Текст книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Автор книги: Фридрих Вильгельм Ницше
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)
Панура iшоў я нядаўна ў мярцвяна-бледных поцемках. Ужо не адно сонца зайшло для мяне.
Сцежка, якая ўпарта лезла сярод камянёў, незадаволеная, адзiнокая, – нi травы, нi кустоў абапал – горная сцежка храбусцела пад настырнасцю маiх ног.
Моўчкi ступаючы сярод насмешлiвага шабуршання дробнага камення, расцiраючы на пыл кожны, аб якi спатыкалася мая нага, я намагаўся падняцца ўгору.
Угору – насуперак духу, якi цягнуў мяне ўнiз, у прорву, насуперак Духу Цяжару – дэману i майму заклятаму ворагу.
Угору – хоць ён сядзеў на мне, паўкрот, паўтрус; кульгавы, ён i мяне спрабаваў зрабiць кульгавым; ён улiваў мне волава праз вушы ў мазгi – i думкi рабiлiся, быццам кроплi волава.
"О Заратустра, – пакеплiва шаптаў ён. – О камень мудрасцi! Ты высока падкiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!
О Заратустра, камень мудрасцi, шпурнуты з прашчы, ты знiшчальнiк зорак! Як высока ты кiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!
Прысуджаны да самога сябе i да самапабiвання камянямi: о Заратустра, высока падкiнуў ты камень, але ён упадзе на цябе!
I тут карлiк замоўк, i надоўга. Але ягонае маўчанне цiснула на мяне; i праўда, часам удвух бывае табе больш самотна, чым аднаму.
Я ўсё падымаўся, я падымаўся, я мроiў, я думаў; але ўсё цiснула мяне. Я быў падобны на хворага, стомленага цяжкiмi пакутамi, якога – ледзь толькi засне – будзiць яшчэ горшы сон.
Але ўва мне ёсць нешта, што я называю мужнасцю: яна заўсёды забiвала ўва мне маркоту. Гэта мужнасць змусiла мяне спынiцца i сказаць: "Карлiк! Цi ты! Цi я!"
Мужнасць – найменшы забойца, мужнасць, якая нападае: бо ў кожным нападзе гучыць урачыстая музыка.
А чалавек – сама мужны звер: дзякуючы гэтаму ён i перамог усiх астатнiх. Гучнай iгрою ён пераадолеў боль; а чалавечы ж боль – сама глыбокi.
Мужнасць – смертаносная, калi з ёю лунаць над безданню, а чалавек жа заўсёды на краi безданi! Хiба "бачыць" не азначае "бачыць бездань"?
Мужнасць – сама спраўны забойца: яна забiвае нават спагаду. А спагада найглыбейшая бездань: бо як глыбока сягае чалавечы позiрк у жыццё, гэтак жа глыбока сягае ён i ў спагаду.
Мужнасць – найлепшы забойца, мужнасць, якая нападае: i самую смерць яна забiвае, бо пытаецца: "Дык гэта было жыццё? Дарма! Яшчэ раз!"
Многа пераможных акордаў у гэтых словах. Хто мае вушы, хай чуе!"
2
"Стой, карлiк! – сказаў я. – Я! Цi ты! Але ж я дужэйшы з нас двух: ты не ведаеш яшчэ маiх бяздонных думак! Iх цяжар табе не па сiле!"
I тут мне палегчала: настырны карлiк саскочыў з маiх плячэй! Ён цыгнуў на блiжэйшы камень; мы спынiлiся якраз каля брамы, праз якую iшла дарога.
"Зiрнi на гэтую браму, карлiк! – сказаў я. – У яе два твары. Дзве дарогi сыходзяцца тут: па iх яшчэ нiхто не праходзiў да канца.
Гэтая доўгая дарога назад – яна доўжыцца вечнасць. I гэтая доўгая дарога наперад – другая вечнасць.
Яны супярэчаць адна адной, гэтыя дарогi; яны тут сутыкаюцца лбамi, i тут, каля гэтай брамы, яны i сыходзяцца. А назва ў гэтай брамы напiсана ўгары, над ёю: "Iмгненне".
Але калi хто пойдзе па адной каторай далей – усё далей i далей – цi думаеш ты, карлiк, што яны будуць вечна супярэчыць адна адной?"
"Усё простае хлусiць, – пагардлiва адказаў карлiк. – Уся праўда – крывая, а сам час – кола".
"Ты, Дух Цяжару! – сказаў я гнеўна. – Цi не завельмi лёгка ты рашаеш гэта пытанне? Глядзi, а то пакiну цябе, клышку, сядзець, дзе сядзiш, а я ж цябе нёс угору!
Глянь, – сказаў я далей, – глянь на гэта iмгненне! Ад брамы iмгнення iдзе доўгая, вечная дарога назад: за намi – вечнасць.
Цi не павiнна быць так: усё, што можа адбыцца, ужо калiсьцi прайшло гэтай дарогай, ужо адбылося i мiнула?
I калi ўсё ўжо было, дык што ты думаеш пра гэта Iмгненне, карлiк? Цi не павiнна быць так: гэтая брама – таксама была?
I цi не звязаны ўсе гэтыя рэчы памiж сабою так моцна, што iмгненне цягне за сабою ўсё наступнае? А значыцца – яшчэ раз самое сябе?
