Текст книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Автор книги: Фридрих Вильгельм Ницше
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц)
Мабыць, сама кафедра ў яго зачараваная. I нездарма сядзяць хлопцы перад прапаведнiкам цноты.
Яго мудрасць кажа: чуваць дзеля добрага сну. Сапраўды, калi б нават жыццё не мела нiякага сэнсу i калi б я быў змушаны выбраць бязглуздзiцу, тады i мне яго мудрасць здалася б найбольш вартаю выбару.
Цяпер мне зусiм зразумела, да чаго колiсь людзi iмкнулiся перад усiм, шукаючы цнотаў. Добрага сну шукалi яны i ў дадатак – цнотаў, увiтых кветкамi соннага маку!
Мудрасць сну без снення – яе прапаведавалi з кафедры ўсе гэтыя хвалёныя мудрацы, iншага сэнсу жыцця яны не ведалi.
I цяпер яшчэ ёсць прапаведнiкi цнотаў, але не заўсёды такiя сумленныя; аднак час iхнi ўжо прамiнуў. I нядоўга яшчэ iм вяшчаць: неўзабаве лягуць i яны.
Шчасныя гэтыя санлiўцы, бо неўзабаве паснуць".
Так сказаў Заратустра.
Пра "тагасветных"
Аднаго разу Заратустра, як усе "тагасветныя", залётаў думкаю па той бок чалавека.
Творам пакутнага i нямоглага Бога здаўся тады мне наш свет.
Ён здаўся мне мрояй i выдумкай Бога; каляровым дымам перад вачмi незадаволенага божышча ўявiўся мне гэты свет.
Дабро i Зло, Радасць i Цярпенне, Я i Ты – усё здавалася мне каляровым дымам перад творчымi вачыма. Творцу рупела адвесцi ад сябе свой позiрк – i ён стварыў свет.
Адвесцi позiрк ад цярпенняў сваiх i забыцца – гэта п'янкая радасць пакутнiкам. Самазабыццём i п'янкою радасцю здаўся мне гэты свет.
Свет, вечна недасканалы; недасканалы адбiтак вечнай супярэчлiвасцi, п'янкая радасць свайму недасканаламу твору – такiм здаўся калiсьцi мне гэты свет.
Так, нiбы той, хто марыць пра iншы свет, нiбы "тагасветны", памкнуў я аднаго разу свае мары па той бок чалавека. А цi праўда – па той?
О братове мае, гэты створаны мною Бог быў творам рук чалавечых i неразумствам яго, як i ўсе астатнiя божышчы!
Ён быў чалавекам i пры тым толькi малою часткаю чалавека i майго "Я"; а з майго попелу i полымя прыйшоў да мяне гэты прывiд. I праўда ж бо, цi не з iншага свету прыйшоў ён!
I што ж, братове мае? Не перасiлiў сябе я, пакутнiка, я занёс свой попел у горы i набыў сабе сама зыркае полымя. Зiрнiце! Прывiд адпусцiў мяне!
Пакутаю i цярпеннем было б цяпер мне верыць У такiя прывiды: горам i прынiжэннем было б гэта таму, хто ацаляецца. Таму я цяпер прамаўляю пра тагасветных.
Горам i нямогласцю i кароткiм шаленнем шчасця, якое ведае толькi пакутны цярплiвец, створаны ўсе тыя светы.
Стомленасць, якая прагне адным скачком, смяротным скачком дасягнуць апошняга крэсу, мiлажальная стома няведання, што ўжо не хоча болей хацець, гэта яна стварыла ўсiх багоў i ўсе тыя светы.
Верце мне, братове мае! Цела, якое зняверылася ў целе, пальцамi аслеплага духу абмацвала апошнiя сцены.
Верце мне, братове мае! Цела, якое зняверылася ў зямлi, услухоўвалася ў тое, што гаварылi нетры жыцця.
I вось – захацела яно прабiцца праз апошнiя сцены, выйсцi з апошнiх сваiх крэсаў i дастаць таго свету.
Але надзейна схаваны ад чалавека "той свет", гэтае Нешта, нечалавечае, зусiм пазбытае ўсiх чалавечых рысаў; i маўчаць нетры жыцця i нiколi не звяртаюцца да чалавека, акрамя як у вобразе Чалавека.
Сапраўды, цяжка даказаць усякае жыццё i цяжка прымусiць яго гаварыць. Але скажыце мне, братове мае, сама дзiвоснае з усяго iснага – цi ж не даказана яно сама лепшым чынам?
Так, самое маё "Я" i ўвесь хаос супярэчнасцяў яго найбольш сумленна сведчыць пра сваё быццё: творчае, ацэнлiвае, спрагненае "Я" ёсць мера i каштоўнасць усiх рэчаў.
I гэта маё "Я", сама праўдзiвае сведчанне быцця, гаворыць пра цела i iмкнецца да яго, нават калi аддаецца палкiм марам i зламанымi крыламi трапеча.
