Текст книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Автор книги: Фридрих Вильгельм Ницше
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 16 страниц)
Вось ты варушышся, пацягваешся, крэкчаш? Уставай! Не крактаць павiнна ты, а гаварыць! Цябе клiча бязбожнiк Заратустра!
Я, Заратустра, абаронца жыцця, абаронца цярпенняў, абаронца кола – я клiчу цябе, мая прадонная думка!
О, здароўя мне! Ты iдзеш, я чую цябе! Бездань мая кажа, сваю апошнюю глыбiню выставiў я на святло!
Здароўя мне! Прыходзь! Прыходзь! Падай мне руку – ха! пусцi! ха-ха! мярзота, мярзота, мярзота – гора мне!"
2
Але як толькi Заратустра вымавiў гэтыя словы, упаў, як мёртвы, i доўга ляжаў нерухома, як мёртвы. Ачуняўшы, ён быў белы, дрыжаў, не сыходзiў з месца i доўга не браў нi есцi, нi пiць. А трывала гэта сем дзён; але звяры не пакiдалi яго нi ўночы, нi ўдзень, i толькi арол лётаў па ежу. Усё, што ён знаходзiў альбо здабываў сiлаю, складваў Заратустру на ложак; так што той ляжаў сярод жоўтых i чырвоных ягад, вiнаграду, сакавiтых яблыкаў, кедравых арэхаў i духмяных траў. А ў ногi былi пакладзены два ягняцi – цяжка далося адбiць iх у пастухоў.
Нарэшце, праз сем дзён падняўся Заратустра на ложку, узяў у рукi чырвоны яблык, панюхаў – i прыемны яму быў пах яблыка. I тады вырашылi ягоныя звяры, што пара загаварыць з iм.
"О Заратустра, – сказалi яны, – вось ужо сем дзён, як ты ляжыш з ацяжэлымi вачыма: цi не хочаш ты нарэшце ўстаць на ногi?
Выйдзi са сваёй пячоры: свет чакае цябе, як сад. Вецер калыша густыя пахошчы, якiя ляцяць да цябе, i ўсе ручаi гатовыя бегчы за табою.
Усе рэчы ўтохлiся па табе, ты ж бо сем дзён ляжаў адзiн: дык выйдзi з пячоры! Усе рэчы хочуць быць табе лекарамi!
Альбо, можа, новая веда прыйшла да цябе, горкая i цяжкая? Як рашчыненае цеста ляжаў ты, i вось – паднялася душа твая i выйшла за свае межы".
О звяры мае, адказаў Заратустра, балбачыце сабе i дайце мне наслухацца вас! Разбiраюць мяне вашы казанi; там, дзе так балбочуць, там свет расхiнаецца мне садам.
Як прыемна, што ёсць словы i гукi: словы i гукi – хiба яны не прывiдныя масты i вясёлкi памiж усiм, што раз'яднана навекi?
У кожнай душы – свой адмысловы свет, i свет iншай душы для яе – свет iншы.
Якраз у рэчах, найбольш памiж сабою падобных, найпрыгажэй хлусiць блiзiр падабенства; бо сама малую прорву найцяжэй пераскочыць.
Цi ж можа быць мне што-небудзь – па-за мною? Нiчога няма па-за намi! Але чуючы гукi, мы забываемся пра гэта; як цудоўна, што мы забываемся!
Цi не на тое падораны рэчам iмёны i гукi, каб чалавек прападаў па любасных рэчах? Гаварыць – гэта цудоўная дурасць: гаворачы, чалавек танцуе над усiмi рэчамi.
Якая прыемная ўсякая казань i падман гукамi! Гукамi танцуе наша любоў па каляровых вясёлках".
"О Заратустра, – сказалi на гэта звяры, – таму, хто думае гэтаксама, як i мы, усе рэчы танцуюць самi па сабе; усё прыходзiць, падаё адно аднаму рукi, смяецца, уцякае i зноў вяртаецца.
Усё сыходзiць, усё вяртаецца; вечна коцiцца Кола Жыцця. Усё памiрае, усё зноў зацвiтае; вечна бяжыць Год Жыцця.
Усё разбураецца, усё будуецца зноў; вечна будуецца ўсё той самы Дом Жыцця. Усё разлучаецца i сустракаецца зноў; вечна вернае сабе застаецца Кола Жыцця.
Кожнае iмгненне пачынаецца жыццё; вакол кожнага "тут" абарачаецца колападобнае "там". Сярэдзiна – усюды. Дарога вечнасцi – крывая".
"Ах вы, шэльмы! Ах вы, катрыншчыкi! – адказаў Заратустра i зноў заўсмiхаўся, – вы добра ведаеце, што павiнна спраўдзiцца ў сем дзён;
– i як пачвара тая запаўзла мне ў горла i душыла мяне! Але я адкусiў ёй галаву i выплюнуў.
А вы, – вы ўжо зрабiлi з гэтага песеньку на катрынку? I вось, я ляжу тут, яшчэ не ачомаўся ад схваткi з той пачварай i яшчэ не ачуняў ад збавення свайго.
I вы гледзiце на ўсё гэта? О звяры мае, няўжо i вы жорсткiя? Няўжо i вам, як людзям, падабалася глядзець на жудасныя пакуты мае? Бо чалавек – сама жорсткi звер.
Трагедыi, крыжаваннi, бой быкоў – усё гэта было ў яго дагэтуль найбольшай радасцю на зямлi; i калi ён прыдумаў пекла, дык пекла зрабiлася яму на зямлi небам.
Калi вялiкi чалавек крычыць – тут i лётам ляцiць да яго маленькi, пажадлiва высалапiўшы язык, i называе гэта – "спагадаю".
З якiм запалам маленькiя людзi – асаблiва паэты – вiнавацяць жыццё на словах! Паслухайце iх, але не прапусцiце задаволенасцi, якая гучыць у кожнай iхняй скарзе!
Жыццё iмгненна перамагае сваiх вiнаваўцаў. "Ты любiш мяне? – пытаецца яно бессаромна.
Пачакай крыху, пакуль што мне няма калi разбiрацца з табою".
З сабою чалавек – сама жорсткi звер; але ў кожнага, хто называе сябе "грэшнiкам", "тым хто нясе крыж свой" альбо "пакаянцам", не прапусцiце пахацiнства, якое гучыць у кожнай ягонай скарзе i асудзе!
Але кажучы ўсё гэта, цi не раблюся i я сам абвiнаваўцам чалавека? О звяры мае, вось адзiнае, чаго я навучыўся да гэтага часу: усё лiхое ў чалавеку патрэбна яму дзеля яго ж дабра i ўсяго найлепшага,
– усё благое i лiхое ёсць найлепшая сiла i цвёрды камень у руцэ ў найвялiкшага творцы; чалавеку трэба рабiцца ўсё лепшым i злейшым.
Але не на тым веданнi я быў распяты, што чалавек злы, наадварот, я крычу, як дагэтуль нiхто не крычаў:
"О,якая нiкчэмнасць усё лiхоцце ягонае! О, якое дробнае ўсё яго найлепшае!"
Запаўзлi мне ў горла i душылi мяне велiзарная перанасычанасць чалавекам i прадказаннi прарока: "Усё роўна нiшто не мае ўзнагароды сваёй, веданне душыць".
Доўгае сутонне слалася перад мною; да смерцi стомленая i на смерць п'яная скруха мармытала, пазяхаючы:
"Вечна вяртаецца ён, той маленькi чалавек, ад якога ты так стамiўся" так, пазяхаючы, казала скруха мая, пацягвалася i не магла заснуць.
Нарокi мае сядзелi на ўсiх магiлах чалавечых i не маглi падняцца; зiтханнi мае i пытаннi ўдзень i ўначы турзалi мяне скаргамi, i душылi, i злавесна кракалi:
"О, чалавек заўсёды вяртаецца! Маленькi чалавек вечна вяртаецца!"
Калiсьцi я бачыў абодвух голых – сама вялiкага чалавека i сама малога: надта падобныя яны адзiн да аднаго – нават у сама вялiкiм яшчэ залiшне чалавечага!
Нават сама вялiкi – якi ж ён яшчэ малы! – гэта было маё перанасычэнне чалавекам! А вечнае вяртанне маленькага чалавека адварочвала мяне ад жыцця агiдаю!
О агiда! Агiда! Агiда!" – так казаў Заратустра, уздыхаючы i здрыгаючыся; бо згадаў ён сваю хваробу. Але звяры не далi яму дагаварыць казань.
"Не гавары болей, о ты, што выздараўлiваеш! – адказвалi яны яму. – Лепей выйдзi вонкi, туды, дзе свет, быццам сад, чакае цябе.
Iдзi да ружаў, i да пчол, i да чародаў галубоў! Але спачатку iдзi да пеўчых птушак – i навучыся ў iх спяваць!
Бо спевы – таму, хто папраўляецца; а здароваму – казанi. Ну, а як што i здароваму закарцiць спяваць, дык песнi ягоныя будуць не такiя".
"Ах вы шэльмы i катрыншчыкi, замоўкнiце! – адказваў Заратустра, смеючыся са сваiх звяроў. – Вы добра ведаеце, якую ўцеху здабыў я сабе за гэтыя сем дзён!
Мне трэба зноў спяваць – вось тая ўцеха i цаленне, якiя ўведаў я: цi не хочаце вы i з гэтага зрабiць вулiчную песеньку?"
"Не кажы болей, – зноў адказвалi яму звяры, – лепей зрабi сабе лiру, о, каторы ацаляецца, новую лiру!
Згадзiся ж, о Заратустра! Новым песням патрэбна i новая лiра.
Спевамi, шумнай радасцю i новымi песнямi гой душу сваю, Заратустра: каб ты мог несцi цяжар вялiкага лёсу свайго, – долi, якая нiколi дагэтуль не выпадала чалавеку!
Бо добра ведаюць твае звяры, о Заратустра, хто ты i кiм павiнен зрабiцца: ты – настаўнiк Вечнага Вяртання, – гэта ад сёння доля твая!
Ты павiнен першы звеставаць гэта вучэнне – i як жа твой вялiкi лёс не будзе таксама найвялiкшай небяспекай i хваробай!
Вось мы ведаем, як вучыш ты: што ўсе рэчы вечна вяртаюцца, а з iмi i мы самi, што мы iснавалi ўжо безлiч колькi разоў, а з намi – усе рэчы.
Ты вучыш, што ёсць Вялiкi Год станаўлення, незвычайны год-волат; нiбы клепсiдра, павiнен ён абарачацца зноў i зноў, каб нанава напаўняцца i зноў цячы;
– i ўсе гэтыя гады роўныя самiм сабе, як у сама вялiкiм, так i ў сама малым; i самыя мы ў кожны Вялiкi Год роўныя сабе, як у сама вялiкiм, так i ў сама малым.
I калi б ты цяпер захацеў памерцi, о Заратустра, дык мы ведаем i тое, што б ты тады пачаў гаварыць пра сябе. Але звяры твае просяць, каб ты пакуль што не памiраў!
Без страху, глыбока ўздыхаючы ад шчасця, ты казаў бы: бо цяжар велiзарнае ношы быў бы з цябе зняты, о найцярплiвейшы!
"Вось я памiраю i знiкаю, – такiя былi б твае словы, – i ў iмгненне ператвараюся ў нiшто. Душы такiя ж смяротныя, як i целы.
Але сувязь прычын, у якiя я ўплецены, зноў вернецца i зноў створыць мяне! I сам я – адна з прычын Вечнага Вяртання.
Я вяртаюся – разам з гэтым сонцам, з гэтай зямлёй; з гэтымi арлом i змяёй – не дзеля нейкага новага, альбо лепшага, альбо падобнага жыцця:
Я вечна вяртаюся да гэтага жыцця як у сама вялiкiм, так i ў сама малым, каб зноў вучыць пра Вечнае Вяртанне ўсiх рэчаў.
– каб зноў сказаць сваё слова пра Вялiкi Полудзень зямлi i чалавека, каб зноў звеставаць людзям пра Звышчалавека.
Я сказаў слова i гiну ў iмя яго: так хоча вечны лёс мой – я гiну як прадвеснiк!
Настаў час, калi кожны, хто гiне i iдзе да схiлу свайго, дабрасловiць сам сябе. Так канчаецца захад Заратустры"...
Сказаўшы гэтыя словы, звяры замоўклi i чакалi адказу Заратустры: але ён не заўважыў, што спынiлiся iх прамовы. Нiбы ў сне, цiха ляжаў ён з заплюшчанымi вачыма, хоць i не спаў, – бо ён гутарыў са сваёю душою. I тады змяя i арол, бачачы, што ахiнула яго маўчанне, ушанавалi вялiкую цiшыню, якая абступiла яго, i асцярожна адышлi.
Пра вялiкае тамленне
"О душа мая, я навучыў цябе гаварыць "Сёння", i "Колiсь", i "Раней", i навучыў карагодзiць над усiмi "Тут", "Туды", i "Там".
О душа мая, з усiх закуткаў я вывеў цябе i ачысцiў ад пылу, павуцiны i мораку.
О душа мая, я змыў з цябе дробны сорам i загуменную цноту i пераканаў стаяць голай пад позiркам сонца.
Бурай, iмя якой – дух, бушаваў я над расхваляваным морам тваiм; усе хмары я разагнаў над табою i задушыў душагуба, якi называецца "Грэх".
О душа мая, я даў табе права казаць "Не", як кажа гэтая бура, i казаць "Так", як адкрытае чыстае неба: ты спакойная цяпер, быццам святло, i праходзiш праз усе буры адмаўлення.
О душа мая, я вярнуў табе свабоду над усiм створаным i няствораным: i хто ведае, як ведаеш ты, асалоду будучынi.
О душа мая, я навучыў цябе пагардзе, але не той, што прыходзiць, нiбы чарвiвасць, а вялiкай пагардзе, якая любiць, якая тады любiць больш за ўсё, калi больш за ўсё пагарджае.
О душа мая, я навучыў цябе пераконваць так, што пераконваеш ты i самыя асновы: падобна сонцу, якое пераконвае мора падняцца да сваiх вышыняў.
О душа мая, я зняў з цябе ўсякае паслушэнства, кленчанне i падуладнасць, я даў табе iмя "Пагарда бедаў" i "Лёс".
О душа мая, я даў табе новыя iмёны i цацкi i назваў цябе: "Лёс", "Кола колаў", "Пупавiна часу" i "Блакiтны звон".
О душа мая, твайму царству зямному даў я адпiць усякае мудрасцi, усiх новых вiнаў, а таксама ўсiх незабыўна-старых вiнаў мудрасцi.
О душа мая, святло многiх сонцаў вылiў я на цябе, цемру кожнай ночы, i ўсякую тугу i маўчанне: i вось – вырасла ты ў мяне, быццам лаза вiнаградная.
О душа мая, цяжкая плодам сваiм, быццам лаза вiнаградная, стаiш ты перада мною, з набрынялымi саскамi i цёмнымi, густа навiслымi залацiстымi гронкамi:
– збянтэжаная i прыгнечаная шчасцем, поўная чакання ў надмеры сваiм i ў сораме ад гэтага чакання.
О душа мая, нiдзе няма i не было падобнай да цябе, з большай любоўю, шырокай i ўсеахопнай! Дзе будучыня i мiнуўшчына сыходзiлiся б блiжэй, чым у табе?
О душа мая, я ўсё аддаў табе, i дзеля цябе апусцелi рукi мае. I вось! Цяпер ты гаворыш мне з усмешкай, поўная смутку: "Хто ж з нас павiнен дзякаваць:
– цi павiнен дзякаваць дарыльнiк, што ўзяў у яго той, хто бярэ? Дарыць цi гэта не патрэба есцi? Браць – цi не ёсць гэта спагада?"
О душа мая, я разумею ўсмешку смутку твайго: цяпер плод твой сам цягне журботныя рукi!
Паўната твая пазiрае на шумнае мора, шукае i чакае; туга ад надмеру глядзiць праз неба вачэй тваiх!
I сапраўды, о душа мая! Хто, бачачы ўсмешку тваю, не сплываў бы слязьмi? Самi анёлы лiлi б слёзы перад мiлатою ўсмешкi тваёй!
Твая даброць i твая звышдабрыня не хочуць скардзiцца i плакаць: але самая ўсмешка твая сплывае жаданнем слёз, i дрыготкiя вусны – прагаю галашэння.
"Усякi плач цi не ёсць скарга? I ўсякая скарга цi не ёсць абвiнавачанне?" – так ты кажаш сабе, i лепей усмiхаешся, чым слязьмi вылiваеш цярпеннi свае:
– патокамi слёз вылiць твае цярпеннi ад твайго надмеру i тамлення вiнаграднай лазы па вiнаградары з ягоным нажом!
Але калi не хочаш галасiць, не хочаш выплакаць пурпуровую скруху, табе дадзена будзе спяваць, о душа мая! Глядзi, я ўсмiхаюся сам, прадвяшчаючы табе гэта:
– табе дадзена будзе спяваць песню цярпенняў, пакуль моры не ацiхнуць, прыслухоўваючыся да тамлення твайго,
– пакуль на цiхай змаркочанай роўнядзi мора не паявiцца човен, залаты цуд, вакол золата якога кружляцьме ўсё добрае, благое i нябачнае;
– i мноства звяроў, вялiкiх i малых, i ўсе цудоўнае, легканогае, будзе бегаць па блакiтных сцежках,
– туды да залатога цуду, да вольнага чоўна i ягонага гаспадара – да вiнаградара, якi чакацьме з алмазным сваiм нажом,
– да твайго вялiкага збаўцы,о душа мая, – пакуль яшчэ безназоўнага; толькi песнi будучынi знойдуць яму iмя! I сапраўды, ужо водарыць дыханне тваё гэтымi песнямi;
– ужо палаеш i мроiш ты, ужо п'еш суцяшэнне з усiх глыбокiх, звонкiх крынiц, ужо адпачывае туга твая ў шчасцi будучых песень!
О душа мая, цяпер я аддаў табе ўсё, нават сваё апошняе, i дзеля цябе апусцелi мае рукi: я загадаў табе спяваць – вось маё апошняе!
Я загадаў табе спяваць, дык скажы мне, скажы: хто з нас павiнен дзякаваць? – Зрэшты, не, лепей спявай мне, спявай, о душа мая! I дазволь мне дзякаваць табе!"
Так сказаў Заратустра.
Другая скочная песня
1
"У вочы твае я заглянуў нядаўна, о Жыццё: блiшчала золата ў начы тваiх вачэй – i змоўкла маё сэрца перад палкiм жаданнем:
– я ж бачыў, як залаты човен блiшчаў на цёмнай вадзе, як знiкаў i як зноў паяўляўся, ныраў, вынырваў i да сябе вабiў, залаты човен-гушкалка!
На мае ногi, што парываюцца ў скокi, ты кiнула позiрк – смяшлiвы, пытальны, гарачы, п'янкi.
Сваiмi маленькiмi ручкамi ты толькi двойчы кранула кастаньеты – i вось ужо ногi мае ажылi, адурманеныя танцам.
Пяты адрывалiся ад зямлi, пальцы ног быццам прыслухоўвалiся, каб цябе зразумець: бо слых у танцора – у пальцах яго ног!
Я памкнуўся да цябе – i адступiлася ты ад мяне; зашалясцелi, узляцелi, узвiлiся на мяне хвалi тваiх валасоў!
Ад цябе i ад гэтых змей адхiснуўся я: i спынiлася ты, крыху адвярнуўшыся, i палкае жаданне гарэла ў паглядзе тваiм.
Хiтрымi позiркамi вучыш мяне ты дарогам крывым; на дарогах крывых вучацца хiтрасцi ногi мае!
Зблiзку я баюся цябе, здалёку – абагаўляю; твае ўцёкi вабяць, твой позiрк зысклiвы – спыняе: я пакутую, але чаго я не адцярпеў бы дзеля цябе!
Дзеля цябе, чый холад успалымняе, чыя нянавiсць чаруе, чые ўцёкi прывязваюць, чые кпiны хвалююць:
– хто не адчуваў нянавiсцi да цябе – якая скоўвае, аблытвае, спакушае, шукае, здабывае! Хто не любiў цябе – невiнаватую, нецярплiвую, шалапутную грэшнiцу з вачыма дзiцяцi!
Куды надзiш мяне цяпер, ты – верх дасканаласцi i неўтаймавальнасцi? I зноў уцякаеш – салодкая i няўдзячная ветрагонка!
У танцы iмкнуся я за табою, па найменшым следзе, табою пакiнутым. Дзе ты? Падай мне руку! Хоць адзiн пальчык падай!
Тут пячоры i зарасцi: можна заблудзiцца! Стой! Пачакай! Хiба не бачыш ты, як праносяцца совы i кажаны?
Ты – сава! Ты – кажан! Хочаш дражнi мяне? Дзе мы? Цi не ў сабак навучылася ты скуголiць i брахаць?
Як мiла шчэрыш ты на мяне белыя зубкi, а злыя вочы так i блiскаюць у цянi валасоў!
Вось гэта танец дык танец! Я – паляўнiчы, кiм жа ты хочаш быць: маiм сабакам цi сарнай?
Вось ты i поруч! Яшчэ хутчэй, лiхая скакуха! А цяпер угору! I туды! Жаль! Скачучы, я сам упаў!
О пагардлiвая, глядзi, – я ляжу i прашу лiтасцi! Больш прыемнымi сцежкамi хацеў бы iсцi я з табою:
– сцежкамi кахання праз моўчу стракатых зарасцяў! Альбо там, па беразе возера, у глыбiнях якога танцуюць залатыя рыбкi!
Ты стамiлася? Зiрнi на вячэрнюю зару; а вунь – пасуцца авечкi; хiба не дзiвосна – заснуць пад гукi пастуховай жалейкi?
Ты так стамiлася? Я занясу цябе туды, абдымi мяне! А калi ты сасмягла, я знайду, чым цябе напаiць, толькi вусны твае адмовяцца пiць!
О гэта гнуткая, увiшная змейка, вядзьмарка праклятая! Увiнулася! Дзе ты? А на твары маiм засталiся дзве чырвоныя плямы ад тваiх рук!
Далiбог, я стамiўся быць пастухом тваiм вечным! Я дагэтуль спяваў табе, чарадзейка, а цяпер – ты закрычыш у мяне!
У такт плётцы маёй будзеш скакаць i крычаць! Бо не забыўся ж я плёткi? Не, не забыўся!"
2
Так, адказвала мне Жыццё, зацiскаючы рукамi свае далiкатныя вушы:
"О Заратустра! Не ляскай так страшна плёткай сваёю! Ты ж ведаеш: шум забiвае думкi, а да мяне якраз прыйшлi такiя пяшчотныя думкi!
Мы з табою – па-за дабром i па-за лiхам i не творым нi таго нi другога. Па той бок дабра i зла знайшлi мы выспу сваю i зялёны луг – мы двое, толькi я i ты! Таму мы павiнны жыць у спакоi i згодзе!
А калi мы не любiм адно аднаго ад шчырага сэрца, цi варта праз гэта гневацца?
Ты ж ведаеш, што хораша стаўлюся я да цябе, а часта нават залiшне хораша: i ўсё таму, што раўную цябе да тваёй мудрасцi. Ах, гэтая мудрасць, старая бязглуздая дурнiца!
Але калi мудрасць твая возьме дый кiне цябе, тады i любоў мая нядоўга прабудзе з табою".
Тут Жыццё задуменна азiрнулася i цiха сказала: "О Заратустра, ты не надта верны мне!
Ты даўно ўжо любiш мяне не так моцна, як кажаш: ведаю, ты збiраешся неўзабаве пакiнуць мяне.
Бо ёсць стары, цяжкi-цяжкi, гулкi звон – да самай пячоры тваёй далятаюць уначы ягоныя ўдары:
– I калi чуеш ты, як апоўначы б'е гадзiннiк, ты думаеш памiж першым i апошнiм – дванаццатым ударам
– думаеш пра тое, о Заратустра, што неўзабаве пакiнеш мяне, – я ведаю гэта".
"Ведаю, – вагаючыся, адказаў я, – але ты ведаеш таксама..." – I я сказаў Жыццю нешта на вуха, шэптам, пра залатыя пасмы яго скудлачаных, вар'яцкiх валасоў.
"Ты ведаеш гэта, о Заратустра? Гэтага не ведае нiхто".
I глядзелi мы адно на аднога, i пазiралi на зялёны луг, на якi клаўся вечаровы халадок, i галасiлi. I гэтым разам Жыццё было мне мiлейшае, чым калi-небудзь мудрасць мая".
Так сказаў Заратустра.
3
Раз!
О чалавеча! Зважай!
Два!
Глыбокае поўначы думкi чытай!
Тры!
"Я заснуў, я заснуў
Чатыры!
Прачнуўся з глыбокага сну:
Пяць!
Глыбокi мой свет.
Шэсць!
Глыбейшы, чым думала ноч.
Сем!
Глыбокi боль свету,
Восем!
Радасць – за скруху глыбейшая:
Дзевяць!
Хто кажа: "Мiнiся!
Дзесяць!
Але ўсякая радасць прагне вечнасцi,
Адзiнаццаць!
Прагне глыбокай, глыбокай вечнасцi!"
Дванаццаць!
Сем пячатак, альбо Песня сцвярджэння i праўды
1
Калi я прарок i калi ўжо я поўны таго прарочага духу, якi лунае над горным перавалам памiж двума морамi,
цяжкаю хмараю блукаючы над мiнулым i будучым; варожы душным нiзiнам i ўсяму стомленаму, што не можа нi жыць, нi памерцi,
гатовы кiдаць маланкi з цёмных грудзей i прамянi святла, якiя збаўляюць; цяжарны маланкамi, якiя ўсклiкаюць "Так!"; у чыiм смеху гучыць "Так!"; гатовы разлiць святло прароцтваў:
– але шчасны той, хто носiць гэта ва ўлоннi сваiм! I праўда, доўга ён будзе цяжкаю хмараю навiсаць над скалою, той, хто калiсьцi мае запалiць святло будучынi!
О, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю, бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
2
Калi свайго часу мой гнеў разбураў магiлы, перастаўляў пагранiчныя камянi i скiдаў у прорвы старыя разбiтыя скрыжалi;
калi кпiны мае, быццам бура, змяталi парахно сатлелых слоў, i быў я памялом усiм павукам-крыжакам i ачышчальным ветрам старым задушлiвым скляпам:
– калi я сядзеў, радуючыся, каля мясцiнаў супакаення старых божышчаў, дабраслаўляючы i любячы свет каля помнiкаў былым паклёпнiкам на яго:
– бо люблю я нават цэрквы i магiлы божышчаў, калi праз разбураныя купалы глядзiць сонца сваiм ясным вокам; i быццам травы i чырвоныя макi, люблю я руiны храмаў:
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
3
Калi раней да мяне прыходзiла натхненне, якое брала пачатак ад таго жыватворнага дыхання, ад той нябеснай неабходнасцi, што нават выпадковасцi прымушае зорна карагодзiцца;
калi я смяяўся калiсьцi смехам стваральнай маланкi, за якою грозна, але непакорлiва iдзе гром дзеяў;
калi колiсь сядзеў з божышчамi за гульнёвым сталом зямлi i гуляў з iмi ў косцi, так што зямля дрыжала i пакрывалася шчылiнамi, вырыгаючы ў прастору патокi агню:
– бо зямля – гэта стол божышчаў, якi ўздрыгвае ад iх гульнёвых касцей i новых творчых размоваў:
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
4
Калi за адзiн глыток выпiваў я калiсьцi пенiсты моцны трунак з кубка, у якiм была прыгатаваная сумесь усiх рэчаў:
калi рука мая змешвала разам далёкае i блiзкае дадаючы агню ў дух, да цярпенняў – радасць, да благога – добрае;
калi я сам – драбiнка той выбаўляльнай солi, чыёй сiлай у тым кубку нараджаецца добрая сумесь:
– бо ёсць соль, якая звязвае дабро са злом, i нават самое зло будзе добрай прыправай i шумавiннем лiшку, што б'е цераз край:
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую хахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
5
Калi я люблю мора i ўсё, што роднаснае мору, асаблiва калi яно гнеўна супярэчыць мне;
калi ёсць ува мне тая радасць пошуку, што iмкне ветразi насустрач нязведанаму, калi ёсць у радасцi маёй радасць марака;
калi колiсь радасць мая ўсклiкала: "Бераг знiк з вачэй – сёння апалi з мяне апошнiя путы,
– бясконцасць бушуе навокал, дзесьцi там, далёка, вабна ззяе прастора i час, наперад! Мацуйся, старое сэрца!":
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
6
Калi дабрачыннасць мая – дабрачыннасць танцора, i я часта абедзвюма нагамi ныраў у залацiста-аксамiтны экстаз;
калi злосць мая – злосць смяшлiвая, што жыве сярод ружаў i лiлеяў;
– а ў смеху ўсё благое адно каля аднога, але асвячонае i апраўданае боскасцю сваёю;
– i калi ў тым альфа i амега мая, каб усё цяжкае зрабiлася лёгкiм, усякае цела, i танцавала, а дух зрабiўся птушкай: i праўда, гэта i ёсць альфа i амега мая!
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
7
Калi колiсь я распасцiраў над сабою цiхае неба i на сваiх крылах iмкнуўся ў свае нябёсы;
– калi, гуляючы, я плаваў у глыбiнях святла, i птушка-мудрасць прылятала да свабоды маёй;
– i казала мне так: "Зiрнi, няма нi верху, нi нiзу! Усюды ўзлятай, цi то ўгору, а цi то ўнiз – ты ж лёгкi! Спявай! Перастань гаварыць;
– цi ж усе словы створаны не для цяжкiх? Цi ж усе словы не хлусяць лёгкiм! Спявай! Перастань гаварыць!"
– о, як не iмкнуцца мне палымяна да Вечнасцi i да шлюбнага пярсцёнка над усiмi пярсцёнкамi – да Пярсцёнка Вяртання!
Нiколi яшчэ не сустракаў я жанчыны, ад якое хацеў бы дзяцей, акрамя той, якую кахаю: бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
Бо я кахаю цябе, о Вечнасць!
ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ I АПОШНЯЯ
– "О, дзе ў свеце хто нарабiў большага глупства, як мiлажальнiкi? I што ў свеце спрычынiла болей пакут, чым дурасць мiлажальных? Гора тым, якiя любяць, але яшчэ не дасягнулi вышынi, якая вышэй за iх мiлажаль! Сказаў мне аднаго разу д'ябал: "I ў Бога есць сваё пекла: гэта Ягоная любоў да людзей". А нядаўна я чуў ад яго: "Бог памёр, ад мiлажальнасцi сваёй да людзей памёр ён".
Заратустра. Пра мiлажальных
Мядовая ахвяра
I зноў беглi месяцы i гады над душой Заратустры, а ён не заўважаў гэтага; але валасы ў яго пасiвелi. Аднаго разу сядзеў ён на каменi каля пячоры i моўчкi глядзеў удалечыню на ўздыбленыя марскiя нетры; звяры яго задуменна, пахаджалi вакол i, нарэшце, спынiлiся перад iм.
"О Заратустра, – сказалi яны, – цi не цiкуеш ты за сваiм шчасцем?"
"Што мне тое шчасце! – адказаў Заратустра. Даўно ўжо я не iмкнуся да шчасця – я iмкнуся да свае справы". – "О Заратустра, – сказалi звяры, – ты кажаш так, быццам паверх усякае меры перапоўнены дабром. Быццам ты плывеш у блакiтным возеры шчасця!" – "Ах вы, хiтруны, – адказаў Заратустра, усмiхаючыся, – якi ўдалы вобраз вы выбралi! Аднак вы ведаеце, што шчасце маё цяжкае i не падобнае на рухлiвую хвалю: яно гняце i не адстае ад мяне, быццам растопленая смала".
Тады звяры зноў задумалiся i пачалi хадзiць вакол, пасля зноў спынiлiся перад iм. "О Заратустра, – казалi яны, – дык вось чаму ты робiшся ўсё жаўцейшы i чарнейшы, хоць валасы твае бялеюць i робяцца падобнымi на лён? Глянь, ты i праўда нiбыта ўвесь у смале!" – "Ды што вы такое кажаце, звярове мае, смеючыся адказаў Заратустра! – праўда, абылгаў я сваё шчасце, параўнаўшы яго з смалой. З усiмi пладамi, якiя спеюць, адбываецца тое самае, што i са мною. Гэта – мёд у жылах маiх; ён згушчае маю кроў, а душу робiць спакайнейшаю". "Мабыць, так яно i ёсць, – адказалi звяры, наблiжаючыся да яго, – а цi не хочаш ты сёння падняцца на высокую гару? Паветра празрыстае, i з гары свет лепей бачыцца, чым калi-небудзь iншым часам". – "Так яно, звярове мае, адказваў ён, – цудоўная ваша парада па сэрцы мне: я падымуся на высокую гару! Але паклапацiцеся, каб у мяне быў мёд – жоўты, чысты, празрысты, халодны, як лёд, залацiсты сотавы мёд. Бо ведайце, – там, угары, я хачу прынесцi мядовую ахвяру".
Але калi Заратустра дабраўся да вяршынi гары, ён адаслаў звяроў, якiя iшлi з iм, дамоў, i ўжо як убачыў, што застаўся адзiн, шчыра засмяяўся i, азiрнуўшыся, сказаў:
"Я гаварыў пра ахвяры i пра мядовую ахвяру: гэта была толькi зачэпка i, шчыра кажучы, карыснае дзiвацтва! Тут, угары, я магу гаварыць вальней, чым перад пячорамi пустэльнiкаў i свойскiмi жывёламi.
Ахвяраваць? Хутчэй я распускаю тое, што мне дораць, – марнатраўца з тысячай рук: як мне назваць гэта ахвярай!
I калi я хацеў мёду, я хацеў толькi прынады салодкага, густога мядовага соку, якiм ласуюцца бурклiвыя мядзведзi i дзiвосныя драпежныя птушкi:
– найлепшай прынады, якая так патрэбна паляўнiчым i рыбакам. Бо калi гэты свет падобны на лес, населены дзiкiмi звярамi, i на паляўнiчыя абшары, дык, па-мойму, ён яшчэ больш падобны на бяздоннае i поўнае мора,
– на мора, поўнае стракатых рыб i крабаў, мора, якое парадавала б нават багоў, калi б яны захацелi самi парабiцца рыбакамi i закiдваць мярэжы: такi багаты гэты свет на вялiкiя i малыя дзiвосы!
Асаблiва свет людскi, людское мора: я закiдваю ў яго залатую вуду i кажу: расхiнiся, бездань людская!
Расхiнiся i выкiнь мне рыб i блiскучых крабаў! Найлепшай прынадай наджу я сёння дзiвосных чалавечых рыб!
– само сваё шчасце я закiдваю ўдалячынь, ва ўсе староны, памiж усходам, зенiтам i захадам, каб убачыць, цi многа рыб сярод людзей пачне трапятацца i тузацца на прынадзе майго шчасця,
– пакуль, падчапiўшыся на вострыя, схаваныя кручкi, не давядзецца iм гэтым каляровым плотачкам безданi – дасягнуць маёй вышынi, вышынi сама зацятага лаўца чалавекаў i рыб.
Бо такi я ад пачатку, заваблiвы i панадны, цягну ўгору i ўзвышаю, выхоўваю i прыглядваю, бо нездарма ж я калiсьцi казаў сам сабе: "Будзь тым, хто ты ёсць!"
Няхай жа цяпер яны падымаюцца ўгору, да мяне: бо я чакаю азнакi, якая абвяшчае, што пачалася гадзiна сыходу майго; а сам я пакуль яшчэ не апускаюся ў людское мора, у якое сваiм часам мецьму апусцiцца.
Таму i чакаю я ў гэтых гарах, хiтры i пакеплiвы, без цярплiвасцi i нецярплiвасцi, а, бадай, як той, хто ўжо развучыўся трываць, бо "трываць" яму ўжо больш не даводзiцца.
Бо не спяшаецца доля мая: няйначай, забылася на мяне! Альбо прысела ў халадок за якiм-небудзь каменем i ловiць мух?
I сапраўды, за тое я ўдзячны сваёй вечнай долi, што яна не падганяе i не прыспешвае мяне, i не шкадуе яна часу на жарты i злосць: вось i сёння падняўся я на гэту высокую гару, каб лавiць рыб.
Цi лавiў хто калi-небудзь рыбу ў высокiх гарах? Але хай бязглуздае тое, што я раблю тут, угары: гэта ўсё-такi лепш, чым сядзець там, унiзе, урачыстым, пажаўцелым i пазелянелым ад чакання,
– надзьмутым ад чакання i гнеўным, як завыванне свяшчэннай буры, якая нецярплiва ляцiць з гор у далiны з лямантам: "Слухайце, а то я ўдару вас божым бiчом!"
Няма ў мяне непрыязнi да гэтых гняўлiвых, бо прыдатныя яны пад кпiны мае! Яны i павiнны быць настолькi нецярплiвыя, гэтыя велiзарныя, грымучыя барабаны: а раптам, калi iм сёння не дадуць слова, не атрымаюць яны яго нiколi?
Але я i доля мая, мы не звяртаемся нi да "Сёння", нi да "Нiколi": у нас ёсць цярплiвасць i час, нават лiшак i таго i другога, каб гаварыць. Бо калiсьцi ж павiнен прыйсцi ён, i нас ён тады не мiне.
Хто ж гэта павiнен прыйсцi i нас не мiнуць? – Наш Вялiкi Выпадак, наша вялiкае, будучае царства зямное, тысячагадовае царства Заратустры.
Цi далёка яшчэ да яго, да гэтага царства? Што мне да таго! Аднак не слабне ад гэтага мая вернасць – на гэтым стаю, стаю моцна, на абедзвюх нагах,
– на гэтай вечнай аснове, на цвёрдых, створаных ад пачатку камянях, на найвышэйшых цвярдынях спрадвечных гор, дзе сыходзяцца вятры, як каля мяжы бураў, пытаючыся – дзе? куды? адкуль?
Смейся, смейся, добрая лютасць мая! Скiдай унiз у далiны свой смех, якi ззяе пагардай! Сама цудоўных рыбiн сярод людзей прынадзь ззяннем сваiм!
I ўсё, што належыць мне ва ўсiх морах, тое, што ва ўсiм – маё-i-мне: гэта вылавi мне, гэта дастань з глыбiняў наверх. Вось чаго чакаю я, сама лiхi з усiх лаўцоў.
Далей, далей, мая вуда! Глыбей апускайся, прынада шчасця майго! Вылi па кроплi сваю найсаладзейшую расу, мёд майго сэрца! Угрызiся, кручок мой, у жывот усякаму чорнаму смутку!
Далей, далей, позiрк мой! О, як многа навокал мораў, колькi мiгае агнёў чалавечай будучынi! О, якая чырвоная цiша над мною! Якая бясхмарная моўча!"
Крык пра дапамогу
На другi дзень Заратустра зноў сядзеў на каменi каля пячоры, тым часам як звяры турлялiся па свеце, шукаючы есцi, а таксама новага мёду: бо Заратустра звёў i змарнаваў увесь стары мёд да апошняй кроплi. I вось, як гэта сядзеў ён з кiем у руцэ i абводзiў iм свой цень на зямлi, i разважаў, – але не пра сябе i не пра свой цень разважаў, – уздрыгнуў ён раптам ад перапалоху, бо побач са сваiм ценем убачыў нечы iншы. I калi ён хутка абярнуўся i ўстаў на ногi, убачыў перад сабою таго самага празарлiўца, у якога аднаго разу еў i пiў за сталом, таго самага першавеснiка вялiкай стомы, якi павучаў: "Усё адно нiшто не дае ўзнагароды, свет не мае сэнсу, веды – душаць". Але з таго часу змянiўся ягоны твар, i калi Заратустра зiрнуў яму ў вочы, зноў здрыганулася сэрца ягонае: так многа злавесных азнакаў i попельна-шэрых маланак прабегла па гэтым твары.