Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"
Автор книги: Ежи Анжиевски
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
– Цяпер усё разумею. Ён жа мне казаў на споведзi, як свайму настаўнiку, пра твае бунтарскiя нiбыта, а нават блюзнерчыя думкi. Спавядаўся i ў розных сваiх сумненнях, здаваўся поўны пакоры, сумленна прымаў вызначаныя яму цярпеннi... як я мог здагадацца, што адначасова i сваё аблiчча ўкрывае, i цябе плямiць?
Падрэ Дыега адказаў на гэта спакойна:
– Гэта звычайная зброя нашых ворагаў – хлусня i намовы.
– Сапраўды! А, аднак, хоць я i звычайны быў прыёр, не павiнен быў даць сябе ашукаць. Прабач мне, мой ойча, тую даўнюю памылку.
– Хто ж з нас не рабiў памылак? – сказаў падрэ Дыега голасам, поўным павагi i шацунку. – Не будзем пра гэта гаварыць, Ваша Эмiненцыя.
Радасць асвятлiла твар пана бiскупа.
– Маеш ува мне, мой ойча, шчыра адданага табе сябра. Я рады, што калi давядзецца мне прыняць на сябе новыя абавязкi, тады часцей, чым у сцiплай Авiле, змагу цябе сустракаць.
Падрэ Дыега адразу здагадаўся, пра што пайшла гаворка.
– Памёр, значыцца, кардынал дэ Мендоза?
– На жаль, – адказаў бiскуп. – Учора прыйшла з Рыма вестка пра яго скон.
Падрэ Дыега нахiлiў галаву.
– Смерць хрысцiянiна заўсёды схiляе да глыбокiх развагаў. Тым не меней я рады, што ў асобе Вашай Эмiненцыi магу павiтаць арцыбiскупа Таледа i прымаса Каталiцкага Каралеўства.
Дон Бласка дэ ла Куэста зарумянiўся.
– Я яшчэ не арцыбiскуп.
– Але напэўна iм будзеце. Усе ж бо ведаюць, што i Айцец святы i Iх Каралеўскiя Мосцi даўно бачаць у вас наступнiка кардынала дэ Мендозы.
Яго Эмiненцыя задумаўся i нiбы патух.
– Так, разумею, вялiкiя абавязкi будуць ускладзены на мае плечы. Прашу Бога, каб i iх здолеў несцi. Як слушна казаў мне калiсьцi вялебны айцец, няма ў царкве такога гонару, якi мог бы параўнацца з цвёрдым абавязкам салдат Святой iнквiзiцыi.
На гэта адказаў падрэ Дыега.
– Вялебны айцец быў бы глыбока i асаблiва радасна ўзрушаны, пачуўшы словы Вашай Эмiненцыi. Думаю таксама, што будзе ў згодзе з яго намерамi, калi я скажу, што Святой iнквiзiцыi можна служыць усюды i заўсёды, на кожнай пасадзе, нават на сама непрыкметнай, як i на сама высокай.
Пан бiскуп быў усё яшчэ задуменны.
– Так, – сказаў нарэшце, – рознымi дарогамi iдуць людзi да адной мэты.
Насустрач падрэ Дыега, калi ён вяртаўся з рэфекторыя, выбег малады брат Мануэль. Ён быў бледны, са страхам у вачах, рукi ў яго дрыжалi.
– Ойча вялебны! – усклiкнуў ён.
Падрэ Дыега спынiўся, адчуў холад у сэрцы. Спытаўся не сваiм голасам:
– Памёр?
Брат Мануэль пакруцiў галавой.
– Што ж сталася?
– Ойча вялебны, клянуся, не мая вiна. Вялебны айцец прачнуўся, пазванiў мне i загадаў, каб я дапамог яму падняцца i адзецца.
Падрэ Дыега прыспешыў крокi.
– Няшчасны, ты зрабiў гэта?
Брат бязрадна развёў рукi.
– Як жа я мог не паслухацца?
На парозе цэлi стаяў доктар Гарсiя, таксама бледны i ўзрушаны.
– Дурань! – усклiкнуў падрэ Дыега. – Як ты мог дапусцiць гэта.
Адштурхнуў яго плячом i рушыў да дзвярэй у цэлю вялебнага айца.
Перш чым адчынiць, павагаўся трохi, нейкую хвiлiну. Потым увайшоў.
Цэля была шырокая, але, нягледзячы на белыя муры, змрочная. Толькi каля акенца сабралася трохi больш дзённага святла. Якраз там у глыбокiм крэсле, захутаны ў футраны плашч, сядзеў падрэ Тарквемада. Трымаўся проста, далонi склаў на каленях. Пачуўшы рыпенне дзвярэй, паварушыўся.
– Гэта ты, Дыега? – спытаўся далёкiм голасам.
Той усклiкнуў:
– Ойча мой, як ты мог устаць? Кладзiся, малю цябе, кладзiся.
– Наблiзься, сыне мой, – сказаў Тарквемада тым самым далёкiм i нейкiм манатонным голасам. – Я чакаў цябе. Нямнога часу мне адведзена, павiнен спяшацца, а маю табе сказаць вельмi важнае. Некаторыя рэчы трэба будзе запiсаць, каб неадкладна данесцi iх да ведама народу. Дзе ты?
– Тут, ойча.
– Стань блiжэй да святла. Хацеў бы цябе бачыць. Вось так. Падай мне руку.
– Ойча мой, нельга табе столькi гаварыць. Ляж, прашу цябе.
Тарквемада патрос галавой.
– Не, не цяпер, пазней. Спярша я павiнен абгаварыць з табой шэраг спраў. Трэба будзе, не адкладваючы, шмат што змянiць у нашым каралеўстве. Уласна кажучы – усё. Чакае цябе вялiкая праца, i аж страх мяне агортвае, што можаш не справiцца з гэтым амаль непамысным заданнем. Але хто ж гэта зробiць, калi не ты? Маю, зрэшты, надзею, што знойдуцца людзi, якiх яшчэ не зусiм з'елi страх i хлусня, якiя не заражаныя пыхай i нянавiсцю. Такiх людзей згуртуеш вакол сябе i з iх дапамогаю i падтрымкаю збурыш усё, што ёсць цяпер. Так, тое, што ёсць, усё гэта трэба збурыць i замянiць. Усё занадта кепскае, атрутае i прасмердлае. Трэба гэта адкiнуць прэч. Ты меў, аднак, рацыю, мой сыне.
– Ойча мой, – шапнуў Дыега.
– Успамiнаеш ноч, калi я першы раз спаткаў цябе? Менавiта тады ты меў рацыю. Слушны быў твой гнеў, твой бунт, слушныя твае пакуты. Цяжка гэта прызнаваць, але я не бачу вакол сябе нiводнага людскога твару, апроч твайго.
– Ойча! – усклiкнуў Дыега.
– На жаль, гэта так. Нельга ашукваць сябе i далей. Iлюзорная наша магутнасць, уяўныя нашы сiлы. Дрыжаць падмуркi i сцены гмаха, якi мы будавалi. Страшны гэта гмах. Турмою i карамi ўзвялi мы яго. Але гэта не можа доўжыцца. Калi ўсё не развалiцца заўтра, гэта здарыцца паслязаўтра. Катастрофа непазбежная. Няма ўжо веры, няма надзеi. Паламалi мы людзей, iх розум i сэрцы. Нас ненавiдзяць, намi пагарджаюць. I нiчога з гэтага змрочнага шаленства нельга ўжо ўратаваць. Трэба шукаць iншых шляхоў выратавання. I вось узнiкае раптам неабходнасць, каб мы самi разбурылi тое, што павiнна разбурыцца. Ты мусiш неадкладна напiсаць адпаведныя пастановы. Я табе ўсё дакладна прадыктую.
Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны i здзiўлены.
– Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесцi свечкi. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталi цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павiнны ўпарадкаваць справы надзённыя, сама важныя. Усё прыгатаваў?
Дыега адступiў у цень.
– Так, ойча.
– Дык пiшы. Мы, Томас Тарквемада... не, без тытулаў, не пiшы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна. Напiшы проста, што з сённяшняга дня... якога сёння ў нас?
– Шаснаццатага верасня, ойча.
– Што з дня шаснаццатага верасня, года...
– Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.
– Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая iнквiзiцыя распускаецца. Адмяняем Святую iнквiзiцыю i перакрэслiваем яе i тым самым прызнаём усе нашы несправядлiвасцi i злачынствы, якiя ад iмя яе мы ўчынiлi, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы i годнасцi, з загубленых здымаючы вiну. Працэсы нашы i выракi трацяць сваю сiлу, як фальшывыя, падкрэслi гэта, бо гэта асаблiва важна. Турмы будуць адчынены, i людзям, якiя няправiльна пазбаўлены волi, будзе яна неадкладна вернута.
Дыега ўпаў перад вялебным айцом на каленi.
– Ойча мой! – усклiкнуў прыгнечаным голасам. – Малю цябе, ты хворы...
Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.
– Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты велiч адказнасцi, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухiлiцца ад яе. Дэкрэт пра лiквiдацыю Святой iнквiзiцыi трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павiнны як мага хутчэй апрацаваць тэзiсы, якiя тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калi мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскi розум, мы павiнны самi перастаць хлусiць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна i была цяжкая i балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца iлюзiям, што толькi i выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабiлi памылкi, мы перайшлi i растапталi ўсе чалавечыя правы. Не лiквiдуем гвалту i прымусу, калi не лiквiдуем i асноў, якiя спарадзiлi гвалт i прымус. А таму мы павiнны iсцi да людзей i адкрыта iм сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесцi такiя страшэнныя спусташэннi. Кепская i фальшывая тая вера, i трэба зрабiць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана i знiшчана з усiм карэннем. Не будзе царства божага на зямлi.
Дыега кленчыў, схiлiўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць нi слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкiм манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбiнi цэлi.
– Так, каб уратаваць людзей ад поўнай пагiбелi, убаранiць ад апускання навекi ў няволю i страх, хлусню i нянавiсць, павiнны мы збурыць усё тое, што з пагардай да чалавечнасцi з iлюзорнымi марамi збудавалi сваiмi рукамi коштам найбольшых людскiх няшчасцяў i пакут. Вядома, смута з гэтага вынiкне немалая i цяжкiя днi настануць, тым не меней, каб уратавацца ад яшчэ большага лiха, мы павiнны шаленства нашай веры назваць шаленствам, а яе фальш фальшам. Трэба будзе, сыне мой, навучыцца жыць без Бога i без сатаны.
– Ойча! – крыкнуў Дыега.
– Так, сыне мой. Iх няма.
Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады i дрыготкiмi рукамi схапiў яго далонi.
– Ойча, прашу цябе, апамятайся... гэта я, Дыега... цi чуеш мяне?
– Чую цябе, з табою ж я i гавару. Не перабiвай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павiнен яшчэ напiсаць дэкрэт аб скасаваннi страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлi. Мы пачнём усё нанава, i менавiта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкi i чысты...
Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапiўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.
– Перастань, ойча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкнi!
Тарквемада паглядзеў на яго i ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам i злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.
Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклiкаць на дапамогу, але здолеў толькi шапнуць:
– Дыега!
Той трос старца.
– Маўчы, маўчы, маўчы...
I раптам знерухомеў.
Хвiлiну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклiстыя i мёртвыя.
Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусцiў плашч, якi трымаў сцiснутымi пальцамi.
Цела вялебнага айца асунулася трохi, але засталося ў крэсле.
– Божа! – шапнуў Дыега.
Слёзы цяклi па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлiвых пачуццяў i думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохi ад нябожчыка, аслабелы i здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмi ўсведамляючы тое, што хоча зрабiць, падняў цяжкую, як камень, руку i з усёй сiлы ўдарыў вялебнага айца ў твар.
Снежань 1955 – красавiк 1957