Текст книги "Падзенне (на белорусском языке)"
Автор книги: Альбер Камю
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
Ну, вы паглядзiце, зноў пайшоў дождж! Давайце схаваемся пад тым вунь адлевам. Вось так, тут будзе лепей. Дык на чым я спынiўся? Ага, правiльна гонар! Дык вось, прыгадаўшы гэту гiсторыю, я зразумеў, што яна азначала. Увогуле, мае мары не вытрымлiвалi выпрабавання жыццём. Я ўяўляў – толькi ўяўляў, цяпер гэта было ўжо ясна, – што я чалавек паўнацэнны i дасканалы, чалавек, якi выклiкае ва ўсiх захапленне сваiмi прафесiйнымi i агульначалавечымi якасцямi. Нешта памiж Сэрданам i дэ Голем, калi хочаце. Карацей кажучы, я марыў быць першым ва ўсiм. Я ўвесь час строiў з сябе важную асобу, какетнiчаў, каб паказаць хутчэй свае фiзiчныя, а не iнтэлектуальныя здольнасцi. Аднак пасля таго, як мне публiчна ўляпiлi поўху i я пакорна змаўчаў, мiлавацца такiм сваiм прыгожанькiм вобразам было ўжо немагчыма. Каб я сапраўды быў прыхiльнiк праўды i розуму, што б мне было да гэтай гiсторыi, на якую ўсе даўно ўжо забылiся? Я хiба што пашкадаваў бы, што ўгнявiўся, што не здолеў стрымаць свайго гневу, панаракаў бы, што ў мяне не хапiла духу, каб узяць сябе ў рукi. Але ж не – я прагнуў узяць рэванш, адпомсцiць, перамагчы. Я нiбыта нiколi i не марыў быць сама разумным i сама велiкадушным стварэннем на зямлi, а iмкнуўся да аднаго – бiць, бiць усiх, хто трапляецца пад руку, быць сама дужым – i ў сама прымiтыўным сэнсе гэтага слова. Праўда, пане, крыецца ў тым, што кожны iнтэлiгент марыць быць гангстэрам i панаваць над грамадствам толькi з дапамогаю грубае сiлы. Аднак гэта не так лёгка, як можа здацца пры чытаннi адпаведных раманаў. I таму нашы iнтэлектуалы кiдаюцца да палiтыкi, шыюцца ў сама экстрэмiсцкiя партыi. Якая рознiца, што гэтым яны прынiжаюць свой розум? Затое яны будуць уладарыць над светам! Карацей кажучы, я таксама заўважыў у сабе салодкую мару стаць прыгнятальнiкам.
Прынамсi, я зразумеў, што абараняю злачынцаў толькi таму, што iх злачынствы не робяць мне нiякай шкоды. Iх вiнаватасць жывiла маё красамоўства пастолькi, паколькi сам я не быў iх ахвярай. Калi ж нешта пагражала маёй асобе, я рабiўся не толькi суддзёй – я ператвараўся ў гняўлiвага феадала, гатовага расправiцца са сваiм злоснiкам па ўласных законах, збiць, здратаваць, паставiць яго на каленi. Пагадзiцеся, мой дарагi суайчыннiк, што пасля ўсяго гэтага мне было цяжка ставiцца ўсур'ёз да свайго прызвання служыць правасуддзю i абараняць сiротак i ўдоў.
А дождж усё мацнее, значыць, часу ў нас дастаткова, i я, бадай, асмелюся расказаць вам пра яшчэ адно адкрыццё, якое ўсплыло ў маёй памяцi трошкi пазней. Давайце толькi прысядзем на тую вунь лаву пад стрэшкай. Але, ужо не першае стагоддзе тутэйшыя курцы люлек бачаць аднолькавую карцiну: усё той жа дождж, усё над тым жа каналам... Тое, што я хачу расказаць, зрабiць будзе не так лёгка. Гаворка гэты раз пойдзе пра жанчын. Перш за ўсё трэба сказаць, што ў жанчын я заўжды меў поспех, i прычым без вялiкага намагання. Я не кажу, што мой поспех быў у тым, што я рабiў iх шчаслiвымi цi рабiў шчаслiвым хоць бы самога сябе. Не, я проста дабiваўся поспеху – i ўсё. Iначай кажучы, я дасягаў сваёй мэты амаль заўсёды, калi хацеў. I жанчыны лiчылi мяне абаяльным, вы ўяўляеце? Ведаеце, што такое абаяльнасць? Гэта ўменне дабiцца згоды, не задаючы нiякiх пэўных пытанняў. У мяне ў свой час так яно i было. Вас гэта здзiўляе? Ды вы не адмаўляйцеся, я ж бачу. Пры такой пысе, як у мяне, вашае здзiўленне абсалютна натуральнае. На жаль, пане, з гадамi кожны чалавек пачынае плацiць сваiм аблiччам за сваё мiнулае жыццё. А ў мяне... Зрэшты, якая рознiца! Факт ёсць факт: мяне лiчылi абаяльным, i я гэтым карыстаўся.
У мяне не было, аднак, нiякiх таемных разлiкаў – я быў шчыры, прынамсi, амаль што шчыры. Мае адносiны з жанчынамi былi заўсёды натуральныя, простыя лёгкiя, як кажуць у падобных выпадках. Да iх не дамешвалiся нiякiя хiтрыкi, калi не лiчыць хiтрыкаў яўных, непрыхаваных – тых, што жанчыны лiчаць нечым накшталт данiны павагi да сябе. Я iх кахаў, калi скарыстацца агульна прынятым словам, што, урэшце, азначае тое самае, што не кахаў нi адной. Я заўжды меркаваў, што пагарда да жанчын – пачуццё пошлае i бязглуздае, i амаль усiх жанчын, якiх ведаў, лiчыў лепшымi за сябе. Аднак хоць я i ставiў iх так высока, але сам карыстаўся iх паслугамi частей, чым служыў iм. Чым гэта растлумачыць?
Разумееце, сапраўднае каханне – надзвычайная рэдкасць, яно сустракаецца, можа быць, два цi тры разы на стагоддзе. А ўвесь астатнi час яго ролю выконваюць нуда або марнасць. Адным словам, я не быў Партугальскаю мнiшкай. Хоць гэта i не азначае, што ў мяне было халоднае сэрца. Наадварот – яно было вельмi пачуццёвае, i выбiць з мяне слязу было што раз плюнуць. Але ўся бяда ў тым, што гэтая пачуццёвасць, як i ўсе мае душэўныя парывы, была звернута да самога ж мяне. Я сказаў вам, што нiколi не любiў? Гэта няпраўда. У маiм жыццi была, прынамсi, адна вялiкая любоў – любоў да самога сябе. I калi паглядзець з гэтага пункту, то пасля некаторых, непазбежных у раннiм юнацтве трывог, я вельмi хутка ўсё ўразумеў: пачуццёвасць i толькi пачуццёвасць запанавала ў маiм iнтымным жыццi. Я паўсюль шукаў асалоды i перамог. I ў гэтым мне вельмi спрыяла мая камплекцыя, бо лiтасцiвая прырода не пакрыўдзiла мяне нiчым. Я ганарыўся такою сваёй перавагай i здабываў з яе максiмум задавальнення. Нават цяжка сказаць, што тут наталялася больш – мая прага да ўцех цi iмкненне да прэстыжу. Але зараз вы скажаце, што я зноў пачынаю хвалiцца. Я i не збiраюся адмаўляць, хоць, зрэшты, ганарыцца тут, сапраўды, няма чым, бо ўсё гэта чыстая праўда.
Калi ж казаць пра маю пачуццёвасць, дык яна ў мяне была такая высокая, што дзеля дзесяцiхвiлiннай любоўнай прыгоды я быў гатовы адмовiцца ад бацькi i мацi – няхай нават потым мне i давялося б горка пашкадаваць. Ды што я кажу! Менавiта дзеля дзесяцiхвiлiннай, i асаблiва калi я быў упэўнены, што пазней мы нiколi не ўбачымся. Безумоўна, i тут былi свае прынцыпы. Ну, напрыклад, сябрава жонка лiчылася ў мяне свяшчэннаю. Iначай кажучы, я ўжо загадзя прынамсi, за некалькi дзён – i прычым абсалютна шчыра, пераставаў адчуваць да яе мужа ўсякiя сяброўскiя пачуццi. Можа, гэта трэба назваць не пачуццёвасцю, а неяк iначай? Бо ў пачуццёвасцi, здаецца, нiчога агiднага няма. Але давайце не будзем судзiць строга i назавём гэта проста своеасаблiвай фiзiчнай заганай нечым накшталт прыроджанай няздольнасцi бачыць у каханнi нiчога iншага, апроч звычайнага сексу. Такая загана, увогуле, – даволi зручная рэч. У спалучэннi з маёю здольнасцю ўсё забываць яна толькi спрыяла маёй свабодзе. Яна надавала мне гэткi спакойны, адчужаны выгляд абсалютна незалежнага чалавека, i гэта было зарукай маiх новых поспехаў. Я быў далёкi ад рамантычнасцi i менавiта праз гэта пастаянна даваў падставы для дамаганняў розных рамантычных паненак. Па-мойму, тут нашы прыяцелькi маюць нешта агульнае з Банапартам: яны заўсёды ўпэўнены, што перамогуць там, дзе ўсе да iх цярпелi паражэнне.
У сваiх адносiнах з жанчынамi я наталяў не толькi сваю пачуццёвасць, але i задавальняў сваю прагу да гульнi. Жанчыны падабалiся мне перш за ўсё як добрыя партнёркi ў своеасаблiвай гульнi, якая, увогуле, была даволi-такi бязвiннаю. Я арганiчна не пераносiў нуды i цанiў у жыццi толькi ўцехi. Любыя сябры, нават сама разумныя, хутка мне надакучвалi, але я нiколi не сумаваў з жанчынамi, якiя мне падабалiся. Мне няёмка прызнацца, але я аддаў бы дзесятак сустрэч з Эйнштэйнам за адно першае спатканне з прыгожанькаю статысткай. Праўда, на дзесятым спатканнi я б ужо затужыў па Эйнштэйне цi па добрай сур'ёзнай кнiзе. Але ўвогуле, высокiя праблемы цiкавiлi мяне адно ў прамежках памiж маiмi маленькiмi забавамi. А колькi разоў я, стоячы з сябрамi на ходнiках, у самы разгар спрэчкi раптам губляў нiтку размовы толькi таму, што вулiцу ў гэты момант пераходзiла якаясь чароўная спакуснiца!
Словам, я гуляў. Я ведаў, што жанчыны не любяць, калi да мэты iдуць надта хутка. На iх думку, спачатку патрэбны адпаведная гутарка, пяшчоты. I тут у мяне не ўзнiкала нiякiх цяжкасцей: гаварыць я заўсёды ўмеў – я ж быў адвакат, – а позiркi сама розных адценняў навучыўся кiдаць яшчэ ў войску, калi займаўся ў тэатральным гуртку. Ролi мянялiся часта, але п'еса заўсёды была адна. Напрыклад, мне вельмi ўдавалася сцэна з нейкай неадольнай, падсвядомаю цягай: "я сам не ведаю, што са мной робiцца", "далiбог, я разумею, што гэта неразумна...", "я не хачу гэтага кахання, я так стамiўся..." i гэтак далей. Нумар, увогуле, не надта новы, але дзейнiчаў ён заўжды эфектыўна. Цi быў яшчэ адзiн – нейкае таямнiчае, бязмежнае пачуццё, якога не дарыла яшчэ нi адна жанчына. Можа быць, яно i не вельмi трывалае, можа быць, – i я нават упэўнены ў гэтым (хто ж можа за сябе паручыцца), – але цяпер без яго жыццё – не жыццё. Асаблiва ж добра я адшараваў адну маленечкую тыраду. Сэнс гэтай тырады заключаўся ў пакорным i смутным прызнаннi, што я абсалютная нiкчэмнасць, са мной не варта звязваць свайго жыцця, я сваё аджыў, але нiколi так i не ўбачыў шчасця, за якое цяпер, мабыць, аддаў бы ўсё на свеце, але – на жаль! – ужо занадта позна. Прычыны гэтага "занадта позна" я хаваў у сакрэце, ведаючы, што ў ложак лепш за ўсё класцiся ахiнутым у таямнiцу. Зрэшты, я настолькi ўжываўся ў ролю, што, у пэўным сэнсе, сам ужо верыў у тое, што кажу. Не дзiва, што i мае партнёркi нарэшце пачыналi весцi сваю партыю з вялiкiм натхненнем. Найбольш чуллiвыя iмкнулiся мяне зразумець, i гэтае iмкненне прыводзiла iх да сентыментальнай меланхолii. Другiя, задаволеныя тым, што я паважаю правiлы i далiкатна пачынаю з словаў, самi неадкладна пераходзiлi да канкрэтных дзеянняў. Я ж кожны раз выйграваў двойчы, бо не толькi наталяў сваё жаданне, але i, пераканаўшыся ў сваёй уладзе над жаночаю душою, яшчэ больш умацоўваўся ў любовi да сябе.
Усё было менавiта так, i нават калi некаторыя жанчыны не прыносiлi мне вялiкага задавальнення, я ўсё роўна стараўся час ад часу аднавiць з iмi сувязь, на што мяне, безумоўна, штурхала не толькi жаданне асвяжыць былыя пачуццi пасля доўгай разлукi, але i iмкненне праверыць, што повязi, якiя злучалi нас, яшчэ жывуць i адно ад мяне залежыць, жыць iм далей цi не. Часам я нават прымушаў iх прысягнуць, што яны не будуць належаць нiкому, апроч мяне, i рабiў гэта толькi дзеля таго, каб раз i назаўжды адагнаць ад сябе ўсякую падазронасць у сувязi з гэтым. Праўда, нi ў сэрцы, нi ў думках падобных падазрэнняў у мяне не ўзнiкала. Я быў настолькi ўпэўнены ў сабе, што мне было цяжка ўявiць, каб жанчына, якая належала мне, некалi магла належаць другому. Я не мог гэтага дапусцiць, нават калi гэта было вiдавочна. I толькi павязаўшы iх клятвай, я адчуваў сябе вольным. Цяпер, калi я ведаў, што жанчына нiкому належаць не будзе, я мог з лёгкасцю яе кiнуць, што iначай было амаль немагчыма. Мне патрэбна была цвёрдая ўпэўненасць, што мая ўлада над iмi будзе iснаваць вечна. Забаўна, праўда? Але ўсё менавiта так, мой дарагi суайчыннiк. Адны крычаць: "Кахай мяне!" Другiя: "Не трэба мяне кахаць!" Але ёсць яшчэ адна, асаблiвая парода людзей – сама кепская i сама няшчасная, – яны патрабуюць: "Не кахай мяне, але вернасць захоўвай!"
Тут вось дзе загваздка: пераканацца ў вернасцi канчаткова, бадай што, немагчыма, i з кожнай новай каханкай усё трэба паўтараць нанава. З часам гэта ўваходзiць у звычку, i хутка ты пачынаеш патрабаваць клятвы, нават не думаючы, на што яна табе патрэбна: у цябе ўжо рэфлекс. Нарэшце ўзнiкае такая сiтуацыя, калi ты бярэш, абсалютна таго не жадаючы. I можаце мне паверыць, некаторым бывае цяжэй за ўсё не ўзяць таго, чаго яны не хочуць.
Так са мной аднойчы i здарылася. Няма нiякай патрэбы расказваць, хто яна была, скажу толькi адно: яна мяне зусiм не хвалявала i прывабiла хiба што сваiм пасiўным i адначасова прагным выглядам. Шчыра кажучы, задавальненне было даволi пасрэднае, чаго i трэба было чакаць. Але комплексамi я нiколi не мучыўся i, развiтаўшыся з гэтай асобай, хутка яе забыў. Я не думаў, каб яна нешта заўважыла, i ўжо зусiм не мог уявiць, што ў яе ўзнiкнуць нейкiя думкi. Зрэшты, у яе быў такi адчужаны выгляд, што мне падалося, нiбы яна наогул не здольная бачыць, што робiцца ў свеце. I тым не менш, праз некалькi тыдняў я даведаўся, што яна расказала пра мае недахопы нейкаму старонняму чалавеку. Першае пачуццё ў мяне было, што мне здрадзiлi; аказваецца, яна была не такая пасiўная, якой мне здавалася, i ў яе таксама былi нейкiя думкi! Але потым я пацiснуў плячыма i зрабiў выгляд, быццам мне ўсё гэта проста смешна. I я сапраўды пасмяяўся, бо гэты iнцыдэнт, зразумела, не меў нiякага значэння. Дый дзе ж яшчэ, як не ў справах сексу з усiмi яго дзiвацтвамi, сцiпласць мусiць быць правiлам? Але ж не, i тут кожны хоча выставiць сябе ў сама выгадным святле, няхай хоць бы перад самiм сабою. Вось i я – я сцiпла пацiснуў плячыма, i ведаеце, што зрабiў? Трошкi пазней я зноў спаткаўся з гэтай жанчынай, зноў зрабiў усё, каб яе спакусiць, i зноў авалодаў ёю. Зрэшты, гэта было не так ужо цяжка: жанчыны таксама не любяць, каб гэтая справа канчалася расчараваннем. I вось, як толькi мне ўсё гэта ўдалося, я пачаў лiтаральна мучыць яе. Гэта атрымлiвалася ў мяне мiмаволi. Я кiдаў i зноў вяртаўся да яе, я прымушаў яе аддавацца мне ў сама неадпаведны час i ў сама неадпаведных абставiнах, я абыходзiўся з ёю ва ўсiх адносiнах так жорстка, што нарэшце прывязаўся да яе, як, напэўна, прывязваецца турэмны наглядчык да свайго вязня. I так доўжылася да таго дня, пакуль яна, у нястрымным парыве пакутлiвай палкасцi, на ўвесь голас не ўславiла таго, хто яе прыгнятаў. З таго дня я пачаў ад яе аддаляцца. I потым забыўся зусiм.
Нягледзячы на ваша далiкатнае маўчанне, я, бадай, пагаджуся, што гэта не вельмi яркая гiсторыя. I ўсё-такi – прыгадайце сваё жыццё, мой дарагi суайчыннiк! Пакапайцеся ў памяцi, я ўпэўнены, што вы знойдзеце ў ёй такую самую або падобную да гэтай гiсторыю i пазней самi распавядзеце яе. Што ж да мяне, то я смяяўся, калi прыгадваў гэту прыгоду. Праўда, гэта быў ужо iншы смех, ён быў нечым падобны на той, што я чуў на мосце Мастацтваў. Я смяяўся са сваiх любоўных i абарончых прамоў. Нават больш з абарончых, нiж з любоўных, бо ў размовах з жанчынамi я ўсё-ткi хлусiў менш. Маiмi паводзiнамi тут кiраваў iнстынкт, а ён гаворыць заўсёды ясна i без акалiчнасцей. Акт кахання – гэта ўжо прызнанне. Тут найбольш яскрава выяўляюцца i ваш эгаiзм, i ваша пыхлiвасць цi, наадварот, – ваша сапраўдная велiкадушнасць. Па сутнасцi, у гэтай сумнай гiсторыi я больш, чым калi б то нi было, паказаў сабе, хто я ёсць. Я быў у ёй больш шчыры, чым сам пра гэта здагадваўся, я ўбачыў нарэшце, як я жыву. I ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта – нягледзячы на тое, што я паводзiў сябе менавiта так, як вам расказаў, маё прыватнае жыццё было больш вартае павагi, чым мае напышлiвыя адвакацкiя прамовы пра бязвiннасць i правасуддзе. Ва ўсякiм выпадку, у сваiх адносiнах з жанчынамi я не мог падманвацца наконт сапраўднай сутнасцi маёй натуры. Нiхто не крывадушнiчае ў сваiх уцехах – ужо не памятаю, цi сам я гэта прыдумаў, цi прачытаў недзе, але думка слушная, праўда?
Дык вось, пасля ўсяго, што са мной здарылася, i калi я пачаў разважаць аб прычынах, якiя перашкаджалi мне лёгка расставацца з жанчынамi i прыводзiлi да мноства паралельных сувязей, я канчаткова пераканаўся, што маё шчадралюбнае сэрца тут нi пры чым. Не яно кiравала мною, калi нейкая паненка, стамiўшыся чакаць Аўстэрлiца нашай любовi, сама заводзiла размову пра расстанне. Я адразу кiдаўся ёй насустрач, я iшоў на любыя кампрамiсы, уключаў усё сваё красамоўства, стараючыся распалiць у ёй пяшчоту i салодкую, мяккую страсць, але сам толькi ўяўна адчуваў тое ж самае – адзiнае, што мяне хвалявала, гэта магчымасць страцiць сваю любоўную ўладу над ёй. Часам, зрэшты, мне здавалася, што я пакутую сапраўды. Але досыць было бунтарцы ўсё-такi спраўдзiць сваё абяцанне i пакiнуць мяне, як я адразу яе забываў – як забываў i тады, калi яна вырашала вярнуцца. Не, не каханне i не велiкадушнасць кiравалi мною, калi мне пагражала небяспека аказацца пакiнутым; гэта было зусiм iншае жаданне жаданне быць самому каханым i атрымлiваць тое, што, на маю думку, мне належала. Але як толькi мяне зноў кахалi – я забываў пра сваю партнёрку i ўвесь свяцiўся ад радасцi, добры настрой вяртаўся да мяне, я рабiўся зноў абаяльны.
Заўважце, дарэчы, што моц маёй любоўнай улады над вернутаю каханкай нарэшце пачынала прыгнятаць i мяне. I ў асаблiва прыкрыя хвiлiны я казаў сабе, што iдэальным выйсцем з такога становiшча была б смерць гэтай асобы. Па-першае, яна замацоўвала б навечна наш саюз, а па-другое, пазбавiла б няшчасную ад рабскага паслушэнства. Але ж няможна хацець смерцi ўсiх i нарэшце вынiшчыць усё чалавецтва, толькi каб карыстацца бязмежнай свабодай, якую iначай уявiць сабе немагчыма. Супраць гэтага паўставалi мае пачуццёвасць i любоў да людзей.
Адзiнае сапраўды глыбокае пачуццё, якое мне выпадала перажыць у любоўных iнтрыжках, была ўдзячнасць. Удзячнасць за тое, што ўсё iдзе добра, што мне нiхто не назаляе, удзячнасць да тых жанчын, якiя пакiнулi мяне ў спакоi i далi поўную свабоду дзеянняў. Я нiколi не быў такi мiлы i вясёлы з каханкай, як у тых выпадках, калi сустракаўся з ёю, толькi што пераспаўшы з другой. Я нiбы адчуваў сябе ў даўгу перад усiмi жанчынамi за тое, што даравала мне адна з iх. Але якой бы нi была блытанiна ў маiх пачуццях, сэнс iх заўсёды зводзiўся да аднаго: утрымаць сваю ўладу над усiмi, каб скарыстацца ёю ў любы зручны мне час. Я выдатна разумеў, што магу быць шчаслiвы толькi ў тым выпадку, калi ўсе людзi на зямлi – цi, прынамсi, як мага большая iх колькасць – будуць неадрыўна глядзець на мяне, вечна адданыя, пазбаўленыя прыватнага жыцця, гатовыя ў любы момант адказаць на мой поклiч, нарэшце – асуджаныя на бясплоднасць да таго самага дня, пакуль я не зраблю ласку асвяцiць iх сваiм жыватворным ззяннем. Словам, каб мне жылося шчаслiва, людзi, якiх я выбiраў, мусiлi наогул не жыць. Яны павiнны былi толькi зрэдку на нейкi час ажываць, калi на тое была мая воля.
Паверце, я зусiм не займаюся самалюбаваннем, расказваючы вам усё гэта. Калi я прыгадваю той перыяд свайго жыцця, калi я патрабаваў усё, нiчога не даючы наўзамен, прымушаў столькi людзей служыць мне, нiбы засоўваў iх у лядоўню, каб заўжды мець у патрэбны час пад рукой, – ува мне ўзнiкае нейкае дзiўнае пачуццё. Далiбог, я нават не ведаю, як яго назваць. Можа быць, гэта сорам? Скажыце, дарагi суайчыннiк, цi не можа ад сораму трошкi пячы ў грудзях? Можа? Значыцца, гэта ён. Цi нейкае iншае дзiўнае пачуццё, якое таксама датычыцца гонару. Так цi iнакш, але гэтае пачуццё, здаецца, ужо не пакiдала мяне пасля таго, як з глыбiнь маёй памяцi ўсплыла яшчэ адна сумная гiсторыя. Я больш не магу адцягваць свайго расказа пра яе, нягледзячы на ўсе мае выкруты i адступленнi, хоць, спадзяюся, вы на мяне не вельмi за iх крыўдуеце.
Го, а дождж перастаў! Зрабiце ласку, правядзiце мяне дадому. Нешта я стамiўся. I што сама дзiўнае – не ад таго, што доўга гаварыў, а ад адной толькi думкi, што мне яшчэ трэба будзе вам расказаць. Хадземце. Мне не спатрэбiцца многа слоў, каб апiсаць сваё галоўнае адкрыццё. Дый наогул навошта казаць лiшняе? Няхай статуя пакажацца вам ва ўсiм сваiм непрыкрытым выглядзе, таму – далоў напышлiвыя фразы! Дык вось... Гэта здарылася цёмнай лiстападаўскай ноччу, за два цi тры гады да таго, як у спiну мне прагучаў ужо вядомы вам смех. Вяртаючыся дадому, я iшоў да Каралеўскага моста, каб перайсцi на левы бераг ракi. Была першая гадзiна ночы, церусiў дробны дождж, нават не дождж – iмжа, у якой расплывалiся абрысы рэдкiх мiнакоў. Толькi што я развiтаўся са сваёю сяброўкай, якая, напэўна, ужо спала, i мне было прыемна адчуваць лёгкую стому ў супакоеным целе. Кроў цiха пульсавала ўва мне, як гэты асеннi дождж. На мосце я заўважыў нейкi сiлуэт, ён схiлiўся над парэнчамi i нiбыта ўзiраўся ў ваду. Падышоўшы блiжэй, я ўбачыў маладую стройную жанчыну, якая была ва ўсiм чорным. Толькi памiж цёмных валасоў i каўнерам палiто выглядвала палоска прывабнай i мокрай ад дажджу шыi. Яна ўсхвалявала мяне. Але я крыху павагаўся i прайшоў мiма. Я спусцiўся з моста, павярнуў на набярэжную i рушыў да бульвара Сэн-Мiшэль, на якiм тады жыў. Я прайшоў ужо метраў пяцьдзесят, калi раптам да мяне данёсся шум. Нават на такой адлегласцi ён здаўся мне аглушальным у начной цiшынi – гэта быў шум цела, якое абрушылася ў ваду. Амаль адразу пачуўся крык, потым яшчэ i яшчэ, яго зносiла плынню, ён аддаляўся. I раптам знiк. Апалая цiшыня ў нечакана застылым змроку здавалася мне бясконцай. Я хацеў пабегчы, але не мог варухнуцца. Я ўвесь дрыжаў, напэўна, ад холаду i неспадзяванасцi таго, што адбылося. Я казаў сабе, што трэба хутчэй нешта зрабiць, i адчуваў, як маё цела скоўвае неадольная млявасць. Ужо не памятаю, якiя ў мяне былi думкi. "Надта позна, надта далёка..." цi нешта падобнае. Але я ўсё стаяў на месцы i да чагосьцi прыслухоўваўся. Церусiў дождж. Нарэшце я паволi рушыў далей. Я нiкога не папярэдзiў пра тое, што здарылася.
Ну, вось мы i прыйшлi. Гэта мой дом, мой прытулак. Заўтра? Добра, калi вы не супраць. З задавальненнем завязу вас на выспу Маркен, паглядзiце на Зэйдэрзее. У адзiнаццаць гадзiн прыходзьце ў "Мехiка-Сiцi". Што? Тая жанчына? Не ведаю, далiбог, не ведаю. Нi назаўтра, нi ў наступныя днi я газет не чытаў.
Лялечная вёсачка, праўда? А якая маляўнiчая – такой яшчэ пашукаць! Але я вас прывёз на гэтую выспачку не дзеля маляўнiчасцi, мiлы дружа. Тут i без мяне кожны мог бы вам паказаць i прыгожанькiя каптуркi, i драўляныя чобаты, i квяцiстыя хаткi з навошчанаю падлогай, дзе рыбакi паляць люлькi, напханыя духмяным мультанам. Я адзiн з тых рэдкiх людзей, хто сапраўды можа паказаць вам тое, што тут варта было б паглядзець.
Мы з вамi iдзём да дамбы. Трэба як мага далей адысцiся ад гэтых занадта зграбненькiх домiкаў. Ну вось, цяпер давайце прысядзем. Што скажаце? Вы не лiчыце, што гэта найлепшы з усiх нудлiвых пейзажаў? Зiрнiце, як хораша! Злева куча попелу, якую ў iх называюць дзюнай, справа – шэрая дамба, пад нагамi змярцвела-белы пясок, а перад намi – мора колеру бруднага лугу i бязмежнае неба, у якiм адбiваюцца палiнялыя воды. Нешта накшталт млявага, мяккага пекла. Спрэс адны гарызанталi, нiякiх блiскаў, нiякай iскаркi i нiводнай яркай плямкi на даляглядзе – жыццё нiбы памерла. Сусвету няма, усё сцёртае ўшчэнт – тут на свае вочы можна ўбачыць, што такое нябыт. I галоўнае – нiводнага чалавека, нi душы! Толькi вы ды я, на ўсёй апусцелай нарэшце планеце! Што вы кажаце? Неба ўсё-такi жыве? Што ж, тут вы маеце рацыю, мiлы дружа. Яно то хмурнее, то зноў праясняецца, будуе свае паветраныя лесвiцы i зачыняе брамы сваiх аблакоў. А вунь галубы. Вы не заўважалi, што неба ў Галандыi ўсё запоўнена галубамi? Але iх амаль не вiдаць – яны лётаюць надта высока. Яны махаюць крыламi i, нiбыта хвалi, то ўздымаюцца ўвышыню, то зноў апускаюцца долу, i вецер часам даносiць мяккi шолах iх шэрага пер'я, якiм поўнiцца ўвесь нябесны абшар. Галубы чакаюць там, увышынi, чакаюць увесь год. Яны лунаюць па-над зямлёю, глядзяць i, напэўна, хацелi б спусцiцца. Але iм няма куды – тут толькi мора, каналы, дахi з шыльдамi i нiводнай вяршынi, дзе б можна было адпачыць.
Вы не разумееце, што я хачу сказаць? Прызнацца, я i сам вельмi стамiўся. Губляю нiтку размовы, блытаюся... Няма ўжо былой яснасцi розуму, якой так захаплялiся мае сябры! Зрэшты, якiя сябры? Я гэта кажу чыста ўмоўна. У мяне даўно ўжо няма нiякiх сяброў, засталiся адны саўдзельнiкi. Затое колькасць iх павялiчылася – цяпер гэта ўвесь род чалавечы. I вы сярод iх – першы. Той, хто побач, – заўсёды першы. Адкуль я ведаю, што ў мяне няма сяброў? Вельмi проста: я зразумеў гэта, калi надумаў пакончыць жыццё самагубствам, – я хацеў выкiнуць перад сябрамi добрую штуку i, пэўным чынам, iх пакараць. Але скажыце, каго б я пакараў? Некаторыя, можа, хiба што здзiвiлiся б, але пакараным – о не! пакараным сябе нiхто б не адчуў. Тады я i сцямiў, што сяброў у мяне, аказваецца, няма! Дый нават калi б i былi, я ўсё роўна нiчога б не зрабiў. Вось каб я мог памерцi, а пасля ўбачыць, як выцягнуцца iх пысы, – тады, можа быць, аўчынка i была б вартая вырабу. А так – зямелька цёмная, мiлы дружа, дошкi трывалыя, а саван гаматны. Вочы душы? О, вядома! Калi толькi гэтая душа ёсць, i калi яна не сляпая. На жаль, мы не можам быць у гэтым упэўненыя, у гэтым нiхто не ўпэўнены. Iначай гэта было б выдатнае выйсце, каб нарэшце прымусiць усiх прымаць сябе ўсур'ёз. Пакуль вы жывяце, людзi нiколi не пераканаюцца ў вашай праўдзе, яны нiколi не павераць у шчырасць вашых пачуццяў i глыбiню вашых пакут. Пакуль вы не памерлi, вашае жыццё ўсяго толькi сумнiцельны выпадак, i да яго заўсёды будуць ставiцца скептычна. Таму, калi ў вас ёсць хоць сама маленькая ўпэўненасць, што вы здолееце пацешыцца вiдовiшчам, якое адбудзецца пасля вашай смерцi, – гэта ўжо варта клопату, каб даказаць iм тое, у што яны не верылi, i добра-такi iх здзiвiць. А калi такой упэўненасцi няма? Ну, заб'яце вы сябе – i што вам будзе да таго, паверылi яны вам цi не? Вас жа ўсё роўна не будзе. Вы не ўбачыце нi iх здзiўлення, нi раскаяння, няхай нават i вельмi кароткага. I вашая мара, якая жыве, дарэчы, у кожным чалавеку, – мара прысутнiчаць на сваiх хаўтурах, – застанецца неспраўджанаю. I ўсё ж, як нi круцiся, але каб пакончыць з недаверам да свайго жыцця, трэба пакончыць з самiм гэтым жыццём – толькi ўсяго.
А можа, гэта i добра, што мы нiчога не ўбачым? Бо iначай нам давялося б дужа пакутаваць праз абыякавасць нашых блiзкiх. "Ты мне за гэта заплацiш!" пагразiлася адна дзяўчына свайму бацьку, калi той забаранiў ёй пабрацца з нейкiм прылiзаным фацэтам. I налажыла на сябе рукi. Але бацька нiчога не заплацiў. Ён вельмi любiў рыбалiць са спiнiнгам. I праз тры днi зноў пайшоў да ракi – каб трошкi забыцца, як ён сказаў. Што ж, яго разлiк спраўдзiўся, ён сапраўды ўсё забыў. I, шчыра кажучы, варта было б здзiвiцца, каб здарылася iначай. Мы думаем, што, забiваючы сябе, мы гэтым караем сваю жонку. Не, мiлы дружа, наадварот – мы даём ёй поўную свабоду. I таму – лепш ужо нам гэтага не бачыць. Апроч таго, мы рызыкуем пачуць, чым яны тлумачаць такi наш учынак. Я ведаю, што б сказалi пра мяне: "Ён забiў сябе, таму што не мог вытрываць, калi..." Не, мiлы дружа, у людзей усё-ткi вельмi беднае ўяўленне. Яны заўсёды думаюць, што прычына ў самагубства – адна. Але ж у яго можа быць дзве прычыны! Такое ў галаву iм чамусьцi не прыходзiць. Дык навошта тады памiраць па сваёй волi? Навошта прыносiць сябе ў ахвяру той нерэальнай думцы, што пасля вашай смерцi пра вас будзе складзена менавiта такое ўяўленне, якога хочаце вы? Ды як толькi вы памраце, усе скарыстаюцца гэтым, каб надаць вашаму ўчынку сама бязглуздыя цi пошлыя матывы. I таму, мiлы дружа, вялiкiм пакутнiкам трэба выбiраць нешта адно: або каб пра iх смерць адразу забылi, або каб пачалi з яе кпiць, або каб выкарысталi з пэўным намерам. Але каб яе зразумелi – нiколi!
I потым, не будзем хавацца ад праўды, – я люблю жыццё, i ў гэтым мая галоўная слабасць. Я люблю яго настолькi, што нават не магу ўявiць, што адбываецца па-за яго межамi. У такой празе да жыцця ёсць, напэўна, нешта плебейскае, вы не лiчыце? Арыстакраты заўсёды ўмелi глядзець на сябе i сваё жыццё крыху збоку. Калi гэта было трэба – яны памiралi, iх хутчэй можна было паламаць, нiж сагнуць. А я – не, я гнуся, бо мне падабаецца жыць i так. Дарэчы, што, вы думаеце, сталася са мной пасля ўсяго, што я вам расказаў? Вы думаеце, я адчуў да сябе гiдлiвасць? Кiньце! Я адчуў гiдлiвасць да iншых. Безумоўна, я ведаў, у чым мае хiбы, i бедаваў над iмi. Але па-ранейшаму з пахвальнай упартасцю iх забываў. Затое я нiколi не забываўся асудзiць у душы iншых. Вас, напэўна, гэта шакiруе? Вы, напэўна, думаеце, што тут няма нiякай логiкi? Але праблема зусiм не ў тым, каб усё было лагiчна. Праблема ў тым, каб увiльнуць, выслiзнуць i галоўнае – сама галоўнае! – унiкнуць прысуду. Я не кажу: унiкнуць пакарання. Бо пакаранне без прысуду знесцi не так ужо цяжка. У яго, дарэчы, даволi бяскрыўдная назва, якая гарантуе вашу бязвiннасць: няшчасце. Таму галоўнае – менавiта пазбегнуць прысуду, зрабiць усё, каб прыгавор нiколi не быў вынесены.
На жаль, зрабiць гэта не вельмi проста. Судзiць цяпер усе навучылiся гэтак жа добра, як i юрыць. З тою рознiцай, што, калi судзiш, за вынiкi можна не баяцца. Вы ў гэтым сумняваецеся? Тады паслухайце, пра што кажуць за столiкамi ў летнiх гатэлях, куды нашы шаноўныя суайчыннiкi прыязджаюць лячыцца ад нуды. Калi вам гэтага будзе мала, каб прыйсцi да пэўнай высновы, – пачытайце, што пiшуць нашы сучасныя маралiсты. Цi паназiрайце, што робiцца ў вашай сям'i, ужо гэта вас нечамусь навучыць. Дарагi дружа, не трэба даваць iм нiякай зачэпкi нас асудзiць, нават сама маленькай! Iначай яны раздзяруць нас на шматкi. Мы павiнны быць пiльныя, як дрэсiроўшчык. Уявiце сабе, што здарыцца, калi ён, перад тым як увайсцi ў клетку, на няшчасце парэжацца лязом? Вось дзе будзе слаўны банкет драпежнiкам! Я гэта сцямiў даўно – яшчэ тады, як у мяне ўзнiкла падазрэнне, што я не такi ўжо бездакорны. З той пары я да ўсiх стаўлюся з недаверам: раптам нехта заўважыць, што ў мяне ранка? Усё! Тут мне i капцы – зжаруць разам з трыбухамi.
Мае адносiны з людзьмi знешне заставалiся такiя ж, як i раней, але неўпрыкмет пачалi разладжвацца. Мае сябры не перамянiлiся. Яны i цяпер пры выпадку маглi пахвалiцца, што побач са мной iх агортвае пачуццё гармонii i трывалай надзейнасцi. Але сам я адчуваў толькi беспарадак i блытанiну ў сваёй душы; мне здавалася, што мяне абяззброiлi, выставiлi на суд перад публiкай. Людзi ўжо не былi для мяне той пачцiваю аўдыторыяй, да якой я даўно прызвычаiўся. Кола, цэнтрам якога я быў; распалася, i ўсе сталi ў адзiн рад як суддзi на судовым пасяджэннi. З той хвiлiны, калi я адчуў, што ўва мне таксама ёсць нешта падсуднае, я зразумеў, што ў другiх жыве неадольная прага судзiць. Як i раней, яны былi побач – але яны смяялiся. Мне пачало здавацца, што кожны глядзiць на мяне з прыхаванай усмешкай. I нарэшце я ўбiў сабе ў галаву, што ўсе толькi i думаюць, як бы падставiць мне нагу. I я сапраўды два цi тры разы спатыкаўся, уваходзячы ў людныя месцы, хоць гэтаму не было нiякай прычыны. А аднойчы нават упаў. Праўда, хутка я ўзяў сябе ў рукi i, як i належыць французу-картэзiянцу, прыпiсаў усе гэтыя здарэннi зразумелай кожнаму боскай волi, iначай кажучы – выпадку. Але недавер ува мне ўсё ж застаўся.
Цяпер, калi ў мяне абвастрылася ўвага, я без цяжкасцi пачаў прыкмячаць сваiх ворагаў. Спачатку – сярод таварышаў па службе, пасля – сярод свецкiх знаёмых. Некаторым я калiсьцi зрабiў паслугу, другiм мусiў бы зрабiць, але не зрабiў. Але ва ўсiм гэтым, увогуле, не было нiчога незвычайнага, i маё адкрыццё не вельмi мяне засмуцiла. Больш балюча i цяжка мне было дапусцiць, што ў мяне ёсць ворагi сярод тых, каго я амаль не ведаў цi не ведаў наогул. Раней, са сваёю звычайнай наiўнасцю, у якой вы маглi ўжо пераканацца, я меркаваў, што варта чалавеку пазнаёмiцца са мною блiжэй i ён адразу мяне палюбiць. Але ж не! Больш за ўсё ворагаў я сустракаў якраз сярод тых, хто ведаў мяне толькi па чутках i пра каго сам я нават не чуў. Безумоўна, яны падазравалi, што я жыву поўным жыццём, лунаю ў воблаках шчасця, – а такое не даруецца нiколi. Удачлiвы выгляд, асаблiва калi ў iм праглядвае саманадзейнасць, здольны раз'юшыць нават асла. У мяне ж жыццё было сапраўды настолькi ўдачлiвае i поўнае, што праз нястачу часу я мусiў адмаўляць многiм, хто набiваўся мне ў прыяцелi. Па гэтай самай прычыне я вельмi хутка iх забываў. Але ў людзей, якiя набiвалiся ў прыяцелi, жыццё было не такое поўнае, i ў iх заўсёды ставала часу, каб памятаць пра маю адмову.