Текст книги "Цемра зямлю ахiнае (на белорусском языке)"
Автор книги: Ежи Анжиевски
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 8 страниц)
– Ты малады, прыгожы, у тваiх вачах, як у люстэрку, адбiваецца чысцiня тваёй душы, але ведай, што хоць i моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калi заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкi, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры i адданасцi, я першы зраблю ўсё, каб знiшчыць цябе, як нiшчаць ворага. Сцеражыся мяне!
Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелi. Дон Радрыга паглядзеў на яго i голасна, нечакана звонка засмяяўся.
– Шчанюк, нават думак сваiх не ўмееш хаваць. Па вачах тваiх бачу, што падумаў. Ты падумаў: i ты мяне сцеражыся.
Ён яшчэ з хвiлiну смяяўся, пасля раптам замоўк i кароткiм рухам рукi загадаў:
– Iдзi, хачу пабыць адзiн.
Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны i з цёмнымi вачыма, службiста выпрастаўся.
– Так, дастойны капiтане, – сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.
Пасля беззаганна зрабiў устаўны паварот i выйшаў з цэлi, трошкi замоцна бразнуўшы дзвярыма.
Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзiну, у Санта Марыя ла Анцiгуа прыехаў iнквiзiтар Святога трыбунала ў Валадолiдзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамiнiканец. На дзядзiнцы госця вiтаў прыёр Санта Марыi, ссiвелы падрэ Аўгусцiн д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падалiся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыi, якi памятаў даўныя i слаўныя часы караля Альфонса VI, госця чакалi капiтан фамiльянтаў i брат Дыега.
Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва – ён кульгаў на левую нагу, увайшоў шпаркiм крокам i, абыякава агледзеўшы строгi пакой, нецярплiва глянуў на прысутных.
– Даўно не быў у гэтых святых мурах, – сказаў да прыёра. – I вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклiкаў мяне. Чаму так позна?
Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цянi якой стаяў.
– Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэннi.
– Так, – коратка сказаў падрэ Галвез.
– Вялебны айцец сапраўды выклiкаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамi асабiста, бо ўвесь свой час аддае малiтвам i роздуму.
– Цяпер? – гнеўна здзiвiўся падрэ Галвез. – Адкуль такое рашэнне? Што тут робiцца? Чаму вы прыехалi ў сталiцу ноччу, нiкога не папярэдзiўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец нi з кiм не хоча гаварыць?
– Прабач, вялебны ойча, – спакойна адказаў пан дэ Кастра, – я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.
Падрэ Галвез хуткiм паглядам акiнуў постаць маладога рыцара.
– Хто вы?
– Капiтан фамiльянтаў Вялiкага iнквiзiтара, – сказаў пан дэ Кастра.
Пасля, паказаўшы на Дыега, якi стаяў непадалёк, сказаў:
– А прысутны тут брат Дыега – асабiсты сакратар вялебнага айца.
Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.
– Вiншую, мой сыне. У табе несумненна асаблiвыя цноты i здольнасцi, калi, такога маладога, паставiў цябе вялебны айцец так блiзка ля сваёй асобы.
Брат Дыега схiлiў галаву.
– Вялебны айцец наказаў таксама прывiтаць вас i перадаць вам сваё дабраславенне. I разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымi абавязкамi вы павiнны, i неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай i балеснай.
Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазiраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцiстыя бровы. Раптам выпрастаўся.
– Сядзем, – сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.
I першы парывiстым крокам пайшоў да стала, якi стаяў у глыбiнi рэфекторыя, i, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.
– Слухаю, – сказаў.
Брат Дыега, якi сцiпла сеў аподаль, устаў i амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў i залажыў далонi ў рукавы сутаны.
– Гэта ўсё? – спытаўся падрэ Галвез.
– Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, – адказаў брат Дыега.
– Так, – згадзiўся той абыякава. – I што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?
Сiвы прыёр не хаваў прыгнечанасцi i заклапочанасцi.
– Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, – сказаў дрыготкiм голасам чалавека, зламанага няшчасцем.
– Бог? – здзiвiўся падрэ Галвез. – Ужо цi не лiчыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў вiно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведамiць?
Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.
– Усё? – крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. – Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.
Стары прыёр не спрабаваў баранiцца. Унурыўшыся ў вялiкiм крэсле, пад градам абвiнавачанняў ён усё нiжэй схiляў сiвую галаву. I, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. "Вось якая яна, сiла страху", – падумаў Дыега. I хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць i старасць, усё-такi зласлiва ўсмiхнуўся. I апамятаўся толькi тады, калi, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, якi ў бляску сваёй залацiстай зброi сядзеў па другi бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэлiся i адразу разышлiся. Брат Дыега апусцiў павекi. "Божа! – падумаў, не вельмi разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклiчам. Разгубiўшыся на хвiлiну ад сваiх думак, адчуў, як яго перапоўнiлi смутак i адначасова раптоўная салодкая туга. – Навошта? Дзеля чаго?" Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусцiна, нахiлiўся да Дыега, якi, выведзены голасам айца iнквiзiтара з задуменнасцi, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.
– Ты сказаў, мой сыне, – сказаў падрэ Галвез, – што пан дэ Сiгура пад выглядам адбытай споведзi спрабаваў спачатку адмовiцца каштаваць ежу вялебнага айца.
– Так было, вялебны ойча, – пацвердзiў брат Дыега.
– Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькi я ведаю, вялiкай славай хрысцiянскага рыцара. Праўда ж?
– Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць i недаступнасць.
– Ён быў ганарысты?
– Думаю, што не ад вялiкай сцiпласцi неахвотна выказваў перад людзьмi свае думкi.
– Як гэта разумець?
Дыега адчуў раптам, нiбы ён апынуўся на краi прорвы.
– Ойча вялебны, – сказаў, трохi падумаўшы, – мне здаецца, што я занадта малады i недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд вiны i дзе пачынаецца сапраўдная вiна.
Падрэ Галвез нецярплiва зварухнуўся.
– Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд вiны? Гэта толькi наша хвiлiннае i выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць вiну. Цi iснуе гэты "выгляд" як факт? Не iснуе, гэта ясна. Лiчыцца толькi вiна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.
Брат Дыега пачырванеў ад сораму i прынiжэння. Як ён мог падумаць так наiўна! Толькi цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухiляцца ад выказвання сваiх думак, а ў тым, каб адгадваць думкi вышэйпастаўленых i згаджацца з iмi.
– Ойча вялебны, – сказаў ён, упершыню ў жыццi свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, – калi я ўжыў выраз "выгляд вiны", то толькi ў значэннi, якое ты гэтым словам надаеш.
– Род пана дэ Сiгуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.
На гэта падрэ Галвез:
– На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мiнулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск iмя i роду павiнны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавiта сярод iх так часта плодзяцца i пасвяцца сама агiдныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Iсуса Хрыста: "Дабраславёныя ўбогiя духам" маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявiць абмежаваны розум чалавека. I царства божае настане на зямлi не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.
Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лiчыў, што яму варожая, неўласцiвая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлiвае пачуццё ятрылася ў iм цяпер. Цi ж ён не ведаў, як i дон Радрыга, што пан дэ Сiгура паходзiў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапiў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволiў апярэдзiць сябе?
Паглядзеў на пана дэ Кастра i, убачыўшы яго малады твар, на якiм быў поўны спакой i здысцыплiнаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захлiснула хваля зайздрасцi.
Хвiлiну панавала цiшыня.
– Што ты збiраешся рабiць, вялебны ойча? – цiха спытаўся стары прыёр.
– Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, – адказаў падрэ Галвез. – Не здаецца бо верагодным, каб у такiм выпадку злачынца мог дзейнiчаць адзiн, найлепш было б выклiкаць у Святы трыбунал усiх братоў.
Падрэ Аўгусцiн падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялi слёзы.
– Божа вялiкi, няўжо сапраўды хочаш зрабiць гэта?
Той пацiснуў плячыма.
– Не, гэтым разам абыдуся. Святая iнквiзiцыя зусiм не зацiкаўленая, каб гэта старажытнае i вартае павагi месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасцi, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькi вас, пане дэ Кастра, – павярнуўся да дона Радрыга, абавяжам, каб вы неадкладна перадалi Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.
– Ойча Крыстобаль, – усклiкнуў падрэ Аўгусцiн, – але ж ён яшчэ дзiця горкае.
Падрэ Галвез з'едлiва ўсмiхнуўся.
– Табе, ойча Аўгусцiне, усе людзi невiнаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невiнаватасцi бяруцца злачынствы, ерась i грэх. А можа, iх i няма? Можа, ты прыйшоў да такiх святых перакананняў? Калi так, дык чаго непакоiшся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым якi-небудзь iншы зямны суд, шануе сапраўдную невiнаватасць i, змагаючыся супраць зла, баронiць менавiта яе.
Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, i ўся нарада скончылася.
Ужо назаўтра выявiлася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусцiна за недальнабачнасць i вартую кары страту пiльнасцi. Шаснаццацiгадовы Пабла Заратэ, якi ўсяго толькi некалькi месяцаў адбываў навiцыят у Санта Марыя ла Анцiгуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калi ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спынiў на дзядзiнцы пан дэ Сiгура, загадаў яму паставiць ежу i вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нiбыта не вельмi чыстыя рукi. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гiдра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якiя яму наносяцца пастаянна. Выкрыты i вынiшчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкi ў другiм месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць i аслабiць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.
Побач з гэтымi выяўленымi акалiчнасцямi правiна Пабла не здавалася асаблiва цяжкай i хоць, калi лiчыцца з вынiкамi, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасцi вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькi тое, што здарылася пасля, кiнула цяжкi цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцiлi да адбывання духоўнага навiцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказаннi, гэта значыць, у час, калi ён найбольш павiнен быў сумленна выказаць жаль i панесцi належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсцi па шляху веры, павесiўся ў цэлi, дзе быў увязнены, i гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцiвага жыцця хрысцiянiна ён выбiрае ганьбу i вечнае асуджэнне.
Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцiгуа ранiцай, яшчэ да першай ранiшняй iмшы, якую ўжо колькi гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. I ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносiцай, але неяк так ужо недалужна, нiбы сляпец, хадзiў каля алтара, а голас, нават калi ён чытаў цiха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкi неспакойны шум, пасля залегла цiшыня, i старэчаму мармытанню падрэ Аўгусцiна адказвалi толькi самотныя арганы ў глыбiнi храма. Немалое таксама здзiўленне ахапiла ўсiх, калi, блаславiўшы на заканчэнне ўсiх прысутных, падрэ Аўгусцiн астаўся каля алтара i цiха, але вельмi выразна сказаў:
– А цяпер, браты, прачытаем "Ойча наш" i "За здароўе Марыi" за чыстую i нявiнную душу нашага малодшага брата Пабла.
Магiльная цiшыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца нi брат Дыега, якi самотна стаяў з боку алтара, анi пан дэ Кастра, якi ў сваёй залатой зброi стаяў крок наперадзе сваiх фамiльянтаў.
Такая сiла была з гэтых двух людзей, што нiхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.
Падрэ Аўгусцiн з хвiлiну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамi твар, i, нарэшце, адвярнуўся i, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў малiцца адзiн. Брат Дыега i пан дэ Кастра першыя перахрысцiлiся i разам рушылi да дзвярэй рызнiцы. За iмi пачалi выходзiць служкi вялебнага айца, i храм напоўнiўся цяжкiм звонам даспехаў. Потым, ужо ў цiшынi, адзiн за адным, схiлiўшы галовы i не гледзячы адзiн на аднаго, выходзiлi браты.
Айцец Аўгусцiн астаўся адзiн. Ён доўга малiўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккiм сонечным бляскам асвятлiў на вiтражах сiлуэты анёлаў i святых. Дагаралi ў кандэлябрах свечкi. З кляштарнага дзядзiнца далятала адгалоссе змены варты.
Потым падрэ Аўгусцiн узвёў вочы на велiзарны крыж, якi вiсеў угары, i ўсклiкнуў голасам, поўным роспачы:
– Госпадзе, цi доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?
Слёзы заслалi яму вочы, i ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытулiўся гарачай шчакой да яго далонi. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзiў густыя з дробнымi завiткамi валасы i пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсiска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзiцячае цела i, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкiм ад узрушанасцi голасам:
– Дзiцятка маё, маё беднае дзiцятка, не трэба трацiць надзеi. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.
Гэта была апошняя iмша, якую стары прыёр правiў у Санта Марыi. Ноччу з дазволу вышэйшых пакiнуў кляштар i горад i адправiўся ў далёкую пустэльню Сан-Iнiга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяцiць сябе прыроджанай патрэбе малiтвы i спакойна закончыць святое жыццё.
А на другi дзень сам айцец Вялiкi iнквiзiтар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыi ранiшнюю iмшу. Брат Дыега абвясцiў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Iсуса паводле евангелля св. Мацвея: "Не прыйшоў я з мiрам, а з мечам".
Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калi не толькi перамогамi таруецца дарога праўды, – розныя невясёлыя весткi даходзiлi ў сталiцу на схiле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. I вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскiя войскi на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслi пры асадзе паганскай Малагi вялiкiя страты, а з Арагона губернатары даносiлi пра хваляваннi, калi пасля вядомых падзей у Сарагосе многiя гарады захлiснулi неспакой i смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў нiякiмi сама нiкчэмнымi сродкамi, абы толькi падступна нашкодзiць каралеўству.
У Валенсii, напрыклад, падбухтораная правакатарамi галота падпалiла палац Талавера, дзе была сядзiба Святога трыбунала, у Тэруэлi натоўп, падагрэты такiм самым спосабам, закiдаў каменнем i цэглай каля вежы Сан-Марцiн атрад айца iнквiзiтара, калi той у першую нядзелю снежня выправiўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былi ахвяры, i толькi дзякуючы таму, што на вулiцы былi выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухiлiць пашырэнне хваляванняў i пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылi бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскiх пахолкаў i смердаў, якiя пачалi былi збiрацца непадалёк ад турмы Святога афiцыума, арыштавалi пры такой нагодзе i аддалi пад суд многа западозраных гараджан.
Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэннi, адразу пасланымi кур'ерамi загадаў правесцi, не зважаючы на асобы, суровыя акцыi супраць усякiх ератыцкiх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асаблiва на тэрыторыi Арагона, былi заклiканы спецыяльным пасланнем айца Вялiкага iнквiзiтара да ўзмацнення пiльнасцi i да паглыблення метадаў расследавання. Такiм чынам, вораг яшчэ раз пралiчыўся i памылiўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабiць баявiтасць царквы або выкапаць прорву памiж ёю i масамi вернiкаў. Нiхто, акрамя злачынных ератыкоў i мiзэрнай жменькi людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Iх Каралеўскiм Мосцям i царкве i аднадушна асуджае ўсялякiя спробы аслаблення яе адзiнства.
Нягледзячы на гэта, як i бывае ў такiх акалiчнасцях, весткi пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ iшлi з правiнцый, i, хоць у самой сталiцы панаваў поўны спакой, – айцец iнквiзiтар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалi ўжо даўно i вельмi грунтоўна на сярэдзiну студзеня наступнага года. Калi падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асаблiва шанаваны людзьмi дзень святога Дамiнiка Сiлоскага, прайшла з вялiкiм шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылi многiя працэсы, што зацягнулiся на некалькi месяцаў, распачалi i шчаслiва завяршылi да азначанага тэрмiну шмат новых. Ва ўсiх кляштарах, асаблiва ў дамiнiканцаў, гэтыя пачынаннi суправаджалiся вячэрнiмi набажэнствамi братоў, бо адзiнства сыноў царквы здавалася ў тыя днi больш патрэбным, чым калi-небудзь. Зрэшты, як i спадзявалiся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваiх духоўных пастараў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усiх гарадоў i замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолiд. Святыя пiлiгрымы iшлi i з далейшых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскiх гасподах i заезных дамах, i народ, нягледзячы на снежаньскiя халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.
У сувязi з такiм вялiкiм узрушэннем у хрысцiянскiм народзе абое Iх Каралеўскiя Мосцi, хоць i збiралiся падацца, устрывожаныя сiтуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабiста айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, пастанавiлi адкласцi намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння i бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнiкаў прымуць удзел у пакутнiцкiх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсiяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якiх апошнiм часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзiла да сямiдзесяцi з нечым. Адным i адзiным з iх, цела якога ў атачэннi iншых, якiх мелiся палiць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвiнавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сiгура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесцi больш справядлiвы вырок, аднак менавiта гэты прысуд стаў на Каралеўскай iнквiзiцыйнай радзе прадметам сама бурнага абмену думкамi i спрэчак.
Каралеўская iнквiзiцыйная рада, якая была створана Iх Каралеўскiмi Мосцямi з мэтай больш цеснай сувязi з тронам дзейнасцi Святога афiцыума, збiралася за гэты час поўным складам даволi рэдка. Аднак цяпер, i, як здавалася, пад уплывам некалькiх свецкiх грандаў, кароль Фердынанд палiчыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошнiх падзей, i неадкладна. I вось у апошнi дзень лiстапада, на святога Андрэя, пасля iмшы ў замкавай каплiцы, тры царкоўныя дастойнiкi на чале з айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, столькi ж знакамiтых паноў каралеўства i два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афiцыума, пакiнуўшы сваю свiту ў пярэднiх пакоях, сабралiся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля i каралевы. Iх Каралеўскiя Мосцi не далi сябе доўга чакаць. З iмi iшоў мiнiстр, брат Франсiска Хiменэс, францысканец.
Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калi пасля некалькiх слоў караля Фердынанда, якi гаварыў, як звычайна, трошкi цяжкавата з прычыны задышкi, ад якое ён вельмi пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сiдонiя, маркiз Кадыкса. Усе добра ведалi, што, калi пяць гадоў назад першыя iўдаiсты пачалi пакiдаць гарады i сёлы, падданыя Святому афiцыуму ў Севiллi, не хто iншы, як пан герцаг Медына Сiдонiя даваў iм на сваiх землях прытулак. Аднак даўнiя гэта былi справы, i быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзiцца ад свайго мiнулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю i поўнае сыноўняй павагi да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсцi iншыя словы, якiя б выказвалi хрысцiянскiя думкi лепш, чым тыя, якiя са спакойнай развагай i годнасцю, пазбаўленай усякай пыхi, сказаў гэты нашчадак аднаго з сама знакамiтых родаў каралеўства.
Абое Iх Каралеўскiя Мосцi слухалi яго з выразна зычлiвай увагай, усе астатнiя паны, асаблiва стары герцаг Карнэха, здавалася, былi ў захапленнi ад розуму сама малодшага з iх. Сярод гэтай агульнай пацехi толькi айцы iнквiзiтары i пан кардынал дэ Мендоза, арцыбiскуп Таледа, захоўвалi чакальную стрыманасць. I сапраўды, даверыўшыся дасведчанасцi вопыту i развазе, яны слушна не далi сабе паддацца заўчаснай радасцi, бо неўзабаве пан Медына Сiдонiя раскрыў сваё сапраўднае аблiчча.
– На жаль, – сказаў ён пасля хвiлiны маўчання, – я спахiбiў бы i павагай гэтага сходу, i перш за ўсё праўдай, калi б не прызнаў, што, сузiраючы многiя справы, якiя чыняцца сёння ў каралеўстве, апроч пачуццяў радасцi i гонару, я перажываю, ды напэўна i не я адзiн, заклапочанасць i сама ўразлiвую трывогу.
У зале залегла цiша. Падрэ Галвез закруцiўся ў сваiм крэсле, а падрэ Тарквемада падняў галаву i пранiклiвым позiркам акiнуў маладога герцага. А той звярнуўся проста да яго.
– Бачу па вашых вачах, вялебны ойча, што хацелi б запытацца, якая гэта заклапочанасць трывожыць мяне?
На гэта падрэ Тарквемада адказаў:
– Сапраўды, вы не памылiлiся, годны пане. Перад аблiччам усеагульнага памнажэння розных злачынстваў супраць веры кожны хрысцiянiн павiнен адчуваць глыбокую трывогу. Цi не пра гэтую заклапочанасць вы кажаце?
– Наогул i пра яе, але i не толькi. Найяснейшы кароль, найяснейшая каралева! Я цаню суровасць, з якою Святыя трыбуналы выкрываюць i караюць ератыкоў, апасаюся, аднак, што калi гэтая суровасць пачне закранаць найпершых паноў каралеўства, няславай пакрываючы людзей, якiя ад нараджэння пастаўлены вышэй за тлум сваёй годнасцю i маёмасцю, тады з гэтага можа вынiкнуць для нас болей шкоды, чым карысцi. Гэта заклапочанасць якраз, вялебныя айцы, i трывожыць мяне.
Герцаг Карнэха ўсклiкнуў:
– Што вы здабудзеце, выдаючы плебеям на ганьбу i прынiжэнне сыноў знакамiтых родаў? Што вы нарабiлi ў Арагоне? Цi ж не мы – той трывалы падмурак, на якiм вы павiнны трымацца?
Вялiкi i станiсты пан маркiз дэ Вiлена, забыўшыся пра шацунак да Iх Каралеўскiх Мосцяў, стукнуў кулаком па бiлцы крэсла.
– Альбо вы сляпыя, айцы, альбо шалёныя? На каго замахваецеся? Калi i далей пойдзеце гэтай дарогай, можа, i мяне паставiце перад сваiм трыбуналам?
Зноў запанавала цiшыня. Першы азваўся падрэ Тарквемада, i яго голас, сцiшаны i поўны спакою, гучаў адмыслова пасля нечаканага выступлення пана дэ Вiлены. Падрэ Тарквемада сказаў:
– Не памыляецеся, годны пане. Няхай усемагутны Бог не абыдзе вас сваёй апекай, каб гэта не стала неабходнасцю.
Кроў ударыла пану дэ Вiлену ў твар.
– Пагражаеце, вялебны ойча? Мне?
– Каму трэба зняславiць пасля смерцi пана дэ Сiгуру? – крыкнуў герцаг Медына. – Калi ўжо пан дэ Сiгура стаў перад судом Божым, хай Бог i судзiць яго правiны.
Падрэ Галвез павярнуў да яго пацямнелы твар.
– I каго ж вы баронiце, герцаг? Вераломцу i атрутнiка?
– Памыляешся, вялебны ойча, – адказаў той. – Не пана дэ Сiгуру бараню, а гонар рыцарскага стану. Я ведаю, што грэх можа ўцiснуцца ўсюды, а грахi, нават асаблiва цяжкiя, могуць стаць доляй нават сама моцных гэтага свету, але цi азначае гэта, што iх адразу трэба выносiць на святло? Чаму зло, якое хутчэй прыхаваць належала б i акружыць маўчаннем, вы выдаяце на рабунак чэрнi? Хочаце павярнуць супраць нас цёмныя мэтлахi?
Кароль Фердынанд сядзеў на троне, апусцiўшы выпуклыя павекi, упёршы тоўстыя i трохi караткаватыя рукi ў шырока расстаўленыя сцёгны. Святая каралева Iзабэла, здавалася, задумалася i была смутная. У цiшы пачуўся цяжкi ўздых пана дэ Вiлены.
– Пан герцаг Медына слушна сказаў, – пачаў падрэ Тарквемада, – што грэх i загана не абмiнаюць на гэтым свеце нават сама высокапастаўленых. Глыбока, аднак, памыляецца, умаўляючы нас, каб мы праўду выкрыцця падмянiлi баязлiвым маўчаннем. Што ж вы раiце нам, годныя панове? Няўжо ў вас так мала даверу да праўды, што фальшыва зразуметае паняцце славы вашага сану вы ставiце над ёю?
– Аслабляючы нас, аслабляеце i праўду, – адказаў пан Карнэха.
– Не! – усклiкнуў падрэ Тарквемада. – Калi мы маем адвагу гоiць нават сама балючыя раны, дык якраз толькi таму, што мы дастаткова моцныя, каб выкрыць i абясшкодзiць усякае зло. Яшчэ раз пытаюся ў вас, што вы нам дарадзiце? Што для вас – законы, што для вас – справядлiвасць? Маўчыце? Дык я вам адкажу: ваша пыха перавышае вашу веру. А калi вера ў вас слабне, як жа вы можаце верыць у перамогу? Але i тое вам яшчэ скажу: нiколi Святая iнквiзiцыя не паддасца падобным падступствам, нiколi не дасць сябе звесцi якiм-небудзь спробам паслаблення еднасцi, адзiнства. Бязлiтасна будзем адцiнаць ад камля кожную хворую або высахлую галiну.
Пан герцаг Медына Сiдонiя, збялелы ад гневу, сарваўся са свайго месца.
– Найяснейшы пане, кароль! Пан дэ Сiгура цяжка саграшыў, гэта праўда, але ж у ягоных жылах цякла кроў сама знакамiтых родаў Гiшпанii. Не дапусцiце такога страшнага паганьбення.
На гэта азваўся кардынал дэ Мендоза, якi дагэтуль маўчаў:
– Што ганьба – грэх цi кара?
– Мы тут чуем галасы, – сказаў падрэ Галвез, – якiя да ганьбы грэху хацелi б дадаць ганьбу беспакаранасцi.
Кароль Фердынанд падняў павекi. Спачатку яго лупатыя бледна-блакiтныя вочы, нiбы ашаломленыя святлом, здавалася, глядзелi толькi з санлiвай стомленасцю. Але праз хвiлiну, хоць усё яшчэ без бляску, сталi яны калючыя i халодныя. Затое на прыгожых вуснах задуменнай каралевы Iзабэлы з'явiлася ледзь прыкметная, вельмi далiкатная i поўная смутнай слодычы ўсмешка.
Фердынанд пачаў гаварыць, добра ўсё абдумаўшы:
– Калi кароль i каралева ўстаноўлiваюць законы, не варта падданым i асаблiва найпершым у каралеўстве прасiць маестат, каб ён дазволiў ламаць iх.
Тут ён выпрастаўся, i голас яго раптам загучаў з сiлай:
– Каралева i я, увесь час дбаючы пра трыумф праўды i канчатковае аб'яднанне каралеўства, лучымся з усiм народам упэўненасцю, што не маглi б распачаць справу больш пачэсную для нашых абавязкаў. Пан дэ Сiгура дачынiўся да такога страшнага злачынства, што мы з трона не можам даць яму нiякага прабачэння. Мы лiчым таксама, што, прызначаючы сканфiскаваны пасля яго маёнтак на мэты, любасныя Госпаду Богу, якiмi з'яўляюцца войны з паганцамi, мы тым самым у Найвышэйшага будзем здабываць ласку для душы, заплямленай нягоднiцкiм учынкам. Гэта ўсё, што мы можам зрабiць пану дэ Сiгуру i такiм, як ён. Што ты думаеш пра гэта, мая Iзабэла?
Адказала Iзабэла:
– Думаю тое самае, што i ты, пане.
– Пан кароль, – сказаў маркiз дэ Вiлена, – забываецца, колькi яго продкi, а таксама ён павiнны панам каралеўства. З якога гэта часу чорная няўдзячнасць пасялiлася ў сэрцах каралёў?
Нейкую хвiлiну здавалася, што кароль Фердынанд выбухне гневам. I каралева Iзабэла перастала ўсмiхацца. I ў гэты час наперад выйшаў брат Хiмэнэс.
– Гнеў i абраза, зазвычай, – не найлепшыя дарадцы, – сказаў напаўголаса, з адценнем лагоднага ўмаўлення. – Але калi ўжо гаворка зайшла пра забытае, розум падказвае пацвердзiць, што на загану памяцi не Iх Каралеўскiя Мосцi хварэюць. Гэта хутчэй некаторыя паны забылiся цi памятаць не хочуць, што не адны яны падпора трону i царкве. Мы зрабiлi б, як я мяркую, вялiкую памылку, калi б не цанiлi, як шмат для ўмацавання парадку ў каралеўстве робяць гарады i замкi, з'яднаныя ў святой германдадзе. Аднак мы нiколi не чулi, каб перад аблiччам Святых трыбуналаў жыхары гарадоў дамагалiся сабе нейкiх асаблiвых прывiлеяў.
– Каталiцкi народ, – сказаў падрэ Тарквемада, – не толькi перад аблiччам веры не просiць сабе прывiлеяў, але ўдзячны Святой iнквiзiцыi за тое, што яна вызваляе i ратуе яго ад адзiнак, якiм у грамадстве няма месца.
Доўгае маўчанне было пасля гэтых слоў.
– Дык вы плебейскiм мэтлахам страшыць нас хочаце? – сказаў нарэшце глухiм голасам пан дэ Медына.
А пан дэ Вiлена дадаў:
– Знiшчыць нас i абаперцiся на плебс?
У гэты час, рэзкiм рухам адсунуўшы крэсла, устаў падрэ Тарквемада.
– Божа святы! – усклiкнуў. – Хто ж на гэтай радзе асмельваецца гаварыць: мы i вы? Цi ж мы не ў адзiнстве? Цi ж не лучыць нас адна вера i цi не адзiн Бог жыве ў нашых сэрцах? Да чаго дайшло! Каб мы памiж намi капалi яму, як памiж вернымi i нявернымi? Падумайце, не спiць непрыяцель, вораг нас акружае з усiх бакоў, да ста злачынстваў штогадзiны ўчыняе, здраднiцкiя ўдары з цемры нам рыхтуе, на слабасць нашу спадзяецца, кожную нашу памылку нецярплiва цiкуе, разлому, разладу нашага прагнучы, з кожнай памылкi нашай шалёна радуецца, а тут, дзе асаблiвая еднасць панаваць павiнна i быць найвышэйшым законам, вышэйшым за ўсякiя мiзэрныя намыслы, тут гавораць: мы i вы? Хто ж тады вы i хто мы? Не ведаю, сапраўды, кiм вы, годныя панове, быць хочаце, але я, сцiплы мнiшак, магу вам сказаць, чаго мы, справе веры служачы, прагнем. Еднасцi прагнем i паслушэнства ёй. Усе мы роўныя перад гэтай еднасцю, i адны законы яднаюць нас у паслушэнстве. Мы ведаем вашы слаўныя iмёны, ведаем вашы заслугi, ведаем велiч i колькасць вашых продкаў, але, ведаючы ўсё гэта i цэнячы высока, мы хацелi б таксама ведаць i вашы думкi, каб i iх цанiць гэтаксама высока, калi яны – i нашыя думкi.
– Пан кароль сказаў сваё апошняе слова, – уставiў стары герцаг Карнэха.
– Мы не схопiмся за мечы, каб баранiць пана дэ Сiгуру, – дадаў пан дэ Медына.
На гэта вялебны айцец адказаў:
– Калi б у мяне спыталiся годныя панове, якi з двух бунтаў больш грозны, бунт мяча цi бунт думкi, гэты другi я прызнаў бы за бунт, якi нясе незлiчоныя небяспекi. Сапраўды, няўжо вы лiчыцеся толькi з каралеўскай воляй? А з Вышэйшай праўдай, з Богам?
Такой сiлай загучаў яго голас, што трое схiлiлi галовы. Пад канец устаў пан Карнэха i сказаў:
– Няхай Бог усемагутны нiколi нас не пакiне i заўсёды праўда святой веры жыве ў нашых сэрцах.
Аўтар кронiкi, перадаючы нашчадкам гiсторыю свайго часу, пiша ў сувязi з гэтым пасяджэннем Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады:
"Так, калi з усiх нягод, нават спрычыненых людзьмi высокапастаўленымi, заўсёды выходзiла абароненай праўда i калi яна пераможна трыумфуе далей, нягледзячы на перашкоды i падкопы, – добрую i поўную можам мець пэўнасць, што недалёкi час настання на зямлi царства Божага".