Найсумленней вучыцца яно гаварыць, гэтае "Я"; i чым болей вучыцца, тым болей знаходзiць слоў, каб хвалiць цела i зямлю.
Новаму гонару навучыла мяне маё "Я", гэтаму гонару цяпер вучу я людзей: не хаваць болей галавы ў пясок нябесных абстракцый, а высока несцi яе, зямную галаву, што стварае сэнс зямлi.
Новай волi вучу я людзей: прыняць той шлях, якiм раней iшлi слепа i наўздогадзь, i ахвоча iсцi гэтым шляхам, i хвалiць яго, i не збочваць з яго потайкам, як гэта робяць хворыя, блiзкiя да смерцi!
Гэта ж яны, хворыя i блiзкiя да смерцi, занядбалi цела i зямлю, выдумалi Незямное i адкупныя i крывавыя ахвяры; але ж нават гэтыя змрочныя труцiзны, такiя салодкiя iм, яны бралi ў зямлi i ў цела!
Ад галечы i гароты сваёй хацелi яны ўцячы, але зоркi былi занадта далёка. I ўздыхалi яны: "Ах, каб былi ў небе дарогi, якiмi можна было б прайсцi ў iншае быццё, каб здабыць шчасце!" – i вось яны выдумалi сабе гэтыя пралазы i крывавы напой!
Няўдзячныя! – яны ўбiлi сабе ў галаву, што здолелi адцурацца цела i зямлi. Але ж каму яны абавязаныя болем i шчасцем таго адцурання? – Свайму целу i гэтай зямлi.
Заратустра лагодны з хворымi. Сапраўды, не гневаецца ён на iхнюю няўдзячнасць i на ўсё, што iх суцяшае. Хай жа яны ацаляюцца i перасiльваюцца, хай ствараюць сабе найвышэйшае Цела!
I таго, хто ацаляецца, не дакарае Заратустра, калi той пяшчотна глядзiць на аблуды свае ды апоўначы крадзецца да магiлы свайго Бога; толькi ж хваробаю i слабасцю цела застаюцца ў мяне яго слёзы.
Заўсёды шмат хворых сярод замроеных i затужаных у божышчы: люта ненавiдзяць яны цiкаўнiка i тую, сама маладую, цноту, якая называецца праўдзiвасцю.
Назад, у морак мiнулага яны азiраюцца; сапраўды, iнакш глядзелi тады на мару i на веру: шал розуму лiчыўся богападабенствам, а паняверка – грэхам.
Задужа добра ведаю я гэтых богападобных i ведаю, чаго яны хочуць: яны прагнуць, каб у iх верылi i каб сумненне лiчылася грэхам. Добра ведаю я i тое, у што яны самi вераць найбольш.
Сапраўды, не ў iншыя светы i не ў адкупную сiлу крывi – яны зацята вераць у цела, сваё iхняе цела ў iх – "рэч у сабе".
Братове мае, услухайцеся лепей у голас здаровага цела – чысты i сумленны ў яго голас. Праўдзiвей i сумленней гаворыць здаровае цела – дужа дасканалае, i гаворыць яно пра сэнс зямлi".
Так сказаў Заратустра.
Пра пагарднiкаў цела
Пагарднiкам цела хачу я сказаць сваё слова. Не павiнны яны нi перавучвацца самi, нi перавучваць другiх, хай толькi разлучацца з целам – i гэтак стануць нямыя.
"Я – цела i душа", – кажа дзiця. I чаму ўсе не гавораць, як дзецi?
Але той, хто прачнуўся i спазнаў, кажа: я – толькi цела, i не болей таго; а душа – толькi слова, якое азначае нешта ў целе.
Цела – гэта вялiкi розум, вялiкае мноства з адной свядомасцю, вайна i мiр, статак i пастух.
Прыладай твайму целу служыць i маленькi розум, якi ты называеш "духам", мой браце, ён – толькi прылада i цацка твайго вялiкага розуму – цела.
Я, – кажаш ты з гонарам за гэта слова. Але важнейшае, хоць ты i не хочаш у гэта паверыць, шмат важнейшае тваё цела i яго вялiкi розум; яно не кажа "Я", яно творыць яго.
Усё, што адчувае пачуццё, што спазнае дух, нiколi не мае ў сабе свайго канца. Але пачуццё i дух хочуць давесцi табе, што яны – канец усiх рэчаў: так яны любяць славу.
Пачуццё i дух – толькi прылады i цацкi: за iмi крыецца Самасць. Самасць шукае вачыма пачуццяў i слухае вушамi духу.
Самасць заўсёды слухае i шукае: яна параўноўвае, падпарадкоўвае, заваёўвае i разбурае. Яна пануе i загадвае нават твайму "Я".
За думкамi i пачуццямi тваiмi, браце мой, стаiць магутны валадар, невядомы мудрэц – Самасць яго iмя. У тваiм целе жыве ён, ён i ёсць тваё цела.
