355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альбер Камю » Падзенне (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Падзенне (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 17:40

Текст книги "Падзенне (на белорусском языке)"


Автор книги: Альбер Камю


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

Чаму я не вярнуў карцiну назад? Го-го-го, ды ў вас палiцэйскi рэфлекс! Ну што ж, адкажу так, як адказваў бы следчаму, калi толькi, вядома, некаму можа нарэшце прыйсцi ў галаву шукаць гэтую карцiну ў маiм пакоi. Па-першае, я не зрабiў гэтага таму, што яна не мая, а належыць уладальнiку "Мехiка-Сiцi", якi заслугоўвае мець гэты скарб не менш за гентскага бiскупа. Па-другое – таму, што нi адзiн турыст, якi прыязджае ўкленчыць перад "Боскiм ягнём", не здольны адрознiць копii ад арыгiнала, а значыць, нiхто па маёй вiне не церпiць нiякай страты. Па-трэцяе – таму, што я, такiм чынам, адчуваю сябе вышэй за другiх. I ў той час, як усе захапляюцца падстаўнымi фальшывымi суддзямi, я адзiн ведаю, дзе сапраўдныя. Па-чацвёртае – таму, што дзякуючы такiм махiнацыям у мяне ўзнiкае шчаслiвая магчымасць трапiць у турму, а думка пра гэта мяне ўжо даўно спакушала. Па-пятае – таму, што ўсiм вядомыя суддзi едуць на спатканне да ягняцi, а нiякiх ягнят даўно ўжо няма, як няма i бязвiннасцi, а значыць, рукою спрытнага злачынцы кiравала невядомае нiкому правасуддзе, i лепей яму не пярэчыць. I нарэшце – таму, што цяпер усё становiцца на сваё месца: правасуддзе канчаткова аддзяляецца ад бязвiннасцi, бязвiннасць апынаецца на крыжы, правасуддзе – у шафе, i ў мяне вызваляецца шырокае кола для дзейнасцi згодна з маiмi перакананнямi. Я нарэшце магу з чыстым сумленнем займацца сваёю цяжкай прафесiяй суддзi-пакаяльнiка, якую абраў пасля столькiх пакут i нягод i пра якую, у сувязi з тым, што заўтра вы ад'язджаеце, пара расказаць, што яна сабой уяўляе.

Але спачатку, дазвольце, я крыху прысяду. Трэба аддыхацца. Уф-ф! Стамiўся нешта. Зачынiце пакуль што маiх суддзяў на ключ. Вось так, дзякуй. Ну, цяпер пра прафесiю суддзi-пакаяльнiка, якой я займаюся ў сучасны момант. Звычайна мая кантора – у "Мехiка-Сiцi", але вы разумееце, што сапраўднае прызванне далёка выходзiць за межы рабочага месца. I нават у ложку, нават у гарачцы – я заўжды на сваiм пасту. Дарэчы сказаць, гэта не тая прафесiя, якою займаюцца, ёю дыхаюць, дыхаюць пастаянна. Вы не думайце, што ўсе гэтыя пяць дзён я забаўляўся з вамi размовамi дзеля чыстага задавальнення. З мяне досыць пустой балбатнi, якой я займаўся раней. Цяпер кожнае маё слова мае пэўную мэту. I перш за ўсё – iмкнецца прыцiшыць смех i дапамагчы мне пазбегнуць прысуду. Але зрабiць гэта, мяркуючы па ўсiм, амаль немагчыма. Бо галоўная перашкода тут самi ж мы: мы першыя сябе i асуджваем. Што рабiць? Адзiны паратунак – пашырыць сваё асуджэнне на iншых, на ўсiх без выключэння; такiм чынам, на нашую долю яго застанецца менш.

Нiкому, нiчога i нiколi не дараваць – вось мой зыходны прынцып. Я не прымаю нi добрых намераў, нi ўважных прычын, нi выпадковых памылак, нi змякчальных абставiн. У мяне нiхто не дастане нi iндульгенцый, нi адпушчэння грахоў. Усё падлiчваецца разам, падсумоўваецца, i потым выносiцца вынiк: "З вас – столькi. Вы – разбэшчаны тып, сатыр, мiфаман, педэраст, прытворшчык i да т. п." Вось так. I нiякага сюсюкання. У фiласофii, як i ў палiтыцы, я гатовы прытрымлiвацца любой тэорыi, якая адмаўляе чалавеку ў бязвiннасцi, i любой практыкi, якая прадугледжвае абыходжанне з iм, як з вiнаватым. Такiм чынам, вы маеце ў маёй асобе палымянага прыхiльнiка рабства.

А без рабства, шчыра кажучы, i не можа быць нiякага канчатковага выйсця. Я зразумеў гэта вельмi даўно. А раней – раней я толькi i гаварыў пра свабоду. Я намазваў яе за снеданнем на свае бутэрброды, я жаваў яе круглы дзень, само дыханне маё было прасякнута яе салодкiм водарам. Я забiваў гэтым словам любога, хто адважваўся мне запярэчыць, я ставiў яго на службу сваiм нiзкiм жаданням i свайму ўладалюбству. Я шаптаў яго ў ложку на вушка заснулай сяброўцы, i менавiта яно дапамагала мне пакiнуць яе назаўжды. Я прамаўляў яго нiбы незнарок... Але я ўжо пачынаю запаляцца i страчваць пачуццё меры. Зрэшты, мне выпадала карыстацца свабодай i з больш бескарыснымi мэтамi, i нават уявiце сабе такую наiўнасць! – я двойчы цi тройчы кiдаўся яе абараняць. Праўда, я нiколi не думаў памiраць за яе, але часам усё-такi рызыкаваў. Што ж, трэба дараваць мне такую неасцярожнасць: я сам не ведаў, што рабiў. Мне было невядома, што свабода – не ўзнагарода i не адзнака, якую святкуюць шампанскiм. I не падарунак цi прыгожая скрынка з ласункамi на ўцеху тваёй вантробе. Зусiм наадварот – гэта цяжкая праца, доўгi бег на бясконцую дыстанцыю, у адзiноце i на змор. Нi шампанскага, нi сяброў, якiя б узнялi келiх i зiрнулi на цябе з пяшчотнай любоўю. Адзiн, заўсёды адзiн: у змрочнай зале, у непрытульнай камеры, на лаве падсудных – адзiн перад судом усiх i судом над самiм сабой. I ў канцы ўсякай свабоды кожнага чакае прысуд. Вось чаму свабода – непасiльная ноша, асаблiва калi ты пакутуеш, цi калi ты трасешся ў гарачцы, цi калi ва ўсiм свеце няма чалавека, якога б ты мог палюбiць.

Ах, шаноўны, таму, хто адзiн, хто не мае нi Бога, нi пана, цяжар дзён заўсёды здаецца пачварным. I таму кожны вымушаны выбiраць сабе пана. Не Бога, не – Бог даўно ўжо не ў модзе. Нават слова, i тое ўжо страцiла сэнс, цяпер iм можна хiба што шакiраваць акружаючых. А вы зiрнiце на нашых маралiстаў: якiя яны сур'ёзныя, як горача яны любяць сваiх блiзкiх i гэтак далей! Але, па сутнасцi, чым яны адрознiваюцца ад хрысцiян? Ды нiчым! Хiба што чытаюць свае казанi не з амбона. Дык што, па-вашаму, замiнае iм вярнуцца ва ўлонне рэлiгii? Павага? Правiльна – павага, якою яны карыстаюцца ў людзей. Яны вельмi не хочуць аскандалiцца i таму вымушаны таiць свае сапраўдныя думкi. Я ведаў аднаго пiсьменнiка-атэiста, якi кожны вечар малiўся ў сваiм пакоi. Але вы б толькi пачулi, як ён бэсцiў беднага Бога ў сваiх раманах! Вось ужо даваў дыхту, як казаў пра гэта, я ўжо не памятаю, хто! А калi я расказаў пра яго аднаму ваяўнiчаму вальнадумцу, той адно ўзняў рукi да неба i з уздыхам, бяззлосна прамовiў: "Вы не паведамiлi мне нiчога новага. Я ведаю – усе яны такiя". На яго думку, восемдзесят адсоткаў нашых пiсьменнiкаў з задавальненнем бы ўславiлi iмя боскае, каб толькi маглi не падпiсваць сваiх кнiг. Але яны не могуць iх не падпiсваць таму, што вельмi любяць сябе, i нiкога не славяць, бо страшэнна адзiн аднаго ненавiдзяць. I толькi таму, што яны ўсё-такi не могуць адолець сваёй прагi ўсiх ушчуваць, яны стараюцца выгадаць на маралi. Словам, усе яны хворыя на своеасаблiвы дабрачынны сатанiзм. Далiбог, мы жывём у забаўны час! I чаго тут дзiвiцца, калi ва ўсiх тлумяцца мазгi, як у таго майго сябра, якi лiчыў сябе за атэiста, пакуль быў бездакорным мужам, i як толькi кiнуўся ў юр, адразу ж узяў прычасць!

Ах, маленькiя хiтруны, камедыянты, крывадушнiкi! Якiя яны ўсё ж замiлавальныя! I паверце, я не хлушу, усе яны такiя, нават калi стараюцца спапялiць само неба разам з святымi. Хто б яны нi былi – бязбожнiкi цi багамольцы, бастонцы цi масквiчы – усе яны хрысцiяне, усе, ад бацькi да сына. Толькi цяпер больш няма нi бацькоў, нi айцоў, нi запаветаў! Вызвалiлiся! Ну што ж, выкручвайцеся самi. Але больш за ўсё яны баяцца менавiта свабоды i яе прыгавору, i моляць, каб хоць нехта ляпнуў iм па руках, i выдумляюць самi сабе нейкiя жудасныя парадкi, i спяшаюцца хутчэй замянiць усе цэрквы на вогнiшчы. Саванаролы, я вам кажу, сапраўдныя Саванаролы! Але вераць яны толькi ў грэх i нiколi – у боскую ласку. Вядома, яны пра яе думаюць. Ласкi, боскае ласкi вось што iм трэба, i згоды, i забыцця, i шчасця быць, шчасця жыць, iснаваць, а можа (хто ж яго ведае, бо ўсе яны, апроч таго, сентыментальныя), можа, яны мрояць i пра заручыны, пра маладую цнатлiвую дзяўчыну, пра вернага сябра жыцця, пра ўрачыстую музыку? Вось я, здаецца, не быў сентыментальны, а ведаеце, пра што я марыў: каханне да скону, усiм сэрцам i целам, дзень i ноч, у вечных абдымках, у полымi страсцi i асалоды, i гэтак пяць год, а потым смерць. Мары! Мары!

Ну што ж, калi няма ўжо заручын, нi вечнай любвi, дык няхай будзе хоць шлюб – зверскi, з прыгнётам i пугай. Галоўнае – каб усё было проста, як у дзяцей, каб кожным нашым учынкам кiравалi, каб лiха i дабро былi вызначаныя раз i назаўжды, няхай адвольна, затое бясспрэчна. I я пагаджуся з усiм гэтым, якi б я нi быў сiцылiец-яванец i як бы далёка я нi стаяў ад хрысцiян, што, зрэшты, не замiнае мне адчуваць пэўную спагаду да першага сярод iх. Усё ў тым, што на парыжскiх мастах я зразумеў, што таксама баюся свабоды. I таму – няхай жыве пан, хто б ён нi быў, абы толькi здолеў змянiць волю нябёсаў! "О, айцец наш, якi часова сышоў на зямлю!.. О, нашы правадыры i начальнiкi, так салодка суровыя!.. О, нашы бязлiтасныя i горача любiмыя кiраўнiкi!.." Словам, галоўнае, як вы бачыце, – адмовiцца ад свабоды i, пакаяўшыся, падпарадкавацца яшчэ большаму мярзотнiку, чым ты сам. Калi ж усе мы зробiмся вiнаватыя, гэта i будзе сапраўдная дэмакратыя. Застанецца, мiлы дружа, адпомсцiць толькi за тое, што памiраць даводзiцца самому. Бо смерць – асабiстая справа кожнага, а рабства – супольная справа ўсiх. Усе дастаюць па заслугах разам з намi i, што асаблiва важна, – у той жа час, што i мы. Настае нарэшце ўсеагульная еднасць i роўнасць, няхай i на каленях, i са схiленай галавой.

Хiба ж не прыемна жыць вось так – у падабенстве з грамадствам, i хiба ж не прыпадабняецца тым самым грамадства да нас? Пагрозы, гвалт, палiцыя – вось святыя таiнствы, якiя асвячаюць гэтае прыпадабненне. Пагарджаны, цкаваны i гнаны, я магу нарэшце ўздыхнуць на поўныя грудзi, адчуць асалоду быць такiм, якi ёсць, i зажыць натуральна. Вось чаму, мiлы дружа, урачыста адсалютаваўшы свабодзе, я вырашыў цiшком падсунуць яе каму-небудзь iншаму. I цяпер заўсёды, як выпадае магчымасць, я прапаведую ў сваёй парафii "Мехiка-Сiцi", я заклiкаю мiлую паству скарыцца i цiхмяна чакаць шчодрасцей памыснага рабства, няхай дзеля гэтага мне i даводзiцца выдаваць яго за сапраўдную свабоду.

Але я не вар'ят, я выдатна разумею, што рабства настане не заўтра. Яно будзе вялiкiм дарам будучынi, i толькi. А пакуль я вымушаны прыстасоўвацца да сучаснага i шукаць, прынамсi, якогась часовага выйсця. Я павiнен знайсцi нейкi iншы сродак, якi дазволiць пашырыць прысуд на ўсiх i паменшыць яго ўцiск на мае кволыя плечы. I я знайшоў гэты сродак. Адчынiце, калi ласка, акно, тут проста шалёная спёка. Але не надта шырока, мяне ўсё-такi трасе. Дык вось, думка сама простая i сама эфектыўная. Якiм чынам прымусiць усiх сядзець у вадзе, а самому тым часам грэцца на сонейку? Можа быць, узлезцi на кафедру, як гэта робiць большасць маiх славутых сучаснiкаў, i няславiць адтуль чалавецтва? Небяспечна, мой дружа, вельмi небяспечна! У адзiн вясёлы дзень цi, можа быць, ноч у зале пачуецца смех. I вы нават не паспееце апамятацца, як прыгавор, якi вы выносiлi iншым, нечакана зрыкашэцiць вам у твар i прычынiць яму даволi адчувальную шкоду. Дык што рабiць, скажаце вы? Ёсць адно генiяльнае выйсце! Я зразумеў, што пакуль не прыйшлi нашы настаўнiкi i не прынеслi сваiх мiлых розгаў, мы павiнны, як i Капернiк, разважаць у адваротным парадку. Толькi так можна дабiцца канчатковай перамогi. Калi ўжо няможна ўшчуваць другiх, каб адначасова не асудзiць сябе, трэба спачатку абвiнавацiць сябе i гэтым зарабiць права дакараць iншых. I калi ўсё роўна любы суддзя нарэшце робiцца пакаяльнiкам, дык лепей пачынаць з другога канца i спачатку выконваць ролю пакаяльнiка, а ўжо потым зрабiцца суддзёй. Вы сочыце за хадой маёй думкi? Выдатна. Але каб вам было болей наглядна, я раскажу, як усё гэта робiцца на практыцы.

Перш за ўсё я зачынiў сваю адвакацкую кантору ў Парыжы i пачаў вандраваць; я шукаў такога месца, дзе б можна было спынiцца пад чужым iмем i не мець нястачы ў рабоце. Вядома, такiх месцаў у свеце нямала, але выпадак, зручнасць i iронiя лёсу, а таксама патрэба ў пэўным самабiчаваннi прымусiлi мяне спынiць выбар на гэтай сталiцы вод i туманаў, аплеценай шчытнаю сеткай каналаў i надзвычай напакаванай людзьмi, якiя прыязджаюць сюды з усiх куткоў свету. Я асталяваў сваю кантору ў партовым марацкiм бары. Клiентура тут сама разнамасная, бо, як вам добра вядома, бядняк нiколi не ходзiць у раскошныя рэстараны, а вось чалавек з пэўным становiшчам абавязкова, хоць раз у жыццi, ды трапляе ў пагарджаныя месцы. Тут я яго i чакаю. Мяне цiкавяць менавiта заблудныя буржуа, якiм я i выкладваю ўсю паднаготную. З вiртуознасцю штукара я ўмею выцягнуць з iх сама тонкiя i чароўныя гукi.

I гэтай карыснай прафесiяй я займаюся ў "Мехiка-Сiцi" ўжо некалькi гадоў. Як вы маглi пераканацца, збольшага яна заключаецца ў тым, каб як мага часцей ужываць публiчную споведзь. Я бэшчу сябе на чым свет стаiць. I гэта зусiм не цяжка, бо цяпер у мяне ёсць памяць. Але, заўважце, я вiнавачу сябе не груба, не ў лоб, я не б'ю сябе кулаком у грудзi. Што вы! Я спрытна лавiрую, рассыпаюся ў нюансах i лiрычных адступленнях, я будую сваю прамову згодна з кожнай асобнай катэгорыяй слухачоў – так, што нарэшце яны самi пачынаюць паддаваць пары. Я пераблытваю тое, што датычыць мяне, з тым, што датычыцца iншых. Я бяру сама агульныя рысы, уласцiвыя ўсiм, нягоды, якiя мы ўсе разам перажылi, слабасцi, якiя мы падзяляем, правiлы добрага тону i паводзiны сучаснага чалавека – такога, якiм ён лютуе ўва мне i ў другiх. З усяго гэтага я складаю адзiн суцэльны партрэт – партрэт усiх i нiкога асобна. Словам, я раблю своеасаблiвую маску, нечым падобную да карнавальных, гледзячы на якую кожны можа сказаць: "Чакай-чакай, ды я ж яго недзе бачыў!" Калi ж партрэт, як цяпер, завершаны, я паказваю яго слухачу i прамаўляю з вялiкаю скрухай: "Вось, зiрнiце, вось я якi!" На гэтым абвiнаваўчая частка закончана. I тут, нечакана, партрэт, якi я паказваю свайму сучаснiку, ператвараецца ў люстра.

З галавою, пасыпанай попелам, са спiсяжаным ногцямi тварам i паволi выдзiраючы на сабе валасы, я стаю перад усiм чалавецтвам i з пранiзлiвым позiркам пералiчваю свае ганебныя ўчынкi. Я нi на хвiлiну не выпускаю з-пад увагi эфект, якi выклiкаю пакутлiвым крыкам: "О, я сама мярзотны з усiх мярзотнiкаў!" А пасля, неўпрыкмет, пераменьваю "я" на "мы". I калi даходжу да формулы: "Вось мы якiя!" – гульня зроблена. Цяпер я магу казаць праўду. Я, вядома, такi самы, як i яны, – усе мы варымся ў адным катле. Але ў мяне ёсць перавага, бо я гэта ведаю, а яны – не, i таму першае слова за мной. Я ўпэўнены, што вы разумееце, якая гэта выгода. Чым больш я вiнавачу сябе, тым больш маю права асудзiць вас. I яшчэ лепш, я падахвочваю вас, каб вы самi асудзiлi сябе, што дае мне вялiкую палёгку. Ах, шаноўны, забаўныя мы ўсё-такi i няшчасныя людзi! Варта нам азiрнуцца на сваё жыццё, як у памяцi ўсплываюць адразу такiя выпадкi, што мы гатовыя скрозь зямлю правалiцца ад сораму i здзiўлення. Вы паспрабуйце. Не сумнявайцеся, я паслухаю вашую споведзь з вялiкай сяброўскай спагадай.

Ды вы не смейцеся! Ох, ну сапраўды, вы цяжкi клiент, я гэта заўважыў адразу. Але нiкуды вы не дзенецеся, гэта непазбежна. Тыя, хто трапляе да мяне, больш сентыментальныя, чым разумныя: збiць iх з тропу – раз плюнуць. З разумнымi трошкi цяжэй, тут трэба папацець. Затое iм досыць як след растлумачыць сам метад. Яны добра запамiнаюць яго i пачынаюць думаць. Днём раней цi пазней, дзеля забавы або праз душэўную скруху яны таксама ўсё выкладваюць на стол. Але вы, здаецца, не толькi разумны, вы яшчэ i спрактыкаваны. I ўсё-такi прызнайцеся, цяпер вы адчуваеце сябе не такiм задаволеным сабою, як пяць дзён назад? Што ж, буду чакаць, калi вы напiшаце цi прыедзеце зноў. А вы прыедзеце, я ўпэўнены! I не заўважайце ўва мне нiякiх змен. Дый навошта мне мяняцца, калi я знайшоў тое шчасце, якое мне падыходзiць? Я проста пагадзiўся са сваёй двухаблiчнасцю i перастаў кiдацца ад яе ў роспач. Наадварот, я вельмi выгодна ў ёй асталяваўся i знайшоў той камфорт, якога шукаў усё жыццё. Увогуле, я не меў рацыi, калi казаў, што галоўнае – пазбегнуць прысуду. Галоўнае – мець права ўсё сабе дазваляць, няхай дзеля гэтага i трэба час ад часу публiчна i на ўвесь голас абвяшчаць пра сваю нiкчэмнасць. Дык вось – цяпер я зноў дазваляю сабе ўсё, i смех гэтым разам мяне не трывожыць. Я не змянiў свайго жыцця, я па-ранейшаму люблю сябе i карыстаюся другiмi. Але пакаянне ў грахах дазваляе мне лёгка пра iх забываць i ўсё пачынаць спачатку. I цяпер я цешуся ўдвая – па-першае, сваёю натурай, а па-другое, сваiм чароўным раскаяннем.

З той пары, як я знайшоў выйсце, я самазабыўна аддаюся ўсяму – i жанчынам, i пыхлiвасцi, i нудзе, i злапомнасцi, i нават лiхаманцы, якая цяпер мяне так соладка трасе. Я паную нарэшце, i гэты раз – назаўжды. Я знайшоў тую вышыню, на якую ўдалося ўскараскацца мне аднаму i адкуль я магу судзiць увесь свет. Зрэдку, калi настае асаблiва прыгожая ноч, да мяне яшчэ часам даносiцца нейкi вельмi далёкi смех, i я зноў пачынаю вагацца. Але я адразу абрушваю на сусвет i людзей увесь цяжар свайго ўбоства i адраджаюся зноў.

Значыць, дамовiлiся, я буду цярплiва чакаць вашага прыезду ў "Мехiка-Сiцi". Калi надумаецеся засведчыць сваё шанаванне, прыходзьце ў любы час, я заўжды буду там. Але, будзьце ласкавы, здымiце гэтую коўдру, нешта яна мяне душыць. Дык вы прыедзеце, праўда? Я нават гатовы паказаць вам некалькi патаемных прыёмаў у маёй тэхнiцы – вы выклiкаеце ў мяне сiмпатыю. Вы самi пабачыце, як усяго за адну ноч мне ўдаецца пераканаць iх, што яны – сама гнюсныя мярзотнiкi. Дарэчы, сёння я зноў пайду туды. Я ўжо няздольны без гэтага абысцiся, я не магу пазбавiць сябе тых прыемных хвiлiн, калi яшчэ адзiн падае ў п'яным раскаяннi i пачынае бiць сябе ў грудзi. Як я расту тады, шаноўны, о, як я расту! Маё дыханне робiцца лёгкiм i роўным, я стаю на вяршынi i сузiраю бязмежную роўнядзь пад маiмi нагамi. Якое п'янлiвае шчасце адчуваць сябе Богам-айцом i раздаваць сваiм блiзкiм неабменныя пасведчаннi ў iх агiдным жыццi i разбэшчанасцi. Я ўзвышаюся на троне сярод маiх мярзотных анёлаў у вышынi галандскага неба i гляджу, як з туманаў i вод да мяне ўздымаюцца незлiчоныя ценi, што iдуць на Апошнi Суд. Яны наблiжаюцца, i вось я ўжо бачу першага сярод iх. На яго збянтэжаным твары, напалову схаваным рукой, я чытаю журбу па агульнай долi, што напаткала яго, i роспач ад разумення, што яна немiнучая. А я – я шкадую iх, але не адпускаю грахоў, я разумею, але не дарую, i што галоўнае – ах, як гэта прыемна! – я адчуваю, што мне пакланяюцца, што мяне абагаўляюць!

Ваша праўда, я надта хвалююся; дый як тут спакойна ляжаць? Я павiнен падняцца вышэй – над вамi, мае думкi ўздымаюць мяне. Такiмi начамi цi, праўдзiвей, такiмi свiтанкамi – бо падзенне заўжды адбываецца на свiтаннi – я выходжу з кватэры i iмклiвай хадой iду ўздоўж каналаў. Покрыва з пер'я ў матавым небе танчэе, галубы паволi ўздымаюцца ў вышыню, i ружовыя водблiскi сонца на дахах абвяшчаюць новы дзень майго стварэння сусвету. Першы трамвай на Дамраку дзiнькае ў свой званочак у вiльготным паветры i абуджае жыццё на самым ускрайку Эўропы – той Эўропы, дзе сотнi мiльёнаў маiх падданых – людзей устаюць адначасна з пасцеляў i з горыччу ў роце шыбуюць на працу, якая нiкому не ў радасць. А я ў гэты мiг лунаю над усiм кантынентам, якi, сам не ведаючы таго, падпарадкоўваецца мне, я п'ю гаркавы абсент ранiшняга сонца, п'янею ад сваiх злосных прамоў i адчуваю сябе шчаслiвым. Я шчаслiвы! Шчаслiвы, кажу я вам! I я забараняю вам не верыць, што я шчаслiвы, я шчаслiвы страшэнна! О сонца, пляжы i выспы, авеяныя глiцай! О маладосць, успамiн пра якую кiдае ў роспач!..

Прабачце, я ўсё-ткi прылягу. Здаецца, сапраўды занадта расчулiўся. Але ж не плачу? Не плачу! Ну, бывае, што казаць, часам вось так разгубiшся i пачынаеш сумнявацца нават у яўных рэчах – нават калi табе ўжо адкрыта таямнiца шчаслiвага жыцця. Вядома, маё рашэнне не сама iдэальнае. Аднак, калi табе ўжо абрыдла тваё жыццё i ты ведаеш, што яго трэба неяк змянiць, выбiраць не прыходзiцца. Што ж рабiць, каб зрабiцца iншым? На жаль, гэта немагчыма! Каб дабiцца гэтага, трэба б было наогул зрабiцца нiкiм, забыць пра сябе хоць бы раз дзеля кагосьцi другога. Але як? Не задавайце мне такiх цяжкiх пытанняў. Я – як той стары жабрак, якi не хацеў выпускаць маёй рукi, калi я сядзеў на тэрасе адкрытай кавярнi. "Ах, пане, – казаў ён, – мы зусiм не такiя кепскiя. Мы проста страцiлi тую зорку, якая асвятляла нам шлях". Сапраўды, мы страцiлi сваю зорку, мы страцiлi свой заранак i святую бязвiннасць таго, хто даруе самому сабе.

Паглядзiце – падае снег! О, мне абавязкова трэба будзе пайсцi прагуляцца. Уявiце сабе – светлая ноч, Амстэрдам заснуў, пад заснежанымi мастамi ў каналах цьмяна блiскаюць хвалi, i я, адзiн, iду па пустэльных вулiцах, снег прыглушае хаду, а вакол – чысцiня, мiмалётная, перад заўтрашнiм брудам. Зiрнiце на вялiкiя снежныя кудзеры, якiя лiпнуць да шыбы. Гэта галубы, паверце, гэта галубы. Мiлыя, мiлыя, яны нарэшце адважылiся спусцiцца, i цяпер захутваюць воды i дахi шчыльным покрывам свайго пер'я, i мiгцяць за кожным акном. Якое нашэсце! Давайце ж паспадзяёмся, што яны нясуць нам добрую навiну. Што ўсе будуць уратаваныя – як вам такое, га? – менавiта ўсе, а не толькi выбраннiкi, i што скарбы i цяжар жыцця ўсiм падзеляць пароўну, а вы, напрыклад, пачынаючы з гэтага дня, будзеце класцiся спаць на падлозе – дзеля мяне. I будзем жыць усiм кагалам, а чаго там! Паслухайце, ну скажыце сумленна, вы б, напэўна, аслупянелi, каб з неба зараз па мяне спусцiлася каляснiца цi ўзяў бы раптам ды загарэўся снег. Вы ў гэта не верыце? Я таксама. I ўсё-такi мне абавязкова трэба будзе прагуляцца.

Ну, добра, добра, супакойцеся, буду ляжаць. I дарэчы, не вельмi давярайце майму замiлавальнаму трызненню. Яно таксама мае сваю задачу. Вось так. А цяпер раскажыце мне пра сябе, я хачу паглядзець, цi дасягнула мая палымяная споведзь хоць адной сваёй мэты. Я, ведаеце, увесь час грэю надзею, што мой слухач акажацца палiцэйскiм i арыштуе мяне за крадзеж "Непадкупных суддзяў". Бо за астатняе мяне нельга арыштаваць, праўда? А вось крадзеж карцiны падпадае пад закон, i таму я зрабiў усё, каб выглядаць як хаўруснiк: я хаваю карцiну ў сябе i паказваю яе першаму-лепшаму, хто захоча яе пабачыць. Калi ж вы мяне арыштуеце, для пачатку i гэта ўжо будзе няблага. Спадзяюся, што пасля зоймуцца i астатнiм, а можа, нарэшце i адсякуць мне галаву? А што – выдатна, болей не трэба будзе баяцца смерцi, i я буду ўратаваны! А вы падымеце над натоўпам маю яшчэ свежанькую галаву, каб людзi пазналi ў ёй сябе, i я зноў запаную над iмi, як павучальны прыклад. На гэтым усё прыйшло б да свайго лагiчнага завяршэння, i я непрыкметна б скончыў сваю кар'еру лжэпрарока, якi крычыць у пустынi i не хоча адтуль выходзiць.

Але вы, вядома ж, не палiцэйскi, бо iначай усё было б занадта проста. Што? Ха! А я, ведаеце, падазраваў. Усё-такi мая дзiўная сiмпатыя да вас была небеспадстаўная. Дык значыць, вы займаецеся ў Парыжы чароўнай прафесiяй адваката! Што ж, я адразу адчуў, што мы з вамi адной пароды. Мы ж усе падобныя: увесь час балбочам, хоць нi да каго не звяртаемся, i ўвесь час задаём сабе адны i тыя ж пытаннi, хоць ужо загадзя ведаем адказы на iх. Дык раскажыце, калi ласка, што з вамi здарылася аднойчы на набярэжных Сены i як вам удалося нiколi не рызыкаваць жыццём? Прамоўце нарэшце тыя словы, якiя ўжо доўгiя гады безупынна гучаць у маёй галаве. Ну, добра, я сам скажу iх вашымi вуснамi: "О мiлая дзяўчына! Кiнься ў ваду яшчэ адзiн раз, дай мне яшчэ адзiн шанц уратаваць нас абодвух!" Яшчэ адзiн шанц, га? Якая неразважнасць! Уявiце, дарагi калега, што нас спаймаюць на слове? Давядзецца ж скакаць! Бр-р-р... А вада такая халодная! Але не хвалюйцеся. Цяпер ужо надта позна. I заўжды будзе надта позна. На шчасце!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю