355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ежи Анжиевски » Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 11:22

Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"


Автор книги: Ежи Анжиевски


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)

Ён сказаў гэта шэптам, але голас яго мог пачуць мнiшак, якi кленчыў каля ўвахода ў каплiцу, бо той, да таго часу нерухомы i, як здавалася, цалкам адданы малiтве, раптам падхапiўся. Ён быў нiзкi i дробны, рабiў уражанне вельмi маладога.

Доўгую хвiлiну падрэ Тарквемада i той глядзелi адзiн на аднаго моўчкi. Нарэшце вялебны айцец падышоў блiжэй. Брат дамiнiканец быў сапраўды малады, не болей за дваццаць.

– Мiр з табою, сыне мой, – сказаў Тарквемада. – Я перашкодзiў табе ў малiтве? Ты ж малiўся?

Малады стаяў, схiлiўшы галаву.

– Хацеў малiцца, – сказаў цiхiм стомленым голасам.

– Правiльна робiш, таму што ноч асаблiва спрыяе сабранасцi. Парою ў такi час, як цяпер, менавiта малiтва, а не сон, робiцца сапраўдным адпачынкам. Усе думкi можна аддаць богу.

Той узняў галаву, твар у яго быў бледны i спакутаваны, толькi цёмныя, незвычайна вялiкiя вочы палалi неспакойным агнём.

– Ойча вялебны, я сапраўды вельмi малады, але ўжо даўно не маю спакою, пра якi кажаш. Я не мог заснуць, гнялi мяне цяжкiя думкi. Я хацеў знайсцi ратунак ад iх у малiтвах. Але не знайшоў ратунку.

– Кепска, можа, шукаў.

– Не ведаю, ойча. Часам мне здаецца, што не малiтвы мне патрэбны, а выказацца ўголас пра ўсё тое, што мяне мучыць. Ойча вялебны, ты на столькi гадоў старэйшы за мяне, многае, напэўна, бачыў i перажыў, скажы, цi маўчанне можа забiць душу чалавека?

Падрэ Тарквемада з хвiлiну памаўчаў.

– Не разумею цябе, сыне мой. Толькi ўпартае трыванне ў смяротным грэху можа забiць чалавечую душу.

– А маўчанне цi ж не бывае смяротным грэхам? Ойча, агартае мяне часам страх, што калi не выкажу таго, што каламуцiць спакой майго сумлення i адганяе сон, тады ўсё, што я змоўчаў, памрэ ўва мне, як уздых, якi не можа ўжо ўхапiць паветра, як слова, якога не здолее вымавiць амярцвелы язык. Ойча мой, я баюся, што магу стаць каменем.

Тарквемада працягнуў далонь.

– Падай мне, сыне, руку.

Рука была халодная i сухая.

– Ты думаеш, ойча, што ў мяне гарачка? Не, ойча, гарачкi няма, я здаровы.

– Бачу, сапраўды няма гарачкi. Але ж гаворыш ты, браце...

– Завуць мяне братам Дыега.

– Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзi ў вялiкай гарачцы або пад вялiкiм грэхам, якi точыць iх сумленне.

Брат Дыега ўздрыгнуў.

– О не, ойча! Цяжкiя грахi не на маiм сумленнi. Не мяне трэба вiнавацiць за прымус, не на мне людскiя крыўды, слёзы i пакуты. Нiхто яшчэ мяне не праклiнае i не ненавiдзiць. Не маю на сумленнi нiякага злачынства, нiякай няпраўды.

Некалькi хвiлiн панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.

– Браце Дыега, ты выказваешся даволi няясна, аднак мне здаецца, што тваiмi вуснамi гаворыць вялiкая пыха.

Той заварушыўся.

– О не, ойча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маiх думак.

– Ты так мяркуеш?

– Не ведаю, ойча. Можа, i знаеш iх, можа, i ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў малiцца, але не ведаў, што тут я не адзiн. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калi стаю перад табою i, апроч нас двух, няма нiкога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвiлiны, як я пачаў мыслiць. Чаму ты так дзiвiшся на мяне, ойча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкi, што я прытомны. Цi ведаеш ойча, за што я хацеў малiцца? Можа, i здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, якi ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Ойча мой, ойча, я хацеў прасiць у Бога, каб ён дараваў тым усiм, якiя, маючы ў сваiх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю i не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны i пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялiкi i лiтасцiвы, якi на небе, май лiтасць да гвалтаўнiкоў справядлiвасцi, даруй свядомым iлгунам, здрадным скаржнiкам i фальшывым суддзям, будзь мiласэрны да тых, якiя ў сляпым забыццi нiшчаць спакой людскi i сеюць страх, аблуду i нянавiсць, злiтуйся з забойцаў... Так хацеў малiцца. Але не змог, ойча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылi. Калi цяпер iх вымаўляю, дык яны – абвiнавачанне i праклён, а калi яны павiнны былi быць малiтвай, кожнае з iх здавалася мне цяжэйшым за камень. Ойча, гэта была б благая малiтва!

Падрэ Тарквемада стаяў нерухомы.

– Цi можаш сказаць мне, браце Дыега, – сказаў праз хвiлiну, – хто тыя людзi, за якiх ты хацеў малiцца i на якiх ускладваеш вiну, такую вялiкую, на тваю думку?

Брат Дыега падняў да грудзей абедзве зацiснутыя далонi.

– Ойча! Гэтая сутана палiць мяне, яна душыць мяне.

– Браце Дыега!

– Палiць мяне, ойча, бо зганьбавана людзьмi, якiя носяць яе.

– Браце Дыега, я таксама нашу яе.

– I нiколi яна не душыла цябе? Скажы, нiколi цябе не трывожыць сорам, што людзi ў такiх самых сутанах...

Тарквемада вызвалiў з рукава далонь i рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.

– Маўчы! Цi не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Цi ведаеш, хто я?

Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкiмi вачыма на старога.

– Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.

– Браце Дыега, – сказаў той цiха, амаль лагодна, – я брат Томас Тарквемада.

Дыега болесна ўсмiхнуўся.

– Навошта з мяне кпiш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, ойча, няма ўва мне страху. Калi б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада, я таксама не адмовiўся б ад нiводнага слова, што сказаў. Мая нянавiсць мацнейшая за страх. Няма ўва мне, ойча, месца страху.

– Браце Дыега, апамятайся, – сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асаблiва моцным нацiскам, – ты стаiш перад Вялiкiм iнквiзiтарам.

Стала цiха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узiраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамi халодны пот.

– Божа, – прашаптаў.

Адступiў на крок у глыбiню каплiцы i ў гэты момант зачапiў нагою падсвечнiк, якi стаяў з боку алтара. Твар яго скрывiўся, губы задрыжалi. Ён хутка нагнуўся i, схапiўшы цяжкi чатырохгранны падсвечнiк, замахнуўся iм на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавiсцю, але адначасова абяззброены спакоем i маўчаннем старца, якi не адступiў нi на крок, не зрабiў анi руху на абарону. З яго нерухомай постацi бiла такая сабраная i цвёрдая сiла, што праз хвiлiну Дыега заплюшчыў павекi, i, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, – падсвечнiк выпаў з рукi i, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкi алтара, пакацiўся з iх i застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цiшыню цемры, i адзiн яго гук асаблiва доўга i працяжна звiнеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, i цiшыня стала яшчэ глыбейшая.

Дыега расплюшчыў вочы.

– Чаму не клiчаце сваю ахову, вялебны пане? – спытаў высокiм i ясным, вельмi маладым голасам. – Рабiце, што прывыклi рабiць пры падобных акалiчнасцях.

Падрэ Тарквемада адвярнуўся i, расхiнуўшы на грудзях сутану, укленчыў перад алтаром.

– Сыне мой, – сказаў напаўголаса, – укленчы побач са мною.

Дыега хвiлiну стаяў нерухомы, пасля раптам рэзка павярнуўся да Тарквемады i ўкленчыў не далей чым на выцягнутую руку.

Каганец, якi свяцiўся ў глыбiнi алтара, кiдаў мiгатлiвы бляск на абодвух.

Вялебны айцец склаў далонi на малiтву.

– Паўтарай, сыне мой, за мною: "Ойча наш, якi сутны на небе..."

Дыега ўзняў вочы, але навокал было занадта цёмна, каб ён мог затрымаць позiрк на доўгiх пратэсах, якiя пасмамi жаўтаватага палатна звiсалi абапал амбона, заўсёды ўдзень напамiнаючы iмёны i правiны людзей, спаленых Святым трыбуналам. Цяпер толькi невыразны цень гэтых злавесных палотнаў нiк у глыбiнi камянiцы.

– "Ойча наш, якi сутны на небе", – сказаў нарэшце ясным i звонкiм голасам, як перад тым.

– "Хай свяцiцца iмя тваё".

– "Хай свяцiцца iмя тваё".

Дыега адчуў спазмы ў горле i гарачыя слёзы пад павекамi.

– "Хай прыйдзе царства тваё", – сказаў ён цiха, каб не выдаць дрыжання голасу.

– "Хай будзе воля твая як у небе, так i на зямлi".

Дыега паўтарыў i гэтую фразу, але яшчэ цiшэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, i заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар больш не малiўся. Ён замоўк, зацiснуў далонямi скронi, нiбы забыўся на таго, хто кленчыў побач з iм.

Сiгнатурка сёстраў кармелiтак зноў пачала званiць удалечынi. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.

– Аман, – сказаў моцным, сабраным голасам. – Браце Дыега!

– Пане?

– Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развiднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкi дзень.

– Абы каб стаў пачаткам апошняга! – усклiкнуў Дыега.

На гэта Тарквемада сказаў:

– Кожны чалавек пан i адначасова слуга свайго лёсу. Iдзi ўжо requiescere in pасе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.

Ноч сапраўды канчалася, i, калi брат Дыега iшоў кляштарным дзядзiнцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакiтнаватым водблiскам, зоркi пачалi тухнуць. Мглiстая шэрань золку залiвала паветра, i холад гэтай апошняй начной гадзiны быў асаблiва пранiзлiвы.

У ценi каланады стаяў чалавек. Дыега спынiўся, пасля падышоў блiжэй.

– Гэта ты, Матэа?

– Я, – сказаў той. – Адкуль iдзеш? Ты быў у царкве?

– Быў.

– Божа вялiкi! Ты бачыў яго?

– Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.

– Дыега!

– На гэты раз ён перамог мяне. Я малiўся з iм.

Брат Матэа схапiў яго за руку.

– Дыега, мой маленькi Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю келлю, але яна была пустая. Пасля ў калiдоры мне загарадзiў дарогу малады рыцар, адзiн з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: "Куды вы iдзяце, вялебны браце?" Я адказаў: "У царкву". Тады ён крануў мяне за плячо i сказаў: "Ужо ноч, вялебны браце, не перабiвайце нашаму шаноўнаму айцу хвiлiн самотнага роздуму". Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмi доўга чакаў.

Дыега падняў галаву.

– Навошта?

– Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубiць сябе? Што гэта азначае, што ты малiўся разам з iм?

– Нiчога, – сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нiзкiмi скляпеннямi аркад.

– Нiчога?

– Я хацеў забiць яго, а пасля паўтараў за iм пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

– Дыега, што ты зрабiў з сабою? Нашто па сваёй волi аддаешся ў рукi непрыяцелю?

Дыега пацiснуў плячыма.

– Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? I так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знiшчыць. Гэта ўсё.

– Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

– Бывай, Матэа. Я стамiўся, хачу спаць, rеqeiescerе in расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

– Дыега!

Дыега спынiўся каля ўвахода ў кляштар:

– Чаго?

– Я любiў цябе за чысцiню твайго сумлення, як нiкога на свеце.

– Чаму кажаш – любiў?

– Дыега, калi што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

– Што гэта азначае?

– Што?

– Сумленне.

– Будзь самiм сабою.

– Толькi таго?

– Гэта ўсё.

– Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самiм сабою, калi раблю адно, i застаюся самiм сабою, калi раблю нешта зусiм другое. Цi ў страху таксама ёсць сумленне?

– Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

– Ах, так! – сказаў Дыега. – Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу i так моцна, што, калi прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, цi гэта досвiтак, цi ўжо змяркаецца. Нейкую хвiлiну ляжаў нерухома ў тупой стоме, i, перш чым паспеў абудзiцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, i амаль адразу, у глыбокiм сне вельмi востра i раптоўна ўсвядомiў, што не спiць i што не адзiн у келлi. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павiнна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ i невядомую, неабходнасць на некалькi хвiлiн, каб сабрацца з думкамi. "Нельга мне баяцца", – падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нiбы толькi i чакаў позвы, – сэрца забiлася хутчэй, халадок прабег па скронях i шчоках. "Не, не, толькi не гэта!" – сказаў ён уголас i паглядзеў.

Пасярод келлi стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нiбы ахопленыя водблiскамi вялiзнага пажару. "Адкуль гэтае святло?" – падумаў ён. Яшчэ нiколi ён не бачыў яснасцi, адначасова халоднай i мёртвай. Устаў.

– Вы прыйшлi, пане? – сказаў проста.

Сапраўды, калi ён i адчуваў у гэты момант здзiўленне, дык толькi з той прычыны, што зусiм не здзiвiўся.

– Як бачыш, – сказаў Тарквемада. – Я ж сказаў табе, што кожны чалавек – i пан i слуга свайго лёсу.

– Ты мне гэта казаў, пане? – здзiвiўся Дыега. – Калi?

– Ужо не памятаеш?

Дыега пацёр лоб.

– Так, нешта прыгадваю. I таму ты прыйшоў? Не разумею цябе, пане? Ты – не я, i мой лёс – не твой.

– Ты так думаеш, сыне мой? Няўжо ты памылiўся, кажучы, што ведаеш мяне даўно?

– Не, пане, не памылiўся. Сапраўды ведаю цябе так даўно, як толькi хапае памяцi.

– Ну i?..

– Але ты – не я. Калi я ўбачыў цябе першы раз, так, цяпер я ўсё прыпамiнаю, менавiта таму мне здалося, што ведаю цябе даўно, што ты не быў мною. Ты – мая процiлегласць, маё адмаўленне.

– Дапусцiм. Аднак жа цi ты не ведаеш мяне, каго называеш сваёй процiлегласцю i сваiм адмаўленнем, дакладней i лепей, чым сябе самаго? Маўчыш? Значыцца, згаджаешся?

– О не, пане! Маўчанне не заўсёды азначае згоду. Я замоўк, бо не мог адмаўляць, што ведаю цябе добра.

– А сябе? Цi ведаеш сябе лепш, чым мяне? Ведаеш пра сябе ўсё?

– Хто ж ведае пра сябе ўсё?

– Дык, можа, ведаеш усё пра мяне?

Дыега завагаўся.

– Так, пане, – сказаў нарэшце цвёрда. – Пра цябе – усё.

I адразу зразумеў, што гэтае прызнанне размiнулася з мэтай, прайшло мiма старога.

– Дзе ж тады мяжа памiж табою i мною? – спытаўся Тарквемада. – Цi не iлюзiя гэта, якую ты сам у сабе стварыў?

– Значыцца, усё-такi сам!

Тарквемада, здавалася, не заўважыў трыумфальнай iнтанацыi ў голасе Дыега.

– Калi ты ведаеш мяне, а я – не ты, калi ты ведаеш мяне лепш, чым сябе, дык, можа, i ты – не ты ў такiм сэнсе, як табе думаецца. Можа, тваёй натуры ўласцiва перш за ўсё тое, што ты ведаеш дакладна i ўсебакова, а не тое, што сам расцэньваеш як няяснае i цьмянае.

– Што ж, па-твойму, азначае – быць самiм сабою?

– Быць, – адказаў Дыега без вагання.

– А можа, ведаць? Цi можаш ты iснаваць, дзякуючы несвядомасцi, пазбаўляючы iснаванне свядомасцi? Што вырашае тваё прызначэнне: iснаванне цi свядомасць?

– Ведаю, – усклiкнуў Дыега, – ты хочаш забiць маю свядомасць.

Тарквемада ўсмiхнуўся, нiбы нешта разумеючы.

– Наадварот.

– Хочаш, каб яна была тваёй?

– Падсунь мне крэсла, сыне мой, – сказаў Тарквемада.

Дыега зрабiў гэта, пасля стаў перад iм.

– Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, – паўтарыў ён.

Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.

– Бог, сыне мой, – сказаў нарэшце, – асаблiвай любоўю адарае палкiя душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калi ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павiнен думаць, якiм мэтам служыць твая палкасць.

– А, дык усё-такi яна мая!

– Цi служыць царству божаму цi царству сатаны.

– Iначай, ойча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.

Тарквемада падняў галаву, i позiрк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.

– Памыляешся, бо нават сама смелай думкай ты не патрапiш асягнуць царства божае. Ты не бачыш i не разумееш яго. Думаў ты калi: можа, палкасць твая выява волi божай, можа, абяртаецца супраць яе? Цi наблiжае перамогу праўды, цi бунтуе супраць асноў праўды? Цi наша гэта, хрысцiянская палкасць, цi чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не iснуючы сама ў сабе, яна, у адарваннi ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сiлу як на дабро, так i на зло, адзiн раз служыць праўдзе, а другi раз кiруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысцiянiн?

– Ойча вялебны, калi б я не быў хрысцiянiнам, не кранала б мяне так вiна маiх братоў.

– Ты сын царквы?

– Ойча, калi б царква магла гучна i свабодна гаварыць вуснамi праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысцiянскiя краiны разнёсся б страшлiвы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы... крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабiлi з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсцi там, дзе яна трымаецца толькi на хлуснi, гвалце i прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесцi...

– Горы, горы! – голас Тарквемады па-старэчы заскрыпеў. – Павярхоўна, сыне мой, разумееш навуку Хрыстовую. Ты яшчэ не прасякнуўся ўсёй глыбiнёю праўды. Што ты ведаеш пра шляхi, якiмi належыць весцi люд да збавення? Што ты ведаеш пра павольнае, векавечнае збудаванне божага царства? Ты са сваiм вопытам, меншым за жменьку пяску. Што ты бачыў, што перажыў?

– Многае, ойча, бачыў. Бачыў сама жудасны гвалт, якi чынiлi з людзьмi, бачыў, як глумiцца годнасць чалавечая...

– А што ты ведаеш пра ажыццяўленне вучэння Хрыста? Што табе вядома са складанага ператварэння слоў у дзеянне? Цi ведаеш ты формы i памеры зла? Цi ведаеш ты абавязкi, якiя садзейнiчаюць упарадкаванню? А чалавек, натура чалавечая! Што ты ведаеш пра чалавека?

– Я сам чалавек.

– Якi?

– Чалавек.

– У чалавечай форме i ератыкi i паганцы. Цi прызнаеш ты, што вучэнне царквы – адзiная праўда i няма, апроч яе, нiякай iншай праўды?

– Ойча, я не адступнiк.

– А праўда – цi не ёсць яна дабро?

– Дабро, ойча. Найбольшае дабро.

– Калi ж праўда – гэта дабро, дык што такое скрыўленне праўды – цi не зло гэта? А зло, цi не трэба яго вынiшчаць i ламаць? Цi мы павiнны дазволiць, каб яно ўбiралася ў сiлу? Не, мой сыне, не дастаткова толькi прызнаваць праўду. Праўду трэба абараняць ад усякiх яўных i замаскаваных падкопаў зла. Праўду трэба мацаваць штодзённа, кожную гадзiну i хвiлiну.

"Адкуль гэта святло?" – зноў падумаў Дыега. I сказаў няўпэўнена:

– Ойча, а калi мы абараняем праўду нягоднымi сродкамi, дык цi не агняздуецца зло ў самым сэрцы праўды?

– Што ты называеш нягоднымi сродкамi? Ужыванне сiлы? Меч справядлiвасцi? Падумай, чым бы стала праўда, калi б не была здольная ўжываць сiлу i калi б у яе руцэ не было зброi, якою можна забяспечыць права. Не, нiчога ты не ведаеш пра натуру чалавека!

– Я ведаю, што людзi пакутуюць i мучацца звыш меры сваiх правiнаў, а часта i без вiны.

– Я таксама ведаю гэта.

– Ты?

– Святая iнквiзiцыя, мой сыне, дастаткова моцна апiраецца на зямлю i добра ведае, што на ёй робiцца. Але хто ж асмелiцца сцвярджаць, што царства божае можна збудаваць без пакут, крыўд i ахвяр? Чалавек, сыне мой, – iстота ўшчэрбная, слабая, кволая. Лёгка паддаецца спакусам зла i вельмi часта не можа нават супрацьпаставiць гэтым сваiм натуральным схiльнасцям сваё ўсведамленне дабра. На жаль! Нiякаму чалавечаму пачуццю нельга цалкам даверыцца, нельга давяраць да канца нiякiм думкам. Сама лепшыя пачуццi могуць, як дым на ветры, мяняць свой кiрунак. Думка чалавека можа сёння кленчыць, а заўтра кусаць.

– Ойча, няўжо зло такое магутнае, такое шырокае?

– Небяспека зла, сыне мой, зусiм не грунтуецца на яго моцы. Дзякуючы iснаванню царквы зло аслаблена ў самiм сваiм зародку, разадрана супярэчнасцямi. Злачынствы пажыраюць сябе ўзаемна, а грахi i заганы змагаюцца самi з сабою, разам гнiюць; ерась, адрываючыся ад праўды, курчыцца ў такiх самых канвульсiях. Не, зло не магутнае i не непераможнае! Гэта чалавек слабы, i дзякуючы яго пахiбнасцi, заганнасцi i несвядомасцi зло можа ўзнаўляць сваю сiлу, набываць нечаканыя формы, часта замаскаваныя, вельмi жывучыя. Што мог бы зрабiць чалавек, аддадзены толькi сваёй сiле? Сыне мой, царства божае яшчэ не ўвайшло ў свядомасць людзей. Але цi ж азначае гэта, што чалавецтва не дасягне збавення? Не! Трэба вучыць людзей насуперак iх волi. Трэба гады ў гады фармiраваць свядомасць чалавека, знiшчаючы ў ёй зло, якое затрымлiвае прыход царства божага. Людзьмi трэба кiраваць, разумееш, мой сыне? Правiць! I гэта наша задача. На нас, на Святую iнквiзiцыю, ускладзены гэты вялiкi гонар. Мы тыя, каго Бог паставiў у пешыя шэрагi сваiх войскаў. Мы – мозг i меч праўды, прынамсi, думка i дзеянне павiнны быць адзiныя.

– Людзi пакутуюць, – цiха сказаў Дыега.

– Ведаю. Але ж не хто-небудзь, а менавiта мы хочам вызвалiць iх ад гэтых пакут. Мы хочам, каб не было нiякiх пакут i супярэчнасцяў.

– Калi?

– Пытаешся – калi? Праз сто, праз дзвесце, можа, праз тысячу гадоў. Мудрасцi павiнна спадарожнiчаць цярплiвасць. Многа часу сплыве, пакуль чалавецтва, вызваленае ад абавязковага прымусу ўжо цяпер, самахоць i свядома, прыняўшы нашы прынцыпы i iмкнучыся да выратавання, паўсюль прыме святло вечнай праўды, каб самому стаць вечнасцю.

Дыега закрыў твар далонямi.

– Ойча мой, у галаве ў мяне месiва, чую сябе так, нiбы ты скiнуў мяне ў страшную прорву.

– Змагайся ў яе змроку, каб вывесцi чалавецтва да поўнага святла.

– Што ж я магу табе, ойча вялебны, сказаць? Я люблю людзей цяпер, сёння?

– Нiс еt nuns? Гэта добра. З любовi нараджаецца лiтасць, а яна непазбежна ператвараецца ў пагарду.

Дыега ўздрыгнуў.

– Не!

– Калi б ты не любiў людзей сёння, не мог бы пагарджаць iмi заўтра.

– Я не хачу пагарджаць людзьмi.

– А здолееш любiць iстоты пахiбныя i заганныя? Скажоныя падступнасцю, iстоты вераломныя i здраднiцкiя?

– Я магу iх зразумець. Магу дапамагаць iм.

– Дабру, а не злу трэба дапамагаць. А што з той любовi? Цi не парушае яна раўнавагi душы? Цi не зацямняе яснасць распазнання, цi не нашэптвае парады прабачаць там, дзе патрэбна суровая безумоўнасць? За любоўю заўсёды павiнен хадзiць яе цень – слабасць.

– Не! – закрычаў Дыега. – Каханне, любоў – сiла.

– Любоў – слабасць. Яна ж не толькi не ўзмацняе ў нас нянавiсць да зла, а сваёй лiтасцю, якая не што iншае, як прызнанне людской нэндзы i згода на гэту нэндзу, вымушае нас, урэшце, скарыцца злу. Не, мой сыне, любовi няма месца ў натуры праўды, якая змагаецца. Любячы праўду, не можаш нi кахаць, нi лiтавацца з таго, што супрацьпастаўляецца ёй. Што да праўды, дык тут няма непадазроных людзей. Усе пад падазрэннем. У кожным чалавеку можа пасялiцца зло, зло, якое ў пару не было спынена – i яно паглыбляецца, раз'ядае душу, i, нарэшце, толькi нейкi крок аддзяляе яе ад мяжы, за якою чалавек, заблудзiўшыся, робiцца небяспечным ворагам, носьбiтам злачынных ератычных поглядаў. Кожны грэх, сыне мой, у сваёй завязi – грэх супраць праўды. А што такое любоў у параўнаннi з гэтым велiзарным скажэннем? Што такое душа, ахопленая любоўю, але заглушаная болем пакуты i змучаная лiтасцю?

– А пагарда? – шапнуў Дыега.

– Пагарда да слабасцi i злачынства, яна адна дазваляе меркаваць i разважаць, яна адна вучыць, як адольваць слабасць i нiшчыць злачыннасць.

– I таму вы хочаце прагнаць са свету любоў? Божа, адабралi ўжо ў людзей усё: годнасць, адвагу, чыстасць пачуццяў, свабоду...

– Чаму ты кажаш – вы? Ты ж хочаш таго самага, што i мы, толькi не знайшоў яшчэ нас у самiм сабе.

– Вы ненавiдзiце любоў.

– Памыляешся, зноў памыляешся. Калi хто любiць праўду i падпарадкоўвае ёй сваё жыццё, тады любоў павiнна заставацца для яго пачуццём усёахопным i звышупарадкаваным у сваёй незямной дасканаласцi.

– Незямной?

– Бо трыумфальная любоў узносiцца над намi, як зорка, як святло ў начы, i, асвятляючы бездарожжа, каб чалавек не заблудзiўся, паказвае сапраўдныя шляхi. Хто ж, аднак, спяшаючыся да мэты, нясе ў руках зорку або жывы агонь паходнi? Жар асляпiў бы нас, спапялiў бы. Толькi водблiск любовi нам служыць.

– Водблiск?

– Гэта i ёсць пагарда. Любоў дазваляе бачыць i ахоплiвае вялiкiя мэты прадвызначэння, аднак жа мы можам выяўляць гэтыя высокiя мэты не праз яе, а праз пагарду.

– Ойча, я губляюся, не могучы паспець за тваiмi думкамi. Ты кажаш пагарда. А што такое пагарда?

– Зямныя рукi любовi. I падумай цяпер, якiя моцныя i дужыя, палкiя i адважныя павiнны быць гэтыя рукi, калi яны пераворваюць людскiя душы i помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле i падрыхтаваць грунт пад пасеў i будучы плён.

– Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!

– Мы жывём дзеля яго.

– У чалавека толькi адно жыццё.

– Адно зямное i адно вечнае... Цi ж з гэтай непаўтаральнасцi не вынiкае наказ не кiдаць сваiм жыццём, сваiмi думкамi i ўчынкамi ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае iснаванне павiнна атручваць другое, а грахi i злачынствы аднаго чалавека павiнны класцiся цяжарам на плечы iншых?

Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмi далёка, у глыбiнi нязмерна мёртвага i халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвiлiну Дыега прыслухоўваўся, Было цiха.

Спытаўся напаўголаса:

– Ойча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Цi ж я ўжо не асуджаны?

Тарквемада ўстаў з крэсла.

– Так, гэта праўда, – сказаў амаль дзiцячым голасам. – Твой вырак зроблены.

Дыега схiлiў галаву. "Нельга мне баяцца", – падумаў.

– Ты сам сабе сказаў вырак.

– Я?

– Цi ж ты не адважны i не палкi?

– Я?

– Ты! I таму ты наш. Нiчога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы нiколi не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збiраюцца, а часам i пралазяць у iх малыя i нiкчэмныя, баязлiвыя, людзi з карлiкавай помслiвасцю, ахопленыя прагай нажывы?

– Ведаеш i пагаджаешся?

– На жаль, мы мусiлi пакуль што карыстацца i iх паслугамi, нават больш, мусiлi цярпець iх нiкчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы i нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблiвае да Святой iнквiзiцыi сама высокiх i годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём iм вялiкiя маёнткi i грошы, але, як бы нi расла, як нi мацавалася свецкая ўлада – наша ўсё ж вышэйшая за iхнюю, i калi цалкам авалодае чалавечымi думкамi, нiхто, нiякая сiла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павiнны быць канчатковымi i адзiнымi, разумееш, сыне? Але, каб мы сталi такiмi, трон нашай улады павiнны трымаць на сваiх далонях людзi нязломныя, як сталь, палкiя i пiльныя, адважныя i бязмежна адданыя. Ты будзеш адзiн з iх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму i прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзiн з нямногiх людзей, якiя нараджаюцца з iмкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як бiццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?

– Праўда, пра якую ты гаворыш, ойча, таксама як прорва. Чаму гэта так?

Тарквемада маўчаў.

– Ойча!

– Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многiх складаных з'яў свету, але адно павiнен ведаць з усёй, на якую толькi здольны, пэўнасцю, што толькi поўнае паслушэнства павiнна запоўнiць усе помыслы i ўчынкi чалавека, якi змагаецца за праўду. Калi хочаш служыць веры, ты павiнен падпарадкоўвацца ўсiм яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў i сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кiраўнiцтва.

– Нават не разумеючы?

– Калi праўда абсалютна запоўнiць твае думкi, твае жаданнi i ўчынкi, калi ты i яна станеце адзiнствам, тады зразумеецца многае.

– Зноў адпасылаеш, ойча, да будучынi.

– А хто ты сёння без будучынi? Ад цябе залежыць, каб наблiзiць яе.

– I тады?..

– Час, якi iдзе, сыне мой, – як гара. Або па ёй узыходзiш на вяршыню, або коцiшся ўнiз.

– А калi дойдзеш да вяршынi?

– Не ведаю, – памаўчаўшы, сказаў Тарквемада. – Гэтага чалавек не можа ведаць. Гэта ведае толькi Бог.

Дыега зноў закрыў твар далонямi. Шчокi i скронi палалi, а рукi былi халодныя. У сабе ён таксама адчуваў холад.

– Чаго ж ты хочаш ад мяне, ойча? Што я павiнен зрабiць?

– Ведаеш, якая рознiца памiж чалавекам адважным i баязлiўцам?

Дыега адступiў на крок.

– Ведаеш?

– Ведаю, – адказаў цiха. – Але ведаю не сваiмi думкамi. Гэта ўжо твае думкi, ойча.

– Зноў вяртаешся да вонкавага размежавання: ты i я, а гэта ж думкi, у якiх праўда. Ты ўсё яшчэ баiшся самога сябе? Цi падумаў ты, што адважны чалавек прымае паслушэнства добраахвотна, а баязлiвец слухаецца са страху?

"Нельга мне баяцца", – падумаў Дыега.

– Не павiнна так быць, каб людзi мусiлi баяцца, – сказаў.

– Наадварот, – усклiкнуў Тарквемада, – чалавек у iстоце гаротны, i яго страх не толькi патрэбны, але абавязковы, неабходны. Калi мы хочам панiшчыць зло, мы павiнны ўсюды яго выяўляць i адкрываць, каб яно, паказанае ва ўсёй сваёй брыдоце, абуджала агiду, а найперш страх. Вось гэта праўда ўлады! Калi б у нейкi дзень раптам не хапiла вiнаватых, мы вымушаны былi б стварыць iх, бо яны ж нам патрэбныя, каб бесперастанна, у кожную хвiлiну можна было публiчна асуджаць i караць злачыннасць. Праўда, пакуль яна не пераможа канчаткова, не можа iснаваць без свайго супрацiўнiка – фальшу. Непарушнасць нашай улады, сыне мой, залежыць перш за ўсё ад таго, каб страх – выключаючы жменьку дабравольна паслухмяных, – стаў паўсюдным, запоўнiў усе сферы жыцця, усе сама патаемныя яго шчылiны i куточкi, каб нiхто не мог уявiць сабе жыцця без страху. Жонка няхай не давярае мужу, бацькi хай баяцца сваiх дзяцей, жанiх – абранкi, высокапастаўленыя – падуладных, i ўсе яны разам – усёведнай, усюдыiснай, карнай справядлiвасцi Святой iнквiзiцыi. Мы павiнны мець многа правоў i многа страху, разумееш, мой сыне?

Халодны бляск месяца асвятлiў раптам келлю, i ў гэтым незямным святле чорная постаць вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара як бы расла i раздавалася. Дыега, уражаны мёртвым святлом, заплюшчыў вочы.

– Ойча! – крыкнуў з роспаччу. – Царства страху цi не ёсць царства сатаны?

I ў гэты момант, чуючы рэха свайго голасу, пачаў падаць у прорву.

Абудзiўся ўвесь у поце, сэрца пульсавала моцнымi ўдарамi. У келлi быў змрок. У глыбiнi гарэў алiўкавы каганец. Затое непадалёк ад ложка, заклаўшы рукi ў рукавы хабiты, стаяў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега паспешна падхапiўся i, хоць ледзь трымаўся на нагах, сiлай прызвычаенасцi схiлiў галаву i скрыжаваў на грудзях рукi.

– Мiр з табою, брат Дыега, – напаўголаса сказаў вялебны айцец. – Прынёс табе вялiкую навiну.

Удалечынi азвалася сiгнатурка сясцёр кармелiтак. Дыега не смеў выпрастацца.

– Думаю, – трохi ўзвысiў голас падрэ дэ ла Куэста, – ты нават не здагадваешся, якое вялiкае шчасце выпала табе.

– Ойча, – шапнуў Дыега.

Той з хвiлiну маўчаў.

– Як твайму вярхоўнiку дастойны i вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар, сказаў нарэшце, – даручыў мне паведамiць табе, сыне, што ты заклiканы на пасаду асабiстага сакратара Вялiкага iнквiзiтара.

Дыега стаяў нерухомы. Не думаў зусiм. Усё яшчэ адчуваў халодны пот на скронях i камяк у горле.

– Чакае цябе, мой сыне, вялiкая будучыня, – сказаў падрэ дэ ла Куэста.

Брат Дыега толькi цяпер адважыўся паглядзець на яго. Прыёр стаяў за некалькi крокаў ад яго. Усмiхаўся лагодна, а ў вачах у яго гарэла нянавiсць.

Раптоўны спакой ахапiў Дыега.

Раздзел другi

Аўтар старой кронiкi натуе, што Вялiкi iнквiзiтар, падрэ Томас Тарквемада, пакiнуўшы Вiла-Рэал, падаўся ў Таледа, а адтуль, у атачэннi яшчэ большага почату служак Святога афiцыума, скiраваў у каралеўства Арагон, у Сарагосу. Забавiўся там нейкi тыдзень, кiруючы следствам, што мела на мэце выкрыццё змовы, ахвярай якой стаў вялебны Пэдра д'Арбуэз, i, зрабiўшы ў гэтым больш, чым хто iншы, – паспяшаўся найкарацейшай дарогай у Валадолiд, бо чакалася, што Iх Каралеўскiя Мосцi, кароль Фердынанд i святая каралева Iзабэла, мелiся пад канец верасня пакiнуць ваенны лагер пад Малагай i вярнуцца ў сталiцу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю