Текст книги "Падзенне (на белорусском языке)"
Автор книги: Альбер Камю
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)
Камю Альбер
Падзенне (на белорусском языке)
Альбэр Камю
Падзенне
Пераклаў Змiцер Колас
Прабачце, пане, вы не палiчыце за назойлiвасць, калi я прапаную вам свае паслугi? Бо iначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю, што кiруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькi па-галандску. I калi вы не дазволiце мне растлумачыць яму ваш iнтэрас, ён наўрад цi здагадаецца, што вы хочаце выпiць ядлаўцовай гарэлкi. Ну вось, асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кiўнуў галавой, павiнна азначаць, што мае довады яго пераканалi. Бачыце? Сапраўды – пайшоў, i нават спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робiць! Вам, трэба сказаць, пашанцавала – ён не забурчаў. Бо калi ён хоча адмовiць клiенту, яму досыць буркнуць, i настойваць ужо нiхто не рашаецца. Лiчыцца толькi з сваiм гуморам прывiлей вялiкiх звяроў. Але дазвольце адвiтацца, быў вельмi рады вам дагадзiць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмi ўдзячны i з прыемнасцю прыняў бы гэтае запрашэнне, але баюся, што i так ужо надакучыў вам. Вы вельмi прыязны. Што ж, стаўлю свой кiлiшак побач з вашым.
Ваша праўда, яго маўклiвасць проста аглушае. Яна падобна да цiшынi вячыстых лясоў, пагрозлiвай, як гармата, зараджаная па самае жарало. Часам мяне здзiўляе, як упарта наш пануры сябар грэбуе цывiлiзаванымi мовамi. Бо яго ж рамяство – якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскiм бары – якi ён, дарэчы, д'ябал ведае чаму, назваў "Мехiка-Сiцi" – маракоў з усяго свету. З такiм заняткам яго невуцтва, як бы мовiць, не надта стасуецца, вы не лiчыце? Уявiце сабе краманьёнца, якi трапiў у Вавiлонскую вежу! Той, прынамсi, смуткаваў бы па родных мясцiнах. А гэты – не, гэты зусiм не адчувае сябе ў выгнаннi, ён спакойна iдзе сваёю дарогай, яго нiчога не абыходзiць. Адзiн з тых рэдкiх выразаў, якiя я чуў ад яго, зводзiўся да таго, што, маўляў, хочаш пагаджайся, не хочаш – не мяшайся. З чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца? Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызнаюся, мяне заўсёды вабiлi такiя натуры, нiбыта высечаныя з суцэльнай глыбы. Калi паводле прафесii цi прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную настальгiю па прыматах. Ужо ў iх не было прыхаваных думак.
Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса – нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, – бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.
Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе – што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку.
Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакiнуў Парыж, а колькi ўжо мiнула! Але ў сэрца свая памяць, i я не забыў нашай мiлай сталiцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты мiраж, блiскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца i жывуць чатыры мiльёны чалавечых iстот. Ужо пяць, паводле апошняга перапiсу? Што ж, i гэтыя хутка народзяць сабе малых. Мяне гэта не здзiвiць. Мне заўсёды здавалася, што ў нашых суайчыннiкаў дзве непазбыўныя страсцi: юрыць i мыслiць. Дзе папала i калi папала, як той казаў. Але не будзем iх за гэта судзiць: яны не адны, уся Эўропа такая. Я часам уяўляю сабе, што скажуць пра нас будучыя гiсторыкi. Iм хопiць адной фразы, каб апiсаць сучаснага чалавека: ён юрыў i чытаў газеты. I гэтаю ёмiстай фармулёўкай, асмелюся далажыць, будзе сказана ўсё.
