагадкi. Нiхто нiкога не слухаў, i ўсе гаварылi адначасна – сапраўднае стоўпатварэнне! Некалькi чалавек падтрымлiвалi мiсiс Хол, якую паднялi з зямлi амаль што беспрытомную. Сярод агульнага перапалоху адзiн з вiдавочцаў, стараючыся ўсiх перакрычаць, даваў ашаламляльныя сведчаннi.