355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ежи Анжиевски » Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 22 сентября 2016, 11:22

Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"


Автор книги: Ежи Анжиевски


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)

Раздзел трэцi

Зiма з 1485 на 1486 год выдалася такая лютая, якой ужо колькi гадоў не памяталi нi ў Леоне, нi ў Старой Кастылii. Нязвыкла вялiкi снег выпаў у канцы снежня, а пасля нядоўгай адлiгi зноў уцiснулi моцныя маразы, зашалелi страшныя завеi.

Iх Каралеўскiя Мосцi адразу пасля ўрачыстасцяў на святога Дамiнiка Сiлоскага падалiся з дваром у ваенны лагер пад Малагай, а вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар, хоць i пiльна яму трэба было ў Рым, дзе з рук новаабранага святога айца Iнакецiя VIII ён меўся асабiста атрымаць пацвярджэнне сваёй годнасцi, мусiў у сувязi з няпэўным часам на многа тыдняў адкласцi сваё падарожжа. Толькi ў апошняй дэкадзе студзеня суровая зiма пачала здавацца, пад лагоднымi павевамi паўднёвых вятроў хутка паплыў снег, надыходзiла ранняя i прыгожая вясна.

Усе падрыхтаваннi да iтальянскага падарожжа даўно былi распачатыя, i падрэ Тарквемада не хацеў яго адкладваць далей, таму, нягледзячы на нядобрыя весткi з усiх канцоў краiны пра смуту i неспакой, прызначыў выезд на грамнiцы.

Якраз у гэты час, калi ўжо было ўсiм вядома, што вялебны айцец падасца са сваiмi фамiльянтамi карацейшай дарогай у Барселону, адкуль спецыяльны карабель каралеўскай армады перавязе яго ў Неапаль, – у Валадолiд прыскакаў i тут жа явiўся ў Санта Марыя ла Анцiгуа нейкi брат Альвара, са спецыяльным даручэннем пасланы вялебнымi айцамi iнквiзiтарамi з Вiла-Рэал. I вось сталася так, што яшчэ таго самага дня вялебны айцец, пагаварыўшы з братам Альвара, змянiў свае ранейшыя планы, хоць гэта i пацягнула за сабой немалыя цяжкасцi i, прынамсi, на некалькi тыдняў адтэрмiнавала прыбыццё ў сталiцу Пятра; ён пастанавiў завiтаць спачатку ў Вiла-Рэал, разумеючы, што, калi там такое вялiкае значэнне надавалi яго асабiстаму ўдзелу ў аўтадафэ, прызначаным на дзень святога Рамуальда, яму, айцу ўсiх Святых трыбуналаў Каталiцкага каралеўства, вiдаць, нiяк не выпадала пагарджаць святымi пажаданнямi i просьбамi.

Падрэ Тарквемада аж завельмi шмат часу аддаў таму дамiнiканцу з Вiла-Рэал. Брат Дыега быў на гэтай гутарцы i, калi брат Альвара, з вялiкiм гонарам закончыўшы сваю мiсiю, пажагнаў, нарэшце, вялебнага айца, падаў госцю знак, каб той iшоў за iм.

Царкоўная званiца якраз склiкала на нешпар. Iшлi моўчкi, аж раптам брат Альвара спытаўся:

– Вы брат Дыега?

Той прыпынiўся.

– Так, – сказаў.

I, апярэдзiўшы свайго таварыша, пайшоў далей.

– Перадаю вам прывiтанне ад брата Матэа, – сказаў праз хвiлiну брат Альвара.

Брат Дыега iшоў шпаркiмi крокамi i затрымаўся толькi каля нiзкiх дзвярэй.

– Вось ваша цэля, – сказаў. – Вы, мусiць, добра здарожылiся, i вам трэба адпачыць.

– Так, – адказаў той. – Калi я выязджаў, брат Матэа прасiў мяне знайсцi вас i прывiтаць. Прасiў мяне сказаць: "Брат Матэа думае пра цябе i молiцца за цябе". Акурат так i сказаў брат Матэа, перадаю ўсё дакладна.

Дыега з вялiкiм намаганнем падняў галаву i паглядзеў прыезджаму з Вiла-Рэал у вочы. Брат Альвара ростам быў, як i ён, такi самы шчуплы i дробны, ды i гадамi, здаецца, не старэйшы.

У яго цёмных, не па гадах задуменных вачах Дыега ўбачыў прыязную зычлiвасць.

– Адпачывайце спакойна, браце Альвара, – сказаў ён, адвёўшы позiрк.

У iм раптам усё пахаладзела. Ён паспешна пайшоў у глыбiню калiдора i, мiнуўшы ўнутраныя, пустыя цяпер анфiлады, бо ўжо ўсе браты сабралiся ў храме, пачаў сыходзiць унiз, не вельмi разумеючы, куды i чаго iдзе, i яму здавалася, што яго шыя, плечы, спiна i грудзi пад хабiтай скаваныя лёдам.

Унiзе, каля сходак, пан дэ Кастра гутарыў з маладым донам Ларэнцам. Дыега хацеў абмiнуць iх, але дон Радрыга, уважлiва прыгледзеўшыся, затрымаў яго i спытаўся:

– Што з табою, браце Дыега? Цi не хворы ты? Цi не гарачка ў цябе?

Голас пана дэ Кастра, звычайна такi моцны i зычны, цяпер здаўся брату Дыегу глухiм, бы iдзе з-пад зямлi цi прыглушаны вiльготнай iмглой. Дыега цяжка падняў руку да лоба i толькi тады зразумеў, што ўсё яго цела сапраўды нiбы ў лiхаманцы. Няскладна, дрыготкiм голасам пачаў ён нешта мармытаць, адчуў, як адхлынула з галавы i з твару кроў, як смяротны холад, пра якi дагэтуль ён не меў нiякага ўяўлення, пачынае хутка ўцягваць яго ў мярцвянае азнабенне. Ледзь не падсвядома адчуў, што пан дэ Кастра крануў яго за плячо. Яшчэ раз пачуў голас дона Радрыга, але што той казаў, таго ўжо не здолеў уразумець.

– Так, – сказаў як мага грамчэй, ведаючы, што сказаў шэптам, цiшэйшым за ўздых.

I, адвярнуўшыся ад абодвух рыцараў, зноў пачаў узыходзiць па сходах. Ён iшоў вельмi павольна, як не вобмацкам, кожны раз ступаў нiбы праз сiлу, кожны крок здаваўся апошнiм.

Калi дайшоў да сярэдзiны сходаў, тут жа, побач, плячом можна было б дастаць, азваўся голас брата Матэа:

– Дыега, што ты зрабiў з сабою? Чаму сам аддаешся ў рукi непрыяцелю?

– Маўчы! – шапнуў Дыега. – Цябе няма. Але той быў.

– Дыега, калi што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

– Хлусiш, цябе няма.

Падняў вочы, каб убачыць верх сходаў. Убачыў цемру.

– Чаму не спiце, пане? – спытаўся з лагодным дакорам. – Хутка развiднее. Даволi, што я не сплю.

Нiхто не адказваў. Дыега, шукаючы аберуч апоры, падняўся на прыступку вышэй.

– Ты ёсць? Адказвай.

Яго не было.

– Мяцежным намерам, – пачуўся голас вялебнага айца, – не заўсёды патрэбныя словы.

– Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, – адказала далёкае рэха голасам пана дэ Сiгуры.

– Цябе няма! – усклiкнуў Дыега.

– Навошта хочаш загубiць сябе? – спытаўся побач брат Матэа.

– Зноў ты? – здзiвiўся Дыега. – Але ж цябе няма.

– Калi б ты не любiў людзей сёння, не мог бы пагарджаць iмi заўтра, адказаў з вышынi, з верху нябачных сходаў голас айца Тарквемады.

– Ойча мой! – усклiкнуў Дыега.

Ён хацеў падняцца яшчэ на адну прыступку, спатыкнуўся i выцяўся лобам аб нешта цвёрдае i халоднае. I адразу апрытомнеў. Стаяў каля калоны, што падпiрала нiзкi звод кляштарнага калiдора. Навокал цiшыня. Толькi з храма далятаў спеў братоў. У патрэбным месцы спеў сцiх, i загучаў арган.

Праз хвiлiну брат Дыега ўжо быў у цэлi вялебнага айца. Падрэ Тарквемада стаяў каля высокага пульпiта i, мусiць, быў захоплены нечым вельмi важным, бо, аказваючы заўсёды столькi ласкi i ўвагi свайму маладому сакратару, на гэты раз паглядзеў на яго неахвотна i спытаўся жорстка:

– Чаго табе, сыне мой? Не бачыш хiба, што я працую?

Але калi брат Дыега кiнуўся яму ў ногi, суровасць сышла з яго твару.

– Сыне мой, што здарылася?

– Ойча мой! – усклiкнуў Дыега. – Прабач, што асмелiўся прыйсцi без позвы, але тое, што я хачу сказаць, павiнен зрабiць цяпер.

– Супакойся перш, сыне мой.

– Я спакойны, ойча. Я спакойны настолькi, наколькi можа быць спакойны чалавек, якi быў на крок ад непапраўнай памылкi. Празрэў я, аднак, ойча, у пару i прашу ў цябе дапамогi. Ойча мой, цяжка я правiнiўся. Аддаўшыся сумненням, якiя вынiкалi з маёй слабасцi i з майго яшчэ недастаткова ўгрунтаванага вопыту, хацеў я затаiць ад цябе некаторыя думкi. Калi я даведаўся, што мы маемся выехаць у Вiла-Рэал, першым намерам было ўжыць вядомыя мне лекарскiя сродкi i з iх дапамогай выклiкаць непрацяглыя, але вельмi моцныя праявы цяжкай хваробы.

– Хацеў застацца тут?

– Так, ойча.

– Мусiць, важныя прычыны павiнны былi схiлiць цябе да гэтага?

– Ойча мой, калi б важныя, а то ж адзiныя, што паказалi мне маю слабасць. Страх мяне, ойча, агарнуў ад адной думкi, што апынуся ў мурах кляштара, якi быў сведкам многiх маiх памылак.

– Муры маўчаць, мой сыне.

