355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Фридрих Вильгельм Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) » Текст книги (страница 14)
Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 18:59

Текст книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"


Автор книги: Фридрих Вильгельм Ницше


Жанры:

   

Философия

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)

А другое – мой мезенец. Як толькi мой мезенец будзе ў вас, вы схопiце i ўсю руку, ат, воля ваша!

I сэрца ў дадатак! Прашу вас, госцi, дарагiя госцейкi!"

Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любовi i гневу. Пасля гэтага вiтання госцi спачатку пакланiлiся i пачцiва маўчалi, а кароль справа адказваў яму ад усiх.

"Па тым, як ты склаў вiтанне i падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынiзiўся перад намi; ты мала не зганьбiў наша пашанаванне:

– але хто здолеў бы, як ты, прынiзiцца так годна? I гэта бадзёрыць нас i дае радасць вачам i сэрцу.

Каб пабачыць такое, мы ахвотна паднялiся б на больш высокiя горы, чым гэтыя. Бо з прагаю да вiдовiшчаў прыйшлi мы сюды, мы хацелi пабачыць, што прасвятляе журботны пагляд.

I вось – наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мiнуўся. Ужо расхiнулiся i напоўнiлiся захапленнем нашыя пачуццi i сэрцы. Яшчэ крыху, i мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.

Не расце на зямлi, Заратустра, нiчога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна – найпрыгажэйшая раслiна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.

Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкi, маўклiвы, суровы, самотны, велiчны, гнуткi i пругкi, шляхетны,

– раскiдзiста-галiнасты над валоданнямi сваiмi; адважны субяседнiк вятроў, i бураў, i ўсяго, што адвеку блiзкае да вышыняў,

– i яшчэ больш адважны адказчык, валадар i пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такiя дрэвы?

Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны i бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, i гоiцца сэрца ягонае.

I сапраўды многiя позiркi звяртаюцца сёння да тваёй гары i твайго дрэва; узнiкла вялiкая туга, i многiя пытаюцца: хто такi Заратустра?

I ўсе, у чый слых ты калiсьцi па кропельцы ўлiваў сваю песню i свой мёд, усе, што адышлi ад свету, пустэльнiкi i тыя, хто самотны ўдвух, пачалi гаварыць сэрцу свайму:

"Цi жывы яшчэ Заратустра? Няварта жыць далей, усё адно ўсё марнае: альбо мы павiнны жыць з Заратустрам!"

"Чаму не прыходзiць ён, хто так даўно абвясцiў пра сябе? – так пытаюцца многiя. – Цi адасобленасць паглынула яго? Цi мы самi павiнны прыйсцi да яго?"

I вось цяпер сама адасобленасць сатлела i разбураецца, нiбы магiла, якая рассыпаецца i ўжо не можа трымаць мерцвякоў сваiх. Паўсюль вiдны ўваскрэслыя.

Усё вышэй i вышэй уздымаюцца хвалi вакол тваёй гары, о Заратустра. I якая высокая яна нi ёсць, многiя дойдуць да тваёй вышынi: нядоўга яшчэ човен твой будзе заставацца на сушы.

I што мы, спанявераныя, прыйшлi цяпер у тваю пячору i ўжо вызвалiлiся ад няверства – гэта ёсць азнака, папярэдняя азнака таго, што лепшыя за нас цяпер у дарозе да цябе,

– бо ўжо ў дарозе да цябе апошняе, што засталося ад Бога сярод людзей, менавiта: усе людзi вялiкай тугi, вялiкай агiды, вялiкай перанасычанасцi,

– кожны, хто не хоча жыць iначай, як навучыўшыся зноў спадзявацца, навучыўшыся ад цябе, Заратустра, вялiкай надзеi!"

Так гаварыў кароль справа, а пасля схапiў за руку Заратустру, каб пацалаваць у яе; але Заратустра ўхiлiўся ад гэтага знаку павагi i спалохана адступiўся назад, раптоўна i моўчкi, быццам знiк у глыбокай далечынi. Але адразу ж зноў быў з гасцямi сваiмi, глядзеў на iх ясным, выпрабавальным позiркам i гаварыў:

"О госцi мае, высокiя людзi, я хачу прамаўляць да вас па-нямецку i шчыра. Не вас я чакаў тут, у гэтых гарах".

("Па-нямецку i шчыра? Хай Бог крые! – сказаў убок кароль злева. – Вiдно, што не ведае ён нашых мiлых немцаў, гэты мудрэц з Усходу!

Ён, мабыць, хацеў сказаць "па-нямецку i груба" – памагай Бог! На нашыя часы гэта яшчэ не самы горшы густ!")

"Няхай нават усе вы, разам узятыя, – вышэйшыя людзi; але як на мяне – вы недастаткова высокiя i моцныя.

У мяне – гэта азначае: як на таго няўмольнага, якi маўчыць ува мне, але ж не вечна ён будзе маўчаць. А калi вы i не чужыя мне, дык не такiя блiзкiя, як мая правая рука.

Бо ў каго, як у вас, хворыя i слабыя ногi, таму найперш хочацца, каб лiтавалi яго, усведамляе ён гэта або хавае ад сябе.

Але нi рук, нi ног сваiх не шкадую я – я не лiтую сваiх воiнаў: так што вы няздатныя на маю вайну!

З вамi я змарнаваў бы ўсе свае перамогi. Многiя з вас пападаюць, як толькi пачуюць пошчак маiх барабанаў.

Вы недастаткова прыгожыя для мяне i недастаткова высакародныя. Чыстыя, гладкiя люстэркi патрэбныя мне на павучаннi мае; а ваша паверхня руйнуе нават мой вобраз.

Вашыя плечы нурацца пад цяжарам многiх успамiнаў; многа гнюсотных карлiкаў сядзiць, скурчыўшыся, у патаемных заканурках вашых. Колькi плебейскага вы хаваеце ў сабе!

I нават калi высокiя вы i вышэйшага роду: многа ў вас крывога i выродлiвага. Няма на цэлым свеце каваля, якi паправiў бы вас i выпрастаў.

Вы толькi масты: хай вышэйшыя пяройдуць па iм на той бок! Вы – толькi прыступкi: дык жа не гневайцеся на таго, хто падымаецца па гэтых прыступках на сваю вышыню!

Магчыма, з вашага насення i вырасце калi-небудзь сапраўдны сын i сапраўдны спадчыннiк: але да гэтага яшчэ далёка. Вы – не тыя, хто спадкуе iмя i набытак мой.

Не вас я тут чакаю, у гэтых гарах, не з вамi апошнi раз сыду ўнiз. Вы прыйшлi як азнака таго, што вышэйшыя ўжо – ў дарозе да мяне,

– не людзi вялiкай тугi, i агiды, i перанасычанасцi, не тыя, каго вы называеце апошнiм да Бога сярод людзей.

– Не! Не! Тры разы не! Iншых чакаю я тут, у гэтых гарах, i кроку не зраблю адсюль без iх,

– я чакаю вышэйшых, мацнейшых, пераможных, бадзёрых духам, у каго душа i цела – у гармонii: павiнны прыйсцi iльвы, якiя смяюцца!

О дарагiя мае госцi, вы дзiвосныя, вы яшчэ нiчога не чулi пра маiх дзяцей? I што яны ўжо ў дарозе да мяне?

Гаварыце ж мне пра сады i дабрашчасныя выспы мае, пра новае i цудоўнае патомства маё. Чаму вы пра гэта маўчыце?

Гэтага дарунку прашу я ў любовi вашай, каб вы гаварылi са мною пра маiх дзяцей. Дзеля iх я багаты, дзеля iх я стаў бедны: чаго не аддаў бы я,

– чаго не аддаў бы я, каб мець адно: гэтых дзяцей, гэтыя жывыя насады, гэтыя дрэвы жыцця, народжаныя воляй i найвышэйшай маёй надзеяй!"

Так сказаў Заратустра i раптам перапынiў казанi свае: бо туга агарнула яго, i самкнуў ён вусны i вочы ад парыванняў сэрца. I ўсе госцi моўчкi стаялi, нерухомыя i збянтэжаныя: толькi стары вяшчун рухам i выразам твару зрабiў усiм знак.

Вячэра

На гэтым месцы вяшчун перапынiў вiтаннi Заратустры i ягоных гасцей: ён прапхнуўся наперад, быццам баяўся прапусцiць час, схапiў Заратустру за руку i ўсклiкнуў: "Але ж, Заратустра!

Патрэба за патрэбу патрэбнейшая, так ты сказаў: i вось мне цяпер адно патрэбней за ўсё астатняе.

Дарэчы, цi не запрасiў ты мяне ў застолле? А многiя ж тут з дарогi. Ты ж не будзеш кармiць нас аднымi казанямi?

Усе вы ўжо згадвалi даволi многа пра ўтапленне, замярзанне, задушэнне i iншыя цялесныя нягоды: але нiхто не згадаў пра маю бяду – пра небяспеку памерцi з голаду,

(так сказаў вяшчун; а калi Заратустравы звяры пачулi ягоныя словы, яны ад страху далi лататы. Бо бачылi, што ўсяго, што яны паназносiлi за дзень, не хопiць, каб напхаць трыбух аднаго вешчуна),

– i пра небяспеку памерцi ад смагi, – сказаў вяшчун. – I хоць даўно ўжо чую я непадалёк плёскат вады, якая, як i мудрыя казанi, цячэ багата i бесперастанку: я хачу вiна!

Не кожны, як Заратустра, п'е заўсёды адну толькi ваду. Вада смакуе стомленым i завялым: нам да губы вiно, толькi яно дае iмгненнае гаенне, моцнае здароўе!"

Скарыстаўшыся тым, што вяшчун прасiў вiна, кароль злева, звычайна маўклiвы, таксама загаварыў: "Пра вiно патурбавалiся мы з братам – каралём справа, – сказаў ён, – у нас дастаткова вiна, наш асёл наўючаны вiном. Не хапае толькi хлеба".

"Хлеба? – адказаў Заратустра са смехам. – Якраз хлеба i няма ў пустэльнiкаў. Ды не хлебам адным жыве чалавек, але i мясам добрых ягнят, а ў мяне iх два:

– iх няхай хутчэй заколюць i прыгатуюць з шалфеем: так люблю я. Хапае тут i карэння, i пладоў, што будуць да смаку нават ласунам i гурманам: ёсць i арэхi i розныя iншыя загадкi – iх можна палускаць.

Дык вось, скора будзе ў нас ладны банкет. Але кожны, хто сядзе за стол, павiнен прыкласцi руку сваю, нават каралi. Бо ў Заратустры i каралю не за ганьбу быць кухарам".

Прапанова гэтая ўсiм прыйшлася па сэрцы: толькi жабрак-дабрахот запярэчыў супроць мяса, вiна i прысмакаў.

"Але ж вы толькi гляньце мне на Заратустру – на гэтага бражнiка! жартаўлiва ўсклiкнуў ён. – Цi ж бо на тое шукаюць прыстанку ў пячорах i падымаюцца ў горы, каб банкетаваць?

Вось цяпер я разумею, чаго вучыў ён нас калiсьцi, кажучы: "Хвала беднасцi!", i чаму хоча ён звесцi ўсiх жабракоў".

"Будзь рады i вясёлы, як я, – адказаў Заратустра. – Заставайся пры сваiх звычках, о найлепшы, жуй сваё зерне, пi ваду i хвалi сваю кухню: калi толькi яна вяселiць цябе!

Я – закон толькi сваiм, не ўсiм. А хто з маiх, той павiнен мець моцныя косткi i лёткiя ногi.

– радасна прымаць войны i фэсты, быць гатовым да сама цяжкага, быццам гэта свята, быць бадзёрым i здаровым, а не мрой-летуценнiкам.

Усё лепшае належыць мне i маiм; i калi нам не даюць, мы самi бяром найлепшую ежу, найяснейшае неба, наймацнейшыя думкi, найпрыгажэйшых жанчын!"

Так сказаў Заратустра; а кароль справа зазначыў: "Дзiўна! Цi чуў хто калi такiя разумныя словы з вуснаў мудраца?

I сапраўды, сама рэдкае ў мудраца, калi ён разумны i не асёл аслом".

Так сказаў кароль справа i сам здзiвiўся; а асёл сам сабе наўме, дадаў: "I-А". Гэта быў пачатак таго доўгага вячэрняга пасiлку, якi паводле гiстарычных апiсанняў вядомы як "вячэра". I пад час яе гаварылi толькi пра вышэйшага чалавека i нi пра што iншае.

Пра вышэйшых

1

Калi я першы раз прыйшоў да людзей, я зрабiў найбольшае глупства, глупства пустэльнiка: я выйшаў на рыначны пляц.

I як што прамаўляў да ўсiх, дык не звяртаўся нi да кога паасобку. А ўвечары таварышамi маiмi былi танцор на вяроўцы i мярцвяк, ды i сам я быў амаль труп.

А як настала другая ранiца, тут мне адкрылася новая iсцiна: тады я навучыўся гаварыць: "Што мне да таго рынку i чэрнi, да шуму чэрнi i яе доўгiх вушэй!"

Вось чаго навучыцеся ў мяне, вышэйшыя людзi: на рынку нiхто не верыць у вышэйшых людзей. Хочаце гаварыць перад iмi, ну i гаварыце! натоўп толькi бельмамi варочае: "Мы ўсе роўныя!"

"Эй, вы, вышэйшыя людзi, – бязглузда маргаючы, гаворыць чэрня, – няма нiякiх вышэйшых, мы ўсе роўныя, чалавек ёсць чалавек, i перад Богам мы ўсе роўныя!" I

2

Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр. А перад натоўпам мы не раўня астатнiм. О вышэйшыя, сыдзiце з рынку!

Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр! О вышэйшыя, гэты Бог быў ваша найбольшая небяспека.

Толькi з таго часу, як ён лёг у магiлу, вы ўваскрэслi. Толькi настае Вялiкi Полудзень, толькi цяпер вышэйшы чалавек робiцца панам!

Цi разумееце вы гэта слова, о браты мае? Вы спалохалiся, у вас сэрца замлела? Цi не зеўрае вам тут бездань? Цi не брэша на вас геенскi сабака?

Ну што ж. Мацуйцеся, вышэйшыя людцы! Сёння ўпершыню курчыцца ў родавых пакутах гара чалавечай будучынi. Бог памёр: сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек.

3

Сама асуячоныя сёння пытаюцца: "Як чалавеку захавацца?" А Заратустра, сама першы i адзiны з усiх пытаецца: "Як пераадолець чалавека?"

Да Звышчалавека хiне мяне сэрца, ён – найпершае i адзiнае маё, а не чалавек – не блiзкi i не бедны, не спрагнены i не найлепшы.

О браты мае, калi што я i люблю ў чалавеку, дык гэта тое, што ён пераход, захад i знiшчэнне. I ў вас ёсць шмат чаго, што мацуе маю любоў i надзею.

Мне дае спадзявацца тое, што вы поўныя пагарды. Бо здольныя да глыбокай пагарды, здольныя i на вялiкую пашану.

Варта вялiкай павагi, што вы спаняверылiся. Бо не навучылiся вы скардзiцца, не навучылiся дробязнай разумнасцi.

Бо сёння пануюць маленькiя людзi: яны прапаведуюць пакорлiвасць, сцiпласць, рупнасць, абачлiвасць i iншыя запаведзi малых цнотаў.

Усё, што бабскага i рабскага роду, i асаблiва мешанiна натоўпу: менавiта гэта прагне быць валадаром чалавечага лёсу – о агiда! Агiда! Агiда!

Гэта яно нястомна пытаецца: "Як найлепш, найдаўжэй i найпрыемней за ўсё захавацца чалавеку?" I таму яны пануюць сёння.

Пераадолейце iх, гэтых сённяшнiх паноў, гэтых маленькiх людцаў, – о браты мае! Яны – найвялiкшая небяспека Звышчалавеку!

О вышэйшыя людзi! Пераадолейце нiкчэмныя цноты, маленькую разумнасць, дробязную абачлiвасць, мурашыную мiтуслiвасць, мiзэрную самазадаволенасць, "шчасце большасцi"!

I чым падпарадкоўвацца, лепей паняверцеся. I сапраўды, я люблю вас за тое, што не ўмееце вы жыць у цяперашнiм, вы, вышэйшыя людзi! Бо так жывяце вы найлепей!

4

Цi ёсць у вас мужнасць, о браты мае? Цi ёсць адвага? Не тая мужнасць, у якое ёсць сведкi, а мужнасць пустэльнiкаў i арлоў, якой не бачыць нiякi бог?

Тых, хто з пароды аслоў, а таксама сляпых, п'яных i тых, чые душы халодныя, я не назаву мужнымi. А тых, хто, ведаючы страх, перамагае яго; хто глядзiць у бездань, але глядзiць з гонарам;

– хто бачыць бездань, але паглядам арла, хто хапае яе арлiнымi кiпцюрамi: вось у кiм ёсць мужнасць.

5

"Чалавек злы" – так суцяшалi мяне ўсе мудрыя. О, калi б i сёння было яно так! Бо зло ёсць найлепшая сiла ў чалавеку.

"Чалавек павiнен рабiцца ўсё лепшы i злейшы" – так вучу я. Лепшаму ў Звышчалавеку патрэбна сама злое.

Няхай таму, хто прапаведаваў маленькiм людзям, было дабром тое, што пацярпеў ён за iх i панёс на сабе iх грахi. А я радуюся вялiкаму грэху, як свайму вялiкаму суцяшэнню.

Зрэшты, гэта сказана не ў доўгiя вушы. Ды i не кожнае слова пасуе да кожнае храпы. Гэта тонкiя далiкатныя рэчы. Iх не павiнны таптаць авечыя капыты!

6

Вышэйшыя людзi, ужо цi не думаеце вы, што я прыйшоў лячыць вас ад дурноты?

Альбо, можа, зладзiць вам, пакутнiкам, зручнае спанне? Або вам, непастаянцам, заблуджаным i звiхнёным, паказаць новыя патаемныя сцежкi?

Не! Не! Тры разы не! Трэба, каб болей загiнула вас i каб гiнулi сама лепшыя, бо павiнна вам рабiцца ўсё горш i горш. Толькi так,

– толькi так вырастае чалавек да той вышынi, дзе маланка б'е яго, да вышынi, дастаткова высокай для маланкi!

Да нямногага, да працяглага, да далёкага iмкнецца думка i туга мая: што мне да вашай дробязнай, кароткай, разнастайнай галечы!

Вы мала пакутуеце! Бо пакутуеце за сябе; вы яшчэ не пакутавалi за чалавека. Вы зманiце, калi скажаце iншае! Нiхто з вас яшчэ не пакутаваў за тое, за што пакутаваў я.

7

Мне мала таго, каб маланка больш не шкодзiла: не адводзiць я хачу яе: яна павiнна навучыцца працаваць на мяне.

Даўно ўжо, быццам хмара, згушчаецца мудрасць мая i робiцца ўсё цямнейшаю i цiшэйшаю. Так робiць усякая мудрасць, якая павiнна некалiсь спарадзiць маланку.

Не хачу быць святлом людзям цяперашняга, не хачу называцца ў iх святлом. Асляпiць iх я прагну! Маланка мудрасцi маёй, высмалi iм вочы!

8

Не жадайце нiчога, што вышэй за вашую сiлу: дурная хлуслiвасць заўлашчана тымi, якiя жадаюць вышэй за сваю сiлу.

Асаблiва калi яны прагнуць вялiкага! Бо абуджаюць недавер да вялiкага, гэтыя спрытныя фальшываманетчыкi i камедыянты:

– пакуль, нарэшце, не зробяцца самi сабе фальшам, прыхарошанай чарвiвасцю, пакуль не прыкрыюцца моцнымi словамi, паказнымi цнотамi, блiскучымi падробкамi.

Будзьце ж абачлiвыя, вышэйшыя людзi! Бо няма сёння ў мяне нiчога каштоўнейшага i радчэйшага за праўдзiвасць.

Цi ж не належыць цяперашняе натоўпу? Але натоўп не ведае, што ёсць вялiкае, што – нiкчэмнае, – што такое шчырасць i праўдзiвасць: яна цнатлiва крывiць душою i заўсёды хлусiць.

9

Дык будзьце ж сёння поўныя добрага недаверу, о вышэйшыя людзi, вы, адважныя! Вы, шчырыя сэрцам! Трымайце ў таннасцi свае перакананнi! Бо цяперашняе належыць чэрнi.

Тое, што чэрня прыняла калiсьцi напавер, без доказаў i довадаў, немагчыма абвергнуць нiякiмi доказамi.

На рынку пераконваюць на мiгах. А довады выклiкаюць у натоўпу недавер.

I калi там перамагае праўда, споўнiцеся добрага недаверу i спытайцеся самi ў сябе: "Якая ж бо гэта магутная аблуда змагалася за яе?"

Старанiцеся i вучоных! Яны ненавiдзяць вас, бо яны без плодзi! У iх халодныя i высахлыя вочы, для iх усе птушкi – ужо аскубеныя.

Такiя, як яны, ганарацца, што не маняць, але ж няздатнасць да хлуснi зусiм не тое самае, што любоў да праўды. Старанiцеся ж iх!

Збавенне ад трасцы – гэта яшчэ не пазнанне! Я не веру застылым галовам. Хто не ўмее хлусiць, не ведае, што ёсць праўда.

10

Калi хочаце высока падняцца, карыстайцеся сваiмi нагамi! Не дазваляйце несцi сябе ўгору, не сядайце на чужыя плечы i галовы!

Я бачу, ты сеў на каня? I борзда iмчышся ўгору, да мэты? Ну i ляцi, ляцi, мой дружа! Ведай толькi, што кульгавасць твая ляцiць разам з табой!

Калi ты будзеш каля мэты i саскочыш з каня, о вышэйшы чалавеча, – менавiта там, на вышынi сваёй, ты будзеш кульгаць!

11

О стваральнiкi, о вышэйшыя людзi! Толькi дзеля свайго дзiцяцi церпяць сваю цяжарнасць.

Не слухайце нiчыiх плявузгаў, не давайцеся, каб вас дурылi! Бо хто ён той блiзкi ваш? I калi намыслiлi вы нешта "дзеля блiзкага", дык ствараеце ўсё-такi не дзеля яго!

Забудзьцеся пра гэтае "дзеля", вы, стваральнiкi: бо цнота вашая патрабуе, каб не абыходзiлi вам анiякiя "дзеля" i "для" i "бо". Хай не прыме ваш слых усiх гэтых iлжывых слоў.

"Дзеля блiзкага" – гэта цнота малых людзей; у iх кажуць: "Свой свайму хоч-не-хоч, а брат" i "Рука руку трэ". У iх няма нi сiлы, нi права на вашае сябелюбства!

О стваральнiкi, у сябелюбстве вашым – асцярога i прадбачлiвасць цяжарнай! Любоў ваша аберагае, кормiць i асланяе той плод, якога яшчэ нiхто не бачыў.

Там, дзе ваша любоў, там i ўся цнота ваша – у дзiцяцi! Ваша паклiканне, вашая воля – вось ваш "блiзкi": не давайцеся, каб вам навязвалi фальшывыя каштоўнасцi!

12

Вы – стваральнiкi, вышэйшыя людзi! Каму выпадае радзiць, той хворы; але хто радзiў, той нячысты.

Спытайцеся ў жанчын: нараджаюць не таму, што iм гэта дае асалоду. Боль прымушае кудахтаць i паэтаў, i курэй.

У вас многа нячыстага, стваральнiкi. Дык вось, наперадзе ў вас мацярынства.

Толькi што ўроджанае дзiця: о, як многа новага бруду прыходзiць з iм у свет! Сыдзiце з дарогi! Хто нарадзiў, павiнен абмыць сваю душу!

13

Не будзьце дабрадзейныя па-над сiлы свае! I не патрабуйце ад сябе нiчога, што сягае за межы верагоднага!

Пазбягайце ва ўсiм па-рабску iсцi за бацькамi вашымi, але iдзiце пратаптанымi сцежкамi, па якiх ужо хадзiла цнота iхняя! Iнакш як вам падняцца вышэй, калi воля вашых бацькоў не падымаецца разам з вамi?

Але будзь уважлiвы той, хто хоча быць першым, – каб не прыйсцi апошнiм! I там, дзе праяўляюцца заганы бацькоў вашых, няма чаго строiць з сябе святых!

Калi бацькi вашыя правялi жыццё, палюючы на вепраў, ладзячы папойкi i ўсякiя свiнствы ў кампанii жанчын, цi не будзе бязглуздасцю паўстрымлiвасць ваша?

Яна будзе бязглуздасцю! Наадварот, я думаю, што той з вас, у каго ёсць адна, альбо дзве, альбо ўсяго толькi тры жонкi, дасягнуў нямала ў параўнаннi з бацькам сваiм.

А калi ты будуеш кляштары i пiшаш на брамах: "Дарога да святынi", я кажу: "Да чаго? Цi не новая гэта бязглуздасць?"

Самому сабе заснаваў ты папраўчы дом i сховiшча – што ж! На здароўе! Толькi не веру я ў гэта.

Бо ў адасабленнi расце тое самае, што чалавек прыносiць: узрастае i быдла, якое ён носiць у сабе. Таму многiм трэба пазбягаць адасаблення.

Цi было дагэтуль на зямлi што-небудзь больш бруднае, чым пустэльнiкi? Не адзiн толькi д'ябал апантана кружляў вакол iх – але i свiннi.

14

Часта бачыў я, як нясмелыя, збянтэжаныя, нехлямяжыя, быццам тыгр, якому не ўдаўся скачок, пракрадвалiся вы бачком, о вышэйшыя людзi! Бо няўдала вы кiнулi гульнёвыя косцi.

Але, гульцы, цi варта засмучацца праз гэта! Вы не навучылiся яшчэ як след гуляць i смяяцца з рызыкi! Цi не сядзiм мы заўсёды, так цi iнакш, за вялiкiм гульнёвым сталом, за якiм так многа смяюцца?

I калi не ўдалося, цi азначае гэта, што вы самi не ўдалiся? А калi вы самi не ўдалiся, цi азначае гэта, што не ўдаўся Чалавек? А калi не ўдаўся Чалавек: ну, якое ж тут рады дасi!

15

Чым высакароднейшае, тым больш рэдкае. Вы, вышэйшыя людзi, што пазбiралiся тут, цi ж не ўсе вы не ўдалiся?

Хай так – ну i што? Не падупадайце духам! Яшчэ шмат што можна! Навучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як след!

Няма нiчога дзiўнага, што вы не ўдалiся альбо ўдалiся толькi напалавiну, вы, напалавiну разбiтыя! Хiба не б'ецца, не пульсуе ў вас чалавечая будучыня?

Уся глыбiня i далячынь, уся зорная высь i пачварная сiла: цi не падымаецца ўсё гэта пенаю ў катле вашым?

Якое дзiва, што многiя катлы лопаюцца! Вучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як трэба! О, яшчэ многа можна, о вышэйшыя людзi!

I праўда, як многа ўжо ўдалося! Якая багатая зямля ад дасканаласцi невялiкiх, але прыгожых рэчаў, што сапраўды хораша ўдалiся!

Абстаўляйце сябе гэтай дасканаласцю, вышэйшыя людзi! Яе залатая сталасць ацаляе сэрца. Усё дасканалае вучыць спадзявацца.

16

Якi грэх, учынены тут, на зямлi, да гэтага часу сама цяжкi? Цi не словы таго, хто сказаў: "Гора тым, што смяюцца!"

Няўжо ён не знайшоў на зямлi, з чаго пасмяяцца? Значыцца, ён блага шукаў. Прычыны знаходзiць нават дзiця.

Мала любовi было ў iм, iнакш ён палюбiў бы ўсiх, што смяюцца! Але ён ненавiдзеў i ганiў нас, прадказваючы нам плач i скрогат зубоў.

Цi трэба адразу праклiнаць, калi не любiш? У мяне гэта – дрэнны густ. Але менавiта так рабiў ён, гэты нецярпiмы. Ён выйшаў з чэрнi.

Мала ў iм было любовi – iнакш ён не гневаўся б, што не любяць яго самога. Усякая вялiкая любоў жадае нелюбовi, яна прагне большага.

Ухiляйцеся ад такiх нецярплiвых! Гэта парода хворых i няшчасных, гэта чэрня; кiсла глядзяць яны на жыццё, лiхiм вокам глядзяць на зямлю.

Ухiляйцеся ад такiх нясцерпных! У iх цяжкiя ногi i прыгнечаныя сэрцы: не ўмеюць яны танцаваць. Як жа зямля можа быць iм лёгкаю!

17

Крывымi дарогамi iдуць усе добрыя рэчы да сваёй мэты. Яны выгiнаюцца, як каты, муркаюць ад блiзкасцi шчасця: усе добрыя рэчы смяюцца.

Цi iдзе ўжо чалавек па сваёй дарозе, а цi не – гэта выдае паходка ягоная: зiрнiце, як iду я! Ну, а той, якi ўжо блiзкi да мэты сваёй, той танцуе!

I сапраўды я не стаў помнiкам i не зрабiўся нерухам, тупым, скамянелым слупам: я люблю шпарка бегаць.

Хоць ёсць на зямлi i багны, i гразкi смутак, усё роўна той, у каго лёгкiя ногi, прабягае нават па глеi i танцуе на iм, як на падмеценым лёдзе.

Братове мае, падымайце сэрцы вашыя ўсё вышэй i вышэй! Але не забывайцеся i пра ногi! Вышэй, як спорыя танцоры, падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепей стойце на галаве!

18

Гэты вянок таго, хто смяецца, вянок з ружаў, я сам усклаў на сябе i сам асвяцiў свой смех. Больш нiкога не знайшоў дастаткова моцным на гэта.

Заратустра – танцор, Заратустра – лёгкi, ён махае крыламi i гатовы ў лёт, ён клiча за сабою ўсiх птушак, увiшны i шчасна лёткi.

Заратустра – прарок, Заратустра, якi вяшчае iсцiны смехам, цярплiвы, цярпiмы, улюбёны ў скачкi i авантуры, сам усклаў я на сябе гэты вянок!

19

Братове мае, падымайце вашыя сэрцы вышэй i вышэй! Не забывайцеся i пра ногi! Вы – заўзятыя танцоры, вышэй падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепш – станьце на галаву!

Бываюць звяры, цяжка-важкiя нават у шчасцi сваiм; ёсць няўклюды ад нараджэння. Гэтаксама пацешна глядзець на iхнiя намогi i высiлкi, як на слана, якi спрабуе стаяць на галаве.

Але лепей з'ехаць з глузду ад шчасця, чым ад няўдач, лепей няўклюдна танцаваць, чым хадзiць кульгаючы. Вучыцеся ж маёй мудрасцi: нават у горшай рэчы ёсць некалькi добрых другiх бакоў,

– нават у горшай рэчы дастаткова моцныя ногi на танец: навучыцеся ж, вышэйшыя людзi, стаяць на сваiх нагах!

Забудзьце спевы скрухi, забудзьце паныласць чэрнi! О, якiмi панылымi сёння бачацца мне гэтыя блазны, што весяляць натоўп! Але ўсё сённяшняе належыць натоўпу.

20

Будзьце, як вецер, што вырываецца з цяснiн: пад свiст сваёй жалейкi ён гатовы скакаць, моры дрыжаць i хвалююцца пад яго нагамi.

Слава таму браваму, неўтаймавальнаму духу, якi дае крылы аслам, якi доiць iльвiц, духу, якi ўраганам прыходзiць да ўсяго сённяшняга i да ўсякай чэрнi,

– Духу, якi варожы любамудраму чартапалоху, зусiм завялым лiстам i жытцам: слава дзiкаму, бадзёраму, свабоднаму духу буры, якi танцуе па багнах i паныласцi, быццам па лугах!

Якi ненавiдзiць гаротных дварнякоў прасталюддзя i ўсякае выроддзе, няўдалае i змрочнае; слава гэтаму духу свабоднага розуму, гэтай рассмяянай буры, якая зацярушвае пылам вочы тым, хто пакрыты струпамi i бачыць усё ў чорным!

О вышэйшыя людзi, вось ваша горшае: вы не вучылiся танцаваць, як трэба, так каб у танцы выйсцi за межы свае! Што з таго, калi вы – не ўдалiся!

Як многа яшчэ можна! Дык жа навучыцеся ў смеху выходзiць за межы свае! Вы, заўзятыя танцоры, вышэй i вышэй падымайце сэрцы вашыя! I не забывайцеся як след пасмяяцца!

Гэты вянок рассмяянага, гэты вянок з ружаў: я кiдаю яго вам, братове мае. Смех абвясцiў я святым: о вышэйшыя людзi, вучыцеся смяяцца!

Песня тугi

1

Кажучы гэтыя словы, Заратустра стаяў каля пячоры; а з апошнiмi словамi ўцёк ад гасцей i ненадоўга выбег на свежае паветра.

"О чыстыя пахi вакол мяне, – усклiкнуў ён, – о дабрашчасная цiшыня вакол мяне! Але дзе ж мае звяры? Да мяне, мой арол i мая змяя!

Скажыце мне, звяры: можа, пагана пахне ад гэтых вышэйшых, калi яны збiраюцца разам? О чыстыя пахi вакол мяне! Толькi цяпер я разумею i адчуваю, як люблю вас, звяры мае!"

I зноў Заратустра паўтарыў: "Я люблю вас, звяры мае!" I калi гаварыў ён гэтыя словы, змяя i арол наблiзiлiся да яго, падняўшы на яго вочы. Так стаялi яны цiха ўтрох, удыхаючы чыстае паветра i напiваючыся iм. Бо тут ён быў лепшы, чым у вышэйшых людзей.

2

Але ледзь толькi Заратустра пакiнуў пячору, як устаў стары чарадзей i сказаў, хiтра азiрнуўшыся: "Ён выйшаў! I вось, вышэйшыя людзi, – дазвольце i мне, як яму, паказытаць вас гэтым лiслiвым назовам, – i вось, вышэйшыя людзi, мяне ўжо забiрае мой злы дух i ашуканец, дух маны i чараў, дэман паныласцi,

– спрадвечны супрацiўнiк Заратустры: даруйце гэта злому духу майму! Прагне ён разгарнуць перад вамi свае чары, бо якраз настаў яго час: дарма я змагаюся з гэтым злым духам.

Усiм вам, якiя б нi былi ўшанаваннi, якiмi вы сябе самi на словах адорваеце, называючы сябе "свабодным розумам", альбо "праўдзiвымi", альбо "духам пакаяння", альбо "свабоднымi ад путаў", альбо "поўнымi вялiкай тугi",

– усiм вам, пакутнiкам, як i мне, ад вялiкай агiды, – бо стары Бог памёр для вас, а новы яшчэ не ляжыць спавiты ў калысцы – усiм вам блiзкi мой злы дух, дэман чараў.

Я ведаю вас, вышэйшыя людзi, я ведаю i яго, гэтага ката, якога люблю супроць волi сваёй, – Заратустру; часта ён мне нагадвае прыгожую маску святога,

– новы велягурысты маскарад, якiм бавiцца мой злы дух, дэман маркоты: часта здаецца мне, што я люблю Заратустру дзеля майго злога духа.

Але ён ужо авалодвае мною i падпарадкоўвае сабе, гэты дух тугi i маркоты, дэман вячэрнiх прыцемкаў, шары мой дух; i сапраўды ён прагне:

– расплюшчыце ж вочы! Ён прагне явiцца голым – я не ведаю яшчэ, як мужчына цi як жанчына, – але ён наблiжаецца i падпарадкоўвае мяне, о няшчасны я! Разбудзiце ж пачуццi свае!

Дзень ацiхае, на ўсё ападае вечар, нават на ўсё найлепшае; цяпер слухайце i глядзiце, вышэйшыя людзi, якi гэты дух, – хай ён мужчына, хай жанчына – гэты дэман вячэрняй тугi!"

Так казаў стары чарадзей, хiтра азiраючыся, а потым узяў сваю арфу.

3

Калi прасвятлее паветра,

I раса суцяшэння

Ападзе на зямлю,

Нябачна, нячутна

Бо ходзiць у лёгкiм абутку,

Як усе пяшчотныя суцешнiкi

Цi згадваеш ты, цi згадваеш, сэрца гарачае,

Як ты прагнула колiсь

Нябеснай расы,

Ты, спрагненае i сасмяглае;

А сонца коса на цябе пазiрала

Праз чорнае плецiва дрэў,

I позiркi гэтыя – прамянi,

Сляпуча пакеплiвыя,

Усчыналi вакол цябе злую гульню,

Мiльгалi па сцежках, парослых травою,

Залiтых золатам распаленага вока?

"Ты Жанiх iсцiны? – кпiлi яны,

Не! Ты – Паэт!

Ты хiтры звер, драпежны, падступны,

Якi хлусiць павiнен,

Умела i па добрай волi

Прагны да ловаў,

Замаскаваны краскамi свету,

Сам – маска

I сам сабе – здабыча,

I гэта – Жанiх Iсцiны?

Не! Толькi блазен! Толькi паэт!

Стракатамоўны, Стракатамаскамоўны,

Вялiкi майстар будаваць масты

Слоў каляровых

I прывiдных вясёлкавых дарог,

Якiмi ты блукаеш марна i бязмэтна

Памiж уяўным небам

I прыдуманай цвердзю зямною,

Толькi блазен! Толькi Паэт!

I гэта – Iсцiны Жанiх?

Не халодны, не цiхi, не гладкi,

Не храмавы iдал,

Не! А нецярпiмы да выяваў Iсцiны,

Да безжыццёвых яе падабенстваў,

Тваё жытло – пустыня, а не храм.

Ты поўны спрыту кашэчага,

Праз кожнае акенца скачаш,

Каб ухапiць Выпадковасць,

Табе казыча ноздры спрадвечны лес

Зазыўным i прывабным пахам,

Калi б ты апынуўся ў гэтым лесе

Сярод звяроў пярэстаскурых,

Калi б ты сам быў зверам,

Магутным, здарова-грэшным

I шчасна-крыважэрным,

Па-боску i па-д'ябальску прыгожым,

Падступным,

Калi б ты фыркаў ад пажады палкай,

Не ведаў грэху ў пагонi за здабычай!

Калi б арлом ты быў,

Якi празiрае свае глыбiнi,

Лунаючы над прорвамi,

Пасля раптоўна,

Раз'ятраны ад голаду,

Пажадлiва лапочучы крыламi,

Спадае на разбляяных ягнят,

Бо жорстка ненавiдзiць ён душу авечкi

I тых, чый пагляд, бы ў ягняцi, цнатлiвы,

Пушыстых, шэрых i рахманых.

Як у арла, як у пантэры

Такая прага у паэта,

I палкiя твае жаданнi,

Схаваныя пад тысячаю масак,

Ты – блазен! Ты – Паэт!

Глядзiш згары на чалавека, як на Бога,

I гэтаксама нiбы на авечку;

I раздзiраеш Бога ў чалавеку,

Нiбы авечку ў чалавеку,

I, раздзiраючы, смяешся...

I гэта, гэта ёсць твая ўзнагарода!

У гэтым радасць i арла, i пантэры,

У гэтым шчасце блазна i паэта!.."

Калi прасвятлее паветра,

У зарыве вячэрняе зары прагляне

Зайздрослiва таемны

Зеленаваты серп маладзiчка,

Варожы дню, ён крадзецца пад ружамi,

I з кожным крокам месячнай жняi

Усё болей блякнуць, нiкнуць кветкi

I апускаюцца глыбей, глыбей у цемру...

Калiсьцi i я так,

Панiклы, стомлены ад будзёншчыны,

Сам хворы ад святла,

Адкiнуў дурноту мудрасцi

I намыслы, жаданнi дня

I апусцiўся ў морак,

Апалены адкрытай мне адной праўдай:

Цi памятаеш ты, гарачае сэрца маё,

Як некалi цябе грызла прага? Прага быць адкiнутым,

Ад праўды ўсякай!

Ты – блазен толькi,

Ты – толькi Паэт!

Пра навуку

Так спяваў чарадзей; i ўсе пячорнiкi непрыкметна трапiлi, як птушкi, у сеткi яго змрочнага, падступнага запалу. Толькi сумленнага духам яму не ўдалося запаланiць: ён борздзенька выхапiў з рук чарадзея арфу i ўсклiкнуў: "Паветра! Дайце чыстага паветра! Клiкнiце Заратустру! Ты атручваеш паветра ў гэтай пячоры i робiш яго задушлiвым, старым, лiхi чарадзею!

Ты, фальшывец, змушчаеш нас невядомымi жаданнямi, ты спакушаеш нас прагай няведамых пустэльняў. Гора, калi такiя, як ты, пачынаюць славiць iсцiну i балбатаць пра яе!

Гора ўсiм, хто ў свабодным розуме, хто не асцерагаецца такiх, як ты чарадзеяў! Прапала свабода iхняя, бо сваiм вучэннем ты вабiш назад, у цямнiцы;

– стары, змрочны дэман паныласцi, панадныя гукi жалейкi чутны ў тваiх скаргах; ты падобны да таго, хто сваёй апалогiяй цноты тайна схiляе да вычудаў страснасцi!"


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю