355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ежи Анжиевски » Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 11:22

Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"


Автор книги: Ежи Анжиевски


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)

Брат Дыега, пабраўшы ганаровыя абавязкi сакратара Вялiкага iнквiзiтара, быў з гэтага часу блiзкi да асобы кiраўнiка i ўдзельнiчаў ва ўсiх нарадах, нават сама сакрэтных, якiя падрэ Тарквемада праводзiў у вузкiм коле сваiх правовых дарадцаў, дактарамi донам Хуанам Гуцiэрасам дэ Шабесам i донам Трыстанам дэ Медына. Так, апынуўшыся ў самым сэрцы найважнейшых дзяржаўных i рэлiгiйных падзей, брат Дыега хутка пачаў арыентавацца i разумець, што толькi праз сваё датыхчасовае адасабленне i праз несвядомасць ён бачыў у дзейнасцi Святой iнквiзiцыi трыумф беззаконня. Не спатрэбiлася шмат часу, каб ён зразумеў, што апынуўся не ў гушчы варожага хаосу, а наадварот: не абазнаны ў многiх складанасцях гэтага свету, ён стаяў цяпер перад зрубам новай законнасцi, якую Святая iнквiзiцыя ўводзiла разважна i вельмi дальнабачна, i перш за ўсё абапiраючыся на сама дасканалае веданне сапсутасцi людскiх душ i на клопат пра iх выратаванне.

Застаючыся ў ролi маўклiвага сведкi, якому вялебны айцец даручыў толькi запiсваць сама iстотнае з вядзення судоў i рашэнняў тайных нарад, ён з вялiкай увагай прыслухоўваўся да ўсяго, пра што там гаварылася, i, усё яшчэ шукаючы слядоў жахлiвых гвалтаў, не сутыкнуўся з нiводным рашэннем, якое б супярэчыла закону або вынiкала з бунтарскiх падступных намераў. Але, устаноўлiваючы новы парадак, задумваўся, – адкуль бралiся, як нараджалiся ўсе тыя статуты, што фармавалi гэты лад? Вырашаючы гэтае прынцыповае пытанне, брат Дыега пераканаўся, што кожны прыняты статут, без увагi на тое, цi ён вынiкаў з традыцый, цi духу новых паняццяў, – лагiчны i найперш адпавядаў патрэбам, вынiкаў з падзеяў жыцця; у настойлiвым iмкненнi да ўпарадкавання i пераацэнкi ў iмя найвышэйшага боскага сэнсу законы так хутка i рашуча мянялiся i пераўтваралiся ў формуле кожнай лiтары, што беспамылкова i цалкам патраплялi апярэджваць усё тое, з чаго яны вынiкалi i нараджалiся, робячы ўражанне, што яны, законы, насуперак сваiм крынiцам самi ў сабе рабiлiся абсалютам i ўжо хоць бы з гэтай прычыны былi абсалютам, неабходным для жыцця, хоць адначасова i непарыўна звязаным з асэнсаваннем яго прыроды.

Празрыстасць, а таксама агульны характар гэтых законаў, якiя складалi прынцыпы iснавання ў маналiтную i ўсёвытлумачальную цэласць, абуджалi ў маладым браце подзiў i павагу, хоць вынiкi дзеяння законаў па-ранейшаму, здавалася, супярэчылi рэфлексам яго сумлення. I таму ён адчуваў сябе ў гэты час асаблiва самотным i быў разгублены i ўзрушаны. Ён намагаўся забыцца, не ўспамiнаць мiнулае, але i пра будучыню стараўся не думаць.

Аднак час не стаяў на месцы, i кожная гадзiна, насуперак таму, чаго ён хацеў, была даверху запоўнена мiнулым i тымi рэчамi, якiя ў сваiх разнастайных, але туманных формах насялялi мiнулае. Зрэшты, заняты сваiмi цяперашнiмi абавязкамi, ён хутчэй меў дачыненне да чыстага механiзму законаў, чым да iх дзеяння сярод людзей. Адзiныя ж хвiлiны раўнавагi i ўнутранага спакою ён меў тады, калi, разважаючы над складанай структурай кiруючай улады, адказнай перад богам i народам, заставаўся сам-насам з адназначным сэнсам лiтар права.

Першыя весткi пра падзеi, якiя пасля смерцi вялебнага Пэдра д'Арбуэза разыгралiся ў Сарагосе, дайшлi да каралеўскага двара яшчэ да прыезду Вялiкага iнквiзiтара ў Валадолiд. Стала вядома, што змова, якая спачатку, паводле не вельмi дакладных i нават супярэчлiвых у некаторых падрабязнасцях данясенняў, здавалася выбрыкамi некалькiх залiшне экспансiўных i авантурных асоб, што такiм дзiўным чынам пратэставалi супраць канфiскацыi маёнткаў Святой iнквiзiцыяй, на самай справе аказалася змовай, што пагражала бяспецы каралеўства i царквы. Адзiн з забойцаў вялебнага д'Арбуэза, малады Вiдаль д'Уранса, думаючы, што прызнаннем уратуе жыццё (пазней яго коньмi вазiлi па вулiцах Сарагосы, чвартавалi, а рэшткi цела выкiнулi ў Эбра) – назваў шмат вядомых асоб, якiя былi ў прыязных стасунках з яго сеньёрам донам Хуанам дэ ла Абадыя. А ён, як зноў жа казалi пагудкi, у турме скончыў самагубствам. Некалькiм iншым, абвiнавачаным ва ўдзеле ў змове, i сярод iх слаўнаму рыцару дэ Санта Круз, удалося ўцячы ў Тулузу. Былi гэта, аднак, выпадкi адзiнкавыя.

Рука Святога афiцыума дзейнiчала хутка i спраўна. Пазбаўлялi волi не толькi тых, каго падазравалi ў змове, але i памагатараў уцекачоў. Вязьнiлi ў турму таксама сем'i i родзiчаў вiнаватых, асаблiва тых, чые бацькi або сыны паспелi ўцячы. I толькi цяпер стала шырока вядома, як многа знакамiтых, славутых сеньёраў каралеўства Арагон, што карысталiся агульнай павагай i мелi высокiя званнi, былi сапсуты жыдоўскiм паходжаннем. Сапраўднае аблiчча гэтых людзей адкрылася ва ўсёй iх злачыннай i хiтра замаскаванай аблудзе. У гэтай выключнай сiтуацыi належала ўвесцi новыя законы, i падрэ Тарквемада, дбаючы пра канчатковае выкараненне зла, неадкладна выдаў на патрэбы Святых трыбуналаў дэкрэт, якi дзякуючы некалькiм дзесяткам дакладна сфармуляваных параграфаў дазваляў беспамылкова выкрываць людзей, якiя ўтойвалi свае сапраўдныя перакананнi i пацiхеньку вызнавалi жыдоўскую веру. Зрэшты, цень злачынных iнтрыг i падкусаў упаў i на асоб limрiеsа dе sаngrе, iнакш кажучы, на тых, сведчанне чысцiнi крывi чыёй гаварыла за тое, што яны не мелi нiякiх жыдоўскiх цi маўрытанскiх дамешак. Падступны вораг здолеў глыбей, чым гэта мог хто-небудзь уявiць, улiць атруту ў людскiя помыслы i душы. Як высока здолела сягнуць злачыннасць, сведчыў факт, многiмi прызнаны малаверагодным, але ў святле прыведзеных Святым трыбуналам доказаў – дакладны, што ў арагонскай змове быў замяшаны, мiж iншым, нават адзiн каралеўскi сямейнiк, сястранец караля Фердынанда, малады гiдальга дон Хаiм, сын каралевы Элеаноры.

I ўсё-такi, нягледзячы на такiя трывожныя маральныя спусташэннi, непераможнае свяцiла каталiцкай веры вышэй чым калi-небудзь узнеслася менавiта ў тыя днi над бруднымi адкiдамi ератыцкiх злачынстваў. Браты дамiнiканцы, прамаўляючы да прававерных з амбонаў, пераканаўча павучалi люд, што ў забойстве, учыненым на асобе святога слугi Бога, лёгка распазнаць мудрае дзеянне божай абачлiвасцi, бо, калi б гэтай зброднi не зрабiлi, ворагi веры не былi б выкрытыя i, карыстаючыся свабодай i належнымi прывiлеямi, колькi ж яшчэ агiдных злачынстваў маглi б учынiць беспакарана, колькi лiха маглi б пасеяць у душах людзей!

Словы псалмы, напiсаныя на гербах i на пурпуровых пратэсах i харугвах Святой iнквiзiцыi, "Ехurgе Dоminе еt iudiса саusаm Тuаm" ззялi ў сувязi з апошнiмi падзеямi асаблiвым бляскам. Бо i сапраўды, сам Бог сышоў, каб змагацца за сваю справу.

У некаторых гарадах каралеўства, у Севiллi, у Хаэне i ў Куэнцы, якiя ўжо па некалькi гадоў мелi свае iнквiзiцыйныя трыбуналы, прыспешылi ўрачыстыя аўтадафэ, – i працэсii асуджаных, убраных у ганебныя высокiя каптуры i жоўтыя замары, у санбенiта i карозы, з камянямi i ланцугамi на шыi, з мёртвымi зялёнымi свечкамi ў руках, рушылi пад званы ўсiх цэркваў на пляцы пакарання квамадэра – раней, чым гэта было прадугледжана. Палалi вогнiшчы, жалезныя ланцугi душылi ератыкоў, якiя пакаялiся ў апошнюю хвiлiну, сотнi меншых грэшнiкаў выслалi на галеры, а апусцелыя турмы хутка запоўнiлi новымi вiнаватымi. З жадання дапамагчы зблуджаным у цэрквах абвяшчалi святочныя днi i пасля зачытання з амбонаў актаў веры заклiкалi ўсiх парафiян, каб яны, калi вiнаватыя або ведаюць што-небудзь пра вiну iншых, самi на працягу трыццацi дзён абвiнавацiлi сябе перад адпаведным трыбуналам. Адны рабiлi гэта, другiя падалi ахвярамi першых, i ўжо нiхто не быў пэўны за сваё жыццё, гонар i маёмасць. Нават нябожчыкаў даставала карная правiца святых трыбуналаў, i, калi ў вынiку чыйго-небудзь даносу iмя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалi з асвянцонай зямлi i палiлi in effigiе на вогнiшчы, родзiчаў нябожчыка пазбаўлялi маёмасцi, годнасцi i ўсiх прывiлеяў. Так расла ў народзе набожнасць, i шырэў яе верны цень – страх.