Галандцы? О не, яны зусiм не такiя сучасныя. У iх надта многа вольнага часу. Ды вы самi зiрнiце. Што яны робяць? Ну, вунь тыя паны, напрыклад, жывуць коштам тых вунь кабет. Але ўсе яны, вядома – i самцы, i самкi, – дужа буржуазныя людзi, яны прыходзяць сюды ад прагi да таямнiчага. Альбо проста ад дурасцi. Iначай кажучы – ад лiшку цi браку ўяўлення. Часам гэтыя iмасцi забаўляюцца кожыкам цi рэвальверам, але не думайце, што iм гэта так ужо трэба. Гэтага патрабуе роля, вось i ўсё, i яны памiраюць ад страху, выпускаючы астатнi набой. I ўсё ж я лiчу iх болей маральнымi за тых, хто забiвае пацiху, у сям'i, бярэ блiжнiх на змор. Вы не заўважалi, што наша грамадства выдатна прыстасавана да такога роду знiшчэння? Вы, натуральна ж, чулi пра тых дробненькiх рыбак, што жывуць у бразiльскiх рэках: яны тысячамi кiдаюцца на неабачлiвага плыўца i ўраз абгрызаюць яго сваiмi вострымi зубкамi, пакiдаючы адзiн голы шкiлет. Што ж, так ужо яны створаны, такi ў iх лад. "Хочаце жыць чыста? Як усе?" Вы кажаце – вядома, натуральна. Як тут скажаш – не. "Добра. Зараз мы вас абгрызём. Вось вам работа, вось вам сям'я, вось – арганiзаваны адпачынак". I вострыя зубкi кiдаюцца на цела – i да касцей, да касцей. Але я не маю рацыi. Трэба казаць: не яны – ты так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае – хто каго абгрызе першы.
Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi – наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы любяць паважаць – праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось – суддзя-пакаяльнiк.
Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае – слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты – цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, – i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы – буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму. Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы – амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi – не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце.
Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце – нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я – суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце – сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее.
Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам. У "Мехiка-Сiцi" вы мой госць, i мне вельмi прыемна вас пачаставаць. Вядома, заўтра я таксама буду тут, як, зрэшты, i ў любы iншы вечар. З удзячнасцю прыму вашае запрашэнне. Кудой вам iсцi?.. Ну-у... Але, калi не палiчыце за назойлiвасць, я правяду вас да порта? Так будзе прасцей за ўсё. Адтуль вам застанецца абагнуць жыдоўскi квартал, i вы выйдзеце на тыя чароўныя вулачкi, дзе бегаюць трамваi, поўныя кветак i аглушальнай музыкi. На адной з iх – яна называецца Дамрак – ваш гатэль. Не, не, толькi пасля вас, прашу. А я, дарэчы, жыву ў жыдоўскiм квартале – прынамсi, так ён называўся, пакуль яго не падчысцiлi нашыя браты-гiтлераўцы. Вось ужо дзе пашчыравалi! Семдзесят пяць тысяч жыдоў вывезена цi забiта на месцы – як той казаў, чысценька падмялi! Мяне захапляе такая руплiвасць, такая цярплiвая метадычнасць. Калi не маеш характару, трэба выпрацаваць у сябе, прынамсi, нейкую методу. Тут яна, бясспрэчна, зрабiла цуды, i вось я жыву на месцы аднаго з сама вялiкiх злачынстваў у гiсторыi. Мусiць, якраз гэта дапамагае мне разумець нашага гарылу i прычыны яго недаверлiвасцi? Дзякуючы гэтаму я магу змагацца з сваёю прыроднаю схiльнасцю, да ўсiх ставiцца спагадна. Калi я бачу новы твар, нехта крычыць ува мне: "Цiшэй. Небяспека!" I нават калi мяне вабiць да каго-небудзь неадольна, я па-ранейшаму пiльны.
Ведаеце, падчас адной карнай экспедыцыi ў нашай вёсцы нямецкi афiцэр вельмi ласкава папрасiў старую кабету, каб яна сама выбрала, каторага з яе двух сыноў расстраляць як заложнiка. Каб сама выбрала – вы ўяўляеце? Гэтага? Не – таго. I потым глядзець, як яго павялi. Не будзем кiдацца ў крайнасцi, але, паверце, у гэтым свеце ўсё магчыма. Я ведаў, аднаго крыштальна чыстага чалавека, якi ўсiм сваiм нутром не прызнаваў недаверу. Гэта быў пацыфiст, прыхiльнiк неабмежаванай чалавечай свабоды, ён любiў непадзельнай любоўю ўсё чалавецтва i ўсiх звяроў на зямлi. Выбраная душа, гэта ўжо пэўна! I вось, калi пачалiся сучасныя рэлiгiйныя войны ў Эўропе, ён падаўся на вёску. I на парозе сваёй хаты напiсаў: "Адкуль бы вы нi прыйшлi, уваходзьце, вы тут – жаданыя госцi!" Хто ж, на вашу думку, адгукнуўся на гэта ласкавае запрашэнне? Фашысцкiя памагатыя. Яны ўвайшлi да яго, як у сваю хату, i выпусцiлi яму кiшкi.
О, прабачце, панi! Зрэшты, яна нiчога не зразумела. А як людна, га? I гэта нягледзячы на тое, што ўжо позна i некалькi дзён бесперастанку лье дождж. На шчасце, ёсць ядлаўцоўка, адзiны светлы праменьчык у гэтым змроку. Вы адчуваеце, як яна запальвае ў вас свой залацiста-жоўты агонь? Люблю вось так, вечарамi, хадзiць па горадзе i адчуваць, як ядлаўцоўка грэе мне кроў. Часам я магу хадзiць цэлую ноч i ўсё думаю, мару. Цi размаўляю сам з сабой. Вось як цяпер, ваша праўда. Але баюся, я вас ужо натамiў? Дзякуй, вы вельмi ласкавы. Я, ведаеце, увесь перапоўнены, досыць разявiць рот, i словы цякуць, цякуць... Бадай, мяне натхняе гэта краiна. Я люблю гэты люд, што кiшыць на ходнiках, зацiснуты ў вузкай прасторы памiж каналаў i дамоў, абложаны з усiх бакоў туманам, настылай зямлёй i морам, над якiм падымаецца пара, як над лугаванай вадой. Я люблю яго за тое, што ён таксама дваiсты. За тое, што ён тут i недзе вельмi-вельмi далёка.
Праўда-праўда! Не верыце? Вы, пэўна, бачыце, як важка яны ступаюць па гэтым брудным бруку, як грузна плiшчуцца мiж сваiх дробных крам, заваленых залачонымi селядцамi i каштоўнасцямi колеру апалага лiсця, i думаеце, што ў гэты вечар яны тут? Значыць, вы – як усе. Вы прымаеце гэтых слаўных людзей за племя сiндыкаў i гандляроў, якiя лiчаць свае грошы, спадзеючыся на вечнае жыццё, i робяцца лiрыкамi адно тады, калi надзяюць капялюш з шырокiм брылём, каб крыху павучыцца анатомii. Але вы памыляецеся. Яны сапраўды праходзяць побач з намi, але зiрнiце, дзе iх галовы: яны там, у гэтай неонавай смузе, што пахне ядлоўцам i мятай, спускаючыся з чырвона-зялёных шыльд. Галандыя – гэта сон, пане, залацiсты, смужлiвы сон, больш залацiсты ўначы, болей смужлiвы ўдзень, але i ўдзень i ўначы ён населены Лаэнгрынамi – вось такiмi, як гэтыя, што летуценна коцяць на сваiх чорных роварах з высокiмi рулямi – бы на жалобных лебедзях, што безупынна кружаць па ўсёй краiне, уздоўж каналаў i марскiх берагоў. Яны мрояць, ахунутыя ў мядзяную смугу, дрымотна кружацца на месцы i шэпчуць свае малiтвы ў залатым туманным фiмiяме. Яны ўжо не тут. Яны за тысячы кiламетраў, на дарозе да далёкай выспы Явы. Яны моляцца гэтым вычварным iнданезiйскiм бажкам, якiмi ўпрыгожаны ўсе iх вiтрыны, гэтым бажкам, якiя лунаюць цяпер па-над намi, раней чым учэпяцца, нiбы раскошныя малпы, за нейкую шыльду цi ступеньчаты дах, каб нагадаць гэтым самотным каланiстам, што Галандыя – не толькi гандлёвая Эўропа, але i мора – мора, якое вядзе да Сiпанга i да тых выспаў, дзе людзi памiраюць звар'яцелыя ад шчасця.
Але я зноў даю сабе волю, бачыце – зноў пачынаю абараняць. Ужо прабачце, калi ласка. Што зробiш, прывычка, васпане, прызванне! I апроч таго, мне вельмi хочацца растлумачыць вам, у чым дух гэтага горада, у чым сутнасць рэчаў наогул! Бо гэтая сутнасць – тут, вакол нас. Вы заўважылi, што канцэнтрычныя каналы ў Амстэрдаме нагадваюць колы пекла? Буржуазнага пекла, вядома, населенага кепскiмi снамi. Калi падыходзiш да яго звонку i пачынаеш праходзiць колы адно за адным, то заўважаеш, як жыццё з яго зладзействамi паступова гусцее, змрачнее на вачах. Тут мы ў апошнiм коле. У коле тых, хто... Га! Дык вы ведаеце? Халера, вас сапраўды не так лёгка класiфiкаваць. Значыць, вы разумееце, чаму я кажу, што менавiта тут сканцэнтравана сутнасць усiх рэчаў, хоць мы на самым ускрайку кантынента. Чуллiвы чалавек разумее такiя дзiвацтвы. Ва ўсякiм выпадку чытачы газет i юрлiўцы не могуць пранiкнуць далей, iм гэта край. Яны сцякаюцца сюды з усiх куткоў Эўропы i спыняюцца на палiнялым пяску вакол гэтага марскога залiва. Яны прыслухоўваюцца да сiрэн, марна iмкнуцца ўбачыць абрысы караблёў у тумане i потым зноў брыдуць уздоўж каналаў, да сябе. Прамоклыя пад дажджом, здранцвелыя ад холаду, яны заходзяць у "Мехiка-Сiцi", каб на ўсiх мовах свету папрасiць шклянку ядлаўцоўкi. Тут я iх i чакаю.
Ну што ж, да заўтрага, мiлы пане i дарагi мой суайчыннiк. Не-не, цяпер вы лёгка знойдзеце дарогу, дазвольце развiтацца каля гэтага моста. Уначы я нiколi не хаджу па мастах. Такi ўжо даў зарок. Уявiце, што некаму раптам узбрыдзе кiнуцца ў ваду! Тут адно з двух: або вы кiдаецеся за iм – а пасля гэтага такой халоднай парой нiчога добрага чакаць не даводзiцца, – або праходзiце мiма, i тады ўспамiн пра ўсплёск над вадой выклiкае ў вас часам нейкую дзiўную ламоту ў спiне. Ну, дабранач! Што? Вас цiкавiць, што гэта там за кабеты за шыбамi? Гэта сон, пане, прыемны сон за невялiчкую ўзнагароду, вандроўка да Iндыi! Гэтыя паненкi пахнуць духмянымi прыправамi ўсходнiх краiн. Вы заходзiце, яны захiнаюць шторы, i плаванне пачынаецца. Багi сыходзяць да аголеных цел, мiма плывуць выспы, звар'яцелыя, увянчаныя раскудлачанымi на ветры пасмамi высачэзных пальм... Вы паспрабуйце.
Што такое суддзя-пакаяльнiк? Ага! Як бачу, я вас заiнтрыгаваў. Але паверце, я зрабiў гэта без нiякага злога намеру i гатовы цяпер жа ўсё растлумачыць. У пэўным сэнсе, гэта нават уваходзiць у мае абавязкi. Але спачатку – некалькi фактаў з майго жыцця, яны дапамогуць вам лепей зразумець мой расказ.
Некалькi год назад я быў адвакатам у Парыжы i, далiбог, даволi вядомым. Я, зразумела, не назваў вам свайго сапраўднага iмя. У мяне была тады спецыялiзацыя: высакародныя справы. Удовы i сiроткi, як гэта называюць, хоць я, напрыклад, не надта разумею – чаму? Бо ёсць такiя хiжыя ўдовы i злачынныя сiроткi, што другiх такiх пашукай. Але досыць мне было ўчуць, што ад падсуднага хоць крыху патыхае ахвярай, як рукавы самi ўзляталi над маёй галавой. Ды як! Божа, гэта была сапраўдная навальнiца! Здавалася, само маё сэрца трапеча ў гэтых рукавах, i багiня правасуддзя спiць са мной у адным ложку. Я ўпэўнены, што вас захапiла б дакладнасць маiх iнтанацый, шчырае хваляванне, пераканаўчасць, iмпэт i стрыманае абурэнне, якiя гучалi ў маiх абарончых прамовах. Прырода не абдзялiла мяне фiзiчна, i высакародныя манеры давалiся мне без намаганняў. Апроч таго, мяне заўсёды падтрымлiвалi два шчырыя пачуццi: задавальненне ад таго, што я змагаюся за справядлiвасць, i iнстынктыўная пагарда да суддзяў наогул. Пагарда гэтая, зрэшты, была, можа быць, не такая ўжо iнстынктыўная. Цяпер я ведаю, што ў яе былi свае падставы. Але збоку яе хутчэй можна было прыняць за падсвядомую страсць. Бо пакуль што, прынамсi, нельга сказаць, што суддзi ўжо непатрэбныя, праўда? I ўсё ж я не мог зразумець, як гэта чалавек можа выбраць сабе прафесiяй такi дзiўны занятак. Я дапускаў гэта, бо бачыў, што такая рэальнасць, але дапускаў не болей, як iснаванне саранчы. З тою рознiцай, што набегi прастакрылых не прыносiлi мне нi шэлега, а спрэчкi з пагарджанымi мною людзьмi дазвалялi зарабiць на хлеб.
Дык вось, я абараняў справядлiвасць, i гэтага было досыць для майго душэўнага спакою. Усведамленне сваёй праўды, задавальненне тым, што ты маеш рацыю, i радасць, што можаш сябе паважаць, васпане, гэта тыя магутныя спружыны, якiя дазваляюць нам высока трымаць галаву i смела рушыць наперад. I наадварот, калi вы пазбавiце людзей гэтых пачуццяў, вы ператворыце iх у шалёных сабак. Колькi злачынстваў зроблена толькi праз тое, што чалавек быў болей няздольны вытрываць сваёй несправядлiвасцi! Некалi я ведаў аднаго прамыслоўца, у якога была цудоўная жонка. Усе захаплялiся ёю. А ён – ён здраджваў ёй. Гэты чалавек лiтаральна шалеў ад таго, што быў вiнаваты, ад таго, што не мог нi дастаць, нi хоць бы выдаць самому сабе пасведчанне ў сваёй дабрачыннасцi. I чым больш яго жонка выяўляла сваю бездакорнасць, тым больш ён шалеў. Нарэшце пачуццё сваёй вiны зрабiлася яму невыносным. I што ж, вы думаеце, ён зрабiў? Перастаў здраджваць? О не! Ён забiў яе. Менавiта праз гэта мы з iм i пазнаёмiлiся.
Але становiшча ў мяне было болей зайздроснае. Не толькi таму, што я не рызыкаваў прыстаць да лагеру злачынцаў (у мяне, напрыклад, не было нiякiх шанцаў забiць сваю жонку, бо я быў нежанаты), але i таму, што я станавiўся на iх абарону – з адною ўмовай, што яны мусiлi быць сапраўдныя забойцы, як бываюць, скажам, сапраўдныя дзiкуны. Сама манера, з якою я вёў такую абарону, прыносiла мне вялiкае задавальненне. У сваёй прафесiйнай дзейнасцi я быў абсалютна беззаганны. Я не толькi, што само сабой зразумела, нiколi не браў хабару, я нiколi не апускаўся нi да якiх махiнацый. I што здараецца яшчэ радзей, я нiколi не лiслiвiў нi перад журналiстамi, прыхiльнасць якiх магла б мне паспрыяць, нi перад чыноўнiкамi, дружба з якiмi была б мне карыснай. Двойчы цi тройчы мне выпадала шчаслiвая магчымасць дастаць ордэна Ганаровага Легiёна, але я кожны раз адмаўляўся са сцiплаю годнасцю, у якой бачыў сваю сапраўдную ўзнагароду. Нарэшце, я нiколi не браў грошай у бедных i нiколi не крычаў пра гэта ўсiм i ўсюды. Але не думайце, мiлы пане, што я кажу ўсё гэта, каб пахвалiцца. Тут маёй заслугi няма: мяне заўсёды смяшыла тая прагнасць да славы, якая замянiла ў нашым грамадстве пачуццё свайго гонару. Я цэлiў вышэй. I хутка вы ўбачыце, што ў дачыненнi да мяне гэта даволi трапны выраз.
Ды мяркуйце хоць бы па маёй задаволенасцi. Я быў зачараваны сваёю натурай, а ўсе мы ведаем, што якраз у гэтым i ёсць шчасце, хоць часам, дзеля ўзаемнага супакаення, мы ганiм гэтую ўцеху i называем яе эгаiзмам. Я ж упiваўся ёю, я быў зачараваны, прынамсi, тою часткай сваёй натуры, якая так спраўна, так безадмоўна i так чуллiва рэагавала на сiротак i ўдоў, што з цягам часу разраслася i запанавала над усiм маiм жыццём. Мне, напрыклад, было невыказна прыемна пераводзiць сляпых цераз вулiцу. Калi яшчэ здалёк я заўважаў нерашучы кiёк, якi вагаўся на беразе ходнiкаў, я кiдаўся наперад, абганяў усiх, часам усяго на нейкую секунду выпярэджваў ужо працягнутую спачувальную руку, каб мой сляпы не мог пакарыстацца нiчыёй iншаю спагадай, апроч маёй, i мяккай, але ўпэўненай рукою вёў яго па пераходзе, мiнаючы ўсе перашкоды руху, да цiхай гаванi другiх ходнiкаў, дзе мы расставалiся з узаемнай удзячнасцю i хваляваннем. Гэтаксама я любiў дагадзiць патрэбнаю даведкай незнаёмаму мiнаку на вулiцы, падаць запалкi, падвесцi цяжкую каляску цi падштурхнуць раптам заглухлы аўтамабiль, я заўжды купляў газеты ў сябраў Армii грамадскага ратунку цi кветкi ў старой гандляркi, хоць ведаў, што яна iх крадзе на Манпарнасаўскiх кладах. Я любiў – ах, гэта нават цяжка выказаць! – як я любiў даваць мiласцiну! Адзiн мой прыяцель, сапраўдны хрысцiянiн, прызнаваўся, што першае пачуццё, якое ён адчувае, калi бачыць, як да яго дзвярэй iдзе жабрак, пачуццё прыкрасцi. У мяне ж было нешта горшае: я трыумфаваў! Але пакiнем гэта.
Пагаворым лепей пра маю далiкатнасць. Яна была агульна прызнаная i бясспрэчная. Мая ветласць, сапраўды, несла мне адны ўцехi. Калi ранкам мне шчасцiла саступiць сваё месца ў аўтобусе або ў метро таму, хто меў у гэтым патрэбу, калi я мог падняць аброненую старой кабетай рэч i вярнуць ёй яе з сваёй звычайнаю ўсмешкай цi проста – саступiць таксi таму, хто, можа быць, спяшаўся болей за мяне – увесь мой дзень асвячаўся гэтаю ўдачай. Трэба сказаць, мяне радавалi нават тыя днi, калi баставаў гарадскi транспарт, бо тады ў мяне ўзнiкала магчымасць падсадзiць у сваю машыну некалькi няшчасных суайчыннiкаў, якiя тлумiлiся на прыпынку, не ведаючы, як iм дабрацца дадому. Аддаць сваё крэсла ў тэатры, каб дазволiць каханаму сесцi побач з каханай, пакласцi ў вагоне валiзку маладзенькай дзяўчыны на палiцу, занадта высокую ёй, – усе гэтыя i падобныя подзвiгi я рабiў часцей за другiх, таму што пiльней лавiў кожны выпадак i таму што яны дарылi мне большую асалоду.
Мяне лiчылi за чалавека шчодрага i велiкадушнага, i я сапраўды быў такi. Я многа ахвяраваў як на грамадскiх пачатках, так i па прыватных матывах. I я нiколi не шкадаваў, калi мне трэба было расстацца з нейкаю рэччу або пэўнаю сумай грошай. Наадварот – я знаходзiў у гэтым трывалыя ўцехi, не сама меншай з якiх была лёгкая меланхолiя, што нараджалася ўва мне, калi я прадбачыў бясплённасць сваiх дароў i верагодную няўдзячнасць, якую яны напаткаюць. Я настолькi любiў даваць, што ненавiдзеў, калi гэта трэба было рабiць з нейкага абавязку. Педантычнасць, дакладнасць у справах, што маюць дачыненне да грошай, мяне заўжды прыгняталi, i я падпарадкоўваўся iм з вялiкаю прыкрасцю. Я хацеў адчуваць сябе адзiным гаспадаром сваёй дабрадзейнасцi.
Усё гэта, вядома, толькi дробныя штрыхi да маёй бiяграфii, але яны дапамогуць вам зразумець, якую трывалую асалоду я знаходзiў у сваiм жыццi i асаблiва ў сваёй прафесii. Быць, напрыклад, перастрэтым у калiдоры Палаца правасуддзя жонкай якогась падсуднага, якога ты абараняў толькi ў iмя справядлiвасцi або праз шкадаванне, што значыць-бясплатна; пачуць, як гэтая кабета лапоча, што нiчым, далiбог, нiчым нельга выказаць, якую паслугу зрабiў ты iх сям'i; адказаць, што iначай i быць не магло, любы iншы зрабiў бы таксама, прапанаваць нават грашовую дапамогу на першыя цяжкiя днi, а потым рэзка спынiць яе сардэчныя падзякi, каб захаваць iх чыстае гучанне, пацалаваць нябозе ў руку i сцiпла знiкнуць – гэта, паверце, шаноўны пане, i ёсць дасягнуць той вышынi, на якую вульгарная прагнасць да славы не здольная, гэта значыць – узбiцца на тыя вяршынi, дзе дабрачыннасць жывiцца ўжо толькi самою сабой.
Але спынiмся на гэтых вяршынях. Вы цяпер разумееце, што я хацеў сказаць, калi гаварыў, што цэлiў вышэй. Я меў на ўвазе менавiта гэтыя вяршынi адзiныя, на якiх я мог жыць. Сапраўды, мне пачувалася добра толькi тады, калi я быў на вышынi. Нават у сама нязначных жыццёвых сiтуацыях я адчуваў патрэбу быць вышэй. На аўтобусе я любiў ездзiць больш, як на метро, на брычцы – больш, як на таксi, жыць на верхнiм паверсе мне падабалася больш, як на нiжнiм. Я быў вялiкi аматар спартовых самалётаў, любiў, каб усё неба было адкрыта над маёй галавой, i на параходах заўсёды гуляў на верхнiм памосце. Я ўнiкаў цяснiн у гарах, лез на перавалы, на ўзгор'i, а калi i пагаджаўся на раўнiну, дык яна мусiла быць, прынамсi, высакагорная. Каб мне па волi лёсу давялося выбiраць памiж прафесiямi токара i страхара, будзьце спакойны, я выбраў бы стрэхi i не адчуваў бы галавакружэння. Скляпы, сутарэннi, безданi, пячоры абуджалi ўва мне жах. Я нават адчуваў нейкую асаблiвую нянавiсць да спелеолагаў, якiя мелi нахабства друкаваць свае артыкулы на першых палосах газет. Iх поспехi выклiкалi ў мяне агiду. Iмкненне залезцi пад зямлю на глыбiню ў восемсот метраў з рызыкай, што табе зацiсне галаву ў нейкай каменнай лёсе (цi "сiфоне", як кажуць гэтыя ўтрапёныя вар'яты), здавалася мне подзвiгам, вартым людзей з ненармальнай, хваравiтаю псiхiкай. У гэтым было нешта заганнае.
Зусiм iншае – натуральная тэраса на скале вышынёю ў пяцьсот – шэсцьсот метраў, над морам, што плёскаецца ўнiзе, залачонае сонцам. Тут мне заўжды дыхалася лёгка, асаблiва калi я быў адзiн, над усiм чалавечым мурашнiкам. Я добра тады разумеў, чаму ўсе вялiкiя казанi, прароцтвы i цуды рабiлiся на вяршынях. Па-мойму, чалавек не здольны мыслiць у склепе цi ў вязнiцы (хiба што яна будзе на вежы, адкуль вiдзён увесь абшар); там не мысляць – там пакрываюцца цвiллю. I я выдатна разумеў таго чалавека, якi, пастрыгшыся ў манахi, убачыў, што акно ў яго келлi выходзiць не на шырокi краявiд, а на глухую сцяну, i адразу скiнуў з сябе клабук. Што ж да мяне, дык тут ужо можаце быць упэўнены – я не цвiў. Штогадзiны, штодня, сам-насам i на людзях я караскаўся да вяршынi, я запальваў там зыркi агонь i прыслухоўваўся да радасных прывiтальных крыкаў, што неслiся знiзу. Вось так я цешыўся жыццём i сваёй дасканаласцю.
Мая прафесiя, на шчасце, спрыяла майму iмкненню да вяршынь. Яна пазбаўляла мяне горкай крыўды на маiх блiзкiх, якiм я заўсёды рабiў паслугi, але нiчога не быў вiнен. Яна ставiла мяне вышэй за суддзяў, якiх я сам судзiў у сваю чаргу, i вышэй за падсудных, якiх я прымушаў быць мне ўдзячнымi. Заўважце, шаноўны, што сам я жыў бяскарна. Мяне не датычыў нiякi прысуд, мяне наогул не было на судовым памосце – я лунаў недзе там, пад скляпеннем, як багi ў антычным тэатры, якiх адмысловай машынай спускалi, каб надаць дзеi патрэбны кiрунак i сэнс. Урэшце, жыць на вяршынi – пакуль што адзiны сродак, каб цябе заўважыла i ўшанавала як мага большая колькасць людзей.
Некаторыя з маiх мiлых злачынцаў iшлi на забойства, кiруючыся менавiта гэтаю думкай. Чытанне газет у тым незайздросным становiшчы, у якiм яны былi, вядома, давала iм слабае суцяшэнне. Як i большасць людзей, яны не маглi болей вытрываць сваёй невядомасцi i з такой нецярплiвасцю iмкнулiся хутчэй быць заўважанымi, што часам гэта штурхала iх на сумныя крайнасцi. Каб зрабiцца вядомым, увогуле, досыць забiць кансьержку ў сваiм пад'ездзе. Але, на няшчасце, гэта хутка мiнучая слава, бо – надта ўжо многа кансьержак сапраўды заслугоўваюць i дастаюць нож у спiну. Толькi злачынства стала трымае галоўную ролю на сцэне, а злачынца – злачынца ўзнiкае на ёй на iмгненне, i адразу падмяняецца iншымi. I за такi кароткi трыумф яму даводзiцца нарэшце вельмi дорага заплацiць. А вось абарона нашых няшчасных шукальнiкаў славы прыносiла мне якраз сапраўдную вядомасць, прычым у той жа час i ў тым самым месцы, але намнога болей эканамiчнымi сродкамi. Гэта натхняла мяне рабiць усе вартыя ўхвал намаганнi, каб яны заплацiлi як мага меней; бо часткова яны плацiлi i за мяне. Шчырае абурэнне, талент i гарачыя пачуццi, якiмi я шчодра аздабляў свае прамовы, былi той кампенсацыяй, якая пазбаўляла мяне ўсякiх даўгоў перад iмi. Суддзi каралi, асуджаныя выкуплялi сваю вiну, а я, свабодны ад усiх абавязкаў, бяскарны i непадсудны, – лунаў на волi, асветлены райскiм праменнем.
Ну сапраўды, пане, цi ж гэта не рай – такi непасрэдны кантакт з жыццём? А я жыў менавiта так. Вучыцца жыць мне не даводзiлася нiколi. Тут мне ўсё было ясна ад самага нараджэння. Ёсць людзi, у якiх галоўная праблема – унiкнуць падобных да сябе цi, прынамсi, неяк ужыцца з iмi. У мяне ж ужыўлiвасць была прыроджаная якасць. Калi трэба, я мог быць маўклiвы, калi трэба – па-сяброўску гаваркi, я мог паводзiць сябе бесцырымонна або паважна, але заўсёды трымаўся так, як вымагалi таго абставiны. Таму папулярнасць мая расла i буйнела, i я ўжо збiўся з лiку сваiх перамог у сама розных кампанiях. Я быў даволi прыгожы з твару, лiчыўся за нястомнага танцора i сцiплага эрудыта, любiў адначасова i жанчын, i правасуддзе – што, памiж iншым, не так ужо лёгка спалучаць, – я займаўся сама рознымi вiдамi спорту, цiкавiўся выяўленчым мастацтвам, паэзiяй, музыкай, карацей кажучы... тут я мушу спынiцца, каб вы не западозрылi мяне ў самалюбаваннi. Але ўсё-такi, уявiце сабе мужчыну ў росквiце сiлы, поўнага здароўя i шчодра надзеленага сама рознымi талентамi, аднолькава добра спрактыкаванага i з пункту погляду фiзiчнага, i iнтэлектуальнага, якi не ведае, што такое бяссоннiца, i цалкам задаволены сабой, але выяўляе гэта адно праз сваю шчырую таварыскасць да iншых. Вы мусiце пагадзiцца, што нават пры ўсёй сцiпласцi я маю права сказаць, што жыццё ў мяне складвалася ўдала.
Сапраўды, мала хто жыў такiм натуральным жыццём, якiм жыў я. Я прымаў яго такое, як яно ёсць, цалкам, не адмаўляючыся нi ад яго дзiвацтваў, нi ад яго вялiкасцi, нi ад яго рабскiх абавязкаў. У прыватнасцi, усё плоцевае i матэрыяльнае, цi, карацей кажучы, – усё тое, што належыць да фiзiчнай сферы жыцця i так часта бянтэжыць цi вядзе да разгубленасцi многiх людзей у iх каханнi або адзiноце, прыносiла мне заўжды толькi ўцехi. Але я не быў сляпым рабом свайго цела. Яно было натуральнай, неадрыўнаю часткай майго iснавання. Усё ўва мне было гарманiчна, i мая спакойная, разважная ўпэўненасць у сабе перадавалася людзям, якiя часам прызнавалiся, што гэта дапамагае iм жыць. Многiя iмкнулiся са мной пазнаёмiцца. А пазнаёмiўшыся, часта лiчылi, што недзе ўжо мяне бачылi. Жыццё, яго дары i людзi самi iшлi мне насустрач, i я прымаў гэтую пашану з дабрадушнаю гордасцю. Праўда ж, я жыў настолькi паўнакроўна i беззаганна, што нават лiчыў сябе крыху звышчалавекам.