Бо ўсё, што можа стацца на гэтай доўгай дарозе наперад – павiнна адбыцца яшчэ раз!
I гэты марудлiвы павук, якi паўзе ў месячным святле, i само месячнае святло, i мы з табою, калi шэпчамся каля брамы пра вечныя матэрыi, – хiба ўсяго гэтага ўжо не было калiсьцi? – i цi не павiнны мы вяртацца i праходзiць па той дарозе, што ляжыць перад намi, далей, наперад па доўгай i страшнай дарозе: цi не павiнны мы ўсе вечна вяртацца?"
Так казаў я, усё цiшэй i цiшэй: бо я спалохаўся сваёй думкi i далёкага, таемнага намыслу. I раптам я пачуў, як завыў сабака.
Цi чуў я калi раней, каб сабака так выў? Мае думкi памкнулiся назад, у мiнулае. Чуў! Калi быў малы, у сама раннiм дзяцiнстве,
– тады я чуў, як вые сабака. I бачыў, як ён дрыжаў, поўсць дыбарам, морда ўгору, у той цiхi час, апоўначы, калi сабакi вераць у прывiды;
– i мне стала шкада яго. Над домам толькi што выплыў мярцвяна-маўклiвы месяц i спынiўся крывава-чырвоным шарам над пляскатым дахам, быццам злодзей над чужым дабром;
– тады сабаку апанаваў страх: бо сабакi чуюць злодзеяў i прывiды. I калi я зноў пачуў, як сабака вые, мне зноў стала шкада.
Куды знiк карлiк? I брама на дарозе? I павук? I нашыя шэпты? Цi я мроiў? Цi прачнуўся? Цi раптам апынуўся адзiн, сярод суровых скал, у бязмежнай пустынi месячнага святла.
Але там ляжаў чалавек! I вось! Сабака скакаў, скуголiў, дыбiў поўсць; i вось ён убачыў, што я падыходжу, i зноў завыў i закрычаў – нiколi раней я не чуў, каб сабака крыкам клiкаў на дапамогу.
I праўда, я нiколi не бачыў таго, што ўбачыў. Я ўбачыў маладога пастуха, якi бiўся ў курчы, задыхаўся, твар перакошаны, з рота звiсала чорная змяя.
Нельга ўявiць сабе столькi агiды i смяротнага жаху на чалавечым твары! Мусiць, ён спаў, а змяя запаўзла яму ў горла i ўпiлася ў яго.
Мая рука рванула змяю, яшчэ i яшчэ: дарма! Тады з маiх вуснаў вырваўся крык: "Кусi! Кусi! Адкусi ёй галаву! Кусi!" – так крычалi з мяне мая жудасць, мая агiда, мая нянавiсць i мiлажаль мой – усё маё благое i ўсё добрае злiлося ў гэтым крыку.
Вы, дзёрзкiя, што пасталi вакол мяне! Вы, шукальнiкi, што спакушаеце нязведаныя акiяны пад зманлiвымi ветразямi! Вы, загадкава-радасныя!
Дык жа адгадайце загадку, якую бачыў я, растлумачце мне сэнс вiдзежаў самотнiка!
Бо то былi вiдзежы i прадбачанне: што бачыў я ў гэтым сiмвале? I хто той, якi мае прыйсцi?
Хто той пастух, якому ў горла запаўзла змяя? Хто той чалавек, якому ўсё сама цяжкае, сама чорнае запаўзае ў горла?
I пастух паслухаўся майго крыку i ўпiўся ў змяю зубамi. Прэч, далей ад сябе выплюнуў ён змяiную галаву – i ўскочыў.
I вось – нi пастуха, нi чалавека: нехта ператвораны, асветлены, стаiць i смяецца! Нiколi i нiхто яшчэ на зямлi не смяяўся так, як смяяўся ён!
О браты мае, я чуў смех – нялюдскi смех, – i з таго часу цiсне мяне неспатольная прага, грызе маркота i нiколi не ацiхае.
Прага гэтага смеху точыць мяне: о, як мне жыць далей! I як бы я мог цяпер памерцi!"
Так сказаў Заратустра.
Пра шчасце супроць волi
З такiмi загадкамi i гаркотаю ў сэрцы плыў Заратустра па моры. А як ужо быў за чатыры днi дарогi ад шчасных выспаў i ад сваiх сяброў, ён перабароў свой смутак – пераможна, цвёрдымi нагамi ўцвердзiўся ў сваiм лёсе. I такiя словы сказаў свайму радаму сумленню:
"Зноў я адзiн i хачу быць адзiн – сам-насам з ясным небам i вольным морам; зноў вакол мяне полудзень.
Калiсьцi папалуднi я ўпершыню здабыў сваiх сяброў, тады ж я здабыў iх i другi раз – у гадзiну, калi супакойваецца ўсякая светлыня.
Бо што засталося ад шчасця i што на паўдарозе памiж небам i зямлёй, – тое шукае сабе прыстанку ў чыёй-небудзь светлай душы: а сёння ж усякае святло паспакайнела ад шчасця.
О паполудню жыцця майго! Калiсьцi i маё шчасце сышло ў далiну шукаць сабе прыстанку – i знайшло гэтыя шчырыя, гасцiнныя душы.
О паполудню жыцця майго! Усё я аддаў бы за адно: гэтыя жывыя пасевы маёй думкi i ранiшнюю зару найвышэйшай надзеi!
Калiсьцi стваральнiк шукаў спадарожнiкаў i дзяцей сваёй надзеi: i вось выявiў ён, што не здабыць iх iнакш, як папярэдне стварыўшы iх.
Так я чыню сваю справу, калi iду да сваiх дзяцей i вяртаюся ад iх: дзеля сваiх дзяцей Заратустра павiнен удасканальвацца.
Бо ўсiм сэрцам любяць толькi сваё дзiця i сваю справу; i калi любоў да самога сябе вялiкая, дык гэта прыкмета цяжарнасцi: так заўважаў я.
Яшчэ мае дзецi цвiтуць сваёй першай вясной; стаяць яны поруч, хiстаюцца на ветры, дрэўцы майго саду, найлепшае з маiх набыткаў.
I праўда! Там, дзе растуць такiя дрэвы, там шчасныя выспы!
Але сваiм часам я выкапаю iх i пасаджу ў розных мясцiнах: каб навучылiся яны адзiноце, упартасцi i асцярожнасцi.
Гузавата i крыва, але гнутка i цвёрда няхай стаяць яны каля мора, як жывы маяк непераможнага жыцця.
Там, дзе буры ападаюць у мора i горы спатольваюць сваю прагу, дзень i ноч яны будуць стаяць на варце, каб выпрабаваць i зведаць сябе.
Выпрабавана i праверана мае быць кожнае, каб я ведаў, цi майго яны кораня, цi загартаваная ў iх воля, цi маўчаць яны, нават калi гавораць, i цi прыкiдваюцца, што бяруць аддаючы:
– каб зрабiцца калi-небудзь маiмi спадарожнiкамi, якiя твораць i святкуюць разам са мною, тымi, хто напiша маю волю на маiх скрыжалях. – "Усё iснае хай удасканальваецца".
I дзеля iх i падобных на iх я сам павiнен дасягнуць дасканаласцi; таму я цяпер ухiляюся ад майго шчасця i перадаю сябе ўсiм няшчасцям – каб выпрабавацца i зведаць сябе апошнi раз.
I праўда, мне пара было iсцi; i цень вандроўнiка, i працяглы спакой, i цiшыня – усё маўляла мне: "Даўно пара!"
Вецер свiстаў мне ў шчылiну замка i казаў: "Iдзi!" Дзверы хiтра адчынялiся i запрашалi: "Iдзi!"
Але я ляжаў, прыкаваны любоўю да сваiх дзяцей: жаданнi любовi закавалi мяне ў кайданы, ад любовi хацеў я зрабiцца здабыткам сваiм дзецям i страцiць сябе дзеля iх.
"Пажадаць" – у мяне гэта азначае "страцiць сябе". У мяне ёсць вы, дзецi мае!" У гэтым валоданнi ўсё павiнна быць упэўненасцю, каб не заставалася жадання.
Але сонца маёй любовi горача апалiла мяне, у сваiм соку варыўся Заратустра; i тады над мною праляцелi цень i сумненне.
Я прагнуў ужо зiмы i марозу: "О, калi б зiма i мароз прымусiлi мяне ляскаць зубамi i дрыжаць ад сцюжы!" – уздыхаў я. I вось, – паднялiся ад мяне ледзяныя туманы.
Маё мiнулае разграбло свае магiлы, прачнулiся смуткi, пахаваныя жыўцом, яны толькi драмалi, схаваныя ў саванах.
I ўсё клiкала мяне ў знаках i азнаках: "Пара!" Але я не чуў, пакуль, нарэшце, не скаланулася мая бездань, пакуль не апякла мяне думка.
О думка мая, што прыйшла з безданi! Калi ж хопiць у мяне сiлы чуць, як ты ўстаеш са сваёй магiлы, i не дрыжаць пры гэтым?
Да самага горла даходзяць удары майго сэрца, калi адчуваю, як ты паўстаеш ува мне! Ад самога твайго маўчання ў мяне зацiнае дух, калi ты маўчыш, бяздонная!
Нiколi я не адважваўся клiкаць цябе на святло: годзе ўжо i таго, што насiў я цябе ў сабе! Яшчэ бракавала мне сiлы на апошнюю мужнасць iльва, на найвышэйшую адвагу ягонае волi.
Шмат жахлiвага было мне ў тваiм цяжары: але калi-небудзь я здабуду яшчэ сiлу i iльвiны рык, якi выклiча цябе з мяне!
I толькi адолеўшы ў сабе гэта, я адолею i большае: i перамога будзе пячаткаю маёй дасканаласцi!
А пакуль што я вандрую па невядомых морах; дагаджае мне выпадак. Я гляджу наперад i назад – i не бачу канца.
Не настала яшчэ гадзiна маёй апошняй барацьбы: магчыма, яна ўжо блiзка? Жыццё i мора навокал вабяць мяне падступнай – сапраўды падступнай прыгажосцю!
О паполудню жыцця майго! О надвячорак шчасця! О прыстань у бурлiвым моры! О мiр i спакой сярод невядомага! Як мала я вам давяраю!
Праўда, не давяраю я вашай падступнай прыгажосцi! Я падобны на закаханага, якi не верыць залiшне пяшчотнай усмешцы.
Як ён, раўнiвы, штурхае ад сябе каханую, пяшчотны ў суровасцi сваёй, – так i я адштурхоўваю шчасную гадзiну.
Прэч ад мяне, шчасная гадзiна! Супроць маёй волi прыйшла з табой шчаснасць. Гатовы на сама глыбокую скруху, я стаю тут: прыйшла ты не ў час!
Прэч ад мяне, шчасная гадзiна! Лепей знайдзi сабе сховiшча там, у сваiх дзяцей! Спяшайся! I яшчэ да вечара перадай iм дабраславенне майго шчасця!
Блiзка ўжо вечар: сонца садзiцца. Адышло маё шчасце!"
Так сказаў Заратустра. Цэлую ноч ён чакаў, калi да яго завiтае няшчасце: але марна чакаў. Ноч была ясная i цiхая, i само шчасце ўсё блiжэй, блiжэй падступалася да яго. А на золку засмяяўся Заратустра сэрцу свайму i сказаў пакеплiва: "Шчасце бегае за мною. Гэта таму, што я не бегаю за жанчынамi. А шчасце – жанчына".
На досвiтку
"О неба нада мною, о Чыстае! Глыбокае! О Бездань святла! Сузiраючы цябе, я трымчу ад боскiх жаданняў.
Кiнуцца ў тваю вышыню – гэта мая глыбiня! Схавацца ў тваю чысцiню – гэта мая нявiннасць!
Бога хавае яго прыгажосць: так ты хаваеш свае зоркi. Ты маўчыш: так ты мне абвяшчаеш сваю мудрасць.
Маўклiва раскiнулася ты над бурлiвым морам; любоў твая i сарамяжлiвасць звеставанне маёй душы.
Ты прыйшло да мяне, прыгожае, схаванае ў сваёй прыгажосцi, маўклiвасцю гаворыш ты мне, адкрываеш сваю мудрасць.
О, як мне разгледзець усю сарамлiвасць тваёй душы! На досвiтку адкрылася ты мне, самотнiку.
Мы здавён з табою сябры: i смутак, i сум, i аснова наша – усё супольнае ў нас, нават сонца. Мы не гаворым з табою, бо ведаем надта многа: моўчкi, усмешкамi перадаём мы адно аднаму нашыя веды.
Цi не святло ты ад майго полымя? Твая душа – цi не сястра майму розуму?
Мы вучылiся разам; разам вучылiся падымацца над сабою да самiх сябе i бясхмарна ўсмiхацца:
– усмiхацца з бясконцай далечы, светлымi вачыма, калi пад намi, быццам дождж, клубяцца Гвалт, Мэта i Вiна.
I калi я бадзяўся адзiнокi: чаго прагнула душа мая на сцежках аблуды? I калi падымаўся ў горы, каго, як не цябе, я шукаў там?
I ўсе мае бадзяннi i ўзыходжаннi – яны былi толькi вымушанасцю i дапамогаю няўмеку: мая воля хоча толькi ляцець, ляцець у цябе, у твае неабсягi!
Што ненавiдзеў я больш за павольна-коўзкiя воблакi, за ўсё, што цябе засмучала? I сваю нянавiсць ненавiдзеў, бо яна засмучала цябе!
Я ненавiджу павольна-коўзкiя воблакi, гэтых скрадлiва-драпежных катоў: яны забiраюць у цябе i ў мяне тое, што ў нас супольнае – нiчым не абмежаванае, бясконцае сцверджанне i дабраславенне.
Павольна-коўзкiя воблакi – мы ненавiдзiм гэтых пасяброўцаў i ўмяшанцаў, гэтых палавiннiкаў, якiя не навучылiся нi дабраслаўляць, нi праклiнаць ад паўнаты сэрца.
Лепей ужо не бачыць неба i сядзець у бочцы, лепей пазбавiць сябе неба, знемагаючы ў прорве, чым цябе, святло нябеснае, бачыць запамрочанае коўзкiмi воблакамi!
I мне часта хацелася змацаваць iх калючым дротам маланак, каб громам бiць, як у лiтаўры, па iх напучаным жываце: я – угневаны барабаншчык, бо яны ж адбiраюць у мяне тваё сцверджанне i дабраславенне, о неба, чыстае неба па-над мною! О бездань святла! – бо яны адбiраюць у мяне маё сцверджанне i дабраславенне.
Бо мне лепей хай шум i грукат i праклёны непагоды, чым абачлiвая, сумнiўная кашэчая спакайната; i сярод людзей найболей ненавiджу такiх вось скрадлiвых, палавiнiстых, няпэўных i марудлiвых, як гэтыя коўзкiя воблакi.
I "хто не ўмее дабраслаўляць, павiнен вучыцца праклiнаць!" – гэтае светлае настаўленне ўпала мне з яснага неба, гэта зорка нават у сама цёмныя ночы стаiць на маiм небе.
А сам я – дабраслаўляю i сцвярджаю, калi толькi ты нада мною, чыстае, яснае неба, бездань святла! Тады ва ўсе безданi панясу я святое сцверджанне маё.
Я стаў тым, хто дабраслаўляе i сцвярджае: дзеля гэтага я зрабiўся змагаром i змагаўся так доўга, каб вызвалiць калi-небудзь рукi на дабраславенне.
I вось маё дабраславенне – быць над кожнай рэччу яе круглым дахам, яе блакiтным звонам, яе вечным спакоем; шчасны, хто так дабраслаўляе!
Бо ўсе рэчы ахрышчаны ў крынiцы вечнасцi i па той бок дабра i зла; а дабро i зло – гэта толькi iмклiвыя ценi, вiльготны сум, коўзкiя воблакi.
Праўда, гэта дабраславенне, а не кляцьба, калi я вучу: "Над усiмi рэчамi высiцца неба-выпадковасць, неба-нявiннасць, неба-непрадказальнасць, неба-весялосць".
"Выпадковасць" – гэта сама старая арыстакратыя свету, я вярнуў яе ўсiм рэчам, я вызвалiў iх ад падначалення мэце.
Гэтую свабоду i бясхмарнасць неба я паставiў, як блакiтны звон, над усiмi рэчамi, калi вучыў, што нi пад iмi, нi праз iх не выяўляе сябе нiякая "вечная воля".
Гэтую дзёрзкую весялосць i блазнаванне я паставiў на месца той волi, калi вучыў: "Адно немагчымае ва ўсiх рэчах – разумнасць!"
Хоць крыху розуму – насенне мудрасцi, рассеянае ад зоркi да зоркi – гэтая закваска дамяшаная да ўсiх рэчаў: да блазнавання дамяшаная мудрасць рэчаў!
Крыху мудрасцi – гэта ўжо магчыма; але вось якую шчасную ўпэўненасць знаходзiў я ва ўсiх рэчах: яны любяць скакаць на нагах выпадку.
О яснае i высокае неба па-нада мною! У тым якраз ад сёння твая чысцiня мне, што больш няма вечнага павука-розуму i ягонай павуцiны:
– што ты – месца пад скокi боскiх выпадковасцяў, што ты – стол божышчаў, на якiм божыя гульцы кiдаюць гульнёвыя косцi.
Ты чырванееш? Хiба я сказаў, чаго не след было? Альбо хочучы дабраславiць, сказаў якi кленiч?
Альбо сорам – быць удвух – увагнаў цябе ў чырвань? Ты кажаш мне змоўкнуць i сысцi, бо вось – блiзiцца дзень?
Свет глыбокi, i ён глыбейшы, чым гэта калi думалася дню. Не ўсё асмельваецца гаварыць перад аблiччам дня. Але дзень блiзiцца, i мы развiтаемся!.."
Так сказаў Заратустра.
Пра цноту, якая нiкчэмнiць
1
Калi Заратустра быў зноў на цвёрдай зямлi, ён не адразу пайшоў на сваю гару ў пячору, а прайшоў шмат дарог, усюды распытваў i выпытваў пра тое, пра сёе, так што, жартуючы, нават казаў сам сабе: "Вось рака, якая многiмi звiвамi вяртаецца да сваiх вытокаў!" Бо яму карцела ведаць, што сталася з чалавекам за час, калi яго, Заратустры, не было: зрабiўся ён большы цi меншы. I аднаго разу ён угледзеў шэраг новых дамоў; ён здзiвiўся i сказаў:
"Што азначаюць гэтыя дамы? Далiбог, не была вялiкая тая душа, якая збудавала iх на сваё падабенства!
Цi не дурное дзiця дастала iх са скрынкi з цацкамi? Каб другое дзiця зноў iх схавала ў скрынку.
Гэтыя пакоi i каморкi: няўжо людзi ў iх уваходзяць i выходзяць назад? У iх жа толькi месца шаўкавiчным кукалкам або памаўзлiвым кошкам, якiя даюцца паласавацца i сабою".
I Заратустра спынiўся i задумаўся. Нарэшце ён журботна сказаў: "Усё тут здрабнела!
Усюды я бачу нiжэйшыя вароты; такi, як я яшчэ, бадай што, увойдзе ў iх, але мусiць угнуцца.
О, калi я зноў вярнуся на радзiму, дзе мне не трэба будзе нагiнацца, нагiнацца перад малымi!" – I Заратустра ўздыхнуў i паглядзеў удалеч.
I таго самага дня ён сказаў казань пра цноту, якая нiкчэмнiць.
2
"Я хаджу сярод гэтага народу i не плюшчу вачэй: людзi не даруюць мне, што я не зайздрошчу iх цнотам.
Яны кусаюць мяне, бо я кажу iм: малым людзям патрэбны маленькiя цноты; бо мне цяжка прызнаць, што патрэбны гэтыя сама маленькiя людзi!
Я падобны на пеўня ў чужым катуху, яго дзяўбуць нават куры; але я нiчога не маю да гэтых курэй.
Я з iмi ветлiвы, як з любою нiкчэмнаю прыкрасцю; быць калючым з малым здаецца мне мудрасцю, вартай хiба што вожыка.
Усе яны гавораць пра мяне, седзячы ўгары каля агню; усе гавораць пра мяне, але нiхто пра мяне не думае!
Вось новая цiшыня, якой я навучыўся: той шум, якi ўчыняюць яны вакол мяне, расхiнае покрыва над маiмi думкамi.
Яны ўчыняюць гармiдар: "Чаго ад нас хоча гэта чорная хмара? Хоць бы яна не прынесла заразы!"
А нядаўна нейкая кабета схапiла сваё дзiця, калi тое памкнулася да мяне: "Забярыце дзяцей! – закрычала яна. – Такiя вочы высмальваюць дзiцячыя душы".
Калi я прамаўляю, яны пачынаюць кашляць: яны думаюць, што гэтак можна супрацiўляцца бурлiваму ветру; яны не здагадваюцца пра буру майго шчасця!
"Нам няма калi, нам не да Заратустры" – так пярэчаць яны; але што мне да iхнiх "калi", якiм не коле Заратустра?
I нават як хваляць мяне: хiба можна спачыць на iхнiх усхваленнях? Хвала мне iхняя – што поле ў бадзяках: скура свярбiць нават як здымеш яе.
I вось што яшчэ ўведаў я сярод iх: хто хвалiць, робiць выгляд, што аддае заслужанае, а папраўдзе ён сам хоча ўварваць сабе яшчэ болей!
Спытайцеся ў маёй нагi, цi падабаецца ёй iх манера хвалiць i прынаджваць? Праўда, у гэтым рытме "цiк-так" не можа яна нi скакаць, нi не варушыцца.
Яны спрабуюць хвалiць мне iх дробную цноту i надзiць мяне да яе; яны i нагу маю хацелi б угаварыць на рытмiчнае "цiк-так" свайго шчасцейка.
Я хаджу сярод iх i не мружу вачэй: людзi здрабнелi i драбнеюць далей. I прычына таго – iх вучэнне пра шчасце i цноту.
Яны сцiплыя нават i ў цноце, бо хочуць камфорту. А з камфортам сумяшчаецца толькi сцiплая цнота.
Праўда, i яны вучацца хадзiць па-свойму, i нават iсцi наперад: гэта я называю хадзiць накульгваючы. I гэтак я заважаю толькi тым, хто спяшаецца.
I шмат хто з iх, iдучы наперад, глядзiць назад, выцягнуўшы шыю: я ахвотна iх штурхаю.
Ногi i вочы не павiнны нi хлусiць, нi ганiць за хлусню адно аднаго. Але шмат хлуснi ў маленькiх людзей.
Некаторыя маюць сваю волю, але большасць толькi служаць волi iншых. Ёсць i сярод iх шчырыя, але большасць – усяго толькi благiя акторы.
Ёсць сярод iх акторы несвядомыя, ёсць i акторы насуперак сваёй волi: шчырых заўсёды мала, асаблiва – шчырых актораў.
Мужчынскiя якасцi тут рэдкiя: вось чаму жанчыны ў iх робяцца мужчынамi. Бо толькi той, у каго ў дастатку мужчынскага, вызвалiць у жанчыне жанчыну.
I вось найгоршая крывадушнасць, якую я ў iх бачыў: тыя нават, якiя загадваюць, падрабляюцца пад цноты падначаленых.
"Я служу, ты служыш, мы служым" – так молiцца тут крывадушнасць паноў, шкада, калi першы пан – толькi першы слуга!
Нават у iх крывадушнасць пранiкла цiкаўнасць маiх вачэй: i я разгадаў iхняе шчасце – шчасце мук – i iх бзычанне на асветленых сонцам шыбах.
Колькi дабрынi, столькi i слабасцi бачу я. Колькi справядлiвасцi i спагады, столькi i слабасцi.
Круглявыя, сумленныя i паблажлiвыя яны памiж сабою, як пясчынкi круглыя, сумленныя i паблажлiвыя да пясчынак.
Сцiпла абдымаць маленькае шчасце – яны называюць гэта "ўпакорваннем"! I пры гэтым сцiпла касавурацца на другое маленькае шчасце.
Яны, у сутнасцi, хочуць вельмi мала, а найбольш аднаго – каб iх нiхто не крыўдзiў. Таму яны такiя запабеглiвыя i кожнаму робяць дабро. Але гэта баязлiвасць: хай сабе хоць i цнотаю называецца.
I калi яны, гэтыя маленькiя людзi, гавораць тоўстым голасам, я чую ў iх голасе толькi хрыпласць, бо любы продзiмень робiць iх хрыплымi.
Яны кемлiвыя, i ў цнотаў хiтрыя пальцы. Але iм не хапае кулакоў – пальцы ў iх не ўмеюць сцiскацца ў кулак.
Цнотаю яны лiчаць тое, што робiць сцiплым i плохiм: так яны ператварылi ваўка ў сабаку, а людзей – у найлепшую хатнюю жывёлiну – чалавека.
"Пасярэдзiне мы паставiлi сваё крэсла, – так кажа мне iхняя ўсмешка, аднолькава далёка як ад памiраючых гладыятараў, так i ад задаволеных свiней".
Але гэта – пасрэднасць: хоць i называюць яе сцiпласцю.
3
Я хаджу сярод людзей i кiдаю слова-другое: яны ўжо не ўмеюць нi падняць, нi захаваць iх.
Яны здзiўляюцца, што я прыйшоў не выкрываць iх распусту i заганы; i праўда ж, не на тое прыйшоў я, каб асланяць ад дробных зладзюжак!
Яны здзiўляюцца, што не змыслены я вастрыць i выменчваць iхнюю мудрасць: нiбыта мала ў iх навостраных мудрацоў, чые галасы адгукаюцца ўва мне, як рыпенне грыфеля па аспiднай таблiцы.
I калi я заклiкаю: "Клянiце ўсiх баязлiвых дэманаў у вас, якiя любяць скуглу сваю, – пабожна складваць далонi i ўзносiць малiтвы", – яны кажуць абурана: "Заратустра – бязбожнiк".
I надта ж галаслiва лямантуюць iхнiя прапаведнiкi ўпакорвання – але якраз жа мне i падабаецца крычаць у гэтыя вушы: "Праўда! Заратустра – бязбожнiк".
Гэтыя настаўнiкi ўпакорвання! Усюды, дзе ёсць нiкчэмства, хвароба, струпы, поўзаюць яны, як вошы: i толькi агiда не дае мне душыць iх.
Ну што ж! Вось мая казань у iхнiя вушы: "Я Заратустра, бязбожнiк, якi пытаецца: "Хто бязбожнейшы за мяне, каб я парадаваўся ягонай навуцы?"
Я – Заратустра, бязбожнiк: усё Выпадковае вару ў сваiм катле. I толькi калi яно ўварыцца, я вiтаю яго, як сваю ежу.
I праўда, часта выпадак загадна наблiжаецца да мяне: але яшчэ больш загадна звярталася да яго мая воля – i адразу ён падаў на каленi; – благаючы, каб я сардэчна прыняў яго i даў прытулак, i лiслiва ўмаўляў: "Паглядзi, Заратустра, так толькi сябар падыходзiць да сябра!"
Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тады я буду заклiкаць усе вятры.
Вы ўсе драбнееце, маленькiя людзi! Вы ўсе мiзарнееце i крышыцеся, вы, аматары камфорту! Вы яшчэ загiнеце, – праз многiя нiкчэмныя дабрадзействы, праз дробныя грахi, праз нiкчэмную вашу ўпакоранасць!
Занадта шмат мiлажалю, занадта шмат саступлiвасцi – вось ваша глеба. Але каб дрэва вырасла вялiкае, яму трэба пусцiць магутныя каранi ў цвёрдай скале!
Нават тое, што вы ўпускаеце, дапамагае ствараць тканiну будучынi ўсяго чалавецтва, нават вашае Нiчога – толькi павуцiна i павук, якi жыве крывёю будучага.
I калi вы бераце, вы быццам крадзеце, вы, маленькiя праведнiкi; але нават у шэльмаў ёсць свой гонар: "Крадзь толькi тады, калi нельга адабраць сiлаю!"
"Гэта даецца" – вось яшчэ адна запаведзь упакоранасцi. Я ж кажу вам, вы, самазадаволеныя: бярэцца i яшчэ болей будзе брацца ад вас!
О, калi б вы стрэслi з сябе ўсякае ваша паўляжанне i сталi рашучыя як у дзеяннi, так i ў бяздзеяннi!
О, калi б вы зразумелi маё слова: "Заўсёды рабiце тое, чаго хоча ваша воля, але спачатку станьце тымi, хто можа хацець!
Любiце i блiзкiх сваiх, як самiх сябе, – але раней станьце тымi, хто любiць самога сябе.
Любiць вялiкай любоўю, любiць вялiкай пагардай!" – так кажа Заратустра, бязбожнiк.
Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тут мне яшчэ рана прамаўляць.
Я сам – мой папярэднiк сярод гэтых людзей, – пеўнеў крык на яшчэ цёмных вулiцах.
Але iхняя гадзiна падыходзiць! I мая – таксама! З кожнай гадзiнай яны драбнеюць, бляднеюць, робяцца бясплоднымi – чэзлая зелянiна! бедная глеба!
Праўда, неўзабаве станеце вы перад мною засохлаю травою, стэпам неўрадлiвым, стомленыя ад самiх сябе, асмяглыя, – але, бадай, сасмяглыя больш ад агню, чым без вады!
О, шчырахвальная гадзiна маланкi! О таямнiца надпалуднёвай гадзiны! Калi-небудзь я абярну вас у лёткае полымя, i вы будзеце вешчаваць вогненнымi языкамi – языкамi полымя пачняце вы звеставаць: "Ён настае, ён блiзкi, Вялiкi Полудзень!"
Так сказаў Заратустра.
На Елеонскай гары
"Зiма, госця лiхая, сядзiць у маiм доме; пасiнелi мае рукi ад яе прыяцельскага поцiску.
Я паважаю яе, гэтую лiхую госцю, але ахвотна пакiдаю адну. Я люблю ўцякаць ад яе, i калi бегчы борзда, можна ўцячы.
Борздымi нагамi, з палкiмi думкамi я бягу туды, дзе ацiхае вецер, – у асветлены сонцам закутак маёй гары Елеонскай.
Там я смяюся з суровай госцi, але я ёй заўдзячваю тое, што яна ў мяне ловiць мух i суцiшае шум.
Песнi нават аднаго камара яна не хоча слухаць, тым болей двух; яна спусташае вулiцу, аж нават месяц баiцца заглянуць туды ўначы.
Яна суровая госця, але я шаную яе i не малюся, як якi пестунец, пузатаму богу агню.
Лепей крыху паляскатаць зубамi, чым пакланяцца iдалам! – такi ў мяне характар. I асаблiва я не люблю ўсiх агнявых iдалаў – распаленых, дымных, задушлiвых.
Каго люблю, таго гарачэй люблю ўзiмку, чым летам; злей i весялей смяюся са сваiх ворагаў, калi зiма прыходзiць у мой дом.
Праўда, я шчыра смяюся нават тады, калi запаўзаю ў пасцель: тады смяецца i гарэзуе маё схаванае шчасце; смяецца i падманлiвы мой сон.
Я – плазун? Нiколi ў жыццi не слаўся плазам перад уладарамi; а калi i хлусiў, дык хлусiў толькi з любовi. Вось чаму я вясёлы нават у зiмовым ложку.
Просты ложак грэе мяне лепей за пышны, бо я раўнiвы да гароты сваёй. I зiмою яна верная мне.
Злосным выпадам пачынаю я кожны дзень i смяюся з зiмы халоднаю ваннаю: мая строгая госця толькi бурчыць.
Я люблю паказытаць яе васковаю свечкаю: каб яна, нарэшце, выпусцiла неба, мудрае, быццам старац з сiвою галавою, маўклiвае зiмовае неба, што часта маўчыць нават пра сваё сонца!
Цi не ў яго я навучыўся светла маўчаць? Або, можа, яно навучылася ў мяне? Або ж мо кожны з нас сам сабе адкрыў яго?
Шматграннае i складанае паходжанне ўсiх добрых рэчаў – усе добрыя, бадзёрыя рэчы апантана скачуць у жыццё: няўжо iснаваць iм толькi адзiн раз?
Доўгае маўчанне – таксама неблагая, бадзёрая рэч: маўчаць i, як зiмовае неба, шырока расплюшчанымi вачмi на ясным, светлым твары, доўга глядзець; падобна зiмоваму небу хаваць сваё сонца i сваю непахiсную сонечную волю: праўда ж, добра вывучаў я гэта мастацтва i гэтую зiмовую бадзёрасць!
Маё майстэрства i светлая нянавiсць у тым, што маё маўчанне навучылася не выдаваць сябе маўчаннем.
Ператрасаючы словы i гульнёвыя касцi, мне няраз удавалася перахiтрыць тых, хто поўны ўрачыстага чакання, перахiтрыць так, каб вымкнулiся з-пад увагi гэтых прыглядчыкаў мае воля i мэта.
Каб нiхто не бачыў асновы i апошняй маёй волi, – на тое i вынайшаў я доўгае светлае маўчанне.
Шмат разумных людзей знайшоў я: яны хавалi свой твар i каламуцiлi ваду, каб нiхто нiчога не бачыў у iх i скрозь iх.
Але якраз да iх i прыходзiлi найразумнейшыя i недаверлiвыя, майстры лускаць усякiя арэхi: менавiта з iх i вылоўлiвалi сама асцярожную рыбку!
Але светлыя розумам, бадзёрыя i празрыстыя – сама мудрыя маўклiўцы: такая глыбокая аснова ў iх, што нават сама празрыстая вада не выдае iх дна.
Ты, снежнабародае маўклiвае зiмовае неба, ты, сiвы дзед, якi з подзiвам глядзiць на мяне са сваёй вышынi! Ты, нябесны сiмвал маёй душы i яе дзёрзкасцi!
I хiба мне не трэба хавацца, як таму, хто праглынуў золата, каб не раскроiлi мне душу?
I цi ж абыдуся без хадуляў, каб не заўважылi маiх доўгiх ног усе гэтыя зайздроснiкi i ненавiснiкi навокал мяне?
Гэтыя закурэлыя, задушлiвыя, зношаныя, выцвiлыя, змаркочаныя душы – хiба можа iх зайздрасць стрываць маё шчасце?
Таму i паказваю я iм толькi зiму i лёд на вяршынях маiх i не, – што мая гара акружана ўсiмi паясамi сонца!
Яны чуюць толькi сковыт маiх зiмовых бураў: i не – як я лётаю над паўднёвымi морамi, якiя яны палкiя, цяжкiя, скварныя – паўднёвыя вятры.
Праўда, яны сужальваюцца з маiх нягодаў i выпадковасцяў; але такое маё слова: "Дапусцiце ўсе выпадковасцi да мяне, невiнаватыя яны, быццам малыя дзецi!"
Цi ж бы вытрывалi яны маё шчасце, калi б не схаваў я яго пад няшчасцямi i зiмовай сцюжай, пад шапкамi з шкураў белых мядзведзяў, пад покрывам снежных нябёсаў!
– калi б я сам не ўмiлажалiўся са спагады iхняй – мiлажалем гэтых змрочных зайздроснiкаў!
– калi б я не ўздыхаў i не дрыжаў перад iмi ад холаду, цярплiва дазваляючы ахутваць сябе спагадай!
I ў тым дзёрзкасць i добрая воля маёй душы, што не хавае яна зiмы i сваiх снежных бураў; але не хавае i сваiх памарожанняў.
У аднаго адзiнота – гэта ўцёкi хворага, а ў другога – уцёкi ад хворых.
Няхай чуе, як я дрыжу i ўздыхаю ад зiмовай сцюжы, гэты зброд, якi недаверлiва касавурыцца, абступiўшы мяне! Задыхаючыся i з дрыжыкамi ўцякаў я з iх напаленых пакояў.