Тым часам сталiца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялiкага iнквiзiтара. Меркавалася, што згодна з даўнiм звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзiць гарадскiя i духоўныя ўлады пра наблiжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла iнакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолiд зусiм неспадзявана, без папярэджання, прынамсi, на дзень раней, чым яго чакалi ў горадзе.

Уехаў ён у горад са сваёй свiтай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капiтану фамiльянтаў, дону Карласу дэ Сiгуру, некалькi заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлi пры храме Санта Марыя ла Анцiгуа, дзе, бываючы ў сталiцы, прывык спыняцца.

Зацiшны кляштар за некалькi гадзiн ператварыўся ў ваенны лагер. Пасярод дзядзiнца, пад начным небам, разбiлi бiвакi фамiльянты Святога афiцыума. Ля муроў паставiлi ўзброеную варту. Нiкому нельга было пакiдаць кляштар, уваход у яго таксама быў сурова забаронены, i з той часткi старажытнага будынка, дзе пасялiўся падрэ Тарквемада, паспешна выбралiся браты, а iх келлi занялi вышэйшыя рангам фамiльянты. Гарадскiм дастойнiкам i спецыяльным пасланцам Двара, якiя яшчэ начной парой пачалi сцякацца ў Санта Марыя ла Анцiгуа, казалi каля кляштарнай брамы, што Вялiкi iнквiзiтар доўжыць час у модлах, замкнуўшыся ў келлi, i як сёння, так i заўтра нiкога прыняць не зможа. Сапраўды, вялебны айцец некалькi дзён не пакiдаў келлi, i адзiнымi асобамi, якiя мелi да яго доступ, былi брат Дыега i малады дон Радрыга дэ Кастра, якi якраз у той час i пры вельмi драматычных акалiчнасцях быў прызначаны капiтанам ахоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара.

Брат Дыега не клаўся ў гэтую першую ноч. З запалам навiцыя, а таксама з супярэчлiвымi пачуццямi чалавека, якi спасцiгае вышэйшую ступень далучэння да таямнiц, выконваў даручэннi i асабiста сачыў, цi дакладна ўсё зроблена, i, страшна гэтым стомлены – санлiвасць i змора ледзь не валiлi яго з ног, – у працэсе выканання гэтых важных наказаў заўважыў раптам, што ўсе навокал, нават састарэлы кляштарны прыёр, ставяцца да яго з найвялiкшай пашанай i з нейкiм страхам. Дыега адразу зразумеў, што ў гэтую вельмi доўгую, бясконцую ноч ён стаў нечакана для самога сябе жывым увасабленнем волi наймагутнейшага чалавека каралеўства. Гэта было яму новае i такое неадпаведнае. Ён адчуваў сваё цела, чуў свой голас, усведамляў свае рухi, але часам, калi, абыходзячы варту, спыняўся ў цемры пад велiзарным i нерухомым небам, пад халоднымi зоркамi, неяк раптам сцiралася ў iм усведамленне самога сябе, i адразу яго напаўняла балюча ўразлiвае пачуццё, што ён збiрае ў сваiм сэрцы водблiск сiлы, якая проста не ўмяшчаецца ў iм, але вартая бязмежнага замiлавання, захаплення i поўнай адданасцi ёй.

Ён нёс у сабе гэтае ўзвышанае, сканцэнтраванае ў сэрцы прасвятленне, калi ў пустым змрочышчы малога кляштарнага дзядзiнца наткнуўся на капiтана фамiльянтаў Святога афiцыума сеньёра дона Карласа дэ Сiгуру. Была яшчэ ноч i цiшыня. З-пад нiзкiх аркадак чулiся крокi варты.

– Чаму не спiце, сеньёр? – спытаўся з лагодным дакорам. – Хутка развiднее. Даволi, што я не сплю.

Сеньёр дэ Сiгура маўчаў. Ён быў худы i кашчавы, з цёмным маршчынiстым тварам. Слава ваенных подзвiгаў i хрысцiянскiх цнот ужо колькi гадоў апраменьвала iмя гэтага чалавека.

– Вам трэба адпачыць, сеньёр, – сказаў брат Дыега. – Як я мог пераканацца, вы вельмi дакладна выканалi ўсе даручэннi вялебнага айца. Можаце спаць спакойна. Я загадаю разбудзiць вас, калi зойдзе якая патрэба.

Стары рыцар, якi ўвесь час маўчаў, хвiлiну прыглядаўся да брата Дыега, пасля адвярнуўся i павольна, неяк унурыўшыся, адышоў у глыбiню дзядзiнца.

На досвiтку брат Дыега ўзяў з рук кляштарнага служкi сняданак вялебнага айца i асабiста занёс у келлю.

Падрэ Тарквемада ляжаў на вузкiм ложку, ён не спаў, ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Брат Дыега паставiў на стол цынкавы паўмiсак з хлебам i сырам, кубак i два збаны, адзiн з вадой, другi з вiном.

– Прынёс вам мацунку, вялебны ойча, – сказаў напаўголаса.

Пасля, думаючы, што вялебны айцец хоча застацца адзiн, хацеў цiхенька выйсцi з келлi. Тады той сказаў:

– Пабудзь!

Брат Дыега схiлiў галаву.

– Добра, ойча.

– Падыдзi.

Падышоў.

– Што кажуць?

– Хто, ойча?

– Людзi.

– Прыязджаў маршалак з двара Iх Каралеўскiх Мосцяў...

Тарквемада нецярплiва махнуў рукою.

– Не пра тое пытаюся. Што кажуць людзi? Мае служкi, браты.

– Выконваюць твае загады, ойча.

Тарквемада абапёрся на локаць. Твар у яго быў вельмi знуджаны, шэры, як пасля бяссоннай начы, але ў паглядзе цёмных, глыбока запалых вачэй адчувалася напружаная энергiя.

– I ўсё?

– Ойча вялебны, – сказаў брат Дыега ясным юначым голасам, – я асабiста правяраў i сачыў, каб усе твае загады былi выкананыя. Я стараўся паспець усюды.

– Нiхто з маiх служак, нiхто з тутэйшых братоў не выказваў нiчога непатрэбнага.

– Ойча вялебны, я ўвесь час быў непадалеку ад ахоўнiкаў, часта нават яны мяне не заўважалi, але я не чуў, аднак, каб чые-небудзь вусны вымавiлi што, не вартае хрысцiянiна.

– Мяцежным намерам, – сказаў Тарквемада так, нiбы разважаў уголас, – не заўсёды патрэбны словы.

Брат Дыега завагаўся, пасля смела паглядзеў Вялiкаму iнквiзiтару ў вочы.

– Бачу, што маеш яшчэ нешта сказаць мне.

– Так, ойча.

– Кажы.

– Прабач, ойча, можа, я памыляюся. Што праўда, я не чуў слоў, вартых асуджэння, але ўтоiў бы занадта многа, калi б не сказаў, што, як на мой толк, ёсць, на жаль, чалавек у тваiм атачэннi, якi будзiць ува мне непакой.

Тарквемада маўчаў, але брат Дыега без замяшання вытрымаў яго позiрк.

– Цi ведаеш, сыне мой, – сказаў нарэшце вялебны айцец, – што пiльнасць вымагае, каб кожнае абвiнавачанне было праверана i пацверджана.

– Ведаю, ойча.

– Нiшто не можа быць занядбана i абыдзена ўвагай, i калi ў кiм-небудзь нараджаецца хоць цень падазрэння да другога чалавека, ён павiнен разумець, што, яшчэ не даказаўшы вiны, ён стварае ўражанне верагоднасцi яе iснавання.

– Ведаю, ойча.

– Абдумаў сваё абвiнавачанне?

– Так, ойча, вельмi добра абдумаў.

– Ну i?..

– Думаю пра капiтана тваiх служак, ойча.

Тарквемада, здавалася, не здзiвiўся, толькi паблажлiва ўсмiхнуўся.

– Высока забiраеш, сыне мой. У сеньёра дэ Сiгура слава беззаганнага хрысцiянiна i рыцара.

– Ведаю, ойча. Аднак мне здаецца, што ён чалавек, якi занадта замыкаецца ў сваiх думках.

– I гэта ўсё, чым можаш папракнуць яго?

Брат Дыега маўчаў. Тады Тарквемада ўстаў i паклаў далонь на яго плячо.

– Чалавек – iстота, якая ўмее думаць, мой сыне.

– Так, ойча. Таму я i не кiдаю сеньёру дэ Карласу папроку за тое, што ён думае, але я пабаяўся б яму даверыцца.

– Чаму ж?

– Ён робiць уражанне, нiбы спрабуе схаваць свае думкi.

"Божа, – тут жа падумаў ён, – ты ведаеш мае намеры, ведаеш – тое, што я раблю, не раблю з нелюбовi".

– Чым цябе абразiў сеньёр дэ Сiгура? – спытаўся Тарквемада.

Румянец залiў твар Дыега.

– Чым абразiў мяне, ойча? О, ойча, нават выказваючы мне маўклiвую пагарду, як сеньёр дэ Сiгура мог бы мяне абразiць, калi я па тваiм загадзе быў больш чым самiм сабой.

Падрэ Тарквемада нiчога не адказаў. Ён падышоў да акна i заклаў далонi ў рукавы хабiты.

– Вам трэба паснедаць, вялебны ойча, – цiха сказаў Дыега. – Вы ж нiчога не елi з учарашняга полудня.

"Божа, – думаў Тарквемада, – цi ж дазволена мне забываць, што я не маю права рабiць нiчога такога, што магло б паставiць пад сумненне чыстыя намеры гэтага хлопца? Цi ж ёсць што важнейшае за ўцверджанне маладой веры? А перад аблiччам зла, якое можа ўзнiкаць усюды, цi не лепей дапусцiць памылку ў адносiнах да аднаго чалавека, чым хоць на хвiлiну блiзарука прагледзець магчымасць зла? Як жа можа, зрэшты, iснаваць вiна без абвiнаваўцы? Толькi праз праўду, якая адзiная, мы можам распазнаць зганьбаванне праўды. Але хто ж тады стварае вiну? Абвiнаваўца? Калi ён, то ў што трэба спачатку паверыць: у абвiнавачанне цi ў факты, якiя без абвiнавачання яшчэ не могуць мець адзнак пахiбы?"

– Сыне мой, – сказаў.

– Так, ойча.

– Думаю, ты зразумеў, што я хацеў сказаць, кажучы, што кожнае абвiнавачанне патрабуе пацверджання i праверкi?

– Так, ойча.

– Iдзi i пашукай сеньёра дона Карласа. Скажы, каб яго разбудзiлi, калi ён спiць. Скажы, што я хачу бачыць яго.

Брат зрабiў рух, нiбы хацеў нешта сказаць, але, не сказаўшы нiчога, выйшаў.

Свiтала спакваля, нiзкiя хмары аблажылi неба i дапаўнялi цемру ночы. У глыбiнi змроку бiлi ранiшнiя званы гарадскiх храмаў. Тут, у мурах Санта Марыя ла Анцiгуа, стаяла цiшыня.

Падрэ Тарквемада задуменны стаяў каля акна, нарэшце павярнуўся i падышоў да стала. Але да ежы не дакрануўся. Падняў руку, каб перажагнаць стол, пасля дастаў з-пад хабiты скапулiр, адчынiў яго i тое, што было ў iм, высыпаў у збан з вiном.

Калi неўзабаве сеньёр дэ Сiгура, папярэджаны братам Дыега, увайшоў у келлю, вялебны айцец кленчыў каля ложка i малiўся. Стары рыцар перахрысцiўся кароткiм салдацкiм рухам i, адышоўшы да сцяны, моўчкi чакаў, пакуль Вялiкi iнквiзiтар закончыць малiтву. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада ўстаў. Брат Дыега, вельмi бледны, запытальна паглядзеў на яго.

– Застанься, – сказаў вялебны айцец.

Пасля павярнуўся да сеньёра дона Карласа.

– Мiр з табою, шаноўны капiтане.

Той з павагай схiлiў галаву.

– I з табой, вялебны ойча. Брат Дыега сказаў, што вы хацелi бачыць мяне. Маеце якiя даручэннi?

– Нiякiх. Бадай, мне патрэбна твая парада, твая дасведчанасць.

Ён падсунуў да акна крэсла i сеў так, каб твар быў у святле.

– Апошнiм часам я многа думаў, – пачаў цiха i глыбакамысна, нiбы гаворачы да самога сябе. – Думаў таксама i пра тое, што вы сказалi мне некалькi дзён назад, яшчэ ў Сарагосе.

Збарознены цёмнымi маршчынамi твар сеньёра дэ Сiгуры засвяцiўся амаль маладым запалам.

– Памятаю, вялебны ойча. I настойваю, каб вы дазволiлi нам з яшчэ большым, чым дагэтуль, клопатам i ўвагай сачыць за вашай асабiстай бяспекай. Ворагi...

– Так ненавiдзяць мяне?

– Ойча вялебны, нянавiсць ворагаў...

– Ведаю, маеш рацыю. Вядома, пакуль праўда не возьме верх, мы можам вымяраць яе сiлу нянавiсцю нашых ворагаў.

– Як жа ворагам не ненавiдзець цябе? Тваё жыццё, вялебны ойча...

– Слушна. Не думай, сыне мой, я ведаю, што з характару маiх абавязкаў менавiта мне даручана асобая мiсiя ўсю моц свайго розуму прысвяцiць будове падмурка пад справу Святой iнквiзiцыi. Божа ўсемагутны, трэба, на жаль, сказаць, – справа гэтая яшчэ не ўмацаваная ў хрысцiянскiм свеце, i можна смела i не баючыся папрокаў за пыху сцвярджаць, што менавiта мы тут, у нашым каралеўстве, – адзiны i найбольшай важнасцi ўзор веры, i мы перадаём усiм астатнiм каталiцкiм народам навуку нашага вопыту, як парадак сталяваць на зямлi i якiмi метадамi ламаць супрацiўленне ворагаў.

– Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, – сказаў узрушаным голасам сеньёр дэ Сiгура.

Падрэ Тарквемада падняў абедзве далонi.

– За гэта i я малюся. Таму i ахвотна, сыне мой, уважаю тваiм турботам. Сапраўды, нельга мне занядбаць нiякiх сродкаў, што спрыяюць маёй бяспецы.

– Ойча вялебны, можаш заўсёды давярацца мне i маiм салдатам. Дазволь мне, аднак, ойча, сказаць – мне было б спакайней на сэрцы i мой рыцарскi гонар быў бы больш угрунтаваны, калi б усякiя распараджэннi, асаблiва тыя, якiя адрознiваюцца ад ранейшых, я атрымлiваў з тваiх, ойча, вуснаў, непасрэдна. Прабач, ойча, што я кажу пра гэта. У мяне няма нiякiх падстаў думаць, што прысутны тут брат Дыега недакладна перадаў мне твой загад. Прызнаюся, аднак, што, здзiўлены яго суровасцю, я падумаў: "Божа вялiкi, калi тут, у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога, няма табе бяспекi, то дзе яна ёсць?"

– Нiдзе! – цвёрда сказаў Тарквемада. – Вялебны айцец д'Арбуэз цi ж не загiнуў у месцы, асвянцоным прысутнасцю Бога?

Стары рыцар схiлiў галаву.

– Я толькi салдат, i часам мне цяжка ахапiць розумам памеры падступнiцтва. Калi ты, ойча, сярод сваiх служак i я вартую непадалёк, тады я ўпэўнены, што ты ў бяспецы.

– Думаеш, што сярод нас не можа завесцiся вораг? Ёсць такiя, якiх не пераможаш мячом. Паглядзi хоць бы на гэта снеданне. Хто можа ведаць, цi не схаваны ў iм вораг?

Сеньёр дэ Сiгура пабялеў. Падняў руку да лоба i змучаным рухам правёў па iм далоняй. Цiха спытаўся:

– Ты так думаеш, вялебны ойча?

На гэта Тарквемада адказаў:

– Толькi тады мы належным чынам убяспечымся ад ворага, калi будзем падазрэннем апярэджваць яго дзеяннi. Усё магчыма. А таму, каб нам не было за што дакараць самiх сябе, няхай з гэтага часу правярае ўсякую ежу прызначаны табою чалавек, чалавек набожны, якi вельмi добра разумее, што азначае ў такой справе маўчанне.

– Цi думаеш, ойча, што гэта павiнен быць мой абавязак?

– Не, мой сыне, – адказаў Тарквемада. – Ты надта блiзка стаiш каля мяне, каб можна было рызыкаваць табою. Дастаткова, калi зробiш гэта адзiн раз, сёння. I хай гэта будзе сiмвалiчным актам тваёй годнасцi i адданасцi.

– Ойча мой! – сказаў сеньёр дэ Сiгура трохi збянтэжана.

Падрэ Тарквемада ўзняў павекi, яго вочы былi поўныя заклапочанасцi i знуджанага смутку.

– Сёння ноччу я спавядаўся i яшчэ не паспеў разгавецца.

Вялебны айцец падняў руку i ўчынiў над сеньёрам донам Карласам знак крыжа.

– Адпускаю грахi твае, сыне, бо тое, што хочаш зрабiць, робiш у сапраўднай веры i на яе ўмацаванне.

– Хай Бог убаронiць цябе для нас на доўгiя гады, мой ойча, – сказаў сеньёр дэ Сiгура.

Пасля падышоў да стала i рухам чалавека, якi не надае вялiкага значэння ежы, узяў сыру, налiў у кубак вiна. Выпiў яго з такой жа абыякавай паспешнасцю, адставiў кубак i, калi рука яго пацягнулася па хлеб – збялеў, задрыжаў, падняў растапыраныя, але ўжо здранцвелыя пальцы да горла i з застылым у апечанай гартанi глухiм крыкам захiстаўся, яшчэ раз нешта сказаў не ў лад, паспрабаваў выпрастацца, не змог i грымнуўся ўсiм целам на стол; стол пад яго цяжарам перавярнуўся, сеньёр дэ Сiгура нiцма павалiўся на каменную падлогу.

– Божа! – крыкнуў з цёмнага кута келлi брат Дыега.

Настала цiшыня. Праз хвiлiну падрэ Тарквемада сказаў:

– Сыне мой.

Брат Дыега, сагнуўшыся каля сцяны, закрыў твар рукамi.

– Сыне мой, – паўтарыў вялебны айцец, – здарылася страшнае, але гэты чалавек ужо стаiць перад вышэйшым судом, i толькi адзiн Бог ведае ў гэтую хвiлiну адказ на пытанне: злачынца гэта цi няшчасная ахвяра злачынства? Будзем прасiць Бога, каб i мы зведалi гэтую праўду.

Брат Дыега дрыжаў, твар яго пашарэў. Дыега прыпаў да кален Вялiкага iнквiзiтара.

– Ойча мой, малю цябе, дазволь мне вярнуцца ў свой кляштар. Прызнаюся, уражаная рэўнасцю любоў мая змусiла мяне данесцi на гэтага чалавека, але адкуль я мог ведаць, што маё абвiнавачанне сягае аж так далёка? Занадта высока, ойча, узнёс ты мяне. Мяне палохае мiзэрнасць людской натуры. Дазволь мне быць сабою, ойча. Я малы чалавек, якi толькi ў цiшы i ў спакоi здолее служыць Богу.

Падрэ Тарквемада ўсклаў далонь на яго галаву.

– Што такое цiшыня i спакой?

– Не ведаю, ойча. Ведаю толькi, што мяне палохае велiч страшнага зла.

– I ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?

– Ойча, ты найлепш ведаеш – тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькi дробная часцiнка ўсёй праўды.

– I яе ты так баiшся?

– Завысока хочаш мяне, ойча, узнесцi.

– Праўды пра натуру людскую баiшся?

– Ойча мой!

– Няўжо табою кiруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш i ўразумееш i ахопiш людскiя злачынствы?

Брат Дыега пакутлiва паглядзеў на яго.

– Маеш рацыю, ойча. Сваёй нянавiсцi i пагарды да ўсяго я не баюся.

– Няпраўда!

– Так, мой ойча.

– Iлжэш або баязлiва хочаш падмануць самаго сябе. Не, не пагарды i нянавiсцi ты баiшся, а любовi.

– Любовi?

– А што ж тады пагарда i нянавiсць да зла? Цi ж не ўзброеныя гэта рукi любовi да дабра?

– Ойча мой, але ж не крынiца, а рака, якая з крынiцы чэрпае сваю сiлу, бывае страшная i грозная.

– Зноў памыляешся. I як наiўна! Рэкi сапраўды бываюць грозныя i шмат спусташэнняў могуць учынiць, але не праз свае крынiцы, а таму, што iх мацуюць дажджы i горны снег.

– А думкам i пачуццям, якiя плывуць i вынiкаюць з любовi, ойча, цi ж не пагражае таксама ўварванне рэчаў, варожых iх натуры? Якую я магу мець упэўненасць, што я з маёй любоўю да дабра ўбаранюся ад учынкаў, якiя супрацiўныя гэтаму? Цi ж я магу прадбачыць, куды завядзе мяне мая нянавiсць i пагарда.

– Увогуле, ты можаш гэта прадбачыць. Яны завядуць цябе не далей i не глыбей, чым твая любоў. Яна будзе маналiтная i магутная, такая будзе i твая нянавiсць да грэху. А пойдзеш на слабую, на хiсткую любоў, такiмi ж будуць i твае пачуццi нянавiсцi i пагарды. На жаль, мой сыне, ты баiшся вялiкай любовi. Сiлы яе баiшся, уздзеяння яе, а больш за ўсё яе неабвержных, настойлiвых вымаганняў. Хочаш уцячы ад любовi. Ну i ўцякай. Вяртайся ў свой кляштар. Не буду цябе трымаць.

– Памылiўся ты ўва мне, ойча, – шапнуў Дыега.

Тарквемада зноў крануўся рукою яго схiленай галавы.

– Паглядзi мне ў вочы.

– Так, ойча.

– Баюся я, мой сыне, што тое, што я, можа, i памылкова мяркуючы, мог бы сказаць табе цяпер, некалi беспамылкова скажа табе Бог.

Вочы Дыега заслала слязьмi.

– Ойча мой, не ў магутнасцi любовi сумняваюся, а ў сваёй сiле.

– Наiўны, дурненькi! А ў чым бы ты сумняваўся, калi б глядзеў цяпер на маё пахаладзелае цела?

Дыега задрыжаў.

– Ойча, i мае намеры не былi чыстыя.

– А iх вынiкi? Чаму не мерыш свае намеры вынiкамi? Думаеш, факты – гэта нешта менш надзейнае за твае выпакутаваныя думкi? Сапраўды, i я табе гэта кажу, толькi з вялiкай любовi можа нарадзiцца такi раптоўны бляск чуйнай гатоўнасцi, якi табе быў дадзены.

Слёзы цяклi па шчоках Дыега.

– Ойча мой, няўжо гэта сапраўды была любоў?

Тарквемада нахiлiўся над Дыегам, якi ўсё яшчэ кленчыў.

– Сыне мой, дзiця маё... хрысцiянскай любовi ў табе больш, чым ты думаеш.

– Чаму ж тады я сумняваўся ў сабе?

– Ты сумняваўся ў праўдзе.

– Ойча, клянуся, мая вера...

– Любоў i праўда не адно i тое?

– Тое, ойча.

– Тады думай да канца. Засумняваўся ў сваёй сiле? А што крынiца яе? Любоў, якая служыць праўдзе i адназначная з ёю. Як жа, верачы ў праўду, ты, яе носьбiт, можаш сумнявацца ў сабе? Цi ж не яна – невычэрпная крынiца людское сiлы? Толькi тады, калi чалавек пачынае сумнявацца ў ёй, прыходзiць i сумненне ў сабе?

Брат Дыега падняў галаву. Бледны, але вочы былi сухiя.

– Я не хацеў, ойча, свядома iлгаць.

– Я б не гаварыў з табою, мой сыне, калi б не ведаў гэтага.

– Памыляўся я, ойча, але цяпер дзякуючы табе бачу ўсё ясна. Сапраўды, зло здавалася мне такiм усёмагутным, што я на нейкую хвiлiну перастаў чуць праўду, перастаў верыць у яе. Але скажы мне: чаму ты чытаеш мае думкi лепш, чым я сам?

– Сыне мой, – лагодна адказаў Тарквемада, – я служу праўдзе, толькi праўдзе i з яе чэрпаю сiлу. Гэта ўсё.

Хвiлiну панавала цiшыня. Брат Дыега нахiлiўся i гарачымi вуснамi прыпаў да далонi вялебнага айца, якая нерухома спачывала на бiлцы крэсла. Той павольна падняў правую руку i, творачы над пахiленай галавой знак дабраславення, сказаў:

– Еgо tе аbsоlvо. In nоminе Раtris, еt Filii, еt Sрiritus Sаnsti, аmеn.

Адразу пасля гутаркi з Вялiкiм iнквiзiтарам дон Радрыга дэ Кастра вярнуўся ў келлю, дзе жыў з маладым донам Ларэнцам. Той, убачыўшы яго, сарваўся з ложка.

– Ну што? – спытаўся нецярплiва.

Дон Радрыга моўчкi падышоў да стала, узяў збан з вiном i пачаў прагна пiць.

Дон Ларэнца з трывогай углядаўся ў сябра.

– Што там, Радрыга?

– Нiчога.

– Меў непрыемнасцi?

Дон Радрыга з грукатам адставiў збан.

– Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мiлы i, спадзяюся, такi i застанешся, але ты павiнен ведаць, што з гэтай хвiлiны я табе ўжо не Радрыга.

Ларэнца збянтэжыўся.

– Не разумею цябе. Як гэта?

– Я твой начальнiк, ясна цяпер?

– Ты? О Радрыга...

У першым парыве радасцi Ларэнца хацеў кiнуцца абнiмаць, але той суха яго асадзiў.

– Хвiлiну назад вялебны айцец назначыў мяне капiтанам сваiх служак. Пачакай, не перабiвай. Гэта адно. I другое: ты яшчэ вельмi малады, Ларэнца, але павiнен хутка засвоiць, што салдат не задае пытанняў, памятай гэта.

– Прабач, – шапнуў Ларэнца, – не ведаў...

– А цяпер ведай, – суха перабiў яго дон Радрыга. – Iдзi i маўчы.

Брат Дыега ўпусцiў абодвух рыцараў у келлю айца Тарквемады i моўчкi паказаў iм цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калi, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар i, з натугай прытрымлiваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У келлi быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, якi кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.

Кляштарны калiдор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цiшы, i таму Радрыга i Ларэнца, нiкiм не заўважаныя, перанеслi цела сеньёра дэ Сiгуры ў келлю, якую той дагэтуль займаў, паклалi накрыты плашчом труп на ложак i вярнулiся да сябе.

Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпiлiў на шыi скураны каптан i пацягнуўся да збанка з вiном. Пiў доўга i павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў i паглядзеў на Ларэнца, якi стаяў побач.

– Чаго вырачыўся? – спытаўся неяк непрыязна.

Ларэнца маўчаў.

– Сядай, – загадаў дон Радрыга.

I пасунуў да яго вiно.

– Пi.

Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруцiў галавой.

– Пi, – паўтарыў капiтан.

Ларэнца вагаўся, але ўсё-такi паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.

– Досыць, – сказаў раптам, – уп'ешся.

Ларэнца рэзка адставiў збанок i падхапiўся з услона.

– Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?

У яго тонкiм ломкiм голасе гучалi гнеў i шкадаванне. Дон Радрыга пагардлiва ўсмiхнуўся.

– Сядай.

– Што я зрабiў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.

– Пакiнь дзяцiнiцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымi галаву.

– Дазволь мне пайсцi, – шапнуў Ларэнца.

– Пасля.

Зноў узяў збан i выпiў вiно да дна.

– Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблiвую прывiлею, спадзяюся, ты здолееш ацанiць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабiста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго i маё даручэнне.

Хвiлiну стаяла цiшыня.

– Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння ранiцай зрабiў гэта, быў той чалавек.

– Радрыга, скажы...

– Нiякiх пытанняў, Ларэнца!

Ён адсунуў плячом стол i цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былi змучаныя i таксама чырвоныя.

– Ларэнца, свет наш – куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нiчога не перажыў, нiчога не ведаеш. Абернешся – убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нiкчэмных пiгмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялiкi, якi я быў дурань! Чалавек, якi лiчыў мяне сябрам i ў якiм я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой iнквiзiцыi. Дзякуючы мне, разумееш? I я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабiў я правiльна. Што такое повязi сяброўства i ўсе пачуццi ў параўнаннi з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?

– Сказаў, – шапнуў Ларэнца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю