355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ежи Анжиевски » Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 11:22

Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"


Автор книги: Ежи Анжиевски


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

– Не. Ён прагнуў служыць. Быў упэўнены, што неўзабаве вернуцца сiлы. Хацеў пад чужым iмем паступiць на карабель пана Калумба. Таму i вярнуўся з выгнання. Гэта ўсё.

Дон Ларэнца хацеў устаць, але пачуў сябе занадта ацяжэлым, каб зрабiць гэта. "Замнога выпiў", – падумаў. Аднак спытаўся трохi ахрыплым голасам:

– I чаму ж, нарэшце, навучыў пан дэ Кастра?

– Я ўжо сказаў, вы яшчэ запярэчылi мне, надзея заўсёды каштуе даражэй. Нiхто, я думаю, не мог бы лепш i мацней уцвердзiць мяне ў гэтым перакананнi, чым гэта зрабiў пан дэ Кастра. Разумееце цяпер, чаму я сказаў, што непасрэдна i вы дачынiлiся да маёй адукацыi.

Дон Ларэнца не зусiм упэўненай рукой пацягнуўся да вiна.

– Мала, значыцца, навучыўся, дон Мiгуэль. Ведаю, што ты думаеш. Думаеш, я вiнаваты ў пагiбелi гэтага чалавека. Можаш не пярэчыць. Мяне, зрэшты, мала цiкавiць, што думаеш ты або iншы хто. Усе дурнi. Кожны хоча не ведаць, што праўда ляжыць звычайна на паверхнi. Калi б я ў свой час не выкарыстаў добрай нагоды i не паслаў пана дэ Кастра к чортавай матары, то ён зрабiў бы гэта са мной. Нават нагоды не шукаў бы, прыдумаў бы яе. Але што ж бо ты, пане дэ Лара, можаш ведаць пра гэта? Трэба самому прайсцi праз усё, каб зразумець. Апусцiцца трэба ў гэтую багну, разумееш? Зробiш у сама найлепшай веры некалькi неасцярожных крокаў, i ўжо адступаць няма куды. Можаш сабе толькi тузацца i грузнуць глыбей. Далiбог, смешны ты, дон Мiгуэль, са сваiмi ведамi. Жменя сухой саломы важыць больш, чым яны. Выйдзi з iмi на рынак, пераканаешся. Вялебны падрэ Дыега альбо каторы са ста iншых, яму падобных, за адну ноч перамеле на пясок усе твае фразы. Ты нешта там трызнiў пра адвагу. Усё гэта глупства. Што такое адвага? Яе няма. Ёсць толькi страх. Ну, вось i стараешся ўбаранiцца ад яго. Хлусiш альбо маўчыш. Але i ад хлуснi, i ад маўчання страх толькi большае. Потым зжырае ў табе ўсе думкi i пачуццi. Усё табе нерашкаджае, i нарэшце ты ўпэўнены толькi ў iм. Ён адзiн табе верны. У iм толькi i можаш быць пэўны, ён нiколi цябе не пакiне, нiколi табе не здрадзiць. А ўзамен можаш жыць i мець дачыненне да будаўнiцтва царства божага. Гэта, зрэшты, калi на тое, усё. А што ты, дон Мiгуэль, зрабiў для будовы царства божага? Нiчога. Дык што ж ты ведаеш? Таксама нiчога.

Дон Мiгуэль стаяў ля камiна нерухома, склаўшы на грудзях рукi. Праз хвiлiну сказаў:

– З таго, што вы гаворыце, лёгка вывесцi, як нялёгка вам жывецца. Але за шчырасць трэба плацiць шчырасцю: на жаль, не магу вам паспагадаць.

Дон Ларэнца паглядзеў на яго з пагардай.

– Нягледзячы на ўсё, не думаў я, што ты такi наiўны. Няўжо i праўда ты думаеш, што мне патрэбна твая спагада? I нашто ж мне яна здалася? З нас двух ты толькi яшчэ на нешта спадзяешся. Уяўляеш сабе, што, калi зойдзе патрэба i неабходнасць, табе ўдасца перамагчы страх. А таму ты са сваёй уяўнай адвагай маеш больш чаго трацiць, чым я.

Лёгкi румянец укрыў твар дона Мiгуэля.

– Павiнен разумець вашыя словы як асцеражэнне? Калi такiя былi вашы намеры, тады дарма сабе давалi клопат. Я ведаю, што мяне чакае.

Дон Ларэнца адчуў сябе раптам страшна стомленым.

– Нiчога ты не ведаеш, – цiха сказаў ён.

I яшчэ раз хацеў паўтарыць: нiчога ты не ведаеш, – калi раптам у адчыненых дзвярах паказаўся падрэ Дыега ў дарожным плашчы, накiнутым на плечы.

– Дон Ларэнца! – усклiкнуў ён ад парога. – Вялiкая радасная навiна. Вялебны айцец апрытомнеў i загадаў выпраўляцца ў дарогу. Паехалi!

Дон Ларэнца лёгка падняўся, на яго прыгожым, усё яшчэ юначым твары не было i следу стомленасцi.

– Сапраўды, радасная навiна, вялебны ойча, – шчыра сказаў ён.

Пасля крыкнуў чаляднiку, каб той дапамог яму надзець зброю.

Падрэ Дыега, агледзеўшыся ў пакоi, толькi цяпер, здаецца, заўважыў пана дэ Лару. Падышоў да яго з радасным тварам.

– Прабач нам, сыне мой, за турботы, якiя мы ўнеслi ў твой дом. Нядоўга былi мы тваiмi гасцямi, але ўжо хоць бы за тое, што выязджаем адгэтуль з большай надзеяй, чым мелi яе, парог пераступаючы, табе наша ўдзячнасць.

Дон Мiгуэль моўчкi пакланiўся.

– Ты сказаў, вiтаючы нас, – гаварыў далей падрэ Дыега, – што не гонiшся за гонарам. Гэта цудоўна сведчыць пра тваю сцiпласць, сыне мой. Але, святы Божа, цi ж варта, каб нашчадак такога славутага роду жыў на ўзбоччы, далёка ад найважнейшых дзяржаўных спраў? Мяркую, не падумаеш кепска пра нас, калi пры першым выпадку напомнiм пра тваю асобу Iх Каралеўскiм Мосцям. Упэўнены, радасна прывiтаюць цябе ў сталiцы.

Пан дэ Лара згодна ўсмiхнуўся.

– Пан дэ Мантэса якраз даваў мне ўрокi жыцця ў вялiкiм свеце.

– Нiчога лепшага пан дон Ларэнца i не мог зрабiць, – сказаў з бацькоўскай дабратлiвасцю падрэ Дыега. – Да пабачэння, сыне мой. Хай Бог цябе апекаю акрые.

З замкавага дзядзiнца чулiся ржанне коней i галасы разбуджаных фамiльянтаў.

Апрытомнеўшы, падрэ Тарквемада забыўся нядоўгiм, нямоцным сном. Калi прачнуўся, адразу, нягледзячы на вялiкую стомленасць, адчуў, што яго разбудзiла нейкая настойлiвая патрэба не спаць. Толькi праз якую хвiлiну па калыханнi воза зразумеў, што ён у дарозе. Рыпелi колы, фыркалi конi, i чуўся манатонны тупат iх падкаваных капытоў па камянiстай дарозе. Моцны вецер iрваў напятую над возам парусiну, пад ёю было спакойна i цiха. Ён ведаў, што трэба заснуць, але вастрыня першага адчування, з якiм ён прачнуўся, нiяк не адступалася. Ён ляжаў нерухома, услухоўваючыся ў гэта ўнутранае напружанне, усё яшчэ нiяк не разумеючы, адкуль яно ўзялося. I раптам зразумеў: паблiзу не было нiкога, i тым не меней ён не быў адзiн. Адкрыў вочы. Цемра, суцэльная цемра навокал.

– Ты, – сказаў без здзiўлення.

– Я, – адказаў тут жа побач стомлены голас, нiбы рэха ягонага. – Заўсёды я ёсць, таму што вернасць – гэта неадлучны элемент маёй натуры. Прызнай, вялебны ойча, калi я столькi гадоў вымушаны быў маўчаць, то не мая гэта вiна. Цяпер,аднак, як мне здаецца, можна гаварыць?

– Кажы, – сказаў Тарквемада.

– Дзякую табе, ойча. Павер, я магу ацанiць тваю велiкадушнасць. I цаню яе тым больш, успомнiўшы, што да гэтага часу ты не быў да мяне ўважлiвы.

– Чаго ты хочаш?

– Разумею, загадваеш мне адразу ўзяцца за справу. Слушна, так i павiнна быць, у нас не вельмi шмат часу, асаблiва ў цябе яго мала. Пастарайся, аднак, зразумець мяне, ойча.Калi я цяпер выказваюся так шматслоўна i ты можаш нават папракнуць мяне за балбатлiвасць, дык прычына гэтага не так у маiх схiльнасцях, як у вымушаным бясконцым маўчаннi.

– Я гаварыў i дзейнiчаў за цябе. Ты мог маўчаць.

– Так, гэта праўда. Я даўно заўважыў, што за тых, якiя прагнуць ашчаслiвiць чалавецтва, мне няма чаго гаварыць. Нязвыклае, сапраўды, вяду iснаванне. Людзям, якiя глядзяць на рэчы павярхоўна, можа нават здацца, што я ў такiм разе наогул не патрэбны. Не так яно гэта на самай справе, i такога роду ўплывы ў сваёй аснове – фальшывыя. Варта часам i цэлы век маўчаць, каб пад канец яго ўзяць слова. Нiколi не вядома, калi гэта настане, а таму трэба заўсёды быць гатовым, так сказаць, быць у перманенцыi. Не хочацца, мой ойча, паўтараць, але я яшчэ адзiн раз, i гэта з поўным правам, хацеў бы падкрэслiць, што найвышэй за ўсё я цаню вернасць. Ты, зрэшты, павiнен зразумець i ацанiць гэта. Цi ж ты не быў усё жыццё верны? Калi i дазволiў мне гаварыць, то цi не з той прычыны, што ў асноўным здагадаўся, што менавiта я ў гэтую хвiлiну больш верны табе, чым ты сам сабе? Сапраўды, ты зрабiў вельмi правiльна, паклiкаўшы мяне.

– Я цябе не клiкаў, – цiха сказаў падрэ Тарквемада.

– Маеш рацыю, сапраўды не клiкаў. Але нягледзячы на гэта, я не толькi ёсць, але i гавару, выказваюся, а гэта ўжо нешта зусiм новае ў нашых узаемiнах. Што спавадавала гэта nоvum, задумаемся. I перш за ўсё: з'явiўся я, цi, правiльней кажучы, уяўнiўся? Маю надзею, што цябе не здзiўляе гэта пытанне. Бо ўсё, зрэшты, залежыць ад правiльнага наймення фактаў. Дык значыцца: з'явiўся цi ўяўнiўся? Глыбока падумаўшы, я стаю за вызначэнне "ўяўнення", бо не можа з'явiцца той, хто заўсёды прысутны, праўда? Але навошта я ўяўнiўся? Досыць iстотнае пытанне. Мяркую, што траплю ў самы раз, калi скажу, што ў вынiку пэўнага аслаблення ў табе, мой ойча, чуйнасцi ўзнiклi аб'ектыўныя ўмовы, каб я са стану патэнцыяльнай вернасцi, цi, так сказаць, статычнай, перайшоў у стан дзейснай. Менавiта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што часам варта маўчаць i чакаць цэлы век. Цяжка, бо жыццё ж ёсць жыццё. Сама моцны чалавек можа завагацца, i ў яго веру могуць запаўзцi сумненнi. Павiнен табе нават прызнацца, мой ойча, што людская паняверка невыказна мяне ўзрушае. Непатрэбнае, калi чалавек поўны веры, яно ў цяжкiя хвiлiны, калi святло праўды перастае свяцiць чалавеку, аказваецца асаблiва патрэбным i карысным. У такi толькi момант я ў поўнай меры ўсведамляю, якое гэта бязмежна вялiкае шчасце валодаць непахiснай верай. Твае, ойча, сумненнi...

Тарквемада расплюшчыў вочы i сказаў у цемру:

– Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.

– Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненнi любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: i ты, i я. Баюся я толькi, што мы, заўсёды да гэтага часу такiя адзiныя ў разуменнi рацыi гэтай праўды, цяпер адрознiваемся ў яе разуменнi i ацэнцы. Дзе слушнасць? Цi могуць быць дзве слушныя рацыi, праўды?

– Не.

– Вядома! Хоць i не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў iнтэпрэтаваць трохi адвольна, хоць i астаўся верны яе кампанентам, якiя нязменныя i не падлягаюць нiякай рэвiзii. Гэта вельмi iстотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэслiванне рознiцы ў нашым бачаннi, а на тое, што зблiжае i лучыць. Праўда ж адна.

– I ты ненавiдзiш яе, адну.

Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.

– Гэта таксама было. Рэнегаты i адступнiкi заўсёды сурова мяне асуджалi. Хто ж бо больш з'едлiва можа ненавiдзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзiў? Цi ж не так гэта?

– Гавары далей.

– Ахвотна, але я думаў, што калi ты развязаў мне язык, даруй гэты перыфраз прынятай ветлiвасцi, то толькi з мэтай прынцыповага абмену думкамi i кiруючыся найлепшым жаданнем iх узгаднення. Што ж мы, зрэшты, такое, калi не пэўная сума поглядаў? Асабiста сабою нiхто звычайна не цiкавiцца. Я быў i ёсць празрысты, як праўда, якой я служу.

– Ах, якiя квяцiстыя словы! Прыкра мне, вялебны ойча, павiнен, аднак, заўважыць, што i на табе пацвярджаецца адвечны прынцып. На жаль, няўхiльнай i вартай шкадавання дэградацыi падлягае кожны чалавек, якi сумняваецца. Заўсёды дагэтуль ты ўмеў гаварыць як гаспадар становiшча. А цяпер ты як той сентыментальны летуценнiк. Дзе ж падзелася сцiсласць твайго мыслення, яго цэльнасць i вострасць? Няўжо таму толькi ты ўсё жыццё знiшчаў усякую няяснасць, каб пад канец самохаць аддацца ёй у няволю? Прашу цябе, ойча, заклiнаю ўсiм чыста, што святое, – давай будзем гаварыць як людзi сталыя i свядомыя, унiкаючы спасылак на нескардынаваныя пачуццi, захоўваючы толькi вернасць прынцыпам розуму.

Тарквемада маўчаў.

– Ты заснуў, ойча?

– Не.

– Тады чаму маўчыш? Разумею, хочаш такiм чынам схiлiць мяне да маўчання. А што ж табе з таго? Ты ж ведаеш, што я не магу адысцi.

– Ведаю.

– Ну i?.. Скажам, калi ты хочаш, я перастану. Добра, я ўжо маўчу.

Стала цiха. Тарквемада думаў: "Я стварыў сiстэму, але дзякуючы ёй i праз яе стварыў таксама людзей сiстэмы. Што рабiць з iмi, калi сiстэма аказалася згубным шаленствам? Як адкiнуць тэрор, калi ён ужо здолеў нарадзiць людзей, якiя ў iм толькi знаходзяць рацыю i сэнс свайго iснавання? Знiшчыць iх пры дапамозе таго ж тэрору?"

Праз хвiлiну блiзкi голас азваўся:

– Я маўчаў. Але ты чуў мяне?

Тарквемада ўзвёў вочы.

– Так, – шапнуў, – я чуў цябе.

– I што?

– Манiш. Людзi не хочуць тэрору.

– Бедакi! Нявiнныя ягняты!

– Не кпi.

– Значыцца, чалавек для цябе, ойча, ужо не слабая, гаротная, вартая пагарды iстота?

– Мы зрабiлi людзей яшчэ горшымi. Я памыляўся.

– У чым, калi можна даведацца?

– Ва ўсiм.

– Гэта гучыць горда. Ты заўсёды быў максiмалiстам. Усё! Цi не хочаш ты сказаць гэтым, што i змянiць трэба ўсё? Але ж не, не думай, мой ойча, што мяне гэта нiбыта занепакоiла. Змены ўваходзяць у прыроду гэтага свету. Iх толькi трэба правiльна iнтэрпрэтаваць. На мой, напрыклад, погляд памылак як памылак наогул не iснуе. Што такое памылка? Гэта паняцце няправiльнае, якому я супрацьпастаўляю паняцце правiльнае. А што ж тады ёсць рэчаiснасць? Вiдавочна, паняцце, правiльнае цяпер, у гэтую хвiлiну. А чаму? Таму што правiльнае паняцце, правiльна фармiруючы рэчаiснасць, само – рэчаiснасць. А таму толькi актуальная правiльнасць можа быць рэчаiснасцю, затое тая ж самая правiльнасць з часам, калi будзе акрэслена як няправiльная, страцiць субстанцыю ўласцiвасцi быцця i з гэтага пункту погляду, што па-свойму вельмi проста, наогул перастае ёю быць. Не ведаю, мой ойча, цi ўваходзiла гэта ў твае намеры, калi ты закрануў пытаннi, якiя даўно мяне хвалююць. У гэтым правiльным адмiраннi рэшткавых або наогул мёртвых зместаў i ў нараджэннi новых бачу я, павiнен табе прызнацца, прынцыповую аснову дзеяння i падзей. Усё залежыць, як я ўжо сказаў, ад правiльнага наймення фактаў. Я б у гэтым сэнсе пайшоў, можа, на крок далей i сказаў бы, што ўсё залежыць ад правiльнага дэкрэтавання. Разумееш, што я хачу гэтым сказаць. Трансфiгурацыя iснага ў няiсным павiнна, i нават мусiць, мець адметы ўсеагульнасцi, i яна, згодзiшся з гэтым, не можа быць аднесена на жывёл, наадварот, яе трэба планаваць i кiраваць ёю. Апрача таго, я хацеў бы хоць пабочна выказаць адно дробнае засцеражэнне. Мы пагадзiлiся, што правiльная рацыя, прызнаная правiльнай, трацiць тым самым аб'ектыўную экзiстэнцыю. Але гiсторыя, мой ойча, не выносiць пустаты. Толькi новая правiльнасць можа знiшчыць старую. Каб усмерцiць iдэю, патрэбна iдэя. Здагадваюся, што неўзабаве ты абвесцiш свету новую iдэю.

– Не муч мяне, – шапнуў Тарквемада, – я i так змучаны.

– Так, гэта праўда, прашу мне прабачыць, ойча. Зрэшты, стан людской змучанасцi таксама мяне вельмi цiкавiць. Сапраўднае дазiраванне пакуты належыць да найбольш складаных прэрагатываў майстэрства кiравання. Нельга дапускаць, каб людзi былi спакутаваныя недастаткова, i адначасова нельга ствараць такiх умоў, каб спакутаванне было занадта вялiкае. У абодвух выпадках чалавек можа стаць небяспечным. Ты напэўна заўважыў, ойча, што памiж уяўнасцю роспачы людскога розуму i сапраўднай роспаччу можна правесцi пэўныя паралелi, я маю на ўвазе, вядома, паралелi вынiкаў гэтых зменных дыспазiцый. I што ж? Нас павiнны перш за ўсё цiкавiць вынiкi, бо наогул мы сустракаемся з куды большымi цяжкасцямi пры перайначваннi вынiкаў, а не прычын, змена гэтых апошнiх зазвычай не дае нам асаблiвых клопатаў. Калi ж, аднак, iдзе пра тваю стомленасць, вялебны ойча, дык я мяркую, што яна не мае характару, за якi варта было б непакоiцца, наадварот, яна бадай што ў самы раз. Зрэшты, я, ойча, дзiўлюся з цябе. Сустракаюцца час ад часу неўраўнаважаныя людзi, якiя раптам пачынаюць бунтаваць пасярэдзiне жыцця. Наколькi ты, ойча, больш дальнабачны i больш празорлiвы за гэтых шаленцаў! Ты хацеў бы палепшыць свет, сам бадай што толькi адной нагой у iм стоячы. Гэта мудра. Здаецца мне, што, у сутнасцi, ты больш цэнiш справу свайго жыцця, чым гэта цяпер, аслабеўшы целам, дапускаеш.

Тарквемада хацеў павярнуць галаву, але не хапiла сiлы.

– Перастань, – сказаў ён.

– Дурнiца! – спакойна адказаў на гэта голас з цемры. – Каго ты, стары пень, хочаш ашукаць, мяне? Што табе з жыцця? Нiчога. Дык чаго ж ты тузаешся? Можаш зрабiць адно: памерцi. I то як мага хутчэй. Бо ты ўжо непатрэбны, ты зрабiў сваё. Пасля цябе прыйдуць твае выхаванцы.

Тарквемада ляжаў нерухома, халодны пот выступiў на скронях. Голас гаварыў далей:

– Нiчога, на шчасце, ты не зможаш змянiць. Усё пойдзе вызначанай табою i адзiна правiльнай дарогай. Будзе ўмацоўвацца будова царства божага на зямлi, вялiкая справа ўсеагульнай няволi дзеля будучай свабоды i дзеля перамогi тэрору, каб магла зацараваць справядлiвасць. Несумненна, час ад часу то тут то там будуць з'яўляцца нейкiя маленькiя людзi, якiя будуць талдычыць пра нейкую там туманную i не з гэтай зямлi свабоду. Але што яны супраць сiстэмы, якую ты збудаваў? Ты, мой ойча, лепш за каго б там нi было павiнен разумець, што перад родам чалавечым дзве толькi дарогi, дарога iдэi i дарога бяссэнсiцы. Якую трэцюю можаш ты супрацьпаставiць? Анiякую, бо такой дарогi няма. Можна iсцi да парадку альбо да хаосу. Теrtium nоn dаtur. Усякiя iншыя iмкненнi, незалежна ад таго, у якiя б эфектныя адзежыны яны нi ўбiралiся, – гэта толькi блазенскае перайманне парадку i хаосу. А таму трэба рашыць i выбраць. Я быў i ёсць за парадак. Вядома, у залежнасцi ад акалiчнасцяў служыў я розным iдэям, але мой розум i маё сэрца заўсёды былi на баку тых, якiя бачылi парадак свету ў адзiнай i агульнаабавязковай праўдзе. Людзi такога крою заўсёды былi, ёсць i будуць маiмi, так сказаць, духоўнымi сынамi. Праўда, я кажу гэта не дзеля таго, каб пахвалiцца. Магчыма, што нечая занадта вытанчаная ўражлiвасць угледзiць у маiх словах адценне мегаламанii цi нават пыхi. Я ўжо сустракаў такiя ацэнкi. Тым часам гэта зусiм не так, i калi я дазволiў сабе назваць людзей iдэi сваiмi духоўнымi сынамi, дык толькi з павагi да гiстарычнай праўды. На жаль, чалавечыя веды пра мiнулыя часы ўсё яшчэ недастаткова пануюць над фактамi. Ведаеш, мой ойча, напрыклад, я задумваюся над нэдарэчнасцю, з дапамогай якой сама розныя вучоныя спрабуюць на пiсьме высветлiць пэўны выпадак, прабач, выпадак – гэта не зусiм дакладнае азначэнне, бо тут iдзе не так пра факт у будзённым яго разуменнi, як пра непаўторную сiтуацыю, якая вызначае гiстарычны прэцэдэнт. Думаю, мы разумеем адзiн аднаго. Але ж так, думаю пра яблык, якi Ева ахвяравала Адаму ў раi. Яблык! Праўда, гэта даволi разумная i нават не пазбаўленая прыгажосцi паэтычная метафара. Але што яна азначае, што за ёю хаваецца? Вучоныя кажуць, што пад яблыкам трэба разумець свядомасць дабра i зла. Якая наiўная прастадушнасць! Каб ведаць, што такое зло i дабро, патрэбна нешта, што акрэслiвае дабро як дабро i зло як зло. А што такое гэтае нешта? Дык вось, перш чым высветлiць гэта, хацелася б, вялебны ойча, апiсаць рай. На жаль, мае словы занадта недасканалыя, каб iмi можна было перадаць гэтую вiзiю ва ўсiх яе прапорцыях. Калi б ты спытаўся ў мяне, цi гэта мясцiна горная i лясiстая цi, наадварот, гэта шырокая раўнiна са спакойнымi рэкамi – далiбог, я не патрапiў бы вырашыць гэту дылему. А таму, не хочучы ствараць непатрэбных легенд, скажу табе столькi, колькi я ведаю: быў рай, а ў iм людзi. Ойча вялебны, легенда зрабiла з iх iстот, ва ўсякiм разе, дасканалых, бязгрэшных, прыгожых i невыказна шчаслiвых. Але якiя яны былi бедныя i пры сваiм знешне бестурботным багаццi, якiя пахiбныя i нябогiя! Несумненна, нават з маiмi сцiплымi здольнасцямi я мог бы пры невялiкiм намаганнi намаляваць табе райскую краiну з музыкай сфераў, а зямлю ў такiх прыгожых формах i колерах, што нават цяпер, сярод гэтай негасцiннай начы, ты пачуў бы на твары лагодны павеў цёплага зефiру, а вакол сябе пахi сама цудоўных кветак. Да i людзей здолеў бы ўпрыгожыць. Фантазiя? Наогул, не маю нiчога супраць фантазii. Ва ўсякiм разе, я думаю, што гэта наша агульная, так сказаць, рацыя абыдзецца i без фантазii. Будзем рэалiстамi! Божа вялiкi, яшчэ цяпер, калi я спрабую выклiкаць гэтыя змрочныя часы, мяне ахоплiваюць узнёслыя дрыжыкi лiтасцi i спачування, ахоплiваюць яны мяне не менш, чым у тыя часы, калi я сузiраў бязмежна смутны лёс першых людзей. Яны мелi, здавалася, усё, а ў сутнасцi нiчога. Былi голыя не толькi ў сэнсе даслоўным. А што яны мелi перад сабою, якiя перспектывы на заўтра? На жаль, вельмi мала. Нямую прыроду. Усходы i заходы. Велiч глыбокай начы, асветленай толькi таямнiчымi зоркамi. Дзiцячы енк. Буры i дажджы. Заўсёды далёкiя гарызонты. Любоўныя пяшчоты. Засухi. Пахаванне мёртвых. Сваю смерць. Што ж яшчэ? Га! Яшчэ можа мужчынскае жаданне схапiць за горла другога чалавека. Можа, багатырскае пачуццё трыумфу, якое распiрае грудзi, калi паставiць голую нагу на голы карак ворага? Можа... зрэшты, чаго нам далей гуляць у адгадкi? Будучы людзьмi, яны павiнны былi мець перад сабою ўсё, што звязана з чалавечай натурай. I тут пачынаецца дылема. Сэнс, сэнс усяго гэтага! Што гэта ўсё азначае? Што такое жыццё? Што такое смерць? А нянавiсць? А ўсе цяжкiя думкi, якiя прыходзяць ноччу? У той час, кiруючыся хутчэй за ўсё пачуццём, якое вынiкала з разумення нэндзы iснавання, я даў людзям, прабач, калi гэта зноў прагучыць нясцiпла, даў я ў той час людзям iдэю, бо толькi яна можа ўлiць патрэбны сэнс у чалавечае iснаванне. Чаго ж варты гэты свет, калi ён не мае сэнсу? Права на гвалт i кроў чалавек прагнуў. Марыў, каб асвяцiлi злачынства i жорсткасць. Сублiмацыя аказалася неабходнасцю. Сапраўды, даючы людзям iдэю, я збавiў iх ад страшнай ялавасцi i нуды.

Тарквемада неспакойна заварушыў пальцамi, нiбы хацеў скiнуць цяжар з грудзей.

– Божа! – сказаў уголас.

– О, менавiта! – адказала цемра. – Папаў у самы акурат.

– Божа! – сказаў уголас.

– Ну але ж! Бо было напiсана: "Спачатку стварыў Бог неба i зямлю". Iдэя павiнна быць вялiкая i ўнiверсальная, гэта ясна, цi ж не? Толькi вялiкiя i ўнiверсальныя iдэi могуць рухаць людскую маласць. Пякельна цяжкая гэта маласць.

– Ты быў там?

– Дзе?

– Тады, напачатку?

Залегла цiшыня.

– Быў? Кажы.

– Вох, тое было так даўно! Цi я ведаю? Можа, быў, а можа, не быў. Цi ж гэта важна? Я ўжо сказаў табе, што самiм сабою зусiм не цiкаўлюся. Важная iдэя.

– Ты ўсё выдумаў.

– Ты, камедыянт стары! – адказаў на гэта без гневу голас побач. – Ты ж сам даўно жывеш без веры i ў мяне i ў Бога? Перад кiм граеш? Перад самiм сабой? У iдэю неабавязкова верыць, яна сама – вера.

Тарквемада расплюшчыў вочы. Цемра была пустая i немая. Атачала яго з усiх бакоў. Ён адчуў холад i змрок, яму здалося, што ён памiрае. I, напалоханы, уражаны, ён закрычаў.

Падрэ Дыега ехаў блiжэй да воза i першы пачуў крык, незвычайны i доўгi, хутчэй падобны на сковыт звера, чым на чалавечы голас.

Дыега не быў баязлiвы, але задрыжаў. Аднак ён адразу апамятаўся i, тузануўшы каня так, што той чэравам зачапiў кола воза, – адхiнуў парусiну.

– Ойча мой! – сказаў напаўголаса.

Тарквемада ўздрыгнуў i замоўк. Рот у яго быў адкрыты, вочы таксама.

– Ойча мой, – паўтарыў падрэ Дыега.

Той i ляжаў нерухома i глядзеў у цемру, нiчога перад сабой не бачачы.

Нарэшце спытаўся:

– Гэта ты, сыне мой?

– Так, мой ойча. Пастарайся заснуць. На свiтаннi будзем у Авiле.

– На свiтаннi?

– Неўзабаве развiднее.

– Холадна, падай мне руку.

Падрэ Дыега нахiлiўся i пашукаў у цемры руку вялебнага айца. Яна была халодная i вiльготная. Трымаў яе нейкую хвiлiну ў сваёй, паступова зацiхала яе слабое дрыжанне.

Яму ўжо здавалася, што вялебны айцец засынае, калi той раптам заварушыўся.

– Не! – усклiкнуў. – Не!

– Ойча мой, – шапнуў з мальбою падрэ Дыега.

Хвiлiну было цiха, потым Тарквемада пачаў крычаць высокiм, поўным роспачы голасам:

– Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!

Падрэ Дыега адступiў i хуценька закрыў заслону. Голас вялебнага айца гучаў вельмi моцна, але нiводзiн з дамоўнiкаў, што стоўпiлiся навокал, не паглядзеў у той бок. Твары ў iх былi нерухомыя i не выдавалi нiякiх душэўных пачуццяў.

Недалёка ад падрэ Дыега ехаў дон Ларэнца. Падрэ Дыега крануў яго за плячо.

– Дон Ларэнца!

Той, выпрастаўшыся, глядзеў перад сабой.

– Так, вялебны ойча.

– Вялебны айцец не можа заснуць, ён хацеў бы паслухаць святую песню.

– Так, мой ойча, – сказаў дон Ларэнца i паехаў на канi наперад атрада.

З-пад парусiнавай заслоны ўсё яшчэ даляталi крыкi Тарквемады.

– Патушыце вогнiшчы, патушыце вогнiшчы!

Але ўжо там, дзе на мяжы сама глыбокай цемры палалi першыя паходнi, загучалi цвёрдыя мужчынскiя галасы, якiя завялi пачатковыя словы гiмна iнквiзiцыi "Ехurgе Domine еt iudiса саusаm Тuаm". Песню падхапiлi астатнiя фамiльянты, i спеў пачаў з усё большай сiлай узносiцца сярод цёмнай прасторы, пад велiзарным небам ночы.

Як i прадбачылася, да Авiлы наблiзiлiся сапраўды на свiтаннi.

Неўзабаве на небакраi паказалiся муры i вежы горада, падрэ Дыега, каб ухiлiцца ад прывiтальных урачыстасцяў, выслаў ганца.

Пасля цёмнай ночы ранак уставаў пахмурны, неба зацягнула, цяжкiя хмары павiслi нiзка над голай i неўрадлiвай у тым краi зямлёю.

Нягледзячы на раннюю пару i на тое, што ганец на добрую гадзiну апярэдзiў атрад, вестка пра таго, хто прыбывае, адразу разышлася па ўсiм горадзе, бо, калi, праехаўшы мiма нядаўна збудаванага кляштара Санта Томас, почат Вялiкага iнквiзiтара мiнуў мост на рацэ Адаха i ўехаў праз Пуэрта дэль Пуэнтэ ў муры, натоўпы жыхароў Авiлы запоўнiлi вулiцы i плошчы, якiя вялi да кляштара Сан-Вiцэнтэ.

Згодна з атрыманай iнструкцыяй нiякiя ўлады, нi свецкiя, нi духоўныя, не вiталi поезд.

Маўчалi званы. Такi ўсюды панаваў спакой i парадак, што гарадскiя вартавыя Святой эрмандады не мелi чаго рабiць.

Натоўпы стаялi ў поўнай цiшынi, моўчкi расступаючыся перад павольным атрадам, а калi паказваўся воз, акружаны коннымi рыцарамi, людзi станавiлiся на каленi i схiлялi галовы.

Падрэ Дыега ехаў каля воза, злева ад дона Ларэнца. Нахiлiўся да яго i спытаўся:

– Цi задумваўся ты, дон Ларэнца, што на сэрцы ў гэтых людзей, якiх тут так многа сабралася?

– Так, ойча, – адказаў дон Ларэнца, як звычайна, гледзячы перад сабою. Прысутнасць гэтых людзей сведчыць пра iх бязмежную любоў да асобы вялебнага айца.

На гэта падрэ Дыега сказаў:

– Правiльна. Свет iдзе наперад. Сапраўды, мы здабылi любоў i давер народа.

Задумаўся, а праз хвiлiну дадаў:

– Шкадаваць нам толькi трэба, што вялебны айцец не бачыць усяго гэтага.

Зноў змоўк, потым сказаў:

– Дон Ларэнца!

– Так, шаноўны ойча.

– Сённяшняй ночы, як ведаеш, вялебны айцец зноў, на шчасце ненадоўга, страцiў прытомнасць.

Дон Ларэнца маўчаў. А той казаў далей:

– Страшная i надзвычай балесная безабароннасць чалавека, якога звалiла хвароба. Было б вартым вялiкага шкадавання, калi б да людзей не паклiканых дайшлi якiя-небудзь звесткi пра стан, у якiм у вынiку хваробы апынуўся вялебны айцец.

На гэта пан дэ Мантэса сказаў:

– Разумею, шаноўны ойча. Можаш быць спакойны, такога не здарыцца. Вушы маiх людзей – мае вушы. Языкi iх – таксама.

Падрэ Дыега, усё яшчэ задуменны, глядзеў на яго хвiлiну, пасля, не сказаўшы нiчога, адвярнуўся. "Я прапаў, – падумаў дон Ларэнца. – Паказаў недаравальную ўпэўненасць у сабе. Я прапаў". Стаў паспешна шукаць словы, якiмi яшчэ мог бы завязаць i ўратаваць перапыненую гаворку, але нарэшце, калi яму ўжо здалося, што знайшоў патрэбныя, яго ахапiла нiякавасць. "Я прапаў", падумаў яшчэ раз. I, на сваё здзiўленне, замест страху, якога чакаў, адчуў вялiкую палёгку. Зусiм спакойны i насуперак сваiм звычаям ён пачаў азiрацца па баках, каб адгадаць, хто з блiжэйшых яго таварышаў зойме ў недалёкiм часе яго пасаду. Без цяжкасцi i толькi на аснове вядомай яму нянавiсцi налiчыў пяцёра. Падумаў, што, калi б захацеў, мог бы iх усiх пацягнуць за сабой у прорву, але адразу зразумеў, што цяпер ён не вельмi важная пешка, бо, раз узяты пад падазрэнне, не мае права вызначаць нi характару, нi памераў вiны.

Тым часам першыя дамоўнiкi наблiжалiся да Сан-Вiцэнтэ.

Першы, хто вельмi рана прыбыў у Сант-Вiцэнтэ, быў Яго Эмiненцыя бiскуп Авiлы дон Бласка дэ ла Куэста. Вялебны падрэ Дыега, якому паведамiлi пра гэта, пакiнуў вялебнага айца i, абмяняўшыся ў суседняй цэлi некалькiмi словамi з доктарам Гарсiя i з прызначаным для супольнага чування братам, пайшоў у рэфекторый.

Яго Эмiненцыя, хоць i прыехаў з вялiкiм дваром у атачэннi многiх прыёраў, прэлатаў i канонiкаў капiтулы, адразу пасля прыбыцця ў кляштар i пасля размовы з абатам пакiнуў усiх i чакаў айца Дыега адзiн. Убачыўшы яго, паспяшаўся насустрач, шалохцячы сваiмi дарагiмi фiялетамi.

Мiнулыя гады дадалi яго целу паўнаты, быў ён вялiкi, вельмi тоўсты, шырокi ў плячах, але пры ўсёй гэтай надмернай паўнаце поўны годнасцi.

– Вiтаю цябе, мой ойча, – сказаў гучным, яшчэ не старым голасам. – У якiх смутных акалiчнасцях сустракаемся праз столькi гадоў! Цi праўда, што стан вялебнага айца такi цяжкi?

– Праўда, – адказаў падрэ Дыега, – толькi на Бога можам ускладваць надзею.

– Ён прытомны?

– Спiць.

Пан бiскуп задумаўся.

– Так, цяжкiя гэта для ўсiх нас хвiлiны. Калi прачнецца вялебны айцец, я змагу яго ўбачыць?

– На жаль, – адказаў падрэ Дыега, – хай прабачыць Ваша Эмiненцыя, але гэта не здаецца магчымым пры стане, у якiм цяпер вялебны айцец. Лекар наказаў аберагаць яго ад усякiх узрушэнняў. Спакой, спакой i яшчэ раз спакой патрэбен яму больш за ўсё.

Яго Эмiненцыя не налягаў.

– Гэта праўда, маеце рацыю, мой ойча. Сапраўды, гукi свету не павiнны ў такую хвiлiну муцiць яго розум. Калi, аднак, ты ўспомнiў пра спакой, то, разумеючы яго глыбокi i iстотны сэнс, нельга ўявiць сабе, каб хто-небудзь з нас мог перад аблiччам смерцi мець спакой больш дасканалы, чым той, якi заслужыў сабе вялебны айцец. Сапраўды, мала каму дадзена пакiдаць гэты часовы свет са свядомасцю спаўнення справы дасканалай i трывалай. Ты, зрэшты, вялебны ойча, столькi гадоў прабыўшы ля яго, найлепей можаш зразумець i ахапiць тое, што нам, якiя стаяць далей ад яго асобы, уяўляецца толькi ў недакладных формах. З сапраўднай узрушанасцю гляджу я на цябе, мой ойча, колiсь мой сыне. Калi я вяртаюся ў памяцi ў тыя днi, як мы жылi побач i разам, мне здаецца, нiбы ад тых хвiлiн сплыў цэлы век.

– Так, – сказаў падрэ Дыега, – час той дзякуючы велiчы падзей сапраўды можа здавацца вельмi значным.

– Ён значны! Калi ў дзеях вера i праўда абаперлiся на падмуркi такiя роўныя i моцныя, як у нашыя часы i на нашых вачах? Немалое табе, мой ойча, выпала шчасце, што ў гэтай справе давялося табе браць удзел такi непасрэдны i важны. Памятаеш той дзень, калi я быў тым першым, хто прыйшоў перадаць табе вялiкую навiну?

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу проста ў вочы.

– Памятаю, Ваша Эмiненцыя.

– Я часта думаў, як гэта здарылася, што ў той час, у тыя даўнiя гады, вялебны айцец, хоць ён так мала ведаў цябе, намнога трапней i дальнабачней, чым я, твой прыёр, змог ацанiць сапраўдныя рысы твайго розуму i характару. Цяпер, праз столькi гадоў, калi мае тагачасныя страхi аказалiся, на шчасце, памылковымi, магу табе, мой ойча, сказаць, што быў ты тады прадметам маёй вялiкай трывогi.

Падрэ Дыега паглядзеў пану бiскупу ў вочы.

– Не зусiм разумею, што Ваша Эмiненцыя мае на ўвазе.

– Сваю памылку, – сказаў той. – Цi гэта праўда, што адзiн з тагачасных братоў, менавiта брат Матэа, наколькi мяне не падводзiць памяць, да таго зганьбiў сябе ератыцкiм адшчапенствам, што быў Святым трыбуналам адлучаны ад царквы?

– Так, – сказаў падрэ Дыега, – так, на жаль, усё яно i было.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю