Текст книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"
Автор книги: Герберт Джордж Уэллс
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)
– Пярэварацень! – Што ж ён натварыў? – Ранiў служанку? – Здаецца, кiнуўся на iх з нажом. – Не так, як гаворыцца, а на самой справе без галавы! Гавораць вам, няма галавы на плячах! – Выдумкi, напэўна, якi-небудзь фокус. – Як зняў ён бiнты...
Стараючыся зазiрнуць у адчыненыя дзверы, натоўп утварыў сабою жывы клiн, вастрыё якога, накiраванае ў дзверы карчмы, складалi самыя адчайныя смельчакi.
– Ён стаiць на парозе. Раптам дзяўчына як крыкне, ён павярнуўся, а дзяўчына пабегла. Ён за ёй. Хвiлiнная справа – ужо ён iдзе назад, у адной руцэ нож, у другой – акраец хлеба. Спынiўся i быццам глядзiць. Вось толькi што. Ён увайшоў у гэтыя самыя дзверы. Гавораць вам: галавы ў яго зусiм няма. Прыйшлi б вы на хвiлiнку раней, вы б самi...
У заднiх радах адбыўся рух. Расказчык замоўк i саступiў убок, даючы дарогу невялiкай працэсii, якая з даволi ваяўнiчым выглядам накiроўвалася да дома; на чале яе iшоў мiстэр Хол, вельмi расчырванелы i рашучы, далей мiстэр Бобi Джаферс, канстэбль, i, нарэшце, мiстэр Уоджэрс, якi асцерагаўся i трымаўся ззаду. У iх быў загад аб арышце незнаёмца.
Iм наперабой паведамлялi апошнiя навiны, – адзiн крычаў адно, другi зусiм другое.
– З галавой ён там цi без галавы, – сказаў мiстэр Джаферс, – а я атрымаў загад арыштаваць яго, i загад я выканаю.
Мiстэр Хол падняўся на ганак, накiраваўся проста да дзвярэй гасцiнай i расчынiў iх.
– Канстэбль, – сказаў ён, – выконвайце свой абавязак.
Джаферс увайшоў першы, за iм Хол i апошнiм – Уоджэрс. У паўзмроку яны разгледзелi безгаловую фiгуру з недаедзенай скарынкай хлеба ў адной руцэ i з кавалкам сыра – у другой; рукi былi ў пальчатках.
– Вось ён, – сказаў Хол.
– Гэта яшчэ што? – пачуўся сярдзiты воклiч з прасторы над каўняром.
– Такiх, як вы, судар, я яшчэ не сустракаў, – сказаў Джаферс. – Але ёсць у вас галава цi яе няма, у загадзе сказана: "суправадзiць", а абавязак службы найперш усяго...
– Не падыходзьце! – крыкнула фiгура, адступаючы на крок. У адну секунду ён кiнуў хлеб i сыр на падлогу, i мiстэр Хол ледзьве паспеў прыняць нож са стала. Незнаёмец зняў левую пальчатку i стукнуў ёю Джаферса па твары. Мiнула яшчэ секунда, i Джаферс, спынiўшы свае тлумачэннi адносна сэнсу загада, схапiў адной рукой кiсць нябачнай рукi, а другой сцiснуў нябачнае горла. Тут ён атрымаў моцны ўдар па назе, якi прымусiў яго ўскрыкнуць, але ахвяры сваёй не выпусцiў. Хол перадаў нож Уоджэрсу, якi дзейнiчаў, так сказаць, у якасцi галкiпера, а сам хацеў дапамагчы Джаферсу. Той учапiўся ў незнаёмца, у шалёнай схватцы працiўнiкi наткнулiся на крэсла, яно з трэскам адляцела ўбок, i абодва звалiлiся на падлогу.
– Хапайце яго за ногi, – прашыпеў скрозь зубы Джаферс.
Мiстэр Хол, якi ўзяўся выконваць гэтае распараджэнне, атрымаў моцны ўдар у грудзi i на хвiлiну выбыў са строю; а мiстэр Уоджэрс, бачачы, што безгаловы незнаёмец вывернуўся i пачаў адольваць Джаферса, адступiў з нажом у руках да дзвярэй, дзе сутыкнуўся з мiстэрам Хакстэрсам i сiдэрбрыджскiм фурманам, якiя спяшалiся на выручку ахоўнiку закона i парадку. У гэты самы момант з палiцы пасыпалiся бутэлькi i пакой напоўнiўся едкiм смуродам.
– Здаюся! – крыкнуў незнаёмец, нягледзячы на тое, што падабраў пад сябе Джаферса. Ён падняўся, цяжка дыхаючы, – без галавы i без рук, таму што ў час схваткi ён сцягнуў i правую i левую пальчатку.
– Усё роўна нiчога не выйдзе, – сказаў ён, ледзьве пераводзячы дух.
Надзвычай дзiўна было слухаць голас, якi далятаў быццам бы з пустой прасторы, але жыхары-Сэсекса, напэўна, самыя цвярозыя людзi на свеце. Джаферс таксама падняўся i вынуў пару наручнiкаў. Але тут ён спынiўся ў поўным неўразуменнi.
– Вось дык штука! – сказаў ён, цьмяна пачынаючы ўсведамляць недарэчнасць усяго, што адбывалася. – Каб яго чорт узяў! Здаецца, што яны не патрэбны.
Незнаёмец правёў пустым рукавом па пiнжаку, i гузiкi, быццам па чараўнiцтву адшпiлiлiся. Затым ён успомнiў аб сваiх нагах i нагнуўся. Мусiць, ён дакранаўся да сваiх чаравiкаў i шкарпэтак.
– Пачакайце! – усклiкнуў раптам Хакстэрс. – Гэта ж зусiм не чалавек. Тут толькi пустая вопратка. Паглядзiце, можна зазiрнуць у каўнер. I падкладку пiнжака вiдаць. Я магу прасунуць руку...
З гэтымi словамi ён працягнуў руку. Здавалася, яна наткнулася на штосьцi ў паветры, бо ён тут жа з крыкам адхапiў яе.
– Я папрасiў бы вас трымаць свае пальцы далей ад маiх вачэй! – пачулiся з паветра словы, вымаўленыя раз'юшаным тонам. – Сутнасць у тым, што я ўвесь тут – з галавой, рукамi, нагамi i ўсiм астатнiм, але толькi я невiдзiмка. Гэта надзвычай нязручна, але нiчога не зробiш. Аднак гэтая акалiчнасць яшчэ не дае права кожнаму дурню ў Айпiнгу тыцкаць у мяне рукамi.
Перад iмi стаяў, узяўшыся ў бокi, касцюм, якi быў расшпiлены i свабодна вiсеў на нябачнай апоры.
За гэты час з вулiцы ўвайшлi яшчэ некалькi чалавек, i ў пакоi стала цесна.
– Што? Невiдзiмка? – сказаў Хакстэрс, не звяртаючы ўвагi на зняважлiвы тон незнаёмца. – Гэтага не бывае.
– Гэта, магчыма, дзiўна, але ж злачыннага тут нiчога няма. На якой падставе на мяне накiдваецца канстэбль?
– А, гэта зусiм iншая справа, – сказаў Джаферс. – Праўда, тут цемнавата, бачыць вас цяжка, але ў мяне ёсць загад аб вашым арышце, i загад у парадку. Вы падлягаеце арышту не за тое, што вы, Невiдзiмка, а па падазрэнню ў крадзяжы з узломам. Непадалёку адсюль быў абрабаваны дом i знiклi грошы.
– Ну?
– Некаторыя акалiчнасцi ўказваюць...
– Лухта! – усклiкнуў Невiдзiмка.
– Спадзяюся, што так, судар. Але я атрымаў загад.
– Добра, – сказаў незнаёмец, – я пайду з вамi. Пайду. Але без наручнiкаў.
– Так трэба, – сказаў Джаферс.
– Без наручнiкаў, – настойваў незнаёмец.
– Не, прабачце, – сказаў Джаферс.
Раптам фiгура села на падлогу, i, перш чым хто-небудзь паспеў уцямiць, што адбываецца, чаравiкi, штаны i шкарпэткi былi закiнуты пад стол. Затым фiгура ўскочыла i скiнула з сябе пiнжак.
– Стой, стой! – закрычаў Джаферс, раптам скемiўшы, у чым справа. Ён схапiўся за камiзэльку, але тая пачала супрацiўляцца; затым адтуль выскачыла кашуля, i ў руках Джаферса апынуўся пусты камзол. – Трымайце яго! – крыкнуў Джаферс. – Варта яму толькi распрануцца...
– Трымайце яго! – закрычалi ўсе i кiнулiся на мiльгаючую ў паветры белую кашулю – усё, што засталося бачнага ад незнаёмца.
Рукаў кашулi нанёс Холу вельмi моцны ўдар па твары, што спынiла яго рашучую атаку i штурхнула яго назад, прама на Тутсома, дзяка. У тое ж iмгненне кашуля прыўзнялася ў паветры i стала канвульсiўна закручвацца, як усякая кашуля, якую знiмаюць цераз галаву. Джаферс ухапiся за рукаў, але гэтым толькi памог зняць яе. Штосьцi з паветра стукнула яго ў нiжнюю скiвiцу; ён тут жа выхапiў сваю дубiнку i, размахнуўшыся з усiх сiл, стукнуў Тэдзi Хенфры проста па макушцы.
– Сцеражыся! – крычалi ўсе, наўздагад наносячы ўдары па паветры. Трымайце яго! Зачынiце дзверы! Не выпускайце ягб! Я штосьцi злавiў! Вось ён!
У пакоi стаяла сапраўднае вавiлонскае стоўпатварэнне. Тумакi, здавалася, сыпалiся на ўсiх адразу, i мудры Сэндзi Ўоджэрс, чыя кемлiвасць абвастрылася яшчэ i дзякуючы знiшчальнаму ўдару, якi расквасiў яму нос, адчынiў дзверы i першы выбег на вулiцу. Усе тут жа паследавалi за iм, у дзвярах пачалася страшная даўка. Удары працягвалi сыпацца. У сектанта Фiпса быў выбiты пярэднi зуб, а ў Хенфры надарвана вуха. Джаферс атрымаў удар у падбародак i, павярнуўшыся, ухапiўся за штосьцi нябачнае, што ўцiснулася памiж iм i Хакстэрсам. Ён намацаў мускулiстыя грудзi, i ў тую ж хвiлiну ўвесь клубок разгарачаных сутычкай людзей выкацiўся ў калiдор.
– Злавiў! – крыкнуў Джаферс, задыхаючыся. Не выпускаючы з рук свайго нябачнага ворага, увесь барвовы, з успухлымi венамi, ён кружыў у натоўпе, якi расступаўся перад гэтым дзiўным паядынкам. Нарэшце ўсе скацiлiся з ганка на зямлю. Джаферс закрычаў прыдушаным голасам, усё яшчэ сцiскаючы ў абдымках штосьцi нябачнае i моцна працуючы каленам, потым захiстаўся i ўпаў дагары, стукнуўшыся патылiцай аб гравiй. Толькi тады ён расцiснуў пальцы.
Пачулiся крыкi: "Трымай яго!", "Невiдзiмка!" Нейкi малады чалавек, не з жыхароў Айпiнга, – яго iмя так i не ўдалося даведацца, – падбег, схапiў штосьцi, але тут жа выпусцiў з рук i ўпаў на распасцёртае цела канстэбля. Пасярод вулiцы ўскрыкнула жанчына, якую ледзьве не збiлi з ног; сабака, якi атрымаў, вiдаць, выспятак, заскуголiў i з выццём кiнуўся ў двор да Хакстэрса, i гэтым закончыўся пабег Невiдзiмкi. З хвiлiну натоўп стаяў уражаны i ўсхваляваны, затым у жаху кiнуўся ўрассыпную, быццам апалае лiсце, развеянае парывам ветру. Толькi ля самага ганка, тварам да неба i з сагнутымi каленямi, нерухома ляжаў Джаферс.
Раздзел VIII
МIМАХОДАМ
Восьмы раздзел надзвычай кароткi; у iм апавядаецца пра тое, як Джыбiнс, мясцовы натуралiст-аматар, драмаў на пагорачку ў поўнай упэўненасцi, што ў крайнiм выпадку на дзве мiлi кругом няма нi душы, i раптам пачуў зусiм блiзка каля сябе крокi нейкага чалавека, якi кашляў, чхаў i адчайна лаяўся; павярнуўшыся, ён не ўбачыў нiкога. I тым не менш голас чуўся вельмi выразна. Нябачны прахожы працягваў лаяцца той адборнай разнастайнай лаянкай, па якой адразу можна пазнаць адукаванага чалавека. Голас падняўся да самых высокiх нот, потым пацiшэў i нарэшце зусiм зацiх, аддалiўшыся, як падалося Джыбiнсу, у напрамку да Эдэрдзiна. Апошняе гучнае чханне – i ўсё зацiхла. Джыбiнсу нiчога не было вядома аб ранiшнiх падзеях, але з'ява гэтая так уразiла i ўсхвалявала яго, што ўвесь яго фiласофскi спакой iмгненна знiк. Ён ускочыў на ногi i з усёй хуткасцю, на якую быў здольны, спусцiўся з пагорка i накiраваўся ў сяло.
Раздзел IX
МIСТЭР ТОМАС МАРВЕЛ
Каб пазнаёмiцца з мiстэрам Томасам Марвелам, вы павiнны ўявiць сабе чалавека з тоўстым, друзлым тварам, з тоўстым доўгiм носам, слiнявым вялiкiм рухомым ртом i шчацiнiстай барадой, якая расла ва ўсе бакi. Фiгура яго паказвала схiльнасць да паўнаты, – гэта было асаблiва прыкметна дзякуючы вельмi кароткiм канечнасцям. Ён насiў махнаты цылiндр; а тое, што на самых крытычных частках яго туалета замест гузiкаў красавалiся аборкi i шнуркi ад чаравiкаў, сведчыла, што ён закаранелы халасцяк.
Мiстэр Томас Марвел сядзеў, звесiўшы ногi ў канаву, каля дарогi, якая вяла да Эдэрдзiна, прыкладна за паўтары мiлi ад Айпiнга. На нагах у яго не было нiчога, акрамя вельмi ажурных шкарпэтак, а вялiкiя пальцы, шырокiя i прыўзнятыя, што вылезлi з дзiрак, напамiналi вушы насцярожанага сабакi. Не спяшаючыся – ён усё заўсёды рабiў павольна – ён разглядваў чаравiкi, якiя збiраўся прымерыць. Гэта былi вельмi моцныя чаравiкi, такiя яму ўжо даўно не траплялiся, але яны аказалiся занадта вялiкiмi для яго; мiж тым старыя яго чаравiкi былi зручныя для сухога надвор'я, але зусiм не падыходзiлi для сырога, таму што падэшва iх была занадта тонкая. Мiстэр Марвел цярпець не мог свабоднага абутку, але ён не выносiў i вiльгацi. Уласна кажучы, ён яшчэ не вызначыў, што яму больш непрыемна – прасторны абутак цi вiльгаць, але дзень быў пагодлiвы, iншых спраў не прадбачылася, i ён вырашыў добра падумаць. Пагэтаму ён паставiў на зямлю ўсе чатыры чаравiкi, расставiўшы iх у выглядзе маляўнiчай групы, i стаў разглядаць iх. I, гледзячы, як яны стаяць у траве, сярод калючага дзядоўнiку, ён раптам вырашыў, што абедзьве пары вельмi брыдкiя. Ён нiколькi не здзiвiўся, пачуўшы ззаду сябе чыйсьцi голас.
– Як-нiяк абутак, – сказаў Голас.
– Гэта – ахвяраваны абутак, – сказаў мiстэр Томас Марвел, схiлiўшы галаву набок i незадаволена гледзячы на чаравiкi. – I я, каб яго чорт узяў, не магу нават вырашыць, якая пара больш брыдкая.
– Гм... – сказаў Голас.
– Я насiў абутак i горшы. Праўду кажучы, мне даводзiлася абыходзiцца i без абутку. Але такiх нахабных вырадкаў, калi можна так сказаць, я не насiў нiколi. Я даўно ўжо шукаю сабе чаравiкi, таму што мае мне абрыдлi. Моцныя яны, што i казаць. Але чалавек, якi заўсёды знаходзiцца на нагах, увесь час бачыць свае чаравiкi. I, цi паверыце, колькi я нi стараўся, я ва ўсёй акрузе не мог дастаць iншага абутку, акрамя гэтага. Вы толькi паглядзiце! А, шчыра кажучы, у гэтай мясцовасцi абутак нядрэнны. Толькi маё шчасце такое. Я ўжо гадоў дзесяць нашу тутэйшы абутак, i вось якую дрэнь даюць.
– Гэта агiдная мясцовасць, – сказаў Голас, – i народ тут вельмi паганы.
– Правiльна ж! – сказаў Томас Марвел. – Ну i абутак! Каб ён згiнуў!
З гэтымi словамi ён праз плячо пакасiўся направа, каб паглядзець на абутак свайго субяседнiка i параўнаць са сваiм, але, да вялiкага яго здзiўлення, там, дзе ён чакаў убачыць пару чаравiкаў, не аказалася нi чаравiкаў, нi ног. Гэта ашаламiла яго.
– Дзе ж вы? – спытаўся Томас Марвел, паварочваючыся на карачках.
Перад iм рассцiлалася ўзгорыстая пустыня, толькi далёкiя кусты верасу качалiся на ветры.
– П'яны я, цi што! – сказаў Томас Марвел. – Здалося мне? Цi я сам з сабой размаўляў? Што за чорт.
– Не палохайцеся, – сказаў Голас.
– Пакiньце, калi ласка, вашы жарты, – сказаў Томас Марвел, хутка ўскокваючы на ногi. – Дзе вы? "Не палохайцеся!" – скажыце, калi ласка.
– Не палохайцеся, – паўтарыў Голас.
– Ты сам зараз спалохаешся, дурань ты гэтакi! – сказаў Томас Марвел. Дзе ты? Вось я да цябе дабяруся...
Маўчанне.
– Пад зямлёй ты, цi што? – спытаўся Томас Марвел.
Адказу не было. Томас Марвел працягваў стаяць у адных шкарпэтках, у расхiнутым пiнжаку, i твар яго выказваў поўнае неўразуменне.
"Пi-уiць", – пачуўся здаля свiст пеначкi.
– Што вы, на самой справе, прыдурваецеся, – сказаў Томас Марвел. Мясцовасць была бязлюдная. У якi б бок ён нi паглядзеў, нiкога не было вiдаць. Дарога з глыбокiмi канавамi, акружаная радамi белых прыдарожных слупоў, гладкая i пустынная, цягнулася на поўнач i поўдзень, у бязвоблачным небе таксама нiчога нельга было заўважыць, акрамя пеначкi. – З намi хросная сiла! – усклiкнуў Томас Марвел, зашпiльваючы пiнжак. – Усё гарэлка праклятая. Так я i ведаў!
– Гэта не гарэлка, – сказаў Голас. – Не хвалюйцеся.
– Ох! – прастагнаў мiстэр Марвел, збялеўшы. – Усё гарэлка, – бязгучна паўтаралi яго вусны. Ён пастаяў крыху, змрочна гледзячы проста перад сабою, потым стаў паволi паварочвацца. – Я пакляўся б, што чуў голас, – прашаптаў ён.
– Вядома, чулi.
– Вось зноў, – сказаў Марвел, заплюшчваючы вочы i трагiчным жэстам хапаючыся за галаву. Але тут яго раптам узялi за каўнер i так страсянулi, што думкi яго зусiм змяшалiся.
– Кiнь дурыцца, – сказаў Голас.
– Я звар'яцеў... – сказаў Марвел. – Нiчога не паможа. I ўсё з-за праклятых чаравiкаў. Сапраўды звар'яцеў! Цi гэта духi?..
– Нi тое, нi другое, – сказаў Голас. – Паслухай...
– Звар'яцеў! – паўтараў Марвел.
– Ды пачакай жа! – з найвялiкшай пераканаўчасцю сказаў Голас, ледзьве стрымлiваючы раздражненне.
– Ну? – сказаў Марвел, адчуваючы дзiўнае пачуццё, як быццам бы хтосьцi дакрануўся пальцам да яго грудзей.
– Ты думаеш, я табе толькi здаўся, так? Гэта толькi адно ўяўленне?
– А што ж яшчэ? – адказаў Томас Марвел, пачухваючы патылiцу.
– Выдатна, – сказаў Голас. – У такiм выпадку я буду кiдаць у цябе каменьчыкамi, пакуль ты не пераканаешся ў процiлеглым.
– Дык дзе ж ты?
Голас не адказаў. Свiст – i камень, вiдаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча мiстэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другi камень, апiсаўшы дугу, узляцеў уверх, павiс на секунду ў паветры i затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухiлiцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагi, адляцеў у канаву. Мiстэр Томас Марвел падскочыў i завыў ад болю. Потым кiнуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьцi i, перакулiўшыся, сеў.
– Ну, што скажаш цяпер? – спытаўся Голас, i трэцi камень, апiсаўшы дугу, узляцеў уверх i павiс у паветры над бадзягам. – Што я такое? Адно ўяўленне?
Мiстэр Марвел замест адказу падняўся на ногi, але тут жа быў зноў адкiнуты на зямлю. З хвiлiну ён ляжаў не рухаючыся.
– Сядзi смiрна, – сказаў Голас, – iнакш я кiну камень табе ў галаву.
– Ну i справы! – сказаў мiстэр Марвел, сядаючы i пацiраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. – Нiчога не разумею. Камнi самi лётаюць. Камнi размаўляюць. Не кiдайся. Згiнь. Мне канцы.
Камень упаў на зямлю.
– Усё вельмi проста, – сказаў Голас. – Я – невiдзiмка.
– Раскажыце, што-небудзь новае, – сказаў мiстэр Марвел, вохкаючы i курчачыся ад болю. – Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робiце? Не магу здагадацца. Здаюся.
– Я – невiдзiмка, толькi i ўсяго. Разумееш ты цi не? – сказаў Голас.
– Ды гэта ясней яснага. I нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.
– Я – невiдзiмка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты...
– Але дзе ж вы? – перапынiў яго Марвел.
– Ды тут, перад табой, у пяцi кроках.
– Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты – паветра. Я ж не такi ўжо невук...
– Так, я – паветра. Ты глядзiш скрозь мяне.
– Што? I ў цябе зусiм нiчога няма? Адзiн толькi балбатлiвы голас – i ўсё?
– Я такi ж чалавек, як усе, з плоцi i крывi, мне трэба есцi, пiць i прыкрыць сваё голае цела. Але я – невiдзiмка. Зразумела? Я – невiдзiмка. Гэта вельмi проста. Нябачны.
– Сапраўдны чалавек?
– Так.
– Ну, калi так, – сказаў Марвел, – дайце руку. Гэта будзе ўсё ж на штосьцi падобна... Ох! – усклiкнуў ён раптам. – Як вы мяне напалохалi. Трэба ж так учапiцца!
Ён нашчупаў руку, якая сцiснула кiсць, затым, вызвалiўшыся, нерашуча абмацаў плячо, мускулiстыя грудзi, бараду. Твар яго выказваў надзвычайнае здзiўленне.
– Здорава! – сказаў ён. – Гэта цiкавей за пеўневы бой. Проста дзiўна. I я мог бы бачыць скрозь вас зайца ў паўмiлi адсюль. А вас самога нi кавалачка не вiдаць... не, урэшце...
Тут Марвел стаў уважлiва ўглядвацца ў пустую як быццам прастору перад iм.
– Скажыце, вы не елi хлеб з сырам? – спытаўся ён, не выпускаючы нябачнай рукi.
– Правiльна. Гэта ежа яшчэ не засвоена арганiзмам.
– А-а, – сказаў Марвел. – Усё-такi гэта дзiўна.
– Сапраўды, гэта i на палавiну не так дзiўна, як здаецца.
– Для майго сцiплага розуму гэта дастаткова дзiўна, – сказаў мiстэр Томас Марвел. – Як вы, аднак, гэта ўладжваеце? Як вам, каб яго чорт узяў, удаецца?
– Гэта занадта доўгая гiсторыя. Так, акрамя таго...
– Я проста ў сябе не магу прыйсцi, – сказаў Марвел.
– Я хачу вам сказаць вось што: мне патрэбна дапамога. Мяне давялi да гэтага. Я натрапiў на вас нечакана. Я iшоў, не помнячы сябе ад шаленства, голы, знясiлены. Я гатовы быў забiць... I я ўбачыў вас...
– Госпадзi! – сказаў мiстэр Марвел.
– Я падышоў да вас ззаду, падумаў i пайшоў далей...
Твар мiстэра Марвела вельмi красамоўна выказваў яго пачуццi.
– Потым спынiўся. "Вось, – падумаў я, – такi ж занядбаны, як я. Вось чалавек, якi мне патрэбны". Я вярнуўся i накiраваўся да вас. I...
– Госпадзi! – сказаў мiстэр Марвел. – У мяне галава iдзе кругам. Дазвольце спытацца: як жа гэта так? Невiдзiмка! I якая вам патрэбна дапамога?
– Я хачу, каб вы памаглi мне дастаць вопратку, i прытулак, i яшчэ штосьцi... Усяго гэтага ў мяне няма ўжо даўно. Калi ж вы не жадаеце... Але вы паможаце мне, вы павiнны памагчы!
– Пачакайце, – сказаў Марвел. – Дайце мне сабрацца з думкамi. Не перашкаджайце мне ўстаць на ногi. I не чапайце мяне. Я павiнен прыйсцi ў сябе. Вы ж ледзьве не зламалi мне палец на назе. Усё гэта так недарэчна: пустыя ўзгоркi, пустое неба, на многа мiль кругом нiчога не бачна, акрамя ўлоння прыроды, i раптам голас. Голас з неба. I камнi. I кулак. Ах ты, госпадзi!
– Ну, не трэба нюнi распускаць, – сказаў Голас. – Рабiце лепш тое, што я загадаю.
Мiстэр Марвел надзьмуў шчокi, i вочы яго сталi круглымi.
– Я спынiў свой выбар на вас, – сказаў Голас. – Вы – адзiны чалавек, калi не лiчыць некалькiх вясковых дурняў, якi ведае, што ёсць на свеце чалавек-невiдзiмка. Вы павiнны мне памагчы. Памажыце мне, i я многае для вас зраблю. У руках чалавека-невiдзiмкi вялiкая сiла. – Ён спынiўся i гучна чхнуў. – Але калi вы мяне выдадзiце, – працягваў ён, – калi вы не зробiце таго, што я вам загадаю...
Ён змоўк i моцна стукнуў Марвела па плячы. Той завыў ад жаху пры гэтым дотыку.
– Я не збiраюся выдаваць вас, – сказаў ён, стараючыся адсунуцца ад Невiдзiмкi. – Пра гэта i размовы быць не можа. Я вам з радасцю памагу. Скажыце толькi, што я павiнен рабiць. (Госпадзi!) Усё, што вы пажадаеце, я зраблю з найвялiкшым задавальненнем.
Раздзел Х
МIСТЭР МАРВЕЛ У АЙПIНГУ
Пасля таго як панiка крыху зацiхла, жыхары Айпiнга сталi прыслухоўвацца да голасу розуму. Скептыцызм раптам падняў галаву – праўда, некалькi няўпэўнены, але ўсё ж скептыцызм. Не верыць жа ў iснаванне Невiдзiмкi было куды прасцей, а тых, хто бачыў, як ён рассеяўся ў паветры, цi адчуў на сабе сiлу яго кулакоў, можна было пералiчыць на пальцах. Да таго ж адзiн з вiдавочцаў, мiстэр Уоджэрс, адсутнiчаў, ён зачынiўся ў сваiм доме i нiкога да сябе не пускаў, а Джаферс ляжаў непрытомны ў карчме "Кучар i конi". Вялiкiя незвычайныя iдэi, якiя выходзяць за межы вопыту, часта маюць меней улады над людзьмi, чым малазначныя, але затое цалкам канкрэтныя меркаваннi. Айпiнг упрыгожыўся флагамi, жыхары прыбралiся. Свята ж чакалi больш чым за месяц, яго прадчувалi. Вось чаму некалькi гадзiн пазней нават тыя, хто верыў у iснаванне нябачнага чалавека, ужо святкавалi, суцяшаючы сябе думкамi, што ён знiк назаўсёды. Ну, а калi... адносна скептыкаў, то для iх Невiдзiмка ператварыўся ў забаўны жарт. Як бы там нi было, сярод тых i другiх панавала незвычайная весялосць.
На Хайсменскiм лузе паставiлi палатку, дзе мiсiс Банцiнг i iншыя дамы гатавалi гарбату, а навокал вучнi нядзельнай школы бегалi напераганкi па траве i гулялi ў розныя гульнi пад шумным кiраўнiцтвам вiкарыя, мiс Кас i мiс Сэкбат. Праўда, адчувалася нейкае лёгкае хваляванне, але ўсе былi настолькi разважлiвыя, што хавалi свае страхi. Найбольшым поспехам у моладзi карыстаўся нацягнуты канат, па якiм, трымаючыся за ручку блока, можна было iмклiва зляцець унiз на мех з сенам, што знаходзiўся на другiм канцы. Не меншым поспехам карысталiся арэлi, збiванне мiшэнi какосавымi арэхамi i карусель, а з ёй – паравы арган, якi бесперапынна напаўняў паветра рэзкiм пахам масла i не менш рэзкай музыкай. Члены клуба, якiя наведалi ранiцай царкву, фарсiлi рознакаляровымi значкамi, а сёй-той з маладых людзей яшчэ i ўпрыгожыў свае кацялкi яркiмi стужкамi. Стары Флетчэр, у якога ўяўленнi аб святочным адпачынку былi некалькi суровыя, стаяў на дошцы, пакладзенай на два стулы, як гэта можна было бачыць скрозь кветкi язмiну на падаконнiку або праз адчыненыя дзверы (як каму было пажадана глядзець), i бялiў столь сваёй сталовай.
Каля чатырох гадзiн у Айпiнгу з'явiўся незнаёмец; ён прыйшоў з боку ўзгоркаў, якiя цягнулiся за вёскай. Гэта быў невялiкага росту тоўсты чалавек у надзвычай паношаным цылiндры, моцна задыханы. Шчокi свае ён то ўцягваў, то надуваў да адказу. Яго пакрыты плямамi твар выказваў страх, i рухаўся ён хаця i хутка, але вiдавочна неахвотна. Ён завярнуў за вугал царквы i накiраваўся да карчмы "Кучар i конi". Сярод iншых звярнуў на яго ўвагу i стары Флетчэр, якi быў уражаны незвычайна ўсхваляваным выглядам незнаёмца i да таго часу праводзiў яго позiркам, пакуль вапнавы раствор, набраны на пэндзаль, не зацёк яму ў рукаў.
Незнаёмец, па сведчанню ўладальнiка цiра, дзе iшла гульня з какосавымi арэхамi, услых размаўляў сам з сабой; тое ж заўважыў i мiстэр Хакстэрс. Ён спынiўся каля ганка карчмы i, па словах мiстэра Хакстэрса, мусiць, доўга вагаўся, перш чым адважыўся ўвайсцi ў дом. Нарэшце ён падняўся па прыступках, павярнуў, як гэта паспеў заўважыць мiстэр Хакстэрс, налева i адчынiў дзверы ў гасцiную. Мiстэр Хакстэрс пачуў галасы знутры, а таксама воклiчы з распiвачнай, якiя паказвалi незнаёмцу на яго памылку.
– Не туды! – сказаў Хол; тады незнаёмец зачынiў дзверы i ўвайшоў у распiвачную.
Праз некалькi хвiлiн ён зноў з'явiўся на вулiцы, выцiраючы губы рукой, з выглядам спакойнага задавальнення, якое здалося Хакстэрсу прытворным. Ён трохi пастаяў, агледзеўся, затым мiстэр Хакстэрс убачыў, як ён накiраваўся, крадучыся, да варот, вынуў кароткую глiняную люльку i стаў набiваць яе тытунём. Рукi яго дрыжэлi. Нарэшце ён распалiў люльку i, скрыжаваўшы рукi, пачаў курыць, прыняўшы позу чалавека, якi маркоцiцца, гэтаму, аднак, зусiм не адпавядалi хуткiя позiркi, якiя ён насцярожана кiдаў у двор.
Усё гэта мiстэр Хакстэрс бачыў з-за бляшанак, якiя стаялi ў акне тытунёвай крамкi, i дзiўныя паводзiны незнаёмца прымусiлi яго працягваць назiранне.
Раптам незнаёмец рэзка выпрастаўся, сунуў люльку ў кiшэню i знiк у двары. Тут мiстэр Хакстэрс, вырашыўшы, што на яго вачах адбываецца крадзеж, выскачыў з-за прылаўка i выбег на вулiцу, каб пераняць злодзея. У гэты час незнаёмец паказаўся зноў, у збiтым набакiр цылiндры, трымаючы ў адной руцэ вялiкi скрутак, загорнуты ў сiнi абрус, а ў другой – тры кнiгi, звязаныя, як высветлiлася потым, шлейкамi вiкарыя. Убачыўшы Хакстэрса, ён войкнуў i, крута павярнуўшы налева, кiнуўся ўцякаць.
– Трымай злодзея! – крыкнуў Хакстэрс i пабег наўздагон.
Наступныя адчуваннi мiстэра Хакстэрса былi моцныя, але кароткiя. Ён бачыў, як злодзей бег проста перад iм у напрамку да царквы. Ён запомнiў мiльгануўшыя наперадзе флагi i натоўп людзей, прычым толькi двое цi трое абярнулiся на яго крык.
– Трымай злодзея! – закрычаў ён яшчэ больш гучна, храбра працягваючы пагоню. Але ён не прабег i дзесяцi крокаў, як штосьцi схапiла яго за ногi, i вось ён ужо не бяжыць, а куляй ляцiць па паветры! Не паспеў ён апамятацца, як ужо ляжаў на зямлi. Свет рассыпаўся мiльёнамi зiхатлiвых iскраў, i далейшыя падзеi перасталi яго цiкавiць.
Раздзел XI
У КАРЧМЕ "КУЧАР I КОНI"
Каб ясна зразумець усё, што адбылося ў карчме, патрэбна вярнуцца назад, да той хвiлiны, калi мiстэр Марвел упершыню з'явiўся перад акном мiстэра Хакстэрса.
У гэты самы момант у гасцiнай знаходзiлiся мiстэр Кас i мiстэр Банцiнг. Яны самым сур'ёзным чынам абмяркоўвалi незвычайныя ранiшнiя падзеi i з дазволу мiстэра Хола старанна даследавалi рэчы, якiя належалi Невiдзiмку. Джаферс некалькi акрыяў ад свайго падзення i пайшоў дадому ў суправаджэннi клапатлiвых сяброў. Раскiнутую па падлозе вопратку Невiдзiмкi прыбрала мiсiс Хол i прывяла пакой у парадак. На стале, каля акна, за якiм звычайна працаваў прыезджы, Кас адразу ж убачыў тры рукапiсныя кнiгi, пад назвай "Дзённiк".
– Дзённiк! – усклiкнуў Кас, кладучы ўсе тры кнiгi на стол. – Цяпер ужо мы ва ўсякiм выпадку тое-сёе даведаемся.
Вiкарый падышоў i апёрся рукамi на стол.
– Дзённiк, – паўтарыў Кас, усаджваючыся на стул. Ён падклаў дзве кнiгi пад трэцюю i адкрыў яе. – Гм... А тут... нiякай назвы. Фу ты!.. Лiчбы. I чарцяжы.
Вiкарый абышоў стол i зазiрнуў цераз плячо Каса. Кас перагортваў старонкi адна за адной, i твар яго выказваў горкае расчараванне.
– Эх ты! Тут адны лiчбы, Банцiнг!
– Цi няма якiх-небудзь дыяграм? – спытаў Банцiнг. – Або малюнкаў, якiя пралiюць святло...
– Паглядзiце самi, – адказаў Кас. – Тут i матэматыка, i па-расейску цi яшчэ на нейкай там мове (калi меркаваць па лiтарах) напiсана, i па-грэчаску. Ну, грэчаскую, я думаю, вы разбярэце...
– Вядома, – адказаў мiстэр Банцiнг, вымаючы акуляры i працiраючы iх. Ён адразу адчуў сябе вельмi няёмка, бо ад грэчаскай мовы ў галаве яго засталося зусiм нямнога. – Так, грэчаская, вядома, можа даць ключ...
– Я найду вам месца...
– Лепш я пагляджу спачатку ўсе кнiгi, – сказаў мiстэр Банцiнг, усё яшчэ працiраючы акуляры. – Спачатку, Кас, трэба атрымаць агульнае ўяўленне, а потым ужо, ведаеце, можна будзе пашукаць ключ...
Ён кашлянуў, паволi надзеў акуляры, зноў кашлянуў i ў думках пажадаў, каб што-небудзь здарылася, што магло б прадухiлiць яго ганьбу. Затым ён узяў кнiгу, якую перадаў яму Кас.
А затым сапраўды здарылася нешта.
Дзверы раптам адчынiлiся.
Мiстэр Кас i вiкарый уздрыгнулi ад нечаканасцi, але, падняўшы вочы, з аблягчэннем убачылi чырвоную фiзiяномiю пад махнатым цылiндрам.
– Распiвачная? – прахрыпела фiзiяномiя, вылупiўшы вочы.
– Не, – адказалi ў адзiн голас абодва джэнтльмены.
– Насупраць, шаноўны, – сказаў мiстэр Банцiнг.
– I, калi ласка, зачынiце дзверы, – дабавiў з раздражненнем мiстэр Кас.
– Добра, – сказаў незнаёмы нягучна, зусiм iншым голасам, чым спачатку. – Ёсць! – зноў прахрыпеў ён, як i першы раз. – Поўны назад, скамандаваў ён сам сабе, знiкаючы i зачыняючы дзверы.
– Матрос, напэўна, – сказаў мiстэр Банцiнг. – Забаўны народ. "Поўны назад", – чулi? Гэта, магчыма, марскi тэрмiн, якi азначае выхад з пакоя.
– Сапраўды, так, – сказаў Кас. – Нервы мае цалкам расстроены. Я нават падскочыў, калi дзверы расчынiлiся.
Мiстэр Банцiнг спагадлiва ўсмiхнуўся, быццам ён сам не падскокваў.
– А цяпер, – сказаў ён i ўздыхнуў, – зоймемся кнiгамi.
– Адну хвiлiну, – сказаў Кас, падымаючыся i запiраючы дзверы. – Цяпер, я думаю, нам нiхто не перашкодзiць.
У гэтую хвiлiну хтосьцi фыркнуў.
– Адно не выклiкае сумнення, – сказаў мiстэр Банцiнг, падсоўваючы крэсла да крэсла Каса. – У Айпiнгу за апошнiя днi адбывалiся нейкiя дзiўныя падзеi, вельмi дзiўныя. Я, вядома, не веру ў гэтую недарэчную байку пра Невiдзiмку...
– Гэта неверагодна, – сказаў Кас, – неверагодна. Але факт той, што я бачыў... так, так, я заглянуў у рукаў...
– Але вы ўпэўнены... цi праўда, што вы ўбачылi?.. Можа, тут было люстэрка... Выклiкаць жа галюцынацыю вельмi лёгка. Я не ведаю, цi бачылi вы калi-небудзь сапраўднага добрага фокуснiка?
– Не будзем спрачацца, – сказаў Кас. – Мы ж ужо пра ўсё гэта гаварылi. Звернемся да кнiг... Ага, вось гэта, па-мойму, напiсана па-грэчаску. Ну, вядома, гэта грэчаскiя лiтары.
Ён паказаў на сярэдзiну старонкi. Мiстэр Банцiнг злёгку пачырванеў i прыблiзiў свой твар да кнiгi: з яго акулярамi, вiдавочна, зноў штосьцi здарылася. Яго веды ў грэчаскай мове былi вельмi слабыя, але ён думаў, што ўсе прыхаджане лiчаць яго знаўцам грэчаскай i старажытнажыдоўскай. I вось... Няўжо прызнацца ў сваiм невуцтве? Цi выдумаць што-небудзь? Раптам ён адчуў нейкi дзiўны дотык да сваёй патылiцы. Ён паспрабаваў падняць галаву, але сустрэў неадольную перашкоду.
Ён адчуваў незразумелы цяжар, нiбы чыясьцi моцная рука прыгiнала яго ўнiз, так што падбародак дакрануўся да стала.
– Не варушыцеся, шаноўнейшыя, – пачуўся шэпт над яго вухам, – iнакш я размажджэру вам абодвум галовы.
Ён зiрнуў у твар Каса, якi блiзка прыгнуўся да яго, i ўбачыў на iм адлюстраванне свайго асабiстага спалоху i бязмежнага здзiўлення.
– Вельмi шкадую, што даводзiцца прымаць крутыя меры, – сказаў Голас, але гэта непазбежна. Калi гэта вы навучылiся заглядаць у прыватныя запiсы даследчыкаў? – сказаў Голас, i два падбародкi адначасова стукнулiся аб стол, i дзве пары скiвiцаў адначасова шчоўкнулi. – Калi гэта вы навучылiся ўрывацца ў дом чалавека, якi апынуўся ў бядзе? – I зноў удар па стале i шчоўканне зубоў. – Куды падзелi маю вопратку? Цяпер слухайце, – сказаў Голас. – Вокны зачынены, а з дзвярнога замка я выняў ключ. Чалавек я вельмi моцны, i пад рукой у мяне качарга, не гаворачы ўжо пра тое, што я нябачны. Несумненна, калi б я толькi захацеў, я без усялякiх намаганняў забiў бы вас абодвух i спакойна знiк. Зразумела? Дык вось. Цi абяцаеце вы не рабiць глупстваў i выконваць усё, што я вам загадаю, калi я вас памiлую?..