У цела больш розуму, чым у тваёй найвышэйшай мудрасцi. I хто ведае, навошта ўвогуле патрэбна целу твая найвышэйшая мудрасць?
Твая Самасць смяецца з твайго Я i яго гордых падскокаў. "Што мне тыя выдыганнi i ўзлёты думкi? – кажа яна сабе. – Бакавая дарога да маёй мэты. Я толькi шлейка майму "Я", i ўдыхаю ў яго ягоныя паняццi.
Самасць умаўляе "Я": "тут адчувай радасць!" I "Я" радуецца i думае, як яму скаштаваць гэтай радасцi, – яно ж i павiнна так думаць.
Пагарднiкам цела хачу я сказаць сваё слова. З пашаны ўзнiкла iхняя пагарда. Што ж гэта такое, што стварае пагарду i пашану, каштоўнасць i волю?
Творчая Самасць стварыла сабе пагарду i пашану, гэта яна – творца радасцi й смутку. Творчае цела зрабiла сабе розум як прыладу сваёй волi.
Нават у дурасцi i ў пагардзе вы, пагарднiкi цела, служыце Самасцi. Я кажу вам: вашая Самасць хоча памерцi i адварочваецца ад жыцця.
Яна ўжо не можа рабiць таго, да чаго найболей iмкнецца, – тварыць звыш сябе. Гэтага яна хоча найболей, i ў гэтым яе найбольшае жаданне.
Аднак ёй ужо позна iмкнуцца да гэтага: i вось – Самасць прагне пагiбелi.
Вашая Самасць жадае смерцi – таму i аддалi вы цела пагардзе! Бо вы ўжо не можаце тварыць звыш сябе.
Вось чаму абураецеся вы на жыццё i на зямлю. Неўсвядомленая зайздрасць хаваецца ў косым позiрку вашай пагарды.
Не, не пайду я па вашай дарозе, вы, пагарднiкi цела! Вы мне не кладка да Звышчалавека!
Так сказаў Заратустра.
Пра радасцi i шалы
Браце мой, калi ёсць у цябе цнота, i калi яна твая цнота, дык навошта, каб ты валодаў ёю супольна з усiмi.
Вядома, табе хочацца лашчыць яе i называць iмем, жартуючы, тузаць за вуха i быць з ёю запанiбрата.
Глядзi ж! Цяпер iмя, якiм ты назваў яе, зрабiлася супольным, i ты сам зрабiўся часцiнай народу i натоўпу разам з цнотаю сваёю!
Лепш, калi ты скажаш: "Нельга нi выказаць, нi назваць iмем тое, што ёсць пакута i слодыч маёй душы, а таксама голад майго нутра".
Хай будзе твая цнота занадта высокая, каб даваць ёй iмя: а як давядзецца табе гаварыць пра яе, не саромейся заiкацца.
А заiкаючыся, кажы так: "Гэта маё дабро, i я люблю яго; яно падабаецца мне ўсё цалкам, i я адзiн хачу дабра.
Нi патрэбы маёй натуры, нi божага закону, нi чалавечага ўстанаўлення я не хачу бачыць у цноце маёй; не хачу, каб яна стала мне ўказнiцай дарогi на неба, у рай.
Прадмет любовi маёй – зямная цнота: у ёй мала мудрасцi i зусiм мала сэнсу, зразумелага ўсiм.
Але гэтая птушка зладзiла ў мяне сваё гняздо, таму я люблю i шчыра пешчу яе, i цяпер яна ў мяне выседжвае залатыя яечкi".
Так ты павiнен заiкацца i хвалiць сваю цноту.
Калiсьцi цябе вярэдзiлi палкiя шалы, i ты называў iх лiхiмi. А цяпер ёсць адны толькi цноты: яны выраслi з тваiх шалаў.
Ты ўклаў сваю найвышэйшую мэту ў гэтыя шалы, паклаў яе ў сваё сэрца: радасцямi i цнотамi зрабiлiся яны цяпер.
Хай ты з роду запальчывых, альбо з пахацiнцаў, альбо з фанатыкаў, альбо з помслiвых – усё-такi, урэшце, усе шалы твае ператварылiся ў цноты i ўсе твае дэманы ў анёлаў.
Калiсьцi трымаў ты дзiкiх сабак у сваiх сутарэннях: i вось – у галасiстых птушак яны абярнулiся.
З труцiзны сваёй ты згатаваў сабе бальзам: ты даiў карову журбы – а цяпер п'еш салодкае малако з яе вымя.
I нiчога лiхога з цябе больш не вырасце, хiба што зло, якое ўзнiкае з барацьбы тваiх цнотаў.
Браце мой, калi шчасце з табою, дык у цябе толькi адна цнота, i не больш: тады табе лягчэй, iсцi цераз кладку.
Пачэсна мець многа цнотаў, але гэта – цяжкая доля; i многiя выпраўлялiся ў пустыню i мярцвiлi сябе, бо стамлялiся быць вайной i рысталiшчам сваiх цнотаў.
Браце мой, цi ж гэта не лiха – войны i бiтвы? Аднак гэтае лiха патрэбнае, як патрэбныя зайздрасць i недавер, i паклёп памiж тваiмi цнотамi.
Зiрнi, – як кожная цнота прагне найвышэйшага: яна патрабуе ўсяго твайго духу, каб ён стаў яе вешчуном, яна хоча ўсёй тваёй сiлы ў гневе, любовi, нянавiсцi.
Кожная цнота раўнiвая, а рэўнасць – жахлiвая рэч. I цноты могуць гiнуць ад рэўнасцi.
Ахоплены яе полымем, нiбы скарпiён, цаляе ў сябе сваiм джалам.
О, браце мой, цi ж ты не бачыў, як цнота кляне i джалiць сябе?
Чалавек – гэта нешта, што трэба адолець: i таму ты павiнен любiць свае цноты, бо праз iх ты загiнеш...
Пра бледнага злачынцу
Вы не хочаце забiваць, пакуль жывёла не стане на каленi, вы, суддзi i ахвярныя разнiкi? Бачыце, бледны злачынец кiўнуў: у вачах у яго вялiкая пагарда.
"Маё "Я" – нешта, што трэба адолець: маё "Я" – прычына вялiкай пагарды да чалавека", – кажуць вочы ягоныя.
Тое, што ён сам судзiў сябе, было ў яго найвялiкшай хвiлiнай: не дацца ж упасцi ў Нiжэйшасць таму, хто ўзвысiўся!
Няма iншага збавення, акрамя хуткай смерцi таму, хто так пакутуе ад самога сябе.
Суддзi, са спагады павiнны вы забiваць, а не з помсты i, забiваючы, думаць, каб жыццё апраўдала вас!
Мала толькi замiрыцца з тым, каго вы караеце смерцю. Хай будзе ваш смутак любоўю да Звышчалавека: так апраўдаеце вы працяг вашага жыцця!
"Вораг", – павiнны сказаць вы, а не "лiхадзей"; "хворы", – павiнны сказаць вы, а не "мярзотнiк"; "шаленец", – павiнны сказаць вы, а не "грэшнiк".
А ты, акрываўлены суддзя, калi б ты надумаў уголас выказаць тое, што ўчынiў ужо ў думках, кожны закрычаў бы: "Далоў гэты бруд i ядавiтага гада!"
Але адно – думка, але другое – учынак, але трэцяе – вобраз учынку. Памiж iмi не круцiцца кола прычыны.
Нейкi вобраз зрабiў бледным гэтага бледнага чалавека. Ён быў нароўнi з учынкам сваiм, учыняючы яго; але ўчынiўшы, не вынес вобраза ўчынку свайго.
З гэтага часу толькi злачынцу, якi ўчынiў злачынства, пачаў ён бачыць у сабе. Шаленствам я называю гэта: выключэнне зрабiлася ў яго сутнасцю.
Праведзеная рыса зачароўвае курыцу; удар, якi ён нанёс, зачараваў яго бедны розум. Шаленствам пасля ўчынку я называю гэта.
Слухайце, суддзi! Ёсць яшчэ й iншае шаленства – гэта шаленства перад учынкам. Не, зусiм не дастаткова глыбока ўпаўзлi вы ў гэтую душу!
Так кажа акрываўлены суддзя: "Навошта забiў гэты злачынец? Ён хацеў абрабаваць!" А я вам кажу: душа ягоная прагнула крывi, а не рабунку: ён прагнуў шчасця нажа!
Але слабы розум не ўмясцiў у сабе гэтага шаленства i пераканаў яго. "Ах, няма ладу што – кроў! – казаў ягоны розум, – прынамсi, можна шчэ i абабраць! Адпомсцiць!"
I паслухаўся ён свайго слабога розуму i яго развагаў, свiнцом яны леглi на плечы ягоныя, i вось, забiваючы, ён яшчэ й абабраў. Бо яму не хацелася, каб было брыдка за сваё шаленства.
Цяпер свiнцовым цяжарам ляжыць на iм вiна, а яго розум зноў нерухомы, спаралiзаваны i цяжкi.
Калi б толькi ён мог страсянуць галавой, скiнуў бы той цяжар; бо хто яшчэ можа страсянуць галавой?
Што ж такое гэты чалавек? Куча хваробаў, якiя праз ягоны дух лезуць у свет, – там яны хочуць знайсцi сваю здабычу.
Што ж такое гэты чалавек? Клубок ядавiтых гадзюк, якiя заўсёды ў разладзе памiж сабою, i вось яны распаўзаюцца па свеце, шукаючы спажывы.
Зiрнiце на гэта гаротнае цела! Тое, па чым яно ныла i ад таго пакутавала, гэтая нiкчэмная душа спрабавала растлумачыць; i яна тлумачыла гэта як радасць забойства, як жаданне зведаць шчасце нажа.
На тых, хто сёння нядужы, нападае лiха, слушней, – тое, што сёння лiчыцца лiхам: i вось – гэтыя спрагненыя самi спрабуюць зрабiць, каб балела, i пры гэтым праз тое самае, ад чаго iм якраз i балiць. Але былi i iншыя часы, i iншае дабро й лiха.
Калiсьцi лiхам былi паняверка i воля да Самасцi. Ерэтыкамi i чарадзеямi рабiлiся нямоглыя, як чарадзеi i ерэтыкi, цярпелi яны i хацелi iншых увесцi ў цярпеннi.
Але гэта не на вашыя вушы, бо супярэчыць таму, чаму вучаць вас "добрыя", кажаце вы мне. Але што мне да вашых "добрых"!
Шмат што ў iх гiдзiць мяне, i, што праўда, не iхняе лiха. Алё мне хацелася б, каб шал захапiў iх i каб загiнулi яны, як гэты бледны злачынец!
Праўда, хацеў бы я, каб iх шаленства называлася iсцiнай, альбо вернасцю, альбо справядлiвасцю; але ў iх ёсць "цнота", каб жыць доўга ў жалю вартай самазадаволенасцi.
Я – парэнча моста над бурлiвым патокам: трымайся за мяне, хто можа трымацца! А за кульбаку я вам не буду.
Так сказаў Заратустра.
Пра чытанне i пiсанне
З усяго напiсанага я люблю толькi тое, што напiсана сваёй крывёю. Пiшы крывёю, i ты будзеш ведаць, што кроў – гэта дух.
Нялёгка зразумець чужую кроў; я ненавiджу тых, хто чытае з нуды.
Хто ведае чытача, той ужо не працуе дзеля яго. Яшчэ адно стагоддзе чытачоў – i сам дух прасмердне.
Тое, што кожны бярэцца вучыцца чытаць, надоўга псуе не толькi напiсанае, але i самую думку.
Калiсьцi дух быў Богам, потым зрабiўся чалавекам, а сёння – увогуле робiцца чэрняю.
Хто пiша крывёю i прыпавесцямi, той хоча, каб яго не чыталi, а вучылi на памяць.
У гарах сама кароткая дарога з вяршынi на вяршыню, але на гэта патрэбны доўгiя ногi. Прыпавесцi – тыя самыя вяршынi; а тыя, каму яны напiсаны, павiнны быць высокiя i вынёслыя.
Рэдкае i чыстае паветра, блiзкая небяспека, дух, поўны радаснай лютасцi, усё гэта добра стасуецца.
Хай мяне атачаюць горныя духi – я адважны. Мужнасць разганяе прывiды i сама сабе стварае горных духаў, – мужнасць хоча смяяцца.
Я ўжо не адчуваю так, як адчуваеце вы: на гэтыя цяжкiя, змрочныя хмары пада мною, з якiх я смяюся, – на гэтыя навальнiчныя хмары якраз i падобныя вы.
Вы гледзiце ўгору, калi прагнеце вышынi. А я гляджу ўнiз, бо я ўзвысiўся.
Хто з вас можа i смяяцца i быць узвышаным?
Хто падняўся на сама высокiя горы, той смяецца, з усякай трагедыi – i на сцэне, i наяве.
Мужнымi, бестурботнымi, пакеплiвымi, уладнымi – такiмi хоча нас бачыць Мудрасць: яна – жанчына i заўсёды любiць толькi воiна.
Вы кажаце мне: "цяжка несцi жыццё". Навошта ж вам тады ваш гонар ранiцай i слухмянасць увечары?
Цяжка несцi жыццё: не стройце з сябе такiх здалiкатненых! Усе мы – мiлыя, цягавiтыя аслы i аслiхi.
Што супольнага ў нас з ружыным бутонам, якi трапеча, калi на яго ападзе кропля расы?
Праўда: мы любiм жыць, але не таму, што прывыклi жыць, а таму, што прывыклi любiць.
У любовi заўсёды ёсць нешта шалёнае. Але ж заўсёды ёсць i нешта разумнае ў шаленстве.
I нават мне, хто дабром прымае жыццё, здаецца, што матылькi i мыльныя пузыры, альбо на iх падобныя людзi, найбольш ведаюць шчасце.
Гэтыя лёгкiя, дурныя, далiкатныя i рухавыя душы, i тое, як яны пырхаюць, даводзяць Заратустру да слёз i песняў.
Я паверыў бы толькi ў такога бога, якi ўмее скакаць.
I калi я глядзеў на свайго д'ябла, я знайшоў у iм сур'ёзнасць, грунтоўнасць, глыбiню i ўрачыстасць; гэта быў Дух Цяжару, праз яго ўсё падае.
Забiваюць не гневам, а смехам. Устаньце, давайце заб'ём Дух Цяжару!
Я навучыўся хадзiць: з таго часу я дазваляю сабе бегаць. Я навучыўся лётаць: з таго часу не трэба, каб мяне штуршком зрушвалi з месца.
Цяпер я лёгкi, цяпер я лётаю, цяпер сябе бачу пад сабою, цяпер нейкi бог скача ўва мне.
Так сказаў Заратустра.
Пра дрэва на гары
Заратустрава вока змецiла, што адзiн хлопец пазбягае яго. I вось ён, калi аднаго разу ўвечары iшоў гарамi вакол горада, якi называўся Пярэстая Карова, раптам убачыў гэтага хлопца; той сядзеў, прыхiлiўшыся да дрэва, i стомленымi вачыма глядзеў у далiну. Заратустра дакрануўся да дрэва, каля якога сядзеў хлопец, i сказаў:
"Калi б я захацеў страсянуць гэтае дрэва рукамi, я не змог бы.
А вось вецер, якi мы нават не бачым, тузае яго i гне, куды хоча. Найгорш нас гнуць i тузаюць нябачныя рукi".
Хлопец устаў i сказаў, сумеўшыся: "Я чую Заратустру, а якраз я толькi што думаў пра яго".
Заратустра спытаўся: "Чаго ж ты палохаешся? З чалавекам адбываецца тое самае, што i з дрэвам.
Чым больш ён iмкнецца ўгору, да святла, тым мацней каранi яго iмкнуцца ў глыбiню зямлi, унiз, у змрок – у зло".
"Так, у зло! – усклiкнуў хлопец. – Як жа ты здолеў зяглянуць мне ў душу?"
Заратустра засмяяўся i сказаў: "Некаторыя душы нельга адамкнуць: на тое iх трэба спачатку выдумаць".
"Так, у зло! – зноў усклiкнуў хлопец. – Ты сказаў праўду, Заратустра. Я перастаў верыць самому сабе з таго часу, як памкнуўся ўгору, i нiхто ўжо цяпер не верыць мне. Як жа такое сталася?
Я мяняюся занадта хутка: маё "сёння" абвяргае маё "ўчора". Падымаючыся, я часта пераскокваю прыступкi, i гэтага не даруе мне нiводная прыступка.
Калi я ўгары, я заўсёды адчуваю сябе самотна. Нiхто не гаворыць са мною, холад адзiноты кiдае мяне ў дрыжыкi. Чаго ж мне трэба на вышынi?
Мая пагарда расце разам з запалам; чым вышэй я падымаюся, тым больш пагарджаю тым, якi падымаецца. Чаго ж мне трэба ўгары?
Мне брыдка за тое, што я падымаюся i што спатыкаюся! Я смяюся са сваёй задышкi! Як ненавiджу тых, якiя лётаюць! Як я стамiўся на вышынi!"
Тут хлопец змоўк. А Заратустра зiрнуў на дрэва, каля якога яны стаялi, i сказаў:
"Самотна стаiць на гары гэта дрэва, высока ўзнялося яно над чалавекам i над зверам.
I калi б яно загаварыла, не знайшлося б нiкога, хто зразумеў бы яго, – так вынёсла яно вырасла.
I вось яно чакае i чакае, – а чаго яно чакае? Так блiзка ссуседзiлася яно з хмарамi: цi не чакае яно першай маланкi?"
Калi Заратустра сказаў гэта, хлопец усклiкнуў, пляснуўшы рукамi: "Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагiбелi, калi iмкнуўся ўгору, i ты маланка, якое чакаў я! Паглядзi, што зрабiлася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе развалiла мяне!" – так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго i павёў за сабою.
I калi прайшлi яны крыху дарогi, загаварыў Заратустра: "Заходзiцца сэрца маё. Лепш за ўсякiя словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.
Ты яшчэ не свабодны – ты толькi шукаеш свабоды. Стамiлi цябе твае пошукi i забралi твой сон.
Ты iмкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але i благiя твае памкненнi прагнуць свабоды.
Твае дзiкiя сабакi рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасцi ў сваiх падзямеллях, пакуль твой дух iмкнецца разбурыць усе вязнiцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такiх вязняў, але разам з тым падступная i нядобрая.
Свабодны духам павiнен ачысцiцца. Бо ў iм яшчэ шмат астрожнага змроку i цвiлi – вока яго павiнна ачысцiцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклiнаю цябе сваёй любоўю i надзеяй: не адкiдай сваёй любовi i надзеi!
Высакародна ты любiш пакуль што, i высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зiркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсiм папярок дарогi.
"Добрым" таксама ён заважае; калi ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогi.
Высакародны хоча стварыць новае i новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробiцца добры, а што знахабiцца, зробiцца перасмешнiкам i знiшчальнiкам.
Я ведаў высакародных, якiя страцiлi сваю найвышэйшую надзею. I вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокiя памкненнi.
I вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткiя ўцехi i ставяць перад сабою мiзэрныя мэты – не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
"Дух – таксама салодкi шал" – так кажуць яны. I разбiлiся крылы ў iх духу, i цяпер ён поўзае ўсюды i апаганьвае ўсё, што грызе.
Калiсьцi яны мерылiся стаць героямi, сёння яны ласуны. Сёння смутак i жудасць – iм за герояў.
Але любоўю сваёй i надзеяй заклiнаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!"
Так сказаў Заратустра.
Пра прапаведнiкаў смерцi
Ёсць прапаведнiкi смерцi, i на зямлi поўна людзей, якiм патрэбна пропаведзь агiды да жыцця.
Зямля кiшыць лiшнiмi, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калi б можна было абяцаннем "вечнага жыцця" вынадзiць iх з гэтага жыцця!
Прапаведнiкаў смерцi называюць "жоўтымi" або "чорнымi". А я хачу паказаць вам iх у iншых колерах.
Вось яны, гэтыя жахлiвыя, што носяць у сабе драпежнага звера i не маюць iншага выбару, акрамя пажады i самакатавання. Але i пажада iхняя – таксама самакатаванне.
Яны яшчэ нават не рабiлiся людзьмi, гэтыя жахлiвыя: няхай жа яны прапаведуюць агiду да жыцця i гiнуць самi!
Вось яны, сухотныя душою – толькi нарадзiлiся, а пачынаюць ужо памiраць i трызняць вучэннем пра стому i адмаўленне.
Яны вельмi хацелi б смерцi, дык давайце ж пахвалiм iх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывiць гэтых мерцвякоў i не пашкодзiць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; i адразу кажуць: "жыццё абвергнута"!
Але абвергнуты толькi яны самыя i iхнiя вочы, якiя бачаць толькi аблiчча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага i выпадковага, што цягне з сабою смерць, – так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлiвасцi; трымаюцца за жыццё, як за саломiну, i кпяць, што трымаюцца за саломiну.
Iх мудрасць маўляе: "Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! I ў гэтым – уся дурнота жыцця!"
"Жыццё – толькi пакута" – так кажуць iншыя i не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабiць так, каб вашае жыццё спынiлася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас – пакута!
I хай такою будзе запаведзь вашае цноты: "Забi сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!"
"Салодкае пахацiнства – грэх, i так кажуць адны прапаведнiкi смерцi, дазвольце ж нам пайсцi i не рабiць дзяцей!"
"Нараджаць вельмi цяжка, – кажуць другiя, – ды i навошта? Нараджаюцца толькi няшчасныя!" Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
"Спагада патрэбная, – кажуць трэцiя, – забярыце ўсё, што я маю! Забярыце i мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!"
Калi б яны былi ў аснове спагадлiвыя, яны адвярнулi б ад жыцця сваiх блiзкiх. Быць злымi – вось што было б iх сапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавiцца ад жыцця; што iм да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваiмi ланцугамi i дарункамi iншых людзей!
I нават вас, каму жыццё – гэта цяжкая праца i неспакой, хiба вас жыццё не стамiла? Хiба вы яшчэ не выспелi на пропаведзь смерцi?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца i ўсё iмклiвае, новае, нязведнае, – вы самi сабе цяжкiя сталi; ваш iмпэт – гэта толькi ўцёкi ад сябе i жаданне забыцца.
Калi б вы болей верылi ў жыццё, вы менш аддавалiся б iмгненнасцi. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, i нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнiкаў смерцi; i поўнiцца зямля людзьмi, якiм патрэбная пропаведзь смерцi.
Альбо "вечнага жыцця": мне ўсё адно – толькi б знiклi яны з улоння зямлi!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну i ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам лiтасцi, а таксама i ад тых, каго мы любiм да глыбiнi душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзiн з вас, i цяпер я такi самы. I я – сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавiсць i зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькi вялiкiя, каб не ведаць нянавiсцi i зайздрасцi. Няхай жа ў вас будзе досыць велiчы, каб не было брыдка за самiх сябе!
I калi вы не можаце быць апосталамi пазнання, дык будзьце, прынамсi, ваярамi яго. Бо яны – спадарожнiкi i прадвеснiкi апосталаў.
Я бачу безлiч салдатаў – хацелася б пабачыць безлiч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзiраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўнiформай. Хай жа не будзе гэтакi аднастайны змест пад iх унiформай!
Будзьце такiя, як тыя, чыё вока заўсёды цiкуе за ворагам – iхнiм ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавiдзець з першага позiрку.
Свайго ворага вы павiнны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананнi! Калi ж вашыя перакананнi будуць разбiтыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любiце мiр як сродак да новай вайны. I мiр кароткi любiце мацней за доўгi.
Не да працы заклiкаю я вас, а да змагання; не да мiру, а да перамогi. Хай будзе праца ваша – змаганне, а мiр ваш – перамога!
Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькi дабро вайны асвячае ўсякую мэту.
Вайна i мужнасць стварылi больш вялiкае, чым любоў да блiзкага. Не спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.
"Што такое дабро?" – пытаецеся. Дабро – гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткi кажуць: "Дабро – гэта тое, што прыгожае i разам з тым кранальнае".
Вас называюць бессардэчнымi: але сэрца ваша шчырае, i я люблю сарамяжлiвасць вашай сардэчнасцi. Вы саромеецеся прылiву чуллiвасцi, iншыя саромеюцца адлiву яе.
Вы брыдкiя? Ну што ж, братове мае! Ахiнiцеся ўзвышаным, апранiцеся ў мантыю брыдкага!
I калi душа ваша робiцца велiчнай, яна робiцца пагардлiвай, i сама яе ўзнёсласць тоiць у сабе лiхату. Я ведаю вас.
У лiхаце сустракаецца пагардлiвец з бяссiльцам. Але яны не разумеюць адзiн аднаго. Я ведаю вас.
Вы павiнны мець толькi ворагаў, вартых нянавiсцi, а не ворагаў дзеля пагарды. Вы павiнны ганарыцца сваiмi ворагамi: тады толькi поспехi вашых ворагаў будуць вашымi поспехамi.
Паўстанне – гэта слушнасць рабоў. Хай будзе вашай слушнасцю паслушэнства! А кожны ваш загад – гатоўнасцю.
Кожнаму добраму ваяру "ты павiнен" гучыць прыемней, чым "я хачу". I ўсё тое, да чаго схiльнае сэрца ваша, павiнна быць спачатку загадана вам.
Хай будзе ваша любоў да жыцця любоўю да найвышэйшай надзеi: а гэтай надзеяй хай зробiцца найвышэйшае ваша перакананне!
Але i яго вы павiнны атрымаць ад мяне як загад – ён такi: чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець.
Дык жывiце жыццём паслушэнства i вайны! Якi сэнс у доўгiм жыццi! Якi ваяр хоча лiтасцi!
Я не лiтую вас, я люблю вас усiм сэрцам, мае супольнiкi па вайне!..
Так сказаў Заратустра.
Пра новых кумiраў
Сям-там яшчэ ёсць плямёны i народы, але не ў нас, братове мае; у нас ёсць дзяржавы.
Дзяржава? Што гэта такое? Дык вось, слухайце ж мяне цяпер, бо скажу я вам слова маё пра пагiбель народаў.
Дзяржаваю называецца сама халодная пачвара. Холадна хлусiць яна; i вось якая хлусня лезе з вуснаў яе: "Я, дзяржава, – гэта народ".
Гэта хлусня! Родапачынальнiкамi народаў былi творцы – яны надзялiлi вераю i любоўю сваiх супляменнiкаў: так яны служылi жыццю.
А тыя, што паставiлi пасткi на людзей i назвалi гэта дзяржавай, знiшчальнiкi: меч i сотню жаданняў навязалi яны ўсiм.
Там, дзе яшчэ ёсць народ, не разумее ён дзяржавы i ненавiдзiць яе як сурочлiвае вока i замах на правы i звычаi.
Такую азнаку даю вам я: у кожнага народа ёсць свая мова дабра i зла, i ў гэтым адзiн народ не разумее другога. Свая мова здабываецца кожным народам у спрадвечных правах i звычаях яго.
Але дзяржава хлусiць на ўсiх мовах дабра i зла; i ўсё, што яна кажа хлусня, i ўсё, што яна мае, – украдзена ёю.
Усё ў ёй – фальшывае; крадзенымi зубамi кусаецца яна, пачвара. Нават вантробы ў яе – фальшывыя.
Месiва моваў у разуменнi дабра i зла – гэтую азнаку я даю вам як азнаку дзяржавы. Сапраўды, цяга да пагiбелi – азнака гэтая! Сапраўды, яна клiча прапаведнiкаў смерцi!
Народзяцца многiя мноствы: лiшнiм i была прыдумана дзяржава!
Глядзiце, як надзiць яна гэтыя многiя мноствы! Як яна душыць iх, як жуе i перажоўвае!
"Няма на зямлi нiчога большага, чым я. Я – палец Божы, я – упарадковец" так рыкае пачвара. I не адны толькi даўгавухiя i блiзарукiя на каленях кленчаць!
О, нават вам, вялiкiя душы, нашэптвае пачвара сваю чорную хлусню! О, яна ўгадвае багатыя сэрцы, што ахвотна раздаюць сябе!
Яна ўгадвае i вас, пераможцы старога бога! Вы стамiлiся ў барацьбе, i цяпер сама стома вашая служыць новаму кумiру!
Героямi i тымi, хто сумленны, хацеў бы абставiць сябе гэты новы кумiр! Ахвотна грэецца на сонцы чыстага сумлення халодная пачвара.
Гэты новы кумiр усё вам гатовы аддаць, калi вы паклонiцеся яму: так ён купляе бляск цнотаў вашых i позiрк гордых вачэй.
Вамi хоча ён завабiць многiя мноствы! I вось прыдумана была пякельная штука – конь смерцi, якi бразгае збруяй боскiх пашанаў!
Праўда, смерць была вынаходлiвая для многiх мностваў, смерць, якая славiць сябе пад выглядам жыцця: сапраўды, неацэнная паслуга ўсiм прапаведнiкам смерцi!