355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Герберт Джордж Уэллс » Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 16:28

Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"


Автор книги: Герберт Джордж Уэллс



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 9 страниц)

Уэллс Герберт
Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)

Гэрбэрт Уэлс

Чалавек-невiдзiмка

Раздзел I

З'ЯЎЛЕННЕ НЕЗНАЁМЦА

Незнаёмец з'явiўся ў пачатку лютага; у той марозны зiмовы дзень бушавалi вецер i завiруха – апошняя завiруха ў гэтым годзе, аднак ён прыйшоў з чыгуначнай станцыi Брэмблхерст пяшком; у руцэ, абцягнутай тоўстай пальчаткай, ён трымаў невялiкi чорны сакваяж. Ён быў захутаны з галавы да пят; шырокiя палi капелюша хавалi ўвесь твар, вiднеўся толькi блiскучы кончык носа; плечы i грудзi былi ў снезе, таксама як i сакваяж. Ён увайшоў у карчму "Кучар i конi", ледзьве перастаўляючы ногi ад холаду i знямогi, i кiнуў сакваяж на падлогу.

– Агню! – крыкнуў ён. – У iмя чалавекалюбства! Пакой i агню! – Ён строс з сябе снег i пайшоў за мiсiс Хол у прыёмную, каб абгаварыць умовы. Размова была кароткая. Кiнуўшы ёй два савярэны, незнаёмец пасялiўся ў карчме.

Мiсiс Хол запалiла камiн i пакiнула свайго госця, каб уласнаручна згатаваць яму абед. Раздабыць у Айпiнгу зiмой пастаяльца, ды яшчэ такога, якi не таргуецца, гэта была нечуваная ўдача, i мiсiс Хол вырашыла паказаць сябе вартай шчаслiвага выпадку, якi выпаў на яе долю.

Калi вяндлiна падсмажылася, а Мiлi, вечна сонная служанка, выслухала некалькi знiшчальна-з'едлiвых заўваг (што, вiдаць, павiнна было падагнаць яе энергiю), мiсiс Хол панесла ў пакой прыезджага абрус, посуд i шклянкi i пачала з асаблiвым шыкам сервiраваць стол. Агонь весела трашчаў у камiне, але прыезджы – да найвялiкшага яе здзiўлення – да гэтага часу не зняў капелюша i палiто. Ён стаяў спiной да яе, глядзеў у акно, за якiм падаў снег. Рукi яго, усё яшчэ ў пальчатках, былi закладзены за спiну, i ён, здавалася, аб чымсьцi глыбока задумаўся. Гаспадыня заўважыла, што расталы, снег капае з яго плячэй на дыван.

– Дазвольце, судар, ваша палiто i капялюш, – звярнулася яна да яго, – я аднясу iх на кухню i павешу прасушыць.

– Не трэба, – адказаў ён, не паварочваючыся.

Яна падумала, што недачула, i ўжо гатова была паўтарыць сваю просьбу.

Незнаёмец павярнуў галаву i паглядзеў на яе цераз плячо.

– Я лiчу за лепшае не знiмаць iх, – заявiў ён.

Тут гаспадыня заўважыла, што ён носiць вялiзныя сiнiя акуляры-кансервы i што ў яго густыя бакенбарды, якiя закрываюць твар.

– Добра, судар, – сказала яна, – як вы сабе хочаце. Пакой зараз нагрэецца.

Незнаёмец нiчога не адказаў i зноў павярнуўся да яе спiной. Бачачы, што размова не клеiцца, мiсiс Хол паспешна накрыла на стол i выйшла з пакоя. Калi яна вярнулася, ён па-ранейшаму стаяў каля акна, быццам каменная статуя, з паднятым каўняром i загнутымi ўнiз мокрымi палямi капелюша, якiя закрывалi твар i вушы. Яна паставiла на стол яечню i амаль крыкнула:

– Сняданак пададзены, судар!

– Дзякую вам, – адказаў ён адразу ж, але не скрануўся з месца, пакуль яна не зачынiла за сабой дзверы. Тады ён крута павярнуўся i хутка падышоў да стала.

Апынуўшыся на кухнi, гаспадыня пачула гук, якi мерна паўтараўся. "Чырк, чырк, чырк", – чыркала лыжка па талерцы.

– Ах, вось жа гэтае дзяўчо! – сказала мiсiс Хол. – А я i забылася! Ну i валаводнiца! – Яна ўзялася сама расцiраць гарчыцу i выказала некалькi кепiкаў у адрас Мiлi за яе незвычайную марудлiвасць. Сама яна паспела падсмажыць яечню з вяндлiнай, накрыць на стол, зрабiць усё, што трэба, а Мiлi – ну i памочнiца! – пакiнула госця без гарчыцы. А ён толькi прыехаў i жадае, вiдаць, тут пажыць. Пабурчэўшы, мiсiс Хол напоўнiла гарчычнiцу i, паставiўшы яе, не без некаторай манернасцi, на чорны з золатам чайны паднос, панесла ў прыёмную.

Яна пастукала i адразу ж увайшла. Пры яе з'яўленнi незнаёмец зрабiў рэзкi рух, i яна ўсё ж паспела заўважыць нешта белае, якое мiльганула над сталом. Ён, здаецца, штосьцi падбiраў з падлогi. Яна паставiла гарчычнiцу на стол i тут жа прыкмецiла, што палiто i капялюш госця вiсяць на стуле перад камiнам, а на стальной рашотцы стаiць пара мокрых чаравiкаў. Рашотка, вядома, заржавее. Мiсiс Хол рашуча наблiзiлася да камiна i заявiла тонам, якi не дапускаў пярэчанняў:

– Цяпер, я думаю, можна ўзяць вашы рэчы i прасушыць.

– Пакiньце капялюш, – сказаў прыезджы глухiм голасам. Павярнуўшыся, яна ўбачыла, што ён выпрастаўся i глядзiць на яе.

З хвiлiну яна стаяла вылупiўшы вочы i знямеўшы ад здзiўлення.

Нiжнюю частку твару ён прыкрываў чымсьцi белым – сурвэткай, якую ён прывёз з сабой, – нi яго рота, нi скiвiцаў не было бачна. Таму i голас прагучаў так глуха. Але не гэта ўразiла мiсiс Хол. Лоб незнаёмца, пачынаючыся ад краю сiнiх акуляраў, быў абвязаны белым бiнтам, а другi бiнт закрываў яго вушы, непрыкрытым заставаўся толькi ружовы востры нос. Нос быў такi ж ружовы i блiскучы, як у тую хвiлiну, калi незнаёмец з'явiўся ўпершыню. Апрануты ён быў у карычневую аксамiтавую куртку; высокi чорны каўнер, падшыты палатном, быў падняты. Густыя чорныя валасы, выбiваючыся з-пад перакрыжаваных бiнтоў, тырчалi пучкамi ў розныя бакi i надавалi незнаёмцу надзвычай дзiўны выгляд. Гэтая захутаная i забiнтаваная галава так ашаламiла мiсiс Хол, што ад нечаканасцi яна на хвiлiну здранцвела.

Ён не адняў сурвэтку ад твару i, па-ранейшаму прытрымлiваючы яе рукой у карычневай пальчатцы, глядзеў на гаспадыню праз непранiкальныя сiнiя акуляры.

– Пакiньце капялюш, – зноў гугнява сказаў ён праз сурвэтку.

Мiсiс Хол, ачуўшыся ад спалоху, паклала капялюш на стул перад камiнам.

– Я не ведала, судар... – пачала яна, – што... – i збянтэжана замоўкла.

– Дзякую вам, – сказаў ён суха, пераводзячы позiрк ад яе да дзвярэй i назад.

– Я зараз усё высушу, – сказала яна i панесла з сабою вопратку госця. Каля дзвярэй яна зноў паглядзела на яго белую забiнтаваную галаву i непранiкальныя акуляры; ён усё яшчэ прыкрываў рот сурвэткай. Выходзячы з пакоя, яна ўсё дрыжала, i твар яе красамоўна сведчыў аб поўным замяшаннi.

– У жыццi сваiм... – прашаптала яна. – Ну i ну!

Яна цiха вярнулася на кухню i нават не спыталася ў Мiлi, з чым тая цяпер важдаецца.

Незнаёмец тым часам прыслухоўваўся да крокаў гаспадынi, якiя паступова зацiхалi. Перш чым адкласцi сурвэтку i зноў узяцца за ежу, ён запытальна паглядзеў у акно, потым падняўся i, трымаючы сурвэтку ў руцэ, падышоў i апусцiў штору да белай фiранкi, якая прыкрывала нiжнюю частку акна. У пакоi запанаваў прыцемак. Крыху заспакоены, ён вярнуўся да стала i працягваў свой сняданак.

– Небарака, ён разбiўся, цi яму зрабiлi аперацыю, цi яшчэ што-небудзь, – сказала мiсiс Хол. – Увесь перавязаны, нават глядзець страшна!

Яна падкiнула вугалю ў печку, паставiла козлы для сушкi вопраткi i паклала на iх палiто прыезджага.

– А акуляры! Ды што казаць, вадалаз нейкi, а не чалавек. – Яна павесiла на козлы яго шалiк. – А твар закрывае анучай! I гаворыць праз яе! Можа, у яго рот таксама балiць!

Тут яна рэзка павярнулася, мусiць, раптам успомнiўшы аб чымсьцi вельмi важным.

– Божа! – усклiкнула яна. – Мiлi! Няўжо блiнчыкi яшчэ не гатовыя?

Калi мiсiс Хол увайшла ў прыёмную, каб прыбраць са стала, яна ўбачыла новае пацвярджэнне сваёй здагадцы, што рот незнаёмца знявечаны няшчасным выпадкам: незнаёмец курыў люльку, i за ўвесь час, пакуль яна знаходзiлася ў пакоi, нi разу не адсунуў шоўкавую хусцiнку, якой была абвязана нiжняя частка яго твару, i не ўзяў мундштук у рот. Хаця ён не забыўся пра сваю люльку, бо мiсiс Хол заўважыла, што ён паглядвае на тытунь, якi тлеў марна. Ён сядзеў у кутку, спiной да апушчанай шторы; падмацаваўшыся i сагрэўшыся, ён, вiдавочна, адчуваў сябе лепш i размаўляў ужо не так адрывiста i раздражнёна. У чырванаватым водблiску агню яго вялiзныя акуляры як быццам бы ажылi.

– У мяне застаўся такi-сякi багаж на станцыi Брэмблхерст, – сказаў ён. Выслухаўшы адказ, ён ветлiва нахiлiў сваю забiнтаваную галаву. – Толькi заўтра! – сказаў ён. – Няўжо нельга раней? – I вельмi засмуцiўся, калi яна адказала, што нельга. – А можа, усё ж знойдзецца хто-небудзь, хто б з'ездзiў з павозкай на станцыю?

Мiсiс Хол ахвотна адказала на пытаннi, спадзеючыся такiм чынам разгаварыць яго.

– Дарога да станцыi вельмi крутая, – сказала яна i, карыстаючыся выпадкам, дадала: – У мiнулым годзе на гэтай дарозе перакулiўся экiпаж. I пасажыр i кучар абодва загiнулi. Цi доўга надарыцца бядзе? Адна хвiлiна – i канец, цi не праўда, спадар?

Але госця не так i лёгка было ўцягнуць у размову.

– Праўда, – сказаў ён, спакойна гледзячы на яе праз акуляры.

– А потым, калi яшчэ паправiшся, праўда? Вось, напрыклад, мой пляменнiк Том парэзаў сабе руку касой – касiў, ведаеце, спатыкнуўся ды i парэзаў, дык цi паверыце, спадар, тры месяцы хадзiў з завязанай рукой. Пасля таго выпадку я страшна баюся касы.

– Безумоўна, гэта зразумела, – сказаў прыезджы.

– Спачатку мы вельмi баялiся, што Тому давядзецца рабiць аперацыю, яму так было дрэнна.

Прыезджы адрывiста засмяяўся, быццам забрахаў.

– Дык яму было дрэнна? – паўтарыў ён.

– Праўда, спадар. I гэта было зусiм не смешна для тых, каму давялося з iм важдацца. Хоць бы мне, спадар, таму што сястра ўсё няньчылася са сваiмi малымi. Толькi ведай: завязаць цi развязаць яму руку... Таму, калi дазволiце...

– Дайце мне, калi ласка, запалкi, – раптам перапынiў ён яе. – Мая люлька патухла.

Мiсiс Хол замоўкла. Несумненна, з яго боку груба перапыняць яе такiм чынам пасля таго, як яна яму ўсё расказала. З хвiлiну яна сярдзiта глядзела на яго, але, успомнiўшы пра два савярэны, пайшла за запалкамi.

– Дзякую, – коратка сказаў ён, калi яна паклала запалкi на стол, i, павярнуўшыся да яе спiной, пачаў зноў глядзець у акно. Бачна, размова аб аперацыях i бiнтах была яму непрыемная. Яна вырашыла не вяртацца да гэтай тэмы, але непрыязныя паводзiны незнаёмца раззлавалi яе, i Мiлi давялося гэта адчуць на сабе.

Прыезджы заставаўся ў гасцiнай да чатырох гадзiн, не даючы нiякага поваду зайсцi да яго. Амаль увесь гэты час у пакоi было вельмi цiха: магчыма, ён сядзеў каля камiна, якi дагараў, i курыў люльку, а можа, проста драмаў.

Аднак, калi б хто-небудзь уважлiва прыслухаўся, то змог бы пачуць, як ён памяшаў вуголле, а потым хвiлiн пяць хадзiў па пакоi i размаўляў сам з сабою. Затым зноў сеў, i пад iм рыпнула крэсла.

Раздзел II

ПЕРШЫЯ ЎРАЖАННI МIСТЭРА ТЭДЗI ХЕНФРЫ

У чатыры гадзiны, калi ўжо амаль сцямнела i мiсiс Хол збiралася з духам, каб зайсцi да пастаяльца i спытацца, цi не жадае ён гарбаты, у карчму ўвайшоў Тэдзi Хенфры, майстар гадзiннiкаў.

– Якое кепскае надвор'е, мiсiс Хол! – сказаў ён. – А яшчэ ў лёгкiх чаравiках.

Снег за акном падаў усё гусцей i гусцей.

Мiсiс Хол пагадзiлася, што надвор'е кепскае i, заўважыўшы ў руках мiстэра Хенфры чамаданчык з iнструментамi, раптам заззяла.

– Ведаеце, раз вы ўжо тут, зiрнiце, калi ласка, на гадзiннiк у гасцiнай. Iдзе ён добра i б'е як трэба, але гадзiннiкавая стрэлка ўсё стаiць на шасцi гадзiнах i нiколькi не жадае зрушыць з месца.

I, паказваючы майстру гадзiннiкаў дарогу, яна накiравалася ў гасцiную, пастукалася ў дзверы i ўвайшла.

Прыезджы – як яна паспела заўважыць, адчыняючы дзверы, – сядзеў у крэсле перад камiнам i, здавалася, драмаў; яго забiнтаваная галава схiлiлася набок. Пакой асвятляў толькi чырвоны водблiск камiна. Мiсiс Хол усё падалося чырванаватым, вычварным i няясным, тым больш што яна ўсё яшчэ была аслеплена святлом лямпы, якую толькi што запалiла над стойкай у распiвачнай. На секунду ёй здалося, што ў пастаяльца страшэнны, шырока адкрыты рот на ўсю нiжнюю частку твару. Гэта быў iмгненны прывiд – белая забiнтаваная галава, вялiзныя акуляры замест вачэй i пад iмi шырокi, адкрыты рот, якi быццам бы пазяхаў. Але вось сонны зашавялiўся, выпрастаўся ў крэсле i падняў руку. Мiсiс Хол расчынiла дзверы насцеж, у пакоi стала святлей; тады яна лепш разглядзела яго i ўбачыла, што твар незнаёмца прыкрыты шалiкам, таксама, як раней сурвэткай. I яна вырашыла, што ёй усё проста здалося з-за гульнi ценяў.

– Цi не дазволiце, судар, майстру агледзець гадзiннiк? – сказала яна, крыху апамятаўшыся.

– Агледзець гадзiннiк? – спытаў ён, сонна азiраючыся кругом. Потым, нiбы прачнуўшыся, дадаў: – Калi ласка!

Мiсiс Хол пайшла за лямпай, а ён падняўся з крэсла i пацягнуўся. З'явiлася лямпа, i мiстэр Тэдзi Хенфры, увайшоўшы ў пакой, апынуўся твар у твар з забiнтаваным чалавекам. Ён быў, па яго ўласнаму прызнанню, агарошаны.

– Добры вечар, – сказаў незнаёмец, гледзячы на яго, як марскi рак; па выказванню Хенфры, – на такое параўнанне яго, напэўна, навялi цёмныя акуляры.

– Спадзяюся, – сказаў Хенфры, – я вас не патрывожу?

– Нiколькi, – адказаў прыезджы. – Хаця я думаў, – дадаў ён, звяртаючыся да мiсiс Хол, – што гэты пакой адведзены мне для асабiстага карыстання.

– Я падумала, судар, – сказала гаспадыня, – што вы пажадаеце, каб гадзiннiк...

– Вядома, – перапынiў ён, – вядома; але ўвогуле я прывык заставацца адзiн i не люблю, калi мяне турбуюць. Але я рады, што гадзiннiк будзе пачынены, – працягваў ён, бачачы, што мiстэр Хенфры спынiўся ў нерашучасцi. Ён ужо хацеў папрасiць прабачэння i пайсцi, але словы прыезджага заспакоiлi яго.

Прыезджы павярнуўся спiной да камiна i заклаў рукi за спiну.

– Калi з рамонтам гадзiннiка будзе закончана, я вып'ю гарбаты, – заявiў ён. – Але няхай раней пачыняць гадзiннiк.

Мiсiс Хол ужо збiралася выйсцi з пакоя, – на гэты раз яна не спрабавала завязаць размову, не жадаючы, каб яе груба абарвалi ў прысутнасцi мiстэра Хенфры, – як раптам пастаялец спытаўся, цi паклапацiлася яна аб дастаўцы яго багажу. Яна паведамiла яму, што гаварыла пра гэта з паштальёнам i што багаж будзе дастаўлены заўтра ранiцай.

– Вы ўпэўнены, што раней нельга яго даставiць? – спытаў ён.

– Зусiм упэўнена, – адказала яна даволi холадна.

– Мне трэба было адразу сказаць вам, хто я такi, але я так замёрз i стамiўся, што проста не мог гаварыць. Я, бачыце, выпрабавальнiк...

– Ах, дык вунь яно што, – прамовiла мiсiс Хол, на якую гэтыя словы зрабiлi вельмi моцнае ўражанне.

– Багаж мой складаецца з самых розных прыбораў i апаратаў.

– Вельмi нават карысныя рэчы, – заўважыла мiсiс Хол.

– I я з нецярплiвасцю чакаю магчымасцi працягваць свае выпрабаваннi.

– Вядома, судар.

– Прыехаць у Айпiнг, – працягваў ён павольна, як быццам бы падбiраючы словы, – мяне прымусiла... м-м... iмкненне да цiшынi i спакою. Я не хачу, каб мяне турбавалi ў час маiх заняткаў. Апрача таго, няшчасны выпадак...

"Так я i здагадвалася", – падумала мiсiс Хол.

– ...вымушае мяне да адзiноты. Разумееце, вочы мае iншы раз да таго слабеюць i пачынаюць так пакутлiва балець, што мне даводзiцца зачыняцца ў цёмным пакоi на цэлыя гадзiны. Гэта надараецца калi-нiкалi. Цяпер гэтага, вядома, няма. Але калi ў мяне прыступ, самы нязначны неспакой, з'яўленне чужога чалавека ў пакоi прымушае мяне страшэнна пакутаваць... Я думаю, лепш папярэдзiць аб гэтым загадзя.

– Вядома, судар, – сказала мiсiс Хол. – Асмелюся спытацца ў вас...

– Гэта ўсё, што я хацеў сказаць вам, – перапынiў ён яе сваiм суровым тонам, якi не дапускаў нiякiх пярэчанняў.

Мiсiс Хол асеклася i вырашыла адкласцi свае пытаннi i спачуваннi да больш зручнага моманту.

Яна выйшла, а прыезджы застаўся стаяць перад камiнам, люта гледзячы на мiстэра Хенфры, якi рамантаваў гадзiннiк (так гаварыў потым сам мiстэр Хенфры). Майстар гадзiннiкаў паставiў лямпу блiзка каля сябе, i зялёны абажур кiдаў яркае святло на яго рукi i на часткi механiзма, пакiдаючы амаль увесь пакой у цянi. Калi ён падымаў галаву, перад вачамi ў яго плавалi рознакаляровыя плямы. Хенфры быў цiкаўным чалавекам, таму ён вынуў механiзм, – хаця ў гэтым не было рашуча нiякай патрэбы, – разлiчваючы зацягнуць работу i, хто ведае, можа, нават завязаць з незнаёмцам размову. Але той стаяў маўклiва, не рухаючыся з месца. Ён стаяў так цiха, што гэта пачало дзейнiчаць мiстэру Хенфры на нервы. Яму падалося нават, што ён адзiн у пакоi, але падняўшы вочы, перад якiмi адразу паплылi зялёныя плямы, ён убачыў у шэрым змроку нерухомую фiгуру з забiнтаванай галавой, што ўтаропiлася на яго вялiзнымi сiнiмi акулярамi. Гэта было так страшна, што з хвiлiну абодва стаялi нерухома, гледзячы адзiн на аднаго. Потым Хенфры апусцiў вочы, нiбы выбiраючы мiшэнь для падрыхтоўчага стрэлу.

– Надвор'е... – пачаў ён.

– Хутка вы закончыце i пойдзеце адсюль? – сказала нерухомая фiгура, вiдавочна, ледзьве стрымлiваючы гнеў. – Вам толькi i трэба было ўмацаваць гадаiннiкавую стрэлку на восi, а вы тут кешкаецеся без толку.

– Зараз, судар... адну хвiлiну... Я выпусцiў з-пад увагi... – i мiстэр Хенфры паспешлiва закончыў работу i выйшаў, моцна, аднак, раззлаваны.

– Каб яго чорт узяў! – бурчэў ён сам сабе, крочачы па заснежанай вулiцы. – Трэба ж калi-небудзь праверыць гадзiннiк... Скажыце, калi ласка, i паглядзець на яго нельга. Чорт ведае што... Мусiць, нельга. Ён так забiнтаваны i захутаны, нiбы яго адшуквае палiцыя.

Калi мiстэр Хенфры дайшоў да вугла, ён убачыў Хола, якi нядаўна ажанiўся з гаспадыняй карчмы "Кучар i конi", дзе спынiўся незнаёмец; Хол вяртаўся са станцыi Сiдэрбрыдж, куды ён вазiў на айпiнгскiм амнiбусе выпадковых пасажыраў. Як ён кiраваў, было ясна, што Хол крышку клюнуў у Сiдэрбрыджы.

– Як пажываеце, Тэдзi? – звярнуўся ён да Хенфры, калi параўняўся з iм.

– У вас спынiўся нейкi падазроны тып, – сказаў Тэдзi.

Хол, абрадаваны выпадкам пагаварыць, нацягнуў лейцы.

– Што такое? – спытаўся ён.

– У вас у карчме спынiўся нейкi падазроны тып, – паўтарыў Тэдзi. Далiбог! – I ён пачаў з вялiкай жвавасцю апiсваць Холу дзiўнага госця. Выглядае ён... проста страх! Калi б гэта быў мой дом, я, зразумела, палiчыў бы за лепшае ведаць у твар свайго пастаяльца, – сказаў ён. – Але жанчыны заўсёды даверлiвыя, калi справа тычыцца чужых людзей. Ён пасялiўся ў вас, Хол, i нават не сказаў, як яго завуць.

– Няўжо? – спытаўся Хол, якi не вызначаўся асаблiвай кемлiвасцю.

– Так, – пацвердзiў Тадзi. – Ён зняў пакой на тыдзень. Хто б ён нi быў, вам нельга будзе адчапiцца ад яго раней, чым праз тыдзень. I ён кажа, што ў яго куча багажу, якi прывязуць заўтра. Будзем спадзявацца, што гэта не скрынкi з камянямi.

Тут ён расказаў, як нейкi прыезджы з пустымi чамаданамi абдурыў яго цётку ў Гасцiнгсе. Зразумела, размова з Тэдзi разбудзiла ў Хола нейкае няпэўнае падазрэнне.

– Ну, паехалi, дзядуля, – звярнуўся Хол да свайго каня. – Трэба навесцi парадак.

А Тэдзi, аблегчыўшы душу, пайшоў сваёй дарогай ужо ў лепшым настроi.

Аднак, замест таго, каб наводзiць парадак, Холу пасля вяртання дадому давялося выслухаць шмат папрокаў за тое, што ён так доўга прабыў у Сiдэрбрыджы, а на свае нясмелыя пытаннi пра новага пастаяльца ён атрымаў рэзкiя, але ўнiклiвыя адказы. I ўсё ж зерне падазрэння, кiнутае майстрам гадзiннiкаў у душу Хола, дало свае парасткi.

– Вы, бабы, нiчога не разумееце, – сказаў мiстэр Хол i вырашыў пры першым жа зручным выпадку даведацца больш падрабязна пра падазронага прыезджага.

I пасля таго, як пастаялец накiраваўся ў сваю спальню, – гэта было прыкладна палова дзесятай, – мiстэр Хол з даволi задзiрлiвым выглядам увайшоў у гасцiную i стаў уважлiва аглядваць мэблю сваёй жонкi, быццам бы жадаючы паказаць гэтым, што тут гаспадар ён, а не прыезджы; ён пагардлiва зiрнуў на аркуш паперы з матэматычнымi вылiчэннямi, якi забыўся пастаялец. Кладучыся спаць, мiстэр Хол параiў жонцы ўважлiва прыгледзецца – што за багаж заўтра прывязуць пастаяльцу.

– Калi ласка, не лезь не ў сваю справу, – абарвала яго мiсiс Хол. Глядзi лепш за сабой, а я i без цябе ўпраўлюся.

Яна тым больш злавалася на мужа, што прыезджы сапраўды быў нейкi дзiўны, i ў душы яна сама трывожылася. Ноччу яна раптам прачнулася, убачыўшы ў сне вялiзныя белыя вiрлавокiя галовы, падобныя на бручку, якiя гналiся за ёй на доўгiх, выцягнутых шыях. Але яна была жанчына разважлiвая, таму перасiлiла свой страх, павярнулася на другi бок i зноў заснула.

Раздзел III

ТЫСЯЧА I АДНА БУТЭЛЬКА

Дык вось, дзевятага лютага, калi толькi пачалася адлiга, невядома адкуль з'явiўся ў Айпiнгу дзiўны незнаёмец. На наступны дзень, у слоту i бездараж, яго багаж даставiлi ў карчму, i багаж таксама аказаўся не зусiм звычайны. Абодва чамаданы, праўда, нiчым не адрознiвалiся ад тых, якiмi звычайна запасаюцца падарожнiкi; але, акрамя iх, была яшчэ скрынка з кнiгамi – вялiзнымi тоўстымi кнiгамi, прычым некаторыя былi не надрукаваны, а спiсаны надзвычай неразборлiвым почыркам, – з тузiн, калi не больш, кошыкаў, скрынак i каробак, у якiх ляжалi нейкiя прадметы, загорнутыя ў салому; Хол, якi не прамiнуў паварушыць салому, вырашыў, што там былi шкляныя бутэлькi. У той час як Хол балбатаў з Фiрэнсайдам, фурманам, рыхтуючыся дапамагчы яму перанесцi багаж у дом, з дзвярэй выйшаў незнаёмец у нiзка насунутым капелюшы, у палiто, пальчатках i шалiку. Ён выйшаў з дому i нават не зiрнуў на сабаку Фiрэнсайда, якi лянiва абнюхваў ногi Хола.

– Нясiце скрынкi ў пакой, – сказаў незнаёмец. – Я i так ужо доўга прачакаў iх.

З гэтымi словамi ён спусцiўся з ганка i падышоў да задка павозкi, як быццам хацеў уласнаручна занесцi невялiкi кошык.

Убачыўшы яго, сабака Фiрэнсайда дзiка загыркаў i ашчацiнiўся; калi ж незнаёмец спусцiўся з ганка, ён падскочыў i цапнуў яго за руку.

– Куш! – шарахнуўшыся, крыкнуў Хол, якi заўсёды пабойваўся сабак, а Фiрэнсайд закрычаў:

– Кладзiся! – i схапiўся за бiзун.

Яны бачылi, як зубы сабакi слiзганулi па руцэ незнаёмца, пачуўся трэск раздзiраемых штаноў. У гэты момант бiзун Фiрэнсайда дастаў сабаку, i ён, заскуголiўшы ад крыўды i болю, схаваўся пад павозку. Усё гэта адбылося за паўхвiлiны. Нiхто нiчога не казаў, але ўсе крычалi. Незнаёмец хутка зiрнуў на разарваныя пальчатку i калашыну, зрабiў рух, быццам бы хацеў нагнуцца, затым павярнуўся i ўзбег на ганак. Яны пачулi, як ён паспешлiва прайшоў па калiдоры i застукаў абцасамi па непакрытай дываном лесвiцы, якая вяла ў яго спальню.

– Ах ты, жывёлiна гэтакая! – вылаяўся Фiрэнсайд, злазячы з павозкi з бiзуном у руцэ, у той час як сабака пiльна сачыў за iм з-за колаў. – Iдзi сюды! – крыкнуў ён. – Iнакш будзе горш.

Хол стаяў, разiнуўшы рот, у поўнай разгубленасцi.

– Ён укусiў яго, – загаварыў Хол. – Пайду пагляджу, што з iм. – I закрочыў следам за незнаёмцам. У калiдоры ён сустрэў жонку i сказаў ёй: Пастаяльца пакусаў сабака Фiрэнсайда.

Ён падняўся па лесвiцы; дзверы незнаёмца былi прыадчынены, Хол расчынiў iх i ўвайшоў у пакой без асаблiвых цырымонiй, каб хутчэй выказаць сваё спачуванне.

Штора была апушчана, i ў пакоi стаяў паўзмрок. Хол паспеў заўважыць штосьцi надзвычай дзiўнае, падобнае на руку без кiсцi, занесеную над iм, i твар, якi складаўся з трох вялiкiх расплывiстых плям на белым фоне, вельмi падобны на бледную кветку браткоў. Потым моцны штуршок у грудзi адкiнуў яго ў калiдор, дзеры зачынiлiся з трэскам перад самым яго носам, i ён пачуў, як шчоўкнуў ключ у замку. Усё гэта адбылося так хутка, што Хол не паспеў нiчога ўцямiць. Мiльгаценне нейкiх цьмяных ценяў, штуршок i боль у грудзях. I вось ён стаiць на цёмнай пляцоўцы перад дзвярыма, пытаючыся ў сябе, што ж гэта такое ён бачыў.

Крыху пазней ён далучыўся да кучкi людзей, што сабралiся на вулiцы перад карчмой. Тут быў i Фiрэнсайд, якi ўжо ў другi раз расказваў усю гiсторыю з самга пачатку; i мiсiс Хол, якая паўтарала, што яго сабака не мае нiякага права кусаць яе пастаяльцаў; тут быў i Хакстэрс, уладальнiк лаўкi насупраць, таксама моцна зацiкаўлены здарэннем, i Сэндзi Ўоджэрс з кузнi, якi слухаў Фiрэнсайда з глыбакадумным выглядам; збеглiся жанчыны i дзецi, i кожны выказваў якое-небудзь глупства, накшталт: "Паспрабаваў бы ён мяне ўкусiць", "Нельга трымаць такiх сабак", "А чаму ён яго ўкусiў?" i так далей.

Мiстэр Хол глядзеў на iх з ганка, прыслухоўваўся да размовы, i яму пачало ўжо здавацца, што нiчога незвычайнага ён наверсе ўбачыць не мог, напэўна, гэта проста здалося. Ды яму i слоў не хапiла б, каб перадаць свае ўражаннi.

– Ён сказаў, што яму нiчога не патрэбна, – толькi i адказаў ён на пытанне жонкi. – Я думаю, трэба занесцi багаж.

– Трэба адразу прыпячы, – сказаў мiстэр Хакстэрс, – асаблiва калi атрымалася запаленне.

– Я прыстрэлiла б гэтага сабаку, – сказала адна з жанчын.

Раптам сабака зноў загыркаў.

– Давайце рэчы, – пачуўся сярдзiты голас, i на парозе з'явiўся незнаёмец, захутаны, з паднятым каўняром i апушчанымi палямi капелюша. – Чым хутчэй вы ўнясеце мае рэчы, тым лепш, – працягваў ён. Па сведчаннi аднаго з вiдавочцаў, ён паспеў перамянiць пальчаткi i штаны.

– Моцна ён вас пакусаў, спадар? – спытаўся Фiрэнсайд. – Мне вельмi непрыемна, што мой сабака...

– Дробязi, – адказаў незнаёмец, – нават не абадраў. Паспяшайцеся лепш з рэчамi.

Тут ён, па сцвярджэннi мiстэра Хола, вылаяўся сам сабе.

Як толькi першую карзiну ўнеслi па яго ўказаннi ў гасцiную, незнаёмец нецярплiва пачаў яе распакоўваць, бесцырымонна раскiдваючы салому па дыване мiсiс Хол. Ён пачаў выцягваць з карзiны бутэлькi – маленькiя пузатыя бутэлечкi з парашкамi, невялiкiя, вузкiя бутэлькi з пафарбаванай у розныя колеры або празрыстай, як вада, вадкасцю, выгнутыя пляшкi з надпiсам "яд", круглыя бутэлькi з тонкiмi рыльцамi, вялiкiя бутэлькi з зялёнага i белага шкла, бутэлькi з шклянымi коркамi, з вытраўленымi на iх надпiсамi, з прыцертымi коркамi, бутэлькi з затычкамi, бутэлькi з-пад вiна i праванскага масла. Усе гэтыя бутэлькi ён расставiў радамi на куфры, на камiннай дошцы, на стале, на падаконнiку, на падлозе, на этажэрцы – усюды. У брэмблхерсцкай аптэцы не набралася б i палавiны такой колькасцi бутэлек. Вось гэта было вiдовiшча! Ён распакоўваў карзiну за карзiнай, i ва ўсiх былi бутэлькi. Нарэшце ўсе шэсць карзiн апусцелi, а на стале вырасла гара саломы; акрамя бутэлек, у карзiнах знаходзiлася яшчэ нямала прабiрак, а таксама старанна ўпакаваныя вагi.

Незнаёмец распакаваў карзiны, адышоў да акна i адразу ж узяўся за работу, не звяртаючы ўвагi на кучу саломы, на патухлы камiн, на скрынку з кнiгамi, што засталiся на вулiцы, на чамаданы i астатнi багаж, якi быў ужо занесены наверх.

Калi мiсiс Хол падала абед, незнаёмец быў поўнасцю заняты сваёй работай: ён улiваў па кроплях вадкасць з бутэлек у прабiркi, i нават не заўважыў, як яна ўвайшла; толькi калi яна прыбрала салому i паставiла паднос на стол, можа, некалькi больш шумна, чым звычайна, таму што яе ўсхваляваў непрыглядны выгляд дывана, ён мелькам зiрнуў у яе бок i тут жа адвярнуўся. Яна паспела заўважыць, што незнаёмец быў без акуляраў; яны ляжалi каля яго на стале, i ёй здалося, што яго вачнiцы незвычайна глыбокiя. Ён адзеў акуляры, павярнуўся i паглядзеў ёй у твар. Яна збiралася ўжо выказаць сваю незадаволенасць неахайнасцю пастаяльца, але ён апярэдзiў яе.

– Я папрасiў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзiць у пакой, – сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, вiдаць, iмгненна ўспыхвала ў iм з любой прычыны.

– Я пастукалася, але, магчыма...

– Можа, вы i стукалi. Але ў час маiх даследаванняў, – даследаванняў надзвычай важных i неабходных, – самае нязначнае... нават рыпенне дзвярэй... Я папрасiў бы вас...

– Вядома, судар. Калi вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.

– Вельмi ўдачная думка! – сказаў незнаёмец.

– Вось толькi гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць...

– Не трэба! Калi салома вас турбуе, запiшыце яе на мой рахунак. – I ён прамармытаў сам сабе штосьцi вельмi падобнае на лаянку.

Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнiчым i раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабiрку, i ўсё яго аблiчча было такое дзiўнае, што мiсiс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.

– У такiм выпадку, – заявiла яна, – я хацела б ведаць, колькi вы мяркуеце...

– Шылiнг, пастаўце шылiнг. Я думаю, гэтага дастаткова?

– Добра, няхай так i будзе, – сказала мiсiс Хол, распачынаючы накрываць на стол. – Канечне, калi вы згодны...

Незнаёмец павярнуўся i сеў спiной да яе. Увесь пасляабедзенны час ён працаваў, замкнуўшыся на ключ i, як сцвярджае мiсiс Хол, амаль у поўнай цiшынi. Толькi адзiн раз прагучаў трэск i звон шкла, як быццам хтосьцi штурхнуў стол i з размаху шпурнуў на падлогу бутэльку, а потым пачулiся паспешлiвыя крокi па дыване. Асцерагаючыся, што адбываецца нешта няладнае, гаспадыня падышла да дзвярэй i, затаiўшыся, пачала прыслухоўвацца.

– Нiчога не выйдзе! – крычаў ён раз'юшана. – Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!... Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!

Тут хтосьцi ўвайшоў у карчму, загрукалi цяжкiя боты па плiтках падлогi, i мiсiс Хол павiнна была, хочаш не хочаш, адступiць ад дзвярэй не даслухаўшы.

Калi яна вярнулася, у пакоi зноў было зусiм цiха, калi не лiчыць слабога скрыпу крэсла i пабразгвання бутэлькi. Вiдавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.

Калi яна прынесла гарбату, то ўбачыла ў кутку пакоя, пад люстэркам, разбiтыя бутэлькi i залацiста-жоўтую нядбайна выцертую пляму. Яна звярнула на гэта ўвагу пастаяльца.

– Запiшыце ўсё гэта на мой рахунак, – агрызнуўся ён. – Богам прашу, не перашкаджайце мне. Калi я чым-небудзь прыношу вам страту, стаўце ў рахунак. – I ён зноў узяўся рабiць паметкi ў сшытку, якi ляжаў перад iм.

– Ведаеце, што я вам скажу, – таямнiча паведамiў Фiрэнсайд вечарам таго ж дня ў пiўной.

– Ну? – спытаў Тэдзi Хенфры.

– Гэты чалавек, якога ўкусiў мой сабака... Ну, дык вось: чарнаскуры. Прынамсi, ногi ў яго чорныя. Я гэта заўважыў, калi сабака парваў яму штаны i пальчатку. Трэба было думаць, што скрозь дзiркi будзе вiдаць ружовае цела, праўда? Ну, а на самой справе нiчога падобнага. Адна толькi чарната. Пэўна вам кажу, ён такi ж чорны, як мой капялюш.

– Госпадзi памiлуй! – усклiкнуў Хенфры. – Вось дзiўны выпадак! А нос жа ў яго, што нi кажыце, ружовы.

– Так, – сказаў Фiрэнсайд. – Гэта слушна. Толькi вось што я вам скажу, – хлопец гэты пярэсты: дзе чорны, а дзе белы, плямамi. I ён гэтага саромеецца. Ён накшталт нейкай помесi, а масцi, замест таго каб перамяшацца, пайшлi плямамi. Я i раней чуў аб такiх выпадках. У коней гэта бывае вельмi часта, спытай у каго хочаш.

Раздзел IV

МIСТЭР КАС БЯРЭ IНТЭРВ'Ю Ў НЕЗНАЁМЦА

Я так падрабязна распавядаў пра акалiчнасцi, што суправаджалi прыезд незнаёмца ў Айпiнг, для таго, каб чытач зразумеў усеагульную цiкаўнасць, якую выклiкала яго з'яўленне. Што ж датычыцца яго знаходжання там да знамянальнага дня клубнага свята, то на iм – за выключэннем двух дзiўных здарэнняў – можна доўга не спыняцца. Iншы раз надаралiся сутычкi з мiсiс Хол па гаспадарчых пытаннях, але з iх пастаялец заўсёды выходзiў пераможцам, адразу ж прапаноўваючы дадатковую плату, i так працягвалася да канца красавiка, калi ў яго сталi выяўляцца першыя прыкметы безграшоўя.

Хол недалюблiваў яго i пры любым спрыяльным выпадку паўтараў, што ад яго трэба пазбавiцца, але непрыязнасць гэта выяўлялася галоўным чынам у тым, што Хол стараўся пры магчымасцi пазбягаць сустрэчы з пастаяльцам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю