355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ежи Анжиевски » Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 11:22

Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"


Автор книги: Ежи Анжиевски


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)

Вялебны айцец Тарквемада пытаўся, а Ларэнца Перэз адказваў – наступнае:

Т. – Няхай абвiнавачаны шчыра i нiчога не тоячы раскажа Святому трыбуналу пра свае грахi.

П. – (Маўчыць.)

Т. – Цi абвiнавачаны азнаёмлены з актам абвiнавачвання?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Цi прызнае абвiнавачаны сваю вiну?

П. – Прызнаю, Ваша Мосць, што я выклiкаў д'ябла, якi не з'явiўся.

Т. – Не пытаюся, каго абвiнавачаны выклiкаў, а цi абвiнавачаны прызнае сваю вiну?

П. – Не, Ваша Мосць.

Т. – Цi абвiнавачаны лiчыць сябе хрысцiянiнам?

П. – Так.

Т. – Цi абвiнавачаны лiчыць, што ён належыць да рымскай каталiцкай царквы?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю?

П. – Ваша Мосць, калi iснуе д'ябал, дык чаму ён не ўзяў маю душу, я ж сам хацеў ахвяраваць яе яму.

Т. – Я пытаюся, цi абвiнавачаны лiчыць iсцiну, якую царква прызнае адзiнай праўдай, неаспрэчнаю, вартай веры?

П. – Я просты хрысцiянiн, Ваша Мосць.

Т. – Абвiнавачаны прызнаў, што не верыць у iснаванне сатаны i д'яблаў. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта прызнанне?

П. – Ваша Мосць, прысягаю, што д'ябал сапраўды не з'явiўся па маю душу.

Т. – А значыцца, абвiнавачаны пацвярджае сваё прызнанне?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Абвiнавачаны сказаў хвiлiну назад, што ён просты хрысцiянiн.

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – I сваё сцверджанне, што сатана не iснуе, не абгрунтоўвае абвiнавачаны вучэннем?

П. – Не, Ваша Мосць.

Т. – Чым тады ў сувязi са сказаным абвiнавачаны абгрунтоўвае гэта сваё сцверджанне?

П. – Ваша Мосць, я прысягаю, – усё, што я сказаў, ёсць праўда. Я нiчога не ўтоiў.

Т. – Прашу ўвагi абвiнавачанага. Я пытаюся, чым абвiнавачаны абгрунтоўвае сваё сцверджанне, што сатана не iснуе i пякельныя iстоты не маюць згубнага ўплыву на людскiя душы.

П. – (Маўчыць.)

Т. – Абвiнавачаны апелюе да сваёй дасведчанасцi. Значыцца, можа, здаровы розум прадыктаваў абвiнавачанаму перакананне, што сатана не iснуе?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Святы трыбунал згодна з вучэннем царквы верыць у iснаванне сатаны i ў яго згубны ўплыў на людскiя душы. Цi абвiнавачаны лiчыць, што Святы трыбунал пазбаўлены здаровага розуму?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Чаму абвiнавачаны не адказвае?

П. – Не ведаю, Ваша Мосць, гэта вышэй майго разумення. Я толькi ведаю, што выклiкаў д'ябла, хацеў прадаць яму сваю душу, а ён не з'явiўся, дык, значыцца, яго, пэўна, няма.

Т. – Цi iснуе, на думку абвiнавачанага, на свеце зло?

П. – О так, Ваша Мосць! Зла вельмi многа.

Т. – Цi абвiнавачаны зведаў у сваiм жыццi зло?

П. – Толькi зло, Ваша Мосць, нiчога iншага не бачыў.

Т. – Абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. – Калi б ён быў, Ваша Мосць...

Т. – Я пытаюся, цi абвiнавачаны i далей настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. – Настойваю, Ваша Мосць.

Т. – Калi ж сатана не iснуе, хто, на думку абвiнавачанага, спраўца зла на зямлi?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Цi абвiнавачаны верыць у Бога, творцу неба i зямлi?

П. – Як жа я магу не верыць, Ваша Мосць?

Т. – I таму, на думку абвiнавачанага, усемагутны Бог стварыў зло на зямлi?

П. – Я гэтага нiколi не казаў, Ваша Мосць, прысягаю.

Т. – Абвiнавачаны ўсё яшчэ настойвае на сваiм сцверджаннi, што сатана не iснуе?

П. – Ваша Мосць, калi ён не з'явiўся...

Т. – Ёсць сатана цi яго няма?

П. – Ваша Мосць, не Бог стварыў зло.

Т. – Святы трыбунал дае веры словам абвiнавачанага, што ён шчыра адцураецца ад блюзнерчай думкi, што нiбыта Бог мог быць спраўцам зла на зямлi.

П. – Дзякую, Ваша Мосць.

Т. – Чыiм падданым з'яўляецца абвiнавачаны?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Цi не Iх Каралеўскiх Каталiцкiх Вялiкасцей караля Фердынанда i каралевы Iзабэлы?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Хто ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлiвае законы?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Каралеўская Вялiкасць?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – I хто яшчэ?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Каталiцкая царква?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Абвiнавачаны прызнаў, што паводле яго сама свядомага меркавання ўсе законы ў Каталiцкiм Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялiкасцю i каталiцкай царквой. Цi абвiнавачаны пацвярджае гэта?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваiх ранейшых прызнанняў абвiнавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады i ўлады духоўнай.

П. – Ваша Мосць, я бунтаўнiк? Я не бунтаўнiк.

Т. – Святы трыбунал абапiраецца на прызнаннi абвiнавачанага i не верыць у яго цяперашнiя галаслоўныя пярэчаннi. Абвiнавачаны сцвярджаў, што на зямлi iснуе зло? Абвiнавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?

П. – Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.

Т. – Не сатана, на думку абвiнавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвiнавачанага, не iснуе. Усемагутнага Бога таксама абвiнавачаны не дакарае за зло на зямлi. Хто ж тады, на думку абвiнавачанага, можа быць спраўцам зла, калi не тыя, што ўстаноўлiваюць законы?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Святы трыбунал канстатуе, што абвiнавачаны Перэз, абвiнавачаны ў цяжкiх грахах ерасi i адступнiцтве ад асноў каталiцкай веры, паказаў пад час следства асаблiва бунтоўныя думкi, сцвярджаючы, што за зло, якое iснуе на зямлi, адзiную i выключную адказнасць нясе свецкая i духоўная ўлада.

П. – Ваша Мосць, прысягаю, што нiколi так не думаў.

Т. – Значыцца, Святы трыбунал хлусiць?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Падазраючы Святы трыбунал у хлуснi, абвiнавачаны тым самым пацвярджае свае прызнаннi пра бунтоўныя намыслы.

П. – Ваша Мосць, прызнаюся.

Т. – У чым абвiнавачаны прызнаецца?

П. – Памыляўся, Ваша Мосць, дазволiў звесцi сябе глупству i несвядомасцi, але бажуся, я не мяцежнiк i нiколi iм не быў. Я веру ў iснаванне сатаны, ён носьбiт лiха, усякага лiха.

Т. – Святы трыбунал не мае нiякiх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Цi ведае абвiнавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялiкасцi караецца смерцю?

П. – Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнiк. Памыляўся, прызнаюся. Вялiкi гэты грэх мой. Веру ў сатану, i ён – носьбiт зла.

Т. – Святы трыбунал не можа верыць абвiнавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькi можа ўратаваць абвiнавачанага – сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.

П. – Божа праведны, я кажу праўду!

Т. – Няхай абвiнавачаны адкiне свае страхi. Святы трыбунал на тое i iснуе, каб выводзiць аблуднiкаў на правiльную дарогу. На жаль, Святы трыбунал не зможа ўратаваць абвiнавачанага, калi абвiнавачаны сам сябе ратаваць не хоча. Абвiнавачаны мусiць сказаць усю праўду.

П. – Усё скажу, Ваша Мосць.

Т. – Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвiнавачаны назаве Святому трыбуналу iмёны i прозвiшчы людзей, з якiмi быў у змове супраць Iх Каралеўскiх Вялiкасцяў i царквы.

П. – Божа!

Т. – Нагадваю абвiнавачанаму, што заклiк iмя божага не ёсць паказанне, якога цярплiва чакае Святы трыбунал.

П. – Ваша Мосць, вялебныя айцы, я нiколi не ўступаў нi ў якую змову.

Т. – Няхай абвiнавачаны звернецца да сваёй памяцi.

П. – Клянуся, нiколi не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?

Т. – Праўды.

П. – Сатана – носьбiт зла.

Т. – Хто разам з абвiнавачаным удзельнiчаў у змове супраць Iх Каралеўскiх Вялiкасцяў i царквы?

П. – Я не ўдзельнiчаў нi ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.

Т. – Святы трыбунал, заклапочаны адзiна турботай пра душу абвiнавачанага, ахвотна верыць абвiнавачанаму.

П. – Дзякую, Ваша Мосць.

Т. – Аднак раней абвiнавачаны мусiць даказаць сваю заяву.

П. – Не разумею, Ваша Мосць.

Т. – Абвiнавачаны сцвярджае, што не меў нiякiх бунтоўных намыслаў, а таксама не ўваходзiў нi ў якую змову супраць свецкай i духоўнай улады. Якiя доказы на карысць слушнасцi гэтых слоў абвiнавачаны можа прывесцi?

П. – Я невiнаваты, Ваша Мосць!

Т. – Дык няхай абвiнавачаны дасць доказы сваёй невiнаватасцi.

П. – Ваша Мосць, прысягаю, за ўсё жыццё, нiколi-нiколi, не ўзнiкала ўва мне анiводнай бунтоўнай думкi.

Т. – Хвiлiну назад абвiнавачаны па сваёй волi прызнаў, што вярхоўныя ўлады дзяржавы i царквы вiнаватыя за зло, якое так шырока разышлося па зямлi.

П. – Сатана звёў мяне, Ваша Мосць.

Т. – Яшчэ раз паўтараю абвiнавачанаму, што Святы трыбунал нiчога так не прагне, як паверыць абвiнавачанаму. Хай жа абвiнавачаны, заклапочаны выратаваннем сваёй душы, дакажа Святому трыбуналу, што сапраўды нiколi не меў мяцежных намыслаў i не ўваходзiў нi ў якую змову.

П. – Клянуся крыжам Госпада нашага Iсуса Хрыста – невiнаваты.

Т. – Цi адзiны гэта доказ невiнаватасцi, якi абвiнавачаны жадае прывесцi?

П. – Чым жа яшчэ я магу даказаць, Ваша Мосць?

Т. – На гэта пытанне няхай адкажа сам абвiнавачаны.

П. – (Маўчыць.).

Т. – Цi азначае маўчанне абвiнавачанага адмову прывесцi Святому трыбуналу пераканаўчыя доказы невiнаватасцi?

П. – Я не адмаўляюся, Ваша Мосць, але, бадай што, адзiн Бог можа засведчыць маю невiнаватасць.

Т. – Святы трыбунал з жалем зазначае, што абвiнавачаны, насуперак шматлiкiм заклiкам да разумнасцi, упарта адмаўляецца прывесцi доказы таго, што ён не меў нiякiх мяцежных намыслаў супраць свецкай i духоўнай улады i не ўваходзiў нi ў якую змову, якая мае на мэце пагвалчанне парадку, што пануе ў каралеўстве. Так абвiнавачаны сама вiдавочным чынам засведчыў свае злачынствы. Усiм вядома, што любы закон, устаноўлены Каралеўскай Вялiкасцю, мае на мэце дбанне пра дабрабыт усiх падданных, Святой жа царкве давераны Госпадам нашым Iсусам Хрыстом клопат пра непагрэшнасць чалавечых душ. Абвiнавачаны ж з незвычайна мярзотнай зацятасцю iмкнецца аспрэчыць гэты натуральны i спрадвечны парадак, абгаворваючы абедзве ўлады ў нiбыта iхняй прыхiльнасцi да насаджэння зла на зямлi. Нягледзячы на гэта, Святы трыбунал не адмаўляецца ад клопату пра душу абвiнавачанага i яшчэ раз узнаўляе сваю спробу, заклiкаючы: хай абвiнавачаны прызнае ўсю праўду. Абвiнавачаны, як гэта ён сам паказаў на першым следстве, не шкадаваў энергii i намогаў, калi заходзiла пра шашнi з сатаной. Цi пацвярджае гэта абвiнавачаны?

П. – Так, Ваша Мосць, я хадзiў да той кабеты, вядзьмаркi, бо сапраўды хацеў прадаць сваю душу.

Т. – А пазней, калi абвiнавачаны пераканаўся, што сатана нiбыта не iснуе, з кiм абвiнавачаны дзялiўся сваiмi сумненнямi?

П. – Не памятаю ўжо, Ваша Мосць.

Т. – Аж з такой вялiкай колькасцю людзей, значыцца, гутарыў абвiнавачаны на гэтую тэму?

П. – (Маўчыць.)

Т. – Святы трыбунал верыць абвiнавачанаму, што цяпер ён не пры памяцi. Каб памагчы абвiнавачанаму i даючы яму час на роздум, Святы трыбунал адкладвае далейшае следства на другi дзень.

На ранiцу дня дзевятага верасня ў прысутнасцi таго ж, што i напярэдаднi, Святога трыбунала Ларэнца Перэз паказаў наступнае:

Т. – Святы трыбунал вядзе далей следства па справе Ларэнца Перэза, абвiнавачанага ў пашырэннi зламысных поглядаў, супярэчных вучэнню царквы, а таксама ў саўдзеле ў шырокай змове, якая мела на мэце пагвалчанне iснуючых у Каталiцкiм Каралеўстве духоўных i свецкiх уладаў i правапарадкаў. Цi жадае абвiнавачаны дапоўнiць свае паказаннi?

П. – Так, Ваша Мосць.

Т. – Святы трыбунал слухае абвiнавачанага.

П. – Ваша Мосць, шаноўныя айцы, дзякую за дадзеную мне адзiную i апошнюю магчымасць не так зацьмiць мае цяжкiя грахi, як, пралiўшы на iх святло, паказаць iх поўную мярзотнасць. Калi б малiтвы чалавека, такога злачыннага, як я, маглi што-небудзь значыць для Бога, я б малiўся за вас, вялебныя айцы, бо, хоць i нiзка я ўпаў, хоць i занурыўся ў прорву iлжы, вы падалi руку дапамогi, пасобiўшы мне ўсвядомiць мае гнюсныя злачынствы. Не жадаючы, аднак, апаганiць сваiм подлым голасам трон божы, я мушу на асцеражэнне тым, што, як я, захацелi б калi-небудзь апусцiцца ў морак пекла, упакорана i ўмiлажалена прызнаць свае грахi. Сапраўды, многа цяжкасцяў зведаў я ў сваiм жыццi, i, ахоплены безразважнасцю i пыхай замест бязмежнай веры ў лiтасць божую, замест пакоры перад доляй i клопату пра збавенне душы, я нягодна адмёў вучэнне царквы, паставiўшы сябе над адзiнай iсцiнай, i, атручаны такiмi мяцежнымi думкамi, пачаў шукаць хаўрусу з сатаной, не разумеючы, што, адрываючыся ад суполкi дабраверных i iдучы следам за толькi сваiмi блюзнерчымi думкамi, я ўжо тым самым у вечнай уладзе нячыстага. Разумею цяпер, вялебныя айцы, што на мае заклiкi д'ябал зусiм не абавязаны быў з'яўляцца, бо i без таго я самахоць прадаў сябе яго ўладзе. Але гэтым не вычэрпваюцца мае беззаконнi. Я спрабаваў здабыць збавенне iлжывымi выкруткамi, зацiнаючыся ў ерасi, цяпер, аднак, вамi, вялебныя айцы, прасветлены, бачу, што толькi безмежна шчырае прызнанне праўды можа прынесцi сапраўднае выратаванне, яшчэ магчымае для мяне, – то бок пакорлiва, павiнавацiўшыся перад людзьмi i Богам, панесцi заслужаную мною кару.

Прадаўшыся сатане, толькi яго д'ябальскiмi сцежкамi мог я iсцi далей адно ўчынiўшы злачынства, я ўжо быў асуджаны рабiць яшчэ больш страшныя i жахлiвыя. Сам у руках сатаны, я пашыраў нячыстыя погляды, што нiбыта ён, сатана, не iснуе i душам людскiм не пагражае, сеяў я смуту i заразу ў душах i сэрцах, падточваў асновы веры, праўду хлуснёй падтыкаючы. Усвядомiўшы цяпер ненасытную, неспатольную пражэрлiвасць зла, бачу, што i гэтым я не задаволiўся, таму што ад хаўрусу з д'ябальскiмi сiламi прага чынiць зло авалодала мною цалкам, i з гэтых прычын, апантаны нянавiсцю да дабра i не помнячы, што сам я – нiкчэмны чарвяк, якi павiнен быць удзячны Каралеўскаму маестату i царкве, я ступiў на шлях адкрытага бунту супраць найвышэйшых улад каралеўства, прыпадобнiўшыся такiм чынам распраненаму з усякай павагi i веры злачынцу, якi занёс богазневажальную руку на айца свайго i на мацi сваю. I вось, абцяжараны такiмi страшнымi злачынствамi, я не заслугоўваю, вялебныя айцы, нiякай лiтасцi, i калi смею пра што-небудзь прасiць у вас, дык адзiна пра кару найбольш суровую, каб яна i мне самому дапамагла ачысцiцца ад грахоў, а ўсiм жывым стала справядлiвым адшкадаваннем за зло, учыненае мною.

Т. – Цi абвiнавачаны можа назваць прозвiшчы асоб, якiх уцягнуў у змову?

П. – Так, Ваша Мосць, я гатовы назваць прозвiшчы людзей, якiх я падбухторыў да ўдзелу ў гэтай злачыннай дзеi, бо толькi такiм чынам магу я ацалiць iх душы ад вечных пакут.

Т. – Святы трыбунал слухае абвiнавачанага.

Рэестр злачынцаў, названых Ларэнцам Перэзам, ахоплiвае некалькi дзесяткаў людзей: мужчын, дзяцей i кабет, якiя жылi ў самiм Бургiласе або ў ваколiцах, але нам не здаецца абавязковым пералiчваць iх усiх, бо за размах самой змовы яны сведчаць больш сваёй колькасцю, чым пайменным пералiчэннем, якое i раней казала не надта многа, а тым меней сёння.

Адно, праўда, прозвiшча з дэмаскаваных бунтаўнiкоў варта дзеля навучання назваць, а менавiта паганьбаванае iмя святара Мiгеля Варгаса, пробашча з Бургiласа, якi, будучы спавядальнiкам Ларэнца Перэза, выявiў пры выкананнi сваiх абавязкаў вартую пакарання слепату i, заслужыўшы не меншую асуду, забыўся пра пiльнасць супраць зла.

Справа Ларэнца Перэза, так глыбока даследаваная i да самага карэння раскрытая вялебным айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, хоць i мела яна дачыненне да простага люду, дае, аднак, асаблiва красамоўнае сведчанне таго, да якога цяжкага злачынства прыводзiць адступства ад асноў веры. З усiх бакоў атачаюць нас зламысныя разбуральныя д'ябальскiя сiлы, нецярплiва чакаючы, каб з кожнай людской слабасцi, а больш за ўсё з непасаромленай пыхi i фанабэрыi выдабыць сабе карысць. Вялiкае поле бiтвы – гэтая зямля, а праўда адкрытая чалавечаму роду толькi адна – згуртаваўшыся вакол яе i служачы ёй, мы можам быць непахiсныя ў веры, мы можам быць пэўныя, што ўсе варожыя спакусы i вышпiгi разаб'юцца аб муры нябеснай фартэцыi i непрыяцель у сваёй бяссiльнай злосцi пацерпiць канчатковае паражэнне.

Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Перэза, мы павiнны з абавязку кранiстаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавiку, на дзень святога Iосiфа, усе набожныя жыхары горада Таледа мелi магчымасць удзельнiчаць у вялiкай урачыстасцi, пад час якой ератык i бунтаўнiк Ларэнца Перэз, а таксама шматлiкiя супольнiкi яго злачынства былi аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалi меншыя правiны, таксама i кару панеслi менш суровую i былi засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпеннi i грашовыя рэстрыкцыi, але ў кожным выпадку на страту годнасцi i забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.

Радуючыся такой поўнай перамозе справядлiвасцi, не лiчыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, якi рашуча пасабляў высветлiць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.

Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Перэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец Тарквемада цяжка занядужаў, i, хоць лекар i блiзкае атачэнне не сказалi яму пра сур'ёзнасць стану, – ён сам, ведзены беспамылковым адчуваннем незабаўнай смерцi, пажадаў аддаць Богу душу i пайсцi ў небажаты ў роднай Авiле. Нiхто не адважыўся супрацiвiцца яго волi.

I вось ранiцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Iсуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму сама лепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы."

Раздзел шосты

Вечар быў не познi, але вельмi цёмны, ветраны i дажджлiвы, калi почат дамоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара, цэлы дзень кiруючы трактам ля падножжа Сiера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана i цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзiць на ўзгор'i Старой Кастылii. Наваколле было бязлюднае i дзiкае, ды i слава ў яго была вельмi благая за рабункi i гвалты, якiя чынiлi навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясцiны, асаблiва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завiтвалi вельмi неахвотна.

Воз, на якiм спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусiнай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлiвых выбоiнах, бо дарога была няроўная, камянiстая i коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана iмжа перастала, затое iмгла, якая падымалася з далiн, гусцела ўсё больш. Запалiлi яшчэ паходнi, але гэта мала дапамагала, свяцiлi яны слаба. У глыбiнi цемры грымеў паток.

Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблiзу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена i свабодна, нiбы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваiм канi да яго.

– Дон Ларэнца, – сказаў ён, – баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогi. Слабее з гадзiны на гадзiну.

Пан дэ Мантэса, статны i лёгкi, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранiкаў яснымi вачыма i ў мглу, i ў цемру. Ён спытаўся:

– Што загадаеш, вялебны ойча?

– Ведаеш гэтыя мясцiны?

– Я нарадзiўся пад Авiлай.

– Цi ёсць тут дзе спынiцца нанач?

Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.

– За чвэрць гадзiны адсюль ёсць замак.

– Чый?

– Паноў дэ Лара.

З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.

– Галава гэтага вялiкага роду, – сказаў задуменна падрэ Дыега, – калi я не памыляюся, дон Мiгуэль дэ Лара?

– Так, ойча.

– Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?

– Так, вялебны ойча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.

– Цi добрае iмя ў гэтага дона Мiгуэля?

На гэта пан дэ Мантэса адказаў:

– Я не ведаю дона Мiгуэля, але чуў, ён высока цэнiць свабоду.

Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, i той не ўпаў.

– Знаю такiх людзей, – сказаў з пагардай. – Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.

– Якраз гэта i я хацеў сказаць, вялебны ойча. Што загадаеш?

Падрэ Дыега адказаў:

– Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.

Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны i зачынены, узносiўся мурамi i вежамi высока па-над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнiзе, шумела бурная рака.

Дарога, якая вяла да замка, была крутая i вузкая, конi слiзгалiся на ёй, мгла, праўда, трошкi ўжо разышлася, затое пранiзлiвы вецер дзьмуў проста ў твар. Некалькi лучнiкаў спешылiся, каб плячыма падтрымаць цяжкi воз.

Апынуўшыся перад мурамi замка, падрэ Дыега, прыгнечаны iх змрочнасцю, пашкадаваў аб сваiм рашэннi. Але вяртацца назад было позна. Якраз ужо адзiн з дамоўнiкаў затрубiў у рог, i, перш чым зацiхлi яго гукi, з вышынi пачуўся зычны голас:

– Хто вы такiя i што вам трэба?

Пан дэ Мантэса выехаў наперад. Крыкнуў:

– У iмя караля i каралевы – адчынiце!

Праз нейкую хвiлiну ўжо другi голас, малады i гучны, запытаўся:

– Хто гаворыць ад iмя караля i каралевы?

Пан дэ Мантэса адказаў:

– Яго дастойнасць, вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар.

– Падрэ Тарквемада? – здзiвiўся ў цемры юначы голас. – Якi ж iнтэрас, ды яшчэ так позна, мае да мяне дастойны пан Вялiкi iнквiзiтар?

Пан дэ Мантэса, нецярплiва гарцуючы на сваiм андалузцы, ужо хацеў востра адказаць, але падрэ Дыега паклаў яму далонь на плячо.

– Не варта нам, дон Ларэнца, гаварыць ганарыста i пыхлiва, – сказаў напаўголаса.

I са спакойнай годнасцю, трохi павысiўшы голас, сказаў у цемру:

– Хай будзе пахвалёны Iсус Хрыстос.

Было цiха. Спытаўся:

– Цi з панам дэ Лара гаворым?

– Так, я пан дэ Лара, – адказалi з муроў.

Падрэ Дыега павiнен быў зрабiць вялiкае намаганне, каб не выказаць сваю антыпатыю, якую абуджаў у iм гэты дзёрзкi голас. Сказаў:

– Цяжкая i смутная неабходнасць прымушае нас шукаць гасцiны ў вашым доме, пане. Вялебны айцец, пакутуючы ад цяжкай хваробы, едзе ў Авiлу, але мы баiмся, што можа не вытрымаць цяжкай дарогi, калi не адпачне гэтай ноччу.

– Няўжо пан Вялiкi iнквiзiтар сапраўды так цяжка хворы? – спытаўся пан дэ Лара, не вельмi ўдаючыся ў смутак.

Падрэ Дыега памаўчаў хвiлiну. Нарэшце сказаў:

– Усё так, як я сказаў.

– Тады заходзьце, – адказаў пан дэ Лара. – Цi пану Вялiкаму iнквiзiтару будзе дастаткова, калi яго будуць суправаджаць дзесяць вашых рыцараў?

На гэты раз падрэ Дыега не стрымаў абурэння i ўсклiкнуў:

– Божа мой! Не з мечам прыйшлi мы да гэтага дома, а з жальбай i з мiрам.

– Тады добра, – адказаў той, – будзьце маiмi гасцямi ўсе.

Прайшло шмат часу, перш чым апусцiлi развадны мост i адчынiлi браму. Калi ўсё гэта нарэшце зрабiлi, падрэ Дыега разам з панам дэ Мантэса, апярэдзiўшы воз, першыя ўехалi пад нiзкае скляпенне вежы. I як толькi ўехалi, вочы iх, прызвычаеныя да цермы, асляпiў бляск паходняў i смалiстых лучын. Толькi праз хвiлiну яны змаглi зарыентавацца, як многа нерухомых рыцараў i ўзброеных пахолкаў атачала з усiх бакоў шырокi надворак. I хоць людзей было вельмi многа, цiшыня стаяла на дзядзiнцы, цiха было i на змрочных мурах i замкавых вежах, чуўся толькi трэск агнёў.

Малады дон Мiгуэль, акружаны гайнёй паляўнiчых сабак, усмiхаўся i чакаў гасцей каля анфiлады, якая вяла ў замкавыя пакоi. Ён быў без зброi, меў на сабе прасторны, глыбока выразаны на шыi чырвоны каптан i светла-блакiтныя, скроеныя па арабскай модзе штаны. Як гэтым уборам, так i смуглявасцю скуры i разрэзам цёмных, гарачых вачэй ён больш нагадваў нявернага маўра, чым кастыльскага рыцара.

Падрэ Дыега, сыходзячы з каня, зноў мусiў стрымацца, каб не выдаць варожых пачуццяў, якiя абуджаў у iм гэты малады галава роду дэ Лара. Ён думаў, што па заведзеным парадку яго прывiтаюць адпаведна яго сану i годнасцi. Але дон Мiгуэль, усё яшчэ ўсмiхаючыся, маўчаў i, здавалася, зусiм не збянтэжаны зацягнутай цiшынёй, бестурботна лашчыў рукою сабак. Тады падрэ Дыега наважыўся загаварыць першы.

– Мiр з табою, сыне мой, – сказаў ён.

Той моўчкi пакланiўся, не адпускаючы сабак. Воз вялебнага айца спынiўся непадалёк, i пусты двор пачаў запаўняцца тлумам фамiльянтаў. "Дурнiца, падумаў падрэ Дыега, – i так рана цi позна дастане цябе рука справядлiвасцi". А ўголас сказаў:

– Думаю, сыне мой, ты разумееш, якi табе i твайму дому гонар прымаць госцем асобу айца Вялiкага iнквiзiтара.

Дон Мiгуэль адпiхнуў вялiзнага харта, якi лапамi ўспяўся яму на грудзi.

– Пайшоў! – сказаў мякка i лагодна.

Пасля павярнуўся да айца Дыега:

– Я не ганюся, дастойны пане, за гонарам. Навошта мне той гонар? Маю, як бачыце, усё.

I з гасцiнным жэстам дадаў:

– Заходьце, аднак, дастойны пане. Мае людзi пакажуць вам дарогу. А можа, вы хочаце быць з панам Вялiкiм iнквiзiтарам?

– Так, – сказаў падрэ Дыега, – стан вялебнага айца патрабуе гэтага.

Дон Мiгуэль павярнуўся да капiтана, якi стаяў побач, пануры i маўклiвы:

– Вы пан дэ Мантэса?

Дон Ларэнца ўздрыгнуў.

– Адкуль вы мяне ведаеце?

– А хто ж вас не ведае? – адказаў той. – Заходзьце, калi ласка.

I, адагнаўшы сабак, сышоў з вузкiх сходаў, каб даць дарогу людзям, якiя здымалi з воза цела Вялiкага iнквiзiтара.

Цень смерцi спачываў на твары айца Тарквемады. Ужо ў дарозе, у першую ноч, яго хапiў частковы паляруш, i падрэ страцiў мову i прытомнасць. Цяпер, калi яго на плячах неслi дамоўнiкi, ён таксама здаваўся непрытомным. Ад святла паходняў, што калыхалiся на ветры, на яго схуднелы твар падалi водблiскi i ценi, а сам твар быў нерухомы i немы. Адно толькi вока падрэ Тарквемады было адкрытае, але i яно, пакутлiва гледзячы ў бяздоннае неба, здавалася, нiчога не бачыла ў гэтым свеце.

Пан дэ Мантэса зняў з дапамогай чаляднiка зброю i адправiў таго. Ён хацеў пабыць адзiн. Сеўшы перад камiнам сагрэцца, ён зразумеў, што застанецца сам-насам аж да свiтання, неабходнасць адзiноты занепакоiла яго. I хоць быў стомлены, спаць не хацелася.

Адведзены пакой быў не шырокi, але, як i ўсе астатнiя, праз якiя ён праходзiў, абсталяваны з пышнасцю, якое ён не сустракаў нават у сама багатых i магутных паноў каралеўства. Усё тут iшло насуперак рыцарскай суровасцi i аскетызму. Дарагiя дываны на падлозе, старажытныя муры расквечаны каляровымi мазаiкамi, нiзкi i шырокi ложак займаў, як на злосць добрым звычаям, занадта шмат месца, а насупраць камiна сафа, засланая ўзорыстым палатном, уся ў мяккiх падушках, паўколам акружала iнкруставаны стол. Усход адчуваўся нават у паветры, насычаным пахам ружовага алею.

На стале стаяў прыгатаваны госцю посiлак: трохi халоднага мяса, хлеб i садавiна. Дон Ларэнца адсунуў ежу, пацягнуўся па вiно. Яно было салодкае, пахучае i вельмi моцнае. Але не дало таго, чаго ён хацеў. Пасля некалькiх кубкаў яму стала яшчэ цяжэй на сэрцы, i думкi, ад якiх ён хацеў уцячы, пачалi няўмольна даймаць яго.

Навокал панавала цiшыня, бляск агню, якi мiгацеў на пастаўленай каля камiна зброi, здаваўся адзiнай адзнакай жыцця. Замак, хоць было яшчэ не надта позна, здавалася, увесь забыўся ў глыбокiм сне.

Пан дэ Лара ўвайшоў так цiха, што дон Ларэнца толькi тады павярнуў ад агню твар, калi ў бляску перад сабой разгледзеў цень чалавечай постацi. Убачыўшы пана дэ Лару, якi стаяў непадалёк, падхапiўся надта паспешна i раптоўна. Але дон Мiгуэль трымаўся так, нiбы не заўважыў гэтага. Ён сказаў:

– Я прыйшоў спытацца ў вас, цi не бракуе вам чаго?

На iм была адзежына з цёмна-пунсовага шоўку, багата патканая золатам, i ў гэтай хатняй вопратцы ён здаваўся дону Ларэнцу яшчэ больш чужы. Праз хвiлiну ён адчуваў сябе побач з гэтым маладым чалавекам амаль варварам. Але горда адразу адагнаў гэтае пачуццё.

– Цудоўнае вiно, дон Мiгуэль, – сказаў лёгка. – Сядай i выпi са мной. Жывеш на гэтым адлюддзi, бы ў казцы.

– Вы так думаеце, пане? Цяжка мне, праўда, вызначыць, што ёсць, а што не ёсць казка. А пакуль што жыву, як мне падабаецца.

Дон Ларэнца ўголас засмяяўся.

– На лiшак сцiпласцi не можаш паскардзiцца. Гаворыш такiм тонам, нiбы хочаш даць зразумець, што толькi ты адзiн умееш жыць паводле свайго жадання. Няўжо ты так думаеш?

– Не, – адказаў дон Мiгуэль, – я не лiчу сябе чалавекам, якому дадзена шмат прывiлеяў. Проста адны жывуць згодна са сваiмi жаданнямi, другiя насуперак iм.

– I напэўна, як я здагадваюся, прыпiсваеш гэтым першым розныя цноты i дабрачыннасцi i, перш за ўсё, асаблiва вялiкую адвагу?

– Правiльна, пане, здагадваецеся. Сапраўды, у наш час, каб думаць, трэба мець адвагу.

– Бачу, не вельмi табе даспадобы наш час?

– Наадварот, захапляюся яго дасканалай справядлiвасцю.

– Няўжо? Няўжо?

– Да гэтага часу, як вядома, людзей падзяляла страшэнная няроўнасць. Адны выйгравалi сваё жыццё, другiя яго прайгравалi. Цяпер паражэнне церпяць усе аднолькава.

Дон Ларэнца паморшчыўся.

– Гаворыш, як ератык.

– Гавару, як думаю.

– Тым горш, калi так думаеш.

– А вам не здаецца, пане, што ад паражэння найменш пацерпiць той, хто яго прадбачыць?

– Не ведаю. Я прывык думаць, што той перамагае, хто наогул не бярэ паражэння ў рахубу.

– Не сумняваюся, пане, што менавiта так вы i думаеце. Але надзея заўсёды каштуе даражэй.

Дон Ларэнца налiў у кубак i, перш чым паднесцi яго да вуснаў, сказаў цвёрда:

– Надзея не церпiць паражэння.

На гэта дон Мiгуэль адказаў:

– Тым горш.

– Надзеi?

– Тым, хто ёю цешыцца.

Дон Ларэнца нецярплiва паварушыўся.

– Верыць мне не хочацца, дон Мiгуэль, каб ты, такi малады, свайму толькi вопыту ўдзячны быў за такое дасканалае веданне жыцця. Незвычайныя павiнны былi быць у цябе настаўнiкi, прызнайся.

– Не ведаю, цi такiя ўжо незвычайныя. Бадай што, звычайныя. Затое ўвагi i памяцi напэўна вартыя. Можа, вас гэта i здзiвiць, але калi з адным з iх звёў мяне лёс, дык гэтым я ў пэўнай меры абавязаны вам.

Дон Ларэнца павярнуў да яго пацямнелы твар.

– Дон Мiгуэль, калi ты не хочаш, каб я забыўся, што я ў тваiм доме госць, пакiнь гаварыць загадкамi.

– Не меў нiякага намеру зачапiць вас, пане, – спакойна адказаў дон Мiгуэль. – Вы спыталiся пра маiх настаўнiкаў, i я хацеў расказаць пра аднаго з iх.

– Не я iм, як думаю, быў.

– Праўда, не вы.

– Чаго ж тады ўмешваеш мяне?

– Гэта, бадай што, мяне ўмяшалi. Паслухайце. Некалькi гадоў назад, у такi самы, як i сёння, дождж мае людзi знайшлi нiжэй перавалу Санта Ана чалавека, якi быў дарэшты змучаны i знясiлены. Прывялi яго сюды. Ён хварэў некалькi тыдняў, але нам не ўдалося яго ўратаваць. Праз некалькi месяцаў ён памёр.

Настала цiшыня.

– Хто быў гэты чалавек? – спытаўся дон Ларэнца.

– Iмя яго напэўна вам добра знаёмае. Гэта быў пан Радрыга дэ Кастра.

Дон Ларэнца не змянiўся ў твары, ён павольна дапiў кубак.

– Цiкавыя рэчы ты мне кажаш, дон Мiгуэль, – сказаў нарэшце абыякава. – Не думаў я, што пан дэ Кастра асмелiцца вярнуцца. I што ж ён табе паведамiў? Пэўна, строiў з сябе ахвяру нiкчэмнай падступнай несправядлiвасцi?

– Наадварот, – адказаў дон Мiгуэль, – даводзiў, што Святыя трыбуналы нiколi не памыляюцца. Сапраўды, толькi збег акалiчнасцяў змусiў яго быць у гэтым доме, але ён не ўтойваў, якая непрыемная яму была неабходнасць карыстацца гасцiннасцю чалавека, якi думаў iнакш за яго. Думаю нават, ён шчыра пагарджаў мною.

– Значыцца, не выракся сваёй д'ябальскай пыхi?

– Перш за ўсё ён збярог веру, як мне здаецца.

– Ён веру? У што?

– Вы ў мяне, пане, пра гэта пытаецеся?

Дон Ларэнца пацiснуў плячыма.

– Да гэтага часу я лiчыў пана дэ Кастра нягоднiкам. Калi сапраўды ўсё было так, як ты расказваеш, то ён проста ашуканы дурань, i не больш. На што ён спадзяваўся? Навошта вярнуўся? Ужо цi не такi быў наiўны, каб спадзявацца на дараванне?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю