Текст книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Автор книги: Фридрих Вильгельм Ницше
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 16 страниц)
Так казаў сумленны духам, а стары чарадзей азiраўся навокал, цешыўся з перамогi i таму праглынуў прыкрасць, якую адчуў ад слоў сумленнага духам. "Цiха! – коратка адказаў ён. – Каб добрыя песнi адгукнулiся ў душы, пасля iх трэба памаўчаць.
Так трымаюцца ўсе вышэйшыя людзi, якiя сабралiся тут. Ты, мабыць, мала што зразумеў з маёй песнi? Мала ў табе духу чараў!"
"Ты ўжо хвалiш мяне тым, што адлучаеш ад сябе, – запярэчыў сумленны духам, – што ж, довад! Але вы, пячорнiчкi мае, я ўсё яшчэ бачу пахацiнства ў вашых вачах:
Вы свабодныя душы, дзе ж ваша свабода, вы свабодныя? Вы рыхтык мне тыя, што доўга тапырылiся на голых танцорак: так i вашыя душы – самыя ў скокi пайшлi!
Мабыць, дужа шмат у вас таго, што чарадзей называе сваiм злым духам чараў i падману: i гэтым я адрознiваюся ад вас.
I сапраўды, мы шмат перагаварылi i перадумалi тут, у пячоры, пакуль не вярнуўся Заратустра, i мне гэтага больш чым досыць, каб зразумець: мы з вамi розныя.
Рознага мы шукаем тут, угары, – вы i я. Бо я шукаю большай надзейнасцi, таму i прыйшоў да Заратустры. Ён – сама трывалая вежа i сама моцная воля
– сёння, калi ўсё расхiсталася, калi трасецца зямля. Але гледзячы вам у вочы, думаю сабе, што вы, наадварот, шукаеце большай няўстойлiвасцi,
– вы хочаце болей жахаў, небяспекi, землятрусаў. Даруйце мне маю самаўпэўненасць, але часам мне здаецца, што вы, вышэйшыя людзi,
– прагнеце якраз такога жыцця, якое мяне больш за ўсё жахае, жыцця брыдкага, поўнага небяспекi, жыцця дзiкiх жывёл; вас вабяць лясы i пячоры, горныя ўрвiшчы i лабiрынты.
I больш за ўсё вам падабаецца не той, хто можа выбавiць ад усякай небяспекi, а змусцiцель, якi зводзiць з любое дарогi. Але калi вашая прага да ўсяго гэтага ёсць нешта сапраўднае, дык у мяне яна – немагчымае.
Бо страх – гэта пачатковае i прыроднае пачуццё чалавека; страхам тлумачыцца ўсё – i першародны грэх, i ўспрычыненая цнота. З страху ўзрасла i мая дабрачынная цнота, якая называецца навукай.
Бо спрадвеку ў чалавеку гадаваўся страх перад дзiкiмi жывёламi, уключаючы сюды i таго звера, якога ён тоiць у самiм сабе i якога сам баiцца: Заратустра называе гэтага звера "ўнутраным быдлам".
Гэты страх, старадаўнi i пачатковы, якi стаў нарэшце вытанчаным I адухоўленым, цяпер, як мне здаецца, называецца навукай.
Так казаў сумленны духам; а Заратустра, якi якраз заходзiў у пячору, – а ён чуў апошнюю казань i разгадаў яе сэнс, – кiнуў яму жменю ружаў, пасмяяўся з ягоных "iсцiн". "Што? – усклiкнуў ён. – , Што я чую? Сапраўды, здаецца мне, адзiн з вас – дурань, а тваю "iсцiну" я момантам пастаўлю дагары нагамi.
– Бо ў нас страх – гэта выключэнне. А мужнасць i дух прыгодаў, прага да нязведанага i на што яшчэ не адважыўся, – мужнасць, вось што на мой клёк ёсць чалавечая перадгiсторыя.
У сама дзiкiх i бясстрашных звяроў чалавек адабраў, з зайздрасцi, усе iхнiя цноты: i толькi так ён зрабiўся чалавекам.
Гэта мужнасць, зрабiўшыся, нарэшце, вытанчанай i адухоўленай, гэта чалавечая мужнасць,з арлiнымi крыламi i змяiнай мудрасцю, я думаю, сёння называецца..."
"Заратустра!" – у адзiн голас крыкнулi ўсе пячорнiкi i зарагаталi ўголас; але нешта падобнае на цяжкую хмару аддзялiлася ад iх i паднялося ўгору. Засмяяўся i чарадзей i сказаў хiтравата: "Вось i майце! Сышоў мой злы дух!
Цi ж сам я не асцерагаў вас ад яго, кажучы, што ён шэльма i хлус, гэты дух iлжы?
I асаблiва тады, калi паказваецца голы. Але я не вiнаваты, што ён такi падступны! Хiба ж бо я стварыў гэты свет i яго разам з светам?
Вось i майце! Будзем зноў радыя i вясёлыя! I хоць гнеўны позiрк у Заратустры – зiрнiце на яго! Ён злуецца на мяне,
– але яшчэ да ночы ён зноў палюбiць мяне i пачне хвалiць, бо не можа доўга абыходзiцца без такога глупства.
Ён любiць сваiх ворагаў: з усiх, каго толькi я бачыў, ён найлепей авалодаў гэтай штукай. Але за гэтую любоў да ворагаў помсцiцца ён – на сваiх сябрах!"
Так сказаў стары чарадзей, i вышэйшыя людзi ўхвалiлi яго казань: i тады Заратустра пачаў пахаджаць сярод iх, з любоўю i нянавiсцю пацiскаючы рукi сваiм сябрам, быццам хочучы памiрыцца з усiмi i выпрасiць даравання. Але калi ён дайшоў да выхаду з пячоры, яго зноў павяло на свежае паветра i да звяроў, i ён сабраўся непрыкметна ўцячы.
Сярод дочак пустынi
1
"Не адыходзь! – сказаў тады дарожнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем. – Застанься э намi, а то ранейшая туга зноў нападзе на нас.
Стары чарадзей шчыра падзялiўся з намi тым найгоршым, што ў яго было, i вось, зiрнi, – у нашага добрага пабожнага Папы на вачах слёзы, i ён зноў гатовы плысцi па моры паныласцi.
Падобна на тое, што гэта каралi спрабуюць стрымлiвацца перад намi: бо за сённяшнi дзень яны лепш за ўсiх нас навучылiся гэтаму! Але я гатовы пайсцi ў заклад, што калi б не сведкi, яны б таксама закалацiлi благую гульню,
– благую гульню марудлiвых воблакаў, вiльготнай маркоты, сырой нуды, хмарнага неба, украдзеных сонцаў, восеньскiх вiскатлiвых вятроў!
– благую гульню нашых галашэнняў i крыкаў на дапамогу: застанься ж з намi, о Заратустра! Тут шмат схаваных гаротаў, якiя хочуць выказацца, шмат воблачнага i вечаровага, шмат душнага паветра!
Ты накармiў нас моцай, мужчынскай ежай i бадзёрымi прыпавесцямi: дык жа не дапусцi, каб дух жаноцкасцi i песты авалодаў намi за дэсертам!
Ты адзiн робiш паветра вакол сябе моцным, бадзёрым i чыстым! Нiдзе на зямлi не знаходзiў я паветра чысцейшага, чым у тваёй пячоры!
Хоць i пабачыў я шмат краёў, а нос мой адвык пазнаваць i ацэньваць розныя пахi; а ў цябе, у тваёй пячоры, цешыцца нюх мой як нiколi раней!
Хiба што аднаго разу, – о, даруй мне адзiн успамiн! Не крыўдуй за старую застольную песню, якую я склаў, жывучы сярод дочак пустынi:
– бо там таксама было добрае, здаровае, светлае паветра Ўсходу: там адышоў я далей за ўсё ад захмаранай, ад сырой, панурай, струхлелай Эўропы!
Тады я любiў дзяўчат Усходу i iншых паднябесных краiн, чые блакiтныя нябёсы не азмрочвалi нiводнае воблачка, нiводная думка.
Вы не паверыце, як жа манерна сядзелi яны, калi не скакалi – глыбокiя, але пры гэтым бяздумныя, быццам маленькiя таямнiцы, быццам упрыгожаныя стужкамi загадкi, быццам дэсертныя арэшкi,
– стракатыя, яркiя i чужыя, сапраўды так! Але не азмрочвала iх нiводная аблачынка – гэтыя загадкi давалiся адгадваць сябе: i вось – у гонар гэтых дзяўчат склаў я тады застольную псальму – псальму за дэсертам".
Так казаў дарожнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем; i перш чым хто паспеў адказаць яму, ён схапiў арфу старога чарадзея i, скрыжаваўшы ногi, азiрнуўся вакол, спакойны i мудры: павольна i выпрабавальна ўцягнуў у сябе паветра, быццам спрабуючы на смак новае, незнаёмае паветра чужой краiны. А пасля заспяваў у нейкай адмысловай манеры, з лямантам i завываннем.
2
Пустыня расце:
гора таму,
хто пустынi хавае
– О! Урачыста!
Сапраўды ўрачыста!
Годны пачатак!
Па-афрыканску ўрачыста!
Годна iльва,
Альбо высокамаральнае малпы
– але не вас,
Любасныя дзяўчаты,
Каля чыiх ног мне,
Эўрапейцу, пад пальмамi
Дазволена сядзець. Сэля.
Проста дзiвосна!
Там i сяджу цяпер,
Паблiзу пустынi, i ўжо
Зноў ад пустынi далёка,
Але яшчэ не спустошаны:
Бо ўжо паглынуты
Гэтым маленькiм аазiсам...
– ён якраз бо разявiў
Сваю любасную пашчу,
Сама духмяную пашчу:
I я ўпаў туды,
У салодкую пашчу – i вось
Я сярод вас, любасныя дзяўчаты! Сэля.
Слава, слава таму кiту,
Якi даў прытулак госцю!
Цi зразумелi вы
Мой вучоны намёк!
Слава таму жывату
За тое, што ён
Стаў утульным аазiсам,
Як вось гэты цяпер мне:
Але што паняверыць мяне
Гэта, што я сын Эўропы; яна
Сама недаверлiвая
З усiх старых жанок.
Няхай гэта Гасподзь паправiць!
Амiн!
I вось я тут,
У гэтым маленькiм аазiсе,
Як фiнiк,
Салодкi, руды, паспелы, духмяны,
Прагны вуснаў дзявочых,
Яшчэ болей прагны ўкусу
Беласнежных, халодных,
Вострых дзявочых зубоў,
Якога прагна жадаюць
Сэрцы ўсiх фiнiкаў палкiх. Сэля.
Да названых паўднёвых пладоў
Падобны, нават дужа падобны,
Я ляжу тут сярод рою
Гуллiвых назолаў-жукоў,
Сярод марнасцi прахлай
Нясцiплых, маленькiх, пошлых жаданняў,
I намыслаў грэшных,
Сярод вас,
О маўклiвыя i прадчувальныя
Коткi-дзяўчаты,
Дуду i Зулейка
А сфiнксаваны, хоць адным словам
Выславiць мог бы пачуццi свае:
(Даруй мне, Божа,
Гэты грэх супраць мовы!)
Сяджу тут, удыхаючы водар паветра,
Празрыстага, райскага, свежага,
У залацiстых палосках,
Такога паветра
Месяц яшчэ не пасылаў
Анi выпадкова,
Анi з капрызу,
Як расказваюць старажытныя паэты.
Але я скептык,
Я сумняваюся ў гэтым,
Я паходжу з Эўропы, а яна
Сама недаверлiвая баба на свеце.
Хай выправiць гэта Гасподзь!
Амiн!
П'ючы духмянасць паветра,
Уцягваючы ноздрамi прагнымi,
Без будучынi, без успамiнаў,
Сяджу я тут,
О любасныя сяброўкi мае,
I пазiраю на пальму,
Як яна, нiбы танцорка,
Гнуткiм станам чаруе,
Сцёгнамi пругкiмi вабiць,
Пераймаеш яе, загледзеўшыся!
Яна падобная на танцорку, якая
Доўга – о, як небяспечна доўга!
Стаiць на адной назе
Можа, яна пра другую забыла?
Прынамсi, дарма я шукаў
Каштоўную другую палавiну,
У святой блiзкасцi я шукаў
Лёгкай тканiны блiскучых адзежын,
Тонкiх павеўных спаднiц.
На жаль, мае чароўныя сяброўкi,
Верце – не верце – няма:
Яна згубiла другую ножку!
Ах, як шкада!
Магчыма, яна недзе блукае,
Няўцешнiца адзiнокая?
Магчыма, страшэннай пачвары баiцца
Iльва жаўтагрывага?
Можа, абгрызена ўжо,
Парваная на кавалкi?
О гора! О гора!
Напэўна, ужо з'едзена яна. Сэля.
О, не плачце,
Пяшчотныя сэрцы!
Не плачце,
Сэрцы фiнiкаў!
Малочныя грудзi!
Салодкiя сэрцы!
Не плач болей,
Бледная Дуду!
Будзь мужчынам, Зулейка!
Мужная, мужная будзь!
А можа, дарэчы тут будзе
Сябе ўмацаваць
Сродкам сардэчным?
Намашчанай прыпавесцю?
Урачыстаю прытчаю?
О! Уздымiся, годнасць,
Годнасць дабрачынства! Годнасць эўрапейца!
Дыхайце, дыхайце,
Мяхi дабрачынства!
О!
Яшчэ раз завыць,
Маральна завыць!
Маральным iльвом
Перад дочкамi пустынi завыць!
– Бо выццё – дабрачынства,
О, найлюбаснейшыя дзяўчаты
Палкасць эўрапейца, эўрапейцава страснасць
За ўсё даражэйшая!
I вось я тут ужо,
Я, эўрапеец,
Я не магу iнакш, памажы мне, Божа!
Аман!
Пустыня расце: гора таму, хто пустыню хавае!
Абуджэнне
1
Пасля песнi вандроўнiка пячора раптам напоўнiлася шумам i смехам: i як што госцi гаварылi ўсе разам, i нават асёл пры такiм захапленнi не маўчаў, у Заратустры з'явiлася лёгкая агiда да сваiх гасцей i гарэзлiвы настрой, хоць ён i радаваўся iх весялосцi. Бо яна здавалася яму знакам выздараўлення. I вось пацiхеньку ён вымкнуўся на свежае паветра i загаварыў са сваiмi звярамi.
"Куды падзелася цяпер iхняя гарота? – спытаўся ён, уздыхнуўшы з лёгкай прыкрасцю. – Падобна на тое, што, пабыўшы ў мяне, яны развучылiся клiкаць на дапамогу!
– хоць, на жаль, не развучылiся яшчэ наогул крычаць". I Заратустра заткнуў сабе вушы, бо да радаснага шуму вышэйшых людзей неяк дзiўна дамешвалася аслiнае "I-А".
"Iм весела, – сказаў ён далей, – i хто ведае, можа, весяляцца яны за кошт гаспадара? I хоць яны вучылiся смяяцца ў мяне, ды не майго смеху навучылiся.
Але што з таго! Яны ўжо немаладыя i смяюцца, i здаравеюць кожны па-свойму; i не такое чулi мае вушы i не абуралiся.
Гэты дзень – перамога: ужо адступае, бяжыць мой стары закляты вораг – Дух Цяжару! Як добра канчаецца дзень, што пачаўся так цяжка i блага!
I ён хоча закончыцца. Вечарэе: ён iмчыцца па моры, шалёны верхавец! Як раскачваецца ён, шчасны, летучы дамоў, на пурпуровых сёдлах сваiх!
Неба глядзiць так ясна, свет такi глыбокi: О вы ўсе, дзiвосныя людзi, што прыйшлi да мяне, яшчэ варта жыць побач са мною!
Так сказаў Заратустра. I зноў з пячоры пачулiся крыкi i смех вышэйшых: яны зноў загаварылi.
"Торгае гэтая рыба, добрая ёй прынада мая, i вось – адступае iх вораг, Дух Цяжару. Калi я добра пачуў, яны вучацца смяяцца з сябе.
Разбiрае iх мужчынская ежа, цвеляць сакавiтыя i мацавiтыя прыпавесцi мае: i сапраўды, я не частую гнiлой гароднiнай! У мяне ежа воiнаў, ежа заваёўнiкаў; я абуджаю новыя жаданнi.
Новыя надзеi ў iхнiх руках i нагах, сэрцы iх расшыраюцца. Новыя словы знаходзяць яны, i скора iх дух будзе дыхаць адвагаю.
Зразумела, такая ежа непрыдатная дзецям i жанчынам, якiя пакутуюць ад маркоты – як старым, так i маладым. Iнакш неяк трэба пераконваць iхнюю нутробу: не лекар iм я i не настаўнiк.
Агiда адступае ад гэтых вышэйшых людзей: што ж! гэта мая перамога. У маiм царстве iм небяспекi няма, любы дурны сорам уцякае ад iх, сэрцы iх адкрываюцца.
Яны размыкаюць сэрцы свае, вяртаюцца шчаслiвыя гадзiны, яны святкуюць i жуюць – яны робяцца ўдзячнымi.
I тое, што яны робяцца ўдзячнымi, я лiчу найлепшым знакам. Яшчэ пройдзе крыху часу, i яны прыдумаюць сабе святы i паставяць помнiкi сваiм ранейшым радасцям.
Яны ацаляюцца!" – так сказаў радасна Заратустра сэрцу свайму, гледзячы ўдалечыню; а звяры падышлi блiжэй i ўшанавалi яго спакой i шчасце.
2
Але тут Заратустра спалохаўся, бо слых ягоны, ужо абвыклы з шумам i смехам у пячоры, быў раптам уражаны мёртвай цiшынёй; а нос яго пачуў дым пахошчаў, быццам палiлi сасновыя шышкi.
"Што такое? Што яны там робяць?" – спытаўся ён сам у сябе i падкраўся да пячоры, так, каб убачыць сваiх гасцей, а самому застацца няўбачаным. О вялiкае дзiва! Што ж угледзелi вочы ягоныя!"
"Усе яны зноў сталi пабожныя, яны моляцца, яны павар'яцелi!" – сказаў ён, без меры здзiўлены. I сапраўды! Усе вышэйшыя людзi – абодва каралi, адстаўны Папа, лiхi чарадзей, жабрак-дабрахот, вандроўнiк i цень, стары вяшчун, сумленны духам i сама брыдкi чалавек – усе яны кленчылi, быццам дзецi альбо старыя пабожныя бабулi, i малiлiся аслу. А сама брыдкi чалавек якраз пачаў хрыпець i сiпець, нiбыта нешта неверагоднае хацела вырвацца з яго; калi ж, нарэшце, ён апрануў гэта ў словы, дык гата было не што iншае, як своеасаблiвая дабрамысная лiтанiя ў гонар асла, якому малiлiся i курылi пахошчы. I такiя былi словы яе:
Амiн! Чта i хвала, i мудрасць, i падзякаванне, i сiла, i слава Госпаду нашаму на векi вечныя!
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ён узяў на сябе цяжар наш, i прыняў вобраз слугi, сэрца яго цярплiвае, i ён нiколi не скажа "Не", i той, хто любiць Госпада свайго, той карае яго.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ён не кажа: хiба што ўвесь час вымаўляе "Так" таму свету, якi стварыў: так ён хвалiць яго. I ў гэтым спанатранасць ягоная, што яна не гаворыць: так што мала калi ён не мае рацыi.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Непрыкметна iдзе ён па свеце. Ён любiць шэры колер, iм ахiнае сваю цноту. Калi i ёсць у яго дух, дык ён схаваны: аднак кожны верыць у яго доўгiя вушы.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Якая таемная мудрасць – мець доўгiя вушы, заўсёды казаць "Так" i нiколi "Не"! Цi не паводле свайго вобраза i падабенства стварыў ён гэты свет – гэта значыць як мага дурнейшы?
А асёл крыкнуў: "I-А".
I простымi, i крывымi дарогамi ходзiш ты; i мала турбуе цябе, што людзям здаецца крывым, а што – простым. Па той бок дабра i зла ляжыць тваё царства. У тым цнота твая, што не ведаеш ты, што такое нянавiсць.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ты нiчога не адкiдаеш, нi каралёў, нi жабракоў. I дзецям не забараняеш прыходзiць да цябе, а калi нядобрыя хлапчукi дражняць цябе, ты прастадушна кажаш: "I-А".
А асёл крыкнуў: "I-А".
Ты любiш аслiх, i сама свежыя смоквы падабаюцца табе, i аддаеш ты належнае ўсякай ежы. Пах бадзякоў мацуе тваё сэрца, калi выпадае табе галадаць. I ў гэтым – божая мудрасць.
А асёл крыкнуў: "I-А".
Аслiнае свята
1
Але на гэтым месцы лiтанii Заратустра ўжо не мог болей трываць i сам крыкнуў "I-А" яшчэ галасней за асла i кiнуўся на ашалелых гасцей. "Што гэта вы тут вырабляеце, прыяцелi? – крыкнуў ён, рыўкамi падымаючы з зямлi мольбiтаў, Ваша шчасце, што нiхто, акрамя Заратустры вас не бачыў.
Кожны падумаў бы, што вы з гэтай вашай новай верай, – зацятыя блюзнеры альбо старыя бабы, што ўжо зусiм з'ехалi з глузду!
А ты, апошнi Папа, як ты мiрышся з самiм сабой, калi так нягожа молiшся аслу, быццам ён бог?"
"Даруй мне, о Заратустра, але ва ўсiм, што датычыцца Бога, я больш абазнаны за цябе. Тут нiкуды не папрэш.
Лепей бо ўзносiць малiтвы Госпаду ў такiм вось вобразе, чым наогул не мець божага вобраза! Падумай над гэтымi словамi, узнёслы мой дружа, i ты неўзабаве спасцiгнеш, у якiм выслоўi iсцiна.
Той, хто сказаў: "Бог ёсць Дух", зрабiў найвялiкшы крок i скачок, якi наблiзiў да няверства, крок, якога нiхто на зямлi да яго яшчэ не рабiў: нялёгка паправiць тое, што сказана iм!
Маё старое сэрца хвалюецца i трымцiць, калi падумаю, што ёсць яшчэ на зямлi нешта вартае малiтвы. Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!"
"А ты, – звярнуўся Заратустра да вандроўнiка, якi называў сябе ягоным ценем, – ты называеш сябе свабодным духам i ўяўляеш сябе iм? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнiчаеш у розных папоўскiх вычудах?
Сапраўды, што ты ладзiш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабiў з гэтымi нехарошымi чарнамазымi дзяўчатамi! Эх ты, нiкчэмны нявернiк!"
"Так, усё гэта даволi паскудна, – адказваў вандроўнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем, – i твая праўда: але я нiчога не магу з гэтым зрабiць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там нi казаў.
Ва ўсiм вiнаваты сама брыдкi чалавек – гэта ён уваскрэсiў яго. Хоць ён i кажа, быццам калiсьцi забiў яго, але смерць багоў – заўсёды забабон".
"А ты, – спытаўся Заратустра, – ты, стары лiхi чарадзей, што ты зрабiў? Хто ў гэты свабодны век паверыць у цябе, калi сам ты вызнаеш гэты боскi аслiзм?
Глупства было тое, што рабiў ты; як ты, такi разумны, мог учынiць такое глупства?"
"О Заратустра, – адказваў вяшчун-чарадзей, – твая праўда, гэта было глупства, i я ўжо паплацiўся за яго".
"А ты, – звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, – раскiнь мазгамi i шырэй расплюшчы вочы! Цi не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Цi не надта чысты твой дух для малiтвы i чаднага фiмiяму гэтых святошаў?"
"У гэтым нешта ёсць, – адказваў той, вылупiўшы вочы, – ёсць нешта такое ва ўсiм гэтым спектаклi, што ўлешчвае нават маё сумленне.
Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.
Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькi часу, той можа дазволiць сабе не спяшацца. Як мага дурней i павальней – такiм чынам можна зайсцi даволi далёка.
Той, у каго столькi духу, можа цалкам захапiцца глупствам i шаленствам. Згадай сам сябе, Заратустра!
Сапраўды! Нават сам ты цалкам мог бы зрабiцца аслом ад лiшнiцы сваёй i ад мудрасцi сваёй.
Хiба не любiць сапраўды мудры хадзiць крывымi дарогамi? Гэтаму вучыць сама вiдавочнасць, гэтаму вучышся, гледзячы на цябе, Заратустра!"
"Ну i, нарэшце, ты, – сказаў Заратустра, павярнуўшыся да сама брыдкага чалавека, якi ўсё яшчэ ляжаў на зямлi, працягнуўшы руку да асла (бо ён даваў яму выпiць вiна). – Ты, каму няма назову, скажы, што зрабiў ты?
Ты здаваўся мне пераўтвораным, блiшчалi вочы твае, брыдкасць твая была ахутана ўзвышаным: што ж зрабiў ты?
Значыць, гэта праўда, што кажуць, быццам ты ўваскрэсiў яго? А навошта? Хiба ж без нiякай прычыны забiлi яго i аддзялiлiся ад яго?
Ты сам здаваўся мне ўваскрэшаным: што ж ты зрабiў? Чаму ты павярнуўся назад? Чаму здрадзiў сабе? Кажы, невыказны!
"О Заратустра, – адказваў сама брыдкi чалавек, – ты шэльма!
Цi жывы ён яшчэ, цi ўваскрэс, цi памёр канчаткова, хто з нас двух лепей ведае гэта? Я пытаюся ў цябе.
Аднак я ведаю адно: у цябе я навучыўся гэтага калiсьцi, о Заратустра: хто хоча забiць канчаткова, той смяецца.
"Забiваюць не гневам, а смехам" – так ты калiсьцi казаў. О Заратустра, ты, схаваны, бязгнеўны разбуральнiк, сама небяспечны з усiх святых, ты – шэльма!"
2
I тады адбылося наступнае: Заратустра, здзiўлены такiмi дзёрзкiмi адказамi, кiнуўся да выхаду з пячоры i, павярнуўшыся да гасцей, усклiкнуў грамавым голасам:
"Ах вы, дурнi i блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца i прыкiдвацца перад мною!
Як трымцелi вашыя сэрцы ад шалу i захаплення, што вось нарэшце-такi вы зноў зрабiлiся, як малыя дзецi, – гэтакiя самыя пабожныя,
– што, нарэшце, вы зноў, як дзецi, пачалi малiцца, складваць ручкi i казаць: "Добры Божухна!"
Аднак пакiньце цяпер гэты, дзiцячы пакой – пячору маю, дзе сёння ўсё няцямнае адчувае сябе, як дома. Суймiце там, на паветры, ваш дзiцячы запал i хваляванне сэрца!
Вядома, калi не ўпадобнiцеся дзецям, дык не ўвайсцi вам у гэтае царства нябеснае. (I Заратустра паказаў рукою ўгору.)
Але мы не iмкнёмся ў тое нябеснае царства: мы зрабiлiся мужныя, мы зрабiлiся мужамi, i таму хочам царства зямнога".
3
I зноў Заратустра пачаў гаварыць. "О новыя сяброве мае, – сказаў ён, – вы, дзiвосныя, вы, вышэйшыя людзi, якiя вы любасныя мне цяпер.
– з таго часу, як зноў павесялелi! Сапраўды, усе вы зацвiлi: i я думаю, што такiм кветкам патрэбен новы святы,
– якая-небудзь дзёрзкая бяссэнсiца, нешта накшталт лiтургii i аслiнага свята, ды яшчэ стары дурань i шаленец Заратустра, вецер i ветрагон, якi праветрыць i прасветлiць вам душы.
Не забывайцеся гэтай ночы i гэтага аслiнага свята, о вышэйшыя людзi! Гасцюючы ў мяне, вы прыдумалi гэта, i я лiчу гэта добраю азнакаю, бо такое могуць выдумаць толькi тыя, хто выздароўлiвае!
I калi вы будзеце адзначаць свята асла яшчэ калi-небудзь, рабiце гэта з любовi да сябе i з любовi да мяне! I ў памяць пра мяне!"
Так сказаў Заратустра.
П'яная песня
1
Тым часам усе выйшлi на свежае паветра, у халаднаватую задуменнасць ночы; Заратустра вёў за руку сама брыдкага чалавека, каб паказаць яму свой начны свет, вялiкi круглы месяц i серабрыстыя вадаспады каля пячоры. I вось нарэшце ўсе гэтыя людзi – ужо немаладыя, але з суцешанымi i бадзёрымi сэрцамi – усталi поплеч i дзiвавалi самыя сябе, што iм так добра на зямлi; i таямнiца ночы ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў iх сэрцы. I зноў падумаў Заратустра: "О, якiя любасныя мне цяпер гэтыя вышэйшыя людзi!" – але не сказаў гэтага ўголас, бо ўшанаваў iх шчасце i маўчанне.
Але тут здарылася сама дзiвоснае з усяго, што сталася за гэты доўгi i дзiвосны дзень: сама брыдкi чалавек зноў, цяпер ужо апошнi раз пачаў хрыпець i клекатаць, а калi, нарэшце, дайшло да слоў, – вусны ў яго ясна i выразна выдалi пытанне, пытанне такое частае, глыбокае i зразумелае, што ва ўсiх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.
"О вы, сябры мае, – спытаўся сама брыдкi чалавек, – што робiцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыццi сваiм я задаволены, што пражыў яго,
– i не стамляюся я сведчыць пра тое, што варта жыць на зямлi: адзiн дзень, адно свята з Заратустрам навучылi мяне любiць яго.
"Дык гэта было жыццё? – скажу я смерцi. – Што ж! Яшчэ раз!"
Сябры мае, што робiцца ў душах у вас? Цi гатовыя вы, як i я, сказаць смерцi: "Дык гэта было жыццё? Што ж! Яшчэ раз!"
Так сказаў сама брыдкi чалавек, а ўжо было пад поўнач. I як вы думаеце, што сталася тады? Як толькi вышэйшыя людзi выслухалi яго, яны ўсвядомiлi пераўтварэнне i выздараўленне сваё i зразумелi, хто прынёс iм усё гэта. I тады кiнулiся яны да Заратустры, поўныя шацунку, любовi i ўзнання, цалавалi яму ў рукi i, як каму адпавядала ў лад душы, адны смяялiся, другiя плакалi. А стары вяшчун скакаў ад замiлаванасцi; i калi, як думаюць многiя апавядальнiкi, ён быў упiты салодкiм вiном, дык, несумненна, намнога больш ап'янела ягоная радасць жыцця, бо ён зрокся ўсякае стомы. Некаторыя нават кажуць, што скакаў i асёл: вiдаць, невыпадкова сама брыдкi чалавек напаiў яго вiном. Цi было яно так, няважна, але калi нават асёл i не скакаў у той вечар, дык адбылiся дзеi больш дзiўныя i дзiвосныя. Адным словам, як кажа Заратустрава прыказка: "Што з таго!"
2
А Заратустра, пакуль адбывалася ўсё, што тут апiсана, стаяў, як п'яны: згасаў яго позiрк, язык заплятаўся, ногi падкошвалiся. I хто б мог адгадаць, якiя думкi праносiлiся тады ў душы ў яго? Аднак было вiдавочна, што дух ягоны адступiўся i пайшоў назад, i памкнуўся наперад, i быў недзе ў далёкай будучынi, i быццам трываў, як напiсана, "над горнымi пераваламi, памiж двух мораў,
– блукаючы, быццам цяжкая хмара, памiж мiнулым i будучым".
Але вышэйшыя людзi падтрымлiвалi яго з усiх бакоў, i памалу ён ачуўся i адхiлiў рукою натоўп заклапочаных шанавальнiкаў. Раптам ён хутка павярнуў галаву, быццам пачуў нешта, i, прыклаўшы палец да вуснаў, сказаў: "Iдзе!"
I адразу атачылi яго цiшыня i таемнасць, а з глыбокай далечынi пачуўся доўгi, працяглы гуд звона. Заратустра, як i ўсе вышэйшыя людзi, прыслухаўся, а потым зноў прыклаў палец да вуснаў i сказаў: "Iдзе! Iдзе! Наблiжаецца поўнач!" – i перамянiўся голас ягоны. Але ён усё яшчэ не кранаўся з месца; i тады яшчэ больш загуслi вакол яго цiшыня i таемнасць, i ўсё вакол прыслухоўвалася нават асёл, i сама Заратустрава пячора, i вялiкi халодны месяц, i сама ноч. I вось, Заратустра трэцi раз прыклаў палец да вуснаў i сказаў:
"Iдзе! Iдзе! Хадземце ж! Гадзiна прабiла! Пойдзем вандраваць у ноч!"
3
"Наблiжаецца поўнач, о вышэйшыя людзi: i вось – хачу я сказаць вам нешта на вуха, як i той старадаўнi звон, якi звяртаецца да слыху майго,
– з тою самаю таямнiцаю i жахам, гэтаксама пранiкнёна, як той старадаўнi звон, якi перажыў на сваiм вяку больш, чым хто-небудзь смяротны;
– якi палiчыў усе да апошняга пакутлiвыя ўдары сэрцаў, што бiлiся ў грудзях у нашых бацькоў. О, як уздыхае яна! Як смяецца ў сне даўняя глыбокая поўнач!
Цiха! Цiха! : Чуецца многае, што ўдзень не адважваецца гаварыць на поўны голас; толькi цяпер, у холадзе ночы, калi суняўся шум сэрцаў,
– толькi цяпер яно чутно слыху i вяшчае, пранiкаючы ў начныя чуйныя душы: о, як уздыхае яно! О, як смяецца ў сне!
– хiба не чуеце вы, як таямнiча, страшна i пранiкнёна вяшчае яна, глыбокая-глыбокая старадаўняя ноч?
О чалавеча, уважай!
4
О, гора мне! Куды падзеўся час? Цi апусцiўся ў найглыбейшыя крынiцы? Свет дрэмле...
О! брэша сабака. Я хутчэй памру, чым раскажу пра думкi, якiя сёння перапаўняюць паўночнае сэрца маё.
Я памёр. Спраўдзiлася. Павук, навошта аплятаеш мяне павуцiнай? Прагнеш маёй крывi? О! Выпадае раса, блiзiцца гадзiна,
– гадзiна ледзяное сцюжы, гадзiна, калi я калею i стыну, гадзiна, якая нястомна пытаецца:
Чыё сэрца здольнае ўвабраць гэта?
– хто павiнен быць валадаром зямлi? Хто скажа: Ад сёння так вы будзеце цячы, вялiкiя i малыя рэкi!"
– наблiжаецца гадзiна: о чалавеча, о вышэйшы чалавеча, уважай! Гэтая казань – тонкаму слыху, твайму слыху – што вяшчае глыбокая поўнач?
5
Мяне нясе, скача мая душа. Кожны дзень праца! Кожны дзень – праца! Хто павiнен быць валадаром зямлi?
Халодны месяц, вецер маўчыць. О! Цi дастаткова высока лёталi вы? Вы скакалi: але ногi – усё-такi не крылы.
Вы, заўзятыя танцоры, усякая радасць ужо мiнула, скiсла вiно, сатлелi кубкi, чуцен няясны голас магiл.
Невысока лёталi вы: i вось – чуцен няясны голас магiл: "Вызвальце мёртвых! Чаму так доўжыцца ноч? Цi не ап'яняе вас месяц?"
О вышэйшыя людзi, вызвальце мёртвых, разбудзiце памерлых! Шкада! Чаму чарвяк усё яшчэ точыць? Наблiжаецца час,
– стогне звон, i ў грудзях яшчэ сэрца скрыгоча, а чарвяк усё точыць i точыць дрэва сэрца! О! Свет глыбокi!
6
Салодкая лiра! Салодкая лiра! Як люблю я твае гукi, гэта меладычнае п'янкое кваканне! Здалёк, з сажалак любовi, чуюцца мне пералiвы тваёй песнi!
О старадаўнi звон, салодкая лiра! Чыя толькi скруха не кроiла сэрца тваё скруха бацькоў, дзядоў i прадзедаў;
– спелая стала мова твая, спелая i сталая, быццам залатая восень i полудзень, быццам сэрца пустэльнiка. I цяпер кажаш ты: "Свет выспеў, вiнаградная лаза пацямнела",
– сёння ён хоча памерцi, гэты свет, памерцi ад шчасця. О вышэйшыя людзi, цi чуеце вы духмянасць? Неадчувальна шырыцца яна,
– духмянасць i водар вечнасцi, водар залатога вiна, якi падымаецца ад старадаўняга i паспелага шчасця,
– ад п'янкога шчасця поўначы, шчасця смерцi, якое спявае: свет глыбокi, i глыбейшы, чым думае дзень!
7
Пусцi мяне! Пусцi мяне! Я занадта чысты для цябе. Не чапай мяне! Не руш! Цi ж мой свет не стаў дасканалы?
Мая скура занадта чыстая для тваiх рук. Пусцi мяне, бесталковы мой, задушлiвы дзень! Цi ж поўнач не святлейшая за цябе?
Сама чыстыя павiнны валадарыць над зямлёй, невядомыя, сама моцныя, душы поўначы, якiя святлейшыя i глыбейшыя за дзень.
О дзень, як цяжка ступаеш ты па следзе маiм! Ты цягнеш руку па шчасце маё? Я, самотны, залiшне багаты для цябе, я для цябе – калодзеж скарбаў, залатая палата?
О свет, ты хочаш мяне? Цi ж я належу свету? Цi ж я пабожны? Цi боскi? Але, дзень i свет, вы занадта няўклюдныя...
– у вас спрытнейшыя рукi, запускайце iх па глыбокае шчасце i па глыбокае няшчасце, хапайце якога-небудзь бога, хапайце мяне:
Маё няшчасце, маё шчасце – глыбокiя, о цудоўны дзень, але ж не Бог я i не божае пекла: глыбокi боль свету.
8
Боль Бога глыбейшы, о ты, дзiвосны свет! Вазьмi ж цярпеннi Бога, а не мяне!, Што я! П'яная салодкая лiра,
– паўночная лiра, нiкому не вядомыя вяшчаннi звона, але ўсё роўна ён павiнен гаварыць, звяртацца да глухiх, о вышэйшыя людзi! Бо вы не разумееце мяне!
Мiнула! Збылося! О маладосць! О полудзень! О гадзiна папалуднёвая! Вось настаў вечар, i ноч, i поўнач – сабака вые, вецер:
– хiба вецер не сабака? Ён скуголiць, брэша, вые. О поўнач! Як уздыхае яна i смяецца, як хрыпiць i задыхаецца!
Як цвяроза яна прамаўляе цяпер, гэта п'яная стваральнiца вершаў! Цi не перапiла яна само ап'яненне сваё? Цi чувала яна? Цi жуе зноў i зноў сваю жуйку?
– у сне жуе яна журботу сваю, гэтая старадаўняя глыбокая поўнач, а яшчэ больш – радасць сваю. Менавiта радасць, калi ўжо глыбокi ў яе боль: але радасць глыбейшая, нават за скруху сэрца.
9
Ты, лаза вiнаградная! За што ты хвалiш мяне? Я ж цябе зрэзаў! Я жорсткi, i вось – сплываеш крывёю: за што ты хвалiш маю п'янкую жорсткасць?
"Усё, што ўдасканалiлася, усё сталае – прагне смерцi!" – так кажаш ты. Хай будзе дабраславёны нож вiнаградара! А ўсё нясталае, на жаль, хоча жыць!
Боль кажа: "Прайдзi! Мiнiся, боль!" Але ўсё, што пакутуе, хоча жыць, каб стаць спелым, радасным, поўным жаданняў,
– ад жаданняў далёкага, найвышэйшага i светлага: "Я хачу нашчадкаў, – так кажа ўсё пакутнае, – я хачу дзяцей, я не хачу сябе".
А радасць не хоча нi спадчыннiкаў, нi дзяцей: радасць хоча толькi самое сябе, яна прагне вечнасцi, вяртання; хоча, каб усё было вечна роўным самому сабе.
Боль кажа: "Парвiся, сплывi, сэрца, крывёю!"
Што ж! Наперад! О маё старое сэрца! Боль кажа: "Мiнiся!"
10
О вышэйшыя людзi, што вы думаеце пра мяне? Хто я? Вяшчун? Летуценнiк? П'яны? Адгадчык сноў? Поўначны звон?
Кропля расы? Выпарэнне i духмянасць вечнасцi? Хiба вы не чуеце? Не чуеце? Свет мой удасканалiўся, поўнач – гэта i поўдзень,
– боль – гэта i радасць, праклён – гэта таксама i дабраславенне, ноч гэта i сонца; iдзiце прэч, а не, дык будзеце ведаць: мудрэц – гэта таксама i дурань.
Цi казалi вы калi-небудзь радасцi "Так"? О сябры мае, тады вы казалi "Так" таксама i ўсякаму болю. Усе рэчы звязаныя ўзаемна, злучаны, прасякнуты ўзаемнай любоўю,