– Ойча вялебны, ты ведаеш, можа быць так, што чалавек, якi сёння з усёй сiлы прагне служыць веры, яшчэ ўчора не ўсведамляў многiх рэчаў, паддаваўся злачынным, хiбным думкам.

– Што ж я магу сказаць табе на гэта, сыне мой? Усведамленне сваiх памылак – першы i неадменны крок да iх пераадолення.

– Ведаю, ойча. Але можа здарыцца i так, што гэты чалавек не быў сам-насам з гэтымi сваiмi злачыннымi думкамi, бо дзялiўся iмi з другiм чалавекам.

– Зло, мой сыне, заўсёды непараўнальна горш зносiць адзiноту, чым дабро. Гэты чалавек жывы?

– Так, ойча. Памятае мяне i прыслаў мне прывiтанне.

– Думаеш, убачыўшы цябе, ён мог бы кiнуць цень на тваё добрае iмя i на тваю святасць?

– Не ведаю гэтага, ойча. Гэты чалавек замкнуты ў сабе i пакорны, хоць i не ва ўсiм i не заўсёды. Думае так, як наказвае царква.

– Грэшны, аблудны, значыцца?

– Нiколi мяне, ойча, да нiчога лiхога не намаўляў. Калi ж я раблю гэта прызнанне, то толькi таму, што ўсведамляю, – пастаўлены так блiзка да цябе i надзелены такiм вялiкiм тваiм даверам, я не павiнен занядбаць нiякiх сродкаў, каб нават цень шкоднага i крыўднага мне цяпер нагавору не мог упасцi на мяне. Калi б я належаў толькi самому сабе, мой ойча, не непакоiўся б так пра сваё iмя.

– Усе мы, сыне, служым справе, якая велiччу перарастае кожнага з нас.

– Таму i ля ног тваiх я, ойча. Прызнаўся табе ва ўсiм, толькi хвiлiну назад канчаткова зразумеў, што мае думкi, хай часам няпэўныя цi нават пахiбныя, не могуць належаць мне аднаму. Уразумеў я, што толькi ў прызнаннi сваiх памылак i ў пошуках дапамогi ў вышэйпастаўленых магу ўбаранiць i сябе, i сваю веру.

– Вазьмi пяро i пергамент, – сказаў Тарквемада.

Дыега падняўся з каленяў.

– Так, ойча.

– Ты гатовы?

– Так, ойча.

– Тады пiшы: Вялебным айцам iнквiзiтарам арцыбiскупства Таледа ў Вiла-Рэал. Напiсаў?

– Так, ойча.

– Мы, брат Томас Тарквемада, дамiнiканец, прыёр кляштара Санта Круз у Сеговii, спаведнiк караля i каралевы, Вялiкi iнквiзiтар каралеўстваў Кастылii i Арагон, даручаем вам сiлай нашага права, каб абвiнавачаны ў цяжкiх злачынствах супраць веры...

– Брат Матэа Дара, дамiнiканец, – сказаў Дыега.

– ...брат Матэа Дара, дамiнiканец, неадкладна быў увязьнены ў турму Святой iнквiзiцыi i аддадзены суроваму следству, пакуль не выявiць сваiх ератычных поглядаў цi ў выпадку ўпартага трывання ў мане i аблудзе не будзе адлучаны на вечныя часы ад святой царквы каталiцкай. Закончыў?

– Так, ойча.

– Падай мне пяро.

Дыега, зрабiўшы гэта, адышоў убок. Падрэ Тарквемада ўстаў, здалёк, як гэта робяць дальназоркiя людзi, прачытаў прадыктаваны тэкст, пасля хутка падпiсаў.

– Ойча мой, – шапнуў Дыега, зноў апаўшы да ног Тарквемады.

Той паклаў руку на яго галаву.

– Шмат месяцаў чакаў я гэтай хвiлiны, мой сыне.

– Ты, ойча?

– Я ведаў, што рана цi позна, але прыйдзе той дзень, калi ты канчаткова, без нiякiх ваганняў, сумненняў i страху, знойдзеш сваю сапраўдную натуру. I вось дзень гэты настаў. Дзякуй вялiкае Госпаду Богу, найлюбаснейшы сыне.

Дыега, вельмi ўзрушаны, каб гаварыць, бязгучна прыпаў вуснамi да рукi Тарквемады. Адчуваў сябе бязмежна шчаслiвым, поўным свабоды i бяспекi, нiбы за смутай, якая яго дагэтуль раз'ядала i атачала з усiх бакоў, бразнулi раптам i назаўсёды цяжкiя дзверы.

Раздзел чацверты

Iшлi гады, i сярод безлiчы розных здарэнняў таго часу вялiкая справа аб'яднання каталiцкага каралеўства пераможна рухалася наперад.

У жнiўнi 1487 года, у дзень святой Алены, паддалася хрысцiянскiм войскам Малага, а праз няпоўных пяць гадоў, акурат пад самы новы, 1492 год, кароль Фердынанд пасля доўгай аблогi ўзяў Грэнаду. Апошнi паганскi астравок некалi магутнага каралеўства маўраў перастаў iснаваць на гiшпанскай зямлi, i тагачасны паэт мог з цалкам справядлiвым гонарам узнёсла спяваць: "Адзiн статак, адзiн пастух, адна вера, адзiн кароль, адзiн меч".

Вядома, калi надыходзiў мiр, здабыты некалькiмi стагоддзямi крывавых войнаў, можна было больш увагi аддаць таму, каб на аб'яднанай зямлi пачала трыумфаваць i еднасць веры. I сапраўды, яшчэ летась па загадзе вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара шмат тысяч бязбожных жыдоўскiх кнiг было спалена на рынках гарадоў i перад храмамi, ды i Святыя трыбуналы, якiм з усё большымi вынiкамi пасабляла палiцыя Святой эрмандады, з нязменнай пiльнасцю i чуйнасцю стаялi на варце чысцiнi веры, аднак, хоць i шмат было зроблена для захавання i ўмацавання праўды, сотнi тысяч няхрышчаных жыдоў усё яшчэ жылi на гiшпанскай зямлi, багацеючы на ўцiсканнi багаверных i махлярствах i беспакарана ведучы сваю брыдкую непрыстойную драпежнiцкую практыку. Пад самы корань трэба было падцяць зло.

Неўзабаве пасля ўрачыстага выезду Iх Каралеўскiх Мосцяў у Грэнаду па краiне папаўзлi чуткi i пагалоскi, што ў недалёкiм часе кароль i каралева намерваюцца абвясцiць эдыкт, у якiм будзе прадпiсана канфiскацыя жыдоўскiх маёнткаў i выгнанне ўсiх жыдоў з межаў каралеўства. Весткi гэтыя, хоць яшчэ i няпэўныя, знайшлi сама прыхiльны водгук у шырокiх колах вернiкаў. Адначасова багатыя жыдоўскiя сем'i, каб унiкнуць катастрофы, якая iм пагражала, i абгрунтоўваючы свой крок жаданнем пакрыць выдаткi апошняй вайны, выказалi згоду ахвяраваць Iх Каралеўскiм Мосцям акуп у трыццаць тысяч дукатаў. Гэта была велiзарная сума, i кароль Фердынанд, добра ведаючы цану золата, завагаўся, цi не прыняць яго, акуп гэты. Каралева Iзабэла таксама далася ў разважаннi, бо пад уплывам вельмi вальнадумных iдэй схiльная была лiчыць, што выгнанне жыдоў пэўным чынам супярэчыць прынцыпам хрысцiянскай мiласэрнасцi. I вось так, калi ў вынiку гэтых пагудак неспакой i трывога ахапiлi людзей, якiя думалi па-боску, жыды, са свайго боку, не трацiлi надзеi, што лёс, якi навалiўся на iх такiмi страшнымi няшчасцямi, не абрыне на iх апошняй бяды. I, аднак, вельмi верачы ў няўстойлiвасць манархаў i ва ўладу золата, недаацанiлi яны сiл, якiя заўсёды вышэй за ўсё ставяць дабро праўды. У другой палове студзеня вялебны айцец Тарквемада пакiнуў Таледа i неўзабаве прыехаў у Севiллю, дзе разам са сваiм дваром, цяпер асаблiва вялiкiм i шумным, бавiлi час Iх Каралеўскiя Мосцi.

Адышлi ў нябыт, у сiвую мiнуўшчыну тыя дванаццацiгадовай даўнасцi часы, калi першыя iнквiзiтары Кастылii, браты дамiнiканцы Мiгуэль Марыла i Хуан дэ Сэнт-Марцiн, прыехаўшы ў Севiллю, не маглi знайсцi патрэбных для кiраўнiчай дзейнасцi людзей i Iх Каралеўскiя Мосцi вымушаны былi паслаць з Медына дэль Кампа новую дэпешу, якая заклiкала свецкiя ўлады горада i епархiяльны Кадыкс дапамагчы прызначаным дастойнiкам. Дымы вогнiшчаў, якiя ў апошнiя гады палалi на севiльскiм квамадэра часцей i ў колькасцi значна большай, чым у iншых гарадах, неслi з сабою, як аказалася, моц цудоўнага ачышчэння людскiх думак i сэрцаў.

Вялiкiя тлумы народу высыпалi на вулiцы i плошчы горада вiтаць Вялiкага iнквiзiтара. Салдаты Эрмандады ледзь утрымлiвалi парадак. Дзень быў цёплы i сонечны. Званы храмаў бiлi i ў горадзе, i ў прадмесцi Трыяна, што па той бок Гвадалквiвiра. У бок на поўнач ад Пуэрта дэль Соль з самай ранiцы цягнулiся з пратэсамi i фератронамi працэсii братоў-законнiкаў i свецкага панства. Разам з iмi ля муроў горада вялебнага айца вiталi i сама знакамiтыя рыцары Андалузii. Маркiз Кадыкса, пан дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сiдонiя першы саскочыў са свайго жарабца, каб пацалаваць у руку вялебнага айца.

На жаль, святыя прагненнi верных – пабачыць айца Iнквiзiтара ў поўным бляску – не былi цалкам задаволеныя, бо паважны ўзрост i ўсё слабейшыя сiлы падрэ Тарквемады не дазвалялi ўжо падарожнiчаць рыцарскiм звычаем. Ён уехаў у горад у iтальянскай карэце, верныя служкi-дамоўнiкi i рыцарства цесна з усiх бакоў атачалi павольны поезд – таму нiхто з галаслiвых натоўпаў не здолеў пабачыць у твар Вялiкага iнквiзiтара.

Брат Дыега Манэнтэ, нядаўна прызначаны сакратаром Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады, ехаў разам з вялебным айцом. Падрэ Тарквемада, здавалася, вельмi стамiўся ад цяжкай дарогi i, захоплены хутчэй сваiмi думкамi, чым тым, што адбывалася навокал, не цiкавiўся нi ўрачыстым вiтаннем, нi тлумамi простага люду, што чакалi ад яго дабраславення. Гады не пашкадавалi, не абышлi айца Тарквемаду. Ён вельмi пастарэў, завастрылiся рысы яго схуднелага твару, скура на iм, асаблiва на скронях, была празрыстая i пажоўклая, паараная маршчынамi, вусны бяскроўныя, а глыбока запалыя вочы без ранейшага бляску, знуджаныя i ўсё больш нейкiя адсутныя, нiбы ўжо глядзелi на справы не гэтага свету.

Затое брат Дыега, у процiлегласць вялебнаму айцу, быў усхваляваны ўрачыстай хвiлiнай. Час змянiў i яго, але больш да мужчынскай сталасцi, а не да межаў жыцця пасунуў яго. Ён пасталеў, памажнеў, твар яго стаў куды круглейшы, чым раней, трохi нават азыз, i цяпер мала што з яго засяроджанай разважлiвасцi i з поўнага ўнутранай годнасцi самавалодання нагадвала юнака, якога яшчэ некалькi гадоў назад грызлi розныя турботы.

Кавалькада Вялiкага iнквiзiтара якраз мiнала палац герцагаў Карнэха i наблiжалася да храма Санта Марыя. Званы навакольных храмаў Сан-Маркас, Сан-Хулiан i кляштара сясцёр геранiмак Санта Паўла магутна гучалi па-над натоўпам, якi з энтузiязмам славiў Iсуса i святую дзеву Марыю. Браты дамiнiканцы, што стаялi ў бясконца доўгiм шэрагу, зацягнулi святы гiмн, i iх спеў злучыўся з воклiчамi людзей, ляскам зброi, тупатам конскiх капытоў, гудам званоў i ўзносiўся высока над тлумам i дамамi, трыумфам веры сягаў аж да самага неба, што распасцерлася ўгары велiзарным блакiтам.

– Сапраўды, – сказаў брат Дыега моцным мужчынскiм голасам, – цяжка сабе ўявiць больш натхняльнае вiдовiшча.

Падрэ Тарквемада ўзвёў стомленыя вочы. Ля карэты ехаў на вялiкiм чорным андалузцы, увесь закаваны ў латы, капiтан фамiльянтаў дон Ларэнца дэ Мантэса. Яго было заслугай, што некалькi месяцаў таму назад, пад час доўгага побыту ў Таледа, выйшлi на яву распусныя стасункi, якiя дон Радрыга дэ Кастра таемна меў з нейкай жыдоўскай дзяўчынай. Зганьбiўшыся так, пан дэ Кастра выракам Святога трыбунала быў пазбаўлены дваранства i маёмасцi i засуджаны да пажыццёвага выгнання, а началенне пасля яго прыняў на сябе пан дэ Мантэса, бо нiхто з высакародных дамоўнiкаў вялебнага айца не мог дараўняцца з iм вернасцю i чыстасцю звычаяў i ўчынкаў.

– Паглядзi, ойча, – сказаў брат Дыега, – якая вялiкая любоў у людзей да цябе!

Падрэ Тарквемада адкiнуўся ўглыб карэты.

– Так, – сказаў ён.

Брат Дыега ўжо асвоiўся з маўчаннем, якое ў апошнiя гады ўсё часцей вырастала памiж iм i вялебным айцом. Спачатку ён дашукваўся сваёй вiны i, не знаходзячы яе, пакутаваў. Але з нейкага часу даволi моцна пачаў давяраць сваёй недаступнай сумненням веры i перастаў непатрэбнай пакорай блытаць яснасць пачуццяў i думак. Ён прыпiсваў узросту вялебнага айца тыя хвiлiны яго задуменнасцi i поўную абыякавасць да спраў, якiя да нядаўняга часу нiколi абыякавыя яму не былi. Зрэшты, нягледзячы на гады, якiя ўсё большым i большым цяжарам клалiся на яго плечы, падрэ Тарквемада, калi заходзiла патрэба, выяўляў ранейшую сiлу розуму i непахiсную волю. Лiчылася нават, што да адступства ад веры ён ставiўся з яшчэ больш няўмольнай суровасцю, чым раней, i калi сам, цялесна аслабеўшы, вымушаны быў абмяжоўваць свае падарожжы, – то iмя яго, акружанае подзiвам i пакланеннем, страхам i зацятай нянавiсцю, iснавала i было заўсёды там, дзе жыў чалавек.

Брат Дыега, якi ўжо шмат гадоў быў сведкам штодзённага жыцця вялебнага айца, больш чым хто-небудзь iншы разумеў, у якой меры гэты вялiкi старац сваёй маналiтнай асобай пераважаў усiх сучаснiкаў.

Так i на гэты раз падрэ Тарквемада, хоць i здаваўся вельмi стомленым, не падмануў веры брата Дыега.

Iх Каралеўскiя Мосцi вельмi добра разумелi, што прывяло Вялiкага iнквiзiтара ў Севiллю. Як кароль, так i каралева ўмелi лiчыць i таму не сумнявалiся, што, згаджаючыся на выгнанне жыдоў, здабудуць з канфiскаваных маёнткаў суму, якая намнога перавысiць ахвяраваны акуп. Тым не меней каралева Iзабэла з мiласэрнасцi гатовая была згадзiцца на акуп i так ужо асвоiлася з гэтай думкай, што частку тых жыдоўскiх грошай, якiя павiнны былi ўлiцца ў скарбнiцу, выдзелiла на марскую экспедыцыю ў Заходнюю Iндыю, на якую ўжо даўно намаўляў, абяцаючы вялiкiя выгоды, нейкi генуэзец Хрыстобаль Калумб. Кароль Фердынанд, са свайго боку, менш за сваю жонку ўражлiвы на маральныя дробязi палiтычных спраў, не пагарджаў i думкай тых дарадцаў, якiя далей забягалi ў прадбачаннi, прадказваючы, што ў вынiку выгнання васьмiсот тысяч жыдоў гандаль каралеўства можа вельмi пахiснуцца, а з бегам часу i зусiм змарнее. Так, цвяроза ацэньваючы гэтую справу, ён разам з тым не мог пазбыцца занепакоенасцi, што маладушна адмаўляецца ад вялiкай iдэi каталiцкай дзяржавы, той натхнёнай вышэйшай рацыяй iдэi, якая i яму i каралеве свяцiла на шлях з хвiлiны атрымання трона аб'яднанага каралеўства. Заклапочаны ўсiм гэтым, ён з дня на дзень адкладваў апошняе рашэнне, i яму было зразумела, чаго хоча дамагацца падрэ Тарквемада – не дзiва таму, што ён без радасцi прыняў вестку аб яго прыездзе.

Холад, з якiм абое Iх Каралеўскiя Мосцi прынялi вялебнага айца, быў асаблiва ўражлiвы ў параўнаннi з тым энтузiязмам, з якiм яго вiталi пры ўездзе ў горад.

Падрэ Тарквемада, апёршыся на плячо брата Дыега, бо цяжка яму ўжо было, асаблiва пасля такой стомнай дарогi, рухацца самому, сказаў на прывiтанне:

– Рады бачыць Вашы Каралеўскiя Мосцi ў здароўi i, перш за ўсё, у славе доўгачаканай перамогi.

На гэта сказала Iзабэла:

– Сапраўды, гэтыя прагненнi нашы пачуў Бог.

Падрэ Тарквемада памаўчаў хвiлiну, нiбы падбор патрэбных слоў даваўся яму з вялiкай цяжкасцю. Нарэшце сказаў:

– Я думаю, што i ўсе астатнiя слушныя жаданнi Вашых Каралеўскiх Мосцяў спраўдзяцца.

Кароль Фердынанд загаварыў голасам, якi рваўся ад гневу i задышкi:

– Слушныя? На жаль, у некаторых справах, мой ойча, мы па-рознаму ацэньваем, што слушна, а што няслушна. Скаргi на цябе, вялебны ойча, да нас даходзяць. Твая неабачлiвая суровасць толькi клопатаў нам дадае. Усяго некалькi дзён назад я атрымаў breve святога айца Аляксандра. Пан папа абураны працэсам, якi па тваёй волi распачаты супраць арцыбiскупа Севiллi. Ты звiнавацiў Яго Эмiнэнцыю ў жыдоўскiм паходжаннi, не маючы, як аказалася, дастатковых на тое прычын. Пан папа дакарае нас, што мы дапусцiлi да такой ганьбы. Што я адкажу пану папу? Як мне перад iм апраўдацца?

Падрэ Тарквемада, усё яшчэ апiраючыся на плячо брата Дыега, моўчкi слухаў каралеўскiя закiды. Але як толькi кароль, стомлены гэтым раптоўным выбухам, замоўк, каб перавесцi дыханне, вялебны айцец выпрастаўся i ступiў крок наперад.

– Прабачаць мне Вашыя Каралеўскiя Мосцi, – сказаў нечакана моцным i цвёрдым голасам, – але я прыехаў не па справе арцыбiскупа. Цi праўда, што, як разносяць плёткi, нехрышчоныя жыды застануцца ў каралеўстве?

Каралева Iзабэла зардзелася, затое кароль спадылба зiркнуў на старога, якi стаяў перад iм.

– Так, – сказаў, – такая наша воля.

На гэта Тарквемада ўсклiкнуў:

– Добра, хай жа будзе ваша воля i хай даведаюцца ўсе хрысцiянскiя краiны, як тут, у Каталiцкiм Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Iсуса ўжо раз прадалi за трыццаць сярэбранiкаў. Вашыя Каралеўскiя Мосцi хочуць прадаць Iсуса другi раз за трыццаць тысяч дукатаў.

Кароль Фердынанд здрыгануўся i шырока разяўленым ротам хапiў паветра.

– Ойча, ты гаворыш з каралевай i каралём.

Падрэ Тарквемада ступiў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, якi стаяў на стале, i падняў яго ўгору.

– Вось Iсус! Бярыце яго i прадавайце.

Назаўтра герольды чыталi на гарадскiх плошчах каралеўскi эдыкт, якi абвяшчаў, што па волi каталiцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай сама суровай кары, пакiнуўшы ўсю сваю маёмасць, павiнны за тры месяцы назаўсёды пакiнуць гiшпанскую зямлю.

Таго ж самага дня, не папярэдзiўшы нi двор, нi блiзкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севiллi. Вялебны айцец толькi выклiкаў пана дэ Мантэса i перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговiю.

Неўзабаве ўзброены рэгiмент, акружыўшы карэту Вялiкага iнквiзiтара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, i пахолкi паходнямi асвятлялi дарогу сярод пустых заснулых вулiц. Мiнуўшы гарадскiя муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнiкаў скiраваў трактам на Кордабу.

Ноч была зорная, вельмi спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбiнi цемры, у сяйве, выплываў вялiкi руды месяц.

Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнiм часам яго ўсё менш i менш гарнула да адпачынку, i ён часта падоўгу, а то i аж да свiтання праседжваў у самотным чуваннi. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома i манатоннае калыханне карэты перамаглi яго добрую волю.

Ноч спакваля раз'яснялася нябесным свяцiлам, патушылi паходнi, i ўзброены атрад пад мерны тупат коней хутка рухаўся па гладкай раўнiне. Брат Дыега, пахiлiўшы галаву на плячо, пахропваў. А падрэ Тарквемада ўсё сядзеў i толькi зрэдчасу, нiбы ад холаду, падцягваў пад шыю плашч.

Недзе апоўначы, а можа, i пазней падрэ Тарквемада неспакойна заварушыўся i гучна, нiбы гаварыў да кагосьцi, сказаў:

– А калi памылка ўсё гэта?

Брат Дыега адразу прачнуўся.

– Клiкалi мяне, ойча? – спытаўся.

Тарквемада адказаў праз хвiлiну:

– Не, мой сыне. Спi спакойна.

Раздзел пяты

Аўтар неаднаразова памянёнай кронiкi пiша:

"У першай палове верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, на шаснаццатым годзе кiравання, г.зн. маючы гадоў семдзесят i восем, Вялiкi iнквiзiтар каралеўстваў Кастылii i Арагон, вялебны айцец Томас Тарквемада, прыехаўшы з горада Таледа, цяжка занядужаў.

Вартыя найбольшага даверу сведкi, асаблiва найблiжэйшы давераны Вялiкага iнквiзiтара, сакратар Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады айцец Дыега Манэнтэ, дамiнiканец, пазней iнквiзiтар Сарагосы, у шчаслiвыя часы, калi словы пра нядаўнiя гiстарычныя падзеi мы для памнажэння славы божай запiсваем, аднадушна сцвярджаюць, што вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар каталiцкага каралеўства, не зважаючы на глыбокiя старэчыя гады i падарванае здароўе, пастанавiў задаць сабе клопат падарожжа з Валадолiда ў Таледа i толькi з тою мэтай, каб асабiста выяснiць i ў пэўным святле каталiцкай веры высветлiць складаную справу нейкага Ларэнца Перэза, рамеснiка з Бургiласа.

Калi чалавек, такi святы i знакамiты, надаваў гэтай справе столькi значэння, то i мы не можам збыць яе ў некалькiх словах, на слушны бо маглi б сябе надарыць на папрок, што, захапiўшыся вонкавым бляскам, угоньваемся толькi за слаўнымi падзеямi i ўчынкамi, абмiнаючы легкадумным маўчаннем усё тое, што ў здарэннях менш цудоўных сведчыць пра велiч нязбытных праўд. А таму мы ўдзелiм працэсу Ларэнца Перэза столькi слоў, колькi таго наша служба ў салодкiх аковах веры вымагае.

Памянёны Ларэнца Перэз, мужчына трыццацi васьмi гадоў, у час, пра якi мы распавядаем, быў увязьнены i прыцягнуты да адказнасцi перад Святым трыбуналам у Таледа, i гэта ўсё з той прычыны, што з бессаромнай i агiднай яўнасцю, характэрнай для зацятых непапраўных ератыкоў, пашыраў бязбожныя погляды, сцвярджаючы, што нiбыта не iснуе нiякiх д'яблаў, дэманаў i iншых пякельных стварэнняў, якiя былi б здольныя завалодаць чалавечай душой.

Вялебны айцец Тарквемада, атрымаўшы на прагляд паказаннi абвiнавачанага, палiчыў не толькi за карыснае, але нават за неабходнае асабiста справу на месцы даследаваць, i хоць блiжэйшае атачэнне i – як сцвярджаюць вiдавочцы нават Iх Каралеўскiя Мосцi адгаворвалi яго ад падарожжа, такога цяжкага, ён адважыўся на яго, даючы гэтым рашэннем прыклад самаахвярнасцi, якое кожны з нас не павiнен шкадаваць дзеля патрэб веры.

Паводле сабраных сведчанняў, правiльна i з дазволу царквы перапiсаных намi з судовых пратаколаў Святой iнквiзiцыi, памянёны Ларэнца Перэз прызнаў перад Святым трыбучалам даслоўна наступнае:

"Я зведаў у сваiм жыццi з сама ранняга дзяцiнства так многа згрызот i няшчасцяў, што, калi мой лёс пачаў мне здавацца над усякую меру вартым шкадавання, я ў хвiлiну роспачы паклiкаў д'ябла, каб ён дапамог мне ў нядолi, ахвяруючы яму ўзамен сваю душу. Выклiкаў я яго некалькi разоў, але марна. Д'ябал не з'явiўся. Тады я звярнуўся да аднаго ўбогага чалавека, якi лiчыўся чараўнiком. Ён сказаў мне, што завядзе мяне да адной кабеты, якая ў чарах больш за яго спанатраная, абароцiстая i ўпрактыкаваная, хадзiлi бо пра яе чуткi, што яна, прымаючы вобраз чорнага казла, патрапляла ў месячныя ночы завабiць на пусткi маладых хлопцаў, пасля чаго тыя, спачатку бессаромна агалiўшыся, таксама ад яе чараў у чорных казлоў ператваралiся, папярэдне намасцiўшы сваё цела слiззю рапухi i крумкачовымi выдзяленнямi, а потым усiм сполам удзельнiчалi ў блюзнерчым набажэнстве, званым чорнай iмшой. Я пайшоў да той кабеты. Яна парадзiла мне тры днi падрад хадзiць за вёску на курган Сан-Эстэбан i выклiкаць Люцыпара словамi: "Анёле светласцi!", кашчуючы на Святую Тройцу i хрысцiянскую рэлiгiю. Я зрабiў усё, што мне тая кабета наказала. Але нiчога не ўбачыў. Тады яна дарадзiла мне, каб я выкiнуў ражанец, скапулiр, а таксама ж каб я сваёй крывёй напiсаў вераадступны цырограф. I гэта я зрабiў. Але д'ябал не з'явiўся. I вось, вычарпаўшы ўсе магчымасцi, я падумаў, што калi б д'яблы iснавалi i калi б было праўдай, што яны змагаюцца за чалавечыя душы, то iм цяжка было б знайсцi лепшую нагоду, бо я сапраўды вельмi шчыра прагнуў прадаць сваю душу Люцыпару".

Цяжка ў гэтым месцы не ўсклiкнуць хрысцiянiну: Божа ўсемагутны, цi ж можна знайсцi большае сведчанне д'ябальскага апантання, чым гэта? Сапраўды, д'ябальскiя вiжоўкi, сатанiнскiя iнтрыгi перш за ўсё грунтуюцца на тым, што ў апантанасцi адбiраецца здольнасць распазнаваць непрыяцеля.

I вось, учыняючы такiя агiдныя жарты з цёмным рамеснiкам, вымушаны быў сатана скапiтуляваць перад пранiкнёнай мудрасцю вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара.

Было ўсiм вядома, што айцец Тарквемада рэдка калi асабiста вёў следства ератыкоў, абвiшвачаных у злачынствах супраць веры, таму што святасць, шырокiя тэалагiчныя веды i глыбокае пранiкненне ў людскiя натуры ўкаранiлiся ў iм так моцна, што ён мог без пахiбы разабрацца ў сутнасцi кожнай справы толькi па адным абвiнаваўчым акце. Мала хто ў такой меры, як ён, разумеў, што лiшнiя падрабязнасцi могуць толькi зацямнiць вобраз злачынства, а таксама – i гэта гаварыла за яго вялiкi розум, не забываўся ён, што грэх, хай сабе сама мiзэрны, нiколi не бывае адасоблены i там, дзе нараджаецца адзiн, павiнна iх быць больш. На гэты, аднак, раз айцец Тарквемада адступiў ад сваiх правiлаў i, не зважаючы на цяжкi стан здароўя i не шкадуючы вялiкага напружання думкi, асабiста старшыняваў на пасяджэннi Святога трыбунала i сам задаваў пытаннi, каб, нягледзячы на супрацiўленне абвiнавачанага, дабрацца да самага споду сутнасцi праўды.

Нашым першым намерам было сваiмi словамi распавесцi пра ход таго пасяджэння Святога трыбунала, але нас своечасова прасвятлiў Святы Дух, унушыўшы, што мы натхнёныя вышэйшай мудрасцю не выстаўляць асабiстых амбiцый, якiя пры такой няроўнасцi сiл лёгка могуць спаўзцi да агульнага калечання, ашуканства i поўнага скажэння праўды. А таму, служачы праўдзе, перадаём слова ёй.

Паводле ўдаступненых нам пратаколаў, Ларэнца Перэз стаў перад Святым трыбуналам восьмага верасня года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага ў прысутнасцi вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара, айцоў iнквiзiтараў Святога афiцыума ў Таледа, вялебнага айца Дыега Манэнтэ, сакратара Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады, а таксама пiсараў, братоў дамiнiканцаў, званых Нiколасам i Паскуалем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю